Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел восьмы

VІІІ

Гэта быў трыццацігадовы вельмі адважны і вельмі прыгожы чалавек , з тых , што з аднолькавымі ўпэўненасцю , рашучасцю і поспехам заваёўваюць-адчыняюць варожыя брамы і жаночыя сэрцы . Калі шляхта й сапраўды пайшла-павялася ад ваяўнічых вандроўных сарматаў , то ён , Аляксандр Лісоўскі , быў класічным яе прадстаўніком . Конь , шабля , дарога , вайна – вось тыя словы , якія з самага ранняга малалецтва цешылі яго , гучалі нябеснай музыкай . Нездарма бацькі , беднаватая , але ганарлівая шляхта з Берасцейшчыны , далі свайму няўрымсліваму сыну імя Аляксандр . Вялікі македонец на ўсё жыццё стаўся для яго яркай пуцяводнай зоркаю .

Высокі , з доўгімі светлымі валасамі , што хваляю апускаліся на шырокія плечы , з цёмнымі бровамі і вусамі , з сінім агнём вялікіх заўсёды адважных вачэй , Лісоўскі хадзіў па зямлі і ўзлётваў у баявое сядло з нейкай крылатай лёгкасцю , быццам нябачныя староннім людзям анёлы падхоплівалі яго . Здавалася , без ніякіх высілкаў ён мог цэлы дзень імчацца на кані альбо ісці пешшу па пяску і па балоту . Амаль не было яму роўні і ў шабельнай сечы і ў стральбе з рушніцы , пісталета і лука . Вядома , давалася ўсё гэта няспыннымі цяжкімі трэніроўкамі , працаю да сёмага поту .

Свядомае ж сваё жыццё пачынаў Лісоўскі , як амаль усе шляхоцкія сыны ў Вялікім Княстве Літоўскім – пачатковую адукацыю атрымаў у каталіцкай школцы ў Берасці . Потым , хоць і не густа было з грашыма , паехаў у Нямеччыну адольваць мовы і павучанні старадаўніх філосафаў ды айцоў Касцёлу . Слухаў лекцыі ва універсітэтах Цюрыха і Страсбурга , пабываў пры двары імператара Максіміліяна , дзе браў удзел у рыцарскім турніры і магутным ударам дзіды зваліў на зямлю славутага турнірнага байца Марціна фон Рэдліха .

З блуканняў па Еўропе вярнуўся ў родныя мясціны загартаваны і фізічна , і духоўна . Ужо не для яго было правіла , якое кажа – калі цябе ўдарылі па адной шчацэ , падстаў другую . Ягоны жыццёвы прынцып быў цяпер такі – на адзін удар трэба неадкладна адказаць двума ўдарамі . І ён адказваў у любы момант і кожнаму , хто асмельваўся кінуць яму пальчатку . Не спыняўся нават перад праліццём крыві , хоць у некаторых выпадках за гэта магло чакаць уцяцце рукі або каранне горлам .

Почут пра Аляксандра Лісоўскага ішоў па ўсім Вялікім Княстве . Яго пабойваліся , з ім хацелі не варагаваць , а сябраваць . І паступова вакол яго пачала гуртавацца шляхецкая моладзь . Як сынкі магнатаў , так і дзеці засцянковай шарачковай шляхты , што багатая не залатым посудам ды пенязямі , а славаю і гордасцю продкаў . Нібы маладыя гарачыя ваўчаняты , насіліся яны па наваколлях Бярэсця , а потым і Вільні . Асабліва бушавала кроў падчас каляднага карнавалу . Тады ўспаміналі пра кулагу – сармацкі звычай нязванага гасцявання . П”янай шумнай гурмой увальваліся ў які-небудзь палявы ці лясны маёнтачак . Усё , што толькі можна было з”есці і выпіць , знікала ў ненасытных , здавалася , бяздонных чэравах . Знішчыўшы ўвесь хлебны і вінны запас , выпівалі аглаблёвую , або , як палякі кажуць , чапковую чарку , хапалі агаломшанага гаспадара , кідалі яго на сухое сена ў рыпучыя сані , імчаліся , як саранча , у ноч па белым снезе пад туманістым месячным святлом да суседзяў , і дзікае баляванне з новай сілаю пачыналася там . Назаўтра трашчалі галовы і калаціліся рукі . Ды Лісоўскі суцяшаў сябрукоў аптымістычнай прымаўкай , якую прывёз з Нямеччыны : “ Бойся восені , за ёю – зіма . Не бойся зімы , за ёю – вясна “ . Такое сумятліва-парывістае і хаатычнае , як агонь пад моцным ветрам , жыццё маглі спыніць або смерць , або нейкі надзвычайны нечаканы выпадак . І выпадак такі надарыўся . У малюсенькім мізэрным маёнтачку над заснежанай ракой Ясельдай сілком змусілі піць разам з сабой гаспадара , худога жоўтатварага шляхцюка . Як той ні адгаворваўся , як ні кляўся-бажыўся , што ў яго слабое трапятлівае сэрца , трымаючы за рукі , пасадзіді на кут , сілком улілі ў рот каронны гарнец ( амаль чатыры літры ! ) гарэлкі-міндалеўкі . Бедалага амаль адразу ж сканаў , аддаў Пану Богу душу . Загаласіла жонка , пачалі плакаць шматлікія дзеткі .

- Дрэнь справы , панове , - нахмурыўшыся , сказаў Аляксандр Лісоўскі кулжнікам , якія амаль адразу зрабіліся цвярозымі , - Бачыць Пан Бог – мы не хацелі такога .

Паклалі нябожчыка на стол , высыпалі каля яго са сваіх кішэняў і кашалькоў усе наяўныя грошы , паклалі ўсе свае залатыя пярсцёнкі і бранзалеты , багатыя бабровыя і лісіныя футры , шапкі , упрыгожаныя каштоўнымі камянямі шаблі і пісталеты і зніклі , растварыліся ў віхурыстай імгле зімовай ночы .

Нейкі час сядзеў-хаваўся Лісоўскі ў маёнтачку сваіх бацькоў , слухаў шум ляснога трывожнага ветру , запальваў свечкі , маліўся . Тады ж , зусім нечакана для родзічаў , перайшоў з каталікоў у вуніяты .

- Сыне , ці не звар”яцеў ты ? – пытаўся вельмі здзіўлены і ўзрушаны пан Лісоўскі-старэйшы .

- Як я , нарадзіўшыся каля слаўнага месца Бярэсця , магу быць не вуніятам ? – адказваў сын , - Іду за ракой . Куды рака , туды й я .

Ніяк не мог зразумець бацька пра якую раку гаворка . На ягоны цвярозы розум чалавеку , а тым болей шляхціцу , заўсёды патрэбна быць там , дзе ўлада і сіла , дзе бляск і пашанота , дзе кароль і вялікі князь . Нават затурканыя цёмныя хлопы і тыя добра разумеюць што да чаго .

- Наша вера там , дзе больш сала даюць , - часцяком чуў ён ад іх . І гэта натуральна і зразумела , як узыход сонца , як ранішні крык пеўня . Не трэба быць белай варонаю там , дзе ўсе ў чорным пер”і – задзяўбуць .

Пэўна , ў галаве ў сына шатан пасяліўся . Трэба ратаваць сына . А ратаванне бачылася бацьку толькі ў адным – неабходна зланцужыць Аляксандра Язэпа і завезці альбо ў Нясвіж да Радзівіла Сіроткі , альбо ў Вільню да вялікакняжай канцылярыі . Там з ім разбяруцца , а калі й атрымае кару , дык заслужаную , за душагубства і разбой . Затое гонар Лісоўскіх будзе абаронены .

Але сын апярэдзіў бацьку . Белатуманнай раніцай , калі мірны маёнтачак яшчэ не прачынаўся , стары Лісоўскі паслаў цівуна з трыма пахолкамі да пуні , дзе , укруціўшыся ў цёплыя кажухі , спаў на сене Аляксандр . Справа абяцалася быць не надта шумнаю і не надта цяжкою . Ды цёк час , а цівун са сваімі людзьмі не вяртаўся назад і не прыводзіў арыштанта . Калі ж пайшлі ў пуню глянуць што там дзеецца , убачылі цівуна . Ён сядзеў прыслонены да бярвеністай сцяны і трымаў у пасінелых руках сваю адсечаную галаву . Побач у гэткіх самых позах сядзелі мёртвыя пахолкі . Праўда , галовы іхнія былі на тым месцы , дзе ім і паложана быць – на шыі . Але ўсіх траіх напаткала смерць не менш жахлівая – доўгімі вострымі дзідамі , што навылёт пранізалі грудзіну , яны былі прыгводжаны да скрываўленых бярвенняў .

Стары Лісоўскі , убачыўшы такое , глуха застагнаў , ударыў сухімі кулакамі па сваёй сівой галаве і пашкодзіўся розумам – сеў у лужыну каля пуні , пачаў далонямі чэрпаць з яе брудную ваду і піць . Спалоханыя куры , што прыйшлі сюды на звычны вадапой , з вэрхалам разляцеліся ў розныя бакі .

Тым часам Аляксандр Лісоўскі разам са шляхціцам з суседняга засценку Іванам Мастоўскім , разам з трыма маладзёнамі з ваколічнай шляхты і дваццацю пахолкамі вершна імчаўся ў напрамку Бярэсця . Там ён меркаваў сустрэць войска гетмана Януша Патоцкага , якое ішло на валашскага гаспадара Міхая . Міхай быў васалам асманскай Порты . Праўда , турэцкі султан трымаў яго не на дужа кароткай шворцы – дазваляў калі-нікалі згуляць у самастойнасць . Вось і гэтым разам з маўклівай згоды турэцкага султана валашскі гаспадар узяў у саюзнікі маскавітаў і шведаў , раптоўна напаў на Рэч Паспалітую . Патрэбна было паставіць яго на месца .

Іван Мастоўскі , буйнацелы , з тоўстымі рукамі і нагамі , з абвіслым пульхным жыватом , з цёмным калючым вожыкам валасоў на круглай галаве , у сядле , як ні дзіўна , сядзеў з арыстакратычнай элегантнасцю і , прышпорваючы гнядога каня , безупынна гаварыў , хоць сустрэчным ветрам забівала рот :

- Калі б не мы іх , яны б нас да святога Пятра адправілі . Не пашкадавалі б . Такія не шкадуюць . А я чую праз сон , як нехта каля сцяны шкрабецца . Яшчэ падумаў – конь прыйшоў пачухаць бок . Аж гэта яны , з кайданкамі ў руках . Ну я й закрычаў і схапіў шаблю .

- У мяне ад твайго крыку , пане Іван , і зараз у вушах ломіць . Зароў , як ерыхонская труба, - усміхаўся ў цёмныя раздзьмутыя ветрам вусы Лісоўскі .

- Крычаць я ўмею , - задаволена крактаў Мастоўскі .

Яны імчаліся па вычарненай нядаўнім дажджом жоўтай пясчанай палявой дарозе . Следам магла ляцець пагоня , і яны не шкадавалі ні сябе , ні сваіх змораных коней , білі іх шпорамі і хвасталі плёткамі . Коні як не вылузваліся з успацелай скуры .

Гэта , пэўна , было Божым заступніцтвам , што сённяшняй ноччу ў пуню прыйшоў пераначаваць Іван Мастоўскі . Без мацака-здаравілы ўзялі б Аляксандра Лісоўскага цёпленькага , як птушанё ў гняздзе . Лісоўскі гэта разумеў і кідаў удзячныя позіркі на свайго спадарожніка .

Усё ж праз нейкі час далі спачыць коням , прыпыніўшыся ў беластволым

бярэзніку , дзе густа расла калючая кусцістая трава і зялёныя , чырвоныя і сінія сыраежкі між яе . Злезлі з сёдлаў , селі на паваленую ветрам бярозку .

- Пойдзеш са мною ? – спытаў Лісоўскі .

- Я ўжо іду . Нават , як бачыш , еду , - адказаў Іван Мастоўскі , - Але што ты надумаў, пан Аляксандр ?

Лісоўскі сашчыкнуў травінку , пакруціў у загарэлых руках , потым кінуў на зуб , пажаваў і рэзка выплюнуў .

- На мне і на табе кроў , - задумліва прамовіў нарэшце , - Як ні старайся , яе ўжо не адмыеш , не адшаруеш . Я не хацеў гэтых смерцяў , але так зхдарылася , так павярнулася кола фартуны . Не будзем жа пасыпаць галовы попелам . А надумаў я , пан Іване , бадзяючыся па чужых краінах , прыглядваючыся да людзей , што жывуць там , прыслухоўваючыся да іхніх філосафаў-мудрагеляў , стварыць арганізаваць войска , якое б ахоўвала межы нашай дзяржавы на ўсходзе і на поўдні , там , адкуль ідзе пастаянная пагроза Вялікаму Княству Літоўскаму . Цар Іван Жахлівы , крывавы казак Налівайка , крымскія ханы Гірэі … Хто толькі ні нёс вароп і знішчэнне ў нашую зямлю ! Маскавіты з крымчакамі-набежнікамі й сёння зазіраюць у нашыя вокны , залазяць у нашыя хаты , а мы сядзім , склаўшы рукі . На нашым усходнім парубежжы жыве такая прымаўка :

- Тату , тату , лезе чорт у хату .

- Нічога , сынку . Абы не маскаль .

Ты скажаш – ёсць паспалітае рушэнне . Але ж гэта сіла часовая , непастаянная і непаваротлівая . А мне хочацца , каб было нешта мабільнае і лятучае , каб яно прасочвалася , як навальнічная вада ў перасохлую зямлю , на чужую тэрыторыю , біла ворага на ягонай зямлі . Я шмат чытаў і чуў пра іспанскіх канкістадораў , пра нарманаў , пра ватажнікаў Ермака , пра данскіх казакоў і запарожцаў-чаркасаў . Мая нянька , выратаваўшыся ад налівайкаўцаў , яшчэ доўга спявала :

Чаркас малады

Чарнабровы .

А ў чаркаса

Кінжал новы .

Як мне хацелася , малому , патрымаць у руках гэты востры кінжал ! Я ж з дзяцінства люблю зброю , люблю ваяваць . Такі ўжо ўрадзіўся !

- Вось што ў цябе ў галаве ! – здзіўлена ўсклікнуў Іван Мастоўскі .

- Так , я не думаю чужымі галовамі . У мяне ёсць свая , - з годнасцю сказаў

Лісоўскі , - Мы – сыны вялікай сілы . Запомні гэта , дружа . Ты – каталік . Я стаўся вуніятам , наўмысна прыняў гэту новую веру , бо яна , як я мяркую , дазволіць нашаму Гаспадарству абраць свой шлях , сваё месца пад Божым сонцам . І ніхто не будзе замест нас размаўляць з Панам Богам , ніякія самааб”яўленыя маскоўскія патрыярхі .

- Але ж , прабач , пане Аляксандр , адзін ты не здолееш зрабіць і асіліць тое , што надумаў. Без караля і вялікага князя , без дзяржавы нельга пацягнуць такі воз , - асцярожна запярэчыў Мастоўскі , хоць глядзеў на сябрука з захапленнем .

- Я гэта ведаю , - згодна хітнуў галавой Аляксандр Лісоўскі , - Ведаю я й тое , што незадоўга да смерці маскоўскі цар Іван Жахлівы ўзяў пад сваю руку данскіх казакоў. Дамовіліся так – ён дае ім свінец , порах і хлеб , а яны служаць яму , ахоўваюць межы ягонай дзяржавы . Скончыцца валашскі паход , і я звярнуся са сваёй прапановаю да караля і вялікага князя Жыгімонта III Вазы .

- На табе , як і на мне , кроў , - напомніў Мастоўскі .

- Некалі кроў змыецца . Калі мая справа будзе паспяховаю , у Кракаве ды Вільні заплюшчаць вочы на гэтую кроў . Даравалі жорсткія справы Ермаку , канкістадорам . Думаю , даруюць і мне . А да караля і вялікага князя я ўласнай пярсонаю магу й не паехаць . Пашлю давераных людзей , - спакойна адказаў Лісоўскі . Было відно , што ўсе свае будучыя ўчынкі і дзеянні ён загадзя абдумаў і не баіцца неспадзяванак .

Адпачыўшы , напаіўшы коней , зноў паімчаліся ўбок Бярэсця . Там , на зялёным беразе Мухаўца , напаткалі нарэшце войска Януша Патоцкага , якое шумна і пыхліва рухалася на Валахію , Малдову і Сяміграддзе . За нядаўнім часам гэтыя землі далі Рэчы Паспалітай грознага і мудрага Стафана Баторыя . Сёння даводзілася ісці туды з шаблямі і гарматамі , каб стрыножыць гаспадара Міхая , прывязаць яго да свайго стрэмені .

Наваколле калацілася ад рыклівай вайсковай музыкі . Галасілі дудкі . Грукаталі барабаны . Сіпелі валынкі і флейты . Да гэтага шумнагалосага вэрхалу далучаліся рыпенне колаў фурманак , іржанне коней , ляскат зброі , крыкі камандзіраў . Хмары ўстрывожаных спуджаных са сваіх гнёздаў птушак насіліся ў небе . Толькі ў небе патрэбна было ім зараз быць , толькі ў небе , бо на зямлі адразу ж растопчуць .

Здавалася , цячэ зіхоткая залатая рака . Паперадзе ганарліва ехалі дзве сотні шляхціцаў , якія належалі да самых вядомых польскіх сем”яў . Яны былі апрануты і экіпіраваны , як антычныя героі . Адзенне іхняе нагадвала сабой персідскае – такое ж залататканае з кветкавым узорам , з аксаміту самых яркіх і разнастайнейшых расфарбовак . І ўсё гэта было падбіта каштоўнымі футрамі – спінкамі собаляў і пантэраў . Чым болей кружкоў налічвалася на шкуры пантэры , тым багацейшым пачуваў сябе валадар гэткай раскошы .

Пад плашчамі-даламанамі іскрыліся жупаны , амаль цалкам выштукаваныя з золата , срэбра і шоўка , вышытыя пяшчотнымі рукамі прыгожых паненак , якія кахалі гэтых адважных рыцараў . Галаўныя ўборы маладых шляхціцаў былі аздоблены футраю з куніцаў . Пад парывамі ветру грацыёзна трапяталі на іх шыкоўныя плюмажы з пёраў чорнай чаплі або з каршуновага пяра . Хоць пяро тое было адно-адзінае , затое вельмі доўгае , падобнае на вострую бязлітасную шаблю .

На плюмажах , як сонечнае ззянне , што слепіць вочы , успыхвалі россыпы брыльянтаў .

Коні багаццем і пыхлівасцю ўбрання не адставалі ад сваіх гаспадароў . Яны былі пакрыты рознакаляровымі аксамітнымі папонамі , гэтаксама расшытымі золатам і срэбрам . Іхнія вуздэчкі адлілі з чысцюткага золата .

Лісоўскі з Мастоўскім , сыны сціплых шэрых лясных засценкаў , уражана пазіралі на гэтае ашаламляльнае відовішча , на быццам нябеснае , а незямное буянства найярчэйшых фарбаў . Гэта быў іншы і вышэйшы свет . Але адразу ж у іхніх жылах высакародна загаварыла непакорлівая шляхецкая кроў , і кроў гэта напомніла , што яны – роўня ўбраным у золата і срэбра пыхліўцам . Яны , як і ганарлівыя дзеці магнатаў , абсалютна роўныя перад законам ( aegualitas ) . Яны маюць права на свабоду голасу , на свабодныя выбары-элекцыю караля і вялікага князя ( libera vox ) , права на пратэст ( iusvetandi ) і на недатыкальнасць асобы і маёнтка . І , значыць , смела пазірай у вочы кожнаму і вышэй задзірай вус !

- Прыгожа ідуць , - захоплена прамовіў Аляксандр Лісоўскі , гарцуючы на кані , - Так і патрэбна ісці на бой і на вайну . Ісці , як на свята . Ісці ў самым лепшым і самым багатым адзенні , з самай грознай зброяю .

Шляхецкі авангард расступіўся , прапусціў новапрыбылых да кароннага гетмана . Януш Патоцкі , седзячы на парывістым белым скакуне , сустрэў іх з прыязнай усмешкаю . Смуглай рукой , у якой была заціснута булава , паказаў на зарослы густым лесам небасхіл:

- Уперад , паны-брацці !

Валахія , куды выступала войска , пачаргова адыходзіла то да туркаў-асманаў , то да Рэчы Паспалітай . Мясцовыя ваяводы-гаспадары спрабавалі неяк утрымацца на сваім вельмі хісткім стальцы . Але адбіць націск такіх велізарных дзяржаваў не хапала моцы . На гэты раз гаспадар Міхай , дамовіўшыся са шведамі і маскавітамі , вырашыў падпарадкавацца турэцкаму султану , што дужа не спадабалася Кракаву і Вільні . Вось чаму няўтрымна і грозна рухаўся на поўдзень каронны польны гетман Януш Патоцкі са сваімі апранутымі , як на баль , расфранчанымі гусарамі , некаторыя з якіх мелі за спіной крылы . Не зважаючы на яркую пярэстую квяцістасць , гэта была магутная ўсесакрушальная сіла для франтальнага ўдару па праціўніку , бо ў бітве перамагаюць не золатам , а жалезам . Немагчыма вытрымаць такі жорсткі ўдар .

Яны мелі адборных коней , металічныя кірасы , шышакі , прылбіцы , нарукаўі і шчыты-тарчы . Ворага знішчалі дзідамі , рапірамі , шаблямі , баявымі малаткамі-чаканамі , страляючы з пісталетаў .

Услед за гусарамі , узбіваючы жоўты дарожны пыл , ішлі пешцы-драбы з шаблямі , сякеркамі , кнотавымі ручніцамі з парахаўніцамі і гатовымі набоямі пораху-лядункамі . Яны абліваліся густым бліскучым потам .

Ішла рота ( трыста жаўнераў ) наёмнай нямецкай пяхоты начале з маёрам . Рослыя , бдеднатварыя , бязлітасныя .

Цяжка рыпучы коламі , рухаўся гетманскі абоз . Везлі частаколы , лесвіцы , вяроўкі , порах і кулі , шанцавы інструмент .

Пакуль невядома было што за праціўнік чакае наперадзе . Валахі ? Туркі ? Перакопскія татары ? Паветра і зямля , чым далей на поўдзень укліньвалася войска, усё больш сушэлі . Сонца свяціла з нябёсаў ярчэйшае і гарачэйшае .

Першы бой адбыўся за ракою Серат . Тысячы дзве-тры вершнікаў гаспадара Міхая раптоўна выскачылі-скаціліся з пляскатых зарослых садамі і вінаграднікамі ўзгоркаў . Пранізлівы ярасны крык і цяжкі гуд конскіх капытоў страсянулі наваколле . Здавалася , абрушылася неба . Прызняўшыся ў страмёнах , валахі нацягнулі цяцівы лукаў , і густы шчыльны град вастрадзюбых стрэл са злым ляскатаннем бязлітасна ўдарыў па гусарах Патоцкага і па нямецкай пяхоце . Таго , хто не паспеў ухіліцца або прыкрыцца тарчом , пякуча пацалавала смяротнае жалеза . Грузна , як бярвенні , спаўзлі з залітых крывёю сёдлаў на зямлю першыя мерцвякі . Застагналі заекаталі параненыя . Звярэючы ад болю , дзіка заіржалі , заматалі галовамі падзяўбаныя стрэламі коні .

Януш Патоцкі высока ўзвіў над галавой гетманскую булаву , размашыста тыцнуў ёю ўперад , туды , дзе , равучы і галёкаючы , грозна ляцела на вояў- паспалітчыкаў валашская конніца . Усе паглядзелі на гэтую булаву , што іскрыста ўспыхнула пад сонцам, і ўсе ў адно імгненне падпарадкаваліся ейнаму загаду .

Гусары , распусціўшы вайсковыя сцягі , выставіўшы перад сабой калючы смертаносны частакол дзідаў , адразу ж ірвануліся ў атаку , ірвануліся з вялікай радасцю і нецярпеннем. Коні пайшлі буйной рыссю .

Войска на войска . Чалавек на чалавека . Конь на каня . Шабля на шаблю . Косць на косць . Жыццё на жыццё . Хто пойдзе да самага-самага канца , а хто ў самы апошні міг зверне ?

Аляксандр Лісоўскі ды Іван Мастоўскі імчаліся на валахаў стрэмя ў стрэмя . Толькі рэзкі вецер свістаў увушшу і ўсё спрабаваў вывернуць з гарачай далоні дзяржальна шаблі . Раз-пораз перакідваліся позіркамі і бадзёрымі ўсмешкамі .

- Як пачуваешся , пане Іван ?! – крычаў , бліскаючы ярка-белымі зубамі ,

Лісоўскі .

- Раней смерці не памерці ! – адказваў Мастоўскі .

Усё бліжэй дрогкая сцяна варожай конніцы . Ужо відны аскаленыя конскія пысы і расчыненыя пранізлівым доўгім крыкам чорныя шырокія раты валашскіх вершнікаў . Ярка-ярка блішчаць лёзы крывых шабляў .

Вайна – гартоўня мужнасці . Вайна , калі верыць старадаўняму мудрму эліну Геракліту , адных аб”яўляе багамі , другіх - людзьмі , адных робіць рабамі , другіх – вольнымі .

Дзве магутныя імклівыя сцяны ярасна сутыкнуліся , цяжка ўдарыліся адна аб адну . Пачуўся жахлівы тысячароты стогн-крэкт . Акрывавіліся зачырванелі шаблі і дзіды . З ліхаманкавай хуткасцю кожны стараўся нанесці ўдар хутчэй , чым ягоны вораг . І адразу ж узвіўся моцны вецер , хоць яшчэ некалькі імгненняў таму ветра не было , не варушылася й травінка . Гэта пачаўся звышрэзкі , звышабломны пераход дзесяткаў і соцень людзей ад жыцця да смерці . Чалавечыя душы адначасова вырываліся з чалавечых мёртвых целаў , узляталі на неба . Вось адкуль быў гэты дзіўны вецер .

Валахі ў адрозненне ад вояў-паспалітчыкаў не мелі ахоўнага баявога адзення . Звычайныя мяккія палатняныя кашулі і штаны . Скураныя сандалі на нагах . Круглыя лямцавыя шапачкі на галовах . І таму людзі польнага гетмана Януша Патоцкага няшчадна секлі іх , як капусту .

Аляксандр Лісоўскі , конь у конь сутыкнуўшыся з чарнавусым смуглатварым валахам , разваліў яго адным страшным ударам шаблі ад ключыцы да сцягна . Ручаём пырскнула гарачая кроў , абліўшы Лісоўскага . Так і ўрэзаўся ён на хрыпучым узбуджаным кані ў самую гушчу ворагаў , чырванатвары і страшны .

Тут ужо толькі паспявай сячы шабляю , прыгінайся , хітайся ў розныя бакі або валіся ў сядле ўсім тулавам назад , каб не падставіць уласную шыю пад смяротнае жалеза . І адна-адзіная думка б”ецца-трапеча ў галаве : “ Святы Божа , пранясі смерць міма “ .

Побач гучна мацюкаўся , цяжка варочаўся ў сядле , махаў і махаў зачырванелай шабляю Іван Мастоўскі . Шлем зваліўся з ягонай галавы . Цёмныя мокрыя ад поту валасы ляпіліся на вочы . Ды здаравіла , не зважаючы ні на што , з найвялікшым імпэтам і азартам вёў паядынак , зразаючы-збіваючы з коней валахаў і паміж салёнымі мацюкамі выкрыкваў сваю любімую прымаўку :

- Раней смерці не памерці !

Толькі на адно-адзінае імгненне нібы спатыкнулася , замерла ў паветры занесеная для чарговага ўдару цяжкая бязлітасная рука – у цеснай крывавай мітусні бою краем вока ўбачыў Мастоўскі , як , выкінуўшы ўперад вострую дзіду , бяжыць у атаку безгаловы драб . Яму адцялі галаву , а ён бяжыць .

Валахі , як і трэба было чакаць , не вытрымалі сечы , паказалі хвост , пакінуўшы на месцы бою сваіх забітых і параненых . Іхнія коні , з акрываўленымі сёдламі , без гаспадароў , збіліся ў бязладную кучу , тужліва іржалі . Сумнавокія коні , гэтаксама як і людзі , адчувалі сябе пераможанымі .

Януш Патоцкі , даўшы войску дзень , каб пахаваць мёртвых , забінтаваць раны , паправіць амуніцыю і хоць трошкі адпачыць , зноў хуткім маршам павёў яго на поўдзень . Каля Васілёва пераправіліся цераз раку Днестр , затым цераз Прут , пайшлі на перавал Ізвор , які адчыняе шлях у Малдову .

Жоўтым колам трымцела ў дымным небе спякотнае сонца . Валахі падпальвалі стэп і ўсё , што магло гарэць . У час бою пускалі густыя дымавыя завесы , хаваліся за імі , рабіліся нябачнымі . А самі білі і білі з лукаў з дымнай імглы .

Праз перавал Гімеш Януш Патоцкі ўварваўся ў Трансільванію . Аднак валашскі гаспадар Міхай , адчуваючы за сваёй спіной магутную асманскую Порту , усё яшчэ ярасна супраціўляўся . Амаль кожны дзень адбываліся жорсткія сутычкі . На месцы баёў пахавальныя каманды ўсё часцей пачалі знаходзіць між трупаў валахаў трупы турэцкіх янычараў . Польны гетман Патоцкі нервова грыз вус – яму не хацелася тварам у твар сустрэцца на полі бітвы з грознымі і амаль непераможнымі на той час янычарамі . Войска ж Рэчы Паспалітай , усё глыбей уцягваючыся ў бясконцую вайну , паступова слабела . Не хапала правіянту і фуражу . На жаўнераў наваліліся невядомыя дагэтуль хваробы . Да таго ж дзеці магнатаў ушчэнт стаміліся і расхацелі ваяваць . Вайна ўжо перастала быць для іх прыгожай забаваю , дзе можна пакрасавацца , пафарсіць сваім пышным адзеннем , хутканогім канём і апраўленай золатам зброяй . Вайна паказвала свой сапраўдны твар – смерць , кроў , раны і пякучыя мазалі . І магнатчыкі , выліваючы глухое раздражненне , пачалі задзірацца з Аляксандрам Лісоўскім і ягонымі людзьмі . Асабліва дапякаў , як той авадзень валу , Казімір Брудзеўскі , самаўпэўнены даўгавусы белабрысы шляхціц

з-пад Кракаву . Ёсць такія людзі , для якіх найвялікшай асалодаю з”яўляецца пастаянная насмешка над іншымі , не такімі , як яны . Насмешка тая можа быць надзвычай тонкаю дробнаю , нібы парушынка ў воку , але пакуты яна прыносіць вельмі адчувальныя , не дае спакойна жыць .

- Нешта запахла кажухом , - казаў Брудзеўскі , пагардліва моршчачы нос , калі хто-небудзь з людзей Лісоўскага праходзіў або праязджаў міма . Напачатку гэта тычылася толькі пахолкаў , ды паступова колкія кпіны пасыпаліся і на шляхцюкоў і нават на самога Аляксандра Язэпа . Пан Казімір , сустрэўшыся каля рачулкі , дзе паілі коней , назваў яго Літвой кажуховай . Ды не ведаў ён Лісоўскага !

- Сарматам запахла , - шумна ўцягнуўшы ў трапяткія ноздры паветра , засмяяўся Лісоўскі, - Хто тут сармат ? Ты , пане Казімір ? Дык чаго ж ты таўчэшся між нас , лясных еўрапейцаў ? Тваё месца ў стэпах , у Азіі . Здаецца ж , адтуль у лапленых вазках прыехалі калісьці твае яснавяльможныя продкі . Вяртайся назад . Там будзеш пасвіць вярблюдаў і лавіць яшчарак . Там шмат пяску – будзеш ляпіць з яго свае цацкі .

- Не смей ! – гнеўна закрычаў Брудзеўскі і выхапіў шаблю .

- Ці даўно , лях , нямецкую стайню чысціў ? – засмяяўся Аляксандр Лісоўскі , - А шабля ёсць і ў мяне . І даволі вострая .

Яны скрыжавалі шаблі і , здаецца б , пасеклі адно аднога , каб не відочцы здарэння ,

што разнялі іх . Лісоўскі , хаваючы зброю , прачытаў пану Казіміру верш паэта Яна Каханоўскага :

Я вас , палякі , заклікАю

У згодзе жыць , каб вольнасць залатая ,

Што вы ўзялі ў наследдзе ад бацькоў ,

Да вашых родных перайшла сыноў .

Ды Казімір Брудзеўскі стаўся з гэтай хвіліны найлюцейшым ворагам Лісоўскага і толькі падчэкваў зручны выпадак , каб адпомсціць . Лісоўскі ж наўмысна не заўважаў такую чорную навальнічную хмару , у перапынках між баямі быў вясёлы і шматслоўны . Сабраўшы ў кружок ваколічных шляхцюкоў , загадваў ім загадкі .

- Каго згвалціў Авель ? – пытаўся ён .

Шляхцюкі паціскалі плячыма .

- Авель згвалціў сваю родную бабулю . А бабуля ягоная хто ? Зямля . З яе зрабіў Пан Бог першалюдзей Адама і Еву , бацькоў Авеля . Авель жа парушыў цноту зямлі , бо быў першым сейбітам , першы ўваткнуў у яе саху .

Потым чарга падыходзіла да Івана Мастоўскага .

- Чаму Афіна нарадзілася з Зеўсавай галавы ? – пытаўся ў яго , хітра ўсміхаючыся , Аляксандр Лісоўскі .

- Не ведаў , пане Аляксандр , што ты такі мудрагель , - натужна-разгублена чырванеў здаравіла , - Мне лепей шабляй махаць , чым гэтыя твае вузельчыкі развязваць . Людзі ж, як я разумею , нараджаюцца зусім з іншага месца . Зусім з іншага . І ты тое месца добра ведаеш .

- А таму яна нарадзілася з Зеўсавай галавы , - весела тлумачыў Лісоўскі , - што старадаўнія грэкі больш за ўсё на свеце паважалі ў чалавеку мудрасць і розум . Мудрасць і розум , а не сілу . Вось так , пан Мастоўскі .

- Але ж і без сілы нельга , - не з усімі словамі свайго сябрука пагаджаўся здаравіла , - Нават каб келіх віна да роту паднесці сіла патрэбна . А кабетку аблагодзіць . А шабляй узмахнуць .

- Твая праўда , пане Іван . Шануйма ж сілу сваю пакуль старасць да зямлі не прыгорбіць .

Тым часам гетман Януш Патоцкі , спрабуючы замацавацца ў гірле Дунаю , канчаткова заграз у бясконцых водных пратоках і гусцейшых трыснягах . Трэба было як мага хутчэй выходзіць на сухазем”е , бо праціўнік зноў пачаў падпальваць усё , што мог . Хмары чорнага едкага дыму засланілі небасхіл . Сажа лётала , як аравійская саранча .

Ледзьве выкараскаліся на сухі бераг . Не ўтапіліся самі і не ўтапілі коней . Сядзелі на грудку , які вытыркаўся з глухатраўя , сашкрэбвалі агідны бруд . І раптам нешта гучна трэснула , быццам напалам пераламаўся тоўсты прут . Пахолак , што за тры крокі ад Лісоўскага цёр шчоткаю конскі бок , дзіўна хліпнуў носам , уткнуўся тварам у зямлю .

- Страляюць ! – закрычаў Іван Мастоўскі , - Вунь з тых чаратоў !

Чараты , на якія ён паказаў шабляю , варушыліся , трапяталі . З іх тырчэлі дулы аркебузаў . Вось-вось павінна была прыляцець яшчэ адна смерць .

- Кладзіся ! – загадаў сваім людзям Аляксандр Лісоўскі і сам рухнуў на зямлю там , дзе стаяў . Потым , звіваючыся , як вуж , сціскаючы ў руцэ шаблю , папоўз да невядомых аркебузераў . Хто гэта мог быць ? Валахі ? Туркі ?

- Пан Аляксандр , я з табою , - прасіпеў Іван Мастоўскі і папоўз следам , уплішчваючы ў калючую траву тоўсты жывот . У вялікім целе бушавала вялікая злосць . Ён гатоў быў голымі рукамі раздзерці на дробнае ашмоцце таямнічых стралкоў .

Ды праціўнік аказаўся зусім нечаканы – пан Казімір Брудзеўскі ўласнай пярсонаю і два ягоныя сябрукі . Вось яшчэ адна куля свіснула над галовамі ў Лісоўскага і Мастоўскага . Ззаду пранізліва заіржаў конь – значыць , смяротны метал упіўся ў бедную жывёліну .

- Пане Казімір , не ведаў , што ты ваюеш за гаспадара Міхала ! – крыкнуў Лісоўскі і , адштурхнуўшыся ад зямлі , скокнуў у ломкія чараты . Так скача лясная рысь .

- Пся крэў ! – прагучала ў адказ . Узвіхурыўся люты двубой .

Біліся не на жыццё , а на смерць . Нехта абавязкова павінен быў загінуць , знайсці свой вечны спачын у гнілой вадзе . Слізкія карычневыя п”яўкі ўжо рыхтаваліся высмоктваць ягоныя вочы . А праз колькі гадоў гады паўзучыя звіюць гняздо ў бязвокім чэрапе .

Аляксандр Лісоўскі недарэмна ўдзельнічаў у рыцарскіх турнірах пры двары германскага імператара Максімільяна . Яго амаль немагчыма было перамагчы , бо быў вельмі моцны спрытам , рукой і адвагаю . На пятым шабельным удары ён зваліў Брудзеўскага . Той упаў у ваду , што адразу ярка зачырванелася , выпусціўшы на паверхню густы булькотны рой паветраных пухіроў .

Лісоўскі рэзка крутнуўся , узлюцелым вокам зірнуў наўкол . Побач валтузіліся , цяжка саплі Іван Мастоўскі з двума шляхцюкамі . Ужо падбягалі пахолкі з рагацінамі ў руках .

- Канчайце й гэтых ! – крыкнуў Аляксандр Язэп , - Яны нас не пашкадуюць !

Потым , астываючы ад бою , сядзелі каля паламаных стаптаных чаратоў . Бухала ў сэрцах і ў скронях усхваляваная кроў . Адразу зрабілася сумна . Калі ты адбіраеш жыццё ў іншага чалавека , хто б ты ні быў – Ахіл ці Геркулес – табе робіцца сумна , бо ты ў гэты момант востра разумееш , што некалі і з твайго цела адляціць у халодныя нябёсы душа . І ўсёроўна хто цябе заб”е – вораг ці старасць . Табе сумна . Бо што такое наша чалавечае жыццё , як не спрадвечны нязводны сум ?

- Нікому пра гэта ні слова , калі не хочаце каб гетман пасадзіў усіх нас на палю , - строга прамовіў Аляксандр Лісоўскі , - Яны загінулі , утапіліся ў балотах . Іх забілі валахі . І ўсё .

Раптам твар ягоны зрабіўся суровы і жорсткі . Лісоўскі стаў на калені , перахрысціўся , глуха сказаў ;

- Клянуся табе , наш Ойча нябесны – той , хто надумае зняважыць мяне або ўчыніць зло мне і справе , якой я служу і буду служыць , няхай адразу ж развітваецца са сваім бязглуэдым жыццём .

Усе прысутныя паглядзелі на Аляксандра Лісоўскага з нейкім трапятлівым страхам і асцярогаю . Было адчуванне , што ён здатны на ўчынкі , якія не па сіле звычайнаму чалавеку . Такое здараецца з дураслівымі дзяцьмі , калі раптам у пакой , дзе яны валтузяцца, крычаць , ставяць усё з ног на галаву , зазірне дарослы , трымаючы ў цвёрдай руцэ пякучую папружку . Шмат хто падумаў : “ Гэты не спыніцца ні перад чым “ . Але з ім было спакойна , з ім было надзейна , і за гэта яму даравалася ўсё . Нішто жывое не можа існаваць без важака – ні ваўкі , ні журавы і гусі , ні чалавек . Тут важаком-завадатарам быў Лісоўскі . Што ж , няхай кіруе , няхай вядзе ў бой , няхай загадвае , абы толькі пакінуў душу ў целе .

А ён яшчэ з малалецтва ўсвядоміў , што выжываюць у гэтым суровым свеце толькі адчайна-рашучыя , толькі жорсткія . Калі пасля найвялікшых пакутаў зусім маладою раптоўна памерла маці , мяккасардэчная шчырая малітоўніца , кінуў на калоду святое распяцце , схапіў сякерку , крыкнуў Богу :

- Навошта матульку маю забраў ?! Пасяку !

Не пасек . Апусціў вострую сякерку . Але ў душы да самага скону застаўся гэты жахлівы гарачы крык .

Лічыў шляхту , а , значыць , і сябе , патомнага шляхціца , абранай Богам вышэйшай кастай . На мяшчанаў і на хлопаў глядзеў , як на спартанскіх ілотаў . Яны павінны працаваць і слугаваць шляхце , бо ў свой час продкі іхнія з-за слабасці або з-за палахлівасці не здолелі абараніць сваю вольнасць . Яны – дзеці неразумнага Хама , што здзекліва засмяяўся , убачыўшы свайго бацьку Ноя , які моцна перапіў віна і голы лёг спаць каля намёту .

Шляхціц плоціць за вялікае права быць панам уласнай крывёю і ўласным жыццём . Прымаўка “ Або пан , або прапаў “ – абсалютна справядлівая . Калі на Княства і Карону пагрозліва ідзе татарын , або маскавіт , або немец , мяшчане з хлопамі хаваюцца ў сваіх хатках , як шэрыя вераб”і ў маленькіх гнёздах падчас з”яўлення ў небе каршуна . І трымцяць там , калоцяцца ад жаху . І толькі шляхціц адважна садзіцца на баявога каня , бярэ дзіду , шаблю ды пісталет і ляціць насустрач ворагу . І вельмі часта , вельмі часта на полі бою цалуе яго ў маладыя пунсовыя вусны пані Смерць .

Ніхто , на думку Аляксандра Лісоўскага , не можа абмежаваць залатую шляхецкую вольнасць . Вось чаму ён упарты перакананы вораг Маскоўшчыны , дзе ўся ўлада знаходзіцца ў руках цара , як павуціна ў ліпучых лапах шэрага павука . Там уладарыць адзін адзіны чалавек , а ўсе наўкол – нікчэмныя рабалепныя слугі . Пра гэта Лісоўскі прачытаў у кнізе нямецкага барона Сігізмунда Герберштэйна “ Запіскі аб маскавіцкіх справах “ . Барон-падарожнік усё бачыў на ўласныя вочы , бачыў усясільную пыху і прыніжаную ліслівасць , і пад ягоным пяром ляглі на папепру пранікнёныя словы :

“ Гэты народ знаходзіць большае задавальненне ў рабстве , чым у свабодзе “ .

Ледзь не сваім асабістым ворагам лічыў Лісоўскі ўжо памерлага маскоўскага цара Івана Жахлівага і ўвесь царскі “ кровопийственный род “ , як пісаў князь-уцякач Андрэй Курбскі . Звышжорсткая Лівонская вайна … Захоп і разбурэнне Полацку … Тысячы й тысячы нявінных ахвяраў … Народ , які давялі да жывёльнага стану … Пасаджаны на востразаточаную палю па загадзе самога Івана Жахлівага , стары сівабароды баярын курчыцца ад дзікага болю , памірае , і сабраўшы вакол гэтай палі ўсіх сваіх сямейнікаў , са шчырымі слязьмі сыноўняй удзячнасці дзякуе бацюхну-цару Івану Васільевічу за нечуваныя шчадроты і бацькоўскі клопат . Дзе , акрамя Масковіі , знойдзеш такое ?

Ад дзікага неабмежаванага дэспатызму ідзе і адчуванне сябе і сваёй дзяржавы цэнтрам усяго свету . Самыя найлепшыя , вядома ж , маскавіцкая вера і маскавіцкая мова . Маскавіцкія воі самыя моцныя і адважныя , а маскавіцкія жанчыны самыя прыгожыя і пладавітыя . Усё , што пахне не Масквой , сумніўнае і кепскае . Лічыцца за найвялікшае шчасце нарадзіцца маскавітам і , не шкадуючы ўласнага жыцця і жыцця сваёй сям “і , верна служыць цару . Спачатку ідзе цар , а ўжо потым Бог . Ды ці не бязрадаснае такое існаванне ?

Так думаў Аляксандр Язэп Лісоўскі , ведучы ў бой сваіх людзей , церпячы , як і ўсе , ад задухі і смагі , ад пякучага дыму , што выядаў вочы , ад валашскіх вастрадзюбых стрэл , якія густым няспынным роем ляцелі з усіх бакоў , шукалі і часта знаходзілі жывое чалавечае цела . А кола вайны пачынала раскручвацца ўсё хутчэй .

Так-сяк выбраліся на сухазем”е з гнілых чаратоў . Януш Патоцкі вырашыў не рызыкаваць і вывеў сваё войска ў стэп , дзе больш упэўнена адчувалі сябе кавалерыя і пяхота . Тут было дзе разгарнуцца вялікаму гуфу жаўнераў , якія прывыклі бачыць ворага твар у твар , вока ў вока , а не шукаць яго ў дзікарослай траве і хмызняках .

Адразу ж сутыкнуліся з коннай лаваю валахаў . У густых клубах сухога шэрага пылу яны імчалі з дзікім пранізлівым крыкам на паспалітчыкаў , палохалі . Іван Мастоўскі навастрыў вуха , сказаў :

- Ніякія гэта не валахі . Маскаль прэ .

- Адкуль тут узяцца маскалю ? – здзівіўся Лісоўскі .

- Зараз даведаемся . А што гэта маскалі , дык няма сумнення . Прыслухайся , пан Аляксандр – крычаць , і ўсё па матушцы , усё маць-перамаць .

Крыкуноў змусілі прыкусіць язык даволі хутка . Папласталі шаблямі , пакалолі дзідамі . Шасцёра ўзялі ў палон . Яны стаялі , збіўшыся ў купку , пераміналіся з нагі на нагу . Куды дзелася ваяўнічая пыха !

- Хто вы ? – грозна спытаў Лісоўскі , наязджаючы на палонных канём .

- Мы з Дону . Казакі атамана Вакулы , - прагучала ў адказ .

- Маскоўскі хлеб ясцё ?

- Ды цар-бацюхна Гадуноў прысылае і хлеб , і порах , - адказаў за ўсіх чарначубы сотнік з прамяністымі карымі вачыма . Ён з выгляду быў , бадай , самы адважны і не дужа каб разгублены .

- Але ж Вялікае Княства Маскоўскае не ваюе сёння з Рэччу Паспалітай . Чаму ж вы надумалі праліваць нашу кроў ? Ці вам не хапае татараў і туркаў ?

- Мы ваюем за ісцінна хрысціянскую праваслаўную веру супроць бязбожнай ляшскай , - смела вымавіў сотнік .

Лісоўскі з хмурасцю паглядзеў на яго , памаўчаў . Скрозь па стэпе енчылі параненыя , трывожна іржалі коні . Ужо хадзіла пахавальная каманда , падбіраючы забітых і зброю , ловячы асірацелых коней .

- У нас няма хлеба , каб карміць вас . І тым больш няма пораху , - жорсткім голасам сказаў нарэшце Лісоўскі , - Вы самі абралі свой шлях і канец свайго шляху . Вазьміце іх у шаблі , - павярнуўся ён да пахолкаў , - а гэтага , - кіўнуў на сотніка , - уздзець на палю .

Пахолкі імгненна выканалі загад . Данчакі нават не паспелі міргнуць вокам , як ужо ляжалі на выгаралай ад сонца жоўтай стэпавай траве . Бялелі твары . Шклянелі вочы .

Сотнік , прадчуваючы пакутлівую кару , пачаў прасіцца ў Лісоўскага . Голас ягоны ўсхвалявана дрыжаў , перасякаўся .

- Пан , - сказаў ён Аляксандру Язэпу , - захавай мне жыццё , і я адкрыю табе таямніцу , ды такую , што ты зробішся вельмі багатым чалавекам , будзеш піць і есці на золаце .

- Ці ў гэтым , казак , шчасце чалавечае ? – горка ўсміхнуўся Лісоўскі , - Але давай – гавары . Ды напачатку скажы імя тваё .

- Макар Бабок , - аблізнуў ссушэлыя вусны чарначубы сотнік , - Я хадзіў з атаманам Ярмаком Цімафеевічам за Каменны Пояс , у тайгу , лясы ды балоты . І там у самым вусці ракі Об мы адбілі ў мясцовых самаедаў Залатую Бабу – дваццаць пудоў чыстага чырвонага золата ! Яны , самаеды , пакланяліся гэтай Бабе . Мы змайстравалі плыт , пагрузілі яе на яго і хацелі везці ўніз па рацэ . Ды ўзняўся шалёны вецер , самаеды пачалі біць па нас з узбярэжнай тайгі касцянымі стрэламі . І ўсё-ткі нам пашанцавала . Неўзабаве сціх вецер . Адсталі самаеды са сваімі шаманамі , што грукалі ды грукалі ў бубны . Але нам не хапала сілаў , каб справіцца з цяжкім плытом . Шмат хто быў паранены . Навалілася цынга . І мы прыбіліся да лясістага берагу , адшукалі ў гэтым дзікалессі непрыкметную пячору , завалаклі ў яе Залатую Бабу , а ўваход замуравалі каменнем . Вырашылі – вернемся сюды ў першы ж зручны час . Ды час той не надыйшоў . Увязаўся наш атаман Ярмак у бясконцую вайну з татарамі , і ўсе , хто вёз і хаваў гэту Бабу , загінулі. А потым загінуў і сам Ярмак . Застаўся я адзін . Я , калі ты захочаш , магу паказаць тое месца дзе ляжыць Залатая Баба , і ты зробішся найбагацейшым чалавекам .

Сотнік змоўк , вычакальна пазіраў на Лісоўскага . Сотніку не хацелася паміраць .

- Салодкія песенькі спяваеш ты , казак , - сказаў Лісоўскі , - Залатая Баба і Залаты Дзед … Падчас бою лепей быць у жалезе , чым у золаце . Мне і табе патрэбна не гэта . Нам патрэбна баба жывая і гарачая , каб у ложку побач ляжала , каб сыноў і дочак раджала . Але я не буду забіваць цябе . І так шмат ужо сёння смерцяў . Жыві . Толькі пры адной умове – мы пакінем табе твайго каня і тваю шаблю , а ты будзеш ваяваць за Рэч Паспалітую і за Вялікае Княства Літоўскае . У нас тут таксама ёсць праваслаўныя . Згодзен ?

Пачуўшы такое , Макар Бабок пабялеў . Кроў адхлынула ад смуглых шчокаў . Па шыі пабеглі жалвакі .

- Згодзен ? – сурова перапытаў Аляксандр Лісоўскі , павольна выцягваючы з похваў сваю страшную шаблю .

- Згодзен , - пакорліва хітнуў галавою сотнік .

- Ну то й добра , казак . Будзеш жыць . І шабля твая не заржавее . А Хрыстос усюды адзін – і на Доне , і на Вісле , і на Ушы , і на Віліі .

Імкліва ляцелі дні і месяцы . Накаціўся 1600 рок . У Рыме спалілі Джарджана Бруна . Януш Патоцкі ваяваў з валахамі , ваяваў усё больш паспяхова . Халаднаватым восеньскім днём Аляксандр Лісоўскі , спыніўшыся са сваімі людзьмі каля невялічкага гайка , што аж гарэў жоўтай трапятлівай лістотаю , задумліва сказаў :

- Упадзе некалі й маё жыццё , як гэты жоўты лісток , ціха і напрыкметна .

Ды дрэва ягонага жыцця яшчэ ярасна квітнела , і да восені было далёка . Самыя гераічныя і самыя дзёрзкія справы яшчэ наперадзе .

Падчас чарговага бою з валахамі , калі з вялікай напругаю праціўніка адкінулі за плоскі травяністы курган , адтуль , з-за кургану , зноў вырвалася купка вершнікаў , галопам паімчала проста на шыхты паспалітчыкаў . Білі цвёрдую звонкую зямлю капыты . Свістаў пругкі калючы вецер .

- Ну й ну , - здзівіўся Лісоўскі разам з усімі , - Ім яшчэ мала прачуханцу . Хочуць яшчэ пагрызці гарачых арэшкаў .

Калі да сутычкі заставалася крокаў пяцьдзесят-семдзесят , вершнікі аднаімгненна рэзка перавярнулі свае дзіды , выставілі іх тупымі канцамі ўперад .

- Яны здаюцца ! – зразумеў манеўр , закрычаў Аляксандр Лісоўскі .

Вершнікі й сапраўды здаліся ў палон . Іх павялі да гетмана Патоцкага . А праз нейкі час прымчаўся гайдук-пасланец , сказаў Лісоўскаму :

- Вашамосць , вас кліча да сябе пан гетман .

Дзіўна было Аляксандру Язэпу . Януш Патоцкі , каранёвы паляк , паводзіў сябе з ліцвінамі даволі стрымана і суха . Незразумела чаго тут было болей - вялікапольскай пыхі , або звычайнай асцярожнасці . Адным словам , у гетманскім намёце за ўвесь час валашскай кампаніі Лісоўскі віно не піў .

Гетман сустрэў яго ледзь не з абдымкамі . Пасадзіў побач з сабою на абцягнуты яркай шаўковай тканінаю паходны пуф , прыязна ўсміхаўся . Потым загадаў гайдуку :

- Няхай увойдзе той , хто хоча адкрыць таямніцу .

У намёт хуткім крокам увайшоў высокі хударлявы чалавек з рашучым тварам і пранізлівымі вачамі , якія аж свяціліся ў паўзмроку , быццам бліскучыя прамяністыя каменьчыкі . На ім быў цёмны дарожны плашч , доўгія скураныя боты засыпаныя шэрым дарожным пылам і цёмна-вішнёвая круглая шапачка . Ён стрымана з адчуваннем уласнай годнасці пакланіўся Патоцкаму і Лісоўскаму .

- Ты можаш гаварыць , - сказаў яму гетман .

Незнаёмец яшчэ раз схіліў у паклоне галаву , загаварыў . Голас быў рэзкі і ўладны .

- Я – пасланец ад генерала Ордэна езуітаў Клаўдзіё Аквівы . Наша “ Таварыства Езуса “ праз вас , яснавяльможныя панове , хоча паведаміць ардынату нясвіжскаму князю Мікалаю Крыштофу Радзівілу , што ягонага старэйшага сына Яна Юрыя , які навучаўся ў Аўгсбургу ў езуіцкім калегіуме , тры тыдні таму ўкралі невядомыя людзі . Яны хаваюць яго ў невядомым месцы і патрабуюць велізарнейшы выкуп . А яшчэ яны патрабуюць , каб Рэч Паспалітая неадкладна вывела сваё войска з Валахіі . Мяркуючы па-ўсім , дзейнічае агентура турэцкага султана . Генерал Ордэна Клаўдзіё Аквіва загадаў мне тэрмінова імчацца ў Нясвіж , каб паведаміць князю аб няшчасным здарэнні і ўручыць яму запячатаны сургучом пакет , у якім даюцца падрабязныя рэкамендацыі аб паводзінах у такой трагічнай для сямейства Радзівілаў сітуацыі . Наша “ Таварыства Езуса “ вельмі і вельмі цэніць гэты знакаміты старадаўні род , як цэніць і тое , што Рэч Паспалітая з каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам III Вазай шырока расчыніла на сваіх бязмежных абшарах дзверы Ордэну і ягоным верным слугам . Выконваючы загад генерала , я адразу ж паехаў на ўсход праз Венгрыю , ды быў схоплены туркамі на пераправе цераз Дунай . Каб не рассакрэціць таямніцу , адразу ж прыняў мусульманства і апынуўся тут , на лініі агню . Угаварыўшы некаторых валахаў , перакінуўся да вас . Vivere est militare-Жыць – значыць змагацца .

- Дзе пакет ? – счакаўшы пакуль езуіт змоўкне , спытаў Януш Патоцкі .

Езуіт расхінуў плашч , рпсшпіліў чырвоную нацельную кашулю , і на ягоных зарослых рыжаватым воласам грудзях Патоцкі з Лісоўскім убачылі тонкі скураны мяшэчак .

- Вось , - сказаў ён , лэпнуўшы рукой па мяшэчку , - Але я павінен уручыць яго толькі самому Мікалаю Крыштофу Радзівілу . Толькі яму .

Пры такіх словах Януш Патоцкі зморшчыўся , нібы ад нечаканага зубнога болю . Пэўна , вельмі хацелася прачытаць напісанае . Ды перамагла шляхетнасць , і ён , суха кашлянуўшы ў абветраны кулак , сказаў :

- Няхай пан не хвалюецца – нас не цікавяць чужыя таямніцы . Мы не навучаны парушаць сакрэтнасць прыватнай перапіскі .

Потым ён павярнуўся да Аляксандра Лісоўскага :

- Папрашу вас , васпане , разам з вашымі людзьмі быць эскортам пасланцу Ордэна , суправаждаць і ахоўваць яго да самага Нясвіжу . Вы ўраджэнцы Княства . Вам і толькі вам патрэбна тэраз убяспечыць пасланца , зберагчы яго ад небяспекі .

Так зусім нечакана для сябе Аляксандр Язэп Лісоўскі вымушаны быў пакінуць баявыя пазіцыі . Узрадавала яго гэта ці не , цяжка адказаць адназначна . Толькі адчуў смак сапраўднай вайны , аб якой заўсёды сумавала душа , як трэба кіраваць каня ў супроцьлеглы бок . Ды загад ёсць загад .

Хуткім маршам накіраваліся на поўнач . Усярэдзіне кавалькады , як каштоўнейшае ядро арэха ў цвёрдай шкарлупіне , езуіт з таямнічым пакетам . Побач з ім сам Лісоўскі і запалонены чарначубы данчак Макар Бабок . У вачах у сотніка нязгасна тлеў сум , быццам халодны першавосеньскі лядок . Якімі неспадзяванымі пакручастымі шляхамі водзіш ты зямных дзяцей сваіх , Божа !

Ужо калі ўшчэнт змораныя пад”ехалі надвячоркам да каменных курцінаў і бастыёнаў Нясвіжскага замку , прагрукацелі па перакінутым цераз глыбозны роў шырокім дубовым мосце і апынуліся ўрэшце рэшт у велічнай сталіцы Радзівілаў , амаль першы ж

сустрэчны , што ішоў па замкавай плошчы , кінуўся раптам да езуіта , схапіў яго за стрэмя , здзіўлена-радасна закрычаў :

  • Якубе , кадук цябе бяры ! Ці ты гэта ?!

 

Колькасць прачытаўшых: 455
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007