Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел чацвёрты

I V

Самы час , паважаныя чытачы , вярнуцца , калі вы яшчэ не стаміліся , да нашай гераіні трыццацівасьмігадовай залатавалосай Эльвіры Скаблінскай , каханкі Вітаўта Гарткевіча . Правёўшы Вітаўта доўгім пяшчотным позіркам , перахрысціўшы яго напаследак , яна ўздыхнула , бадзёра ўзбіла над прыгожым смуглым лобікам эфектныя кудзеркі , падфарбавала вусны і паехала на “ Маздзе “ дадому . Жыла яна разам са сваёй маці Лестай Андрэеўнай , былой загадчыцай парткабінету аднаго з былых мінскіх райкамаў Камуністычнай партыі Беларусі , у двухпакаёвай кватэры на шостым паверсе белацаглянага раскошнага дома ў так званым Царскім Сяле . Гэта там , дзе Камсамольскае возера з Паркам Перамогі і дзе праспект Пераможцаў .

Ці не праўда , рэдкае дзіўнаватае імя – Леста ? Але ўсё расшыфроўваецца вельмі проста . Леста – гэта Ленін і Сталін . Два камуністычныя правадыры , два горныя арлы , як спявалі пра іх галасістыя народныя хоры за савецкім часам .

Эльвіра з Лестай Андрэеўнай жывуць , як і належыць жыць маці з дачкой , дзвюм ужо не першай свежасці незамужнім жанчынам . Не канфліктуюць , прынамсі , стараюцца не канфліктаваць . Пазбягаюць размоў на дужа далікатную , дужа трапятлівую ў іхняй няпростай жыццёвай сітуацыі тэму – дзе б знайсці мужыка ? Дачка – развядзёнка , прычым ужо , каб толькі не памыліцца , у другі раз . Маці – удава . Мужчыны , як залатыя зваблівыя рыбкі , плаваюць , вядома ж , наўкол іх у бурным жыццёвым моры , але ў іхнюю ціхую двухпакаёвую гавань чамусьці не заплываюць . Ды Бог з імі , з мужчынамі ! На ўсіх усёроўна не хопіць . Было б , як кажуць , здароўе . А вось яго асабліва ў сямідзесяцітрохгадовай Лесты Андрэеўны апошнім часам катастрафічна не хапае . Цэлая плойма самых розных хваробаў прыклеілася да яе . І суставы , і сэрца , і ныркі , і вочы , і страўнік ... Спытайцеся лепей аб тым , што не баліць у былой райкамаўскай апаратчыцы .

- Раней лепей было , - кажа яна Эльвіры , намазваючы маргарын на маленькую скібіну батона , калі яны сядзяць на кухні за ранішняй гарбатай , - Раней лекі былі танныя . І кошт іхні ніколі не павышаўся . А сёння я трачу на іх амаль усю сваю пенсію .

Яна ўздымае вочы ўгору , але не на святы абраз , бо яна цвёрдакаменная атэістка і верыць не ў новае жыццё пасля смерці з нябеснымі анёламі і арханёламі , а ў крэматорый на Паўночных могілках і ў жменьку шэрага попелу . Потым расслаблены ейны позірк саслізгвае з кухоннай бураватага колеру столі ў кухоннае вакно . Праз вакно бачацца зялёныя бухматыя дрэвы ў Парку Перамогі , сіняя бліскучая стужка Свіслачы , заасфальтаваныя паркавыя дарожкі , па якіх бягуць людзі , мужчыны і жанчыны , у рознакаляровых спартыўных касцюмах . Некаторыя бягуць з сабакамі , таксама рознакаляровымі

- Ад інфаркта , а тым больш ад інсульту не ўцячэш , - па-філасофску зазначае Леста Андрэеўна , старанна перажоўваючы ўстаўнымі пластмасавымі сківіцамі хлебную не дужа мяккую скібіну , - А яшчэ не ўцячэш ад анеўрызмы аорты брушной поласці , хваробы ў пераважнасці мужчынскай , бо яны , дурныя мужыкі , любяць паднімаць цяжкое , браць усё , як кажуць , на пуп .

- Мама , перастань , - просіць Эльвіра , - Гавары лепш пра палітыку , а не пра хваробы .

Ды Леста Андрэеўна быццам не чуе дачку , хоць слых у яе , як ні дзіўна , даволі востры .

- Мой муж , а твой бацька Іпаліт Максімільянавіч , - кажа яна , - памёр ад разрыву аорты . Памёр проста на дачы – узяўся выкапаць з зямлі валунок і перанесці яго да нашага дачнага фантану . Анеўрызма і не вытрымала . “ У яго каўбы лопнулі “ , - сказаў мне тубылец , які дастаўляў нам з вёскі малако .

- Фі , як непрыгожа , - моршчыцца Эльвіра .

- А смерць далёка не заўсёды прыгожая . Гэта толькі ў фільмах пра вайну яна прыгожая ,- згаджаецца з ёй маці , - А зараз можна і пра палітыку пагаварыць . У нашай магутнай на ўвесь свет дзяржавы , у нашага гранітнага Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік таксама каўбы лопнулі . І , ведаеш , хто парваў гэтыя каўбы ?

- Ведаю , - хуценька адказвае дочка , - Гарбачоў з Ельцыным .

- Правільна ! – ускліквае Леста Андрэеўна , і карычневыя ейныя вочы натхнёна востра

блішчаць , як блішчалі яны тады , калі яе прымалі ў піянеркі . Яна ненавідзіць Гарбачова і Ельцына пякучай класавай нянавісцю . Для яе яны рэнегаты , здраднікі , апартуністы . Каб не яны , цвёрда пераканана Леста Андрэеўна , сусветны сацыялістычны лагер сёння быў бы ўжо за пралівам Ла Манш , на Брытанскіх выспах . Дэмакратычную рэвалюцыю 1991 году яна называе рэстаўрацыяй Бурбонаў .

Эльвіра , ведаючы матчыны “фішкі “ , падыгрывае ёй , згаджаецца з ёю , хоць у глыбіні душы смяецца і над камунізмам і над сацыялізмам , гэтымі , як яна называе , галюцынацыямі Карла Маркса . Менавіта галюцынацымі , бо барадатаму мудрацу , калі ўважліва ўчытацца ў ягоныя творы , пастаянна бачыўся прывід , што блукаў па Еўропе .

Толькі зрэдку , калі маці ўжо асабліва распаляецца і дастае , Эльвіра дазваляе сабе лінуць вядро другое халоднай вады на яркае камуністычнае вогнішча . Яна гаворыць ціхім з”едлівым голасам :

- А чаму ж усе вы райкамаўцы тады , у жніўні дзевяноста першага , не вышлі на вуліцы і плошчы , на барыкады ? Вас жа , камуністаў , было , калі верыць , аж дваццаць адзін мільён ! Чаму ваш партыйны сакратар Трафімук не ўзяў у рукі якую небудзь паляўнічую бярданку , а ты не начапіла на плячо сумку медсястры ? А я б , твая дачка , як верная мужная піянерка , падносіла б на барыкаду патроны . Але ты , мамачка , не начапіла на плячо сумку з чырвоным крыжам , не паклікала мяне на агнявую барыкаду . А таварыш Трафімук зліняў у Канаду і гандлюе там , у буржуазнай краіне , лесам .

Ды такія антыпартыйныя тырады могуць скончыцца катастрафічным інфарктам , і абачлівая Эльвіра вельмі-вельмі рэдка прамаўляе іх . Яна шкадуе маці . Яна ведае – партый на свеце шмат , а маці , якая б яна не была , усяго адна . Не палітыка хвалюе трыццацівасьмігадовую залатавалосую перакладчыцу з англійскай мовы Эльвіру Скаблінскую , а сваё асабістае неўладкаванае жыццё . Вельмі хутка ляціць няўтрымны халодны час , і не паспееш азірнуцца , як табе будзе не трыццаць восем , а цэлых сорак пяць . І хоць спяваюць-прыгаворваюць : “ А ў сорак пяць гадкоў баба ягадка ізноў “ , ды каму патрэбна , калі казаць па шчырасці , зношаная старая кляча ? Вунь колькі ў тэлевізары і на гарадскіх вуліцах асляпляльных ашаламляльна прыгожых маладзенькіх мадэлек .

Прыпаркаваўшы пад вокнамі сваёй кватэры аўтамашыну , Эльвіра ліфтом узнялася на шосты паверх , націснула кнопку званка . Праз нейкі час за абабітымі карычневым дэрмантынам дзвярыма пачулася шарканне старэчых ног і сухі насцярожаны голас спытаў :

- Хто там ?

- Гэта я , дачка твая , - сказала Эльвіра прыдуманыя яшчэ ў дзяцінстве словы-пароль . Яна цмокнула маці ў шчаку , зняла і павесіла на вешалку ярка-чырвоную куртку , на кухні спаласнула пад кранам рукі , расчыніла халадзільнік :

- Зараз , мама , будзем абедаць , а заадно й вячэраць . Толькі прыгатую накрышу салату .

- Табе на наш хатні тэлефон званіла нейкая дама , - паведаміла маці , начэпліваючы на пераноссе акуляры .

- Дама ? А чаму не джэнтльмэн ? – пажартавала Эльвіра .

Ды жарт не быў прыняты .

- Табе тэлефанавала дама . Вольга Сямёнаўна Бабарыка , - строгім , як у школьнай настаўніцы голасам , прачытала з загадзя падрыхтаванай паперкі Леста Пятроўна .

- І што ж ёй патрэбна ад мяне ?

- Яна прасіла патэлефанаваць ёй . Вось нумар тэлефону , - падала маці паперчыну .

- Пазваніць яшчэ паспеем , яшчэ , як кажуць , не вечар . А зараз налятай , мая дарагая мамачка , на царскую салату . Будзем баляваць , - весела сказала Эльвіра , бо ў яе пасля спаткання з Вітаўтам Гарткевічам быў бадзёры настрой .

І ўсё-ткі не самае кепскае жыццё , калі ў адной хоць і не вельмі шыкоўнай і багатай , але надзіва ўтульнай кватэрцы , як у адным чоўне , плывуць па неспакойным бурлівым моры два блізкія чалавекі – маці і дачка . З”яднаныя адной крывёю і адным лёсам , аднымі праблемамі і балячкамі , яны падтрымліваюць , супакойваюць , суцяшаюць адна адну , не даюць страціць душэўную раўнавагу , паслізнуцца , скаціцца ў чорную дэпрэсію . Так увосень , калі халодна-жорсткім робіцца неба і суровы злы вецер гне лясы , на зацішнай палянцы стаіць бяроза , дрэва маладосці і надзеі . Усё лісце ейнае ўжо адмёрла , зрабілася рудым пакарабачаным , ды застаўся адзін-адзіны лісток , жывы , зялёны , трапятлівы , і ён з усіх сілаў чапляецца за сваю маці-бярозу , і яна , хоць стогне ад віхурыстай дажджлівай непагоды , моцна-моцна трымае яго .

Прыбраўшы са стала і памыўшы посуд , Эльвіра пазваніла . Адказаў прыемны і энергічны жаночы голас :

Так , вы патрапілі дакладна туды , куды тэлефанавалі . Я – Вольга Сямёнаўна Бабарыка . Мне вас , Эльвіра Іпалітаўна , рэкамендавала мая даўняя сяброўка выкладчыца англійскай мовы Мінскага Інстытута замежных моваў Арыядна Сяргееўна Карабалевіч . Ведаеце такую ? Вельмі добра . І Арыядна Сяргееўна вас ведае , ведае , як выдатнага спецыяліста . А я давяраю ёй . Вось вам мая прапанова . Я з сям”ёй пастаянна жыву на Кіпры . Там у нас кватэра і бізнэс . У мяне трое дзяцей школьнага ўзросту – дзве дзяўчынкі і хлопчык . Муж працуе ў Беларусі , не можа яе пакінуць і толькі зрэдку наведвае нас . Мне патрэбна правераная адукаваная памочніца па дому , якая выдатна валодае англійскай мовай , і выхавацелька маіх дзяцей . Тут іх называюць бэбісітэрамі . Дарэчы , ці водзіце вы аўтамабіль і ці маеце замежны пашпарт ?

- Ваджу , - адказала Эльвіра , - І з пашпартам у мяне ўсё ў парадку .

- Цудоўненька . Тады пераходзім да канкрэтыкі .

З далейшай размовы вынікала , што яе , Эльвіру Скаблінскую , запрашаюць за вельмі прыстойныя грошы папрацаваць дванаццаць месяцаў у беларускай сям”і , якая пражывае на востраве Кіпр . Гарантаваліся жыллё і харч , месячны аплочваемы адпачынак і медыцынская ашчадка . І , вядома , між напорыстых словаў спадарыні Арыядны Бабарыка чуўся зваблівы пяшчотны шэлест гарачых хваляў Міжземнага мора . Эльвіра павінна была падумаць і праз тры дні даць адказ па гэтым жа тэлефонным нумары . А роўна праз дзесяць дзён самалёт з Мінска браў курс на Ларнаку , паветраныя вароты Рэспублікі Кіпр .

- Мамачка , ты была на Кіпры ? – скончыўшы размову , спытала Эльвіра ў мацеры .

- Што ? – не зразумела Леста Пятроўна .

- Кажу , ці была ты на Кіпры ?

- Каб пабываць на Кіпры , трэба грошай кіпы , - рыфмаю , нібы нейкая паэтка , адказала маці , - Я і ў санаторыі Ждановічы не была . Трафімук са сваімі намеснікамі па ўсім свеце гойсаў , усе курорты аблётаў , а я з раніцы да вечара пахала , ці , як кажуць па-беларуску , плугавала ў райкаме . Я , як і мой народ , усё будавала камунізм . І вось дабудавалася .

Леста Пятроўна схапіла са стала попельніцу , злосна плюнула ў яе , потым пстрыкнула запальнічкай , пачала паліць танную цыгарэтку , трымаючы попельніцу ў руках . Струменьчык сіняватага дыму прыгожа завіваўся над яе сівой галавой . Дарэмная справа казаць ёй , што курыць шкодна . “ Шкодна жыць “ , - адразу ж , як брытвай , разане яна і яшчэ мацней і глыбей зацягнецца .

Для сябе Эльвіра вырашыла , што прыме прапанову кіпрэйска-беларускай бізнэс-вумэн . Наспеў час кардынальна змяніць жыццё . Што там будзе наперадзе сказаць цяжка , але патрэбна рызыкнуць . Хто не рызыкуе , той не п”е шампанскае . Гэта і пра яе , Эльвіру Скаблінскую , сказана . З маці яна пагаворыць на гэтую тэму трохі пазней . Цяжка , вядома , пакідаць яе адну , але верная ленінка ( так любоўна і зусім не са злосцю пра сябе называе маці Эльвіра ) усё зразумее і адпусціць . Тым больш , калі ўсё добра заладзіцца , можна будзе ўзяць маці хоць на нейкія два тыдні да сябе на Кіпр – няхай пагрэе старыя бальшавіцкія косткі ў цёплым капіталістычным моры .

Іншая справа з Вітаўтам Гарткевічам , школьным каханнем . Казаць яму ці не казаць ? Гэты мужчына , бадай , адзіны пры думцы аб якім трывожна-хвалююча ўздрыгвае сэрца . Праўда , і ён аблытаны па руках і нагах сям”ёю . Але ж пры апошняй сустрэчы ў салоне аўтамабіля “ Мазда “ задыхаўся ад пяшчоты , беручы яе , Эльвіру , і шаптаў ёй на вуха , што неўзабаве кіне абрыдлую , як халодная лягушка , жонку .

Трыццацівасьмігадовая Эльвіра Скаблінская – сучасная рацыянальная жанчына без комплексаў . Яна вельмі добра разумее , што ў гэтым суровым бязлітасным свеце ідзе штодзённае і штоночнае паляванне на мужчын , на самцоў . Каб перамагчы , каб дабіцца поспеху , трэба ведаць дзе на мужчынскім целе эрагенныя зоны і ці тоўстыя ягоныя Сам Самыч ( разумееце ? ) і кашалёк . Сантыменты ж пакінем трынаццацігадовым рамантычным дзяўчаткам . У гэтых усё яшчэ наперадзе . Неба іхняга жыцця яшчэ афарбавана ў адзін суцэльны ружовы колер .

Вырашыла пакуль што не званіць Вітаўту , а з”ездзіць на Саўгасны пасёлак да гадалкі , вяшчунні і прарочыцы ( як яе яшчэ там ? ) Клеапатры Клапатоўскай . Пра Клеапатру прачытала аб”яву ў газеце . Гадалка гарантавала стопрацэнтны адгад , поўны магічна вывераны курс будучыні сваіх кліентаў , трапнейшы стрэл , як кажуць , у саменькую-саменькую “ дзесятку “.

Вось і двухпавярховы катэдж славутай гадалкі . Чырвоная цэгла , такога ж колеру эфектная замежная дахоўка , вялізныя закратаваныя фігурнай арматурай вокны . Зямельны ўчастак ( соткі пад тры ) закальцаваны высокім цагляным плотам , на якім чэпка віецца дэкаратыўная вінаградная лаза . У самым цэнтры плоту ўрэзана шырокая чорнага металу брама і вузенькія дзверцы пры ёй з ярка-жоўтымі нібы залатымі літарамі ініцыялаў “ К.К. “. Наўкол ганарыстага багатага катэджу лепяцца нейкія нізкія лядаштыя зашмальцаваныя халупы . Крытыя яны шэрым патрэсканым шыферам або смярдзючым чорным рубероідам . Складваецца ўражанне , што ты патрапіў ў васемнаццатае стагоддзе і бачыш пыхлівы панскі палац на фоне мізэрных хатак панскіх прыгонных .

Эльвіра націснула на пукатую кнопку электрычнага званка . У металічнай браме ( яна заўважыла ) раптам крутнулася нейкае маленькае бліскучае вочка . Ага , значыць , гэта камера відэанагляду . Дзверцы бясшумна расчыніліся .

Гадалка і прарочыца Клеапатра Клапатоўская аказалася энергічнай чарнавалосай пікантнай жанчынаю гадоў сарака-сарака пяці ў доўгім аксамітавым халаце , з мноствам залатых і срэбных колцаў і пярсцёнкаў на руках . Ейную грацыёзную смуглую шыю ўпрыгожвалі звонкія цяжкія маністы з нейкіх дужа старадаўніх манетаў , медалёў і значкоў . Якая кроў цякла ў жылах прарочыцы-ўсяведкі ? Цыганская ? Татарская ? Асірыйская ?

Клеапатра сядзела за круглым чырвонага дрэва сталом на скураной таксама чырвонай фінскай канапцы . У невялікім пакоі панаваў таямнічы дрыготкі паўзмрок . Дрыготкасць гэтая была выклікана тым , што люстра-краб , падвешаная пад столлю на чатырох вітых ланцугах , то трывожна ўспыхвала , то нібы патухала , ледзь тлела , нагадваючы сабой марскі маяк . Сцены ды й столь былі абклеены шпалерамі з самымі фантастычнымі выявамі нейкіх трохкутнікаў , ромбаў , зорак , медузаў , спрутоў і вужоў , якія спляталіся ў шчыльны калючы клубок . Ля кожнай з чатырох сцен месцілася па вялікім акварыўму , дзе плавалі , кружыліся , нібы танцавалі яркія трапічныя рыбкі . У цэнтры стала перад прарочыцай бялеўся самы сапраўдны чалавечы чэрап інкустраваны зіхоткімі дыяментамі .

- Сядай , сястра , - глухаватым роўным голасам сказала Клеапатра Эльвіры , - Што прывяло цябе на парог майго сціплага дому ?

Эльвіра села насупраць . Святло , што пульсавала з люстры-краба , біла ёй у вочы , і прарочыца бачылася то выразна , аб”ёмна , то нібы сціралася , расплывалася .

- Не бойся святла . Гэта – святло праўды . – падбадзёрыла Клапатоўская , - Якім болем баліць душа твая ? Аб чым ты хочаш даведацца ? Гавары . Толькі гавары чыстую , як на споведзі , праўду .

Аднекуль , пэўна , з шырокага рукава халата з”явілася калода картаў . Гадалка хруснула ёю , веерам раскінула па стале .

Эльвіра дастала з сумачкі фатаграфію Вітаўта Гарткевіча :

- Я кахаю гэтага чалавека . Кахаю яшчэ са школьных часоў . І ён быццам бы не абыякавы да мяне . Але ж не собіла нам звязаць свае лёсы шлюбам . Хутка я палячу ў далёкую краіну . Ды й там , за морам , я буду кахаць яго . Хачу даведацца – што чакае мяне наперадзе ? І ці сыйдземся мы з ім калі небудзь ?

Клеапатра ўзяла фатаграфію , пачала пільна ў яе ўзірацца , круцячы так і гэтак . Потым паклала фатаграфію Гарткевіча на стол , кружком рассцяліла наўкол яе карты , заплюшчыла вочы . У пакоі аж звінела цішыня . То разгаралася , то знясілена амаль згасала люстра-краб пад столлю . Ад гэтага па твары ў гадалкі бегалі , трапяталі таямнічыя густыя цені .

- Пакладзі на фатаграфію мужчыны банкноту ў пяцьдзесят даляраў , - суровым голасам загадала Клеапатра , і Эльвіра паслухмяна выканала загад .

Трэба адзначыць , што Эльвіра Скаблінская скептычна адносілася да гадалак , вяшчунняў , экстрасэнсаў , усіх гэтых кашпіроўскіх , як казала яна , і прыйшла да Клапатоўскай чыста з-за жаночай цікаўнасці . Але тут , сам насам з чарнавалосай загадкавай жанчынай , тут , пад нервовым перарывістым святлом , пад суровым бязвокім позіркам чалавечага чэрапу яна раптам з халоднымі дрыжыкамі па ўсёй скуры адчула , што нешта ў гэтым ёсць , глыбіннае , першабытнае , непадуладнае розуму , што недарэмна хадзілі калісьці па зямлі , сядзелі каля чырвоных пякучых вогнішчаў , слухалі шум лясоў , глядзелі ў зорнае начное неба валхвы , вайдэлоты , магі і друіды . І , пэўна , вось гэтая гадалка іхняя духоўная наступніца , хоць і жыве ў дваццаць першым стагоддзі . Першабытная сіла , першабытная воля , першабытная аўра так і струменіцца ад яе , навылёт пранізвае душу .

Тым часам на стале прамяніста заззяла вялізная сіняга крышталю талерка . Клеапатра ўзяла чэрап і высыпала з яго на талерку мноства рознакаляровых яркіх шарыкаў . Смуглай рукою , шырока растапырыўшы абвітыя колцамі і пярсцёнкамі доўгія тонкія пальцы , яна пачала спачатку павольна , а затым усё хутчэй і хутчэй перамешваць шарыкі , разганяць іх

да неймавернай хуткасці . Яны звонка ўдараліся , шчоўкалі , пераскоквалі адзін аднога , і зліліся нарэшце ў суцэльны бліскучы струмень . Здавалася , цячэ няспынны вясновы ручай .

Раптам гадалка рэзка выхапіла рукі з гэтага зіхоткага грымлівага ручая , сціснула імі свой лоб , знерухомела , колькі хвілінаў сядзела з заплюшчанымі вачыма быццам нежывая . Эльвіра неадрыўна , як птушанё на ўдава , пазірала на яе , і сэрца напаўнялася дрыготкасцю .

- Бачу , - глухім голасам прамовіла гадалка .

- Што ? – усім целам памкнулася да яе Эльвіра Скаблінская .

- Бачу , - зноў паўтарыла гадалка і расплюшчыла вочы . Яны ярка свяціліся .

- Што бачыце ? Мора ? Хвалі ? Востраў ? Мяне з Вітаўтам на тым востраве ?

- Не . Бачу лес . Балота . Бачу гэтага мужчыну на кані . Ён з шабляй у руцэ . Ты таксама на кані ...

- Глупства . Я ніколі не ездзіла на конях . Я баюся іх і не ўмею на іх ездзіць . І адкуль у Вітаўта нейкая шабля ? – раздражнёна запярэчыла Эльвіра . “ Дурыць . Узяла пяцьдзесят даляраў і дурыць , вешае локшыну на вушы , - падумала яна , - Цю-цю , маЕ далярчыкі “.

А Клеапатра няўтрымна казала далей :

- Бой ... Дым ... Стогны ... Стогнуць параненыя людзі ... Кроў на балотнай вадзе ... Гэта ягоная кроў , кроў мужчыны , што на фатаграфіі ...

- Што ты чаўпеш ? – гнеўна ўзнялася з канапкі Скаблінская , - Ты , пэўна , працуеш сцэнарыстскай на кінастудыі , а так званае гаданне – тваё хобі і дадатковыя , прычым немалыя , грошы !

Ды гадалка , не зважаючы на ейныя словы , разгойдваючыся нібы ў трансе , вяла сваё :

- Лес ... Людзі на конях ... Ён , паранены , на кані ... Ты – на кані ... Лісоўчыкі ... Усе – лісоўчыкі ... Ты таксама лісоўчыха ...

- Трызненне ! Хваравітая маньяцкая бязглуздзіца ! Якія , чорт бяры , лісоўчыкі ?! Хто яны і што яны ? ! – ужо не магла стрымлівацца Эльвіра .

- Лес ... Зноў лес ... Бой скончыўся , але неўзабаве пачнецца зноў ... У лесе , у гэтым лесе ты добраахвотна аддаешся чацвярым мужчынам , - не спынялася Клеапатра .

- Ідыётка ! – люта крыкнула Эльвіра , схапіла са стала чалавечы чэрап , шпурнула ім у прарочыцу і амаль пабегла да дзвярэй , ды з парогу вярнулася назад , забрала свае пяцьдзесят даляраў .

Авіярэйс “ Мінск – Ларнака “ затрымліваўся прыкладна на паўгадзіну . Пэўна , чакалі нейкую спецыялізаваную групу пасажыраў . І вось да будынку аэрапорту падруляваў прыгожы блакітны мікрааўтобус, і з яго , весела размаўляючы на невядомай беларусам мове ( “ грэцкая “- як дыпламаваны лінгвіст вызначыла Эльвіра Скаблінская ) , выйшла з дзесятак чарнавалосых смуглатварых людзей . Яны актыўна жэстыкулявалі , нешта горача абмяркоўвалі , гучна смяяліся , адным словам , былі свабодныя і незакамплексаваныя , як і належыць упэўненым у сваім лёсе шчаслівым людзям .

Эльвіра даволі часта лётала самалётамі , але на востраў Кіпр выбралася ўпершыню . Дамовіліся , што Вольга Сямёнаўна Бабарыка , працадаўца , сустрэне яе на сваім аўтамабілі “ Вольва “ ў аэрапорце Ларнакі .

- Як жа мы пазнаем адна адну ? – падчас тэлефоннай размовы спытала Эльвіра .

- Аўтамабіль будзе прыпаркаваны ў трэцім радзе насупраць цэнтральнага ўваходу ў аэрапорт . На яго я начаплю пяць зялёных паветраных шарыкаў . Чаму пяць ? Таму , што мая сям”я складаецца з пяці чалавек – трое дзяцей , муж , я , - рашучым звонкім голасам адказаў Кіпр . “ Сябе паставіла на апошняе месца “ , - адзначыла Скаблінская .

Не верце таму , хто кажа , што сядаючы ў самалёт і прышпільваючыся рамнём бяспекі ён не хвалюецца . Такіх людзей няма . Няма па простай прычыне – чалавек не птушка . Гэта крылатая птушка не баіцца вышыні і вольнага імклівага палёту , бо такой задумаў і стварыў яе Бог . Чалавека ж Бог прыляпіў да зямлі , да цвёрдага грунту , не даў яму крылаў . Можна , не будучы рыбінай , навучыцца плаваць . Нельга , не нарадзіўшыся птушкай , узляцець у неба толькі пры дапамозе сваіх уласных дзвюх рук . Людзей зрабіў лятучымі іхні Інтэлект , іхні калектыўны Мозг . Але , выпраўляючыся ў нябеснае падарожжа , кожны з нас застаецца адзін-адзінюткі перад велізарнай халоднай таямнічай прасторай і адразу адчувае сябе нікчэмным і мізэрным , бо ўжо абсалютна нічога не залежыць ад нашай волі , сілы , розуму і адвагі . Мы ва ўладзе сляпой непрадказальнасці . Кожны момант могуць паламацца навігацыйныя прыборы і рухавікі . Самалёт можа сутыкнуцца з птушкай , з маланкай , з ракетай , з іншым самалётам . А тэрарысты ? А нечаканы пажар на борце ? Адным словам , калі б чалавецтва магло не лётаць , яно б не лётала . Але мы , людзі , не можам не лётаць . І мы ляцім , молячыся ў думках Богу , успамінаючы сваіх родных і блізкіх . І мы ляцім не на металічных звыштрывалых крылах . Мы ляцім на дыханні тых , хто нас чакае .

Эльвіра , вядома ж , таксама хвалявалася . Каб неяк супакоіцца , пачала пералічваць пасажыраў “ Боінгу “ , робячы гэта незаўважна для іх . Усяго ляцела шэсцьдзесят тры чалавекі . Старых людзей не было . Былі людзі сярэдняга веку . Моладзь . Мужчыны . Жанчыны . Дзеці . Ляцелі беларусы і нямала грэкаў-кіпрыётаў . Гэтыя рэгулярна наведваюцца ў Беларусь , бо тут за невялікія грошы можна накупляць тавараў , якія на востраве каштуюць надта дорага . Хоць Рэспубліка Кіпр з”яўляецца членам Еўразвязу , далёка не ва ўсіх яе грамадзянаў тоўстыя кашалькі . Маладзейшыя кіпрыёты , гарачыя тэмпераментныя прыгажуны , лётаюць , па чутках , у сэкстуры . Што ж , з такімі не грэх пакахацца .

Між сваіх суайчыннікаў і суайчынніц назіральная Эльвіра вызначыла групку маладзенькіх дужа прыгожых дзяўчатак апранутых па самай апошняй модзе . Паводзяць сябе стрымана , нешматслоўна , абмацваюць пільнымі выпрабавальнымі позіркамі ўсіх , асабліва мужчын . Гэтыя аматаркі замежных пералётаў , калі пацікавішся , што павяло іх у дарогу , адкажуць – на Кіпры будзем працаваць акторкамі-танцоркамі ў начных вар”етэ, або , у горшым варыянце , афіцыянткамі . На самой жа справе , іх ужо чакаюць суценёры з “ мамкамі “ і прагны на сексуальныя ўцехі рознамоўны інтэрнацыянальны люд , які з вясны да восені ашываецца на шматгалосым і шматфарбным марскім курорце .

Некаторыя з гэтых бліскучых зорачак-дзяўчатак , пэўна , самыя наіўныя німфеткі , хочуць знайсці на Востраве Кахання багатага мужа . Ды мужы на гарачых пляжах не валяюцца . Сёння іх трэба шукаць у рэспектабельных офісах , на практычна-навуковых міжнародных сімпозіўмах , у аўдыторыях і дэканатах недаступных для звычайных людзей інстытутаў .

З самалётнай кабіны выйшла ў праход сцюардэса , зграбная сіневалосая ( пад колер

неба ! ) дзяўчына , пачала тлумачыць як на выпадак катастрофы карыстацца выратавальнай ярка-аранжавай камізэлькай . Усе магчымыя дзеянні паказвала на сабе , тыкаючы рукамі ў грудзі , у сцёгны . Пры нападзе акулаў , калі самалёт упадзе ў мора , рэкамендавала рэзка дзьмуць у свісток , адпалохваць крыважэрных зубатых драпежніц .

- Тады не да свістка будзе , - па-філасофску зазначыў Эльвірын сусед , таўсматы рухавы чалавечак гадоў сарака , якому быў яўна караткаваты рамень бяспекі . Ён махнуў рукой на рамень , выцягнуў з унутранай кішэні светлай курткі пляшачку , спрытна адвінціў накрыўку , зрабіў два-тры глыткі . Эльвіры , заўважыўшы ейны позірк , сказаў :

- Для смеласці . Мо й вы жадаеце ?

“ Клеіцца “ , - падумала Скаблінская і заплюшчыла вочы . Адразу ж убачыўся Вітаўт ,

загадкава ўсміхнуўся . З мінскага аэрапорту званіла яму , пасылала эсэмэску , але ягоны мабільнік маўчаў .

Разаграваючыся , запрацавалі рухавікі . Спачатку спакойна , роўна , потым усё мацней і трывожней . Самалёт пачаў вырульваць на ўзлётную паласу . Ён злёгку пагойдваўся , нервова трапятаў ад магутнай парывістай сілы , што была схавана ў ягоным агромністым металічным целе .

Вось гул “ Боінгу “ ўзмацніўся , у ім пачуліся перуновыя раскаты . Самалёт пабег па тоўстых плітах узлётнай паласы , пабег усё хутчэй-хутчэй , і раптам зямля рэзка адштурхнула яго , стрэліла ім у прамяністы звонкі блакіт . Коса гайданулася неба ў ілюмінатары . Потым колькі імгненняў бачылася толькі вялізнае напружанае крыло з кожнай заклёпкай на ім . І нарэшце зямля разгарнулася глыбока ўнізе , як каляровая геаграфічная мапа . Праляцелі над нейкай аўтабазаю , дзе стаялі дзесяткі маленькіх , нібы цацачных , машынаў і снавалі людзі , падобныя на мошак . Высозны заводскі комін здаўся саломінкай уваткнутай у запалкавы карабок . Гарадскія будынкі былі як белыя драбкі цукру . Лясы , лугі і палеткі слаліся клятчастай шатландскай спаднічкай .

Нарэшце прабілі беласнежныя горы воблакаў , узняліся на вышыню дзесяць тысяч метраў , дзе ўладарнічала яркае сонца . “ Боінг “ узяў курс на поўдзень . Беларусь ... Украіна ... Чорнае мора ... Турцыя ... Міжземнае мора ... Рэспубліка Кіпр ... Два моры і чатыры краіны . Вось што за тры гадзіны палёту плыло , жыло , з”яўлялася і назаўсёды знікала пад крылом .

“ Я лячу ў невядомасць , - уткнуўшыся ілбом ў шкло ілюмінатару , амаль засынаючы , думала Эльвіра , - Што чакае мяне ? Якіх людзей неўзабаве сустрэну я ? Як глянуць на мяне тыя яшчэ невядомыя людзі і што аба мне падумаюць ? Мамачка , ты зараз адна ў нашай кватэры . Ты , пэўна , сядзіш на кухні , п”еш халодную гарбату і ціхенька плачаш . Лёс мацярок – ціхенька няўцешна плакаць . Прабач мне , тваёй дачцы-няўдаліцы . Усё нешта шукаю , за нечым ганюся . Прабач мне , мая няшчасная мама “.

Яна заснула , і ёй прымроіўся- прысніўся шэры дажджлівы лес , кроплі дажджу , як бліскучыя слёзы , на калючых хвойных голках . Усё наўкол мокрае , слізкае , трывожнае . Вершнікі , чалавек дваццаць-трыццаць на змораных здарожаных конях , прадзіраюцца праз дзікую лясную гушчэчу . Яны – лісоўчыкі . Між іх Вітаўт Гарткевіч і яна . На іх нехта палюе , нехта хоча іх забіць або ўзяць у палон і потым забіць . Вітаўт пад”язджае да яе , цалуе ў шчаку , шэпча на самае вуха :

- Не бойся . Мы не здадзімся . Мы будзем біцца . Калі ж што – мы скокнем на конях у лясное возера . Яно чыстае халоднае глыбокае . Мы зробімся зялёным чаротам , у якім спявае вецер . Не бойся . Я кахаю цябе .

- Праз дзесяць хвілінаў прызямляемся ў аэрапорце Ларнака , - уварваўся раптам у ейны сон рашучы жаночы голас , - Тэмпература ў Ларнацы плюс трыццаць градусаў па Цэльсію . Прышпіліце , калі ласка , свае рамяні бяспекі і не ўставайце з месцаў да поўнага спынення самалёту .

Эльвіра адразу ж прачнулася , похапкам пачала збіраць рэчы . Значыць , прыляцелі ў Ларнаку . На грэцкай мове ( яна спецыяльна цікавілася ў турыстычным даведніку ) назоў гораду азначае – каменная магіла , саркафаг . Будзем шчырымі – гучыць не дужа аптымістычна .

Толькі выйшлі на трап самалёту , як у твары ўдарыла гарачае сонца , мяккім нязвычным цяжарам лягло на спіны і плечы . Паветра было надзіва сухое і таксама гарачае . Побач з аэрапортам густа шчодра сінелася Міжземнае мора , зямля ж , як кінуць вокам , скрозь была чырванаватая і бура-жоўтая , з калючай знясіленай бязлітаснай спякотай травою . Шмат маленькіх прыватных самалёцікаў . Усе людзі , што сустракаюць самалёт , чарнавалосыя і смуглыя . Толькі адзін між іх сімпатычны ўсмешлівы бландзінчык у белай фірменнай кашулі , прадстаўнік фірмы “ Белавія “. Прозвішча ягонае добра вядома ўсім , хто лётае на Кіпр – Доста .

Пасажыры , абганяючы адзін аднога , бо ўсе маладыя і хутканогія , рынуліся ў аэрапорт . Там , у зале прылётаў , усе адразу пачалі выстройвацца ў даўжэзныя чэргі перад вокнамі , у якіх сядзелі кіпрэйскія афіцэры-памежнікі . Вокнаў такіх нямала , але большасць з іх абслугоўвае грамадзянаў Еўразвязу . Наша ж дзяржава-сінявочка ў Звяз гэты не ўступіла , ды й не спяшаецца ўступаць , і таму беларусы ціснуцца ля вакна на якім напісана , што тут прымаюць пашпарты і авіябілеты ад грамадзянаў іншых , як тут напісана , трэціх краін . І тут мы не першыя , а толькі трэція .

Высветлілася , што далёка не ўсе , хто прыбыў з Мінску , могуць правільна запоўніць картку прылёту . Стаяць , разгублена круцяць у руках зялёныя картонныя прамавугольнічкі , дзе ўсё надрукавана англійскай і грэцкай моваю .

- А нам говорили , что всюду , по всему миру , действует русский язык , - казала свайму мужу энергічная бальзакаўскага ўзросту дама , з тых , хто любіць не Купалу і Коласа , а Булгакава з Дар”яй Данцовай , - Вот что здесь написано ?

Яна блізарука прыжмурылася , пачала няўцямна круціць у пухленькіх руках картку і павольна , па складах , чытаць англійскае слова :

- Occupation . Что это ? Оккупация ?

- Гэта азначае – прафесія , спецыяльнасць , - не вытрымала , падказала аматарцы Дар”і Данцовай Эльвіра Скаблінская . Тая глянула на яе з велізарным неймаверным здзіўленнем , пэўна , упершыню ўцяміўшы і зразумеўшы , што навакольныя людзі далёка не ўсюды размаўляюць па-расійску , а расійскай моваю карыстаюцца ўсяго толькі некалькі адсоткаў людзей .

Дачакаўшыся на канвееры свой чамаданчык , Эльвіра выйшла з будынку аэрапорту пад усясільнае кіпрэйскае сонца . І праз лічаныя хвіліны адчула , што сонца гэтае не злое і драпежнае , а вельмі добрае , мяккае , камфортнае .

Дзе ж аўтамабіль спадарыні Бабарыка ? Машын тут , каля ларнакскага міжнароднага аэрапорту , цэлае мора . І ўсе шыкоўныя раскошныя бліскучыя . Аж вочы разбягаюцца . Але вось і пяць зялёных паветраных шарыкаў . Эльвіра накіравалася ў той бок .

- Эльвіра Іпалітаўна ? – працягнула ёй вельмі загарэлую прыгожую руку эфектная энергічная жанчына гадоў сарака , - Рада вас вітаць на сонечным востраве Афрадыты .

Дык вось яна якая – Эльвірына працадаўца і , калі ўсё ўдала складзецца , будучая ейная гаспадыня на цэлых дванаццаць месяцаў . У ідэальна падагнаным пад спартыўную фігуру светласінім джынсавым касцюме . Кароткая каштанавага колеру стрыжка . На галаве белая шапачка-алімпійка з доўгім брылём , з надпісам “ Cyprus “.

- Адразу , як кажуць , расставім кропкі над “ і “ , - упэўнена вырульваючяы з паркінгу , прамовіла Бабарыка , - Я называю вас Эльвіра Іпалітаўна , вы мяне – Вольга Сямёнаўна . Заўсёды і ўсюды . Окэй ?

- Окэй , - амаль аўтаматычна адказала Эльвіра

- Вось і ладненька . Тут , у чужой краіне , не трэба расслабляцца . Мясцовы народ , хочам мы гэтага , ці не хочам , глядзіць на нас збоку , вывучае і выносіць сваё меркаванне . І меркаванне , мушу заўважыць , далёка не заўсёды на нашу карысць .

“ Вольва “ тым часам вырвалася на аўтамагістраль , моцную звонкую бетонку , якую пабудавалі англічане яшчэ тады , калі Кіпр быў іхняй калоніяй . Яны ж увялі і левастаронні рух на дарогах .

- Спачатку нязвычна было , - тлумачыла Вольга Сямёнаўна , - У нас жа ў Мінску , ды й наогул ва ўсім былым Саюзе , машыны бегаюць па правым баку . Ды паступова мы асвоіліся , я і мой муж , Максім Аляксандравіч . У нас тут дзве машыны . Гэта і яшчэ

ёсць “ Форд “ . Я чамусьці больш люблю “ Вольва “ . У нас у Мінску была ў свой час “Волга “ . “ Вольва “.“ Волга “. Ці не праўда – падобна ?

Яна засмяялася , але смех быў нейкі сухі .

У салоне працаваў кандыцыянер . Лёгкая прахалода прыемна казытала скуру . Нават не верылася , што зараз на вуліцы дзікая спёка , ад якой , здаецца , курчацца і зялёныя фікусавыя пальмы , што ланцугом раслі ўздоўж дарогі , і вельмі прыгожыя , чырвоныя і фіялетавыя , кветкі . Цэлыя вадаспады гэтых яркіх паўднёвых кветак раскашаваліся на металічна-бетоннай сценцы , што падзяляла магістраль на дзве роўныя палавіны .

Навакольныя ж краявіды , на якія захоплена пазірала Эльвіра , былі проста фантастычныя . Невысокія конусападобныя ўзгоркі , нібы вылепленыя з белай пшанічнай мукі . Сакавітая зеляніна густых вінаграднікаў , што доўгімі шнурамі-палосамі хваліста разразае гэту высакародную бель . Між узгоркамі , ва ўтульных круглых , як сподак , далінках , алівавыя сады . Дрэвы ў садах нібы сыйшлі з ілюстрацый , якія Эльвіра калісьці яшчэ школьніцаю бачыла ў падручніку па гісторыі старадаўняй Грэцыі . У гэтых жа далінках пасвяцца чароды авечак , высакарослых , пародзістых , з доўгімі падобнымі на вееры вушамі . І ўсюды вілы , не катэджы , а менавіта вілы – са стройнымі класічнымі калонамі , з порцікамі .

На далёкім жа небасхіле рэльефна і ўрачыста бачыліся самыя сапраўдныя горы – вострыя шпілі , цясніны , крутабокія нагрувашчванні абрывістых скалаў . Сям-там на недасяжных стромах стаялі кляштары . Як здолелі чалавечыя рукі пабудаваць іх у такім суровым небяспечным падхмар”і ?

На адной самай высокай і самай далёкай гары кідаўся ў вочы ўсім , хто імчаўся па магістралі , велізарны , пэўна , выкладзены з расфарбаваных камянёў , сцяг з паўмесяцам , турэцкі сцяг . Побач са сцягам – гэткі ж велізарны надпіс .

- Я вельмі шчаслівы , што нарадзіўся туркам , - прачытала Вольга Сямёнаўна і пачала тлумачыць Эльвіры , - Вы ж , пэўна , ведаеце , што пасля вайны 1974 году Кіпр падзелены на дзве палавіны – паўночную турэцкую і паўднёвую грэцкую , дакладней , грэка-кіпрыёцкую . Ва ўсім свеце , калі я не памыляюся , маецца яшчэ толькі адна падзеленая краіна – Карэя . А вось падзеленая сталіца толькі адна . І яна – сталіца вострава Кіпр Нікасія ці , як называюць яе самі кіпрыёты , Леўкасія . Дарэчы , мы з вамі едзем у прыморскі горад Лімасол . Грэкі ж называюць яго Лемесос . Так што не толькі наш Мінск-Менск двухімённы .

Злева ад горнай дарогі раптам велічна і размашыста ва ўсім сваім іскрыста-сонечным ззянні паказалася разгарнулася Міжземнае мора . Бясконцыя ланцугі шумлівых белагаловых хваляў . Пеністы звонкі нямоўчны прыбой . Россып рознакаляровых ветразяў . Яхты , цеплаходы , кантэйнеравозы і танкеры . Загарэлыя вясёлыя людзі , якія шумна купаюцца , катаюцца на “ бананах “ і водных веласіпедах , гуляюць у бадмінтон і валейбол , загараюць , лежачы на мяккім залацістым пяску . І - прастора , неабдымная вятрыстая прастора ва ўсе бакі .

- Ух ты ! – не магла ўтрымацца Эльвіра .

- Гэта наша мора . Тут мы свае ножкі мыем , - задаволеная ўражаннем , якое аказала на ейную спадарожніцу марская аграмадзіна , - прамовіла Вольга Сямёнаўна .

Горад Лемесос , у які яны нарэшце ўехалі , аказаўся , з першага позірку , вельмі прыгожым шматаблічным па-паўднёваму белым і нейкім паветрана-лёгкім . ( Ужо пазней Эльвіра даўмеецца , што лёгкасць гэтая ідзе ад самой тутэйшай будаўнічай архітэктуры . У сейсмічнай зоне , дзе нярэдкія землятрусы , будынкі ўзводзяць з як мага лягчэйшых матэрыялаў ) . На дахах невысокіх непадобных адзін на аднога дамоў стаяць ёмістасці для назапашвання вады , дзе круглыя , дзе квадратныя . Гораду , што знаходзіцца на самым марскім узбярэжжы , заўсёды не хапае вады . Вядома , не хапае вады прэснай . Людзі , каб неяк здабыць яе , напрабівалі ў камяністай кіпрэйскай зямлі тысячы свідравінаў , збудавалі дзесяткі водасховішчаў , якія сваімі прагнымі каменнымі пашчамі ловяць падчас рэдкіх зімовых дажджоў скупую нябесную вільгаць . Найвялікшая радасць для ўсіх кіпрыётаў , калі ў чорным ад хмараў небе гнеўна і вогненна заблішчаць маланкі , ударыць суровы раскацісты гром , порстка пальецца на горы , лясы і даліны доўгачаканы дождж . Гэта вялікі грозны Зеўс , галоўны між усімі багамі бог , успомніў пра свой народ і напаіў ссушэлы востраў .

- Вуліца Жуль Верна , - аб”явіла Вольга Сямёнаўна , - Мы прыехалі .

- Жуль Верна ? – весела здзівілася Эльвіра , - Так тут называюць вуліцы ?

- Уявіце сабе , што так тут , на гэтым невялічкім востраве , называюць вуліцы , - з гордай задаволенай усмешкай прамовіла Бабарыка , - Кіпрыёты – народ рамантычны , адукаваны і незашораны . Гэта ў нашай Беларусі , ды і ў той жа Расіі , у назвах вуліцаў , плошчаў і нават гарадоў скрозь камуністычна-бальшавіцкі алфавіт . Самы дробненькі , самы нікчэмны камунісцік , а ў ягоны гонар названа вуліца . А колькі сялян , колькі інтэлігентаў рэпрасаваў у свой час гэты партыйны малярыйны камар !

“ Ды яна з ідэйных , з незадаволеных , - падумала пра сваю будучую гаспадыню Эльвіра Скаблінская , - Але мяне гэта , як кажуць , не б”е ў цемечка . Па мне – плаці добрыя грошы , а сам хоць яловаму чурбану маліся “ .

Паставілі машыну ў падземны паркінг , на ліфце , дзверы якога выходзілі проста ў паркінг , узняліся на трэці самы верхні паверх . Будынак , вядома ж , у беларускім разуменні , чатырохпавярховы , але тут першы ці , як кажуць , цокальны паверх , не ўлічваецца .

Сцены калідору выкладены беласнежнай мармуровай пліткай . Падлога таксама мармуровая . Эльвіры адразу ж успомніўся абшарпаны забруджаны засцаны пад”езд ейнага дома з бура-жоўтымі недакуркамі пад нагамі . І адразу падумалася , што ўсё , у рэшце рэшт , залежыць ад чалавека , які жыве на дадзенай тэрыторыі і можа цудоўны мармуровы палац вельмі хутка ператварыць у гноесховішча . Значыць , тут жывуць акуратныя гаспадарлівыя людзі .

Іх сустрэла трое дзяцей . Старэйшы дванаццацігадовы цемнавалосы хлопчык паздароўкаўся з Эльвірай за руку , назваўся Віктарам . Дзве светленькія блакітнавокія , да шакаладнага колеру загарэлыя дзяўчынкі , дзевяці і сямі гадоў , зрабілі грацыёзны рэверанс , паведамілі тонкімі галаскамі , што яны Хрысціна і Алеся .

“ Ці пасябрую я з імі ? – раптам з халодным запозненым страхам падумала Эльвіра , - Ці адкрыюцца яны мне , ці адгукнуцца ? Можа , гэта капрызныя спешчаныя багатымі бацькамі дзеткі ? “.

Але , мяркуючы па-ўсім , у шматдзетнай сям”і Бабарыкаў панаваў здаровы рацыянальны дэмакратызм . Дзеці , гэта відно было з першага позірку , з малалецтва прывучаныя да працы і парадку , кожны , як любяць казаць вайскоўцы , ведае свой манеўр . Дзяўчаткі , старэйшая і малодшая , шчыравалі на кухні , пыласосілі ў агромністай пяціспальневай кватэры , палівалі кветкі і дрэўцы , што ў прыгожых гліняных вазонах раслі на , як падалося Эльвіры , бясконцай залітай яркім сонечным святлом верандзе . Віктар хадзіў за прадуктамі ў супермаркет , быў адказны за кандыцыянеры , тэлевізійную антэну і дзве вялізныя ёмістасці для прэснай вады , што месціліся на даху будынка , мяняў пры неабходнасці электралямпачкі .

- Хочаце , я пакажу вам мора і горад ? – прапанаваў ён Эльвіры , калі яна , прыняўшы з дарогі душ , уладкаваўшыся ў пакоі , які прызначыла ёй для пражыцця Вольга Сямёнаўна , выйшла на веранду , - Толькі глядзець будзем не адсюль , а з самага верху .

Па мармуровай лесвіцы ўзняліся пад столь , там Віктар ключыкам , што заўсёды з ключамі ад кватэры насіў у барсетцы , адамкнуў дзверцы і яны выйшлі на дах . Гэта было нешта ашаламляльнае ! Такі пейзаж , такую фантастычную панараму Эльвіра Скаблінская ўбачыла ўпершыню ў жыцці . Неба , мора і горы ! Гэтыя тры магутныя вечныя стыхіі адразу ўзялі ў палон душу , змусілі затрапятаць сэрца . У яе аж закружылася галава , злёгку падагнуліся калені , і яна , каб не захістацца і не ўпасці , ухапіла Віктара за руку . Хлапчук глядзеў на яе з прыязнай усмешкай , з разуменнем таго , што яна зараз адчувае .

Горы велічным карычнева-жоўтым ланцугом пукаціліся кіламетры за два ад марскога берагу . Цені ад рэдкіх белых воблакаў прабягалі па іх . Горы то святлелі , то пералівіста цямнелі і нібы аддаляліся . На іх лёгкай павуцінаю былі відны аўтамабільныя дарогі і пешаходныя пакручастыя сцяжынкі , астраўкі лясоў і хмызнякоў . У цяснінах панаваў густы змрок , а вяршыні аж зіхцелі пад промнямі гарачага неадступнага сонца .

Лемесос шумна ўліваўся , уціскаўся ў вузкую двухкіламетровую паласу раўніннай зямлі між гарамі і морам сваімі эфектнымі грацыёзнымі будынкамі , вуліцамі , што поўніліся імклівымі іртутна- бліскучымі аўтамабілямі , цяністымі прахалоднымі паркамі . Ён быў белым горадам , прамяніста-белым , радасна-яркім , нібы далёкі , але незабыты сон маленства . Вось пра такія чароўныя і таямнічыя прыморскія гарады пісаў калісьці свае раманы-казкі Аляксандр Грын .

Усюды , куды ні глянь , раслі пальмы з пышным веерам зялёных трапятлівых галінаў . У апельсінавым садзе насупраць дому пад свежым ветрам , што імкліва налятаў з мора , шырока і прыгожа хваляваліся , ледзь не кранаючыся лістотай зямлі , высокія амаль бяскорыя акацыі з надзіва прыгожамі , нібы мармуровымі стваламі . За такую асляпляльную аголенасць іх называюць курортніцамі .

І ўсё-ткі самым галоўным і самым ні з чым непараўнаным цудам было мора . што магутна раскінулася-размахнулася ўшыркі і ў самую далёкую далячынь . Аквамарын . Блакіт . Сінь . Фіялет . Золата . Срэбра . Перламутр . Дзе адшукаць назвы для тых найтанчэйшых і найіскрыстых колераў , якімі ўзнагародзіў яго Бог ? Яно здавалася жывым . Ды яно й насамрэч , як падумалася Эльвіры , было жывым вечным і несмяротным . Ужо ў адным ягоным рытмічным нямоўчным шуме – вечнае жыццё , вечны пульс планеты . І нездарма гэтае мора назвалі Міжземным . Яно жыве між землямі , між краінамі і народамі і , як магніт , прыцягвае і аб”ядноўвае іх . У ім , гэтым вялікім святым моры , плешчацца вада са Свіслачы , Прыпяці і Дняпра , ды й з усіх беларускіх рэкаў , бо ўсе яны , усе , як адна , цякуць у Атлантыку .

Але ўзнёслая лірыка імгненна скончылася , бо Вольга Сямёнаўна адразу ж у прысутнасці Эльвіры строга сказала Віктару :

- Табе ж бацька дазволіў выходзіць на дах толькі разам з ім . Хочаш зваліцца адтуль ? Аддай мне ключык .

Пачаліся будні . Эльвіра прачыналася а шостай гадзіне раніцы . Адразу ж ішла на кухню рыхтаваць ежу для ўсёй сям”і . Звычайна гэта быў English breakfast , англійскі сняданак .

Яечня з бэконам . Аўсяная каша . Гарбата з малаком і сіропам .

Вольга Сямёнаўна ўзяла за правіла , каб падчас сняданку ўсе размаўлялі толькі на англійскай мове .

- Што гэта ? – пыталася яна ў малодшай дачкі Алесі , двума пальчыкамі беручы са сподку пірожнае , адтапырыўшы мезенец .

- This is a pastry , - спалохана адказвала светлавалосая Алеся , крайком вока пазіраючы на Эльвіру . Тая ўхвальна ківала галавой .

Віктару , як самаму старэйшаму , пытанні адпаведна задаваліся больш складаныя .

- How old are you ? ( Колькі вам гадоў ? ) - пыталася маці ў яго .

На бяду Віктара , ён у душы быў больш тэхнаром , чым лінгвістам . Не даваліся яму , як ні стараўся , усе гэтыя прыдыханні , пранонсы , не ўлаўлівала ягонае вуха нязвычны англійскі гук . Хлапчук вельмі перажываў . Вольга Сямёнаўна нервавалася . Эльвіра , як магла , згладжвала вострую напружаную сітуацыю .

- Не хвалюйцеся , - сказала яна гаспадыні , - Гарантую , што праз тры-чатыры месяцы ён будзе размаўляць на мове Шэкспіра , як лонданскі дэндзі .

Пасля сняданку пачынаўся чарговы напоўнены клопатамі дзень . Вольга Сямёнаўна на

“ Вольва “ ехала ў раён старога порту , дзе быў офіс фірмы , што належала сям”і Бабарыкаў . Якім бізнесам займалася сям”я і адпаведна фірма Эльвіра пакуль што не ведала . Гаспадыня нічога на гэты конт не казала , а яна , добра помнячы старое залатое правіла : “ Не сунь носа ў чужое просаа “ , не пыталася . Прыдзе час – скажуць . Не скажуць , і на тым дзякуй . Але , мяркуючы па раскошнай з вялікім густам абсталяванай кватэры , па дарагіх аўтамабілях , справы ў фірмы ішлі пакуль што някепска . А бізнес , як магла здагадвацца Эльвіра Скаблінская , вёўся па не дужа арыгінальнай трафарэтнай схеме : купі – прадай . Кіпрыёты на сваім маленькім да таго ж распалавіненым востраве не дазволяць чужынцам ( тым больш не грамадзянам Еўразвязу ) наладзіць якую небудзь вытворчасць . З цяжкасцю хапае аператыўнай прасторы для сваіх мясцовых прадпрыймальнікаў .

Пасля ад”езду ў офіс Вольгі Сямёнаўны Эльвіра садзілася за руль “ Форда “ і развозіла дзяцей . Віктара ў тэнісны клуб на трэніроўку . Хрысціну на ўрок грэцкай мовы . Самую малодшую Алесю ў танцавальны падрыхтоўчы клас , які нядаўна адчыніла на Кіпры Ала Духава , кіраўніца маскоўскага балету “ Тодас “.

Заняткі ў школах пачынаюцца на востраве першага кастрычніка , і , здаецца , самы б час даць дзецям хоць трохі адпачыць , пагуляць , палайдачыць , ды жорсткі рытм жыцця , дзе неабходна як мага хутчэй уклініцца-ўчапіцца ( па выразу Вольгі Сямёнаўны ) у тутэйшае такое пакуль што незразумелае і не вельмі даступнае грамадства , не дазваляе ні на імгненне расслабіцца сабе і сваім сямейнікам . Толькі ўперад . Толькі да пастаўленай мэты . Сціснуўшы зубы . Згробшы душу ў кулак . Плюнуўшы на адпачынак . Мовы ... Спорт ... Балет ... Адпачнем потым , калі дойдзем да мэты . Мэта ж адна – натуралізавацца і стаць грамадзянамі Рэспублікі Кіпр , а , значыць , грамадзянамі ўсяго Еўразвязу .

Ці не занадта вялікія ахвяры ? На думку Веры Сямёнаўны – не . “ Я не хачу , - гаворыць яна , - каб мае дзеці пражылі такое ж , як , амаль да старасці я , жыццё – беднае , шэрае , нецікавае , прэснае . Не жыццё , а прымітыўнае існаванне , дзе па талонах выдаецца

ўсё : і харч , і адзенне , і праца , і адукацыя , і , калі браць шырэй , чалавечае шчасце “ .

Развёзшы дзяцей , якіх праз дзве гадзіны трэба забраць , Эльвіра вяртаецца ў кватэру і рыхтуе лёгкі ланч , які тут спажываюць у сярэдзіне дня . Гэта салата з агародніны , тонка нарэзаная падсмажаная ялавічына з кавалачкамі батону . На дэсерт – разнастайная садавіна , вінаград , сокі .

Потым яна ўключае пыласос і павольна ходзіць па ўсёй велізарнай кватэры . Трэба не прапусціць ніводзін куточак , дзе можа хавацца пыл . А пылу на Кіпры хапае , сухога , чарнавата-шэрага , вельмі дробненькага . Вецер пастаянна прыносіць яго з суседніх гор .

Потым пыласос вязджае на веранду . Тут задача ў Эльвіры больш складаная . Акрамя барацьбы з усюдыісным пылам неабходна абрэзаць жоўтае лісце фікусаў , завялыя галоўкі кветак . І паліваць , паліваць , памятаючы пра строгую эканомію вады . І самае галоўнае , на што звяртае пастаянную пільную ўвагу Вольга Сямёнаўна – не даць ніводнаму лістку зваліцца ўніз , на веранду , дзе гаспадарнічае строгі сівавусы англічанін-пенсіянер . Архітэктура будынку такая , што ён уяўляе сабой як бы піраміду , расшыраючыся з кожным ніжэйшым паверхам . Усё гэта задумана для больш трывалай сейсмаўстойлівасці . Ды ўсхопліваецца вецер , і лісце з веранды Бабарыкаў , кружачыся , як парашуцікі , ляціць уніз . Не прывяжаш жа яго вяровачкамі . Ужо аднойчы англічанін гразіў Эльвіры доўгім пальцам і казаў :

- What is your job ? ( Чым вы займаецеся ? ) .

Пасля ўборкі надыходзіць час закупкі прадуктаў . Сямейнае харчаванне павінна быць карысным смачным нізкакаларыйным вітамінізаваным і танным . Гэта – няўхільнае патрабаванне Вольгі Сямёнаўны . Кожны панядзелак яны узгадняюць , што і ў якіх колькасцях неабходна купіць для кухні на ўвесь наступны тыдзень , складаюць доўгі спіс . І вось з гэтым спісам Эльвіра едзе ў супермаркет . Непадалёк ад іхняга дому маецца нядрэнны прадуктовік вядомай англійскай фірмы “ Дэбенхамс “ , а месяц таму таксама амаль побач адчыніўся грэцкі “ Альфа і амега “ . У іх яна і набывае ўсё неабходнае . Прытым , калі ў “ Дэбенхамсе “ выдатныя мясныя прадукты – ялавічына і бараніна , то “Альфа і амега “ паспеў ужо праславіцца цудоўнай гароднінай і садавінай . Ён прывозіць іх непасрэдна з мацерыковай Грэцыі . Мясцовая ж кіпрэйская прадукцыя прадаецца на шумным гарачым рынку , які збіраецца кожную суботу . З навакольных горных вёсак на аўтамабільчыках і матацыклах з”язджаюцца тэмпераментныя чарнавалосыя і чарнавокія людзі . Што толькі тут не ўбачыш ! Зялёныя і чорныя алівы , вінаград самых розных колераў , яблыкі , грушы , слівы , горы вельмі буйной і вельмі апетытнай бульбы ( шчыра скажам , лепшай за беларускую ) , кабачкі , агуркі , капуста , бананы , ананасы , персікі , мандарыны , апельсіны , інжыр , баклажаны ( гандляры называюць іх цёпла і пяшчотна – сіненькія ) , авечы сыр , алей у старадаўніх шкляных бутлях , у такіх жа бутлях самаробнае кіславатае віно і вінаградная вельмі моцная самагонка зіванія .

А яшчэ вясёлыя крыклівыя людзі прапаноўваюць разнастайнае , на ўсе густы адзенне , якое самі ж і шыюць на саматужныж сямейных фабрыках , абутак , галаўныя ўборы , прасціны , коўдры , фіранкі , парасоны , самавары , чайнікі ( па-грэцку чайнік называецца надзвычай мілагучна – цаера ) , гадзіннікі , гліняны і фарфоравы посуд , нажы , рыдлёўкі , ліхтары , біноклі , яркія гудлівыя ветрачкі-круцёлкі , цэлыя россыпы пазелянелых быццам бы старадаўніх манетаў , геарафічныя мапы , кніжкі на грэцкай і англійскай мовах , самыя нечаканыя сувеніры ў выглядзе грозных аднавокіх піратаў , жахлівых востразубых кінг конгаў і мярзотных шматлапых павукоў .

Вельмі шмат абразоў , вялікіх , малых і зусім мініяцюрных , крыжоў і крыжыкаў , свечак і кандэлябраў . Строгія пакутныя вочы Хрыста і Богамацеры глядзяць з пацямнелых ад часу дошак , палотнаў і фрэсак ва ўпор . У звыш “яркі звышсонечны тлумнагалосы дзень гэтыя позіркі прапякаюць душу навылёт .

Усё прадаецца з нейкай нязмушанай хатняй лёгкасцю , не дужа гандлюючыся . Быццам гандляр даўно цябе ведаў і аддае табе свой тавар , як добраму знаёмаму і суседу . А бываюць і зусім бясплатныя раздачы . Тут рэй вядуць англічане . На Кіпры аж дзве вайсковыя брытанскія базы , дзе служаць сыны і дочкі туманнага Альбіёну , часта сямейныя . І вось , скончыўшы службу , ад”язджаючы на радзіму , яны вывальваюць на рынак увесь свой скарб . Бярыце , людзі ! Як казалі раней у Саўдэпіі : “ Налетай – подешевело ! “.

Адразу збіраецца чарга . Людзі корпаюцца , перабіраюць , разглядаюць і ўрэшце-рэшт нясуць з рынку бясплатную аблюбаваную рэч . Эльвіра Скаблінская ў самы першы свой прыезд на рынак атрымала падарунак ад светласкурай шэравокай англічанкі – маленькі школьны глобус . Англічанка патлумачыла , што гэта глобус ейнага сына Джона , але сын ужо прайшоў навучанне па геаграфіі , і місіз , калі пажадае , можа забраць глобус сабе . Эльвіра падзякавала , узяла . Крутнуўшы бліскучы сіне-зялёны шарык , убачыла між назваў самых розных краінаў слова “ Belarus “. І адразу ўспомніла маці і Вітаўта Гарткевіча .

Пасля прыгатавання абеду і да таго часу , калі неабходна ехаць за дзецьмі , застаецца недзе з паўгадзінкі . Іх Эльвіра Скаблінская аддае прагляду мясцовай прэсы . У шапіках акрамя шматлікіх грэка і англамоўных выданняў сустракаюцца газеты на сербскай , балгарскай мове , на іўрыце . Рускамоўныя чытачы могуць купіць штотыднёвікі “ Европа- Кипр “ і “ Вестник Кипра “ . Апошні каштуе адзін еўра дваццаць цэнтаў . Грошы быццам бы невялікія , ды Эльвіра цвёрда вырашыла эканоміць ва ўсім , каб урэшце рэшт вярнуцца ў Мінск з прыстойнай сумай , бо маці засмяе , будзе падколваць на кожным кроку :

- Варта было матацца за два моры за капейкамі . Не навучыла я цябе , Эльвірка , патрыятызму , не навучыла .

Бог з ім , з патрыятызмам . Усе мы слаба ведаем , што гэта такое . Прынамсі , для беларусаў , дагэтуль невядома што лічыцца патрыятычным – любіць Суворава або любіць Касцюшку ?

І ўсё-ткі Эльвіра аддае адзін еўра дваццаць цэнтаў за “ Вестник Кипра “ . Наклад газеты чатыры тысячы экземпляраў . Газета даволі бойкая , з касмапалітычным налётам гэткай грынаўскай ( памятаеце “ Пунсовыя ветразі “ ? ) міжземнаморскасці . З ейных старонак у ціхі пакойчык , дзе пражывае Эльвіра , урываецца гул імклівага шматфарбнага жыцця . Што толькі не хвалюе людзей ! Інжынер з Лемесосу Антоніс Хараламбус заклікае мясцовыя ўлады прыняць самыя энергічныя меры па выратаванню пясчаных пляжаў , якія пастаянна змывае мора . Лётная кампанія “ Cuprus Airwaus “ , пэўна , у сувязі з сусветным крызісам , прапануе надзвычай нізкія кошты на рэйсы ў Афіны і Салонікі . На Кіпры праходзяць трохдзённыя баявыя вучэнні Каралеўскага вайсковага флоту Вялікабрытаніі . У іх бяруць удзел 12 караблёў з 3300 членамі экіпажу , у тым ліку амерыканскі эсмінец і фрэгат з Францыі .

З асаблівай цікавасцю і хваляваннем Эльвіра чытае старонку знаёмстваў . Дзяўчаты і жанчыны з самых розных краінаў ( з Расіі , Украіны , Румыніі , Польшчы , Малдовы , Латвіі , Беларусі ) прагнуць сустрэць на Кіпры спадарожніка жыцця . У іх няма візавых праблемаў . Яны ўладкаваныя на працу і ведаюць шмат якія мовы . Яны прыгожыя , пяшчотныя , разумныя , спагадлівыя . У іх , адным словам , усё ёсць , не хапае толькі дробязі – не хапае моцнага мужчынскага пляча побач .

Эльвіра заплюшчвае вочы , аддаецца мроям . О , як яна жадала б займець такую

“ дробязь “ , вернага рыцара , абаронцу і аднадумца ! Яна й на Кіпр ( калі быць шчырай і не хлусіць самой сабе ) ляцела , каб сустрэць тут , пад гарачым сонцам і марскім рамантычна-трывожным ветрам , родную спагадлівую душу . Не грошы ёй патрэбныя . Грошы яна магла б зарабіць і ў Мінску . Ды й ці шмат патрэбна ўрэшце рэшт тых пакамечаных каляровых паперак ?

Яна шукае Мужчыну . Яна шукае Самца . Так-так , самца ! І не баіцца прызнацца ў сваім жаданні . Сама яна ніколі не зробіцца прастытуткаю , але добра разумее жанчын і дзяўчат , якія выходзяць на такую дарогу . Гэта нечыя дочкі , сёстры . Гэта ўчарашнія мілыя карапузкі з банцікамі ў тоненькіх косках , што , высалупіўшы чырвоны язычок , гулялі з лялькамі , старанна рыхтавалі школьныя ўрокі . “ Часовые любви “ , - спяваў калісьці пра іх Булат Акуджава . У Расіі іх называюць плечавымі , бо ў мазаўскіх і кразаўскіх аўтамабільных кабінах імчацца яны побач з шафёрамі ў невядомасць , у Беларусі ( чула Эльвіра ) гаёвымі , бо чакаюць кліентаў у прыдарожных гаях . Іх ловіць міліцыя . Іх паказваюць па тэлебачанні ў крымінальных праграмах , хочуць прысароміць , прыпалохаць . А яны апошнім часам ( о , цуд ! ) смела , не хаваючы прыгожы твар , даюць інтэрв”ю журналістам . Іхняя нябесная апякунка Марыя Магдалена , тая , што абвясціла на ўсе вякі ўсяму свету : “ Езус уваскрос!” , з любоўю пазірае на іх .

У СССР , як вядома , не было сэксу . Бясполыя камуністычныя мурашкі цягалі ігліцу за ігліцаю ў высозны камуністычны мурашнік . І ў гэтым , калі верыць высокалобым крамлёўскім журналюгам , знаходзілі сваё шчасце , сваю асалоду . У СССР , складваецца ўражанне , жылі толькі тры жанчыны : міністарка – Фурцава , касманаўтка – Церашкова , кампазітарка – Пахмутава . І ўсё . Астатнія дочкі прамацеры Евы былі шэрай калектывісцкай мурашынай масай .

У хвіліны асабліва вострага адчування сваёй незапатрабаванасці і сваёй адзіноты , кладучыся пасля напружанага сумятлівага дня спаць , Эльвіра Скаблінская ўспамінала Вітаўта Гарткевіча . Ні разу не патэлефанаваў , ні разу не адказаў на ейныя званкі і эсэмэскі . Быццам праваліўся ў глухую нямую яму . А столькі было шматзначных абяцанняў . Я кіну жонку , развядуся . І мы разам будзем будаваць сваё шчасце . Я – воўк . Ты – мая ваўчыца . Не , галубок , ты не воўк . Ваўкі жывуць параю да самай смерці . Ты , і ўсе такія , як ты , сабачкі-дварняжкі .

Казаў пра каханне , кляўся , што кахае . Ды што такое каханне , як не выдумка мужчынаў , якім ( мовім далікатна ) прыспічыла ?

Сапраўднае каханне падобнае на прывід : усе аб ім гавораць , але дужа мала хто бачыў . Гэтыя словы француза Франсуа дэ Ларошфуко Эльвіра прачытала і запісала ў свой патаемны блакноцік яшчэ ў студэнцтве .

Пралятала ноч , пачынаўся дзень , і Эльвіра зноў была ў сваёй звычнай для сям”і Бабарыкаў форме – энергічная , жвавая , працавітая . Дзеці . Супермаркеты . Рынак . Кухня . Пыласос . Дні нанізваліся адзін на адзін , як кавалкі няшчадна падсмажанай востра наперчанай бараніны ў кебабах містэра Кірыякаса Кіру , што трымаў кафэ на вуліцы Жуля Верна .

Часам гаспадыня Вольга Сямёнаўна вярталася з працы страшэнна стомленая і знерваваная . Тады яна загадвала Эльвіры адкаркаваць бутэльку сухога чырвонага віна

“ Атэла “. Яны сядзелі на кухні і паціху пілі , заядаючы кіслае віно яшчэ болей кіслымі лімонамі .

- Эльвіра Іпалітаўна , нас , прадпрыймальнікаў , людзей , якія хочуць хоць нечага дамагціся , тут , на гэтым востраве , не любяць . Дарэчы , нас не любяць і ў Беларусі . Нас нідзе не любяць - скардзілася-жалілася Бабарыка , - Неяк яшчэ ў школе я прачытала апавяданне аднаго беларускагя пісьменніка “ Сок манга “ . Дык ягоная гераіня , простая вясковая дзяўчына , вырваўшыся нарэшце ў Мінск , эталонам поспеху , вяршыняй зямнога шчасця лічыла магчымасць выпіць шклянку сока манга . Падумаць толькі – якая мізэрнасць , якая прымітыўнасць чалавечых жаданняў ! Зрабіў глыток прыкра-салодкага пойла , і ты на сёмым небе . Я тут магу купіць цыстэрну гэтага соку , магу заліць ім ванну і купацца ў ім , але я – няшчасная .

Эльвіра слухала , далікатна ківала галавой , нібы пагаджаючыся , а думкі былі далёка-далёка ад гэтай кухні . Вольга ж Сямёнаўна распалялася ўсё болей :

- Кіпрыёты называюць адзін аднога кумбаросамі . Па-нашаму гэта нешта накшталт кумоў , родзічаў . Дык вось яны – кумбаросы , і яны не ідуць у мой шапік , каб нешта купіць . Яны ідуць , мінаючы мяне , да шапіка знаёмага кумбароса . Гэта своеасаблівы непрыкрыты байкот чужынцаў , не сваіх . Тут недалёка была багатая расійская крама “ Березка “ . Гандлявалі селядцамі , гарэлкай , квасам , чорным хлебам , кіслай капустай , мочанымі яблыкамі . І дзе зараз тая “ Березка “ ? Няма . Цю-цю . Як кажуць – спёкся папуас . Тое ж самае з украінскай гарэлкай “ Гетман “ . Па ўсім Лімасоле рэклама свяцілася дзень і ноч . А ў выніку – нуль .

- Я шыльду нашай мінскай “ Мілавіцы “ бачыла , - устаўляла слова-другое Эльвіра .

- Нічога не свеціць на гэтым рынку і “ Мілавіцы “ , - катэгарычна рэзала гаспадыня , - Тут усе крамы кітайскімі бюстгальтарамі завалены . З кітайцамі нават кумбаросы не навучыліся ваяваць .

“ Не салодка табе жывецца , - думала Эльвіра , калі гаспадыня нарэшце стамлялася і адыходзіла ў свой пакой , - Можна толькі паспачуваць . Трое дзяцей-малалеткаў . Бізнэс у чужой краіне . Кватэра . Нялёгкі воз цягнеш . А муж недзе ў Мінску . Што ён там робіць , каму ўвечары скардзіцца на бязрадасны лёс ? “

Ды кожнаму сваё . Кожнага свая іголка коліць . Ёй , Эльвіры Скаблінскай , патрэбна сцяць зубы , зашпіліць на ўсе гузікі душу . І працаваць , працаваць да змогі , каб потым , калі прыдзе ноч , адразу засынаць , а не варочацца ў душным ложку , не красціся на веранду і глядзець адтуль на велізарную срэбную поўню позіркам галоднага ўсімі кінутага сабакі .

Чым усё-ткі займаецца сямейная фірма Бабарыкаў ? Эльвіра ўжо нават ведае яе назву . У паштовай скрынцы знайшла канверт з грыфам гарадскіх электрычных сетак , адпраўлены містэру Барысу Бабарыку дырэктару фірмы “ Landersa LTD “.

- Што такое Ландэрса ? – як бы мімаходзь спытала ў Віктара .

- Так у Нікасіі на іпадроме называлі кабылу , на якой наш татка выйграваў прызы , - адказаў хлапчук , - Потым ён купіў яхту і кінуў конны спорт , а кабылу прадаў .

- Пэўна , ён вельмі любіў гэту кабылу , калі ў гонар яе назваў фірму ? – вяла сваё хітрая Эльвіра .

- Так . Ён доўга не хацеў яе прадаваць . І мамцы строга забараняў ездзіць працаваць у офіс . І яна была з намі . Але ў нас скончыліся грошы , бо лопнуў наш бізнэс па вырабу сілікатных блокаў . Татка прадаў Ландэрсу , узяў у банку крэдыт пад залог кватэры , і зараз разам з расійскай кампаніяй з Екацерынбургу будуе драўляныя катэджы ў цэнтры вострава для мільянераў з Расіі , - выклаў усё , як на споведзі , прастадушны Віктар , - Тыя сібірскія мільнеры не любяць гарачыню і селяцца ў цяністых горных лясах каля Тродаса .

Значыць , Бабарыкі будуюць на Кіпры катэджы з уральскага кедру . Багатыя расіяне , як бачна , клапоцяцца пра сваю будучыню і будучыню ўласных дзетак . Капітал куюць у метраполіі , а жыць пасля выхаду на спачын плануюць на райскім востраве Афрадыты . У Расіі не дужа запраграмуеш заўтрашні дзень – кожны момант можа прыехаць на баявым браневіку новы Ульянаў-Ленін .

Тым часам Вольга Сямёнаўна знервавалася ўшчэнт . Амаль кожны вечар , вяртаючыся з офісу , загадвала Эльвіры адкаркоўваць бутэльку-другую сухога чырвонага віна маркі

“ Атэла “ . Хутка п”янела , круціла ў руках парожнюю бутэльку з выяваю легендарнага раўнівага маўра на этыкетцы , казала :

- Нам бы сюды , Эльвіра Іпалітаўна , такога мужычка . Яшчэ невядома хто каго б задушыў – ён нас ці мы яго .

Мяркуючы па-ўсім , гаспадыня ўлавіла ў Эльвіры роднасную па жаночай пакуце душу . Пэўна , душа такая выпраменьвае наўкол сябе нейкія таямнічыя трывожныя флюіды , якія нельга не адчуць .

- Мы – жанчыны бальзакаўскага ўзросту , - гаварыла Вольга Сямёнаўна , - Вось-вось наш караблік назаўсёды адплыве ў мора , імя якому – Старасць . Нікчэмная шэрая старасць . Фінал усяго . А што мы бачылі ў жыцці ? Што ? У юнацтве – пошукі мужа . Пагоня за ім . Потым вяселле . Потым радзілка , радзільны дом . Боль . Слёзы . Потым дзеці . Успышка радасці . І ўсё . Як казалі старадаўнія рымляне : Amorem canat aetas prima – Няхай юныя спяваюць аб каханні !

Эльвіра слухала яе і пагаджалася з ёю . І было вельмі шкада сябе , такую самотную і нікому непатрэбную . У Бабарыкі ёсць дзеці , трое цудоўных дзяцей , і яна яшчэ нечым незадаволеная . А я не маю нічога – ні мужа , ні сям”і , ні дзяцей . Ды мне трэба выць , як піліпаўская ваўчыца , трэба плакаць крывавымі слязамі . А я цярплю . Я нясу свой крыж .

А праз некалькі дзён сям”ю Бабарыкаў ускалыхнула радасная навіна – заўтра да іх прылятае з Мінску муж і бацька ! Усё ў вялізнай кватэры адразу ж напоўнілася вясёлым шумам , мітуснёй . Пачалі рыхтавацца да доўгачаканай сустрэчы . Разам з Эльвірай мылі вокны , пыласосілі калідоры і веранду , засцілалі белым ільняным аршанскім абрусам стол , праціралі і расстаўлялі келіхі і сталовыя прыборы . Самы актыўны ўдзел у гэтых падрыхтаваннях прымалі дзеці , усхвалявана гадаючы якія ж падарункі прывязе ім бацька .

Барыс Бабарыка аказаўся сімпатычным высакарослым бландзінам з невялікімі залысінамі і стомленым тварам . Ён згроб у ахапку дзяцей , цалаваў іх , кожнаму раздаваў падарункі . Радасны шчаслівы піск сведчыў аб тым , што падарункі вельмі спадабаліся .

Потым задаволены такой цёплай сустрэчай гаспадар глянуў нарэшце на Эльвіру , прамовіў з умешкаю , якая вельмі пасавала яму :

- Вы , калі я не памыляюся , наша новая хатняя работніца , наш бэбісітэр , і ў вас прыгожае імя – Эльвіра .

- Эльвіра Іпалітаўна , - строга адрэдагавала мужа Вольга Сямёнаўна .

Усёй шумлівай гурмою селі за стол . Зазвінелі фужэры , відэльцы і талеркі . Дзеці пілі ахалоджаны апельсінавы джус , Вольга Сямёнаўна з Эльвірай , вядома ж , сухое чырвонае віно маркі “ Атэла “ , Барыс дастаў са сваёй дарожнай кайстры прыгожую бутэльку, сказаў :

- З нядаўняга часу п”ю толькі “ Крамбамбулю “ . Аб”явіўся такі нацыянальны беларускі брэнд .

Ён прачытаў на яркай этыкетцы :

- Крамбамбуля “ Панская “ . Зараз вось глыну гэтага чароўнага зелля і адчую сябе панам Бабарыкам .

- І мы хочам зрабіцца маладымі паненкамі ! - какетліва ўсклікнула Вольга Сямёнаўна , - Пачастуй і нас .

Назаўтра вясёлы энергічны Барыс Бабарыка павёз усіх сваіх сямейнікаў разам з Эльвірай Скаблінскай на экскурсію ў замак рыцараў-тампліераў Калосі і разбураны даўнім жорсткім землятрусам антычны горад Курыён . Ехалі на двух аўтамабілях . Вольга Сямёнаўна чамусьці зажадала ехаць не з мужам , а з дочкамі Хрысцінай і Алесяй . З Барысам ехалі Эльвіра і Віктар .

Бабарыка упэўнена кіраваў “ Фордам “ , дасціпна жартаваў , час ад часу пазіраючы на Эльвіру светла-сінімі прамяністымі вачамі . “ Ён мне падабаецца , - раптам падумала Эльвіра , - Божа , чаму ўсе больш-менш прыстойныя мужыкі дастаюцца нейкім звяглівым абмежаваным курыцам-наседкам , а не мне ? “.

Курыён або Курыўм – прыгожыя з тонкім густам рэстаўрыраваныя руіны горада , які быў заснаваны яшчэ ў 1200 годзе да новай эры грэкамі-перасяленцамі з Пелапанесу . Калісьці тут усясільна панаваў культ Апалона Ляснога . Побач з горадам быў галоўны храм , каля якога жылі свяшчэнныя алені , раслі лаўр , мірт і пальмы . Пад страхам лютай смерці было забаронена дакранацца да алтара ў храме . Парушальнікаў табу скідвалі ў мора са стамятровай скалы .

Ад Рымскай імперыі засталіся ў Курыўме рэшткі цудоўнага беламармуровага антычнага портыку з выяваю Ахіла , дом гладыятараў , амфітэатр з элегантнымі вытанчанымі калонамі і сцэнай-арэнаю , на якой то паказвалі трагедыі Эсхіла , Сафокла і Еўрыпіда , то арганізоўвалі крывавыя гладыятарскія баі . Спыніся , дакраніся да цёплага тысячагадовага мармуру , зірні на сіняе-сіняе мора , што шумела , шуміць і будзе шумець за нейкіх дзвесце крокаў адсюль , і пачуеш галасы людзей , якія калісьці жылі , дыхалі , кахалі , смяяліся , пакутвалі , якія , нібы воблакі , адплылі адсюль у вечнасць .

Пасля ваяўнічых імперскіх арлоў на гэтую зямлю , на гэты бераг прыляцеў белы голуб хрысціянства . Аб гэтым маўкліва напамінаюць высакародныя незнішчаныя часам і ворагамі калоны раннехрысціянскай базілікі , сцены якой былі ўпрыгожаны яркай радаснай мазаікай з каляровага і пазалочанага шкла , перламутрам . Непадалёку ў прыватным доме жыў Яўстоліс , адзін з першых тутэйшых хрысціянаў , імя якога ўвекавечана на фрэсцы . Перад дзвярыма мазаічная падлога з надпісам : “ Уваходзь і прынясі ў дом шчасце “. Крыху далей яшчэ адзін надпіс-голас з мінуўшчыны : “ Гэты дом славіцца не каменнямі , жалезам , бронзай ці нават дыяментамі – ён славіцца знакамі Хрыста “. І вось яны несмяротныя хрысціянскія знакі – цудоўныя рыбы і дзівосныя райскія птушкі .

Праз бясконцыя апельсінавыя сады з Курыўму паехалі ў Калосі . Зіхцеў сонцам , блішчэў морам , звінеў ветрам сённяшні жывы дзень , а ўсім , і дарослым , і дзецям , думалася пра дзень і век назаўсёды адляцелы . І таму ўсе маўчалі .

Замак Калосі квадратнае трохпавярховае збудаванне вышынёю ў 23 метры з надзвычай тоўстымі сценамі . Тут калісьці трымала сваю штаб-кватэру Вялікае Камандорства рыцарскага ордэна святога Яна Ерузалемскага . Рыцары ўмелі не толькі ваяваць . Ва ўсёй акрузе яны пасадзілі цудоўныя вінаграднікі , заклалі плантацыі цукровага трыснягу . Побач з замкам працаваў цукровы завод , дзе разлівалі славутае салодкае віно

“ Камандарыя “.

Ды жыццё ў рыцараў-тампліераў , як расказаў гід-вартаўнік , стары сівагаловы кіпрыёт , не назавеш салодкім . Дужа горкі чакаў іх і ўвесь іхні ордэн канец . Вялікія багацці , што за стагоддзі назбіралі рыцары то вайною , то гаспадарніцтвам , то фінансавымі спекуляцыямі ў Міжземнамор”і і ў Еўропе , распалілі драпежны апетыт у шматлікіх ворагаў . Першым і самым галоўным іхнім ворагам стаўся французкі кароль Піліп IV Прыгожы . 13 кастрычніка 1307 году ён загадаў арыштаваць тампліераў , якія на той час абралі сваёй рэзідэнцыяй Парыж , а ўсю іхнюю маёмасць канфіскаваць . Рыцараў абвінавацілі ў ерасі , у сувязях з д”яблам і аддалі ў рукі катаў . Інквізіцыя пачала судовы працэс . У падзямеллях захрусцелі на дыбах рыцарскія косткі , ручаём пацякла пад бізунамі і нагрэтымі да чырвані металічнымі грабёнкамі рыцарская кроў . Добра і слаўна імчацца ў атаку на сарацына , калі пад табою моцны парывісты конь , а ў тваёй вольнай руцэ востры гартаваны меч , кепска , вельмі дрэнна , калі ты ляжыш у магільнай сляпой цемры аблытаны , як павуцінаю , калянымі вяроўкамі , а кат у чорным глухім капюшоне бярэ з агню жалезныя абцугі , каб праз момант рваць імі тваё маладое цела . Рыцары , усе пагалоўна , за рэдкім-рэдкім выключэннем , прызналіся , што яны сыны цемры і заўсёды ваявалі не за Хрыста , а за д”ябла . Але гэта былі шараговыя тампліеры . Інквізіцыі ж і Піліпу Прыгожаму край патрэбна было , каб такое прызнанне прагучала з вуснаў самога грасмайстра ордэна Жака дэ Мале , які знаходзіўся ў замку Калосі на Кіпры . Падманам галоўнага тампліера завабілі ў Парыж . Кароль запрасіў яго пад гарантыю бяспекі ад рымскага Папы на вяселле сваёй дачкі , хросным бацькам якой быў грасмайстар . Ды надзіва горкім аказалася вясельнае віно – Жака дэ Мале адразу ж кінулі ў падзямелле . Ён таксама не вытрымаў катаванняў і падпісаў усё , што ад яго патрабавалі інквізітары . І пайшоў разам са сваімі паплечнікамі ў смяротнае вогнішча . Але памёр , згарэў не як бязмоўная ахвярная авечка . З гудлівага полымя крыкнуў :

- Мяне і маіх сяброў змусілі катаваннямі прызнацца ў тым , чаго мы не рабілі ! Гэта гаварыла не наша праўда , а наш боль ! Няхай жа гэты нясцерпны боль не пакідае цябе , пракляты кароль і нашчадкаў тваіх , на ўсе вякі вечныя !

Роўна праз год у страшэннных пакутах памёр Піліп IV Прыгожы . Роўна праз год сканаў Вялікі Інквізітар .

- У вясёлага сонечнага вострава не дужа вясёлая гісторыя , - сказала Эльвіра , калі ўжо вярталіся назад у Лемесос .

- Плямы ёсць на самім Сонцы , - па-філасофску зазначыў Барыс Бабарыка .

Вольга ж Сямёнаўна аб”явіла , што заўтра яна арганізоўвае сырную вячэру , на якую запрошаны некалькі сямейных параў з былога Саюзу .

- Мы тут стараемся стварыць як бы нейкае зямляцтва , - патлумачыла яна , - А сырнай вячэра называецца таму , што на закуску падаюцца толькі сыры . Гэта зараз модна . Так і англічане , што пастаянна жывуць на Кіпры , робяць .

Закупілі дзесяць гатункаў сыроў , італьянскіх , французкіх , грэцкіх , нямецкіх . Сыры былі рознакаляровыя : зялёныя , чырвоныя , ярка-жоўтыя . Былі сыры з плесенню , з жывымі чарвякамі ( ! ) ўнутры .

На запрашэнне адгукнуліся толькі дзве сямейныя пары , што прыкметна засмуціла Вольгу Сямёнаўну – пра якое зямляцтва можна весці гаворку пры такой пасіўнасці ! Хаваюцца людзі ў сваіх кватэрах і на сваіх вілах , не хочуць лішні раз нос вытыркнуць ,

быццам яны нейкія крымінальнікі і вышукваюцца Інтэрполам . Ліпкі страх жыве ў людзях , і адразу не ўцяміш адкуль цягнуцца карані гэтага страху . Пэўна , ідзе ён , гэты нязводны страх , з камуністычнага часу , калі кожны больш менш удачлівы чалавек павінен быў “ не вытыркацца “ , быць такім , як усе , сядзець , як морквачка на градзе , паміж дзесяткаў і сотняў аднолькава-падобных морквачак . Якія кватэры ў замежжы ? Якія вілы ? Якія аўтамабілі ? Камуністы-машэраўцы дзень і ноч крычалі , што беларускі народ спрадвеку народ-калектывіст . Мой дом – мая крэпасць ? Гэтая прымаўка не для нашага народу . Яму непатрэбны аніякія катэджы і дачы , аніякія соткі за горадам , аніякія легкавыя аўтамабілі . Ён любіць ездзіць у тралейбусах і аўтобусах , а жыве плячо да пляча , як жывуць мурашкі і пчолы , у вясёлых неразлівада камуналках ці інтэрнатах-пансіянатах , дзе на ўсю дружную аптымістычную грамаду адна агульная песня , адна кухня і адзін туалет .

Першай парай , што адгукнулася на запрашэнне Вольгі Сямёнаўны , былі Пеця і Маша , дваццаціпяцігадовыя праграмісты з расійскага горада Белгарад . Яны мелі маленькага сына Васілька , здымалі кватэру і пакляліся любымі высілкамі , любымі звышнамаганнямі зачапіцца за Кіпр , нават калі давядзецца есці адны сухары з вадою .

Другая пара прыехала са сталіцы вострава Нікасіі . Мінчанка Ірына і ейны муж-кіпрыёт Анастасіс . У гэтых ужо была свая кватэра і свой невялікі бізнэс – вазілі з Мінску на Кіпр розную электратэхнічную драбязу . Ірына ўразіла тым , што за год-паўтара амаль поўнасцю натуралізавалася – гаварыла выключна па-грэцку , апраналася і прычэсвалася таксама на кіпрэйскі манер , насіла на смуглай прыгожай шыі не маністы , а хрысціянскі крыж . Толькі павітаўшыся , адразу радасна аб”явіла , што ўжо цяжарная , што ў яе народзіцца хлопчык , і яна загадзя падабрала яму імя .

- Якое ? – пацікавілася Вольга Сямёнаўна .

- Анастасіс . У мяне будуць два Анастасісы .

Сядзелі на велізарнай сонечнай верандзе , маленькімі глыткамі пілі віно , заядалі смачным духмяным сырам . Быў поўны душэўны камфорт . Паглядзеўшы на гэтых людзей збоку , сучасны прасунуты псіхолаг сказаў бы :

- У іх удала склаўся жыццёвы пазл .

І сапраўды – пазл складаецца з маленечкіх кавалачкаў . Толькі паступова , толькі з цярпеннем і настойлівасцю з”яўляецца , нараджаецца , выплывае з хаосу цэльная яркая карціна . Усе яны , што сабраліся за сталом , упарта і штодзённа збіраюць пазл свайго жыцця .

Барыс Бабарыка ўзняўся з поўным келіхам , сказаў тост :

- Яшчэ сёння раніцой я не ведаў нікога з прысутных акрамя членаў маёй сям “і . Вып”ем за шчаслівы выпадак , які звёў нас . Шмат на свеце краінаў , шмат розных гарадоў , шмат астравоў . Але лёс закінуў усіх нас не на Мальту і не на Кубу , не на Тайвань , а чамусьці менавіта на Кіпр , востраў Афрадыты , востраў кахання . І , як мне здаецца , недарэмна закінуў . Дык вып”ем за каханне !

Чокаючыся , ён паглядзеў Эльвіры проста ў вочы . Яна адчула лёгкае галавакружэнне , гарачую хвалю ў сэрцы . З гэтым мужчынам , калі быць шчырай , яна б не супраць была застацца сам насам не толькі на Кіпры , але і на незаселеным востраве .

Раптам ў драцяной клетцы , што вісела каля сцяны веранды , рэзка залопаў крыллямі , нешта прарэзліва закрычаў вялікі чырвона-зялёны папугай па мянушцы Пірат . Усе аж уздрыгнулі . Маўчала птушка маўчала , і раптам гэткі нечаканы вэрхал .

- Што з ім ? – здзівіўся Барыс Бабарыка .

- Яму Віцька віна ў сподачак наліў , - паказала пальцам на брата малая Алеся і адразу схавалася за маці .

Віктар пагразіў ёй кулаком .

- Яна праўду кажа ? Ты наліваў папугаю віно ? – пачаў допыт Бабарыка .

- Я хацеў правесці эксперымент , - чэсна прызнаўся Віктар , - Павінна ж і ў яго быць нейкае свята . Усе мы сядзім за багатым сталом , а ён з клеткі пазірае на нас . Шкада яго стала .

- Не ведаў , сын , што такі слюнцяйчык , - весела зарагатаў Барыс Бабарыка , - Пашкадаваў папугая , дурную птушку . Ды мы праз год-другі з яго пудзіла зробім і павесім над тваім ложкам .

А Пірат усё болей ярасна бушаваў у клетцы . Кідаўся грудзьмі на дрот , дзёўб яго . Ярка-жоўтыя гузікі вачэй злавесна зіхцелі .

- Барыс , занясі яго ў кладоўку і накрый клетку пледам . Там ён супакоіцца , - загадала мужу Вольга Сямёнаўна . У ейным голасе віравала раздражненне . І таму было некалькі прычынаў . Па-першае , прыйшлі зусім не тыя госці , на якіх яна разлічвала і якіх запрашала . Прыплыла нейкая драбяза . Не прыйшлі гаспадары вядомых расійскіх фірмаў “ Мономах “ і “ Русские продукты “ . Палічылі ніжэйшым за свой гонар вячэраць у Бабарыкаў . Хто такія для іх Бабарыкі ? Два нулі з палачкай . А яна так хацела паказаць і даказаць Барысу , што і ў яго адсутнасць можа нешта арганізоўваць , можа быць сучаснай дзелавой бізнэсвуман . Па-другое , спрактыкаваным позіркам яна заўважыла , што Барыс ( о , ненасытны памаўзлівы кот ! ) ужо выгінае спінку перад Эльвірай , пачынае смачна аблізвацца . Ды і ў той масляніста заблішчэлі вочкі . І адразу ж узнікла думка паяднаць злучыць гэтую салодкую парачку . Няхай сабе пацешацца . Яна ведала свайго Барыса – яму так і хочацца задраць чужую спадніцу , з першымі юначымі вусікамі пасяліўся ў ім , як вуж у карчы , пякучы вогненны юр . Колькі яна па маладосці наплакалася з-за гэтага і нацярпелася . Ды пайшлі дзеці , уладкавалася жыццё , і сёння яна глядзіць на сексуальную мужаву праблему рэалістычна-халодным вокам . Табе не хапае маёй плоці ? Добра . Шукай пасію на баку , але рабі гэта так , каб і ваўкі былі сытыя і авечкі цэлыя , адным словам , непрыкметна , як партызанскі разведчык , хадзі па чужых спальнях . Мужчыны ўсе такія – ім хочацца рассяваць сваё дзетароднае семя на як мага шырэйшых загонах . Супроць біялогіі не папрэш . Такі закон прыроды . Яна ж , дама бальзакаўскага ўзросту , ужо па горла сытая сексам . Труцца адно аб адно , нібы сухія дзеравяшкі , святы агонь здабываюць . Цьфу на вас ! Хаця , калі быць самакрытычнаю , гэта гаворыць ейная наследная фрыгіднасць . Родную маці яшчэ ў дзявоцтве , нібы Надзею Крупскую , называлі Міногай .

Эльвіра ж Скаблінская , новая хатняя работніца-бэбісітэр , адразу відно зачыналася не ў лёдзе , а ў полымі . Усё так і гарыць у ёй – вачамі бліскае , плячом круціць , ножкамі перабірае . Здаецца , крычыць уся ейная вытанчаная фігура – бяры мяне ! Што ж , гэта вельмі і вельмі няблага . Няхай схліснуцца , злюбяцца . Неба урэшце рэшт , не ўпадзе на зямлю . Затое Барыс не будзе бегаць па начных кіпрэйскіх сэкс-клабах . А дзеці яшчэ дурненькія – не заўважаць , калі рабіць усё з аглядкаю . Пашалее мужычок з месяц , ды й паляціць назад у Мінск .

Задаволеная сваім , як ёй падалося , геніяльным планам Вера Сямёнаўна таксама абвясціла тост :

- За каханне !

Потым гаварылі госці . Застолле рабілася ўсё больш весялейшае . Віно было цудоўнае . Сыры надзіва смачныя . Суразмоўнікі сімпатычныя . Што яшчэ патрэбна для поўнага чалавечага шчасця ?

Раптам сямігадовая Алеся здзіўлена закрычала :

- Глядзіце-глядзіце ! У парку па дрэвах пабеглі яшчаркі ! Шмат яшчарак !

Відовішча й праўда ўражвала . Дзесяткі яшчарак , вялікіх і маленькіх , выпырхвалі з-пад зямлі , з каранёў дрэў і нястрымна шпарка мкнулі ўверх шэра-рыжай хваляю . Быцца нехта арганізаваў для іх спартыўнае спаборніцтва – хто хутчэй дабяжыць да кроны .

- Цуд ! – нахіліўшыся над парэнчаю веранды і нібы выпадкова паклаўшы руку на плячук Эльвіры , усклікнуў Барыс Бабарыка .

Эльвіра , гарэзная ўзбуджаная віном , дазволіла яму гэткую вольнасць . У ёй уздымалася закіпвала гарачая хваля . Усё здавалася такім класным і такім крутым : сіняе іскрыстае мора , карычневыя горы , вясёлыя людзі наўкол , моцная мужчынская рука на плячы .

Адразу ж пасля сырнай вячэры , калі ўжо раскланяліся і разыйшліся госці , Вользе Сямёнаўне нечакана пазванілі і папрасілі тэрмінова разам з дзецьмі пад”ехаць у муніцыпальны парк – там арганізацыйны камітэт суайчыннікаў з СНД да Дню Горада будзе праводзіць сямейны конкурс-агляд усіх , хто пражывае ў Лімасоле , пад дэвізам

“ Мы самыя таленавітыя “. Ці быў такі званок ? Ці яго прыдумала гаспадыня дому ? Цяжка адказаць .

- Чаму такая спешка ? І чаму не запрасілі й мяне ? – шчыра здзівіўся Барыс Бабарыка .

Ды жонка так глянула на яго , так шматзначна бліснула вачамі , што ён , як падлетак , сумеўся і пачырванеў . Было нешта ў тым маланкавым вострарэжучым позірку вядомае і зразумелае толькі ёй і толькі яму .

- Мы вернемся праз гадзінку , - сказала Вольга Сямёнаўна , заходзячы з дзецьмі ў ліфт , каб апусціцца ў паркінг і адтуль на аўтамабілі ехаць у муніцыпальны парк . Эльвіра і Барыс засталіся ў вялізнай кватэры адны .

Ён авалодаў ёю проста на кухні , на шырокім дубовым стале , з якога ўжо знялі посуд і закроплены чырвоным віном абрус . Зусім нядаўна на гэтым стале стаялі ежа і пітво , наўкол яго сядзелі вясёлыя гаманкія госці . Зараз жа ён зрабіўся ложам бурнага імгненнага кахання . Гэта надавала асаблівую гарачую вастрыню і пікантнасць таму , што дзеелася .

Яны падыходзілі адно адному па тэмпераменце і па , скажам так , гукаваму афармленню палавога акту . Яны рэзка і сакавіта пастогнвалі . Прыкладна тое ж робяць маладзенькія ды й тытулаваныя тэнісісткі падчас міжнародных тэнісных матчаў .

Растраціўшы ўнутраны агонь , знясілеўшы , абвяўшы , ляжалі побач і глядзелі як чырвона-залаты прамень сонца коса кладзецца на белую сцяну , рассякае распалавіньвае карціну , што вісіць на гэтай сцяне – белы бярозавы гаёк у зялёным абмытым дажджом беларускім полі .

- Ты – харошая , - гладзіў і цалаваў Эльвірына плячо Барыс , - Адкуль ты такая ўзялася ?

- Я – лісоўчыха , - раптам сказала Эльвіра .

- Хто ? – не зразумеў Бабарыка , - Ліса ? Так , ты залатая хітрая ліса .

- Я – лісоўчыха , - зноў паўтарыла Эльвіра і ўспомніла Вітаўта Гарткевіча .

Калі ўжо супакоіліся і прывялі сябе ў парадак , Барыс Бабарыка , усё яшчэ размякчаны інтымам , нечакана прызнаўся Эльвіры , што кахаўся з ёю са згоды і поўнага адабрэння сваёй жонкі . Лепей бы ён не казаў такіх слоў ! Бэбісітэр узвілася , як пантэра .

- Значыць , сёння ты атрымаў ад жоначкі талон на пазашлюбны секс ? І колькі ж талонаў выдае табе твая мегера ў месяц ? Адзін ? Два ? – з найвялікшай пагардай , адразу адступіўшы ад яго , як ад заразнага , ледзь не плюнуўшы яму ў твар , прасіпела Эльвіра Скаблінская .

Бедны Барыс адчуў , што ўліп , як мурашка ў смалу . І так і гэтак спрабаваў згладзіць негатыў ад сказанага , павярнуць усё , урэшце рэшт , на жарт . Ды Эльвіра была , як непадступная гранітная скала . І ён псіхануў :

- Не забывай , хто ты . Усяго толькі наёмная рабочая сіла . Класціся пад мяне я цябе , дарагуша , не змушаў . Сама , як кажуць , васпылала . Сведкаў , што я цябе гвалціў , няма .

Дывідэнтаў , значыцца , не атрымаеш . Чаго ж ты яшчэ хочаш ? Хочаш , каб цябе аб”явілі цнатліўкай-недатыкай ? Але ж , сама ведаеш , гэты тытул ужо даўным даўно не для цябе . Пэўна , гадкоў у пятнаццаць страціла гэтае ганаровае званне ? Ці не так ?

- У чатырнаццаць , - спакойна адказала Эльвіра , - Ад цябе мне нічога не трэба . Я толькі скажу тваёй жоначцы , тваёй курачцы , што ты не майстар спорту па сексу . Далёка не майстар . Ты , калі быць шчырай , нават не цягнеш на трэці разрад . Так сабе – нешта цягучае , нешта ліпучае . І толькі .

У Барыса Бабарыкі гнеўна ўспыхнулі шчокі , задрыжаў кадык , але ён здолеў узяць сябе ў рукі і цынічна рагатнуў :

- Мая фрыгідка ў гэтай справе – поўны аблом . Так што не старайся . Эфект будзе нуль з мінусам . А я табе , мадам , прапаную саюз і дружбу . Так сказаць , два адзінокія сэрцы на востраве Афрадыты , востраве кахання . Чаму нам не быць разам ?

Эльвіра нічога не адказала , зачынілася ў сваім пакоі . Упала на ложак , абхапіла галаву рукамі . Была поўная абсалютная спустошанасць . Што рабіць ? Як паводзіць сябе далей у гэтым доме ? Вядома , яна не наіўная дзеўчынёха і , летучы сюды , на востраў , разумела ў якую справу ўблытваецца , якія неспадзяванкі могуць яе чакаць . Яна сама па жыцці – шукальніца прыгодаў , турыстка-авантурыстка , як спявае гурт “ NRM “ . Нездарма яна называе сама сябе лісоўчыхай , паўнапраўнай дачкой вольнага баявога брацтва .

Раптам успомнілася як учора вазіла дзяцей у заапарк . Жывёлаў там нямала , і амаль усе яны пакутуюць ад гарачыні . Ледзь сноўдаюцца па драцяных агароджах , стомленыя , вялыя і санлівыя . На людзей глядзяць без ніякага інтарэсу . Пэўна , усе людзі , у разуменні жывёлаў , такія ж зняволеныя заапарку , толькі па іншы бок дроту . Настрой у публікі ўздымаюць малпы . Гэтыя не баяцца спякоты , дурэюць , з віскам бегаюць па вальерах , выпрошваюць у наведвальнікаў заапарку ласункі . Асабліва ім падабаюцца бананы . Як самыя сапраўдныя футбольныя варатары , ловяць яны іх і просяць яшчэ . Але ў адсеку , дзе жывуць бабуіны , самец і самка , ніякага мітуслівага руху , ніякага віску . Тут ва ўсёй сваёй манументальнай велічы пануе патрыярхат . Самец , важны . тоўсты , з попельна-шэрай грываю на тлустым карку , ляніва ляжыць у дальнім кутку , дзе захаваўся астравок выратавальнага ценю , уладнымі маленькімі бліскучымі вочкамі пазірае на людзей . Самка , худая , уся нейкая шэранькая і кволая , слупком сядзіць на лютым сонцапале . Бананы , мяккія , салодкія , спакусліва падаюць каля яе . Некаторыя нават удараюцца аб яе , але яна , хоць у позірку ззяе востры голад , не зварухнецца , не міргне , ніяк не рэагуе на ласунак . Усё ў гэтым вальеры , і яна ў тым ліку , належыць велізарнаму тлустаму самцу . Час ад часу ён нетаропка ўздымаецца , падыходзіць , бярэ банан, з апетытам пажырае яго і зноў кладзецца ў цянёк . Самка сядзіць нерухома , як непжывая . Яна чакае дазволу свайго ўладара на тое , каб падабраць хоць нейкі малюсенькі кавалачак ежы .

“ Бабуін , - падумала Эльвіра пра Барыса Бабарыку , - нахабны бесцырымонны ўпэўнены ў сваёй сіле і непагрэшнасці бабуін . Тупая абмежаваная жывёліна” . Такое параўнанне вельмі спадабалася ёй , нават рассмяшыла .

Тым часам у кватэры пачуліся вясёлыя дзіцячыя галасы , беганіна . Значыць , Вольга Сямёнаўна з усім сямействам вярнулася з муніцыпальнага парку . Трэба ўставаць , трэба накінуць на душу і твар маску дзелавітай заклапочанасці і аптымізму .

І раптам здарылася такое чаго Эльвіра Скаблінская яшчэ ні разу не зведала ў сваім ужо не надта кароткім жыцці . Падлога , столь , сцены ды ўвесь пакой рэзка пахіснуліся , пайшлі ўніз , быццам пад імі не было ніякага цвёрдага грунту . Пачулася нейкае дзіўнае лапатанне , быццам адначасова ўдарылі крыллямі сотні птушак . Гэта карціны і абразы , што віселі на сценах , пачалі ліхаманкава біцца аб іх . Бронзавая статуэтка старадаўняга грэцкага воя-гапліта , якую Эльвіра нядаўна купіла на рынку і паставіла на тэлевізар , з ляскам упала на падлогу .

- Землятрус ! – роспачна закрычала за сцяною Вольга Сямёнаўна , - Барыс ! Барыс ! Ратуй дзяцей ! Хутчэй на вуліцу !

Адразу заплакалі , залемантавалі ад жаху дзеці . Шалёнае тупаценне ног , звон посуду , што падаў і разбіваўся на кухні , нейкі глухі натужлівы трэск, быццам раздзіралі на кавалкі старое тоўстае палатно , звіліся ў ярасны гарачы клубок . Падлога , як карабельная палуба , рэзка хадзіла ўбакі . "“Земля тряслась , как наши груди ", - імкліва выплыў з памяці радок са школьнага вершу “ Бородино “ .

Эльвіра адчула жах , невыносны , бязмежны , нястрымны . Як белая бурная рака , як гусцейшы белы туман , ён заляпіў вочы , сціснуў у грудзях дыханне , зрабіў саламянымі рукі і ногі . Шырока раскрыўшы рот , яна прагна хапала паветра і ўсё не магла ўдыхнуць . Яе скаваў слупняк . Цела не падпарадкоўвалася , было як не сваё .

- Вольга , дзе ляжаць грошы і дакументы ?! – дзіка закрычаў дзесьці ў глыбіні кватэры Барыс .

Ягоны крык нібы абудзіў Эльвіру . Яна схапіла з шуфлядкі ў тумбачцы сваю сумачку з дакументамі , грашыма і авіяцыйным білетам , вылецела з пакою . Яна хацела ратаваць дзяцей . Ды ў кватэры ўжо нікога не было . Віхор страху ў імгненне вымеў сям”ю Бабарыкаў на вуліцу . Ніхто не ўспомніў пра бэбісітэра ні бацькі , ні дзеці . Толькі растаптаны Віктараў мабільнік валяўся на падлозе , а знізу чуўся грукат ад мноства ног . Усё перакрываў крык-загад Бабарыкі-старэйшага :

- Нікому не садзіцца ў ліфт ! Дзверы можа заклініць !

Эльвіра стрымгалоў імчалася ўніз па мармуровай лесвіцы . Дзесьці чытала , што падчас землятрусу трэба станавіцца ў дзвярны праём , але зараз было не да гэтага . Ногі самі неслі яе , а галава быццам выключылася . Стометроўкі на школьных уроках фізкультуры яна бегала куды павольней .Адзіная думка трапятала ў галаве – не падвярнуць , не зламаць нагу на слізкіх белых ступеньках .

Проста перад ёю , за крок-другі , гучна лопнула-стрэліла мармуровая ступенька . Трэшчына імгненна пашыралася і паглыблялася . Эльвіра Скаблінская , у адчаі сцяўшы зубы , заплюшчыўшы вочы , скокнула праз яе і апынулася на вечаровай вуліцы . Тут віраваў людскі мітуслівы мурашнік . Бегалі , крычалі , спатыкаліся , падалі мо сотні людзей . Некаторыя абматаныя ў белыя прасціны , некаторыя паўголыя , а то й зусім голыя , бо землятрус заспеў іх ужо ў ложках . Рознамоўны дзікі крык-лямант разразаў паветра . Крычалі па-грэцку , па-англійску , па-расійску , па-польску … Эльвіра зайшлася крыкам па-беларуску :

- А мамачка родная , ратуй !

Краем вока заўважыла як з-пад іхняга дому , з паркінгу на шалёнай хуткасці вырываецца “ Вольва “ сям”і Бабарыкаў . За рулём – Вольга Сямёнаўна . Твар чырвоны , перакошаны жахам . Вытыркнула галаву , крыкнула :

- Эльвіра Іпалітаўна , мы ў Ларнаку , у аэрапорт ! Пільнуйце кватэру !

Аўтамабіль , як прывід , растаў у змроку . Эльвіра засталася зусім адна . Адна між чужых людзей , адна ў чужым горадзе , адна на зямлі , што нервова , рыўкамі , калацілася і быццам дыхала пад нагамі . Працадаўцы , відно па-ўсім , ірванулі з дзеткамі бліжэй да самалётаў , каб пры абвастрэнні сітуацыі змыцца ў Мінск . Яе ж , як сабачку , пакінулі пільнаваць багатую кватэру .

Раптам , зусім побач , істэрычна закрычала , паказваючы рукой на неба , расійская турыстка ў адзенні Евы :

- Здание падает ! Наша гостиница падает !

Эльвіра зірнула ўверх , і востры страх разрэзаў напалам сэрца . Масіўная будыніна сяміпавярховага гатэлю пахіствалася , пагойдвалася , хадзіла ходырам . Было ўражанне , што гатэль танцуе танец смерці . Вось зараз цяжка і няўтрымна рухне ўніз , расплюшчыць і размажа сабой усё жывое . Людзі , ратуючыся , шуганулі хто куды . Разам з натоўпам Эльвіра Скаблінская паімчалася па вуліцы ўбок мора . Ніхто ўжо не крычаў . Толькі часта-часта тупацелі ногі .

Не дабегшы да мора , бо грудзі аж рваліся ад стомы , яна звярнула ў нейкую нізкую нешырокую брамку і ўпала , балюча выцяўшыся плячом аб штосьці цвёрдае . Калі ж зразумела дзе знаходзіцца , уздрыгнула ўсім целам . Сляпы жах завёў яе на старыя , так званыя , каланіяльныя могілкі , дзе хавалі ў свой час пераважна вайскоўцаў – брытанцаў і французаў . Наўкол густа стаялі акуратныя гранітныя і мармуровыя помнікі .

Эльвіра , спатыкнуўшыся , упала проста на салдацкую магілу . З помніка на яе ва ўпор пазіраў прыгожы светлавалосы юнак у вайсковай форме , пазіраў і ўсміхаўся . “ John Dobson . 1939 – 1960 “ было залатымі яркімі літарамі напісана пад медальёнам .

Яна асцярожна , не адводзячы позірк ад чыстага салдацкага твару , узнялася на ногі . Чыім ён сынам быў , гэты дваццаціаднагадовы Джон Добсан ? Дзе і як сустрэў смерць ? Падчас жорсткага бою з кіпрэйскімі партызанамі ? Хутка пяцьдзесят гадоў , як ляжыць ён у гарачай і неспакойнай кіпрэйскай зямлі .

Нечакана са змроку прагучалі словы :

- Не пакалечыліся , дзяўчына ?

Да знямелай Эльвіры падыйшоў мрцна скроены прыгожы мужчына гадоў сарака-сарака пяці са знешнасцю класічнага эліна – смуглы і чарнавалосы . У руках ён трымаў нечым папоўнены яркі цэлафанавы пакет . Такія пакеты даюць пакупнікам у мясцовых супермаркетах .

- Не бойцеся . Я не зладзюга з могілак , не збіраю каля помнікаў вянкі і кветкі . Вышаў

у “ Дабенхамс “ за прадуктамі , а тут і шандарахнула , - сказаў ён .

- Гатэль “ Сільвер “ упаў ? – першае , што спытала Эльвіра , усё яшчэ дробна калоцячыся ад перажытага жаху .

- Утрымаўся дзядок , - засмяяўся незнаёмец , - Кіпрыёты ўмеюць будаваць . У іх жа тут асабліва актыўная сейсмічная зона .

- А вы што – не кіпрыёт ? І адкуль так добра ведаеце не грэцкую мову ? Пэўна , вучыліся ў Савецкім Саюзе ? – спакайнела Эльвіра .

- Не , я не кіпрыёт . Я – пантыйскі грэк . Чулі пра такіх ? Наш Гаўрыіл Папоў у свой час быў маскоўскім мэрам .

- Адным вухам нешта чула , - сказала Скаблінская .

- Па радыё і па тэлевізіі пра нас у Саюзе не гаварылі , - паставіў свой пакет на зямлю пантыец , - У нас жа ўжо тады была выведзена , як кураняты ў інкубатары , новая супольнасць – савецкі народ . І дзе зараз той народ ? Раскідала ўсіх па белым свеце , як восеньскую павуціну . Мы – пантыйскія грэкі , гэта значыць , мы грэкі , што жылі на берагах Понту , Чорнага мора . У свой час мае продкі збеглі ад туркаў у Расію , у Стаўрапольскі край . А як толькі зрабілася магчымым выязджаць з Саюзу , я ламануў у Грэцыю , а адтуль – на Кіпр . Мяне завуць Костас . А вы адкуль ? І як ваша імя ?

- Я з Беларусі . З Мінску . Завуць мяне Эльвіра . Прыляцела працаваць бэбісітэрам у багатых землячкоў , - сказала Эльвіра , - Ды ў землятрус яны ўцяклі ў Ларнаку , а мяне кінулі адну , як непатрэбную рэч . І вось я тут , на могілках .

У гэты момант зямля так уздрыгнула , так скокнула ўверх , што пахіснуліся некаторыя надгробкі , рэзка нахіліліся . ледзь не зламаліся кіпарысы , а помнік англійскаму салдату Джону Добсану , каля якога стаялі Эльвіра з Костасам , трэснуў , раскалоўся напалам .

- Божа ! – ускрыкнула Эльвіра , - Зноў пачынаецца !

- Пабеглі да мяне ! – моцна схапіў яе за руку Костас , - У мяне тут зусім побач , у Рыва Драй , Сухой Рэчцы , стаіць намёт . Астанамія , мясцовая паліцыя , пакуль што яго не запрыкмеціла .

- Дык ты бомж ? – рэзка вырвала руку Эльвіра .

Зямля зноў пагрозна закалацілася . як у перадсмяротных сутаргах . Па цёмным вечаровым небе пакаціліся клубкі чорнага дыму – пэўна , зусім побач нешта загарэлася .

- Якое зараз гэта мае значэнне – бамжую я ці не ? – чэпка авалодаў Эльвірынай рукой Костас , - Трэба ратавацца !

Па дрогкай зямлі яны кінуліся ў трывожную злую цемру , дзе чуліся роспачныя людскія крыкі , гудкі пажарных , медыцынскіх і паліцэйскіх аўтамабіляў . Раптам Костас рэзка спыніўся , адпусціў Эльвірыну руку і пабег назад .

- Ты куды ?! – выгукнула яна . Ёй здалося , што пантыец звар”яцеў . Ёй зрабілася так страшна , так самотна . Толькі што была жывая чалавечая душа побач , ды й тая знікла ў злавеснай смяротнай віхуры . І яна пачала маліцца . маліцца не так . як навучаюць у цэрквах ды касцёдах , а па-свойму :

- О , Божа , неба і зямля знікнуць , а Тваё слова вечнае . Малю Цябе – скажы слова , якое б выратавала мяне , вялікую грэшніцу , ад непазбежнай смерці ў час землятрусу . Я не хачу . каб мяне раздушыла абломкамі будынкаў і дрэў . Я не хачу , каб мяне . як пушынку , абвіў агонь пажару . І не хачу праваліцца ў зямную трэшчыну . Божа , я хачу жыць .

І ў гэты міг вярнуўся задыханы Костас .

- Дзе ты быў ? – кінулася яму на грудзі Эльвіра .

- Збегаў за пакетам . Забыў яго на могілках , - хуценька патлумачыў пантыец , - Там віно і прадукты .

І яны зноў паімчалі ў цемру . Па калючым травяністым схіле спусціліся-слізганулі на дно Сухой Рэчкі . Вада тут бывае толькі падчас моцных зімовых навальніцаў , вада струменістая , бурлівая . Потым яна дашчэнту высыхае , але паспявае даць жыццё густому зялёнаму кустоўю , якое , нібы спрут , чапляецца шчупальцамі-карэннямі за цвёрдую камяністую зямлю . Вось у такой дзікай непралазнай гушчэчы і быў напяты нябачны старонняму воку невялікі зялёны намёт . Яны забраліся ў яго . Костас на століку , што быў выштукаваны з драўляных скрынак , парэзаў сыр , памідоры , адкаркаваў бутэльку віна . Селі на чорныя адпрацаваныя аўтамабільныя пакрышкі .

- Ці не водзяцца тут гадзюкі ? – палахліва азірнулася наўкол Эльвіра . Яна раптам успомніла , як перад самым землятрусам істэрычна біўся ў клетцы папугай Бабарыкаў , як рыжа-шэрым ручаём выпырхвалі з-пад каранёў “ курортніцы “ яшчаркі . Прырода давала знак-сігнал . што вось-вось грымне катастрофа , але дурныя людзі ( у які ўжо раз ! ) не пачулі засцерагальны голас прыроды .

Костас , нічога не адказаўшы на пытанне , выпіў чырвонае віно . Эльвіра выпіла следам за ім . Моўчкі пачалі есці сыр .

Зноў цяжка глыбінна ўздрыгнуў зямны касцяк . Унутры ў зямлі нешта ламалася , крышылася , зрушваліся са сваіх месцаў тэктанічныя пласты , і ўсё гэта з незвычайнай сілаю вырывалася на паверхню , у імгненне вока разбураючы тое , што чалавек будаваў стагоддзямі .

“ Мы тут загінем , - падумала Эльвіра , - Нас засыпле камяністым кіпрэйскім чырвоназёмам у гэтай Сухой Рэчцы . І невядома калі адкапаюць нашыя косткі , нашыя бязвокія чарапы “ . Страх быў , але ўжо не такі пранізліва-востры . Быў халодны спакой . “Так калісьці пад агнём і дымам Везувію паміралі Пампеі , - думала яна , - Чаму гэты чалавек , які толькі што з”явіўся ў маім жыцці , з”явіўся , можа , на самым абрыве майго жыцця , які сядзіць насупраць і п”е віно , не бярэ мяне , не дае мне апошнюю жаночую радасць і асалоду ? Чаму ён толькі таямніча-загадкава пазірае мне ў твар , а не бярэ мяне , як спрадвеку бралі і бяруць жанчынаў мужчыны ? “

Яна ўсім целам памкнулася да Костаса . І раптам адчайна-рэзка зазваніў мабільнік . Эльвіра выхапіла яго з кішэні , прытуліла да вуха .

- Ало ! – данёсся з далёкай далечы , праз тысячы кіламетраў , над марскімі хвалямі і горнымі цяснінамі голас Вітаўта Гарткевіча , - Эльвіра ! Дзе ты ?! Мне – цяжка ! Мне вельмі цяжка ! Я ў траўматалогіі ! Калі можаш , прыдзі , дапамажы ! Эльвіра !

Яна , перакуліўшы столік , выскачыла з намёту , як выскоквае са свайго лагва , ратуючы ваўчанят , ваўчыца , яна падзёрлася праз калючае шчыльнае кустоўе наверх , да людзей , да аўтамабіляў , да жыцця . Грымела суровае чорнае неба . Калацілася сцаглелая ад лютай гарачыні зямля . Ламаліся валіліся дрэвы . Ды Эльвіра Скаблінская не зважала на ўсё гэта , бо павінна была імчаць у аэрапорт , узвівацца ў трывожныя нябёсы , ляцець за два моры і чатыры краіны ратаваць каханага .

 

Колькасць прачытаўшых: 776
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007