I
Ліпеньскай яркасонечнай раніцай 1452 году ў дзень святога Франчэскі Італійскага ў горадзе Фларэнцыя прайшоў вайсковы парад. Але перад усім сваё ашаламляльнае майстэрства паказалі жанглёры, эквілібрысты і фокуснікі. Па прыгожых шматлюдных вуліцах і плошчах, якія памяталі яшчэ часы таямнічага мудрага народу зтрускаў, пракацілася, прашумела, празіхацела рознакаляровая вясёлая шумнагалосая рака.
Яны глыталі агонь, імітавалі галасы жывёлін і птушыныя спевы, ігралі на ўсіх музычных інструментах, круцілі на двух нажах мячыкі, перакідваючы іх з аднога вастрыя на другое, скакалі праз чатыры колцы, бегалі і гушкаліся на вяроўцы, напятай між вяршынямі гарадскіх вежаў. Яны балансавалі крэсламі і прымушалі танцаваць сталы, стаялі і хадзілі на галаве, пускалі кроў кошкам, вялі дрэсіраваных малпаў, сабак і коз... Яны падраблялі людскую гаворку, ды так удала, што той, чый голас пачынаў гучаць у крыклівым вэрхале чалавечых галасоў, уражана хапаўся за галаву, доўга стаяў з вырачанымі вачыма...
А потым пад захопленыя крыкі і воплескі фларэнтыйцаў і асабліва фларэнтыек пайшло гарадское войска. У самай яго галаве ехалі 10 конных арбалетнікаў, за імі два коннікі, некалькі рабочых з сякерамі, барабаншчыкі і рота жаўнераў узброеных доўгімі пікамі лікам звыш 600. Камандзіры ішлі па тры ў шэраг. Другі атрад складалі 200 аркебузераў і 200 алебардыстаў, за якімі плыў сцяг ў суправаджэнні двух чыноўнікаў дзяржаўнага суда. Шэсце замыкаў гарадскі кат з трыма памочнікамі.
Галоўныя сілы войска складаліся з 500 выдатна ўзброеных алебардыстаў, 500 арбалетнікаў і вялікай колькасці пікінёраў. За імі выступалі тры трубачы, за якімі на чорнарыжым кападакійскім жарабку ехаў фларэнтыйскі ваенаначальнік кандат’ер Ларэнца Алані. Ганарлівы позірк ягоны ззяў, як дамаская сталь .
Ззаду ўсіх крочылі пікінёры з арбалетнікамі на чале з рыцарам, які быў адказны за парадак у час бою, і рухаўся абоз з 30 фурманак, у якіх месцілася разнастайнае вайсковае начынне і пяць бамбардаў.
Уся гэта баталія ўрачыста прамаршыравала па цэнтральных вуліцах гораду да сабору Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ, дзе яе ўжо чакаў правіцель Фларэнцыі Казіма Медычы са сваёй бліскучай світаю. Там, апроч гарадскога прыярату, у складзе сямі чалавек, апроч банкіраў і гаспадароў сукнаробных фабрык, былі маладыя фацэтныя мастакі, скульптары і паэты, некалькі вельмі прыгожых дам у яркіх вытанчаных строях. Здавалася, на старадаўняй плошчы насупраць сабору расцвіў вясновы сад.
Суровы кандат’ер Алані спрытна саскочыў з сядла, адсалютаваў Медзічы шпагай, схіліўшы перад ім калена. Фларэнтыйскі правіцель сышоў з засланага дарагімі сукнямі памосту, ласкава па-бацькоўску абняў старога ваяку. Ад Медзічы пахла тонкай усходняй парфумай. Пах гэты збянтэжыў кандат’ера, бо ў сваім асяродку ён ведаў толькі смажанае кабановае мяса і часнок з фасоляю.
Дамы з крыкам: “Слава нашаму герою! Слава Ахілу!” кінулі з памосту некалькі маленькіх букецікаў. Алані злавіў іх, галантна пацалаваў. Зырка-сіняе шчодрае на сонца неба ззяла над слаўнай Фларэнцыяй.
– Мой дарагі сябра Ларэнца, – сказаў кандат’еру Медзічы, усё яшчэ трымаючы яго за плечы дагледжанымі маленькімі, нібы жаночымі рукамі, – Усе мы пераканаліся, што пад тваёй камандаю і нашай апекаю нельга перамагчы такое цудоўнае войска. Ні туркі, ні маўры не могуць запалохаць такіх малайцоў. Я задаволены і даю табе звыш умоўленай аплаты яшчэ 500 залатых фларынаў. Купляйце зброю, купляйце правіянт.
З гэтымі словамі ён лоўка, як фокуснік, выцягнуў з унутранай кішэні свайго шырокага чырвоназялёнага плашча скураны вышыты маўрытанскімі перламі мяшэчак, апусціў яго ў загарэлы да чарніны кулак кандат’ера. Дамы ашчасліўлена піскнулі, скульптары і паэты нахмурыліся. Ларэнца Алані стрымана з адчуваннем рыцарскай годнасці нахіліў галаву.
– Толькі не ваюй дужа доўга, наш дарагі Ларэнца, – лёгка ўспырхваючы назад на
памост паказаў ва ўсмешцы прыгожыя драбнаватыя зубы Медзічы.
– Ты цуд, Медзічы! – закахана ўсклікнулі дамы.
Кандат’ер прыкусіў губу. Тонкая шпілька абразы калолася ў вясёлых словах правіцеля Фларэнцыі. Лічылася, што наёмныя рыцары-кандат’еры, ідучы на вайсковую службу ў гарады і камуны, дамаўляюцца са сваімі калегамі-праціўнікамі і наўмысна зацягваюць усе войны, каб даўжэй карміцца ў багатых гаспадароў.
Кандат’ер пакрыўдзіўся, але змоўчыў. Пазіраючы цёмнымі спакойнымі вачыма знізу ўгору на Медзічы ён падумаў: “Сваёю пікай я б з аднаго пыру праткнуў гэтыя вузенькія грудзі. Толькі б ножкі дрыгаліся, як жабечыя лапкі”.
Волю гневу Алані даў, калі вярнуўся ад сабору Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў сваю рэзідэнцыю, якая знаходзілася ў вялізным памяшканні надбрамнай вежы Сан П’етра. Непадалёк ад гэтай брамы жыў калісьці сам Дантэ. Для аховы ўсіх такіх фларэнційскіх брамаў наёмныя рыцары аб’ядналіся ў Вежавае брацтва.
У напечаных лютым ліпеньскім сонцам даспехах кандат’ер цяжка плюхнуўся на шырокі і доўгі фландрскай работы пуф, крыкнуў:
– Хасан!
Адразу ж з нішы прарэзанай у каменнай пацямнелай ад часу сцяне жвава выбег хлапчук гадоў дзесяці. На чорным твары ярка ззялі белыя зубы, чорныя валасы былі ў дробненькіх завітках.
– Да голага цела, – загадаў Алані і, даючы спачын натомленаму разагрэтаму целу, адваліўся шырокай спіною назад, выцягнуў ногі. Хлапчук звычнымі хуткімі рухамі зняў з кандат’ера шалом, металічныя і скураныя латы, кальчужную кашулю. Потым разуў рыцара, выцер мяккім халодным ручніком ягоную спацелую спіну, на якой змяіліся сіне-чырвоныя рубцы ад ранаў.
– Нясі віно, – ужо больш лагодным голасам сказаў Алані.
Хасан ірвануўся па вузкай лесвіцы ўніз у вінны паграбок. Было чутно, як ляпаюць па каменных ступенях маленькія босыя ногі, хуценька-хуценька. Кандат’ер пазіраў у высокую столь, усміхаўся нейкім сваім думкам, а, можа, падлічваў што можна будзе купіць за падараваныя Медзічы 500 залатых фларынаў.
Чарнатвары служка ўжо бег знізу. Вось паказалася галава, вось вытыркнулася тонкая худзенькая рука з паўнюткім гліняным карычневым збанам. Задыханы Хасан ускочыў у кандат’ерскую залу і раптам з роспачна-спалоханым крыкам упаў, спатыкнуўшыся на роўным месцы. Чырвонае фалернскае віно порсткім ручаём шуганула са збану на падлогу .
Парожні збан, ціха, як бы здзекліва пазвоньваючы, пакаціўся ў напрамку да пуфа, на якім поўляжаў Алані. Той разявіў ад нечаканасці і гневу рот, цяжка хапаў чырвонымі тоўстымі вуснамі паветра.
– Вырадак! Лівійская саранча! – зароў нарэшце кандат’ер, ускочыўшы на ногі, – Ды я цябе зараз...
Ён пашукаў позіркам тое, чым можна б было неадкладна расплюшчыць, раздавіць, знішчыць Хасана. Вочы, як чорныя жукі, драпежна выкочваліся з вачніцаў. Хасан тым часам упаў тварам уніз на падлогу, пакорліва чакаў лютую кару. Вузенькія плечы трымцелі, калаціліся ад жаху.
– Устань, нікчэмнік! – тупнуў цяжкой нагою кандат’ер, – Нясі мне аркебузу!
Хасан стрымгалоў кінуўся да сцяны ўсцяж завешанай самай разнастайнай зброяй, схапіў з крука агняпальную аркебузу, падАў яе грознаму рыцару.
Астуджваючы ўскіпелы гнеў, Алані пакруціў у руках прыгожую хвацка скляпаную зброю, пагладзіў яе, нават пахукаў на яе, сказаў амаль спакойным голасам:
– Вазьмі з падлогі збан. Ідзі вунь да той сцяны. Спыніся. Пастаў збан сабе на галаву. Добра. Зараз я буду вучыць цябе не спатыкацца на роўным месцы.
Малы Хасан, выканаў усе загады, стаяў ля сцяны, прытрымліваючы збан на галаве, і як зачараваны глядзеў на аркебузу. Яна здавалася зусім нястрашнай. Яшчэ сёння ён так марыў навучыцца страляць з яе. Таямнічы агонь, што вылётваў з самай сярэдзіны доўгага жалезнага кійка, забіваў людзей, палохаў коней. Сіньёр Ларэнца таму й такі магутны, бо валодае цудоўнай аркебузай.
Кандат’ер тым часам не спяшаючыся займаўся аркебузай і ўсім дапаможным начыннем. Для таго, каб прыцэліцца і стрэліць з яе, неабходна выставіць сошку. На плечавым рамяні стралок-аркебузер носіць адзінаццаць драўляных трубак з зарадамі пораху (па трубцы на кожны зарад), парахавы рог для насыпання запальнага пораху і торбу з кулямі. Цяжкая аркебуза б’е, дасягае мэты на 200 - 250 крокаў. Да Хасана было крокаў дваццаць. Вось Алані, пільна, як удаў на птушачку, пазіраючы на яго, пачаў павольна выцягваць драўляную трубку з порахам...
І ў гэты самы міг на лесвіцы загрымелі рашучыя ўпэўненыя крокі, і высокі станісты юнак гадоў дваццаці-дваццаці двух з’явіўся ў рэзідэнцыі кандат’ера.У яго былі сінія (не італійскія) вочы, доўгія светларусыя валасы, перахопленыя на загарэлым ілбе чырвоным скураным раменьчыкам. На баку на скураным пасе вісела шпага ў абсыпаных срэбнымі бліскучымі гарошынкамі похвах.
Малады незнаёмец з годнасцю схіліў перад Алані галаву, сказаў:
– Маё глыбокае шанаванне месэру кандат’еру.
Алані раздражнёна зірнуў на яго. Яму не падабалася, калі яму перашкаджалі рабіць задуманую справу. Вось гэты прыгожы малады жарэбчык прыбег, вядома ж, не да часу. Заблыталася ў тоўстых пальцах парахавая трубачка. Кандат’ер сярдзіта шпурнуў яе сабе пад ногі. Хасан жа ўсё стаяў каля сцяны са збанам на галаве.
– Слухаю месэра, – выдыхнуў Алані, рэзка перасмыкнуўшы губамі, нібы ў яго смажыла ў роце.
Юнак яшчэ раз галантна пакланіўся:
– Марцін Жабыка-Жэмба. Учора на плошчы каля Сіньёрыі я слухаў вашага барабаншчыка. Вы, месэр, набіраеце людзей у фларэнтыйскую баталію. Яшчэ я чуў, што Папа Мікалай Пяты хоча паслаць хрысціянскае войска ў Канстанцінопаль, які абклалі туркі. З найвялікшай радасцю я і мае сябры гатовы аддаць сябе і сваю зброю пад вашу мужную рыцарскую руку, каб ісці бараніць Канстанцінопаль.
Ён выхапіў з похваў шпагу і адсалютаваў ёю кандат’еру. Таму яўна спадабалася такая юначая гарачнасць. Велічна, “па-цэзарску”, ускінуў кандат’ер угору правую руку, спыніў госцева красамоўства пытаннем:
– Адкуль ты, адважны рыцар? Фларэнтыец?
Марцін Жабыка-Жэмба адмоўна пахітаў галавою.
– Рымлянін або швейцарац?
Зноў тое ж хітанне.
– Бургундзец?
Бачачы, што Марцін у трэці раз збіраецца даць адмоўны адказ, стары кандат’ер зароў, як паранены ў вока мядзведзь з германскага лесу:
– Дык адкуль ты нарэшце, мурэна цябе грызі?!
– Я – ліцвін, – адказаў Марцін Жабыка-Жэмба, – І ўсе людзі мае, а іх дзесяць чалавек, ліцвіны. Сярод нас трое шляхціцаў. Астатнія, сямёра, пахолкі, зброяносцы. Краіна наша – Вялікае Княства Літоўскае, што на мяжы з Масковіяй і Дзікай Татарыяй.
– Ды хоць з Месяцу ты прыляці, абы быў рыцар і хрысціянін, – усклікнуў Алані , – А што ты рыцар, добры рыцар, адразу відно.
Марцін злёгку пачырванеў ад пахвалы (а каму шкодзіла пахвала?), сказаў:
– Мы, Жабыкі-Жэмбы, шляхецкага роду Жаба, гербу “Касцеша”, спрадвеку былі рыцарамі і хрысціянамі грэцкай усходняй веры. Ці ж бярэце вы, месэр кандат’ер, мяне і маіх людзей у фларэнтыйскую баталію?
Алані адступіў на колькі крокаў ад юнака, змерыў яго, нібы войскага залатаванага каня, уважлівым позіркам ад галавы да пятаў, пацмокаў языком, чамусьці ўздыхнуў. Ад гэтага цяжкога ўздыхання Марцін напружыўся ўсім целам. Падалося, што кандат’ер не хоча браць яго. Але думкі ў Алані беглі зусім у іншым накірунку.
– А ці цвёрдае сэрца маеш, рыцар? – з суровасцю ў голасе спытаў кандат’ер.
Марцін уважліва глядзеў на яго, не разумеў.
– Бяры аркебузу і здымі збан з галавы ў гэтага нягодніка, – загадаў Алані. Хасан, пачуўшы такія словы, застагнаў, як малады баранчык пад вострым нажом. Тонкія каленькі ягоныя і парожні карычневы збан на галаве закалаціліся. Ён умольна пазіраў на Марціна.
Жабыка-Жэмба, не кажучы ні слова, узяў аркебузу, паклаў яе на сошку. Потым хуткімі ўпэўненымі рухамі вЫсыпаў порах з парахавой трубкі ў парахавы рог, адтуль у ствол, шомпалам затоўк паверх пораху папяровы пыж, апусціў у ствол свінцовую цяжкую кулю. Збоку да ствала была прымацавана серпенціна, у якой памяшчаўся вераўчаны кнот прамочаны салетрай. Марцін якое імгненне нацэльваўся, націснуў курок. Іскра кінулася з кнотавага замкА ў порах, і грымнуў стрэл, ад якога збан на галаве ў Хасана разляцеўся на звонкі друз. Сам Хасан з роспачным крыкам пляснуўся на падлогу, але адразу ж ускочыў на ногі. Марцін з усмешкаю падыйшоў да яго, пагладзіў па галаве, сказаў:
– Цэлая. Доўга жыць будзеш.
Кандат’ер задаволена хмыкнуў. Было відно, што яму спадабаўся малады Жабыка-Жэмба. Не любіў Алані дробны целам і духам народ, які, хочаш не хочаш, сустракаецца на кожным кроку. Гэты ж малойчык не з такіх, што сямёра аднаго пеўня душаць.
– Што ж, такія рыцары мне даспадобы, – прамовіў кандат’ер, – Калі й твае сябрукі такія хваты, і іх вядзі заўтра сюды. І зброяносцаў вядзі з сабою. Усім будзе справа і хлеб. Багатая цётка Фларэнцыя знойдзе залатых фларынаў для вас.
Тут ён азірнуўся на Хасана:
– А ты, чортава хлапчанё, усё яшчэ ціснешся да сцяны? Ану жывей у паграбок і цягні адтуль збан, не, два збаны фалернскага! І сыр давай, і вінаград, і смажанае гусінае крылца!
Яны, кандат’ер і Марцін, селі за нізенькі мармуровы столік. Хасан, бесперапынна снуючы ўніз-уверх, хутка заставіў яго пітвом і прысмакамі, прынёс два бліскучыя срэбныя кубкі. Пацякло духмянае віно. Два суразмоўнікі, і стары, і малады, былі шчырымі прыхільнікамі Бахуса, і неўзабаве думкі іхнія ўзляцелі да самых нябёсаў і расцякліся па ўсёй зямлі, бо недарэмна кажуць, што хмель вызваляе нас ад пачуцця часу, што піць віно – падарожнічаць у глыбіню ўласнай душы. Пілі за Фларэнцыю і ейнага правіцеля Казіма Медзічы, за Папу Рымскага Мікалая Пятага, вялікага мецэната, аматара каліграфічнага пісьма і вытанчана-прыгожых кнігадрукаў, за Вялікае Княства Літоўскае, за прыгожых жанчын (двойчы)... Піць, шаноўнае спадарства, можна за ўсё, ці амаль за ўсё, абы хапала добрага віна .
Нарэшце Марцін Жабыка-Жэмба ўзняўся з паўнюткім кубкам у руках, прачулена сказаў:
– Дзякуй вам, хрысціяннейшы рыцар месэр кандат’ер, за тое, што дазваляеце мне і маім сябрам стаць пад свяшчэнны сцяг Фларэнцыі, стаць пад вашую руку. Мы, ліцвіны, умеем ваяваць. Жывучы на ўсходзе Еўропы, мы ні на імгненне не выпускаем з рукі меч, бо ўсё новыя і новыя орды накочваюцца на нас з неабсяжных лясоў і пустыняў. Мае бацькі згарэлі ў сваім старадаўнім палацы, што стаяў над цудоўнай ракою Дняпро. Я – сірата. У той страшны дзень, калі дагараў наш палац, калі надворная чэлядзь выкопвала з гарачага прысаку абсмаленыя костачкі самых дарагіх мне людзей, калі палалі суседнія сядзібы і вёскі і адусюль чуўся дзікі жаночы лямант і дзіцячы плач, я ўзяў меч і на баявым мячы, стоячы над прахам, даў клятву айцу нашаму нябеснаму Хрысту, што да скону свайго, да астатняга свайго ўздыху буду бараніць ад крывавых псоў сваю знявечаную хрысціянскую Радзіму. Сіла ў мяне была, наследныя грошы даў мне мой дзядзька, сякія-такія пенязі я знайшоў у гаршэчку схаваным бАцькам маім на дняпроўскай строме. Не было ў мяне навукі, якая чалавеку вочы на свет божы адчыняе. І я паехаў у Фларэнцыю, ва універсітэт.
Увесь гэты час кандат’ер Алані ўважліва слухаў Марціна. Сядзеў з кубкам у руках, сурова насунуўшы на вочы свае тоўстыя чорныя бровы. Даўно не расслабляў ён жалезны вузел сваёй душы. З падначаленымі быць панібратам не выпадала, з фларэнтыйскімі разумнікамі, усімі гэтымі філосафамі, мастакамі, паэтамі, якіх дужа шанаваў правіцель Медзічы, ягоныя сцежкі амаль не перасякаліся. Ды вось Бог паслаў гэтага дзіўнага ліцвіна. І ліцвін гэты (цуд дый толькі!) прамаўляў на чысцейшай святой латыні. Быццам нарадзіўся і пачаў ссаць матчына малако непадалёк ад Капіталійскай выспы ў Рыме. Такую мову кандат’ер чуў хіба толькі з вуснаў фларэнтыйскага гуманіста Нікало Нікалі падчас сустрэчы гуманіста з правіцелем Казіма Медзічы. Загарадны дом Нікалі быў напоўнены безліччу бронзавых, срэбных і залатых медалёў, мармуровых бюстаў. Ён насіў старадаўнюю тогу, мог цэлымі днямі размаўляць на мове Цыцэрона. Ён сумаваў па мінуўшчыне і горка, па-дзіцячы, заплакаў убачыўшы пазелянелую статую Пасейдона, якую мора выкінула са сваіх таямнічых глыбіняў на бераг. Было яму тады балюча і салодка.
Алані раптам зрабілася сорамна за сваю фларэнтыйскую “vulgare”. А Жабыка-Жэмба, захапіўшыся, казаў між тым далей:
– Тут, у Фларэнцыі, мне пашчасціла сустрэць сваіх землякоў. Гэта былі дзеці зацных ліцвінскіх і аўкштайцкіх сем’яў. Між імі нямала разумных. Навучаючыся ў славутых настаўнікаў ва універсітэце, дыхаючы гэтым незвычайным паветрам, блукаючы па дарогах і сцежках гэтага краю, мы зразумелі, што наша дарагая Бацькаўшчына можа ўратавацца ад знішчэння толькі святой Вуніяй з рымскай заходняй царквою. З Усходу ідзе вялікая бяда. Туркі падступаюць да Канстанцінопалю. Як у далёкай даўніне гаварыў пра нашэсце манголаў імператар Фрыдрых Другі “Ужо сякера ляжыць каля дрэва...”. Вось чаму мы, Усход і Захад, павінны аб’яднацца. І мы аб’ядналіся! Светлай памяці Папа Яўген Чацвёрты на Саборы, які пачаўся 8 студзеня 1438 году ў горадзе Ферары, а праз год быў перанесены ў вашу, месэр кандат’ер, дастаслаўную Фларэнцыю, аб’явіў Вунію. Яе потым не прызналі маскавіты (хоць іхні мітрапаліт Ісідор падпісаў Вунію) і канстанцінопальскія кнігачэі, што сказалі “Лепш турэцкі цюрбан, чым рымская ціяра”, і ў 1443 годзе ў Ерузалеме адлучылі ад царквы вуніятаў і вуніяцкага Патрыярха Рыгора Маму. Але мы, сыны Вялікага Княства Літоўскага, прызналі яе. За Вунію!
Ён высока ўзняў кубак з віном. Ап’янелы грузны кандат’ер ускочыў са свайго месца, як па зыку баявой трубы, таксама ўсклікнуў:
– За Вунію!
Кубкі звонка рэзка сутыкнуліся, нібы шпагі ў час атакі.
Потым выйшлі ў цяністы ўтульны дворык, і кандат’ер загадаў Хасану паклікаць музыкаў, што граюць на віёлах, арфах і лютнях, і маладых танцорак. Вельмі хутка дворык запоўніўся прыгожымі смуглымі сіньярытамі. Пяшчотна і звабліва зазвінелі струны. Паплылі ў танцы прыгажуні, якія нібы сыйшлі са старадаўніх яркіх фрэсак. Іхні грацыёзны рух, іхні сарамлівы позірк абяцаў мужчынскаму сэрцу незямную радасць, чорныя вочы ззялі, як абмытыя цёплым дажджом салодкія вішні ў садах над шумнаводнай фларэнтыйскай ракой Арна .
Марцін, шырока раскінуўшы рукі, быццам жадаючы абняць усіх гэтых чароўных багіняў, шчыра аддаўся імкліваму танцу, як спрадвеку аддаюцца яму ліцвіны. Кожная ягоная жылка, кожная костачка трапяталі, былі да краёў напоўнены вірлівым іскрыстым агнём. Потым ён пачаў цалаваць танцорак у шчокі, у вусны. І яны з усёй маладой ненасытнай жарсцю адказвалі яму на пацалункі. Ён адчуў як звонка напружынілася ягоная плоць, як хутчэй пачало біцца сэрца і дыхнула ў грудзі і вочы мяккім ні з чым непараўнальным цяплом ...
– Мяне завуць Філамена, – прашаптала, прыціснуўшыся да шырокіх Марцінавых грудзей адна з танцорак, – Ты мне падабаешся, рыцар. Калі жадаеш, я буду чакаць цябе каля таверны “Вясёлы легіянер”. Гэта за Понтэ Векіё.
Яна прызыўна ўсміхнулася яму, нырнула, як залатая яшчарка, у натоўп. Наўкол спявалі віёлы і лютні, кружыліся ў хуткім танцы разагрэтыя віном і каханнем людзі. Марцін адчуваў сябе на самай вяршыні шчасця. Хацелася подзвігаў. Хацелася схіліць калені перад Дамаю сэрца. Ён пачаў церабіцца праз натоўп .
Раптам цяжкая рука лягла яму на плячо. Кандат’ер Алані, суровы і цвярозы, стаяў перад ім.
– Ці не за авечачкай збіраешся бегчы, воўк? – насмешліва спытаўся ён, – Іх шмат, а ты, воўк, адзін. І ў авечачак ёсць сярдзітыя пастухі з доўгімі жалезнымі кіямі. Нават я не здолею цябе абараніць.
Марцін паспрабаваў вызваліць плячук ад гнятлівай рукі, але Алані схапіў-тузануў яго за каршэнь, злосна выдыхнуў:
– Яшчэ ніхто не сыходзіў адсюль, не даслухаўшы мяне да канца. Ты напрасіўся служыць Фларэнцыі і мне. Так? Я ўзяў цябе. Заўтра, толькі ўзыдзе сонца, ты павінен быць у поўнай рыцарскай амуніцыі на баявым кані каля гэтай вежы. З сабой ты абавязаны прывесці зброяносца і чатырох аркебузераў, таксама конных. Харчам і фуражом для коней, зброяй і даспехамі вы павінны забяспечваць сябе самі. Фларэнцыя ж гарантуе ўсім вам славу і залатыя фларэны за пралітую кроў. А зараз, калі хочаш, гуляй. Але, глядзі, не прагуляй сваю галаву, рыцар.
Крывая ўсмешка разрэзала кандат’ераў твар. Ён злёгку адпіхнуў ад сябе Жабыку-Жэмбу і, як мядзведзь праз маліннік, пайшоў-падзёрся праз музыкаў і танцорак да ўваходу ў надбрамную вежу, дзе яго ўжо чакаў верны Хасан. Была ў Алані невялічкая слабасць – перад сном ён любіў пачытаць рукапісную паэму Франка Сакеці “Бітва юных прыгажуняў з бабулямі”.
Збянтэжаны Марцін застыў на месцы, нібы спатыкнуўшыся. Нечаканая суровасць у позірку кандат’ера, злы голас злёгку ацверазілі маладога ліцвіна. Але ён быў не з тых, што ходзяць па адной маснічыне. Выбавіўшыся са шчыльных абдымкаў яркакаляровага вясёлага карагоду, ён азірнуўся па баках, крыкнуў:
– Сцяпан!
Адразу ж падбег ягоны зброяносец, юнак гадоў васемнаццаці ў цёмным доўгім плашчы. На галаве ў яго стаўбуном сядзеў сіні берэт з пяром белай чаплі. На левым сцягне, пад плашчом, пукаціўся меч. Звалі юнака Сцяпан Ляпа. Быў ён з беззямельнай збяднелай шляхты з-пад Воршы. Бацька памёр у вялікай нэндзы, пакінуўшы свайму адзінаму сыну неаплатныя даўгі суседзям Жабыкам-Жэмбам. Яны, багатыя суседзі, і ўзялі Сцяпана на свой двор да свайго сына Марціна ці то служкам-зброяносцам, ці то сябруком па гульнях, часам даволі рызыкоўных. Разам ездзілі Марцін са Сцяпанам у Вільню, у Трокі. Разам патрапілі на вучобу ў Фларэнцыю ва універсітэт, дзе штудзіравалі “septem artes liberales” (сем вольных навукаў) і праз два гады атрымалі ступень бакалаўраў. Але на далейшую вучобу не хапіла грошай, ды й жыццё павяло нечаканымі сцежкамі .
– Я тут, – сказаў Сцяпан Ляпа і стаў ззаду Марціна, намацваючы пад плашчом дзяржальна мяча.
Яны пайшлі па шумлівай перадвечаровай Фларэнцыі, кіруючыся на велічны васьмігранны купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ, мінавалі шырокі Стары мост – Понтэ Векіё – праз хвалістую раку Арна. Як зачараваныя глядзелі яны на цудоўныя палацы, вежы, дамы... Усюды зіхоткім перламутравым бляскам ззялі адмыслова выштукаваныя ўпрыгажэнні з пукатай паліванай тэракоты. З нішаў палацаў пазіралі на іх нябеснавокія лікі мармуровых мадонаў. У маленькіх утульных крамках-майстэрнях, што ланцугом мясціліся на Понтэ-Векіё, весела працавалі золатакавалі, разьбяры па камені і дрэве, мастакі-жывапісцы, ткачы...
Вось і таверна “Вясёлы легіянер”. Нізкі, без вокнаў, будыначак, на дзвярах якога вісяць шчыт і алебарда. Высокі гонкі кіпарыс, дрэва смутку, задуменна пазірае ў блакітнае неба. Знутры таверны даносіцца несупынны гуд мужчынскіх галасоў. Азірнуліся – нікога навокал.
Сцяпан здзіўлена сказаў:
– Адкуль у горадзе ўзяцца арлу? Паглядзі, пан Марцін. Вунь на самым версе кіпарыса сядзіць нейкі дзіўны арол. Ён пазірае на нас.
Жабыка-Жэмба ўзвёў вочы ўгору. Буйная шыракакрылая дзюбатая птушка глядзела ва ўпор і нібы свідравала душу. Мароз (у спякотны надвячорак!) прабег па скуры. І ў гэты самы час з таверны хуценька выйшла Філамена, загорнутая ў доўгую ядвабную намітку. Яна звабліва ўсміхалася, зазыўна махала рукою – ідзіце сюды. Марцін, а за ім Сцяпан Ляпа, смела накіраваліся да яе, але яна ўладным жэстам смуглай рукі спыніла Ляпу. Пайшоў адзін Марцін. Толькі ён павярнуў за рог будыніны, як на яго накінуліся чацвёра чалавек у глухіх чорных масках. Адзін рэзка крутнуў Марціну шыю, заціснуў рот потнай шырокай даланёй, двое павіслі на руках, а чацвёрты ўдарыў нагой пад дых. Гэта было так нечакана, так імгненна, што Жабыка-Жэмба толькі ціха войкнуў і, як мяшок з травой, асеў пад кіпарысам. У вачах заскакалі, закруціліся яркачырвоныя бліскаўкі .
– Пан Марцін! – гукнуў тым часам Сцяпан Ляпа. Яго насцярожыла цішыня. Ён выхапіў з похваў меч, у адзін скок апынуўся каля кіпарысу і, убачыўшы ўсё, уваткнуў меч у спіну адному з налётчыкаў. Той заверашчаў, пакаціўся клубком. З рассечыны ў спіне пырскнуў гарачы струмень крыві.
І тут Сцяпан краем вока заўважыў пакарэжаны лютай нянавісцю прыгожы твар Філамены. З-пад наміткі танцорка выкінула маленькі металічны шарык, на ляту спаймала яго правай рукою. Шарык звонка шчоўкнуў-хруснуў і, растапырыўшы ва ўсе бакі бліскучыя найвастрэйшыя іголкі, уздзеўся ёй на пальцы. Філамена з хрыплым стогнам ірванулася да зброяносца, хвастанула яму па шчацэ іголкамі. Яна была падобнаю на дзікую лясную рысь.
– Прэч, гадаўка! – крыкнуў Ляпа і цяжка ўдарыў мячом. Але яна вывернулася з-пад
смертаноснага ляза, як саломінка, як пушынка. Адляцела, адбегла, глядзела на Сцяпана, гнеўна ашчэрыўшы снежнабелыя зубы.
Ляпа сцёр, скінуў з твару кроў, ды яна, буйнымі кроплямі, зноў выступала на шчацэ, як рудая балотная вада з-пад снегу. Трэба было ратаваць Марціна. Ён, Сцяпан, ніколі не баяўся пераступіць тую рысу, за якою – смерць. Ён і зараз імгненна рынуўся ў бой. Трое налётчыкаў (чацвёрты ўжо канаў, сплыўшы крывёю) развярнуліся тварамі да яго, паўкругам пайшлі яму насустрач. У іх у руках былі кароценькія шпагі, і гэта ўраўнаважвала шанец паядынку. Першы з іх, каржакаваты, тлустагруды, калоў і калоў шпагай, але не змог зачапіць жывое цела. Ляпа вельмі хутка зваліў яго рэзкім падсечным ударам мяча. Той упаў галавою ўперад, затузаўся на зямлі, упіваўся ў яе пальцамі.
Налётчыкаў у чорных масках засталося двое, ды яны ўпарта, як быкі на карыдзе, ішлі ўперад.
– У яго ў руках сапраўдны дурындартэ, – маючы на ўвазе Сцяпанаў меч, сказаў адзін з іх другому, не спускаючы з Ляпы жорсткіх насцярожаных вачэй. Набліжалася крывавая развязка, і Ляпа мог спусціць дух. Але ў гэты самы момант Марцін Жабыка-Жэмба прутка ўскочыў на ногі, зрабіў выпад шпагаю, закрычаў:
– Далоў маскі, псяюхі!
Яны рэзка развярнуліся. І гэта было іхнім кананнем. Бліжэйшага ад сябе Марцін наводліў хвастануў шпагаю па твары, кончыкам шпагі здзёр ягоную маску. З-пад яе вывалілася, рассЫпалася па плячах цэлая капа светларудых валасоў. Руды налётчык, гігікнуўшы, скокнуў уперад і напароўся на шпагу. Жабыка-Жэмба праткнуў яго, як грыб-порхаўку.
Апошняга з незнаёмцаў Сцяпан Ляпа маланкавымі ўзмахамі мяча прымусіў адступаць, прыціснуў да сцяны таверны і там распластаваў. Увесь гэты час Філамена, па-звярынаму завываючы, падахвочваючы налётчыкаў, кружылася наўкол і ўсё шчоўкала і шчоўкала сваім вострадзюбым жахлівым шарыкам.
– Гэтая прыгожая ведзьма надта ж любіць чалавечую кроў, – змрочна сказаў Ляпа, асцярожна мацаючы драпіны на сваёй шчацэ.
Марцін жа быў у больш лагодным настроі. Старанна выцер клінок шпагі пальчаткай, якую ўзяў у аднога з забітых, выкінуў пальчатку, усадзіў шпагу ў похвы. Відно было, што такія няспешныя рухі прыносяць яму вялікае задавальненне, супакойваюць шал крыві. Потым павярнуўся ўбок Філамены, прыцмокнуў языком, нібы здзівіўшыся:
– І ты, прыгажунька, тут? А-я-яй. Дрэнна гасцей сустракаеш. Не тым віном частуеш. Прыгожая жанчына, якая не ўмее сябе паводзіць, падобная на свінню з залатым колцам у носе. Так сказаў вялікі Саламон. Падыйдзі, Сцяпан, паглядзі ці ёсць у яе колца ў носе.
Сцяпан Ляпа сярдзіта хмыкнуў, плюнуў, а Жабыка-Жэмба схапіўся за жывот, зарагатаў. Усцешна яму было, весела. Пэўна, так пачувае сябе чалавек, калі чорная страла смерці, абмінуўшы яго, свісне каля самай скроні.
– Пойдзем у таверну віно піць, – сказаў ён Сцяпану.
– Рана смяешся! – крыкнула раптам Філамена.
І тут з таверны выбегла яшчэ з дзесятак малайцоў у чорных масках і са шпагамі.
– Дрэнь справа, – пазмрачнеў Марцін, – Хацеў бы я зараз быць вось гэтым кіпарысам, дрэвам. Нехта, Сцяпане, дужа хоча пазнаёміцца з намі. Успомні ж як узімку за лісой па полі бегаў. Бяжы адсюль. Хутчэй бяжы да кандат’ера, а потым да Зосі Еўрапейкі. Хай дапамагаюць нам. А мая шпага і мая галава са мною.
Сцяпана не трэба было ўгаворваць. Ён ламануў ад таверны, аж пяткі закурэлі. Толькі маладыя ліцвіны, налаўчыўшыся на лясных ловах і падчас бясконцых сечаў, бегаюць так хутка.
І ў гэты самы міг рэзка ірвануўся з кіпарысу, імкліва паляцеў над вечаровымі вуліцамі Фларэнцыі, над чырвонай грабеньчатай дахоўкай будынкаў, над бліскуча-блакітнай стужкай затуманенага Арна таямнічы суровы арол.
Колькасць прачытаўшых: 1335 Колькасць вогдукаў: 0