Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел шосты

VI

… Жыхнула маланка . Ад такога нечаканага яркага ўспыху конь спуджана спыніўся , захроп , нервова заматаў галавой і нават падаўся назад . Але яго адразу ж узбадзёрыў строгі ўладны голас вершніка :

- Наперад , аўсяныя зубы !

Конь падпарадкаваўся чалавеку , смялей затупаў зачасціў капытамі па пыльнай мяккай палявой дарозе , ды не пабег , а з грацыёзным высакародствам сапраўднага

шляхоцкага каня нібы паплыў уперад . Гэта быў надзіва прыгожы жарабец усходніх арабскіх крывей , які не раз вырываўся з ваўчынай пашчы , разам са сваім гаспадаром шматкроць ляцеў у самае пекла лютай бітвы . Сівы ў яблыкі , з сухой галавой і чорнымі яснымі вачамі , з шырокімі мясістымі лапаткамі і такімі ж грудзьмі , з моцнымі нагамі і пляскатымі прыўзнятымі капытамі , з дужым прапарцыянальным росту целам і непраседжанай спіной . На агалоўі аброці . што была выштукавана з чырвонай скуры , пад конскім горлам быў падвешаны бунчук – кутас з чорнага цвёрдага воласу ў форме цыбуліны , памешчанай у латунны шарык . На грудзях у каня шыкавалася завязаная лапамі плямістая шкура рысі .

Высокае сядло-кульбак таксама было пыхліва пакрыта рысінай шкурай .

У каня мелася імя – Вецер . Праўда , з нядаўняга часу гаспадар даў яму новае імя – Самум , што азначала таксама вецер , але вецер пустынны , пякельны і шалёны , як напамін аб краіне , адкуль яго калісьці прывезлі . Гэты конь-цуд , конь-лялька ўжо другі год належаў пану Вітаўту Вінцэнту Гарткевічу . У 1603 годзе ў Вільні пан купіў кніжку “ Гіпіка , альбо Кніга пра коней “ , якую напісаў вялікі маршалак літоўскі Крыштаф Мікалай Дарагастайскі . Кніжку аздобіў выдатнымі малюнкамі мастак Тамаш Макоўскі , а пабачыла свет яна ў той жа год ў Кракаве ў друкарні Анджэя Пётркоўчыка . Некалькі дзён , не адрываючыся , чытаў “ Гіпіку “ у сваім лясным маёнтачку над ракой Ушой пан Гарткевіч . Усё ў ёй было пра баявых коней-арабчыкаў , пра іхнюю прыгажосць , сілу і кемлівасць , пра тое , як праз агонь і дым лятуць яны ў бой , несучы на сабе адважнага жаўнера . І вельмі-вельмі захацелася Гарткевічу , каб і на ягонай стайні іржаў гэткі ж прыгажун . Але здзейсніць такую задуму аказалася надзвычай няпроста . Быў Вітаўт Гарткевіч малаёмны – меў мала зямлі і ўсяго шаснаццаць душаў людзей цяглых . Як з такім мізэрным багаццем замахвацца на прыдбанне пародзістага дарагога жарабца ? Пра такіх , як ён , сціплых ды непрыкметных , ганарыстая магнатэрыя гаворыць : “ Qui non habet kobylkam – piechotare debet ! “ – “ Хто не мае кабылкі , мусіць ісці пешшу ! “. Але шляхціц на тое й шляхціц , каб самога д”ябла трымаць за рогі і хвост . Напружыўся пан Гарткевіч , пашкроб па кішэнях і сусеках , выбіў са сваіх хлопаў чынш за год наперад , а калі ўсёроўна не хапіла , узяў пазыку ў самога найвышэйшага маршалка літоўскага , ваяводы трокскага і віленскага , ардыната нясвіжскага , князя Мікалая Крыштофа Радзівіла , якога з малалецтва ўсе называць Сіроткам . За гэта абавязаўся служыць Сіротку ў ягонай асабістай свіце-ахове . Вось і сёння , хоць грымела і бліскала ў небе і чакаўся немалы дождж , ён ехаў да князя ў Нясвіж .

Было яму трыццаць восем поўных гадоў . Быў ён цемнарусы смуглявы і год таму аўдавеў , застаўшыся з трынаццацігадовай дачкой Вандаю . Жонку разбіў паляруш , калі яна , катаючыся на санках з ледзяной гары , раптоўна правалілася ў палонку , якую не заўважылі пахолкі , што слугавалі ёй . Амаль тры гады ляжала пані Альжбета без руху і без мовы . А такой гаварунняю была калісьці ! Як вясновая птушка , весела і несупынна шчабятала ў маёнтачку , у пакоях . Срэбным званочкам разліваўся ейны смех , такі знаёмы і такі родны .

Невыносна цяжка разумець і бачыць , як тая , з якой у агонь кахання было кінута сэрца , тая , з якой ішоў па жыцці , з якой нарадзіў дзіця , з якой дзяліў сямейнае ложа , хлеб , радасць і бяду, ляжыць нерухомай калодаю між падушак і пярынаў . І неадрыўна глядзіць некуды , глядзіць не на цябе , а нібы праз цябе . Якіх толькі лекараў ні прывозіў Гарткевіч . З Нясвіжа , з Вільні , з Варшавы . Якіх толькі бабак-шаптухаў ні вышукваў у глухіх лясных вёсачках . Нічога не дапамагло . Нездарма кажуць : “ Быў бы чалавек , з душою і целам , а хвароба ўчэпіцца , так учэпіцца , што толькі смерць яе адчэпіць “ .

І ён , шчыра памаліўшыся Пану Богу , змірыўся з тым , што малжонка памрэ . Значыць , так накавана звыш . І хутка анёлы , праваднікі чалавечых душаў , узнясуць яе на неба .

Ён самаруч зрабіў , паклаў ёй пад галаву падушку для салодкіх сноў . Уперамешку з гусіным пухам і хмелем напхаў у падушку пялёсткі і галоўкі высушаных ружаў , рамонкаў і герані . У той дзень жонка заснула з ціхай усмешкаю на спакутаваным твары . А праз тыдзень , калі ён , як звычайна , сядзеў каля ейнага ложку , яна раптам парывіста прыўзнялася , села , прамяністымі-прамяністымі вачамі зірнула на яго , сказала звонкім усхваляваным голасам :

- Напакутваўся ты са мною , пане Вітаўт . Адыходжу . Раскажу Пану Богу пра любоў тваю і ласку . Дзякуй табе , каханне маё . Дзякуй за ўсё .

Моцна пацалавала яго ў самыя вусны і памёрла .

- Ванда ! Дочка ! – закрычаў Гарткевіч , - Бяжы сюды !

Але было ўжо позна .

Шляхціц Вітаўт Вінцэнт Гарткевіч ехаў на сваім Самуме пад хмарным няўтульным небам і ўспамінаў тыя жончыны словы і прамяністы жончын позірк . Душа ягоная ўжо супакоілася , загаілася . Душа шляхціца , рыцарская душа , не мае права доўга плакаць . Яна павінна заўсёды заставацца цвёрдаю .

Мінуў рок з дня смерці пані Альжбеты . І Гарткевіч пачынаў задумвацца над тым , каб прывесці ў свой халасцяцкі дом новую гаспадыню . Не толькі для сябе , але й для дачкі Ванды патрэбна гэта . Без жанчыны пуста і холадна на зямлі .

Ён ужо і кандыдатку прыкмеціў , залатавалосую смуглявую дачку пана Скаблінскага Эльвіру . Іхнія землі суседзяць . Пан Ігнацы ўсімі паважаны радавіты шляхціц . А дачку ягоную колькі разоў шэнціла сустракаць у Нясвіжы і нават у Вільні . Прыгажуня , разумніца . І , як падалося Гарткевічу , кідала на яго хітравата-зацікаўленыя позіркі . Ды ўсё , вядома ж , залежыць ад бацькі – ці захоча выдаваць дачку за ўдаўца .

Сёння , едучы ў Нясвіж да князя Радзівіла , пан Вітаўт наўмысна зрабіў кругаля , каб апынуцца каля маёнтку Скаблінскіх . Паненку Эльвіру не ўбачыў , але пачуў крыўдлівую песеньку , якую спявалі , грабучы на лужку падсохлае сена , панскія дзеўкі-хлопкі :

У майго мілёначка

Худая кабылёначка .

Не даехаў да гары –

Кабылу з”елі камары .

Няўжо паненка Эльвіра падвучыла іх спяваць такое ? Гэта ў яго , Гарткевіча , худая кабылёначка ? Пан Вітаўт прыгнуўся ў сядле , пяшчотна ўскудлаціў раскошную грыву свайго Самума . Дарэмна толькі што абазваў арабскага прыгажуна аўсянымі зубамі . Гэта – сын ветру і перамогі , ганарлівы сваёй паставаю і высакароднай панскай пышнасцю . Ён , як чалавек , толькі гаварыць не ўмее .

Тым часам набліжаўся Нясвіж , што стаіць ля самых вытокаў рэчкі Ушы , славутая сталіца Радзівілаў . Хоць не яны напачатку валодалі ім . У 1430 годзе ўладаром Нясвіжу быў нехта Федзька , мяркуючы па ўсім , бязродны выпадковы чалавек . Потым тут вялі рэй Кішкі з магнацкага роду герба “ Дуброва “ . Прыгажуня Ганна Кішкава ў 1513 годзе выйшла замуж за Яна Радзівіла Барадатага і прынесла замак і горад у пасаг Радзівілам . Не баявым мячом , не розумам і кемлівасцю прыдбалі яны гэту звышцудоўную залатую скарбонку , а спрытам у сямейным ложку аднаго са сваіх самцоў . Гэта й зараз , улетку 1605 году , бянтэжыць славуты магутны род , і Радзівілы ў сваёй гаспадарчай дакументацыі і ў прыватных размовах далікатна абыходзяць такую казытлівую тэму .

Вітаўт Гарткевіч , павольна едучы на Самуме , любаваўся Нясвіжам . Сённяшні гаспадар горада і замка Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка , сын Мікалая Радзівіла Чорнага , заўзятага кальвініста , не схацеў ісці бацькавым шляхам , выгнаў са сваіх земляў пратэстантаў , спаліў на гарадской плошчы кнігі Сымона Буднага ды іншых мудрагеляў , прыняў каталіцтва . Паспрыялі гэтаму натхнёныя вогненна-страсныя пропаведзі Пятра Скаргі і падарожжа ў Святую Зямлю . Пабачыўшы мясціны , дзе нарадзіўся , навучаў людзей і балюча сканаў на пакутніцкім крыжы Збаўца , падыхаўшы тым бласлаўлёным цудадзейным паветрам , уражлівы Сіротка перарадзіўся душою . Адразу ж па ягоным запрашэнні ў Рэч Паспалітую , а затым у Нясвіж прыехаў з Італіі знакаміцейшы дойлід Ян Марыя Бернардоні . Радзівіл даў яму грошы і будаўнічыя матэрыялы , даў людзей , даў поўную творчую волю . Фантазіруй , стварай , праслаўляй сваім цудоўным умельствам на гэтай не самай горшай зямлі Бога і Радзівілаў ! І Бернардоні разгарнуўся на ўсю моц .

З душэўным трапятаннем , з гордасцю ( а як жа – ён жа таксама тутэйшы шляхціц , Радзівілаў службовец ! ) пазіраў Гарткевіч на абведзеныя непрыступнымі валамі і бастыёнамі магутны замак , касцёл , калегіум езуітаў , прыгожыя будынкі , вуліцы і плошчы , на новенькую Слуцкую браму , куды кіраваўся . Здавалася , на зялёны бераг Ушы апусціўся з сонечных нябёсаў Божы Град , такі , якім яго малююць яркімі сакавітымі фарбамі на сваіх палотнах хрысціянскія жывапісцы .

Раптам плынь узнёслых шляхоцкіх думак была спынена самым неспадзяваным чынам . Леваруч ад сябе на дарозе Вітаўт Гарткевіч убачыў маладога высакарослага селяніна ў белай палатнянай кашулі , падперазанай сплеценым з сырыцы поясам , у даматканых цёмных суконных штанах і ў лапцях-лыкоўніцах . На галаве ў яго быў саламяны брылясты капялюш . На раменьчыку праз плячо вісела каліта , скураная сумка , у якой вясковы люд звычайна носіць крышаную табаку , люльку , трут і крэсіва . Малады хлоп шпаркім крокам ішоў насустрач вершніку .

Уразіла Гарткевіча тое , што ён не сцішыў хаду , заўважыўшы шляхціца , не зняў капялюш і не пакланіўся нізка-нізка , як належыць рабіць у такіх выпадках . Яшчэ ўразілі сінія дзёрзкія вочы , у якіх не было відно ні кропелькі страху . Адразу падумалася – гэты быдлятнік ці п”яны , ці нейкі вар”ят .

Яны ўжо амаль размінуліся , калі Вітаўт Гарткевіч , гнеўна прыкусіўшы чарнявы вус , рэзка развярнуў Самума , выхапіў з-за пояса бізунчык і з усяе сілы шлегануў лапцюжніка . Саламяны капялюш зваліўся з галавы . Малады селянін уздрыгнуў ад нечаканасці , спыніўся , падняў з пыльнай зямлі капялюш , зірнуў на Гарткевіча . У яго былі жоўта-русыя , колеру спелага жыта валасы .

- Што , мужык , ніхто не вучыў , як трэба вітаць пана ?! – уладным звонкім голасам закрычаў Вітаўт , - На калені !

У маладога селяніна нервова заторгалася цёмнае брыво . Ён глядзеў на шляхціца , і сутарга прабягала па дужа загарэлым твары , і нейкая незразумелая ўсмешка пульсавала ў смелым позірку .

- На калені ! – зноў загадаў Гарткевіч і , не дачакаўшыся , парывіста саскочыў з каня , схапіў хлопа за каршэнь , за худую жылістую шыю , пачаў нахіляць галаву ягоную да зямлі . Ды хлоп заўпарціўся . Сваімі вялікімі цвёрдымі кулакамі ён упёрся шляхціцу ў грудзі так , што таму перацяло дыханне , а ў вачах успыхнулі сінявата-чырвоныя іскры . Ад хлопа ішоў цяжкі задушлівы пах . Гэта была дзікая невядомая шляхціцу , які з малалецтва нюхаў толькі французкую ды варшаўскую парфуму , сумесь пахаў гнілой саломы , мокрай зямлі , упрэлага гною , спарахнелай драўніны і яшчэ богведама чаго . Гарткевіч адчуў – праз імгненне-другое яго пачне ванітаваць .

Сапучы і крэкчучы , яны моўчкі бораліся , быццам былі нямымі . Конь нерухома стаяў на дарозе , чакаў , толькі нервова трапяталі вейкі над вялізным карычневым вочным яблыкам .

Збоку гэты двубой выглядаў даволі жывапісна . Селянін у зрэб”і і ў лапцях і шляхціц у парадным мундзіры – у пунсовым кунтушы з чорнымі адваротамі і залатымі эпалетамі , у чорным жупане , у чырвоных скураных ботах . З галавы ў маладога хлопа адразу ж зваліўся парудзелы саламяны капялюш , шляхціцава ж рагатая канфедэратка сядзела на галаве пыхліва , як карона .

Гарткевіч усё намагаўся выцягнуць з похваў шаблю . Ды супраціўнік не даваў гэта зрабіць , разумеючы , што востраю шабляю шляхціц адразу зарэжа яго , як авечку .
- Не ўсё вам панаваць , - загаварыў раптам малады хлоп напружаным сіплым голасам , - Скончыцца ваша панаванне . Прыдзе Севярын Налівайка . Ён ідзе , ён ужо блізка . Будзе й на крапіву мароз .

Перамог , як і трэба было чакаць , вялікамоцны шляхціц . Значна лепшы мясны харч , пастаянныя трэніроўкі з самага ранняга дзяцінства , упэўненасць і рашучасць , - усё гэта , урэшце рэшт , не магло не ўзяць верх . Гарткевіч , злаўчыўшыся , моцна ўдарыў кулаком селяніну ў пацямнелы ад сонца твар . Хлоп адразу ж абвяў , абвіс , як сноп . Гарткевіч заламаў яму назад рукі , звязаў іх сырыцаю , счапіўшы яе з ягонай потнай кашулі . Сам жа прутка ўскочыў на ногі , выхапіў шаблю , загадаў :

- Уставай !

Вочы ў селяніна , яшчэ міг таму такія сінія і дзёрзкія , патухлі . З напругаю ён узняўся з зямлі , унурыўшы жаўтавалосую галаву , ціха стаяў перад грозным пераможцам . Зноў бачыў ганарлівы ўсёўладны пан пакорлівую бязмоўную жывёліну , якая , пабрыкаўшыся і паматаўшы рагамі , заняла сваё месца ў належным ёй стойле .

Падчас барукання скураная каліта , што боўталася ў селяніна на плячы , расчынілася , з яе выпаў на прытаптаны пясок нейкі скрутак . Вітаўт Гарткевіч падняў яго . Гэта была наматаная на круглы драўляны кіёчак грубая вошчаная паперына . Чырвонымі няроўнымі літарамі на ёй было напісана :

Універсал вольнага казацка-мужыцкага гетмана

Севярына Налівайкі .

Усім хрысціянскім людзям , праваслаўным і каталікам , цяглым мужыкам і нерэестравым казакам , бедным і галодным , усім , хто стогне пад панскім бізуном і адбывае шмацькротныя палявыя паншчыны , земляныя работы , церпіць згоны і гвалты , абліваецца крывавым потам , плоціць аброкі і даніны жывёлай і мёдам , а за ўсё гэта мае толькі дыбы , калодкі , ланцугі , дубцы-розгі , пішу я гэты Універсал . Годзе цярпець і ліць слёзы ! Ужо ўстае над нашай хрысціянскай зямлёй залатое сонца мужыцкай і казацкай вольнасці . Мы ўзялі Петрыкаў , Слуцак , Магілёў , Давыд-Гарадок , Тураў і Пінск . Зараз ідзем да вас . Адчыняйце ўсе брамы ! Вешайце на брамах сваіх паноў !

Вітаўт Гарткевіч прачытаў усё гэта , пакруціў у руках паперчыну , затым парваў яе на шматкі , грэбліва шпурнуў сабе пад ногі , насмешліва сказаў хлопу :

- Ужо восем гадоў таму спяклі гэтага твайго гетмана , ягонага спадкаемца Шавулу ды іншых тацяў-галаўнікоў у Варшаве . Спяклі , як лясны грыб , на агні . Толькі смурод пайшоў ад іх . Восем гадоў таму , дурная твая галава . А ты ўсё носіш гэтую цыдулку-паршыўку . Хто ты і чый ты ?

- Отчыч пана Рудкоўскага з двара Сакаўшчына Мацвей Караба - глухім голасам прамовіў селянін .

- Чый хлеб ясі і чаго бадзяешся каля Нясвіжу ? Збег , нябось , ад свайго пана і жывеш лупежствам , людзей рабуеш , як воўк крыважадлівы ?

У адказ было маўчанне . Тым часам яркая маланка разарвала цёмнае неба . Вось-вось павінен быў хлынуць бурлівы дождж .

- Пойдзем у Нясвіж да князя дабрадзея Радзівіла . Там з табою разбяруцца і з Божай дапамогаю павернуць на праўдзівую дарогу .

Кажучы такое , Гарткевіч сеў на каня , разматаў пяньковы шнур , маток якога быў прытарочаны да сядла , зрабіў на ягоным канцы пятлю , накінуў яе на шыю селяніну і кальнуў шпорамі , зрушыў з месца Самума . Так і пакіраваліся яны да Нясвіжу -–шляхціц у сядле , мужык са звязанымі рукамі і ўдаўкай на худой жылістай шыі бегма побач з канём.

Неўзабаве перад імі ва ўсёй сваёй моцы і велічы паўстаў новы каменны Нясвіжскі замак , размашыста адбудаваны князем Мікалаем Крыштофам Радзівілам замест ранейшага драўлянага . Сцяну дойліды замянілі каменным валам , вежы ператварылі ў бастыёны , на якія паставілі гарматы , што пры вайсковай неабходнасці павінны былі абстрэльваць перадполле за ровам . Гарматны агонь па фронту і флангах мог пакрыць кожную пядзю зямлі да суседніх бастыёнаў , не даваў праціўніку блізка падыйсці да замку і атакаваць валы-курціны . Па версе была вымашчана дарога , якую засланяў бруствер . Увесь жа замак уяўляў сабою высокі востраў , што пагрозліва ўздыбіўся на раўнаполлі . З усіх бакоў ён быў акружаны азёрамі і каналамі . Некалькі гадоў запар сяляне-капачы пашыралі рэчышча ракі Ушы , рабілі азёры , а выкапаную зямлю на фурманках альбо ў лазовых кашах вывозілі і выносілі , каб павялічыць гару , на якой сядзеў непрыступны грозны замак . Трапіць у яго можна было толькі па драўляным мосце , які імгненна разбіраўся падчас варожай пагрозы . Сёння ж такой пагрозы не было , наваколле дыхала цішынёй і спакоем , і таму Вітаўт Гарткевіч разам са сваім палоннікам бесперашкодна ўз”ехаў на мост .

Вось і замкавыя вароты , двухпавярховыя , з дазорнай вежаю . Другі паверх адно цэлае з валам . На каменнай сцяне вежы маляўніча выкладзены герб Радзівілаў – у чырвоным полі тры чорныя паляўнічыя трубы , злучаныя муштукамі , кожная з чатырма залатымі паяскамі і перакручаным шнурком . Клейнод герба – над прылбіцай з каронай пяць страусавых пёраў . Ніжэй герба залатой яркай фарбаю напісаны дэвіз Радзівілаў : “ Мужнасць – у тым , каб імкнуцца да цяжкасцей “ .

З другога паверху дазорнай вежы нетаропка спусціўся , стаў перад Вітаўтавым канём ротмістр ахоўнай роты , чарнавусы , густа смуглявы і гарбаносы пяцігорац , адзін з тых , што прыбылі калісьці ў гэтыя мясціны ажно з Паўночнага Каўказу , каб верай і праўдай служыць Вялікаму Княству Літоўскаму . Быў ён у сінім кароткім плашчы-даламане , апранутым на кольчаты панцыр , з міскападобным шлемам-місюркай на галаве . У зарослай чорным валоссем руцэ сотнік чэпка трымаў вострую дзіду . За шырокі скураны пояс , на якім вісела доўгая шабля , быў заткнуты пісталет .

- Да каго едзе , яснавяльможны пане ? – спытаў ён гартанным рэзкім голасам , каверкаючы словы .

- Еду па запрашэнні шляхетнага дабрачыннага і набожнага князя Мікалая Крыштофа Радзівіла . Ягоны службовец , - адказаў Вітаўт Гарткевіч .

- А гэты ? – дзідаю паказаў пяцігорац на запалоненага селяніна .

- Злоўлены мной у лесе , у тутэйшым наваколлі . Магчыма , былы налівайкаўскі казак . Трэба дапытаць .

Ротмістр падазрона зірнуў на палонніка , які абліваўся густым едкім потам і захліпіста соп , потым даў знак , махнуўшы рукою . Цяжкія акутыя цёмным жалезам вароты з натужным рыпеннем расчыніліся . Гарткевіч з Карабам апынуліся на ўнутраным галоўным двары , куды выходзіў парадны пад”езд . Тут быў трохпавярховы цэнтральны корпус , упрыгожаны пілястрамі , мармуровымі скульптурамі , разнастайнымі рэльефнымі аздабленнямі . У ім жылі самі Радзівілы .

Пяцігорац , якому ротмістр загадаў суправаджаць прыбышоў , павёў іх на другі двор , конна-гаспадарчы , дзе месцілася падземная стайня . Побач у яме-бункеры грымеў ланцугом вялізны тлусты мядзведзь з карычнева-бурай поўсцю . Ягоную прысутнасць адчувалі радзівілаўскія коні , карэтныя і выяздныя . У доўгай высокай галерэі стайні з калонамі , пафарбаванымі пад колер чырвонага дрэва , з мяккім дываном на праходзе , з прамяніста-зіхоткімі люстэркамі на сценах яны нервова перабіралі тонкімі мускулістымі нагамі , шумна ўцягвалі ў трапяткія ноздры паветра . І хоць паветра было густа накурана духмянасцямі лясны звярыны пах даходзіў і сюды . Але конюхі лічылі , што лёгкая ўзбуджанасць і трывожнасць толькі на карысць гарачым стаеннікам .

Самуму знайшлі месца ў раскошнай стайні , Вітаўта Гарткевіча павялі ў двухпавярховую прыбудову з тэрасай і рагавымі вежамі , дзе меліся спачывальныя пакоі-ложніцы для радзівілаўскіх гасцей . Мацвея ж Карабу напаткала больш суровая і жорсткая доля .

- Бадзяга ? Налівайкаўскі казак ? – гнеўна зірнуў на няшчаснага палонніка стары снегабароды домакіраўнік , - У гансёру яго ! Няхай пастаіць дзень-ноч і добра падумае пра гвалт , што чыніў людзям паспалітым .

Амаль упрытык з мядзведзевай ямай-бункерам яшчэ пры ранейшых Радзівілах была змайстравана гансёра . У зямлю ўкапалі два тоўстыя дубовыя слупы . Паміж імі наструнілі дзве цяжкія раз”ёмныя дошкі з адтулінамі для чалавечай шыі і рук . Той , каго каралі , клаў сваю галаву і рукі на ніжнюю дошку , затым кат апускаў верхнюю , туга закручваў калкі , і ўсё – ахвяра трапляла ў мёртвую пастку . Лютасць пакарання была ў тым , што чалавек стаяў сагнуўшыся , стаяў на пальчыках ног , ледзь-ледзь кранаючыся імі зямлі . Праз нейкі час ён траціў прытомнасць , абвісаў , як прыдушаная таўшчэзным пластом снегу танюсенькая яловая лапка .

Калі Мацвея Карабу падвялі да гансёры , калі пачалі заціскаць дошкамі , ён , натужліва да балючага хрусту выварочваючы шыю , зірнуў услед Гарткевічу , зірнуў яму ў спіну . Шляхціц , пэўна , адчуўшы гэта , павярнуўся , і позіркі іхнія сустрэліся .

 

Колькасць прачытаўшых: 533
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007