XVIII
У гэты ж самы час у сяле Тушыне панавала поўнае бязладдзе . Польскія аддзелы , якія падыйшлі ў сяло , сказалі , што нікому болей непатрэбны Дзмітрый Іванавіч з Марынай Мнішак , а на маскоўскі трон павінен сесці каралевіч Уладзіслаў . Такая навіна была , што ўдар грому для ўсяго царскага двара . Яны ўжо бачылі сябе ў заваяванай Маскве , у іхніх вушах ужо ўрачыста гучаў святочны гуд усіх званоў , якімі сустрэне іх сталіца , велічальныя крыкі-славасловіцы натоўпу , а тут раптам такая суровая неспадзяванка . Гэтых людзей называлі пералётамі . Раніцой яны былі ў Васіля Шуйскага , абедалі ў дваранскім апалчэнні разанца Пракопія Ляпунова , на начлег жа імчаліся ў Тушына да Дзмітрыя Іванавіча . І ўсё вынюхвалі , выцікоўвалі хто ўрэшце рэшт пераможа , да каго трэба своечасова і беспамылкова прыхіліць галаву . У большасці сваёй гэта было радавітае памеснае баярства і новыя ( з часоў Барыса Гадунова ) дваране . Сяляне ж і казакі не жадалі падпарадкоўвацца Маскве , называлі яе лютай баярыняй прыгонніцай . Яны гатовы былі ісці пад тушынскага вора , пад каралевіча Уладзіслава , нават пад турэцкага султана і крымскага хана , абы толькі не пад Маскву . Усеагульная нянавісць да царскай Масквы і ейных слуг была вельмі вялікая . Яе можна хіба ахарактарызаваць словамі Жанны Д “ Арк , сказанымі прыкладна ў той жа час . Руанскі суддзя спытаў запалоненую Жанну :
- Ты ненавідзіш сваіх ворагаў ?
- Не ведаю , - адказала адважная Жанна , - Але я ведаю , што ўсіх іх мы выганім з нашай зямлі , акрамя тых , якія ўпадуць на яе мёртвымі .
І ўсё-ткі першую трэшчыну дала не нелюбімая шмат кім Масква , а тушынскі лагер . Дваране , што прыйшлі туды са сваімі атрадамі , разумелі – спачатку тушынцы прыкончаць Васіля Шуйскага , а потым возьмуцца й за іх . І яны пачалі слаць патаемных ганцоў у Крэмль , пачалі перамаўляцца з Шуйскім .
Не вытрымалі нервы і ў самога Дзмітрыя Іванавіча . Перад гэтым загінуў ягоны верны ардынарац шклоўскі шляхціц Андрэй Букаты . Касімскія татары , што ваявалі за цара Шуйскага , падпільнавалі Букатага непадалёку ад Тушына і зарэзалі , як авечку . Калі прывезлі скрываўлены труп , Дзмітрый Іванавіч глуха застагнаў , абхапіў твар рукамі , пачаў , седзячы за абедзенным сталом , хітацца збоку ўбок , нібы дрэва пад парывамі моцнага ветру . Царыца Марына і цалавала яго , і нешта шаптала на вуха , ды ніяк не магла супакоіць . І тады знайшоўся ў сяле Тушыне манах Арсеній , які нядаўна прыбег з Троіца-Сергіевай лаўры . Манах сказаў , што ажывіць Букатага . На вуліцы насупраць адзінай у сяле камяніцы , дзе месціўся царскі двор і жылі Дзмітрый Іванавіч з Марынай Мнішак , цесляры хуценька змайстравалі драўляны памост . На памост паклалі мёртвае цела Андрэя Букатага . Манах , даўгавалосы і худы , у чорнай хламідзе , узыйшоў на гэты памост , пакланіўся ва ўсе бакі народу ( а наўкол было мора людзей ! ) , стаў на калені , пачытаў святую малітву , а затым лёг на нябожчыка . Тысячы людзей затаілі дыханне , сталі на дыбачкі , выцягнулі шыі . Усе з хваляваннем чакалі – вось зараз на іхніх вачах здзейсніцца найвялікшы цуд . У небе з-за цёмных воблакаў паказала свой твар чырвонае сонца , нібы й яно хацела ўбачыць тое , што неўзабаве адбудзецца .
Арсеній клаўся на нябожчыка раз-другі , але той не падаваў аніякіх прыкметаў жыцця . Манах пачаў хвалявацца , бо пачуў вакол памосту незадаволены гул натоўпу . Хто хто , а ён ведаў якім хуткім на ярасць і на крывавую расправу бывае мясцовы люд . Яшчэ міг , і толькі ашмоцце паляціць ва ўсе бакі ад яго , Арсенія .
- Зоркі не спрыяюць ажыўленню , - глухім голасам прамовіў ён , - Хоць месяц і не ваюе супроць сонца , але сёння ягоная сіла значна зменшылася , аслабела . Трэба пачакаць яшчэ адзін дзень .
Кажучы такія словы , Арсеній з вялікай апаскаю пазіраў убок Дзмітрыя Іванавіча , які ў пышным царскім убранні сядзеў на кані непадалёк ад памосту . Побач з ім была Марына Мнішак , таксама пышна ўбраная і таксама на кані .
- Гэта нейкі шарлатан , - шапнула Марына цару і грэбліва ўсміхнулася . Яна з самага пачатку адгаворвала мужа дазваляць такое дзікунства , ды той у чарговы раз захацеў спадабацца народу , а народ , як вядома , хлебам не кармі , а дай падзівІцца на цуд . Цар і сам не верыў у ажыўленне Букатага . І вось – канфуз .
Дзмітрый Іванавіч нервова грыз вус і думаў : “ Што змусіла гэтага манаха аб”явіць сябе тым , хто ажыўляе мёртвых , аб”явіць сябе , па сутнасці , Богам ? Пэўна ж , ён вар”ят . А калі не вар”ят , дык хто ён ? “ . Цар бачыў вочы Арсенія , вялікія напружаныя чорныя . Гэтыя вочы ва ўпор пазіралі з памосту проста на яго , цара . “ Мы з ім падобныя , - думаў цар , - Мы з тых , хто ўзвальвае на сябе такія глыбы , такія цяжары , якія б раздушылі і расцёрлі любога іншага , ды толькі не нас . Гэты чалавек родзіч мне па духу і па адвазе , але яго патрэбна знішчыць , бо два мядзведзі не могуць ужыцца ў адным берлазе “ .
Арсеній імгненна прачытаў думкі Дзмітрыя Іванавіча , пабялеў у твары і скокнуў з памосту ў натоўп , закрычаўшы :
- Народ праваслаўны , прашу тваёй абароны ! Прашу абароны ! Мяне ў Троіца-Сергіевай лаўры спакусіў д”ябал ! Уначы ён прыходзіў у маю келлю і нашэптваў на вуха небывальшчыну !
Пры напаміне аб д”ябле густы шчыльны натоўп ахнуў , адразу ж пачаў раздавацца ўшыркі , даючы дарогу манаху . Ніхто не хацеў каб гэты страшны чалавек хоць пальцам датыкнуўся да яго . Людзі лезлі адзін на аднога , душыліся .
- Не трэба яго даганяць . Ён сам сканае дзе-небудзь у лесе пад кустом , - сказала Марына Мнішак цару ўбачыўшы , што той хоча загадаць сваёй варце схапіць манаха .
Цар згадзіўся . І гучнагалоса аб”віў ёй і ўсяму двару :
- Едзем у Калугу . Неадкладна едзем у Калугу .
Такое рашэнне – перабрацца з сяла Тушына ў Калугу – выспявала ўжо некалькі тыдняў . І вось гэты ідыёцкі манах , сам таго не ведаючы , стаўся той апошняй кропляй , што перапоўніла келіх . Толькі ў Калугу ! Далей ад Масквы . Далей ад Шуйскага . Далей ад праклятага Тушына , дзе на яго , цара Дзмітрыя Іванавіча , усё болей глядзяць як на нейкую ляльку , як на няўдалага скамароха . Калуга бліжэй да Дона і да Запарожжа , якія вераць яму , ісціннаму цару , даюць хлеб , зброю і , галоўнае , даюць шматлюднае лютае на бітву войска . Ён яшчэ вернецца , увойдзе ў Маскву і сядзе на трон . А пакуль – грызіце адзін аднога ляхі , ліцвіны , баяры і дваране , шведы і лісоўчыкі , звар”яцелыя ад крыві халопы і ваяводы Васюткі Шуйскага !
- Марына , за мной ! – амаль вясёлым голасам крыкнуў цар і крута развярнуў застаялага каня . Ён ведаў , што ўвесь царскі двор , усе ягоныя прыхільнікі , усе тыя . хто звязаў свой лёс з ягоным лёсам , гатовыя па першым знаку рушыць за ім . Яны й рушылі з радасным і ярасным крыкам . Гэта была разведачная паездка ў Калугу . Цар яшчэ два разы вяртаўся ў Тушына , каб зімою канчаткова пакінуць сяло , ускочыўшы ў звычайныя сялянскія сані , накінуўшы на плечы грубы сялянскі кажух .
А манах Арсеній усё бег , праломваючы сабе сцяжыну ў натоўпе , апусціўшы вочы долу . І раптам натыкнуўся на нешта дужа цвёрдае , непарушнае . Узняўшы вочы , ён убачыў Аляксандра Лісоўскага , праслаўленага водцу грозных лісоўчыкаў . Той сядзеў на кані , упёршы рукі ўбокі і ўсміхаўся .
- Куды бяжыш , Божы чалавек ? – весела спытаў Лісоўскі , - У Троіца-Сергіеву лаўру ? Дык нам з табой па дарозе .
- Выратуй мяне , ваявода , і я буду тваім слугой да магільнага тлену , - прыпаўшы да стрэмені ягонага каня , папрасіў перапалоханы манах і пакланіўся па-маскавіцкім звычаі нізка-нізка , аж кранаючыся рукой зямлі .
- Бяру цябе пад сваю абарону , бо ты неўзабаве спатрэбішся , - уладна сказаў Аляксандр Лісоўскі і , вырваўшы з похваў шаблю , крыкнуў тым , хто хацеў схапіць Арсенія :
- Назад , варожае семя ! Ён мой !
У гэты самы час у сяло Тушына ўязджаў радзівілаўскі абоз . Нарэшце скончылася доўгая шматдзённая дарога . Абознікі на ўскраіне сяла маглі сутыкнуцца з царом Дзмітрыем Іванавічам і ягонай світай , ды цар праімчаўся ўбок Калугі крыху раней , і яны ўбачылі толькі воблакі шэрага пылу з-пад імклівых конскіх капытоў .
Даведаўшыся , што царыцы Марыны Мнішак ужо няма ў Тушыне , кіроўца абозу Сямён Бібуловіч разгубіўся . Незразумела было , што рабіць далей . Не кінешся ж даганяць цара з царыцаю – людзі і коні ўшчэнт стаміліся . Пакуль Бібуловіч шкроб , як нейкі затурканы цёмны хлоп , патыліцу , шумлівы ваяўнічы люд , што застаўся ў сяле , пачаў прагавіта падбірацца да багатых вазоў . Вось-вось пачнецца лупежства-рабаўніцтва . Ледзь паспеў пан Бібуловіч на плошчы перад царквою паставіць усе вазы кругам , стварыўшы цытадэль . Жаўнеры аховы і абознікі , узяўшы ў рукі зброю , сталі на вазы і каля вазоў , чакаючы ярасную атаку .
- Прэч з дарогі ! – крычаў ім азвярэлы згаладалы натоўп , - Гэта ўсё дабро царскае , а , значыць , наша ! Цар Дзмітрый Іванавіч , ад”язджаючы ў Калугу , аддаў яго нам !
Крыкуны , вядома ж , хлусілі – ніхто , ні цар , ні Марына Мнішак , ні слова ні казалі нікому пра радзівілаўскі абоз , бо , магло стацца , у калатнечы апошніх дзён проста не ведалі пра яго . Але ж перад вачамі былі вазы , па завязку напакаваныя самым адмысловым харчам , самымі дзівоснымі ўборамі , і натоўп з ярасным дзікім лямантам пайшоў на штурм . Заскрыгатала жалеза . Заіржалі коні . Палілася першая кроў .
Пан Залівака з Вітаўтам Гарткевічам і пяццю жаўнерамі абаранялі свой воз , стоячы каля яго . Эльвіра і Альжбэта з Анэляй былі ўнутры кола , за мужчынскімі спінамі . Трэба зазначыць , што яны не вельмі спалохаліся . Эльвіра Скаблінская , дзіця глухога ляснога маёнтачка , змалку зведала і нечаканыя ўзброеныя наезды суседзяў-шляхціцаў , калі трэба было бараніцца ўсёй сям”ёю , і пагром , што ўчынілі казакі Севярына Налівайкі . Толькі рашучасць і вытрымка ратавалі і выратавалі ў тыя часы . Маладзенькія ж фрэйліны , начытаўшыся ў Нясвіжы французкіх раманаў , пачувалі сябе абранніцамі адважных рыцараў . Яны абавязаны былі цярпліва чакаць сваіх герояў з далёкага суровага паходу , захоўваць вернасць . Калі ж Бог пашле выпрабаванне , яны павінны былі стаць поплеч з імі на крапасную сцяну . Што й зрабілі вось зараз Альжбэта з Анэляй . Разам з Эльвірай яны ўзялі ў рукі доўгія дзіды і , хаваючыся за вазамі , білі дзідамі ў твар наступоўцам .
Ды бой раскручваўся яўна не на карысць пана Сямёна Бібуловіча . Тых , хто атакаваў , было значна болей , і ў іх мелася канкрэтная мэта – любым коштам узяць чужое дабро . Здавалася , толькі працягні руку , і яно тваё . Вось чаму яны ішлі напралом , як бязлітасны крывавы таран .
- Пан Бібуловіч ! – зваліўшы ўдарам шаблі барадатага здаравяка , што замахнуўся на яго сякерай , закрычаў Вітаўт Гарткевіч , - Трэба прасіць лісоўчыкаў , каб дапамаглі нам ! Яны тут , у Тушыне !
Ды лісоўчыкаў непатрэбна было прасіць . Яны ўжо ўбачылі , як на іхніх землякоў прэ й прэ ўзлюцелая ап”янелая ад крыві брыдота .
- Гэй , ліцвіны ! – гаркнуў Аляксандр Лісоўскі .
- Бог нам рАіць ! – па старадаўнім звычаі галасавіта крыкнулі ў адказ лісоўчыкі , крыкнулі , як адзін чалавек .
- Што рабіць будзем ?!
- Ратаваць сваіх братоў !
І рынуліся на дапамогу абознікам . Закіпеў такі бой , які нават у самым жахлівым сне не мог убачыцца тым , хто хацеў паласавацца радзівілаўскім дабром . Ад магутных удараў яны разлётваліся ўбакі , як разлётваецца птушынае пер”е пад вострай дзюбай бязлітаснага каршуна . Вельмі хутка тушынскі зброд пачаў разбягацца . Не прывыклі ды й не ўмелі яны ваяваць супроць сапраўднага праціўніка . Гэта не дзяцэй і старых палохаць ды жанчынам спадніцы задзіраць .
- Добра б”яцёся , панове ! – задаволена пахваліў сваіх людзей Аляксандр Лісоўскі .
- Добра б”емся таму , што маем добрых настаўнікаў ! – крыкнуў у адказ расчырванелы і ўзмакрэлы Марцін Жабыка-Жэмба .
- І што за настаўнікі ?
- Першы настаўнік – гетман Канстанцін Астрожскі , які пад Воршаю маскаля разбіў . Другі настаўнік – ты , пан палкоўнік !
- Ну-ну , - заліхвацка падкруціў вус Лісоўскі . Каму не спадабаецца такая пахвала ? Яна , як мёд для суровага рыцарскага сэрца .
Бой аціхаў . Енчылі параненыя . Пранізліва іржалі коні , якіх не аўсом пачаставалі , а гарачым жалезам . Эльвіра Скаблінская перавязвала Вітаўту Гарткевічу левы плячук . Альжбэта і Анэля , сціскаючы ў руках дзіды , асцярожна высунулі з-за воза галовы . І тут іх убачыў Ян Юрый Радзівіл . Малады князь адважна , як і належыць нашчадку славутых Радзівілаў , біўся ў пярэдніх шэрагах лісоўчыкаў , паклаў на зямлю трох-чатырох тушынцаў . Яшчэ ўзбуджана бухала ў грудзях сэрца , мільгацела ад стомы і хвалявання ўваччу , і раптам , як нябесныя анёлы , з”явіліся перад ім цудоўныя сястрычкі . Напачатку яму падалося , што гэта нейкі прывід , нейкая хваравітая відзежа , бо падчас бою яму даволі моцна стукнулі дубовай булдавешкай па галаве .
- Хто вы ? – здзіўлена-радасна спытаў ён .
- Я – Альжбэта Ірэна Даніловіч-Гоцкая , - звонкім галаском адказала першая паненка .
- Я – Анэля Канстанцыя Даніловіч-Гоцкая , - адказала другая .
- Гэта не сон ? – ушчыкнуў сябе за руку Ян Юрый Радзівіл .
- Не , пане , гэта не сон , - чароўна ўсміхнулася Альжбэта .
- Гэта сяло Тушына , - падміргнула ёй Анэля , і абедзьве яны весела засмяяліся , пазіраючы , як злазіць з каня малады прыгожы рыцар , як пачціва падыходзіць да іх , каб пацалаваць іхнія рукі .
- А Чорная Пані сказала праўду , - прамовіла раптам Альжбэта і густа-густа пачырванела . І ў гэты самы час на сваім аднавухім кані прымчаўся да возу Лявонцій Кукарэцкі . Вочы іскрыста ззялі , вусны шапталі нешта натхнёнае , напэўна , новы верш .
- Пан пісарчук ! – радасна ўсклікнула Анэля і , адкінуўшы ўбок дзіду , ірванулася яму насустрач . Ён яшчэ не паспеў злезці з узмакрэлага каня , яшчэ стомлена пахістваўся ў сядле . Анэля высока падскочыла і пацалавала Лявонція ў шчаку .
Пабыўшы месяц-другі ў Тушыне , гетман Ян Пётр Сапега і палкоўнік Аляксандр Язэп Лісоўскі павялі сваіх людзей на Троіца-Сергіеву лаўру , на ейныя кляштары , або , як кажуць маскавіты , манастыры . Манах Арсеній , што гібеў тут калісьці чарняцом , а зараз пачаў верай і праўдай служыць Лісоўскаму і лісоўчыкам , ведаў пра яе ўсё . Лаўра была ў свой час збудавана святым Сергіем , тым , хто натхніў князя Дзмітрыя Данскога на пераможную бітву з татарамі , за шэсцьдзесят чатыры вярсты на поўнач ад Масквы ў глухім лясным зацішку . Стаяла яна паміж гор пад аховаю каменнай сцяны таўшчынёй у тры сажані , вышынёй – у чатыры . Сцяну абвіваў глыбокі роў . З двух бакоў цякла імклівая халодная рака Канчура , на якой меліся тры прасторныя зарыбленыя сажалкі . У сцяне манахі нарабілі вялікае мноства двухпавярховых скляпенняў-байніцаў . З іх абстрэльваліся ўсе падыходы да лаўры . Па ўсім перыметры абароны грозна і непадступна ўзвышаліся восем вежаў з амбразурамі . На паўднёва-ўсходнім баку ад галоўнай цвярдыні асобна стаяў невялікі складзены з шэрага каменю кляштар . Яго называлі Падольны . Ён строга кантраляваў палявыя дарогі і лясныя сцяжынкі , якія вялі да Троіца-Сергіевай лаўры .
На лаўру вырашылі ісці зусім невыпадкова . Манахі разам з гарнізонам , які засеў там , прысягнулі Васілю Шуйскаму , верай і праўдай служылі яму . Пры першай аказіі адпраўлялі ў Маскву хлеб і грошы . Нападалі з-за тоўстых сценаў на польскія і ліцвінскія атрады . Перахоплівалі ганцоў , якія ехалі ў Тушына або з Тушына . Зланцужаных палонных вялі ў лаўру і знясільвалі цяжкімі работамі . Але самае галоўнае было тое , што на Троіцка-Сергіеву лаўру , якую цар Дзмітрый Іванавіч назваў вароннім гняздом , кіраваліся Скопін-Шуйскі і швед Дэлагардзі . Патрэбна было любым чынам перагарадзіць ім дарогу ў Маскву .
Лаўра здавён славілася сваім багаццем . Шмат срэбра , золата , каштоўных упрыгожанняў , хлеба і аўса захоўвалася ў ёй . У спальні архімандрыта Іясафа ў старадаўнім дубовым куфры ляжалі Залаты човен Палемона і Ключ ад Трох Рэкаў , захопленыя падчас Лівонскай вайны ў Полацку . Пра гэта ведалі толькі манах Арсеній , Аляксандр Лісоўскі і Марцін Жабыка-Жэмба . Нават Сапегу не сказаў Лісоўскі пра палеманісцкія святыні , якія надумаў вызваліць з палону .
Сцены ў лаўры былі моцныя . Ейныя абаронцы былі моцныя духам . Праўда , пад началам у ваяводаў Грыгорыя Даўгарукага і Аляксея Галахвастага меўся не дужа вялікі гарнізон – каля трох тысяч чалавек разам з інакамі і сямейнымі пасадскімі людзьмі , якія прыбеглі сюды хавацца ад ляхаў і ліцвінаў . 23 верасня 1608 году церусіў кволы восеньскі дождж . Сапега і Лісоўскі пачалі асаду Троіца-Сергіевай лаўры , прывёўшы з сабою трыццацітысячнае войска .
Манах Арсеній , што зрабіўся галоўным дарадцам Аляксандра Лісоўскага , люта ненавідзеў абаронцаў лаўры . Можна было беспамылкова вызначыць што сталася прычынаю такой пякучай нянавісці .
- Мы стараліся жыць па запаветах блажэннага Аўгусціна , - пазіраючы на грозныя сцены і вежы цытадэлі , казаў ён любому з лісоўчыкаў , хто на тое імгненне быў побач з ім , -Блажэнны ж Аўгусцін павучаў : “ У галоўным – адзіныя , у спрэчным – свабодныя , і ва ўсім – любоў “ . Ды не было ніякай хрысціянскай любові . Нас , малодшую брацію , келар з архімандрытам трымалі ў чорным целе , трымалі , як сваіх рабоў . Малоць зерне , капаць агароды пад капусту , насіць на ўласным гарбу дровы з лесу , рамантаваць сцены і вежы , падсыпАць пяском дарогі , выломваць са скалы камяні для будоўлі - усё гэта клалася на нашыя плечы . Іясаф жа з Аўрааміем Паліцыным святыя кнігі чыталі ды мёд у манастырскай трапезнай пілі . Яны вельмі мудрыя і вельмі хітрыя – аж за вярсту чуюць хто не так , як яны , дыхае . Не ўзлюбілі мяне , бо зразумелі , што я не іхні чалавек . Пачалі на кожным кроку прыдзірацца і пасадзілі ўрэшце рэшт у падземную турму-яму , дзе на дзень даюць адзін сухарык чорнага хлеба і адзін кубачак халоднай вады . Я не вытрымаў і збег адтуль . Астатнія ж і сёння цягнуць гэты воз . І , калі будзе загадана , стануць на манастырскія сцены , каб біцца супроць нас . Такі ўжо там пакорлівы народ .
На другі дзень пасля прыходу , вывучыўшы мясцовасць , паставілі вакол лаўры свае войскі – Сапега на Дзмітраўскай дарозе , Лісоўскі за Цярэнцьеўскім гаем . Станы абкружылі высокімі насыпамі з пяску , каб зберагчы людзей ад гарматаў , мушкетаў і лукаў праціўніка . Адразу ж паслалі ў абіцель грамату ад імя цара Дзмітрыя Іванавіча . "Мы вам дабра хочам , - пісалася ў той грамаце , - Лепш адразу аддайце сцены . А не аддасцё , ведайце , што мы затым прыйшлі , каб не адыходзіць , аж пакуль не возьмем кляштар і не пераб”ем усіх вас да апошняга “ .
Цэлы дзень з лаўры не было адказу . Там раіліся , што рабіць , і ліхаманкава рыхтаваліся да абароны . Усіх здольных трымаць у руках зброю падзялілі на два разрады . Вояў першага разраду , якія павінны былі непасрэдна змагацца за лаўру , разбілі на сотні . Сотні гэтыя аддалі пад начал інакам і дваранам і абавязалі , калі спатрэбіцца , весці бой на сценах , у вежах , каля брамаў і каля амбразураў . Воі другога разраду абавязаны былі ў любы момант рабіць нечаканыя вылазкі за сцены , а таксама імгненна закрыць сабою , сваімі целамі раптоўную дзірку ў абароне . Пасля такіх падрыхтаванняў паслалі трубача з адказам , у якім не шкадавалі высокапышлівых слоў : “ Дарэмна вы нас спакушаеце ! Хіба можна нам пакінуць нашу святую , ісцінную , праваслаўную веру і скарыцца ерэтычным законам ? Ні за якія шчадроты ў гэтым свеце не адмовімся мы ад свайго хроснага цалавання і застанемся , як адзін , вернымі цару нашаму Васілю Іванавічу ! “
- І тут маскаль не змог абыйсціся без сваёй звычнай самаўпэўненай пахвальбы , - прачытаўшы разам з гетманам Сапегам адказ абаронцаў лаўры , кісла ўсміхнуўся Аляксандр Лісоўскі , - Няхай мне па валасінцы выдзяруць мае вусы , калі неўзабаве гэтыя ж самыя пісары не выкінуць на сметнік свайго вельмі любімага Васіля Іванавіча і не будуць горача лізаць боты новаму цару , яшчэ больш любімейшаму . Але мы ўпартыя , мы ўпёртыя , і не адступім ад лаўры пакуль не возьмем яе . Яшчэ й таму не адступім , - тут ён шматзначна хмыкнуў , - што ёсць у нас да ейных келара і архімандрыта адно вельмі важнае пытанне .
Пры такіх словах гетман Ян Пётр Сапега ўважліва і са здзіўленнем паглядзеў на Лісоўскага . Ды той вытрымаў ягоны позірк , спахмурнеў , нічога болей не сказаў , а заспяшаўся да сваіх лісоўчыкаў .
Лаўра не захацела капітуляваць . І тады пачалася асада . Пілавалі елкі і сосны , рабілі з іх вежы-туры . У ноч на Пакровы прыкацілі і паставілі гэтыя прыстасы ўздоўж сценаў кляштару , пачынаючы ад Чырвонай гары . Пад прыкрыццём бярвеністых тураў уладкавалі дзевяць батарэй , у якіх было шэсцьдзесят тры гарматы . Спехам выкапалі глыбокую і шырокую траншэю ад Келаравай сажалкі да Глінянага яру . У траншэі села пяхота з мушкетамі і лукамі , узяла на прыцэл лаўру .
На сваім участку штурму , які межаваў з Цярэнцьеўскім гаем , палкоўнік Аляксандр Лісоўскі загадаў прыкаваць гарматы ланцугамі да дубоў . Паміж намётамі нацягнулі вяроўкі , каб падчас магчымай начной вылазкі ў іх заблыталася варожая конніца . Было дажджыста і вільготна , і кожнаму лісоўчыку строга наказалі берагчы ад вады порах , трымаць яго сухім .
Мокры вецер шкуматаў дрэвы , распранаў іх . Чорная восень крочыла па халоднай ззалелай зямлі . Лісце , сарванае ветрам з дрэў , шумлівым чырвоным клубком кацілася над траншэяю . А ўначы над лаўрай , над ейнымі вежамі і купаламі ўрачыста ўсплывала агніста-медная поўня , а глыбіннае неба пярэста і таямніча свяцілася безліччу зорак .
Нарэшце распачала ўраганную страляніну артылерыя . Білі па лаўры напаленымі і звычайнымі ядрамі . З вуркатаннем і рэзкім свістам праносіліся яны над галовамі атакоўцаў , удараліся ў сцены , праломвалі дахі , залётвалі ў келлі . Там манахі хапалі іх абцугамі , а то й проста голымі рукамі і з ярасным крыкам ( пякло рукі ! ) хуценька выкідвалі на вуліцу . Пажары ў лаўры , на якія спадзяваліся Сапега з Лісоўскім , не ўсчаліся , і артылерыя , нібы папярхнуўшыся , на нейкі час змоўкла .
Тады лісоўчыкі вырашылі захапіць млын , што туліўся да Падольнага кляштару . Там манахі нейкім чынам умудраліся малоць зерне – прасочваліся туды , як мышы , і пад грукат бою круцілі й круцілі цяжкія жорны .
- Пакінем святых айцоў без пірагоў – хутчэй здадуцца , - весела сказаў Аляксандр Лісоўскі і сам ачоліў штурмавую групу з трыццаці чалавек . Разам з ім пайшлі Іван Мастоўскі , Антон Даніловіч-Гоцкі , Вітаўт Гарткевіч , малады Радзівіл , Мацвей Караба і Лявонцій Кукарэцкі . Ноч надарылася цёмная , з вялізнымі купамі хмараў у вятрыстым неспакойным небе .
Не гледзячы на дужа позні час , на млыне ва ўсю моц кіпела праца . Натужна рыпелі вялізныя шурпатыя цяжкія камяні жорнаў , з-пад якіх у палатняныя мяхі няспынна цяклі й цяклі ручайкі цёплай мукі . Маўклівыя манахі ў чорных сутанах , з шаблямі і пісталетамі на паясах , абліваючыся гарачым потам , ускідвалі мяхі на плечы і валаклі па рыпучай драўлянай лесвіцы некуды ўніз – пэўна , у падзямелле .
Іван Мастоўскі з Мацвеем Карабам бясшумна знялі вартавога , накінуўшы яму парожні мяшок на галаву . Бедалага і пікнуць не паспеў , толькі захроп з нажом у горле . Уварваліся ў млын . Ён быў двухпавярховы . Паверхі , ніжні і верхні , злучаліся між сабой вузкай драўлянай лесвіцай-насцілам , што прагіналася пад цяжарам людзей . Яна аж затрашчала , калі лісоўчыкі , секучы шаблямі манахаў-грузчыкаў , няўтрымна рынуліся туды , дзе круціліся камяні жорнаў .
- Пакарай мяне , Божа , блінцом , ды яшчэ з масельцам і піўцом ! – весела крыкнуў Антон Даніловіч-Гоцкі , зачэрпнуў з латка поўную жменю мукі і пляснуў ёю ў твар манаху , што спрабаваў выхапіць з-за поясу пісталет , а затым падсек манаха шабляй . Вітаўт Гарткевіч з усяго маху пырнуў барадатага тоўстага млынара дзідаю ў жывот . Той грузна асеў на каменную падлогу .
Агаломшаныя напачатку манахі неўзабаве пачалі ярасна супраціўляцца . Іхнія шаблі звонка сутыкнуліся з шаблямі лісоўчыкаў , высякаючы ў паўзмроку цэлыя раі калючых чырвоных іскраў . Было цесна , не хапала прасторы для добрага размаху . Наўкол ляжалі груды набітых мукой мяхоў . Лёзы шабляў не-не ды й секлі па іх , і белая мука ручаямі ляцела ўніз , на галовы тым , хто атакаваў . Некаторыя з лісоўчыкаў , засыпаныя мукой , былі , як снегавікі . Даводзілася адплёўвацца і церці кулакамі вочы , каб убачыць праціўніка . Гэта напоўніцу выкарысталі абаронцы млына . Яны ўзмацнілі напор , пачалі цясніць лісоўчыкаў , змушаючы іх адступаць уніз па лесвіцы . І ў гэты час з падзямелля , куды перад гэтым цягалі мяхі з мукой , ударыла ў спіну атакоўцам падмацаванне , што на шум бою прыбегла да манахаў . Рабілася зусім нявыкрутна . Вось ужо ўпала некалькі лісоўчыкаў . Вось самога Лісоўскага хвастануў шабляю па левай руцэ манах . Праўда , удар вытрымала жалезная кашуля , якую была на палкоўніку .
- Стаяць ! – салёна мацюкнуўшыся , загадаў сваім людзям Аляксандр Лісоўскі , - Хіба можа сапраўдны рыцар баяцца падземнага чарвяка , што жыве ў келлі ?! Вера і перамога !
- Вера і перамога ! – падхапілі лісоўчыкі ягоны баявы кліч і , сашчаміўшы зубы , што ёсць моцы , ударылі па ворагу , двумя групамі адначасова рынуліся ўверх і ўніз па лесвіцы . Толькі крывавае ашмоцце паляцела ад манахаў . Манахі не чакалі такога выбуху злосці і няўтрымнай сілы ад людзей , якіх яны , як думалася ім , ужо перамаглі . Святыя малітоўнікі паказалі зад , ратаваліся хто як мог .
Вітаўт Гарткевіч , захапіўшыся атакай , ад якой , здавалася , кіпела кроў , грудзі ў грудзі сутыкнуўся з манахамі , якіх было аж трое . Яны выскачылі аднекуль збоку . Два былі ўзброены алебардамі . Трэці шырока размахнуўся вялізным зубчатым каменем , пэўна , з паламаных жорнаў , хацеў грукнуць ім Гарткевічу па галаве . Ды лісоўчык з засыпаным мукою тварам у адзін скок апынуўся побач , секануў шабляй . Камень і разам з ім манах пакаціліся па лесвіцы . Тады , цэлячыся ў самае сэрца , варсанулі ў Гарткевіча алебардай . Не здабраваць бы яму , але й гэты ўдар адбіў сваёй шабляю падобны на снегавіка лісоўчык . Разам з Вітаўтам ён прыкончыў алебардніка . Ды неўзабаве сам упаў , захрыпеў канаючы . З твару асЫпалася мука , і Гарткевіч пазнаў Мацвея Карабу , успомніў як жорстка барукаліся яны на лясной дарозе , як пранізліва зірнуў на яго Караба з радзівілаўскай гансёры .
- Ты ?! – здзіўлена ўсклікнуў Гарткевіч .
- Я , - адказаў Караба і адразу ж спусціў дух .
Поўная перамога была на баку лісоўчыкаў . Хуценька падабралі сваіх забітых і параненых і , адступаючы ў Цярэнцьеўскі гай , падпалілі млын . Той успыхнуў размашыста і траскуча , здалося , на паўнеба ,
- Пакаштуйце вогненных блінцоў , панове манахі , - смачна плюнуў сабе пад ногі Антон Даніловіч- Гоцкі і сярдзіта пагразіў лаўры кулаком .
Калі назаўтра пачалі адпяваць і закопваць у халодную восеньскую зямлю мёртвых лісоўчыкаў ( а іх было пяцёра ) , Вітаўт Гарткевіч расказаў Аляксандру Лісоўскаму пра тое , як загінуў Мацвей Караба . Палкоўнік адразу ж загадаў паставіць труну з целам Карабы на лафет гарматы , загадаў усім лісоўчыкам злезці з коней , спешыцца , крыкнуў звонкім голасам :
- Крокам руш !
Амаль тысяча людзей . схіліўшы ў жалобе галовы , маўкліва прайшла каля труны . Калі спыніліся , Лісоўскі ўсхвалявана сказаў :
- Сёння мы аддаем сырой зямлі нашых баявых сяброў , нашых пабрацімаў . Загінулі яны , і ў кожнага з нас сэрца пачарнела ад гора . З імі мы дзялілі апошні кавалак хлеба і апошні глыток вады . З імі неаднойчы глядзелі ў твар смерці . Нам пашанцавала . Нас Пан Бог пакуль што збярог ад магільнага пяску . Але некалі сыйдзем у вечны змрок і мы . І ўсе мы ( я цвёрда ведаю гэта ! ) не баімся тлену , бо мы - мужчыны , мы - жаўнеры , мы - шляхціцы і мы – ліцвіны .
Ён на імгненне змоўк , паглядзеў на хмурае восеньскае неба , на шэрыя непрыступныя сцены лаўры . Звонкай цішынёй поўнілася наваколле .
- Мы народжаныя для вайны і для вернасці , - натхнёна гаварыў палкоўнік сваім лісоўчыкам , - Няма вернасці больш ісціннай , чым вернасць самому сабе . А калі ты верны самому сябе , ты верны й зямлі , што нарадзіла , што ўзгадавала цябе . Так было спрадвеку . Так будзе й пасля нас . Дык вышэй галовы , панове ! Там , дзе сёння плынь слёзаў , заўтра заблішчыць радасць , нібы цёплае вясновае сонца . Гэты чалавек , цела якога мы апускаем у магілу , быў чалавекам простага стану . Пакутваў у гансёры на двары ў князя Радзівіла . Займаўся грубай хлопскай працаю . Я выбавіў яго з няволі , запісаў у лісоўчыкі . Я паабяцаў яму – калі ён не будзе шкадаваць у бітве жывата свайго , не змаладушнічае , не затрымціць , надаць яму годнасць шляхціца . Гэты чалавек загінуў , як герой , выратаваўшы ад смерці пана Вітаўта Гарткевіча , знішчыўшы некалькі нашых ворагаў . І ўладай , дадзенай мне каралём і вялікім князем Жыгімонтам , я пасмяротна ўзводжу яго ў шляхецкі стан .
Аляксандр Лісоўскі дастаў з похваў шаблю , падыйшоў да труны Мацвея Карабы , над якой схіляўся бел-чырвона-белы сцяг з выяваю двух вершнікаў на адным кані , тройчы дакрануўся да яе баявым не раз купаным у варожай крыві лязом .
Колькасць прачытаўшых: 616 Колькасць вогдукаў: 0