Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел трэцці

III

Іван Мастоўскі , ён жа Мастадонт , з некаторага часу пачаў адчуваць ва ўсім сваім буйнагабарытным здаровым целе нямогласць . Знікла з цела свежасць . Спачатку яму падумалася , што гэта вынік пастаяннай стомленасці – цэлымі днямі , як конь , цягаў паўнюткія цялежкі макулатуры да прыёмнага пункту ( а маршрут няблізкі – з паўкіламетра ) , падахвоціўся дапамагаць рамонтнікам жылля – грузіў і разгружаў цэглу , абліцовачную плітку , цяжкія чугунныя радыятарныя батарэі . Раней такая праца здавалася лёгкаю , толькі бадзёрыла мускулатуру . “ Я здаровы , як бык “ , - любіў пахваліцца ён у кампаніі сабутэльнікаў . А што галоўнае для нармалёвага мужыка ? Вядома ж , здароўе ! Каб і пяцідзесяцікілаграмовы мяшок цэменту мог , як пушынку , ускінуць на плячо і жанчыну ў ложку аблагодзіць , зрабіць шчаслівай .

І вось зрабілася ягонае цела нязвыкла вялым , як бы не ягоным , як бы чужым . Быццам падмянілі цела . Іван , адчуўшы такое , перапалохаўся . Гэта ў бесклапотнай здаровай маладосці ўсе мы лётаем , як сокалы паднябесныя , фарсім , задзіраем адзін перад другім нос . Мы – цэнтр Сусвету ! Мы – геніі ! Мы – суперсамцы ! Але раптам ў тлумнай штодзённай мітульзе ці ў начной цішыні раздаецца першы трывожны свісточак , першы званочак . Ён – нячутны , ён вельмі-вельмі слабы . І мы , звычайна , адмахваемся ад яго , як ад першага майскага камара , што нечакана запішчыць каля вуха . Мы зноў бяжым па жыцці , няўтрымныя і шчаслівыя . Нам няма часу . Наперадзе – веліч грандыёзных планаў і спраў . Ды званочак звоніць паўторна .

Пачуўшы такія званочкі , Мастадонт ( так называюць яго сябры , ён не злуецца , так будзем называць яго й мы ) вырашыў у два выходныя дні , у суботу і нядзелю , нічагусенькі не рабіць , адпачыць . Ён то ляжаў на канапе , чытаючы газету , то сядзеў у мяккім крэсле і глядзеў тэлевізар . І ўсё прыслухоўваўся да свайго цела . Нават смецце не вынес з кватэры , паслаў малодшага сына . Жонка , трэба зазначыць , здзівілася такой нязвычнай пасіўнасці свайго звышэнергічнага мужа , такой ягонай ціхмянасці , але зрабіла выгляд , што нічога не заўважыла .

- Можа , Ваня , гарэлачкі вып”ем грамаў па сто ? – лагодна прапанавала яна , - Я й селядзец купіла . І бульбу-фры падсмажыла .

Але ейны Ваня ( о , найвялікшае дзіва ! ) сціпла адказаў :

- Не хочацца .

Два дні ён нічога не рабіў , а прыслухоўваўся да свайго цела . І са скрухаю вымушаны быў канстатаваць , што ранейшая свежасць-бадзёрасць не вярнулася . Гэтае адкрыццё напалохала яго . Ён устаў з канапы , падыйшоў да вакна , з вышыні пятага паверху убачыў гарадскую шматмашынную і шматлюдную вуліцу . Там кіпела , віравала , можна сказаць , бушавала жыццё . Імклівае і нястомнае . “ Значыць , я стары , я хворы “ , - з халодным жахам падумалася яму . Гэта было , як вядро зімовай ледзяной вады на голае цела . Іван зноў лёг на канапу , нават перастаў дыхаць . Потым пачаў ліхаманкава мацаць свой лоб , свой пульс .

Раней яго вельмі раздражнялі пажылыя людзі , асабліва вясковыя людзі , якія кожную сваю гутарку , кожны тост закончвалі абавязковымі , як узыход і заход сонца , словамі :

- Абы здароўе . Абы было здароўе .

“ Няўжо няма іншых тэмаў ? – думалася яму , - Няўжо цікава , не надакучвае гаварыць пра адно і тое ? “

Зараз жа ён пачаў заўважаць , што й сам думае толькі аб сваім уласным здароўі . І хоча не думаць , і прымушае сябе не думаць , ды нічога не атрымліваецца . У маладосці , асабліва падчас вучобы ў вайсковай вучэльні , быў заядлым спартсменам . Штанга , валейбол , баскетбол , футбол , бокс , плаванне , бег , лыжы ... Чым толькі не займаўся курсант Іван Мастоўскі ! І цела было магутнае , радаснае , упэўненае ў сабе . Нездарма сябры ( жартуючы , вядома ) назвалі яго Мастадонтам .Ён быў качком , гарой натрэніраваных мышцаў . У любой справе не ведаў спыну , не баяўся стомы . І раптам – такое . А яшчэ ж няма сарака . Адным словам , засумаваў Іван Мастоўскі .

Жонка Марына адразу заўважыла змену ў паводзінах мужа . У жанчынаў на гэты конт маецца нейкае звышпачуццё , нейкі таямнічы ген . Больш тонкую душу даў жанчынам Бог . Што звычайна ў такіх варунках перш-наперш прыходзіць кабеце ў галаву ? Завёў сабе ненаглядны новую пасію . Ды Марына добра ведала свайго Ваню . Не ганяўся ён за чужымі спадніцамі , цвёрда , як цягавіты рахманы конь , ішоў аднойчы абранай сямейнай баразной . І яна пачала , не паказваючы , вядома , выгляду , назіраць і аналізаваць .

А на Мастадонта раптоўна наваліліся дзікая смага і сушняк у роце . Здаецца б , піў і піў ваду , возера мог бы выпіць . “ Гэта ад гарэлкі , - падумаў ён , - Трэба завязваць з беленькай , ды й з чырвоненькім заадно “ . Не адзін ужо раз пасля дзікага перапою , калі назаўтра калацілася сэрца і абмірала душа , ён даваў сам сабе зарок – ні кроплі спіртнога , пачынаю новае жыццё . Але мінаў тыдзень-другі , паступова забываліся пахмельныя жахі , і зноў весела цягнулася да чаркі рука . І задзёрыстая песенька гучала :

І піць будзем .

І гуляць будзем .

А смерць прыдзе ,

Паміраць будзем .

Ды паміраць , асабліва ў такім яшчэ маладзёвым узросце , не хацелася . І Мастадонт патаемна ад жонкі пайшоў у раённую паліклініку . Цярпліва сядзеў у чэргах між змучанага самымі фантастычнымі хваробамі люду , здаваў аналізы . Іхняя ўчастковая лекарка , чарнявая мілавідная маладзічка , тварам і паставаю падобная на ўчарашнюю школьніцу , вывучыла ягоныя аналізы ( цэлы стос пакамечаных маленькіх лісткоў ) і вынесла катэгарычны вырак :

- У вас цукровы дыябет другога тыпу .

- А што гэта такое ? – не зразумеў Мастадонт .

- Ваша кроў утрымлівае завышаны ўзровень глюкозы , цукру . Трэба , па норме , ад трох з паловай да шасці адсоткаў , нашча , з раніцы , а ў вас цэлыя дванаццаць .

- Ад чаго ж у мяне такое завышэнне ? – цяжка варухнуўся на каляным паліклінічным крэселку Мастоўскі .

- Спытайцеся ў свайго арганізму , - усміхнулася лекарка , - Вы аўтамабіліст ? Водзіце машыну ?

- Так .

- Дык вы ведаеце , што для таго , каб ехаць , аўтамабілю патрэбен бензін . Наш чалавечы арганізм , па сутнасці , таксама машына . І для таго , каб “ ехаць “, гэта значыць , рухацца , жыць , нам таксама патрэбна паліва . Толькі не бензін , а цукар , глюкоза .

- Я не надта люблю дужа салодкую гарбату і каву , - разгублена сказаў Мастадонт . Яго , як уражлівага чалавека , адразу пачала гнясці думка , што ён , учарашні здаравіла , зусім нечакана для сябе стаўся хворым чалавекам .

- Але вы , мяркуючы па вашых габарытах , пэўна ж , любіце шмат і ўсмак паесці . Любіце тлустае , мучное , смажанае , вострае , гарэлку , піва - цярпліва пачала тлумачыць лекарка , - У нашым арганізме маецца фермент , які называецца інсулінам . Яго выпрацоўвае падстраўнікавая залоза , на ёй ёсць , так званыя , інсулінавыя астраўкі . Усю ежу , якую мы спажываем за дзень , інсулін ператварае ў глюкозу , у чалавечае паліва . Вашы інсулінавыя астраўкі знясілелі , спустошыліся і даюць у арганізм мізэрную колькасць інсуліну . Яго катастрафічна не хапае . Вось адкуль усе праблемы .

- Што ж мне рабіць ? – голас у Мастадонта па-дзіцячаму задрыжаў .

- Строгая пастаянная дыэта . І цукрапаніжальныя таблеткі . І гэтак – назаўсёды .

- Назаўсёды ? Але гэта немагчыма ! Я магу не вытрымаць , сустрэцца з сябрамі , пагаманіць , выпіць і закусіць . Як жыць без такога ?

- Прывыкайце , - сурова прамовіла маладая лекарка , - Іншага выйсця няма . А калі вы , як вы кажаце , не ўяўляеце жыцця без выпіўкі і без закусі , у вас можа ў любы момант развіцца дыябетычная кома .

- Што гэта ? – пахаладнеў Мастоўскі .

- У любы час , у любым месцы , зусім нечакана , вы можаце страціць прытомнасць і нават памерці .

- Ё маё ! – аж усхапіўся з крэселка Мастадонт .

- Не палохайцеся , - усміхнулася , узнялася з-за стала і нават пагладзіла яго па магутным плечуку лекарка , - Усё не так змрочна , як вы думаеце . Уцягнецеся ў рэжым . Прывыкнеце . Нават гарэлачку зможаце каштаваць . Але не болей ста грамаў за адзін банкет . А навошта болей ? Вы вернік ?

- Хто ? – не зразумеў Мастадонт .

- Я пытаюся : вы веруючы чалавек ? Схадзіце ў царкву альбо ў касцёл , памаліцеся , паразмаўляйце з Богам . Ён пакажа дарогу і ўмацуе душу . Вернікі , мільёны людзей ва ўсім свеце , на працягу года часта трымаюць пост . І мільёны вегетарыянцаў робяць гэтак жа сама . І жывуць шчасліва і радасна . Чаму б вам не зрабіцца адным з іх ?

Лекарка навыпісвала рэцэптаў , дала стосік медыцынскіх брашурак па дыеце , і агаломшана-разгублены Мастадонт вышаў на вуліцу з паліклінікі быццам нованароджаным чалавекам . Жонцы вырашыў пакуль што не адкрываць таямніцу . Марына ж падрыхтавала мужу сюрпрыз . Яна , памеркаваўшы , надумала разварушыць

“ развесяліць “ Івана . Дзеля гэтага запрасіла з вёскі свайго родзіча маладога фермера Васіля Койпіша . Койпіш быў Іванавым равеснікам , весялуном і гаваруном , хварэў , як сам адразу ж прызнаўся з непасрэднай шчырасцю , на балбатунізм . Але ( вось дзіва ! ) гарэлку не піў .

Сядзелі за сталом , сёрбалі гарачую гарбату ( Мастадонт ужо без цукру , што адразу ж прыкмеціла пільная Марына ) , і Койпіш расказваў :

- Ёсць у мяне невялікі садок у пяцьдзесят яблыняў . Выкупіў у калгаса , абгарадзіў , пачаў даглядаць , як паложана . І дрэвы , ясная справа , запладаносілі . Іду неяк увечары ў свой сад і бачу – на крайняй яблыні сядзіць хлапчук , натоптвае чырвонымі яблычкамі кішэні і запазуху . “ Што ты тут робіш ? “ – пытаю . А ён , падшыванец , не разгубіўся , адказвае :

“ Дзядзечка , адзін яблык упаў , і я хацеў павесіць яго на месца “ .

Нельга было не засмяяцца . Узбадзёраны Койпіш павёў свой аповед далей :

- Побач са мной атрымаў фермерскі надзел ( пяцьдзесят гектараў няўдобіцы ) Сцяпан Каўшук , былы настаўнік . Дапяклі яго дужа шумныя школьныя дзеткі , ён плюнуў і пайшоў у фермерства . А хлеб наш ой не салодкі ! Тузаўся , рваў жылле , карчаваў кустоўе ды пні . І надрукаваў у газеце аб”яву , што хоча жаніцца . Праз тры дні атрымаў ліст ад дзяўчыны . Так і так – сама яна фермерская дачка і не супраць выйсці замуж за фермера , тым больш , бацька ейны гатоў даць у пасаг новы трактар . Каўшук адразу ж ірвануў на пошту , адбіў тэлеграму : “ Тэрмінова вышліце фатаграфію трактара ! “

Але паехаў на сваю ферму весялун Койпіш , і трэба было жыць далей . З тыдзень Мастадонт нічога не расказваў жонцы пра хваробу . А яна , хітраванка , ведаючы ягоную натуру , рабіла выгляд , што нічога не заўважае , што ўсё ў іхняй сям”і , як кажуць , окэй . Соп соп Іван , ды нарэшце не вытрымаў – раскалоўся .

- Дурненькі , - пацалавала мужа Марына , - Хіба можна ўтойваць такое ? Ты , Ваня , як малое дзіця . Вядома , пра сваю хваробу не варта крычаць пад кожным вакном ( людзі або не зразумеюць , або ўзрадуюцца ) , але ж мне , тваёй жонцы , ты проста абавязаны адкрыць сваю душу і свае балячкі . Колькі мы ўжо жывем разам ? Трое дзетак гадуем . Няўжо ты мог падумаць , што я адвярнуся ад цябе , буду папікаць цябе ў нечым ? Хвароба прыходзіць да кожнага чалавека , кожныя дзверы адчыняе без дазволу і без запрашэння . І я , твая жонка , што б ні здарылася , буду заўсёды ісці побач з табою , ісці да канца .

Расчулены Іван пусціў слязу , згроб жонку ў мядзведзевыя абдымкі . Тады ж вырашылі ўзяць хрысціянскі шлюб у мінскім Чырвоным Касцёле . Успомнілася Мастадонту , што паэт Антон Даніловіч-Гоцкі , які запаў ў душу пасля сустрэчы ў кафэ і хвацкай бойкі , быў парафіянінам гэтага славутага стогадовага касцёла . Падумалася - такі чалавек не можа памыляцца , не будзе хадзіць абы куды .

Як пагалоўна ўсе савецкія грамадзяне , былі Іван і Марына ў свой час атэістамі , а рэлігія была , вядома ж , опіумам для народу . Атэістамі былі і іхнія бацькі . Прынамсі , так усё выглядала звонку , з фасаду , а што ў чалавека дзеецца ў душы , якія там грукочуць вулканы і вулканчыкі , камуністычных бонзаў не цікавіла . Народ будаваў ды будаваў самае шчаслівае , самае прагрэсіўнае грамадства . У вельмі рэдкіх , цудам незруйнаваных цэрквах і касцёлах былі склады ўгнаенняў і будматэрыялаў . Асабліва імпэтныя актывісты-атэісты пілавалі па вёсках крыжы , звозілі на трактарах у адну кучу і кідалі ў вогнішча . Квітнеў гранітны інтэрнацыяналізм . Квітнела непарушная дружба народаў . Усё шчыльней збліжаліся народы і , урэшце рэшт , так зблізіліся , што пачалі стукацца адзін аб аднаго ілбамі і , як більярдныя шары , з трэскам разляцеліся ў розныя бакі .

Такім чынам , хрысціянскі шлях давялося пачынаць з нуля . Амаль месяц хадзілі Іван з Марынаю ўвечары ў Чырвоны Касцёл . Такіх , як яны , было чалавек трыццаць . Маладыя і сярэдняга веку людзі . Абаяльная вельмі душэўная пані Марыя ўводзіла іх у бязмежны вечна квітнеючы свет , імя якому Хрысціянства . Сімвал веры ... Навука Езуса Хрыста ... Галоўныя праўды веры ... 10 Божых прыказанняў ... Святыя Сакраманты ...

Яны затойвалі дыханне , яны лавілі кожнае слова сваёй натхнёнай светлатварай настаўніцы і ў думках пераносіліся на два тысячагоддзі назад , у той незабыўны заўсёды юны час , калі па Галілеі і Самарыі , па берагах ракі Ярдан , Галілейскага возера і Мёртвага мора , па вуліцах і плошчах Ерузалему , пад спякотным сонцам і пад прамяністымі начнымі зоркамі хадзіў са сваімі апосталамі Езус Хрыстус . У пакоі , дзе ішло навучанне , аж звінела цішыня . Потым за сценамі , у глыбіні касцёлу , паступова пачынаў нараджацца лёгкі спакойны шум – збіраліся людзі на святую імшу . Гучаў голас ксяндза-пробашча . Гучалі малітвы . І раптам ажываў арган . Велічныя хвалюючыя гукі ўрачыста плылі ўверх , да нябёсаў , да Бога . Гукі гэтыя выкрасалі з душы слёзы . Думалася аб сваіх продках , аб сваіх бацьках . Аб усіх , хто назаўжды пакінуў свет з надзеяю на ўваскрашэнне .

У касцёле трапяталі агеньчыкі запаленых свечак . Цэлыя раі светлых агеньчыкаў . Калі адчыняліся цяжкія ўваходныя дзверы , і звонку ўрываўся струмень паветра , агеньчыкі аднаімгненна рэзка ўздрыгвалі , як бы надломваліся . Здавалася , вось-вось яны адарвуцца ад свечак і паляцяць у нябёсы услед за гукамі аргану .

За час навучання Іван Мастоўскі усвоіў галоўную звышзадачу Касцёлу – ён , Касцёл , жадае людзям Спакою . Ні багацця , ні славы , ні здароўя , а менавіта Спакою . Гэтым адвяргаюцца агрэсія і зайздрасць . Гэтым тушацца пажары войнаў .

Кожны чалавек па прыродзе сваёй вернік , хоча ён ці не хоча . Такім яго стварыў Бог . Чалавек павінен штодзённа і пажыццёва шукаць Бога , бо сказана : “ Знойдзеце Бога – знойдзеце ўсё “ .

Хвалюючыся і духоўна ўваскрасаючы , узялі шлюб у Чырвоным Касцёле . Ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк , як заўсёды пранікнёны і натхнёна-прыгожы , блаславіў іхняе сужэнства . Іван Мастоўскі пакорліва схіляў галаву , цалаваў крыж , абменьваўся з Марынай пярсцёнкамі і думаў , што ў гэтым святым храме , пэўна ж , маліўся ў свой час малады Янка Купала .

- Давай паедзем у вясельнае падарожжа , - прапанаваў ён пасля касцёла жонцы .

- Якое падарожжа ? – здзівілася Марына , - Не ведала , Ваня , што ты зрабіўся банкірам-мільянерам . Я не магу нашкрэбсці грошай , каб квартплату заплаціць і Стасіку чаравікі купіць , а ты надумаў нейкае падарожжа .

- Паедзем усёй сям”ёю ў Будслаў , у Беларускі нацыянальны санктуарый Маці Божай .

“ Аўдзі “ нашу я падрамантаваў , пафарбаваў , так што можам ірвануць хоць заўтра .

- У Будслаў паедзем , - загарэлася жонка , - А па дарозе назад завернем на возера Нарач , пакупаемся . Я ні разу там не была , ды й дзеці таксама .

- Ура !!! – закрычалі шчаслівыя ад такой навіны дзеці .

Назаўтра раніцой усё сямейства Мастоўскіх пакіравалася ў шматкіламетровую вандроўку . Узялі бутэрброды , ваду , тэрмасы з гарбатай і кавай . Сам гаспадар , чыста паголены , прыгожа акуратна апрануты , цвёрда трымаў стырно “ Аўдзі “. Уначы яму прысніўся нейкі заблытаны сон . Быццам усё ягонае агромністае цела ( рукі , ногі , галава , жывот ) складаецца з мноства бліскучых ярка-белых драбкоў цукру , і называецца ён Рафінадны Джо . Прынамсі , так звяртаюцца да яго сустрэчныя людзі , калі ён шпацыруе па вуліцы . Шумлівыя жорсткія падлеткі бягуць следам за ім , здзекліва ўлюлюкаюць і ўсё спрабуюць адкалупнуць ад яго хоць драбок . Адным словам , поўная бязглуздзіца і недарэчнасць . Раптам з-за вагончыка ( нават ува сне няма ніякага паратунку ад гэтых праклятых вагончыкаў ! ) выскоквае Чэрап , пагрозліва рагоча і дае яму , Мастадонту , балючую абразлівую пстрычку проста ў лоб . І ён , Мастадонт , адразу ж рассыпаецца на драбкі .

“ Прысніцца ж такое , - хацеў сплюнуць у аўтамабілі пры дзецях і пры жонцы , ды своечасова ўтрымаў сябе Іван , - Ясна , што ўсё бярэ пачатак з пастаянных думак пра дыябет . Але ж ім хварэюць мільёны людзей па ўсім свеце і жывуць , не паміраюць . Тым больш , як казала лекарка , дыябет , па вялікім рахунку , не хвароба , а вобраз лад чалавечага жыцця “.

Значыць , трэба мяняць жыццё . І пачынаць неабходна са свайго імені . Як можа ён , хрысціянін , згаджацца з тым , што яго паўсюдна называюць Мастадонтам ? Ён – Іван Станіслававіч Мастоўскі , а ніякі не Мастадонт . Ён – чалавек , сучасны культурны чалавек , а не нейкае выкапнёвае страшыдла . І зноў успомніўся паэт Антон Даніловіч-Гоцкі . Вось з кім вельмі хацелася б зараз сустрэцца і паразмаўляць . Ды яны яшчэ сустрэнуцца .

Асфальтоўка тым часам бегла праз ранішнія лугі , лясы і палеткі , размашыста ўзлётвала на ўзгоркі , ныраючы , апускалася ў лагчынкі . Зырка і прамяніста свяціла сонца . Крышталёва ззяла раса . Па зялёнай сакавітай траве хадзілі пярэстыя чароды кароў . З імі непалахліва суседзілі чорна-белыя буслы з чырвонымі дзюбамі . Ехалі туды-сюды веласіпедысты , у пераважнай большасці заклапочаныя вясковыя жанчыны , трактары , грузавікі , камбайны , школьныя аўтобусы . Вёсачкі і пасёлкі ўздоўж дарогі былі чыстыя і прыгожыя , з дагледжанымі садамі і агародамі , з ліпамі і бярозамі , з раскошным шматкаляроўем яркіх летніх кветак .

Але вось і Будслаў ! Здалёку відзён магутны цудоўны касцёл , што ўрачыста і велічна мкне ў блакітнае неба стромкімі светлымі вежамі . Яшчэ ў 1504 годзе вялікі князь літоўскі і польскі кароль Аляксандр сваім прывілеем падараваў паселішча Буду і 600 моргаў лесу над ракой Сэрвеч віленскаму кляштару бэрнардынцаў . Тут заўсёды не спынялася стваральная творчая праца . У 1613 годзе тут з”яўляецца цудоўны абраз Маці Божай . У 1649 устаноўлены славуты алтар у апсідзе . 29 ліпеня 1767 году закладзены краевугольны камень пад велічную базыліку , якая паўстала адным з самых грандыёзных і прыгожых касцёлаў тагачаснай Рэчы Паспалітай . На сродкі кляштара быў пабудаваны цагляны шпіталь для бедных , адчынілася 2-класная пачатковая школа на 40 вучняў . Жыццё квітнела да паўстання 1863 году . Пасля падаўлення паўстання кляштарныя карпусы аддалі царскім войскам , а напрыканцы 19 стагоддзя цалкам разбурылі і разабралі . Над руінамі лётаў вецер ды плакалі снягі і дажджы .

Але Бог не забыў гэты край . 2 ліпеня 1998 году кардынал Казімір Свёнтэк каранаваў абраз Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі . Дзесяткі тысяч пілігрымаў ідуць сёння ў Будслаў , каб памаліцца перад Маці Божай Будслаўскай за свае сем”і , за свой народ .

Аўтамабільчык Мастоўскіх прыпыніўся на плошчы перад касцёлам . Тут ужо стаяла некалькі экскурсійных аўтобусаў . Людзі спяшаліся ў храм . Сонца шчодра ўсміхалася ім і як бы запрашала на малітву .

Уразіла , што ўсё неба над касцёлам было запоўнена птушкамі . І лёталі не галубы і не вароны , а ластаўкі ! Хмары ластавак ! Лёгкія імклівыя грацыёзныя , яны пранізвалі паветра , кідаліся то ўверх , то ўніз , напаўняючы сваім нямоўчным звонкім шчэбетам наваколле . У птушыным на першы погляд хаатычным вэрхале была радасць і прага жыцця . Здавалася , яны вітаюць усіх тых , хто йдзе ў храм , хочуць ім сказаць нешта патаемнае і запаветнае .

Людзі перад уваходам у касцёл прыпыняліся , узнімалі позіркі ўгору , хрысціліся і бачылі птушак . І кожны думаў , кожны ведаў , што гэта душы памерлых кружацца ў сонечным небе . Яны прыляцелі сюды , каб узрадавацца і яшчэ раз пераканацца , што не зарасла і ніколі не зарасце дзікім глухатраўем дарога ў Божы дом , як бы ні жадаў хтосьці . А што такія грамадзяне , такія няўтомныя экземпляры ёсць Іван Мастоўскі на свае вочы пераканаўся , калі разам з прыціхлай узрушанай сям”ёй вышаў з касцёлу . Якраз праз плошчу ўбачылі нейкую будоўлю . Ужо ўзведзены падмурак ... Горы цэглы і сілікатных блокаў ... І шыльда , якая ганарыста абвяшчае , што на гэтым самым месцы неўзабаве вырасце “ Дом свободного времяпровождения “. Хто будуе ? Навошта будуе менавіта побач з каталіцкай святыняй усёй Беларусі ? Што гэта такое - “ свободное времяпровождение ? “. Танцаваць тут будуць , або слухаць лекцыі ваяўнічых атэістаў і гуляць у даміно і шахматы ? Невядома .

Іван Мастоўскі ў глыбокім одуме стаяў каля таямнічай будоўлі . Міма ішла жанчына , пэўна , з мясцовых , з цяжкой гаспадарчай сумкаю ў руках . Зірнула на будоўлю , зірнула на Івана , усё зразумела , сказала :

- Не ўгамоняцца . Не супакояцца . Ім , як соль на рану , наш святы храм . Але Бога і людзей яшчэ раз не падманеш .

Прамовіўшы такія словы , кабета паставіла на зямлю сумку , шырока перахрысцілася і нізка пакланілася старадаўнім касцёльным вежам .

Тым часам сонца прыпякала ўсё мацней . Купілі дзецям соку і лёдаў у суседняй краме , адчынілі дзверцы аўтамабіля , каб асвяжыць і праветрыць салон , самі селі проста на траву пад маладзенькай цяністай ліпкай . Калі ж зноў пачалі залазіць у “ Аўдзі “ , каб ехаць на Нарач , а затым дадому , малы Стасік здзіўлена закрычаў :

- Тата ! Тата ! У нашай машыне – ластаўкі ! Тры ластаўкі !

І сапраўды – светлагрудыя птушачкі пырхалі ў салоне . Як і калі яны паспелі заляцець ? Іван узмахнуў рукамі , выгнаў нечаканых візіцёрак . Потым пайшоў да блакітнага шапіка “Белсаюздруку “ і купіў турыстычную мапу . Калі ж вярнуўся , сеў за руль , ззаду на самае вуха таямніча зашаптаў Стасік :

- Яны зноў тут .

- Хто ?- напачатку не зразумеў Мастоўскі .

- Тры ластаўкі .

Гэта ўжо пахла нейкім сюррэалізмам . Тры ластаўкі ( стаіўшыся ! ) сядзелі шчыльнай кучачкай за падушкай задняга сядзення , як быццам ніхто іх і не выганяў . “ Містыка “ , - падумалася Івану , але сэрца затрапятала .

- Што за птушаўё да нас прыбілася ? – здзіўлена прамовіла Марына і сярдзіта крыкнула :

- Акыш адсюль !

Ластаўкі выпырхнулі з салону .

Кажуць , што коні дадому бягуць хутчэй . Гэтак жа сама й аўтамабілі . Старая “ Аўдзі “ імкліва неслася ў накірунку да Мінску . Але , як і абяцаў дзецям і жонцы Мастоўскі , спачатку планавалі заехаць на возера Нарач . Мільгалі абапал дарогі цудоўныя ярка асветленыя шчодрым летнім сонцам краявіды . Быццам золатам і срэбрам была абсыпана зямля .

- Чаму змоўклі , дзіцяткі-беларусяняткі ? – весела спытаў у сваіх малалетніх сыноў Мастоўскі .

- Прыгожа . Мы глядзім і маўчым , - у адзін голас адказалі дзеці .

І раптам Івану падалося , што метраў за дваццаць паперадзе аўтамашыны нізка над шашою ляціць ластаўка , тая самая , што зусім нядаўна сядзела ў салоне . Ён нават матлянуў галавой , нават працёр кулаком вочы . Быць такога не можа . Гэта нейкі міраж , нейкая галюцынацыя . “ Кінуў піць гарэлку , пачаў цверазець , і вось да чаго давяла гэтая цвярозасць , - паныла падумаў Мастоўскі , - Лепей піў бы ў дзень па кроплі , і нічога б не мроілася “.

Але ластаўка ляцела . Ён выразна бачыў яе . Імклівы пругкі камячок над шэрай гарачай стужкай шашы . Вострыя нястомныя крыллі , што рэзалі згусцелае ад спёкі паветра , як брытва .

Іван скасавурыўся на сыноў і жонку – ці бачаць яны таямнічую птушку ? Пэўна ж , не бачылі , бо ў адваротным выпадку малы Стасік абавязкова закрычаў бы і пачаў паказваць пальцам . Значыць , яна ляціць ТОЛЬКІ ДЛЯ ЯГО , і ТОЛЬКІ ЁН патрэбен ёй . Але дзеля чаго ? Ён ніколі не быў палахлівым чалавекам . Ён заўсёды любіў чытаць раманы густа замешаныя на містыцы . Халадок ад такога чытання , асабліва чытання ў начныя часіны , калі глуха спіць твой дом , твой горад , спіць , здаецца , уся планета , быў карысным раздражняльнікам , прымушаў думаць , па-іншаму глядзець на сваё і чужое жыццё , быццам нечакана расколваўся цвёрдакаменны грэцкі арэх і паказваў патаемнае нутро . Нездарма ядро грэцкага арэху знешне так падобна на чалавечы мозг .

Ды яшчэ большая неспадзяванка і яшчэ глыбейшае здзіўленне чакалі Івана , калі злева і зправа ад “ Аўдзі “ з”явіліся дзве новыя птушкі . Гэта быў ужо своеасаблівы эскорт ! Ластаўкі , што колькі імгненняў таму лёталі віліся над будслаўскім касцёлам , імчаліся зараз разам з ягоным аўтамабілем . Веснікі бяды або веснікі радасці ? Ахоўнікі ? Ці напамінальнікі аб нечым ? Хто яны , крылатыя дзеці неба ?

І ён пачынаў разумець , што ўсё адбылося і адбываецца невыпадкова , і , калі паразважаць , усё выструньваецца ў суцэльны адзіны туга напяты ланцуг лагічных падзей . Сустрэча з аднакурснікам Гарткевічам і паэтам Даніловічам-Гоцкім . Бойка ў кафэ . Сустрэча з графам Лісоўскім , нашчадкам славутага палкоўніка Аляксандра Язэпа Лісоўскага , што стварыў лятучыя кавалерыйскія атрады лісоўчыкаў і павёў іх ваяваць-заваёўваць Масковію . Хвароба . Адмова ад ганебнай мянушкі “ Мастадонт “ . Паездка ў Будслаў . Ластаўкі над касцёлам . Ластаўкі-эскорт ягонага аўтамабілю .

Усё адбываецца невыпадкова . І ўсё гэта – толькі пачатак нейкага пакуль няяснага шляху, які ў зусім блізкай будучыні рэзка зменіць , пераломіць ягонае жыццё . Але што гэта за шлях , куды ён вядзе ?

- Нешта ты заціх , Ваня , - сказала жонка , - Сам просіш , каб гаварыла , калі едзем у далёкую дарогу , каб не задрамаць за рулём , а сам маўчыш .

- Што ты бачыш наперадзе ? – спытаў у яе Мастоўскі .

- Тое што й ты . Бачу дарогу .

- І ўсё ?

- І ўсё . Дарога . Асфальт . А што яшчэ можна бачыць ? – здзівілася Марына .

- Вось таму я й маўчу , - загадкава адказаў ёй Іван і нават хмыкнуў .

Ён мацней сціснуў руль , пільней пачаў узірацца ў шэрае палатно дарогі , што няспынна клалася , сцялілася пад аўтамабільныя колы . І ляцеў насустрач пругкі свежы вецер . І ляцела паперадзе імклівая ластаўка . Іван глядзеў на яе і думаў пра таямнічыя непадуладныя чалавечаму розуму энергіі , якія , калі іх зусім не чакаеш , абсалютна нічога не ведаеш пра іх , прыходзяць , нібы грымучыя нябесныя навальніцы , з далёкіх далячыняў . Пра іх ён нядаўна прачытаў у часопісе “ Наука и жизнь “.

І паездка ў Будслаў і вясёлае купанне ў Нарачы вельмі спадабаліся хлапчукам . Колькі дзён размовы былі толькі пра гэтую падзею . Але пакрысе з”яўляліся новыя справы , новыя неадкладныя клопаты , і жыццё зноў пабегла звычнай каляінай . Малым – дзіцячы садок і школа , дарослым – праца . А недзе праз тыдзень пазваніў муж старэйшай Іванавай сястры Васіль Бажкоў , хрыплым усхваляваным голасам сказаў , што Марта памірае – нечакана спаралізавала , адняло мову , і яе паклалі ў раённую бальніцу . Вось такое яно , жыццё – радасць заўсёды змяняецца бядой , горам .

Мастоўскі адразу ж паехаў у гэтую бальніцу , паехаў адзін . Быў ён нібы ў тумане . Пяць гадоў таму ў Калінінградзе памёр ягоны брат Шурка , радыст рыбалоўнага траўлера . Толькі-толькі загаілася душэўная рана , радзей пачаў сніцца брат , і вось новы ўдар . Прычым удар балючэйшы , вастрэйшы , бо памірала сястра , памірала жанчына , а жанчына і смерць – несумяшчальныя паняцці . Толькі па нейкім непаразуменні , на думку Мастоўскага , смерць з сівой даўніны пачалі асацыяваць з воблікам жанчыны , няхай старой , няхай агіднай са страшнай вострай касою . Тая , што дае жыццё , не можа быць сімвалам тлену .

Марта з мужам жыла ў невялікім цагляным доміку на ўскраіне райцэнтру . Тут яшчэ за савецкім часам стварылі саўгас-тэхнікум , вучылі моладзь на аграномаў , заатэхнікаў , садоўнікаў і пчаляроў . Ды праславілася навучальная ўстанова не звышкваліфікаванасцю сваіх выпускнікоў ( хоць кадры з ейных сценаў выходзілі даволі талковыя ) , а сваім дырэктарам Курацапавым . Гэтага Курацапава прыслалі кіраваць сельскагаспадарчай адукацыяй са слаўнага горада Бабруйску . У першы ж дзень выехаў ён аглядаць свае ўладанні , убачыў вялізную чараду буслоў , што шукалі жабак , і закрычаў :

- Чьи это гуси на совхозном поле ?! Непорядок ! Загнать их всех в совхозный хлев !

Сястра ляжала на чацвёртым паверсе бальніцы ў палаце нумар сем . Ліфту не было . Давялося ўздымацца па крутой каменнай лесвіцы з вельмі высокімі прыступкамі , ісці па зацемненым доўгім шырокім калідоры , дзе нязводна пахла лекамі , потым спускацца , потым зноў уздымацца , і вось яны - белыя дзверы з нумарам сем . Ён лёгенька таўхануў іх рукою .

Марта , схуднелая , рэзка пастарэлая , з катэтарам кропельніцы на правай руцэ , ляжала з заплюшчанымі вачыма на вузкім жалезным ложку . Каля яе на цыратавай канапцы сядзела ейная дачка Галя .

- Дзядзя Ваня прыехаў , - гучным голасам сказала Галя .

Сястра з цяжкасцю расплюшчыла вочы . Былі яны ад прыроды ярка-сінія нябесныя , але цяжкая хвароба затуманіла іх , падбяліла , прысыпала попелам пакуты . На самым дне вачэй тлела разгубленасць і дзіцячая бездапаможнасць . Марта напружана глядзела на Івана быццам нешта ўспамінаючы , быццам молячы аб нечым і раптам заплакала . Мастоўскі ўздрыгнуў , адчуў камяк болю ў грудзях , нахіліўся , узяў сестрыну руку , кволую , лёгкую , з чырвонымі плямкамі на бледнай скуры , пацалаваў , пачаў гладзіць . Потым паклаў далонь ёй на лоб , гарачаваты , зрэзаны павуцінкаю маршчынак і таксама ўвесь у чырвоных плямках .

- Інсультнікі заўсёды плачуць , - патлумачыла Галя .

- Хто гэта прыехаў ? – спыталася яна ў мацеры , - Скажы , хто гэта прыехаў ?

Марта ляжала , маўчала і плакала , неадрыўна пазіраючы на малодшага брата . Заплакаў і ён . І успомніў ... Ён успомніў белы зімовы дзень , сябе , малога , пяці ці шасці гадовага . Тады ён сядзеў каля вакна іхняй хаты , бачыў заснежаны двор , заснежаныя ліпы і бярозы , шэрых мітуслівых вераб”ёў-сметнікаў . І раптам да акна весела падбегла Марта , маладзенькая , гнуткая , пунсовашчокая , у сінім заліхвацкім берэціку на русай галаве , зляпіла снежку , шыбнула яе ў шыбіну . Ён аж зажмурыўся , спуджана матлянуў галавою , бо падалося , што халодная снежка ляціць проста ў твар .

- Наша Марта прыехала на канікулы , - радасна сказаў бацька .

Сястра вучылася ў фінансавым тэхнікуме ў Гародні , вельмі хваліла гэты прыгожы старадаўні горад , прывозіла адтуль Івану самыя розныя падарункі . То калейдаскоп , які , калі яго крутанеш , паказваў дзівосныя яркія ўзоры , то сшытак з намаляваным на вокладцы мудрым барадатым летапісцам , то каляровыя алоўкі .

“ Не памірай , сястра , - глытаючы слёзы , гладзячы Марце рукі і шчокі , у думках прасіў умольваў Мастоўскі , - Не памірай , маё залатое незабыўнае маленства . Ты такая добрая мілая прыгожая . Ты , як вясновая птушачка , што звонка шчабятала і шчабятала ў нашай хаце . Ты ніколі не крыўдзіла мяне , заўсёды абараняла . Ты ляжыш перада мной хворая старая разбітая жорсткім інсультам , ты горка плачаш , а я ўсёроўна бачу тую маладзенькую вясёлую чыстую дзяўчынку ў сінім берэціку . Не памірай , мая дарагая сястра “ .

Раённыя ўрачы , большасць з якіх Іван асабіста ведаў , паабяцалі зрабіць усё магчымае і немагчымае , але выратаваць Марту . З такой надзеяю ён паехаў назад у Мінск і

адчуваў , што перарадзіўся душою , стаўся зусім іншым чалавекам . Па-першае , кінуў сваю , як ён называў , халтуру-макулатуру , і ўладкаваўся менеджэрам па гандлю бытавой тэхнікай у салідную замежную фірму , прадстаўніцтва якой нядаўна адчынілася ў Мінску . На сцяне свайго вагончыка павесіў вялізны напісаны каляровымі фламастарамі плакат . Вось што чыталася на тым плакаце : “ Паважанае спадарства ! Усе , каго я ведаю , і хто ведае мяне ! Аб”яўляю , што з сённяшняга дня ( указвалася дата ) перастаю займацца кардонам , шклом , металам , пластыкам і г. д. З сённяшняга дня ўсё гэта – ваш бізнэс . Роўна праз тры дні з”язджаю з вагончыка . Кожны , каму я што-небудзь вінен , можа на працягу гэтых трох дзён у любы час сутак прыйсці да мяне , і мы памяркоўна і палюбоўна вырашым усе нашы праблемы .”

А ўнізе гэтага дзіўнага плаката была прыпіска чырвоным яркім фламастарам : “ З гэтага часу вельмі прашу ўсіх не называць мяне Мастадонтам . Я па пашпарце - Іван Станіслававіч Мастоўскі . Можна называць мяне Іванам , можна проста – Ванем . Але не Мастадонтам , бо мастадонты даўно ўжо вымерлі “.

Самы розны навакольны люд паплыў у вагончык . З”яўляліся надзвычай маляўнічыя экземпляры , што , пэўна , павылазілі на белы свет з цёмных падвалаў і каналізацыйных люкаў . Яны жмурыліся ад сонца , абтрасалі з пакамечаных шэрых халатаў і камбінезонаў пыл , крошкі вугалю , драўняныя трэсачкі , сцябліны травы , агрубелымі непаслухмянымі пальцамі агладжвалі зблытаныя шавялюры і бароды , але ў ганарыстых позірках віравала прэтэнзія на шляхетнасць .

З кожным з візіцёраў Мастоўскі меў карэктную канструктыўную размову . Часам выцягваў з кішэні тоўсты карычневы партаманет , і беларускія рублі , а калі-нікалі нават даляры і еўра , знаходзілі новага радаснага гаспадара . Усе былі задаволеныя і называлі Мастоўскага выключна Іванам Станіслававічам .

Ён жа , калі сыходзілі госці , садзіўся за зялёны пластмасавы столік у сваім вагончыку , падпіраў галаву рукамі , задумліва глядзеў у вакенца . Ён думаў пра Марту . А яшчэ яму хацелася , каб прыляцела ластаўка . Вечаровыя сонечныя праменні , ужо аслабелыя і не надта яркія , прабіваліся праз маленькія шыбкі ў вагончык , клаліся рознакаляровым сяйвом на столік . “ Прыляці . Стукні ў вакенца “ , - прасіў ён ластаўку . Ды яна не прылятала .

Яшчэ ж вельмі хацелася Івану Мастоўскаму , каб завітаў да яго Вітаўт Гарткевіч і (найлепей ! ) завітаў разам з Антонам Даніловічам-Гоцкім . Не павінна разлучыць іх , траіх , жыццё , не павінна , бо вышэйшая наканаванасць была ў іхняй сустрэчы . У гэтым Іван быў цвёрда ўпэўнены . Пасля таго , як ён прыняў святы хрост , пачаў хадзіць на нядзельную імшу ў касцёл , як бы рассунуліся і пашырыліся далягляды ягонага жыцця , абвастрыўся зрок , умацавалася ўскрылілася душа . Жыццё зрабілася больш таямніча-прывабным і ў той жа час больш прадказальным . “ Мы неўзабаве сустрэнемся “ , - казаў унутраны голас , - І яшчэ заспяваем песню лісоўчыкаў “.

Калі мінуліся тры дні , Іван Мастоўскі няспешна зачыніў вагончык , зняў плакат , згарнуў яго ў трубачку і пайшоў да станцыі метро , каб ехаць дадому . Скончыўся яшчэ адзін адрэзак ягонага жыцця . Бывай назаўжды , вагончык .

На вуліцы змяркалася . Праз сквер ярка ззялі агні піўбару . Там тоўпіўся вясёлы гаманкі люд . Але Івана зусім не вабіла , не цягнула туды . Ён нават дзівіўся сам сабе – як мог , яшчэ з паўмесяца таму , бегчы , нібы сабачка , на першы ж свіст сваіх п”яненькіх сябрукоў ? “Сухая лыжка рот дзярэ ! “ , - крычалі п”янтосы і шумнай гурбою пёрлі ў піўны бар , каб там да самай раніцы прамочваць вогненнай вадой горла . І між іх , у самым іхнім цясноцці , быў , вядома ж , Ваня Мастоўскі .

Сёння ж ён глядзіць на сябе , ранейшага , як бы збоку . І гэтак жа сама глядзіць на сваіх былых аднашкляначнікаў . Цэлае пакаленне такіх , як яны , уяўляе , што жыве , дзейнічае , бурліць , а , па сутнасці , спіць на самым краю бяздоннай цясніны . Яно знікне і не дасць аніякіх урокаў пераемнікам . Яно разаб”ецца аб вострыя скалы , але не прачнецца .

- Мастадонт ! – раптам уладна зычна і груба паклікалі са змроку . Той , хто крычаў , быў непадалёку – крокаў за дзесяць , не болей . І быў ён , мяркуючы па ўсім , не адзін . Там , ярка ўспыхваючы , свяціліся агеньчыкі запальнічак і цыгарэтаў і ўперамешку з густым наўмысна раскацістым смехам гучаў мат-перамат .

Іван Мастоўскі не зменшыў , але й не паскорыў хуткасць хады . Працягваў ісці , як ішоў . Ды яго дагналі , рэзка шкуматнулі ззаду за плячо . Ён пахіснуўся , але ўстояў на нагах . Чалавек пяць начале з Чэрапам абкружылі яго .

- Што , Мастадонт , не пазнаеш сваіх ? – спытаў Чэрап . Ён і сапраўды быў падобен на чэрап , бо апрануў белую тэніску з намаляваным на ёй люмінісцэнтнай фарбаю чалавечым шкілетам . Той шкілет ззяў у цемры сінім іскрыстым святлом .

Іван жа напружана ўспамінаў імя і прозвішча Чэрапа . І ўспомніў .

- А , гэта ты , Толік Чараповіч , - спакойна і ветліва сказаў ён , - Ты чытаў абя”ву на маім былым вагончыку ?

- Чытаў . Алфавіт вывучыў яшчэ ў першым класе . Я ж , да твайго ведама , Мастадонт , вельмі здольны хлопчык , вундэркінд , - весела сплюнуў у сіняватую цемру Чэрап .

Ягоныя сябры , як па камандзе , засмяяліся і пачалі ўсё шчыльней абкружаць Мастоўскага . Ён адчуваў іхняе нецярплівае злое дыханне . Яны нахабна нарываліся на мордабіццё ды яшчэ з крывавай юшкаю .

- Неадукаваны ты , Толік Чараповіч . Не змог прачытаць . Бо , каб прачытаў , называў бы мяне Іванам Станіслававічам .

Сказаўшы такое , Іван набраў у грудзі паболей паветра , уцягнуў наспружыніў жывот , сціснуў кулакі . І яму са шкадобаю ўспомнілася калісьці чытанае апавяданне Джэка Лондана “ Кавалак мяса “. У апавяданні стары загартаваны ў шматлікіх рынгавых баях баксёр не здолеў перамагчы свайго значна маладзейшага праціўніка проста таму , што ў апошнім раўндзе яму не хапіла сілаў . Не з”еў кавалак мяса , адзін-адзіны кавалачак , і сіла а з ёй і ўдача пакінулі цела . Добра , што сеў на дыету , падумаў Іван , але й дрэнна , у дадзенай сітуацыі дрэнна . Мне б зараз той кавалак мяса .

- Прышчамі язык , сучара ! – люта крыкнуў Чэрап , і гэты крык быў сігналам для яраснай атакі . Адначасова ўдарылі з усіх бакоў . Білі па нырках , па шыі , па галаве , між ног . Пэўна , кожны загадзя ведаў месца на гэтым буйнагабарытным чалавечым целе , у якое ён павінен быў з усёй сілаю нанесці ўдар . Пэўна , не адзін раз трэніраваліся . І ўсё ж не так проста было заваліць гэтага магутнага пушчанскага зубра . Мастоўскі , напружыўшы ўсе мускулы , храпучы і равучы , жорстка біў у адказ рукамі , нагамі , галавой . Крышыліся сківіцы , скручваліся набок насы . Кроў залівала твары .

- Смялей , псяюхі ! Не шкадуйце яго ! Біце дужа разумнага ! – аж выў ад пякучай злосці Чэрап . Атрымаўшы ж удар у пераноссе , азвярэўшы ад болю , захістаўся і выхапіў з кішэні востранаточаны сцізорык , якім перад гэтым рэзаў спелы кавун .

 

Колькасць прачытаўшых: 647
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007