II
Аказваецца , у слаўнага паэта-пісьменніка Даніловіча-Гоцкага ёсць імя . Завуць яго Антон , як А . П . Чэхава . Прабач , калі можаш , шаноўны чытач , аўтару , які своечасова не напісаў пра гэта , а , па-простаму , забыўся , закруціўшыся з сюжэтам . Аўтары ж таксама жывыя людзі , могуць памыляцца , могуць лайдачыць , халтурыць .
Антон Даніловіч-Гоцкі , пакінуўшы Гарткевіча з Мастадонтам сядзець на жоўтай лавачцы , пакіраваўся дадому . Жыў ён , трэба зазначыць , у вядомым амаль усім мінчукам месцы – у панельным дзевяціпавярховіку , што быў збудаваны якраз насупраць “ Ямы “ . Такі не дужа аптымістычны назоў мае журботная мясціна , дзе падчас вайны фашысты знішчалі габрэяў . Якому архітэктару стукнула ў галаву вар”яцкая думка ставіць людское жытло , як кажуць , “ на касцях “ , за даўніной часу ўжо забылася . Але дом стаіць . У ім жывуць , нараджаюцца і паміраюць людзі . У ім жыве , піша “ нятленку “ наш герой .
Даніловіч-Гоцкі , праехаўшы на метро да станцыі “ Няміга “ , выйшаў на паверхню , нетаропка пайшоў па праспекце Пераможцаў , шумным і прыгожым . Вось Палац спорту . Вось інтэрнат , у якім ён бедна , але весела жыў , калі яшчэ быў студэнтам журфаку . Кажуць , неўзабаве яго будуць ламаць , зносіць . Шкада . Знішчыць такі святы шмат для каго будынак тое самае , што вырваць з роту без наркозу зуб мудрасці .
Паэт ішоў сваёй звычнай дарогаю , а ў галаве сам сабой складаўся-плёўся верш :
Сённяшні час маё сэрца нявеча .
Хачу вярнуцца ў сярэдневечча .
Вядома , гэта быў толькі эфектны прыгожы паэтычны ход . Ні ў якое сярэдневечча Антону не хацелася , бо даволі бадзёра і камфортна ён пачуваў сябе якраз у дваццаць першым стагоддзі . Але душа , паэтычная душа , рвалася “ ў глыбіню “ , да “ вытокаў і каранёў “ . Патрэбна адзначыць , што амаль кожны літаратар , а паміж беларускіх дык усе , па-ротна , як кажуць , і па-ўзводна , пісалі і пішуць пра гісторыю свайго народу і сваёй зямлі . Пэўна , без гэтага нельга . Агнём сваёй душы ( прабачце за пафас ) аддаюць яны даніну далёкім продкам . Дрэнныя былі тыя продкі ці добрыя , багатыя ці бедныя , славутыя ці зусім невядомыя , але яны – былі ! А без іх не было б і нас .
Даніловіч-Гоцкі ў свае трыццаць з гакам гадкоў прайшоў класічны шлях сярэднестатычнага беларускага літаратара . Гуманітарый . Пачынаў пісаць па-расійску . Скончыў журфак , але да звычайнай руціннай журналістыкі душа не гарнулася . Хацелася нечага вышэйшага . Хацелася не ў газету-раёнку , а на Парнас . Ды яго накіравалі на абласную тэлестудыю . Перад самым ад”ездам надрукаваў вершы ў часопісе “ Нёман “ , занёс у выдавецтва тоненькую , як былінка , кніжачку сваіх опусаў . Студыя сустрэла маладога спецыліста хоць не з аркестрам , але даволі цёпла . Самы папулярны мясцовы паэт , ён жа загадчык рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач адразу ж , весела ўсміхаючыся , ляпнуў Антона па плячы , сказаў :
- Не напечатают . Напечатают какого-нибудь своего белорусского “ братку “ , а тебя не напечатают .
І намаляваў вельмі яркую карціну з жыцця беларускамоўнай пішучай браціі :
- Они там , в Минске , на каждом своем собрании кричат один одному : “ А ты свою дочь сдал в русскую школу ! А твоя жена ни слова не говорит “ на мове ! “
Бедны Антон слухаў , раскрыўшы рот . А неўзабаве гэты студыйны аптыміст-рагатун здзівіў Даніловіча-Гоцкага тым , што не ведаў значэння слова “ кроквы “ . Давялося сціпла патлумачыць : “ Кроквы – гэта па-расійску “ стропила “ .
Такім чынам , перад маладым аўтарам з усёй непазбежнасцю паўстала пытанне – на якой мове пісаць ? Гэта англічанам ды французам добра – шрайбуй , не задумваючыся , на мове бацькоў , на мове Шэкспіра і Гюго . Хаця й там сустракаюцца нейкія незразумела-зацятыя гэлы , валійцы , брэтонцы з карсіканцамі .
Зусім нялёгка , паверце , спадары , пачынаць пісаць на той мове , якую амаль не чуеш на перапоўненых людзьмі гарадскіх вуліцах . Ты жывеш падвойным жыццём . Ты нібыта падпольшчык , што ўначы расклейвае на сценах будынкаў свае ўлёткі . Тваёй мовы наўкол няма , але ты ведаеш – яна ёсць , яна , як рэчка пад ільдом . Варта толькі працягнуць руку , і ты намацаеш яе , варта нахіліцца , і ты ўбачыш праз празрысты халодны лёд шырокую вірлівую плынь . І ты , калі толькі б”ецца ў тваіх грудзях жывое сыноўняе сэрца , будзеш рабіць усё , каб наблізіць вясну і растапіць гэты пачварны лёд .
Працуючы на тэлестудыі , матаючыся ў бясконцых камандзіроўках , начуючы ў бедных аскетычных гасцініцах , сутыкаючыся з самым разнастайным людам , Даніловіч-Гоцкі ўвесь час пакутліва думаў-разважаў . Прычынаў для такіх развагаў было дзве . Першая – ці трэба наогул пачынаць пісаць , брацца за творчае пяро ? Загадчыца рэдакцыі , сухая незамужняя дзева сарака гадоў , адна з тых каго называюць “ навсегда увядшими цветами “ , адразу ж сказала , як адрэзала :
- Мне в редакции не нужны поэты . Ты , молодой человек , ошибся адресом . Тебе надо было окончить Литинститут имени товарища Горького в Москве и крапать свои стишата . Не понимаю , что привело тебя на журфак , а после него на нашу телестудию ? Так что ямбы и хореи ( или как там у вас ? ) оставь за порогом .
Другой прычынаю было далёка няпростае , лёсавызначальнае пытанне – на якой мове пісаць ? Гэта сёння Даніловіч-Гоцкі ўпэўнена і нават трошкі фарсіста гаворыць у сяброўскіх застоллях ды ў рэдакцыйных калідорах : “ Беларуская мова – мая рыдлёўка , якой я ўскопваю поле свайго жыцця “ . А тады ...
І ўсё-ткі ўрэшце рэшт ён спыніў свой канчатковы выбар на беларушчыне . Ужо перабраўшыся ў Мінск , як чалавек экзальтаваны , пайшоў уначы на Вайсковыя могілкі , стаў на калені перад магілаю Купалы і пакляўся , што ніколі не зверне з абранага шляху . Як бы цяжка ні было , як бы ні пілавалі ў разгромных аглабельных артыкулах мясцовыя ды й маскоўскія інтэрнацыяналісты разам са славянафіламі . Над могілкамі плыла празрыста-жоўтая яркая поўня . Усё было заліта прывідным нерэальным святлом : дрэвы , абеліскі , дарожкі ... Раптам за спіною пачуўся лёгкі няўлоўны хруст , нібы нехта ішоў . Даніловіч-Гоцкі спуджана азірнуўся . Нікога . Маўклівыя магілы ... Вечнае незямное святло поўні,святло, якое будзе ліцца на зямлю й пасля нас ...
Юны магчымы чытач гэтага твору ! Калі й ты раптам захочаш пайсці па зманлівай паэтычнай беларускай сцяжыне , калі ў ранішнім ружовым сне пачуецца табе далёкае звонкае іржанне крылатага каня Пегаса і стук ягоных капытоў , пакладзі перад сабою на стале белы чысты аркуш паперы , вазьмі ў руку асадку , сядзь і моцна-моцна падумай . Што можа чакаць цябе наперадзе , дакладней , што будзе чакаць ? Кпіны . Крывыя ўсмешкі . Пастаянныя надакучлівыя , нібы восеньскія мухі , пытанні :
- А зачем это ? А для чего ?
Дакладна цябе будзе чакаць мінітыражнасць , безграшоўе , невядомасць . “ Поэт в России больше , чем поэт “ . Спадзяюся , ты ведаеш , чуў гэтыя радкі Яўгена Яўтушэнкі . Дык вось паэт у Беларусі ў дзесяткі разоў болей , чым паэт ! У адной асобе ён і гісторык , і палітык , і змагар за сувернітэт , і абаронца роднай мовы , і прыхільнік еўрапейскага шляху сваёй краіны . Ён пастаянна як бы знаходзіцца ўнутры нейкага не заўсёды зразумелага кола і не ведае адкуль чакаць чарговага ўдару .
Антон Даніловіч-Гоцкі знайшоў , на наш погляд , вельмі ёмкае , вельмі ўдалае словавызначэнне такога стану – МІЖАГНЁЎЕ . Так , міжаагнёўе . Наўкол цябе палаюць пякучыя агні , палохаюць , слепяць вочы , а ты павінен ісці , ісці наперад . І ніхто табе не падкажа .
Зараз самы час дадаць маленечкі штрышок да партрэту нашага героя . Аказваецца , па пашпарце ніякі ён не Даніловіч-Гоцкі , а проста Даніловіч . Гоцкі – гэта ягоны творчы псеўданім . Як у Аляксея Пешкава – Горкі .
Усёй істотай , усёй душой нырнуўшы ў беларускасць , Антон Даніловіч , вядома ж , зрабіўся еўрацэнтрыстам , прыхільнікам самых цесных стасункаў сваёй дзяржавы з Еўразвязам . Разам з аднадумцамі ён нават арганізаваў творчую суполку “ Зеўс “ , што азначае – Згуртаванне еўрацэнтрыстаў . Грозны грэцкі бог , які калісьці ўкраў і прывёз на сваёй шырокай спіне на востраў Крыт дачку фінікійскага цара Еўропу , стаўся іхнім духоўным талісманам . Яны нават пісалі ліст прэзідэнту Лукашэнку : “ Алесь Рыгоравіч , звярніце ўвагу на беларускую мову , захавайце яе , зрабіце яе адзінадзяржаўнай , і мы пойдзем за Вамі “ .
Але неабходна было даказаць іншым і ў першую чаргу даказаць самому сабе , што твая радзіма Беларусь ( еўрацэнтрысты ўзнёсла называлі яе Ліцвініяй ! ) яшчэ з сівой старадаўнасці была цесна знітавана з Еўропай , была , вобразна кажучы , жывымі чалавечымі лёсамі назаўжды прышыта да рознакаляровай еўрапейскай коўдры . Адным словам , на сённяшняй беларускай тэрыторыі неабходна было адшукаць канкрэтныя , а не легендарныя сляды канкрэтных еўрапейскіх народаў . Ён , Антон , апантана шукаў гэтыя сляды , з галавою закопваючыся ў бібліятэках у гістарычныя хронікі , начамі праседжваючы ў Інтэрнэце . І знайшоў ! Аказваецца германскае племя готаў , што ў другім стагоддзі хрысціянскай эры рухалася з поўначы , з халоднага балтыйскага вострава Готланд , убок цёплага Чорнага мора і Крыма , аж пяцьдзесят гадоў жыло на месцы сучаснай Берасцейшчыны . Вось адкуль адразу ж з”явіўся псеўданім – Гоцкі !
Ідучы па праспекце Пераможцаў , Даніловіч-Гоцкі не завярнуў у Дом Кнігі , дзе месціліся літаратурныя выдавецтвы . З нейкага часу яго там не дужа шанавалі . Справа ў тым , што , як амаль кожны пісака , ён , паспытаўшы паэтычнага хлеба , рушыў у прозу , добра памятаючы класічныя словы Пушкіна : “ ЛетА к суровой прозе клонят “. Усё б было нічога , ды Антон ( адважная няўрымслівая душа ! ) адразу рушыў у гістарычную прозу , а такое чамусьці не заахвочвалася літаратурнымі начальнікамі . Пішы пра спевы салаўёў , пра каханне і разводы , але навошта варушыць і тым болей ажыўляць таямнічы прывід Вялікага Княства Літоўскага ? Нездарма адзін з гэтых літаратурных начальнікаў , займеўшы пасаду дырэктара выдавецтва , адразу надрукаваў у літаратурным штотыднёвіку вялізны артыкул , і ў тым артыкуле , у той , скажам так , “ тронной речи “ , забараніў пісьменнікам тварыць на гістарычную тэматыку . Маўляў , хопіць , торба ўжо паўнюткая . Наіўны чалавек ! Яшчэ ж рымскі імператар Калігула , гэты злавесны садыстычны “ боцік “ , што ў свой час крывава патаптаўся па Італіі , забараніў сваім указам паэмы Гамера “Іліяда” і “ Адысея “ . І што атрымалася ?
Не спрыяла Даніловічу-Гоцкаму і тое , што падчас расколу Саюза пісьменнікаў , ён не рвануў на новы літаратурны карабель , а застаўся плыць шараговым матросам на старым . Ніякай трагедыі асабіста ён у гэтым не бачыў . Гэта быў час катаклізмаў , час расколаў . Раскалоўся Савецкі Саюз . Раскалоліся камуністычная партыя , БНФ , Саюз пісьменнікаў...
І ўсёроўна час быў дужа нервовы , час быў , як шатландскі душ – гэта калі ледзяная вада чаргуецца з кіпетнем . Некаторыя старыя сябры сталіся ворагамі , перасталі падаваць адзін адному руку .
Нарэшце Антон дайшоў да свайго дому над “ Ямаю “ . Ліфт , як часцяком бывае , не працаваў . На шосты паверх у двухпакаёўку давялося ўзбірацца пешкі . Пазваніў . Дзверы , папярэдне запытаўшыся спалоханым голасам : “ Хто там ? “ , адчыніў ягоны дзесяцігадовы пасынак Віталік , ціхі смірны хлапчук .
- А дзе мама , Віталік ? – здымаючы плашч , запытаў Антон .
- Мама пайшла ў школу на бацькоўскі сход , - адказаў Віталік .
- Думаю , не з-за тваіх двоек пайшла ? – паспрабаваў пажартаваць Даніловіч-Гоцкі , ды пасынак , нахіліўшы белавалосую маленькую галаву , спадылба зірнуў на яго нейкім дужа дарослым позіркам :
- Я добра вучуся і добра сябе паводжу .
- Ведаю . Малайчына , - паляпаў хлапчука па худзенькім плечуку , пахваліў Даніловіч-Гоцкі .
З ягонай маці , саракагадовай загадчыцай заводскай рабочай сталоўкі Валянцінай , ён ужо трэці год жыў , як зараз кажуць , у грамадзянскім шлюбе . Пасля ўсебаковых медыцынскіх праверак урачы вынеслі несуцяшальны вырак : сваіх дзяцей Антон Даніловіч-Гоцкі , нажаль , мець не будзе . Напачатку гэта агаломшыла , апякло чорным полымем душу , але , супакоіўшыся , аціхшы , астыўшы , Антон прыйшоў да высновы , што жыць усёроўна трэба . Не даў Бог дзяцей , затое даў сякі-такі талент . Вершы і аповесці будуць з гэтага часу ягонымі дзецьмі .
З Валянцінай ён пазнаёміўся падчас Дзён беларускай літаратуры ў горадзе Мінску . За савецкім часам шырока практыкаваліся такія Дні . Ці была карысць ад іх ? Думаем , што была . Народ на свае вочы бачыў пісьменнікаў ( празаікаў і паэтаў ) , чуў іхнія выступленні , смяяўся разам з імі , апладзіраваў . Народ разумеў , што беларускія пісьменнікі , гэта – выхадцы з ягоных глыбіняў , гэта ягоныя дзеці , і пачынаў верыць ім . Зусім не апошнюю ролю адыгрывала тое , што гэты народ ( амаль стопрацэнтна ! ) быў учарашнім беларускамоўным вяскоўцам .
Даніловіч-Гоцкі разам з творчай брыгадаю ( так тады гэта называлася ) выступаў на маторным заводзе . Пасля творчай часткі мясцовае кіраўніцтва арганізавала банкет . У заводскай сталоўцы накрылі сталы , якія аж гнуліся ад выпіўкі і разнастайных прысмакаў . А які беларус не любіць выпіць і добра паесці , паесці , як кажуць , на халяву ?
У перапынках паміж тостамі і брудэршафтамі выступалі акторы заводскай самадзейнасці. Вось тады ўпершыню і ўбачыў Антон Валянціну .
Вельмі прыгожая , танклявая , з нейкай таямнічай арыстакратычнай худобаю ў плячах і ў шчоках , яна разам з мажной жоўтавалосай сяброўкаю спявала , як было аб”яўлена , рабочую песню .
А мой мілы на рабоце ,
На вайсковым ды на заводзе .
Ён там робіць , парабляе ,
Медны трубачкі выплаўляе , -
Спявалі яны , і ўражаная пачутым усхваляваная душа ( прынамсі , душа Даніловіча-Гоцкага ) адплывала ў старадаўні час , у шэрае дымнае існаванне гарадоў і маленькіх мястэчкаў , пад нізкія цяжкія дахі чорных ад пастаяннай нязводнай сажы цашкоў , дзе ўмельцы-самавукі , засланяючыся ад пякучых іскраў рукамі ў грубых саматканых пальчатках , абліваючыся едкім потам , даводзілі расплаўлены метал да яркасонечнага свячэння-ззяння , давалі яму вечнае жыццё .
Адразу ж наш паэт паклаў , як кажуць вока , на спявачку-паварыху . Калі ў фінале банкету раптоўна патухла святло , і да гасцей выйшлі ўсе кухары і кухаронкі з бенгальскімі свечкамі ў руках , Антон ірвануўся ў іхні яркі іскрысты натоўп і , беспамылкова знайшоўшы між іх Валянціну , горача пацалаваў яе ў вусны . Яна не ўзнагародзіла яго аплявухай , не пачала ламацца салодкім коржыкам , а з усёй жарсцю адказала на пацалунак . Толькі прашаптала :
- Ці не зарана , паэт ?
Ён п”яна-весела адказаў :
- Паэты ніколі не спяшаюцца і ніколі не спазняюцца .
І пачаў , танцуючы з ёю , моцна прыціскаючы яе да сваіх грудзей , узбуджана гаварыць пра астраблему . Астраблема – гэта вечная зорная рана , гэта кратар на месцы падзення метэарыту на Зямлю .
- Ты – мая астраблема , - шаптаў Антон Даніловіч-Гоцкі і прагна ненасытна цалаваў дзявочую пяшчотную шыю .
Яны адразу ж збеглі з танцаў на кухню , і там , на раздзелачных сталах , што востра пахлі-смярдзелі свежым мясам , цыбуляй і рыбай , ён авалодаў ёю , ён увайшоў у яе , як уваходзіць толькі што змайстраваны адліты на заводзе плуг у вясновую мяккую зямлю . І не трэба ніякіх каментараў . І не трэба ўшчуваць іх за паспешлівасць , за вульгарнасць . Каханне , а гэта Божы Чын , адбываецца , успыхвае між мужчынам і жанчынай як бы само сабой , як бы разрад маланкі ў цёмных навальнічных воблаках .
У час найвышэйшага напалу іхняга кахання Валянціна , горача цалуючыся , раптам пачала шаптаць невядомы Антону верш , пачала нібы трызніць :
Усё даўно развязана .
Усё даўно напісана .
І казачкі расказаны .
І штонікі абпісаны .
Усім , што сёння пішыце ,
І што яшчэ напішыце ,
Маю душу , пісьменнічкі ,
Не раскалышыце .
- Адкуль у цябе такое ? – здзівіўся Даніловіч-Гоцкі .
- А я таксама некалі спрабавала крэмзаць вершы , - засмяялася яна , - Ды добрыя людзі своечасова на месца паставілі . Вучыся баршчы варыць , баба , а паэзія без цябе абыйдзецца .
Яны пачалі сустракацца . Валянціна расказала , што жыве з сынам-школьнікам . Муж пяць гадоў таму з”ехаў за вялікімі грашыма ў Нямеччыну і знік . Адзін раз толькі прыходзіў ад яго ліст , - не шукай , не чакай , я тут знайшоў сабе фраў , і ў мяне ўсё – гут .
Ну гут дык гут . Яна не дужа каб бедавала . З Васілём ( так звалі былога мужа ) жылі прэсна нецікава . Быў ён чалавекам даволі жорсткім . Сына за двойкі ды нават і за тройкі лупцаваў папружкаю . Напачатку , калі толькі сыйшліся з Антонам , Валянціна як бы па нейкай інерцыі загадала сыну Віталіку ісці ў кабінет да Даніловіча-Гоцкага ( адзін пакойчык яна выдзеліла новаму мужу-пісьменніку пад кабінет ) і дакласці яму пра свае школьныя поспехі . Віталік палахліва-ціхенька пастукаўся ў дзверы , стаў на парозе з дзённікам у руках , сказаў ціхім голасам :
- Сёння я па гісторыі атрымаў двойку . Вы мяне будзеце біць ?
- Ды ты што ? – весела здзівіўся Антон , на хвіліну адарваўшыся ад кампутара , - Як можна біць такога джэнтльмэна ? У каго рука ўзнімецца ? А гісторыю , Віталік , вучы . Кожны інтэлігентны чалавек ( а ты ж у нас інтэлігент – ці не праўда ? ) павінен хоць з большага ведаць гісторыю . Я табе буду дапамагаць . Дамовіліся ?
Ашчасліўлены пасынак , шмаргануўшы носам , знік за дзвярыма і , пэўна ж , усё расказаў маці , бо ўначы Валянціна горача тулілася да Даніловіча-Гоцкага , цалавала яго ўзасмокт , шаптала :
- Ты – харошы ... Мройнік мой ...
Яна сама прыдумала слова “ мройнік “ , недарэмна спрабавала калісьці пісаць вершы . Прачытала ў Антона слова “ мроя “ , і яно вельмі лягло ёй на душу . Некалькі дзён хадзіла са светлымі іскрыстымі вачамі , усё паўтарала – мроя ... мроя ... І раптам сказала :
- Мройнік ты мой .
Зачыніўшыся ў сваім маленькім , але даволі ўтульным пакойчыку , дзе на пісьмовым стале быў кампутар , а каля сцен таямніча і зазыўна бліскалі цёплым шклом шафы напакаваныя разнастайнымі кнігамі , Даніловіч-Гоцкі прыняўся за працу . Сёння яна была ў яго незвычайная . Беларускі паэт-празаік вырашыў напісаць ліст каралю Іспаніі Хуану Карласу Бурбону . Так-так , здзіўляйцеся , паважаныя спадары ! На тое яны й творчыя людзі , тонкія непрадказальныя натуры , каб здзіўляць усіх нас .
Па-першае , трэба было вырашыць якім чынам накіраваць сваё пасланне высокай манаршай асобе – адразу ў Мадрыд альбо ў амбасаду . Дарэчы , ці маецца ў Мінску іспанская амбасада ?
Думаючы аб усім гэтым , Антон амаль аўтаматычна стукаў пальцамі па кампутарных клавішах , друкаваў тэкст . Вось што ў яго атрымлівалася :
- Ваша вялікасць , кароль Іспаніі Хуан Карлас ! Прыміце мае самыя шчырыя вітанні , самыя сардэчныя словы павагі Вам , каралеве Соф”і , Вашай цудоўнейшай краіне , Вашаму мудраму таленавітаму гераічнаму народу ! Я ( тут мы апускаем тэкст , каб занадта не канфузіць аўтара , бо ён чалавек умерана сціплы і не любіць рэкламы ды самарэкламы ) ...
Вось што мяне вельмі засмучае . Як вядома , 2009 год па ўсходнім календары – Год Жоўтага Быка . А ў Вашай , Ваша вялікасць , цудоўнейшай краіне існуе , прабачце мне , не дужа прывабны , на мой погляд і погляд шмат каго з людзей , народны звычай , народны , скажам так , спорт , які называецца карыдаю . На арэне пад бурныя радасныя воплескі шматтысячных гледачоў жорстка забіваюць нявінных безабаронных жывёлін . Хіба гэта па-хрысціянску ?
Я выдатна разумею , Ваша каралеўская вялікасць – не мне павучаць іспанскі народ , народ з тысячагадовай бліскучай гісторыяй і культурай , як яму жыць , што піць-есці , які спорт шанаваць . І ўсё-ткі ... І ўсё-ткі ў Год Жоўтага Быка я вельмі прашу Вас і прашу мудры іспанскі парламент – Генеральныя картэсы звярнуць асаблівую ўвагу на карыду . Магчыма , прыпыніць яе на гэты год – Год Жоўтага Быка . Прапанаваць людзям , асабліва моладзі , кампутарную карыду . Цвёрда перакананы – Іспаніі і ўсёй планеце , усім нам , у Год Жоўтага Быка патрэбен Жывы Бык ! Жывы , а не мёртвы ! Ды не праткне жывое цёплакроўнае бычынае сэрца смертаносная шпага тарэадора !
Беларускі пісьменнік Антон Даніловіч-Гоцкі .
Скончыўшы ліст да іспанскага караля і яшчэ канчаткова не вырашыўшы якім чынам трапіць гэты ліст , гэты крык душы ў аўгусцейшыя рукі , наш герой адразу ж пачаў друкаваць водгук на публікацыі ў штотыднёвіку “ ЛіМ “. Трэба зазначыць , што калі марской хваляю накочвала натхненне , ён мог працаваць за пісьмовым сталом з раніцы да самага вечара . Нават гарбату піў са свайго любімага вялізнага кубка з надпісам “ BIG BOSS “ , не адрываючы позірк ад экрану кампутара . Пачытаем жа і гэты опус Антона Даніловіча-Гоцкага .
“ Пакрыўджаныя “ атакуюць .
Дзіўныя справы творацца ў нашым літаратурным запаведніку . Пішуць людзі , зрэдзь чытаюць адно аднога , церпяць невядомасць і безграшоўе , палююць , як на каштоўнейшага пушнога звера , на капрызлівага чытача , нечага чакаюць . І раптам грыміць стрэл . За ім – другі . Значыцца , нехта пачаў паляванне .
На гэты раз не вытрымалі і распачалі страляніну паэт Юры Фатнеў і празаік Анатоль Андрэеў . Нашы рускамоўныя літаратары . Іх , бачыце , крыўдзяць , заціскаюць беларускія нацыяналісты , не даюць друкавацца , мала хваляць , не апладзіруюць іхняму бліскучаму таленту .
І дзе толькі яны знайшлі-адкапАлі злых беларускіх нацыяналістаў ? На мой погляд , усю гэту нацдэмаўшчыну пусцілі ў расход яшчэ ў 1937 годзе . Але ж – знаходзяць . І калі раней білі па нагах і спінах , то сёння адразу дубасяць па галаве .
Узяць таго ж Юрыя Фатнева . Яму ўжо за 70 . Добры паэт . Не скажу , што Лермантаў альбо Есенін , але добры . Яшчэ са студэнцтва мне запомніліся ягоныя пранізліва-лірычныя радкі :
Там дождь слепой бредет наощупь ,
Стеклянной палочкой стуча …
Калі я , галодны студэнт журфаку , прачытаў гэты выдатны верш і неўзабаве лёг спаць , то мне прыснілася не ліверная каўбаса , а “ стеклянная палочка “ .
Гляджу ў бібліяграфічны даведнік . Нарадзіўся Юры Фатнеў у сяле Акімаўка Краснашчокаўскага раёну Алтайскага краю ў сям”і ваеннаслужачага . Значыць , вясковец , хоць і не селянін .
“ Безумоўна , і ў вёсках могуць нараджацца таленавітыя людзі “ . Гэта я цытую Юрыя Фатнева ( штотыднёвік “ ЛіМ “ ад 14 сакавіка 2008 году ) . Усю беларускую літаратуру спадар Фатнеў , ні хвілінкі не вагаючыся , выганяе з гарадоў , як у свой час Пол Пот з чырвонымі кхмерамі выганяў камбаджыйскіх гараджанаў у джунглі . “ ... Шырока адзначаюцца стогадовыя юбілеі вясковых графаманаў . ... Правільна было б назваць гэту літаратуру не нацыянальнай , а хутаранскай , пастаўленай яшчэ савецкай уладай у адмысловыя спрыяльныя ўмовы “ .
Як я разумею , “ вясковымі графаманамі “ ураджэнец далёкага алтайскага сяла Юры Фатнеў называе нашых класікаў , нашых пачынальнікаў Янку Купалу і Якуба Коласа , з якіх адзін сядзеў у царскай турме , а другі за камуністычным часам рабіў сабе харакіры .
Што ж , спадар Фатнеў , асмялеўшы , а , дакладней , “ оборзев “ , калі карыстацца расійскай моваю , наеўшыся беларускай бульбы , б”е па нашых святынях . Шмат гадоў чытаю “ ЛіМ “ , але ўпершыню на ягоных старонках сутыкнуўся з такімі цынічна-зневажальнымі агрэсіўнымі адносінамі да беларускай літаратуры і нашай мовы .
Разам са сваім аднадумцам – “ заединщиком “ Анатолем Андрэевым Юры Фатнеў радасна паведамляе , што “... Рускай мовай карыстаецца 80 працэнтаў насельніцтва гэтай рэспублікі “ . Звярніце ўвагу на слова “ гэтай “ . Быццам сам спадар Фатнеў жыве-існуе ў нейкай іншай , у “ той “ рэспубліцы . І яшчэ звярніце ўвагу на дэманстратыўна-пастаяннае ўжыванне слова “ рэспубліка “ . Толькі рэспубліка , а не дзяржава . Толькі маленькая кволая часцінка нечага непарушнага , вялікадзяржаўнага .
Яшчэ агрэсіўней , як чырвоназорны будзёнавец з аголенай шабляю , атакуе другі “пакрыўджаны “ – Анатоль Андрэеў , прадстаўнік нейкіх “ гарачагаловых “ . “ ... Гарачыя галовы ... абвесцяць менавіта беларускую літаратуру “ другаснай “ , што існуе на неіснуючай мове “ .
Неіснуючая мова ... Значыць , спадар Андрэеў , выкладчык беларускай ВНУ ( ! ) , ні разу не чуў ні па радыё , ні на тэлебачанні наш дзяржаўны беларускамоўны гімн “ Мы – беларусы “ на словы Міхася Клімковіча і Уладзіміра Карызны . Не быў у нашых касцёлах , дзе ўзнёсла гучаць беларускамоўныя малітвы . Не ведае пра “ Песняроў “ і “ NRM “ . Не спяваў у шумным вясёлым народным ( ! ) застоллі “ Касіў Ясь канюшыну “ . І такі чалавек вучыць нечаму беларускую моладзь . Якіх жа манкуртаў ён рыхтуе ?
Вельмі дзіўна , ды ніводзін з супрацоўнікаў Інстытута літаратуры пры Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь , ніводзін з супрацоўнікаў Літаратурных музеяў Якуба Коласа і Янкі Купалы не выступіў у абарону зняважаных класікаў . Праглынулі горкую пілюлю , зрабілі выгляд , што не заўважылі , не прачыталі , хоць мноства народу сытна корміцца там .
Але спынюся . Не трэба варагаваць . Трэба сумесна працаваць . І расійскамоўным літаратарам . І беларускамоўным . Так ужо склалася . Так вызначыў Бог . І ўсё-ткі напаследак скажу – не вам , “ пакрыўджаныя “ , закопваць нашу святую мову ў зямлю .
Паставіўшы апошнюю кропку , Даніловіч-Гоцкі заплюшчыў вочы , спустошана адваліўся на спінку крэсла . Чаму ён , шараговы літаратар , павінен пісаць не пра каханне , не пра салодкае цёхканне майскіх салаўёў , а штодзённа штохвілінна займацца справаю , якую звычайна робяць прафесійныя палітыкі , дэпутаты , міністры ? Навошта яму гэты мулкі цяжкі камень ? Зноў аб”явяць нацыяналістам . Для некаторых слова “ нацыяналіст “ сінонім слову “ псарыяз “. Але ж гэта не так . Вялікі Пушкін , нашчадак цёмнаскурага афрыканца Ганібала , быў рускім нацыяналістам . Ну й што ? Хіба вершы ягоныя сталіся ад гэтага горшымі ?
Колькі хвілінаў ён сядзеў як нежывы . Прэч з галавы ўсе думкі ! Галава павінна хоць трошкі пабыць спакойнаю , вольнаю ад расплаўленага свінца цяжкіх горкіх думак . Патрэбна прымусіць сябе наблізіцца да стану чалавека , які на запытанне : “ дзеля чаго вам дадзена галава ? “ адказаў проста , без хітрыкаў : “ для таго , каб есці “.
Успамін пра ежу крыху ўзбадзёрыў . Антон пайшоў з кабінеціка на кухню , і там разам з Віталікам яны пасмажылі бульбу-фры , разбіўшы ў яе некалькі яек , згатавалі гарбату з бутэрбродамі . Сядзелі , моўчкі елі . У гэтым маўчанні была , калі разважыць , найвялікшая жыццёвая мудрасць .
За вакном лупцаваў цяжкі дождж . Нябесная вада няспыннай іскрыстай плынню бегла па шыбах , густа лілася з шэрага вясновага неба на горад , на панельны дом , на “ Яму “ , а два чалавекі , дарослы і падлетак , сядзелі за ўтульным цёплым кухонным сталом і елі свой хлеб штодзённы . У гэтым таксама шчасце жыцця , спадары .
Увечары вярнулася з працы Валянціна . Прыцягнула дзве гаспадарчыя сумкі прадуктаў і пральнага парашку . Частку прадуктаў яна купляе ў супермареце , частку ( не будзем заплюшчваць вочы на жыццёвыя рэаліі ) бярэ ў сваёй сталоўцы і , пэўна ж , бясплатна . Адной са сваіх галоўнейшых жыццёвых задачаў яна зрабіла клопат пра Антонава харчаванне .
- Ты працуеш галавою , думаеш , пішаш , і таму табе патрэбны фосфар і цукар , - сказала яна ў першыя дні іхняга сужэнства . І як Даніловіч-Гоцкі не адмаўляўся , не адмахваўся , але на ягоным стале акрамя мяса і бульбы , амаль заўсёды былі рыба , вінаград і фрукты .
Апошнім часам нашага героя апанавала катастрафічнае безграшоўе . Сталай працы ён не меў . Багатых родзічаў на вёсцы або дзядзькі-мільянера ў Штатах таксама не было . Некалькі месяцаў вартаваў дзіцячы садок . Потым уладкаваўся на ахову няскончанай будоўлі каля Заслаўя . Вядомая расійская фірма пачала там узводзіць шыкоўны чырвонацагляны кемпінг , ды крызіс падкасіў і яе . Уначы Антон , узброіўшыся кітайскім ліхтаром , электрашокерам і газавым пісталетам , пільнаваў разам з двума сабакамі , рудым і чорным, высозны падмурак , цэлую гару шчэбню , штабелі цэглы , дошак і вадаправодных труб . Добра было пад срэбным сяйвом месячных промняў ціха хадзіць вакол “ аб”екту “ , глядзець на зорнае начное неба , слухаць , як на недалёкай цёмнай шашы глуха вуркочуць аўтамабільныя маторы . Машыны беглі ў Мінск , у Маладзечна . Добра было думаць , што зусім побач , за лугавой рэчачкай Чарніцай , глядзіць у тое ж , што й ён , неба Замэчак , святы астравок даўніны , дзе калісьці жыла Рагнеда са сваім сынам Ізяславам . Ці не іхнія таямнічыя постаці мільгаюць на самым-самым золку ў белатуманным лузе ?
Аднойчы , здаўшы варту і сабак зменшчыку , Даніловіч-Гоцкі зусім выпадкова апынуўся на “ Лініі Сталіна “. Пачуў аўтаматныя чэргі , гранатныя выбухі , крыкі “ Ура ! “. У самым разгары быў шумны аперэтачны бой , за якім , смокчучы фруктовыя лёды , грызучы смажаныя семкі , назірала недзе каля сотні гледачоў . Чырвонаармейцы , бадзёрыя , вясёлыя , чысценькія , адным словам , ненатуральныя , праз густыя клубкі чорна-сіняга дыму імчаліся ў штыкавую атаку на фашыстаў . Паперадзе , махаючы пісталецікам , хвацка джгаў сівавусы палітрук .
Хто і адкуль узяў , што тут калісьці была нейкая міфічная “ Лінія Сталіна “ ? Навошта ўвесь гэты тэатр ? Яго , бадай , можна вытлумачыць толькі фінансавым складнікам . Пэўна , з гледачоў-турыстаў дзяруць нядрэнныя грошы .
Так думаў Антон , пазіраючы на баталію . Для сябе ж вырашыў так : “ У іх ёсць “ Лінія Сталіна “. У мяне – “ Лінія Рагнеды “.
- Антон Сяргеевіч , можа на гадзінку перастанеш пісаць вершы і выйдзеш да нас ? – пачуўся за дзвярыма звонкі ашчасліўлены голас Валянціны . Сам-насам яна заве яго Антонкам , Антончыкам , але на людзях толькі Антонам Сяргеевічам .
Даніловіч-Гоцкі зусім нядаўна падсілкаваўся на кухні разам з Віталікам , зачыніўся ў сваім пакойчыку , каб напісаць старонку-другую новай аповесці . Нядаўна яму страшэнна пашэнціла – у салідным літаратурным часопісе ўдалося надрукаваць гістарычную аповесць “ Пад чырвонымі нябёсамі “ пра Аршанскую бітву 1514 году . Такая рэдкая апошнім часам удача , вядома ж , натхніла , і ён з лёту ўзяўся за чарговы гістарычны твор . Але ж сямейны цырыманіял патрабуе ахвяраў ...
На кухні яго чакаў шыкоўна сервіраваны стол , за якім сядзела дужа прыгожая Валянціна ( калі толькі паспела пераапрануцца ? ) і жвавая пухленькая кабецінка з невялікай бародаўкай над чорна намаляваным брывом , пэўна , Валянцініна сяброўка . Жанчыны весела пазіралі на Антона .
Ён галантна ім пакланіўся , а Валянцінінай сяброўцы нават пацалаваў руку .
- Ой , - радасна піскнула яна .
“ Значыцца , будуць яшчэ адны агледзіны “ , - пакорліва сеў за стол Даніловіч-Гоцкі , ды настрой ягоны рэзка ўзняўся , калі ён пабачыў напоі і прысмакі , што чакалі іх . Бутэлька французкага каньяку і дзве бутэлькі сухога белага віна . Чорная і чырвоная ікра на апетытных бутэрбродах . Тлустая найсвяжэйшая нарвежская сёмга . Нарэзаны тонкімі скрылькамі пяшчотны жоўты сыр з дзірачкамі , што , як кажуць знаўцы , аж слязіўся . Шакаладныя цукеркі ў яркіх бліскучых абгортках . У крыштальнай вазе калюча тапырыўся тоўсты ганарлівы ананас .
- Гэта Марына . Працуе медсястрой у лечкамісіі , - ярка наманікюранай рукою паказала Валянціна на госцю , - а гэта , - яна прыхілілася да Даніловіча-Гоцкага , - мой муж Антон Сяргеевіч , беларускі паэт і празаік .
- Як цікава , - у чорных вачах у Марыны ўспыхнулі агеньчыкі , - А я думала , што паэты жывуць у нейкіх асобных будынках , у нейкіх старадаўніх палацах , дзе заўсёды гучыць музыка і танцуюць вальсы ды мазуркі . Ажно вось ён паэт – на вуліцы Заслаўскай . Як цікава !
- Дзе кабеты , там і паэты , - весела скаламбурыў Антон , з сакавітым хрустам выцягваючы штопарам корак з віннай бутэлькі , а сабе наліваючы каньяку , - Асабліва такія прыгожыя кабеты , як вы , мілыя дзяўчаткі .
Абедзьве жанчыны зрабіліся вішнёвашчокімі ад дужа прыемных , дужа гжэчных слоў . Усе з вялікім задавальненнем выпілі , з апетытам прыняліся за цудоўную закусь . Некалькі хвілінаў на кухні панавала абсалютная ўрачыстая цішыня , якую парушаў толькі Даніловіч-Гоцкі , тыкаючы відэльцам у нарвежскую сёмгу . Жанчыны ж пілі і елі далікатна , бясшумна , ледзь раскрываючы роцікі .
Потым зноў , ужо весялей , загаварылі . Антон падліваў ды падліваў . Марына прагавіта пазірала на яго . Агньчыкі ў чорных бліскучых вачах павялічваліся , круглелі .
- Мяне нядаўна перавялі медсястрою ў кабінет электракардыяграмаў ,- смеючыся , загаварыла яна , - Каго толькі там не правяраем ! І старыя . І маладыя . І тоўстыя . І танюткія , як той пруток . Учора адзін , пэўна , нейкі інтэлігенцік , апрануў пасля праверкі кашулю , начапіў гальштук і пытаецца : “ Ну , што ў мяне там ? “ . А я яму : “ Рак ! “.
Яна засмяялася грамчэй , аж адкінулася на спінку крэсла . Антон з Валянцінай перазірнуліся .
- Вялікі дзякуй , мілыя паненкі , за асалоду быць з вамі , ды я пайду . Калі што – я за дзвярыма , - сказаў Антон і раскланяўся . Ужо ў сваім кабінеціку , сеўшы за кампутар , успомніў чамусьці словы Сакрата : “ Тры рэчы можна лічыць шчасцем : што ты не дзікая жывёліна , што ты грэк , а не варвар , што ты мужчына , а не жанчына “.
Раптам , як заўсёды нечакана , зазвінеў тэлефон .
- Ало ! – бадзёра данеслася са слухаўкі , - Зноў сядзіш , нешта шрайбуеш ?
- Так , - адказаў Даніловіч-Гоцкі , - Шрайбую , бо праца ахоўвае нас ад журбы і ад беднасці .
Званіў паэт Лявон Кукарэка , той самы , з якім збіраліся ехаць у вёску гадаваць трусоў і з якім пасварыліся ў гадзюшніку , калі на абодвух найшоў п”яны бзік . Арыгінальнейшы чалавек . Пад час вучобы на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве жыў вельмі бедна , ледзь не паміраў з голаду . Хадзіў грузчыкам на маскоўскія таварныя станцыі . І раптам адзін з часопісаў надрукаваў вялікую нізку ягоных вершаў . Што зрабіў Лявон ? Вядома ж, моцна выпіў , потым узлез на высачэнную цагляную шулу , што з часоў цара Гароха тырчала з патрэсканага асфальту ў адным з маскоўскіх дворыкаў , сеў там і пачаў крычаць уніз масквічам-пешаходам :
- Ура ! Сёння я нарэшце атрымаў ганарар ! Вы ведаеце , што такое ганарар ? Не ? Зараз я вам пакажу !
З гэтымі словамі звышшчаслівы паэт пачаў выцягваць з-за пазухі грошы і шпурляць іх уніз :
- Вось што такое ганарар ! Вось што такое ганарар !
У тыя хвіліны ён быў падобен на бясстрашнага рэвалюцыянера-падпольшчыка з савецкіх кінафільмаў , што раскідвае рабочым людзям пракламацыі .
- Обезумевший поэт , - шапталіся маскоўскія бабулькі , жвава падбіраючы з зямлі грошы .
- У яго ад радасці мазгі пацяклі , - пацяшаліся землякі , студэнты з Беларусі .
... - А я думаў , ты глядзіш маскоўскія тэлевізійныя шэрыялы , - неслася са слухаўкі .
“ Шэрыяламі “ Кукарэка называе бясконцыя серыялы , што , як восеньская паводка , проста залілі ўвесь тэлеэфір . Тут Даніловіч-Гоцкі абсалютна салідарны з калегам . Сэкс ... Страляніна ... Мордабіццё ... Зноў сэкс ... Разводы ... Шлюбы па разліку ... Бандыты ... Кроў ... Супермэны расійскіх спецслужбаў ... І гэтак – круглыя суткі !
Бедныя Вісарыён Бялінскі і Леў Талстой , змагары за чысціню і духоўнасць Расіі ! Яны , пэўна , пераварочваюцца ў сваіх трунах .
- Я не вар”ят , каб глядзець такое тэлебачанне , - сказаў Антон .
- Малайчына . А я гляджу .
- Ты што- аб”еўся мухаморамі ? – аж прысвіснуў Даніловіч-Гоцкі .
- Я гляджу “Белсат “ , - паспяшаўся патлумачыць Лявон Кукарэка , - Нядаўна з”явілася такая тэлевізія . Паверыш , упершыню за сваё не такое ўжо й кароткае жыццё глядзеў кінафільм на беларускай мове . З найвялікшай асалодай глядзеў ! Нават вершык напісаў . Паслухай .
Ён адкашляўся , каб надаць голасу звонкасць :
Нібы вясновы сад ,
Ярка ўсквітнеў “ Белсат “.
Ловім і гук , і сказ .
Вучымся новаму зроку .
На Беларусі для нас
Сонца ўстае ў Беластоку !
- Ты , як заўсёды , на вышыні , - пахваліў Антон , - Я таксама хацеў спадарожнікавую талерку паставіць , але не магу . Па-першае , я – прымак . Не мАю свайго жытла , а Валянціна не дазваляе на ейным балконе штосьці рабіць . А па-другое , свішча вецер у маіх кішэнях . Безграшовік я . Хоць неўзабаве ганарар абяцаюць за аповесць заплаціць . Можа , хоць крышку разбагацею .
- Хочаш , я сапсую табе настрой ? – данеслася раптам са слухаўкі .
- Лявон , пайшоў вон . Ды давай , псуй .
- А вось наконт тваёй новай аповесці я якраз і тэлефаную , - рэзка змяніў накірунак гаворкі Кукарэка , - Мацуйся , геній . Ужо водгулле пайшло , кругі па вадзе пакаціліся .
- Ужо паспелі ўкусіць і ўбрыкнуць ? – голас у Даніловіча-Гоцкага пахаладнеў .
- Ды не без гэтага .
- І хто ўкусіў ?
- Нехта Чарнякевіч . У “ ЛіМе “.
- Спадзяюся , не Кузьма Чорны ? – яшчэ па інерцыі жартаваў нядаўна дужа вясёлы аўтар . Але пад лыжачкай рабілася дыскамфортна .
- Не будзем турбаваць цені вялікіх . А смяешся ты дарма , - уздыхнуў прыяцель , - Гэты Чарнякевіч чахвосціць цябе ў хвост і ў грыву , не шкадуе . “ Няправільную “ ты , браце , аповесць напісаў . Дык ты , сапраўды , не чытаў яшчэ рэцэнзію ? Чакай , хутка скіну па інтэрнэце . І да цябе не зайду на піва , бо за дрэнную навіну ( ты ж гісторык , ведаеш ) адціналі некалі галовы .
Слухаўка змоўкла . На вуліцы стогалоса шумеў свежы вясновы дождж . На кухні весела гаманілі жанчыны , нібы шчабяталі птушкі . Даніловіч-Гоцкі пазіраў у вакно , на “ Яму “. Там было цёмна і мокра . Каменныя скульптуркі , што ўвасаблялі забітых людзей , трывожным бясконцым ланцужком ішлі ўніз , у зямлю , у невядомасць , якая называецца смерцю .
Ён прачытаў рэцэнзію . Нічога новага . Былі й цяжэйшыя ўдары . Ёсць пісьменнікі залашчаныя крытыкай . Ён быў не з іхняй чарады , бо ніколі не хацеў прагінацца , не складваў вушы ў трубачку ад шчасця , пачуўшы нечы камплімент . Не раз і не два Лявон Кукарэка павучаў : “ Трэба мець свайго крытыка ... Трэба мець свайго крытыка ... “.
Але навошта ? Што дасць сэрцу фальшывая пахвала ?
Ён разумеў – яго білі не за рыхласць і фрагментарнасць твору , не за мастацкую слабасць вобразаў , не за кепскую мову і г. д . Яго білі за тое , што ён , Антон Даніловіч-Гоцкі , паглыбіўся ў беларушчыну на недазволеную глыбіню , пачаў апяваць Вялікае Княства Літоўскае , пачаў ствараць у жывых характарах , жывых карцінах таямнічую легендарную Літву-Ліцвінію , што ён прывёў сваіх літаратурных герояў і гераінь у святое нязгаснае полымя славутай Аршанскай бітвы 1514 года . Але як можна асмеліцца пісаць пра Аршанскую бітву ? Калі ласка , стварайце шэдэўры пра бітву на Курскай дузе , дзе адважныя савецкія волаты разграмілі фашыстаў . Барадзіно кратаць не дазваляецца , бо там , у 1812 годзе , частка беларусаў ваявала на баку Напалеона . А лезці ў 1514 год наогул ідыятызм ! Уладзімір Караткевіч , збаяўшыся такіх цэнзарскіх забаронаў , у “ Сівой легендзе “ вуснамі галоўнага героя жорстка бэсціў караля і вялікага князя Жыгімонта за тое , што той “ дапусціў , арганізаваў Аршанскую бітву “ , падчас якой “ адзінаверцы білі адзінаверцаў “ . Сёння мы ведаем якія гэта былі “ адзінаверцы “ і як яны хацелі праглынуць нашую зямлю !
Славутую перамогу нашага народа не жадаюць бачыць ва ўпор . Сцяўшы зубы , вымушаны прызнаць , што пад Воршай Масковія прайграла , але прайграла “ полякам “ , у крайнім выпадку , “ литовцам “ , ды толькі не нашым продкам ліцвінам-беларусам .
Думаючы пра ўсё гэта , Антон Даніловіч-Гоцкі ўказальным пальцам правае рукі выбіваў на кампутары адно-адзінае слова , сваё любімае слова : “ ЛІЦВІНІЯ ... ЛІЦВІНІЯ ... ЛІЦВІНІЯ ... “ . Не Літва , а менавіта Ліцвінія . Слова “ Літва “ ужо назаўсёды прыватызавалі летувісы . Мы павінны адшукаць сваё слова . І яно ёсць – Ліцвінія ! Румын – Румынія . Ліцвін – Ліцвінія . Усё проста і зразумела . І прыгожа .
Потым ён , як адказ свайму крытыку , надрукаваў верш :
О , не далдонь хто лепшы-горшы ,
Хто што ўхапіў , хто што зрабіў .
Я маскаля разбіў пад Воршай .
Ты ж сваёй цешчы нос разбіў .
Не вельмі прыемна , калі цябе публічна крытыкуе і самаўпэўнена павучае нейкі нікому невядомы маладзён . Але крытыкі баяцца – у літаратуру не хадзіць . За спіной у гэтага маладзёна , ясна ж , нашы бытапісцы-гладкапісцы са сваімі неўміручымі класічнымі сказамі :“ На двары гаўкаў сабака . Стары сядзеў на прызбе “. Колькі будзе гаўкаць той сабака , аднаму Богу ведама . Ды час бытапісцаў-гладкапісцаў беззваротна скончыўся . Эпоха эпапей , якія жартаўнік Іван Курбека называе “ апупеямі “ , не дае плёну , робіцца бясплоднаю . Іншы свет . Іншыя песні . Іншыя тэмы і тэмпы . Празаічныя ды й паэтычныя “ цагліны “ сёння ўжо не спрацоўваюць . З такіх цаглінаў пісьменнік , калі пашанцуе атрымаць ганарар , можа хіба збудаваць сабе маленькае лецішча . І толькі . У духоўную ж скарбонку народа сваім опусам ён не дадасць ні макулінкі .
За спіной у гэтага маладзёна , вядома ж , штотыднёвік “ ЛіМ “. Там сабраліся калючыя хлопчыкі і пякучыя дзяўчаткі . Усё было б цудоўна , мудра , прагрэсіўна , нават з прысмакам “ адраджэнства “ , калі б не яўная зададзенасць такой калюча-пякучасці . Сённяшняе літначальства яны не крытыкуюць . Толькі хваляць . Пра слабыя ж творы гэтага самага начальства ні гу-гу . У дадзеным выпадку абрэвіятуру “ ЛіМ “ можна расшыфраваць-прачытаць як “ Ліжы і маўчы “ . Тых жа , хто не на троне , ні каля трону , хто нават не пад тронам ( ! ) , можна шпыняць , “ разбіраць па костачках “ . Абравіятура “ЛіМ “ тут чытаецца як “ Лупцуй і мачы “. Тут хуткія на руку інквізітары лупяць скуру з аўтара і яшчэ пасыпаюць буйной соллю .
Суровая крытыка ягонай аповесці на гістарычную тэматыку спадабаецца і літаратурным хлопчыкам , што крэмзаюць свае творы на гэту самую тэматыку . Яны чамусьці баяцца , што ён , Даніловіч-Гоцкі , залезе ў іхнюю нішу , як залазіць марскі драпежны амар у норку каракаціцы . Усё ідзе па Дарвіну – барацьба відаў за выжыванне !
І , вядома ж , не чакай адлупцаваны на крытычнай стайні літаратар спачувальных тэлефонных званкоў ад калег па творчасці і невядомасці . Не чакай артыкулаў у тваю абарону . Шэрыя асцярожныя мышкі стаіліся ў сваіх шчылінах , сядзяць , радуюцца – іх пакуль што не схапіў кіпцюрыстай лапаю галоўны тлусты літаратурны КОТ-КАТ .
Божа , пасля пакутаў , якія зведвае маці нараджаючы дзіця , другая пакута , што наклаў ты на грэшных людзей , пакута творчасці . Колькі светлых душаў загубіла яна , колькі павяла за сабой . Перад гэтай пакутаю ўсе роўныя – і класікі , і літаратурныя генералы , і пачаткоўцы , і нязводныя графаманы . Дзякуй табе , высокі Божа , за такую балючую , але надзіва салодкую пакуту .
І ў самым канцы згрызотна-песімістычнага роздуму да нашага героя , як заўсёды , прыйшла адна і тая думка : а , можа , я й сапраўды пішу дрэнна ? Можа , я не так бачу і чую навакольны свет , ягоныя колеры , гукі , парыванні ? Можа , я не так , як патрэбна , расстаўляю словы , сказы , раздзелы ?
“ Тое , што не здолеў перамагчы ў бітвах Напалеон , я перамагу ў сваіх раманах “ , - пафасна сцвярджаў Бальзак . “ ... Тое , што я напішу , ніхто больш не напіша “ , - урачыста абвяшчаў Анатоль Сербантовіч . У яго , Антона Даніловіча-Гоцкага , не гледзячы на некаторую перыядычную дэпрэсіўнасць , таксама ёсць цвёрдае адчуванне сваёй творчай наканаванасці і абранасці . Любімыя ягоныя замежныя пісьменнікі-арыенціры яшчэ з юнацтва : Джэк Лондан , Аляксандр Дзюма , Жуль Верн . Тройца любімых айчынных: Мікола Гусоўскі , Якуб Колас , Янка Маўр . Тройца самых любімых твораў : раманы “Марцін Ідэн “ , “ Тры мушкецёры “ , аповесць “ У краіне райскай птушкі “ . Некаторыя літаратурныя гурманы , магчыма , паблажліва-скептычна ўсміхнуцца , прачытаўшы такія імёны і такія назвы . Але , як мудра сказана , кожнаму сваё . “ Тры мушкецёры “ – вечны твор . Пакаленні за пакаленнямі чыталі і будуць чытаць яго . Даніловіч-Гоцкі глыбока перакананы ў гэтым . Натхніўшыся цудоўным раманам , ён ужо другі год піша , стасуючыся да беларускіх гістарычна-этнаграфічных рэалій , раман “ Тры лісоўчыкі “ . Як перанесці французкі вясёлы дух мужнасці і прыгажосці на нашыя абшары ? Як зрабіць , каб табе паверылі , і каб чытач пайшоў за табой ?
Нарэшце Антон адключыў кампутар , нейкі час масіраваў пальцамі вочы . У вачах ад стомленасці скакалі каляровыя малюсенькія кружочкі і квадрацікі . Паколвала ў левай скроні .
Зноў зірнуў у вакно . Вясна . Хвошча дождж . Ад яго і ад сокаў , што прачнуліся ў пацяплелай зямлі , рвуцца ўверх , вар”яцеюць дрэвы .
За дзвярыма гучалі , не надта прыцішваючыся , жаночыя галасы . Раптам яму чамусьці захацелася пачуць аб чым жанчыны гамоняць . Антон падыйшоў да дзвярэй , прыклаў вуха да тонкай фанеркі . Гаманілі аб ім .
- Дужа ж разумны ён у цябе , - казала Марына , - Гэта , вядома , няблага для мужыка . Трэба , каб галава шурупіла . Але між нашых мужыкоў , ў якіх наўме толькі вялікае піва ды маленькі сэкс , ён не будзе каціравацца . Нашы такіх не любяць .
- Думаю , ён збяжыць ад мяне , - уздыхала Валянціна , - Іншы раз гляне , а вочы сумныя-сумныя . Як у пабітага сабакі .
Зноў тоненька заспяваў крышталь келіхаў – суразмоўніцы чокаліся . Затым наступіла цішыня – перажоўвалі ежу .
“ Дзе канец і дзе пачатак шчасця ? “ , - падумаў Даніловіч-Гоцкі . І пазваніў Лявону Кукарэку :
- Вылазь на вуліцу , мысляр . За дрэнную вестку галаву сцінаць табе не буду . Магчыма , калі зірнуць па-філасофску , гэта добрая вестка . Пойдзем у піўбар .
- Вось і малайчына , - узрадаваўся Кукарэка , - Як казаў вялікі Сенека , калі натоўп не пацяшаецца над табой , ты яшчэ не дасягнуў поўнага шчасця .
Яны сустрэліся пад дажджом , але не ўскрылілі над сабою парасоны за адсутнасцю апошніх . Яны ішлі па мокрай вуліцы пад струмянямі светлага вясновага дажджу і размаўлялі не аб надвор”і і не аб палітыцы . Яны былі паэтамі , а паэты любяць горача абмяркоўваць самыя нечаканыя тэмы .
- Палавы акт , - захоплена казаў Лявон Кукарэка , а дождж сек па ягонай прыгожай лысіне , - Мужчына вывяргае з сябе трыста мільёнаў сперматазоідаў . Жаночая плоць сустракае гэты Везувій усяго толькі адной-адзінай яйкаклеткай . І ярка ўспыхвае новае жыццё ! Тое , што праз дзевяць месяцаў станецца чалавекам , а потым вырасце двухмятровым баскетбаліствм , альбо пяшчотнай грацыёзнай балерынай , мАе памеры ігольнага вушка . І пасля ўсяго гэтага нейкі дзікун гундосіць , што Бога няма !
- А ты верыш у Бога ? – спытаў Даніловіч-Гоцкі .
- Не магу адназначна адказаць , - шчыра прызнаўся Кукарэка .
- А я веру . І стараюся кожную нядзелю , калі толькі выпадае , хадзіць на імшу ў касцёл Сымона і Алены , у Чырвоны касцёл . Там вельмі адукаваны , вельмі ўзнёсла-адухоўлены ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк . Вядзе святую імшу так , што душы ў людзей робяцца нібы крылатымі .
- Значыць , ты каталік ? – трохі здзіўлена зірнуў Лявон на прыяцеля .
- Так . Я – беларускі каталік , - з годнасцю прамовіў Даніловіч Гоцкі , - Мае продкі , як і большасць беларусаў , былі вуніятамі . Расійская імперыя змусіла іх перайсці ў праваслаўе, а , калі быць больш дакладным , сілком загнала . Не пыталі згоды , цягнулі да маскавіцкай веры , можна сказаць , на вяроўчыне .
- Але чаму ты пайшоў у каталікі , а не ва ўніяты ? – Лявон Кукарэка аж спыніўся , хоць дождж бурболіў усё мацней .
- Заканамернае пытанне , - усміхнуўся Антон і таксама спыніўся , - Разумееш , браце , і каталікі , і вуніяты ўслаўляюць Хрыста пад верхавенствам Папы Рымскага . Так што Святы Пастыр у нас адзін . Але вуніяцкую царкву чамусьці не вельмі шануе сённяшняя наша ўлада . У іх няма храмаў , няма святароў . Я й мае сябры не пажадалі быць беднымі кволымі маргіналамі . Досыць беларусу быць маргіналам ! Вось чаму мы пайшлі ў бліскучы багаты касцёл , мы зрабілі гэты касцёл беларускім . І зараз у магутным хрысціянскім хоры на ўвесь свет гучыць нашая святая мова , нашая малітва , а мы , як толькі можам , дапамагаем нашым родным братам-вуніятам У іх найлепшае яшчэ наперадзе .
Ужо ў піўбары , узняўшы куфаль з цёмным пеністым півам , трасянуўшы мокрымі валасамі , ён узрушана сказаў :
- Не падумай , што я нейкі высушаны мніх . Я люблю Хрыста , ды я люблю й піва . І паўнюткую чарку . І прыгожую вясёлую кабеціну . Адно адному , на мой погляд , не перашкаджае . Як зазначыў у свой час вялікі Марцін Лютэр : “ Калі Бог наш стварыў такіх вялізных смачных шчупакоў і добрае рэйнскае віно , то я маю права есці іх і піць “.
З піўбара выйшлі цёмнячы . Дождж сціх , выліў з хмараў сваю ваду да апошняга струменьчыка . Усё наўкол было мокрае і халоднае . Ды адчувалася , што вясна ўжо прыляцела на гарадскія вуліцы , у гарадскія скверы і паркі . Востра і хвалююча пахла маладой лістотай , размяклай зямлёй , гарачым свежым хлебам з пякарні універсама “Юбілейны “. Усюды было шмат моладзі . Чуўся звонкі радасна-зазыўны смех . Чуліся пацалункі . Чырвонымі цёплымі кропкамі ўспыхвалі ў згусцелым змроку іскрыстыя агеньчыкі цыгарэтаў .
У піўбары Антон з Лявонам зноў павялі былі гаворку пра перасяленне з горада ў вёску , пра ўцёкі , як яны не раз казалі , з русіфікацыі ў трусіфікацыю . Кукарэка рваўся туды , трэба сказаць , заўсёды . Антон жа цвёрда і канчаткова вырашыў паспрабаваць шчасця ў правінцыі толькі сёння , пачуўшы размову Валянціны з Марынай . Толькі сёння ён зразумеў і адчуў , што болей не можа трываць існаванне-калупанне ў гэтай нявызначанасці , у цягучай аднастайнай паўсядзённасці , што засмоктвае з галавой . Пачаўшы пісаць раман , ён усвядоміў сябе лісоўчыкам , адважным вольным непадуладным нікому, акрамя Бога , чалавекам .
Ды аказалася , што хатка , у якую Кукарэка абяцаў завезці сябрука , нядаўна згарэла – падпалілі мясцовыя бамжы . І тут Даніловіч-Гоцкі ўспомніў пра хату свайго дзеда Сцяпана .
- Не вешай нос , браце , - ляпнуў ён Кукарэку па плячы , - Выратуемся . Будзе ў нас Ноеў каўчэг .
Як ён мог забыцца пра дзедаву хату , пра керасінавую медную лямпу пад цёмнай старадаўняй столлю , пра полымя ў старой цёплай добрай печы ! Дзед Сцяпан даўно памёр , памерла баба Маланка , памерлі альбо згубіліся ў жыццёвым віры магчымыя наследнікі . Засталіся толькі ўнучка Алеся ( па-мясцоваму кажуць – унУка ) і ён , Антон . Алесю юрысты прызналі больш “ раднейшаю “ , хату запісалі на яе . Вось і ўся гісторыя .
Даніловіч-Гоцкі ніколі не прэтэндаваў на нейкае наследдзе . Ды раптам гады два таму патэлефанавала з вёскі стрыечная сястра Марыя , што працавала сакратаркай сельсавету . Аказалася , унука , даведаўшыся , што Антон зрабіўся пісьменнікам і сваёй творчасцю праславіў родную вёску , адмовілася ад права ўласнасці на хату , пажадала , каб у ёй адчынілі музей славутага земляка , гэта значыць , ягоны Антонаў музей .
- Ды вы там , пэўна , усе з глузду з”ехалі ! – шчыра здзівіўся і абурыўся Даніловіч-Гоцкі , - Які музей ? Хіба я памёр ? Што вы мне пры жыцці помнік ставіце , як якому небудзь Кім Ір Сэну ці Машэраву ? Гэты музей патрэбен мне , як сабаку пятая нага ! Марыя , кінь глупства і не смяшы людзей !
Але стрыечная сястрычка была яшчэ той птушкаю !
- А чаму наша вёска , наша Захараўшчына не мае права мець свой музей ? – заверашчала яна ў тэлефонную слухаўку , - Чым ты горшы за іншых пісьменнікаў ? Чым ты горшы за , - яна на хвілінку прыпынілася-задумалася , - за таго ж Аляксандра Грына ? Была ў Феадосіі па прафсаюзнай пуцёўцы , бачыла .
- Марыя , прызнавайся – колькі шклянак самагону з раніцы смальнула ? – канчаткова раз”ятрыўся Антон , - Прычым тут Грын ? Прычым тут я ? Забараняю ! Чуеш мяне ? Забараняю !
Ды са слухаўкі , як ярасны вясновы ручай , неслася няспынна-звонкае :
- Старшыня райвыканкаму Мікалай Аляксандравіч згадзіўся . Мазгуй – сам Мікалай Аляксандравіч ! Школа згадзілася . Саўгасны клуб згадзіўся . Зміцер Нямкоў ( помніш Зміцера ? ) напісаў , вядома ж , пры маёй дапамозе , успаміны аб тым , як гнаўся за табою аж да Іванаўкі , калі ты ў ягоныя яблыкі залез . Знайшлі твой школьны дзённік . Троек у ім няшмат . Так што выставім . Шукаем фатаграфіі .
- Марыя ! – як лясны звер , завыў Антон , але супроцьлеглы бок рашуча спыніў размову .
Думалася , што ўсё гэта першакрасавіцкі жарт , несур”ёзная слоўная балбатня , якая , вядома ж , не будзе мець ніякага працягу . Даніловіч-Гоцкі забыўся пра званок стрыечнай сястры , як забываюць пра пазаўчарашні дожджык . Ды аднойчы Лявон Кукарэка здзіўлена сказаў :
- Ты , Антоне , забранзавелы класік ! Чуў па Беларускім радыё , што ўдзячныя землякі адкрылі твой музей . Віншую-віншую . Так недалёка і да Нобелеўкі ў галіне літаратуры . Загадзя прымі мой заказ – калі атрымаеш Нобелеўскую прэмію , адшчыкні хоць лісток са свайго лаўровага вянка .
Памятаецца , тады Антон паказаў яхідзіне-сябруку кукіш . І вось зараз , калі душа засумавала па вольнай волі , калі трывожна-радасна прызыўна заіржаў з туманнай далечы хутканогі лісоўчыкаў конь , успомнілася старая дзедава хата . Не музей ! Д”ябал з ім , з музеем ! Успомнілася тое незабыўнае жыццё , якога ўжо няма і ніколі болей не будзе , ды якое заўсёды , нібы сонца , свеціць праз хмары часу .
Антон быў зусім малы , можа , трох-чатырохгадовы , калі бацька ягоны Макар Сцяпанавіч надумаўся будаваць хату . Прадалі некуды ў другі канец раёну сваю ранейшую халупіну ( так называў яе бацька ) , а на вызваленым котлішчы пачалі рубіць новую . На час будавання жылі ў дзедавай хаце .
Той час запомніўся суровымі снежнымі зімамі . Замятала ўвесь двор . Раніцою праз зледзянелае вакно , адхукаўшы ў ім чысты цёплы круглячок шкла , Антон бачыў велізарныя сіне-белыя гурбы з хвалістымі няроўнымі краямі . Дзед з бацькам , узяўшы ў рукі драўляныя шырокія шуфлі , прабівалі ў снезе сцяжынку да студні з калаўротам . Камякі снегу ляцелі ўгору , і на сонцы ззялі , як сапраўдныя дыяменты . Расчырванелы бацька падыходзіў да вакна , усміхаўся , глядзеў на Антона яркімі сінімі вачыма . Дзед таксама ўсміхаўся , разгладжваючы абсыпаную ледзянымі бліскучымі крошкамі доўгую русую бараду .
Разам са старэйшымі дзецьмі Антон поўзаў , як крот , у снежных сумётах . Капалі доўгія норы , ляпілі снегавікоў , будавалі крэпасці . Хадзілі за агароды ў саўгасны сад ставіць сілкі на зайцоў . Лавілі чырвонагрудых снегіроў , насыпаўшы зерня пад начоўкі , якія падпіралі вярбовымі галінкамі .
Аж дзве вярбы , тоўстыя , старыя , пачварна выгнутыя , са змаршчакаватай шэрай карой , раслі на дзедавым двары . Адна каля самай брамы , ахінаючы сваім голлем браму зверху , другая каля плоту , які дзед адмыслова выплятаў з доўгіх гнуткіх прутоў арэшніку . Узімку гэтыя вярбіны былі не дужа цікавыя , як бы мёртвыя , затое вясной , калі пачынала ўнутры іх бушаваць сонечная жыццёвая сіла , яны ператвараліся ў шумлівых зялёнакосых прыгажуняў , пад парывамі ветру пругкімі трапятлівымі хвалямі кідалі ва ўсе бакі сваё густое парывістае вецце . І ў тым мітуслівым цёплым вецці добра жылося-гулялася дзятве і птушкам .
Малы Антон , намёрзшыся на студзёнай вуліцы , скідваў з плячэй кажушок , з ног мокрыя буркі і хуценька залазіў на печ , на гарачую чарэнь . Там стойваўся , заціхаў у млявым цяпле , заплюшчваў вочы , чакаў калі прыплыве сон . У асабліва моцныя маразы зпанадворку ды і ў цёмных кутках хаты чуўся нейкі трывожны стук , трэск . Але ён не баяўся такіх начных гукаў . Гэта , як расказвала маці , ходзіць-блукае Ледзяны дзед , велізарны , сівы , з чырвоным альбо сінім носам . Замест вусоў і барады гэты таямнічы дзед носіць бліскучыя звонкія ледзяшы ажно да самага долу . Галава ягоная пакрыта белым зіхоткім інеем . Ён вельмі любіць дужацца борацца з самім Сонцам , ды заўсёды прайграе , бо не хапае сілы . Прайграўшы бітву , Ледзяны дзед ідзе на рэкі і азёры , на балоты і сцеліць там масты . Асабліва ж раззлаваўшыся , заскоквае на страху , на самы верх хаты , з усяе моцы цісне ўніз , аж трашчыць расколваецца бярвенне .
Пасля зімы прылятала вясна . Маленькая вузенькая рэчачка Банёха разлівалася , як мора . Антон тады яшчэ не ведаў , што такое мора , не мог уявіць яго , ды так казалі дарослыя . Увесь луг пакрываўся бліскучай шумлівай вадой , што пагрозліва плёхалася- падступала да самых агародаў . Бацька залазіў на гарышча , хуценька даставаў адтуль доўгія востразубыя восці , узбуджана гаварыў Антону : “ Рыба гуляе “ і шпарка бег на рэчку . Як можа гуляць рыба ? Ходзіць , узяўшыся пад ручкі ? Танцуе ? Гэта нельга было зразумець , ды ўвечары бацька , стомлены , мокры і шчаслівы , вяртаўся дадому , высыпаў з вялізнай палатнянай торбы проста на траву пад вярбою вялізных шэразялёных шчупакоў .
Вось якая хата ўспомнілася Даніловічу-Гоцкаму , вось які Ноеў каўчэг . І ён вырашыў разам з Лявонам Кукарэкам неадкладна ехаць туды . Чаму неадкладна ? А таму што якраз тады , калі выходзілі з піўбару на вечаровую вуліцу , пазваніла на мабільнік Валянціна . Голас быў усхваляваны , але цвёрды .
- Прабач , - сказала яна , - Толькі што вярнуўся Васіль . Сыну патрэбен родны бацька .
Антон адразу ўсё зразумеў . Ён ведаў , ён чакаў , што такое вось-вось здарыцца . І такое здарылася . Дамовіліся раз”ехацца ціха ды прыстойна . Заўтра да абеду Васіля не будзе дома, і Даніловіч-Гоцкі можа забраць свае рэчы .
Калі Антон выносіў апошнюю пакаванку кніжак , са школы прыбег задыханы Віталік . Разгублена і жалосна глянуў на Даніловіча-Гоцкага , пачырванеў , прыкусіў губу , бязгучна заплакаў . Вузенькія худыя плечы затрымцелі .
- Не плач , - прыгарнуў яго да сябе Даніловіч-Гоцкі , - Ты ж мужчына . Не плач . Трохі пацярпі , браце , а там вырасцеш , знойдзеш сваю дарогу .
Падлетак заплакаў уголас , уваткнуўшыся белавалосай галавою ў Антонавы грудзі . Потым слёзнымі бліскучымі вачамі зірнуў знізу ўверх , сказаў :
- Вы не забудзеце мой адрас ? Вуліца Заслаўская , дом нумар сто адзін , другі корпус ...
- Не забуду , - паабяцаў Даніловіч-Гоцкі і пагладзіў мяккія хлапчуковыя валасы .
- Як надрукуеце свой раман пра лісоўчыкаў , як выйдзе кніжка , прышліце яе мне .
- Абавязкова прышлю . Не сумнявайся , - пацалаваў Антон Віталіка ў самую макаўку , - Вышэй галаву , брат . Мы ж з табой лісоўчыкі . А лісоўчыкі ніколі не плачуць .
Назаўтра на старэнькім , але яшчэ даволі цягавітым аўтамабілі Лявона Кукарэкі “ Шкода-Фаварыт “ рванулі з Мінска ў Захараўшчыну . Сто кіламетраў на ўсход да Беразіно , а там амаль столькі на поўдзень , на Клічаў . Дзень разгараўся цудоўны .
- Будзем жыць у маім музеі . Рамантыка ! Ці мог я падумаць , што некалі буду мець свой уласны музей ? – весела казаў Даніловіч-Гоцкі , пазіраючы з акна аўтамабіля на медна-шэрыя сасоннікі і белыя яркія бярэзнікі , што шпарка праляталі ўздоўж яшчэ ціхай ранішняй шашы .
- Давай , заспяваем песню лісоўчыкаў , - раптам прапанаваў ён . І яны заспявалі – Антон басам , Лявон Кукарэка фальцэтным барытонам :
Мы – лісоўчыкі ,
Злыя хлопчыкі .
З цара-бацькі здзярэм
Панталончыкі .
Нам , лісоўчыкам ,
Воля дорага .
За смаленскі лес
Гонім ворага .
Любім белы дзень ,
Ночку сінюю .
У паход ідзем
За Ліцвінію .
Горкіх слёз не лі
З самай раніцы .
Лепш віна налі
Аж тры шкляніцы .
Пацалуй мяне .
Ў зорку вер маю .
Я памру ў сядле
З шабляй вернаю .
Калі гэтая песня змоўкла , Кукарэка , весела падміргнуўшы Даніловічу-Гоцкаму , выдаў , як кажуць , “ на гарА “ гумарыстычны куплецік :
Песня ўся . Песня ўся .
Песня скончылася .
Дзед бабе – кухталя .
Баба скорчылася .
Засмяяліся . А дарога ляцела ды ляцела . Лясы ... Палеткі ... Вёскі ... Масты над рэчкамі і сумнымі меліярацыйнымі канавамі , у якія людзі ператварылі большасць калісьці вясёлых багатых рыбаю мясцовых рэчак . Тых людзей называлі меліяратарамі , героямі . Дзе сёння тыя людзі ? А рачулак няма .
Паступова настрой у Антона пачаў псавацца . Куды ён нясецца на злом галавы ? Хто і што чакае яго ў Захараўшчыне ? Едзе ў свой музей . Смех ! Абсурд ! Учора званіў Марыі , ды чамусьці не ўдалося пагаварыць з ёй . У адказ на ягоныя словы са слухаўкі вырывалася нейкае хрыпенне ды крыкі :
- Алё ! Алё ! Не чую ! Не чую !
Папрасіўшы Кукарэку прытармазіць , сёння ён зноў паспрабаваў звязацца па мабільніку са стрыечнай сястрою , але ў чарговы раз без поспеху . “ Будзь што будзе “ , - па-філасофску вырашыў наш герой і паглыбіўся ў зусім іншыя думкі . Ён даўно заўважыў за сабою адну дзіўную асаблівасць . Асаблівасць гэту можна выказаць словамі даволі вядомага музычнага гурта : “ Цягне мяне на край “ . Яго , Даніловіча-Гоцкага , чамусьці заўсёды нейкая невядомая ўнутраная сіла цягнула , штурхала з натоўпу , з людской гушчыні наперад , на самы край , туды , дзе небяспечна , няўтульна , дзе лёгка можна нарвацца на жорсткі сустрэчны ўдар . Што гэта ? Генетычная запраграмаванасць ? Смеласць ? Дурасць ? Што гэта ?
І наогул ён , з пункту гледжання шараговага абыватля , чалавек , у якога , як кажуць у такіх выпадках , “ не ўсе дома “ . Ён , напрыклад , не жадае ісці ў вялікарусы , не хоча быць часткай нечага грандыёзнага славутага вядомага ўсяму свету . А яшчэ ж Напалеон , Сталін і Гітлер , карсіканец , грузін і аўстрыец , з радасцю адмовіліся ад сваіх маленькіх радзімаў , зрабіліся заўзятымі шавіністамі , французкім , рускім , нямецкім . Чаму ж ён , Даніловіч-Гоцкі , як з пісанай торбаю , носіцца з Беларуссю ? Што гэта дае яму ? Якія , гаворачы сённяшняй моваю , дывідэнты ? Незразумела .
Недзе пасля абеду прыехалі нарэшце ў Захараўшчыну . Вёска не змянілася . Яе абышла бокам сучасная мода на аграгарадкі , і таму нічога тут не будавалася , а ўсё , што было пабудавана раней , старэла , чарнела ды горбілася .
І ўсё-ткі Антон адчуў хваляванне . Як ні круці – малая радзіма . Гэтая зямля помніць сляды ягоных дзіцячых ног .
Асцярожна паехалі па самай старой , самай першай вуліцы Захараўшчыны , якая да гэтага часу была незаасфальтаваная . Машыну кідала на калдобінах . Усцяж вуліцы раслі тоўстыя пачарнелыя ліпы . Сям-там на лавачках сядзелі людзі , без аніякай цікавасці глядзелі на аўтамабіль з мінскім нумарам . Знаёмых твараў Антон не прыкмеціў . Усе – чужыя . Неўзабаве павінна быць дзедава хата . Ягоны музей . Уздрыгнула сэрца .
Тут мы , паважаны чытач , павышаем градус свайго апавядання . Тут у наш даволі плаўны дагэтуль сюжэт рэзка ўломваюцца суровыя рэаліі жыцця .
- Гэта музей ? – здзіўлена зірнуў на Даніловіча-Гоцкага Лявон Кукарэка .
Тое , што яны ўбачылі , вядома ж , ні якім чынам не магло называцца музеем , хіба музеем разбуранасці ды спустошанасці . Перад імі стаяла не хата , а толькі сцены , толькі цёмныя старадаўнія бярвенні . Верхніх вянцоў ужо не было , і бярвенні гэтыя ўзвышаліся над зямлёй недзе ў чалавечы рост .
- Раскіданае гняздо , - прысвіснуў Кукарэка , заглушыўшы рухавік .
Нейкі чалавек , рослы , чарнавалосы , з вялікім гарбатым ці , як яго называюць , арліным носам , мармычучы вясёлую бесклапотную песеньку , адразаў пілой-нажоўкаю ад верхняга бервяна чурбанчык . Сыпалася сухое жоўтае пілавінне . Побач з чалавекам стаяла невялікая двухколая цялежка , па-мясцоваму , вазок . У ёй ужо ляжала некалькі чурбанчыкаў .
Антон Даніловіч-Гоцкі , адчуўшы пад лыжачкай млявасць , азірнуўся па баках . З суседняга двара , абапёршыся вузкімі грудзьмі на варотцы , выглядаў на вуліцу сівашчаціністы худы дзед у зялёным брызентавым плашчы . Нешта знаёмае было ў вобліку , і толькі . Ды сівашчаціністы пазнаў Даніловіча-Гоцкага .
- Прыехаў , Антоська , - сказаў ён сіплаватым надтрэснутым голасам .
- Хто гэта ?- спытаў Антон , кіўнуўшы галавою ўбок пільшчыка .
- А Бог яго ведае . Нейкі каўказ . Мы завем яго Чурбанчык . Прыбіўся да Марыі-сакратаркі , і ў яе жыве .
- Чурбанчык ? – Даніловіч-Гоцкі нервова хруснуў пальцамі рук .
- Чурбанчык , - дробненька засмяяўся сівашчаціністы дзед , - Так Іван Паўлікаў прыдумаў . Ну ён , гэты каўказ , па-нашаму , прабач , чурка , ды й бярвенне ў Сцяпанавай хаце кожны дзень пілуе . Вось таму й Чурбанчык . Амаль кожны дзень прыходзіць сюды і пілкаю жых ды жых . Бачыш , што ўжо зрабіў са Сцяпанавай хатай ? А каб табой чарвякі атруціліся !
Сівашчаціністы злосна плюнуў сабе пад ногі , на слабаходкіх нагах паклыпаў у глыбіню свайго двара . За ім бела-жоўтым табунком адразу пабеглі згаладалыя куры .
- Ты хто ? – падыйшоўшы ззаду да вясёлага пільшчыка , паклаў яму руку на плячо Лявон Кукарэка . Той вышмаргнуў з бервяна пілку , азірнуўся . У прыгожых чорна-масляністых вачах не ўспыхнула ні спалоху , ні здзіўлення . Гэта быў пародзісты мужчына гадоў трыццаці пяці – сарака , з гладкім загарэлым тварам і акуратна падстрыжанымі чорнымі вусамі . Такія джыгіты , круці ні круці , заўсёды падабаліся ды й сёння падабаюцца славянкам .
- Я – Кафар , - з вялікай годнасцю адказаў джыгіт , - А ты хто ?
- А я – гаспадар гэтай хаты , - адсланіўшы плячом Кукарэку , выступіў уперад Даніловіч-Гоцкі , - Па якому праву ты разбураеш мой дом ?
Кафар здзьмуў жоўтае пілавінне з вострых зубоў пілкі , шырока ўсміхнуўся , паказаў зубы , якія таксама былі надзіва прыгожыя .
- Я раблю гэта па загадзе Марыі Іосіфаўны , - весела прамовіў ён , - Яна загадала , і я пілую . А потым калю на дробныя трэсачкі і жарю шашлік . Добры шашлік . Марыі Іосіфаўне вельмі падабаецца .
Усё-ткі ў канцы ён збіўся на каўказкі каларытнейшы акцэнт . Нашы героі , Антон ды Лявон , як прафесійныя літаратары , заўсёды віталі такое неардынарнае самавыяўленне самых розных людзей праз каструбаватае непрыгладжанае слова , праз нязвычны інтэлігентнаму вуху самабытны гук . Яны віталі і славутую беларускую “ трасянку “ , гэту несмяротную народную гутарковую мову , з якой чамусьці зацята , але безпаспяхова змагаюцца чыноўнікі ад культуры і сродкаў масавай інфармацыі . Сёння трасянка – паўнапраўная частка беларушчыны , хочаце гэтага ці не хочаце . Без яе , жывучай жылістай вольнай , сучасная літаратурная мова ператвараецца ў халодную дыстыляваную ваду . Лявон Кукарэка нават вершык напісаў :
Край мой – вятры ды маланкі .
У верасах паляны .
Сталёвым тросам трасянкі
Я да цябе прыкаваны .
Але ў дадзеным канкрэтным выпадку справа была не ў мове , не ў акцэнце . У дадзеным выпадку чалавек па мянушцы Чурбанчык весела знішчаў святое . Няхай яму загадалі , няхай ён не ведаў , не ўсведамляў , што робіць , ды ён знішчаў .
- Жарю шашлік , - жорстка перадражніў Кафара Даніловіч-Гоцкі , - А каб тваю саклю разбіралі па каменьчыку і пад ногі ў гразь кідалі ? Таксама б жаріў шашлік ? Пайшоў прэч адсюль !
Ды Чурбанчык на паверку аказаўся прадуктам з вельмі цвёрдага , можна сказаць, жалезнага дрэва . Ён пагрозліва да памераў ляза горскай шаблі звузіў гарачыя чорныя вочы , ярасна зашаптаў проста ў твар Антону :
- Мне загадала сама Марыя Іосіфаўна . Ты разумееш ? Хочаш каб я зрабіў табе секір-башка ?
Смуглай даланёю ён рубануў сабе па шыі .
- Гэта ты не разумееш ! – крыкнуў Лявон Кукарэка і садануў яму кулаком правай рукі ў ніжнюю сківіцу . Чурбанчык рухнуў , як падсечаны сякерай . Спрабаваў адразу ж ускочыць , але ногі пасля такога хвацкага ўдару былі вялаватыя , разыйшліся-вільнулі ўбакі , не паслухаліся . Ён сядзеў на зямлі , пазіраў на Кукарэку з найвялікшым здзіўленнем і пякучай злосцю .
- Устань і прабач , - працягнуў яму руку Даніловіч-Гоцкі , - І болей не слухай , што скажа табе Марыя Іосіфаўна . Я – гаспадар гэтай хаты .
Кафар узняўся , у бойку абачліва не кінуўся , заціснуў пілу-нажоўку пад паху , пашыбаваў на вёску , пэўна , да Марыі . Антон жа абедзьвюмя рукамі абапёрся аб старыя цёплыя бярвенні . Яны пахлі далёкім дзяцінствам . Дзе ты , дзяцінства , куды сплыло ? Шкада , што ты ніколі не вернешся . Тады , у тых незабыўных днях , так хацелася найхутчэй зрабіцца дарослым , узняцца на крыло , паляцець , як вольная птушка , у зманліва-невядомую будучыню . Сёння ён , чалавек другой паловы жыцця , са скрухай разумее , што палёт гэты , калі быць шчырым , аказаўся не надта ўдалым . Дык ці варта было пакідаць роднае гняздо ?
- А я ведаю чаму гэты Кафар пілуе такія кароценькія чурбанчыкі , - кашлянуўшы , сказаў Лявон Кукарэка , - Не толькі для шашлыкоў . Золата шукае . Царскія мікалаеўскія чырвонцы .
Даніловіч-Гоцкі няўцямна паглядзеў на прыяцеля . Вось аб чым думае чалавек . Ён жа думаў пра Марыю . Тэлефанавала , напорыста крычала ў слухаўку пра музей , пра памяць продкаў , і раптам , калі верыць гэтаму каўказцу , рэзка развярнулася на трыста шэсцьдзесят градусаў – аддала дзедаву хату на дровы для шашлыкоў . Нечувана ! Дзіка ! Кашчунна ! Застаецца адно з двух – ці звар”яцела яна , стрыечная сястрычка , ці звар”яцеў ён . Трэба неадкладна ісці на падворак да Марыі і высветліць усё на месцы .
- Успамінаеш , як на дзедаву страху лазіў ? – пачулася за спіною . Да Антона падыйшоў Алік Чумаковіч , былы аднакласнік , невысокі каржакаваты дзяцюк у акулярах , у нязменнай шэрай фуражцы-васьміклінцы . Як вожык , выкаціўся ён з суседняга завулку , радасна падаў цёплую вузкую далонь спачатку Даніловічу-Гоцкаму , потым Кукарэку . Пасля смерці маці жыў Алік , халасцякуючы , у ейнай нядаўна збудаванай хаце і быў , як помніцца , настаўнікам працы ў мясцовай школе .
Ён заўсёды падабаўся Антону . Шчыры . Сціплы . Прыстойны . З тых ужо вельмі рэдкіх вясковых інтэлігентаў , якія яшчэ чамусьці вераць у справядлівасць і чытаюць кніжкі беларускіх пісьменнікаў .
- Алік , што гэта ? – спытаў Даніловіч-Гоцкі , паказваючы рукой на разбураную хату , на знявечаныя пілой-нажоўкай бярвенні .
Алік зняў акуляры , пахукаў на іх , старанна працёр шкельцы вялікай стракатай насоўкай , зноў начапіў на пераноссе .
- Не такія ты кніжкі пішаш , - сказаў ён .
- А якія трэба ? – здзівіўся Антон . І Лявон Кукарэка разам з прыяцелем навастрыў вушы .
Вельмі ж важна і цікава пачуць , як глыбакадумна вяшчаюць літаратурныя крытыкі , голас народа , голас шараговага чытача .
- Па мне дык твае кніжкі добрыя , глыбокія . Калі езджу ў райцэнтр , заўсёды пытаюся ў кнігарні . Ды нешта даўно ўжо не відаць твайго прозвішча на вокладках , - зноў пачаў здымаць акуляры Чумаковіч , - А тут нядаўна чутка пракацілася між мясцовага чынавенства , што ты , наш зямляк , наша славутасць Антон Даніловіч-Гоцкі павярнуў , як кажуць , не ў той стэп , уступіў не ў той творчы саюз , і наогул ты нейкі дысідэнт . Не так і не аб тым скрыпіць тваё пяро . Вось так . Загадана ў школу нашу цябе не запрашаць і ў раённай газетцы не друкаваць . А мясцовы народ дужа паслухмяны , верыць вярхам . Хацелі мы ў Захараўшчыне ( і Марыя Іосіфаўна вельмі шчыравала ) адчыніць твой музей . Ды , як разумееш , імпэт адразу ж знік . - І з-за гэтага каўказец Кафар пачаў рэзаць на кавалкі хату , родавае гняздо ? – не дужа карэктна перапыніў Аліка Лявон Кукарэка , якому не спадабалася такое песімістычнае шматслоўе . Паэт амаль са злосцю пазіраў на Чумаковіча .
Ды Аліка няпроста было выбіць з раўнавагі . Працёршы , ён зноў начапіў акуляры .
- Я казаў Марыі Іосіфаўне – давайце не кратаць музей , няхай музей застанецца . Але яна зрабілася сапраўднаю пантэрай . Ледзь не абдзёрла мне шчокі . “ І ты , - закрычала , - такі ж зацяты нацмэн , як твой сябра ! Не падбухторвай людзей ! Я – сакратар сельсавету і не дазволю на нашай тэрыторыі гніль разводзіць ! “ .
- Нацмэн – нацыянальны мэн , нацыянальны мужчына . Што ў гэтым кепскага ? Гэта – ганарова ! , - усклікнуў Кукарэка .
- Хачу схадзіць да Марыі . Дзе яна жыве ? – пачаў гарачыцца Антон .
Стрыечная сястра жыла не ў вясковай хаце , а ў сучасным двухпавярховым катэджыку збудаваным з белай і чырвонай цэглы . І дах быў пакрыты не шэрым звычайным шыферам , а эфектным цёмна-шакаладным андулінам . Участак , недзе пад дзесяць сотак , шчыльна агароджваўся плотам з бліскучых лістоў бляхі . Наўкол катэджу раскошна кучаравіўся малады дагледжаны садок . Спадарожнікавая антэна прагна цэлілася ў неба з другога паверху .
- Так жыве-пажывае сакратар сельсавету . Якія ж харомы ў старшыні ? – задумліва пацёр лысіну Лявон Кукарэка .
Даніловіч-Гоцкі рашуча націснуў на кнопку электрычнага званка . Адразу ж з двара сярдзіта забрахаў сабака , цяжка загрымеў ланцугом . У вакне на другім паверсе нехта адшморгнуў зялёную фіранку , паглядзеў , і фіранка зноў зашморгнулася . Падалося , што гэта быў Кафар .
- Гэты Кафар у яе за каханка і за ахоўніка , - патлумачыў Алік , - Першы муж з”ехаў у Маскву і не вярнуўся . Не звані , Антон . Не адчЫняць . Лепш пойдзем да мяне ў хату , перакусім , пагаворым .
Ды Антон з халоднай ярасцю ціснуў і ціснуў на кнопку . Злосць бушавала ў ім , злосць і вялікая крыўда . У гэтыя імгненні ён гатоў быў раструшчыць стрыечную сястру , як раструшчваюць у лузе гнілы грыб-порхаўку . Толькі б смярдзючы шэры дым пайшоў .
Вакно з зялёнай фіранкаю не падавала аніякіх прыкметаў жыцця , і таму пайшлі ў халасцяцкую хату Чумаковіча . Алік хуценька сабраў стол – пляшку гарэлкі , кіслыя агуркі , марынаваныя маслякі , сырыя яйкі з соллю і сала .
- Піце , жылы , пакуль жывы , - бадзёра прамовіў Кукарэка , спрытна куляючы чарку . Даніловіч-Гоцкі з Чумаковічам таксама не адсталі . Што-што , а піць беларусы , дзякаваць Богу , яшчэ не развучыліся .
- Ну й як табе тут жывецца , Алік ? – разрываючы моцнымі зубамі зляжалае цвёрдае сала , спытаў Антон .
- Жыву адзін . Сам сабе , як кажуць , гаспадзін , - адказаў расчырванелы і павесялелы ад выпітага Алік , - Працую ў школе . Сяброў няма . Усе настаўнікі заняты толькі ўрокамі ды курамі і свіннямі на сваіх падворках .
- А дзе ж сучасныя Лабановічы ? – засмяяўся Кукарэка .
- Якія Лабановічы ? Удзень са свечкай не знойдзеш . Паскардзіўся дырэктару Івану Якімавічу , што не магу ў які ўжо раз купіць у райцэнтры паштоўку на беларускай мове , а ён мне : “ А какая разница на каком языке открытки , на русском или на белорусском ? “ .
- І што ты адказаў Івану Якімавічу ? – яшчэ раз чокаючыся з Алікам і Лявонам , спытаў Даніловіч-Гоцкі .
- Адказаў я яму так : “ Можа , чарвяку і ўсёроўна , але ты ж чалавек , ты ж настаўнік “ , - усміхнуўся Алік .
- Малайчына ! Малаток ! – ляпнуў сябрука па плячы Антон , - Мая школа !
Тут неабходна заўважыць , што словы “ мая школа “ – любімейшае крылатае выслоўе нашага героя . Гэткім чынам ён ухваляе правільныя , на ягоны погляд , паводзіны і ўчынкі людзей .
Усцешаны пахвалой Алік падоўжыў свой аповед пра мясцовае жыццё :
- Няма ўжо нашай Захараўшчыны , Антон . Старыя перамёрлі , ляжаць на могілках . Моладзь збегла ў гарады . Пустыня !
- Але ж працуе школа , і ты працуеш у гэтай школе настаўнікам . Значыць , ёсць людзі , ёсць дзеці ў гэтых людзей , - не зразумеў Лявон Кукарэка .
- Набрыдзь ! – махнуў рукою Чумаковіч , - Я не пра дзяцей , не ! Я пра іхніх бацькоў . Перакаці-поле . Хто з Таджыкістана . Хто з Херсона . Хто з Тамбова . Нават з Камчаткі ёсць . У саўгасе працаваць не хочуць . Ім бы нешта ўкрасці , выпіць на халяву , і тады яны шчаслівыя . Ніякая культура ім непатрэбна , асабліва наша беларуская .
- Інтэрнацыянал , - адным ёмкім словам ахарактыразаваў Кукарэка мясцовую сітуацыю . Ён ужо ап”янеў , а ап”яненне ягонае заўсёды было вясёлае .
- Хочаце , песню заспяваю . Пра сябе , - прапанаваў ён і заспяваў тонкім пранізлівым голасам :
А Лявон Лявоніху палюбіў ,
Ён ёй чаравічкі купіў .
Лявоніха , душа ласкавая ,
Чаравічкамі палясківала .
А Лявоніха , ідрыттваю маць ,
Не хадзі маю капусту ламаць .
Я ламала і ламаць буду .
Я давала і даваць буду .
- Ну , ты й даеш , - здзівіўся Даніловіч-Гоцкі , - Пасаромеўся б у настаўніцкай хаце агучваць такую непатрэбшчыну .
- Народная песня . Не я яе сачыняў , - зарагатаў Кукарэка , - Але па вашых заяўках , спадарства , змяняю кружэлку на больш сучасную . Праслухайце анекдот з навінак расійскага шоў-бізнесу . Славутая спявачка Маша Распуціна перад чарговымі прэзідэнцкімі выбарамі змяніла свой творчы псеўданім . Зараз яна – Раша Запуціна .
- Ой , аб”явяць цябе ў единой и неделимой персонай нон грата , - пачаў наліваць новую чарку Антон .
Сядзелі за сталом амаль да світання . Алік са сваіх халасцяцкіх сховаў некалькі разоў прыносіў гарэлку . За гэты час да вясёлай кампаніі далучыліся яшчэ два чалавекі . Першы зайшоў на агеньчык у Алікаву хату ягоны сусед васьмідзесяцігадовы пенсіянер Павел Фядчук , сівы згорблены з калісьці яркасінімі сумнымі вачыма . Усё жыццё працаваў саўгасным фуражырам , меў у сваім распараджэнні рудую кабылку Расінку . Моцна пасябраваў з ёю , прыкіпеў душой . Не раз прывозіла Расінка свайго п”яненькага гаспадара , што соладка спаў , да самай хаты . І ён не шкадаваў ёй ні аўсу , ні свежай сакавітай канюшыны . Калі ж пастарэў , аслабеў , пайшоў на пенсію , адабрала ў яго начальства любімую кабылку . І неўзабаве зарэзалі яе на мяса , а косткі выкінулі ў лес , дзе іх расцягалі галодныя лісы . З таго часу стала прыкмячаць жонка Тацяна , што дзеецца з мужам нешта няладнае . Захварэў , злёг , не спаў , глядзеў у столь , як ні стараўся , не мог заснуць . І ўсё да нечага прыслухоўваўся , нечага як бы чакаў . Часта будзіў яе глыбокай ноччу :
- Таня , Таня , барджэй уставай , ідзі й адчыні вароты . Кабыла іржэ .
І вочы блішчэлі . Або ўсхопліваўся з ложка на саменькім золку , хуценька пачынаў апранацца .
- Куды ты ?
- Пайду . Я яшчэ кабылу з лугу не прывёў .
Наступны пастукаўся ў вакно Міша Дрэнь – мясцовы прадпрыймальнік . Не зважаючы на сваё не надта мілагучнае прозвішча , ён зусім нядрэнны сучасны дваццацісямігадовы чалавек , працавіты , сацыяльна актыўны , пакуль яшчэ нежанаты . Як шмат хто з равеснікаў , скончыў ВНУ , ды не схацеў “ рачкаваць “ звычайным інжынерам за звычайную зарплату і рушыў у бізнэс . Вядома , ён не Дзялендзік і не Абрамовіч , але ён – вольная птушка . Міша – каваль , які ўласнымі рукамі і мазгамі куе шчасце для сябе і сваіх будучых дзяцей .
Чым толькі ён ні займаецца ! І купляе , і прадае , і вырошчвае ў самаробнай цяплічцы грыбы-вешанкі . Нават надумаў стравусаў разводзіць , ды не вытрымалі паўднёвыя птушкі беларускіх кліматычных умоваў . Дзень і ноч на сваёй зялёнай “ Шкодзе “ матляецца прадпрыймальнік па раёне , залётвае ў Мінск , звоніць па мабільніку , падпісвае дамовы , сустракаецца з калегамі і кліентамі , б”е чалом мясцоваму банкіру , выпрошваючы крэдыт , гаворыць то ліслівым шэптам , то ярасным крыкам з пажарнікамі , міліцыянтамі , санітарнымі ўрачамі , падатковымі інспектарамі ... Галава ідзе кругам , пухне .
- Шмат капусты насцябаў , Дрэнь ? – пытаюць у яго , прыпыняючы на дарозе , знаёмыя даішнікі .
- Усю капусту зайцы паелі , - дасціпна адказвае ён , маючы на ўвазе зялёныя амерыканскія даляры ды начальніка мясцовай міліцыі Зайкоўскага .
Даішнікі смяюцца і заўсёды просяць-патрабуюць блок замежных цыгарэтаў .
Надумаў няўседлівы Міша рабіць мэблю , крэселкі і столікі для дзіцячых садкоў . Знайшоў у суседнім калгасе закінутую , разбураную , як Бастылія , сталоўку . Будзе нядрэнны цашок . Вядома , усю гэту рухлядзь трэба падлатаць , пафарбаваць , правесці новую электрыку , абагрэць ... Вось для абагрэву і купіў Дрэнь , фінансава напружыўшыся, новенькі нямецкі кацёл “ Вісман “. Малюначак ! Траццякоўская галерэя ! Увесь жоўты , бліскучы . Працуе , як зальеш саляру , з мяккім роўным гулам , цыферблат ярка свеціцца , стрэлкі манометру ўздрыгваюць паслухмяна і таямніча . Арыец , адным словам !
А як у чарговы раз ірвануў на “ Шкодзе “ да Мінску , зазваніў мабільнік і са слухаўкі пачулася :
- Таварыш , гаспадзін дырэктар Дрэнь ! Звоніць ваш вартаўнік Юзік Казімірэц ! Немец паламаўся ! Ало ! Гало ! Ці чуеце вы мяне ? Фрыц аддаў канцы !
Які немец ? Які фрыц ? Чаму паламаўся ? Ну , Казімірэц , ну , алкагольны рамантык !
Але рамантыкі на гэты раз не было . Аказалася , адключыўся , згас , заціх , памёр
“ Вісман “ . Не падаваў аніякіх прыкметаў жыцця . Быў маўклівай металічнай гарой . На якія кнопкі не націскай , што ні рабі – нуль , зіраў .
У Мішы , пэўна , ад нервовага пераўзбуджэння , раптам пачаўся кашаль , ручай пацёк з носу . Ён упаў на калені перад сваім любімым “ Вісманам “ і , не разлічваючы ні на чыю дапамогу , сам узяўся вяртаць яго да жыцця . Намучыўся . як калгасны конь . І , перад самай раніцай , гэта яму ўдалося . У паліве , у саляры было шмат бруду – калі злівалі паліва , яму не далі адстояцца , і чорная каламуць забіла , закупорыла ўсе трубкі . Дрэнь браў у рот шланг і прадзьмуваў-прадзьмуваў , адчуваючы , як у знямозе замірае-трапеча сэрца , усе металічныя вантробы “ Вісмана “ . І кацёл ажыў , загуў , як лугавы чмель .
Мішу зрабілася зусім блага . Узвіхурылася тэмпература . Пачаў гарэць лоб . Яму раптам падалося , што ён ідзе па Берліне , трымаючы пад ручку бухгалтарку Лену , сваю будучую жонку , і ўсе сустрэчныя немцы і немкі прыязна весела ім усміхаюцца , не падазраючы нават , што яны з Беларусі . “ Чаму я не немец ? – пакутліва думае Міша Дрэнь , - Чаму , і я , і Лена , і дзеці , што ў нас народзяцца , павінны жыць горш , чым усе еўрапейцы ? Чаму мы павінны зведаць больш пакутаў , чым яны ? “.
Потым яму падалося , што ён прысутнічае на паседжанні германскага рэйстагу , і грозны вусаты канцлер Бісмарк ( успомніліся ўсё-ткі школьныя ўрокі гісторыі Нупрэя Кандратовіча ) лупцуе ўсіх дэпутутаў , у тым ліку , і яго , Мішу , пякучым бізуном і люта крычыць : “ Германія , Германія вышэй за ўсё ! “. Ён лупцуе , а Мішу не страшна . Міша ўсім целам прыціскаецца да гарачага “ Вісмана “ і натхнёна шэпча : “ У нас насмарк . У вас Бісмарк . У вас Бісмарк . У нас насмарк “.
Вось які малады чалавек сеў за адзін стол з нашымі героямі , хвацка кульнуў чарку гарэлкі , пачаў закусваць кіслым агурком .
- Як працуецца , Міхась ? – спытаў Даніловіч-Гоцкі .
Дрэнь глянуў на яго звузелымі ад стомленасці вачыма , адказаў:
- Раней нас вучылі так : “ Добра працуеш – калгас мацуеш “. Была пры камуністах такая быццам бы народная прымаўка . А сёння я нават і не ведаю на каго працую і каго мацую . Але адназначна , што мацую не сябе . Амаль усё заробленае ідзе на падаткі . Самыя розныя кантралёры налятаюць з усіх бакоў , як вараннё . А падатковыя інспектары ! Ніколі не забуду , як галоўны раённы падатковы інспектар , сказаў мне , важна седзячы ў сваім начальніцкім крэсле :
- Вы , Дрень , не состоялись , как бизнесмен .
Я , вядома , прамоўчыў , але падумаў : “ Ты б , кабінетны кабан , на маім месцы і тыдзень не пратрымаўся – абпісяўся б ад перанапругі “.
- Дык , значыць , кранты твайму бізнесу ? – са шкадаваннем спытаў Кукарэка .
- Ды не . Я ўжо не магу іначай . Я ўжо прывык спадзявацца не на добранькага дзядзьку , а толькі на самога сябе .
Дрэнь зірнуў на наручны гадзіннік , узняўся з-за стала :
- Пабягу я , хлопцы . Трэба трохі пакімарыць , паспаць . Заўтра ў пяць гадзін раніцы паімчуся ў Бабруйск . Дзякуй за хлеб-соль і гарэлку .
Разам з ім , цяжка ўздыхнуўшы , пайшоў стары Фядчук . Пэўна , зноў будзе сніцца яму кабыла Расінка .
- Вось такое ў нас жыццё , - як бы падвёў нейкую рысу Алік Чумаковіч , - Усё ў кучы – і паэзія , і проза . А мы яшчэ пасядзім , пагаворым . Дужа рэдка , ды амаль ніколі , здараюцца ў мяне такія жаданыя , такія прыемныя госці . Часам хочацца завыць піліпаўскім ваўком .
Сядзелі , гаварылі . Шмат пра што . Гаварылі , к прЫкладу , пра новага амерыканскага прэзідэнта Абаму . Гэта несумненная праява дэмакратыі ў Злучаных Штатах . Эпахальная праява . На вышэйшы пост галоўнай дзяржавы свету ўзняўся чарнаскуры . Хто мог яшчэ некалькі год таму нават падумаць пра такое ? Чорныя рабы , залупцаваныя да смерці наглядчыкамі плантацый бавоўны , пэўна , водзяць на тым свеце радасныя карагоды , спяваюць велічальныя песні . Дзядзька Том ( памятаеце гэтага вялікага чалавека з залатым сэрцам ? ) глядзіць праз тоўшчу часу і плача ад шчасця .
Сышліся на тым , што амерыканскія выбары маяк для ўсёй планеты . І некалі ( чаму б не памарыць ? ) прэзідэнтам Расіі магчыма абяруць мусульманіна , а прэзідэнтам Беларусі –
свядомага !
Затым размова сваімі нечаканымі хадамі-паваротамі прывяла да анекдотаў пра бландзінак . Ясна , што анекдоты гэтыя нехта мэтанакіравана сачыняе і па завязку напаўняе імі радыё і тэлеэфір , старонкі газетаў . Але каму патрэбна , каму выгадна рабіць абмежаванымі тупымі дурніцамі светлавалосых прыгажуняў , у большасці сваёй , дачок еўрапеоіднай расы – скандынавак , якія нараджалі і нараджаюць вікінгаў , англічанак , шатландак , ірландак , датчанак , галандак, эстонак , паўночных немак , расіянак , беларусак і полек ? Гэта зусім не так смешна , як некаму здаецца . У сутнасці , запахла новым расізмам .
- Колькі расістаў , столькі й расісцкіх тэорый , - сказаў Лявон Кукарэка , - У свой час гітлераўскія прапагандысты ўзнімалі на шчыт арыйца – высокага , блакітнавокага , светлавалосага , мудрага , мужнага і гэтак далей , і гэтак далей . Але вось , што тады ж пісаў ідэолаг італьянскага фашызму паэт Марынеці : “ Калі брунеты будавалі Свет , ваявалі , паміралі , змагаліся з прыродай , бландзіны спалі . Калі брунет упершыню ўбачыў жанчыну , ён прамовіў : “ Я кахаю цябе “ , а бландзін падлізліва прашаптаў :
“ Даражэнькая , ці няма ў цябе грошай ? “. Цёмныя валасы і цёмная скура – гэта Сонца . Светлыя валасы і светлая скура – гэта Месяц . Гісторыю твораць брунеты . Жанчына , сястра мая , маці мая , як ты можаш любіць бландзіна ?! “
Тут Антон Даніловіч-Гоцкі , хітра ўсміхаючыся , зірнуў на суразмоўнікаў :
- Хана нам , хлопчыкі . Мы ж таксама крыху бландзіністыя . Ты , Алік , я , ды й Лявон , хоць ён лысы .
Усе трое засмяяліся . А Лявон Кукарэка ўсклікнуў :
- Цяпер я разумею чаму сёння такім шалёным попытам карыстаецца прадукцыя фабрык і заводаў па вытворчасці фарбаў ! У залежнасці ад таго , хто кіруе краінай – брунет або бландзін , можна хуценька перафарбавацца ў патрэбны колер .
- Вып”ем за бландзінак ! – урачыста абвясціў Даніловіч-Гоцкі .
Стоячы выпілі за прыгожых вабных мудрых жанчын . Усё-ткі , калі прыпомніць , бландзінкамі былі найславуцейшыя з жанчынаў – Алена Прыўкрасная , Клеапатра , англійская каралева Вікторыя , Мэрлін Манро ...
Ужо пачынала густа цямнець , калі Даніловіч-Гоцкі вышаў на вуліцу . Каля электрычнага ліхтара , што гарэў на слупе непадалёк ад Алікавай хаты , у нейкім фантастычным бясконцым танцы раіліся начныя мятлушкі . Кажуць , што гэта душы маленькіх памерлых дзяцей , якіх не паспелі ахрысціць . Побач шумеў цёмны школьны парк . Дрэвы , бярозы , рабіны ды ліпы , былі дужа старыя , журботныя , стомленыя , як і людзі , доўгім жыццём . У самым цэнтры парку слаба свяцілася пад месяцам нейкае ўзвышэнне . Антон ведаў , што гэта славутыя Шчукінскія горы , дакладней , тое , што засталося ад іх . Калісьці , гадоў сорак таму , у Захараўшчыну прыехаў малады настаўнік геаграфіі Пятро Шчукін з маладою жонкай . І першае , што ён адразу ж пачаў рабіць і чым назаўсёды ўразіў мясцовую дзятву , быў велізарны натурны макет дзівоснай горнай краіны . Злепленыя з гліны , умацаваныя палявымі камянямі , пафарбаваныя ў надзвычай яркія асляпляльныя колеры , горы гэтыя здаваліся жывымі . Зіхотка бялеўся снег на стромкіх вострых вяршынях . Сінія рэкі змяіліся ў змроку вузкіх глыбозных цяснінаў . Па карычневых скалах цёк бліскучы блакітны ледавік . Чырвоны агонь пагрозліва вырываўся з кратэру вулкана . У першыя дні паглядзець на гэты цуд беглі дзеці з самых аддаленых вёсак , збіраліся дарослыя . Міналіся гады . Выпускнікі , пакаленне за пакаленнем , назаўсёды пакідалі школу . Пад дажджом і снегам , пад ветрам і сонцам уся гэта прыгажосць паступова мізарнела , разбуралася . Ды , як нязгасны таямнічы агеньчык з далёкага дзяцінства , як запаветны пароль , засталіся ў душы і ў памяці кожнага , хто калісьці крочыў праз школьны парк у свой клас , два словы – Шчукінскія горы .
Даніловіч-Гоцкі ў задумлівым утрапенні пакіраваўся да парку .
- Ці не ты гэта , Антон ? – пачулася раптам за спіной .
Ён уздрыгнуў , павярнуўся на голас . Сярэдняга веку сялянка з сярпом у правай руцэ , з ношкаю свежай толькі што нажатай травы стаяла перад ім у коле няяркага жаўтлявага святла , што лілося з ліхтара . Твар быў дужа загарэлы ссушаны . Такімі ж загарэлымі былі спрацаваныя рукі . Маршчынкі сетачкай клаліся каля вачэй і каля вуснаў , якія , пэўна , ніколі не ведалі парфумы . На вузкіх плячах у жанчыны нязграбна тапырыўся шэры мужчынскі пінжак з залапленымі на лакцях рукавамі . На нагах шамацелі чорныя гумовыя боты . Сінюю хусту яна завязала на галаве шаламком . З-пад шаламка вылузваліся пасмы русых валасоў , што пакрысе пачыналі сівець . Ва ўсёй жаночай паставе адчувалася стома і пакорлівасць лёсу .
- Прабачце , хто вы ? - сказаў Даніловіч-Гоцкі , прыпыняючыся .
- Не пазнаў , - ціха ўсміхнулася жанчына , і спусціла ношку з пляча на зямлю , - Я ж Галя Яскевічава , Галя Яскевіч .
- Галя Яскевіч ? - Антон аж адступіўся на крок , - Гэты ты , Галя ?
- Яна самая . Была за мУжам - Доўгая . Але муж спіўся , скурвіўся , і я пайшла ад яго . І вярнула сабе дзявочае прозвішча - Яскевіч . Вось травы схадзіла свінням нажаць , - яна наском гумовіка лёгенька стукнула па ношцы .
- Ах , Галя , Галя , - усхвалявана загаварыў Даніловіч-Гоцкі і паклаў ёй на плячо руку , - Ты ж паступіла , мне казалі , у Магілёўскі педінстытут , вучылася там .
- Паступіла і вучылася . Але ўсяго толькі адзін семестр . Потым мой бацька на станцыі Несяце трапіў пад цягнік . Яму адрэзала абедзьве нагі . Я вярнулася ў вёску . І вось жыву .
Антон глядзеў на сваю аднакласніцу , на былую выдатніцу і першую прыгажуню ўсёй захараўшчынскай школы . Як бязлітасна абыйшлося з ёю жыццё ! Назаўсёды прыкавала да вёскі і знясільваючай вясковай працы , груба сцёрла прыгажосць з твару і фігуры , дало ў мужы дзікага п”янтоса . А колькі крылатых мараў , колькі светлых парыванняў было ў часы школьнага юнацтва !
- Ты ж хацела вучыцца на актрысу , - сказаў ён .
- Хацела быць актрысай , а зрабілася саўгаснай крысай , па-нашаму , пацуком , - засмяялася Галя нервовым сіплаватым смехам . Гэта збянтэжыла Антона , а Галя , заўважыўшы ягоную збянтэжанасць , дадала яшчэ большай пякоткі і наўмыснай вульгарнай вастрыні .
Людзі жэняцца , я . . . ца ,
А нам невашта абуцца ,
прадэкламавала яна вядомы яшчэ з камуністычных часоў вершык .
Памаўчалі . Шумеў школьны парк . Ягоная маладая лістота спявала аб незваротным далёкім юнацтве . Напаўразбураныя Шчукінскія горы свяціліся пад яркай поўняй , як кавалкі срэбра . Антон з Галяю павольна пайшлі да іх .
- Памятаеш наш выпускны вечар ? – казала Галя , і месячныя промні сыпаліся ёй на твар і на плечы , - Танцавалі . Спявалі . Дырэктар саўгасу Леўчанка прапаноўваў усім класам застацца на ферме , каб была маладзёжная камсамольская ферма . Абяцаў , што аб гэтым напішуць ва ўсіх газетах , здымуць перадачу для тэлебачання . А сам сваю сям”ю трымаў у Бабруйску . І дзеці ягоныя , сын і дачка , ніводнага разу не прыехалі ў нашу Захараўшчыну .
- Тады – маладзёжныя фермы , сёння – аграгарадкі , - Даніловіч-Гоцкі забраў з Галінай рукі ношку з травою , - А селянін , як не быў гаспадаром на зямлі , так і сёння ніякі не гаспадар . Нейкі прыдатак да зямлі , нейкі інструмент . Чаму наш народ жыве так бедна , так некультурна ? Быў у Польшчы , дык там рольнікі , гэта значыць , сяляне маюць добрыя гаспадаркі , трактары , аўтамабілі , самаходы , па-іхняму , цаглянае жытло . Хочаш , пачытаю верш , які я напісаў пад уражаннем пабачанага ?
- Чытай , - дазволіла Галя .
Там за Бугам , там за Бугам
Еўрапейскім аруць плугам .
Блішчыць пад сонцам Буг-рака .
Я ж – хлопчык з аграгарадка .
Самаходы ходзяць цугам .
Там – “ Мерседэсы “ . Не – “ Ока “.
Жыву я ў аграгарадку ,
Хоць мне гібець тут неахвота .
Падай мне , Божухна , руку
І выцягні мяне з балота .
- Ты заўсёды быў вельмі разумны , - спынілася каля Шчукінскіх гор Галя , - Я вучылася амаль на адны “пяцёркі “ , ішла на залаты медаль . У цябе ж часта праскоквалі “ тройкі “ , але я адчувала – шмат у чым ты разумнейшы за мяне . Не магла зразумець у чым , але заўсёды адчувала .
- Не перабольшвай , Галка , - паклаў ёй руку на плячо Антон .
- А я не перабольшваю , - рэзка скінула ягоную руку Галя , і голас зноў набыў сіплаватасць , - Так заўсёды было . Так ёсць . Вось стаіш ты перада мной – гарадскі , добра апрануты , прыгожы , сыты і ўпэўнены ў сабе . І што я ў параўнанні з табою ? Былінка . Звялы палявы васілёк . Брудная няшчасная затурканая баба . Дзярэўня . Няўдаліца .
- Перастань , - папрасіў Даніловіч-Гоцкі .
- Не перастану . Так было . І так будзе . Заўсёды так будзе .Качцы ніколі не лётаць вышэй сокала . А я была выдатніца. Я выступала на першых ролях у школьным драмгуртку . Я была прыгажуня . Мне так казалі . Усе нашыя хлопцы бегалі за мной . І ты бегаў . Праўда ж , бегаў ?
- Бегаў . Але перастань .
- Не перастану . Тут баліць , - яна паклала руку на сэрца , - Чаму я такая нешчаслівая ? Бязмужняя . Безабаронная . Жыву нібы ў вар”ятні . Ты – вялікі чалавек , вядомы пісьменнік , у сталіцы прапісаны . А я ? Ведаеш , кім і дзе я працую ? Торфабрыкет на Лойкавым балоце ў ваганеткі гружу . Пад вечар спіна робіцца як драўляная . Іду дадому , а там двое дзетак чакаюць , халодныя і галодныя .
- Знайшла б мужыка . З мужыком было б трохі лягчэй , - няўпэўнена параіў Даніловіч-Гоцкі .
Галіны вочы раптам успыхнулі яркім нейкім драпежным святлом . Яна рэзкім рухам сарвала з галавы шаламок . Аказалася , ў яе вельмі густыя , вельмі доўгія і прыгожыя валасы . Яна матлянула імі , і яны крутнуліся русым веерам , нават хвастанулі Антона па шчацэ .
- А мне непатрэбен , як ты кажаш , мужык , - з вялікай годнасцю сказала яна , - Мне патрэбен чалавек . Чалавек . Каб не хадзіў вакол мяне , як кот каля гарачага , а шанаваў мяне , паважаў , на руках насіў . І дзяцей маіх паважаў і ахоўваў . Што глядзіш , як пятнаццацігадовы цнатліўчык-недатыка ? Шкадуеш ? Павучаеш ? А сам беленькі , чысценькі , адэкалончыкам гарадскім пахнеш .
- Галя , супакойся , - паспрабаваў абняць яе Антон , - Усё яшчэ наладзіцца . Наперадзе яшчэ цэлае жыццё .
- Жыццё ўжо ззаду , - адхінулася яна ад яго , - Там – у нашай школе , у нашым класе , у нашым драмгуртку . Там , дзе я на нашай клубнай сцэне іграла купалаўскую Паўлінку . І ўсе апладзіравалі . Усе ! І старыя дзяды з бабкамі , і малеча , што проста на падлозе сядзела перад сцэнаю .
Галя звузіла вочы , прыкусіла губу , змоўкла . Убіралася ў сілу цёплая вясновая ноч . Срэбная скібка месяца ззяла над зямлёй . Зоркі трымцелі на цёмна-сінім бязмежным шкле нябёсаў ці то ад шчасця , ці то ад нейкай трывогі .
- Шкадуеш , - зноў загаварыла Галя , - А ты не шкадуй . Не шкадуй мяне , пісьменнічак . А вазьмі . Вазьмі мяне вось тут , на Шчукінскіх гарах . На нашых з табой Шчукінскіх гарах . Вазьмі мяне , вясковую . Што ? Слабо ?
Яна прытулілася да Антона пругкімі гарачымі грудзьмі , прыпала да ягоных вуснаў сваімі , мяккімі і салодкімі . Гэта было так нечакана і так ашаламляльна-радасна . Даніловіч-Гоцкі адчуў ва ўсім целе звонкі п”янлівы шал крыві . Ён моцна сціснуў у абдымках згаладалую па пяшчоце жанчыну , пачаў цалаваць яе , гладзіць , лашчыць і шаптаць на вуха :
- Ты – самая харошая . Ты – самая прыгожая . Ты – залатая Паўлінка . Павер , я не забыў той час .
Кудзеркі ейных валасоў шаўкавіста наліпалі яму на вусны , збівалі блыталі дыханне , ды ў гэтым была найвялікшая і найвастрэйшая асалода – адплываць у самую патаемную глыбіню рэзка абуджаных пачуццяў , у пачатак пачаткаў . Там , у той глыбіні , заўсёды пануюць несмяротная маладосць і вечная хвалюючая прыгажосць . Там жыве вясна . Там нараджаецца сонца .
Яны кахаліся проста на траве , каля самага падножжа разбураных Шчукінскіх гор . У траве трапляліся цвёрдыя вострыя каменьчыкі , упіваліся ў цела , але ўпіваліся небалюча . Гэта толькі ўзбуджала .
- Антонка , - шаптала Галя , страсна цалуючыся , - Прыехаў з юнацтва ... Вярнуўся ... Мой прынц на белым кані ... Дзякуй табе ... Вялікі дзякуй ...
Хацелася ўзвіцца над зямлёй , узляцець у паднеб”е , ператварыцца ў сонечны прамень , у пякучы вогненны метэарыт .
- Мамка , што ты робіш тут ? – пачуўся раптам з цемры спалохана-здзіўлены дзіцячы галасок . Маленькая дзяўчынка выглядвала з-за беластволай бярозы крокаў за дзесяць ад Шчукінскіх гор .
Жаночае і мужчынскае цела адразу абвялі , абціхлі , быццам трапілі пад ледзяны вадаспад . Толькі сэрцы не маглі супакоіцца , усхвалявана тахкалі .
- Мая ты Волечка ! Мая дочачка ! – усхапілася Галя , - А ты што тут робіш ?
Агладжваючы спадніцу , яна пабегла да дзяўчынкі , нават не азірнуўшыся на Антона . Ён навобмацак пашукаў у траве каменьчык-драбок ад Шчукінскіх гор , знайшоў , паклаў у кішэню . Хай застанецца напамін . Хай гэтая сустрэча не забудзецца ніколі .
Назаўтра раніцою Даніловіч-Гоцкі , Лявон Кукарэка і Алік пайшлі на захараўшчынскія могілкі . Тут яны называюцца – магілле . Суровае пракаветнае дрыгавіцкае слова . Карэнне ... Каменне ... Насенне ... Крылле ... Магілле ... Нямоўчная музыка стагоддзяў гучыць у гэтым .
Антон з Алікам паклалі на магілы сваіх бацькоў сціплыя букеты палявых кветак , схілілі галовы , памаўчалі . Потым ціха пабрылі ў Вечнасць ...
У самым цэнтры могілак , на тым першапачатковым участку , які калісьці быў лесам , стаяць-парахнеюць дужа старыя меднастволыя хвоі . Растуць вішні-касцянкі з буйнымі вельмі салодкімі ягадамі . Даўным-даўно , калі памірала немаўлятка , каля магілкі садзілі вішаньку , каб дзіцячая душа магла пакаштаваць ягадак . Антон у хлапчукоўстве ніколі не рваў іх , але некаторыя ягоныя равеснікі рвалі , елі , казалі , што надзвычай смачна .
У цесным царстве старадаўніх забытых людзьмі магілаў , збуцвелых аброслых зялёным мохам драўляных крыжоў ці чырвона-іржавых жалезных , сатлелых рушнікоў , што былі павязаны на гэтыя крыжы , паміж гусцейшых зарасцяў крапівы і малінніку , пад цёплае няспыннае дзумканне пчолаў і мух , ішла кругам галава , разбягаліся вочы , мудрэла сэрца . “ Сёння ты – жывы , сёння ты ідзеш , дыхаеш , глядзіш , а ўжо заўтра й цябе можа забраць усясільны тлен “ – нашэптваў нейкі халодны ўнутраны голас .
Тыя людзі , якія шмат гадоў таму выкапалі тут першую магілу , не маглі , вядома , нават уявіць , што столькі мёртвых ляжа ў гэтую зямлю . Могілкі даўно пераліліся , перацяклі праз калісьці адведзеную ім мяжу , захапілі суседні палетак і луг . Сёння тут сапраўдны некропаль раённага маштабу . Чамусьці менавіта ў Захараўшчыну вязуць хаваць нябожчыкаў з самых аддаленых вёсак , здараецца , за дзесяткі кіламетраў .
А якія тут помнікі ! Гранітныя . Мармуровыя . Бліскучыя . З залатымі пышлівымі літарамі і , нібы жывымі , велізарнымі партрэтамі памерлых . Магілы абнесены ўзорыстымі металічнымі агароджамі . Усюды прыгожыя лавачкі і столікі . Надзвычай дарагія вянкі . Ахапкі яркіх кветак , жывых і штучных .
- Алік , тут жа калісьці было наша футбольнае поле ! – уражана ўсклікнуў Даніловіч-Гоцкі , прыпыніўшыся каля нейчай раскошнай магілы .
- Было , - згадзіўся Чумаковіч , - Недзе вось тут мы змайстравалі футбольныя вароты , і ты ў іх гуляў варатаром за нашу школьную каманду . Цябе яшчэ называлі – Яшын .
Чым больш блукалі па могілках , тым вастрэйшае раздражненне і непрыняцце ўбачанага выспявала ў Антонавай душы . І ён зразумеў прычыну . На помніках , велічных і зіхоткіх , ён не прачытаў аніводнага беларускага слова . Скрозь – расейшчына . Упэўненая ў сабе , ганарлівая , напорыстая і аднастайная , нібы ў вайсковай казарме . Яму , што даастатку аддаў сваю душу беларускай літаратуры , было да болю крыўдна . Дзеля чаго тады ён крэмзае аповесці і вершыкі ? І наогул – дзеля чаго ён жыве ?
Забалела галава . Раптоўна стаміліся аслабелі ногі . Ён спыніўся , глянуў наўкол . Там-сям каля прыгожых новых магілаў завіхаліся людзі – падмяталі , фарбавалі , палівалі кветкі . І ў патаемнай глыбіні душы нарадзілася загучала Слова .
Могілкі ...
Цень ад хвояў варушыцца
На жоўтым пяску
І на бліскучых плітах .
Месца , якое , урэшце рэшт ,
Супакоіць кожнага з нас .
Захараўшчынскія могілкі ...
Тут ляжаць мая маці з бацькам .
Тут ляжыць амаль уся мая радня .
Надпісы на новых помніках – скрозь па-расійску .
Хоць пры жыцці , я добра памятаю ,
Усе гэтыя людзі гаварылі беларускай моваю .
Хто ж адлучыў вас ад беларушчыны ?
Хто зрабіў так ,
Што беларуская мова жыве рабыняю ў сваёй жа хаце ?
Мінскае начальства ?
Раённыя чыны ?
Праваслаўны поп ,
Які служыць Маскоўскаму Патрыярхату ?
Быццам паўзе нейкі жахлівы крывасмок .
Вось магіла настаўніцы беларускай мовы
Вольгі Маркаўны Гудасавай .
Надпіс ейныя дзеці адштукавалі таксама па-расійску .
Ці не цяжка табе пад бліскучай плітою ,
Шчырая беларусачка ?
Так , ты была шчырая .
Ты заўжды навучала нас беларушчыне .
Толькі дзякуючы табе , я калісьці пачуў
Плач перапёлкі ў жыце ,
Свіст маладых шпакоў на бацькавай ліпе ,
Буслінае клекатанне .
Стаю самотны .
Стаю з неспакойнай узбунтаванай душою .
Хто ж супакоіць маю душу ?
ХТО ПЕРАПІША НАПІСАНАЕ ,
ВЫДЗЕЎБЛЕНАЕ Ў КАМЕНІ ?
- Пойдзем адсюль , хлопцы , - сказаў Даніловіч-Гоцкі .
Кукарэка з Чумаковічам глянулі на ягоны ўсхваляваны твар , моўчкі пашыбавалі за ім . На зялёным лужку , якраз насупраць мясцовай крамы , убачылі купку моладзі , чалавек пяць-шэсць , і між іх Кафара . Яны ляжалі ўкруг рассцеленай газеціны , пілі віно . Ужо некалькі парожніх бутэлек блішчэла на траве . Над закускаю , кавалкамі жоўтага сала і кіслымі агуркамі , лёталі мухі . Ніхто іх не адганяў , бо ўсім было весела – слухалі анекдоты , якія расказваў Кафар .
- Геня , падыйдзі сюды , - паклікаў Антон аднаго з хлапцоў .
Той незадаволена зморшчыўся , але ўзняўся з травы , падыйшоў . Быў ён загарэлы , буйнавокі і доўгавалосы . На правым кулаку вытутаіравана гадзюка , што абвівае меч . Апрануты ў старую марскую цяльняшку з дзіравымі рукавамі .
- Ну , вось ён я , - сказаў Геня Гудасаў , парукаўшыся з усімі , - Чаго клікаў ?
- Што табе маці наказвала , Геня ? – сухім голасам спытаў Антон .
- Якая маці ? – не зразумеў Геня .
- Твая .
- Дык яна ж памёрла .
- Што наказвала табе твая маці Вольга Маркаўна перад смерцю ? – стрымліваючыся,
цярпліва патлумачыў Даніловіч-Гоцкі . Гудасаў недаўменна перасмыкнуў плячыма і азірнуўся на сваіх сябрукоў . Тыя ўжо налівалі чарговыя шклянкі .
- А я ведаю , я чуў , што яна табе наказвала . Яна прасіла , каб ты і твая сястра , зрабілі надпіс на ейным помніку па-беларуску . А што зрабіў ты ?
- Ах , вунь яно што ! – нарэшце ўцяміў Геня і закрычаў :
- Ды пайшоў , блін , на хутар ! Указчык знайшоўся ! Азабочаны , блін ! Свядомы ! Валяй назад у свой Мінск ! Каціся адсюль ! Як хачу , так і пішу !
Ён плюнуў пад ногі , крута павярнуўся , каб ізноў легчы каля газеціны , ды Антон схапіў яго за каршэнь . Гудасаў , шалеючы ад гневу , ірвануўся . Затрашчала цяльняшка .
- Пісака ! – заверашчаў Геня , - Мы ніколі не чыталі твае кніжкі , блін ! Не бралі іх у школьнай бібліятэцы ! Рэж мяне на кавалкі , ды я ўсёроўна не буду іх чытаць ! Цьфу !
- Гніда , - ціха сказаў Антон і што ёсць моцы ўдарыў кулаком у перакошаны нянавісцю чырвоны твар . Геня чмякнуўся , як саламяны куль . Адразу ж ускочылі з прымятай травы ягоныя сябрукі . Пахістваючыся , мацюкаючыся , яны папёрлі на Даніловіча-Гоцкага .
- Лісоўчыкі , плячо да пляча ! – весела крыкнуў Лявон Кукарэка і рэзкім магутным аперкотам зваліў з ног Кафара . Ускіпела бойка . Супроць Антона , Лявона і Аліка стаяла шэсць маладзёнаў і Кафар . Але яны былі п”яныя , вялыя , і вельмі хутка разбегліся з расквашанымі насамі . Аліку Чумаковічу зламалі акуляры . Ён апусціўся на калені , шукаў іх у траве .
Ад вялікага гневу і прыніжэння ( яму натаўклі ў каршэнь на вачах у маладых ! ) твар у Кафара наліўся чырванню і сінявой . Ды гарачы , але абачлівы каўказец не стаў працягваць рукапашны бой , а пашыбаваў у сельсавет , дзе сакратарыла Марыя і сядзеў участковы міліцыянер . Пакуль шукалі і рамантавалі Алікавы акуляры , гэта тройца , Кафар , Марыя і міліцыянт , з”явіліся на месцы бойкі .
- Старшы лейтэнант Бадзёрык , - ускінуў белую абсыпаную дробнымі вяснушкамі руку да бліскучага брыля форменнай фуражкі ўчастковы . Які толькі мадэльер прыдумаў такія фуражкі ? Велізарныя . Седлападобныя . З непрапарцыянальна высокім верхам . Народ кліча іх “ вароннімі гнёздамі “.
- Прашу ўсіх назваць свае прозвішчы , - строга сказаў уладальнік-носьбіт “ варонняга гнязда “ , - Вас , - ён зірнуў на Аліка , - я ведаю . Вы – настаўнік мясцовай школы Чумаковіч . Якое ваша прозвішча ? – ён упрытык падступіўся да Лявона Кукарэкі , расшпільваючы скураную службовую планшэтку і выцягваючы з яе блакноцік .
- Лісоўчык , - весела адказаў Кукарэка .
Антон здзіўлена зірнуў на сябрука .
- Ясна , - занатаваў міліцыянт у свой блакноцік , - Імя ? Імя па бацьку ?
Чарга дайшла да Антона .
- Ваша прозвішча ? – варухнуў бялявымі бровамі ўчастковы . Быў ён маладзенькі і , вядома ж , анічагусенькі не чуў і не ведаў пра мясцовую славутасць . Так ужо павялося , што тутэйшы люд і тутэйшая школа , у адрозненне , скажам , ад прыбалтаў або тых жа каўказцаў , чамусьці не вельмі шануюць сваіх у нечым адметных землякоў , пэўна , кіруючыся старадаўнім , яшчэ біблейскім правілам : “ Няма прарока ў сваёй Айчыне “.
- Лісоўчык , - усміхаючыся , адрапартаваў Даніловіч-Гоцкі .
- Ясненька , - пачаў быў запісваць у блакноцік міліцыянт , ды яго перапыніла разгневаным крыкам Марыя :
- Ніякі ён ні Лісоўчык ! Чмут наводзіць ! Ён – Даніловіч ! Даніловіч Антон . Беларускі нацыяналіст . Распальвае нацыянальную варожасць .
Ад гэткай навіны з галавы ўчастковага ледзь не звалілася “ варонняе гняздо “ . Ён аж прысеў . На даручанай яму ціхай стабільнай тэрыторыі – і раптам такое ! Антон жа , заліўшыся смехам , сказаў Марыі :
- Разы два стукнулі твайму таўкачу-папіхачу па фізіяноміі . Вось і ўся варожасць . Дык ён жа моладзь спойвае . Ён нідзе не працуе , бамжуе . Ён дзедаву хату рэжа на кавалачкі , не маючы на тое ніякага дазволу.А ты , мая шаноўная сястрычка , з”яўляючыся службовай асобай , дапамагаеш яму , прыкрываеш яго .
- Твая сястрычка – лясная лісічка , - разгублена прамовіла Марыя і спалохана зірнула на старшага лейтэнанта Бадзёрыка . Той , ледзь ачуняўшы ад пачутага слова “ нацыяналіст “,
веснаватай рукою ямчэй прыладзіў на галаве фуражку , зноў запытаў у Антона , але ўжо больш сурова :
- Як ваша прозвішча і хто вы ?
- Антон Макаравіч Даніловіч-Гоцкі . Беларускі пісьменнік . Ураджэнец легендарнай вёскі Захараўшчына , - прагучала ў адказ .
Для ўчастковага такая навіна была , як гром у марозлівым студзені месяцы . Ён не паверыў ёй , як не паверыў бы ўрадавай тэлеграме-маланцы , дзе было б чорным па беламу напісана , што яму , старшаму лейтэнанту Бадзёрыку , надаюць генеральскае званне . Ён ажно ўспацеў і зняў сваю велізарную фуражку . Атрымліваўся нейкі канфуз . Як кажуць – страляў у варону , а трапіў у карову .
Антон жа , чакаючы наступнае пытанне ўчастковага , глядзеў на сваю вёску , на хаты , на вярбіны і ліпы , на лужок , на газеціну з недаедкамі , да якіх ужо падбег блудлівы жоўтабокі сабака і прагна хапаў-хапаў зубатай пашчай нечаканую ежу . Думалася пра могілкі . Успаміналася ( у звязку з могілкамі ) , што мясцовыя людзі , жыхары Магілёўшчыны , называюць свой абласны горад не Магілёў , а Мігілёў або Мугілёў . Чаму так называюць ? А таму , што інстынктыўна баяцца слова – магіла .
Думалася пра балючае . Дакуль беларус будзе хлопчыкам для біцця ? Калісьці паэт Уладзімір Жылка абвясціў усяму свету : “ На мапу Еўропы ступіў беларус “. І што мы маем сёння ? Ёсць краіна , ёсць Рэспубліка Беларусь , а грамадзяне гэтай краіны не размаўляюць па-беларуску . Чаму не размаўляюць ? А таму , што іх не вучаць мове . Не вучаць у дзіцячых садках , у школах , у ВНУ , у войску . Усюды - не вучаць .
Думалася пра сябе . Таўкуць з усіх бакоў . Там , на гарачай літаратурнай кухні , Чарнякевіч з хітравата-цынічнымі лімаўскімі круцялямі , тут , у Захараўшчыне , сястрычка Марыя з Кафарам-Чурбанчыкам . Таўкуць шмат каго . Выхоўваюць народ-мазахіст , які з радасцю падстаўляе голы азадак пад начальніцкую лазу .
І ў які ўжо раз выплылі , прарэзаліся з душы радкі :
Зараз гэта не было бравадаю , эфектным літаратурным вобразам . Зараз ён , дай толькі магчымасць , махнуў бы рукой на ўсё , ускочыў у сядло і зрабіўся б лісоўчыкам , назаўсёды зрабіўся . А там – Бог бацька !
- Грамадзянін паэт , - кашлянуў у кулак участковы Бадзёрык , больш не задаючы аніякіх пытанняў , бо Марыя пацвердзіла праўдзівасць Антонавых слоў , - так , як вы й сапраўды наш зямляк , даволі вядомы зямляк , ( мне старэйшы брат пра вас расказваў ) затрымліваць вас і вашых сяброў не буду . Гуляйце , адпачывайце ў родных мясцінах . Натхняйцеся , адным словам . Але папрашу паводзіць сябе карэктна , як і належыць сапраўднай творчай інтэлігенцыі . З мясцоваю шпаной ісці сценка на сценку неабавязкова . Народ можа не так вас зразумець . З вамі ж , грамадзянін Кадыраў , - старшы лейтэнант павярнуўся да Чурбанчыка , - будзе праведзена гутарка .
Такім чынам , уся тройца , Антон , Лявон і Алік , атрымалі поўнае дараванне грахоў ад мясцовай улады .
- Што – з”ела ? – жорстка сказаў Даніловіч-Гоцкі Марыі , - Папярэджваю , каб і пальцам не краналася дзедавай хаты . Запомні сама і скажы свайму сябруку , свайму Чурбанчыку . Спадзяюся , навучыла яго беларускай мове .
Марыя маўчала , як рыбіна . Толькі шчокі былі ярка-пунсовыя ды шчыльна абцягнутыя чырвона-зялёнай кофтачкай грудзі хадзілі ходырам . Кофтачка , вядома ж , была падабрана пад колер дзяржаўнага сцяга .
Адразу ж Антон сазваніўся з Алесяй , фактычнай уладальніцай хаты . У кароткіх словах апісаў ёй сітуацыю , папрасіў , каб перавезла хату , дакладней , ейныя рэшткі , сабе на лецішча . Можна будзе збудаваць невялікі флігелёк .
Развіталіся з Алікам , які прыкметна засумаваў . Пажадалі сябруку не вешаць нос , глядзець на навакольны свет з аптымізмам , шчыраваць на ніве беларускага настаўніцтва , сустрэць добрую дзяўчыну і ажаніцца . Калі ж з”явяцца дзеткі , то яны , Антон і Лявон , з задавальненнем стануць хроснымі бацькамі .
Нарэшце Кукарэка завёў сваю “ Шкоду “ , развітальна пасігналіў , і неўзабаве ад Захараўшчыны засталіся на туманным небасхіле толькі ліпы ды сенажныя вежы . А праз нейкі час і яны зніклі . Антонава сэрца напоўнілася сумам . Ці давядзецца яшчэ раз пабачыць родную вёску ? Ён не стаў паглыбляцца ў дэпрэсію . Ён разам з Лявонам заспяваў песню барда Сяргея Сокалава-Воюша :
Ехалі лісоўчыкі .
Ехалі малойчыкі .
І песня гэтая была найлепшымі лекамі для душы .
У Мінску дарогі іхнія разыйшліся . Кукарэка падвёз Даніловіча-Гоцкага на вуліцу Пляханава , дзе яшчэ за савецкім часам Саюз пісьменнікаў выдзеліў Антону сціплую аднапакаёўку , пакіраваўся дадому , дзе чакала сям”я . Дамовіліся сазвоньвацца .
Зноў пачаліся адзінота і цішыня . Ёсць людзі , якія іх баяцца . Такім людзям здаецца , што іх засмоктвае нейкая халодная дрыгва , уцягвае ў сябе нейкі бязлітасны бяздонны вір . І няма ды й не будзе ніякага паратунку . Наперадзе толькі вузкі , ледзь праціснешся , лабірынт , які абавязкова канчаецца смерцю . Але ж чалавек ніколі не бывае на поўніцу адзінокім самотным . З ім , чалавекам , заўсёды Бог , нават калі чалавек гэты атэіст . З ім , чалавекам , ягоныя ўспаміны . І нават калі яны сурова-чорныя , заўсёды адшукаецца ў гэтай чарнечы хоць адзіная светлая цёплая кропля-кропелька радасці .
Антон Даніловіч-Гоцкі , як творчая асоба , любіў адзіноту і цішыню . Але сёння было не да пісання . Трэба было парадчыць кнігі , што пасля пераезду рознакаляровай кучаю ляжалі на падлозе , падключаць і настройваць кампутар . Ён не спяшаючыся браў кнігі , тоўстыя і тоненькія , новыя і падзёртыя , некаторыя з аўтографамі аўтараў і прыпамінаў дзе і пры якіх абставінах яны былі набытыя . Кнігі для яго з самага малалецтва з”яўляліся як бы адухоўленымі істотамі . Шкада , вельмі шкада , што цяперашняе жыццё ўзняло на п”едэстал зусім іншыя каштоўнасці , а пісьменнікаў ператварыла ледзь не ў ізгояў . Ужо зрабілася звычным , што беларускую літаратуру і беларускіх пісьменнікаў , жорстка бязлітасна крытыкуюць . ( “ Так называемые “ пісьменнікі “ – Пётр Дзянісаў ; “ Авторы ничтожнейших книжонок “ – Яўген Росцікаў ; “ Ведь не читают же , не читают Вас , Нил Семенович … “ – Барыс Ляпёшка і г. д . ) Толькі лянівы не шыбне камень убок рыцараў пяра і паперы , гэта значыць , і ўбок Даніловіча-Гоцкага . Тэлежурналісты . Дэпутуты . Чыноўнікі . Але , як ні дзіўна , гэта не выводзіць пісьменнікаў , і ў іх ліку Антона , з душэўнай раўнавагі . Чаму ? А таму , што ў Кнізе Кнігаў , у Бібліі , напісана : “ Напачатку было – Слова “. Слова ! А яны , пісьменнікі , уладары і служкі гэтага самага Слова . І , значыцца , іхняя прафесія на тысячы й тысячы гадоў старэй , чым , скажам , прафесія старшыні калгаса .
З такімі думкамі Антон няспешна разбіраў кніжкі , расстаўляў па паліцах , што самаруч змайстраваў уздоўж дзвюх сцен кватэры . Кніжкам ўсёроўна не хопіць месца . Некаторыя будуць ляжаць на падваконніках , на пісьмовым стале , на падлозе . Калісьці ён не шкадаваў грошай , купляў усё больш-менш вартае , што друкавалася ў мінскіх ды маскоўскіх выдавецтвах . Сёння , на вялікі жаль , такой магчымасці няма . Выручае сусветнае сеціва – інтэрнэт . Але кніжку , кніжку , што пахне друкарскай фарбаю і з хвалюючым шэлестам расчыняе свае старонкі , не заменіш анічым .
Так прайшло два-тры дні . Пакрысе забывалася Захараўшчына . Дакладней . не тое , каб забывалася , а мякка няспешна апускалася на самы спод душы , каб ціха жыць там у чаканні новай сустрэчы . Затое часцей пачалі прыпамінацца вуліца Заслаўская , Валянціна і Віталік . Як яны там ? Ці вярнуўся з турмы Віталікаў бацька ? Калі ж вярнуўся , ці ўспыхнулі шчасцем сынавы вочы ? Адказ на апошняе пытанне хваляваў найбольш .
Недзе на трэці дзень патэлефанаваў Лявон Кукарэка . Гэты няўседа , як заўсёды , фантануе аптымізмам і новымі самымі нечаканымі задумкамі . Цікава , чым здзівіць ён сёння ?
- Пішаш ? – энергічна данеслася са слухаўкі , - Добра пішацца толькі галоднаму . А ты , нябось , напхаў поўную лядоўню сардэлек , каўбасся і піва . Не ? Няма за што купіць ? Малайчына ! Не будзем рабамі страўніка . Але пераключы душу з прыземленага шэрага быту на высокае і трагічнае . Пераключыў ? Зноў малайчына . Тады слухай . Да мяне завітаў вельмі пашанотны госць , выдатны паэт і проста гарны парубак з ненькі Украйны Мікіта Сыч . Пазнаёміліся з ім у Кіеве , на славутым майдане , што прагрымеў на ўвесь свет . Я туды ездзіў з нашымі хлопцамі . Дык вось сёння гэты Мікіта ( але , заўваж , не Хрушчоў ! ) наш госць . Папрасіўся , каб звазілі яго ў Курапаты . Звозім ?
- Вядома , звозім ! – загарэўся Даніловіч-Гоцкі .
- Тады вылазь на двор са сваёй нары . Я праз дзесяць хвілін буду .
Мікіта Сыч аказаўся вясёлым прыгожым чарнавусым і чарначубым , адным словам , класічным запарожскім казаком . Ад ягонай моцна скроенай фігуры нібы дыхнула бязмежным палыновым стэпам , гарачым шчодрым сонцам , звонкім няўпынным ветрам . Ён адразу ж абняў і пацалаваў Антона , быццам даўно ведаў яго . Гэта было нечакана і нязвычна , але гэта падкрэсліла шырыню і адкрытасць натуры , чуллівасць мяккай паэтычнай паўднёвай душы .
- Я ўпершыню ў Білорусі , - сказаў ён і радасна ўсміхнуўся , але адразу ж пасур”ёзнеў , -
Хачу на свае вочы пабачыць Курапаты , бо шмат чуў пра іх . Пэўна , гэта , як наш Бабін Яр . Як наш Галадамор .
Даніловіч-Гоцкі і Кукарэка перазірнуліся . Гідам узяўся быць Лявон . Ён жа быў кіроўцам аўтамабіля .
- Што такое Курапаты ? – спытаўся Мікіта Сыч і нават дастаў з “ дыпламату “ невялічкі блакноцік .
- Гэта ўрочышча на ўскраіне Мінска . Вельмі хутка мы будзем там . Вось толькі выедзем на кальцавую дарогу , і , лічы , прыехалі , - адказаў Кукарэка .
- А што азначае само слова – Курапаты ? Ясна , што гэта геаграфічная назва , але ж у кожнай назве закладзены нейкі сэнс .
- Правільна , - згадзіўся Лявон , вырульваючы на кальцавую шашу , - Курапатамі жыхары мясцовых навакольных вёсак называлі белыя пралескі . Увесну гэтымі раннімі кветкамі былі ўсцяж усыпаны ўсе лясы .
- Магчыма , такія кветкі нечым нагадвалі людзям чародкі птушак , белых курапатак , - дадаў Даніловіч-Гоцкі .
- А вось і яны , Курапаты , - ціха сказаў Лявон Кукарэка .
“ Шкода “ з”ехала з шашы , спынілася на залітай шэрым асфальтам пляцоўцы . Тут ужо стаяла некалькі легкавікоў і аўтобусаў . Вылезлі з машыны , пайшлі ў сасновы бор , задуменны , прасторны і жалобна- ўрачысты . І адразу ўбачылі КРЫЖ , высокі , магутны . Ён нібы вырастаў з каменнай чашы . Ягоны верх быў абматаны калючым суровым
дротам . Здалёку чытаўся надпіс : “ Пакутнікам Беларусі “.
Побач з крыжом – выява Маці Божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна . Жалобны твар . Сінія беларускія ( ! ) вочы . Белай хусцінкаю Маці Божая выцірае слёзы , што няспынным дажджом льюцца і льюцца з вачэй . Колькі ёй яшчэ плакаць ? Пэўна , вечна .
Затрымцелі сэрцы . Наструніліся нервы ў прадчуванні нечага невымернага , непадуладнага часу і чалавечаму ўяўленню . Чакалі , трапечучы душой , ачышчальнага шокавага катарсісу . І яны адбыліся – шок і катарсіс . Тое , што ўбачылі , прымусіла спыніцца , і схіліць галовы , і на імгненне заплюшчыць вочы , быццам у іх біла найярчэйшае святло . Сотні крыжоў усцяж дарогі і па ўсім лесе ! Цэлае войска ! Цэлая святая маўклівая грамада ! Гладка вычасаныя з белага моцнага дрэва , суровыя , прыгожыя гэтай сваёй суровасцю , прынесеныя сюды , у магільную курапацкую цішыню , людскімі рукамі , на людскіх плячах і спінах . Народны мемарыял ! Ці ёсць яшчэ такі падобны на ўсім Божым свеце ?
На шмат якіх крыжах – стужкі , вянкі , шыльдачкі з надпісамі . Беларуская , польская , габрэйская , расійская мова ...
“ Беларускім археолагам
Сяргею Дубінскаму ,
Аляксандру Кавалені ,
Аляксандру Ляўданскаму
Расстраляным 27 жніўня 1937 г .”
“ Кішкурна Іосіф Іванавіч 1889 г.н.
вёска Рудня Плешчаніцкага р-на
расстраляны 9 студзеня 1938 г .
Кішкурна Войцех Іванавіч 1895 г.н.
Вёска Барсукі Плешчаніцкага р-на
Расстраляны 10 лістапада 1938 г.
Ахвяры бальшавіцкага тэрору
Рэабілітаваныя ў 1968 г. і 1959 г.”
“ Браты Януля Андрэевіч ( 1894 )
Іван Андрэевіч ( 1889 )
Аляксандр Андрэевіч ( 1891 )
Канстанцін Андрэевіч ( 1904 )
МІНКЕВІЧЫ
Расстраляныя бальшавікамі
7 сакавіка 1938 года ў г. Менску .
Памяць дзяцей
Унукаў , праўнукаў “
“ Цалевіч
Лявон Лявонціявіч
25.12.1920-29.01.1951.
Каваль з вёскі Дубай
Столінскага раёна
Светлая памяць
Загінуў ад рук
Расейскага НКВД
- Цёзка , - задуменна сказаў Лявон Кукарэка . А крыжы клікалі далей – на суровую бясконцую дарогу крыві і пакуты .
“ Рябов
Фёдор Андреевич
Березинский р-н. Маческий с.с.
дер . Березовка
род . 1889 г. расстрелян 2.3.1938 г.
Реабилитирован 2.11.1957 г.”
“ Садоўскі
Феліцыян
Францавіч
1908 – 1937 “
“ Waclaw
Sopocko
1888-1941 “
“ Беларускім
сьвятарам
ад
Архіяпіскапа
Юрыя ( Рыжага )
БАПНЦ
Амерыканскі сусьветны
Патрыярхат
22.10.2002 г.
Падыйшлі да лавачкі Біла Клінтана .
- Што гэта ? – спытаў украінец .
- Гэта лавачка . Самая звычайная лавачка . Можаш нават сесці на яе , - патлумачыў Лявон Кукарэка , - Але лепей не трэба . Пачытай , што напісана . “ Ад прэзідэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці “ . Гэта падарунак Біла Клінтана . У адрозненне ад шмат якіх іншых прэзідэнтаў ён быў тут . Бачыш драпіны , трэшчыны і сколы ? Гэта сляды драпежных зубоў нянавісці . Ёсць людзі , якія гатовы грызці гэты граніт хоць зубамі , абы знішчыць лавачку . Я напісаў верш .
Ён узвёў позірк угору , на курапацкія сосны :
Не шанцуе лавачцы Клінтана Біла .
Нечая рука яе зноў разбіла .
Грукнуў па ёй чарговы малаток .
Нехта яе на сметнік завалок .
Ах , бедны-бедны містэр Біл ,
Хіба ты не ведаў , дэмакратыю хвалячы ,
Што на кожнага Біла знойдзецца дэбіл ,
Які ненавідзіць Білаву лавачку ?
Ты думаў ( дзе табе дэбілаў зразумець ? ) ,
Што лавачкі ставяць , каб іх з месца не краталі ,
Лавачкі ставяць , каб на іх сядзець .
Сядзець і думаць аб дэмакратыі .
Да нашых дэбілаў ты не дарос .
Дзе табе дужацца з імі ?
Загартаваў іх сібірскі мароз ,
Мазгі зрабіў ледзянымі .
Іхні вокліч любімы : “ Рота , плі !!! “
Для іх ты не станеш босам .
Яны – рыцары страху і мёрзлай саплі ,
Што ўрачыста блішчыць пад носам .
Напрыканцы вершу імпульсіўны Мікіта Сыч пацалаваў паэта . Тэмпераментная ўкраінская душа не магла змірыцца з толькі што ўбачаным і пачутым . Дзікі гвалт над чалавечай асобай , вытанчаны садысцкі здзек , калі ператвараюць нармальных разумных людзей у тупую біямасу , а потым ва ўпор , з двух-трох крокаў , страляюць з нагана ў патыліцу , ходзяць па крыві , па яшчэ цёплых мазгах , якія раструшчыла , разарвала цяжкая свінцовая куля , не ўспрыймаюцца такой тонкай душой , адвяргаюцца ёю .
- Як цэ було можна ? - усё паўтараў Мікіта .
- Як бачыш , можна , - сказаў Даніловіч-Гоцкі , - Вядома , хацелі схаваць канцы . Пасля вайны кацілі ўсё на акупантаў , на немцаў , а потым ціхенька пад покрывам ночы пачалі некуды вывозіць чалавечыя парэшткі . Ды не ўдалося . Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў 3 чэрвеня 1988 года ў газеце “ Літаратура і мастацтва “ надрукавалі артыкул “ Курапаты – дарога сьмерці “. І рэха пайшло па ўсім свеце . І рэха гэтае не спыніць нікому . Людзі панеслі сюды крыжы . Хоць , праўда , ёсць народ , і народ шматлікі , якому ўсё гэта , як кажуць , “ до фонаря “ . Іхняя філасофія такая : а нам усёроўна – ці мордай аб стол , ці фэйсам аб тэйбл . Абы давалі зарплату своечасова . Але нам , я ўпэўнены , ні ў якім разе нельга забываць Курапаты – беларускую Галгофу .
Яны павольна ішлі па шырокай алеі абапал якой на вечнай святой варце стаялі крыжы , быццам застрэленыя тут калісьці людзі , што , раскінуўшы ўбакі рукі , вырваліся нарэшце з цёмнага нямога падзямелля . Здавалася – пільней прыгледзься , і ўбачыш на гэтых руках-крыллях пясок і кроў .
Заглыбіліся ў сасоннік , адшукалі зручнае сухое месца , прыселі . Мікіта Сыч расчыніў свой “дыпламат “ :
- Цэ украіньска горілка та сало з хріном .
Налілі гарэлку ў пластмасавыя шкляначкі .
- П”ем , не чокаючыся , - сказаў Антон , - П”ем за тых , каго тут подла забілі .
Ціха вуркаталі аб нечым сосны . Між іхніх высока ўзнятых над зямлёй зялёных галінаў бачылася блакітнае неба , ярка-белыя , быццам намаляваныя школьнай крэйдаю , воблакі . Нерэальны спакой панаваў наўкола . Здавалася , прытармазіў , а потым назусім спыніўся час . А , можа , час на месцы масавых гвалтоўных людскіх смерцяў і сапраўды спыняецца , бо няма яму ніякага сэнсу бегчы ўперад ?
Затым узяў слова Лявон Кукарэка . Спачатку аб”явіў не тост , а тэст . Тэст на сапраўднага беларуса :
- А ці быў ты ў Курапатах ?
Сёння яны , два беларусы і адзін украінец , паспяхова прайшлі , здалі гэты тэст . Ды некалі ( яны цвёрда верылі ў гэта ) кожны чалавек будзе лічыць сваім святым абавязкам хоць раз пабываць тут .
- Цяжка бачыць усё гэта , цяжка змірыцца , - зноў загаварыў Антон , - Але такія жыццёвыя рэаліі . Асабліва ж мяне , як пісьменніка , засмучае інертнасць нашага народа . Калі ўдумацца , наш народ як бы падзелены на дзве палавіны . Адна палавіна – беларусы . Другая – суралебы . Што такое суралеб ? А вы пачытайце слова беларус наадварот . Непрыманне анічога нацыянальнага . Ні гісторыі . Ні культуры . Ні мовы . Саўковае жаданне жыць у Імперыі , учора – савецкай , сёння – славянскай . Яны думаюць , яны перакананы , што там , у Імперыі , будзе смачнае халоднае піва і танная каўбаса , шмат каўбасы . Але ж усе імперыі , урэшце рэшт , разбураюцца , ператвараюцца ў прах . Абсалютна ўсе ! У маім разуменні , сёння ў нашым грамадстве ідзе няспынная , можа , часам непрыкметная на першы позірк духоўная барацьба Беларусі-Ліцвініі і Суралебіі . Тыя , хто за Суралебію , думаюць , што яны , як кажуць , аўтаматам пераскочаць з беларусаў у вялікаросы і атрымаюць у пажыццёвае карыстанне ўсе іхнія прывілеі . Ды ніколі такое не адбудзецца ! Заўжды вы будзеце грамадзянамі другога гатунку ! Заўжды ! І пры першым жа зручным выпадку вам нахабна скажуць проста ў вочы : “ А ты кто ? Белорус . Бульба дробная , гнилая “ . Вось чаму мы шукаем і знаходзім духоўнае апірышча ў жыцці сваіх продкаў , у пераможнай гістарычнай бітве пад Воршай , у тых жа лісоўчыках , славутых адважных ліцвінскіх мушкецёрах . Мне не сорамна быць сынам маленькага ( па колькасці ! ) народа . Я здымаю капялюш перад эстонцамі , латышамі , ірландцамі , датчанамі ... Урэшце рэшт , народ вымяраецца не колькасцю страўнікаў .
- Малайчына ! – пахваліў Даніловіча-Гоцкага Мікіта Сыч , - Я думаю гэтак жа сама . Я , як украінец , не забыў , што мая родная мова была ў Расійскай імперыі пад найстражэйшай забаронай , што наш геній Тарас Шаўчэнка цягнуў салдацкую лямку ў спякотнай прыкаспійскай пустыні і кожны міг мог сканаць пад шпіцрутэнамі . Калі мы ішлі па гэтай курапацкай алеі , ты , Лявон , сказаў , што ў зямлі пад алеяю пракладзена газавая труба , і што па ёй няспынна цячэ газ . Расійскі газ . Мне крыўдна , што сённяшняя Расія аб”явіла маёй краіне як бы пастаянную газавую вайну , так мовіць , свяшчэнны газават . Але хай не забываюць , што ў тым газе , у той трубе праца соцень тысяч украінцаў і беларусаў , рэпрасаваных ці тых , якія паехалі за доўгім рублём . Хай не забываюць , што нашыя продкі , грамадзяне Вялікага Княства Літоўскага ды Рэчы Паспалітай , маюць , калі разважыць , прамое дачыненне да іхніх нафтагазавых багаццяў . Якое ? А ў свой час яны не пусцілі Масковію на Захад , перакрылі ёй дарогу . І як ні лютаваў цар Іван Жахлівы падчас Лівонскай вайны , як ні вынішчаў нашы вёскі і мястэчкі цар Аляксей Міхайлавіч Цішэйшы , яны натыкнуліся на нашых землях на жалезную сцяну і вымушаны былі павярнуць свае раці , сваіх ермакоў , хабаравых і дзяжнёвых на Ўсход , у балоцістыя лесатундры , туды , дзе ў чумах жылі вандроўныя аленеводы і дзе былі акіяны газу і нафты . Яшчэ б дзесяцігоддзе-другое , і туды б прыйшоў Кітай .
- Мудра , - прыцмокнуў , паківаў галавою Лявон Кукарэка . І раптам пачуўся роспачны жаночы крык :
- Крыжаломы !!! Там – крыжаломы !!!
Яны ўсхапіліся на ногі . Светлавалосая маладая жанчына , гадоў трыццаці-трыццаці пяці, у доўгім сінім плашчы , бегла да іх , спатыкаючыся , падаючы , і паказвала рукою сабе за спіну :
- Крыжаломы !!!
Між рэдкіх соснаў яны ўбачылі грузавічок з жоўтым брызентавым верхам над кузавам . Каля грузавічка мітусілася некалькі чалавек , мітусілася заклапочана і сур”ёзна . Быццам у яснае надвор”е выпаўзлі з мурашніку мурашкі гуртом цягаць ігліцу . Ды ў гэтых у руках была бензапіла “ Дружба “ . Вось адзін з іх рэзка тузануў , і піла пагрозліва і захлёбіста завыла . Светлую дагэтуль цішыню разрэзала галоднае злое выццё , быццам у Курапаты заскочыла начная воўчая гайня .
- Ах , падонкі ! – усклікнуў Антон Даніловіч-Гоцкі , - Надумалі спілаваць крыж ! Гадаўё ! Сволачы !
Усе трое і следам жанчына рынуліся да грузавічка . Білі кулакамі , нагамі . Валілі на зямлю . І крычалі :
- Мярзота ! Вырадкі !
Нечаканы напад агаломшыў крыжаломаў . Яны амаль не супраціўляліся . Нават кінулі на зямлю бензапілу . У іх былі бледныя прышчаватыя твары малакроўных п”янтосаў-запойнікаў і наркаманаў . Яны жадалі як найхутчэй уціснуцца-уплішчыцца ў свой аўтамабільчык і знікнуць . Ды іх хапалі за плечы , за крыссе спартыўных штурмовак і лапленых пінжакоў .
- Грыша ! Сука ! Навошта пілу аддаеш ? – дзяркатым голасам заверашчаў , пэўна , самы галоўны крыжалом .
Той , каго назвалі Грышам , дробненькі шчуплы мужычок , памкнуўся падабраць з зямлі бензапілу , але Антон паставіў падножку , і ён потырч носам зашыўся ў пясок і сухую ігліцу . Тады галоўны крыжалом выхапіў з кішэні доўгую вострую адвёртку , размашыста пырнуў , дзеўбануў ёю Даніловічу-Гоцкаму ў спіну . Антон адразу ж асеў , абрынуўся каля сасновага камля . Апошняе , што паспеў убачыць і пачуць – з усіх бакоў імкліва бягуць людзі , нямала людзей , і шырока гнеўна йдзе над Курапатамі крык :
- Бі крыжаломаў !!! Бі святататнікаў і нячысцікаў !!!
Колькасць прачытаўшых: 1184 Колькасць вогдукаў: 0