IX
Такія словы вырваліся з грудзей у Лявонція Кукарэцкага , васемнаццацігадовага послуха Нясвіжскай езуіцкай калегіі , цёмнавалосага бледнатварага юнака з сумнымі надзвычай сінімі , як васількі , вачыма . Ён быў апрануты ў грубы чорны плашч з капюшонам . Плашч падперазваўся вітым чырвоным шнуром . На нагах у послуха , калі ён ішоў , звонка ляскаталі драўляныя чаравікі-саба . Пад пахаю Лявонцій трымаў багаслоўскую кніжку , якую напісаў стваральнік Ордэна езуітаў першы ягоны генерал іспанскі шляхціц з горнай лясістай правінцыі баскаў Іньіга Лопес , ён жа Ігнацій Лаёла . Лаёлай ( у гонар замка , у якім пабачыў свет ) ён пачаў называць сябе ўжо дарослым чалавекам . Гэты Лопес быў трынаццатым дзіцем у шматдзетнай беднай сям”і . Маці ягоная , Марына Сонэ , беручы прыклад з Багародзіцы , нарадзіла сына ў хляве і затым паклала ў яслі .
У адрозненне ад хроснага бацькі езуітаў Лявонцій Кукарэцкі быў адзіным сынам у сваіх бацькоў , багатай нясвіжскай шляхты . Праўда , меліся яшчэ тры сястры , але жанчыны ёсць жанчыны , і не ім працягваць гісторыю роду , славіць яго . Якім чынам адзін-адзіны нашчадак апынуўся ў езуіцкай калегіі мы даведаемся крыху пазней .
Уражлівы Лявонцій ведаў жыццяпіс Ігнація Лаёлы , свайго куміра , амаль назубок . Ведаў , што хлопчык-гідальга нарадзіўся ў 1491 годзе . Напачатку быў такі , як усе . Высакарослы , статны , спрытны , знаходлівы балбатун , вялікі аматар жанчынаў , віна і вайсковай славы . Любімай кніжкай юнага Лаёлы стаўся славуты рыцарскі раман партугальскага пісьменніка Васка дэ Лавейра “ Амадыс Гальскі “ . Ап”янеўшы ад прачытанага , ён абраў сабе даму сэрца , прыгожую маладзенькую фрэйліну , і запісаўся ў іспанскае войска , што пачало вайну з Францыяй за Наварру . Падчас гэтай кампаніі Лаёлу прызначылі камендантам цытадэлі Памплона , якую штурмаваў французкі генерал Фуа-Леспар . На аднаго іспанца ішло аж дзесяць французаў . Ды ваяўнічага цвёрдага , як крэмень , баска такі паварот падзеяў ні кропелькі не бянтэжыў . Ён не баяўся смерці , бо верыў у вечнае жыццё душы . Ён баяўся бясслаўя . Фуа-Леспар некалькі разоў прапаноўваў ганаровую капітуляцыю . Але аматар рыцарскіх раманаў вырашыў стаяць са сваімі жаўнерамі да канца . У час апошняга жорсткага наступу , калі французы ўзарвалі сцяну , Лаёла са жменькаю сваіх людзей , з мячом у руках адважна секся ў праломе . Цяжкім абломкам сцяны яму перабіла левую нагу . Затым куля ўпілася ў правую нагу . Лаёла страціў прытомнасць і трапіў у палон . Французы , уражаныя такім геройствам , перавязалі яму раны , адпусцілі дадому . Левая нага дрэнна зрасталася , і лекары зноў пачалі ламаць яе . Вышэй калена вытыркалася нейкая костачка . Лаёла настояў , хоць лекары не згаджаліся , алпілаваць яе . Адна нага зрабілася карацейшаю , і яе выцягвалі спецыяльнай жалезнай машынай . Ён сцярпеў столькі нечуваных пакутаў , якіх хапіла б на дзесятак чалавек . З вайсковай кар”ераю ўсё было скончана . Іспаніі непатрэбны былі калекі . Лаёла сеў на мула і паехаў у кляштар Монт-Серрат , каб пакланіцца цудатворнаму абразу Богамацеры . З гэтага дня ён аб”явіў сябе рыцарам Прасвятой Дзевы Марыі . У начышчаных да бляску вайсковых даспехах , у поўным узбраенні цэлую ноч непарушна стаяў Ігнацій на варце цудатворнага абраза , а раніцою павесіў сваю шпагу на адну з калонак святой капліцы , раздаў вайсковую амуніцыю жабракам , апрануўся ў лахманы і знік . Ранейшага Лаёлы больш не было . Нарадзіўся новы Лаёла , які на скалістым беразе ракі Лабрагат , што ўліваецца ў Міжземнае мора , праз густое калючае кустоўе прапоўз прадзёрся ў непрыступную нябачную старонняму воку пячору і замураваўся ў ёй . Там ён выпрабоўваў сябе дзікім голадам і знясільваючай грубай працай , змагаўся з шатанам і спасцігаў Хрыста . І пісаў кнігу , якую назваў “ Духоўныя практыкаванні “ . З гэтага часу ягонай цытадэллю Памплонай зрабілася каталіцкая царква , якую ён , Ігнацій Лаёла , павінен быць па найвышэйшым загадзе , што пачуўся яму з неба , абараняць ад усіх адступнікаў , ад мярзотных лютэранаў і кальвіністаў , ад дужа разумных і дужа дурных , ад пыхліва-ганарлівых і абыякавых . Так нарадзіўся першы езуіт .
Перад тым , як распачаць духоўнае будаўніцтва Ордэна езуітаў , Лаёла вырашыў наведаць Святую Зямлю . Праз усю Італію , дзе бязлітасна бушавала чума , давандраваў да Венецыі . Схуднелы , абарваны , з мёртва-белым тварам , з фасфарычным бляскам у вачах , ён сам быў , як веснік чумы , і напалоханыя людзі запіралі перад ім дзверы , праганялі , не давалі ні вады , ні хлеба . У Венецыі знаёмы іспанец уладкаваў Ігнація на галеру , што кіравалася да вострава Кіпр , а затым у Сірыю . Тут вяла рэй шумлівая заўсёды п”яная каманда матросаў . Лаёла адразу ж пачаў вучыць іх ісціннай веры . Матросы дзень-два слухалі дзіўнаватага пасажыра , але потым ім абрыдлі ягоныя заўсёды правільныя словы , і яны змовіліся пры першай жа магчымасці выкінуць фанатычнага мараліста за борт . Выратаваў Ігнація суровы шторм , што раптоўна ўздыбіў усё Міжземнае мора . Трэба было ратаваць галеру і свае жыцці , і ў матросаў не дайшлі рукі да няўтомнага гаваруна .
4 верасня 1523 года Ігнацій Лаёла з натоўпам багамольцаў ступіў на зямлю Ерузалема , упаў на калені і горача пацалаваў яе . Тут ён зноў пачаў свае казані , рынуўся , як галавою ў вір , у дыспуты , ды аказалася , што тэмпераментны іспанец не ведае латыні . А які ты багаслоў без святой латыні ?
Давялося сашчаміць зубы , праглынуць горкі камяк знявагаў і крыўдаў , вярнуцца ў Барселону і ў 33-гадовым узросце (!) сесці за школьную парту поруч з малалетнімі дзяцьмі вучыць латынь . Ён прайшоў і праз гэта выпрабаванне . Ён , горны басконец , лічыў сябе іспанцам , а пра ўпартых сыноў гэтага народу суседзі кажуць так : “ Калі іспанцу трэба ўвабіць у сцяну цвік , а малатка пад рукою няма , то іспанец заменіць яго ўласнай галавой і ўсё-ткі ўваб”е цвік у сцяну “ .
У Барселоне ў Лаёлы з”явіліся першыя вучні , першыя прыхільнікі : тры каталонцы – Арціага , Каліс і Кацерас і француз Жэган . З гэтай тройцай ён пачаў заваёўваць хрысціянскі свет . І заваяваў ! І дапамагла яму тая суровая эпоха , у якую ён жыў . Як раз перад гэтым Марцін Лютэр нанёс страшны ўдар па ўладзе рымскага Папы , паказаўшы , што можна быць добрым старанным хрысціянінам і не прызнаваць Папу абсалютным валадаром над чалавечай душой і сумленнем . У зямнога намесніка Езуса Хрыстуса вырвалі з рук Англію , Швейцарыю , Франконію , Гесэн , Брандэнбург , Данію , Швецыю з Нарвегіяй . Пратэстанцкая лавіна , усё павялічваючыся і разбухаючы , дасягнула берагоў Рэйна , уварвалася ў П”емонт і Савою , накрыла сабой Францыю , дакацілася нарэшце да Рэчы Паспалітай , да Варшавы і Вільні , да Нясвіжу , дзе гаспадарнічалі князі Радзівілы і дзе ў сваім небагатым маёнтачку бедна-багата жыў шляхціц Міхал Кукарэцкі са сваёй жонкаю , сынам Лявонціем і трымя дочкамі . Неабходна было спыніць гэтую лавіну , гэтую баламутню . Вось так з”явіўся Лаёла са сваімі езуітамі , так па ўсім свеце , у тым ліку , і ў Нясвіжы адчыніліся езуіцкія школы . Так Лявонцій Кукарэцкі зрабіўся послухам Нясвіжскай езуіцкай калегіі .
Трэба зазначыць , што Лявонцій быў натураю вельмі тонкай і шмат у чым непадобнай на сваіх равеснікаў . Размаітыя ўражанні маленства , калі ён жыў пазнаваў свет між лясоў і лугоў , пад яркім зорным небам , пад снегам , дажджом і бліскавіцамі зрабілі душу ягоную трапятлівай і рухомай . Як матылёк на вясновай кветцы , як полымя ў абдымках неспакойнага ветру , была душа ягоная .
Ды лёс шляхецкага сына рыхтаваў яму прадвызначаную дарогу – шабля , дзіда , конь , адным словам , вайсковая служба . І ён пагаджаўся з такой будучыняй , цікавіўся жыццём і подзвігамі славутых ваяроў Вялікага Княства Літоўскага . Набыў і захоплена чытаў “Дзесяцігадовую Аповесць пра ваенныя справы пана Крыштофа Радзівіла “ , якую напісаў і выдрукаваў у Вільні Андрэй Рымша . Разам з паэтам нібы размаўляў з Мікалаем Крыштофам Радзівілам , падчашым літоўскім , гетманам польным і гетманам вялікім літоўскім , кашталянам троцкім і падканцлерам літоўскім , ваяводам віленскім , якога народ назваў Перуном . Глыбока западалі ў хлапчукова сэрца , як зярняты ў вясновую ўзараную глебу , малюнкі гераічнай баталіі :
Зноў Масква прэ навалай , зноў вайною страшыць ,
Хоча ўзяць сабе Інфлянты , кажа : землі – нашы .
Тут жа войска ў Інфлянты рушыў князь маскоўскі ,
Пекны полк быў , што праўда , толькі не байцоўскі ,
Бо пан Крыштаф насустрач выслаў сотню коней ,
Гуф не дужа каб вялікі – прэч Маскву пагоніць .
Нейкіх дзвесце жаўнераў – вось атрад ягоны .
Перад ім не ўстаялі маскалёў загоны .
Так хацелася быць побач з тымі жаўнерамі , імчацца на баявым кані , высока ўзвіваць вострую шаблю , перамагаць , а калі загадаюць Бог і гетман , дык і загінуць за Айчыну . Што можа быць лепей гэткай смерці ? І зноў прагавіта беглі вочы па старонках незвычайнай хвалюючай кнігі :
А маскаль , як агледзеў , што ўжо мае госця ,
Прэцца моцнай навалай , поўны лютай злосці ;
Як убачыў , што маем мы няшмат жаўнераў –
Рвецца ў бой супраць нашых злосна й агалцела .
Вораг стаў тут сцяною , нашых – жменя будзе .
Ды адвагу ў іх гетман палкім словам будзіць :
“ Вам не першы раз , воі , з гэтым смердам біцца .
Прысмірыць яго пыху ці з вас хто збаіцца ?
І не бойцеся зараз , што яны ў засадзе .
Вось убачыце – будуць хутка ў заняпадзе “ .
Тут падняўся Агінскі , і Рагоза потым –
Смела глушаць маскалёў , кожны з собскай ротай .
Колюць дзідамі – і вораг кінуўся на ўцёкі ,
Ды стральцоў нашых рота рушыць спешным крокам ,
Страшны залп выпускае з гакаўніц і ружжаў …
Ах , як муліць быць там , у дыме і громе , у агні ! Чаму , Божа , ты выпраўляеш людзей на белы свет не ў тыя рокі і не ў тыя дні , як ім хацелася б ? Чаму забіраеш іхняе жыццё ў ціхім сямейным ложку , а не на віхурыстым полі бітвы ?
Пад мацнейшым уражаннем ад пісанняў Андрэя Рымшы , Андрэя Волана , Міколы з Гусава юны Лявонцій Кукарэцкі паціху й сам пачаў нешта прыдумваць і патаемна ад усіх занатоўваць у тоненькі сшытачак . Не ведаў , што з гэтага будзе , што атрымаецца , але душа патрабавала , душа ўсхвалявана прачыналася ў маладым целе , усплёсквала-біла пругкім гарачым крыллем , як вясновая галасістая птушка . Было адчуванне , асабліва на стыку явы і сна , вольнага палёту .
Ды лёс чалавечы ходзіць вельмі пакручастымі дарогамі . Зусім неспадзявана сталася так , што Лявонцій апынуўся за тоўстымі сценамі Нясвіжскй езуіцкай калегіі , дзе ўсё жыло і дыхала нязломнай жалезнай апантанасцю Ігнація Лаёлы . Пан Леў Кукарэцкі , бацька Лявонція , трапіў у татарскі палон . Ездзіў ён па справах князёў Вішнявецкіх у чарназёмныя стэпы , якія пасля Люблінскай вуніі адыйшлі да Кароны . Там і заарканілі яго крымчакі і пагналі ў натоўпе ясыру ў Бахчысарай . Звычайна , за шляхотных палоннікаў яны патрабуюць выкуп і , атрымаўшы грошы , адпускаюць небаракаў дадому . Хто ж бедны і голы , не мае пенязяў , не мае багатых заступнікаў , вымушаны сем доўгіх гадоў гібець у няволі . Потым яго ( калі дажыве ! ) таксама выпускаюць . Такая завядзёнка ў стэпавых драпежнікаў .
Маці Лявонція пані Макрына , калі да яе праз людзей дакацілася горкая навіна пра мужаў лёс , злёгку пашкодзілася розумам , залемантавала :
- Мой найкаханейшы душой і сэрцам Леўчык дабрадзею ! Як без цябе жыць буду ? Дзеткі малыя . Пазыкі вялікія . Хто без цябе , ясны пане , накіруе мяне на шлях ісцінны ?
Агаломшаная нечаканым горам жанчына не ведала што рабіць , як вызваляць мужа з татарскага палону . Бурыўся звычны трывалы свет , у якім яна жыла да гэтага часу . Кінулася з паклонам да князя Радзівіла , напісала слёзны ліст каралю і вялікаму князю Жыгімонту . Тыя абяцалі даць грошы на выкуп , ды на гэтым справа й скончылася . Мала было мець грошы . Трэба было ведаць каму іх аддаць . А ў Крымскім ханстве пачалася чарговая замятня – люта перасварыліся за ўладу Гірэевы дзеці . Ручаямі палілася кроў . Брат кастрыраваў брата , сек галаву . Бахчысараю было не да ліцвінскага ясыру .
І тады Макрына Кукарэцкая ўсе думкі свае звярнула да Пана Бога . Дзень і ноч малілася , запальвала свечкі , стаяла на каленях у Нясвіжскім фарным касцёле . Побач з ёю страсна маліліся дзеці , сын Лявонцій і тры дачкі .
Хтосьці параіў пані Макрыне ( магчыма , гэта былі людзі з езуіцкай калегіі ) здаць сына ў навучанне да езуітаў . І тады Бог убачыць і ацэніць такую велегласную справу , і пан Леў вернецца дадому з Крымшчыны жывы і здаровы . Так апынуўся Лявонцій у калегіі .
Як ноч розніцца ад светлага дня , так і гэта новае жыццё рознілася ад таго , якім яшчэ зусім нядаўна жыў летуценны шляхецкі сынок . Быццам яго кінулі ў ледзяную палонку . Быццам завезлі з чыстага зялёнага поля ў цёмную непралазную пушчу , у самшэлыя карчы і бураломы .
Ігнацій Лаёла , які самаруч напісаў статут езуітаў , падзяліў ордэн на шэсць класаў : послухі , вучні , свецкія кандыдыты , духоўныя кандыдаты , спавядальнікі трох
абяцанняў , спавядальнікі чатырох абяцанняў . Гэтыя класы не адгароджаны адзін ад аднога глухімі сценамі – калі ты чалавек настойлівы і здольны , ты можаш перайсці ў вышэйшы клас . Ты нават можаш , намёртва сцяўшы душу і зубы , дабрацца , урэшце рэшт , да шостага класа , зрабіцца спавядальнікам чатырох абяцанняў . На гэтай вышыні цябе чакае абсалютны давер генерала . Ты робішся сапраўдным езуітам , у тваіх руках знаходзіцца лёс ордэну , ты ведаеш усе ягоныя таямніцы . Але набыць такое права вельмі й вельмі цяжка . Таму невыпадкова , што ў часы найвышэйшага росквіту ордэну мелася ўсяго пяцьдзесят чалавек ( на ўвесь зямны шар ! ) спавядальнікаў чатырох абяцанняў .
Зазначым , што юны Лявонцій Кукарэцкі ні слухам , ні почутам ніколі не гарнуўся да такога жыцця , не ведаў пра яго , а патрапіў у езуіцкую калегію толькі збегам нешчаслівых абставінаў – аддаючы сына ў рукі людзей Лаёлы , ахвяруючы ім , маці хацела выбавіць мужа з лютай татарскай няволі . Тым больш , дзверы для выхаду з ордэну былі заўсёды расчыненыя . Не спадабалася , не па плячу суровая езуіцкая ношка – можаш вярнуцца да свайго ранейшага стану . Толькі спавядальнікам чатырох абяцанняў канчаткова і беспаваротна адрэзаны ўсе шляхі назад .
Навучанне Лявонцій пачаў послухам . З гэтага часу ўсё жыццё ягонае падпарадкоўвалася кодэксу , які складаўся з трыццаць адной ( ! ) інструкцыі . Ён павінен быў заўсёды і ўсюды быць сціплым , і , як агалошвала інструкцыя нумар трыццаць адзін , не меў права апраўдвацца і паказваць нават найменшае нездавальненне ні ў выпадку бязвіннасці , ні ў выпадку перабольшання праступкаў , ні ў выпадку відавочнай прадузятасці з боку абвінаваўцы .
Ён няспынна павінен быў адчуваць сябе грэшнікам . Інструкцыя нумар дванаццаць патрабавала , каб кожны послух увесь час правяраў сябе ў думках , словах і справах , усведамляў сутнасць сваіх грахоў і правіннасцей , параўноўваў вячэрняе выпрабаванне з ранішнім , сённяшняе з заўтрашнім , выпрабаванне апошняга тыдня з выпрабаваннем папярэдняга . Адшукаўшы ў самім сабе нават самы маленькі , самы нікчэмны грэх , патрэбна было неадкладна звяртацца да старэйшых са словамі пакаяння .
Послух быў абавязаны нічым не цешыцца і , па інструкцыі нумар трыццаць , на пакой , у якім жыве , павінен быў глядзець як на магілу , у якую ён дабраахвотна пахаваў сябе дзеля Хрыста .
Без дазволу патэра нельга было гаварыць з чужым чалавекам . А калі б і адбывалася такая гутарка , то толькі ў прысутнасці сведкі , які даносіў пра яе начальству . Гэта не вельмі прыгнечвала Лявонція , бо па натуры сваёй быў ён маўчуном , бязмоўна ўмеў размаўляць сам з сабою .
Лісты дадому дазвалялі пісаць толькі раз на месяц . Перад адпраўкаю іх абавязкова прачытваў патэр . Забаранялася хоць чым-небудзь , хоць адным-адзіным слоўкам упамінаць пра калегію .
Дзень быў размеркаваны да драбніцаў . Пасля сну кожны вучань асяняў сябе крыжам , цалаваў сваю сутану , прычашчаўся , маліўся ўголас самому сабе , пакорліва цалаваў зямлю , пакланяўся Богу , прыбіраў ложак , мыўся , прычэсваўся , чысціў шчоткаю адзенне . І пачыналася навучанне .
Вучылі лацінскую граматыку Альвара , і таму ўсюды і ўвесь час размаўлялі толькі на латыні . Вось гэта давалася Лявонцію Кукарэцкаму цяжка . Жыла ў ім прыродная ліцвінская мова , уладна , як вясновая трава , прарывалася з душы , патаемна пісаў ён на ёй свае вершыкі , і балюча было падрэзваць яе сталёвай касой лацініцы . Ды ён паступова прызвычаіўся існаваць як бы ў двух паралельных светах : адзін - знешні , для ўсіх , другі – глыбока ўнутраны , духоўны , для сябе і для сваіх думак . Так , у прынцыпе , жыло , жыве і жыць будзе вялікае мноства людзей на зямлі .
Этыку і фізіку вучылі па Арыстоцелю , багаслоўе і мараль – па Томасу Аквінейскаму . Карпелі над матэматыкай . Займаліся гімнастыкай на свежым паветры . Часта хадзілі на прагулкі . Даглядалі сваіх хворых . Будынак школы ззяў чысцінёй , бо парадак у ім трымалі ўласнымі рукамі .
Паступова гэтае жыццё ўсё болей завалодвала Лявонціем , пачало нават падабацца . І хоць ужываліся ў калегіі розгі , якімі лупцаваў час ад часу нядбаліц і гультаёў карэктар , старонні чалавек , чалавек не з езуітаў , настаўнікі пастаянна ўнушалі , што неабходна вучыцца , што чалавек адрозніваецца ад дзікай жывёліны сваёй вучонасцю і набожнасцю .
Хвалілі не тых , хто механічна зубрыў урок , а тых , хто браў сабе ў памочнікі логіку і розум . Асноўным стымулам і рухавіком у вучобе лічылася спаборніцтва . Нішто не магло быць больш ганаровым , чым з году ў год пераўзыходзіць у ведах сваіх равеснікаў . Такія вучні атрымлівалі ўзнагароды . Іх саджалі на ганаровыя месцы . Слабакоў жа і гультаёў пастаянна папікалі . Самых непапраўных чакала ганебнае пакаранне – на вачах усёй калегіі на іх адзявалі блазенскія каўпакі , навешвалі “ асліныя вушы “ .
Вось з такім “ аслінавухім “ , Якубам Луневічам , ціхім блакітнавокім хлапчуком , жыў нейкі час Лявонцій Кукарэцкі ў адным пакоі-“ магіле “ . Як ні стараўся , не давалася Якубу вучоба . Не , ён не быў гультаём . Вучыў зададзеныя ўрокі нават уначы , лежачы ў ложку , нячутна шавелячы , каб не разбудзіць суседа , губамі . У вачах ззяла нязгасная пакута . Калі ў чарговы раз прылюдна яму начапілі “ асліныя вушы “ , прыйшоў у пакой , прысланіўся ілбом да шэрай сцяны і заплакаў , закалаціўся ўсім худзенькім целам , зашаптаў :
- Завошта ? Чаму я такі ?
Лявонцій ( хоць строга забаранялася такое ) не вытрымаў , паклаў яму руку на плячук , сказаў :
- Не плач , Якуб . Бог трываў і нам загадаў . Усё яшчэ наладзіцца . Я ж бачу – ты вучыш . Маліся ж Пану Богу , каб у навучанні тваім быў плён . Я таксама за гэта буду маліцца . Ужо гэтай ноччу памалюся .
Блакітныя напоўненыя іскрыстымі слязьмі вочы Луневіча ўспыхнулі яркім святлом . Ён рэзка павярнуўся да Лявонція . Вусны дрыжалі .
- Дзякуй табе , браце мой , - усхвалявана выдыхнуў ён , - Дзякуй за тое , што заўважыў пакуту маю , адгукнуўся на яе . Век не забуду .
Шчырыя малітвы і ўпартая ( да знямогі ! ) вучоба дапамаглі – неўзабаве Якуба Луневіча перасадзілі на ганаровае месца . Далей болей – нібы запульсавала ў ім нейкая нябачная дагэтуль крынічка . Выбіўся ў найлепшыя вучні , зрабіўся ўлюбёнцам настаўнікаў . А затым і наогул знік з калегіі . Казалі , што павезлі яго ажно ў Рым , і пачаў ён службу духоўную ў свіце самога ордэнскага генерала Аквівы .
Лявонцій жа ішоў па сцежцы навучання без асаблівых узлётаў , трымаўся недзе ў сярэдзіне , на аднолькавай адлегласці і ад “ асліных вушэй “ , і ад лаўрэацкіх вянкоў . Ён зразумеў – не ягонае гэта . Не рвецца душа пад езуіцкае сонца . Жыў спадзяваннем , што вернецца з татарскага палону бацька і забярэ яго адсюль дадому . А пакуль што неабходна было паводзіць сябе вельмі й вельмі абачліва , асцярожна , не вытыркацца , не трапляцца лішні раз на вока настаўнікам і асабліва карэктару . Трэба было быць рахманым ягняткам шэрага статку .
Калі ж прыляцела ў Нясвіж вясна , калі заспявалі шпакі і зазвінелі званочкі жаўранкаў , калі зазелянелі лугі і лясы над Ушой , а высокае неба зрабілася бяздонна-блакітным , адчуў Лявонцій у душы няясную трывогу , нясцерпнае хваляванне . Быццам нехта клікаў яго ўдалеч пяшчотным незямным голасам , абяцаючы шчасце і найвышэйшую асалоду . Захацелася яму зрабіцца белым лёгкім воблакам і паплыць па бязмежным небе ў далёкія землі , у іншыя краіны , да прыгожых вясёлых людзей . І ў людзей тых былі мяккія жаночыя галасы і чароўныя жаночыя твары . Мужчына прачнуўся ў маладзенькім Лявонцію Кукарэцкім . І адразу ж няўтрымна ўзбунтавалася , затрапятала , налілася пругкай п”янкой сілай уся ягоная гарачая мужчынская плоць .
Як можна ў такія імгненні жыць без сяброўкі , без падатных салодкіх жаночых вуснаў , без наймякчэйшых шаўкавістых валасоў , што звабліва пахнуць срэбным вясновым дажджом і залатым сонцам ? Як можна самотна існаваць на цёплай вясновай зямлі , дзе ўсё квітнее і дыхае на поўныя грудзі , будуе гнёзды і высцілае бязважкім чыстым пухам норы , каб напоўніцу аддацца каханню і запаліць таямнічы агеньчык новага жыцця ?
Лявонцій уважліва прыглядваўся да таварышаў па вучэльні і разумеў , што большасць з іх хвалююць такія ж самыя думкі . Такі ж самы бляск з”явіўся ў вачах і светлая задуменнасць . Нават галасы пачалі ўзбуджана дрыжаць і ламацца .
Дзеля ж чаго , думалася яму , гэткая пакута і такое цярпенне ? Усё дае плод : і дрэва , і звер , і марская рыбіна , і паднебная птушка . І чалавек дае плод . Чаму ж ён , Лявонцій Кукарэцкі , павінен пражыць усё сваё зямное жыццё , як пакрыты мохам халодны камень , як сухі корч ?
Некаторыя з вучняў пачалі патаемна займацца рукаблуддзем . Гэтак некалі кідаў на зямлю сваё гарачае дзетароднае семя Анон , няшчасны сын Ноя . І не хапала сілы перамагчы няўтрымны мярзотны пякуча-салодкі юр .
Неўтаймаваная энергія патрабавала выйсця . Падоўжылі малітвы . Узмацнілі фізічныя практыкаванні . Патэр падчас сваіх казаняў уздымаў рукі з крыжам да неба , страсна абвяшчаў :
- Там , дзе слёзы ўпадуць , дубы прарастуць !
Ясным маёвым вечарам , калі на сінім шкле неба пачалі запальвацца першыя зярняткі зорак , узброіліся камянямі і цяжкімі кіямі , пайшлі граміць адну з нясвіжскіх камяніцаў , дзе была пратэстанцкая малітоўня . Пратэстанты ( кальвінісцкія сабакі , як называлі іх айцы-езуіты ) якраз праводзілі там сваю імшу . Урачыста гучалі іхнія малітоўныя спевы .
Град камянёў паляцеў у вокны . Зазвінела разбітае шкло . Узвіўся страшны крык . Пратэстанты паспелі зачыніць знутры дзверы . Тады схапілі на суседнім двары ў рамесніка тоўстае бервяно , разгойдаўшы , ударылі ім па дзвярах , як таранам . З першага разу нічога не атрымалася . Пачалі біць яшчэ і яшчэ . Усё часцей , усё гняўлівей . Пачуўся жахлівы трэск .
- Кальвінісцкія сабакі , выбягайце на двор ! – лютым хорам крычалі настаўнікі і вучні езуіцкай калегіі . І Лявонцій Кукарэцкі , зрываючы голас , крычаў разам з усімі . У ім нібы пасяліўся злы крыважэрны шатан , з якім , як штодзённа настаўлялі ў калегіі , трэба жорстка змагацца , няспынна ваяваць . А шатан раптам узяў ды пасяліўся ў саменькай душы ў Лявонція і зларадна шаптаў , падзуджваў:
- Вось хто ўсіхны вораг – кальвіністы . Яны твае ворагі . Яны ворагі яснавяльможнага пана князя Мікалая Крыштофа Радзівіла . Іх трэба выдзіраць з Нясвіжу з коранем , як атрутнае пустазелле .
Урэшце рэшт , бервяно-таран прабіла праламала дзверы малітоўні . Езуіты тыцнуліся ў гэты пралом . Ды замест дзвярэй іх сустрэла непарушная сцяна пратэстантаў , якія гатовы
былі памерці , але не пусціць гвалтоўнікаў у свой святы дом . Тут былі мужчыны і жанчыны , старыя нямоглыя дзяды і зусім малады народ . Было некалькі немцаў-наёмнікаў з надворнага войска князя Радзівіла . У гэтых меліся шпагі , і яны адразу ж пусцілі іх у справу . Пралілася першая кроў .
- Агню ! – пакаціўся крык між езуітаў , - Дайце агню ! Выкурым іх агнём , як паршывых тхароў !
У некага ў руках засвяцілася ўспыхнула паходня . Яе кінулі на гонтавы дах малітоўні . Агонь пачаў павольна ўядацца ў вільготнае шэрае дрэва . Слуп дыму , напачатку тонкі , а затым усё таўсцейшы і спарнейшы , усвідроўваўся ў вішнёвае вечаровае неба .
Пратэстанты ўнутры малітоўні натхнёна-ахвярна заспявалі “ Багародзіцу “ :
Багародзіца , Дзева , радуйся …
Гэта ацверазіла шмат каго з наступоўцаў . Яны раптам зразумелі , што тыя , каго хочуць спаліць і знішчыць , не дзікія паганцы , не туркі і не татары , а таксама хрысціяне . І тут падаспелі пяцігорцы з каравульнай роты радзівілаўскага замку . Яны клінам урэзаліся ў раз”юшаны натоўп , распалавінілі яго і стварылі праход для пратэстантаў . Некаторыя ж , схапіўшы лесвіцы , палезлі збіваць агонь з даху .
Лявонцій Кукарэцкі , усё яшчэ сціскаючы ў руцэ цяжкі рубчасты камень , глядзеў , як з малітоўні выходзяць пратэстанты . Некаторыя перапалоханыя разгубленыя , але большасць не апускаюць вочы , смела і годна пазіраюць наўкол . Пячатка блізкай непазбежнай смерці яшчэ не сцёрлася з узбуджаных усхваляваных твараў і робіць іх надзіва прыгожымі .
І тут Лявонцій убачыў такое , што змусіла ўздрыгнуць , часцей забіцца сэрца . Ён убачыў між пратэстантаў дзвюх маладзенькіх вельмі прыгожых і абсалютна падобных адна на адну дзяўчатак . “ Блізняты “ , - адразу ж здагадаўся ён . Русавалосыя сінявокія з мілымі загарэлымі тварыкамі , яны ішлі , узяўшыся за рукі , і звонкімі срэбнымі галаскамі спявалі “ Багародзіцу “ . Ззаду анёлападобных дзяўчатак , паклаўшы кожнай з іх на плячук руку , нетаропка і ўпэўнена ступаў магутны кучарававалосы чалавек . На смуглым ягоным лобе ззяў пот , але ён не сціраў яго , і было ўражанне , што гэта , спусціўшыся з нябёсаў , свецяцца малюсенькія прамяністыя зорачкі .
Лявонцій выпусціў з рукі камень . Той стукнуў па назе . Але Лявонцій не адчуў болю . Ён адчуў толькі адно – з гэтага імгнення і назаўжды ён закаханы вось у гэтых чароўных анёлападобных дзяўчатак , закаханы , ахвярна салодка і беспаваротна , адразу ў дзвюх ! Нібы нахлынула на сэрца гарачая высокая хваля , і ўтапілася ў ёй сэрца . І не хочацца выплываць , вынырваць . Хочацца ляжаць на шаўкавістым пясчаным дне , адчуваць , як расчэсвае твае валасы клапатлівая мудрая вада , і глядзець , знізу ўверх , на гэтых незямных дзяўчатак . Не , яны не дзяўчаткі . Яны – залатыя рыбкі . Яны – нябесныя зоркі .
Невядома як доўга цягнулася такое ачмурэння . Вось дзяўчаткі параўняліся з Лявонціем . Вось зірнулі на яго , здзіўлена і ( як падалося яму ) таямніча .
- Альжбэта і Анэля , ідзіце спакойна , не спяшайцеся , - сказаў кучарававалосы магутны чалавек , не здымаючы свае рукі з пяшчотных плечукоў .
“ Альжбэта і Анэля , - выбухнула ў сэрцы ў Лявонція Кукарэцкага , - Альжбэта і Анэля ! Такія ў іх імёны “ .
Ён быў , як п”яны . Калацілася сэрца . Не слухаліся , рабіліся нібы чужымі рукі і ногі . І адразу ж сам сабою нарадзіўся верш :
Анёлаў крылы ў небе зазвінелі –
То галасы Альжбэты і Анэлі .
Упершыню ў жыцці яму хацелася глядзець і глядзець на прыгожае дзявочае цела , натольвацца ягонай таямнічай дасканаласцю і чысцінёй , быццам у лютую спёку піць з лугавой крынічкі бруістую прахалодную ваду . Хацелася аддаць гэтым нябесным стварэнням квет маладосці сваёй , увесь даастатку . Але як гэта зрабіць ? Як падступіцца да іх ? Яшчэ колькі імгненняў і яны растворацца ў натоўпе , знікнуць назаўсёды . І нічога не застанецца на ўспамін аб іх . Ні голасу , ні водгуку , ні зыку . І зноў пустое жыццё будзе наперадзе .
- Пан Даніловіч-Гоцкі ? Пан Антоне ? Чым я магу табе дапамагчы ? – прагучала раптам побач з Лявонціем Кукарэцкім .
Такія словы жвава выгукнуў тоўсценькі рухавы чалавечак апрануты ў белы гермак з влоскага сукна з шаўковымі шнурамі . Гермак быў падшыты футраю з чорнай куніцы . На галаве ў чалавечка была сіняя ярмолка , з-пад якой , кладучыся на скроні і патыліцу , выбіваліся кучаравыя сіваватыя пэйсы .
Даніловічам-Гоцкім аказаўся той , што ішоў следам за Альжбэтай і Анэляй , паклаўшы ім на плечы моцныя пукатыя , як чарпакі , рукі .
- Вітаю цябе , пан Самуіле , - весела сказаў ён чалавечку ў белым гермаку , - Ты мог бы мне дапамагчы , каб прынёс сюды са сваёй карчмы паўгарнца халоднага піва і міску гарачых рубцоў-флякаў . Але ж да тваёй карчмы далёка , а да радзівілаўскага двара , куды нас , пэўна , завядуць , блізка . Прасі , пан Самуіле , у свайго габрэйскага бога , каб дапамог мне і маім пляменніцам шчасліва выбавіцца на волю .
- Не хвалюйся , пан Антон , - пакрочыўшы поруч з Даніловічам-Гоцкім , натхнёна бліскаючы чорнымі вачамі , загаварыў Самуіл , - Сёння ў яснавяльможнага пана Радзівіла з раніцы лагодны настрой . Шчасліва разрадзілася , падаравала князю цудоўнага гнядога жарэбчыка ўлюбёная ягоная арабская кабылка Касіпея . Так што асаблівай лютасці да вас , пратэстантаў , у князя не будзе . Шведскі кароль Карл , пратэстант з пратэстантаў , падступае да Рыгі . Насустрая яму рушыў вялікі гетман Хадкевіч . Вось-вось скрыжуюць дзіды . На дапамогу гетману князь Мікалай Крыштоф Радзівіл тэрмінова шле з Нясвіжу вайсковы аддзел начале з Аляксандрам Лісоўскім , кажуць , героем вайны з валахамі . Ідзе запіс у воінства Лісоўскага . Ён , Лісоўскі , бярэ ўсіх , у тым ліку , і пратэстантаў .
- Усё ты ведаеш , пан Самуіл , - захоплена прыцмокнуў языком Даніловіч-Гоцкі .
- Такая ў нас , габрэяў-літвакоў , планіда , - трасянуў пейсамі Самуіл , - Мы павінны ўсё ведаць , усё бачыць і чуць . А твае кветачкі-пляменніцы ўсё харашэюць , - змяніў ён тэму гаворкі .
Альжбета з Анэляю , пачуўшы пахвалу з вуснаў карчміта , зірнулі адна на адну і засмяяліся . Гэты смех быў музыкаю для Лявонція Кукарэцкага . Ён , як і Самуіл , вырашыў не адставаць ад Даніловіча-Гоцкага і ягоных юных пляменніц і , па магчымасці , прасачыць дзе яны жывуць у Нясвіжы . Пра езуіцкую калегію не ўспамінаў . Пасля пагрому пратэстанцкай малітоўні , пасля цяжкіх камянёў , якія разам з усімі шпурляў у вокны , у душы выспела даволі нечаканае , але цвёрдае і канчатковае рашэнне – да езуітаў ён больш ні нагой . Тым больш , што дзверы на выйсце ніколі не былі зачыненыя . Наперадзе чакае дужа нялёгкая і няпростая размова з маці . Ды маці , верыў ён , урэшце рэшт , зразумее свайго сына . За вяртанне ж бацькі з крымскага палону можна маліцца і прасіць Пана Бога не толькі ў калегіі .
Усіх пратэстантаў ( чалавек пяцьдзесят-шэсцьдзесят ) пад аховаю ўзброеных пяцігорцаў завялі праз арку ва ўнутраны галоўны двор радзівілаўскага замку і з балкону чарнавусы шляхціц – князеў рэзідэнт абвясціў ім княжы вырак :
- З гэтага часу з усіх уладанняў яснавяльможнага пана Мікалая Крыштофа Радзівіла , з Нясвіжу , Ліпску , Шацку , Алыкі , Клецку , Свержані , Зэльвы , Міру , Дворышча , Чарнаўчыц , Белай , Хотава , Вострава , Грэску , Крожаў , Салтанаўшчыны , Затур”і , Гарадзеі , Мікалаеўшчыны , Пацеек , Шыдловецу і гэтак далей , і гэтак далей выдаляюцца без права вяртання прыхільнікі мярзотных бязбожных вучэнняў Лютэра і Кальвіна , як аслеплыя і аглухлыя ў сваёй упартай ерасі , як ворагі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага .
Наша верхнасць , узятая намі ад велегласных продкаў нашых , і ўся зямля нашая не могуць больш цярпець нечуваны глум і здзек над святой вераю Хрыстовай . І мы сурова і ўрачыста абвяшчаем : “ Ідзіце ад нас ! Ідзіце , куды пажадаеце . На захад , на ўсход , на поўнач , на поўдзень . Або ў сырую зямлю . Або за чорную навальнічную хмару .
Тут чарнавусы шляхціц-рэзідэнт адкашляўся ў кулак у белай пальчатцы , грозна зірнуў з балкону на прыціхлы натоўп пратэстантаў . Так пазірае зверху ўніз драпежны каршун на дробнае дворнае птаства – курэй і качак .
- А сынок не пайшоў бацькавай сцежкаю . Пэўна , варочаецца бацюхна ў сваёй залатой труне , - ціха як бы сам сабе сказаў Антон Даніловіч-Гоцкі . Мала хто яго пачуў , а хто й пачуў , дык не ўсе зразумелі . Але словы гэтыя зразумеў Лявонцій Кукарэцкі , што стаяў непадалёку побач з габрэем карчмітам Самуілам і прагна глядзеў на Альжбэту і Анэлю . Пра Мікалая Крыштофа Радзівіла і пра бацьку ягонага Мікалая Радзівіла Чорнага прамаўляў магутны кучарававалосы шляхціц . Радзівіл Чорны пры сваім жыцці зрабіў Берасце і Нясвіж цэнтрамі кальвінізму , адчыняў , дзе толькі мог , пратэстанцкія малітоўныя дамы і школы , і вось усё ішло прахам .
- Той жа з вас , хто пажадае вярнуцца ў матчына лона каталіцкай веры , можа спакойна заставацца ў Нясвіжы і ва ўсіх уладаннях дастаслаўнага князя Мікалая Крыштофа Радзівіла , атрымае поўнае дараванне , - казаў між тым з балкону шляхціц-рэзідэнт .
Шмат хто з пратэстантаў , глыбока ўздыхнуўшы , згадзіўся з такім паваротам свайго зямнога лёсу .
- Вяртайся ў матчына лона . Вяртайся ў матчына лона , - ярасна зашаптаў Самуіл Антону Даніловічу-Гоцкаму , - Бог адзін , і жыццё ў цябе і ў тваіх кветачак-пляменніц адно .
Даніловіч-Гоцкі здзіўлена пазіраў на яго , спытаў :
- А ты чаго так перажываеш , пан Самуіле ? Цябе ж і тваіх супляменнікаў не выганяюць .
- Люблю разумных і добрых людзей , - адразу знайшоў што адказаць карчміт , - Калі б
ты , прабач , быў яловым чурбаном , я б і пальцам не паварушыў . Люблю разумных і добрых людзей . Толькі з-за вялікай любові маёй раю табе такое .
Тым часам з высокага балкону паляцела ў варухлівы павесялелы натоўп яшчэ адна нечаканая навіна .
- Кожны з вас , хто зараз зрабіў свой канчатковы і абсалютна правільны выбар , можа гераічным учынкам даказаць вернасць нашаму касцёлу , - выгукнуў шляхціц-рэзідэнт , - Заўтра ў задзвінскія Інфлянты на вайну з бязбожным шведскім каралём-пратэстантам Карлам Дзевятым выпраўляецца вайсковы аддзел згуртаваны воляю і грашыма яснавяльможнага шляхетнага пана Мікалая Крыштофа Радзівіла . Там ужо знаходзіцца войска вялікага гетмана Яна Караля Хадкевіча . Мы пасылаем падмацаванне . Водцам гэтага вайсковага аддзелу князь Радзівіл прызначыў адважнага і вопытнага пана Аляксандра Язэпа Лісоўскага , які толькі што прыбыў з валахскага паходу . Усе , хто абачліва вярнуўся да святой каталіцкай веры , увечары адслужаць урачыстую імшу ў фарным касцёле , а затым кожны , хто жадае паслужЫць нашаму Панству , можа ісці да пана Лісоўскага .
- Да Лісоўскага не йдзі , - зашаптаў Самуіл , убачыўшы як успыхнулі вочы ў Даніловіча-Гоцкага .
- Вось тут ты трошкі памыляешся , пане дабрадзею , - гучна засмяяўся Антон Даніловіч-Гоцкі , рашуча трасянуўшы грываю густых кучаравых валасоў , - Сёння я раблю не адзін , а два крокі . Я са шчырай душою прымаю каталіцтва . І я іду да пана Аляксандра Язэпа Лісоўскага . Так што рыхтуй у сваёй карчме халоднае піва і гарачыя рубцы-флякі . Адзначым гэту падзею .
- Ай-ай-ай , - усхвалявана захітаў галавою Самуіл , - Такі разумны , такі зацны шляхціц , так , васпане , было добра мне , карчміту , працаваць з табою . Памятаеш , як мінулай зімою ты прывёз мне ад ляхаў праз мытню ў Бярэсці восем бочак селядцоў і ажно тысячу тлустых браўншвейцкіх трусоў . Хвалілі ўсе , хто заходзіў у карчму да Самуіла
Рабіновіча смажаную трусяціну . Ай-ай-ай , хто ж мне цяпер усю гэту смакату вазіць будзе ? Хоць чапляй Рабіновіч на шыю торбы ды йдзі жабраваць са сляпымі старцамі , спявай пад вокнамі ў людзей алілую .
- Не нагаворвай на сябе , пан Самуіл , - зарагатаў Даніловіч-Гоцкі , - Ты з любой пелькі выслізнеш сухі , а не мокры , з любога пажару выбежыш , і ні вугалька не ўпадзе на тваю галаву .
- Вось за гэта і пачастуюць мяне на тым свеце вугалькамі , - паныла прамовіў карчміт , але вочы былі вясёлыя , - Ды дарэмна , васпане , збіраешся на вайну ў Інфлянты , забыўшыся як слаўна мы з табой сябравалі .
- Не жыві ўчарашнім . Яно назаўсёды знікла і ніколі не вернецца . Жыві сённяшнім днём , бо заўтрашняга можа проста не быць , - глыбакадумна прамовіў Антон Даніловіч-Гоцкі . - Можа й твая праўда , васпане , - згадзіўся карчміт , - Сёння ўвечары заходзь са сваімі сябрамі ў карчму “ Сіняя падкова “ . Самуіл Рабіновіч будзе карміць усіх цудоўнымі галандскімі пеўнямі .
Ах , ты , певень-пявунок ,
Скокні ў жаркі чыгунок ! –
Заспяваў ён раптам і нават крутнуўся на левай пятцы .
Увесь гэты час Лявонцій Кукарэцкі , цёрся ў натоўпе непадалёк ад Даніловіча-Гоцкага і ягоных прыгожанькіх пляменніц . Пачуўшы , што шляхціц вырашыў з пратэстанта зрабіцца каталіком , узрадаваўся . Гэта нейкім чынам апраўдвала і ягоны намер сыйсці з езуіцкай калегіі . Калі такія людзі , як Даніловіч-Гоцкі , без сумневу перайначваюць свой лёс , то яму , Лявонцію , як кажуць , сам Бог дарогу асвятляе . Думаючы так , ён не адрываў гарачы позірк ад Альжбэты і Анэлі . Гэта , вядома , не засталося незаўважаным .
- Вунь той блакітнавокі з цёмнымі валосікамі хлопчык аж праколвае цябе вачыма , - шапнула Анэля Альжбеце .
- Ды ён на цябе глядзіць , як кот на смятану , - таксама шэптам адказала сястра .
Яны так і не паразумеліся на якую з іх закахана пазірае бледнатвары вельмі сімпатычны юнак , але два дзявочыя сэрцы , соладка абміраючы , усхвалявана б”ючыся , паплылі , нібы яркія вянкі па бязмежнай начной купальскай рацэ , у такую зваблівую і такую таямнічую невядомасць .
- Пэўна , ён – езуіцік з Нясвіжскай калегіі , - раптам здагадалася Альжбэта , - Усе яны носяць такія плашчы . І ўсе яны такія ціхмяныя . Бедненькі . Як мне хацелася б месячнай ноччу плыць разам з ім на чоўне па рацэ .
- А я хацела б сустрэцца з ім у радзівілаўскім парку каля фантана “ Ундзіна “ . І таксама ўначы , - летуценна прамовіла Анэля , - У яго павінны быць такія пяшчотныя вусны .
Яны былі маладзенькімі сёстрамі-блізняткамі і яны яшчэ не здагадваліся , што некалі кожнай з іх давядзецца шукаць сваё каханне паасобку , што патрэбна будзе , як гэта ні балюча , аддаліцца адна ад адной і пайсці па жыцці рознымі сцежкамі . Сёння пра такое яны нават і не думалі .
- Шкада , што ён вучыцца ў калегіі , - уздыхнула Альжбэта .
- Шкада , - згадзілася ейная сястра .
І яны пайшлі разам са сваім дзядзькам Антонам Даніловічам-Гоцкім дадому . А Лявонцій Кукарэцкі асцярожна пайшоў за гэтай тройцай следам . Ён яшчэ не ведаў , што яго чакае наперадзе . Ён проста ішоў , і сэрца спявала ў грудзях .
Колькасць прачытаўшых: 429 Колькасць вогдукаў: 0