Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка III.

ІІІ

Як толькі ўспыхнула над зямлёй зара-дзянніца, аршанскі харужы Антоній Жабыка-Жэмба з сынам Марцінам і путным слугой Міхалкам паехаў да свайго суседа-гранічніка пана Іасафата Тарноўскага, каб на месцы вырашыць усе спрэчныя пытанні, разам праверыць межавыя капцы і дукты. Зямля найгалоўнае багацце кожнага шляхціца. Чым больш яе, тым ганарлівей задзіраецца ўгору панскі вус. Ёсць зямля, заўсёды знойдуцца хлопы, каб пад пякучым панскім бізуном старанна абрабляць яе, засяваць зернем. Палітае цяжкім крывавасалёным потам хлопаў і хлопак зерне тое ўвосень паплыве па Нёмне, Дзвіне і Вісле да Балтыйскага мора, а там – у Еўропу і вернецца назад залатой гатоўкай у панскую кішэнь, асляпляльнымі зіхоткімі ўпрыгожаннямі для пяшчотных шыек, вушак, ручак і ножак капрызлівых паняў і паненачак.

У лесе мяжа між суседскімі зямельнымі ўладаннямі адзначаецца, звычайна, знакам крыжа на дрэвах. У чыстым полі насыпаюць капцы. Каб было бачна, што капцы гэтыя зрабіў чалавек, а не прырода, на самае іхняе дно кладуць кавалкі шкла, аскялепкі разбітых гліняных збаноў. Ад капца да капца зялёнай змяёй віецца вузкая паласа дзікай неўзаранай зямлі – дукт.

Але, калі надта захочаш чужой зямелькі, як бы аслепнеш і страціш памяць, не заўважыўшы ні высечаны крыж на баравым дрэве, ні дукт у полі. Дык вось каб памяць такая моцна-моцна засела ў людзях і каб падчас зямельных спрэчак заўсёды меліся надзейныя сведкі, да капцоў прыводзілі з суседніх вёсак маладых сялянскіх хлопцаў і бязлітасна лупцавалі лазой. Як кажуць, праз мяккае месца ўбівалі ў галаву памяць.

Бродам пераехалі рэчку Адроў, пакіраваліся па зялёных расквечаных лугавінах убок Белай гары. Наўкол дзумкала незлічонае мноства мух і лясных пчол. Успыхваючы ў праменнях сонца, насіліся срэбнакрылыя стракозы. Коні радасна фыркалі, маталі галовамі. Высокая расяная трава даходзіла ім да самых жыватоў.

Антоній Жабыка-Жэмба быў у добрым лагодным настроі. Яго ні на міг не пакідала ўпэўненасць, што прыезд гаспадарскага віжа па скарзе пана Іасафата Тарноўскага проста нейкая недарэчнасць. Неўзабаве яны сустрэнуцца, разам правераць межы, межы тыя акажуцца непарушанымі (а як жа інакш?), і давядзецца піць смакавітае віно згоды і добрасуседства.

– Бач, як сёлета густа спорна рабіна цвіце, – рукою, у якой быў кароткі бізунчык, паказаў ён Марціну на навакольныя лясы, – Значыцца, авёс будзе добра налівацца, і нашыя коні будуць сытыя.

Рабіна, і сапраўды, цвіла як ніколі. Яркія жаўтавата-белыя шапкі квецені ўрачыста ззялі пад промнямі сонца між свежай сакавітай лістоты. Там балявалі цэлыя раі лясных пчол, прагна пілі нектар. Цікава, які ён на смак лясны рабінавы мёд? Пэўна, з дзікай трывожнай гарчынкаю, і чалавеку, які калі-небудзь пакаштуе яго, доўга будзе чуцца-сніцца неўтаймоўны зялёны лясны вецер.

– Дык кажаш тваіх дзеда і бабу звёў некуды арол? – пацвельваючыся над сынам, весела сказаў харужы, – Сам я такога не чуў, а яны ж бацькі мае. Мне было дванаццаць гадоў, як яны паехалі ў Віцебск і не вярнуліся. Быццам бы човен, у якім яны плылі па Дзвіне, перакуліўся, калі бура наляцела. Шукалі іхнія целы, ды не знайшлі. Я ў дзядзькі Мікалая, бацькавага брата, гадаваўся. А ты кажаш – іх звёў арол.

Антоній Жабыка-Жэмба сыта рагатнуў:

– Так і я магу сказаць, што цябе прынёс не бусел, а паднябесны арол.

Ды Марціну чамусьці не хацелася гаварыць з бацькам. Упершыню за ўсё жыццё не хацелася. Усё-ткі яны розныя, хоць адной крыві, аднога кораню. Бацька жыве на зямлі, у сваім маёнтку. Баявая шабля, паходнае сядло, няпростыя стасункі з навакольнай шляхтай і цяглымі мужыкамі... А ён, Марцін, нясецца па жыцці, як стэпавае перакаці-поле, і яшчэ невядома дзе спыніцца.

У гэты ж самы час на двары пана Іасафата Тарноўскага, куды з раніцы паехалі Жабыкі-Жэмбы, віраваў трывожны неспакой. Сам пан быў у адлучцы, і ўся гаспадарка, уся чэлядзь нявольная былі пад наглядам цівуна Мар’яна Віткоўскага, дваццацісямігадовага вусатага нежанатага і таму нервовага чалавечка. Ён быў з беззямельнай беднай шляхты, дробнацелы, з вельмі буйным носам на вузкім бледным твары. За найвялікшы гонар і за апошнюю магчымасць хоць трохі разбагацець перад жаніцьбаю палічыў ён прапанову магната Іасафата Тарноўскага быць ягоным цівуном у Белай гары. Ён дняваў і начаваў на сваёй службе, зазіраў у кожную шчыліну, ведаў кожную сцежачку, не даваў спуску лайдакам і марнатраўцам панскага дабра.

Толькі што з Белай гары ад’ехаў віленскі гаспадарскі віж Ян Круталевіч. Шмат нерваў і сапсаванай крыві каштавала цівуну ласкава сустрэць, улагодзіць грознага віжа, які аказаўся суровым непадступным чалавекам. Віж і ягоныя дзецкія атрымалі багатыя падарункі, хоць асабіста сам віж нічога не браў, а ўсё міргаў сярдзітым чорным вокам убок сваіх мітуслівых памочнікаў, якія бегалі па панскім двары ўпэўнена і нахабна, быццам прусакі па падваконніку.

Віленскі віж вельмі здзівіўся, што пана Іасафата Тарноўскага, які ўзбудзіў справу аб парушэнні суседам сваіх межавых капцоў, не аказалася на месцы.

– Дзе пан Іасафат Тарноўскі? – наліваючыся цяжкой гнеўнай крывёю, спытаў ён у цівуна, – Дзеля чаго мы ехалі сюды з гаспадарскага двара з Вільні? Ці пан думае, што ў нас няма іншае больш пільнае справы?

Мар’яну Віткоўскаму давялося хлусіць. Неабходна зазначыць, што хлусіў ён у сваім жыцці далёка не першы раз і заўсёды з надзвычайнай лёгкасцю. “Схлусіць, як вадзіцы папіць”, – будучы ў добрым гуморы, любіў паўтараць ён.

– У яснавяльможнага пана памерла ў Дуброўне родная сястра, адзіная ягоная сястра пані Макрына. Ён так любіў яе, так любіў, – узвёў угору дробныя бліскучыя зярняты вачэй цівун, – Толькі бязэцнік, толькі чалавек-мярзотнік, можа не адгукнуцца на голас роднай душы, якая адлятае ў Божыя нябёсы, і якую трэба з усёй пашанотаю правесці ў апошні шлях з гэтай поўнай грахоў зямлі. Вестку аб смерці дарагой сястры прынеслі пану ноччу, і ён адразу (той жа ноччу!) выправіўся ў дарогу.

Здавалася, віж паверыў. Ён хмура выехаў са сваімі дзецкімі з Белай гары, і тонкія слупкі жаўтлявага пылу, што віліся з-пад капытоў іхніх коней, неўзабаве зніклі за павароткай лясной дарогі.

Пан Мар’ян Віткоўскі добра ведаў дзе зараз знаходзіцца і чым займаецца ягоны патрон-мажнаўладца, ды не толькі старонняму чалавеку, а й сабе, не сказаў бы аб гэтым на поўны голас. Дужа казытліваю была сітуацыя.

Замест таго, каб калупацца ва ўласнай душы, вышукваючы ў ёй хібы і трэшчынкі, цівун мудра вырашыў, што самае лепшае і самае разумнае зараз – цвёрдай няўхільнай рукою навесці яшчэ больш строгі парадак на падуладным яго волі панскім двары. А спраў хапала. Абыходзячы двор, ён зайшоў у нядаўна зрублены са свежага хвойнага кругляка флігель, у якім павінны былі жыць і сталавацца парабкі, што не мелі сваёй зямлі, а працавалі на пана за месячыну. Буйны чуйны нос цівуна адразу ўлавіў нейкі дужа непрыемны смуродлівы пах. Яшчэ колькі дзён таму такога смуроду не было. Віткоўскі крутнуў носам туды-сюды, грэбліва зморшчыўся, паклікаў да сябе старшага конюха Гарасіма, які апроч панскай стайні быў у адказе за ўсё, што дзеялася ў гаспадарчых пабудовах і вакол іх. Гэта быў камлюкаваты дзікі з твару чалавек зарослы доўгім цёмнарудым валоссем. Белая ільняная кашуля з плямамі ад поту пад пахамі была падперазана шырокім скураным пасам, на якім мелася мноства металічных кручкоў-гаплікоў. На гэтыя кручкі былі начэплены крэсіва з крэменем і кавалкамі труту, ножык у бронзавых тронках, скруткі сырыцы і маткІ тоўстых вошчаных нітак.

– Нюхай, – загадаў яму Мар’ян Віткоўскі.

Гарасім зморшчыў свой маленькі чырвоны, як морквіна, носік, уцягнуў у яго паветра.

– Ну й што ты скажаш? – выцягнуў шыю цівун.

– Ды быццам нешта ваніць, нешта ваніць.

– Ты хочаш сказаць што нешта смярдзіць, – удакладніў цівун.

– Так. Нешта ваніць, – згадзіўся старшы конюх.

– Ваніць ці смярдзіць, – раззлаваўся Віткоўскі, – але што гэта?

– Не магу ведаць, пан цівун, – задумліва палез пальцамі ў сваю цёмнарудую бараду Гарасім, – Пэўна, недзе нешта здохла і ваніць.

– Ды ты што, хамскае тваё рыла, задалдоніў: “ваніць... ваніць...”, – гнеўна ўзвіўся цівун, – Я пытаю ў цябе – што ваніць?

Старшы конюх спакойна і задумліва глянуў на пана Віткоўскага, памаўчаў, потым сказаў:

– Трэба паклікаць з гусятніку бабу-нюхаўку.

– Што яшчэ за цуд-юд?

– Санклета. Панская гусятніца. Дужа востры нос у кабеты. Калі пану, а асабліва пані, здавалася, што ад іхняй бялізны надта ж пахне мылам, клікалі Санклету, і яна кожную просцінку, кожную падушку нюхала. Бывала, усю ноч нюхае. І знаходзіла. І тую пакаёўку, што панскую бялізну мыла, я частаваў на стайні гарачай раменнай кашай.

Цівун з недаверам зірнуў на Гарасіма, але ў ноздры ўсё гусцей залазіў смурод, і цівун загадаў:

– Вядзі сюды Санклету.

Прыйшла Санклета, пакланілася цівуну.

– Ты й ёсць баба-нюхаўка? – спытаў Віткоўскі.

Яна нічога не адказала, толькі зноў пакланілася.

– Нюхай, Санклетка, – не загадаў, а папрасіў Гарасім.

Вочы ў гусятніцы ўспыхнулі мяккім лагодным святлом, маленькі тварык заружовіўся. Яна перажагнулася, потым узняла ўгору, як гэта робяць сабакі, ладнаваты абгарэлы на сонцы нос, знерухомела. Цівун і старшы конюх з вялікай цікавасцю глядзелі на яе.

Вось яна хуценька пайшла ўздоўж сценаў, уздоўж свежаабкораных перакладзеных шэрым лясным мохам бярвенняў. Нос нібы прыліп да драўніны. Адна сцяна, другая... Каля трэцяй Санклета, як спатыкнуўшыся, спынілася, потым апусцілася на калені. Нос варушыўся так, быццам хацеў адарвацца, адламацца ад твару.

– Тут, – шчасліва выдыхнула гусятніца і чорнай закарэлай рукою ляпнула па сцяне.

Цівун зірнуў на Гарасіма. Той падбег да Санклеты, прысеў побач з ёй, прыгледзеўся і ўскрыкнуў:

– Дзірачка! Дзірачка, пан цівун!

Прынеслі сякеру. Старшы конюх, трохі паваждаўшыся, падчапіў, адкалупнуў ад сцяны хітра замаскаваны кавалак бервяна, і ўбачыў гняздо-сховіну. Там ляжала курынае яйка, дужа-дужа смярдзючае.

– Што там? – заткнуўшы нос шаўковай хусцінкаю, гугнява спытаў цівун.

– Яйка, – здзіўлена адказаў Гарасім, – Як магла курыца знесці яго тут?

– Дурань! – затупацеў нагамі Мар’ян Віткоўскі, – Хто быў за цесляра, калі рубілі флігель?

– Халімон. Міхаіла. Янка Тоўсцік падсабляў.

– Зараз жа прывесці мярзотнікаў да мяне! Шыю намылю, і за мыла заплоцяць.

Кінуліся шукаць цесляроў, ды іх нідзе не было. І сям’я Халімона, самага пажылога між іх, знікла. Калі Гарасім прынёс такую навіну Мар’яну Віткоўскаму, той нібы сшалеў ад вялікага гневу. Ягоныя вусы ўспырхнулі вышэй носу.

– Няма? Як гэта – няма? – забегаў цівун вакол старшага конюха, – Іх што – каровы злізалі? А ты для чаго ў мяне панскі хлеб жрэш? Ану пайшлі да стайні!

Каля стайні была “кабыла” – пакладзенае на крэглі-растапыркі сукаватае яловае бервяно. Тут Гарасім па загадзе цівуна або самога пана Тарнаўскага часцяком лупцаваў чэлядзь нявольную – парабкаў і жонак. Калі падыйшлі да кабылы, старшы конюх пачаў азірацца па баках, выглядваць таго, каго трэба будзе біць.

– Цягні дзежку з салёнымі дубцамі! – загадаў Віткоўскі.

Гарасім, аддана сапучы, прынёс са стайні дзежку, у якой у салёнай вадзе адмочвалася, чакала свайго часу гнуткая пякучая лаза, сагнуўся ў паклоне:

– Каго пан цівун загадае пакараць?

– Спускай порткі і кладзіся на кабылу.

– Я? – збялеў старшы конюх.

– Ты, – жорстка ўсміхнуўся цівун, – У цябе ж таксама ёсць спіна і азадак. Зараз я іх трохі паказычу. Атрымаеш усяго сем лазінаў. Па адной за кожнага збеглага хлопа. Ты нарэшце павінен хоць раз адчуць тое, што амаль штодня пад тваёй рукой адчуваюць парабкі і жонкі.

Змярцвелы Гарасім лёг на кабылу, учапіўся рукамі ў яловае сучча. Ні разу не войкнуў, толькі матаў цёмнарудай галавой. Калі пасля экзекуцыі нацягваў порткі, злёгку пахістваўся, як п’яны, а на губах павісла белая пена.

Ды на гэтым не скончыліся конюхавы нечаканкі. Раз’ятраны Мар’ян Віткоўскі (і што толькі накацілася на цівуна?) загадаў пасадзіць Гарасіма ў калодку каля свінячага хлеву. Урэшт агаломшанаму конюху заціснулі рукі-ногі тоўстымі драўлянымі брусамі. Цяжка да ламоткі ў хрыбетніку сагнуўшыся, ён сядзеў на бруднай расквашанай зямлі, а на шыі ў яго вісела торбачка з тухлым яйкам.

Нарэшце харужы Антоній Жабыка-Жэмба разам з сынам Марцінам і пахолкам Міхалкам дабраўся да Белай гары, вотчыны пана Іасафата Тарноўскага. Але сам пан, па словах ягонага цівуна, паехаў на пахаванне роднай сястры і невядома калі вернецца.

Такі паварот справы не ўзрадаваў аршанскага харужага. Ён сярдзіта грыз вус, з недаверам глядзеў на дробнацелага бледнатварага цівуна.

– А, можа, пан Віткоўскі паедзе разам з намі глянуць на капцы і дукты? – нарэшце прамовіў ён.

– Палічыў бы за гонар, ды пан Іасафат Тарноўскі такія найважныя справы вырашае толькі сам, толькі ўласнай персонаю, – увільнуў цівун, – Панове, я хачу пачаставаць вас цудоўным такаем, які толькі што прывезлі з Вільні.

– Вялікі дзякуй васпану, але не будзем турбаваць, – суха адкланяўся Антоній Жабыка-Жэмба.

Моўчкі пакіраваліся ў зваротную дарогу. Нешта не тое было ў нечаканым прыездзе гаспадарскага віжа, у раптоўным знікненні пана Тарноўскага. Плёўся нейкі чорны клубок, але паспрабуй яго разблытаць.

– Неўзабаве пойдзе дождж. Дні два-тры пляскацца будзе, – пасля доўгага маўчання раптам сказаў харужы.

Марцін здзіўлена зірнуў на бацьку. Не такія словы хацеў ён зараз пачуць. Не тое вярэдзіла душу.

– Пойдзе дождж, – зноў паўтарыў сваё Антоній Жабыка-Жэмба, – На двары ў пана Тарноўскага сабакі елі траву.

Ехалі мокразялёным лесам. З дзікіх гушчароў прарэзліва нёсся няўтомны трывожны голас зязюлі. Лічылі (кожны пра сябе) колькі яшчэ адпушчана рокаў таптаць зямныя сцежкі. Зязюльчын голас часам абрываўся, знікаў, і рабілася вусцішна холадна сэрцу.

Раптам з густога хмызу, што тапырыстымі шырокімі хвалямі клаўся амаль на дарогу, з шумам і трэскам вывалілася нешта цёмнае. Заіржалі і ўзвіліся на дыбкі коні. Міхалка паляцеў потырч носам на калючую лясную ігліцу. Жабыкі-Жэмбы, бацька і сын, выхапілі з похваў шаблі.

– Пашкадуйце, паночкі! – спалохана заверашчала цёмнае, – Не губіце хрысціянскую душу!

Толькі пасля такога роспачнага крыку-енку скумекалі, што гэта не звер, а чалавек. Ён стаяў на каленях. Цёмнарудое склычанае валоссе ляпілася на твар.

– Хто ты? – грозна пад’язджаючы да незнаёмца, амаль топчучы яго сваім канём, разгневана запытаў Антоній Жабыка-Жэмба. Па ўсіх жылах у аршанскага харужага порстка бушавала кроў.

– Пане дабрадзею, я старшы конюх пана Іасафата Тарнаўскага Гарасім Цвыркун, а са мною яшчэ Янка Тоўсцік, – азірнуўшыся на лес, хуценька прагаварыў цёмнаруды чалавек, – Янка дапамог мне зламаць калодку, у якую мяне пасадзілі.

– Ты ўцёк ад свайго пана? – ледзяным голасам перапыніў яго харужы.

Але Гарасім Цвыркун, нібы не пачуўшы гэтыя словы, казаў, давячыся ад хвалявання:

– Я ўсё-ўсё ведаю. Я сваімі рукамі счэсваў з дрэў вашыя межавыя крыжы і перакопваў вашыя капцы. Мне так загадалі цівун з панам. А ў пана Іасафата няма ніякае сястры і, значыцца, яна не памірала. Пан з усім сваім початам з’ехаў да маскоўцаў. Яны, пан і маскоўцы, табаруюцца ў Церабілаўскай пушчы. Адтуль робяць наезды па ўсім Аршанскім павеце. У пушчы, на возеры, у іх ёсць Востраў голых дзявок.

– Востраў голых дзявок? – перапытаў Марцін, – Што гэта?

– Яны звозяць туды для любошчаў прыгожых мужычак і трымаюць там. Калі ідуць у наезд, прыкоўваюць іх да дуба ланцугамі.

– Ты сам бачыў такое ці верашчыш, як пералётная сарока? – сярдзіта і адначасна здзіўлена пазіраў на Гарасіма Цвыркуна Антоній Жабыка-Жэмба.

– Святы крыж – бачыў на свае вочы. Я туды ездзіў лазу рэзаць. Цівун загадаў шмат лазы нарыхтаваць, – старшы конюх, зморшчыўшыся, варухнуў бітым азадкам.

– Дык ты й для сябе яе рэзаў, – здагадаўся і ўсміхнуўся харужы, – Але, калі брэшаш, калі вярзеш няпраўду, зноў пойдзеш пад цівунскую лазу.

– Святы крыж, – бубніў Цвыркун. Яму яўна не хацелася зноў класціся на калючую кабылу, – Я яшчэ магу вам расказаць, паночкі, – ён азірнуўся і сцішыў голас, – Жыве між мужыкоў-хлопаў Хлопчык з залатым зубам. Яны хаваюць яго, нікому не паказваюць, а пераносяць з адной лясной вёсачкі ў другую. Такі ён ужо ўрадзіўся – Хлопчык з залатым зубам. Кажуць, што ён угадвае людскі лёс, можа адшукаць тое, што схавана пад зямлёй.

– Сам бачыў Хлопчыка з залатым зубам? – загарэўся Марцін.

– Сам не бачыў. Чуў, – не стаў хлусіць Гарасім, – Але можна, калі панове моцна зажадаюць, парупіцца і знайсці яго.

Аповяд пра Хлопчыка з залатым зубам Антоній Жабыка-Жэмба пускаў міма вушэй, не верыў цёмнай хлопскай казцы, але сын ягоны Марцін вельмі зацікавіўся.

– І як жа яны, мужыкі, патаемна перапраўляюць яго з вёскі ў вёску? – спытаў Марцін.

– У вазах са снапамі ці з сенам. У дамавінах-трунах.

– У трунах?

– Так. Для іх ён, як бацька родны. І за яго яны гатовы нават памерці, але не аддаць у рукі чужынцу. Ён не расце і заўсёды маленькі. Такі ўжо ён урадзіўся Хлопчык з залатым зубам.

Аршанскі харужы вырашыў забраць збеглага старшага конюха і ягонага сябрука Янку Тоўсціка з сабою, добра дапытаць у Воршы і, калі ў іхніх словах будзе праўда, разам з павятовай шляхтаю прачасаць Церабілаўскую пушчу. У Востраў голых дзявок, як і ў Хлопчыка з залатым зубам, ён не верыў, але ж, як кажуць, спроба не хвароба. Марціну ж вельмі захацелася знайсці таямнічага мужыцкага хлопчыка. Хлопчык гэты, меркаваў Марцін, дапаможа адшукаць святыні палеманістаў.

Калі вярнуліся ў Адроўскае сяльцо, ён папрасіў бацьку даць яму на некалькі дзён, папярэдне, вядома ж, дапытаўшы, Гарасіма Цвыркуна.

– Навошта табе гэты конюх? – спытаў харужы.

– Можа з ім што-небудзь знойдзем, – ухіліўся ад прамога адказу Марцін.

Антоній Жабыка-Жэмба кісла зморшчыўся, з непаразуменнем і шкадаваннем зірнуў на сына, але загадаў прывесці з вязніцы Цвыркуна.

На пошукі накіраваліся Марцін, Андрэй Шаціла, Андрусь Лыжыковіч і Фадзей Дракаловіч. Паехалі ў лясістую прыдняпроўскую старану. Паперадзе на рахманым белым коніку Гарасім Цвыркун.

Гэта было, як пагружэнне на самае-самае дно зялёнага дрымотнага мора. Туды, дзе абвітыя чысцейшым смарагдавым мохам, жывуць пракаветныя дрэвы, што ні разу не бачылі чалавека, струменяцца рэчачкі і ручайкі, зіхцяць пад срэбнымі месячнымі промнямі чорныя бяздонныя азёры, сурова гудуць цёмныя калючыя ельнікі, звонка спяваюць белыя бярэзнікі і чырвоныя асіннікі, дзе на вяршынях высозных абламаных маланкамі дубоў начуюць лясныя воблакі.

Гэта было ненанесенае на геаграфічныя мапы бясконцае каралеўства птушак, вужоў, дзікоў, ваўкоў, лісаў, зайцоў, ласёў, вожыкаў, мядзведзяў, рысяў, вавёрак, чмялёў, камароў і пчол. І таямнічых агеньчыкаў над начнымі глухімі балотамі. І зваблівых доўгавалосых русалак. І вогненнавокіх рагатых лесавікоў. І паміж усяго гэтага дзікага шматгалосся неяк жыў, неяк месціўся чалавек.

Лясныя маленькія вёсачкі ўзнікалі раптоўна, як бы з-пад зямлі. Чуўся пах дыму, потым ірваў густую сонную цішыню звонкі сабачы брэх, і позірку адкрывалася некалькі хатак шчыльна крытых жытняй саломай альбо хрумсткім азёрным чаротам. Людскія вочы насцярожана глядзелі з зацягнутых бычыным пухіром вокнаў. Потым, крэкчучы, вылазілі на прызбы дзяды. Потым выбягалі дзеці. Хто жыў у гэтых вёсачках? Асочнікі? Бортнікі? Смалакуры?

Кожная такая вёсачка пачыналася з вялізнага абвязанага рушнікамі драўлянага хрысціянскага крыжа.

– Паклон табе, зямля Ліцвінія, – кладучы руку на сэрца, казаў Андрэй Шаціла, паэт.

Следам за Гарасімам Цвыркуном заходзілі ў хаты. Дубовыя белыя лавы ўздоўж сценаў, абвітыя дзеразой і свежымі ляснымі кветкамі абразы на покуці, падраны рыдлёўкамі чырвона-руды гліняны дол у сенцах і рыпучыя засланыя саматканымі ходзікамі сасновыя маснічыны ў святліцах...

Народ быў сціплы, але не адчувалася ў людскіх позірках рабскага прыніжэння. Вочы й валасы былі светлыя і цёмныя. Скура адлівала беллю, апроч рэзка да чарнаты загарэлых твараў і рук.

Цвыркун шаптаўся з белабародымі дзядамі. Палеманісты ж з надзвычайнай цікавасцю ўзіраліся ў жыццё простага люду, прыслухоўваліся да тутэйшай гаворкі, да вясёлых дасціпных аповядаў.

Блакітнавокі жвавы дзядок з вялікай ахвотаю расказаў ім пра сваю кабету:

– Пытаюся ў яе: “Чаму ты, Агатка, любка мая, плачаш?” А як жа, галубок мой, не плакаць, калі казалі ў царкве, што на тым свеце будзе плач і скрыгат зубамі. А чым жа я буду скрыгатаць, калі ў мяне ані аднюсенькага зуба няма?

– Ха-ха, – смяяўся дзядок, задзіраючы ўгору жоўтую, як лясны мох, бараду.

Тым часам Цвыркуновы шаптанні з дзядамі пачалі прыносіць свой плён. Дзе подкупам, дзе ліслівым словам старшы конюх працерабіў сцежку да сэрцаў асцярожных лясных людзей. Некаторыя казалі, што на свае вочы бачылі Хлопчыка з залатым зубам. Адзін жа й наогул узяўся вывесці палеманістаў на ягоны след.

– Яны хаваюць яго ў Якімавым лядзе, – шапнуў Цвыркун Марціну Жабыку-Жэмбу.

Адразу ж з усёй сцярожкасцю пакіраваліся ўбок Якімавага ляда. Той, хто згадзіўся здаць палеманістам Хлопчыка з залатым зубам, адкрыць ягоны схоў, ішоў паперадзе з сякерай у руках, ссякаў маладзенькія тонкія пруткі асінак і бярозак, гнуткія кійкі густога арэшніку, бо ніякай дарогі, ні нават сцяжынкі не было. Неўзабаве злезлі коней, павялі іх праз цёмназялёную лясную гушчэчу. Слізгалі ногі па вузластых каранях, па доўгай мокрай траве і па грыбах, якіх расло тут незлічонае мноства. Марцін цяжка крочыў за правадніком, чэпка трымаючы конскую аброць. Следам за ім жвава праставаў Андрэй Шаціла, мармычучы сабе пад нос:

Тут вочы шэрыя. Тут вочы сінія.

І плеск дажджоў. І гуд лясоў.

Адна такая ты, зямля Ліцвінія.

Я за цябе жыццё аддаць гатоў.

“Ну й галава, – дзівіўся з сябрука Марцін, – Усё нешта шэпча, нешта выдумляе. А пачне гаварыць, людзі раты разяўляюць – так разумна, так складна”.

Якімава ляда – сем невялічкіх хатак на круглай пясчанай выжарыне пасярод дрымучага ляснога непраходдзя. Зялёная глухмень. Але й тут жывуць людзі. Віецца праз валакавое вакно хаткі сівы дымок. Кукарэкае на страсе чырвонапёры тоўсты певень.

Тубыльцы бажыліся-хрысціліся, што анічога не ведаюць пра нейкага Хлопчыка з залатым зубам.

– Ого-го, каб ён у нас тут аб’явіўся, мы выдзерлі б у яго з роту той залаты зуб і накуплялі б сабе піва, – хмыкаў у рудаватыя вусы вясёлы лядашты мужычок з бярэмем дроў у руках. Але Гарасім Цвыркун шматзначна зірнуў на Жабыку-Жэмбу, і Марцін зразумеў: “Тут. Ліса трапіла ў пастку”.

Не надта цырымонячыся, пачалі аглядаць ператрэсваць усе хаткі і двары. Толькі пер’е ляцела. Ды пакуль што нічога не знаходзілі.

– Пан Марцін, – прапанаваў Гарасім, – Трэба ім лазою спіны пагрэць. Адразу загавораць. Толькі загадайце. Я гэта ўмею.

Але Жабыку-Жэмбу не хацелася брацца за лазу-пякучку. Заплачуць дзеці, загалосяць жанчыны... Хіба дзеля гэтага прывёў ён сваіх людзей у ціхую лясную вёсачку?

Раптам Андрусь Лыжыковіч усхвалявана крануў яго за плячо:

– Глядзі, пан Марцін – мужык на кані валачэ бервяно.

– Ну й што? – глянуўшы на мужыка, на ягонага каня і на бервяно, стомлена сказаў Жабыка-Жэмба.

– А тое, што бярвенні, звычайна, возяць з лесу, а гэты валачэ бервяно ў лес. Ці мужык гэты дурны...

– Ці вельмі хітры, – скончыў ягоную думку Фадзей Дракаловіч і замахаў рукамі, закрычаў занадта працавітаму тубыльцу:

– Спыніся! Стой!

Падыйшлі бліжэй.

– Хлопчык з залатым зубам у бервяне. Там – дупло, – шапнуў той, хто згадзіўся адкрыць палеманістам таямніцу, і адыйшоў убок.

– Кідай свае дровы і цягні сюды сякеру. Не – пілу, – загадаў, задаволена ўсміхаючыся, старшы конюх рудаватавусаму мужычку.

Прынеслі пілу. Толькі кранулі вострымі жалезнымі зубамі драўніну, толькі пырскнуў першы струменьчык цёплага жаўтлявага пілавіння, як знутры бервяна пачуўся здаўлены крык.

– Жывое бервяно, – засмяяўся Андрусь Лыжыковіч.

– Як засадзіў яго туды, так і даставай, – строга загадаў Марцін Жабыка-Жэмба рудаватавусаму. Той зморшчыўся, быццам на яго раптоўна накінуўся сардэчны боль, але змушаны быў выконваць загаданае. Праз колькі імгненняў усе вохнулі – з разабранага на дзве палавіны бервяна з’явіўся на белы свет Хлопчык з залатым зубам.

Гэта было незвычайнае дзівоснае стварэнне! Каля трох пядзяў росту, з белымі кучаравымі валасамі, з вялікімі блакітнымі вачамі. Скура ў хлопчыка была не смуглая і не светлая, а як бы пасярэбраная, з вясёлым россыпам не вяснушак, а дробненькіх бліскучых зорачак. І, вядома ж, галоўным, што адразу бачылася на твары, што без сумневу ўпрыгожвала яго, быў залаты зуб. Ладнаваты кругленькі ярказалаты, ён імпэтна выпіраўся з-пад пухленькай верхняй губы, і не было ў тым нічога заечага, а толькі радасная жыццялюбная бадзёрасць. Апрануты чароўны хлапчук быў у чырвоную камізэльку і такія ж чырвоныя кароткія порткі. На нагах зграбна сядзелі скураныя поршні з бліскучымі круглымі спражкамі. У руках ён трымаў кароценькі, падобна, бронзавы кіёчак.

Ён прыязна ўсміхаўся кожнаму, хто глядзеў на яго, а так як на яго глядзелі ўсе, ён усміхаўся ўсім. Прытым, як адразу заўважылі палеманісты, не адводзіў пагляд, пазіраў у самую глыбіню чалавечай душы.

Было відно, што Хлопчык з залатым зубам улюбёнец усіх жыхароў Якімавага ляда – і старых, і малых.

– Ён – мудрагель вялікі, – радасна казаў Марціну Жабыку-Жэмбу рудаватавусы, – Мы старыя і без зубоў, а ён маленькі і з залатым зубам.

– Не забірайце яго, пане, – прасіла дзяўчынка з запэцканымі бурай балотнай тванню і пакусанымі камар’ём нагамі, – Ён нам, дзецям, грыбныя і ягадныя месцы ў лесе знаходзіць. Ён паказаў дзе трэба капАць студню. І ваўкоў ад вёскі адганяе.

– І адкуль ён узяўся такі? – дзівіўся Марцін.

– Аднойчы вышаў з пушчы яшчэ калі нашы памерлыя дзяды былі малымі і ўпоперак лаўкі ляжалі, – адказалі яму.

Андрэй Шаціла ў глыбокай задуменнасці глядзеў на Хлопчыка з залатым зубам. Радзімая зямля, якую ён ніколі не забываў і да якой заўсёды спяшаўся з чужыншчыны, паказала яму і ягоным сябрам яшчэ адну сваю таямніцу. Як бы яркі прамень сонца вырваўся на імгненне (толькі на імгненне!) з-за халодных чорных хмараў. А колькі яшчэ ёсць такіх прамянёў пакуль недаступных воку!

– Каб сам не ўбачыў, ніколі б не паверыў, – ціха казаў ён, – Вось адкуль народныя казкі пра хлопчыка з пальчык, пра хлопчыка Пакацігарошка. Гавораць, што ён вышаў з пушчы. А магчыма там, у пушчанскіх нетрах, і сёння жыве вось такі вясёлы маленькі залатазубы народ. Добры народ.

Паэт пачаў імкліва паглыбляцца ў свае мроі. Яму ўжо здавалася, што ён ідзе па змрочнай імшыстай пушчы. Пушча гэтая такая густая шчыльнастволая – птушка ягадзіну не пранясе між дрэў. І вось наперадзе нібы запалілася ў цемры мноства малюсенькіх яркіх агеньчыкаў – гэта прыветна ўсміхаецца яму, Андрэю Шацілу, таямнічы залатазубы люд. Там стаяць маленькія з залатым дахам хаткі. І маленькія каровы і авечкі пасвяцца на зялёных сакавітых лужках.

– Гэх! – толькі й уздыхнуў, цяжка махнуў рукой Шаціла.

Марцін, аб’явіўшы Хлопчыка з залатым зубам уласнасцю Аршанскага павету, забраў яго з сабой. Малюка пасадзілі ў глыбокую лубяную сявалку з-пад зерня. Ён пазіраў адтуль і па-ранейшаму ўсміхаўся ўсім. Але калі жанчыны і дзеці Якімавага ляда заплакалі, развітваючыся з ім, твар ягоны адразу ж пасуровеў, пацямнеў. Хлопчык з залатым зубам з найвялікім дакорам глянуў на Марціна Жабыку-Жэмбу і заплюшчыў вочы. І пакуль доўга-доўга ехалі назад у Аброўскае сяльцо, вочы ягоныя былі заплюшчаныя. Здавалася, ён не дыхае, памёр.

Вярнуўшыся з далёкай дарогі, адразу панеслі Хлопчыка з залатым зубам у святліцу харужага. Расселіся наўкол вялізнага дубовага стала, малюка паставілі на стол, на самую сярэдзіну. Па-ранейшаму ён быў мярцвяк мярцвяком. Вочы заплюшчаныя, рукі апушчаныя, і кіёчак вываліўся з іх.

Палеманісты разгублена перазірнуліся. Няўжо дарэмнымі былі шматдзённыя цяжкія пошукі?

І тады загаварыла Зося Зубрыцкая, Зося Еўрапейка.

– Не бойся. Мы не зробім табе анічагусенькі благога, – пазіраючы ў твар Хлопчыку з залатым зубам, мякка пранікнёна сказала яна, – Мы не начныя таці, не рабаўнікі. Павер нам, мы добрыя людзі. Мы хочам каб наша зямля не дымілася крывавымі пажарамі, каб чужынец не гнаў у няволю нашых людзей.

Адно вока ў Хлопчыка з залатым зубам расплюшчылася, уважліва і як бы выпрабавальна паглядзела на Еўрапейку.

– Мы хочам адшукаць з тваёю дапамогаю свшчэнныя для нас рэчы.

Яна пачала расказваць пра Ордэн святога Палемона, пра тысячы юнакоў і дзяўчатаў, што бясстрашна змагаліся і сёння змагаюцца за родны край, за сваю хрысціянскую веру. Яна гаварыла пра Зосю Квяцінскую, пра вялікую бітву за Канстанцінопаль і пра баявога рымскага арла.

– Як толькі ты нам пасобіш адшукаць святыні, мы адразу ж адпусцім цябе. Мы завязем цябе або назад у Якімава ляда, або туды, куды ты толькі зажадаеш. У любы лес, у любую пушчу. І, павер нам, мы будзем вельмі-вельмі рады, калі ты захочаш застацца ў нас.

Хлопчык з Залатым зубам расплюшчыў другое вока. Ён падняў свой кіёчак і дакрануўся ім да Еўрапейкі. Пэўна, гэта азначала ўзаемную сімпатыю. Палеманісты заўсміхаліся, весела загаманілі, нават пачуліся воплескі.

Патрэбна зазначыць, што гэты дзіўны хлопчык не валодаў дарам мовы, не гаварыў, як звычайна гавораць людзі. Ён усё-усё да макулінкі разумеў, што кажуць яму, але ў адказ толькі зычліва ўсміхаўся і прыязна глядзеў проста ў вочы суразмоўцу, вядома, калі той яму падабаўся.

Назаўтра ж пачалі пошукі палеманісцкіх святыняў. Параіўшыся з Язэпам Ранцэвічам і Мацеем Кветкам, Марцін з сябрукамі-студыёзусамі, якія ўзброіліся рыдлёўкамі, і з Хлопчыкам з залатым зубам прыйшоў на ўсходні бугорысты бераг ракі Адроў насупраць старадаўняга здзічэлага ліпава-бярозавага парку, што атуляў сядзібу аршанскага харужага. Усе хваляваліся. Усім было дужа цікава паглядзець, чым скончыцца задуманая дзея.

Хлопчык з Залатым зубам трошкі пастаяў, заплюшчыўшы вочы і апусціўшы белавалосую, як дзьмухавец, галаву. Потым дакрануўся сваім кіёчкам да зямлі і хуценька-хуценька пайшоў па пяску і траве. Так ходзяць калючыя лясныя вожыкі.

Хто-кольвечы з палеманістаў хацеў быў рушыць за ім следам, ды Марцін узняў угору руку:

– Не перашкаджайце.

Марудліва каціўся час. Хлопчык з залатым зубам хадзіў і хадзіў па надрэчным густатраўі. Раптам ён рэзка спыніўся, зірнуў на Марціна і Зосю, стукнуў кіёчкам у зямлю перад сабою.

– Ёсць! – радасна ўскрыкнула Еўрапейка.

Ліхаманкава пачалі капаць. Сутыкаліся, дзынкалі рыдлёўкі.

– Асцярожней, – ці то прасіў, ці то загадваў Марцін Жабыка-Жэмба. Вочы ва ўсіх былі як прывязаны да чорнай яміны, што ўсё пашыралася і паглыблялася. Сэрцы калаціліся. Што адкрыецца воку праз нейкае імгненне?

Адкапалі два шкілеты – конскі і чалавечы. Стагоддзі таму іх, мёртвага чалавека і мёртвага каня, пахавалі разам у гэтай зямлі, над гэтай рэчкай. На чалавеку была сатлелая іржавая кальчуга, сплеценая з жалезных колцаў. Побач ляжаў з'едзены няўмольным часам баявы меч. Колькі галоў адцяў гэтым грозным мячом той, ад каго засталіся толькі слабыя крохкія косткі ды жоўты бязвокі чэрап!

– Не тое, – сумна пазіраючы на дно свежаадкрытай магілы, ціха прамовіла Зося Зубрыцкая.

Хлопчык з залатым зубам, які вельмі ўважліва сачыў за выразам ейнага твару, так расхваляваўся, што з вялікіх блакітных вачэй пырскнулі слёзы. Палеманістам зрабілася ніякавата – гэтае дзіўнае стварэнне, якое аж заплакала ад няўдачы, усё болей завалодвала іхняй сімпатыяй.

Вырашылі перанесці пошукі на заўтра. Шмат хто ўжо не верыў, што можна што-кольвечы знайсці. Дарэмная трата часу, ды й толькі. Не такімі наіўнымі былі тыя старадаўнія палеманісты, каб святыя для сябе рэчы закопваць пад нагамі ў людзей у чыстым полі. Яны, напэўна ж, нешта б змудрагелілі – ці ў дупло ў глухім лесе паклалі, ці пад вадою схавалі.

Як толькі разгарэлася раніца, зноў пачалі шукаць. На гэты раз Хлопчык з залатым зубам пайшоў між дрэў старога парку. Палеманісты ледзьве паспявалі за ім. Ягоная белавалосая галава мільгала тут і там, паднімаючыся на ўзгоркі, апускаючыся ў лагчынкі, як паплавок на хвалях. Адчувалася, што ён вельмі хоча дагадзіць Зосі Еўрапейцы.

Нарэшце ён прыпыніўся ў трохкутніку, які стваралі тры дрэвы – дзве ліпы і бяроза, стукнуў аб зямлю кіёчкам. Урэзаліся ў пракаветны жылісты ад каранёў дрэў і травы дзірван вострыя рыдлёўкі. Нешта заскрыгатала, зарыпела пад імі. Усе затаілі дыханне. З зямлі паступова пачаў вырэзвацца, выплываць вялізны чорны камень.

– На ім нейкія знакі! – усхвалявана ўскрыкнуў Ігнат Кабылінскі і пачаў голымі рукамі ачышчаць ад наліплых камякоў зямлі паверхню таямнічага камня.

Неўзабаве ўбачылі выяву жанчыны і мужчыны. Узяўшыся за рукі, яны як бы ляцелі ў паветры. Паміж імі, над імі, з шырока распластанымі крыламі лунаў арол. Знізу былі высечаны лацінскія літары М і Z. Палеманісты перазірнуліся.

– Марцін і Зося! – вырвалася ў Еўрапейкі.

Асцярожна паспрабавалі скрануць камень з месца. Ён напачатку не паддаваўся. Ігнат Кабылінскі, што стараўся, бадай, больш за іншых, раптам паслізнуўся, няўклюдна ўзмахнуў рукамі.

– Не наступай нагой на магільны камень! – адначасова закрычала некалькі чалавек.

Кабылінскі з неймаверным для ягонага тоўстага цела спрытам прабалансаваў колькі імгненняў на адной назе і цяжка плюхнуўся на траву побач з камнем.

– Ух! – шчасліва выдыхнуў ён. На пераноссі і на шчоках ззяў пот.

Нарэшце непадатлівы камень мякка перавярнулі набок, і позіркам адкрыўся вялікі выдзеўблены са светлай дубовай калоды куфар. Крыху паваждаўшыся, яго адчынілі. Ён падзяляўся на дзве палавіны. У адной, загорнуты ў ваўчыную шкуру, ляжаў рымскі легіённы штандар з выяваю залатога арла на навершшы, у другой, больш прасторнай, стаяў макет карабля-ветразніка, увесь чыста залаты, зіхоткі.

У палеманістаў ад узрушэння і захаплення адняло мову. Мяккі бляск-водсвет ад золата, якое з магільнай цемры зноў вярнулася ў яркі сонечны дзень, ліўся на маладыя твары. Гэта было надзвычай хвалююча і прыгожа. Гэта прымусіла затрапятаць юныя сэрцы. Нехта першы апусціўся на калені. За ім на калені сталі ўсе. У Андрэя Шацілы на вачах успыхнулі слёзы.

Хлопчык з залатым зубам стаяў зводдаль, пазіраў на людзей. Аб чым думала гэтая дзіўная незвычайная істота? І ці здольная яна думаць? На такія пытанні няма і не будзе адказу. Але ягоны тварык пасвятлеў, потым заружовіўся. Зося Еўрапейка падбегла да Хлопчыка з залатым зубам, моцна-моцна пацалавала ў белавалосую макаўку, усхвалявана прамовіла:

– Ты падараваў нам вялікае шчасце. Ты самы лепшы на свеце! Дзякуй табе!

Дастаўшы куфар з зямлі, вырашылі адразу ж паказаць палеманісцкія святыні Язэпу Ранцэвічу і Мацею Кветку. Тыя сустрэлі моладзь, як Рым сустракаў трыумфіратараў – усюды гарэлі свечкі, на сценах віселі вянкі з палявых кветак, нешматлікая абслуга палацыка была ў святочных строях, радасна крычала віваты.

Язэп Ранцэвіч, памаладзелы, прыгожы гэтай сваёй памаладзеласцю, узяў з рук у Марціна карабель, затым штандар, доўга глядзеў на іх, нешта шаптаў, пацалаваў. Тое ж самае зрабіў Мацей Кветка.

– Дзеці мае, – натхнёна сказаў Ранцэвіч, – Шмат гадоў марыў я вось пра такі дзень, калі маладыя рукі зноў дакрануцца да нашых святыняў і зноў натхнёна заб'юцца маладыя сэрцы. Ёсць тэмпературы, пры якіх плавіцца ўсё: вернасць, памяць, каханне, сяброўства. Ёсць агні, што спальваюць усё жывое. Я рады, я вельмі рады, што не знайшлося агню, які б назаўсёды знішчыў святое брацтва палеманістаў. Вы – ёсць. Значыць, ёсць і мы. І, значыць, ёсць наша дарагая радзіма, Вялікае княства Літоўскае. У мудрых грэкаў былі багі і героі. У нас ёсць Езус Хрыстус. Ён – наш вечны сцяг, наша непарушная апора. О, непагаслы Хрысце, малю цябе – зрабі так, каб гэтыя маладзёны пераўвасобіліся ў герояў, у праметэяў і геркулесаў і каб яны не ведалі страху і сумнення!

Ён шырока і размашыста, нібы сеяў зерне, перажагнуўся. Услед за ім перахрысціліся ўсе.

Затым Язэп Ранцэвіч падклікаў да сябе Зосю Зубрыцкую, абняў яе, сказаў:

– Я ведаю, што ўсе твае сябры завуць цябе Еўрапейкай. Прыгожае імя. Высокае імя. Еўрапейкай у наш час мы называлі Зосю Квяцінскую, Марцінаву бабулю. Я ўжо расказваў пра яе. Яна была, як вясновы вецер – чыстая, цёплая, звонкая. Будзь такой жа, слаўная дзяўчынка. Я бачу тваю прамяністую, напоўненую любоўю душу.

Ён пацалаваў Зосю ў лоб, затым уручыў ёй штандар Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Легіёну:

– Гэтую нашу святыню заўсёды ахоўвала Зося Квяцінская. Яна была жрыцай Ордэна святога Палемона. Стань жрыцай і ты.

Твар у Зосі зрабіўся вішнёвы – так усхвалявана падступіла да шчокаў кроў. На вачах успыхнулі іскры слёз. Яна стаяла, моцна прыціснуўшы да грудзей штандар, і адчувала, што можа ўпасці, і шукала вачамі Марцінавы вочы, каб падтрымаў і падбадзёрыў. Ён паклаў ёй на плячо сваю далонь, усміхнуўся, і адразу супакоілася ейнае сэрца.

На дворыку палаца да Зосі падыйшоў маладзенькі чорнавусы шляхцюк. Разам з ім была дзяўчына, высокая русавалосая з вясёлымі ямачкамі на загарэлых круглых шчоках.

– Я Сцяпан Валадкевіч з Ліпкавічаў. Гэта мая малодшая сястра Палута. Яна вельмі хоча быць палеманісткай і быць тваёй сяброўкай, Еўрапейка. Праўда, Палута? – знізу ўверх з цёплай клапатлівасцю зірнуў ён на сваю сястру.

– Святая Божая праўда, – густым дрыготкім голасам адказала Палута, – Панна Зосечка, нашы Ліпкавічы вёрстаў за дзесяць ад вашай Вялікай Зуброўні. Я б магла ездзіць да цябе ў госці. Я й на фурманцы магу, і верхам. Я ўсё ўмею.

З вялікім хваляваннем пазірала Палута на Зосю Зубрыцкую, быццам зараз вырашалася жыць ёй альбо не жыць. Прыгожыя карычневыя вочы ззялі, як свежы марскі бурштын.

– Добра, Палута, – цёпла зычліва ўсміхнулася Зося, – Будзем сяброўкамі.

Палута аж захлынулася ад шчасця:

– Вялікі дзякуй, панна Зосечка! Няхай твой анёл-ахоўнік моцна трымае цябе за руку!

Потым парывіста абняла брата, цмокнула яго ў шчаку:

– Дзякуй табе, дарагі братка. Сама б я ніколі не адважылася.

Пры ўсіх хваляваннях-перажываннях Еўрапейка ні на міг не забывалася пра Хлопчыка з залатым зубам. Ён цярпліва чакаў яе, стоячы разам з Гарасімам Цвыркуном пад ліпаю, што расла каля сцяны палацыка. Яна таропка падыйшла, спытала:

– Куды ты хочаш каб мы цябе адвезлі?

Хлопчык з залатым зубам зірнуў на Цвыркуна.

– Ён хоча ў Церабілаўскую пушчу, – сказаў Цвыркун.

– Добра, – адразу пагадзілася Зося, – А як жа ты жывеш узімку ў снежным халодным лесе?

Малюк зноў запытальна зірнуў на старшага конюха.

– Ён засынае разам з мядзведзямі. Яны пускаюць яго ў свае берлагі. Там – ціха і цёпла.

Хлопчык з залатым зубам згодна хітнуў галавой.

Селі ў двухконную фурманку Зося, Марцін і Хлопчык з залатым зубам. За фурмана быў Гарасім Цвыркун. У рудавалосага старшага конюха пана Тарноўскага рэзка палепшыўся настрой. Перад самай дарогаю ён даведаўся, што харужы Антоній Жабыка-Жэмба не верне яго ранейшаму пану. Іасафат Тарнаўскі пасля расследвання быў аб’яўлены ворагам дзяржавы, здраднікам-перамётнікам, які ўцёк да зямлі непрыяцельскай, і, значыць, страціў гонар свой і маёнтак свой.

Радасны Цвыркун бадзёра падганяў коней, спяваў на ўвесь голас:

А ў Віцебску на рыначку

П’е галота гарэлачку.

А багаты дзІвіцца,

Чым галота жЫвіцца.

Шынкарачка малада,

Налі піва і віна!

Хоць я сам не сап’ю,

Сябручочкаў напаю.

Пад такую бясконцую песню ехалі густым лесам. Над галовамі шумліва перакрыжоўваліся галіны дрэў. Маленькімі лапікамі сінела неба.

У вядомым толькі яму месцы Цвыркун прыпыніў коней, ссадзіў Хлопчыка з залатым зубам з фурманкі. Той усміхнуўся ўсім, паглядзеў на ўсіх вельмі ўважліва, асабліва, на Зосю Еўрапейку, і пайшоў у зялёную лясную сцяну. І знік у ёй, пэўна ж, назаўсёды.

Калі вярталіся дадому, Зося, заплюшчыўшы вочы, сядзела ў дрогкай фурманцы і ўспамінала незвычайнага маленькага чалавечка. Дзе і як жыве ён пад дажджом і ветрам, пад начнымі зоркамі? Дзеля чаго Бог прывёў яго на зямлю? Яна правальвалася, адплывала ў сон, і ёй бачыўся белы студзёны зімовы лес. Усё да драбніцы замецена снегам. Толькі цёмныя шнуркі птушыных і звярыных слядоў віюцца між зледзянелых дрэў. Пад вываратнем тоўстай спарахнелай елкі, што, рухнуўшы пад напорам старасці, прагавіта ўваткнула ў зямлю вострыя доўгія дзіды сукоў, спіць да вясны буры мядзведзь.

За лета ён добра наеўся ў лесе цёплага мёду і салодкіх малінаў, аўсу і рэпы на хлопскіх палетках. Ён спіць, пакрэктвае ўва сне, а на ягонай шырокай кіпцюрыстай лапе даверліва ляжыць маленькая белавалосая галава Хлопчыка з залатым зубам. “Да вясны, – шэпчуць зімовыя снежныя дрэвы, – Спіце да вясны”.

Дні праз два-тры аршанскі харужы Антоній Жабыка-Жэмба, упэўніўшыся што Востраў голых дзявок не хлопская казка-небыліца, вырашыў са сваёй шляхтаю і атрадам палеманістаў зрабіць раптоўны наезд на асінае гняздо.

– Растопчам драпежных восаў, – сурова сказаў харужы, – Вырвем джалы ў ненаедных тацяў.

Абматаўшы конскія капыты анучамі, светлай чэрвеньскай ноччу ціха паехалі ўбок Церабілаўскай пушчы да возера Чаравач. Перад возерам спешыліся, аддалі коней пад нагляд каняводам, а самі, сціскаючы ў руках зброю, пачалі падкрадвацца да празрыстага ляснога вока. Адтуль патыхала холадам і трывогай.

На абплеценым густым непралазным хмызняком беразе заляглі, прыслухаліся. Было ціха. Толькі тоненька звінела вада ды час ад часу біла хвастом вялікая рыба. Раптам з волкага туману, якім быў ахутаны востраў, што быў сажняў за дваццаць ад берагу, данёсся захлёбісты смех. Потым сыты мужчынскі голас сказаў:

– Поди ка ко мне, девонька-лапонька.

– Не па-нашаму гамоняць. Па-маскоўску, – шапнуў Андрусь Лыжыковіч.

Марцін ляжаў на халоднай макраватай траве, напружана ўзіраўся ў малочную бель туману. Побач гэтак сама ж затаіліся палеманісты і харуговыя шляхцюкі. Вырашылі цярпліва вычэкваць той час, калі там, на востраве, усіх спаўе сон. Лезлі ў вочы і ў вушы камары. Ад іх адсцёбваліся галінкамі вербалозу.

– Долго ты будешь кобениться? – зноў даляцела з вострава. Пачуўся звонкі пляскач – пэўна, нехта схапіў аплявуху.

Але паступова густая цішыня брала ў сваю абладу наваколле. Засыналі і дробненькія казюркі, і рыба ў вадзе, і звяры ў пушчы. Адлюстроўкі нябесных зорак, што ўжо пачыналі кволіцца, бляднець, хісталіся на азёрных хвалях. Неўзабаве зніклі й яны.

– Ідзем, – пракацілася прашалясцела па ланцугу шляхты і палеманістаў. Усе глыбей уздыхнулі, мацней сціснулі ў руках эфесы шабляў, дзяржальны дзідаў і кляўцоў і амаль бясшумна, як здані, пайшлі ў ціхую цеплаватую ваду. Крок, яшчэ крок... Якая неспадзяванка чакае наперадзе?

Марцін брыў па вадзе, стараючыся, каб не нарабіць шуму, не надта шырока расстаўляць ногі. Побач, з левага і правага боку, гэтаксама ішлі Андрусь Лыжыковіч і Андрэй Шаціла. Крок, яшчэ крок...

Вось перад Жабыкам-Жэмбам паўстаў велізарны разлапісты куст ніцай вярбы. Карэнне ягонае было на востраве, але ён на некалькі сажняў рашуча кінуў свае гнуткія трапятлівыя галіны ў азёрную ваду, нібы жадаў захапіць як паболей месца. Марцін, затойваючы дыханне, левай рукою (у правай была шабля) пачаў асцярожна расхінаць мокрыя зблытаныя зялёныя змеі і раптам (ва ўпор!) сутыкнуўся з пранізлівым чалавечым позіркам. Ён ледзьве не крыкнуў, ледзьве не ўпусціў з рукі шаблю. Гарачым камяком бухнула ў грудзях сэрца. Закружылася галава.

На яго глядзела дзяўчына-тапеліца, аголеная, мёртвая, з шырока расчыненымі мёртвымі вачыма. Пэўна, яна, плывучы, зачапілася доўгімі чорнымі валасамі за куст, не змагла выблытацца і захлынулася. Яна стаяла ў кусце нагамі ўверх, хутчэй за ўсё, азёрныя хвалі перавярнулі, перакулілі цела. Пранізлівы мёртвы позірк біў па Марцінавых вачах знізу, з вадзяной тоўшчы. Вось беласкурая тапеліца ўздрыгнула пад напорам вады, заварушылася, гайданулася ўперад і сваімі халоднымі нагамі кранула Марцінаву шчаку. Ён сціснуў зубы, да хрусту ў шыі адкінуў убок галаву. Ён баяўся, што яго пачне ванітаваць і ў думках прасіў Бога, каб той злітаваўся над ім.

Выбраліся на бераг, моўчкі пабеглі да намётаў і буданоў, што там-сям былі раскінуты на невялічкім востраве. Халоднае ранішняе сонца іскрыста ззяла на вострых лёзах клінкоў. Як чорныя вежы, стаялі наперадзе старыя вузлаватыя дубы.

– Литва! Латинники! – паспеў хрыпла крыкнуць барадаты маскавіт, што драмаў, грузна абапёршыся на свой бярдыш. Андрэй Шаціла зваліў яго ўдарам шыпаванай булавы.

Дзікі крык і лямант узвіўся над востравам. Ірвануліся, залапаталі крыллем птушкі з чаратоў і ўзбярэжнага кустоўя. Зазвінела жалеза. Захрабусцелі кальчугі і шчыты. Нехта з маскоўцаў пачаў ліхаманкава біць у паходны звон, што вісеў на самым тоўстым дубе. Палеманісты імгненна падскочылі туды, і званар упаў з перасечаным горлам. Бой ужо бушаваў па ўсім востраве.

Марцін Жабыка-Жэмба, у якога выбілі з рук шаблю, счапіўся ў клубок з вельмі моцным жылістым маскоўцам. Яны бораліся, хапалі адзін аднога за глотку ў шорсткім траскучым пяску з дробнымі вострымі каменьчыкамі. Каменьчыкі тыя балюча ўпіваліся ў цела. На маскоўцу была вяроўчатая цвёрдая кальчуга, і ён стараўся раздзіраць ёю Марцінавы шчокі. Гідліва пахла кіслым потам.

– А каб ты спрах! – крыкнуў нарэшце Марцін і з усяго маху ўдарыў маскоўца па галаве каменем-галышом, што на шчасце падвярнуўся пад руку. У таго цурком палілася з твару цёплая кроў. Ён рыўком ускочыў на ногі, папрасіў:

– Не убивай меня, пан.

– Жыві, – задыхана адказаў Марцін, – Ды толькі не чапай, не псуй нашых дзевак.

Як і трэба было чакаць, Бог аддаў перамогу таму, хто атакаваў і хто змагаўся за справядлівую справу. Зланцужылі з дзесятак маскоўцаў і некалькі мясцовых людзей, шарачковых шляхцюкоў і путных слугаў.

– І буйная птушка трапілася ў сіло, – радасна сказаў Антоній Жабыка-Жэмба сыну.

– Хто? – спытаў Марцін.

– Цівун пана Тарнаўскага Мар’ян Віткоўскі. Зараз дапытаем.

Прывялі цівуна. Настрой у яго быў дужа прыгнечаны. Вусікі абвіслі пад носам, ды й сам цівуноў нос, яшчэ зусім нядаўна такі буйны і ганарысты, нібы патанчэў.

– Што, васпане, рабіў тут такім познім часам? – спытаў аршанскі харужы.

– Днюю і начую на варце багаццяў, якія даў пад маю руку вялікапышны пан Іасафат Тарноўскі, – сціпла патупляючы вока, адказаў цівун.

– І гэтае возера таксама ўладанне пана Іасафата?

Ад такога пытання Мар’ян Віткоўскі зморшчыўся, быццам праглынуў гнілую ягадзіну. Перамінаючыся з нагі на нагу, ён глядзеў на дуб густа абкручаны жалезнымі ланцугамі. Улавіўшы ягоны позірк, Антоній Жабыка-Жэмба падыйшоў да дубу, узяў у рукі некалькі ланцугоў, дзынкуў імі адзін аб другі, пацікавіўся ў цівуна:

– Што гэта?

– Гэта ланцугі, – адказаў Мар’ян Віткоўскі.

– Чые ланцугі?

Зазвінела маўчанне. Харужы махнуў рукою, і пахолкі падвялі дзяўчатак, перапалоханых, ледзьве апранутых.

– Чые вы? – спытаў у іх Антоній Жабыка-Жэмба.

З адказаў вынікала, што яны з усяго Аршанскага павету і належаць многім панам. На гэты востраў іх сілком прыгналі маскоўцы і пан Мар’ян Віткоўскі. Кажучы такое, яны спалохана пазіралі на белагорскага цівуна.

– Кожны вечар з намі гулялі паны жаўнеры, – сказала самая смелая між іх, высокая белакурая дзяўчына з вясёлымі іскрамі ў цёмнаблакітных вачах, – А калі паны жаўнеры ад’язджалі на дзень, нас прыкоўвалі да дубоў. Мы ніяк не маглі ўцячы адсюль. Толькі Лёдзя Навіцкая збегла.

– У Лёдзі былі чорныя валасы? – спытаў Марцін Жабыка-Жэмба.

– Чорныя. Доўгія.

Белакурка з недаўменнем зірнула на Марціна. Той болей нічога не сказаў, павярнуўся да свайго бацькі.

– Пан Мар’ян Віткоўскі, я, харужы Аршанскага павету, зноў пытаю: дзе знаходзіцца зараз ваш патрон пан Іасафат Тарноўскі? – строгім голасам прамовіў Антоній Жабыка-Жэмба.

– Пан ад’ехаў з усім сваім дваром да вялікага князя маскоўскага Васіля Іванавіча, – адказаў Віткоўскі.

– Значыць, пан мне хлусіў, калі казаў, што не ведае дзе ягоны патрон? – грозна бліснуў вачамі харужы.

– Я схлусіў, – не міргнуўшы вокам, адказаў цівун, – Так мне было загадана.

Да яго зноў вярнуліся ўпэўненасць і нахабства. Вусікі задзёрліся ўгору і нагадвалі крылцы ваяўнічай птушкі. Ён зразумеў, што пакуль што яму нічога не пагражае. Мужыцкіх дзевак зганялі на востраў маскоўцы. Пан Іасафат уласнай панскай воляю адбыў да маскоўцаў. Прычым тут ён, Мар’ян Віткоўскі?

Як бы там ні было, але Востраў голых дзявок апынуўся ў руках мясцовай улады, якой з’яўляўся аршанскі харужы Антоній Жабыка-Жэмба. Палонных маскоўцаў пагналі ў Воршу. Шарачковую шляхту, путных слугаў і Мар’яна Віткоўскага, што аддаліся вялікаму князю маскоўскаму Васілю Трэцяму, было вырашана прытрымаць у Воршы, а потым, калі падыйдзе паспалітае рушэнне з Менску, аддаць на суд найвышэйшага гетмана Кішкі.

Калі вярнуліся ў Адроўскае сяльцо, Марцін Жабыка-Жэмба пайшоў у палацык да Язэпа Ранцэвіча. Стары палеманіст сустрэў яго вельмі-вельмі прыветліва. Частаваў віном, смачным печывам, салодкасцямі. Не зводзіў з Марціна вачэй, у якіх гарэла захапленне.

– Ты такі ж самы, як твой дзед Марцін. Усе кропелькі пабраў, – казаў ён, – Але ты, сённяшні, вышэй свайго дзеда. Чаму? А таму, што жыццё не стаіць на месцы, нястрымна цячэ, як рака, разліваецца-развіваецца. Ты – шляхціц, як і твой бацька, але ўжо не такі шляхціц. Яшчэ, здаецца, учора казалі: “Дзе збіраецца шляхта, там льюцца гарэлка і кроў”. Сёння, вялікі дзякуй пану Богу, такое мы чуем усё радзей. Сёння ўжо часта мы чуем: “Yende pallium, eme libros” – “Прадай плашч, купі кнігі”. Мы, шляхта і духоўнікі, у адказе перад вечнасцю і панам Богам за Вялікае княства Літоўскае. Мінулым летам памёр вялікі князь літоўскі Аляксандр, які быў жанаты з сястрою маскоўскага князя Васіля Іванавіча Аленай, і маскавіт надаўмеўся, каб менавіта яго, Васіля, абралі вялікім князем літоўскім. Але хіба ў нашым Гаспадарстве не хапае светлых галоў і адважных вояў? І яму паказалі, як у нас кажуць, гарбуза. Васіль страшэнна абурыўся, аб’явіў нам вайну. А ягоная сястрыца Алена Іванаўна, якая ў лістах да свайго бацькі Івана Трэцяга называла сябе “твоя девка”, ні на ёту не адступілася ад маскоўскага праваслаўя, бо бацька ейны строга-настрога аб’явіў: “Скажите от нас брату и зятю нашему, великому князю Александру, чтоб нашей дочери никаким образом к римскому закону не нудил; если бы даже наша дочь и захотела приступить к римскому закону, то мы ей на то воли не даем”. Вось паслухмяная дочка і падбухторвала праваслаўных віленцаў на мецяжы, на адпад ад Вялікага княства Літоўскага. Некаторыя з удзельных князёў і буйных магнатаў-паноў паверылі ёй. Да Масквы спехам ад’ехалі князі-здрадцы Сямён Бельскі, Сямён Мажайскі, Васіль Шамячыч, чарнігава-северскія і вярхоўскія князі разам са сваімі дварамі, баярамі і слугамі. Але трэба разумець, што ёсць маскоўскае праваслаўе і спрадвеку ёсць наша ліцвінскае праваслаўе. Гэта, як дзве ракі, у нечым падобныя, ды ў найгалоўнай большасці сваёй самастойныя, са сваім асаблівым, адрозным адно ад другога цячэннем.

Ранцэвіч на імгненне змоўк, упэўніўся, што малады ліцвін слухае яго вельмі-вельмі ўважліва, пачаў казаць далей:

– Вось ты гаварыў, што пан Іасафат Тарноўскі з усімі сваімі людзьмі таксама ад’ехаў да Масквы. Мы парадзіліся з панам Мацеем, – ён зірнуў на Кветку, што, як заўсёды, быў побач, – і падумалі, што й ты, пан Марцін, мог бы зрабіць такім жа самым чынам. Каб не прыцягваць нічыю ўвагу, ты мог бы са сваімі палеманістамі таксама паехаць убок Маскоўшчыны і стаць пад бацькоўскую руку вялікага князя маскоўскага Васіля Трэцяга, верай-праўдай служыць яму.

– Вы хочаце, каб я зрабіўся здрадцам?! – чырванеючы, гнеўна ўсклікнуў Марцін Жабыка-Жэмба. Ён аж адступіў ад Язэпа Ранцэвіча.

– Пра што ты кажаш, пан Марцін? – захваляваўся Ранцэвіч, – Вось не чакаў, што ты такі дужа гарачы. Ніхто не змушае цябе быць здрадцам. Думаю, ты ведаеш, што самы мярзотны здрадца на ўсе часы – Юда. Гэта ён за трыццаць дынараў прадаў рымлянам Хрыстуса. Самы ж першы дакладна вядомы здрадца – грэк Эфіальт. Пад Тэрмапіламі ў 480 року да Хрыстовай эры ён паказаў персам горную сцяжынку, што вяла ў тыл спартанцам. У цябе ж зусім іншая справа. Ты – шляхціц, рыцар. Ты павінен выбавіць з варожай няволі, з маскоўскіх цянётаў князя Канстанціна Астрожскага. Зразумей – для перамогі, для богаўгоднай справы калі-нікалі можна схлусіць ворагу. Бог усё ўбача і ўсё даруе. Сказана: “не будзь ілжывым сведкам”, але не сказана: “аддай на вароп і знішчэнне ворагам бацькоўскую зямлю”. Трэба выбіраць. І ты, я цвёрда ўпэўнены, выбераш, як шляхціц-ліцвін, вернасць роднаму краю. Ці так я думаю?

– Так, – дрогкім прачулым голасам сказаў Марцін Жабыка-Жэмба і пакланіўся мудраму старому.

 

Колькасць прачытаўшых: 885
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Назаві сына Канстанцінам.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка I.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка II.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка III.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка IV.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка V.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка I.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка II.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка III.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка IV.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка V.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка I.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка II.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка III.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка IV.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка V.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка I.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка II.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка III.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка IV.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка V.
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007