Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка V.

V

Пачынаючы з 2 красавіка 1453 году да Канстанцінопалю няспынна падыходзілі і падыходзілі турэцкія войскі. 6 красавіка горад апынуўся ў поўнай блакадзе. Свяціла сонца. Над белапеннай Прапантыдай гарачы вецер змешваўся з халодным, і нараджаліся віхорчыкі, спачатку маленькія, бяскрыўдныя, як рабацінне на спакойнай рачной плыні. Потым моц іхняя ўзрастала, з сушы перакідвалася на мора, і ўжо не пясок, а вада ўставала сцяной, закручвалася суровай гнеўнай спіраллю, дзе жылі жахлівыя чырвоныя зломы маланак і сталёвая кананада грому.

Горад быў падобны на какосавы арэх, які неабходна ўскрыць, раструшчыць. Апошні астравок хрысціянскай Еўропы на Балканах рыхтаваўся сустрэць сваю смерць. Не было дапамогі, не хапала сілы.

Святая Сафія, царква Святых Апосталаў, Улахерна, Вялікі Палац, Іпадром, квартал Ксералофас, статуя Феадосія, тэрмы Аркадзія, Тэтрапілы Аўгуста, Пурпурэя Канстанціна, будынкі і будыначкі, лазні, залатыя і срэбныя купалы храмаў, басейны, сады, плошчы і вуліцы, – усё абжытае і сагрэтае дыханнем пакаленняў, усё намоленае, не раз цалаванае павінна было перайсці пад чужую руку, забыць сваіх багоў і герояў, сваіх прыродных гаспадароў, а то й знікнуць.

Смуглатварая мільённарукая Азія ў які ўжо раз атакавала Еўропу. Пранесліся на сваіх гарачых конях гуны, арабы, манголы. Зараз прыйшлі туркі, і вёў іх вялікі мудры чалавек. У адрозненне ад сваіх папярэднікаў ён не хацеў проста рабаваць, забіраць чужое, каб потым вярнуцца назад у дзікія пустыні і стэпы. Ён вёў свой народ, як Майсей, у пошуках зямлі абяцанай. Такою зямлёй ён, Мехмед, абраў Еўропу і пажадаў пасяліцца, укараніцца ў ёй, зрабіць туркаў еўрапейскім народам.

11 красавіка асманы па вясновай чэпкай гразі прывезлі гарматы, паставілі артылерыю ўздоўж берагоў рэчкі Лікас і пачалі шквальны абстрэл гарадской сцяны. Закалацілася, затрымцела тысячагадовая бабуля-сцяна, якую ўзвёў яшчэ імператар Феадосій, але вытрымала жорсткія ўдары каменных і металічных ядраў.

Тады султан Мехмед загадаў паставіць насупраць Раманаўскай брамы гіганцкую гармату “Базіліку”, якую адліў славуты венгерскі інжынер Урбан. “Базіліка” страляла ядрамі, што важылі 35 пудоў. Такая сценакрышылка за дзень выпускала сем снарадаў, і вельмі награвалася. Бедалага Урбан, бачачы, што султан нервуецца, чакае найхутчэйшага падзення сцяны, вырашыў павялічыць хуткастрэльнасць. Ды “Базіліка” узбунгавалася, разарвалася на вялікія цяжкія кавалкі і адным з іх забіла свайго геніяльнага бацьку.

У гэты ж самы час, калі, як пярун, раскочваліся над заціхлым горадам грозныя галасы турэцкіх гарматаў, імператар Канстанцін штораніцы маліўся ў Святой Сафіі. Нішто не магло парушыць спрадвечны рытуал. Аднойчы, калі пасля малітвы ён ужо ішоў у мутаторый, у паўцёмным калідоры да яго раптоўна падбег нейкі манах у чорным доўгім плашчы, сунуў яму ў руку цыдулку і адразу ж знік. Манах быццам вынырнуў са сцяны, падалося, што сцяна яго й праглынула. Цыдулка магла быць атручаная, таму яе перахапіў паракімеман Леў. Але нічога шкоднага для імператарскага жыцця не знайшлі, і цыдулку вярнулі Канстанціну. “Вялікі базілеўс, – было напісана ў ёй, – вышэйшая Боская сіла адкрыла мне, нікчэмнаму чарвяку, што праз месяц ты памрэш”. І ўсё. І болей ні слова. Вось такая дзіўная трывожная цыдулка. Хто напісаў і перадаў яе? Ворагі? Сябры? Магчыма, тыя, што стаяць за гэтымі словамі, хочуць вывесці ягоную душу з раўнавагі, жадаюць, каб ён аслабеў духам і здаў асманам горад? Ды як сёння ўбачыць хто сябра, а хто вораг? Бура ўзмацняецца, карабель хістаецца-нахіляецца, матросы да крыві сціраюць далоні аб канаты і вёслы, а недзе ў чорным карабельным чэраве ўжо збіваюцца ў ланцужок пацукі, каб ціха і непрыкметна шмыгнуць на сухі бераг.

Праз колькі дзён зноў пачала крышыць гарадскія сцены “Базіліка”. Султан Мехмед з гарачага юнака, што пачынаў вайну, вельмі хутка ператварыўся ў сталага вытрыманага мужа. Ён не стаў шукаць і караць віноўных у пагібелі першай супергарматы, ён загадаў тэрмінова адліць такую ж самую новую “Базіліку”.

Напачатку турэцкія артылерысты стралялі па сценах хаатычна, без аніякага плану. Прыкладна так страляюць з гарматы па вераб’ях. Грому шмат, а пер’я мала. Ды ім дапамог венгерскі пасланнік Дожу. Ён параіў пастаянна біць і біць ядрамі ў тры кропкі сцяны, што ствараюць трохкутнік і адна ад адной размешчаны не болей чым на сажань. У магутных сценах з’явіліся праломы. Цікава, што Венгрыя была хрысціянскай дзяржавай і не ваявала супроць Візантыйскай імперыі. Тады ж чаму ейныя грамадзяне Урбан і Дожу служылі туркам? Справа ў вялікіх грошах? Магчыма. Але, напэўна, у сэрцах венграў-мадзяраў успыхнуў азіяцкі патрыятызм. Яны ўбачылі ў асманах вялікі гераічны народ, які рашуча ўварваўся ў Еўропу, прыкладна гэтак жа як іхнія продкі шэсцьсот гадоў таму прыйшлі з прыўральскай камарынай тайгі на цудоўнае блакітнае возера Балатон, што плешчацца амаль у самым сэрцы Еўропы.

Ды сябры былі не толькі ў туркаў. З турэцкага боку знаходзіліся людзі, што спачувалі рамеям. Палеманісты, абараняючы свой участак сцяны, з рознага рыззя, з прутоў і дошак змайстравалі вялізнае пудзіла – вясёлы гарбаносы турак едзе вярхом на тоўстай тлустай свінні. Браты Усакоўскія ўздымалі яго над зубцамі ў перапынках паміж чарговымі атакамі асманаў. Адразу ж чуўся ярасны гул абурэння, і дзесяткі стрэл несліся знізу, упіваліся ў няшчаснае пудзіла. Палеманісты называлі яго збіральнікам крыкаў і стрэл. І вось аднойчы прыляцела страла да апярэння якой рыжым конскім воласам была туга прывязана цыдулка. Марцін Жабыка-Жэмба адкруціў яе, прачытаў так, каб пачулі ўсе: “Тэрмінова перадай свайму імператару і свайму камандзіру. Насупраць Харсійскай брамы робяць падкоп, ужо заклалі міну”.

Марцін адразу ж занёс цыдулку Джакоба Кантарыні, а той паслаў ганца ў Вялікі Палац. Праз нейкі час бліжэй да вечару пачуўся магутны выбух. Абаронца Харсійскай брамы Ян Нямецкі падкапаўся пад гэтую міну і ўзарваў яе грэцкім агнём. Шмат туркаў, якія перад атакай гуртаваліся ў падкопе, загінула.

Турэцкія сапёры, як мышы, з усіх бакоў спрабавалі падтачыцца пад сцяну, ды нічога ў іх не атрымлівалася. Некалькі разоў на дзень па ўсёй даўжэзнай сцяне аб’яўлялася цішыня, і тысячы людзей, зацяўшы дыханне, слухалі, што творыцца ў зямной тоўшчы пад імі. Самы слабы гук правяраўся, і ў ягоным накірунку выплёсквалі свой жахлівы агонь агнямёты. Але неўзабаве султану Мехмеду палонныя рамейскія інжынеры сказалі, што ўвесь Канстанцінопаль стаіць на гранітнай скале, і падкопы спыніліся.

Затое з кожным днём набірала моц, ураганна грукатала турэцкая артылерыя. Гарачы звон і ляск стаяў над горадам, быццам магутныя нябесныя кавалі бесперапынна білі плюшчылі жалеза. Хісталіся вежы. Па сценах змяіліся трэшчыны, і ўрэшце рэшт пачыналі зеўраць велізарныя чорныя праломы. Адразу ж туды, як бурлівыя ярасныя рэкі, урываліся натоўпы башыбузукаў. Яны змяталі ўсё перад сабою, заходзіліся лютым нечалавечым крыкам, ад якога абрывалася сэрца. Іх ва ўпор сустракала калючае смяротнае рамейскае жалеза. Пранізваліся грудзі, ламаліся рэбры, рукі і ногі, крывавай гарачай сліззю выпырскваліся з вачніцаў вочы, злётвалі з плячэй маладыя галовы, каціліся па дымнай зямлі, як кавуны, і суха лопаліся пад нагамі. Натоўпы нястрымна беглі па мёртвых, бязлітасна ўтоптваючы сваіх жа братоў у пясок і попел.

У башыбузукаў амаль не было ахоўнага баявога адзення. Толькі лёгкія халаты, баваўняныя або чаратовыя шапкі, дзіды і ятаганы ў руках. Здавалася, яны не вераць у сваю смерць, у сваё кананне, бо паміралі з радаснай усмешкаю на тварах. Выпускаючы з грудзей апошні ўздых, ужо назаўсёды заплюшчваючы вочы, яны стараліся свой перадсмяротны зямны позірк скіраваць убок свяшчэннай Мекі. І засыналі навек, маладыя, шчаслівыя.

Рамеі і іхнія саюзнікі наадварот былі апрануты ў панцыры і жалезныя кашулі, хаваліся за металічнымі шчытамі. На галовах у іх былі шаломы з кальчужнай сеткай-барміцай, што прыкрывала ад ятаганаў шыю, на нагах цвёрдаскурыя і жалезныя паножы. Няпроста было дабрацца зброі да жывога цела, і таму абаронцаў гораду гінула значна менш, чым башыбузукаў. Але ў рэзерве ў султана Мехмеда меліся свежыя атрады натрэніраваных, як маладыя бязлітасныя ганчакі, янычараў. Яны рваліся ў бой, ды султан пакуль што прытрымліваў іх, чакаў зручны момант.

У вельмі кароткія часіны зацішша палеманісты збіраліся на другім ярусе Цытадэлі Сямі Вежаў вакол Язэпа Ранцэвіча, каб перакінуцца словам, успомніць сяброў і родзічаў. Нікога яшчэ не забіла, не параніла, і настрой быў даволі бадзёры. Але па ўсім адчувалася (і гэта добра разумеў кожны), што наперадзе чакае самае цяжкое, магчыма, смерць.

“Толькі не палон”, – думалі яны, бо добра памяталі жахлівыя крыкі рамеяў і венецыянцаў, якіх асманы пасадзілі на палю на вачах ва ўсяго гораду.

– Калі што й загубіць Канстанцінопаль, то не Мехмед і не “Базіліка”, а невымерная ганарлівасць саміх рамеяў, – раздумліва казаў Ранцэвіч, пазіраючы праз задымленую амбразуру на раззыбаныя шэрыя хвалі Мармуровага мора, – Іхнія святары гатовы лепш мыць капыты турэцкаму каню, чымся падпісаць Вунію з Рымам. Не нябёсы ім патрэбны, а багацце зямное і ўлада. Яны баяцца, што Папа можа адабраць у іх сытае цёплае жыццё. Бедны імператар Канстанцін! Ён як баявы сокал у атачэнні прагных вечна галодных вераб’ёў.

Ён трохі памаўчаў, потым дадаў:

– Штурмаваць Канстанцінопаль гэта тое самае, што штурмаваць Меку. Але ж мы, хрысціяне, сёння не штурмуем яе. Штурмуюць нашу хрысціянскую сталіцу. І свет не перакульваецца з ног на галаву. Вось у чым пакута душы маёй, маладзёны.

Палеманісты ўважліва слухалі старэйшага сябра, хмурыліся. Ды маладосць брала сваё, і зноў пачынаў віраваць смех, сыпаліся жарты.

– Адзін хлоп паслаў свайго сына ў лацінскую вучэльню ў Вільню, – зручна ўладкаваўшыся каля нагрэтай сонцам сцяны, сабраў каля сябе купку слухачоў Іван Маладзей, – Вярнуўся сын у вёску, і павезлі яны з бацькам у поле паўнюткі воз гною.

– Ну, як, сынок, чаму цябе там навучылі? – пытаецца бацька, – Ці ўмееш ты ўжо па лацінскаму размаўляць?

– Добра ўмею, тата, – адказвае сын.

– Як жа на вучонай латыні называецца гной?

– Гнаятус.

– А вілы?

– Вілатус.

– А воз?

– Вазатус.

– Дужа ж добра, сынок, цябе навучылі ў той Вільні, – кажа бацька, – Ну, тады бяры ў рукі вілатус, уздзірай імі гнаятус і кідай на вазатус.

Грымнуў такі смех, што шуганулі ва ўсе бакі галубы і вароны, якія сядзелі, вычэквалі здабычу на сцяне, а напалоханыя туркі пусцілі знізу цэлы рой стрэл. Джакоба Кантарыні таксама весела зарагатаў, хоць не разумеў ліцвінскай мовы.

20 красавіка ў Прапантыду ўвайшлі тры генуэзскія галеры са збожжам, віном і зброяй з вострава Сіцылія. Іх зафрахтаваў і накіраваў у Канстанцінопаль Папа рымскі. Капітанам трэба было мець немалую адвагу, каб прарвацца ў Эгейскім моры праз турэцкі флот. Па дарозе да галераў далучыўся карабель імператара Канстанціна, які вёз гэткі ж самы груз. На падыходзе да Залатога Рогу іх падпільноўвала асноўная асманская эскадра са 150 караблёў пад началам адмірала Балтаглу, балгарына, які прыняў мусульманства, атурэчыўся. Амаль усе жыхары рамейскай сталіцы, дарослыя і дзеці, выбеглі на сцены, каб убачыць марскі бой.

Распусціўшы ўсе ветразі, хрысціянскія капітаны хацелі на поўнай хуткасці праляцець небяспечнае месца, ды вецер нечакана сціх. Гром радасных крыкаў, здаецца, скалануў мора і нябёсы. Туркі дзякавалі Прароку за тое, што ён аддаў караблі праціўніка ў іхнія рукі. Яны адразу ж пачалі рэзка збліжацца з рамеямі, каб пайсці на абардаж. Любімая звычная справа чакала іхнія згаладалыя па крыві ятаганы.

Тады хрысціяне прышвартавалі свае караблі адзін да аднога, стварыўшы марскую плывучую крэпасць. Сякерамі яны секлі галовы і рукі туркам, што, як саранча, лезлі на іхнія караблі. Усе, хто сачыў за гэтым боем з еўрапейскага і азіяцкага берагу, затаілі дыханне. Асабліва хваляваліся двое – Канстанцін і Мехмед. Хто пераможа? Каму ўсміхнецца залатое сонца ўдачы?

Нарэшце нецярплівы султан не вытрымаў. З высокага берагу ён скокнуў у мора на баявым кані, паплыў туды, дзе кіпеў крывавы бой. Вядома ж, усе асманы кінуліся ў мора следам за ім, як сыны за бацькам. Але ў гэты дзень ім яўна не шчасціла. 12 тысячаў іхніх жыццяў адляцела ў неба ў гэты дзень. Мехмед глядзеў, як топяць або забіраюць у палон ягоныя галеры, як гінуць ягоныя людзі, і слёзы каціліся па смуглых схуднелых шчоках. Яму здавалася, што з неба пазірае Вялікі Асман і праклінае яго за бяздарна пралітую турэцкую кроў. Султан аж застагнаў, рэзка развярнуў каня, паплыў да берагу, ярасна б’ючы каня плёткай. Вышаўшы на бераг, мокры, злы, адразу ж загадаў прывесці да свайго намёту адмірала Балтаглу. Чатыры ахоўнікі прывалаклі спалатнелага збялелага адмірала, сарвалі з яго адзенне.

– Пёс! Балгарскі пёс! – люта закрычаў Мехмед, – Дзе мае матросы? Дзе мае караблі?

Адмірала кінулі на голую зямлю. Султан схапіў сваё залатое жазло, пачаў з усяго пляча хвастаць няшчаснага адмірала. Кроў пырскала ва ўсе бакі. Балтаглу матаў аблыселай галавой, хроп, кусаў сабе рукі, але не крычаў. Сто ўдараў адлічыў яму Мехмед. Стаміўшыся, абвяўшы, шпурнуў прэч жазло, ціха сказаў ахоўнікам:

– Занясіце яго да лекара, калі ён яшчэ жывы.

А рамейскія караблі, усе чатыры, шчасліва ўвайшлі ў бухту Залаты Рог, не страціўшы ніводнага чалавека. Канстанцінопальцы на сценах і сам імператар палічылі гэта заступніцтвам нябёсаў. Ва ўсіх гарадскіх храмах адслужылі ўрачыстыя малебены. У царкве Святых Апосталаў, якую заснаваў Канстанцін Вялікі і ў якой ён пахаваны, матросы, пазбегшы смерці, апусціліся каля ягонай магілы на калені і пакляліся абараняць горад да апошняга ўздыху.

Зося, Мелані і арсенальскія хлапчукі таксама бегалі на сцяну і глядзелі марскі бой. Уражанне ад убачанага было такое моцнае, што звычайна шумлівыя і няўседлівыя падшыванцы, як анямелі. У іх блішчалі вочы, калі яны набівалі шрапнельнымі кулямі каробкі, складвалі ў кучы ядры, абцягвалі дубленай скурай шчыты.

Раптам Мелані ўсхліпнула, рэзка ўзнялася са свайго месца, пайшла да дзвярэй.

– Што з табой? – спытала Зося.

– Я пайду да яго, – адказала сяброўцы Мелані.

– Да каго – яго?

– Я пайду да Архана, – зірнула на яе слёзнымі спакутаванымі вачыма Мелані, – Я кахаю яго і ведаю, што ўжо хутка яго заб’юць.

– Не кажы так. Нельга казаць так, – схапіла яе за плячук Зося.

Але маладзенькая кіпрыётка вывернулася, рашуча нахіліла прыгожую чарнавалосую галаву і пабегла з арсеналу. Здзіўленыя хлапчукі глядзелі то на Зосю Еўрапейку, то на дзверы, за якімі знікла Мелані.

– Працуйце, – толькі й сказала ім Зося.

Мелані бегла пад яшчэ няяркім красавіцкім небам, і адзіная думка грэла яе, надавала сілу ейнай трапятлівай душы: “Я кахаю яго. Я ведаю, што хутка нас разлучыць смерць, але пакуль мы з ім жывыя, я кахаю яго”.

Каля высокай чырвонацаглянай вежы, якую абараняў са сваімі людзьмі турэцкі прынц, яна задыхана спынілася, узняла ўгору позірк і крыкнула:

– Архан!

Ён нібы чакаў гэтага крыку, адразу вытыркнуў між зубцоў вежы галаву, шчасліва выдыхнуў:

– Мелані!

І адразу ірвануўся ўніз. Яны абняліся на вачах усіх абаронцаў вежы, і гэта іх ні кропелькі не бянтэжыла – няхай глядзяць. Хто парадуецца за маладых закаханых, хто пазайздросціць або зазлуе, але няхай глядзяць. Такое, сапраўднае, яркае, бывае толькі раз у жыцці, і трэба спяшацца на поўніцу зведаць, адчуць чысты смак таго, што людзі і паэты называюць каханнем, тым больш, калі смерць стаіць за плячыма.

– Пойдзем да мяне, – прагна, але пяшчотна ўхапіў Мелані за руку турэцкі прынц. Ён быў прыгожы той мужнай пранізлівай прыгажосцю, якой прырода ўкараноўвае некаторых паўднёвых мужчынаў – высокі рост, крылатыя бровы над чорнымі або карымі вачыма, буйны з лёгкаю гарбінкай нос, загарэлая пругкая скура, густая шапка непакорных валасоў, якія пастаянна трэба змахваць рукою з ілба. Дадайце шырокія моцныя плечы, падхлябісты лёгкі жывот, смуглыя рукі з доўгімі чуйнымі пальцамі і бездакорнай лепкі пазногцямі, і вы зразумееце, чаму юная Мелані ўспыхнула, як маёвая кветачка, парывіста прытулілася да каханка і з даверлівай хуткасцю пайшла туды куды ён яе павёў.

На другім ярусе вежы, дзе жыў і сталаваўся прынц Архан са сваімі двума целаахоўнікамі-янычарамі, яны ляглі проста на падлогу і заняліся каханнем. Падлога была чыстая, мармуровая, халодная. Такімі ж чыстымі і халоднымі, як ранішняя раса на кветках высакагорных лугоў, былі іхнія пацалункі. І менавіта ў гэтым першародным холадзе і ў гэтай асляпляльнай чысціні была найвастрэйшая асалода. Яны былі крупінкамі вечнага ледавіка, зіхоткімі, яркімі, бліскуча-зменлівымі, і не маглі, зліваючыся ў адну істоту. уцяміць хто яны – людзі, кветкі, сняжынкі?

– Будзь навекі маёй, – горача шаптаў Архан, – Я – мусульманін. Ты – хрысціянка. Я ведаю, што я загіну. Мехмед можа пашкадаваць каго заўгодна – рамея, яўрэя, іспанца, але мяне ён шкадаваць не будзе. І таму, каб не верашчаць, як парасё, на ягонай наточанай нібы іголка палі, я пайду на смерць, загіну. Толькі б не патрапіць да яго ў рукі.

Ён пачаў цалаваць Мелані, абдымаць яе і раптам глянуў ёй проста ў вочы, запытаў:

– Ты пойдзеш са мной?

Яна напачатку не зразумела куды, у якую дарогу патрэбна ёй пайсці з ім, з усёй жарсцю адказвала на ягоныя пацалункі .

– Нас, туркаў, з самага малога дзяцінства прывучаюць, што мы героі што мы ніколі не павінны здавацца на літасць ворагу, што мы павінны толькі перамагаць, – звабліва шаптаў Архан, нібы запаўзаў у вуха Мелані пяшчотны няспешлівы мураш, – Ты пойдзеш са мной?

І тут яна зразумела, куды ён яе кліча і міжволі ўздрыгнула. Гэта было так нечакана, нібы падзенне на галаву гурбы халоднага снегу з зялёнай сасны у гарах Тродаса на цёплым Кіпры.

– Калі ты кахаеш мяне, калі я дарагі табе, давай памрэм адначасова, – шаптаў прынц і ўсё цалаваў-цалаваў Мелані, – Ён, Мехмед, возьме горад. Я гэта ведаю. Ён моцны і ён не адступіць. Аж тры дні і тры ночы Канстанцінопаль будзе ў руках башыбузукаў і янычараў. Я не хачу, каб твая чысціня і твая прыгажосць дасталіся нейкаму зверу. Ты пойдзеш са мной?

– Пайду, – адказала кіпрыётка і заплакала і ўткнулася юнай прыгожай галавою ў моцнае гарачае плячо, – Пайду, о, мой султан, бо я твая навекі.

– У мяне ёсць чорны парашок з Егіпту, з магілы фараонаў, – ціха гаварыў Архан, гладзячы яе чароўныя прыгожыя валасы, асцярожна намотваючы іх на свой палец, – Не бойся. Мы проста заснем і нам не будзе балюча.

– З табою я не баюся, – адказвала Мелані і цалавала ягоныя цвёрдыя салодкія вусны.

– Я падарую табе сапфір памерам з гусінае яйка, – бубніў размякчэлы ад ейнай пяшчоты турэцкі прынц. Потым дастаў з прыгожай арэхавай шкатулкі дзве порцыі атруты зробленыя ў форме малюсенькіх рыбак начэпленых на срэбныя ланцужкі. Адну рыбку ўздзеў на шыю Мелані, другую на шыю сабе, сказаў:

– Мы, калі ўбачым, што надыйшло непазбежнае, праглынем гэтых рыбак і, як яны, паплывем у вечнасць.

Тым часам туркі падвезлі да Раманаўскай брамы велізарную драўляную акутую жалезам вежу вышынёй у трыццаць сажняў і з яе адкрылі жорсткую страляніну па абаронцах гораду. На сцяне гінула мноства рамеяў і іхніх саюзнікаў. Там было сапраўднае пекла.

Імператар, параіўшыся з генуэзцам Джусцініані, зрабіў начную вылазку, калі асманы, па сваёй завядзёнцы, адыйшлі ў лагер на малітву. Вежу падпалілі, ачысцілі вадзяны роў. Перад гэтым башыбузукі завалілі яго зямлёй, дрэвамі, каменнямі, сваімі парванымі абгарэлымі намётамі, нават трупамі сваіх забітых сяброў.

Раніцой Мехмед убачыў, што штурм трэба пачынаць з самага пачатку, раззлавана ўсклікнуў:

– Калі б 30 тысячаў Прарокаў прадказалі мне, што няверныя паспеюць зрабіць такое ўсяго за адну ноч, я б і тады не паверыў!

Але глыбока памыляліся тыя, хто думаў што такім чынам можна адбіць у маладога султана ахвоту штурмаваць Канстанцінопаль. Няўдачы толькі гартавалі ягоны цвёрды, як пустынны саксаул, характар. Ён быў не з тых людзей-палахліўцаў, што спатыкаюцца аб уласны цень. Пацярпеўшы паражэнне ў адным месцы, ён адразу ж шукаў і вельмі часта знаходзіў новае рэчышча, па якому пачынала з новай сілаю і энергіяй плысці ягонае заўсёды накіраванае на перамогу жыццё.

Султан вырашыў атакаваць рамейскую сталіцу не толькі з сушы, але й з мора. Для гэтага неабходна было, каб турэцкія караблі праніклі ў бухту Залаты Рог. Але як, якім чынам? Ланцуг, што намёртва запіраў бухту, з’яўляўся неадольнай перашкодай для флоту. І тады Мехмед са сваім саветам-дыванам надумаў абыйсці ланцуг па сухазем’ю. Гэта было на першы погляд простае, а па-сутнасці геніяльнае рашэнне задачы.

21 красавіка 1453 году асманская артылерыя з самай раніцы пачала такую ярасную страляніну, што не вытрымала, рухнула Вікцініева вежа каля рэчкі Лікас. Сцяна перад ёю таксама была зруйнавана бесперапынным цяжкім гарматным агнём. Ход у горад быў прабіты, і туды сцягнуліся амаль усе рамейскія сілы, каб закрыць сабою гэты жахлівы пралом. Але туркі не пайшлі на прыступ, што здзівіла рамейскіх военачальнікаў. Пакуль яны ламалі галовы над дзіўнымі паводзінамі непрыяцеля, турэцкія сапёры па султанавым загаду ўсю ноч раўнялі, зразалі, падсыпалі пяском восем вёрстаў дарогі ад месца, дзе стаяла іхняя эскадра, праз Галацкую выспу і далей, абыходзячы ланцуг, на паўночны бераг Залатога Рогу. Збілі тоўсты драўляны насціл, паклалі па яму драўляныя рэйкі, густа змазалі іх тлушчам. На змазку пайшлі барановы здор, свініна, трупы забітых кошак і сабак. Затым змайстравалі вялізныя драўляныя калымагі-платформы з літымі чугуннымі коламі, спусцілі іх у ваду, падвялі пад днішчы караблёў, з дапамогаю ледзь не сотні валоў выцягнулі калымагі разам з караблямі на бераг, і ашаламляльнае відовішча адкрылася рамейскім вачам. З бадзёрай вясёлай музыкай, з песнямі, з распушчанымі ветразямі ехаў-плыў па беразе затокі, абмінаючы ўжо непатрэбны нікому ланцуг, варожы флот. Анаталійскія валы, нізка нахіліўшы да зямлі агромністыя рагатыя галовы, правальваючыся тоўстымі моцнымі нагамі ў руды пясок, спорна цягнулі адзін за адным ажно 70 турэцкіх караблёў. Твары ў канстанцінопальцаў адразу ж спахмурнелі. Амаль у цэнтры горада, амаль побач з імператарскім палацам, з’явілася цэлая армада караблёў, якія з усіх сваіх гарматаў пачалі шпурляць цяжкія гарачыя ядры ў жылыя кварталы. З гэтай часіны шмат хто з рамеяў зразумеў – горад не ўтрымаць, турэцкі ятаган вось-вось уварвецца на плошчы і вуліцы, пацякуць рэкі крыві. Людскія вочы болей не свяціліся ўсмешкаю. Дзіцячы смех пакінуў двары.

Гэта зразумелі і палеманісты. Калі Яээп Ранцэвіч у чарговы раз завітаў да іх на сцяну, яны моўчкі абкружылі яго, моўчкі чакалі, што скажа

– Вучні паважаюць у настаўніку не ўказку, якой ён іх вучыць, а розгу, якой ён іх лупцуе, – мудрагеліста пачаў сваю гаворку Ранцэвіч, – Сёння, на вялікі жаль, настаўнік ва ўсіх тых, хто абараняе Канстанцінопаль, а, значыць, і ў нас, турэцкі султан Мехмед. Ён узяў горад у такія абцугі, што не прадыхнуць. Струна нацягваецца, каб лопнуць.

Ранцэвіч змоўк. Грукаталі па ўсёй агромністай акружнасці горада турэцкія гарматы, білі з бухты Залаты Рог, з Мармуровага мора. Сцяна калацілася ад магутных удараў ядраў, абсыпАлася, трэскалася. Дым і агонь гулялі па горадзе, праз раструшчаныя дзверы і разбітыя вокны заходзілі ў людское жытло. Енчылі параненыя.

– Што ж з намі будзе? – ціха запытаўся Карпей Блусь.

– Думаю, што без знешняй дапамогі Канстанцінопаль пратрымаецца яшчэ тры-чатыры сядміцы і (як лягчэй сказаць?) спусціць дух, – адказаў Язэп Ранцэвіч, – Імператар Канстанцін прасіў усіх хрысціянскіх гасудароў аб дапамозе. Мы, кардынал Ісідор, Грыгорый Балгарын і я, са згоды імператара праз пасланніка Свяшчэннай Рымскай імперыі перадалі ліст у Кракаў каралю польскаму, вялікаму князю літоўскаму Казіміру, у якім вельмі-вельмі прасілі паслаць войска супроць акрутных туркаў. Але яснавяльможнаму пану, пэўна ж, не да нас. У траўні гэтага году на Віленскім сойме людзі Яна Гаштольда хацелі замест Казіміра абраць вялікім князем Радзівіла Осцікавіча. Злая сеча там была, самога Казіміра зачапілі шабляй. Ён увесь час ваюе з Масквой, то ўдала, то няўдала. Апошнім часам пацярпеў паразу, адмовіўся ад прэтэнзій на Ноўгарад і Пскоў, скасаваў пастанову аб Фларэнтыйскай Вуніі і прызнаў маскоўскага мітрапаліта Іёну галавой праваслаўнай царквы ў Вялікім княстве.

– Які ж ён тады Вялікі Гаспадар, калі не чуе голас свайго народу, ставіць над намі чужынца, нішчыць святую Вунію? – абурыўся Марцін Жабыка-Жэмба.

– А каб ты ўчарнеў! – у адзін голас аблаялі Казіміра браты Усакоўскія.

– Сеюць зямлю рожжу, а жывуць ложжу, – змрочна прамовіў Ян Карсакоў. Ён, як і ўсе астатнія палеманісты, дай Бог сустрэцца з каралём і вялікім князем Казімірам, не пабаяўся б шапнуць яму на вуха некалькі дужа непрыемных слоў.

– Пытаешся, што з намі будзе? – звярнуўся тым часам Ранцэвіч да Карпея Блуся, – Усё ў руках Божых. Будзем змагацца. Разам з нашымі хрысціянскімі братамі рамеямі не пасаромім хрысціянскі меч. Запамятай адно – жыццё не канчаецца на зямлі, яно доўжыцца ў нябёсах.

У гэты час лавіна крыкаў абрушылася на параненую гарадскую сцяну – башыбузукі пайшлі на яшчэ адзін штурм. Палеманісты і Язэп Ранцэвіч разам з імі кінуліся на свае баявыя месцы, аркебузамі, арбалетамі, лукамі, дзідамі, шаблямі, сякерамі, мячамі, камянямі, гаршкамі з пякучай смалой сустрэлі ворага тварам у твар. Кожны ведаў адно – не заб’еш ты, заб’юць цябе. З гарачага дыму, з пякельнага туману свіснула, прыляцела турэцкая страла, дзеўбанула Марціна ў правы плячук. Ён пахіснуўся, потым пачаў ціха спаўзаць на выкладзеную шурпатымі гранітнымі плітамі верхнюю пляцоўку сцяны. Ён адразу ж падумаў пра Зосю Еўрапейку.

Пасля таго, як Мелані пабегла да Архана, у арсенале ўсталявалася напружаная цішыня. Хлапчукі і Зося рабілі звычную справу. Кожны думаў пра сваё. Хлапчукам ніяк не верылася, што туркі возьмуць іхні родны, такі моцны, такі прыгожы горад. Для іх ён быў цэнтрам Сусвету, цэнтрам Розуму і Дасканаласці. Бацькі, старэйшыя людзі заўсёды казалі ім, што нельга перамагчы грэцкі геній, грэцкі дух. Яны ганарыліся сваім вялікім старабытным горадам, радаваліся, што нарадзіліся і жывуць у ім. І раптам аднекуль прыйшлі нікому невядомыя варварскія плямёны, страляюць з гарматаў у вечную сцяну, б’юць яе таранамі, ставяць лесвіцы, лезуць па гэтых лесвіцах уверх. Ды ці не само неба надумаліся штурмаваць нахабныя дзікуны?

У Зосі думкі былі больш прыземленыя, але таксама пякуча-вострыя. Што з Марцінам? Як ён там ваюе на сцяне? Што есць? Як спіць? Ці не параніла яго? Пра смерць, пра Марцінаву смерць, яна не думала. Ён не памрэ без яе. Як прыдзе час паміраць, яны памруць разам.

Калі закончыўся яшчэ адзін працоўны дзень у арсенале, Зося, развітаўшыся з хлапчукамі, пайшла ў сваю каморку, запаліла ў цемры свечачку, сядзела, глядзела на тонкі кволы самотны, як ейная душа, агеньчык. Сум накочваўся на сэрца. Было так няўтульна, так трывожна. Што рабіць? Каму выказаць сваю халодную тугу?

У куце каморкі пад абразком Найсвяцейшай Панны Марыі стаяў штандар 20-га Маланкападобнага Рэйнскага Легіёну з залатым арлом зверху, які ім з Марцінам уручыў калісьці (гэта не казка, гэта было!) сам Канстанцін Вялікі. Зося любіла глядзець на яго і да драбніцаў успамінаць тое невераемнае фантастычнае вандраванне. Успамін надаваў стомленай душы сілу.

Вось і сёння, памаліўшыся Найсвяцейшай Панне Марыі, яна перавяла позірк на штандар, на залатога арла. Высакароднае баявое золата ззяла ў змроку, як прамяністае ранішняе сонца. Веліч была ў гэтым ззянні, першародная цнота. Лёгка і нязмушана нараджала Зося ў сваім уяўленні воблікі тых суровых магутных мужчынаў, якіх вёў у бітву, магчыма, на смерць, гэты старадаўні штандар.

І раптам ёй падалося, што арол злёгку павярнуў вострадзюбую галаву, варухнуў крылом, паглядзеў на яе іскрыстым брыльянтавым вокам. Сцены невялічкай каморкі азарыліся мяккім трапятлівым фасфарычным святлом. Зося перастала дыхаць. “Або я ператамілася ў арсенале, або я вар’яцею”, – падумала яна. Між тым арол пачаў павольна развінаць шырокія моцныя крылы і ўвесь час неадрыўна глядзеў на яе. І загад і нейкае маленне былі ў ягоным позірку. Здавалася, ён некуды яе кліча.

Зося ўскочыла са свайго месца, прыклала да грудзей рукі, адчула як моцна і ўсхвалявана б’ецца сэрца. Яна ўспомніла, што ўжо неаднойчы бачыла, як успырхваў, узлётваў са штандарнага дрэўка гэты арол. Праўда, тады ёй здавалася, што ўсё адбываецца падчас сну, і арліныя палёты не дужа ўражвалі яе. Але ж тое, што бачыць яна сёння, ніякі не сон, не сон. Еўрапейка балюча ўшчыкнула сябе за докаць. Арол не знікаў. Наадварот, ён ужо раздзімаў шэра-залатое пер’е, як бы набіраўся сілы перад палётам. І вось імкліва сарваўся са штандару (дрэўка звонка пляснула аб падлогу), зрабіў круг над Зосінай галавою, ірвануўся ў вузкія дзверы каморкі. Нейкая неўсвядомленая патрэба падштурхнула Зосю бегчы за ім. Яны вырваліся з каморкі – арол і Зося Еўрапейка – і вечаровы трывожны Канстанцінопаль, горад, які дажываў свой хрысціянскі век, глянуў на іх самотным вокам.

Арол паляцеў трохі высакавата над зямлёю, каб Еўрапейка магла бачыць яго на фоне папяловага вечаровага неба. Не спяшаючыся ён мінуў арсенальны двор, пакіраваўся ўздоўж гарадской сцяны, на якой траскуча-ярка гарэлі паходні і дыміліся пажары – сляды ад удараў турэцкіх ядраў. Адтуль зносілі параненых, якія глуха стагналі, і целы забітых. Параненых і забітых клалі каля сцяны, і ўжо чуўся несуцешны жаночы і дзіцячы плач.

Арол спусціўся ніжэй, нырнуў у змрок, як бы прыціснуўся да самай зямлі, і нетаропка, каб Зося магла паспяваць за ім, падляцеў пад паветку, што ляпілася да сцяны. “Няўжо Марціна забілі?” – раптам падумала Зося, і ейныя каленькі ўздрыгнулі. Яна ўжо здагадалася, куды вядзе яе таямнічая птушка.

На зямлі пад паветкаю былі разасланы сатлелыя звярыныя шкуры, дзіравае палатно для ветразяў, парваныя намёты. На гэтай непатрэбшчыне ляжалі параненыя, цэлыя кучы параненых. Хрыпы, стогны, кашаль, праклёны і малітвы, – усё злівалася ў пагрозную музыку вайны і жалобы. Мніхі з Афонскага кляштару ў доўгаполых чорных плашчах павольна хадзілі між пакутнікаў, нават пераступалі цераз іх і нешта напаўголас гаварылі – ці тварылі святыя малітвы, ці давалі парады скалечаным людзям. Яны былі падобныя на лугавых наддзвінскіх буслоў. Зося разгублена спынілася, не ведаючы, што рабіць. Арол жа раптоўна знік.

– Марцін! – ціха гукнула Еўрапейка.

Ніхто не азваўся. Людзі наўкол былі, як спавітыя сном. Нікога не цікавілі слёзы Еўрапейкі, што ўжо пакаціліся частым дожджыкам па загарэлых шчоках. Надыйшоў такі час, такі пераломны міг, калі кожны пачынае ратаваць толькі сябе, думаць у першую чаргу толькі пра сябе.

Ды не такая была Зося Квяцінская, якую ўсе называлі Еўрапейкай, каб надоўга раскісаць. Як кажуць, слёзы коцяцца, а рукі й вочы клапоцяцца. Яна хуценька пайшла між параненых, уважліва ўзіраючыся ў цёмныя спакутаваныя твары, часам нізка нагінаючыся, каб лепш разглядзець чалавека. Калі ўжо здавалася, што Жабыкі-Жэмбы тут няма, яна ўбачыла яго. Марцін не ляжаў, а сядзеў прысланіўшыся спіною да сцяны.

Вочы былі заплюшчаныя.

– Марцінік – паклікала Зося. Гэтак яго называла толькі яна. Жабыка-Жэмба рэзка ўздрыгнуў, нібы яго хвастанулі па голай спіне лазінай, павярнуўся на голас. Ён убачыў Зосю, усміхнуўся ёй і раптам заплакаў. Вялізныя, як боб, слёзы павіслі на цёмных вейках.

– Ты што? – хуценька апусцілася перад ім на калені Еўрапейка, – Хіба такія як ты плачуць?

Яна пацалавала яго ў параненае плячо, з якога зялейнікі ўжо дасталі стралу, абматаўшы рану кавалкам чыстага белага палатна. Яркая пляма крыві, падобная на кветку, бачылася на гэтым палатне.

– А які я? – падавіўшы ў душы слёзы, дрогкім ад болю голасам спытаўся ён.

– Ты – самы моцны. Ты – самы адважны. Ты – мой самы любімы, – яшчэ раз пацалавала Марціна Зося, зараз ужо ў вусны.

Ад такіх слоў ён ажыў, павесялеў, пацягнуўся да яе, абняў здаровай рукою. Два сэрцы соладка ўздрыгнулі і аж захлынуліся нерастрачанай пяшчотай. Ды вакол былі кроў, пакута, адляталі ў вечнасць чалавечыя жыцці, і не было месца на гэтым карнавале смерці не толькі каханню, але й звычайнай чалавечай радасці.

– Дарэмна ты пайшла за мной, табе трэба было застацца ў Фларэнцыі, – пасля маўчання сказаў цяжкія і нечаканыя словы Жабыка-Жэмба, – А тут мы ўсе можам загінуць. Ты ж бачыш як турак прэ. Ды мы й загінем, мы загінем, бо не можам здавацца ў палон.

– Ты што? – зноў паўтарыла свае толькі што сказаныя словы Еўрапейка, – Я пайшла за табой, як нітка за іголкай, бо верыла табе і сёння веру табе. Як я магла не пайсці? А наш Човен Палемона? А нашы сябры? Хіба гэта была толькі гульня, забава? Не. І ты гэта добра ведаеш. Так што выцірай, даражэнькі, слёзы. Мы з табой яшчэ нацалуемся на нашым вяселлі.

Сваёй тонкай пяшчотнай рукою яна пачала выціраць слёзы з вачэй і шчокаў каханка, і ён, магутны, шыракаплечы, ад гэтых далікатных дзявочых рухаў адначасна і мякчэў і рабіўся цвёрдым, як гонкае баравое дрэва. Вярталася ў сэрца сіла.

– Як ты знайшла мяне? – калі схлынула з душы чорная хваля тугі, запытаўся Марцін, закахана пазіраючы на сяброўку.

– Мне паказаў дарогу арол, – адказала Зося.

– Арол? – здзівіўся Жабыка-Жэмба і адразу ж задумліва пацёр пальцамі скроні, – Зноў арол. Ці не здаецца табе, што ён, гэты таямнічы арол, як бы лётае за намі? Я не скажу, што ён наш вораг, ён дапамагае нам, але ж...

– Гэта Канстанцінаў арол, – упэўнена прамовіла Еўрапейка, – Памятаеш, як імператар Канстанцін Вялікі ўручыў нам штандар Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Легіёну? Дык гэта арол з таго штандару. Я на свае вочы бачыла сёння, як ён зляцеў з дрэўка і павёў мяне сюды.

– Што ж гэта азначае? Павінен жа быць ва ўсім гэтым нейкі сэнс.

Марцін запытальна паглядзеў на Зосю.

– Ён, Канстанцінаў арол, лучыць першахрысціянаў з намі, сённяшнімі хрысціянамі. Ён, як напамін усім нам, што нельга разрываць повязь часу, забываць свае хрысціянскія карані, – сказала Еўрапейка, – Паглядзі – на кляйнотах Візантыйскай імперыі, на сцягах Польскага каралеўства – арол. І гэта невыпадкова.

Яны перазірнуліся, зразумеўшы адно аднога.

Усіх параненых размясцілі ў храме Святой Сафіі. Так загадаў імператар Канстанцін, хоць патрыярх Рыгор Мама не дужа вітаў ягонае рашэнне. Але з усясільнымі абраннікамі неба не спрачаюцца.

– Яны абараняюць Сафію, і Сафія абароніць іх, – цвёрда сказаў імператар і назаўтра прыйшоў да параненых са сваёй пляменніцай Зояй. Ён высока падняў яе, каб бачылі ўсе.

– Зоя на нашай мове азначае жыццё, – прамовіў ён, – З жыццём я прыйшоў да вас. І вы будзеце жыць. І будзе жыць наша тысячагадовая Імперыя. І будзе жыць наша тысячагадовая сталіца святы Канстанцінопаль. Верце мне. Хрыстос не пакіне ў бядзе сваіх верных дзяцей.

Яны, Канстанцін і Зоя, падыйшлі да таго месца пад зялёнай мармуровай калонаю, дзе ляжаў Марцін Жабыка-Жэмба. Маленькая чарнавалосая грачанка пазнала Марціна.

– Ты той, хто дастаў з марскіх хваляў залаты крыж, – усміхнуўшыся сказала яна і падаравала Марціну сваю цацку – драўлянага пафарбаванага ў чырвоны колер пеўніка.

Між тым турэцкія цяжкія ядры білі і білі па канстанцінопальскай сцяне. Білі ўдзень, білі ўначы. Сцяна не ведала спачыну і паступова пачынала здаваць – трэскацца, абрушвацца. Рамеі адразу ж выскоквалі ў праломы, як выскокваюць мурашкі з мурашніку перад грымучай навальніцай, і ліхаманкава рамантавалі дзіравую сцяну. Сыпалі кучы пяску, камяні, бярвенні. Ды гэтыя контратакі, гэтая пастаянная знясільваючая праца да таго стамлялі людзей, што некаторыя ўжо гатовы былі адчыніць гарадскія брамы Мехмеду. Асабліва вызначаліся генуэзцы, якія служылі і Візантыі і (патаемна) туркам, і малодшыя клерыкі канстанцінопальскага праваслаўнага духавенства. Клерыкі ў адкрытую абражалі імператара Канстанціна, называлі яго зайцам у клетцы. “Горай не будзе, калі ў горад увойдуць асманы, – казалі яны на плошчах, на вуліцах, у сваіх храмах, – Султан Мехмед ніякі не звер. Гэта высокаадукаваны культурны чалавек, сын хрысціянкі. Мачахаю ў яго была сербская прынцэса. Ён чытае Гамера і Гарацыя. Хіба можа ён знішчыць святую Сафію? А Канстанцін, самы апошні і самы слабейшы з Палеалогаў, заключыў з рымскім папствам, што захлынаецца ў срэбралюбстве і распутстве, ганебную Вунію, якая падразае крылы нашаму праваслаўю. У 1204 годзе лаціннікі ўжо рабавалі нашу сталіцу. Няўжо мы дазволім, каб іхні разбой паўтарыўся яшчэ раз?”. І ўсё гэта гняўлівае красамоўства закончвалася ўжо звычнымі словамі: “Лепей турэцкі цюрбан, чым папская ціяра”.

Канстанцін і Мехмед ведалі пра гэткія размовы. Аднога такія словы прыгнечвалі, другому ўзнімалі дух. На мяжы двух кантынентаў, дзвюх цывілізацый сутыкнуліся ў смяротнай бітве два вялікія чалавекі. Адзін з іх павінен быў прайграць і памерці.

Дзіўна, але абодва яны ў бяссонныя трывожныя ночы, калі грымела, гарэла неба над параненым Канстанцінопалем, часта ў думках і малітвах сваіх звярталіся не толькі да Хрыста і Магамета, але й да дзвюхгаловага арла. Для Канстанціна арол гэты быў вечным свяшчэнным сімвалам Візантыйскай імперыі. Мехмед жа бачыў у ім, у ягоных дзвюх ганарлівых непахісных галовах Еўропу і Азію. Ён, султан Мехмед разам са сваім народам, быў сынам Азіі. Ён ярасна жадаў, зноў жа разам са сваім народам, зрабіцца сынам Еўропы. Што благога ў такой мары?

Калі ж спусціцца з парфіраносных вышыняў ніжэй, да зямлі засыпанай попелам і залітай крывёю, то й тут штодзённа, штоімгненна адчувалася найвялікшая звышчалавечая напруга. Тут людзі за амбіцыі сваіх уладароў плацілі ўласнымі галовамі. Тут каля мармуровай калоны Святой Сафіі ляжаў, стагнаў ад болю Марцін Жабыка-Жэмба. І тут жа, толькі на другі бок абпаленай агнём сцяны, янычары неслі ў сваю оду Гасана Нечапая, волата, якога зваліла з ног не баявое жалеза, не ўдар мяча альбо булавы, а непадуладная людскому розуму таемная сіла, якая нараджаецца там, дзе чалавек, нават самы магутны чалавек, павінен саступіць дарогу Богу.

Пырскаў рэдкі ў гэтых мясцінах вясновы дождж. Не ўсе кроплі падалі долу. Але тыя, каму пашэнціла, зліваліся ў струменьчыкі, у ручаінкі, і цякла ў невядомую далеч дажджавая вада, празрыстая кроў зямлі.

У сярэдзіне траўня Мехмед жахнуўся даведаўшыся, якія велізарныя страты нясе ягонае войска. У чарговы раз ён прапанаваў Канстанціну здаць асманам сталіцу, а самому забраць усе свае багацці і пасяліцца там, дзе душа пажадае. І тут ён атрымаў ліст ад імператара. У кожным слове гэтага ліста трапятаў халодны вецер смерці. “Здаць табе горад не ў маёй уладзе і не ва ўладзе маіх падданых, – пісаў Канстанцін, – Нам дазволена толькі адно – паміраць па-ранейшаму, не шкадуючы свайго жыцця”.

Венецыянскі флот, на які так спадзяваліся рамеі, не здолеў прарвацца на дапамогу Канстанцінопалю. 23 траўня вярнулася ў Залаты Рог брыганціна, што шукала ў Прапантыдзе венецыянцаў, ды так і не знайшла. А праз дзень нядобры знак паказалі нябёсы – пачалося зацьменне месяцу. І хоць Канстанцін і ягоныя царадворцы казалі ўсім і ўсюды, што зацьменне найвялікшая радасць для рамеяў, бо паўмесяц сімвал магаметанства, і Бог, хаваючы ягоны твар, паказвае гэтым сваю няміласць Мехмеду, амаль усе абаронцы гораду канчаткова паніклі. Пачасцілася дэзертырства. Некаторыя з учарашніх саюзнікаў вялі патаемныя перамовы з туркамі.

Надвячоркам гэтага ж дня Мехмед сабраў вайсковую нараду – дыван.

– Ісці на штурм, альбо спыніць асаду? – задаў султан сваім военачальнікам адно-адзінае пытанне. Ягоныя чорныя прыжмураныя ад стомленасці вочы свідравалі кожнага, хто браў слова. Цяжка было гаварыць, гледзячы ў такія вочы.

– Сонцалікі, нам трэба вяртацца ў Эдырнэ, тваю сталіцу, – адважна прамовіў высокі

сівабароды Галіль-паша, – Праз дзень-другі сюды падыйдуць рыцары з усёй хрысціянскай Еўропы, і нават твой адважнейшы ятаган не зможа іх перакрышыць.

– Хлус! – крыкнуў яму візір Саган-паша, – Аб якіх рыцарах ты кажаш? Дзе яны? Сядзяць пад спадніцамі ў сваіх разбэшчаных жонак? Мой вялікі ўладар! – звярнуўся ён, нізка пакланіўшыся, да Мехмеда, – Хіба ты не бачыш, якое цудоўнае і шматлікае ў цябе войска і як добра яно ўзброена? У старадаўнасці Аляксандр Македонскі не меў і паловы такога, а заваяваў увесь свет. Ворагі твае слабыя, нікчэмныя, грызуцца між сабою, як паршывыя сабакі. Не забывай, мой вялікі ўладар, што ты і твой народ – нашчадкі слаўных траянцаў. Адпомсці ж за Трою, якую аддалі агню вераломныя грэкі! Будзь мужны і цвёрды. Ідзі на штурм, і Канстанцінопаль, а неўзабаве і ўся Еўропа будуць каля тваіх ног!

Уначы на 27 траўня ўсё мора, ад Галаты да Скутары, раптоўна і адначасна ўспыхнула. Здавалася, выбухнуў падводны вулкан, альбо пажар накінуўся на турэцкія караблі. Рамеі напачатку так і падумалі, узбегшы на сцены. Але горкае расчараванне чакала іх. Не вулкан гэта быў, не пажар, а запаленыя асманамі яркія паходні і марскія ліхтары. Варожыя матросы, узяўшыся за рукі, танцавалі, спявалі песні. Найвялікшая радасць віравала ў ваяўнічых душах – султан даў загад штурмаваць Канстанцінопаль, і вось-вось яны пойдуць у бой!

З гэтага самага імгнення час паляцеў з хуткасцю гартаванай арбалетнай стралы. Усе – і султан з імператарам, і янычар з венецыянскім матросам, і Марцін Жабыка-Жэмба з Гасанам Нечапаем, і арсенальскія хлапчукі з башыбузукамі – усе ўручылі свае лёсы, свае жыцці ў строгія Божыя рукі. Большасць з гэтых людзей нават не здагадвалася пра такі рэзкі вырашальны паварот жыццёвай дарогі, але пра гэта ведаў Бог, і ён з недасяжнай касмічнай вышыні ўважліва пазіраў у кожную чалавечую душу і кожнаму па ягоных заслугах і грахах адпускаў адпаведную меру пакуты і надзеі. І туманныя абрысы смерці ўжо бачыліся, як ледзяныя сівыя воблакі, мудрапранізліваму Божаму воку. Рыхтуйце слёзы, мацеры, жонкі і дзеці. Ятаган вайны ўжо грозна свішча каля галоваў і сэрцаў.

У гэты ж самы час імператар Канстанцін сеў на баявога каня, борзда ўз’ехаў на рабаціністую шчарбатую ад пастаяннага абстрэла сцяну і, не баючыся смяротнага варожага металу, гледзячы туды, дзе ўжо бушавала, збіваючыся ў суровыя ярасныя шыхты, турэцкае вайсковае мора, сказаў усім, хто ў гэтае імгненне мог яго пачуць:

– Военачальнікі, правіцелі, верныя суграмадзяне, сябры! Да вас звяртаюся я, ваш імператар. Нас чакае вялікая бітва. Не мы пачыналі яе. З глыбіняў варварскага свету прыйшоў народ, які раней сяліўся па той бок Понту Эўксінскага і Каўказскіх гораў. Яны не ведаюць хлеба, віна і солі. Яны жывуць у брудзе паганскіх насалодаў і не могуць не рабаваць іншых, як сабака не можа не гаўкаць. Здача ім Канстанцінопалю – гэта другая смерць Гамера, другое кананне Платона. Я – Канстанцін, гэта значыць, Пастаянны, Нязменны. Я не здраджу сваёй веры, сваёй зямлі, свайму гораду, вам. Чатыры свяшчэнныя імені няхай будуць вам даражэй за само жыццё: хрысціянская вера, айчына, імператар – памазанік Божы і вашы сем’і. У час бою захінайце галаву шчытом, у правай руцэ трымайце меч. Шаломы, латы і жалезныя кашулі дадуць вам надзейную абарону. У ворага іх няма, ён да іх непрывучаны. Не забывайце, што вы будзеце стаяць за сцяною, а ваш вораг у чыстым полі. Не адчайвайцеся, памятайце, што далёка не заўсёды перамагае той, у каго болей сілы.

Затым імператар звярнуўся да венецыянцаў, генуэзцаў і каталанцаў, што стаялі асобымі атрадамі:

– Гэты горад быў і вашым горадам. Гэты горад чуў смех вашых дзяцей. Застаньцеся ж у цяжкі крывавы час нашымі вернымі саюзнікамі і братамі.

Зняўшы з галавы залатую карону, Канстанцін паказаў яе ўсім, горача прамовіў:

– У вашыя рукі перадаю маю карону. Вось яна. Абараніце яе. На небе вас чакае адкаваная з сонечных зіхоткіх прамянёў карона, а тут, на зямлі, застанецца аб вас слаўная вечная памяць. Калі ж я саступлю, стану палахлівым гніладушам, няхай гэта святая карона зробіцца гняздом балотнай вужакі.

Са сцяны ён паехаў да Сафіі, спешыўся, увайшоў у яе і доўга маліўся з усёй сваёй світаю і сям’ёй. Потым адаслаў ад сябе ўсіх, застаўся сам-насам з цішынёй і Святой Сафіяй, апусціўся на калені перад магілаю імператара Юстыніяна, сказаў шэптам:

– Прабач мне, найвялікшы муж, калі не здолею абараніць твой храм. Але я вельмі-вельмі буду старацца.

Дома, у цесным атачэнні сямейцаў, цёпла пагутарыў з кожнай з чатырох дачок (Бог не даў яму сыноў), кожную прыгарнуў да грудзей, пацалаваў. Папрасіў у сваіх блізкіх прабачэння за ўсё. У адказ пачуў сцішаны горкі плач. І зноў застаўся адзін. Загадаў патушыць у пакоі ўсе свечкі, расчыніць вакно. Доўга глядзеў на апошні агонь вечаровай зары. Аб нечым думаў. Нешта шаптаў ссушэлымі вуснамі. Потым ускочыў на каня, паехаў уздоўж гарадской сцяны правяраць начную варту. Калі параўняўся з Харсійскай брамай, звонка заспявалі-закукарэкалі першыя пеўні. Канчалася ноч.

– Пеўні, – як хлапчук, здзівіўся Канстанцін і ўсміхнуўся.

І ў гэтае самае імгненне пачуўся густы няўтрымны шум, быццам, зламаўшы плаціну, вырвалася на волю злая рака. Па ўсёй лініі гарадской абароны туркі рынуліся на штурм, палезлі на сцяну.

Візір Саган-паша падставіў султану Мехмеду плячо, калі той узлазіў на баявую калясніцу. Каля іх шчыльнымі калонамі беглі башыбузукі з лесвіцамі ў руках. Мехмед устаў на поўны рост побач з закаваным у бліскучыя італійскія латы возчыкам, шырока шчасліва ўсміхаючыся сказаў:

– Сёння Алах даруе мне Канстанцінопаль. Заўтра я вазьму Рым. Паспытаўшы смак дачкі, я павінен авалодаць ейнай маці.

Яму знізу падалІ на калясніцу султанаў лук, ён выпусціў з яго залатую стралу ўбок дымнай, ужо аблепленай лесвіцамі гарадской сцяны і, як усе, ірвануўся на прыступ. Ад радасці атакі, радасці бітвы калацілася ягонае маладое гарачае сэрца. Ён дачакаўся свайго самага галоўнага ў жыцці дня.

У першых шэрагах штурмоўцаў пайшлі на Канстанцінопаль навабранцы-башыбузукі. Некаму было іх шкадаваць. Іх секла шрапнель рамейскіх гарматаў, білі дзіды, мячы і сякеры, іх сустракалі пудовыя валуны і бярвенні, агонь і смала. І калі рамеі ў чарговы раз адбілі іхні наступ, заваліўшы трупамі роў і сцяну, Мехмед выпусціў нарэшце сваіх згаладалых па бітве янычараў. Тыя рынуліся на рамейскую сталіцу, як ільвы, як тыгры. Гэта быў такі сакрушальны ўдар па рамейскай абароне, што яна не вытрымала, пачала развальвацца, рассыпацца на кавалачкі, як раструшчанае шкло. Ігралі трубы і ражкі, ашаламляльна грукаталі барабаны, з усіх караблёў і сухапутных батарэяў безупынна стралялі і стралялі гарматы.

Янычары нястрымна палезлі на сцены. Станавіліся адзін адному на плечы, чапляліся за каменні. Хто зрываўся і ляцеў уніз усёроўна да апошняга свайго ўздыху ярасна і натхнёна крычаў: “Алах! Алах!”. Здавалася, адзінай мэтай іхняга кароткага жыцця быў захоп рамейскай сталіцы і бацькоўская радасная ўсмешка султана, як узнагарода за гэта. Убачыўшы Мехмедаву калясніцу, яны крычалі яму:

– Будзь султанам усёй зямной айкумены і нябёсаў!

І ён, каб яшчэ больш распаліць іхні парыў, іхні малады бясстрашны палёт, страляў і страляў з лука, а потым узвіў над галавою цяжкі востры ятаган Асмана. Калісьці Асман, “барацьбіт за веру”, паставіў са сваімі супляменнікамі 400 бедных дзіравых намётаў на ўскрайку пустыннай спякотнай Анатоліі, і высакамерныя рамеі смяяліся з яго, не заўважалі, быццам быў ён шэрым суслікам, якому прадвызначана Богам да скону жыць у цёмнай земляной нары. Сёння ягоны нашчадак Мехмед штурмуе Канстанцінопаль, ганарлівую цытадэль хрысціянства.

На самым золку ўдалы стрэл з магутнай новай “Базілікі” паваліў участак сцяны каля рэчкі Лікас. Каля трохсот янычараў адразу ж уварваліся туды. Заклубіўся такі жорсткі бой, панёсся такі трэск дзідаў, металёвы бразгат мячоў, ятаганаў і шчытоў, што ва ўсіх заклала вушы. Усе былі як глуханямыя, толькі секлі і калолі, калолі і секлі. Свае і чужынцы змяшаліся ў адну велізарную кучу, якая раўла, хрыпела, плявалася гарачай крывёю, ламала варожыя і свае косці, раздзірала вострым наточаным жалезам грудзіны, адным страшным рэзкім узмахам зносіла галовы. Чалавечыя рэбры трашчалі, як сухое сучча ў лесе. Сінія вантробы з распоратых жыватоў расплываліся па зямлі. Кроў біла з перасечаных венаў яркачырвонымі фантанамі. Спачатку пад нагамі ў тых, хто насмерць секся ў праломе, былі лужыны крыві, потым яна пацякла, пабегла ручаямі.

Рамейская абарона страціла ўсялякую арганізаванасць. Натоўпам зрываліся з месцаў, беглі туды, дзе пачынаў зеўраць чарговы пралом. Дарэмна венецыянец Джакоба Кантарыні, Язэп Ранцэвіч і прынц Архан спрабавалі ўтрымаць сваіх людзей на адведзеных ім участках гарадской сцяны. Часам здавалася, што ўсе звар’яцелі. Ліхаманкавы бляск у вачах, перарывістае хрыплае дыханне, потныя перакошаныя лютасцю твары замазаныя сажай і крывёй, – усё гэта напамінала жахлівыя малюнкі Дантавага пекла.

Там, дзе сцены старога Улахернскага кварталу сутыкаліся з асноўнымі гарадскімі ўмацаваннямі, янычары адшукалі хітра замаскаваную брамку Керпапорту, па якой рамеі рабілі свае начныя вылазкі. Адразу ж штурмавая ярасная рака ўварвалася і сюды, усё змятаючы па дарозе. На чале сваёй оды тут няўтрымна ішоў Гасан Нечапай, які толькі-толькі ачуняў пасля памятнага паядынку з Мехмеда-Канстанцінам, што адабраў у яго ці не ўсю нервовую сілу. У адной руцэ Гасан трымаў зялёны сцяг Прарока, у другой велізарны ятаган. Сваім ятаганам ён касіў праціўнікаў, як лугавую траву. Воляй баявога лёсу тварам у твар з ягонай одай сутыкнуліся палеманісты-ліцвіны і туркі прынца-перабежчыка Асмана.

Пачынаючы бой, палеманісты заспявалі малітву звернутую да Божай мацеры:

Вітана будзь, Марыя, ласкі поўная.

Пан з табою.

Блаславёная ты між жанчынамі.

Блаславёны плод улоння твайго, Езус.

Святая Марыя, маці Божая,

Маліся за нас цяпер

І ў хвіліну смерці нашай. Амэн.

Яны стаялі сцяной, выставіўшы перад сабой доўгія жалезнадзюбыя дзіды, высокія чырвоныя шчыты, моцна сціскаючы ў руках сякеры, булавы, мячы. Суровая песня-малітва была іхнім шчытом, адзіным на ўсіх. Язэп Ранцэвіч, Іван Маладзей, Ян Карсакоў, браты Усакоўскія і Карпей Блусь стаялі ў першым шэразе, і аб іх ударыла з усяго шалёнага разгону асманская хваля. Ударыла, пахіснула, але не зваліла. Ліцвіны ўстоялі на нагах, і адразу ж іхнія дзіды, што не ведалі жалю, з сухім шоргатам увайшлі ў непрыкрытыя латамі грудзі янычараў. Пачуўся шматгалосы злы енк, у якім змяшаліся боль і нянавісць, здзіўленне і ярасць. Янычарам іхнія настаўнікі і камандзіры ўнушылі, што яны непераможныя, што іхняя сіла заўсёды і ўсюды зломіць варожую сілу, хто б не быў перад імі – рамеі, французы, германцы. І вось стаяць мужы з бясстрашшам у вачах, і вострыя мячы, сякеры і дзіды спраўна робяць сваю крывавую справу. Высокія ростам, маладыя, шыракаплечыя, ў большасці светлыя воласам і вокам. Адразу відно – не рамеі.

Што ж за народ?

Янычары нібы спатыкнуліся, карацейшым і драбнейшым зрабіўся крок. Аказалася, што й ім, султанавым сынам, не вельмі хочацца паміраць. Ды Гасан Нечапай, якому сам султан Мехмед даручыў узвіць над канстанцінопальскай вежай зялёны сцяг Прарока, і не падумаў спыняцца. Як гара, наваліўся ён на ліцвінаў. Браты Усакоўскія ад ягонага шалёнага ўдару разляцеліся, раскаціліся ўбакі, як велікодныя яйкі. Але Ян Карсакоў, захінуўшыся шчытом, так гваздануў асілка цяжкой шыпаванай булавой па пукатай грудзіне, што той збіў дыханне, захаўкаў ротам, захістаўся.

– Каб на гарох не мароз, ён бы цераз тын перарос, – весела сказаў Іван Маладзей, – Зараз мы цябе, страхалюдзіна турэцкая, падмарозім.

І пырнуў дзідай у тоўсты Гасанаў жывот. Кашуля, сплеценая з вярблюджага воласу, задубелая ад солі і поту, вытрымала ўдар, але востры кончык дзіды, пэўна ж, дайшоў да голага цела, бо Нечапай зароў ад болю, як бык.

– Не падабаецца? – прыкусіў рудаваты вус Маладзей, – А вось мы цябе...

Што надумваў Іван Маладзей зрабіць з велізарным туркам засталося невядомым, бо янычар Абдурахман, падскочыўшы на адной назе, крутнуўся ў паветры ўсім сваім жылістым целам, гыкнуў і з усяго маху адцяў вострым, як брытва, ятаганам Іванаву галаву. Вясёлавокая галава пакацілася па зямлі. Адразу ж некалькі ліцвінскіх дзідаў пранізалі Абдурахмана наскрозь, і ён рухнуў пад ногі сваім жа супляменнікам, якія растапталі яго. І ў гэтыя імгненні, калі жорсткая смяротная бітва толькі набірала імпэт і моц, усе палеманісты падумалі: “Шкада, што няма зараз з намі Марціна Жабыкі-Жэмбы. Дзе ён, наш сотнік?”.

А Марцін з Зосяй Еўрапейкай у гэты самы час беглі са Святой Сафіі да арсеналу. Расколвалася канстанцінопальскае неба ад магутных няспынных удараў турэцкай артылерыі. Ляскатала гарачае дымнае паветра. Клубамі ўзвіваўся наўкол агонь. Хісталіся сцены будынкаў. Бліскучымі ручаямі, як вада, цякло з вокнаў раструшчанае шкло і дзіка востра храбусцела пад нагамі.

Аб чым думаў вялікі вечны горад, атрымліваючы ўсё новыя і новыя раны, сплываючы крывёю? Шмат разоў яго штурмавалі полчышчы варожых войскаў. Шмат разоў існаванне і жыццё ягонае вісела на валаску. Ды ён ніколі і ні перад кім не станавіўся на калені. Толькі аднойчы, у 1204 годзе, ён адчыніў свае брамы праціўніку, але ж гэта былі хрысціяне-крыжакі. Сёння ж чужая вера, чужая зброя пагрозна і няўхільна стукаліся ў ягоныя сцены. Лёс Вавілона, лёс Карфагена чакаў Канстанцінопаль. Адлятала ў суровае злое неба ягоная хрысціянская душа. Адлятала, але не хацела, не жадала скарыцца чужаземцу.

Марцін у гарачцы грымучага лёсавырашальнага дня забыўся пра сваю рану. Яна развязалася, і кроў праступала праз кашулю яркай гарачай плямай.

– Марцінік! – крыкнула Зося, – Давай, я цябе перавяжу!

– Потым! – адмахнуўся Марцін.

Ён злаваў на ўвесь свет і ў першую чаргу, вядома ж, на сябе, што атрымаў гэту недарэчную рану і не можа ў самы адказны час быць побач са сваімі людзьмі там, дзе льецца кроў, дзе змагаюцца за святую справу рыцары, адным з якіх ён заўсёды імкнуўся быць.

Між тым турэцкі націск усё павялічваўся. Усё болеё янычараў і башыбузукаў урывалася праз разбітыя сцены на канстанцінопальскія вуліцы. Вялікі крык стаяў над горадам. Жанчыны і дзеці беглі ў цэрквы, залазілі ў паграбы і падземныя хады, каб неяк схавацца ад турэцкага гневу. Частка венецыянцаў і генуэзцаў пачалі прарывацца да бухты Залаты Рог, каб паспець сесці на свае караблі. Астатнія, асабліва, каталонцы, якія ўжо сутыкаліся з мусульманамі-арабамі на сваёй радзіме, і туркі прынца Архана, якім сам Мехмед паабяцаў найдаўжэйшую і найвастрэйшую палю, стаялі насмерць. Побач з імі мужна трымаліся ліцвіны-палеманісты Язэпа Ранцэвіча, хоць у яго ўжо была рассечана нага. Ранцэвіч моршчыўся ад болю, кульгаў, але біў і біў мячом і шаптаў праз сціснутыя зубы:

– Стаім, хлопчыкі, стаім.

Мноства трупаў валялася па ўсім горадзе, прытым, не толькі чалавечых, але й конскіх. Птушкі пакуль што асцерагаліся кляваць іх, але з цёмных гарадскіх шчылінаў ужо нахабна выбягалі вечна галодныя пацукі.

Імператар Канстанцін узначальваў абарону на самым галоўным накірунку турэцкага ўдару – насупраць вялізнага пралому ў сцяне каля рэчкі Лікас. Сюды Мехмед кінуў лепшых з лепшых сваіх янычараў. Ды рамеі, генуэзцы і венецыянцы сваімі целамі зрабілі жывы шчыт і ні на ёту не адступалі назад. Ногі ў людзей былі мокрыя ад крыві, у якой яны стаялі. Іх было тысячы і тысячы чалавек, але яны былі адзіным несмяротным жывым целам.

І тут цяжкая свінцовая куля ўдарыла кіраўніка генуэзцаў Джавані Джусцініяні Лонга, які са сваімі сямю сотнямі валанцёраў абараняў Раманаўскую браму, у жывот. Ён страціў прытомнасць. Калі ачуняў, ягоныя ардынарцы неслі яго ў насілках на генуэзскую трыеру.

– Назад! – крыкнуў Лонга, але ўсе зрабілі выгляд, што не пачулі яго. Жыццё было даражэй за славу і няславу, за высакароднасць і вернасць рыцарскаму слову. Марскія ваўкі генуэзцы ўжо рыхтавалі да адплыцця свае трыеры.

Рана Лонга дорага каштавала ўсёй абароне Канстанцінопаля. Генуэзцы зняліся са сваіх пазіцый і паспешліва пакінулі бухту Залаты Рог на трыерах. Дарэмна крычалі ім услед рамеі:

Здраднікі! Антыхрысты!

Як кажуць, свая кашуля бліжэй да цела, прытым, калі гэтая кашуля генуэзская.

Калі Канстанціну сказалі пра адплыццё генуэзцаў, ён толькі зморшчыўся, сурова звёў на пераноссі цёмныя бровы. Ён ужо разумеў, што жыццё загнала яго і верных яму людзей у такі лабірынт, з якога вяртаюцца на белы свет толькі ў трунах. У гэтыя імгненні ён ужо быў гатовы да смерці, але да смерці грэцкага героя, велічнай і прыгожай, незабыўнай, як смерць Ахіла і Гектара.

Пра палон і самагубства не магло быць ніякай гаворкі. Толькі ў першых шэрагах нязломных ваяроў, толькі са зброяй у руках. Канстанцін зняў з сябе імператарскае адзенне і апрануўся ў звычайны шэры салдацкі плашч. На нагах жа пакінуў чырвоныя боты з імператарскімі арламі.

Туркі ўжо святкавалі перамогу. Іхнія зялёныя сцягі луналі на большасці канстанцінопальскіх вежаў і брамаў. Вось-вось яны павінны былі ўварвацца ў Святую Сафію.

Венецыянцы Джакоба Кантарыні, людзі прынца Архана і ліцвіны-палеманісты паступова аказаліся ў вогненным катле непадалёк ад бухты Залаты Рог. З усіх бакоў іх сустракалі асманскія ятаганы, адусюль ляцелі ў іх стрэлы з лукаў і арбалетныя балты. Як статак жывёлін, іх заганялі ў вузкія цесныя партовыя вулачкі на бойню.

Паперадзе туркаў ішоў Гасан, велізарны, абпырсканы сваёй і чужой крывёю, з усмешкаю пераможцы на вуснах. Ён настолькі быў перакананы ў сваёй сіле і спрыце, што нават не прыкрываўся шчытом, лёгка адбіваючы ўсе ўдары знясіленых праціўнікаў ятаганам.

Раптам туркі апазналі прынца Архана, закрычалі:

– Вораг Прарока! Подлы гяур!

І хацелі пасекчы яго на шматкі. Але Гасан узняў угору руку, сказаў:

– Гэтага браць жыўцом. Гэтага чакае султанава паля з залатым наканечнікам.

Ён кінуў сплецены з конскага воласу аркан, лоўка падчапіў ім Архана, пачаў цягнуць да сябе, як з гурта авечак цягнуць барана. Прынц пабялеў, упіраўся што ёсць моцы, абедзьвюмя рукамі стараўся выбавіць шыю са смяротнай пятлі, але нічога не дапамагала.

– Ідзі. Ідзі да мяне, – з пагрозлівай пяшчотаю, усміхаючыся, казаў Гасан і ўсё цягнуў-цягнуў беднага прынца. Так павук у сваёй жахлівай павуціне падцягвае да сябе муху.

І тут Ян Карсакоў люта крыкнуў:

– Не чапай! Не чапай яго!

З усяго пляча ён секануў па аркану мячом, вызваліў прынца.

Гасана быццам уразіла громам, прыляпіўшы ногі да зямлі. Быццам слупняк наваліўся на асілка, скаваўшы ўсё ягонае велізарнае цела. І адначасна відушчымі зрабіліся памяць і душа. І ён успомніў. Ён успомніў маленькую драўляную хатку на беразе шырокай светлай ракі. І ён успомніў (упершыню за сваё жыццё ўспомніў!) сваю маці, маладую і прыгожую. Яна моцна прыціскала яго, Гасана, да грудзей, а смуглатвары касавокі вершнік, што сядзеў на ўзмыленым кані, вырываў Гасана з ейных рук.

– Не чапай! – крычала маці, – Не чапай!

Але ён вырваў маленькага хлапчука з матчыных рук, перакінуў яго цераз потнае сядло, хвастануў каня плёткай і знік. І задымілася, загарэлася драўляная хатка. А маці ўпала тварам у пясок, пачала сыпаць рыжы пясок сабе на галаву і ўсё крычала, галосячы:

– Не чапай!

Гэты мацярынскі крык-стогн, успыхнуўшы ў глыбінях Гасанавага сэрца, азначаў – НЕ БЯРЫ! – НЕ ХАПАЙ! – НЕ НАШКОДЗЬ! – НЕ ЗРАБІ БАЛЮЧА!

Гасан Нечапай засунуў за скураны пояс ятаган, са здзіўленнем і нейкай надзеяю паглядзеў на Яна Карсакова, запытаў па-турэцку:

– Хто ты і адкуль?

Ды Карсакоў не разумеў яго, стаяў, цяжка дыхаючы, сціскаючы ў стомленай руцэ меч. Тады Гасан крута развярнуўся, пашукаў некага вачамі паміж сваіх людзей, знайшоў, схапіў гэтага чалавека за каршэнь, вывалак, паставіў побач з сабою, загадаў:

– Перакладай тое, што я буду казаць.

Перакладчыкам-тлумачом аказаўся шчупленькі вясёлы венгерскі яўрэй, якога ўзялі ў палон яшчэ ў 1444 годзе ў бітве пад Варнай. Ён чамусьці падміргнуў Карсакову.

– Запытайся, хто ён, з якой краіны, – сказаў Нечапай.

Перакладчык запытаў па-польску. Карсакоў адказаў:

– Я – шляхціц з Віцебску, з Вялікага княства Літоўскага.

– Гэта рыцар з Ліцвініі, – пераклаў вясёлы яўрэй Гасану Нечапаю.

– Дзе знаходзіцца гэта краіна Ліцвінія і ці ёсць у ёй шырокая светлая рака? – задаў наступнае пытанне Гасан.

– Ліцвінія ляжыць паміж Польскім каралеўствам і Татарскай Масковіяй. Там вельмі шмат шырокіх светлых рэк. Дзвіна-Рубон, Нёман, Дняпро, – выслухаўшы Яна Карсакова, сказаў перакладчык.

– Значыць, я з Ліцвініі, – як бы сам сабе прамовіў велізарны янычар, але ўсе пачулі ягоныя словы, – Я заўсёды хацеў даведацца адкуль я. Я – з Ліцвініі.

Ён павярнуўся да сваёй оды, што чакала баявога загаду:

– Рыцараў з Ліцвініі пакуль што не кратаць. Сячыце псоў-перабежчыкаў прынца Архана.

Янычары з ярасным рыкам ірвануліся на сваіх няшчасных аднапляменнікаў. Зноў узялі на аркан Архана, але ён паспеў укінуць у рот малюсенькую рыбку, што на срэбным ланцужку вісела ў яго на шыі, крыкнуў: “Мелані!”. З роту ў прынца палілася чорная пена, і ён адразу ж упаў на зямлю і памёр.

У гэты самы час лютая сеча каля Раманаўскай брамы, у якой у рукапашным баі змагаўся імператар Канстанцін Палеалог, дасягнула найвышэйшага напалу. Туркі ў звычайным рамейскім салдаце пазналі самога імператара і, памятаючы словы Мехмеда: “Прывядзіце да мяне Канстанціна”, стараліся ўзяць яго ў палон. Пранізліва скрыгаталі ятаганы, удараючыся аб жалезныя шчыты. Глуха бухалі па шаломах і латах цяжкія шыпаваныя булавы.

Канстанцін разумеў, што на яго ідзе паляванне, што вось-вось асманскі аркан можа перахліснуць ягоную шыю, і звярнуўся да паплечнікаў, што біліся, сцякалі крывёю побач:

– Няўжо не знойдзецца хрысціянін, які б адсек мне галаву?

Гэта былі словы адчаю, страшныя словы. Іх сказаў чалавек, які заўсёды быў упэўнены ў сваёй перамозе. І тым цяжэй было слухаць такія словы.

Туркі і канстанцінопальцы збіліся-зляпіліся ў адну велізарную крывавую кучу. Немагчыма было разабраць дзе свой, дзе вораг. Мільгалі галовы, рукі, ятаганы, мячы. Гнеўным незямным святлом ззялі вочы. Ужо не крык, а хрыпенне вырывалася з чорных ратоў.

– У твае рукі, Хрысце, аддаю душу сваю і жыццё сваё! – усклікнуў Канстанцін і, выхапіўшы з рук у свайго зброяносца доўгую вострую дзіду, рынуўся ў самае-самае пекла крывавай бязлітаснай бітвы. Болей яго не бачылі.

– Вы, рыцары з Ліцвініі, умееце ваяваць. Вы адважныя, моцныя духам і целам. Станавіцеся пад сцяг, які я трымаю ў руцэ, пад зялёны сцяг Прарока, – сказаў палеманістам камандзір дзевятай оды Гасан Нечапай. Ён радаваўся, што знайшоў нарэшце свой народ, але да мозга касцей ён заставаўся янычарам-асманам.

– Мы – хрысціяне. І ваюем толькі пад хрысціянскім сцягам, – глуха выдыхнуў Язэп Ранцэвіч, які з-за цяжка параненай нагі ўжо не мог стаяць, а сядзеў на зямлі. Палеманісты, ахоўваючы яго, стаялі паўколам з мячамі і дзідамі ў руках. З іхняй зброі густа капала кроў. Бой аддаляўся ў цэнтр гораду. Толькі адзін ліцвінскі астравок заставаўся тут, непадалёк ад бухты Залаты Рог. І ўсе яны былі ў поўнай уладзе Гасана Нечапая. Узнімі ён руку, махні ёю, і янычары пасякуць на капусту маладых хрысціянаў.

Гасану ўспомнілася шырокая светлая рака, успомнілася маленькая хатка пад белым зялёным дрэвам, якое называецца бяроза, успомнілася маці і ёйны адчайны развітальны, як птушыны, крык. Ён нават успомніў пах таго далёкага ветру. Вецер шумеў, жыў у бярозе, быццам там было ягонае гняздо.

– Нам загадалі лавіць і біць псоў-перабежчыкаў прынца Архана. Пра вас мы нічога не чулі, – сказаў Нечапай і паказаў сваім ятаганам на бухту Залаты Рог, – Вазьміце на рукі свайго параненага пашу і бяжыце туды. Там яшчэ ёсць галеры, якія вось-вось здымуцца з якару і паплывуць адсюль. Султан Мехмед, наш вялікі бацька, распарадзіўся не дужа чыніць перашкоды генуэзцам і венецыянцам, калі яны пабягуць на свае караблі.

Прамовіўшы такія словы, камандзір дзевятай оды Гасан Нечапай высока ўзняў скрываўлены ятаган, крыкнуў: “Алах акбар!” і павёў сваіх янычараў туды, дзе ў полымі і дыме то прабіваўся, то знікаў сілуэт Святой Сафіі.

Увабегшы ў арсенал, Марцін і Зося ўбачылі там Мелані і ўсіх хлапчукоў. Як перапалоханыя птушаняты, яны сядзелі на сваіх месцах і набівалі шрапнельнымі кулямі каробкі. Здавалася, час тут спыніўся, яшчэ не грукнуў жалезным кулаком у гэтыя дзверы.

– Што вы тут робіце, хлопчыкі вы мае? – усклікнула Зося і раскрыліла рукі, каб абняць усіх падшыванцаў, што адразу ж рынуліся да яе шукаць паратунку.

– Кірыя Зося, мы робім шрапнель, – адказалі хлапчукі, упершыню назваўшы Зосю паняй.

– Думаю, што ўжо не да шрапнелі, – змрочна прамовіў Марцін Жабыка-Жэмба.

Хлапчукі з непаразуменнем глядзелі на яго. Гэты дзіўны рыцар з параненым плячом казаў зусім не тое, што яны хацелі б зараз пачуць. Усе дарослыя хвалілі іх за іхнюю працу і старанне, і раптам гучаць такія словы.

– Туркі ў горадзе, – сказала ім Зося Еўрапейка, – Хутчэй бяжыце, хлопчыкі, дадому, да сваіх бацькоў. Толькі дадому бяжыце, больш нікуды.

– Мы хочам глянуць на сцяну, -– прагучала ў адказ.

– Няма нашай сцяны. На сцяне ўжо туркі, – сумна выдыхнуў Марцін і закашляўся ад дыму, які цёмнаю хмараю пачаў наплываць з вуліцы ў Арсенал.

І толькі тут падала голас Мелані. Увесь гэты час яна сядзела моўчкі, схіліўшыся над горкаю шрапнельных куляў і не ўдзельнічала ў гаворцы. Але пачуўшы, што на канстанцінопальскай сцяне ўжо ўладарнічаюць туркі, яна дзікім голасам крыкнула: “Архан!” і хацела выбегчы на двор. Ды Жабыка-Жэмба ўтрымаў яе на парозе.

– Меланечка, будзь з намі, – угаворвала яе Зося, абняўшы сяброўку за плечы.

– Пусці мяне! – вырывалася Мелані, – Твой Марцін побач з табою. Твой Марцін жывы. А што з маім Арханам?

Раптам глухі стогн вырваўся ў яе з грудзей. Яна абхапіла галаву рукамі, заплюшчыла вочы, пачала павольна, як у нейкім трансе, пагойдвацца збоку ўбок. Затым нечакана засмяялася, сказала:

– А майго Архана ўжо няма. Мой Архан ужо на небе. Арханчык, я бачу як ты ўсміхаешся мне адтуль. Пачакай, я зараз прыду да цябе.

З тым жа смехам, ад якога ва ўсіх захаладзела кроў, яна ірванула з шыі срэбны ланцужок з малюсенькай рыбкаю і хацела праглынуць рыбку, але Марцін у апошняе імгненне вырваў у яе з рукі атруту, пляснуў на падлогу, расцёр нагамі. Мелані паглядзела на яго, як на нейкага звера, і твар перасекла сутарга нянавісці.

– Гэта ты забіў майго Архана! – крыкнула яна.

Марцін з Зосяю перазірнуліся. У гэтае імгненне ядро з турэцкай гарматы ўдарыла, як гарачы молат, зверху і, прабіўшы дах Арсеналу, урэзалася ў каробкі са шрапнельнымі кулямі. Грымнуў выбух. Агонь і дым шуганулі ва ўсе бакі. Аглушаныя і абсмаленыя, яны вылецелі, як пробкі з вінных бутэлек, на арсенальны двор, плюхнуліся на гарачы пясок. Як ні дзіўна, усе былі жывыя.

– Бяжым! – усхапілася на ногі, закрычала Зося Еўрапейка.

І яна сама, і Марцін, і Мелані, і трое хлапчукоў пабеглі па задымленым двары, пераваліліся цераз нейкую каменную агароджу. Потым быў кляштарны сад, стромкая шырокая лесвіца, упоперак якой ляжаў стары сівавалосы рамей з праламанай галавой. Ручай крыві, як чырвоны вуж, віўся каля галавы.

Яны пераскочылі цераз нябожчыка, увабеглі ў ягоны багаты шыкоўны дом, дзе на сталах і сценах густа ззяла золата, з першага паверху ўзляцелі на другі, праз круглае зашклёнае сінім і чырвоным шклом вакенца вылезлі на дах і толькі там вырашылі даць спачын знясіленым нагам і сэрцам. У вачах успыхвалі, кружыліся гарачыя іскры.

І адразу ж знізу, з вуліцы, пачуўся тупат мноства ног, зазвінела жалеза, паляцелі нечалавечыя крыкі. Яны здагадаліся – янычары рэжуць усіх, хто патрапіў ім пад руку.

Адзін з хлапчукоў, самы меншы, задрыжаў усім целам і пачаў ціхенька плакаць. Зося прытуліла яго да сябе, пачала гладзіць галаву, шаптала на самае вуха:

– Не плач. Хутка мы завядзем цябе дадому. Твой жа дом недалёка адсюль. Праўда?

Хлапчук хітаў галавою ў знак згоды, заціхаў.

– Яны ідуць сюды! – спалохана закрычаў другі хлапчук, – Што нам рабіць, кірыя Зося?

Ды Еўрапейка й сама не ведала, як можна ўратавацца. Яна адчула, як пачынае дробна трымцець усё ейнае цела. Каб супакоіцца, стрымаць хваляванне, на дыбачках падбегла да круглага акенца, прыслухалася. Цяжкія хуткія крокі янычараў чуліся на першым паверсе. Пасля першага паверха, яны, вядома ж, узбяруцца на другі, адшукаюць вакенца і...

– Марцін, што нам рабіць?! – кінула на Жабыку-Жэмбу ўмольны позірк Зося. Ён быў адзіным мужчынам, ён быў рыцарам (так-так, рыцарам!) і ён абавязаны быў абараняць дзяцей і жанчын.

– Мехмед на цэлыя тры дні аддаў Канстанцінопаль у рукі свайго войска, – нервова кусаючы вусны, сказаў Марцін, – Значыцца, усе тры дні башыбузукі і янычары могуць рабіць усё, што захочуць. А чаго яны хочуць? Маладым і галодным на жаночую ласку ім хочацца жанчынаў, – Ён сурова паглядзеў на Зосю і Мелані, – Потым яны захочуць хлапчукоў. А яшчэ ім патрэбна золата, срэбра, прыгожае адзенне, смачная ежа. Ды мала што ім узбрыдзе ў галаву.

З гэтымі словамі Жабыка-Жэмба схапіў цяжкую мармуровую вазу з пальмачкай, што стаяла на вузкім парапеце даха, і, размахнуўшыся, шпурнуў яе проста ў галаву вусатаму гарбаносаму башыбузуку, які вытыркнуўся з вакенца. Той з енкам паляцеў уніз.

Адразу ж на першым паверсе пагрозна залемантавалі туркі. Вытыркнулася другая не менш вусатая галава. Мелані трапна пацэліла ў яе невялікай статуэткай Геркулеса, што падвярнулася пад руку. Як высветлілася, на даху было нямала такіх статуэтак. Зося і хлапчукі таксама ўзброіліся імі.

– Што вы робіце з маімі шэдэўрамі? – у самы разгар кідання статуэтак прагучаў раптам дужа сярдзіты незадаволены голас. Усе азірнуліся на крык. Невысокі тоўсты аголены па пояс чалавечак стаяў у праёме дзвярэй, што, як аказалася, вялі ў майстэрню. У руках ён трымаў малаток і зубіла, і з галавы да ног быў густа зацярушаны бліскучай мармуровай крошкай.

– Скульптар Стэліёс, – пачціва зашапталіся хлапчукі.

– Так, я – Стэліёс, – з адчуваннем уласнай годнасці, упёршы рукі ў бокі, ганарыста сказаў чалавечак, – А хто будзеце вы?

– Мы тыя, каго праз імгненне-другое парэжуць на дробныя кавалачкі янычары, калі мы толькі перастанем біць па іхніх галовах вашымі шэдэўрамі, – прамовіў Жабыка-Жэмба і шыбнуў яшчэ адну статуэтку.

– У маім доме янычары? – вельмі-вельмі здзівіўся Стэліёс. Падобным тонам можна было, хіба, спытаць: “На зямлю спусціўся Зеўс?”.

– Так, – сярдзіта зірнула на яго Зося, – І не толькі ў вашым доме, але й ва ўсім Канстанцінопалі.

Скульптар падумаў, пэўна, што яна вар’ятка.

– Янычары павінны былі быць на той бок Басфору, – разгублена прамармытаў ён.

І з непаразуменнем пазіраў то на Марціна з хлапчукамі, то на Зосю з Мелані, – Дзевяты дзень я працую ў сваёй майстэрні і нічога не чуў пра туркаў.

Нават хлапчукі паглядзелі на яго са шкадаваннем і лёгкай пагардай. Які ён вялікі скульптар, калі не чуў граманосных стрэлаў “Базілікі”, не адбіваў на гарадской сцяне турэцкія атакі, а сядзіць у майстэрні, як у нары?

– Хопіць гаварыць, – рашуча прамовіў Марцін, – Парайце, як нам схавацца ад янычарскай пагоні?

– Я ведаю, – на здзіўленне, адразу ж падказаў ім выйсце Стэліёс, – Непадалёк ад майго дому, вунь за тым чырвоным будынкам, знаходзіцца Калодзеж святога Канстанціна. Калісьці там пакланяліся марскому богу Пасейдону паганцы. Канстанцін Вялікі прагнаў іх адтуль і загадаў пашырыць, раскапаць ушыркі і ўглыб падземную крынічку. Зараз пра гэты Калодзеж забыліся, але я ў кожны дзень летняга сонцастаяння прыходжу туды і малюся нашым продкам.

– Як знайсці ўваход? – закрычала Зося, бо ўбачыла, што некалькі туркаў залезлі на дах не праз вакенца, а па сцяне, і ўжо бягуць да іх, шалёна махаючы ятаганамі.

Скульптар толькі адкрыў рот, каб адказаць ёй, ды першы ж янычар, што параўнаўся з ім, секануў ятаганам, і ў міг вока ўсе шэдэўры асірацелі. Крык жаху вырваўся з грудзей у жанчынаў і хлапчукоў. Марцін жа толькі сціснуў кулакі. Не мелася ніякай зброі, акрамя штандару Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Легіёну, які быў у руках у Зосі. Жабыка-Жэмба хацеў хоць ім абараніцца ад туркаў. Ён збіраўся выхапіць у сяброўкі штандар, каб выставіць яго як дзіду насустрач янычарам, і раптам здарылася невераемнае. Залаты рымскі арол ірвануўся з навершша штандару, імгненна павялічыўся ў памеры, разгарнуў магутныя крылы і, перагарадзіўшы дарогу, ударыў дзюбай і кіпцюрамі. Заліўшыся крывёю, туркі ўпалі побач са скульптарам. Арол вялізным бліскучым вокам зірнуў на Марціна, рэзка паляцеў уперад.

– Ён кліча нас! Бяжым за арлом! – крыкнула Еўрапейка.

Што ёсць сілы ўсе паімчаліся за таямнічай птушкай. Спатыкаліся, падалі, тут жа ўсхопліваліся, і беглі, і беглі. Толькі ў гэтым было ратаванне, бо зноў пагрозна закрычалі, зазвінелі ятаганамі туркі. Каля паўсотні башыбузукаў ірвануліся ў пагоню за ўцекачамі, пачалі іх даганяць.

Арол ведаў, куды ляцець. Каля старадаўняга пацямнелага ад часу порціка вытыркаўся з зямлі рог скалы з вострымі хвалепадобнымі краямі. Пад гэтым гранітным рогам цямнелася пячора-ўваход амаль на вышыню чалавечага росту. Менавіта туды нырнуў арол.

– Гэта калодзеж Святога Канстанціна! – закрычаў Жабыка-Жэмба.

Па халодных вышчарбленых ступенях таропка спусціліся ўніз у срэбнашэры паўзмрок. Наперадзе пачуўся густы шум вадаспаду. Бліскучы струмень вады таўшчынёй з чалавечую руку імкліва вырываўся з нутра скалы і падаў у круглае, як залаты венецыянскі сподак, азерца, што мігцела, успыхвала бурлівымі пырскамі сажні тры ніжэй акрайчыка скалы, на якім яны спыніліся. Ужо тупацелі ззаду, цяжка саплі, хапаючы шырока разяўленымі ратамі вільготнае паветра, башыбузукі.

Раптам Марцін Жабыка-Жэмба крута развярнуўся, стаў на калені, перахрысціўся, сказаў дрогкім усхваляваным голасам:

– Прабач нам, Канстанцінопаль, што мы не здолелі абараніць цябе.

І, ухапіўшы за руку Зосю Еўрапейку, скокнуў уніз у вірлівы бляск халоднай падземнай вады. Следам, нават не паспеўшы спалохацца, скокнулі хлапчукі і Мелані.

Славуты горад, галава і сэрца Усходу, надзея Грэцыі, сталіца імперыі і вялікага патрыярхату бяссільна ляжаў у брудзе і пыле пад нагамі ў заваёўнікаў. Канаў Канстанцінопаль. Нараджаўся Істанбул.

Яшчэ ўспыхвалі там-сям кароткія ярасныя баі, але яны ўжо былі падобныя на траскучыя чырвоныя вугольчыкі, якія можна бачыць у попеле вогнішча, што назаўсёды патухла. Апошнія трыеры і ветразнікі паспешліва адплывалі-вырываліся з бухты Залаты Рог.

Султан Мехмед, якога адразу ж назвалі Фаціхам, Заваёўнікам, уехаў на сваім кані у Канстанцінопаль у шматлюдным атачэнні целаахоўнікаў і ваеначальнікаў. Перад Святой Сафіяй саскочыў з каня, увайшоў у храм. Аб чым падумаў гэты чалавек? Якая струна зазвінела ў разагрэтым шматдзённай крывавай бітвай сэрцы? Невядома. І не будзем шукаць адказу.

У гэты самы час, не звяртаючы ні на кога аніякай увагі, ужо немалады башыбузук выломваў з падлогі амаль у цэнтры круглай храмавай залы вялікую мармуровую пліту. Што ён намерваўся рабіць са сваім трафеем? Магчыма, хацеў пакрыць гэтай плітою хляўчук у горнай Анатоліі, дзе стаялі ягоныя козы і авечкі.

– Што ты робіш? – запытаў у башыбузука султан.

Той ацёр з твару шчаслівы пот заваёўніка, сказаў, радасна ўсміхаючыся:

– Гэтым я хачу ўзвысіць нашу веру над хрысціянскай.

– Мярзотнік, я дазволіў усім вам браць палонных і скарбы, а будынкі і храмы належаць Алаху і мне! – усклікнуў Мехмед і засек рабаўніка ятаганам.

Адразу ж пасля захопу гораду туркі пачалі шукаць імператара Канстанціна, жывога альбо мёртвага. Між палонных яго не знайшлі. Падумалі, схаваўся дзе-небудзь, затачыўся, як крот, у падзямелле і сядзіць там, вычэквае, калі можна будзе патаемна выслізнуць з Канстанцінопалю. Строга дапытвалі, нават катавалі, усіх вышэйшых візантыйскіх саноўнікаў і военачальнікаў, што апынуліся ў палоне, каб натрапіць на след Канстанціна. Але ніхто нічога не змог сказаць.

Пошукамі рамейскага самадзержца асабіста займаўся візір Саган-паша. Сотні людзей прайшлі перад ім у два апошнія дні. Візіру вельмі хацелася прывесці да султана Мехмеда палоннага Канстанціна. Гэта было б апафеозам усёй кампаніі, і ён, Саган-паша, узвысіўся б над усімі султанавымі дарадцамі. Але не мелася ні зачэпачкі, ні парушынкі. Такі паварот на першы погляд простай справы канчаткова раз’ятрыў візіра. І калі да яго прывялі адмірала Луку Натараса, параненага, знявечанага, ён накінуўся на палоннага, як шалёны воўк:

– Дзе імператар?

– Я, адмірал рамейскага флоту, перад табой. Дзе імператар рамеяў не ведаю, – цвёрда адказаў Натарас.

Саган-паша ўдарыў яго па твары:

– Мы ведаем, што ты быў сябрам Палеалога, ездзіў з ім на паляванне. Ты павінен ведаць ягоныя патаемныя мясціны. Кажы!

Палонны адмірал пахіснуўся ад удару, але ўстояў на нагах, сказаў:

– Няшчасная наша сталіца. Яна дасталася не адважным высакародным рыцарам, а дзікім звярам.

– Я прымушу цябе загаварыць, – злосна прыжмурыў вочы візір, – Зараз цябе завядуць у ваш рамейскі храм, у Сафію, і ты ўбачыш дужа цікавую сцэнку.

Луку Натараса павалаклі ў Сафію. Там каля вялікага алтара стаялі ягоныя дзеці – васемнаццацігадовая Андрамеда і дзесяцігадовы Селеўк. Яны заплакалі, але да бацькі не падыйшлі, бо янычары трымалі іх на вяроўках.

– Гэта твая кроў і плоць, – сказаў адміралу, паказваючы на дзяцей, Саган-паша, – Даведаемся ж, якая яна на смак.

Ён даў знак адному з янычараў, і той, садраўшы з Андрамеды адзенне, пачаў гвалціць яе на вачах у бацькі. Роспачны дзявочы крык узвіўся пад сутарэннямі святыні. Адмірал страшэнна пабляднеў, апусціў галаву, закалаціўся ўсім целам.

– Ты! – паказаў пальцам на Гасана Нечапая візір, – Аддаю табе хлапчука. Зрабі яго дзяўчынкай.

Гасан адчуў, як гарачая хваля крыві прылівае да шчокаў і вачэй. “Чаму Алах прывёў мяне ў гэты храм? – тужліва падумалася яму, – Я ж са сваёй одай толькі што быў у Акропалі. Чаму я не застаўся там?”.

– Ты! – падбег да яго Саган-паша, – Зрабі дзяўчынкай гэтага рамейскага вырадка.

Гасану раптам убачылася маленькая драўляная хатка, пакрытая шэрымі калючымі снапамі чароту, калодзеж на двары, жоўтая сцежка ў зялёнай траве да гэтага калодзежу, маці, маладая, сінявокая, што чэрпае з калодзежа ваду. Яна, маці, смяялася. Срэбныя кроплі вады ззялі на аголеных па локаць белых руках. І амаль адразу на двары, на зялёнай мяккай траве, затанцавалі тонканогія чорныя коні. Пена валілася з ноздраў. Смуглатварыя вершнікі з лукамі ў сухіх руках, з калчанамі за плячыма, злавесна ўсміхнуўшыся, кінулі арканы. Адзін з вершнікаў вельмі-вельмі падобны на Саган-пашу. Смаляная вяроўка ягонага аркану ўпілася ў матчыну шыю якраз у тым месцы, дзе трапечацца сіняя жылка.

– Не чапай, – ціхім голасам сказаў раптам волат-янычар, павярнуўся і павольна пайшоў з храму.

Усе ў нейкім жаху расступаліся перад ім. Быццам ішла сама смерць.

– Не чапай, – ужо больш гучна прамовіў асілак і занёс вялізную нагу, каб зрабіць чарговы крок.

– Гэты янычар звар’яцеў! – сярдзіта выгукнуў Саган-паша.

Ён схапіў у свайго целаахоўніка лук, заклаў трабзонскую стралу, нацягнуў цеціву. Вочы блішчалі, як у галоднага ваўка, што жыве ў анаталійскіх пустэльнях. Страла гвазданула ў шырокую магутную спіну, прашыла жалезнай вострай дзюбай вераўчаную кашулю, дайшла да сэрца. О, як зрабілася балюча Гасанаваму вялікаму сэрцу! Нясцерпны агонь успыхнуў унутры. Ён быў яркачырвоны, ён быў бязлітасны. Здавалася пажары ўсяго Канстанцінопалю ўмясціліся ў гэтым сэрцы. “Якое было імя ў маёй Маці?” – падумаў Нечапай. Гэта была ягоная апошняя думка. Праз імгненне ён цяжка рухнуў на зямлю, як прабітая таранам сцяна.

Па ўсім горадзе шукалі тым часам імператара Канстанціна. Пераварочвалі горы трупаў. Адмывалі ад крыві галовы мёртвых. Раскопвалі свежыя магілы.

Нарэшце знайшлі безгаловае тулава, у якога на нагах былі чырвоныя боты з імператарскімі арламі. “Ён”, – пацвердзілі палонныя візантыйскія саноўнікі.

А яшчэ праз дзень адшукалася сама імператарава галава. Яе насіў у заплечнай торбе башыбузук, каб потым, як уляжацца ўся замятня, прадаць грэцкім купцам. Башыбузука пасадзілі на вострую палю. Галаву на залатым блюдзе паднеслі султану Мехмеду. Ён глянуў на яе ўважлівым роздумным позіркам, ціхім голасам паўтарыў Саламонавы словы: “І гэта пройдзе”, загадаў забальзаміраваць галаву і выставіць на самым версе калоны Канстанціна Вялікага. Каля калоны на каленях стаяла купка жанчынаў. Яны яшчэ верылі прароцтву, згодна з якім, як толькі туркі ўварвуцца ў горад і дойдуць да гэтай калоны, з неба спусціцца анёл каб уручыць святы меч невядомаму дагэтуль чалавеку. Чалавек той, перамогшы ворагаў, вызваліць Канстанцінопаль. Ды янычары з башыбузукамі ўжо прывязвалі сваіх коней да калоны, анёл не прылятаў з дымных нябёсаў. Ціхі ручаёк жаночага плачу віраваў каля зняважанай калоны.

І раптам з неба крута ўпаў, абрынуўся велізарны арол, схапіў іпмератараву галаву чэпкімі сталёвымі кіпцюрамі і панёс яе ўбок Прапантыды. Ён ляцеў так хутка, што туркі не паспелі выпусціць стрэлы са сваіх лукаў.

– Анёл! – радасна закрычалі жанчыны і ўскочылі з каленяў. Але гэта быў не анёл. Гэта быў арол. Ён знік, растаў у сонечным бляску бязмежнай нябеснай прасторы.

Адамкнуўшы ланцуг, з бухты Залаты Рог вырвалася ў мора з разгромленага гораду пяць імператарскіх, сем генуэзскіх і большасць венецыянскіх караблёў. Туркі нават не паспрабавалі іх даганяць. Ім пакуль што хапала спраў на сухазем’і.

На палубе той жа самай венецыянскай галеры, што колькі месяцаў назад прывезла іх у Канстанцінопаль, моўчкі стаялі, сядзелі і ляжалі ліцвіны-палеманісты. Амаль усе яны ацалелі падчас жорсткай бітвы. Толькі двое з іх загінулі – Іван Маладзей і бабруйскі шляхціц Ігнат Чэпа. Яшчэ ж двое – Зося Еўрапейка і Марцін Жабыка-Жэмба – невядомым чынам зніклі ў асаджаным горадзе, але ніхто на свае вочы не бачыў іхняй смерці, іхніх трупаў, і таму ў глыбіні душы ўсе лічылі, што яны жывыя і вернуцца ў Фларэнцыю, а потым і ў Вялікае княства. “Быць не можа, каб такія, як яны, не выкруціліся, не адолелі злы лёс”, – думалі ўсе.

Аціхаў гром вялікага бою ў вушах і ў душах. Вальней дыхалася на сіняй марской дарозе, дзе звонка спявае сваю адвечную песню неспакойны бадзяга-вецер. Зноў ўзляталі над віхурыстымі белапеннымі хвалямі імклівыя чароды дэльфінаў. Зноў вечнае мора нашэптвала казкі-калыханкі аб вечнай маладосці, дзе заўсёды жывуць прага волі, прыгажосць, каханне і віно.

Язэп Ранцэвіч, ужо амаль загаіўшы рану, углядаўся ў хвалісты небасхіл, казаў сваім маладым сябрам:

– Думаю, што туркі яшчэ не паспелі перагарадзіць сваім флотам Адрыятыку, і мы шчасліва вернемся ў Венецыю, Фларэнцыю, а потым і на радзіму. І я ўбачу Полацк. І ўсе вы ўбачыце свае родныя мясціны. Жыццё, маладзёны, толькі пачынаецца. І яно будзе яркае і цікавае, ваша і маё жыццё. У таго, хто любіць свой край, хто беражэ яго ад злыдняў, жыццё не можа не быць яркім.

І ў гэта імгненне з-за белай пушыстай хмаркі, што бегла ў небе над трыерай, імкліва вылецеў арол, рэзка знізіўся над хісткай палубай, нешта мякка паклаў на яе і зноў узвіўся ў неба, знік.

– Чалавечая галава, – уражана прашапталі маладыя ліцвіны.

– Галава імператара Канстанціна, – прыгледзеўшыся, строга ўдакладніў Ранцэвіч, – Нябёсы даюць нам свой знак, свой баявы сігнал. І, гэта значыць, што барацьба не скончылася.

Ён зняў з сябе кашулю, пачаў асцярожна загортваць у яе няскораную імператараву галаву. Яна здавалася жывою. Яна неадрыўна пазірала на Усход.

 

Колькасць прачытаўшых: 850
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Назаві сына Канстанцінам.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка I.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка II.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка III.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка IV.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка V.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка I.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка II.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка III.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка IV.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка V.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка I.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка II.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка III.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка IV.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка V.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка I.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка II.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка III.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка IV.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка V.
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007