Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка I.

Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год.

 І

У траўні 1507 року харужы Аршанскага павету Антоній Жабыка-Жэмба рыхтаваўся сустракаць свайго сына Марціна, які навучаўся ў Венскім універсітэце, а заадно, па даручэнні аршанскай шляхты, купляў агняпальную зброю ў нямецкім горадзе Брэмене ў славутага ліцейшчыка-людвісара Карла Мольтцфельда. Марцін павінен быў прыехаць дадому на летнія вакацыі. Харужы чакаў сына на беразе рэчкі Адроў, што ніжэй Воршы ўліваецца ў Дняпро. Тут праходзіла Вялікая дарога Берасце-Менск-Смаленск і меўся наплаўны пантонны мост.

Свяціла яркае вясновае сонца. Лясы і лугі ўжо шчодра зелянелі. Няўтомнае крылатае птаства спявала песні на тысячы галасоў.

Хоць было спякотнавата харужы дзеля доўгачаканага спаткання з сынам апрануў цёплы доўгі, ніжэй каленяў, суконны кунтуш яркачырвонага колеру, які зашпільваўся на бліскучыя металічныя гаплікі. Праз вялікі разрэз кунтуша віднеўся бурачковы жупан з аксаміту, увесь у каляровых шнурках, у зіхоткіх зорачках-бразготках. На шырокім скураным поясе вісела парадная шабля карабеля з апраўленым у серабро і дробныя каштоўныя каменьчыкі дзяржальнам.

Магутны паставаю, буйнацелы, Жабыка-Жэмба густа пацеў, абліваўся салёнай гарачай вільгаццю, якая казытліва залазіла ў вочы і ноздры і не было ад яе ніякага паратунку. Харужы адламаў галінку бярозкі, сярдзіта абмахваўся ёю. Але сэрца спявала – хутка ён абдыме дюбімага сына.

– Едуць! – радасна закрычаў путны слуга Міхалка, дваццацігадовы кужэльнавалосы дзяцюк, які быў у харужага за кур’ера. Ён узняўся ў сядле, паказваў рукою на супроцьлеглы бераг ракі.

І сапраўды, з лесу, што шчаціністай зялёнай сцяной стаяў на небасхіле, паказалася некалькі рухомых кропак, быццам чорныя жучкі выпаўзлі са шчыліны. Кропкі гэтыя павялічваліся, набліжаліся, і ўжо можна было разглядзець некалькі вершнікаў на здарожаных стомленых конях.

Харужы адчуў, як напаўняецца шчасцем душа. Цэлы год не бачыў ён васемнаццацігадовага сына Марціна. Ці ўзмужнеў сын, ці набраўся розуму на чужыне? Ці не разлюбіў свайго старога бацьку?

– Міхалка, – заклапочана звярнуўся ён да путнага слугі, – Не забыўся ўзяць хлеб-соль і штоф з мадзярскім такаем?

– Усё, як мАе быць, пан харужы, – весела аскаліў жаўтаватыя зубы Міхалка, – Тут, – ён палэпаў загарэлай рукою па вялізнай прысядзельнай торбе-сакве, – хопіць пачастухі для цэлай роты жаўнераў.

За апошні год шмат што змянілася ў жыцці ў харужага. Памерла жонка Ганна з роду Копцяў. Ён пражыў з ёю дваццаць гадоў, па-свойму кахаў, і калі яна завірушнай зімовай ноччу адыйшла на неба, быццам скамянеў душою, пачаў адчуваць пастаянны цвёрды каменьчык болю ў грудзях. Каменьчык той рабіўся асабліва балючым уначы. Глуха варочаўся вецер у старых бярозах і ліпах наўкол ягонай сядзібы, вартаўнікі-клікуны білі ў металічныя бляхі, сабакі брахалі адчайна і спалохана, уцягваючы ў скалелыя ноздры блізкі воўчы дух, і ён не спаў, ляжаў на спіне, глядзеў у шчыльны змярцвелы змрок над сабою. Гарачакроўны, страсны, ён нядоўга трываў без салодкага юру. Кожную ноч з’яўлялася на ягоным двары і адразу ж у ягоным ложку новая мужыцкая дзеўка з навакольных вёсак. Хапала жаночага цела. Не хапала цёплай і мяккай жаночай душы.

Тым часам вершнікі ўсё набліжаліся. Больш востравокі Міхалка, што пільна ўзіраўся ў іх, разгублена глянуў на харужага, сказаў:

– Гэта не яны. Гэта не паніч.

– Ды ты што, дубовая твая галава, – раззлаваўся Антоній Жабыка-Жэмба, – Хто можа быць акрамя Марціна і ягоных сябрукоў?

Ён так чакаў гэты дзень, так прыспешваў у бяссонных начных думках сустрэчу, ужо, здавалася, вось-вось прыгорне, прытуліць да сябе сваё дзіця, адчуе цвёрды сынаў хрыбетнік пад рукою, і раптам такая неспадзяванка. Харужы аж плюнуў і сярдзіта тузануў цуглямі каня.

Гэта быў не Марцін Жабыка-Жэмба. Нетаропка праехаўшы пантонны мост, разагнаўшы курэй, якія з неспадзяваным вэрхалам выбеглі-вылецелі з хаткі закупа Сямёна, што стаяла-ліпела непадалёку, да Антонія і Міхалкі ўрачыста наблізіліся трое вершнікаў. Пярэдні, пэўна ж, галоўнейшы між іх, на ільсністым рудым жарабку, у кароткім чорным плашчы-даламане, адзетым на вайсковыя даспехі, у аксамітнай шапцы-магерцы з пыхліва ўваткнутым пяром заморскай блакітнай птушкі, упэўнена спыніўся насупраць харужага, рыпучым голасам абвясціў:

– Віж Ян Круталевіч з Віленскага Гаспадарскага двара. Гэта, – ён азірнуўся, – маЕ дзецкія.

– Ажно з самой Вільні прыехалі? – шчыра здзівіўся Антоній Жабыка-Жэмба, – А чаму не з Воршы, чаму не ад князя Фёдара Іванавіча Заслаўскага? Ён у нас тут гаспадараў намеснік-дзяржаўца.

Віленскі віж зірнуў на яго вільготным прасветленым вокам, глыбакадумна ўздыхнуў, дастаў з дарожнай скураной торбы скрутак з віслай пячаткай:

– У мяне на руках ліст з канцылярыі Вялікага княства. На вас скардзіцца ваш сусед па зямельных уладаннях пан Іасафат Тарноўскі. Вы пасеклі і спалілі ягоныя межавыя знакі, перайшлі ягоную мяжу, забралі сабе зямлю, ловы і бабровыя гоны, забралі возера, запалонілі ягоных мужыкоў-хлебасеяў.

Харужы глядзеў на віжа, нібы на прыхадня з таго свету. Аб чым кажа, аб чым чаўпе гэты чалавек? Зваліўся, як камень на галаву, далдоніць рыпучым мярзотным голасам аб нейкіх яго, Антонія Жабэкі-Жэмбы, правінах. Агаломшанаму разгубленаму харужаму толькі й заставалася, што яшчэ раз перапытаць:

– І ўсё-ткі чаму вы прыехалі аж з самой Вільні, а не з Воршы?

– Куды нас выпраўляюць, туды мы й едзем, – строга адказаў Ян Круталевіч, – А пан харужы часам не забыўся, што наша Вялікае княства знаходзіцца ў стане вайны з маскоўцамі? Пан харужы, спадзяемся, ведае, што конныя палкі вялікага князя маскоўскага Васіля Трэцяга пайшлі на Смаленск, Полацк і Барысаў?

Пры такіх словах Антоній Жабыка-Жэмба гнеўна ўспыхнуў усім тварам, схапіўся за сваю карабелю і нават узмахнуў ёю. Але адразу ж астыў, свідруючы віжа цяжкім злым позіркам, выдыхнуў:

– Пан віж спраўна атрымае сваё віжавое. І дзецкія атрымаюць сваё. А вайну гэтую мы кожны дзень адчуваем на сваім карку. Не вам, седзячы ў далёкай Вільні, напамінаць нам, памежнікам, што ідзе вайна.

Ды віленскі віж быў, адчувалася, з тых людзей, што не баяцца ні ківа, ні кія. Халодным голасам ён сказаў узбуджанаму харужаму:

– Вось таму, што вы памежнікі, мы й прыязджаем да вас з самой Вільні. Сам Гаспадар нас пасылае. Не можа Гаспадар наш дапусціць да такога, каб мяжа дзяржавы была, як дзіравае рэшата. Яна далёка адсюль на ўсход гэта мяжа, за Вязьмаю. Але маскоўцы прыходзяць ажно сюды да вас, як да сябе дадому. Бяруць тое, што не клалі, жнуць тое, што не сеялі. Надыйшоў час стукнуць іх па руках. Ці не так, пан харужы?

– Так, – згадзіўся Антоній Жабыка-Жэмба.

– Вось і добра, – усміхнуўся віж, – А зараз пакажыце, дзе можна паставіць і папаіць нашых коней. Ды й нам не грэх было б памачыць у нешта вясёлае вус. Заўтра ж з раніцы паедзем да пана Іасафата Тарноўскага.

У гэты самы час прыкладна за дзесяць літоўскіх міляў ад пантоннага маста цераз рэчку Адроў, дзе ягоны бацька слухаў красамоўства віленскага віжа, студыёзус Марцін Жабыка-Жэмба са сваімі сябрамі паныла думаў, як далей працягваць сваё падарожжа. Адвалілася кола ў іхняй цяжкой нямецкай фуры і, як ні круціся, як ні маракуй, патрэбна было або шукаць кузню, або кінуць паламаную фуру. Ды дзе ты знойдзеш тую кузню? Ужо праехалі Барысаў. Там можна б было зафрахтаваць каваля між цыганоў ці жыдоў. А цяпер – лаві вецер у полі. Справа ў тым, што да фуры была прычэплена колавая гармата, падарунак людсвісарні Карла Мольтцфельда “барацьбітам супроць татараў”, як казаў сам Карл. Металічныя ядры, порах, увесь артылерыйскі рыштунак, а гэта былі шуфлікі для насыпання пораху, штэмпель для забівання зараду, вугламеры, рыдлёўкі, лянтоўніцы з кнотам, баннік з барановай шкуры для чысткі ствала, палотнішча, якім ахалоджваюць перагрэты ў час бою ствол, везлі на фуры. За ўсё гэта было заплочана сярэбранымі дэнарыямі. І вось праклятая фура зламалася.

Марцін Жабыка-Жэмба, высакарослы прыгожы васемнаццацігадовы юнак, задумліва церабіў адной рукою светларусыя вусікі пад буйнаватым прамым носам, другой рукою вадзіў па лацінскіх літарах адлітых на ствале гарматы. Заплюшчыўшы вочы, аднымі пальцамі ён чытаў напісанае: “ЗОСЯ. ПАЦАЛУЮ ТАК ГОРАЧА, ШТО ТЫ ПАМРЭШ”. У людвісараў, што рабілі агняпальную зброю, была завядзёнка – кожнай гармаце, як чалавеку, даваць імя і тут жа, на гарматным ствале, разам з імем пісаць дэвіз. Ён, Марцін, назваў гармату імем сваёй каханай, а дэвіз прыдумлялі ўсім агулам.

Зося ўспаміналася яму так ярка, так востра, аж кружылася галава. Ён успамінаў яе чарнявыя шаўкавістыя валасы, мяккія падатлівыя вусны, якія пахлі спелымі летнімі суніцамі, што, нібы чырвоныя зорачкі, густа рассыпаны на зеленатраўных лясных палянах. Яму ўспаміналася пяшчотная дзявочая скура, чыстая-чыстая, халаднаватая, як першы вясновы ветрык. Ветрык той прылётвае яшчэ тады, калі ўспыхваюць у лесе пад сонцам бялюткія лапікі апошняга снегу, развітальныя астраўкі зімы, а з-пад іх, па-дзіцячы сарамліва і цікаўна, цягнуць свае галоўкі жыццялюбныя нязводныя кветкі-пралескі. Ужо ўвечары ён меркаваў сустрэцца з Зосяй, абняць яе, прыціскаць да грудзей, прагна цалаваць, упасці з ёю ў п’янлівую траву...

Марцін нырнуў у свае мроі-успаміны так глыбока, што сябрам давялося крычаць, каб вярнуць яго ў сённяшні дзень.

– Марцін! Агу! Дзе ты?! Адгукніся! – склаўшы далоні трубачкай, горача выдыхнуў проста ў Марцінава вуха Адам Белазор.

Жабыка-Жэмба спуджана ўздрыгнуў. Усе дружна засмяяліся.

Гэта быў вясёлы народ. Сыны полацкай, віцебскай і аршанскай шляхты, не дужа багатай, ды ваяўнічай і ганарыстай, упартай і хлебасольнай, яны, дзякуючы золату і срэбру сваіх бацькоў, паехалі вучыцца ў Еўропу. Большасць іхніх равеснікаў засталася, як і дзяды-прадзеды, сядзець на сваёй зямлі, заплываць тлушчам, секчыся ў п’яным тумане на шаблях падчас павятовых соймікаў, што ўжо тады пачыналі набіраць моду і сілу, ганяцца за татарамі і маскоўцамі. Але гэтыя, самыя разумныя і дальнабачныя, паехалі. Прывілей, выдадзены вялікім князем Казімірам IV Ягелончыкам у Вільні 2 траўня 1447 году, дазваляў выязджаць шляхце за мяжу дзяржавы “для лепшага набыцця шчасця, або ўчынкаў рыцарскіх”, але не ў “непрыяцельскую краіну”. Еўропа не была для маладых ліцвінаў непрыяцельскай краінай. І яны паехалі ў Еўропу.

Яны шукалі ў Еўропе шчасця. Цяжка адназначна сказаць, што разумелі яны пад шчасцем. Салодка піць і есці, мець для палавых уцехаў мноства жанчынаў? Мець неабмежаваную ўладу над падобнымі сабе? Калі б яны былі паганцамі, гэта іх бы задаволіла. Але яны некалькі гадоў пажылі ў Еўропе, яны дыхалі яе вольным, ні з чым непараўнальным паветрам, яны разумелі, што чалавек, падабенства Божае, не можа быць раднёю жывёлам і раслінам, і вось чаму яны паехалі на Захад, а не на Усход, паехалі шукаць жыццёвай мудрасці, вучыцца кіраваць сваімі маёнткамі і падданымі ім людзьмі.

– Дык ты, Марцін, забыўся пра нас, успамінаючы сваю каралеву? – з’едліва запытаўся Андрусь Лыжыковіч, рудавалосы карычневавокі шляхцюк з-пад Лепеля.

– Маўчы, Андрусь, – прамовіў Марцін, – У кожнага з нас ёсць свая каралева. Без іх, нашых каралеў, мы, шляхціцы, былі б горкім пылам пад нагамі сваіх супернікаў.

Ніхто яму не адказаў. Усе, маладыя і вясёлыя, бязладна і натхнёна загаварылі. Кожны жадаў як мага хутчэй выказаць свае, вядома ж, самыя разумныя, самыя звышфіласофскія думкі сябрам і ўсяму беламу свету. Столькі ведаў панапіхалі ім у галовы, што край як трэба было неадкладна дзяліцца ведамі з першым сустрэчным. Але дарога была пустыннаю, а фура з адламаным колам не хацела і не магла ехаць далей.

Іх было роўна дзесяць чалавек, ні болей, ні меней. У шасцярых меліся верхавыя коні, чацвёра, бяднейшыя, але таксама вельмі ганарыстыя, ехалі на фуры. Прыслужнікаў-пахолкаў у іх не было, і ўсё даводзілася рабіць сваімі ўласнымі рукамі – збіраць сушняк для вечаровых вогнішчаў, паіць і чысціць коней, смажыць мяса, нанізаўшы яго на клінкі шабляў, штурхаць цяжкую фуру, калі яна пачынала безнадзейна буксаваць у мяккім дарожным пяску.

Усе дзесяць, як ужо адзначалася, кіраваліся з Германіі ў родныя мясціны (а гэта былі ўсходнія землі Вялікага княства) на летнія вакацыі, якія яны выпрасілі, выкупілі ў сваіх правізараў, бо канікулаў, па сутнасці, не было. Яны, кніжнікі, пачувалі сябе невялікім рыцарскім атрадам, мелі латы, кальчугі і шаломы, былі ўзброены шаблямі, агняпальнымі гакаўніцамі і (дрыжы, вораг!) гарматаю. Напачатку гэта толькі весяліла, здавалася бяскрыўднай дзіцячай гульнёю, але, праехаўшы Менск, якому восем гадоў таму вялікім князем Аляксандрам было нададзена Магдэбургскае права, убачыўшы там попіс і шыхаванне войска, яны раптам зразумелі, што апынуліся на тэрыторыі, дзе палае суровы агонь вайны. Маскоўцы (у які ўжо раз!) напалі на Вялікае княства Літоўскае. Іхнія раці, як жалезныя рэкі, зноў пацяклі на Менск і на Полацк.

– Сынок удаўся ў бацьку, – сказаў пра вялікага князя маскоўскага Васіля Трэцяга, сына Івана Трэцяга і Соф’і Палеалог, шклоўскі шляхціц Андрэй Шаціла, якога ўсе называлі паэтам. Гэта быў чарнавалосы, на першы позірк нязграбны дзяцюк з разумнымі халоднымі вачамі. Ён не меў каня, ехаў на фуры і ўвесь час нешта шаптаў – ці то горача маліўся, ці то выдумляў вершы.

– І чым жа ён так удаўся? – прысеў каля Шацілы на адламанае кола Марцін Жабыка-Жэмба.

– Матулечка ягоная, Зоя-Соф’я Палеалог, унушыла ім, бацьку і сыну, што яны, маскоўскія князі, адзіныя правапераемнікі Візантыйскай імперыі, адзіныя абаронцы праваслаўя і Государи Всея Руси. Гэта значыць, і нашыя з табой гасудары. Але хто такая Зоя Палеалог? Усяго толькі пляменніца імператара Канстанціна, што загінуў у 1453 годзе. Не дачка, не сястра, не жонка, а толькі пляменніца. Як кажуць, дзесятая вада на кісялі, на роўным месцы шышка. Яна, Соф’я, была вельмі-вельмі тоўстая. Адзін італьянец кпіў, што пасля візіту да яе, яму ўсю ноч снілася масла, сала і іншая тлустая смаката.

– Не любіш ты Соф’ю, – засмяяўся, пачуўшы Шацілавы словы, Адам Белазор.

– А завошта мне яе любіць, тым больш, што яна ўжо памёрла? – не прыняў жарт, з усёй сур’ёзнасцю павёў далей гаворку Андрэй Шаціла, – Яны, маскоўцы, кажуць, што толькі яны ісцінныя праваслаўныя, што толькі яны адзіныя абаронцы праваслаўя. Але князь Усяслаў Чарадзей узвёў храм Святой Сафіі ў Полацку яшчэ тады, калі пра Маскву ніякага почуту не было, калі на месцы сённяшніх маскоўскіх церамаў раслі палявыя васількі, а там, дзе стаіць палац цара Васіля Трэцяга, бегалі шэрыя курапаткі. Яны лічаць ліцвінскія землі сваёй вотчынай, але нашы князі і баяры – прыродныя нашчадкі Рурыка і Гедыміна і ніколі не былі ў чорным рабстве ў татараў, як дзяды-прадзеды маскоўцаў.

– Хопіць, паэт, малаціць языком, – раскінуў рукі, пацягнуўся да хрусту ў костачках Андрусь Лыжыковіч, – Лепей зрабі ласку – дай нам усім паслухаць тое, што ты, седзячы ў фуры, прыдумаў за доўгую дарогу.

– А й паслухай, пан Андрусь.

Шаціла прыгладзіў абедзьвюмя даланямі сваю чорную чупрыну, бліснуў вачамі, загаварыў глухім застуджаным голасам:

Куды мы, брацці, едзем

І ў белы дзень і ноччу?

Як бурыя мядзведзі,

Куды мы шлях свой топчам?

Мы едзем без спачыну,

Каб ратаваць Айчыну,

Каб ля святых крыніцаў

За родны край наш біцца.

За бацькаўскі палетак,

За дзетак-малалетак,

За Полацк і Заслаўе,

За Наша Праваслаўе.

Ён змоўк, холадна пакланіўся ўсім, сказаў па-латыні:

– Mea culpa. (Мая віна. Грэшны.).

Потым дадаў:

– Я скончыў. Як гаварылі рымляне: “Няхай іншыя зробяць лепш”.

Усе маўчалі, уражаныя пачутым. Усе глядзелі на Андрэя Шацілу, як на старабытнага вайдэлота, што жыў і спяваў свае лясныя песні тады, калі Аукштайтай і Чарнарусяй валодаў Пярун-Пяркунас, і людзі разумелі таемную шапатлівую мову кветак, дрэў, птушак і звяроў.

– Малайчына! – усклікнуў Марцін Жабыка-Жэмба. Астатнія студыёзусы таксама ўхвальна заківалі галовамі.

Толькі Адам Белазор суха прамовіў:

– А я думаў, што мы едзем на летнія вакацыі. Аказваецца ж, мы едзем “бараніць Айчыну”. Але што такое Айчына, пан Паэт? Дзе яна?

Ён з выклікам пазіраў на Шацілу. На дне цёмных вачэй няўлоўна тлела іскрынка паблажлівай усмешкі.

Шаціла зірнуў на яго з найвялікшым здзіўленнем. Яму, паэту, здавалася, што ён так даходліва, так пераканаўча выліў са сваёй душы тое пачуццё, той агонь, якія не давалі спакою, прымушалі думаць, радавацца і пакутваць, чакаць ад нябёсаў адказу на балючае пытанне: “Дзеля чаго, Божа, ты прывёў мяне на гэты свет?”. Але вось стаіць чалавек, можна сказаць, сябра і нічагусенькі не разумее.

Паэт цяжка ўздыхнуў, панурыў чарнавалосую галаву. На яго, як гэта часцяком бывае з людзьмі тонкай душы, як бы наваліўся нейкі слупняк, адабраў мову, зблытаў пачуцці, даў пякучае адчуванне ўласнай віны. Але перад кім і за што ён быў віноўны?

Выручыў Паэта Марцін Жабыка-Жэмба. Ён тупнуў нагою абутаю ў чырвоны скураны бот, сказаў:

– Наша Айчына, твая і мая, пан Адам, вось тут. Вось гэтая зямля, на якой мы зараз стаім, наша Айчына. Мы – уражоныя патомныя шляхціцы, і Гаспадар вялікі князь даў нам гэтую зямлю за верную службу дзяржаве. А маскоўскі цар Васіль Трэці хоча ўзяць у нас нашу зямлю, лІчыць, што толькі ён адзіны валадар усяго наўкол, што, нас, ліцвінаў, “забралі ад Русі лаціннікі”. Але гэта іх, маскоўцаў, забралі ад нас татары. У Вялікім княстве Літоўскім не можа быць дзікага адзінаўладства, як у туркаў альбо маскавітаў. У нас лёсам Гаспадарства кіруюць паны-рада і шляхта разам з князем. А гэта вельмі не падабаецца нашым суседзям. Вось чаму маскавіты сябруюць з крымскімі татарамі, і кожны год, як ненажэрная саранча, урываюцца ў нашыя землі. Татары- людаловы гоняць ясыр у Крым, каб потым прадаць у турэцкае рабства. Маскоўскія ж баяры вядуць нашых палонных цяглых мужыкоў у свае вотчыны, у сваё ярмо, а крычаць, што ратуюць праваслаўных адзінаверцаў ад лаціннікаў.

– Масква і Арда – адна бяда, – паклаў руку на плячо Марціну ў знак поўнай згоды Андрэй Шаціла.

Між тым набліжаўся вечар, і трэба было думаць пра начлег, пра вячэру і пра вогнішча.

– Давайце спалім фуру, – прапанаваў раптам Андрусь Лыжыковіч, – Усёроўна яна кульгавая. Заўтра будзем меркаваць, як ехаць далей, а сёння хоць пагрэемся.

Адзінадушна пагадзіліся з Лыжыковічам, выгрузілі з пакалечанай фуры ўвесь рыштунак, перавярнулі яе ўгору коламі (так чамусьці настояў Адам Белазор), і неўзабаве траскуча запалала вялізнае чырвонакрылае агніска. Селі падалей ад яго, каб не так пякло ў твары, хто на знятае з каня сядло, хто на разасланы па траве плашч, і пайшлі па крузе тры медныя цёмначырвоныя келіхі з такаем і крамбамбуляй. Са смакам пілі, выціралі вусы, закусвалі свіным кумпяком, сушанай кішкой са свіной крыві і пячонкі, жытнім хлебам.

– Зараз бы гаршчок варанага гароху са смажанымі скваркамі, – задумліва пагладзіў жывот Ігнат Кабылінскі, магутнацелы белатвары здаравяк-шляхціц з-пад Крычава. Ён быў самы маўклівы з усёй вясёлай гурмы студыёзусаў і калі і ўстаўляў слова ў размову, то толькі пра ежу.

– Зараз бы карчмарову жонку, – перадражніваючы Кабылінскага, таксама, як і ён, гладзячы жывот, але ў значна ніжэйшым месцы, прагаварыў-праспяваў Фадзей Дракаловіч, шчуплы, надзвычай рухавы шляхцюк з Бабра.

Усе засмяяліся тым здаровым дружным бесклапотным смехам, які бывае толькі ў залатую часіну маладосці, калі яшчэ не гняце душу вялікая сям’я, сварлівая жонка, непадкаваны галодны конь і пустая дзіравая кішэня. Калі кожны юны шляхціц цвёрда ўпэўнены ў тым, што ўрэшце-рэшт ён, калі й не стане вялікім князем, то ўжо найвышэйшым гетманам будзе абавязкова. Ах, звонкі п’янлівы вецер маладосці, праз які халодны, чорны ад сажы комін адлятаеш ты?

– Там нехта ідзе, – ускочыў раптам на ногі, паказаў шабляю ў згусцелы змрок Фадзей Дракаловіч.

Следам за ім, як маладыя ваўчаняты, ускочылі ўсе. Заіскрыліся вочы, затрапяталі гарачыя сэрцы, вострыя шаблі імгненна вылецелі з похваў. Так хацелася ўсім, каб гэта былі татары альбо маскоўцы, і каб іх было шмат.

Але гэта быў, мяркуючы па беднай вопратцы і па заўсёднай палахлівасці на цёмным худым твары, звычайны селянін-хлоп.

– Ты хто? – падбег да яго з аголенай шабляю Марцін Жабыка-Жэмба.

Хлоп, як ад агню, засланіўся ад шаблі рукою, у якой трымаў доўгі дарожны кій-асон. Падалося, што гэтым асонам ён хоча ўдарыць Жабыку-Жэмбу, і маладыя шляхцюкі ўсе, як адзін, узвілі ўгору свае бліскучыя бязлітасныя шаблі. Разумеючы, што яго могуць перакрышыць на дробныя кавалачкі, хлоп адшыбнуў ад сябе асон і бухнуўся на калені. Галава з доўгім сіваватым валоссем наўкол круглай лысіны палахліва прынікла да зямлі.

– Устань, – загадаў Марцін, – Хто ты?

Селянін хуценька ўзняўся на ногі, маленькімі слязістымі вачамі зірнуў на шляхціцаў, адказаў тонкім назаўсёды спалоханым голасам :

– Я закуп пана Яўстафія Шаблінскага. Хаджу, шукаю сваю блудзягу.

– Што, што ён робіць? – не зразумелі некаторыя.

– У яго сыйшлі конь або карова, і ён іх шукае, – патлумачыў Марцін, задаволены тым, што можа адукаваць сваіх задужа падкаваных у філасофіі і ў рыторыцы сябрукоў.

– Я шукаю каня, – пацвярждаючы Марцінавы словы, згодна заківаў галавою закуп.

– А ці ёсць тут дзе паблізу маскоўцы? – спытаў у яго Андрусь Лыжыковіч.

– Ёсць, – адказаў селянін, – Я напачатку падумаў, паны жаўнеры, што й вы з Маскоўшчыны. Бачу – вогнішча паляць, сядзяць каля яго, п’юць-ядуць, нікога не баяцца.

– Дзе ж маскоўцы? – не сунімаўся Лыжыковіч.

– Усюды. У Талачыне. У Халопенічах. Усюды. Калоцяць мужыкоў, аж пер’е ляціць. Рэжуць скаціну. Апошняе зерне з ямаў выграбаюць.

Маладыя шляхціцы перазірнуліся. Трывогай, бядой дыхнула на іх. Сівы туман, які поўз у вечаровых лагчынах, зрабіўся раптам падобным на дым ад пажараў, што маглі бушаваць непадалёку.

Закуп у шэрай парванай світцы стаяў, перамінаўся з нагі на нагу, калаціўся ці то ад страху, ці то ад холаду. Марцін наліў яму келіх крамбамбулі:

– Выпі.

Дробныя рэдкія зубы заляскалі па цёмначырвонай медзі келіха.

– Ніколі не каштаваў панскага пітва, – лісліва сказаў закуп, выціраючы загарэлай худой даланёй патрэсканыя ад сонца і ветру вусны.

Яму далі ладны кавалак свінога кумпяка, скібу хлеба. Ён пачаў прагна хутка есці. Так ядуць сабакі, баючыся, што ежу могуць вырваць з-пад самага іхняга носу. Маладыя шляхцюкі, якія ад нараджэння не ведалі, што такое голад, глядзелі на гэтага прыхадня з іншага незразумелага ім жыцця са здзіўленнем і гідлівасцю. Так маленькія дзеці пазіраюць на павукоў.

Потым некалькі чалавек ускочылі на коней, паімчаліся ў змрок шукаць блудзягу. Неўзабаве яны прыгналі невялікага змучанага сялянскага коніка, жоўташэрага, з белай зоркай на лобе. Убачыўшы сваю скаціну, закуп шчасліва засмяяўся. Нечаканы гэты смех напамінаў булькатанне вясновага ручая, які з напругай выдзіраецца з-пад снегу і лёду. Закуп падбег да Жабыкі-Жэмбы, пацалаваў ягонае стрэмя. Потым накінуў свайму коніку на шыю вяроўчыну, нізка пакланіўся шляхціцам і знік у цемры, як яго й не было. Павісла маўчанне.

Раптам Андрэй Шаціла паднёс далоні да роту, закрычаў:

– Вярніся! Гэй! Вярніся!

Шляхцюкі са здзіўленнем глядзелі на Паэта. А ён усё крычаў:

– Вярніся!

Праз нейкі час зашалясцелі асцярожныя крокі, і са змроку выплыла драбнаватая сагнутая фігура. Фыркаў конь.

– Вазьмі колы ад фуры, – сказаў закупу Шаціла, – Адно згарэла, а два цэлыя. Табе яны спатрэбяцца.

Ён дапамог селяніну звязаць лыкам колы, ускінуць іх на конскую спіну. Пацяжэлы конь пайшоў у цемру.

Калі аціхлі крокі закупа і каня, маладыя студыёзусы зноў расселіся наўкол вогнішча і зноў паплылі кругам медныя келіхі. Пілі моўчкі. Ніхто не хацеў гаварыць. Іхняя радзіма, аб якой яны часта думалі ў Нямеччыне, паказала ім свой твар, і гэта былі не карціны Альбрэхта Дзюрэра. Тут было нешта такое непадобнае, такое непрадказальнае і невымоўнае, што шмат у каго варухнулася ў глыбіні душы думка: “А навошта я сюды еду”?

– Мы – сарматы, – парушыў цішыню Вікент Камароўскі, русачубы шляхцюк з Бабінавічаў, – Мы – сарматы, панове-прыяцялёве. І вось гэты хлоп, што шукае ў цемры свайго каня, і тыя цяглыя мужыкі, што хаваюцца ў лесе і балоце ад маскоўцаў, і мы, што прагнем прывезці ў свой край з Еўропы святло адукацыі, – родныя браты. Адных з нас Бог зрабіў багатымі і ўладнымі, другім даў у рукі серп і сошку, але нас вядзе адзін дух, адзін сонечны прамень, бо ўсе мы – сармацкі народ. Я ўдзячны вам за тое, што вы падзялілі свой дарожны хлеб з гэтым хлопам, далі яму магчымасць хоць трохі пагрэцца каля вашага вогнішча, знайшлі ягонага каня. Хлоп гэты вернецца ў сваю бедную хатку, запаліць лучыну, сабярэ вакол сябе ўсіх сваіх дзяцей і раскажа ім пра нас. Як засвецяцца чыстыя дзіцячыя вочы! Як яны палюбяць нас, сваіх старэйшых братоў па сармацтву!

Усе з найвялікшай увагай выслухалі Камароўскага, і шмат каму спадабаліся гарачыя шчырыя словы. Ды ўзняў свой келіх Андрэй Шаціла, загаварыў глухаватым голасам:

– Пан Вікент, я гатоў выпіць з табою, выпіць і за сармацтва. Але дазволь мне паразважаць у трохі іншым накірунку, чым ты. Сарматы – гэта сённяшнія палякі. Яны кажуць, што продкі іхнія прыйшлі калісьці на Віслу з усходніх стэпаў, з Азіі. Вось адкуль жупаны, чубы, любоў да коней, да прастору, шляхецкая вольніца. І вось адкуль адчуванне локця, еднасці ў час бою, калі кожны рызыкуе сваёй уласнай галавой і кожны разумее, што толькі агулам, грамадой можна адбіцца ад ворага і, урэшце-рэшт, перамагчы яго. Я б не сказаў, што мы, жыхары Вялікага княства, сарматы. Мы – ліцвіны. У нас свой лёс, свая гістарычная пуцявіна-дарога. Сёння нас ратуе тое, што мы стаім з палякамі, з Каронаю, плячом да пляча супроць ордэнскіх рыцараў, крымскіх татараў з туркамі, супроць Маскоўшчыны. Але мы не сарматы.

– Мы, наша шляхта – палеманісты, – дачакаўшыся калі паўнюткі келіх даплыве да яго, сказаў Марцін Жабыка-Жэмба, – Думаю, што ўсе вы чулі пра рымскага князя Палемона, які, каб уратавацца ад ордаў Атылы, адбыў з Рыму на караблях з пяцю сотнямі патрыцыянскіх сем’яў і дабраўся да вусця Нёману. Легенда гэта, або звычайная казка, няважна. Так плыў Энэй, так плыў Рурык з братамі. Важна тое, што мы маем сваё гаспадарства, Вялікае княства Літоўскае, якое мы павінны абараняць усімі магчымымі сіламі.

– Але, пан Марцін, ты забыўся мабыць пра тое, што аўкштайты лічаць Палемона толькі сваім аўкштайцкім продкам, – уставіў слова Паэт.

– Я не забыўся, – усміхнуўся Жабыка-Жэмба, – Справа ў тым, што ў дастаслаўнага князя Палемона быў не адзін карабель, а мноства караблёў. На адным прыплылі продкі аўкштайцкай шляхты, на астатніх – шляхты ліцвінскай.

Маладыя студыёзусы весела засмяяліся. Усім спадабалася Марцінава красамоўства. А Шаціла, натхнёна заззяўшы вачамі, усхапіўся са свайго месца, горача прачытаў толькі што прыдуманы верш:

Як прыплыў Палемон на Нямон,

Дзежкі з мёдам выкаціў ён

І засмажыў ён сто быкоў,

Каб нам жыці тут сто вякоў.

Усе запляскалі ў ладкі. Марцін жа пацалаваў паэта, узбуджана гаварыў далей:

– У нас, Жабыкаў-Жэмбаў, унук атрымоўвае імя свайго дзеда. Як вы зразумелі, у мяне быў родны дзед, Марцін Жабыка-Жэмба. Ён вучыўся ў Фларэнцыі і там разам са сваімі землякамі зрабіўся палеманістам. Яны, маладыя ліцвіны, стварылі Ордэн святога Палемона, абаранялі ад туркаў Канстанцінопаль. Калі ж султан Мехмед захапіў сталіцу Візантыі, дзед разам з маёй бабкай Зосяй вярнуўся на радзіму. Жылі ў любові-злагадзе, і раптам зніклі. Кажуць, іх звёў кудысьці арол.

– Арол? Які арол? Як арол можа павесці за сабою чалавека? – здзівіліся ўсе.

– А я й сам не ведаю. Хутка прыедзем пад Воршу, у маёнтак майго бацькі, і там усе разам разбярэмся.

– Пан Марцін, – усклікнуў Фадзей Дракаловіч, – Чаму ты разам з намі корміш тут мух і камароў? Табе трэба неадкладна джгаць у Вільню – там цябе чакае пасада канцлера.

Зноў грымнуў смех. Паплылі вясёлыя келіхі. Майскія зоркі навісалі над зямлёю, як срэбныя гронкі бязмежнага ўрадлівага Божага вінаградніку. Здавалася, толькі выцягні руку, і ў далонь тваю ляжа цёплая вясновая зорка.

Хапала ў гэты вечар добрага віна. Хапала маладой радасці. Але, як ні прытрымлівай час, неўзабаве робіцца сухім дно самых глыбокіх збаноў і келіхаў. Як ні доўжыцца радасць, паступова падкочваецца халодны сум, а за ім і бяда.

Яны прачнуліся ад несуцешнага плачу. Ускочылі, дзе хто ляжаў, пачалі церці кулакамі вочы.

Ігнат Кабылінскі, што быў за начную варту, падвёў да вогнішча дзвюх сялянак, адну ўжо сталага веку, другую зусім маладзенькую зялепуху. Яны былі апрануты вельмі бедна. Зрэб’е, доўгія неахайныя спадніцы. Старэйшая ў лыкавых лапцях, дзяўчынка басанож.

– Вось прыйшлі, – сказаў Кабылінскі, – Плачуць.

– Што вам патрэбна? – спытаў Марцін Жабыка-Жэмба.

– Паночкі-жаўнерыкі, – вельмі хутка, пэўна, баючыся, што яе могуць перапыніць, загаварыла дзяўчынка і апусцілася на калені, – Хрыстом Богам молім вас заступіцца за нашага бацьку Аўдзея Асташонка. Другі дзень маскоўцы трымаюць яго на правёжы ў Тоўстай Ліпе.

Пасма светларусых, амаль белых валасоў рассыпіста выбівалася ў яе з-пад грубай даматканай хусткі. На бледных запалых шчоках шчодрым сяйвом былі рассыпаны вяснушкі, адвечныя зоркі вясны.

– Устань, – сказаў дзяўчынцы Паэт, – І раскажы нам ладком чаго вы хочаце.

Дзяўчынка парывіста ўсхапілася (плямы ад вільготнай зямлі засталіся на голых каленьках), узяла старэйшую жанчыну за руку так, як павадыры водзяць сляпых:

– Гэта мая маці Агапка. Як прыехалі ў Тоўстую Ліпу маскоўцы, яны пачалі рабаваць усіх. Яны прыйшлі на наш двор і пачалі біць нашага бацьку, пытаючы, дзе ён схаваў сала і пенязі. Бацька маўчаў. Тады яны схапілі маю маці, – Дзяўчынка з вялікай шкадобаю паглядзела на сваю спадарожніцу, – Вы не думайце, яна не нямая. У яе распух язык. Яшчэ ўчора яна гаварыла, як усе мы. Але двое маскоўцаў пачалі і яе катаваць. Адзін сыпаў на стол жытняе зерне і загадваў маёй маці злізваць яго са стала. Толькі яна высоўвала з роту язык, як другі калоў ейны язык маленькім вострым шылам. У іх, маскоўцаў, гэта была як бы гульня. Яны весела смяяліся і так здзекваліся цэлы вечар, а потым пайшлі піць хлебнае віно, і мы з мамкаю ўцяклі. А наш татка Аўдзей застаўся ў Тоўстай Ліпе. Маскоўцы здзёрлі з яго порткі і б’юць бярозавымі кіямі па голых нагах, хочуць каб ён паказаў у лесе Яму з салам і зернем.

Дзяўчынка зноў заплакала.

– Годзе румзаць, – нахмурыўся Фадзей Дракаловіч, – Лепш скажы, як цябе зваць.

– Гэля, – хліпнуўшы носам, адказала дзяўчынка.

– Гэля-Гэля, – смешна скрывіў рот, наморшчыў лоб і залопаў па сваіх сцёгнах рукамі, нібы крыллямі, Дракаловіч, – Гані гусей! Гыля-гыля!

Гэля, а з ёю й маладыя шляхцюкі засмяяліся. Задаволены Дракаловіч пачаў рэзаць хлеб і кумпяк, каб пакарміць ранніх гасцей. Селі наўкол вогнішча, што ўжо амаль патухла. Яшчэ не ўтаймаваўся начны вецер. Адкочваліся ўбок падхопленыя ім клубкі дыму. Непадалёк ныралі ў зялёную траву птушкі, нешта шукалі ў ёй.

– Што будзем рабіць, панове? – запытаўся Марцін Жабыка-Жэмба. Зусім нечакана для сябе ён паступова пачаў успрымацца ўсімі як бы галоўным у шумлівым брацтве вясёлых вольных студыёзусаў. Першай прычынай гэтага, вядома ж, была тая, што яны набліжаліся да Аршанскага павету, дзе харужнічаў ягоны родны бацька Антоній.

– Патрэбна задаць добрую лупцоўку маскавітам, – адразу ж сказаў Андрэй Шаціла, – Патрэбна раз і назаўсёды адвучыць іх гаспадарнічаць у чужых сусеках. Але ж ці хопіць нашай сілы? Мы ж нават не ведаем колькі іх там у Тоўстай Ліпе. Можа стацца, што яны й нас возьмуць, як з гнязда птушанятаў, і паставяць на правёж.

Пры такіх словах Паэта Ігнат Кабылінскі зморшчыўся, нездаволена паварушыў тоўстымі мяккімі плячамі, быццам ужо адчуў гарачы смак маскоўскага кія. Ды й усе астатнія студыёзусы, відно было, не надта рвуцца ў такую заваруху.

– Не, Паэт, не дажывеш ты да сівога воласу і чорнага зубу, – сказаў Андрусь Лыжыковіч.

– Твая праўда, – весела ўсміхнуўся Шаціла, – Самы найлепшы лекар ад старасці смерць. Але нешта ж нам патрэбна рабіць.

– Сачыняй вершы.

– Ну, пан Андрусь, вершы, як ты кажаш, сачыняць можна, але ж хто іх чытаць будзе, калі масковец вытурыць нас з нашай хаты?

– Трэба выведаць колькі іх стаіць у Тоўстай Ліпе, – рашуча перарваў спрэчку Лыжыковіча з паэтам Марцін Жабыка-Жэмба.

Усе адразу ж пагадзіліся з ім. Аказваецца, неабходна было, каб нехта першы сказаў цвёрдае слова. Слова такое прагучала, і студыёзусы пачалі рыхтавацца да мажлівага бою з маскоўцамі.

– Мы стрэлім з нашай гарматы, і яны разлятуцца ва ўсе бакі, як вераб’і, – гарачліва ўсклікнуў Вікент Камароўскі, той, што пачуваў сябе сарматам.

– У такім разе, пан сармат, гармата пададзена, – шаркануў перад ім ножкай, галантна-з’едліва пакланіўся Фадзей Дракаловіч.

Ды новая спрэчка не паспела ўспыхнуць, бо Адам Белазор раптам ускінуў угору руку, прыслухаўся, сказаў, пацямнеўшы тварам:

– Галопам ідуць вершнікі. Сама меней, сотня імчыцца сюды.

Усе затаілі дыханне. І, сапраўды, здалёку накочваўся гуд капытоў. Быццам, зламаўшы лёд, сцяной ішла няўтрымная вясновая вада.

– Ну вось – хацелі падсмажыць пяткі маскоўцам, а яны самі едуць пагасцяваць, – разгублена і спалохана выдыхнуў Ігнат Кабылінскі.

– Зараджай гармату! Зараджай гакаўніцы! Шаблі ўгору! – крыкнуў Марцін Жабыка-Жэмба.

Выкацілі проста на дарогу гармату, насЫпалі порах, забілі ў дула шрапнельнае ядро, пачалі падпальваць кнот лянтоўніцы. Крукам-гакам гакаўніцаў чапляліся за “казліныя ногі” – падпоркі для змяншэння аддачы пад час стрэлу. З ледзяным вострым хрустам выдзіралі з похваў шаблі. Усё рабілася хутка, дакладна і весела. Шчокі ў студыёзусаў запунсавелі, вочы ўспыхнулі радасцю. Павінен быў адбыцца першы ў іхнім жыцці сапраўдны бой, і яны не баяліся яго. Наперадзе іх чакала такое доўгае жыццё, яшчэ ні кроплі смутку не кінулі нябёсы ў імклівы ручай маладых дзён, і ніхто са студыёзусаў не верыў, не мог паверыць у сваю ўласную смерць.

Тым часам ужо можна было ўбачыць на небасхіле цёмную масу вершнікаў. Яна набліжалася, гусцела, рабілася больш страшнаю. Ззялі пад ранішнім сонцам пласцінавыя даспехі, кальчугі, металічныя шаломы з прылбіцамі, конскія цуглі і бляхі, шаблі, дзіды, гакаўніцы і пулгакі, сцяжкі-прапарцы за плячыма. Гром капытоў і звон баявога жалеза нарастаў, пачынаў закладваць вушы. “Змятуць нас, як дарожны пыл”, – падумаў не адзін са студыёзусаў. Але кожны стараўся перацярпець свой страх, не паказаць яго сваім сябрукам. Шляхта і палахлівасць былі несумяшчальнымі паняццямі. Лепш смерць, чым жывёльная палахлівасць.

Вершнікі выставілі ўперад вострыя доўгія дзіды, і здавалася па дарозе імчыцца суцэльны жалезны частакол. Гэта было страшна. Гэта было прыгожа, вельмі прыгожа.

– Кадук мяне бяры, але гэта не маскоўцы, – раптам здзіўлена замармытаў Марцін Жабыка-Жэмба, – Няма ў масквы такога імпэту і форсу. Кадук мяне бяры, але гэта аршанская харугва.

– Аршанская харугва! – праз імгненне закрычаў ён захлёбістым голасам і, нібы звар’яцеўшы ад нясцерпна гарачай радасці, выбег на дарогу, пачаў махаць рукамі. Студыёзусы рынуліся за ім. Бог шчасліва адвёў ад іх смяротную стралу, не сутыкнуў з маскоўцамі, і яны былі вельмі задаволеныя такім паваротам справы.

Харугва наблізілася ўжо так, што выразна бачыліся чалавечыя твары. Наперадзе яе на цёмнарудых магутных дрыкгантах, галовы якіх былі схаваны пад металічнымі нагалоўкамі, імчаліся два вершнікі ў шаломах з аблямаванымі ваўчынай поўсцю прылбіцамі, у бліскучых панцырах. За сіною ў іх былі прымацаваны яркія чырвонабелыя крылы. Сустрэчны вецер напінаў іх, і яны ярасна трымцелі, трапяталі, адначасна выклікаючы і жах, і захапленне.

– Крылатыя людзі! – уражана ўсклікнулі студыёзусы.

– Гусары, – са шчаслівым бляскам у вачах сказаў Марцін. Пад час сваіх падарожжаў па Еўропе ён ужо бачыў такіх ваяроў у Венгрыі.

Харугва з усяго ходу ланцужна развярнулася на дарозе, паўкругам ахапіўшы Жабыка-Жэмбу і ягоных людзей. З-пад конскіх капытоў густа стрэльнулі камякі вільготнай цёмнашэрай зямлі. Вершнікі пахіснуліся, але іхнія моцныя мускулістыя ногі і спіны адразу ж вярнулі целу высакародную ганарыстую паставу. Пра такіх кажуць: “Як улітыя сядзяць у сядле”.

Як жа здзівіўся і палымяна ўзрадаваўся Марцін, калі побач са сваім “крылатым” бацькам аршанскім харужым Антоніем Жабыкам-Жэмбам убачыў “крылатую” дужа прыгожую Зосю Зубрыцкую, сваю суседку, сваю сяброўку па дзіцячых гульнях, сваю каханую, якую не сустракаў амаль цэлы рок, аб якой марыў штодзень і штоноч. За час іхняга растання (ён паехаў вучыцца ў Вену, яна – у Кракаў, а потым у Рым) Зося вельмі пахарашэла, расцвіла той вясновай трапяткой красой, што бывае ў свежых лугавых кветак, дачок яркага сонца, чыстага дажджу і цёплага звонкага ветру. “Яна ўся, як кветачка”, – замілавана думаў ён, любуючыся сваёй цудоўнай сяброўкай, – Як да твару ёй гэтыя гусарскія крылы, гэтыя шалом і панцыр. Мая амазонка! Я кахаю яе так, што гатоў памерці за адну толькі ўсмешку светласініх крынічных вачэй”.

Але, як і належыць паслухмянаму адукаванаму сыну, у першую чаргу ён падыйшоў да свайго бацькі, што грузнавата злазіў з сядла, падставіў яму плячо. Антоній Жабыка-Жэмба стаў нарэшце на зямлю, пільным учэпістым позіркам зірнуў на малодшага сына, потым абняў-абгроб яго тоўстымі рукамі, моцна пацалаваў, сказаў хрыплаватым ад хвалявання голасам:

– Ну то здароў, сыне. Не забыў бацькава бацвінне ў месце Венскім?

– Не забыў, – уткнуўшыся тварам у шырокія бацькавы грудзі, адказаў Марцін.

– Прывёз хоць адну торбу вучонасці з Германшчыны?

– Прывёз. І не адну, – расчулена выдыхнуў малодшы Жабыка-Жэмба. Толькі зараз, улавіўшы знаёмы з маленства такі родны пах дыму, лугу і лесу, пачуўшы шчакой, як усхвалявана стукае бацькава сэрца, ён да знямогі ў грудзях, да лёгкага паколвання ў скронях адчуў, зразумеў, што значыць для яго гэты суровы часам рэзкі і грубаваты чалавек. Асабліва цяпер, калі Бог забраў маці.

– Ну то й добра, – раптоўна заміргаўшы вачамі, нібы ў іх патрапіла парушынне, прамовіў харужы і злёгку як бы адпіхнуў ад сябе сына:

– Ідзі з братамі пагавары.

Старэйшыя Марцінавы браты, Сцяпан і Тодар, сядзелі на конях і толькі нахіліліся, падставілі шчокі для пацалунку, калі Марцін падыйшоў да іх. Ён ведаў – яны не разумеюць яго. Не тое, што не любяць, але не разумеюць. У іх вялікія сем’і, жонкі і дзеці, бацька адпісаў ім багатую маёмасць і зямлю. Яны – патомныя шляхціцы. Конь, сядло, зброя, віно і гарачае мяса, трывожнае, амаль паходнае жыццё на памежжы Вялікага княства з Маскоўшчынай, – вось іхняе сонца. І яны не хочуць іншага. Ім на поўніцу хапае такога жыцця. А ехаць сушыць мазгі на чужыну... Няхай за іх гэты мулкі крыж нясе маладзён, матчын і бацькаў пестунок.

Толькі пасля вітання з бацькам і братамі Марцін падыйшоў да Зосі. Яна (крылатая!) сядзела на кані і цярпліва чакала пакуль каханак пагаворыць-пацалуецца са сваімі сямейнікамі. Іхнія позіркі сустрэліся, як на залітым сонцам лузе вясновы вецер сустракаецца з кветкай. І яны адразу ж зразумелі – каханне не сплыло, не знікла, разлука ў часе і ў прасторы толькі абвастрыла пачуццё. Маладыя сэрцы імгненна ўздрыгнулі, зазвінелі, заспявалі адну і тую ж толькі ім вядомую песню.

– Зося – пяшчотна дакрануўся да маленькай дзявочай нагі абутай у металічна-скураны чаравічак Жабыка-Жэмба, – Якая ты прыгожая! Дальбог не думаў, што сустрэну такую антычную багіню. Адкуль такія крылы?

– А ты не хочаш мяне пацалаваць? – гарэзліва перапыніла Марціна Зося Зубрыцкая, і, не чакаючы адказу, хуценька нахілілася, з усёй жарсцю прыпала цёплымі вуснамі да ягоных вуснаў.

У Марціна пайшла кругам галава. Яшчэ йдучы ад братоў да Зосі, ён ліхаманкава меркаваў, як паводзіць сябе. Ссадзіць яе з каня і абняць, пацалаваць? Зрабіць гэта прылюдна? Але ж побач бацька, браты, сябры-студыёзусы, павятовая шляхта. Ці не падумаюць яны, што з Германшчыны да Воршы прыбег памаўзлівы марцовы кот? Норавы гэтай зямлі халаднейшыя і сушэйшыя, чымся ў Еўропе. І вось табе на – Зося сама яго пацалавала, пацалавала першая, не збаяўшыся і не засаромеўшыся.

Са смяшынкамі ў мілых светласініх вачах зверху ўніз яна пазірала на яго, быццам пытаючыся: “Ну як табе я?”. А ўслых сказала:

– Гэтыя крылы і ўвесь гэты даспех, я думаю, падараваў мне і твайму бацьку Начны Дзед.

– Начны Дзед?! – здзіўлена ўсклікнуў Марцін, – Ён яшчэ жывы?

– Жывы, Марцінік, жывы, – пяшчотна-радасна ўсміхнулася Зося, – Як і жывое каханне наша, калі ты не забыў мяне паміж больш прыгажэйшых паненак.

– Ды ты што, Зося? – горача выдыхнуў Жабыка-Жэмба, – Забыць цябе? Ты ж толькі адна такая!

– Якая? – зноў загарэзнічала Зубрыцкая.

– Скажу сёння ўвечары на нашым месцы. Калі сонца будзе садзіцца за лес. Памятаеш наша месца? Прыдзеш?

– Памятаю і прыду.

Між тым харужы Антоній Жабыка-Жэмба ужо выслухаў слёзныя аповяды дзеўчынёхі Гэлі і вырашыў ударыць усёй павятовай харугвай па маскоўцах, што атабарыліся ў Тоўстай Ліпе. Радасць ад сустрэчы з малодшым сынам прайшла, яе выцеснілі бясконцыя клопаты і мітрэнгі апошняга часу.

– Вялікая вайна ідзе, вялікая фуртавіна, – напружваючы голас, прыўзняўшыся ў страмёнах, казаў харужы сваёй шляхце і студыёзусам, – Цар маскоўскі Васіль Трэці паслаў на нас раці ваяводаў Холмскага і Захар’іна. Як і ягоны прагавіты бацька Іван Трэці, што захапіў у нашым Гаспадарстве гарады Бранск, Веліж, Гомель, Мцэнск, Рыльск, Старадуб (іх шмат, не буду пералічваць), гэты ваяка нясе меч знішчэння на нашы спрадвечныя землі. Ён і ягоныя баяры гавораць, што ідуць на нас, каб ратаваць праваслаўных. Але ад каго ратаваць? Ад нас саміх? Мы і нашы дзеці, як і нашы дзяды-прадзеды, хрысціяне грэцкага закону. Праваслаўе прыйшло ў наш край стагоддзі таму не з Масквы, а з Канстанцінопалю. У нас былі і ёсць свае духоўнікі і законнікі, свае мітрапаліты. І свая спракавечная зямля-карміцелька ёсць у нас.

Голас у Антонія Жабыкі-Жэмбы пазванчэў:

– Яго Веляможнасць Жыгімонт, кароль і вялікі князь, загадаў найвышэйшаму гетману пану Станіславу Кішку сабраць у Менску паспалітае рушэнне ад кожнага дыму, ад кожнае службы. Паны-брацці, вы прывялі сюды свае початы, сваіх людзей. І мы пойдзем да Менску. Але зараз мы праверым ці не заржавелі нашы шаблі, ці не застаяліся нашы коні. Зараз мы атакуем Тоўстую Ліпу. Пан ротмістр Жалязоўскі, мы гатовы да атакі?

– Гатовы! – узняў шаблю рудавусы ротмістр.

Ухвальны гул пакаціўся між шляхты. Нецярпліва заіржалі загарцавалі коні. Вершнікі ямчэй уладкоўваліся ў сёдлах. Рукі намацвалі эфесы шабляў. Ваяўнічы гарачы народ засумаваў па добрай старой бітве-валцы, калі, як качаны капусты, злётваюць з плячэй варожыя галовы, калі ёсць прастора моцнаму плячу і востраму мячу.

Тоўстая Ліпа месцілася ў вярстах трох-чатырох убаку ад Вялікай дарогі Берасце-Менск-Смаленск. Ад цікаўных вачэй, ад праезджых падарожнікаў яе хаваў ладнаваты зарослы нізкім зялёнажоўтым хвойнічкам пясчаны бугор, дзе навыкопвалі нораў лісы. Гэта была вотчына княжатаў Друцкіх-Горскіх. Дваццаць тры дымы вялі тут сваё спрадвечнае зацятае змаганне з малаплоднай камяністай зямлёю, з дажджамі і завеямі, з хваробамі і галадоўляй, плоцячы свайму пану дзякла, а дзяржаве грашовую сярэбшчыну і пушнінную ардыншчыну. Людзі нараджаліся і паміралі, хаты, хлявы, клеці і клуні старэлі, салома на стрэхах чарнела. Неба і зямля былі маўклівыя і заўсёды як бы да нечага прыслухоўваліся. І толькі прылётны бусел кожнай вясною ганарыста ўскідваў чырвоную мокрабліскучую дзюбу, гучна шчасліва клекатаў.

Якраз пасярэдзіне Тоўстай Ліпы побач з сажалкай стаяў на каменным мураваным падмурку агромністы двухпавярховы драўляны палац складзены з абчасаных сякерамі дубовых бярвенняў, пакрыты чырвонай ляшскай дахоўкай. Узыйсці на другі паверх можна было толькі праз высокі аркападобны ганак, па краях якога сядзелі, нібы жывыя, выразаныя з моранага дубу ільвы. Вялікія вокны гэтага паверху прамяніста ззялі чыстым незамутненым шклом. Ніжнія ж вокны былі зроблены ў выглядзе вузкіх амбразураў і закратаваны цёмным квадратным дротам.

Ужо трэці дзень у Тоўстай Ліпе гаспадарнічаў са сваім загонам сын баярскі Сямён Кошкін. Пад рукою ў яго мелася сто чалавек каванай раці – вершнікаў узброеных дзідамі, шаблямі, алебардамі і булавамі. Разам з ім быў татарскі царэвіч Аслан з паўсотняю конных лучнікаў. Ваявода Холмскі, адчуваючы ў войску недахоп харчоў і фуражу, адпусціў на дзесяць дзён у розных накірунках сваіх военачальнікаў шукаць корм і ўсё, што можа быць патрэбным для вайны.

Сын баярскі Кошкін, светлабровы і светлабароды шчуплы чалавечак трыццаці пяці гадоў ад роду, з плешшу-месячыкам на галаве, сядзеў на мяккім крэсле-калыхалцы на самым версе ганку і пільна сачыў за тым, як ягоныя служывыя людзі і тутэйшыя сяляне прывозяць, прыносяць і раскладваюць на зялёным лужку над сажалкай самы розны тавар. Ад яркарудых лісіных кажухоў да жывых гусей у вялізных плеценых з лыка кошыках. Зганялі і адразу ж рэзалі авечак і свіней. Перадсмяротны віск жывёлін, кудахтанне курэй, якіх лавілі татарскія лучнікі; глухія ўдары па цвёрдаму – узломвалі дзверы свірнаў і клецяў; галашэнне жанчынаў – усё спляталася ў надзвычай яркі і пярэсты вянок, які радаваў вока і вуха баярскага сына. Гэта было звычнае змалку жыццё – паходы, лютыя сечы, паражэнні і адступленні і, вядома ж, перамогі, калі ты робішся панам усяго. Што ні кажыце, прыемна сядзець на мяккім крэсле-калыхалцы, калі да тваіх ног кладуць і кладуць даніну.

Раптам чуйнае вуха сына баярскага ўлавіла нейкі трывожны нечаканы гук. Гук гэты быццам з’явіўся вырваўся з-пад зямлі, густы і абломны.

– Гэй, Івашка! – крыкнуў са свайго верху Сямён Кошкін надворнаму халопу, цельпукаватаму белабрысаму мардвіну, – Хто гэта так расшумеўся?! Арапніка захацелі, воўчыя пысы?

– Бацюхна баярын, на нас літва імчыць! – спалохана крыкнуў Івашка і знік, як яго й не было.

– Ты што мелеш, чурбан няхрышчаны?! Якая такая літва?

Сямён Кошкін жвава ўскочыў з крэсла-калыхалкі, схапіў агнябойную рушніцу і пабег па шырокіх дубовых ступенях ганку ўніз, насустрач нечаканаму трывожнаму гуку. Трэба зазначыць, ён не быў палахліўцам, як і большасць ягоных людзей. Пастаянныя паходы маскоўскай раці то на Пскоў, Ноўгарад і Цвер, то на Вялікую Арду і Літву прывучылі такіх, як ён, трымаць сваё сэрца ў вельмі суровых цянётах, калі слёзы людскія ўспрымаюцца, як ранішняя лугавая расА, не болей. “Каб цябе не забілі, забі першы”, – вось чаму вучылі яго з малалецтва.

Ён не верыў пра напад літвы. Ваяводы Холмскі і Захар’ін казалі на самым пачатку вайны, што рушаць на Вялікае княства Літоўскае ў абыход ягоных умацаваных фартэцый, абыйдуць, абцякуць іх, як вясновая вада абцякае камень. Так, у сутнасці, і атрымалася. Паспалітае рушэнне праціўніка, па чутках, збіраецца сёння недзе аж каля Менску, а вось гэтая зямля, на якой ён зараз уладарнічае, нікім не абаронена. Рабі што хочаш, бяры што хочаш.

Татараў, якія павінны былі перакрываць ахоўваць палявую дарогу, што вяла ў Тоўстую Ліпу, а замест гэтага злезлі з коней і пачалі латашыць вясковых курэй і гусей, шляхта пасекла ў імгненне. Ніводзін не ацалеў. Маскоўцы, пачуўшы пранізлівыя енкі сваіх аднакошнікаў (суседзяў-саюзнікаў па адным вайсковым лагеры-кошы), паспелі схапіць зброю, схавацца за хатамі і хлявамі, за парканамі і сустрэць аршанскую харугву густой стралянінай з рушніцаў, лукаў і арбалетаў. Давялося спешвацца, прыгінаючыся бегчы па слізкай мяккай зямлі прысадаў, калоць дзідамі, пластаваць шаблямі.

Марцін Жабыка-Жэмба напачатку трымаўся побач з братамі Сцяпанам і Тодарам, і яны, пэўна, па бацькавым загадзе, апякавалі яго, прыкрывалі ад праціўнікаў. Заўважыўшы зразумеўшы гэта, малады студыёзус фыркнуў, як дзікі лясны кот, ірвануў падалей ад іх. І адразу ж грудзі ў грудзі сутыкнуўся з каржакаватым барадатым маскоўцам. Той чэпка трымаў у руках алебарду. Аж костачкі пальцаў пабялелі. Убачыўшы Марціна, уздрыгнуў усім целам, варсануў алебардаю, падчапіў ейным загнутым крукам Марцінаву кальчугу. Потым, цяжка ўпёршыся ў зямлю нагамі, адной рукою пачаў цягнуць Марціна да сябе, другой ліхаманкава лэпаў па халяве бота, стараючыся выцягнуць адтуль засапожны нож.

“Зрэжа мяне, як лясны грыб”, – падумаў малады Жабыка-Жэмба. Злаўчыўшыся, зачэрпнуў жменю зямлі, пляснуў ёю ў твар маскоўцу. Барадач з алебардаю заматаў галавой, закашляў. Рука, што цягнула Марціна аслабела, і ён, хітнуўшыся ўперад усім тулавам, секануў маскоўца шабляй па шыі, пераскочыў цераз абмяклае цела, пачуў ззаду булькатлівае хрыпенне.

Аршанская шляхта страціла забітымі дзевяць чалавек. Каля дваццаці было паранена, у іх ліку і харужы Антоній Жабыка-Жэмба. Баярскі сын Сямён Кошкін пекануў яму ў левы плячук з рушніцы.

Маскоўцаў палягло значна больш. Яшчэ болей трапіла ў палон разам з Кошкіным. Панура схіліўшы галовы, яны хадзілі па Тоўстай Ліпе, шукалі сваіх забітых і зносілі іх на лужок перад палацам.

Марцін даведаўся, што бацька паранены, ад брата Тодара. Адразу ж пабег убок палацу і па дарозе ўбачыў маладзенькага маскоўца, які, ратуючыся ад ліцвінаў, ускочыў у балотца на краю вёскі. Масковец быў без шапкі, спалоханы, разгублены. Яркабелыя, як лён, валасы кудлаціў вецер. Твань даходзіла яму ўжо да калена.

– Ты хто? – прыпыніўся, спытаў Марцін.

– Івашка, – адказаў масковец.

– Івашка?

У руках у Марціна нічога не было апроч шаблі. Ён паглядзеў наўкол, убачыў кінутую некім доўгую скрываўленую дзіду, падняў яе, працягнуў адзін канец маскоўцу:

– Трымайся. Няма чаго ў гразі сядзець.

І выцягнуў Івашку на сухазем’е.

Рана ў харужага была лёгкая. Гэта ўзрадавала ўсіх ягоных сыноў і ўсю шляхту. Сам Антоній Жабыка-Жэмба з перавязаным плечуком сядзеў на ганку, і каля яго праводзілі ўсіх палонных. Выгляд у маскоўцаў, асабліва ў баярскага сына Сямёна Кошкіна, быў неважнецкі. Не чакаў ён такой змены ў сваім жыцці. Яшчэ зусім нядаўна так гладка, так добра ўсё паварочвалася, а зараз змрок уваліўся ў сэрца, і ўжо рыхтуе для яго літва наручнікі-кайданкі.

Самыя смялейшыя з сялянаў-тубыльцаў таксама сабраліся каля палацу, стаялі купкамі, глядзелі на сваіх учарашніх рабаўнікоў. Але маўчалі, бо жыццё навучыла прытрымліваць гняўлівыя словы, як бы яны не рваліся з грудзей. Яшчэ ж невядома, хто тут будзе за гаспадара.

І раптам звонкі дзіцячы голас разарваў цішыню:

– Ён!

Усе ўздрыгнулі ад неспадзеўкі. Дзяўчынка Гэля, тая, што прыбягала раніцой да студыёзусаў, паказвала пальцам на аднаго з маскоўцаў:

– Ён! Ён маіх мамку і татку мучыў.

– Спыніся і адыйдзі ўбок, – загадаў Антоній Жабыка-Жэмба палоннаму, высокаму чарнавалосаму здаравяку з чырвонымі шчокамі. У вачах у таго ўспыхнуў агеньчык, але агеньчык не страху, а здзіўлення. Ён глядзеў на малую Гэлю і як бы нешта прыпамінаў.

– Што ён рабіў з тваімі бацькамі? – узняўшыся з ганку, запытаў у Гэлі харужы.

– Ён калоў язык шылам і заганяў пад пазногці вострыя трэсачкі, – адказала дзяўчынка.

Зазвінела цішыня. Усе, і маскоўцы, і тутэйшыя, пазіралі на чырвонашчокага. Ён спакойна стаяў на тым месцы, дзе прыпыніў яго Антоній Жабыка-Жэмба. Агеньчык у вачах не тух, але драбнеў, ператвараўся ў малюсенькую іскрынку.

– Ты хрысціянін? – упрытык падыйшоў да яго аршанскі харужы.

– Я праваслаўны.

– Хіба ж Хрыстос вучыў цябе катаваць ні ў чым не павінную жанчыну?

Масковец маўчаў. Іскрынка трапятала ў цёмных вачах.

– Ты аддаліўся ад Бога, але я набліжу цябе да неба, – сурова прамовіў харужы, – За зло шыю страціш. Павесьце яго, – павярнуўся ён да сваіх людзей.

Двое пахолкаў выскачылі з вяроўкаю, схапілі чырвонашчокага пад рукі, прывалаклі да магутнага старога дрэва над сажалкай (вось чаму вёска называлася Тоўстая Ліпа) і павесілі. Гэта адбылося так хутка, што бусел, які вылецеў за жабкамі са сваёй буслянкі на ліпе, яшчэ не паспеў апусціцца ў балотца.

– Астатніх павядзём у Воршу, каб потым абмяняць на нашых людзей, якіх захапілі маскоўцы, – сказаў Антоній Жабыка-Жэмба.

 

Колькасць прачытаўшых: 899
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Назаві сына Канстанцінам.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка I.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка II.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка III.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка IV.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка V.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка I.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка II.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка III.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка IV.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка V.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка I.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка II.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка III.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка IV.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка V.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка I.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка II.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка III.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка IV.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка V.
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007