XVII
Светлыя дзявочыя мроі перапыніў пан Залівака , які , выціраючы са шчокаў пот , бо дапамагаў служкам пакаваць у фуру неабходныя для далёкага падарожжа рэчы , бадзёра выгукнуў :
- Едзем , паненачкі !
Селі ў фуру на мяккія набітыя гусіным пер”ем падушкі , накрылі ногі цёплай поласцю з аўчыны , раскрылілі над галовамі вялізны скураны парасон ад дажджу і ад сонца . Барадаты фурман , азірнуўшыся на пана Заліваку і на дзяўчатак , перахрысціўся і шлёгнуў коней пугаю з сырыцы :
- Но , воўчае мяса !
Такія словы адразу ж не спадабаліся юным падарожніцам , ды яны добра разумелі , што ад гэтага барадатага сярдзітага чалавека будзе зараз залежыць іхняе самаадчуванне , здароўе і нават жыццё . Таму яны , як і фурман , як і пан Залівака , перахрысціліся і пачалі моўчкі глядзець на дарогу .
Радзівілаўскі абоз кіраваўся ў сяло Тушына , дзе быў лагер шчасліва ўратаванага цара Дзмітрыя Іванавіча і царыцы Марыны Мнішак . Там , за дванаццаць вёрстаў ад Масквы , гуртавалася войска з дружынаў маскоўскіх баяраў і дваранаў , з данскіх і запарожскіх казакоў , з парэшткаў разгромленай раці Івана Балотнікава , з польскай і ліцвінскай шляхты , з лісоўчыкаў , з невядомых жорсткіх бадзягаў , якіх лютая віхура вайны выкінула на паверхню дагэтуль соннага жыцця . Незадаволеныя пакрыўджаныя Васілём Шуйскім баяры і чарнасошныя людзі спляліся , зліліся ў адзін магутны кулак . З сяла Тушына меркаваўся паход на стольную Маскву і на Крэмль .
Пан Сямён Бібуловіч , які кіраваў абозам , стараўся весці яго такім чынам , каб на начлег спыняцца не ў чыстым полі , а ў якім небудзь мястэчку ці ў вялікай вёсцы . Вельмі баяўся ён нечаканага нападу . А напасці , падпілаваць пАлі пад мостам і пакласці на халоднае глеістае рачное дно , мог хто заўгодна . Тутэйшы пан са сваімі дворнымі людзьмі . Беглыя халопы . Найміты з Польшчы , Маравіі і Сілезіі , пешцы або вершнікі , што пад началам сваіх ротмістраў служылі пушкарамі ў зАмках Вялікага Княства Літоўскага . Гэтыя людзі не толькі ваявалі , але й працавалі кавалямі , рабілі і рамантавалі гарматы і стрэльбы-ручніцы , умелі рыхтаваць порах . Грошы ім плацілі нерэгулярна , з затрымкаю , і вельмі часта яны , злыя і бязлітасныя , выходзілі на навакольныя шляхі-дарогі , рабавалі кожнага , хто трапляўся пад руку .
Як бы там ні было , але абоз хутка-павольна рухаўся на ўсход . І неўзабаве Альжбэта , Анэля і пан Залівака пазнаёміліся з Эльвірай Скаблінскай і Вітаўтам Гарткевічам . Паміж фурманаў і жаўнераў аховы яны аказаліся адзінымі цывільнымі людзьмі , што , вядома ж , непазбежна зблізіла іх .
Эльвіра з захапленнем глядзела на прыгожых вельмі багата апранутых дзяўчатак . Пра сябе яна назвала іх “ лялькамі “ . У сваю чаргу Альжбэта і Анэля , упершыню ўбачыўшы парывістую засцянковую паненку , што магла гарцаваць на кані і махаць плёткаю , магла ўжыць салёнае мужчынскае слова , дужа здзівіліся поўнаму яе няўменню апранацца і жыць па сучаснай модзе . На іхнія яркія адмысловыя ўборы яна пазірала , як сапраўдная дзікунка , шырока вырачыўшы вочы . Напачатку сёстры нават падумалі , што ніякая яна не шляхцянка , а звычайная чорная мужычка , з тых , у каго пад неабрэзанымі недагледжанымі пазногцямі вечны нязводны бруд . І ўсё-ткі гэтая баявая дзяўчына была шляхцянкаю , адной , так мовіць , з імі крыві . І яны , успомніўшы строгую фрау Ізольду , самі на нейкі час ператварыліся ў дзвюх Ізольдаў – пачалі вучыць Эльвіру , наколькі магчыма было ў дарозе , этыкету і прыгажосці . Збоку гэта магло падацца нейкай несур”ёзнай дзіцячай гульнёй , нейкім дзівацтвам , але Эльвіра Скаблінская з усёй стараннасцю і адказнасцю аднеслася да такой вучобы . Яна разумела - быць шляхцянкаю вельмі няпростая справа . Ты павінна адпавядаць таму жыццю , што цячэ вакол цябе , адпавядаць ягоным строгім , раз і назаўсёды вызначаным патрабаванням . Ты павінна адпавядаць свайму мужчыне – нястомнаму ваяру і працаўніку , для якога вышэй за ўсё гонар і вернасць абавязку . І Эльвіра , заўважаючы з якой усё большай захопленасцю пазірае на яе Вітаўт Гарткевіч , была ўдзячная маладзенькім настаўніцам .
Пан Залівака і Вітаўт Гарткевіч таксама вельмі хутка знайшлі агульную мову . Як мужчыны , прытым , адукаваныя мужчыны , яны , вядома ж , не маглі не гаварыць пра вайсковыя і палітычныя падзеі , што разгортваліся на іхніх вачах у Рэчы Паспалітай і ў Маскоўскім царстве , і ўдзельнікамі якіх , жадаючы ці не жадаючы , былі яны самі і блізкія і дарагія ім людзі . Пан Залівака аказаўся надзіва разумным чалавекам . Седзячы ў дрогкай фуры , глянуўшы на шэрае дажджыстае неба над абозам , ён сказаў Гарткевічу , які на Самуме ехаў побач :
- Рымлянін Авідый дарэмна піша , што Бог стварыў усіх нас , людзей , толькі для сузірання нябёсаў , бо – Erectos ad sidera tollere vultus – усе людзі схіляюцца да зямлі . Гэта непазбежна , як бы мы ні супраціўляліся . Такі наш чалавечы лёс .
- І не толькі схіляюцца людзі да зямлі , але й назаўсёды кладуцца ў гэтую самую зямлю , калі праб"е іхні час , - падтрымаў суразмоўцу Вітаўт Гарткевіч .
- Пэўна , пан думае аб тым , што чакае нас у ахопленай вайной Масковіі , бо ў той непрадказальнай зямлі можа знайсціся месца і для нашых шкілетаў , - па-філасофску зазначыў пан Залівака і ўсміхнуўся .
- Я не баюся смерці , - успыхнуў Гарткевіч , - Я толькі трывожуся за нашых жанчын .
- Ніколькі не сумняваюся ў вашай адвазе , - зноў усміхнуўся Залівака , - А мілых кабет будзем , як верныя іхнія рыцары , аберагаць разам .
Ён дакрануўся да шаблі , што вісела на поясе . І ўжо не рахманы Вожык быў перад Альжбэтай , Анэляй , Вітаўтам і Эльвірай , а рашучы ваяўнічы шляхціц , які , калі запатрабуе сітуацыя , пакладзе ўласнае жыццё за сваю абранніцу , за сваю зямлю , за сваю залатую вольнасць . Усе паглядзелі на пана Заліваку з найвялікшай павагаю .
Вёрстаў за сорак на ўсход ад Дняпра спыніліся ў невялікім мястэчку , што адным сваім канцом упіралася ў парослыя кучаравым жоўта-зялёным хвойнікам старадаўнія курганы . Курганоў тых было каля дзесяці . Ніхто з тубыльцаў не ведаў хто і калі насЫпаў іх і што ляжыць у іх унутры . Але якраз падчас прыходу абозу мясцовыя дзеці заўважылі сароку , якая нізка ляцела над зямлёй , несучы ў дзюбе нешта бліскучае . Дзеці пачалі сачыць за птушкай , бегчы за ёй . Хутка высветлілася , што яна лётае да аднаго з курганоў , на схіле якога мелася ці то звярыная нара , ці то нейкая вымоіна пасля навальнічнага ліўня . Сарока садзілася каля гэтай нары , хуценька азіралася па баках , і , пераканаўшыся , што нішто ёй не пагражае , знікала пад зямлёй . Праз лічаныя імгненні яна зноў з”яўлялася на паверхні , абтрасала ад жоўтага пяску сваё чорна-белае пер”е . А ў ейнай дзюбе быў або залаты пярсцёнак , або срэбны ланцужок .
- Панская магіла , - вырашылі дзеці і пачалі рыдлёўкаю і проста рукамі раскопваць схіл . Але , як ні дзіўна , нічога не знайшлі . Багацце , якое , пэўна ж , ляжала ў кургане , быццам правалілася скрозь зямлю . Быццам нехта зачараваў яго , каб не аддаць людзям , а аддаць дурной птушцы .
Дужа здзіўленыя мурзатыя ад пяску дзеці селі кружком наўкол нары . На тварах былі разгубленасць і шкадаванне . Так марылі яны разбагацець , выкапаўшы скарб , ды нічога не атрымалася з іхняга капання-старання . Раптам самы старэйшы між іх нешта пачуў , прынік вухам да зямлі , знерухомеў . Потым зірнуў на сябрукоў , спалохана сказаў :
- Там , у зямлі , пан спіць . Храпе .
Дзеці па чарзе пачалі праслухоўваць зямлю . І сапраўды – з зямной тоўшчы даносілася глухое храпенне , нібы там ляжаў і моцна спаў чалавек . У адзін міг як віхор змёў усіх дзяцей з кургану , толькі босыя пяткі заблішчэлі . Наўсцяж па калючым густым хвойнічку яны ірванулі ў мястэчка і напароліся на абоз , ледзь не спудзіўшы коней . Жаўнеры-вершнікі з аховы нават выхапілі шаблі , думаючы , што гэта напад з засады . Але гэта аказаліся ўсяго толькі галаштанныя да смерці перапалоханыя дзеці . Яны й расказалі абознікам пра сароку , пра панскую магілу і падземнае храпенне .
- Ці чысцілі вы хоць калі свае вушкі , дзеткі ? – весела засмяяўся , пачуўшы іхні аповед , пан Залівака , - Гэта не пан храпе . Гэта ў вашых вушах бруд разам са страхам варочаецца . А зараз паслухайце мяне , як знайсці гэты скарб , калі ён толькі ёсць . Не нару капайце , палохаючы сароку , а знайдзіце сарочына гняздо .
- Я ведаю ! Яно – на старой дуплаватай бярозе ! – адразу ж закрычаў белавалосы , да чырвані спалены летнім сонцам хлапчук .
- Вось там і ваш скарб . На старой дуплаватай бярозе . Лезьце не ў нару , а на бярозу , - зноў засмяяўся пан Залівака . І зноў ўсе паважліва паглядзелі на яго .
Ды ўсё мястэчка , як неўзабаве даведаліся падарожнікі , хвалявала не нейкая сарока , не пярсцёнкі і ланцужкі , якіх ніхто з дарослых не бачыў . Людзей палохалі трывожныя навіны , што кожны дзень , як чорныя навальнічныя хмары , прыплывалі з усходу . Там , на ўсходзе , на мяжы з Маскоўшчынай , дзеялася нешта незразумелае і страшнае .
- Навошта вы туды едзеце ? – падыходзячы да абозу , казаў шмат хто з местачкоўцаў , - Ці можа вам абрыдла жыць ? Там жа – вайна , разня і грызня . Праглынуць вас і нават не зморшчацца . Там , на памежжы , лютуе разам са сваёй крывавай жорсткай хеўраю Чорны Маскаль – рабуе , забівае , гвалціць , калечыць .
Пачуўшы такое , кіроўца абозу пан Сямён Бібуловіч загадаў ахове бізунамі адганяць гаваруноў . Не дапамогуць бізуны , секчы шаблямі . Яшчэ не хапала , каб ягоныя людзі разбегліся хто куды , як палахлівыя палявыя мышы . Даўшы на спачын у мястэчку толькі адзін дзень , ён зноў пагнаў абоз уперад і , не гледзячы на стому , змусіў усіх рухацца як мага хутчэй , быццам нехта наступаў яму на пяткі .
- Наш ваявода хоча перахітрыць хітрага , - маючы на ўвазе Бібуловіча , нездаволена прамовіў Вітаўт Гарткевіч , - Ён , як тое птушанё , што само шчэміцца проста ў рот удаву .
Нездаволенасць была выклікана тым , што падчас прывалу ў мястэчку Эльвіра на Самуме хацела павучыць Альжбэту і Анэлю ездзіць вершна . Маладзенькія фрэйліны з найвялікшай радасцю згадзіліся , Гарткевіч даў на такую справу каня , ды Бібуловіч сваёй паспешлівасцю зблытаў усе карты .
Зноў пад цяжкімі коламі фураў зарыпела пясчаная мокрая ад частых дажджоў дарога . На ёй было мноства глыбокіх лужынаў , і колы амаль хаваліся ў іх . Бедныя коні выбіваліся з сіл . Вельмі часта людзі дапамагалі коням – напружваючы ўсе жылы , штурхалі фуры , якія , здавалася , намёртва заселі ў агіднай слізкай земляной кашы .
На ўзбочыне дарогі пад разбітым скарэжаным маланкаю дубам убачылі сляпога старца з хлопчыкам-павадыром , абвешаных шэрымі палатнянымі торбамі . Торбы былі пустыя . Усюды лютаваў голад , і людзі ашчаджалі кожны кавалачак хлеба для сябе і для сваіх дзяцей . Не да жабракоў было , не да іхніх слёзных малітваў .
Накармілі няшчасных . Стары , даведаўшыся куды ідзе абоз , склаў на падпалым жываце сухія змарнелыя рукі , заспяваў , як сам сказаў , былінушку пра сяло Тушына :
Выязджае вор-сабачачка на добрым кані ,
На добрым кані ў чыстае поле .
Супыніўся вор-сабачачка пад сталіцаю ,
Пад сталіцаю ў сяле Тушыне .
Распінае ўздымае ён бел-тонкі намёт ,
Рассцілае ў намёціку шаўковы дыван ,
Рассыпае на дыване залатыя бабЫ .
Па бабАх стаў вор-сабачачка адгадваці :
“ Ці скараюць нас тут , ці павесяць нас ?
Ці заплоцяць нам тут срэбрам-золатам ? “.
- Для іх ён вор , для нас цар , - раздумліва сказаў Гарткевічу пан Залівака , калі рушылі далей , пакінуўшы пад дубам старца з павадыром , - Вор па-ангельску – вайна . Вялікую вайну прынёс ён у Маскоўшчыну . Ды не было б яго , вайна гэтая ўсёроўна б усчалася , бо дужа шмат тут бедных , галодных і пакрыўджаных . Як мяркуеце , васпане – павесяць вора-цара ці насыпяць паўнюткую меру срэбра-золата ?
- Можа атрымацца і так , і гэтак , - паціснуў плячыма Вітаўт Гарткевіч , - Маскоўшчына – дужа непрадказальная краіна . Тут раніцою галоўку гладзяць , а ўжо ўвечары тую ж самую галоўку адсякаюць .
- Цалкам згодзен з васпанам , - разгладзіў свае пацямнелыя ад дажджу пшанічныя вусы Залівака , - Але думаю , што ў любым выпадку нам будзе ой як нялёгка . Па чутках , пляменнік Васіля Шуйскага князь Міхайла Скопін-Шуйскі , адважны і азартны дваццаці трохгадовы маладзён , дамовіўся са шведамі . Масква аддае ім горад Карэлу з ваколіцамі , а ўзамен за гэта шведскі ваявода Дэлагардзі ўжо ідзе са сваёй пяцітысячнай раццю на дапамогу маскавітам убок Тушына . Шкада , што шведы сёння не нашы саюзнікі і не даруюць нам паразу пад Кірхгольмам , ніяк не могуць эабыцца пра яе .
- Шведы – народ ганарысты . Такі ж , як і наша ліцвінская шляхта . А , значыць , сіла сутыкнецца з сілаю , і толькі Пан Езус вырашыць хто пераможа , - уздыхнуў Гарткевіч і пачаў суцішваць Самума , якога напалохала нечаканым рэкім карканнем варона , што імкліва ірванулася з прыдарожнай яліны .
А наўкол усе сустрэчныя-папярэчныя людзі толькі й казалі з найвялікшым страхам пра Чорнага Маскаля . Калі верыць , яго бачылі і тут , і там . І ўсюды ён з”яўляўся пад покрывам ночы , за што й празвалі яго Чорным , і рабіў сваю чорную справу – забіваў , катаваў , нявечыў , да драбніцы выграбаў харч , адзенне і грошы .
Наступны прыпынак пан Сямён Бібуловіч дазволіў абозу пасля доўгага знясільваючага пераходу па ўшчэнт сапсаванай моцным пранізлівым дажджом дарозе . Адмахалі вёрстаў пяцьдзесят і нарэшце ўвайшлі ў вялікае сяло Білібіна , з прыгожай зрубленай са свежага жоўтага дрэва царквою і апусцелымі баярскімі харомамі . Мясцовы баярын знік – пабег ці ў Тушына , ці ў Маскву да Васіля Шуйскага . У ягоных харомах і на ягоным двары атабарыліся на начлег .
Эльвіра , Альжбэта і Анэля , што паспелі зрабіцца сяброўкамі падчас падарожжа , заначавалі ў шыкоўным абстаўленым італьянскай мэбляю пакоі , дзе была спальня баярыні . Тут на сценах , абабітых залатым узорыстым галуном , гарэлі ўваткнутыя ў галіністыя ласіныя рогі свечкі , віселі два вялізныя люстры . Фрэйліны адразу ж пачалі круціцца перад імі , так і гэтак разглядваючы сябе і свае цудоўныя ўборы . Яны прымалі самыя разнастайныя , самыя нечаканыя і вытанчаныя позы . Потым , весела смеючыся , прымусілі Эльвіру , хоць яна была нашмат старэйшаю за іх , рабіць тое ж самае . Трэба зазначыць , што Эльвіра з ахвотаю падпарадкоўвалася ім . Успыхнуў у душы нейкі яркі дураслівы агеньчык . Ёй раптам востра захацелася хоць на адно кароткае імгненне зрабіцца такою ж як вось гэтыя “лялькі “ – бесклапотнай упэўненай у сабе і раскошна-прыгожай . Яна , не апранаючы , бо ўсе сукенкі і летнікі былі замалыя для яе , трымала іх на выцягнутых руках , потым прыкладвала да сваёй фігуры і круцілася-круцілася перад асляпляльнымі зіхоткімі люстрамі , як заведзены ваўчок . Аж шумела ў галаве і п”янліва вяло ўбакі , ды Эльвіра не спынялася . “ Убачыў бы мяне такою Вітаўт “ , - задаволеная сабой , думала яна .
Пану Заліваку і Вітаўту Гарткевічу выпала правесці гэтую ноч у былой баярскай трапезнай , круглай залі з высокай ляпной столлю , што падпіралася масіўнымі квадратнымі калонамі . Мяркуючы па памеры трапезнай , нямала едакоў у свой час збіралася тут . Каля сцен стаялі прасторныя дубовыя сталы з бліскучымі сталешніцамі . Полымя ад велізарнага мармуровага каміну , які знаходзіўся амаль пасярэдзіне трапезнай і нястомна гарэў-трашчаў яловымі і бярозавымі паленнямі , адбівалася ў сталешніцах . Было ўражанне , што ніякія гэта не сталешніцы і не сталы , а безупынна перакочваюцца чырвона-залатыя хвалі па лугавых прыгожых азерцах , мноства якіх давялося ўбачыць падчас доўгай дарогі .
Залівака з Вітаўтам начавалі па-паходнаму – ляглі на дубовыя лавы каля сталоў , умасціўшы пад галовы конскія сёдлы . Не трэба было нічым накрывацца , бо камін грэў , як шчодрае ліпеньскае сонца ў самы поўдзень . Ды сон напачатку не йшоў . Усё-ткі лавы гэта не пярыны . Цвёрдыя , мулкія . Але галоўным віноўнікам бяссоння быў аброслы доўгімі дужа густымі валасамі стары дрывакол , які сядзеў на нізенькім чурбанчыку бліз каміну , варушыў жалезнай качаргой чырвонае іскрыстае вуголле і , не даючы агню патухнуць , час ад часу падкідваў новыя паленцы . Ён тут жа й наколваў іх , цюкаючы невялічкай вострай сякеркаю . Са згоды новапрыбылых пастаяльцаў стары глухаватым шурпатым голасам вёў бясконцы аповед пра сваё жыццё-быццё , называючы Заліваку і Гарткевічу гасударамі .
- Значыць , у Тушына едзеце , гасудары ? – пазіраючы на варухлівыя касмылі полымя казаў ён , - Быў я ў гэтым сяле . Багатае было сяло . Мужыкі былі багачы і баярын іхні Аляксандр Барысавіч Гарбаты на мяшках з золатам сядзеў . Ды мы іх за вялікія здрадныя справы , за злую нелюбоў іхнюю да цара-бацюхны Івана Васільевіча ў адначассе ўсіх пасеклі , як шалёных псоў . А сяло падпалілі – і хаты , і хлявы , і гумны . Імчышся па вёсцы на кані з паходняю ў руцэ , тырк паходню ў страху , у сухую салому – і адразу ж агонь узвіваецца , як дзікі звер , гудзе , раве , трашчыць . Люблю агонь . Вось таму на старасці гадоў маіх і служу тут дрываколам каля баярскага каміну .
Ён весела-шчасліва закашляўся , паднёс кулак да вуснаў і гаварыў далей :
- Мяне крамешнікам тутэйшыя людзі клічуць , а я й не крыўдую . Крамешнік дык крамешнік . Так у часы маладосці маёй патаемныя царскія ворагі , гадзюкі падкалодныя называлі наша апрычнае войска , лічылі нас пачварамі крамешнай цемры . От быў час ! Вясёлы ! Залаты ! З вялікай ахвотаю я , тады яшчэ зусім зялепуха , у апрычнікі запісаўся да самога Малюты Скуратава . Нас напачатку ўсяго пяцьсот семдзесят чалавек было . Потым тысяча . А потым пяць тысячаў . Выдалі нам на царскім двары ў Аляксандравай слабадзе чорныя , як у манахаў , плашчы падбітыя футраю з авечкі . Ды гэта толькі зверху мы былі падобныя на нікчэмных жабракоў . Знізу ж апраналі , як баяры , шытыя золатам сукні з сабалямі і куніцамі . Цар Іван Васільевіч не шкадаваў для нас , сваіх верных слуг , нічога , самыя дарагія сукні жалаваў – сінія і чырвоныя .
Расказваючы , назіраючы за камінам , крамешнік ( так адразу пра сябе назвалі гаваркога даўгавалосага старога пан Залівака і Вітаўт Гарткевіч ) трымаў у руках нож і валэндаўся з нейкай жоўтай косткаю .
- Што ты робіш ? – спытаў ў яго Гарткевіч .
- Святыя крыжыкі выразаю з косткі , - адказаў крамешнік , - У мяне іх шмат ужо нароблена . Вось паглядзіце , гасудары .
Ён развязаў палатняны мяшэчак , які ляжаў каля ягонай нагі , зачэрпнуў адтуль з касцяным халодным хрустам поўную жменю невялічкіх крыжыкаў і нейкіх кружочкаў . Пра кружочкі сказаў , што гэта будуць завушніцы для прыгожых маладзіц .
- Баба яна любіць чапляць на сябе розныя бразготкі , як якое небудзь неразумнае дзіця ці лясная малпа , - патлумачыў крамешнік і засмяяўся тонкім вострым смехпм . Полымя з каміну асвятліла ягоны твар , і твар падаўся крывавым .
Некалькі разоў у трапезную ўваходзілі два маладыя эдаравенныя дзецюкі , прыносілі па бярэмю дроў і не клалі , а з грукатам высыпАлі каля каміну , змушаючы ўздрыгваць пана Заліваку . Яны шапталіся аб нечым з крамешнікам і хмура пазіралі на лавы , дзе ляжалі , ніяк не могучы заснуць , госці-ліцвіны .
- На шыі сваім коням мы прывязвалі сабачыя галовы , на ручкі бізуноў сабачую поўсць , а збоку , каля сядла , утыкалі мятлу , - расказваў між тым стары апрычнік і ўсё рэзаў , рэзаў костку , - Гэта азначала , што мы спачатку кусаем , як сабакі , а потым вымятаем царовых ворагаў са Святой Русі . Між нас былі дужа радавітыя людзі – сыны князёў Баратынскіх , Адоеўскіх , Пронскіх , Трубяцкіх і Шчарбатавых , баярскія дзеці – Бутурліны , Варанцовы , Гадуновы , Колычавы . І немцы былі – Штадэн і Шліхцінг . Зверху ж сам цар-бацюхна быў . Ён у нас лічыўся ігуменам . Афанас Вяземскі быў келарам , а Малюта Скуратаў панамаром . Яны заўсёды хадзілі з манаскімі завостранымі кульбамі і доўгімі нажамі . Нажы хавалі пад епанчой . Ледзь хто ўгневае цара , ён дастае нож – чырык , і выцягвай за ногі свежаніну на вуліцу .
Крамешнік засмяяўся . Ад ягонага смеху пан Залівака пакутліва зморшчыўся і ціхенька шапнуў Гарткевічу :
- Баюся , пане Вітаўт , што гэтая ноч можа быць для нас апошняю . Як там нашы жанчыны ?
- Пан Бібуловіч паставіў каля іхніх дзвярэй варту . Я сам правяраў , - шэптам адказаў Вітаўт , не зводзячы вачэй з крамешніка .
Нібы пачуўшы іхнія словы , крамешнік сказаў , зноў засмяяўшыся :
- Ды вы не бойцеся , гасудары . У нас , у Білібіне , усё спакойна . Нікога тут няма – ні апрычнікаў , ні людзей Ванькі Балотнікава . Спіце , як у сябе дома . А ўсё-ткі шкада , што цар Іван Васільевіч распусціў апрычнае войска . Наш народ любіць , каб быў страх , каб быў ва ўсім парадак . Без страху Масковія не Масковія , а нейкая бязбожная Басурманшчына ці Лаціншчына . Добры тады быў час . Пасля кожнага пакарання злыдняў –супастатаў мы , апрычнікі , збіраліся за багатымі сталамі , і Малюта Скуратаў , казаў , высока ўздымаючы кубак :
- Каб у нашых ворагаў засталося крыві не болей , чым віна ў гэтым кубку .
І выпіваў віно да апошняй кропелькі .
Ён пазяхнуў , пачасаў валасатую расхлістаную грудзіну , пачаў завязваць мяшэчак з касцянымі крыжыкамі і кружочкамі . Яны тоненька пазвоньвалі- храбусцелі . Гэты непрыемны гук драпаў Гарткевічу слых , не даваў заснуць .
Вітаўт ляжаў на лаве , чуў , як пачынае засынаць пан Залівака , пачынае крактаць , варочацца , уздыхаць , нешта мармытаць . Вось засвістаў носам , сцішыўся . Сам жа сабе Гарткевіч пакляўся ўсю ноч не змружваць вачэй . Ляжаў , шаптаў малітву , не выпускаў з рукі эфес шаблі .
Начная цішыня паступова ўзяла ў сваю абладу баярскія харомы . Толькі на двары каля канавязей час ад часу фыркалі коні , але фыркалі спакойна , без трывогі . Водбліск ад каміннага полымя , як нейкая таямнічая ружовая здань , танцаваў на цёмных сценах трапезнай , на сталешніцах . Ды й полымя пакрысе слабела , чэзла , знікала . Ад згарэлых дроў заставаўся толькі шэры цёплы попел , у якім яшчэ дзе-нідзе прадзёўбваліся чырвоныя калючыя іскрынкі . Неўзабаве патухлі і яны .
Вітаўт Гарткевіч прачнуўся ад ледзь улоўнага шэпту. Як ні мацаваўся , ўсё-ткі на нейкія імгненні не вытрымаў і нібы праваліўся ў цёмную яміну . Але , пэўна , дапамагла святая малітва , у якой ён прасіў Езуса не затуманьваць сном галаву , бо прахапіўся ад найцішэйшага шэпту .
- Бярэм абодвух , - шапталіся ў цемры .
- А ты расклаў у яры вогнішча ?
- Расклаў . І саган з вадою павесіў на крывулю .
Абміраючы сэрцам , Вітаўт слухаў гэту начную размову і пакуль слаба што разумеў . Якое вогнішча ? Які саган ? Што за крывуля ? Ён , стараючыся нават радзей дыхаць , прыўзняўся на локцях , да болю ў вачах узіраўся ў абсалютную сляпую цемру . Праз некаторы час даўмеўся , што шэпчуцца трое – крамешнік і тыя хмурыя здаравілы , якія цягалі яму дровы .
- Мне – рука , - ціхутка-ціхутка прамаўлялі недзе каля каміна .
- А мне – нага .
- А я мазгі вып”ю . Яны цёпленькія .
І тут Гарткевіч аж скалануўся ад страшэннай здагадкі – гэта ж яго разам з панам Залівакам дзеляць , як кабанчыка , людажэры ! Ён чуў пра такіх , ведаў пра дзікі голад у спустошанай разрабаванай Маскоўшчыне . Але каб ён сам , каб ягонае цела зрабіліся ежаю для нейкіх людзей-звяроў , не мог нават падумаць . І вось яго дзеляць людажэры ! Заб”юць і звараць у сагане , які вісіць у яры на крывулі !
- Але ж на двары жаўнеры . Як мы пройдзем ? – зашалясцела ў змроку .
- Жаўнеры спяць . А калі хто й запытае , скажам , што мы дрываколы і носім бярвенні для каміну і баярскіх печаў .
- Уначы ?
- А чаму й не ? Запазніліся . А дроў трэба шмат . Вось і цягаем . Цягаем з баярскай трапезнай у суседні флігель . Там таксама ёсць камін і ёсць печ .
- Я хацеў бы пакаштаваць жаночага . Кажуць , яно саладзейшае . Мякчэйшае і саладзейшае .
- Дурань . Каля жаночай спальні стаіць ахова . Бярэм гэтых .
Жахоцце нейкае , ды й толькі ! Яго , Вітаўта Гарткевіча , патомнага шляхціца , жывога чалавека , дзялілі ! Як дзеляць на часткі нейкую рэч . Што ж рабіць ? Іх трое . Яны ведаюць тут усе хады-выхады . У трапезнай цёмна , хоць вока калі . Не відно куды бегчы , дзе ратавацца . Зачэпішся за стол або за лаву , упадзеш , а яны ўзваляцца зверху і прыкончаць , ператвораць у нерухомае бервяно . І панясуць міма варты ў лес , у яр . І жаўнеры ні аб чым не здагадаюцца .
Побач мірна , як дзіця , спаў пан Залівака . Выводзіў носам бесклапотныя меладычныя рулады . Не чалавек , а флейта ! Яго трэба нейкім чынам разбудзіць , але разбудзіць незаўважна для людажэраў .
Вітаўт Гарткевіч , правай рукой моцна сціскаючы шаблю , пругка выставіўшы ейнае вострае лязо ў сляпую цемру , левай рукой стаў ціхенька біць Заліваку па мяккіх пульхных шчоках , шаптаць , падрабляючыся пад голас панскай кухаркі :
- Уставай , пане . Яечня ўжо на стале . Уставай . Яечня на стале .
Пан Залівака замармытаў спрасоння , павёў туды-сюды носам , уздыхнуў і пачаў павольна ўздымацца з лавы . Толькі б не зачапіў сядло – упадзе , наробіць грукату , узбударажыць людажэраў , і тады не здабраваць – па костачках разбяруць . Гарткевіч у думках прасіў Бога , каб усё абыйшлося ціха-мірна . Трэба ж неяк ратавацца ад гэтых звералюдзей . Ён успомніў пра свой пісталет . Пераклаў шаблю з правай рукі ў левую , узяў яго ў правую руку , пачаў узводзіць .
- Дзе яечня ?! – раптам грозна гаркнуў ва ўвесь голас пан Залівака . Гэты нечаканы крык паміж сляпой цемры , пэўна ж , агаломшыў крамешніка і ягоных памагатых . Ды й для Вітаўта стаўся ён поўнай неспадзяванкаю .
- Пан Залівака ! Пад стол ! – крыкнуў Гарткевіч , схапіў шляхцюка за каршэнь , рэзка прыгнуў яго . І ў той жа міг па дубовай сталешніцы з усяго маху ўдарыла сякера , аж пошчак пайшоў па трапезнай . Секануў, цэлячыся на голас , крамешнік . Потым яшчэ й яшчэ . Сякеру падтрымала жалезная качарга , якой узброіўся адзін з людажэраў . Трэці ж , мяркуючы па ўсім , ворсаў і ворсаў у сталешніцу нажом . Тут ужо было не да цішыні .
- Дапамажыце ! – як мага мацней закрычаў Вітаўт , закрычаў на ўсё горла , стараючыся , каб пачулі жаўнеры на двары .
- Ратуйце ! – енчыў пан Залівака , схаваўшыся пад сталом .
Гарткевіч стрэліў з пісталета і , пэўна ж , пацэліў некаму з нападнікаў у нагу . Рэзка залемантаваў паранены , мацюкаючыся , клубком пакаціўся па падлозе . Двое ягоных сябрукоў у шаленстве білі й білі па сталешніцы . Яна пачала трашчаць . Вось-вось дабярэцца востры смяротны метал да безабароннага чалавечага цела , і тады – канец . Уся надзея была на жаўнераў Сямёна Бібуловіча , якія начавалі на двары каля вазоў . І жаўнеры , дзякаваць Пану Богу , пачулі . З дзесятак іх з яркімі паходнямі ў руках уварваліся ў трапезную . Дзіўную карціну ўбачылі яны . Вітаўт Гарткевіч і пан Залівака хаваліся пад сталом , які быў падобен на рэшата . Двое маладых людажэраў з качаргою і нажом у руках стаялі каля гэтага стала . Твары былі перакошаны нянавісцю і страхам . Стары крамешнік , трымаючыся за параненую нагу , сядзеў на залітай крывёю падлозе . Ды ён быў зусім непадобны на таго , каго ўсе бачылі ўдзень . Той быў змарнелы сівы і безбароды . Зараз жа на жаўнераў і на Гарткевіча з Залівакам гнеўна і пыхліва пазіраў чарнавалосы чарнабароды чалавек .
- Чорны Маскаль ! – здзіўлена ўсклікнуў адзін з жаўнераў , падыйшоў да крамешніка і тузануў за бараду . Барада адвалілася . Усе міжволі зрабілі крок-другі назад .
- Ён самы , - задаволена засмяяўся крамешнік і паглядзеў на Гарткевіча :
- Можа ты й добры , можа ты й хрысціянін , ды ты , цела тваё – турма . І я хацеў выпусціць на волю з гэтай турмы вязня , якога ты трымаеш сам у сабе – твой шкілет . Хацеў крыжык вЫразаць з тваёй косткі . Не паспеў . Але й пагуляў , эх , як соладка пагуляў ва слаўную памяць дарагога ўсяму нашаму апрычнаму воінству Малюты Скуратава ! А яны , - ён зірнуў на сваіх сябрукоў , якім ужо ланцужылі рукі , - хацелі мяска твайго пакаштаваць . Што паробіш ? Вечна галодныя і вечна злыя .
Зноў голасам драпежнай начной птушкі заклекатаў у трапезнай смех старога апрычніка-крамешніка , смех людажэра . Ад такога смеху , усім , хто яго чуў , зрабілася холадна і дужа няўтульна .
Тут у трапезную ўвабегла ўсхваляваная Эльвіра , а следам за ёю Альжбэта з Анэляй . Твары бялелі ад страху . Эльвіра кінулася на шыю Вітаўту , пачала цалаваць і , з апаскаю азіраючыся на людажэраў , распытвала :
- Ці цэлы ты ? Ці ўбярогся ад гэтага звяр”я ?
- Як можна не ацалець побач з адважнейшым панам Антоніем Залівакам ? – туліў яе да сябе , весела ўсміхаўся Вітаўт Гарткевіч , краем вока паглядаючы на шчаслівага Заліваку , якога ў дзве шчакі цалавалі ды цалавалі Альжбэта з Анэляй .
Жаўнер , што пазнаў Чорнага Маскаля , убачыў між тым палатняны мяшэчак старога крамешніка з касцянымі крыжыкамі і кружочкамі , узяў яго , трасянуў і , гідліва зморшчыўшыся , шыбнуў мяшэчак у камін . І хоць камін даўнавата астыў , з-пад халоднага попелу адразу ж вытыркнулася чырвонае лязо агню .
Вельмі ўзрадаваліся білібінцы запаланенню Чорнага Маскаля . У лузе над ракой моладзь запаліла вогнішча , пачала вадзіць наўкол яго карагод і весела спяваць:
Сыру , сыру ,
Дзеўкам сыру ,
Дзеўкам сыру з малаком .
Жабу , жабу ,
Хлопцам жабу ,
Хлопцам жабу з чарвяком .
Колькасць прачытаўшых: 334 Колькасць вогдукаў: 0