Леанід Дайнека
Назаві сына Канстанцінам
Раман
Прысвячаю тым, хто ва ўсе стагоддзі змагаўся за Беларусь. Аўтар.
“Слава – сонца памерлых”. Напалеон.
Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год.
29 лістапада 2006 года Папа Рымскі Бенедыкт XVI сустрэўся з Патрыярхам Канстанцінопальскім і Усяленскім Варфаламеем І. Палітычныя аглядальнікі і шматлікія журналісты назвалі гэтую сустрэчу гістарычнай. Сустрэча адбылася ў шумлівым і шматфарбным турэцкім Істанбуле. Першасвятары, сухатвары энергічны Папа і больш мажны, больш стрыманы Патрыярх, наведалі цудоўнейшую Блакітную Мячэць і славутую Айя-Сафію, былы праваслаўны сабор. Яны, мячэць і царква, стаяць адна насупраць другой і, як і належыць жанчынам, спрачаюцца – хто прыгажэйшая, хто шчаслівейшая. Вечная жаночая гісторыя, хоць усім зразумела, што на сёння шчаслівейшая, вядома ж, мячэць. Яна поўніцца малітвамі, людскім дыханнем, яна жыве. Сафія ж – толькі музей.
Дзесьці, прыкладна, на тысячу сто гадоў Сафія старэй за мячэць. Кажуць, што яна ўбачылася візантыйскаму імператару Юстыніяну ўва сне. Імператар лічыў сябе вяшчальнікам праваслаўнай веры і таму, жорстка падавіўшы ў студзені 532 году мяцеж “Ніка”, падчас якога ў Канстанцінопалі згарэў першапачатковы гарадскі храм, адразу ж прывёў на руіны 100 архітэктараў, 100 тысяч рабочых і пачаў гіганцкую будоўлю. 27 снежня 537 году – дзень нараджэння Сафіі. Юстыніян глянуў на яе, малітоўна ўскінуў да неба рукі і ўсхвалявана ўсклікнуў:
– Слава Госпаду, які палічыў мяне вартым выканаць гэту вялікую працу! О, Саламон, я цябе перамог!
Над усім інтэр’ерам Сафіі дамінуе велізарны цэнтральны купал дыяметрам больш 30 метраў і вышынёй 50 метраў. Ён быў пакрыты мазаікай па залатым фоне з крыжам пасярэдзіне. Нажаль, амаль уся гэта святая прыгажосць назаўсёды страчана. Хто толькі ні здзекваўся над Сафіяй! Іканаборцы, паганцы, рыцары-крыжакі, што захапілі яе ў 1204 годзе (дарэчы, роўна праз 150 гадоў пасля падзелу хрысціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную) і тры дні вывозілі з яе абразЫ, залатыя і срэбныя кандэлябры, інкрустыраваныя каштоўнымі камянямі крыжы... Пэўна, Сафія выплакала тады ўсе свае слёзы, але...
29 мая 1453 году ў другой палове дня турэцкі султан Мехмед II Заваявальнік у поўным войскім узбраенні з’явіўся пад купалам Сафіі, і адразу ж тут, усхвалявана і страсна, загучаў голас муэдзіна, які славіў Алаха. Крыж замянілі на паўмесяц. Роўна праз век гэты паўмесяц быў пакрыты золатам пераплаўленым з 50000 залатых манетаў...
Як мы ўжо казалі, істанбульская Блакітная Мячэць шчаслівейшая за Сафію. Яшчэ б! Яна – дачка Перамогі. А такім дочкам дазволена ўсё. Падчас шматдзённага штурму Канстанцінопаля былі праліты рэкі крыві, але кроў маладых янычараў, якія з радаснай песняй ішлі на смерць, ішлі, як ідуць на свята ці на спатканне з каханай жанчынай, перамагла. Сталіца Візантыйскай імперыі рухнула. Агромністы горад, у якім жылі мільёны хрысціянаў, было безліч цэркваў, гучнагалоса бушаваў іпадром, памёр. Дакладней, ён захаваў сваю матэрыяльную абалонку (толькі цэрквы былі перароблены ў мячэці), але з горада пайшла Хрысціянская Душа. Такія звышрэзкія абломныя змены ў жыцці, у штодзённым існаванні старых самабытных гарадоў можна прасачыць хіба на прЫкладзе Кёнігсберга-Калінінграда.
Падчас візіту ў Істанбул Рымскага Папы ганчакі-журналісты аббегалі ўсе вуліцы, усе двары і завулкі ў пошуках тутэйшых праваслаўных хрысціянаў, якіх (успомнім) калісьці былі тут мільёны (!). Знайшлі ўрэшце-рэшт жменьку дзіўнаватых негаваркіх людзей. Аказваецца, іх усяго некалькі дзесяткаў (!) чалавек. Жанчына з цёмным каменным тварам выдыхнула ў мікрафон:
– Мы тут, як мерцвякі.
А побач грымеў зіхоткімі цудоўнымі аўтамабілямі, ззяў вітрынамі шчаслівы вечна юны дзесяцімільённы Істанбул. Што было яму да нейкага дзядулі Канстанцінопаля!
Папа з Патрыярхам аглядалі ў гэты час Блакітную Мячэць. Яе ўзвёў у 1616 годзе султан Ахмед I. Гэта быў вельмі набожны чалавек. У дзень асвячэння мячэці ён у знак надзвычайнай пакорлівасці адзеў галаўны ўбор у форме нагі Прарока.
Блакітная мячэць вылучаецца з мноства істанбульскіх мячэцяў тым, што толькі ёй адной дазволена мець ажно шэсць мінарэтаў. Тры велічныя парталы вядуць у двор вымашчаны цудоўнай прыгажосці мармурам. У цэнтры двара вабіць душу і вока шасцікутны фантан-шадырван абкружаны шасцю мармуровымі калонамі. Тут адбываюцца рэлігійныя абмыванні. Інтэр’ер мячэці – велізарная квадратная зала, у якую праз 260 вокнаў урываецца гарачае істанбульскае сонца і свежы марскі вецер. Вышыня купалу 43 метры. Ён трымаецца на чатырох круглых пілонах, дыяметр кожнага з якіх 5 метраў. За такую неймаверную таўшчыню пілоны ў народзе называюць “слановымі нагамі”. Імя ж Блакітная мячэць атрымала за дзівосны зеленавата-блакітны колер фаянсавых плітак, якімі пакрыты сцены і пілоны. Плітак тых (дакладна падлічана!) ажно 21043. Іх упрыгожваюць выявы цюльпанаў, ружаў, гваздзікоў, лілеяў... Вечны сонечны сад і луг!
Аб чым думалі Папа і Патрыярх, узіраючыся ў гэту асляпляльную прыгажосць? Два немаладыя ўжо чалавекі. Два хрысціяніны. У аднаго на галаве тыяра, у другога – мітра. Духоўныя бацькі народаў, пастаўленыя Богам на недасяжную вышыню. І наогул – ці можна зазірнуць у іхнія душы? Якое святло ззяе там? Яны ж калісьці былі малюсенькімі хлопчыкамі, Папа і Патрыярх, былі такімі ж ці амаль такімі, як усе мы. Чаму Бог абраў менавіта іх?
Яны стаялі ў цудоўнай мячэці, а зусім непадалёку кіпеў, грукатаў, лемантаваў мітынг:
– Папа, прэч з Істанбулу!
Паліцыя ледзь стрымлівала натоўп. Здавалася, вось-вось лопне нейкі нябачны ланцуг, пырснуць ва ўсе бакі ягоныя гарачыя звёны, і людскі гнеў вырвецца, як звер з клеткі .
Але Папа прыехаў з маслінавай галінкай міру, шукаў паразумення, прымірэння, згоды. І людзі астывалі, заціхалі...
А потым Бенедыкт XVI вышаў з Блакітнай мячэці і выпусціў з клеткі ў блакітнае істанбульскае неба іскрыста-белага голуба. Усе ўзнялі ўгору шчаслівыя твары, заўсміхаліся. І ніхто ці амаль ніхто не заўважыў, як з самай высокай вежы крэпасці-форта Румелі Хісары, што пагрозна ўзвышаецца на азіяцкім беразе Басфору (туркі называюць гэты бераг Анадолу), імкліва сарваўся, нізка-нізка паляцеў над успененай шэрасталёвай вадой праліву нейкі вельмі буйны дзіўны арол са страшным бляскам у пранізлівых вачах .
Колькасць прачытаўшых: 3002 Колькасць вогдукаў: 0