Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел дзевятнаццаты

XIX

Бітва за Троіца-Сергіеву лаўру ўсё болей абвастралася і забірала ўсё болей жыццяў . Ніхто не жадаў саступаць . З двух бакоў было безліч прыкладаў самаадданасці і самаахвярнасці , якія варты таго , каб іх памяталі будучыя людскія пакаленні . Нездарма сказаў калісьці мудрэц : “ Прырода нараджае людзей , жыццё іх хавае , а гісторыя ўваскрасае , блукаючы па іхніх магілах “ .

Увесь гэты час , удзень і ўначы , людзі гетмана Сапегі і частка лісоўчыкаў рабілі падкоп пад Круглую вежу лаўры . Поўзалі ў цемры , як краты , патаемна выносілі зямлю ў кошыках і знятых з плячэй кашулях у навакольны лес . Паляны ў гэтым лесе былі скрозь у жоўта-бурых гурбах пяску . Каб адцягнуць увагу асаджаных ад сваёй няспыннай падземнай працы , рабілі як мага болей шуму . Спявалі , ігралі на трубах і лютнях , грукалі ў барабаны , з шалёнай хуткасцю насіліся на конях вакол кляштару , раз пораз страляючы па сценах з мушкетаў .

Над покрывам наступнай ночы пайшлі на чарговы штурм . Цягнулі доўгія лесвіцы , кацілі перад сабою на колах зрубленыя з сасны і елкі асадныя вежы , беглі , прыкрываючыся шчытамі з тоўстых дошак . З лаўры няшчадна ўдарыла артылерыя , змяшала крывавае чалавечае мяса з пяском і брудам . Цяжкую рану ў грудзі атрымаў Ян Юрый Радзівіл . Маладога князя , што беспрытомна ўпаў непадалёк ад сцяны , ледзьве не растапталі . Выратавала яго тое , што побач бег у атаку Лявонцій Кукарэцкі . Паэт узваліў Радзівіла на спіну , вынес у бсяпечнае месца . Ян Юрый , штохвілінна трацячы прытомнасць , харкаючы крывёю , папрасіў Аляксандра Лісоўскага паспрыяць каб яго як мага хутчэй везлі ў Нясвіж .

- І няхай вось гэтая паненка едзе разам са мной , - паказаў паранены князь на Альжбэту і зноў праваліўся ў забыццё .

Калі Альжбэта даведалася пра такое жаданне маладога Радзівіла , то вельмі напалохалася і вельмі ўзрадавалася . І невядома было якое пачуццё пераважвае ў ейнай душы . Яна чырванела , хапалася за сэрца , штохвілінна прыкладвала да скроняў нервовыя тонкія пальцы . Часам ёй эдавалася , што вось-вось яна абамрэ і ўпадзе на зямлю пад смех і кпіны ўсіх лісоўчыкаў . Ды лісоўчыкі ў пераважнай большасці сваёй паважалі маладзенькую прыгожую шляхцяначку , жадалі ёй толькі дабра .

- Едзь , Альжбэтка , - сказала сястры Анэля і пацалавала яе ў халодную шчаку , - Няхай беражэ цябе Езус . Едзь , а я пакуль што застануся тут . Тут пан Антон і ўсе нашы . Тут Лявонцій . У Нясвіжы сустрэнемся .

Фурманка запрэжаная паркай коней пакіравалася па шэрай восеньскай бездаражы з Маскоўшчыны ў Нясвіж . Следам за ёю вершна паімчаліся тры радзівілаўскія пахолкі . У фурманцы акрамя чарнабародага крыклівага фурмана былі Ян Юрый Радзівіл , які ляжаў на напханых сенам падушках і стагнаў , французкі лекар месье Буржуа , запалонены пад Каломнай , і Альжбэта , сэрца якой трапятала , нібы крылатая паднебная птушка .

Асада лаўры тым часам доўжылася . Не здолеўшы захапіць лаўру з наскоку , Сапега і Лісоўскі вырашылі ўзяць яе ў шчыльныя абцугі . Голад і холад , асабліва цяпер , калі наступала суровая зіма , павінны былі дапамагчы ім .

Непадалёк ад сцяны быў кляштарны агарод з буйнымі бела-зялёнымі качанамі апетытнай салодкай капусты . Манахі не паспелі зрэзаць качаны і , аблізваючыся , пазіралі з вежаў і байніцаў на такую смакату . Нарэшце не вытрымалі . Спусціліся на вяроўках са сцяны , пачалі латашыць агарод , напіхваючы хрумсткую капусту ў мяхі і кошыкі . Тут іх і заўважылі лісоўчыкі з сапежынцамі . Узвіхурыўся бой . Проста на агародзе , на круглых слізкіх качанах . Яны нечакана падкочваліся пад ногі , і жаўнер , узмахнуўшы шабляй альбо дзідай , паслізнуўшыся , падаў на мёрзлую зямлю . Збоку , калі не ўлічваць рану ці смерць , усё выглядала даволі смешна . Манахі , так і не разжыўшыся капустай , уцяклі ў лаўру . Але паспелі ўзяць у палон ротмістра Брушэўскага . У лаўры пачалі люта катаваць яго агнём і жалезам . Пан Брушэўскі , не вытрымаўшы , расказаў пра ўсё , што ведаў . Расказаў і пра падкоп , які вёўся ў напрамку Круглай вежы . Ваяводы Грыгорый Даўгарукі і Аляксей Галахвасты адразу ж загадалі майстру па горных работах Уласу Карсакову выкапаць слыхавыя калодзежы пад вежамі і ніжнімі камерамі . Насупраць Круглай вежы ўзвялі сценку са зрубаў , напоўненых цвёрдай , як жалеза , мёрзлай зямлёй , прыкрылі гэту сценку вастраколлем і зверху на яе паставілі гарматы . Сядзелі ў калодзежах , прытуліўшы вушы да самай зямлі , слухалі .

Між тым пачаўся сёмы тыдзень асады . Напярэдадні свята Арыстраціга Міхаіла ўсчалася вельмі лютая перастрэлка паміж гарматнікамі з абодвух бакоў . Ядры ляцелі так густа , так часта , што , здавалася , яшчэ імгненне , і пачнуць сутыкацца ў паветры . Велізарная гармата гетмана Сапегі , якая называлася “ Трашчэры “ і страляла з Цярэнцьеўскага гаю , шпурляла ядро за ядром у лаўру . Вось адно цяжкое ядро ўшчэнт разбіла срэбны падсвечнік у калябрамнай царкве . Другое ўдарылася ў абраз Мікалая Цудатворцы . Трэцяе разнесла на дробныя медныя аскялепкі звон у Траецкім зборы . Але абаронцам лаўры ў гэты дзень вельмі пашанцавала – ейныя гарматнікі пасля шматлікіх промахаў уляпілі нарэшце ядро проста ў ненавісныя “ Трашчэры “ . Крыкі ўсеагульнай радасці скаланулі лаўру . Людзі на сценах цалаваліся і плакалі ад найвялікшага шчасця .

Адразу ж ваяводы Даўгарукі і Галахвасты , каб замацаваць поспех , арганізавалі начную вылазку . Праз патаемны ход , замаскаваны жалезнай брамай , іхнія ратнікі начале з пасадскім галавой Ходыравым прабраліся ў парослы густым кустоўем яр і з крыкам “ Святы Сергій ! “ рынуліся ў атаку на ліцвінскую батарэю . З другога боку насустрач ім ударылі пешцы і вершнікі баярына Унукава . Яны хацелі знянацку захапіць гарматы , што не давалі жыцця лаўры , а заадно адшукаць падкоп , які людзі Сапегі ўжо пачалі набіваць бочкамі з порахам .

Надвор”е быццам бы спрыяла ім . Цёмныя кашлатыя хмары засцілалі неба . Сеяўся матляўся над скалелай зямлёй панылы восеньскі дождж . Па гарматных ствалах беглі ручаіны . Пра такое надвор”е гарматнікі , абматаўшы галовы башлыкамі , узняўшы каўняры кажухоў і світак , казалі , пазяхаючы :

- Ну й сыпіць , ну й сячэ . Хай яго кадук . Холад . Халепа .

І раптам на іх наваліліся нечаканыя , быццам нячысцік з пекла , атакоўцы . Спакойнае жыццё-бытво скончылася . Пачалася жорсткая разня .

- Гэта вам за Мікалая Цудатворцу ! Гэта за звон з Траецкага збору ! А гэта за срэбны падсвечнік ! – крычалі ходараўцы і ўнукаўцы , доўгімі вострымі нажамі выпускаючы на мокры пясок кішкі батарэйнікам . Стаяў жахлівы крык . Шмат чалавечых галоў упала ў тую крывавую ноч .

Ускрыленыя поспехам людзі з лаўры дабеглі да таго месца ў лясістым яры , дзе пачынаўся падкоп . Два маладыя мужыкі Мікіта Шылаў і Карп Слотаў , што прыйшлі ў лаўру са спаленай Кляменцьеўскай слабады , прашчаміліся ў падзямелле і ўзарвалі парахавы зарад . Магутны выбух не пашкодзіў кляштарныя сцены . Мужыкоў жа разнесла на дробныя кавалачкі .

З вялікай напругаю адбіўшы начную атаку , Сапега і Лісоўскі яшчэ тужэй сціснулі вакол лаўры пятлю асады . На штурм людзей вырашылі болей не вадзіць .

- Сама здохне , - бліскаючы халоднымі вачамі , сказаў пра лаўру Аляксандр Лісоўскі і паслаў лісоўчыкаў падчышчаць ваколіцы лаўры , сачыць каб ні чалавек , ні звер , і ні птушка не маглі прабрацца ў яе . У гэты самы час да яго прывялі перабежчыкаў – двух дзяцей баярскіх з Пераяслаўля . Яны сказалі , што ўзяць кляштар можна даволі лёгка – трэба перахапіць трубы з пітной вадой . І паказалі месца на дне сажалкі , дзе пачыналіся гэтыя трубы .

З канца лістападу на Троіца-Сергіеву лаўру навалілася цынга . Усё гэта , вядома , ішло ад вялікага цясноцця , ад голаду і смагі . Цывільныя людзі , жанчыны , дзеці і старыя , начавалі проста на голай зямлі , у лёгкіх буданчыках сплеценых з галінак рачной вярбы . На іх ліўся дождж і ляцеў снег . Халодны вецер астуджваў знясіленыя целы , скура на якіх здавалася жоўтай павуцінай накінутай на косткі . “ Цяжка нам насіць цялёсы нашы “ , - пакорліва казалі людзі і паміралі адзін за адным . Спачатку за дзень памірала дваццаць-трыццаць чалавек , затым пачалі паміраць сотнямі . З раніцы да глыбокай ночы ў лаўры адпявалі нябожчыкаў . Інакі , якія вялі такія службы , зусім выбіваліся з сілаў , і іх даводзілася трымаць пад рукі . Ад мёртвых людзей і ад мёртвай жывёлы быў вялікі смурод . Часам акутая цёмным жалеззем брама лаўры павольна адчынялася , але лісоўчыкі і сапежынцы адразу ж адбягалі ад яе , бо з лаўры выязджалі вазы , на якіх гурбамі ляжала заразнае адзенне нябожчыкаў . Яго закопвалі ў лясных ямах .

- Не , не за гэтым мы сюды ішлі , - усё часцей хмура казаў Аляксандр Лісоўскі , - Не тое мы робім .

- Пан палкоўнік , мы прышлі сюды , каб выбавіць з палону нашыя святыні , - напамінаў Марцін Жабыка-Жэмба , - Калі немагчыма адбіць сілай , трэба ўзяць іх хітрасцю .

І яны ў паходным палкоўніцкім намёце , падалей ад чужых вушэй , у каторы ўжо раз меркавалі як зладзіць гэтую справу . І надумалі мудрагелісты план .

Тым часам зіма пачала бяліць першым лёгкім снегам наваколле . На яркай пушыстай белі выразна азначыліся ваўчыныя , лісіныя і заечыя сляды . Скідвалі апошняе іржавае лісце ўкамянелыя ад холаду дрэвы . Эльвіра з Анэляю і Лявонцій Кукарэцкі , які ў вольны час круціўся каля іх ( вядома ж , круціўся каля Анжэлы ) сядзелі ў цёплай зямлянцы , дзе ў печцы-каменцы сакавіта палалі смольныя карчы , і па загадзе Лісоўскага шылі-вышывалі парадныя стужкі для ўсіх лісоўчыкаў . Стужкі гэтыя павінны былі адзявацца праз правае плячо і служыць адметаю менавіта лісоўчыкаў , бо на іх вышываўся іхні баявы герб-кляйнот – два вершнікі на адным кані .

- Прыгожа будзе , - задуменна казала Анэля , разглядваючы вышытую тканіну , і аднойчы , хітра засмяяўшыся , прапанавала Эльвіры :

- А што калі я вышыю вось на гэтай стужцы не двух вершнікаў , а вершніка і вершніцу ?

- Сябе і пана Кукарэцкага ? – адразу здагадалася Эльвіра .

- Хай сабе будзе й так , - кіўнула ў знак згоды галавой Анэля , - А вы , пані Эльвіра , можаце вышыць сябе і пана Вітаўта Гарткевіча .

Яны па-змоўніцку зірнулі адна на адну і заліліся звонкім шчаслівым смехам . Чаму й не пасмяяцца , калі ты маладая выкшталцоная паненка і калі цябе кахае гжэчны фарсісты пан з прыгожымі пяшчотнымі вусамі і вострай шабляй на поясе ?

А лісоўчыкі , якім болей не трэба было штурмаваць лаўру , раз”ехаліся-разбрыліся па наваколлю ў пошуках дроў , фуражу , хлеба і ўсяго , што патрапіцца пад руку . Забіралі з хлявоў свіней , кароў і авечак , са стайняў коней . Каб чужы конь не брыкаўся , не гарцаваў , прывязвалі яму да хваста камень . Але вельмі мала свойскай жывёлы было ў разрабаваным бясконцай вайной краі . Затое нечувана распладзіліся ваўкі , бегалі белым днём па вёсках , вырываючы з рук у мацярок дзяцей .

На бярозе , што расла побач з намётам Аляксандра Лісоўскага , вісеў паходны звон . Калі ўзнікала неабходнасць , ягоны звонкі трывожны голас ляцеў праз лугі , праз палеткі , праз балоты , збіраў усіх у адзіны кулак . Тады імчаліся назад да лаўры праз дождж , снег і вецер , праз сляпы туман .

Падчас адных рабункаў у наваколлі вельмі не пашанцавала Андрэю Пратасевічу . Лядашты мужычок , абараняючы сваю аблепленую жоўтымі каўцюхамі худую кароўку , схапіў вілы і рынуўся на яго , разрываючы дзікім крыкам чорны бяззубы рот . Шчаслівы Рок хацеў заступіцца за гаспадара , кінуўся насустрач , і вострыя вілы з усяго маху пранізалі яго . Сабака завішчаў , закруціўся на зямлі , ад вялікага болю рыючы яе пысай і неўзабаве заціх , спусціў дух . Толькі лапы яшчэ ўздрыгвалі , трапяталі .

Ашалелы ад гора Пратасевіч засек шабляю мужычка , потым адкінуў шаблю ўбок , упаў на калені , пачаў туліць да сябе Шчаслівага Рока , гладзіць яго , цалаваць і ўсё паўтараў :

- Ну , уставай , ну , паднімайся , сабачка мой . Ну , чаму ты маўчыш і не гаўкаеш ?

Але сабака , колькі імгненняў таму жывы , вясёлы , цёплы і нястомны , паступова пруцянеў . Шклянелі , рабіліся невідушчымі прыгожыя карычневыя вочы . У бяссільным горкім аскале паказаліся з шырока расчыненага роту белыя вострыя іклы . Ім ужо ніколі нічога не грызці , ніколі нікога не кусаць .

- Хлопчык мой , пястунчык мой , ну , ажыві , ну , паглядзі на мяне , - калаціўся , плакаў Андрэй Пратасевіч , трымаючы на руках Шчаслівага Рока .

- Чаго ты так усхадзіўся ? – дзівіліся лісоўчыкі , - Гэта ж не чалавек . Гэта звер . А ў звера няма душы .

Туманнымі ад слёз вачыма глянуў на іх Пратасевіч , ціха прамовіў :

- Можа , й няма . Але ў ім часцінка маёй душы . І сёння я закапАю ў зямлю гэту часцінку .

Ён узяў Шчаслівага Рока на рукі , цяжка ступаючы , пайшоў па цаліку і ўсё выбіраў здатную добрую мясціну . Нарэшце ўбачыў сухі высокі грудок з кусцікамі вербалозу . Сюды не падступіць шалёная веснавая вада . Шабляю выкапаў магілу . Потым зняў з сябе нацельную льняную кашулю , абгарнуў ёю сабаку , паклаў Шчаслівага Рока галавою на ўсход , на ранішняе сонца . Шчыльна прысЫпаў пяском , заклаў камянямі , каб не раскапалі ні лісы , ні птушкі , ні яшчэ якія-небудзь драпежнікі . Пасядзеў . Памаўчаў . Напаследак змахнуў цяжкім кулаком слязу , прамовіў :

- Бывай , сябрук мой . Назаўжды бывай . Прабач , што не ўбярог цябе .

І пайшоў . спатыкаючыся нібы сляпы , да свайго каня . Яго ўжо чакалі лісоўчыкі . Цярпліва чакалі , не ад”язджалі . Нават гэтыя суровыя людзі з каменнымі сэрцамі адчулі на нейкае кароткае імгненне на вачах сваіх цёплую салёную вільгаць .

Аляксандр Лісоўскі , прачуўшы пра здарэнне з Пратасевічавым сабакам , уздыхнуў , задумліва пацерабіў вусы , сказаў :

- Быў сабака . І няма сабакі . Вось і ўсё . І ён болей не ажыве . Нас жа , людзей , па Хрыстоваму запавету чакае ўваскрашэнне з мёртвых . Думаю , гадоў праз пяцьсот з Божай дапамогаю ўваскрэснем усе мы , паны-брацці , на сваёй роднай зямлі . На зямлі , якую любілі , якую баранілі ад ворага . Хацелася б ведаць хто і што сустрэне нас тады , якімі вачамі будуць глядзець на нас тадышнія людзі .

Самы раз было ажыццяўляць новы план , які надумалі Лісоўскі , Жабыка-Жэмба і Арсеній для таго , каб выбавіць з маскавіцкага палону палеманісцкія святыні . Першая задума правалілася . А было ўсё так . Трубач гетмана Сапегі Марцьяш згадзіўся пранікнуць у лаўру і нейкім чынам пастарацца завалодаць там Залатым човенам Палемона і Ключом ад Трох Рэк . Ён падыйшоў да сцяны , папрасіў у абаронцаў лаўры прадаць яму самага п”янага мёду . Выпіў збанок , выпіў другі , што спусцілі на вяроўчыне , зрабіў выгляд быццам страшэнна ап”янеў і даў сябе зняволіць . Там , у палоне , пачаў прылюдна хаяць лацінскую веру , спадабаўся ваяводам , пасябраваў з імі . Шальмуючы палякаў і ліцвінаў , загадзя ведаў усе іхнія дзеянні . Хадзіў па сцяне кляштару і паказваў гарматнікам куды трэба страляць . Так упадабалі маскалі Марцьяша , што бралі з сабою ў начныя вылазкі , падчас якіх ён хвацка секся шабляю . Ваявода Грыгорый Даўгарукі зрабіў палоннага сваім дарадцам , спаў разам з ім у адным пакоі , апранаў у найлепшае адзенне . Радаваўся Аляксандр Лісоўскі , бачачы такое . Ды ўсё паблытаў глуханямы ад нараджэння пан , які таксама здаўся абаронцам лаўры і знакамі зразумелымі далёка не кожнаму , патлумачыў ім , што Марцьяш – засланы шпіён . Доўга яму не верылі , адмахваліся ад ягоных знакаў , але нарэшце ваявода Даўгарукі аддаў свайго ўлюбёнца ў рукі кАтам , і пад гарачым агнём і вострым жалезам той прызнаўся , што планаваў закляпаць гарматы , падпаліць порах і ўпусціць у лаўру людзей Сапегі і Лісоўскага . Сканаў Марцьяш на маскальскай дыбе .

Трэба было дзейнічаць больш асцярожна і больш нечакана . На гэты раз праведалі лісоўчыкі , што на падмогу лаўры цар Васіль Шуйскі паслаў з Масквы шэсцьдзесят казакоў пад началам атамана Астанкава і дваццаць пудоў пораху . Казакоў падпільнавалі ў лесе каля ракі Канчуры , усіх да аднаго выразалі , перапрануліся ў іхняе адзенне . Дзеля таго , каб у лаўры нічога не западозрылі , манах-уцякач Арсеній вырашыў дабраахвотна вярнуцца ў яе і здацца архімандрыту Іясафу . У ягонай келлі ( ведаў Арсеній ) ляжаць сымболі , вывезеныя з Полацку .

- Не баішся ? – спытаў у яго Аляксандр Лісоўскі .

- Баюся , - шчыра прызнаўся манах , - Але мая нянавісць да архімандрыта і ягоных служак мацней за мой страх .

Усё атрымалася гладка і праўдзіва . Учынілі фальшывы бой са стралянінай і густым дымам , з казацкім гіканнем , нават з трупамі-лялькамі , якія падалі з коней , прарваліся праз польскія і ліцвінскія пазіцыі . Дазорцы з лаўры хуценька апусцілі пад”ёмны мост , і шэсцьдзесят казакоў-лісоўчыкаў , атаман Астанкаў - Мастоўскі , аблудны манах Арсеній і дваццаць пудоў сухога вельмі якаснага пораху пад радасныя клікі тых , хто мог стаяць на нагах і трымаць зброю , амаль галопам уварваліся ў лаўру . Арсеній з Мастоўскім адразу ж пайшлі да архімандрыта . Былы манах ведаў тут усе хады-выхады , і вельмі хутка яны апынуліся перад светлымі вачамі самога Іясафа . Той , худы , бледны і злы , адразу ж з кулакамі кінуўся на Арсенія :

- Шалудзівы пёс ! Як ты пасмеў прыйсці сюды ?! Пасаджу на ланцуг у цямніцу , і пацукі сажруць цябе і нават не абліжуцца ! Пан атаман , - звярнуўся ён да Івана Мастоўскага , - закуй гэтага нікчэмнага чалавека ў самую лютую калодку з вострымі шыпамі а на шыю ўздзень яму калючую рагатку ! І ўсып яму добранька- пачастуй бярозавай кашай з раменным маслам !

Архімандрыт узбуджана ўзмахнуў правай рукой , нібы ўжо сам лупцаваў Арсенія . Вочы ззялі гневам .

Ды адбылося тое чаго ён аніяк не чакаў . Арсеній , выхапіўшы з-пад сваёй доўгай зашмальцаванай хламіды востры бліскучы кінжал , у адзін скок апынуўся каля яго , прыклаў кінжальнае лязо да ягонага горла .

- Толькі пікнеш , прырэжу , як здохлую авечку , - злавесна прашаптаў манах .

На Іясафа нібы напаў слупняк . Ён ніяк не мог удыхнуць , набраць у грудзі паветра і ўвачавідкі сінеў . Разгублена пазіраючы на Мастоўскага , архімандрыт ніяк не мог уцяміць чаму гэты казацкі атаман , які прыбыў з Масквы , не пакліча сваіх станічнікаў , каб яны схапілі супастата-здрадніка за каршэнь і павалаклі ў цёмнае падзямелле .

Арсеній жа ўпэўнена гаспадарнічаў у ягонай келлі . Знайшоў за шырмаю патаемныя дзверы , націснуў рычажок і адчыніў . Крыху павагаўшыся , засунуў у нішу руку , палэпаў ёю , сказаў задаволена :

- Тут .

На белы свет з”явіўся даволі аб”ёмісты пакрыты срэбнай фарбаю куфэрак . Манах адчыніў і яго , паглядзеў , што знаходзіцца ўнутры , асцярожна зачыніў , зноў сказаў адно адзінае слова :

- Тут .

Заставалася вынесці святыні спачатку з келлі , а потым з лаўры . Усё адбылося хутка і проста , нават вельмі проста , калі толькі не ўлічваць тое , што манах Арсеній застаўся дабраахвотным закладнікам у келлі архімандрыта . Іван Мастоўскі , ён жа атаман Астанкаў , трымаючы ў руках куфэрак , разам з усімі сваімі казакамі-лісоўчыкамі спакойна вышаў на вуліцу , спакойна сеў на каня , каб зноў прабівацца за сцены лаўры . Тлумачылася гэта тым , што на супроцьлеглым беразе ракі Канчуры , вёрстаў за дзесяць ад лаўры , рухаецца да асаджаных царскі абоз з правіянтам . Зноў загрымелі мушкетныя стрэлы , узвіўся дым , пачалі валіцца з сёдлаў людзі . Лісоўчыкі аказаліся неблагімі акцёрамі-камедыянтамі .

У намёце Аляксандра Лісоўскага з вялікім хваляваннем чакалі чым скончыцца напружаная дзея . Калі ж Іван Мастоўскі , радасна ўсміхаючыся , узняўшы на выцягнутых руках куфэрак , з”явіўся ў дзвярах , усе прысутныя дружна крыкнулі віваты . А потым людскія позіркі скіраваліся на Залаты човен Палемона і Ключ ад Трох Рэкаў . Мяккае высакароднае святло старадаўняга золата змусіла затаіць дыханне . Марцін Жабыка-Жэмба ўкленчыў з вільготнымі вачамі . Аляксандр Лісоўскі , склаўшы на грудзях рукі , задумліва глядзеў на палеманісцкія святыні і нешта шаптаў .

А ў гэты самы час развітваўся з жыццём манах Арсеній . Зразумеўшы , што лісоўчыкі бесперашкодна выйшлі з лаўры разам з куфэркам , ён апусціў кінжал . Архімандрыт Іясаф крутнуў шыяй , пачаў расціраць яе сухімі белымі рукамі .

- Ты не заб”еш мяне ? – асцярожна спытаў Іясаф , - Я ж маўчаў .

- Не заб”ю , - адказаў Арсеній , - бо ты маўчаў .

Ён адкінуў ад сябе кінжал , хуценька рвануў з грудзей малюсенькі мяшэчак , які боўтаўся на шнурку , хуценька развязаў яго і ўсё змесціва высыпаў сабе ў рот . Праз імгненне-другое ён ужо курчыўся на падлозе . З вуснаў скочвалася белая смяротная пена .

- Варта ! – люта закрычаў архімандрыт Іясаф і нагою стукнуў халодны труп , - Варта , хутчэй да мяне !

Ян Пётр Сапега і Аляксандр Лісоўскі лічылі , што хоць яны і не ўзялі лаўру , але добра споўнілі тое , што было задумана . Цар Васіль Шуйскі не атрымаў ад манахаў ніякай дапамогі , бо манахі , як у мяшку , пятнаццаць месяцаў прасядзелі ў асадзе . Швед Дэлагардзі са сваімі жалезнымі ландскнехтамі таксама не прабіўся на Маскву . А незадоўга да Спаса падыйшлі людзі пана Збароўскага разам з дружынамі баяраў Льва Пляшчэева і Фёдара Хрыпунова і абвясцілі , што цар Шуйскі ўжо не цар , а знаходзіцца ў польскім палоне , і што ў Маскву масеоўскія баяры запрасілі цараваць або каралевіча Уладзіслава , або ягонага бацьку Жыгімонта .

- Дадому нам трэба , паны-брацці , - сказаў Аляксандр Лісоўскі , які разам з Марцінам Жабыкам-Жэмбам , разам з усімі лісоўчыкамі вельмі ганарыўся , што вырваў з варожых рук палеманісцкую і ліцвінскую святыню - У роднай хаце і качарга маці .

І ён павёў сваіх лісоўчыкаў на захад . Але хуткага маршу не атрымалася . Вёрстаў праз трыццаць у глухіх балоцістых бярозава-яловых лясах у іх мёртвай хваткаю ўчапіліся атрады князя Скопіна-Шуйскага і шведа Дэлагардзі . Учапіліся з двух бакоў , а неўзабаве і зусім абкружылі . Скончыўся порах . Скончыліся хлеб і вада . Падалося , што канчаецца само іхняе жыццё .

Яны зашываліся ў глыбіню лясоў , галодныя , мокрыя , знясіленыя . А следам неадчэпна ішлі шведы і людзі Скопіна-Шуйскага . Усе паціху вар”яцелі ад бяссілля і адчаю . І толькі Лявонцій Кукарэцкі , ловячы закаханыя позіркі Анэлі , што разам з Эльвірай ехала на амаль што адзіным кані , які ацалеў у лісоўчыкаў , натхнёна шаптаў верш :

Лес , люблю тваіх лісцяў зялёны шоўк ,

Шум люблю без канца і без краю .

Я – твой воўк .

Я – зялёны твой воўк .

У тваёй зеляноце знікаю .

У дуплах дрэў або пад мохам часам знаходзілі кучкі спелых арэхаў , якія на зіму запашвалі сойкі , і прагна елі іх . Голад рэзаў жываты . Дайшлі да таго ( праўда , не ўсе ) , што пачалі спажываць дажджавых чарвякоў . Паляваць на іх навучыў наваградскі пан Пятро Пятрыла . Сухадрэвінай ён раскопваў кратовыя звілістыя хады . Аднойчы знайшоў у такой кладоўцы каля тысячы чарвей . Яны былі жывыя , але не рухаліся , бо крот укусіў кожнага за пярэдні канец цела .

Ды аднойчы прыйшло нечаканае збавенне ад гэтых пакутаў . Шведы пачалі крычаць , нешта паказваць рукамі , запрашаць да сябе на абед . Дзіва ды й толькі ! Пэўна ж , пастку рыхтуюць . Але , махаючы белым сцягам , проста на лісоўчыкаў , якія дрогкімі рукамі ўжо ўзнімалі мушкеты і лукі , рушыў чалавек .

- Я – Макар Бабок ! – галасіста крычаў ён , - Я – Макар Бабок , казак з Дону ! Пан палкоўнік , я знайшоў Залатую Бабу ! Я яе знайшоў !

- Пачакай , - адвёў рукою дула мушкета Івана Мастоўскага Аляксандр Лісоўскі і ўзняўся ў поўны рост . За ім узняліся знясіленыя , але нязломныя лісоўчыкі .

Над лесам бліснула маланка . У суровых чорна-сініх воблаках успыхнуў пякучы нябесны агонь . Ударыў гром , раскаціста і сярдзіта . Зашыпеў дождж , разбіваючыся аб ствалы дрэў . Навальніца разгаралася , набірала сілу .

- Пан палкоўнік , гэта я ! – падбег да Лісоўскага данчак Макар Бабок , смуглы і чарначубы , - Нічога вам не пагражае . Я заплаціў шведам золатам . Я даў ім галаву Залатой Бабы . І яны болей не ваююць супроць вас , бо Шуйскі тры месяцы не плаціў ім абяцанае жалаванне . Яны адкрылі вам праход з гэтага лесу і нават запрашаюць вас да сябе на абед .

- Я памятаю цябе , казак , - з заўсёднай упэўненасцю разгладжваючы вусы , сказаў Аляксандр Лісоўскі , - Ты малайчына . Усё-ткі знайшоў гзтую Залатую Бабу над ракой Об”ю . Дзякуй табе , што дамовіўся са шведамі . Але ж золата ў цябе няма .

- Як няма ? – беручыся за жывот , весела засмяяўся Бабок , - Я ж шведам аддаў толькі галаву . Адпілаваў і аддаў . А тулава ейнае залатое ў мяне . А вы велаеце , якія яны магутныя гэтыя Залатыя Бабы ! Во ! – ён шырока развёў рукамі .

Надзвычайная радасць успыхнула ў сэрцах у лісоўчыкаў , Яны абдымаліся , смяяліся , танцавалі . Потым рынуліся з глухога змрочнага лесу на шырокую паляну , што разгарнулася наперадзе . І раптам нібы праламалася , з гулам-стогнам рухнула на мокры сагнуты цяжкім ліўнем лес неба . Бязмежная надзвычай яркая сліпучая маланка затапіла ўсё наўкол , верх і ніз , праглынула ўсё . Затым гэтая ярасная маланка імгненна расчлянілася на мноства вогненных ручайкоў , нітачак , вяровачак , як бы спляла ў нябёсах велізарную жахлівую сетку і бязлітасна шпурнула , кінула яе на зямлю , на людзей , што беглі пад дажджом і пад громам .

 

Колькасць прачытаўшых: 367
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007