ІІ
Шматфарбны і шматгучны апускаўся на зямлю вечар. Запальваліся на сінім шкле неба зоркі. Са сваіх сховаў вылётвалі кажаны і апісвалі над цёмнай зямлёй таямнічыя кругі. Галасіста крумкалі ў травяных лужынах жабы .Заспявалі-запішчалі камары, якіх асабліва густа бывае ў канцы траўня пасля дня Лукер’і-камарніцы.
На зарослым купчастым вербалозам беразе ракі Адроў са змроку выплылі дзве чалавечыя постаці, пастаялі, паўглядаліся ў наваколле і адразу ж ірвануліся адна насустрач другой.
– Марцін! – зазыўна гукнула Зося Зубрыцкая і кінулася на грудзі каханку.
– Зося! – пяшчотна абняў яе, прытуліў Марцін Жабыка-Жэмба.
Колькі часу чутны былі толькі пацалункі, нейкія патаемныя, як голас рачнога трыснягу пад ветрам, шэпты. Два сэрцы пасля доўгага расстання захлыналіся ў маладой неадольнай пяшчоце.
Затым Марцін і Зося мякка апусціліся на траву, ляглі, зліўшыся ў адну істоту, прыпаўшы вуснамі да вуснаў, нібы пілі з бяздоннай чароўнай конаўкі жывую ваду. Ён адчуваў кожнай сваёй жылкай жыццядайную іскрыстую цеплыню ейнага маладога прагнага на ласку цела. Яна аддавалася яму, як прыўкрасная кветка ў зялёным лузе аддаецца бурнаму вясноваму дажджу.
Абняўшыся, селі над рэчкай, пачалі ўспамінаць учарашні дзень і ўчарашні вечар. Неба глядзела на іх безліччу зорак – залатых і срэбных вачэй.
– Калі мы атакавалі Тоўстую Ліпу, я ўвесь час думаў дзе ты, што з табою? – сказаў Марцін.
– Так я табе й паверыла, – гарэзліва засмяялася Зося, – Толькі пачуў горн, адразу ж ірвануў у бой, як той паляўнічы сабака. Забыўся пра ўсё, кінуў мяне. Добра што трэба было ахоўваць гармату, і я засталася каля яе разам з гэтым Андрэем, з Шацілам, які вершы выдумляе.
– Дык вось чым ты займалася – вершы выдумляла разам з Шацілам, – Марцін зрабіў выгляд, што страшэнна пакрыўдзіўся.
– Перастань, дурненькі, – паклала яму на плячук галаву Зося Зубрыцкая, – Ніхто мне не патрэбен апроч цябе. А гэты Андрэй такі галавісты. Як гэта ён учора пад час банкету чытаў шляхце?
Яна лёгка ўскочыла на ногі, спадылба, падрабляючыся пад Паэта, зірнула на Марціна:
Клянемся ж, родны людзі,
Што з вамі жыць мы будзем
Не ў Маскоўскім царстве,
А ў нашым Гаспадарстве.
Яны пачалі ўспамінаць ўчарашні банкет. Шляхта, перамогшы маскоўцаў у Тоўстай Ліпе, з вялікай радасці не пашкадавала ні віна, ні прысмакаў. Асабліва ж узрадаваў усіх ганец ад найвышэйшага гетмана Кішкі, які перадаў загад не ісці да Менску, а правесці попіс мясцовага войска і чакаць паспалітае рушэнне ў сваім Аршанскім павеце. Попіс харужы Антоній Жабыка-Жэмба якраз перад гэтым правёў і быў ім задаволены. Усе шляхціцы, як і патрабавалася, прывялі сваіх людзей, свае початы ў поўным узбраенні. Асаблівых нараканняў не было. Толькі трое вершнікаў прыехалі на конях не той масці, якую заяўлялі перад гэтым.
– Ну й пъе ж наша шляхта! – з захапленнем выгукнуў Марцін Жабыка-Жэмба, – Такога нідзе ў Еўропе я не бачыў. Магутны народ!
– Ты й сам учора быў з дужа мокрым вусам, – падкалола Зося.
– А якія падавалі закускі! – нібы не пачуўшы яе, прыцмокнуў языком Марцін, – Аж сталы прагіналіся! Смажаная ласіна і шчупакі. Галовы і кумпякі дзікоў. На алавяных бляхах цэлая гара зайцоў і курапатак. Гарэлачку запівалі старым трайным мёдам. А з торту вылецелі жывыя белыя галубы! Ведай – наша Вялікае княства я люблю не толькі за тое, што сустрэў тут цябе, але й за тое, што тут заўсёды можна ўволю выпіць і паесці.
Смеючыся, ён моцна абняў Зосю, хацеў пацалаваць. Але яна вывернулася, магчыма, не спадабалася празмернае захапленне банкетам. Заўважыўшы гэта, Марцін змяніў гаворку.
– Давай пойдзем да Сымонавай кручы і паглядзім ці выйдзе сёння Начны Дзед пазіраць на месяц і зоркі, – прапанаваў ён сваёй сяброўцы. Зося згадзілася, і яны, узяўшыся за рукі, асцярожна пакрочылі ў халаднаватае малако туману, які ўжо пачынаў плысці над лугамі.
Сымонавай кручай называлася невысокая гара, што вытыркалася з травяністай раўніны непадалёк ад рачнога берагу. Па чутках, калісьці тут жыў пустэльнік Сымон, якога марознай галоднай зімою разарвалі і з’елі ваўкі. Некалькі гадоў таму, яшчэ калі Марцін з Зосяю былі зялёнымі малалеткамі, на гэтай гары пабудавалі маленькі каменны палацык і абкружылі яго бярвёністай сцяной з дубу. Хто будаваў гэты таямнічы маленькі палац, хто ў ім жыў, было загадкаю, прынамсі, для Зосі і Марціна. Як яны ні выпытвалі ў сваіх бацькоў, як ні стараліся даведацца, нічога не дапамагала. Было ўражанне, што накладзена нейкае табу на ўсё, што тычыцца гэтай будыніны. Яшчэ будучы падлеткамі, яны пачалі кожнай вольнай часінаю кружляць вакол Сымонавай гары, сачыць за ёй і ейнымі насельнікамі. І неўзабаве адкрылі для сябе Начнога Дзеда. Неяк увечары, калі як срэбнажоўты шар выплыла на бязмежную лугавіну неба поўня, яны раптам заўважылі, што на другім паверсе палаца расчыніліся дзверы і на невялікі балкончык нетаропка вышаў чалавек. Мяркуючы па ўсім, ён быў вельмі-вельмі стары. Запаволеныя рухі, сагнутыя доўгім жыццём плечы і, галоўнае, барада – сівая, хвалістая, аж па пояс. Таямнічы стары падыйшоў да парэнчаў балкона, абапёрся аб іх рукамі, узняў галаву і пачаў неадрыўна глядзець на поўню. На фоне папяловашэрага неба рэзка вылучаўся ягоны сілуэт. Здавалася, расце чорнае ссохлае дрэва.
Неўзабаве прыслужнік вынес для старога крэсла. Начны Дзед (так адразу ж назвалі яго Марцін з Зосяю) сеў, але не адвёў свой позірк ад яркай поўні. Прывіднае срэбнае святло залівала яго.
– Напэўна, ён моліцца, – шапнула Зося.
А, можа, нешта ўспамінае, – дрогкім ціхім голасам сказаў Марцін.
З таго часу Начны Дзед зрабіўся талісманам-абярэгам іхняга маленства, а затым і юнацтва. Зямельныя ўладанні іхніх бацькоў, іхнія сядзібы суседзілі, і таму яны, як памятаюць сябе, заўсёды хадзілі-гулялі па лугавых і палявых сцяжынках разам. Гэта не магло не перарасці спачатку ў дзіцячую дружбу, а потым і ў каханне. Даўно адцвілі тыя кветкі, якія бачылі іхні першы пацалунак. Бацькі іхнія, пан Антоній Жабыка-Жэмба і пан Гурый Зубрыцкі, глядзелі-глядзелі на сваіх дзетак, ды й выпілі кварту мёду, ударылі па руках, вырашылі – як толькі падрастуць, паразумнеюць Зося з Марцінам, пажаніць іх, навекі звязаць залатым ланцугом сужэнства. Пакуль што яны вучыліся. Марцін у Вене, Зося разам з дачкою намесніка-старасты Аршанскага павету князя Заслаўскага Аленай напачатку ў Кракаве, а потым у Рыме. Але няўхільна і радасна набліжалася тая часіна, калі на адной падушцы лягуць ноччу іхнія маладыя галовы.
Праз туман падкраліся яны, як і ў маленстве, да маленькага таямнічага палацу, селі на выварацень надрэчнай вольхі. Звінелі ўнізе струмяні рачной вады, крумкалі лягушкі.
– Мае родзічы, – ціхенька засмяяўся Марцін.
– Хто? – не зразумела Зося.
– Лягушкі. Я ж – Жаба. Гэта мой дзед Іван перапісаўся ў Жабыкі-Жэмбы. Надта не падабалася яму балотнае імя. А так усе мы – спрадвечныя Жабы. Яснавяльможная паненка, ты хочаш стаць Жабай?
Нечаканае, як бы жартаўлівае пытанне прымусіла Зосю Зубрыцкую задумацца. А й сапраўды – ці проста, ці лёгка жыць на белым свеце, тым болей, жанчыне, з прозвішчам Жаба? Не так гэта смешна.
– Я падумаю, – памаўчаўшы, сказала яна.
– І доўга будзеш думаць? – спытаў Марцін.
– Пакуль мой Зубр не растопча тваю Жабу, – адказала Зося.
Жартуе? Гаворыць усур’ёз? Паспрабуй зразумей гэтых кабет!
Чакалі, але таямнічы стары не вышаў на балкон. Плыла над зямлёй поўня. Жменямі сыпала на неба ноч усё новыя і новыя зоркі. Шалясцеў вецер у асацэ, у кустоўі. Журботнасцю веяла са змроку.
– Ты ж казала, што Начны Дзед падараваў табе і майму бацьку гусарскія крылатыя даспехі, – сумным голасам прамовіў Марцін, – Адкуль ты даведалася пра гэта?
– Спытай у свайго бацькі, – суха адказала Зося Зубрыцкая і, не развітаўшыся, хуценька пабегла туды, дзе бялеўся конь путнага слугі Аўдакіма. Марцін жа адламаў з вербалозіны галінку, пашлёгваючы ёю на назе паныла паплёўся дадому. “Памёр Начны Дзед. Шкада.”, – думалася яму.
А раніцой, ледзь толькі лінуў Марцін жменю халоднай вады сабе ў твар з меднага рукамыя, яго паклікаў бацька. Харужы ўжо сядзеў у святліцы за шырокім дубовым сталом, на якім былі раскладзены стосы попісных кніжак, звязкі ключоў, некалькі шляхецкіх шапак (пагублялі ў час балявання), нажы і шаблі, таксама згубленыя. На твары ў харужага ўжо быў выраз заўсёднай суровай заклапочанасці. Ёсць такія людзі, што нават у самы ў самы шчаслівы, у самы радасны дзень са скрухаю кажуць: “Ат, як я жыву? Пяклуюся.”
Марцін з усёй сыноўняй пачцівасцю павітаўся з бацькам, ды й не ўтрымаўся, спытаў:
– Сёння раніцой мяне пабудзілі вароны. Я глянуў у вакно і ўбачыў як з тваёй спачывальні выходзіла жанчына. Хто гэта?
– Дзеўка для ночы, дзеўка-блудадзейка, – адказаў харужы і, заўважыўшы хмурнасць у сынавых вачах, дадаў:
– Паміж ног у мяне, і ў цябе, і ва ўсіх мужчынаў расце дрэўца. Без жанчыны дрэўца гэтае сохне. Ды што я табе расказваю? Ты даўно гэта ведаеш сам.
Марцін маўчаў. Тады бацька пачаў гаворку дзеля якой і паклікаў яго ў такое раноцце:
– Што будзем рабіць з нашымі гасцямі, са студыёзусамі? Дайшлі звесткі, што дарога на Смаленск і наогул на ўсход перакрыта раццю ваяводы Захар’іна. Туды нельга ехаць, бо іх адразу ж схопяць, як курапатак. Я й падумаў – няхай пакуль што пабудуць у нас. Попіс могуць прайсці ў Аршанскім павеце, а калі падыйдзе неўзабаве з Менску паспалітае рушэнне, пойдуць разам з ім і да сваіх маёнткаў, да сваіх бацькоў урэшце рэшт дабяруцца.
– Дзякуй, бацюхна, – узрадаваўся Марцін.
– Я ім ужо сказаў пра гэта, – строга зірнуў на сына Антоній Жабыка-Жэмба. – Усе згадзіліся, акрамя аднаго. Адам Белазор яшчэ ўчора вечарам паехаў убок Мцэнска.
– Яго воля, – спакойна сустрэў навіну Марцін.
– І яшчэ адна турбота ў нас з табою, сын. Прыехаў віж з Вільні, з гаспадарскага двара.
– І чаго ён хоча?
– Аказваецца, я, патомны шляхціц Антоній Жабыка-Жэмба, я, харужы Аршанскага павету, парушыў мяжу зямельных уладанняў майго суседа Іасафата Тарноўскага, пасек межавыя знакі, забраў ягоныя бабровыя гоны і возера, запалоніў ягоных цяглых людзей. Пан Тарноўскі хоча судзіцца са мною.
– Няўжо наш сусед звар’яцеў? – здзівіўся Марцін.
– Не ведаю, – развёў рукамі Антоній Жабыка-Жэмба, – Ні пядзі ягонай зямлі я не забіраў, не няволіў ягоных хлопаў. Проста не магу даўмецца што ўсё гэта значыць.
– Думаю, нам патрэбна з’ездзіць да пана Тарноўскага і на месцы ўсё абгаварыць. – сказаў Марцін, – Дзе ягоная вотчына?
– Па той бок ракі Адроў, па дарозе да Белай гары.
Вырашылі заўтра сустрэцца з панам Іасафатам Тарноўскім. Пасля размовы з бацькам Марцін адразу ж пайшоў праведаць сваіх сябрукоў. Яны пераначавалі ў двух флігелях, што стаялі паабапал панскага дому. Першы флігель быў кухонным. У ім меліся кухня, кладоўка і даволі прасторны пакой для гасцей, сцены якога былі абшыты залатым галуном. Каля дзвярэй стаяў двухпавярховы буфет. Сюды дворныя слугі ўжо прыцягнулі некалькі сталоў, пачалі сервіраваць іх алавянымі і срэбнымі талеркамі, куфлямі і келіхамі, бутлямі і графінамі з віном і півам, конаўкамі з лёдам для ахаладжэння напояў. Потым пачалі цугам насіць прысмакі: смажаную дзічыну, тушаную капусту з мясам, каўбасы, фаршыраваную рыбу, гусяціну, грыбы, мясныя зразы, халодны расол, чырвоны і белы хрэн, мочаныя яблыкі.
Калі Марцін паказаўся на парозе, баляванне дасягнула ўжо такога напалу, што Андрусь Лыжыковіч, выцягнуўшы з похваў шаблю, прымушаў усіх устаць і стоячы слухаць песню, якую ён будзе спяваць. Шчокі ў студыёзусаў расчырванеліся, вочы натхнёна блішчалі. Жабыку-Жэмбу сустрэлі “віватам”, пацалункамі, неадкладна налілі велізарны келіх віна, прымусілі піць і, затаіўшы дыханне, пільна сачылі за тым, каб ён выпіў да апошняй кроплі. Калі Марцін асушыў, здавалася, бяздонны келіх, пачуліся авацыі, захопленыя крыкі.
– Брат! – крычалі шчаслівыя студыёзусы, – Наш брат! Шаблі ўгору! Памрэм за Вялікае княства! Ні пядзі нашай зямлі маскоўскаму цару і ягоным царанятам!
Быў такі ўздым, такі шквал пачуццяў, што напалоханы харужы паслаў аканома праверыць, што дзеецца ў флігелі. Скончылася тым, што аканому, як ён не ўпарціўся, сілком улілі ў рот гэткі ж самы бяздонны келіх, і напалоханы асалавелы служка паплёўся дакладваць свайму пану аб поўным правале ўскладзенай на яго місіі.
За сталом да Марціна падсеў Андрэй Шаціла. Як і належыць сапраўднаму паэту, ён быў ужо п’яны, але не грубае, не прымітыўнае ап’яненне валодала ягонай тонкай душой, а эйфарычны ружовы туман, калі абвастраецца духоўны зрок і ўзбуджаны розум сягае ў наднебныя вышыні. Ён таксама сказаў Марціну: “Брат”, моцна пацалаваў яго і, высока ўзняўшы поўны келіх, загаварыў:
– Люблю такое жыццё. Паходы... Атакі... Рызыка... Віно... Локаць сябра... Вусны і грудзі сяброўкі... Учора ўвечары чытаў мясцовым дзеўкам-кухаркам “Арыстоцелеву браму або Тайная тайных”. Пра Аляксандра Македонскага ім нецікава было слухаць. А вось пра фізіягноміку (хоць гэтае слова для іх, як для дворнага сабачкі Арыстоцель) слухалі ўважліва. І ўсё казалі мне “Ты, малады панок, добры, бо ў цябе вялікі нос і вушы не лапушыстыя”. Ха-ха-ха! У мяне вушы не лапушыстыя.
Ён выпіў віно, пайшоў да дзвярэй, усклікваючы:
– Дзеўкі! Бяжыце да мяне! Зноў будзем чытаць “Арыстоцелеву браму”!
Але дзевак нідзе не было, дзеўкі, выконваючы строгі аканомаў загад, абыходзілі флігель, як чорт абыходзіць ладан, і паэт зноў вярнуўся да Марціна. Сеў, падпёр галаву кулакамі:
– Ведаеш, пане Марціне, чаму я люблю нашу Ліцвінію? Таму што ў нас, ліцвінаў, усе роўныя, кожны шляхціц роўня самому каралю і вялікаму князю, а ў маскоўцаў усіх трымае ў жалезным кулаку гасудар. Там ён, як бог, а ўсе астатнія, і радавітыя князі і баяры, і праваслаўныя папЫ, і самыя апошнія смерды – ягоныя людзішкі. У сябе мы такога не церпім. І не пацерпім ніколі.
Гамонячы-выпіваючы з сябрамі, плануючы заўтрашні візіт да пана Іасафата Тарноўскага, Марцін Жабыка-Жэмба неадчэпна думаў пра Зосю Зубрыцкую. Чаму яна так нечакана зрабілася халоднаю і нібыта чужою? Што пакрыла лёдам ейную душу?
Ды пасля абеду падбег да Марціна гайдучок Тараска, па-змоўніцку шапнуў:
– Паніч, цябе хоча бачыць маладая паненка з Вялікай Зуброўні. Яна чакае над рэчкаю, а ў якім месцы, ты сам ведаеш.
Марцінава сэрца светлай птушкаю ўспырхнула ў грудзях. Вялікая Зуброўня! Дык гэта ж вотчына паноў Зубрыцкіх! Вялікая Зуброўня! Гэта ж Зося!
Ён ускочыў на каня, паімчаў па зялёнай квяцістай лугавіне да рэчкі. Цёплы вецер біўся ў грудзі, ускрыльваў доўгія русыя валасы.
Пацалункі былі жарчэйшыя, чым учора. Рукі ў абдымках спляталіся мацней.
– Калі я ўчора вярнулася дадому, пакаёўка сказала, што да мяне прыходзіў нейкі незнаёмы чалавек, – пачала расказваць Зося, зрываючы ў букецік надрэчныя кветкі, – Яна ніколі не сустракала, не бачыла гэтага чалавека. Ён вельмі хацеў пагаварыць са мной. Абяцаў, што неўзабаве зноў зойдзе. І вось сённяшняй раніцою зайшоў. Выклікаў мяне на двор і, ведаеш, што мне даў?
Яна раскрыла смуглы кулачок, і Марцін убачыў у яе на далоні маленькі крыжык. Старадаўні. Пацямнелы ад часу.
Марцін здзіўлена глянуў на Зосю.
– Я спыталася ў яго, хто ён такі і чаму прынёс мне гэты крыжык? Ён назваў сябе. Мацей Кветка. Разумееш? У яго такое дзіўнае, такое прыгожае прозвішча – Кветка! І самае нечаканае – ён нас ведае. І цябе. І мяне.
– Адкуль? – вырвалася ў Жабыкі-Жэмбы.
– Я й сама спыталася: адкуль вы нас ведаеце? “Ты са сваім каханкам вельмі часта блукаеш увечары каля палацу над ракой” – адказаў ён мне. Марцін – ён з гэтага таямнічага палацыка, і гэта ён заўсёды выносіць на балкон крэсла для Начнога Дзеда.
– Дык Начны Дзед жывы? – узрадаваўся Марцін.
– Жывы. Але ўсё слабне і неўзабаве памрэ. І ён, як сказаў мне Мацей Кветка, перадаючы крыжык, хоча сустрэцца з намі, з табой і мной, сустрэцца сённяшняй ноччу.
Гэтая навіна так уразіла іх, што ўвесь дзень яны, чакаючы наступлення цемнаты, правялі нібы ў нейкім сне. Марцін, каб падспешыць час, снаваў верхам на кані туды-сюды па бацькавым маёнтку. У лагчынцы за белым бярозавым гайком убачыў тры невялікія курныя хаціны. Аказваецца, тут жылі са сваімі сем’ямі сяляне-агароднікі. Іхнія загарэлыя мурзатыя дзеці гулялі ў “пана”. Адзін, самы таўсматы, з доўгім кійком у руках, грукаў кійком у дзверы:
– Клям-клям!
– Хто там? – спалоханымі галасамі пыталі дзеці.
– Сам пан!
Грозны “пан”, махаючы кійком, распырскваючы гразь, бег за сваімі сябрукамі па глыбокіх чорных лужынах.
Нарэшце надышоў доўгачаканы вечар. Марцін з Зосяю сышліся ў сваім месцы над рэчкай. Хваляваліся, пазіралі на зацемнены таямнічы палац. Што сустрэне іх там?
Раптам у густым змроку ўспыхнула кропелька святла, павольна паплыла над увечарэлай зямлёй, спынілася, загайдалася збоку ўбок.
– Нас клічуць, – здагадаўся Марцін.
– Марцінка, ты ж не кінеш мяне там? – спалохана зашаптала Зося.
– Ды ты што, дурнічка? – пяшчотна паклаў ёй руку на плячо Жабыка-Жэмба, – Не бойся. Пайшлі.
У сцяне, выкладзенай з вялізных палявых валуноў, была прарэзана вузкая, на шырыню сялянскіх калёсаў, брама. Знутры грымнула металічная завала, са скрыгатам адчыніліся паплылі дзверы, і Марцін з Зосяй апынуліся на маленькім дворыку. Перад імі стаяў высокі шыракаплечы чалавек у доўгім плашчы з глухім капюшонам. Ён трымаў ліхтар – гліняную з драцянай ручкай гладышку, у якую была ўваткнута тоўстая свечка. Чалавек з ліхтаром моўчкі пайшоў паперадзе. Дворык быў вымашчаны дубовымі тоўстымі плахамі, і гук ад крокаў атрымоўваўся сухі, чэрствы. Прыгнуўшы галовы, яны ўвайшлі ў невялікі грот, дзе пачыналася вінтавая каменная лесвіца. Зверху, з круглай чорнай дзіркі, куды вяла лесвіца, цягнула свежым ветрам. Узняўшыся на другі паверх, трапілі ў прасторную з паркетнай падлогай залу, на сценах якой віселі рознай формы рыцарскія шчыты, дзіды, мячы, арбалеты, галовы дзікоў, ласёў і ваўкоў, а таксама велізарныя звярыныя шкуры.
Маўклівы чалавек патушыў свой ліхтар, лёгенька таўхануў нізкія дзверы, рухам рукі запрасіўшы Марціна і Зосю ўвайсці ў іх, а сам застаўся ззаду, не пайшоў далей.
Круглы пакой, у які яны ўвайшлі, ярка асвятляўся прыгожа змайстраваным мармуровым камінам. У каміне шумна гарэлі, сакавіта трашчалі сасновыя круглякі. Агонь, як чырвонароты дракон, са смакам пажыраў сухое дрэва. Вось камін гучна стрэльнуў вугольчыкам, і той, апісаўшы дугу, вылецеў з палымянай пашчы, пляснуўся на каменную падлогу, з піскам закруціўся на ёй. Адразу ж адзін з двух чалавек, якія сядзелі каля каміну, хуценька ўстаў, венікам змёў вугольчык з падлогі на жалезную рыдлёвачку, шыбнуў яго назад.
– Мацей Кветка, – шапнула Зося Зубрыцкая.
І адразу ж яны, Марцін і Зося, скіравалі свае позіркі на таго, хто не ўстаў, а працягваў сядзець, не зводзячы вачэй з чырвоназалатых іскрыстых вуголляў, якія жылі сваім кароткаімгненным жыццём у глыбіні каміна – рухаліся, напаўзалі адзін на аднога, нараджаліся і паміралі. Дык вось ён які – Начны Дзед! Сухі, жылісты, з амаль цёмным высакародным тварам, з густой каронай сівых белых, як зімовы снег, валасоў, з такога ж колеру доўгай, аж па пояс, хвалістай барадой. Пэўна, такімі былі пракаветныя біблейскія прарокі. Затаіўшы дыханне, маладзёны глядзелі на гэтага незвычайнага, дужа старога чалавека і адчувалі, як ад яго струменніца ў іхнія сэрцы, у іхнія душы неадольная цягавітая сіла. Гэтак бывае ранняй вясною, калі схлынуць з халоднага неба снежныя сонныя хмары, і адчыняецца такі цёплы, такі яркі блакіт, што хочацца зрабіцца птушкай і ляцець-ляцець туды, у зіхоткую бясконцасць, у велічную ўсюдыіснасць, дзе гучыць вечны голас Бога.
– Падыйдзіце бліжэй, – сказаў роўным спакойным голасам Начны Дзед. У ягоных словах адначасна былі і загад, і просьба. Нельга было не падпарадкавацца такім словам.
Марцін і Зося зрабілі некалькі ціхіх крокаў уперад, спыніліся насупраць яго. Сіла, што ішла ад гэтага чалавека, зрабілася яшчэ мацнейшаю. Здавалася, ад яе зазвінелі іхнія сэрцы.
– Дык вось вы якія, – прамовіў Начны Дзед, – Маладыя, прыгожыя, светлыя душою. І кахаеце адно аднога. Каханне – гэта Божы дар, дзеці. Беражыце яго. Даўшы нам, людзям, пачуццё кахання, Бог выдзеліў, вылучыў нас з цёмнага царства прымітыўных звяроў, наблізіў да сябе.
Затым ён узяў Марціна за руку, сказаў, пільна пазіраючы яму ў вочы:
– У тваіх жылах цячэ мая кроў. Твая бабка, Зося Квяцінская, была маёй пляменніцай. Ды аб гэтым мне забаранілі казаць табе твае бацькі. Я ж – вечны бадзяга, я не такі, якім яны хацелі бачыць мяне. Яны засадзілі мяне ў гэты палацык, і я пакляўся ім, што не адкрыю табе гэтую таямніцу. Я думаў, што ты будзеш такі ж, як твае браты. Але ты – іншы. Ты –мой. Не толькі па крыві. Па духу. І я вельмі-вельмі рады!
Марцін маўчаў, як уражаны маланкай. Вось табе й Начны Дзед!
Раптам стары лёгка ўстаў са свайго крэсла. Аказалася, што ён даволі высокі, хоць і ніжэй Марціна Жабыкі-Жэмбы. Ён запытаўся ў Зосі:
– Ці з табою крыжык, які перадаў табе пан Мацей Кветка?
– Так, – уздрыгнуўшы, адказала Зося, – Ён са мной, тут, – яна паклала на грудзі руку.
Начны Дзед задаволена ўсміхнуўся. Вочы ў яго былі цёмна-карычневыя, як спелы каштан, з вострай гарачай іскрынкай у самай глыбіні.
– Калісьці, шмат-шмат гадоў таму, гэты святы хрысціянскі крыжык належыў тваёй цёзцы, такой жа юнай і прыгожай, як ты. Звалі яе Зося Квяцінская.
Аддаўшыся ўспамінам, ён на колькі імгненняў заплюшчыў вочы, як бы паплыў у човене памяці назад. Марцін, Зося Зубрыцкая і Мацей Кветка стаялі не дыхаючы.
– Ах, які гэта быў цудоўны час! Нават я, я, якому ўжо сто два гады, быў у тыя дні лёгкім на хаду і на сардэчнае пачуццё. Па Міжземным моры на венецыянскай трыеры мы плылі ў Канстанцінопаль, а потым абаранялі яго. Магутныя гарачыя ядры крышылі сцены. Ад яраснага дзікага крыку янычараў і башыбузукаў расколвалася неба. А мы, хрысціяне, мы, палеманісты, стаялі да канца. Бог вырашыў аддаць горад Мехмеду Фаціху.
Начны Дзед змоўк. Потым перахрысціўся.
– Так вырашыў Бог. Не нам, простым смяротным людзям, не мне, нікчэмнаму старому Язэпу Ранцэвічу, аспрэчваць такое рашэнне. Я шчаслівы, што вялікая несмяротная гісторыя крайком свайго вогненнага крыла зачапіла і маё жыццё. Я перажыў усіх. У тым ліку, і тваіх дзядулю з бабуляй, – ён зірнуў на Марціна, – Але жыццё не скончылася. Яно ідзе. Яно кіпіць. Зноў над нашай зямлёй устаюць суровыя чорныя хмары.
Язэп Ранцэвіч (бывай, Начны Дзед!) узвысіў голас, па-маладому заблішчаў вачамі:
– Сёння, як і ў той далёкі час, дамоклавым мячом вісіць пагроза над нашай хрысціянскай краінай. Тады – асманскі султан, сёння – маскоўскі гасудар без нас хочуць пекчы хлеб нашага жыцця, не заўважаюць нас у нашай уласнай хаце, як быццам нас у ёй няма. Але хто стварыў дзяржаву ад мора да мора? Хто стаўся ядром новай дзяржавы? А я скажу – хто. Радзівілы, Сапегі, Гаштольды, Хадкевічы, Пацы, Кішкі, Сангушкі, Астрожскія, Глінскія, Вішнявецкія... Князі і шляхта, купцы і хлопы. Наш народ. Праваслаўныя, каталікі і вуніяты. Ліцвіны, аукштайты. Усе, як адзін!
Ранцэвіч упрытык падыйшоў да Марціна з Зосяй. Яны чулі ягонае дыханне.
– Я ведаю вашых пашанотных бацькоў. Пана Антонія Жабыку-Жэмбу і пана Гурыя Зубрыцкага. Каранёвая ліцвінская шляхта. Мудрыя гаспадарнікі. І мужныя воі. І вы такія, як яны. Той жа агонь бачу і ў вашых душах. Каб вы ведалі, як гэта радасна! З глыбіні часу, з магілаў глядзяць зараз на вас маладыя палеманісты, сыны і дочкі нашага краю, і бласлаўляюць вас на цяжкую святую дарогу.
Раптам ён аслабеў, знясілена рухнуў у крэсла, апусціў галаву, падпёршы яе цёмнай кашчавай рукою. Марцін і Зося памкнуліся чым небудзь дапамагчы яму, ды ён зрабіў знак вачыма – не трэба. Мацей Кветка з насценнага буфеціка узяў цёмнага шкла бутлік, наліў з яго ў маленькую шкляніцу нейкага пітва, даў Ранцэвічу выпіць. Павісла цішыня. У каміне ад невыноснай пякоткі трашчалі, круціліся сасновыя круглякі.
– Я адчуваю, што жыццё, якое адмерыў мне Бог, канчаецца, – не ўстаючы з крэсла, зноў пачаў гаварыць Язэп Ранцэвіч, – Я не баюся смерці, бо ў нас, хрысціянаў, яе няма. Хутка пачнецца новае жыццё, калі перад маёй душой расчыняцца нябёсы. Там будзе ўсё такое светлае і такое зразумелае! На гэтай зямлі больш за ўсё я любіў сваю радзіму – Полацк, Вялікае княства Літоўскае. Дзеля яе росквіту і шчасця мы, маладыя, (так, мы калісьці таксама былі маладымі!) стварылі Ордэн святога Палемона. Я нават нейкі час быў Палемонам, быў, як бы мовіць, духоўнікам Ордэна. Потым Палемонам быў твой дзед, – Ранцэвіч глянуў на Марціна Жабыку-Жэмбу, – У яго была цудоўная вельмі прыгожая сяброўка, якая неўзабаве тала ягонай жонкай, а тваёй бабуляй. Мы ўсе звалі яе Зося Еўрапейка. Колькі жарсці было ў ёй, колькі цеплыні!
Ён заплюшчыў вочы. Зараз ён зноў жыў там, у тых далёкіх залатых днях, дзе ўсё (і жыццё, і каханне) здавалася вечным.
– Пан Язэп, – усхвалявана прамовіў Марцін, – Я ніводнага разу не бачыў сваіх дзеда і бабу. Я толькі чуў ад людзей, што яны былі незвычайнымі людзьмі. Але нават мой бацька, іхні сын, не ведае дзе іхнія магілы, – ён прыцішыў голас, – Кажуць, іх некуды звёў арол. Вельмі прашу вас, патлумачце мне, як такое магло адбыцца? Што за арол? І як птушка можа павесці за сабой чалавека? Як?
Усе напружана чакалі што адкажа Ранцэвіч. У каміне ярка і няўтомна бушаваў агонь.
– А цябе ні разу, як ты быў маленькі і выбягаў вясною ў поле або на луг, не адводзіла ад свайго гнязда, дзе ляжалі яечкі, птушка – кнігаўка, жаўранак? – пасля працяглага маўчання спытаў Ранцэвіч у Марціна, – Птушка прыкідвалася хвораю, пакалечанаю, яна валачыла па зямлі сваё крыло. Здавалася, ступні крок – і схопіш. Было такое?
– Было, – няўпэўнена сказаў Жабыка-Жэмба і паглядзеў на Зосю і на Мацея Кветку, нібы просячы ў іх падтрымкі.
– І ты, дурненькі маленькі чалавечак, бег і бег за хітрай птушкаю. Так?
– Так. Але ж я быў малы, а яны, дзед з бабаю, дарослыя мудрыя людзі.
– Дык і птушка ж не жаўранак ці кнігаўка, а сам арол, – ускінуў угору палец Язэп Ранцэвіч, – Арол! Як кажуць, кароль птушак. І не звычайны арол, а рымскі, залаты, з баявога штандару Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Легіёну.
З выглядам пераможцы ён вясёлым вокам зірнуў на прысутных. Тыя, падалося, знямелі ад здзіўлення, не ведалі што й падумаць.
– Пан Мацей, – звярнуўся Ранцэвіч да Кветкі, – Нясі сюды тры зэдлікі, бо ў нагах праўды няма. Нясі бутэльку самага найлепшага віна са сваіх сховаў, келіхі, і раскажу я вам, грэючы бок ля цёплага каміну, дужа цікавую, можа нават, фантастычную на першы погляд гісторыю.
Мацей Кветка не прымусіў сябе доўга чакаць. Чырвоным ручайком пацякло па зіхоткіх келіхах віно, асвяжыла душу, і Язэп Ранцэвіч, адразу нібы памаладзеў, востра заблішчаў вачамі і, пазіраючы на бурлівыя касмылі полымя, пачаў свой аповяд. Пра Фларэнцыю і Ордэн святога Палемона, пра Везувій і палёт да імператара Канстанціна Вялікага, пра бязлітасную крывавую бітву за Канстанцінопаль і гераічную пагібель базілеўса Канстанціна Палеалога. Пра жыццё, каханне і смерць.
Гэта было так ярка, так хвалююча, так пранізвала навылёт маладыя чуйныя сэрцы, што Марцін з Зосяю праз нейкі час ужо не ведалі на якім свеце яны знаходзяцца – тут, дзе гучыць крыху глухаваты вельмі ўсхваляваны голас сівога старога мудраца, ці там, дзе абараняючы святы хрысціянскі горад, паміраюць, ды не становяцца на калені перад ворагам людзі. На вачах у Зосі Зубрыцкай успыхнулі слёзы, калі яна слухала пра сваю далёкую прыгожую і адважную цёзку, пра ейны трывожны і горкі лёс. Яна моцна схапіла Марціна за руку, нібы хацела пераканацца, што каханы з ёй, каханы побач, а не адляцеў у грымлівае вогненнае старачассе. Марцін усім целам падаўся ўперад, сашчапіў пальцы, наструніўся. Цені і варухлівыя плямы святла бегалі па шчоках. Твар ад гэтага мяняўся. То змрачнеў і як бы старэў, то рабіўся вельмі юным і нават дзіцяча-бездапаможным.
Доўгае гаварэнне стаміла Язэпа Ранцэвіча. Ён знясілена заплюшчыў вочы. Марцін, Зося і Мацей Кветка глядзелі на гэтага прыхадня з далёкай-далёкай мінуўшчыны так, як глядзелі б яны на камету, што толькі раз за сотню гадоў залётвае ў нашыя нябёсы. Здзіўленне, захапленне і радасць былі ў іхніх позірках.
– Твае дзед і бабуля, пан Марцін, зніклі нечакана для ўсіх, нават для мяне, – раптам зноў загаварыў Ранцэвіч, – Я ж невыпадкова пасля Канстанцінопалю і Фларэнцыі пасяліўся менавіта ў гэтых мясцінах. Гэта ж і мая вотчына. Я паехаў следам за імі, а яны пажадалі жыць тут, на старадаўніх землях Жабыкаў-Жэмбаў. Спачатку мы бачыліся кожны дзень, кожны вечар. Нас яднала наша мінулае, наш Ордэн святога Палемона. Колькі разоў мы сустракаліся каля гэтага каміну, і ён асвятляў іхнія натхнёныя прыгожыя твары! А потым як бы нешта зламалася. Яны ж былі нашмат маладзей за мяне, і, пэўна, я перастаў іх цікавіць. Ну ляжыць стары камень ля дарогі і няхай сабе ляжыць. А ім хацелася жыць, гарэць, дзейнічаць. Дзіця яны нарадзілі, твайго бацьку, Марцін, гаспадаранне ў маёнтку іх не надта захапляла. Па першым часе ў нашы мясціны прыязджала нямала палеманістаў – то адзін заверне на агеньчык, то другі. Мы ж былі рассыпаны па ўсёй Еўропе, па ўсіх вялікіх гарадах і землях. І ў Княстве, вядома, шмат нашых людзей было. Але султан Мехмед захапіў Канстанцінопаль, хрысціянская Еўропа, хоць зморшчыўшыся, праглынула гэты пякучы турэцкі перац, Маскоўшчына пачала сапраўдную вайну супраць Княства, бо турак і крымскі татарын зрабіўся ёй радней, чым ліцвін, і, бачу, засумавалі мае галубочкі, зажурыліся. І зніклі.
– І, усё-ткі, дзе ж яны? – ціха, як бы ў самога сябе запытаўся Марцін Жабэка-Жэмба. Адказаць на такое пытанне мог, вядома ж, толькі Язэп Ранцэвіч. І ён зноў загаварыў нетаропкім глухаватым голасам:
– Думаю, што іх і сапраўды, як кажуць людзі, звёў арол. Іх звяла іхняя мара, іхняе найвострае жаданне зноў вярнуцца ў сваю маладосць. Але такое, паверце мне, старому, немагчыма. Як павучаў мудры грэк, нельга двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку. Але яны, насуперак усяму, паспрабавалі гэта зрабіць. Думаецца мне, што яны зноў хацелі паляцець да імператара Канстанціна Святога, да першавытокаў хрысціянства і там супакоіць свае ўзбунтаваныя душы. Ды алхімік Алясандра Ракеці ў сваёй кніжцы папярэджваў, што такое чалавек можа зрабіць толькі аднойчы, толькі адзін раз.
– Яны хацелі паляцець у мінуўшчыну?! – аж ускрыкнула Зося Зубрыцкая.
– Так, дзяўчынка, – журботна прамовіў Ранцэвіч, – Не хацеў я вам гаварыць, але ўсё-ткі скажу. Заязджаў да мяне кракаўскі пан Ігнацій Неслухоўскі, што кіраваўся да крымскага хана ў Бахчысарай. Дык ён распавёў аб двух целах, жаночым і мужчынскім.
Іх знайшлі пастухі коз на самым схіле гары Везувій. Мяркуючы па апісанню, целы належалі нетутэйшым, не італьянскім людзям. Вось і мяркуйце. Я ж думаю – яны гэта былі, яны, цёзкі вашыя – Марцін ды Зося.
На канчатку ягоных слоў так стрэльнула ў каміне, што ўсе міжволі ўздрыгнулі. Два надзвычай яркія вугольчыкі, вялікі і маленькі, вылецелі з іскрыстага полымя і ўпалі на падлогу якраз насупраць крэсла ў якім сядзеў Язэп Ранцэвіч. Яны доўга-доўга свяціліся, не хацелі тухнуць. Усе, хто быў у пакоі, уражана перазірнуліся, пачалі шаптаць малітву.
– Нясі яшчэ бутэльку, пан Мацей, – дрогкім голасам сказаў Язэп Ранцэвіч, – Вып’ем за супакой іхніх душаў.
Моўчкі пачалі піць віно. Было вострае адчуванне, што ў пакоі, апроч іх і каміна, прысутнічае яшчэ нехта або нешта. Адчуванне было такое моцнае і неадчэпнае, што ўсе ўвабралі галовы ў плечы, нават стараліся цішэй дыхаць. Гэта доўжылася колькі пакутных імгненняў, і раптам пачуўся рэзкі стук-ляск у шыбіну вакна, аж закалацілася зазвінела шкло. Зося выпусціла з рукі свой келіх. Мацей Кветка спуджана войкнуў, збялеў. А Марцін і Язэп Ранцэвіч падбеглі да вакна.
– Арол! – шчаслівым маладым голасам закрычаў стары Ранцэвіч, – Там арол!
Рукою, што дрыжала ад найвялікшага нясцерпнага хвалявання, ён паказваў у густы заваконны змрок. Марцін прыпаў ілбом да халоднага шкла. Па-праўдзе, ён нічога не здолеў убачыць. Толькі нейкі мільготкі бясформенны цень. Нешта непадуладнае чалавечаму ўяўленню. Але ж Язэп Ранцэвіч адразу ўбачыў арла. Пэўна, хто што жадае пабачыць, тое таму й бачыцца.
– Дзеці мае, – зноў сеўшы ў крэсла, усхвалявана загаварыў Ранцэвіч, – Далёка-далёка ад нас, высока-высока над намі ў залатым небе вечнасці жыве арол. Дух змагання і надзеі. Ён прылётвае толькі да тых, хто не жадае быць рабом, хто не высякае, не вынішчае ва ўгоду больш моцным і больш нахабным спрадвечнае карэнне свайго роду. Гэты арол быў з намі, палеманістамі, на Тыбры і на Басфоры. Сёння ён прыляцеў сюды. Чаму? А таму што нашай дзяржаве, нашаму Вялікаму княству пагражае смяртэльная небяспека. Як чорная хмара, з усходу паўзе бяда. Пад выглядам праваслаўных родзічаў у нашыя хаты, у нашыя сядзібы ўрываюцца малойчыкі з вяроўкамі ў руках, каб вязаць нашых мужыкоў-хлебасеяў, нашых залатарукіх рамеснікаў і гнаць іх у свае вотчыны. Нас ратуюць ад лацінскай Еўропы. Але што дрэннае бачылі мы ад Еўропы? Тысячы шляхецкіх дзяцей вучыліся і вучацца там. Вы й самі вучыцеся там. Хіба гэта кепска?
Ён пакутліва закашляўся. Сухія худыя грудзі закалаціліся. Адчувалася што старому стомленаму целу не хапае паветра. Так гарачым пякоткім летам яблыні не хапае вады і яблыня сохне.
– Пан Марцін, стань новым Палемонам, – рэзка ўзняўшыся з крэсла, раптам горача выдыхнуў Ранцэвіч. Вочы ззялі маладым святлом, – Ты разумны моцны справядлівы. За табой пойдуць твае сябры. Твае дзядуля з бабуляю вельмі ўзрадуюцца ў нябёсах. А наш Ордэн святога Палемона зноў ажыве, бо сёння ён вельмі-вельмі патрэбны.
Ад пачутых слоў Марцін Жабыка-Жэмба аж пахіснуўся. Што заўгодна меркаваў ён пачуць ад Начнога Дзеда, але не гэта. З найвялікшым здзіўленнем глядзеў ён то на Ранцэвіча, то на Зосю Зубрыцкую. Яму падалося, што ў ягонай прысутнасці разыгрываецца нейкі карнавальны спектакль. Ды твары ва ўсіх былі надзіва сур’ёзныя, ні смяшынкі ў вачах. А Язэп Ранцэвіч, натхніўшыся, казаў далей:
– Дзеля гэтага, дзеці мае, я й запрасіў вас у сваё сціплае жытло. Вы самі чулі і бачылі – у вакно стукнуў арол. Ён прыспешвае ўсіх нас, ён патрабуе дзейнічаць. Але што і як мы павінны рабіць, дакладней, вы, бо я ўжо стары збуцвелы пень? Трэба адшукаць нашу святыню, залаты карабель Палемона. Трэба адшукаць штандар Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Легіёну. Іх схавалі твае дзядуля і бабуля, Марцін. І схавалі недзе тут, на дзедзічных землях Жабыкаў-Жэмбаў. У сваю апошнюю вандроўку на гару Везувій яны іх не бралі, не мелі права браць без дазволу ўсяго Ордэну. Яны, вядома ж, меркавалі вярнуцца з часоў Канстанціна Вялікага назад, але, на жаль, загінулі.
Ён сурова прыжмурыў вочы:
– Абавязкова трэба знайсці гэтыя нашыя святыні. А потым, дзеці, палеманістаў чакае яшчэ больш цяжкая і адказная справа – трэба знайсці трэцяга Канстанціна, – Ранцэвіч на імгненне змоўк, нібы сам прыслухаўся да сказаных самім сабою слоў, узважыў іх, – Было два святых Канстанціны, прынамсі, для нас, палеманістаў, іх было два. Канстанцін Вялікі. І Канстанцін Палеалог. Павінен быць трэці. І ён ёсць. Гэта найвышэйшы гетман Вялікага княства Літоўскага князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі. Наша сіла і слава. Наш Ганібал. Самаадданы нязломны ваяр за хрысціянства і за наш край. Ён граміў і татараў, і маскоўцаў. 14 ліпеня 1500 року з чатырохтысячным атрадам вершнікаў ён адважна атакаваў на рацэ Вядроша саракатысячную раць маскоўцаў (адзін вой на дзесяць вояў!) і патрапіў да іх у палон. У ланцугах яго пагналі ў Маскоўшчыну. Ужо сем гадоў пакутуе ў няволі наш герой, кажуць, недзе ў снежнай марознай Валагодскай пустыні.
Язэп Ранцэвіч, пазіраючы проста ў вочы Марціну, казаў цвёрдым усхваляваным голасам:
– Апошняя мара майго доўгага жыцця, апошняя мэта – выбавіць вызваліць з ланцугоў гетмана Канстанціна Астрожскага. Толькі ён можа магутным ударам адкінуць ад нашых межаў маскоўскія раці, абараніць нашу дзяржаву. Прашу цябе, Марцін Жабыка-Жэмба, прашу цябе, нашчадак слаўнага ліцвінскага роду, стань новым Палемонам, вярні нашыя святыні, вызвалі з рабскай цямніцы нашага гетмана. Зоркі кажуць, гаданні кажуць, што зрабіць гэта можаш толькі ты.
Пры гэтых словах Мацей Кветка, што стаяў за плячыма Ранцэвіча, згодна захітаў галавою, а затым апусціўся на калені. Гэта было такой неспадзяванкаю для Марціна, што ён, густа зачырванеўшыся, хуценька загаварыў:
– Узніміся, добры чалавек. Не трэба мне кланяцца. Ці ж я кароль або маскоўскі цар? Або віленскі магнат? Устань.
Кветка няспешна ўзняўся з каленяў, абтрос пыл са сваіх цёмных порткаў. У ягоным паглядзе свяцілася глыбокая задаволенасць сваім учынкам, а, значыць, і самім сабой. Язэп Ранцэвіч таксама ўхвальна зірнуў на яго.
– Што скажаш, пан Марцін? – спытаў Ранцэвіч, і голас дрыжаў ад хвалявання.
Марцін маўчаў. Язык нібы прыліп да гартані. Рукі і ногі раптоўна зрабіліся бязважкімі. Такое было з ім даўным-даўно ў маленстве, калі ён першы раз у жыцці збіраўся скокнуць нырнуць са стромай кручы ў Дняпро. І хацелася скокнуць, і мярзотны страх халадзіў нутро і падэшвы ног.
Зося Зубрыцкая бліскучымі шырокімі вачамі неадрыўна глядзела збоку на каханка. Ён адчуваў гэты гарачы дзявочы позірк, разумеў яго і баяўся расчараваць сваю сяброўку. Ды пытанне было пастаўлена рубам, і ўсе чакалі, што адкажа ён, Марцін Жабыка-Жэмба.
Марцін уздыхнуў:
– Але ж я яшчэ студыёзус. Мне патрэбна вучыцца. Мой бацька плоціць вялікія грошы за маё навучанне.
– Ты й будзеш вучыцца. Як можна чалавеку без навукі? – сказаў Язэп Ранцэвіч, – Ды вучоба пачынаецца пасля пакроваў, і наперадзе цэлае лета. Цэлае лета! За гэты час можна пешшу дайсці да той жа Волагды. Грошы, дзякуй Богу, у нас ёсць, – ён зірнуў на Кветку, – Людзі ёсць. І старыя палеманісты і, мяркую, з тваіх сябрукоў знойдуцца ахвочыя.
– Ну што ты маўчыш, Марцінка? – раптам выгукнула Зося, – Як ты можаш маўчаць? Твой дзед такі адважны, такі смелы быў! Ты мне сам расказваў пра яго.
Здавалася, яна вось-вось заплача. Здавалася, у гэтае самае імгненне незваротна вырашаецца ўвесь ейны лёс. Усхвалявана-гнеўна трапяталі цёмныя крылатыя бровы.
– Добра, пан Язэп. Трэба, дык трэба, – рашуча секануў паветра рукою Марцін Жабыка-Жэмба.
Шчаслівая Зося Зубрыцкая кінулася яму на шыю, пачала цалаваць. Ранцэвіч і Кветка радасна заўсміхаліся. Нават камін, што ўжо быў патух, жвава вытыркнуў з шэрага попелу вострае чырвонае лязо-агеньчык.
– Пан Мацей, пакліч сюды пані Маланьню, – сказаў Язэп Ранцэвіч.
Праз колькі імгненняў у пакой увайшла строгая пажылая жанчына ў чорным убранні мнішкі. Срэбра сівых валасоў мякка асвятляла смуглы сухарлявы твар, на якім выразна бачыліся непадуладныя часу сляды былой яркай прыгажосці. У руках жанчына трымала абраз Божай Маці, невялікі акуты вузкімі залатымі палоскамі і ўквечаны па краях рознакаляровымі каштоўнымі каменьчыкамі.
– Мы вынеслі гэтую святыню з агню, які знішчаў Канстанцінопаль, – прашаптаў Ранцэвіч, – Станьма на калені.
Усе ўкленчылі перад выяваю Божай Маці. Усе пачалі маліцца. Яна ж пазірала на людзей мудрымі ўсёдаравальнымі вачамі, і ўжо ведала іхнія будучыя жыццёвыя шляхі, і ўжо плакала іхняй слязой, і прасіла Усявышняга пашкадаваць усіх і зберагчы.
– Дзякуй табе, Мелані, – сказаў мнішцы пасля малітвы Язэп Ранцэвіч.
Мнішка ціха ўсміхнулася яму і моўчкі выйшла з пакою, несучы святы абраз. Падалося, прашалясцеў, паляцеў удалеч цёплы лугавы ветрык.
Марцін назаўтра з раніцы пакіраваўся да бацькі каб аб’явіць аб рэзкай нечаканай змене ўсіх сваіх планаў і папрасіць ягонага бласлаўлення. Яны вельмі доўга гутарылі зачыніўшыся ў святліцы ад старонніх вачэй і вушэй. Адтуль даляталі ўзбуджаныя часам надта сярдзітыя галасы. Хтосьці, пэўна, харужы, грукаў кулаком аб стол. Нарэшце Марцін, як страла з лука, вылецеў са святліцы. Твар быў чырвоны раззлаваны, але вочы ўсміхаліся.
– Ну што, Марцінка? – кінулася яму насустрач Зося Зубрыцкая, што з найвялікшым хваляваннем чакала яго.
– Дазволіў, – выціраючы з ілба пот, адказаў Марцін, – І абяцаў, чым толькі можа, дапамагчы. У-ух! І, ведаеш, чым я яго ўзяў? Я сказаў: а чаму ты, мой бацька, усё жыццё хлусіў мне? Чаму хаваў ад мяне, што Начны Дзед мой родзіч? Раней, чуў я ад старых дзядоў, ведзьмакоў-варажбітоў зашывалі голымі ў адзін мяшок з дзікімі кошкамі. Лічы, што я толькі што выслізнуў з такога мяшка.
– Харашук мой, – моцна пацалавала яго Зося і, памаўчаўшы імгненне-другое, пасур’ёзнеўшы, глянула на каханка прасветленым усхваляваным позіркам, сказала:
– Магла б усё жыццё сваё пражыць і нічога не ўведаць пра такіх людзей, як твой дзед і твая бабуля, ні слоўка не пачуць пра Ордэн святога Палемона. Божа, дзякуй табе за гэты вечар, дзякуй за сустрэчу з Язэпам Ранцэвічам. Як бы нехта павуціну з вачэй маіх сцёр. Аказваецца, жыццё не шэрае. Яно, калі толькі моцна-моцна сам захочаш, такое яркае, такое поўнае. Марцін, прашу цябе – заві мяне, як звалі тваю бабулю, Еўрапейкай.
Здавалася, яна сама не чакала гэтых слоў, што вылецелі вырваліся насуперак ейнай волі з самых патаемных глыбіняў душы. Яна засаромелася, пачырванела і схавала – апусціла твар у цесна сплеценыя загарэлыя далонькі. Так маленькая нечым напалоханая птушка хаваецца ў гняздо.
– Вышэй нос, Еўрапейка, – радасна сказаў Марцін і моцна прытуліў сяброўку да грудзей, пацалаваў.
Амаль усе студыёзусы, як і меркаваў Марцін Жабыка-Жэмба, з імпэтам і вялікай жарсцю аб’явілі сябе палеманістамі і згадзіліся, прызнаўшы яго за Палемона, удзельнічаць у вайне супроць маскоўцаў. Пра ўдзел у вызваленні з палону гетмана Канстанціна Астрожскага ён напачатку сказаў не ўсім, а толькі асабліва адданым і надзейным – Андрэю Шацілу, Андрусю Лыжыковічу і Фадзею Дракаловічу. Трохі засмучала студыёзусаў, што не пабачаць у бліжэйшы час сваіх бацькоў, але разважыўшы пагадзіліся ў наступным – летніх вакацый ніхто ім у далёкай Германшчыне не даваў, яны самі іх выпрасілі-выкупілі і, такім чынам, ніхто іх на радзіме пакуль што не чакае. Вельмі хутка вытураць яны разам з паспалітым рушэннем з Княства ўсіх маскоўцаў і адразу ж паімчацца дадому.
З нагоды шчаслівага адраджэння Ордэна надвячоркам гэтага ж дня зладзілі шумны банкет. Зноў няспынна лілося віно, гучалі віваты, на беразе рэчкі ярка траскуча гарэлі смаляныя дзежкі. За сталамі студыёзусы-палеманісты сядзелі плячо да пляча разам з мясцовай шляхтай, разам з аршанскім харужым Антоніем Жабыкам-Жэмбам, натхнёна чокаліся, абдымаліся, цалаваліся. І кожны на гарачым узлёце самых тонкіх, самых высокіх пачуццяў усхвалявана думаў – пакуль жыве ён і ягоны сусед, будзе жыць і квітнець Вялікае княства Літоўскае.
На банкеце Зося Еўрапейка сядзела разам са сваім бацькам панам Гурыем Зубрыцкім. Піла толькі салодкі яблычны адвар. Але паміж столькіх шумлівых разагрэтых віном мужчынаў як бы трошкі ап’янела. Марцін радасна і закахана ўсміхаўся ёй з другога канца стала. Ужо толькі дзеля адной такой усмешкі варта было жыць на свеце.
Калі нарэшце скончыўся адшумеў банкет, Зося ціхенька пайшла ўбок ракі мяркуючы што там можа сустрэцца з Марцінам. Але там былі толькі цёплая цемра, срэбна-туманны таямнічы бляск вады і вецер.
– Зося! – клікаў здалёку бацька. Ды яна не адгукалася.
“Я – шчаслівая, – у радасным дзіўным утрапенні думала яна, – Божа, якая я шчаслівая. Дзякуй табе за гэтае маё шчасце”.
Над рэчкаю яна заўважыла самотную постаць. Гэта быў Андрэй Шаціла, паэт. Трохі пахістваючыся ад залішніх келіхаў віна, ён падыйшоў да яе, стаў пад начнымі зоркамі, пад бліскучым белым чоўнікам месяцу, высокі і прыгожы, пачаў чытаць:
Як туман у лузе,
Растаюць ілюзіі.
Тое, што пішу я,
Вам ці трэба, людзі?
– Трэба, Андрэйка, трэба, – парывіста сказала Зося, падыйшла і пацалавала яго.
Колькасць прачытаўшых: 867 Колькасць вогдукаў: 0