V
Яны сустрэліся ў Інстытуце траўматалогіі – Антон Даніловіч-Гоцкі , Іван Мастоўскі і Вітаўт Гарткевіч . Так патрэбна было Богу , так патрэбна было Небу , каб яны сустрэліся . Усе трое цяжка параненыя , знявечаныя , але жывыя . Ляжалі пад скальпелем хірурга , пад кропельніцамі . у бінтах . у гіпсе , цярпелі боль і высокую тэмпературу і нават не здагадваліся , што знаходзяцца зусім побач , у суседніх бальнічных палатах .
Першы ачуняў , стаў на ногі Даніловіч-Гоцкі . павольна хадзіў па бальнічным калідоры , здароўкаўся і жартаваў з медсястрычкамі , абяцаючы напісаць пра іх паэму ,
напрошваўся , каб узялі яго да сябе ў памочнікі .
- А што вы ўмееце рабіць ? – смяяліся медсёстры .
- Я шмат чаго ўмею , - глыбакадумна адказваў паэт , - Хоць я не вялікі скульптар , але магу рабіць маленькіх людзей . Хоць я не доктар , але добра ўмею падслухоўваць шум у чужых вушах .
Сабраўшы купку цікаўных , расказваў пра сваіх вясковых сваячак Хадору і Аксеню . На свае вочы сам іх ужо не пабачыў , але чуў шмат аповедаў ад людзей .
Старэйшая Хадора , калі калгасны брыгадзір не даваў у дровы каня , казала ( а было гэта перад самай вайною ) :
- Скарэй бы ўжо тыя немчыкі прыйшлі .
Калі ж “немчыкі “ і сапраўды прыйшлі , дакладней , прыехалі на матацыклетках у Захараўшчыну , і праз нейкі час пачалі зганяць мясцовую моладзь для адпраўкі ў Германію , яна ў летнюю спякоту абвязала галаву вялізнай хустай , намазала шчокі сажай – выдавала сябе за глухую і сляпую бабулю . Вяскоўцы смяяліся :
- Хадора , чаму не пячэш аладкі ? Твае ж немчыкі прыйшлі .
Ужо калі скончылася вайна , у тлумны хрушчоўскі час у адзін дзень памерлі ейныя брат Пятрок і сястра Аксеня – учадзелі . Яны ляжалі ў трунах , а Хадора , звар”яцеўшы ад такой неспадзяванкі , хадзіла наўкол , нешта шаптала сама сабе і час ад часу гаварыла нябожчыкам :
- Чаго разлегліся ? Дроў у хаце няма , вады . Вазьміце па вядру , прынясіце ў хату халоднай вадзіцы .
Чаму Даніловіч-Гоцкі ў траўматалагічнай бальніцы , у “ краіне зламаных касцей “ , як жартавалі пацыенты , успомніў пра Аксеню і Хадору ? Цяжка адказаць . Пэўна , шукала душа нейкага супакаення , нейкага трывалага берагу паміж крыві і пакуты . А толькі ўспаміны аб назаўжды страчаным , але й назаўжды дарагім і незабыўным даюць чалавеку такую трываласць .
У палаце хворых было , як селядцоў у дзежцы – ажно дзевяць чалавек . Самы розны люд і з самымі рознымі траўмамі . У пераважнай большасці маладыя рабочыя з мінскіх заводаў і будоўляў . Гісторыя атрымання траўмы амаль класічная – у дзень зарплаты выпіў з сябрукамі , ішоў , паслізнуўся , ачуняў – гіпс ! Вырваныя нечаканым калецтвам са звычнага жыцця , гэтыя людзі , яшчэ ўчора такія здаравякі-магуты , у імгненне вока ператварыліся ў статак істэрычных капрызлівых самцоў . Рэзаліся ў карты ў падкіднога . Лапалі медсястрычак за ўсе іхнія выпукласці-акругласці . Гаварылі толькі пра секс і гарэлку . Паэт паспрабаваў быў заікнуцца пра палітыку і эканоміку , ды яго адразу ж абсеклі :
- Ты што , блін , разумнейшы за ўсіх ?\
Можа ён і быў разумнейшы за шмат каго з іх , але менавіта гэты розум даў яму самую правільную ў падобнай сітуацыі каманду : “ Не лезь . Не вытыркайся . Пражыві непрыкметна “ .
Жыць існаваць у гэтым вэрхале з такой устаноўкаю было для гаваркога Антона надзвычай цяжка . Ды што паробіш ? Як кажуць : жыццё кароткае – крышку пацярпі . Даводзілася цярпець , выслухоўваючы ў свой адрас перлы прыкладна такога кшталту :
- Ну ты й храпеш ноччу ! Як кабан , якога рэжуць .
І Даніловіч-Гоцкі ратаваўся чытаннем . У прыватнасці , прачытаў , накрыўшы галаву падушкаю , біяграфію Адольфа Гітлера . Аказваецца , на германскага фюрэра было ажно сорак замахаў . І ўсе няўдалыя . “ Мяне беражэ Бог ! “ – крычаў Гітлер на шматтысячных
мітынгах і падчас выступленняў у рэйхстагу . Уся штуковіна аднак была ў тым , што Бог і сапраўды бярог Адольфа , але бярог для таго , каб фюрэр на свае вочы пабачыў абсалютны крах фашысцкай сістэмы , ператварэнне ў чорны дым і шэры попел задуманага нацыстамі тысячагадовага рэйху . Лепей было б яму загінуць у ліпені 1944 году ад бомбы графа Шуленберга .
Лявон Кукарэка , што прыносіў у траўматалогію кніжкі і сякія-такія немудрагелістыя прадукты , аднойчы сказаў :
- А чаго ты топчашся адзін у калідоры ? Тут жа лечыцца Іван Мастоўскі . Яго яшчэ называюць Мастадонтам . Памятаеш нашу баталію ў кафэ ?
Такая навіна вельмі ўзрадавала Даніловіча-Гоцкага . Ён адразу ж памкнуўся адшукаць здаравілу , які , аказваецца , ляжаў зусім недалёка – у трэцяй палаце . Ды медсястра , чарнавалосая пухлаваташчокая дзеўчынёха , паведаміла , што хворы Мастоўскі знаходзіцца зараз у перавязачнай .
Вырашылі пачакаць , стоячы каля вакна з патрэсканымі запыленымі шыбінамі . Антон , згаладалы па інтэлектуальных размовах , гаварыў і гаварыў . Лявон Кукарэка , зрэдзь устаўляючы слоўца-другое , слухаў , згодна ківаў галавою .
- І я праліў кроў сваю ў Курапатах , - як бы дзівячыся , казаў Даніловіч-Гоцкі ,- Ніколі б і не падумаў пра такое , аж , бачыш , як склалася . Колькі ў той зямлі беларускага люду пакладзена ! Ды не абы якога люду . Інжынеры . Аграномы , Вайскоўцы . Пісьменнікі . Эліта нацыі . Там , пэўна ж , у курапацкім пясочку і Алесь Дудар ляжыць . Памятаеш ягоны верш “ Пасеклі край наш напалам “ ?
Кукарэка хітнуў лысай галавою .
Пасеклі край наш напалам , - глухаватым усхваляваным голасам пачаў дэкламаваць Даніловіч-Гоцкі , -
Каб панскай вытаварыць ласкі .
Вось гэта – вам , а гэта – нам .
Няма сумлення ў душах рабскіх .
О , ганьба , ганьба ! Ў нашы дні
Такі разлом , туга такая !
І баюць байкі баюны
Северо-Западного края .
Плююць на сонца і на дзень .
О , дух наш вольны , дзе ты , дзе ты ?
Ім мураўёўскі б гальштук ўздзець ,
Нашчадкам мураўёўскім гэтым .
- Паэт Дудар быў надзвычай адважным , у нечым рызыкоўным чалавекам , - крыху памаўчаўшы , зноў загаварыў Антон , - У час паэтычных выступаў , калі слухачы з залы перадавалі яму цыдулкі , напісаныя па-расійску , казаў : “ Я не буду размаўляць на гэтай кітайскай мове “ . Праўда , пад час допытаў у НКУС адказваў следчым ( захаваліся пратаколы ) толькі расійскай моваю .
- Калі пяткі падсмажаць , загаворыш і на папуаскім дыялекце , - строга варухнуў цёмнымі бровамі Лявон Кукарэка , - А ты тут пішаш што-небудзь ?
- Гэта ж Садом і Гамора , - усміхнуўся Даніловіч-Гоцкі , - Тут галава ацалела б , а не нейкія звіліны ў мазгах . Хаця адзін вершык сачыніў .
- Чарговы шэдэўр ? – падкалоў сябрука Кукарэка .
- Ды нешта ў стылі таго ж Алеся Дудара . Называецца “ Маналог беларускага вераб”я “ . Усяго адзін-адзіны куплецік .
- Пачытай .
Хочуць гускамі лятаць .
А я не лячу .
Хочуць рускімі стаць .
А я не хачу .
- Ой , не павесяць табе на грудзі медалёк падчас твайго юбілею , - нахмурыўся Лявон Кукарэка .
- Які медалёк ? – весела зарагатаў Даніловіч-Гоцкі , - Мне наша роднае Міністэрства культуры нават малюсенькую граматку пашкадавала . Ды мы ж творым не дзеля ўзнагародаў . Ці не праўда , пііт ?
- Так то яно , можа , й так , - па-філасофску зазначыў Кукарэка , - І ўсё ж не грэх мець узнагароду ад ураду , а не толькі ад народу .
- Як мы паразумнелі за апошнія дні , - кісла зморшчыўшыся , прамовіў Антон .
І ў гэты самы час з канца калідору пачулася громагалоснае :
- Прывітанне панам лісоўчыкам !
Да Антона і Лявона , шырока раскрыліўшы рукі для абдымкаў , жвава шыбаваў Іван Мастоўскі . Гэтакі ж масіўны , як і раней , шыракаплечы , але жывот апаў , схуднеў , што надавала ўсёй ягонай паставе нечаканую элегантнасць . Галава шчыльна забінтавана белай марляю і выдае за галаву снегавіка . Вочы ззяюць шчырай радасцю . Падыйшоў , моцна абняў , пацалаваў абодвух . Такая чуллівасць старонняму воку магла падацца крышку тэатральнай , але патрэбна было ведаць Мастоўскага – гэты агромністы чалавек меў ад прыроды тонкую трапятлівую душу . Ні вайсковая казарма , ні суровае штодзённае жыццё-існаванне на сацыяльным дне , на самым памежжы з крымінальшчынай не здолелі ператварыць яго ў механічнага робата для здабывання ежы і грошай , у прымітыўнага звера , які дбае толькі пра свой страўнік , спадзяецца толькі на вострыя зубы і кіпцюрыстыя лапы . Нездарма ён прыйшоў у святы касцёл і напоўніцу адчыніў сэрца Хрысту .
- Як я рады такой сустрэчы ! – горача ўсклікнуў Іван Мастоўскі , - Можна сказаць , само неба звяло нас !
- І мы радыя бачыць цябе , Мастадонт , жывым і аптымістычным , - паціснуў яму руку Антон Даніловіч-Гоцкі .
- Болей не называйце мяне Мастадонтам , хлопцы . Я – Іван Мастоўскі , - сказаў , злёгку пачырванеўшы , усхваляваны здаравяка .
Антон з Лявонам перазірнуліся .
- Усяклі . Замётана , пане Іван , - усміхнуўся Даніловіч-Гоцкі .
Усе трое яны павольна пайшлі па бальнічным калідоры , прыпамінаючы і бітву ў кафэ , якая зблізіла іх , і графа Аляксандра Лісоўскага , і крыжаломаў у Курапатах , і Чэрапа . Падсвядома яны адчувалі невыпадковасць наканаванасць сваёй сустрэчы . Іхнія лёсы , іхнія жыццёвыя дарогі павінны былі зліцца ў адно цэлае . Але дзеля чаго ?
Насустрач ім шпарка рухаўся белахалатны людскі гурт . Пачыналася звычнае для гэтай установы свяшчэннадзейства – ранішні абыход . У галаве гурта рашуча ішоў загадчык хірургічнага адзялення Андрэй Кірылавіч Штурхай , саракасямігадовы вусаты таўстун з кароткім нібы абструганым носам . Белы ягоны халат быў незашпілены , бо перашкаджаў жывот . Ва ўсе бакі ад Штурхая струменілася неўтаймаваная энергія . У свой час урач Штурхай удала перабраўся з раённай бальніцы ў мінскую , прынёсшы з раёну грубаваты народны гумар і крылатае падслуханае ў вядомым кінафільме выслоўе : “ Резать к чертовой матери ! “ . З хворымі ён абыходзіўся даволі бесцырымонна , быў упэўнены , што бачыць іх наскрозь . Нязводнай народнасцю патыхала ад ягоных парадаў сваім пацыентам : “ Какие диеты ? Можно и кусочек сала сьесть , и рюмочку водки выпить , и красной икоркой себя побаловать . Всё можно , но умеренно “ .
Разам са Штурхаем тупацелі па бальнічным калідоры доктар Баёк і практыканты з медыцынскага інстытуту , у большасці сваёй жылістыя хлопцы са строгімі пранізлівымі вачамі .
- Что за непорядок ? – рэзка спыніўся насупраць нашай тройцы Андрэй Кірылавіч Штурхай , - Почему больные не в своих палатах ? “ .
Пытанне адрасавалася доктару Байку . Той аж спатыкнуўся , разгублена зняў з пераносся акуляры ў таннай пластмасавай аправе .
- Где медицинская сестра ? – наддаў голасу металічную суровасць Штурхай . Яшчэ ў правінцыі ён засвоіў самае галоўнае , на ягоны погляд , жыццёвае правіла – з падначаленымі трэба размаўляць толькі камандзірскім голасам . Пачнеш сюсюкаць , гуляць у гуманізм , каменем пойдзеш на сацыяльнае дно , і новы начальнік , твой жа ўчарашні падначалены , пакажа табе дзе ракі зімуюць .
Прыбегла перапалоханая медсястра . Аддана пазірала на загадчыка хірургічнага аддзялення . Скажы ён ёй зараз скокнуць з вакна трэцяга паверху , без ваганняў
скокнула б .
- Где вас черти носят ? – напусціўся на дзяўчыну Штурхай , - Гуляете , прохлаждаетесь , а больные тем временем без присмотра . Бродят , понимаете , туда-сюда . А вдруг случится приступ , инфаркт , инсульт ? И тю-тю – на тот свет . А с того света еще никто не возвращался .
- Няпраўда , - прагучала раптам у ліслівай цішыні . Усе ўздрыгнулі . Усе паглядзелі на Івана Мастоўскага , бо менавіта ён прамовіў гэтае нечаканае слова .
- Няпраўда , - адважна глянуў у вочы разгневанаму белахалатнаму начальніку Мастоўскі , - Вярталіся . З таго свету вярнуўся Хрыстос .
Немагчыма апісаць найвялікшае здзіўленне , якое авалодала ўсімі прысутнымі , у тым ліку , Даніловічам-Гоцкім і Кукарэкам . Нібы адбыўся імгненны пералёт з шэрага нічым неадметнага бальнічнага калідору ў іншае вымярэнне , у паралельны свет . Так праз чорную-чорную густую навальнічную хмару прарываецца калі нікалі вельмі яркі асляпляльны сонечны прамень , ад якога людзі заплюшчваюць вочы . Некалькі хвілінаў усе стаялі моўчкі .
- Что это у вас за проповедник отыскался ? – нарэшце ачомаўся , павярнуўся да доктара Байка Штурхай . Баёк хуценька заміргаў-затрапятаў доўгімі каштанавымі вейкамі :
- Іван Станіслававіч Мастоўскі . Чэрапна-мазгавая траўма .
- Всё ясню . То-то его на религиозную тематику потянуло , - хмыкнуў Штурхай і зноў накінуўся на медсястру :
- Почему оставили свой служебный пост ? Может , на танцульки бегали ? Крутите , извиняюсь , задом , а в это время больные слоняются неизвестно где , как , извиняюсь , стадо баранов .
- Прашу не зневажаць мяне і маіх сяброў , спадар Толкай , - нахіліўшы галаву , прамовіў Антон Даніловіч-Гоцкі . Ноздры парывіста трапяталі .
Зноў усе здзівіліся , і , у першую чаргу , загадчык хірургічнага аддзялення Андрэй Кірылавіч Штурхай .
- Какой то КВН получается , - раздражнёна сказаў ён , - Милейший , моя фамилия Штурхай . Доктор Штурхай . У вас , видимо , тоже черепно-мозговая травма ? Очень сочуствую . Надеюсь , у нас вам оказали высококвалифицированную медицинскую помощь ?
- Дапамогу аказалі . Вялікі дзякуй , - усміхнуўся , нават галантна пакланіўся грознаму загадчыку Антон , - І прабачце , калі ласка . Вы ўвесь час размаўляеце па-расійску , і вам лепей быць Толкаём . Які ж з вас Штурхай ? Толкай , ды толькі .
Павісла пераднавальнічнае маўчанне . Усе чакалі як адрэагуе Штурхай . Ён стаяў ,
наліваўся ў шчоках чырванню . Потым суха шчоўкнуў пальцамі правай рукі . Падалося – вавёрка раскусіла лясны арэх .
- Я вижу – товарищ абсолютно здоров , - сказаў нарэшце Штурхай Байку , - В ближайшую пятницу – на выписку !
І белахалатная кавалькада , цокаючы абцасамі і абцасікамі , рванула па бальнічным калідоры . На месцы засталіся толькі наша тройца ды медсястра , у вачах у якой ужо нараджаўся кіпучы слёзны ручай . Раптам медсястра ўваткнула расчырванелы твар у белы рукаў халата , пабегла следам . А Даніловіч-Гоцкі , Кукарэка і Мастоўскі весела засмяяліся .
- Ды ты , браце , як той Марцін Лютэр , - ляпнуў Мастоўскага па плечуку рукою Антон .
- Я не Марцін Лютэр . Я – каталік . Такі ж вернік , як і ты , - надзіва сур”ёзна прамовіў Мастоўскі , - І , як ты , я хаджу на імшу ў Чырвоны касцёл і спавядаюся ў ксяндза-пробашча Завальнюка .
Антон з Іванам , наказаўшы Кукарэку , каб чакаў іх у калідоры , хуценька разыйшліся па сваіх палатах . Усё-ткі не пашкодзіць лішні раз паслухаць парады медыцынскага начальства .
Даніловіч-Гоцкі , як і належыць дысцыплінаванаму хвораму , лёг у ложак , накрыўся шмат разоў мытай тонкай бальнічнай коўдрай . Суседзі па палаце таксама прыціхлі . Кожны думаў пра свае балячкі . Побач з Антонам з пазаўчарашняга дня пасяліўся былы хакеіст Грымукін , высокі хударлявы мужчына гадоў пяцідзесяці . Аказваецца , у які ўжо раз паламаў адну і тую ж нагу . Быў ён вельмі маўклівы . Увесь час трымаў у руцэ кіёчак , на які цяжка абапіраўся . Нават клаўся ў ложак з кіёчкам , што катэгарычна забаранялі медсёстры . І Антон зразумеў – гэты чалавек востра сумуе па хакейнай клюшцы . Кіёчак – напамін аб ёй .
Ён жа , Даніловіч-Гоцкі , сумаваў па сваім пакойчыку , дзе яго чакалі кніжкі , рукапісы і кампутар . Толькі там ажывала распроствала крылы душа . Там быў ягоны Сусвет . Там , толькі там рабіўся ён сам сабой . І ўсплывалі ў памяці словы мудрага Янкі Брыля : “ Ты пачынаешся тады , калі ты застаешся адзін, калі ніхто , нішто не памагае табе быць добрым ці дрэнным , калі ты робіш выбар сам “ .
Загадчык хірургічнага аддялення Штурхай , як ні дзіўна , ні словам , ні жэстам не выдаў сваёй непрыязні , вельмі старанна і заклапочана абследаваў Антона , даў парады доктару Байку . Цікава , гэта хітрасць ці службовы прафесіяналізм ? Хацелася думаць і верыць , што грозны доктар не забыўся пра студэнцкую клятву Гіпакрата .
Тут жа ў палаце Антон , паслухаўшы размовы ўрачоў , даведаўся , што ў рукі эскулапаў патрапіў і Вітаўт Гарткевіч . Напачатку завезлі яго ў псіхбальніцу ў Навінкі , бо ўсё крычаў пра нейкія таямнічыя медальёны , якія з начных могілак залятаюць да людзей у кватэры . Потым аказалася , што ў яго паламана не адно рабро , разбіты правы плячук , і наогул гэты бізнесмен , калі казаць грубай моваю тутэйшых кастаправаў , разваліўся на запчасткі .
Улучыўшы хвілінку , Даніловіч-Гоцкі спытаў у доктара Байка дзе знаходзіцца пацыент Гарткевіч . Аказалася , у першай палаце .
Пасля таго , як схлынула белахалатная кавалькада , Антон разам з Іванам і Лявонам зазірнулі ў першую палату . Вітаўт Гарткевіч , вельмі сумны і надзвычай дэпрэсіўны , ляжаў на крайнім ложку , павярнуўшыся тварам да сцяны .
- Ён у нас нямы . Ні з кім не гаворыць , - патлумачылі супалатнікі .
- Зямеля , - асцярожненька крануў Гарткевіча за плячо Іван Мастоўскі .
Гарткевіч узвіўся , яу уджалены гадэюкаю . Вочы мутна-туманныя .
- Дзе медальён ?! – закрычаў пагрозліва і адначасна спалохана .
- Там , дзе й патрэбна яму быць . На могілках , На помніку , - дыпламатычна адказаў Мастоўскі .
- А , гэта вы , хлопцы , - пазнаў сябрукоў , слаба ўсміхнуўся Вітаўт . І адразу ж вочы спахмурнелі . Ён хацеў зноў легчы , павярнуўшыся да сцяны , ды Іван Мастоўскі цвёрда ўтрымаў яго за плячо :
- Сядзі .
Гарткевіч падпарадкаваўся , падпёр галаву рукамі , з вялікай шкадобаю прамовіў :
- Пакарала мяне мамачка . За бяспамяцтва маё пакарала . Медальёнам проста ў сэрца ўдарыла .
- Маці не можа караць сваіх дзяцей , - строга і ўрачыста сказаў Антон Даніловіч-Гоцкі , - На тое яна й маці , каб не караць , а любіць . Любіць . А карае нас , людзей , д”ябал . Ён хоча адвярнуць людзей ад Бога , павесці за сабой у пекла . Уставай , лісоўчык . Не йдзі ў д”яблава пекла . Цябе чакае слаўная дарога , на якой ты пераможаш слабасць і страх . Цябе чакаем мы , твае верныя сябры .
Пачуўшы такое, Вітаўт Гарткевіч адразу ж ажыў , ускочыў з ложка , абняў па чарзе Антона , Івана і Лявона . Было відно , што апошнім часам яму проста не хапала цёплага таварыскага слова , цвёрдага надзейнага пляча побач . І вось , калі слова такое прагучала і плячо было падстаўлена , як бы нанова нарадзіўся чалавек .
Усе чацвёра выйшлі ў лядашты бальнічны скверык – некалькі разбэрсаных дажджом і ветрам кустоў бэзу , два клянкі , тры бярозкі . Селі на шэрую ад непагадзі
зрэзаную сцізорыкамі драўляную лаву з паламанай спінкай . Першы загаварыў Антон Даніловіч-Гоцкі , які ( чамусьці так сталася ) быў у іх за лідэра . І вось што ён сказаў :
- Хоць і не ў самым вясёлым месцы , але мы зноў сустрэліся . Лічу , што гэта невыпадкова . Усе мы , як мне бачыцца , неўладкаваныя людзі . Як птушкі без гнязда . А ў каго і было тое гняздо , то сёння яно разбуранае і раскіданае , прычым , не толькі па нашым легкадумстве або гультайстве . Тут спрычыніўся і крызіс , і ўсеагульная грамадская апатыя , і падкопы нашых нядобразычліўцаў . Узнікае заканамернае пытанне : што ж рабіць далей ? Ці , патрапіўшы ў жорсткі жыццёвы вір , спрабаваць выплыць кожны паасобку , ці трымацца разам , бо , як мудра гаворыць народ , гуртом нават роднага бацьку лягчэй біць ? Што думаеце на гэты конт , спадарове ?
Наступны пачаў прамаўляць Лявон Кукарэка , пагладзіўшы сваю раскошную зіхоткую лысіну тонкімі нервовымі пальцамі :
- Мы жывем , як ужо ясна нават школьнікам , не ў эпоху развітога сацыялізму , а ў эпоху гастарбайтэра . Яшчэ ўчора ўсе з цяжкасцю вымаўлялі гэтае каструбаватае замежнае слова , а сёння яно адно з самых ходкіх , самых распаўсюджаных . Гастарбайтэр корміць сям”ю і , па вялікім рахунку , корміць усю сваю дзяржаву . І , заўважце , ён неабавязкова таджык або паўночнаафрыканец . Тысячы й тысячы нашых беларусаў таксама ядуць гэты нялёгкі хлеб , едуць у чужыя краіны ў пошуках шчаслівейшай долі . Іншая рэч , ці ўсё ў іх атрымліваецца так , як яны плануюць , але людзі , асабліва маладыя людзі , едуць . Сёння адбываецца своеасаблівае вялікае перасяленне народаў . Глабалізацыя зачапіла абсалютна ўсіх , зрушыла тысячагадовыя падмуркі . Я – паэт . Так ужо склалася і так павярнулася , што я , як раб да галеры , прыкаваны да рыфмаў і рытмаў . Я – беларускі паэт . Беларушчына для мяне – маленькі цяністы ўтульны аазіс у спякотнай пустыні глабалізму . Але я разумею – і яна не ў стане адказаць на ўсе вострыя пякучыя пытанні , якія задае кожнаму з нас дужа імклівае зменлівае жыццё . Для сябе я вырашыў так – захаваўшы ў душы беларушчыну , нырнуць у вір глабалізму і пастарацца выплыць . Прасцей кажучы , ці не паехаць нам усім разам куды-небудзь не толькі , як раней спявалася , за туманам , але й за добрым далярам ці еўра ? Заадно і свет паглядзім і жыццё , як некалі заклікАлі нас з табой , Антоне , цэкоўскія камуністычныя прапагандысты , вывучым . А раптам пашанцуе ? Тым больш , што ва ўсіх нас маецца вельмі добры , вельмі яскравы прыклад – ашаламляльны поспех нашага абаяльнага зямляка Аляксандра Рыбака на тэлевізійным песенным конкурсе “ Еўрабачання “ . Выступаючы за Нарвегію , ён скарыў сэрцы мільёнаў тэлегледачоў. А нам крычалі і яшчэ сёння крычаць : “ В Европе и в целом мире белорусов никто не ждет ! “ . Ды няпраўда – ждут і чакаюць . Еўропа чакае нас .
Вітаўт Гарткевіч , усё яшчз поўнасцю не ачомаўшыся пасля псіхалагічнай траўмы , сказаў вельмі коратка :
- Лічу , што нам трэба трымацца разам .
Калі ж чарга дайшла да Івана Мастоўскага , той узняўся з краю лавы , памкнуўся да Даніловіча-Гоцкага , усхвалявана паціснуў яму руку . Усе чакалі , што будзе далей . У разварушанай абмытай начным дажджом лістоце бэзу , бярозак і клянкоў бегаў шумеў вецер .
- Я ведаю , Антон , што ты пішаш раман “ Тры лісоўчыкі “ , - сказаў Мастоўскі , - Цябе , як я разумею і як ты сам прызнаваўся , натхніў Аляксандр Дзюма і ягоныя
“ Тры мушкецёры “ . Некалькі начэй я чытаў , дакладней , перачытваў гэты раман . Сіла ! Зацягвае , як добрае старадаўняе віно ! І вось , што я думаю . Ты , вядома ж , напішаш свой раман . Добры і патрэбны ўсім нам . А пакуль што – будзь нашым д”Артаньянам ! Некаму гэта можа падасца дзівацтвам і хлапчукоўствам , але прашу цябе – стань нашым д”Артаньянам ! Ты ж , Лявон – Артос . Ты , Вітаўт – Араміс . А я ( тут Іван Мастоўскі крыху сумеўся і пачырванеў ) – Партос .
Сказанае было такім нечаканым , так не пасавалася з шэрымі бальнічнымі халатамі прысутных , з шэрай ад дажджоў і ветру няўклюднай лавай . Быццам з галёканнем і свістам уварвалася на ціхі бальнічны двор рознакаляровая гарачая мушкецёрская кавалькада – фыркаюць танцуюць коні , віюцца яркія плюмажы і плашчы , ззяе слепіць вочы зброя . Вось-вось саскочаць мушкецёры з сёдлаў , выхапяць вострыя шпагі , адсалютуюць імі , а затым пацалуюць баявыя смертаносныя клінкі .
Вочы ў Даніловіча-Гоцкага пасля такіх словаў радасна і натхнёна заблішчалі . Ён парывіста абняў Мастоўскага , прамовіў :
- Яшчэ раз пераканаўся ў вечнай сіле добрай старой літаратуры . Ні тэлевізары , ні кінатэатры , ні дыскатэкі не заменяць яе . Яна несмяротная , бо з кожным новым векам і з кожным новым чалавечым пакаленнем , як клапатлівая пчала , напаўняе старыя сухія соты свежым мёдам . Дзякуй табе , Іване , што ўзвёў мяне ў д”Артаньяны . Гэта найвялікшы гонар . Але ж неўзабаве , дзякуй Богу , эскулапы адрамантуюць нас , выпішуць са сваёй лякарні , і што мы будзем рабіць далей ? Зноў распаўзёмся па сваіх ціхіх норах ? А хочацца ж нечага іншага , нязвычнага , яркага . Тым больш , пачынаецца летні сезон , які так і кліча ў дарогу , у прыроду . Што ж будзем рабіць , спадарства ?
Раптам Вітаўт Гарткевіч усхапіўся з лавы :
- Я ведаю , што нам трэба рабіць . Нам трэба сазваніцца з графам Аляксандрам Лісоўскім . Памятаеце пра такога ? Ён яшчэ назваўся кандыдатам гістарычных навук . Ён даваў нам візітоўкі і абяцаў уладкаваць на працу ў сваёй фірме . Трэба пазваніць і ўсім разам паехаць да яго .
Прапанова спадабалася . Ды загвоздка была ў тым , што ні ў кога не знайшлося візітоўкі таямнічага графа . Хто калісьці паклаў не ў тую кішэнь , хто проста згубіў .
- Як хоць называлася ягоная фірма ? – наморшчыў лоб , паглядзеў на сяброў Лявон Кукарэка .
- “ Дуга Струвэ “ , - адразу ж сказаў Іван Мастоўскі , - Вы мне яшчэ тады экзамен учынілі па гэтай геадэзічнай дузе .
- Правільна . “ Дуга Струвэ “ , - узрадаваўся Антон Даніловіч-Гоцкі , - Недзе на берасцейскім Палессі . У самым сэрцы зялёных шумлівых лясоў . Каля прыгожай срэбнахвальнай рэчкі з чароўнай назваю Ясельда . У рэчцы плывуць адлюстроўкі белых нябесных воблакаў . Як белыя караблі .
Антон задуменна прымружыў вочы . У ім імкліва і бурна , як кіпучы вясновы ручай , пачаў прачынацца паэт .
- Гэй-гэй ! – трасянуў яго за плячук Лявон Кукарэка , які добра ведаў такую сябраву асаблівасць , - Не знікай . Пабудзь яшчэ трошкі ў рэальным свеце . Нам трэба адшукаць тэлефонныя нумары і каардынаты графа Лісоўскага , калі толькі ён не хімера , а рэальнасць .
І ў гэты самы момант на ціхім бальнічным двары рэзка засігналіў аўтамабіль . Сіняя “ Мазда “ , эфектна крутнуўшыся-развярнуўшыся , стрэліўшы гарачымі каменьчыкамі з-пад чорных колаў , спынілася ледзь не перад самай лаваю . З аўтамабіля імкліва выпырхнула Эльвіра Скаблінская , дужа загарэлая і рашучая . Усе ( асабліва Вітаўт Гарткевіч ) аж уздрыгнулі ад нечаканасці і здзіўлення . Ды Вітаўтава здзіўленне павялічылася ўтрая , калі следам за Скаблінскай , ён убачыў сваю родную дачку Валькірыю . Вочы ў дачкі былі заплаканыя , твар бледны , але ва ўсіх рухах адчувалася маладая свежая сіла , бурлівы імпэт .
Валькірыя кінулася бацьку на шыю , пачала цалаваць . І ўсё пыталася :
- Ну , як ты тут , татачка ? Як тваё здароўе ?
Эльвіра ж , счакаўшы пакуль сціхнуць доччыны эмоцыі , падыйшла да Вітаўта , цмокнула ў шчаку , выклікаўшы тым самым міжвольную зайздрасць у астатніх лісоўчыкаў . Кожны з іх быў не супраць , каб і яго прылюдна пацалавала такая прыгажуня . Асабліва перажываў Лявон Кукарэка , які ў душы , як і належыць сапраўднаму лірыку , быў адчайным сэрцаедам . Ён галантна пакланіўся Эльвіры , нават шаркануў ножкай , сказаў :
- Вітаю спадарыню . Якім ветрам занесла вас у нашу ціхую гавань ? Буду вельмі рады пазнаёміцца з вамі . Беларускі паэт Лявон Кукарэка . Падкрэсліваю -
беларускі . Паслухайце , будзьце так \ласкавы , маё тварэнне .
Са сваіх шляхоў не звернем .
Будзе жыць , як выклік бедам ,
Наша мужнасць , наша вернасць ,
Наша бел-чырвона-беласць .
Ну , як вам твор ?
- Востра . Сучасна . Цудоўна , - асляпляльна ўсміхаючыся , прамовіла Эльвіра , - Думаю , такі верш павінен падабацца моладзі .
Станоўчая лаканічная рэцэнзія з вуснаў прыгажуні так узбадзёрыла паэта , што на адным дыханні ён прадэкламаваў яшчэ адзін перл :
Не жывем чужой падказкай ,
А свае ствараем міфы .
У тых светлых міфах-казках
На гадзінку мы – каліфы .
Ды чарговая пахвала не прагучала , бо Эльвіра Скаблінская павярнулася да Вітаўта , а Даніловіч-Гоцкі таўхануў сябрука ў бок :
- Супакойся , каліф .
Тым часам Вітаўт гладзіў доччыны валасы , плечы , прытульваў яе да грудзей , ашчасліўлена казаў :
- Прыехала , дочачка . Дзякуй табе . І прабач , што ўзняў на цябе руку . Не магу сабе дараваць такое .
- Не хвалюйся , татка . Усё нармалёва , - шмыгала носам Валькірыя , - Усё нармалёва . Ты тады перанерваваўся . А мы ж любім адно аднога . Праўда , любім ?
Яна пазірала бацьку ў вочы , пазірала з найвялікшай пяшчотай і адданасцю . Гэтая прыгожая тоненькая безабаронная дзяўчынка была плоць ад плоці , крывінка ад крывінкі ягоная . Ён успамінаў , як упершыню ўзяў яе ў роддоме з рук медсястры – бязважкі цёплы камячок . І сэрца затрапятала , да краёў напоўнілася бацькоўскай любоўю . “ Вось маё дзіця , - расчулена думаў ён тады , - Залаты плод майго кахання . Яшчэ ўчора яе не было . З нейкіх невядомых нябесных вышыняў прыйшла яна да мяне . Прыйшла , як светлая ранішняя зорачка . Божа , прашу цябе – зрабі так , каб ніхто і ніколі не крыўдзіў яе ні грубым словам , ні жорсткім учынкам , каб гэтыя родныя вочкі плакалі толькі ад шчасця “ .
- Так , мы любім адно аднога , - цалуючы дачку , казаў усхваляваны Вітаўт , - І заўсёды будзем любіць . Заўсёды .
Затым , калі ўжо супакоіліся , Гарткевіч асцярожна пацікавіўся як жыве-пажывае жонка .
- Нармалёва жыве , - строга сказала Валькірыя , - Ні разу пра цябе не загаварыла . І ў бальніцу ні разу не з”ездзіла . Для яе цябе ўжо няма .
Такія жорсткія балючыя словы дачка прамовіла роўным спакойным голасам . Вітаўт аж уздрыгнуў . “ Для яе цябе ўжо няма . Нібы я нябожчык “ , - падумалася яму .
Тым часам Лявон Кукарэка , у якім порстка прачнуўся паляўнічы азарт Дон Жуана , і так і гэтак круціўся перад Эльвірай , каб толькі завалодаць ейнай увагаю .
- Я яшчэ й перакладчык . Прычым , з розных моваў , - хваліўся ён залатавалосай прыгажуні , - Вось , напрыклад , як я пераўвасобіў на нашу родную мову з расійскай біблейскі выраз “ Глас вопиющего в пустыне “ . Лямант пустэльнага крыкоўцы . Вам падабаецца ?
Ды , нажаль , Эльвіра Скаблінская яшчэ ў школьныя гады не надта захаплялася літаратурай , у тым ліку , і паэзіяй . І хто за гэта шпурне ў яе камень ? У дадзены ж момант яе цікавіў Вітаўт Гарткевіч , а не Кукарэка . Яна пачала тлумачыць Вітаўту якім чынам у ейным аўтамабілі апынулася і прыехала разам з ёй у бальніцу Валькірыя .
- Я ж не ведала дзе ты ляжыш , - гаварыла яна , - Бальніцаў шмат . І я вырашыла пазваніць табе дадому . Званіла і баялася каб слухаўку не схапіла твая мегера . Прабач , але ты сам так называеш сваю каханую жоначку . Мегеры ж ты , як я зразумела , быў да лямпачкі . Ляжы , здыхай . Слухаўку ўзяла Валькірыя . Слаўная , трэба зазначыць , дзяўчынка . І вельмі моцна цябе любіць . Вельмі моцна . Але не мацней , чым я .
Усім сваім гарачым гнуткім целам Эльвіра пажадліва прытулілася да Вітаўта . Яе ні кропелькі не бянтэжыла , што падумаюць Валькірыя , або той жа Лявон Кукарэка . Такая ўжо яна была суперсучасная вумэн , Эльвіра Скаблінская .
Зусім іншым клопатам жыў у гэтыя імгненні Антон Даніловіч-Гоцкі . З найвялікшай радасцю адчуўшы сябе лісоўчыкам і ( з лёгкай рукі Мастоўскага ) д”Артаньянам , ён адчуваў адказнасць за лёс людзей , што стаялі побач з ім на шэрым занядбаным бальнічным двары . Гэтых людзей ( такіх розных ) не задавальняла іхняе сённяшняе прымітыўнае быццё-існаванне . Яны жадалі жыць напоўніцу , дыхаць на ўсе грудзі , гаварыць вольна , а не прыдушанымі галасамі . А яшчэ ў гэтым сонным жыцці-балоце хацелася прыгодаў , яркіх , незвычайных , бо толькі дзякуючы ім , прыгодам , чалавек , нават не пісьменнік з абвостранай фангазіяй , можа замест свайго адзінкавага шэрага жыцця , пражыць некалькі захапляльных , як галівудская кінастужка , жыццяў .
Даніловіч-Гоцкі адразу ж ухапіўся за ідэю паездкі ўсёй гурмою на ўсё лета да графа Аляксандра Лісоўскага ў ягоную таямнічую фірму “ Дуга Струвэ “ . Да д”ябла нарачанскія хвалі і абрыдлы крымскі пясок ! Трэба свідравацца ў гушчыню зялёных шумлівых лясоў і ў бяздоннасць пракаветных чорных балотаў . Толькі там захавалася яшчэ рамантыка , калі наогул была яна на свеце . Ды як звязацца з Лісоўскім ? Памятаецца , ён запрашаў да сябе , але ж мінулася некалькі тыдняў . Магчыма , фірма ягоная ўжо даўно збанкрутавала , лопнула , як тысячы падобных ? Наўкол жа бушуе крызіс .
Выручыла Эльвіра Скаблінская . Пэўна , сам Бог паслаў да лісоўчыкаў гэтую тэмпераментную бязкомплексную гром-бабу . Некуды званіла , з некім перамаўлялася рашучым атакуючым голасам і , урэшце рэшт , працягнула Антону слухаўку :
- Гаварыце . На дроце Аляксандр Лісоўскі ўласнай персонаю .
- Ало , - данеслася з тэлефоннай слухаўкі , - Генеральны дырэктар фірмы “ Дуга Струвэ “ , кандыдат гістарычных навук , граф Аляксандр Язэпавіч Лісоўскі . Чым магу служыць вашаму вялікароддзю ?
Адразу відно – чалавек арыстакратычнага кораню і старадаўняга гарту . Аказваецца , на беларускай зямлі захаваліся й такія . Як ні вынішчалі іх , нібы каларадскіх жукоў , як ні сціралі на дробны пыл нават памяць аб іх .
Даніловіч-Гоцкі , стараючыся гаварыць як мага лаканічна і даходліва , патлумачыў прычыну свайго тэлефанавання . Хвалюючыся , чакаў адказу .
- Выдатна памятаю пра вас і вашых сяброў , пан лісоўчык , - бадзёра выгукнуў на другім канцы граф Аляксандр Лісоўскі , - Маё запрашэнне застаецца ў сіле . Усім , хто пажадае прыехаць , гарантую працу , добры стол і прыстойны заробак . З жытлом таксама няма праблемаў . У мяне тут маецца невялічкі даволі камфортны гатэлік . Толькі папрашу , каб ва ўсіх на руках былі пашпарты і працоўныя кніжкі . Такі парадак , разумееце .
Потым ён пачаў тлумачыць , як дабрацца да фірмы “ Дуга Струвэ “ .
- Вы на аўтамабілі ? У вас , пэўна ж , маецца геаграфічная мапа Беларусі . З Мінску едзьце на Баранавічы . Затым на Івацэвічы . Потым паварочвайце на поўдзень , на Моталь . З Моталю кіруйцеся ў вёску Асаўніца . Побач з ёй у 2001 годзе
“ Белаэракосмагеадэзія “ знайшла базісны пункт Дугі Струвэ . На тым месцы ўстанавілі трохгранную трубчастую піраміду з візірным цыліндрам . Я вас там буду чакаць у папярэдне дамоўлены час . Палюбуемся пунктам і возьмем налева праз лес да возера . Там – мой офіс . Усе падрабязнасці абгаворым пры сустрэчы .
На гэтым размова скончылася . Колькі імгненняў Антон трымаў слухаўку каля вуха , пераварваючы і запамінаючы пачутае , потым хмыкнуў :
- Круты граф , нічога не скажаш .
Ехаць пажадалі ўсе : Антон Даніловіч-Гоцкі , Лявон Кукарэка , Іван Мастоўскі , Вітаўт Гарткевіч , Эльвіра Скаблінская і Валькірыя . У кожнага на гэты конт меліся свае прычыны , хоць самай галоўнаю была адна – рэзка змяніць жыццё , вырвацца хоць на нейкія два-тры месяцы з ліпкай задушлівай павуціны шэрай і прэснай паўсядзённасці .
Антон упрогся ў працу над раманам “ Тры лісоўчыкі “ , канчаткова вызначыўшы для сябе , што гэта будзе беларускі рамантычна-містычна-гістарычны баявік . Трэба даць чытачу , асабліва маладому , кніжку , якая вучыць адвазе , вернасці і гордасці за свой край , свой народ . Пад шатамі пракаветных палескіх лясоў ён спадзяваўся знайсці новыя ўражанні і новыя словы .
Лявон Кукарэка , няўрымслівая паэтычная душа , заўсёды ішоў следам за сябрам ,
прызнаючы яго за лідэра . Паездка да графа Аляксандра Лісоўскага ўяўлялася яму рамантычнай пілігрымкаю .
Вітаўт Гарткевіч , шчасліва напаткаўшы дачку Валькірыю і каханку Эльвіру , хацеў разам з імі супакоіць ашалелыя нервы , неяк спланаваць сваё будучае жыццё . З жонкаю ж развітаўся назаўжды . І на жалезным ланцугу ніхто і нішто ніколі не зацягне да яе .
Асабліва няпроста было прыняць рашэнне шматдзетнаму бацьку неафіту-хрысціяніну Івану Мастоўскаму . Паныла было на душы . Ён у нейкі момант хацеў адмовіцца . Ды раптам убачыў трох ластавак . Імклівыя востракрылыя птушачкі трапятліва і парывіста вылецелі з-за шэрага гмаху бальніцы , нібы іх кінула нейкая магутная катапульта , нізка-нізка крутнуліся над лавай , над Іванавай галавой , звонка шчабятнулі і зніклі ў заходнім накірунку . І ён зразумеў іхні покліч .
Ад”езд прызначылі на суботу . У пятніцу іх усіх , як абяцаў грозны доктар Штурхай , павінны былі выпісаць , і яны рабіліся вольнымі людзьмі . Да выпіскі , такім чынам , заставалася яшчэ двое сутак . За гэты час неабходна было вырашыць усе праблемы – сазваніцца-сустрэцца са сваімі сямейнікамі , падрыхтаваць дакументы , грошы , вопратку , прадукты . Ды мала што яшчэ можа спатрэбіцца ў вандроўцы ! Праўда , значную частку гэтых клопатаў узваліла на сябе няўседная Эльвіра Скаблінская .
І вось надыйшоў дзень , дакладней , раніца ад”езду – дванаццатага чэрвеня , самы росквіт сонечнага яркага першалецця . Паехалі на двух аўтамабілях . Паперадзе Эльвіра на сваёй “Маздзе “ , і ў ейным салоне ўсе падарожнікі , акрамя Лявона Кукарэкі . На “ Шкодзе-Фаварыт “ Лявон газаваў у ар”ергардзе , спаўняючы вельмі адказную місію кіроўцы грузавога таксі .
Вырваліся за Мінск , за смуродліва-пыльнае скопішча размаляваных у розныя адценні будынкаў , і адразу быццам перасяліліся ў іншы свет . Тут было на што глянуць . Адцвілі сады . АсыпАўся , скідваў долу пышныя шапкі сваёй квецені бэз . З таполяў і асінаў сплываў цэлымі воблакамі лёгкі пух . Лугі наўсцяж магістралі ўспыхвалі дзесяткамі яркіх свежых колераў . Цвілі белы рамонак , жоўты казялец , сіні мышыны гарошак , ружовая канюшына . Разам з імі пачыналі зацвітаць незабудка , смолка , светнік , аўсяніца лугавая і цімафееўка . На прагрэтых сонцам і прадзьмутых мяккім цёплым ветрам узлесках дружна выторквалі свае галоўкі першыя летнія грыбы : падасінавікі , падбярозавікі , баравікі . Якраз пачынала каласіцца густое хвалістае жыта , і таму ў народзе ўсе гэтыя раннія грыбы называюць каласавікамі . Нальецца сілай замацярэе цяжкі жытнёвы колас – знікнуць , як скрозь зямлю праваляцца , каласавікі .
- Прыгажосць ! – узбуджана ўсклікнуў Даніловіч-Гоцкі , - Разумею будыстаў . Ператварыцца б у якую небудзь кветку , расліну і мірна жыць вось тут на волі , пад сонцам , дажджом і ветрам .
- А ў вужа не хочаш ператварыцца ? – падкалоў Іван Мастоўскі , - Якраз цяпер пад апалым лісцем , у сырым імху або проста ў гнаявой кучы яны адкладваюць свае яйкі .
- Усявед , ты й гэта ведаеш ? – здзівіўся Гарткевіч .
- Ведаю , - сціпла сказаў Мастоўскі , - У свой час лічыўся юным натуралістам .
- Вужом быць не хачу , - засмяяўся Даніловіч-Гоцкі , - Абрыдне ўсё жыццё поўзаць ды поўзаць . Як там сказана ў пралетарскага класіка ? Рожденный ползать , летать не может .
У жартаўлівых размовах , у ціхім захопленым сузіранні цудоўных краявідаў . як пушчаная з луку страла , ляцела ўперад імклівая дарога . І не было ёй канца-спыну , бо ўсе чалавечыя дарогі , па вялікім рахунку , ніколі не канчаюцца .
Ды ўсё-ткі гэтая канкрэтная дарога ўрэшце рэшт скончылася . Недзе пасля абеду ўбачылі шыльду з надпісам “ Асаўніца “ . З палёгкаю ўздыхнулі . Эльвіра запытала ў мясцовага хлапчука , што гнаў з лугу пярэстую карову , дзе знаходзіцца геадэзічны знак .
- Там , - махнуў тонкаю загарэлаю рукою хлапчук . Слова “ там “ прагучала так будзённа , так звыкла . А гэты ж пункт Дугі Струвэ , адзін з 258 на гіганцкай прасторы ад Дунаю да Паўночнага Ледавітага акіяну , закладзены яшчэ ў далёкім 1848 годзе , з цягам часу знік , заплыў зямлёю , зарос дзікім кустоўем . Памерлі , зрабіліся зямным прахам ўсе людзі , якія ведалі пра яго , бачылі яго . Дзесяцігоддзі вучоныя ўпарта шукалі пункт і нарэшце знайшлі .
Каля трохграннай трубчастай піраміды з візірным цыліндрам падарожнікаў чакаў генеральны дырэктар фірмы “ Дуга Струвэ “ , кандыдат гістарычных навук , патомны граф Аляксандр Язэпавіч Лісоўскі . Сама гжэчнасць і зухаватасць ! Стройны падцягнуты і чарнавусы . У бездакорна адпрасаваным белым ільняным касцюме . На галаве саламяны ў дробных дзірачках капялюш . На нагах шчыгульныя вастраносыя чаравікі . Адной рукой граф прытрымліваў руль дарожнага веласіпеду . На руль быў начэплены кошык з жывымі кветкамі .
- Шчыра вітаю ўсіх ! – зычна прамовіў граф , калі аўтамабілі спыніліся , і падарожнікі вылезлі з іх , адчуўшы нарэшце пад нагамі цвёрдую зямлю .
- Вам і вам , спадарыня , - дастаўшы з кошыку , эфектна падараваў граф букеты кветак , спачатку Валькірыі , затым Эльвіры .
Евіны дочкі , як і належыць ім рабіць у такой сітуацыі , захоплена віскнулі і ўваткнулі носікі ў кветкі . Колькі імгненняў чуліся ахі ды вохі . Тонкая жаночая душа рэагуе на мужчынскую ўвагу , як сухое дрэва на агонь – адразу іскрыста ўспыхвае .
Потым Лісоўскі парукаўся з мужчынамі , прычым , перад кожным злёгку прыўздымаў брыль свайго капелюша . Рукі ў яго былі загарэлыя смуглыя парослыя цёмным воласам . На безымянным пальцы левай рукі ярка зіхцеў вялізны тоўсты залаты пярсцёнак з адмысловай выяваю двух узброеных вершнікаў , што імчацца на адным кані .
- Мы з вамі знаходзімся каля мясцовай выдатнасці , - як сапраўдны гід пачаў казаць граф , - Гэтая піраміда ўстаноўлена на месцы аднаго з пунктаў знакамітай Дугі Струвэ . Тут у 2001 годзе пошукава-даследчая група адкапала выраблены з пясчаніку куб , на верхняй плоскасці якога прачэрчаны дыяганальныя лініі . Кропка іхняга перасячэння і з”яўляецца цэнтрам пункту . Людзі заўсёды , яшчэ з часоў Арыстоцеля , імкнуліся вызначыць памер і форму планеты Зямля . Дуга Струвэ – найбольш дакладнае і каласальнае вымярэнне ў чалавечай гісторыі . Пясчанікавы куб – жывы голас інжынераў-геадэзістаў і шараговых жаўнераў расійскага царскага войска , што даляцеў да нас аж з пазамінулага стагоддзя , з 1848 году .
Усе маўчалі . Усе быццам бачылі і чулі той далёкі-далёкі дзень , бязлітасны гарачапад сонечных промняў , хруст сухога з каменьчыкамі пяску , які разразаюць цяжкія вострыя рыдлёўкі , цёмныя лапіны поту на белых кашулях маладых вусаценькіх жаўнераў .
- Давайце , я зраблю здымак , - дастаўшы з паходнага заплечніка фотаапарат , прапанавала Валькірыя .
Сталі паўкругам ( у цэнтры – Лісоўскі ) каля піраміды , зірнулі ў чырвонае вочка фотаапарату . Некалі нехта праз дзесяцігоддзі , а мо й праз стагоддзі возьме ў рукі фатаграфію , гляне і ўспомніць усіх .
- А зараз паедзем на маю фазэнду , - бадзёра прамовіў імпазантны граф , - Я паперадзе на ровары буду за Сусаніна . Вы трымайцеся следам за мною на аўтамабілях . Едзьце асцярожна , бо дарога лясная вузкая .
Аляксандр Язэпавіч Лісоўскі хвацка асядлаў веласіпед , закруціў педалямі . Ехаў павольна , раз пораз азіраючыся і ўсміхаючыся . Было ў ягоных паводзінах нешта ад гарэзлівага няўседнага хлапчука .
У цемнаватым яловым лесе , дзе белымі зіхоткімі астраўкамі пракідваўся тонкі бярэзнік , панавалі цішыня і прахалода . “ Ціхалісціцца лес “ , - адразу ж прыплыў да Лявона Кукарэкі паэтычны вобраз . Аўтамабілі мякка падскоквалі на вузлаватых каранях дрэў , слізгацелі чорнымі коламі па жоўтай ігліцы і бледна-зялёнай макраватай траве . Часам пад коламі гучна лопаліся сухія апалыя галіны , смачна храбусцелі карычневыя яловыя шышкі .
- Лес – добры . Ён дае цень нават дрывасеку , які яго сячэ , - азіраўся , гучна гаварыў Лісоўскі .
Неўзабаве дарога вужом вільнула між старых камлюкаватых ялінаў , і позіркам адкрылася невялікае круглае лясное возера . Як зіхоткае венецыянскае люстэрка ў смарагдава-зялёным футарале цяністых узбунтаваных свежым ветрам дрэў . На абодвух берагах возера стаялі абгароджаныя складзеным з чырвонай цэглы плотам будынкі і будыначкі , віліся акуратныя асфальтоўкі , пыхкала светлым дымам труба кацельні . Да вады вяла доўгая шэрая драўляная лесвіца з высокімі парэнчамі . Пэўна , за савецкім часам тут месціўся піянерскі лагер .
- Прыехалі ! – аб”явіў Лісоўскі , калі ён сам і аўтамабілі спыніліся насупраць арачнай брамы са шлагбаўмам . На арцы буйнымі літарамі выразанымі з ліставой чырвонай медзі было выкладзена : “ Сумеснае беларуска-нямецкае прадпрыемства
“ ДУГА СТРУВЭ “ . Узвіваліся пад ветрам дзяржаўныя сцягі , а паміж іх сіняе палотнішча з белым кругам , у якім трапятала выява двух узброеных вершнікаў на адным кані . Абсалютна ідэнтычны малюнак-сюжэт меўся на залатым пярсцёнку ў графа Аляксандра Лісоўскага . Пэўна , гэта быў герб фірмы . Ахоўнік , апрануты ў плямістую уніформу , прапусціў усіх на двор , вымашчаны вялізнымі бетоннымі плітамі . Тут каля рампы стаяла некалькі аўтамабільных фураў . Грузчыкі , маладыя маўклівыя хлопцы , рухаючыся ланцугом , насілі ў іх даволі важкія кардонныя скрынкі . Летняе неба тым часам , яшчэ зусім нядаўна блакітнае
і чыстае , імкліва запаўнялася розных памераў і колераў хмарамі . Чакаўся дождж , можа , нават навальніца , бо ў тоўшчы хмараў усё пагрозлівей грымела , і праскоквалі промільгі сліпучага неспакойнага агню . Грузчыкі бачылі гэта і пачалі працаваць хутчэй .
- Вогненнае будзе лета , - глянуўшы на неба , сказаў Лісоўскі .
Узыйшлі на другі паверх службовага белацаглянага корпусу і патрапілі ў офіс . Гэта быў аб”ёмісты квадратны пакой з вялікімі вокнамі , са стыльнай канторскай мэбляй – масіўнымі паліраванымі сталамі на тумбах і ў зручнымі мяккімі крэсламі-круцёлкамі з падлакотнікамі . На сталах стаялі кампутары , тэлефоны , аўтафакс , ксеракс , прыгожыя вазачкі з дзюбатымі пукамі ручак і алоўкаў , ляжалі стосы беласнежнай паперы , даведнікі і календары , каробачкі з кнопкамі і сашчэпкамі . Усцяж сценаў у прасторных зашклёных шафах , строга пабліскваючы металічнымі колцамі , захоўваліся папкі з разнастайнай службовай дакументацыяй . Ва ўсім адчуваўся сучасны гаспадарніцкі практыцызм . Неабходная для працы рэч павінна займаць вызначанае ёй месца і заўсёды быць пад рукой .
На сцяне , якраз над дырэктарскім крэслам графа-прадпрыймальніка , пашанотнае месца займаў абразок Маці Божай Будслаўскай . Значыць , тут верылі ў добрую нябесную сілу .
На супроцьлеглай сцяне вісела карціна – старадаўні гатычны , пэўна , нямецкі горад засыпаны белым зімовым сгнегам . Чырвоныя кірхі , вострадахавыя, таксама чырвоныя , будынкі , пакручастыя лабірынты вельмі вузкіх бліскучых ад лёду вуліц , калматыя , бязлітасна абрэзаныя цвёрдай чалавечай рукою дрэвы . У маленькіх вокнах , што былі выштукаваны ў самых нечаканых месцах , тлела жоўтае святло . Карціна і жыццё , намаляванае на ёй , рэзка кантраставалі з шумлівым быццём офісу , нават здаваліся несумяшчальнымі . Але паступова вочы і душа прывыкалі да кантрасту , і ён ужо не здаваўся такім вострым . Думаецца , што той чалавек , які павесіў на сцяне карціну , павесіў яе невыпадкова . Чалавек жа гэты быў кіраўнік фірмы “ Дуга Струвэ “ граф Аляксандр Лісоўскі
- Размяшчайцеся там , дзе вам зручна , - ветліва сказаў ён , - Што будзеце піць ? Гарбата ? Кава ? Джус ?
Удакладніўшы кулінарныя прыярытэты кожнага , націснуў кнопку селектарнай сувязі :
- Зіначка ! Чатыры гарбаты , дзве кавы , адзін джус , пячэнне і цукар .
Праз колькі хвілінаў сакратарка прынесла ўсё заказанае . Падарожнікі ды й сам граф не скардзіліся на апетыт , былі людзьмі без комплексаў , і пачалося дружнае гучнае пасёрбванне .
Раптам Валькірыя спытала :
- А чаму ў падваконніках там , на вуліцы , густа панаўбіваны цвікі і панаўбіваны вострымі канцамі ўверх ?
- Быць табе разведчыцай – заўважыла , - пахваліў дзяўчынку Лісоўскі , - Так мы ваюем з ляснымі галубамі , якіх тут процьма . Лятуць , стукаюцца ў вокны , брудзяць . Згодзен , што не дужа гуманны гэты метад , але што паробіш ?
Потым ён пачаў дзелавую размову . Расказаў пра фірму . Ён , Аляксандр Лісоўскі , валодае пяцьдесят адным адсоткам капіталу , сорак дзевяць адсоткаў належаць Гансу і Фрыдрыху , братам-бізнесоўцам з нямецкага горада Альтану. Салідныя сур”ёзныя і надзейныя кампаньёны .
- І ведаеце якое іхняе прозвішча ? Струвэ !
Паведаміўшы такую навіну , граф Лісоўскі , адкінуўшыся на спінку крэсла , весела засмяяўся .
- Яны з таго самага Альтану , дзе калісьці нарадзіўся Фрыдрых Вільгельм Георг Струвэ , славуцейшы расійскі астраном і геадэзіст . Расіяне , як вядома з гісторыі , няспынна , хоць у большасці выпадкаў безпаспяхова , шукаюць другі адметны ад іншых народаў шлях , усё замежнае перайначваюць на свой капыл , вось і немца Струвэ назвалі Васілём . Ім чамусьці здавалася , што так гучыць больш прыгожа . Мае кампаньёны , Ганс і Фрыдрых , прамыя нашчадкі гэтага легендарнага Струвэ па мужчынскай лініі . Яны фанаты , у добрым сэнсе , свайго прародзіча і вырашылі нейкім чынам прысутнічаць на кожным пункце Дугі Струвэ . Дзесьці , як у мяне , гаспадарнічаюць , дзесьці шыльдачку павесяць або ў музеі бліжэйшай школы выставяць невялічкую экспазіцыю . А пунктаў такіх аж 258 і знаходзяцца яны ў дзесяці краінах . Вось і мяркуйце , якую каласальную працу ўзвалілі яны на свае плечы .
- Чым , калі не сакрэт , займаецца фірма “ Дуга Струвэ “ ? – спытаў Антон Даніловіч-Гоцкі .
- У мяне сакрэтаў ад падатковай інспекцыі і ад сваіх сяброў няма , - зноў засмяяўся Лісоўскі , - Накірункаў у фірмы шмат . Нам належыць тысяча гектараў зямлі . Тут , у ваколіцах вёскі Асаўніца , і далей на поўнач аж за раку Ясельда , да вёскі Буса . Вырошваем рапс , жыта , бульбу , сою . Рапс ідзе на алей і на корм жывёле , бо ў нас маецца малочная ферма і свінагадоўчы комплекс . Тое ж самае з жытам і бульбай , хоць большую частку іх у нас купляюць спіртзаводы . Сояй займаемся нядаўна , але адносіны з гэтай сельскагаспадарчай культурай самыя рамантычныя . Справа ў тым , што ў нашу фірму звярнуўся вядомы японскі бізнесмэн з Токіо пан Міядзава з прапановай удзельнічаць у вытворчасці японскага нацыянальнага прадукту місо . Гэтае місо , ці гэты місо ( я яшчэ не зусім асвойтаўся , як прамаўляць ) , што робіцца з соі , ахвотна ў нас бяруць японскія сушы-бары , якіх распладзілася ў Беларусі і ў Расіі , як лягушак у мокрае надвор”е . Місо абавязкова ўваходзіць у рацыён японскіх спартсменаў – барцоў сумо . Дні праз два-тры пачастуем вас гэтым місо , і зробім з вас сумаістаў .
- Не хачу быць таўстуном ! – узняў рукі ўгору Лявон Кукарэка , - Няхай ім будзе Іван Мастоўскі . Яму дазваляе камплекцыя .
Усе засмяяліся , а Мастоўскі ні кропелькі не пакрыўдзіўся , лагодна буркнуўшы :
- Магу пайсці і ў сумаісты .
- А што за людзі працуюць у вашай фірме ? Адкуль яны ? – працягваў роспыты Даніловіч-Гоцкі .
- З рабочай сілай праблема , - нахмурыўся Лісоўскі , - Яе пастаянна не хапае . Тут жа не Мінск і не Брэст . Спачатку бралі тутэйшых . Але , шчыра кажучы , народ адвучыўся працаваць . Шаляй-валяй дацягнуць да першай зарплаты і адразу да бутэлькі . Чарніла . Настойка “ Бульбаш “ . Усё беларускай вытворчасці .
Усё , як кажуць , пад рукой і ўсё ў небмежаванай колькасці , пакуль хапае грошай .
- Бульбаш ! – раздражнёна ўсклікнуў Лявон Кукарэка , - Хіба можна даваць такую назву , такую мянушку-клікуху ? Гэта самаедства . Гэта тое ж самае , што кацап , хахол , жыд , пшэк , чурка . Але ж я нідзе не сустракаў гарэлку з наклейкаю
“ Кацап “ !
- І не сустрэнеш , - строга прамовіў граф Аляксандр Лісоўскі , - Масква ўмее берагчы свой гонар . А мы …
Ён махнуў рукой , сярдзіта плюнуў . Трохі памаўчаўшы , загаварыў зноў :
- Я разумею , чаму ў нашай краіне даюць зялёнае святло такім зневажальным назвам . Людзі-арганіэатары гэтых піяр-кампаній хочуць праз назву аднаго з самых масавых прадуктаў увабіць у свядомасць усіх і кожнага , што беларусы недзяржаўны негістарычны народ , што яны адпачатку толькі сяляне-мужыкі , толькі халопы , адным словам , бульбашы і няздольныя жыць сваім самастойным гаспадарствам . Але ж у нас яшчэ задоўга да з”яўлення на нашых палетках бульбы ўжо былі Скарына і Гусоўскі , быў “ Статут Вялікага Княства Літоўскага “ , была шматлікая беларуская шляхта . А шляхціц , нават самы дробны засцянковы шляхціц – не бульбаш ! Я – беларускі граф Аляксандр Язэпавіч Лісоўскі, прамы нашчадак славутага водцы грозных непераможных лісоўчыкаў , ніколі не быў і ніколі не буду бульбашом !
Усе прысутныя горача заапладзіравалі .
- Брава , граф ! – усклікнула Эльвіра Скаблінская .
Адчувалася . што Лісоўскі ( не быў бы ён патомным арыстакратам ) цікавіцца гісторыяй і сучаснай палітыкай . Нечакана было сустрэць такога чалавека ў ціхім лясным куточку , на фірме , якая займаецца вырошчваннем бульбы , жыта , рапсу і соі . Але не трэба забываць , што ўся беларуская шляхта была калісьці павятовай і засцянковай , жыла ў не дужа шыкоўных маёнтачках , кармілася з зямлі , гадавала валоў , кароў , парсюкоў і авечак , саліла вяндліну і вэндзіла бараніну , гнала спірт , біла масла і сушыла сыры , што ніколькі не перашкаджала ёй у пераломныя лёсавызначальныя часы ўскокваць на каня , браць баявую шаблю , рабіцца ваярамі за Айчыну .
- Па тэлебачанні , - казаў далей Лісоўскі , - прайшлі паведамленні , што Расія перавезла з-за мяжы ў Санкт-Пецярбург на самыя свае ганаровыя могілкі парэшткі генералаў Дзенікіна і Капеля . Гэтыя белыя генералы ў грамадзянскую вайну залілі крывёй паў-Расіі , вешалі рабочых , закопвалі жыўцом у зямлю палонных чырвонаармейцаў . І яны атрымалі дараванне . Нашыя ж беларускія бэнээраўцы , дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі , такія , як Палута Бадунова , Аркадзь Смоліч ды іншыя і дагэтуль нерэабілітаваныя , хоць на сваім сумленні не маюць ні кроплі нечай пралітай крыві . Як такое разумець ? Ды хопіць мітынгаваць . Вернемся да нашых з вамі сённяшніх спраў . Апёкшыся на тутэйшых , я пачаў прывозіць рабочых з Іванава і Янава Палескага , з Моталя , нават з Пінску . Вось і вас запрасіў .
І ён распавёў , што мяркуе Даніловіча-Гоцкага , Мастоўскага і Гарткевіча прызначыць ахоўнікамі , Кукарэку сваім асабістым шафёрам , Эльвіру сакратаркай і адначасова перакладчыцай , бо калі-нікалі прыязджаюць замежныя партнёры , а Валькірыю ейнай памочніцай .
- Без аховы нельга , - тлумачыў граф , - Калі я толькі пачынаў тут свой бізнес , адразу ж , нібы саранча , наляцелі з усіх бакоў крымінальнікі , што называлі самі сябе рэкецёрамі . І адкуль толькі яны ўзяліся ? На якіх агародах выраслі ? Пэўна , за савецкім часам былі цімураўцамі , ваду з калонак старэнькім бабулям насілі . А тады як пазвярэлі . Памятаю , зайшлі ў мой кабінет , нахабна расселіся наўкол стала , і іхні галоўны , іхні шэф , дастаў з кішэні ножык , растапырыў сваю здаравенную пяцярню і ну паміж пальцаў ножыкам гэтым вострым у стол тыкаць . Ды хутка-хутка ! Шчоўк-шчоўк-шчоўк . І не на сваю руку , а мне ў вочы пазірае , гіпнатызуе . Хоча , каб я спалохаўся . І аб”яўляе , што з гэтага дня яны будуць “ дахам “ маёй фірмы , і я павінен штомесяц выплочваць ім вельмі-вельмі салідныя грошы . Назваў суму і зноў ножыкам шчоўк-шчоўк-шчоўк . Шчыра скажу , хоць я й Лісоўскі , але халодненькі ветрык пад маёй кашуляю прашалясцеў . Трэба сказаць дзякуй нашай цэнтральнай мінскай уладзе , што не дала разрасціся гэтай пачварнай пухліне , своечасова і даволі жорстка абясшкодзіла яе . І яшчэ , прашу прабачэння , забыўся я сказаць пра адзін з накірункаў нашай дзейнасці . Мы развіваем народныя промыслы . Рэжам драўляную скульптуру , з карэньчыкаў , лазы і бяросты пляцем капелюшы , кошыкі , розныя гаспадарчыя прычындалы . Усім тут запраўляе Мацвей Бабнік , таленавіцейшы самавук .
- Ён што , сапраўды бабнік ? – з вясёлай гарэзінкаю ў вачах пацікавілася Эльвіра .
- Прозвішча ў яго такое , - засмяяўся Лісоўскі , - А па жыцці наш Мацвей адналюб адналюбам . Ды вы яго неўзабаве ўбачыце .
- А чаму на сцягу вашай фірмы ( як я зразумеў , ён узняты на флагштоку паміж дзяржаўнымі сцягамі Беларусі і Нямеччыны ) намаляваны два вершнікі на адным кані ? – спытаў Лявон Кукарэка .
- Цэлая прэс-канферэнцыя ў нас . – зноў засмяяўся граф , бо па натуры сваёй быў невынішчальным аптымістам , - Два вершнікі на адным кані – гэта старадаўні герб-кляйнот Ордэна рыцараў тампліераў . Былі ды й сёння ёсць такія , хоць і спальвалі іх , як ерэтыкоў . Але , як бачыце , не спалілі . Калі я пачаў ствараць фірму , то ўвесь час думаў пра лісоўчыкаў . Вы разумееце чаму я думаў пра іх . Я ж – патомны Лісоўскі . І мне падалося поўнасцю заканамерным узяць за ўзор для гербу фірмы “Дуга Струвэ “ герб тампліераў . Лісоўчыкі ж таксама баявое рамантычнае брацтва . Калі падчас бою лісоўчык атрымліваў рану , або пад ім забівалі каня , ягоны сябра , як і рыцар тампліер , ніколі не кідаў яго ў бядзе , а забіраў з сабой , і яны імчаліся на адным кані . На нашым гербе , калі вы больш уважліва прыгледзецеся , напісаны дэвіз : “ Вера і адвага ! “ . Гэта спрадвечны дэвіз адважных лісоўчыкаў .
Пачутае ўразіла ўсіх . Аказваецца , і ў сённяшнім , на першы погляд , прэсным будзённа-шэрым жыцці , можна , калі толькі сам зажадаеш , запаліць яркі агеньчык рамантыкі . Лявон жа Кукарэка , востра заблішчаўшы вачамі , заціх , пачаў нешта шаптаць сабе пад нос . І ўжо калі ўзняліся , каб разыйсціся на прызначаныя месцы пражывання , усхвалявана папрасіў Лісоўскага :
- Аляксандр Язэпавіч , верш у галаву прыйшоў . Можна прачытаць ?
- Чаму не ? Вершам і паэтам на фірме “ Дуга Струвэ “ заўсёды зялёная вуліца , - адразу згадзіўся граф , - Мы , хоць і жывем у дрымучых лясах , але не забыліся на яшчэ камуністычнага часу ісціну : “ Нам песня строить и жить помогает “ .
Лявон Кукарэка , па сваёй нязводнай звычцы пагладзіўшы лысіну , дзе калісьці кучаравілася пышная шавялюра , звонка прадэкламаваў :
З табой нас двое .
А конь адзін .
Сябе ў няволю
Не аддадзім !
Няма для смелых
Шляхоў назад .
Не бойся смерці ,
Лісоўчык-брат .
Па ратным полі
Імчым праз дым .
Літву ў няволю
- Пад Літвою я , вядома ж , маю на ўвазе Беларусь , а не Летуву - хуценька патлумачыў ён .
- Мы ўсё цудоўна разумеем , бо , як кожны свядомы беларус , чыталі гістарычныя хронікі і верылі не Абэцэдарскаму і Трашчанку , а Міколу Ермаловічу і Анатолю Грыцкевічу - моцна абняў паэта граф Лісоўскі , - Верш выдатны . Напісаны ,
як бачым , на адным дыханні . Малайчына !
Затое Антон Даніловіч-Гоцкі яўна быў незадаволены сябравым экспромтам . Ён хмура зірнуў на Кукарэку , сказаў :
- Сапраўдная паэзія не патрабуе тлумачэнняў . Не Літву ў няволю не аддадзім . а Ліцвінію . Мы дамаўляліся наконт гэтага , каб урэшце рэшт правесці канчатковую гістарычна-этнаграфічную рысу паміж балтамі і славянамі . А ты , не здолеўшы справіцца з паэтычным памерам і з рыфмай , зноў за вушы цягнеш у свой верш Літву . Чым пісаць такое . лепш наогул замазаць рот і нічога не пісаць .
Гэта ўжо пахла знявагай , але Лявон Кукарэка , як сапраўдны філосаф стоік , вытрымаў такое і не пакрыўдзіўся на Даніловіча-Гоцкага . Ці можа зрабіў выгляд , што не пакрыўдзіўся .
Сакратарка Лісоўскага Зіначка развяла ўсіх па пакоях . якія былі ім прызначаны для жытла . Даніловічу-Гоцкаму дастаўся асобны пакойчык на другім паверсе . Тут нават меўся балкон . Зіначка расказала , што за савецкім часам у пакойчыку жыў начальнік піянерскага лагеру , і менавіта з гэтага балкону кожнай раніцай ён будзіў лагер , натхнёна дзьмучы ў горн .
На балкон клалі свае калючыя зялёныя галіны маладыя елкі . Пахла цёплай празрыстай смалой . Караваны мурашак ( тоненькія рыжавата-бліскучыя нітачкі ) няспынна ішлі здолу да самай макаўкі дрэва , а потым назад . Што яны шукалі-збіралі ў густых нетрах цяністай свежай ігліцы ?
Антон , уладкаваўшыся ў пакоі , прыбіў на сцяне над сваім ложкам невялічкі драўляны хрысціянскі крыжык . Яго ён змайстраваў з кавалачка бервяна дзедавай хаты . Не толькі смажыць шашлыкі для Марыі і Джафара-Чурбанчыка будзе старадаўняе звонкае дрэва . Яно навечна паслужыць святым абярэгам для Антонавай душы .
Затым , як яшчэ колькі гадоў таму ўсхвалявана славасловілі журналісты раённых газетаў , пачаліся працоўныя будні . Памятаеце папулярную саўковую песню ? “ Трудовые будни – праздники для нас “ . Даніловіч-Гоцкі , Іван Мастоўскі і Вітаўт Гарткевіч пайшлі працаваць у кругласутачную ахову . Ім выдалі кітайскія ліхтары , гумавыя дручкі , свісткі і газавыя пісталеты маркі “Агент “ . Да таго ж у іхняе распараджэнне выдзелілі пяць спецыяльна падрэсіраваных каравульных сабакаў . Удзень сабакі спалі ў будках , а з надыходам ночы бегалі , начэпленыя ашыйнікамі на доўгі бразготкі дрот , і ярасна брахалі ў трывожную злую цемру .
А вартаваць было што . Офіс . Гаспадарчы двор . Склады . Аўтамабільная стаянка . І каля тысячы гектараў зямлі , на якой былі пасеяны жыта , соя , рапс і бульба . Менавіта гэтыя агромністыя палеткі амаль штоночы атакаваліся агрэсіўнымі групамі мясцовых жыхароў , а таксама бамжоў , якія пастаянна жылі на недалёкім гарадскім сметніку , дзе панавыкопвалі сабе норы . Ледзь толькі пачынала паспяваць жыта , галодныя бамжы жалі яго самаробнымі сярпамі , касілі косамі , проста рвалі каласы рукамі і пружылі зерне на агні . Бульбу , толькі пасаджаную ў барозны , выкопвалі і пяклі ў вогнішчах . Яны былі бязлітаснай вечна галоднай саранчой . Незразумела было , як можна спыніць такое нашэсце ?
Антон , Іван і Вітаўт на старэнькім джыпе , не ўключаючы фараў , аб”язджалі начныя палеткі , чуйна прыслухоўваліся да цішыні , і , калі выпільноўвалі ў
густой цемры нязваных гасцей , рэзка ўключалі святло , каб агаломшыць іх . Часам адбываліся даволі сур”ёзныя сутычкі . Нават даходзіла да крыві .
Перавагаю бамжоў было тое , што яны выдатна ведалі ўсе мясцовыя сцяжынкі і палявыя дарогі , усе , як кажуць , хады-выхады . У ахове не хапала чалавека , які б гэтак жа сама разбіраўся ў тутэйшай геаграфіі . Ды неўзабаве такі чалавек знайшоўся . Гаўрыіл Сямёнавіч Караба , былы ўчастковы , саламянавалосы сінявокі ўсмешлівы мацак гадоў трыццаці-трыццаці пяці . Яго прывёў сам Лісоўскі , лаканічна сказаў :
- Знаёмцеся . Шэрлак Холмс .
Гэтаму Холмсу і сапраўды не было цаны . Ён , як сабака-ганчак , меў надзвычайны востры нюх на бамжоў , папарэджваў іхнія вылазкі , рыхтаваў начныя засады . Вельмі хутка бамжы ўзвылі – подступы да палеткаў былі амаль поўнасцю перакрыты мабільнай начной аховай .
- Гаўрыіл Сямёнавіч , чаму ты сыйшоў з органаў ? – пацікавіўся аднойчы Даніловіч-Гоцкі , - Ты ж класны спец . Пэўна , нешта ўтварыў ?
- Ды не . Па ўласным жаданні звольніўся , - усміхнуўся Караба , і светлыя бровы ўзляцелі ўгору , як пшанічныя каласкі , - Разумееш , душа засумавала . Не на сваім месцы адчуў сябе . Хто такі для народу міліцыянер ? Слуга дзяржавы . Мент . Так у кінафільмах міліцыянеры самі сябе называюць . А народ ( мне не адзін раз даводзілася чуць ) называе нас больш жорстка і больш зняважліва – мусара . Гэта ад слова МУС – Міністэрства ўнутраных спраў . Не захацелася быць мусарам .
- Дзівак , - сказаў Антон , - Але ж такая сіла , міліцыя альбо паліцыя , неабходна любой дзяржаве . Без яе наступіць поўная анархія . Крымінальнікі сядуць народу на шыю , будуць трымаць яго за быдла .
- Згодны і не пярэчу , - кіўнуў светлавалосай галавою былы ўчастковы , - Сам верай і праўдай закону служыў . Ды адбыўся ў жыцці маім , у службе маёй адзін надзвычайны выпадак , які ўсё перавярнуў . Вось паслухай .
Уначы з восьмага на дзевятага мая , сёлетняй вясною , у лясной вёсцы Бярозавае Балота згарэў клуб . Успыхнуў , як свечачка . Людзі залівалі агонь вёдрамі , сыпалі пясок . Недзе хвілін праз сорак прымчалася пажарная машина з райцэнтру , але старыя сухія бярвенні ўжо стралялі чырвоным вуголлем , а дым віўся , як жоўта-сіняя завіруха .
Лямант стаяў вялікі . Справа ў тым , што ў клубе акрамя вечара прысвечанага Дню Перамогі праходзіў міжрэгіянальны фінал “ Міс Залатое поле “ , гэта значыць , абіралася самая прыгожая маладая сялянка Піншчыны і Кобрыншчыны . Дваццаць прыгажунь-канкурсантак з”ехалася ў Бярозавае Балота , і вось такая неспадзяванка . Дзяўчаты , трохі абпаленыя , у сажы , у драпінах , у парваных дарагіх сукенках , стаялі , збіўшыся ў гурт , і плакалі .
Я , як следчы раённай пракуратуры , прыджгаў на сваім “ Масквічы “ , абыйшоў папялішча , супакоіў прыгажунь – годзе румзаць , да вяселля зажыве , дзякуй Богу , што ўсе цэлыя . А затым пашаптаўся са сваёй мясцовай “ агентурай “ , каго цыгырэцінай пачаставаў , каму кулак пад нос сунуў , і пайшоў у “ Атэлье “ . Ёсць там такая хатка з сілікатнай цэглы . Патузаў дзверы . Знутры зачынена . Грукнуў кулаком у цёмнае вакно :
- Земфіра , выходзь !
У адказ – маўчанне . Ударыў мацней , аж шыбы задзынкалі :
Праз хвіліны тры-чатыры яна , Земфіра , адчыніла дзверы . Рыўком ускочыў у атэлье , адным махам рукі знайшоў у цемры уключальнік , запаліў электрасвятло і ўбачыў вельмі-вельмі прыгожую дзяўчыну гадоў дваццаці . Чарнявая , высокая , з гнуткай таліяй , з ямачкамі на свежых пунсовых шчочках . Моўчкі стаяла і пазірала на мяне бліскучымі карымі вачыма .
- Ты зрабіла ?
- Я .
Сказала , адвярнулася і пайшла да супроцьлеглай сцяны , што была абклеена партрэтамі прыгажуняў з часопісу “ Плейбой “ . Яна дужа кульгала , аж прыпадала на правую нагу . А яшчэ зусім нядаўна лічылася лепшай дзяўчынай сваёй вёскі , выдатна вучылася , думала паступаць у тэатральны інстытут . Хлопцы віліся наўкол яе , як пчолы ў сонечнае надвор”е каля меданоснай ліпы . Аж гуд стаяў ! А потым адзін з іх , Сяргей Цапік , павёз яе катацца на сваім новым матацыкле . Паімчаліся лясной дарогаю , па карэннях , па калдобінах . Ведама ж , маладая гарачая кроў . Цапік не ўтрымаў цяжкі матацыкл , з усяго лёту ўрэзаўся ў дуб . Сам памёр на месцы . Земфіра ж , пакідаючы за сабой сцежачку крыві , паўзла па лесе , крычала … З таго часу і пачалі яе зваць Кульгавая Земфіра , бо косткі на назе пакрышыліся так , што не дапамаглі ніякія спіцы , ніякія шыны і ўрачы .
Перада мной стаяла злачынца , якая абліла бензінам і падпаліла клуб . Яе неабходна было зараз жа арыштаваць і везці ў раён на допыт . Але нешта не давала мне скаваць злым жалезам гэтыя прыгожыя юныя рукі .
- Навошта ты зрабіла гэта ? Там жа – людзі , - сказаў я .
Яна раптам падыйшла , кульгаючы , да мяне , уткнулася носам у мой пагон , заплакала :
- Дзядзечка , а чаму ім можна , а мне – не ?
Я напачатку не зразумеў .
- Чаму ім там , у клубе , на сцэне , перад людзьмі , можна , а мне нельга ? – горка плакала яна .
І тут я даўмеўся , якія вострыя балючыя цвікі прабіваюць гэтае пяшчотнае сэрца . Я пагладзіў яе па галаве , як сваю дачку Галю :
- Не плач , Земфірка . Дасць Бог , вылечаць урачы цябе . Будзеш бегаць у клуб на танцы . Міс усёй Беларусі станеш . За добрага хлопца замуж выйдзеш .
- Ой , не стану , дзядзечка , ой , не стану , - яшчэ гарчэй заплакала яна . І аж калацілася ад несуцешнага плачу . І , паверыш , усё ўва мне нібы перавярнулася . А чаму я павінен арыштоўваць гэтую няшчасную дзяўчыну ? Знойдуцца іншыя , хто арыштуе . Шмат ахвочых знойдзецца . Чаму я наогул арыштоўваю гэтых людзей , гэты сціплы працавіты вясковы народ ? Яму ж ніколі не давалі жыць ні паны , ні камуністы , ні цар , ні Машэраў . З яго толькі цягнулі і цягнуць падаткі . А як і дзе ён жыве мала каго цікавіць . Усе , хто нейкім чынам вырваўся ўверх , у начальства , б”юць гэты ціхі пакорлівы народ зверху па галаве .
- Выключы святло , - шэптам сказаў я ёй , - І ціхенька пайшлі адсюль . Я цябе не бачыў , а ты мяне . Зараз я завязу цябе да тваёй цёткі Зосі ў Стаялы . Памыйся там , прычапурыся , у краму схадзі , каб перад людзьмі паказацца . Будзе табе алібі . А я тут са сваімі хлопцамі перагавару . У клубе дужа ж старая электраправодка была . Ды й сам ён быў увесь спарахнелы . Тут яшчэ цар Гарох свае спектаклі ставіў .
Вось так і скончылася мая служба , маё міліцыянства . Падаў рапарт начальству . Яно не пярэчыла .
Пасля дзяжурстваў глядзелі тэлевізар , гулялі ў шахматы , даміно і карты . Лявон жа Кукарэка захапіўся новым літаратурным хобі – пісаў адвароткі . Так як слухачоў для ягоных вершаў звычайна не знаходзілася , лавіў Валькірыю , амаль сілком усаджваў на крэсла , казаў :
- Юны чытач , юная спадарыня , паслухай і расшыфруй адвароткі
І пачынаўся , як ён сам называў гэтае свяшчэннадзейства , слоўны гіпноз :
Што за звон , што за шум ?
Гэта лётаюць іхум .
Страціў зайчык рэшту сіл ,
А за ім імчыць асіл .
Будзеш панам і тузом ,
Калі маеш мудры гзом .
Зведаў мноства творчых мук
Новял Акэракук .
Валькірыя цярпліва слухала , моршчыла лоб , адгадваючы перакручаныя словы . Урэшце рэшт яе ратаваў Даніловіч-Гоцкі , які строга загадваў паэту :
- Годзе языком мянташыць , Новял Акэракук .
Даўно хацелася лісоўчыкам ( так звыкліся называць самі сябе Даніловіч-Гоцкі , Кукарэка , Мастоўскі і Гарткевіч ) пабачыць мясцовую славутасць – разьбяра па дрэве Мацвея Бабніка . І аднойчы , улучыўшы вольную хвілінку , зайшлі ў былы ленінскі пакой былога піянерскага лагеру , дзе была ягоная майстэрня . Паміж адмыслова выштукаваных адпаліраваных карчоў , сухадрэвін і вываратняў , якім умелай рукою былі нададзены рысы самай разнастайнай лясной паганскай
нечысці , іх сустрэў шчуплаваты вельмі жвавы чалавек з кароценькай бародкаю .
- На каго я падобны ? – весела спытаў ён .
Такі пачатак знаёмства здзівіў сябрукоў . Яны перазірнуліся .
- Смялей , смялей , таварышы , - імпэтна націскаў Мацей Бабнік , і літара “ р “ у слове таварышы прамаўлялася з лёгкай картавінкай .
- Па-мойму , вы падобны на Леніна , - сказаў Лявон Кукарэка , - На правадыра . Хоць я таксама трошкі падобны на яго – сваёй лысінай .
- Адгадаў , баценька , адгадаў ! – заліўся сакавітым звонкім смехам Бабнік , аж закалаціўся ад смеху - Так , з самага нараджэння , з маленства і юнацтва я нашу горкі пакутніцкі крыж – знешне я вельмі падобны на Уладзіміра Ільіча Ульянава-Леніна . Вельмі падобны !
- Але ў чым жа тут пакута ? – шчыра здзівіўся Кукарэка , - Гэта ж ганарова – быць падобным на генія ўсіх часоў і народаў .
- Малады чалавек , не дражніце гусей , бо гусі вельмі шчыпучыя . Калі ты ідзеш па вуліцы , а маленькі сустрэчны карапузік-акцябронак тыкае ў цябе пальцам і крычыць : “Таварыш Ленін ! “ , і ўсе на цябе дзівяцца , т ы гатоў праваліцца скрозь зямлю . Як я ненавідзеў Леніна ! І заўважце – не класавай нянавісцю , бо шмат у чым быў згодны з ягоным вучэннем . Я ненавідзеў таварыша Леніна чыста фізіялагічна . Гэты кароткі нос , гэтыя калмыкаватыя вечна прыжмураныя мудрыя вочы , Ужо не кажу пра вусы , бародку і лысіну . Дзякуй Богу , знік Ленін з грошай і ўжо нідзе не відно ленінскіх партрэтаў . Але , пэўна , нябёсамі мне наканавана заўсёды і ўсюды быць як бы побач з правадыром . Вось і майстэрня мая не абы дзе размешчана , а ў ленінскім пакоі . А сам жа я і ўвесь мой род ні з якіх такіх рэвалюцыянераў – звычайныя сяляне . З самага дзяцінства памятаю вясёлую песеньку , якую , падвыпіўшы , спявалі мае дзядзькі і цёткі :
Танцуй , Мацвей ,
Не шкадуй лапцей .
Хутка ліпа расцвіце –
Бацька новыя спляце .
Мацвей Бабнік зноў зайшоўся радасным смехам . Потым пачаў паказваць свае творы і расказваць пра іх – дзе й які знайшоў корч або корань , як узнікла ў галаве задумка зрабіць з яго тую ці іншую фігуру .
- Зараз вось працую з гэтым абсмаленым маланкай бярозавым камлём . Хачу выштукаваць з яго Чорнага Маскаля .
- Чорны Маскаль ? Што гэта такое ? – зацікавіліся лісоўчыкі .
- Тут , браточкі мае , дужа мудрагелістая гісторыя , - ахвотна пачаў расказваць Мацвей Бабнік , - Здавён у тутэйшых лясных ды балоцістых мясцінах ходзіць легенда-паданне пра Чорнага Маскаля . Было гэта , калі верыць старым людзям , яшчэ падчас крывавай вайны царскага расійскага войска супроць паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі . Жорсткая была вайна . Тады мясцовы люд склаў песеньку :
Клічце , хлопчыкі , Касцюшку
Парубаці Маскалюшку .
Царскія жаўнеры рваліся на Кобрын і на Бярэсце . Нікога і нічога не шкадавалі . Ясная справа , бралі ўсё , што траплялася пад руку , рабавалі людзей да апошняй тоненькай ніткі . Асабліва лютаваў адзін з іх , якога потым і назвалі Чорным Маскалём . Захапіўшыся рабункамі , адстаў ад войска , заблудзіўся ў лясах і балотах . Куды ні ткнецца – усюды багна і дзікалессе . Гэта , кажуць старыя людзі , сама тутэйшая зямля пачала яму помсціць , не выпускала са свайго палону . Як ні стараўся ісці дадому на ўсход сонца , заўсёды збіваўся з тропу , круціўся між гнілых асін і зарослых сівым мохам елак , вяртаўся на сваё ранейшае месца . Так паступова й здзічэў . Чаму яго назвалі Чорным ? Пэўна , таму , што ўдзень адсыпаўся пад ляснымі вываратнямі , а выпраўляўся ў паход толькі ноччу . Баяўся патрапіць людзям на вочы . Казалі , што апрануты ён у доўгі чорны армяк , які садраў у Кобрыне з аднаго старога габрэя . З гэтай прычыны таксама маглі назваць яго Чорным . Ходзіць-кружляе ён па дзікіх гушчарах і крычыць немым голасам . А каб уначы можна было бачыць сцяжыну , пасябраваў Чорны Маскаль з Лазавіком .
- Гэта што яшчэ за страхавідла ? – спытаў Іван Мастоўскі .
- Лясны дух , што жыве ў лазе . Гэта , зноў жа , як кажуць старыя людзі , аднавокі карлік , велічынёй не больш за пазногаць , але з аршыннай барадой і даўжэзнай пугаю ў руцэ . Хатку ягоную атуляюць балоты , і ў ёй няма ні вокнаў , ні дзвярэй , толькі малюсенькая шчылінка ў страсе , праз якую залазіць сам гаспадар . Лазавікова хатка , калі да яе набліжаецца чалавек , аддаляецца ад чалавека , і нікому з людзей не ўдавалася бачыць хатку гэтую поблізу . Прыкмеціць Лазавіка можна толькі ўначы , калі ён ходзіць па глухіх лясных балотах . Тады адзінае ягонае вочка бліскае ў цемры , як агеньчык . Кажуць , што Чорны Маскаль , напаткаў яго ў лесе , злавіў і носіць у сваёй кішэні , як ліхтарык . З цягам часу яны пасябравалі і зараз трымаюцца толькі разам .
- Лесабалотны дуэт , - іранічна прамовіў Лявон Кукарэка , - І , вядома ж , мясцовы люд верыць гэтай замшэлай байцы .
- А я й сам веру , - прызнаўся Бабнік , - Пажыві з маё ў гэтых лясах і балотах , і ты паверыш . Тут , браточкі , аўра такая . Тут час ідзе цішэй , не дужа спяшаецца за тэхнічным прагрэсам . Магчыма , на гэтых таямнічых абшарах паралельна з чалавечай існуе нейкая пакуль невядомая вучоным цывілізацыя . Не маглі ж самі сабою ўзнікнуць народныя легенды пра лесавікоў , вадзянікаў , русалак і ваўкалакаў . Значыць , нешта было , нешта ёсць .
Кукарэка , слухаючы такія словы , паблажліва ўсміхаўся . Ды Мацвея Бабніка гэта ні кропелькі не бянтэжыла .
- Не будзь Хамой Нявернікам , - спакойна сказаў ён Кукарэку , - Чорны Маскаль крычыць , гэта факт . Не кожны можа пачуць ягоны начны крык . Гэта таксама факт . Але , калі жадаеш , сёння а дванаццатай гадзіне ночы можам на роварах паехаць у лес да Марцінавага ляда і там на свае вушы пачуем . Вядома , калі ты не палахлівец .
Не трэба было Бабніку прамаўляць такія словы ! Лявон Кукарэка гнеўна бліснуў вачыма , пляснуў сябе далонямі па лысіне і пачырванеў , як звараны рак . Найвялікшае абурэнне віравала ў паэтавым позірку .
- Я баюся ? – пагардліва зірнуў ён на Мацвея Бабніка , - З табою , шаноўнейшы , я хоць зараз гатоў пайсці і ў рай , і ў пекла . Ай лав ю , май фрэнд . Вядзі !
Кукарэка нечакана загаварыў па-ангельску , а гэта , як добра ведаў Антон Даніловіч-Гоцкі , было яскравай прыкметай бурнага душэўнага ўзрушэння .
На Марцінава ляда пакіраваліся ціхім цёплым вечарам , але не на роварах , а на вазку , у які быў запрэжаны рахманы сівы конік . Кіраваць ім напрасіўся ўсявед Іван Мастоўскі . У лесе духмяна пахла свежай травой , спелымі ягадамі , смольнымі жоўтабокімі соснамі . На дрыгвяністым беразе невялікай рэчачкі , там , дзе вада падгрызае яго , убачылі сапраўдную мяцеліцу . Гэта ў апошні свой палёт ўзняліся аўсянікі , дробныя насякомыя з доўгімі хвастамі-ніткамі на канцы цела . Жывуць яны ўсяго некалькі гадзінаў . За гэты час іхнія самкі паспяваюць адкласці ў ваду яйцы , з якіх выведуцца лічынкі , а самі густа падаюць уніз , паміраюць . З вады шумна выскоквалі рыбіны , прагна хапалі смачную здабычу .
На Марцінавым лядзе , высечанай зарослай кустамі і травой плешыне паміж ляснога густадрэўя , спыніліся . Злезлі з вазка , пачалі моўчкі збіраць буйныя чырвоныя суніцы , якіх тут была процьма . Конік утапіў галаву ў сакавітую траву , ляніва махаў хвастом , наядаўся .
Змяркалася . Знікла сонечнае святло , і адразу цёмны трывожны лес пачаў насоўвацца , напаўзаць з усіх бакоў . Нават зорак не было відно на небе .
Пэўна , яго шчыльна ўмасцілі хмары . Людзі і конь пачувалі сябе на Марцінавым лядзе , як на дне глыбознага халоднага калодзежу . Якім бы ты не быў запісным аптымістам , але ў такія хвіліны ў душы і ў целе нараджаюцца неадольныя не дужа прыемныя дрыжыкі .
І раптам густую лясную цішыню раздзёр дзікі крык :
- Го-го-го-го-го !!!
Усе ўздрыгнулі . Конь спалохана заіржаў , крутнуўшыся ў аглоблях .
- На Жоўтым балоце крычыць , - прашаптаў Мацвей Бабнік , пазіраючы на Лявона Кукарэку , - Кіламетры два адсюль .
- Аднак , і глотка ў яго , - супакойваючы каня , пачаў гладзіць конскую грыву Іван Мастоўскі . Кукарэка ж маўчаў .
- Гэ-гэ-гэ-гэ-гэ !!! – праз нейкі час данеслася з начнога чорнага , як сажа , лесу і ўжо крыху з іншага месца . Значыць , той , хто крычаў , не стаяў , а ішоў па лясным гушчары . І быццам бы набліжаўся да Марцінавага ляда .
- Лічу , што нам трэба зматваць паводдзе , - сказаў Іван Мастоўскі і пачаў умошчвацца ў вазку . Бабнік з Лявонам Кукарэкам стаялі , як укапаныя слупы . Ніводзін не хацеў садзіцца першы .
- Гу-гу-гу-гу-гу !!! – залемантавала сляпая цемра .
- Сядайце , героі , а то паеду без вас ! – раздражнёна ўскрыкнуў Мастоўскі . Толькі тады яны ўскочылі ў вазок . Іван шлегануў каня дубчыкам . Зарыпелі колы , перамолваючы пад сабою сунічнік , маліннік і сухія галінкі дрэў .
Ехалі моўчкі . Усё яшчэ стаяў увушшу дзікі нечалавечы крык . Патрэбна было асэнсаваць яго .
- Ну , як ? – спытаў нарэшце Бабнік у Кукарэкі .
- Ты нядрэнны сцэнарыст і рэжысёр , - прагучала ў адказ .
- Што ? – здзівіўся , не зразумеў Бабнік і аж прыўзняўся .
- Тое , што чуеш . Не трымай мяне за дурня . Так я табе й паверу , што крычаў нейкі пракаветны расійскі жаўнер . Ён , калі й лютаваў , рабаваў тут , ужо даўно пайшоў на корм вожыкам і мурашкам , а ў ягоным чэрапе звілі гняздо птушкі . Прызнайся , колькі бутэлек “ чарніла “ даў выжлукціць грузчыку , каб той пагалёкаў у начным лесе ? Хочаш папалохаць гарадскіх мінскіх чысцюлек ? Ды запамятай – я , Лявон Кукарэка , непалахлівы .
- Які ты паэт ? – задыхваючыся ад абурэння , загаварыў-зачасціў Мацвей Бабнік , - У паэта павінна быць фантазія . Узлёт думкі . Урэшце рэшт , павінна быць вера ў нерэальнае , у містыку , а ты …
- Асцярожней з маёй паэзіяй , аматар гнілых карчоў і сатлелых шышак , бо схопіш у пысу ! – закрычаў Лявон Кукарэка .
- Тпру-у , - прыпыніў коніка Мастоўскі , - Вось дык сустрэча лонданскіх джэнтльмэнаў . Хлопцы , апошняе вам папярэджанне . Будзеце грызці адзін аднога – пойдзеце пешшу па начных ямінах і пнях . Які , аднак , нервовы народ !
Так , штоімгненна ўспыхваючы , сварачыся , даехалі нарэшце да жытла і , не развітаўшыся , рванулі кожны да свайго ложку , каб як мага хутчэй заснуць . Ды сон яшчэ доўга не браў іх .
Як і прадбачыў граф Аляксандр Лісоўскі , лета надарылася вогненнае . Амаль штодня грымелі ярасныя навальніцы , бушавалі сакрушальныя ліўні , часта з градам – халоднымі празрыстымі ледзянымі шарыкамі , якія прастрэльвалі навылёт шыфер на дахах , на дробныя калючыя аскялёпкі разбівалі цяпліцы і шыбы ў вокнах . Аднойчы аднекуль з-за Ясельды , ломячы ўсё на сваім шляху , прыйшоў сапраўдны тарнада – тоўсты бруднашэры слуп-верацяно , вышынёю пад сто метраў . Усё ў ім аж раўло , кіпела і стагнала . Ён , як жахлівы цыклоп , глытаў і пажыраў
самыя розныя рэчы , што трапляліся па дарозе – стажкі сена , крушні камянёў , пчаліныя вуллі , чароды качак і гусей . Узняў на крыло , працягнуў па полі трактар “ Беларус “ , а затым кульнуў яго ў рэчку . Трактарыст ледзь паспеў выскачыць , праўда , зламаў бедалага руку .
За прыроднымі катаклізмамі прыйшлі сацыяльныя – рэзка ўзраслі набегі на палеткі фірмы “ Дуга Струвэ “ , прычым , адбываліся яны ўжо не толькі ноччу , але й днём . Бралі ўсё , што можна падняць і вынесці . Па навакольных вёсках нехта распаўсюдзіў чуткі , што не дзеля сельскагаспадарчай працы прыбыў у гэтыя мясціны і стварыў сваю беларуска-германскую фірму граф Аляксандр Лісоўскі . Граф то ён граф , але несусветны прайдзісвет і пад прыкрыццём фірмы шукае вялікае золата , якое нарабаваў калісьці разам з лісоўчыкамі і схаваў недзе тут (яшчэ ў сямнаццатым стагоддзі ! ) ягоны славуты грозны родзіч , які паходжаннем быў з Берасцейшчыны і толькі пазней перабраўся ў Вільню . Казалі , што ў дужа сакрэтным падземным склепе замуравана Залатая Баба , свяшчэнны стод вугора-фінскіх народаў . Гэта некалькі пудоў чысцюткага золата ! Лісоўчыкі прывезлі Залатую Бабу ажно з Паўночнага Уралу , адбіўшы яе ў мясцовых шаманаў . Ды шаманы тыя наклалі крывавае пракляцце на лісоўчыкаў , Лісоўскага і ўсіх ягоных нашчадкаў . І ў нейкі загадзя абумоўлены дзень ( дата , вядома ж , не называлася ) возьме іх усіх зямны або нябесны Агонь .
Пачуўшы пра такое , Аляксандр Язэпавіч Лісоўскі правёў спецыяльную нараду , на якой у самай рэзкай форме адмёў усю гэту лухту-небывальшчыну , высмеяў яе . Адна баба сказала пра Залатую Бабу – вось цана ўсім гэтым вар”яцкім чуткам .
- Я й сапраўды не толькі дзеля рапсу , жыта , бульбы і соі арганізаваў фірму
“ Дуга Струвэ “ , - прызнаўся ён , - Я па натуры сваёй – рамантык . Можа , гэта смешна гучыць у дваццаць першым стагоддзі , але гэта так . Заўсёды ў душы сваёй я чуў покліч мінулага , мяне хвалявалі кніжкі Караткевіча , Іпатавай , Арлова . І , вядома ж , па ўсім маім жыцці мяне натхняў і натхняе мой вялікі гераічны продак , мой славуты цёзка – Аляксандр Язэп Лісоўскі . Я й цябе , спадар Антон , адшукаў таму , што прачытаў тваю паэму пра лісоўчыкаў . Лягла яна мне на сэрца . І тваіх сяброў я адшукаў і запрасіў на працу ў фірму таму , што ўбачыў , як мужна і дружна біліся яны ў кафэ , абараняючы свой гонар . Як сапраўдныя лісоўчыкі !
Не адну , а тры гістарычна-сімвалічныя дугі , што працягнуліся ад мора да мора , бачу я на нашых родных абшарах . Першая дуга – Вялікае Княства , а за ім Рэч Паспалітая . Другая дуга – Дуга Струвэ . Трэцяя дуга – Балтыйска-Чарнаморскі нафтагазавы калектар , аб якім казалі ў свой час дэпутаты ад БНФ у Вярхоўным Савеце , і які , я ўпэўнены , яшчэ не раз пакажа сваю сілу і жыццездольнасць . Гэта трыяда , усе гэтыя Тры Дугі лучаць нашу Беларусь з Еўропай . І гэта вельмі-вельмі добра , бо мы , беларусы , спрадвечныя дзеці Еўропы . Я не веру ніякім легендам пра Еўразію . Я веру толькі ў Еўропу , бо яна была і заўсёды ёсць побач , варта толькі працягнуць руку і настроіць на еўрапейскі лад сваю душу і сваё сэрца . А зрабіць гэта не так і складана , бо яны ўжо даўно настроеныя нашымі продкамі .
- Малайчына , граф ! – усклікнуў Антон Даніловіч-Гоцкі , - Ведаеце , што мяне зрабіла праеўрапейцам ? Тое , што ўсе нашы беларускія рэкі ( якую ні ваэьмі ) цякуць у Атлантыку . Сам Бог , сама прырода падказвае нашаму народу шлях , па якім трэба кіравацца . А яшчэ мяне зрабіў праеўрапейцам ( вы нават не паверыце ) свежы студзеньскі вецер , які падчас штогадовых адлігаў заўсёды прылётваў у нашу Захараўшчыну з захаду , з Балтыйскага мора . Недзе там нараджаўся ён на затуманеных ільдзінах , лунаў над Лонданам , над Стакгольмам , мінаў дзяржаўныя межы , узвіхурваў нашыя вербы , ліпы і бярозы , ліўся звонкімі іскрыстымі капяжамі з дахаў нашых хат . Я нават верш напісаў . Ён так і называецца –
“ Еўрапейскі вецер “ .
Хачу паляцець я з табой
Праз далі , праз воблакаў копы .
Няхай запяе пад нагой
Святое каменне Еўропы
Аляксандр Лісоўскі скончыў нараду цвёрдым патрабаваннем да ўсіх і кожнага падвоіць пільнасць , не расслабляцца . Ды ўсе гэта і самі добра разумелі .
А лета рабілася ўсё больш грымотнае і навальнічнае . Штодня , недзе адразу пасля абеду , нябёсы пачыналі выліваць на зямлю дзікую нястрымную ярасць . Бухаў ва ўсе свае званы гром , рэзала неба вострая шматгаліністая маланка , дождж валіўся з верху суцэльнай шкляной сцяной , падмінаючы пад сябе лясы , лугі , палеткі , гаспадарчыя пабудовы , чалавечае жытло . Стаяў сярдзіты драпежны гул . Усё ажно калацілася , трымцела нібы на апошнім уздыханні . Здавалася , яшчэ адзін напор , адно імгненне , і ўвесь звычны зямны свет рухне , і навакольнай прастораю , ды й наогул усім і ўся завалодае даастатку біблейскі Патоп .
Тым часам ад надзейных людзей паступіла інфармацыя , што ў недалёкай суседняй вёсцы аб”явіўся Васіль Стрыгун , па мянушцы Кажух . Тры гады сядзеў у турме ў Глыбокім за крадзёж , выйшаў нарэшце на волю , вярнуўся ў родныя мясціны і адразу ж пачаў гуртаваць бамжоў і ўсіх мясцовых алкаголікаў на штурм , як ён казаў , панскага маёнтку . Пад панскім маёнткам падразумявалася , вядома ж , фірма “ Дуга Струвэ “ .
- Я ім пакажу сямнаццаты год ! – гразіўся Кажух .
Надзейныя людзі паведамілі і пра тое , што Кажух , абпіўшыся самагонкаю , крычыць пра Залатую Бабу , якую мяркуе падзяліць між усімі – распілуе роўна на столькі кавалачкаў колькі чалавек пойдзе за ім .
Лісоўскі адразу ж напісаў у райаддзел міліцыі заяву , прасіў абараніць . Там пачыталі , скептычна ўсміхнуліся , назваўшы пагрозы Кажуха “ трызненнем вар”ята “ , паабяцалі ўзяць справу пад кантроль . На гэтым усё і скончылася . Міліцыі хапала іншых клопатаў .
У гэтай калатнечы і нервовасці мала хто заўважыў , што ўжо дні два-тры не выходзіць на працу Мацвей Бабнік - на дзвярах ягонай майстэрні , былога ленінскага пакою , маўкліва павіс цяжкі амбарны замок . На такую нязвычную сітуацыю ( Бабнік лічыўся вельмі дысцыплінаваным работнікам ) звярнуў увагу толькі Лявон Кукарэка . І адразу ж перакінуў лагічны масток паміж з”яўленнем Кажуха і знікненнем Бабніка . Падумалася яму , што разьбяр перахіснуўся на бок Ваські Кажуха . Аб сваіх падазрэннях Лявон расказаў Лісоўскаму . Той задумліва цёр падбароддзе , маўчаў .
- Няўжо нас тут , як у Пушкіна , чакае рускі бунт , бязлітасны і бессэнсоўны ? – спытаў Кукарэка .
- Усё можа быць , - спакойна прамовіў граф , - Хоць у любым бунце маецца , на маю думку , нейкі сэнс . Той жа Кажух хоча , пальцам аб палец не ўдарыўшы , забраць чужое багацце . “ Усё наўкол калгаснае – усё наўкол маё “ . Так яго вучылі ў школе . І ён вельмі добра засвоіў школьную навуку . Так што – будзем абараняцца .
- А няўжо нельга мірам уладкаваць гэтую справу ?
- Думаю , што нельга , - грозна бліснуўшы вачамі , адказаў Аляксандр Лісоўскі , - Я – лісоўчык , нашчадак славутага ваяра , а не белы галубок міру . Там , дзе шмат каршуноў , галубы не водзяцца .
Не перастаючы пазвоньваць у раённую міліцыю , пачалі рыхтавацца да магчымай атакі Ваські Кажуха і ягоных аднамыснікаў . Яшчэ й яшчэ раз раз правяралі запоры і замкІ , дзверы , вокны і брамы , пажарную сігналізацыю ў будынках , заланцужылі сабак на пляцоўцы , дзе стаяла сельскагаспадарчая тэхніка . І ўвесь час рабілі аўтамабільныя рэйды па аддаленых палетках . Рэагавалі на кожную падазроную нітку дыму ў полі і ў лузе . Адным словам , як вол абуха , чакалі бяды кожны дзень .
Аляксандр Лісоўскі разам з Лявонам Кукарэкам , Эльвірай і Валькірыяй спецыяльна з”ездзіў у мястэчка Лагішын , што пад Пінскам . Там горача памаліліся перад абразом Маці Божай Лагішынскай , каралевы Палесся , заступніцы ўсіх палешукоў , папрасілі ў яе падтрымкі і абароны , умацавання духу .
Неба ж тым часам у чарговы раз напаўнялася цяжкімі суровымі папялова-шэрымі хмарамі , агнём і громам . Нейкі біблейскі трагізм быў у бясконцасці навальніцаў , у дзікім бушаванні непадуладнай чалавеку стыхіі .
Як гэта звычайна бывае , джала бяды ўдарыла знячэўку і зусім не ў тым месцы . Загарэўся лес , а затым і тарфянік каля ракі Ясельды . Ці наўмысна падпалілі , ці стрэліла з нябёсаў маланка . Ратуючыся ад агню , пабеглі звяры . Птушкі , цяжка адпіхваючы крыламі паветра , паляцелі ў бяспечныя мясціны . Не паспеўшы нідзе схавацца , смажыліся ў пякельным полымі вужы , гадзюкі , вожыкі і мурашкі . Сцяна агню і дыму пайшла на палеткі фірмы “ Дуга Струвэ “ . Не Васька Кажух , а прырода атакавала лісоўчыкаў . І трэба ж так здарыцца – аціх дождж , які мог прытушыць пажар .
Лісоўскі адразу пачаў званіць да раённых пажарнікаў , прасіў дапамогі . Сам жа мабілізаваў усіх сваіх людзей , якія на той час былі пад рукою , раздаў рыдлёўкі , вёдры , сякеры . Тры трактары пачалі ўзорваць ахоўныя барозны паміж лесам і полем . З найвялікшым напружаннем не пусцілі агонь у каласістую ніву . Усе былі потныя , прапахлыя дымам , перапэцканыя сажай , валіліся з ног ад стомленасці . Ды ў душах віравала радасць – адстаялі поле і збажыну .
- Думаю , лес падпалілі , - сказаў Лявон Кукарэка Даніловічу-Гоцкаму , калі , змываючы бруд , стаялі пад душам .
- Падобна на гэта , - пагадзіўся Антон , - Сто гадоў расце , набірае моц дрэва , а мярзотнік чыркне запалкай , і – канец .
А ўначы зноў уз”юшылася грамабойная навальніца . Ад маланак было светла , як днём . Цэлае бурлівае зіхоткае мора агню няспынна трапятала ў небе . І Васька Кажух павёў сваю крыклівую п”яную раць проста на офіс фірмы “ Дуга Струвэ “ . Недзе ў далёкіх расійскіх гарадах , на фабрыках і заводах гэта называецца рэйдэрскім захопам . Тут , між палескіх лясоў і балотаў , гэта трактавалася як
вяртанне працоўным сялянам , карэннаму тутэйшаму насельніцтву , іхняй зямлі і маёмасці , якую пры дапамозе мясцовых уладаў захапілі хцівыя прагныя прадпрыймальнікі . Ненасытнымі ж прадпрыймальнікамі верхаводзілі немцы і нейкі падазроны граф , што хаваў у падзямеллі пад сваім офісам Залатую Бабу . Кліч у атакоўцаў быў адзіны :
- Аддай ! Аддай нашу зямлю ! У нас ёсць на яе дакументы !
Яны кійкамі і металічнымі прэнтамі да смерці забілі вартавых сабак . Праўда , сабакі не здаліся без бою , шмат каго пакусалі , цапнулі , у тым ліку , за лытку самога Кажуха . Гэта раз”ятрыла натоўп . Завялі на пляцоўцы сельгастэхнікі бульдозер , з разгону ўдарылі ў браму , зламалі яе .
Лісоўскі пазваніў у раённую міліцыю . Да яе прыезду вырашылі забарыкадыравацца ў офісе і трымаць абарону . У прыёмнай і ў дырэктарскім кабінеце знутры падпёрлі дзверы сейфамі , сталамі , паліцамі з дакументацыяй . Тут сустрэлі шалёны бязлітасны ўдар натоўпу сам граф , Даніловіч-Гоцкі , Кукарэка , Гарткевіч , Мастоўскі , Эльвіра з Валькірыяй , Караба і трое маладых хлопцаў-грузчыкаў . Трашчалі , калаціліся дзверы . Ляцелі пагрозы і адборны мат . Сітуацыя абвастралася з кожным імгненнем .
- Аддай ! – лемантавалі за дзвярыма , - Аддай , падла , Залатую Бабу !
- А Чыгуннага Дзеда не хочаш ?! – крыкнуў у адказ Лявон Кукарэка і брыдка вылаяўся . Валькірыя зірнула на разгневанага паэта з містычным жахам . У гімназіі на ўроках літаратуры ёй здавалася , што паэты і празаікі нейкая вышэйшая каста , што яны ні кропелькі непадобныя на звычайных людзей у штодзённай бясконцай гонцы тых за кавалкам хлеба , а нібы птушачкі-калібры пырхаюць між яркіх цудоўных кветак , прыгожа свішчуць і п”юць салодкі нектар .
Між тым на вуліцы грымела магутнейшая навальніца . Водсветы нябеснага мільготкага агню ярасна ўрываліся ў закрачаныя вокны , залівалі кабінет і прыёмную , палалі на сценах , на людскіх тварах . Усё было залаціста-мармуровае , востра трывожнае і нерэальнае .
Штурм дасягаў свайго апагею . Ужо з рэзкім хрустам расколваліся тоўстыя дошкі дзвярэй . Праз дзіркі ў дзвярах бачыліся тупатлівыя людскія ногі , мноства цяжкіх ног . Уварвуцца – затопчуць .
- Кажух ! – зычна крыкнуў граф Лісоўскі , - Не будзь ідыётам ! Спыні банду ! Калі не хочаш здохнуць на турэмных нарах , спыні гвалт !
- Супакойся ! Мы цябе зараз газком пачастуем ! – весела і зларадна данеслася з-за дзвярэй .
Лісоўскі зірнуў на сваіх людзей :
- Адчыняем дзверы . Будзем прарывацца на вуліцу . Жанчын – усярэдзіну . Даем залп з газавых рэвальвераў і бяжым уніз па лесвіцы . І не забывайце , панове , баявы кліч лісоўчыкаў : - Вера і адвага !
Усё атрымалася дакладна так , як сказаў граф . У адно імгненне разбарыкадавалі дзверы , рэзка расхінулі іх , крыкнулі :
- Вера і адвага !
Разгарачаныя сшалелыя налётчыкі , які толькі што рыкалі ад злосці і нецярпення , папярхнуліся газам , заплюшчылі вочы , заляпілі рукамі твары , хітнуліся хто куды . Як сталёвы клін у дрэва , лісоўчыкі злёту ўбіліся ў натоўп , пранізалі яго навылёт , раскідалі кулакамі і плячмі , пабеглі па лесвіцы ўніз на вуліцу .
Там бушавала навальніца . Скрыжоўваліся ў злавесным віхурыстым небе вострыя чырвоныя шаблі маланак . Ліў , як з лубу , захліпісты халодны дождж . Ветрасек біў па тварах . А яны беглі , беглі і крычалі :
І раптам нібы праламалася , з гулам-стогнам рухнула на мокрую здратаваную цяжкім ліўнем зямлю неба . Бязмежная надзвычай яркая сліпучая маланка затапіла ўсё наўкол , верх і ніз , праглынула ўсё . Затым гэта ярасная супермаланка імгненна расчлянілася на мноства вогненных ручайкоў , нітачак , вяровачак , як бы спляла ў нябёсах велізарную жахлівую сетку і бязлітасна шпурнула , кінула яе на зямлю , на людзей , што беглі пад дажджом і пад громам .
Колькасць прачытаўшых: 703 Колькасць вогдукаў: 0