VII
Мікалай Крыштоф Радзівіл , які з лёгкага ласкавага слова караля Жыгімонта Аўгуста яшчэ ў самым найраннім ружовым сваім малалецтве атрымаў мянушку Сіротка , быў у 1605 годзе пяцідзесяцішасцігадовым энергічным сухарлявым чалавекам з тонкім адухоўленым тварам , доўгімі русымі вусамі і кароткай пасівелай барадой-эспаньёлкай . Ён меў дзевяць дзяцей , з якіх сын і дзве дачкі-блізняткі нядоўга затрымаліся гасцявалі на белым свеце – Бог забраў іх . Гэта , вядома ж , было жорсткім ударам для чуллівага бацькавага сэрца . Ён , Сіротка , заўсёды імкнуўся жыць у згодзе і паразуменні з Панам Богам . Дзеля гэтага 16 верасня 1582 году ( трыццацітрохгадовы , як Хрыстос ! ) накіраваўся ў пілігрымку з Нясвіжа да Святой Зямлі , плыў неспакойным штармавітым Міжземным морам , пешшу ішоў па сухой камяністай спаленай сонцам зямлі да самага Ерузалему , пакланіўся Бетлеему і Труне Гасподняй , пастаяў . абміраючы ўсхваляваным устрывожаным сэрцам , на Галгофе . Акрамя гэтага разам са сваімі спадарожнікамі наведаў шумныя егіпецкія рынкі , дзе прадавалі залатыя ўпрыгожанні , трапічную садавіну і чарнаскурых рабоў , саляварню на востраве Кіпр , купаўся ў Тыверыядскім возеры , якое дало свету рыбакоў-апосталаў . З доўгага падарожжа прывёз дадому ў Нясвіж камяні і кафлю са старадаўніх разбураных часам і людзьмі храмаў , егіпецкія муміі – абматаныя сатлелымі тканінамі чалавечыя бязвокія чарапы і косткі , што адначасна напаміналі аб тлене і аб вечнасці . Прычым , дзве муміі па патрабаванню матросаў і пасажыраў давялося выкінуць у мора , калі карабель , на якім плылі з Александрыі , трапіў у люты шторм . Прывёз таксама некалькі дзівосных жывёлін – малпаў , леапардаў , суслікаў , паўлінаў і папугаяў . Звярам і птушкам прызначылі сталае месца жыхарства ў звярынцы , які быў пабудаваны ў паўднёвым прыгарадзе Нясвіжа ў маладым парку “ Альба “ .
Ад маці Альжбеты Шыдлавецкай Мікалай Крыштоф узяў абвостранае адчуванне Бога . “ Шукай Бога , - навучала маці сына , - Бо Пан Бог ёсць справядлівасць , мудрасць і прыгажосць “ . Менавіта яна , натхнёна-апантаная аматарка мудрага і прыгожага , пераканала свайго мужа Мікалая Радзівіла Чорнага заснаваць нясвіжскую бібліятэку . За такі дабрадзейны ўчынак паэт Ян Каханоўскі прысвяціў ёй трапятлівую паэму “ Сусана “ . Над галоўнаю брамаю замка , дзе месцілася бібліятэка , захоўваліся па прыгавору вялікіх князёў ( самае надзейна абароненае месца ! ) акты Вялікага Княства Літоўскага , пачынаючы з часоў Ягайлы – Літоўская метрыка , мноства найрэдкіх манускрыптаў і старадрукаў . У гэтай жа бібліятэцы знайшла пачэснае месца кніжка самога Мікалая Крыштофа пра свае вандроўкі “ Пэрэгрынацыя , або Паломніцтва ў Святую Зямлю князя Мікалая Радзівіла Сіроткі “ , якую надрукавалі ў горадзе Брунсберзе на лацінскай мове . Партрэт падарожніка ў кнізе выгравіраваў мастак Тамаш Макоўскі . Вось з гэтым знаным мастаком , што быў каморнікам пры двары Радзівілаў , слугаваў па самых разнастайных князевых даручэннях і кіраваў нясвіжскай друкарняй , гутарыў сонечнай ліпеньскай раніцай першы ардынат Нясвіжу Сіротка .
Яны сядзелі ў Рыцарскай залі замка за шырокім чырвонага дрэва сталом з мармуровымі ножкамі ў выглядзе львіных лапаў . На сценах залі , упрыгожанай вытанчанымі ляпнымі аздобамі і разьбой , віселі поўныя камплекты вайсковых даспехаў , маршальскія жэзлы , мячы , шаблі , кінжалы і буздыганы , шчыты і лукі . Усё тут дыхала зброяй і вайной . Перад гэтым Радзівіл паказаў Макоўскаму ў адным з сутарэнняў замку ўцеху сваёй душы , свой гонар – дваццаць гарматаў , якія хоць зараз гатовыя былі страляць па ворагу . І хоць быў князь не дужа каб ваяўнічы натураю , больш вабілі яго мастацтвы і навука , апе ён добра разумеў – без зброі нельга выжыць у гэтым суровым непрадказальным свеце . Кожная з гарматаў мела сваё імя , сваё адмысловае аздабленне і дэвіз . Гармата “ Цэрбер “ уяўляла сабою неабчасаную калоду , ад якой узвіваліся ўгору драпежныя языкі полымя . “ Цэрбер – грымлю пранізліва , калі жаўнерам даю дзяржавы “ , - напісалі на ёй майстры-адліўшчыкі . Гармата “ Цырцэя “ была , як тоўстая калода , перавязаная ў трох месцах бронзавым канатам . Наўкол адлітай з бронзы чалавечай галавы віўся надпіс : “ Цырцэя – зняслаўлю кожнага , да каго дакрануся “
Пасля агляду грознай вогнебойнай зброі ўзняліся ў Рыцарскую залу , каб заняцца больш мірнай справаю . На стале перад суразмоўцамі ляжала надрукаваная ў 1603 годзе ў Нясвіжскай друкарні мапа Вялікага Княства Літоўскага . Яе яны й разглядалі з найвялікшай цікавасцю .
Тамаш Макоўскі , жвавы чарнабароды чалавек гадоў сарака з вялікімі звычнымі да разца , дрэва і металу мазольнымі рукамі гравёра , з густым чорным чубам , які непакорліва выбіваўся з-пад сіняга суконнага берэту , даваў тлумачэнні Радзівілу , водзячы па мапе срэбнай указкаю ў выглядзе вострадзюбага ключыка з казлінай рагатай галавой :
- Вось тут , князь дабрадзею , на рацэ Ака сядзяць вярхоўскія князі , землі якіх мяжуюць з нашым Княствам . Вось гэта Дзікае поле , якое было то нашым , то маскавіцкім , але з якога з году ў год налятаюць на нашу дзяржаву крымчакі .
Радзівіл Сіротка слухаў рысавальшчыка і гравёра вельмі ўважліва , часам ківаў галавой , часам браў з аксамітнага футаральчыка лупу , прыкладваў яе да вока , нахіляўся , каб больш дасканала разглядзець самыя найдрабнейшыя элементы мапы . Па ўсім адчувалася - такі занятак , разглядванне мапы , прыносіць яму вялікае задавальненне .
Святло ад мноства свечак , запаленых у вялізным залатым аздобленым каштоўнымі камянямі кандэлябры , які вісеў пад мармуровай столлю якраз над сталом , маляўніча і шматфарбна пералівалася на парадным адзенні Сіроткі , якое ён апрануў дзеля гасцей , што чакаліся сёння ў замку . Гэта быў улюбёны шляхтаю сармацкі стыль . Князь апрануў доўгі з вузкімі рукавамі расклёшаны жупан са светла-зялёнай усходняй тканіны . Ад каўняра да таліі ён зашпільваўся густа пасаджанымі адзін каля аднаго зіхоткімі залатымі гузікамі . Жупан быў падперазаны скураным надзвычай прыгожа выштукаваным поясам , на якім пыхліва красавалася шабля карабела . Паверх жупана вольнай хваляю струменілася аднаго з ім светла-зялёнага колеру дэлія , падшытая ярка-плямістым футрам рысі . На нагах у князя былі вастраносыя жоўтыя боты . На паголенай па шляхецкаму звычаю галаве – невялікая круглая шапачка . Калі Радзівіл браў лупу , на пальцах ягоных рук прамяніста ўспыхвалі масіўныя залатыя пярсцёнкі-сыгнеты .
- Я задаволены гэтай мапаю , - сказаў Сіротка , - Але ж , пане Тамаш , як я мяркую і як мы дамаўляліся , гэта толькі першы крок . Каб увесь хрысціянскі свет уведаў пра нашу бласлаўлёную радзіму , патрэбна надрукаваць куды большую мапу . І не на адным аркушы , а на некалькіх . І каб там было падрабязнае апісанне нашага краю – гарады , гандаль , святыя храмы , навуковыя ўстановы , звычаі народу , рэкі , пушчы . Адным словам – той , хто возьме мапу ў рукі , павінен як бы ад мяжы да мяжы праехаць і прайсці па Вялікім Княстве Літоўскім .
- Цалкам згодны з вамі , вашамосць , - усміхнуўшыся ў бараду , злёгку пакланіўся князю гравёр , - І штодзённа працую над гэтым з маімі памочнікамі . Упэўнены , што народзіцца гэтая мапа і паслужыць Айчызне нашай – панству Літоўскаму .
- Няхай , Пан Бог , пачуе гэтыя словы і дапаможа , - таксама ўсміхнуўся Сіротка , - А яшчэ б мне хацелася , пане Тамаш , каб тлумачэнні на мапе былі выдрукаваны не толькі латыньню , але й нашай прыроднай моваю , якой пан падканцлер Леў Сапега надрукаваў Статут Вялікага Княства Літоўскага ў 1588 годзе . Францыск Скарына ў сваіх друках называе мову гэтую рускай , Міхалон Літвін у кніжцы “ Пра норавы татараў , літвінаў і маскавітаў “ рутэнскай . Для мяне яна – ліцвінская мова . І хоць род мой палягае , як кажуць , ад старабытнай рымскай арыстакратыі , ад Дорспрунга , які разам з дастаслаўным князем Палемонам даплыў морам да Літвы , не ведаю я мовы лясных аўкштайтаў і родных ім плямёнаў . Змалку жыве ўва мне латынь , пальшчызна і мова нашай навакольнай шляхты і простага люду – ліцвінская мова .
Радзівіл крыху памаўчаў , узіраючыся ў мапу на стале , затым загаварыў зноў :
- Міхалон Літвін бачыць моваю моў толькі латынь , піша супраць рутэнскай мовы і супраць маскавіцкай . Маскавіцкая мова , як лічыць ён , не заклікае да доблесці . А ўвогуле ён – выдатнейшы патрыёт Княства . Шкадуе , што падчас пажару ў віленскім касцёле Святога Станіслава згарэла трыста трафейных сцягоў і між імі дванаццаць маскоўскіх узятых нашымі ваярамі ў 1514 годзе пад Воршай . Ды тут пан Міхалон памыляецца . Не ўсе сцягі страчаныя . Ёсць у мяне Марцін
Жабыка-Жэмба з ваколічнай шляхты , службоўца на маім двары . Дык ён на вайсковы попіс прыехаў падперазаны маскоўскім сцягам . Продак ягоны , таксама Марцін Жабыка-Жэмба , запалоніў гэты сцяг у Аршанскай бітве .
Калі нарэшце Макоўскі пайшоў са сваёй мапаю , Радзівіл Сіротка застаўся ў Рыцарскай залі і колькі часу сядзеў , заплюшчыўшы вочы . Як камень , на душу і цела навалілася стома . Цяжар велізарнай улады і велізарнай адказнасці апошнім часам усё болей прыгнечваў нясвіжскага ардыната . Добра было падарожнічаць па Святой Зямлі і па Егіпце – плыві , едзь конна , ідзі пешшу , глядзі , здзіўляйся , абмацвай позіркам і рукамі невядомыя дагэтуль дзівосныя рэчы , слухай чужыя мовы , некаторыя з якіх льюцца , як птушыны свіст , спрабуй раскумекаць чужыя
манускрыпты , дзе літары непадобныя на звычныя лацінскія , а нагадваюць сабою мудрагелістыя звілістыя хады жукоў-дрэваточцаў . Але там , у пілігрымцы , ён ні за што не адказваў , хіба толькі за свой невялікі караван . Тут жа , у Нясвіжы ,
Вільні і Варшаве , у Вялікім Княстве Літоўскім і ў Рэчы Паспалітай , ён адзіны абаронца роду і скарбу Радзівілаў , сваёй сям”і , сваіх малодшых братоў і сясцёр , якіх давялося апекаваць падчас іхняга малалецтва .
Тры Учынкі зрабіў ён , Мікалай Крыштоф Радзівіл , за якія абавязкова трэба будзе напрыканцы жыццёвага шляху трымаць суровую справаздачу перад Панам Богам . Першага ліпеня 1569 году падпісаў акт Люблінскай вуніі . І хоць пазней , у 1572 годзе , на з”ездзе сенатараў абвяшчаў , што ліцвіны не перастануць змагацца за вяртанне Вялікаму Княству Падляшша , Валыні , Брацлаўшчыны і Кіеўшчыны , Люблінскай вуніі не здрадзіў , бо добра разумеў , што толькі зліўшыся ў адно цела , адну сілу Польшча і Літва , Арол і Пагоня змогуць не зрабіцца пылам падножным для жалезных рацяў ненаеднага маскоўскага цара Івана Жахлівага .
Падтрымаў ён і царкоўную Берасцейскую вунію 1596 года , быў адным з трох каралеўскіх паслоў на саборы ў Берасці . Тут таксама патрэбна было ратаваць дзяржаву , ратаваць Рэч Паспалітую ад разладу і разлому , бо маскавіцкія цары і святары аб”явілі сябе адзіназаконнымі духоўнікамі ўсіх праваслаўных усёй Русі , у тым ліку , і ліцвінскіх праваслаўных . Толькі вуніяй з каталіцтвам , з Рымам можна было ўтрымаць народ і край свой у Еўропе . Моцна пасябраваў у той час Сіротка з Іпаціем Пацеем , вуніяцкім мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі . Пазнаёміліся яшчэ ў малалецтве , калі Іпацій ( тады Адам ) быў пажам пры нясвіжскім двары Мікалая Радзівіла Чорнага , ягонага роднага бацькі . Як і ўсе наўкол , яны былі кальвіністамі , горача падтрымлівалі Рэфармацыю . Але скончылася ўсё , урэшце рэшт , Варфаламееўскай ноччу ў Парыжы , сялянскай вайной і Томасам Мюнцэрам у Германіі . Дзікая бура вальнадумства магла перакуліць карабель , на якім праз стагоддзі плыў уганараваны Богам і людзьмі славуты род Радзівілаў . І малады Сіротка , у адрозненне ад свайго бацькі , своечасова зразумеў гэта . Бацька памёр на Лукішках у прадмесці Вільні 29 траўня 1565 года . Гэта выратавала яго , шчыра-упартага кальвініста , ад непазбежнай цяжкой сутычкі з сынам , які цвёрда вырашыў прыняць каталіцтва . Ён і прыняў яго ў 1566 годзе ў Рыме патаемна ад свайго дзядзькі-апекуна Мікалая Ралзівіла Рудога , які ( о , неба ! ) гэтаксама , як і памерлы брат , звіхнуўся на кальвінізме .
Зрабіць найважнейшы жыццёвы выбар дапамог цуд . У пятніцу , калі малады Сіротка ад”язджаў з Варшавы ў Вільню , нечакана ажылі тлустыя пеўні-каплуны , якіх кухмістр падрыхтаваў на сняданак і паставіў перад княжычам на стол . Яны пачалі хаатычна рухацца , а затым наогул зваліліся на падлогу . Сэнс цуду быў у тым , каб не дазволіць Радзівілу парушыць вялікі пост , якога ў гэты дзень спрадвеку прытрымліваецца каталіцкі касцёл . Такая падзея надзвычай уразіла , агаломшыла Сіротку . Быццам выбухнуў у душы слуп найярчэйшага пякучага полымя . “ З гэтага імгнення я – каталік ! “, - сказаў , загадаў ён сам сабе .
Потым казалі , што птушак напаілі , абскублі і паклалі на стол . Дотык вострага нажа абудзіў іх , і яны заварушыліся . Але гэта ўжо не мела аніякага значэння для Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі . Ён убачыў ва ўсім Божы Правід ! І ён перайшоў Рубікон !
Ды аказалася , што быць каталіком вельмі й вельмі няпроста , што гэта не самы лёгкі жыццёвы крыж у Вялікім Княстве Літоўскім . Незадаволеныя пратэстанты аб”ядналіся з незадаволенымі праваслаўнымі і ўсюды , дзе толькі можна , іхняя канфедэрацыя ўпіралася , як кажуць , рогам , ні на ёту не хацела здаваць свае пазіцыі . Ад іх перападала на горкія арэхі і каталікам і вуніятам . Праўда , за каталікоў і вуніятаў стаяў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ Ваза , сын караля Швецыі Юхана і Кацярыны Ягелонкі . Ды апошнім часам ягоным целам і душою канчаткова завалодалі езуіты . Ён быў лялькаю ў іхніх руках . Да таго ж у 1599 годзе шведская пратэстанцкая шляхта скінула яго са шведскага трону , які ён займаў адначасна з тронам Рэчы Паспалітай , і абрала каралём Карла ІХ , ягонага роднага дзядзьку . Горды сын вікінга і сарматкі аб”явіў у 1600 годзе Швецыі і свайму дзядзьку вайну . Войскі Кароны і Княства пайшлі на паўночны бераг Дзвіны-Рубона ў Інфлянты . Разам з усімі рушылі туды і вайсковыя аддзелы Радзівіла Сіроткі . Заўтра на ўзмацненне іх з Нясвіжскага замка выпраўляўся яшчэ адзін почат , які быў поўнасцю набраны з наёмнікаў і водцам-камандзірам якога Сіротка прызначыў віленскага шляхціца Аляксандра Лісоўскага . Сёння было вырашана зладзіць урачыстыя праводзіны . Вось чаму з усіх бакоў з”язджаліся ў Нясвіж узброеныя суровыя людзі , а на двары замка сдужкі расстаўлялі сталы з багатым пітвом і закускаю . Распальвалі велізарныя вогнішчы . Няшчадна рэзалі быкоў , авечак , гусей і курэй . З падземных лёхаў выкочвалі пузатыя бочкі з віном . Вясёлыя музыкі даставалі з футаралаў скрыпкі , дудкі і гудкі . Вучні нясвіжскай музычнай школы-бурсы ўсе ў яркіх прыгожых строях і хвастатых смешных каўпаках пад наглядам настаўнікаў цырымонна ішлі на плошчу , каб урачыстым зладжаным хорам заспяваць там свае канты-псальмы .
Цяпер самы час расказаць вам , мае шаноўныя цярплівыя чытачкі і чытачы , пра Аляксандра Язэпа Лісоўскага .
Колькасць прачытаўшых: 434 Колькасць вогдукаў: 0