IV
– Косцік – матчын хвосцік! Косцік – матчын хвосцік!
Звонкая вясёлая дражнілка нясецца з глыбокага яру, што густа і непраходна зарос ляшчыннікам, бярэзнікам, калючай зялёна-чырвонай шыпшынай. Там заўсёды пануе таямнічы вільготны паўзмрок, уюць гнёзды птушкі, поўзаюць, хутка і шархотка, гадзюкі, што крадуць з гнёздаў яечкі і птушанятак-падлёткаў.
Ён, Косцік, добра ведае пра гэта. Са сваёю малодшай сястрой Марыяй (усе завуць яе Марыйка) стаіць ён, шасцігадовы шчаслівы, на залітай сонцам строме Замкавай гары каля выкладзенай з валуноў і шурпатай доўгай плінфы сцяны вежы-данжона. Сцяна цёплая ад яркіх сонечных праменняў. Вежа магутная высокая. Ён задзірае галаву і бачыць неба, бясконцае, сіняе, і няўпынныя чародкі белых воблачкаў. Усё гэта – гара, вежа на ёй, прыгожая царква, глыбокія ірвы – Астрожскі замак. Ён, малы Косцік – патомны князь Канстанцін Астрожскі. Яго чакае слаўная будучыня – так кожны вечар, кладучы дзяцей спаць, крэслячы над імі тонкімі пальцамі знак святога крыжа, гаворыць іхняя маці. Яна, матуля Настуля, гаворыць гэта пра ўсіх сваіх дзяцей, двух сынкоў і пецярых дачок, але ён, Канстанцін, упэўнены, што гэта тычыцца толькі яго. Не, ён любіць брата і сясцёр, ён жадае ім шчасця і радасці, ды ў маленькім хлапчуковым сэрцы ўжо пачынае прарастаць дзіўнае трывожнае насенне. Ён бачыць сябе адважным закаваным у бліскучыя даспехі ваяром. У ягонай руцэ меч альбо булава. Ён імчыцца на грывастым чорным кані праз шырокі стэп. Конь ірве моцнымі вострымі капытамі сівы кавыль і дурманны палын. Вораг (гэта крымскі татарын, пра якога толькі й размовы наўкол) уцякае ці валіцца на калені.
– Ты – Канстанцін, – часта кажа яму настаўнік-балгарац Вылка, які навучае ўсіх дзетак князёў Астрожскіх царкоўна-славянскаму пісьменству, – Гэта вельмі высокае і пачэснае імя. З гісторыі людзям вядомыя два славутыя Канстанціны. Канстанцін Святы альбо Канстанцін Вялікі, што зрабіў Рымскую імперыю, а, значыць, і ўвесь тагачасны свет хрысціянскім. І Канстанцін Палеалог, які са зброяю ў руках мужна загінуў, абараняючы ад мусульманскіх полчышчаў Візантыю. Ты, бачу на тваім чале, хлопчык, станеш Канстанцінам Трэцім. Ты будзеш самааддана ахоўваць сваю зямлю, сваю радзіму ад ворагаў, што ненажэрна палезуць з поўдня і з усходу. У шмат якіх пабаявішчах будзе пераможна звінець твой меч і грукатаць твая булава, і нашчадкі назавуць цябе, уганароўваючы тваю доблесць, новым Сцыпіёнам. Смела глядзі наперад, хлопчык, бо ў тваіх жылах цячэ кроў тураўскіх князёў і кроў самога Усяслава Чарадзея.
– Косцік – матчын хвосцік! – нясецца тым часам з таямнічага яру, – Косцік!
Гэта крычыць старэйшы брат Міхаіл.
Але вясёлы братаў крык адбіваецца адскоквае ад свядомасці, як адбіваюцца і адскокваюць ад магутнай вежавай сцяны дажджынкі падчас порсткага ўсёсакрушальнага летняга ліўню. Ён не маленькі Косцік, не. Ён – Канстанцін! Ах, Вылка, Вылка, навошта высокімі мроямі ты назаўжды параніў хлапчукову душу? Ён зноў адчувае ў сваёй руцэ цяжкое халоднае дзяржальна булавы. Вось ён мацней, аж да болю ў далоні, сціскае дзяржальна, вось пачынае шырока размахвацца булавой...
Дружны густы рогат нішчыць мрою. Быццам з рэзкім пранізлівым хрустам рассыпаецца на дробныя кавалачкі высокая шкляная сцяна.
Князь Астрожскі ўздрыгнуў усім сваім целам, адкрыў вочы. Маскоўцы везлі яго ў жалезнай клетцы. За абедзьве рукі ён быў прыкаваны ланцугамі да прутоў клеткі. Вось чаму ўва сне ўбачылася-адчулася металічнае дзяржальна булавы. Побач, у другой палове перагароджанай клеткі, стаяў гэтак жа прыкуты дворны маршалак Рыгор Станькавіч Осцік. Яны сустрэліся позіркамі і ні слова не сказалі адзін адному. Нарэшце парушыў маўчанне Осцік:
– Хрыстос трываў і нам загадаў.
Канстанцін, пагаджаючыся з ім, кашлянуў. Затым паглядзеў на дарогу. Там, узбіваючы слупы сухога шэрага пылу, брылі з апушчанымі галовамі ягоныя воі, што патрапілі ў палон да маскоўцаў. Вясёлыя маскоўцы, вершнікі і пешцы, віліся, гулі вакол іх, як пчаліныя раі. Яны выхваляліся адзін перад адным сваім геройствам і з пагардаю пазіралі на палонную літву.
14 ліпеня 1500 року на Міцькавым полі, на рацэ Вядрошы непадалёк ад горада Дарагабужа, якраз у гадавіну перамаганоснай для маскоўцаў Шалонскай бітвы, у якой яны разграмілі наўгародскую раць, войскае шчасце зноў усміхнулася вялікаму князю Івану Трэцяму. Пэўна, недарэмна загадаў ён, паслухаўшыся парады жонкі Зоі-Соф’і, вЫразаць на сваёй гасударавай пячатцы візантыйскага дзвюхгаловага арла. Па першым часе вельмі ўдала дзёўб шматгаловы арол суседзяў Масковіі.
Трасучыся, як звер, у жалезнай клетцы, Канстанцін зноў і зноў прыпамінаў адгрымелую бітву, і свае гетманскія словы перад ёю: “Мала ці многа маскоўскіх будзе, ды толькі ўзяўшы Бога ў падмогу біцца з імі, а не біўшыся з імі, назад не вяртацца”. Пад рукой у ваяводы Данілы Шчэні аказалася 40 тысячаў. Ён, Канстанцін Астрожскі, меў усяго чатыры з паловай тысячы вершнікаў. І ўсё-ткі ён не паказаў ворагу хвост, а з поўнага ходу, павёўшы сваіх людзей праз лес і балота, адважна ўвязаўся ў сечу, урэзаўся ў варожую сцяну. Чаму?
– Чаму? – услых спытаў ён самога сябе. Рыгор Осцік у суседняй клетцы уздрыгнуў. Дворнаму маршалку падалося, што пераможаны гетман з’язджае з глуздоў.
Але галава ў Астрожскага была надзіва ясная. Ён памятаў, што перад самым пачаткам пабаявішча быў цвёрда упэўнены ў перамозе. З прадчуваннем непаэбежнай перамогі павёў людзей у наступ. Да апошняга ўзмаху булавы верыў у перамогу. Чаму?
Балгарац Вылка расказваў яму, што імператар Канстанцін Палеалог, абараняючы Канстанцінопаль, на кожнага свайго салдата меў дваццаць асманаў, якія люта лезлі на сцяну. І ўсё-ткі імператар верыў у перамогу, верыў у Хрыста і ў хрысціянскую Еўропу, якія яму дапамогуць. Палеалог загінуў, ды не здрадзіў гэтай сваёй веры.
Ваявода Шчэня зламаў ліцвінскія шэрагі, ударыўшы засадным палком і разбурыўшы мост праз раку Трасну. Тапіліся людзі і коні. Адляталі жыцці. Ён, Канстанцін Астрожскі, паранены зваліўся з параненага каня, адчуў на сваім горле каляны татарскі аркан.
Ён стаяў у жалезнай клетцы. Нямелі ў ланцугах рукі. Балела працятае маскоўскім жалезам плячо Ён думаў.
Бог ніколі не адступаецца ад чалавека. Гэта я ў нечым адступіўся ад Бога. І караюць мяне сілы нябесныя. Спакою хачу, але забраў Бог спакой з душы маёй. Нібы ў мурашнік кінута сэрца. Балюча сэрцу майму. У Маскву вязуць, а там, чуў, у халодную Волагду пацягнуць. На ланцугу буду сядзець, як апошні пёс. У мёрзлай бруднай яме сканаю. Сваімі пазногцямі буду карміцца.
І ўсё-ткі, калі б зноў падвялі яму гарачага войскага каня, далі тарч і булаву, ён зноў бы, ні імгнення не вагаючыся, павёў на ворага свае палкі.
Пад’ехаў на рудым жарэбчыку масковец, адзін з сыноў баярскіх, шырока бесклапотна ўсміхаючыся, сказаў:
– Ну что – отвоевался, латинник?
– Я – праваслаўны, – зірнуў на яго з вышыні сваёй падводы гетман.
– Коль ты православный, ты должон быть слугой московского православного государя.
Астрожскі ўсміхнуўся:
– Я бачу, што ты праваслаўны. Тады адкажы: колькі канцоў у праваслаўнага крыжа? Маўчыш, бо не ведаеш. Восем канцоў. А, значыць, восем дарог ва ўсе бакі Божага свету. Восем. А не толькі адна ваша, маскавіцкая.
Сын баярскі ажно прысвіснуў ад здзіўлення і ўзбіў на патыліцу сваю калматую барановую шапку. Затым грозна нахмурыў чорныя кусцістыя бровы, махнуў плёткаю:
– Вот как ты поешь, чужеземная пташечка.
Азірнуўшыся ва ўсе бакі, ён крыкнуў некаму:
– Ану езжай сюда!
Да падводы, на якой у жалезнай клетцы везлі гетмана Канстанціна Астрожскага, жвава прыкапыціў на сівенькім кані даўгавусы таўсцячок.
– Ты кто? – спытаў у яго сын баярскі.
– Шляхціц з-пад Шклову Парфён Сініца. Еду біць чалом да гасудара маскоўскага і ўсяе Русі Іаана Васілевіча, каб узяў мяне, маіх сямейнікаў і ўсё маё іменне пад сваю клапатлівую гасудараву руку, – са шчаслівым бляскам у маленькіх, як бы падслепаватых вачах адказаў таўсцячок.
– Вот видишь, – паказаў Канстанціну плёткаю на Парфёна Сініцу масковец, – Он едет в Москву на поклон. Значит, он не дурачина. А почему и тебе не поклониться нашему государю-батюшке? Чай, шея не отсохнет. Поклянись государю Иоанну Васильевичу в верности, и он щедро вознаградит тебя землями и холопьями.
– Я ўжо прыносіў роту вернасці вялікаму князю літоўскаму Аляксандру. І вялікі князь за маю службу Айчыне даў мне землі і маёнткі. І гетманскую булаву ўручыў са сваіх вялікакняжых рук, – спакойна, з лёгкай усмешкаю на твары прамовіў Астрожскі, – Мне хапае шчадротаў.
– Едзь, бі чалом гасудару маскоўскаму, – раптам ублытаўся ў іхнюю гаворку Парфён Сініца.
Гетман Астрожскі глянуў на яго, як на восеньскую збродлівую муху, трасянуў доўгай цёмнарусай барадой:
– Прыхваснем маскоўскім не быў і не буду.
– Ах, так он Великая Булава! Великая Булава! – закрычаў сын баярскі, зняў барановую шапку і пачаў, крыўляючыся, як блазен, кланяцца Астрожскаму:
– Пощади меня, своего нижайшего раба, Великая Булава. Не вели сечь плетьми на твоей конюшне. Чего изволишь приказать мне, Великая Булава?
Ягоны твар раптам усчарнеў ад гневу. Ён густа плюнуў, з усяго маху пляснуў сваю шапку пад ногі каню ў дарожны пыл, закрычаў:
– Сюда, робяты! Здесь едет Великая Булава! Тузи его!
Адразу ж каля гетманавай падводы закруцілася на вёрткіх конях з дзесятак маскоўцаў. Маладыя дзёрзкія вочы свяціліся вострым чаканнем нечага незвычайнага. Некалькі чалавек закрычала:
– Будем вешать собак!
Спынілі падводу. Прыцягнулі на шворках двух вялізных вартаўнічых псоў. Сабакі екаталі, прадчуваючы сваю смерць. Іх забілі, звязалі хвастамі і павесілі на шыю палоннаму гетману. Сабачая кроў капала яму на ногі. Ён стаяў, бледны, сцішэлы, нешта шаптаў, пэўна, маліўся. Ягоны сусед па клетцы дворны маршалак Рыгор Осцік чакаў і для сябе такога ж пакарання, нервова грыз ніжнюю патрэсканую ад спёкі губу. Ды яго пакінулі ў спакоі.
Зноў кранулася марудлівая падвода. Шэры пыл, як хмара, узвіўся над дарогаю. Людзі і коні ніжэй нахілілі галовы, сабралі рэшткі сілаў і рушылі праз гарачыню і задуху. Ісці яшчэ ой як далёка.
Гетман, раскінуўшы, як крылы, прыкаваныя да клеткі рукі, пакрысе супакойваўся, думаў. Думаў пра людзей і пра сабак. Ну што, адбегаў сваё, сабака-шаляка? Адгаўкаў, адвыў? І заціх нарэшце на гетманавай шыі. А неблагое месца знайшоў ты сабе, хвастаты забіяка. Ды нічога. Хрыстос трываў і нам загадаў.
Канстанцінавы думкі пачыналі ісці шырэй і глыбей. Нездарма кажуць: калупні любога маскоўца і знойдзеш татарына. Кожнае лета нападаюць на Літву. Татары, каб узяць чалавечы ясыр, маскоўцы, каб ратаваць адзінаверцаў. Добра ратуюць, нічога не скажаш. Выводзяць з гарадоў у Маскоўшчыну збройнікаў, шабельнікаў, рэзчыкаў па дрэве і косці, парахоўшчыкаў, сярэбранікаў, замочнікаў, залатароў, кафельнікаў, ствольнікаў. З храмаў вывозяць каштоўныя абразЫ і старадаўнія кнігі. З вёсак гоняць мужыкоў-хлебасеяў.
Колькі разоў спрабавалі замірыцца з Масквою. Нарэшце вялікі князь Аляксандр, жадаючы спакою і шчасця Айчыне, у студзені 1494 року паслаў у Маскву сватоў Пятра Белага і Станіслава Гаштольда, каб прасіць рукі старшай гасударавай дачкі Алены. Паслы сказалі Івану: “Наш Гаспадар хоча жыць з табой у такім жа саюзе, як жыў дзед ягоны Вітаўт з тваім дзедам Васілём. Тваёй бабкай, а маскоўскай вялікай княгіняй была ліцвінка Соф’я Вітаўтаўна. Успомні ейныя добрыя рукі і залатое сэрца. Яна памёрла, адыйшла ў Хрыстова царства, у той самы год, калі пад напорам басурманаў рухнуў Канстанцінопаль. Давай з’яднаем сем’і нашы, каб не ваяваць адзін супроць другога, а устаць сцяною за хрысціянства”.
Іван Васілевіч даў згоду на шлюб. Ён, як, бадай, кожны бацька, любіў сваю дачку. Вось што ён пісаў ёй у Вільню:
“Приказывала ты ко мне о горностаях и о белках, и я к тебе послал 500 горностаев да 1500 подполей, приказывала ты еще, чтоб прислать тебе соболя черного с ногами передними и задними и с когтями; но смерды, которые соболей ловят, ноги у них отрезывают; мы им приказали соболей черных добывать, и, как нам их привезут, мы к тебе пошлем сейчас же. А что ты приказывала о кречетах, то теперь их нельзя было к тебе послать: путь не установился, а как путь установится, то я к тебе кречетов пришлю сейчас же”.
Роўна праз год маладая з вялікай світаю князёў пакіравалася з Масквы ў Вільню. Яе віталі гарматнымі залпамі-салютамі Смаленск, Віцебск і Полацк. У ёй бачылі нявесту любові і згоды, яркую добрую кветку, што ўзыйдзе расцвіце паміж шэрага попелу бясконцай вайны.
Канстанцін Астрожскі таксама сустракаў яе. У мястэчку Маркаў, ужо непадалёку ад стольнай Вільні, яны, 60 давераных асобаў вялікага князя Аляксандра на чале са Станіславам Кішкам, стоячы шпалерамі, радасна ўсміхаліся ёй, кідалі пад ногі грошы і кветкі, калі яна ішла да абшытага аксамітам вазка, у які было запрэжана 8 белых коней з пазалочанай збруяй. Ён, Канстанцін, запомніў ейны позірк, позірк, у якім, як віно, віравала маладое іскрыстае шчасце.
Спачатку яна, Алена, была “верной девкой” свайго суровага бацькі, маскоўскага гасудара. Яна амаль кожнага дня слала яму ў Маскву шматслоўныя лісты-справаздачы, у якіх запэўнівала, што “крепко держит греческий закон, не впадает в латинство”. Яна патаемна сустракалася з мясцовымі княжатамі і панятамі, якія былі незадаволеныя верхавенствам пры віленскім двары католікаў. Але паступова, дзень за днём, кропля за кропляй, тутэйшае жыццё змывала шэрую плёнку з ейных вачэй. Яна бачыла наўкол сябе маладых радасных людзей, шляхціцаў і шляхцянак, якія падарожнічалі па ўсёй Еўропе, наведвалі Рым і Вену, Кракаў і Парыж, якія апраналіся з найвялікшым вытанчаным густам і, калі танцавалі прыгожыя высакародныя танцы, здавалася, пад чароўную музыку грацыёзна плывуць вянкі яркіх кветак. Гэта не йшло ні ў якае параўнанне з халоднай хмурай Масквою, дзе дзяўчаты і маладыя жанчыны сохлі, гублялі маладосць у багатых, замкнутых на жалезны ключ святліцах. З цягам часу мяняюцца яе лісты да бацькі.
“Господин и государь батюшка! Вспомни, что я служебница и девка твоя, а отдал ты меня за такого же брата своего, каков ты сам; знаешь, что ты ему за мною дал и что я ему с собой принесла; но государь муж мой, нисколько на это не жалуясь, взял меня от тебя с доброю волею и держал меня во все это время в чести и в жаловании и в любви, какую добрый муж обязан оказывать подружию, половине своей. Свободно держу я веру христианскую греческого обычая: по церквам святым хожу, певцов на своем дворе имею, литургию и всякую иную службу божью совершают передо мной везде, и в Литовской земле, и в Короне Польской. Государь мой король, его мать, братья-короли, зятья и сестры, и паны радные, и вся земля – все надеялись, что со мною из Москвы в Литву пришло всё доброе: вечный мир, любовь кровная, дружба, помощь на паганство; а теперь видят все, что со мною одно лихо к ним вышло: война, рать, взятие и сожжение городов и волостей, разлитие крови христианской, жены вдовами, дети сиротами, полон, крик, плач, вопль! Таково жалование и любовь твоя ко мне! По всему свету поганство радуется, а христианские государи не могут надивиться и тяжко жалуются: от века, говорят, не слыхано, чтоб отец своим детям беды причинял. Лучше бы мне под ногами твоими в твоей земле умереть, нежели такую славу о себе слышать, все одно только и говорят: для того он отдал дочь свою в Литву, чтоб тем удобнее землю и людей высмотреть. Помяни, Бога ради, меня, служебницу свою и кровь свою, оставь гнев неправедный и нежитье с сыном и братом своим и первую любовь и дружбу к нему соблюди, чтоб кровь христианская больше не лилась, поганство бы не смеялось, а изменники ваши не радовались бы, которых отцы предкам нашим изменили там, на Москве, а дети их тут, в Литве”.
Бясконцы доччын плач! Ліст за лістом, слова за словам, сляза за слязой. Але ўсё гэта, як восеньскі дожджык, які можна не заўважаць. Паплача, парумзае дурная дзеўка, ды й сціхне. Галоўнае – “собирать Русь”! Хоча Русь гэтага збірання, не хоча – у яе, Русі, не пытаюць. Праглынулі Ноўгарад, Пскоў, Разань і Цвер. Іхнія золата і срэбра, хлеб, мёд і футравіна ракою пацяклі ў Маскву. З’явіліся велькія грошы. Можна наймаць італьянскіх дойлідаў-каменесечцаў і, на зайздрасць суседзям, шыкоўна будаваць, узводзіць пад нябёсы Першапрастольную-Белакаменную. Не хапае грошай? А побач жа ляжыць багатая Літва, “наша дедина и отчина”. Пойдзем туды.
Барацьба з туркамі-асманамі, крыжовая выправа хрысціянскіх дзяржаваў супроць захопнікаў Канстанцінопалю, да якой заклікае рымскі Папа – усё гэта той жа восеньскі дожджык. Яшчэ толькі султан Мехмед пачынаў зацягваць шнурок на горле рамейскай сталіцы, яшчэ толькі па ўсёй Еўропе пачалі збірацца добраахвотнікі, каб дапамагчы грэкам-хрысціянам, а Маскоўская праваслаўная царква (у 1448 годзе, за пяць гадоў да катастрофы!) ужо аддзялілася ад Канстанцінопальскага патрыярхату, аб’явіла сябе Аўтакефальнай. Якія ўжо тут добраахвотнікі?
За гэты час туркі і іхнія (з 1475 году) васалы, менглі-гірэеўскія крымскія татары ператварыліся для Маскоўшчыны з дзікіх ваўкоў у рахманых міралюбных авечак. Вось як Іван Трэці павучаў сваіх паслоў, што ехалі ў Крым:
“Если Менгли-Гирей захочет идти на Литовскую землю, то не отговаривать, только не идти самому с татарским войском. Если приедут литовские послы в Крым за перемирием, то говорить Менгли-Гирею, чтоб он не мирился, а если он скажет, что великий князь перемирье взял, то отвечать: “Великому князю с литовским прочного миру нет: литовский хочет у великого князя тех городов и земель, что у него взяты, а князь великий хочет у него своей отчины, всей Русской земли; взял же с ним теперь перемирье для того, чтоб люди поотдохнули да чтоб взятые города за собою укрепить: которые были пожжены, те он снова оградил, иные детям своим отдал, в других воевод посажал, в которых люди были недобры, тех он вывел да все города насадил своими людьми…” Детей ханских послы должны уговаривать, чтоб не давали отцу мириться с Литвою. “Ведь вам тогда не воевать: так у вас весь прибыток отойдет”.
Вялікі князь маскоўскі Іван Трэці клапаціўся, як бачна, аб крымска-татарскім “прыбытку”. А што гэта такое, што за прыбытак такі? А гэта спаленыя гарады і мястэчкі, мёртвая чорная пустыня ад Кіеву да самай Вільні, здратаваныя татарскай конніцай хлебныя нівы, забітыя воі і нямоглыя дзяды, згвалтаваныя маладзенькія дзяўчаткі і дзесяткі тысячаў “ясыру”, скручаныя мусульманскімі калянымі вяроўкамі і сырыцай хрысціянскія палонныя, якіх прададуць у рабства ў крымскай Кафе.
Найвышэйшы гетман Канстанцін Астрожскі добра разумеў усё гэта. І зараз, у жалезнай клетцы, зняволены і зняважаны, унутраным абвостраным зрокам ён прабягаў усё сваё зямное жыццё ад залатых дзён малалецтва да Вядрошы і з радасцю прыпамінаў, што заўсёды жыў, стараўся жыць па хрысціянскім законе. Тады, калі сямігадовым хлапчуком даведаўся аб раптоўнай смерці сваёй маці і свайго бацькі, ён зразумеў – ён – сірата, ён нікому непатрэбны на гэтай апусцелай халоднай зямлі акрамя Бога. Бог з гэтага часу – ягоныя бацькі. За адну-адзіную ноч у бацькоў на целе з’явіліся яркачырвоныя, а затым чорныя плямы. За адну-адзіную ноч згаслі іхнія жыцці. Перад гэтым яны вытрымалі сямідзённую аблогу ў невялічкай стэпавай крзпасці, стаяла дзікая спякота, скончылася вада, а татары кідалі ў крэпасць праз земляны вал здохлых сабак і кошак. “У памяць, у гонар сваіх рана памерлых бацькоў я буду, дзе толькі здолею, будаваць хрысціянскія храмы”, – пакляўся ён у той горкі лёсапераломны дзень самому сабе.
Ён быў праваслаўны, як і ўвесь ягоны старадаўні род. Праваслаўнымі былі й тыя, што пасадзілі яго, як жывёліну, у жалезную клетку, начапілі на шыю яму, найвышэйшаму гетману Вялікага княства, смярдзючых сабак. І ён разумеў: як ёсць розныя людзі і дрэвы, так ёсць і рознае праваслаўе. У 1482 годзе з намовы вялікага князя праваслаўнай Масквы Івана Трэцяга арда крымскага хана Менглі-Гірэя наляцела, як чорная саранча, на Кіеў. Знішчылі, спалілі пасад і замак. Зруйнавалі хрысціянскія храмы. У Пячэрскім кляштары згвалцілі і пазабівалі манашак, выграблі, да апошняга пенязя, увесь скарб. А залатыя царкоўныя сасуды са знявечанай кіеўскай святой Сафіі Менглі-Гірэй урачыста падараваў Івану Трэцяму.
“Такое праваслаўе не можа быць маім”, – узіраючыся праз хмары шэрага гарачага пылу на ланцужок сваіх зняволеных вояў, думаў гетман, – “У мяне і ва ўсёй маёй дзяржавы ёсць сваё праваслаўе. І я гатоў ахвяраваць яму ўласнае жыццё”.
Тым часам вясёлыя дзеці баярскія надумалі новую забаву. Спынілі падводу, на якой везлі Астрожскага і Осціка, пачалі праводзіць каля яе палонных ліцвінаў. Меркавалася, што тыя, убачыўшы ў якім прыніжаным, у якім мізэрным стане знаходзіцца іхні баявы найвышэйшы гетман, затрымцяць, як лісце на восеньскай асіне, адчуюць усю веліч і моц Маскоўшчыны. Ды ўсё атрымалася наадварот.
– Дзеці мае! – зычна гукнуў-крыкнуў з жалезнай клеткі Канстанцін Астрожскі, – Ільвы і тыгры! Пушчанскія ваўкі! Вышэй галовы, дзеці мае! Нішто не зломіць сілу нашую! Ніхто не паставіць на калені дарагую нашу айчыну, Вялікае княства Літоўскае! Я побач з вамі! Я між вас! Дзякуй вам, дзеці мае, за мужнасць вашу і за веру вашу!
Гэты голас быў, як гром з яснага неба. Узняліся галовы. Заблішчзлі вочы. Узвіліся кулакі.
– Гетман! Наш гетман! Віват, гетман! – загрымела наўкол. Налітыя жалезнай усёсакрушальнай стомай палонныя людзі распроствалі спіны і плечы. І быццам развейваўся дарожны едкі пыл. Цвярдзейшымі рабіліся ногі. І жыццё, што, здавалася, скончылася на праклятай Ведрашы, яшчэ толькі пачыналася, толькі разгаралася.
Дзеці баярскія яўна не чакалі такога і разгубіліся. Што рабіць з Астрожскім і палоннай літвой? Як заткнуць ім раты?
У гэтае імгненне падляцеў шыкоўны абабіты бліскучымі металічнымі бляхамі вазок, у які была ўпрэжана парка сытых гладкіх коней. З вазка вываліўся, выскачыў моцны рухавы чалавек з пятаў да галавы закаваны ў жалезны нямецкі даспех. У ягонай руцэ блішчэла шабля.
– Что за галдёж?! – прарэзліва крыкнуў жалезаносец і грозна ўзмахнуў шабляй.
Сыны баярскія заплюшчылі вочы і адчулі, як іхнія калені зрабіліся мяккімі.
– Воевода Данила Щеня, – прашалясцела між імі.
Ваявода суровым уладным вокам зірнуў на іх, на палонную літву, на жалезную клетку. Сустрэўшыся з позіркам Канстанціна Астрожскага, уздрыгнуў тоўстымі абпечанымі ліпеньскім сонцам шчокамі. Потым люта павярнуўся да сваіх:
– Вы что, сучье племя?! Вы знаете, кто он? У него в жилах – кровь Рюриковичей! Да по крови этой он сродник нашему великому князю Иоанну Васильевичу. Кто глумился над ним, заточил в клетку и навесил на рыцарскую шею мерзких псов? Отвечать, иначе кликну татар с арапниками, и шкура ваша клочьями полетит!
Ніхто з дзяцей баярскіх не хацеў ахвяраваць уласнай скураю, і вельмі хутка высветлілася, што зачыншчыкам-падбухторшчыкам глуму быў Васька Вельямінаў. Адразу ж ён паўстаў перад светлымі вачамі ваяводы Шчэні.
– Не дело, боярин, так над христианским рыцарем измываться, – люта зірнуў на яго ваявода, – Поблагодарствуй своему родителю Лександру Панфутьевичу, которого я знал и знаю, иначе пополз бы ты отсюдова со вспоротым задом. Бить-терзать я тебя не буду. Живи. Но плату за содеянное получишь.
Ён павярнуўся да сваёй світы:
– Гетмана литовского со товарищем евоным из клетки выпустить. Сына боярского Ваську Лександрыча Вельяминова засадить вместо них в клетку эту и на глупую шею евоную дохлых псов нацепить. Пусть попрохлаждается по дороге на Москву.
Ваяводаў загад выканалі. Васька Вельямінаў паехаў у клетцы, а Канстанціна Астрожскага і Рыгора Осціка, зняўшы з іх ланцугі, пасадзілі ў прасторную фурманку на мяккія набітыя сенам падушкі.
– Дзякуй табе, пан ваявода Даніла Васілевіч, – сказаў Астрожскі Шчэню, – Хрысціянскую душу маеш. Ведаем мы, што ты з Гедзімінавічаў і рыцар харобры.
Шчэня ўважліва зірнуў на палоннага гетмана чорнымі вачамі, нешта хацеў сказаць, але перадумаў, палез у свой вазок. У клетцы ад вялікай крыўды-знявагі завыў, заскуголіў сын баярскі Васька Вельямінаў.
Нарэшце далі адпачынак спакутаванаму целу, і ўзрадавалася душа. Астрожскі, з асалодаю выпростваючы ногі, паглядзеў на таварыша па няшчасці, на Рыгора Осціка, амаль весела сказаў:
– Не вешай галаву, пан дворны маршалак. Некуды ж прыедзем.
І зноўку паплылі, паляцелі думкі. Размашыстую сілу набірае Масква. Вялікі князь Іван Васільевіч, учарашні татарскі халоп, які ў 1480 годзе на рацэ Угры абарваў нарэшце ланцугі ардынскага іга, па навучанню жонкі-рамейкі Соф’і прыўкрасіў свой тытул. Сёння ён ужо – “Иоанн, Божиею милостью государь всея Руси и великий князь Владимирский, и Московский и Новгородский, и Псковский, и Тверской, и Пермский, и Югорский, и Болгарский, и иных”. І хочацца, вельмі ж хочацца яму зрабіцца вялікім князем Літоўскім, Кіеўскім, Полацкім, Менскім, а там, калі пашэнціць, і Кракаўскім. Нездарма ж ягоныя прыдворныя летапісцы ўжо ад самога кесара рымскага Аўгуста род князёў маскоўскіх выводзяць. Мала ім, бачыце, адной Візантыі. Быццам бы Аўгуст, кесар рымскі, уладар усяго сусвету, калі адчуў нядужасць-нямогласць, падзяліў набытак свой паміж братамі і родзічамі. Брата свайго Пруса ён пасадзіў па берагах Віслы-ракі і да ракі, што называецца Нёман. І дагэтуль зямля запаведная тая носіць імя Прускай зямлі, а ад Пруса чатырнаццатае калена – вялікі гасудар Рурык, кроўныя нашчадкі якога князі-маскоўцы. Для іх, летапісцаў маскоўскіх, Прус тое ж самае, што Рус. А што такога? Толькі літарку, адну-адзіную літарку, адкалупнуў ад слова, і вырастае, весела шуміць зялёнай лістотаю генеалагічнае дрэва. Праз паўтысячы гадоў адшчыкнуць яшчэ літарку ад слова, і будзе народ Ус. І ўсе будуць шчаслівыя і вельмі-вельмі задаволеныя.
Едучы ў дрогкай фурманцы, пазіраючы на нівы і лясы Маскоўшчыны, успамінаў гетман Канстанцін сваё жыццё. Ужо сорак гадоў адшумела за плячамі. Нямала. Бачыў і радасць зямную, і кроў, і пакуту, з сямі пячэй хлеб еў. Вось зараз вядуць у палон. Што чакае наперадзе, пакуль невядома. Пэўна, пачнуць угаворваць каб паступіў на службу да гасудара Івана Трэцяга, яму прысягнуў. Па абодва бакі мяжы (і ў Літве, і ў Маскве) шмат служылага люду, ёсць родзічы, добрыя знаёмцы. Цэлымі княжымі ды баярскімі сем’ямі перабягаюць то туды, то сюды. Хто ўзмоцніцца, узвысіцца, да таго і бягуць. У каго хлеб мякчэйшы і саладзейшы, таму й служаць. Але ён, найвышэйшы гетман князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі, не такі.
Пасля раптоўнай смерці бацькоў зведаў ён горкі вецер сіроцтва, калі няма пляча, на якое б абапёрся, няма рукі, якая б прыгладзіла задзірысты віхорык на галаве. Жыццё, што толькі-толькі пачало разгарацца, зірнула на яго халодным драпежным вокам. Быццам быў ён злога ложа сын, а не нашчадак славутых ліцвінскіх княжых дамоў Астрожскіх і Глінскіх. Дзякуй мясцовым баярам ды брату Міхаілу – не кінулі, як сляпога шчанюка ў рэчку, навучылі, выхавалі, адвезлі ў Вільню. Не давялося, на вялікае шчасце, прамаўляць яму прыніжаныя сірочыя словы: “Дайце мне жыць і накарміце хлебам”. Быў хлеб, быў дах над галавою, былі мудрыя клапатлівыя настаўнікі.
Дваццаціаднагадовы, юны і рамантычны, разам з Міхаілам паехаў у Вільню да двара троцкага ваяводы Марціна Гаштольда, вучыўся ў школцы, якую той адкрыў для сваіх суродзічаў. Пасля маленькага Астрога сталіца Гаспадарства ўразіла сваёй веліччу і прыгажосцю. Тут, у сутоку рэкаў Віліі і Вільні, імкліва рос, набіраў сілу малады хрысціянскі горад, які перамог паганскага жраца бога Пяркунаса Крыва-Крывейту, што меў сваё свяцілішча ў даліне Швінтарога. Менавіта ў гэтай даліне пусціў карэнні горад, на гербе ў якога святы Хрыстафор пераходзіць цераз бурную раку, трымаючы на левым плячы (бліжэй да сэрца!) маленькага Ісуса.
Цэлымі днямі, калі надараліся перапынкі ў вучобе, Канстанцін блукаў па вуліцах і вулках Вільні і нават у самых смелых думках не мог уявіць, што роўна праз трыццаць гадоў ён стане кашталянам гэтага гораду. Ратуша, мураваныя касцёлы Мікалая, святога Бернарда, Ганны і Барбары, кляштар францысканцаў, – ад усіх гэтых узведзеных пад нябёсы натхнёнымі людскімі рукамі збудаванняў струменілася святло вечнасці. “Мы прыйшлі сюды назаўсёды”, – як бы казалі яны.
Асабліва ўскалыхнуў душу кафедральны касцёл Станіслава і Уладзіслава побач з Дольным замкам. Ён узведзены над рэшткамі знішчанага пажарам старадаўняга касцёлу і, нібы шчыт, прыкрывае святыя камяні ад віхураў і маланак. Тут знайшоў вечны спачын вялікі князь Вітаўт, чалавек і ваяр, без якога б не было Вялікага княства Літоўскага. Канстанцін Астрожскі ў глыбокім одуме пастаяў каля таго месца, дзе ляжаць нятленныя для людской памяці косці, дзе лётае нябачны чалавечаму воку анёл-ахоўнік Вітаўта. Здавалася, нейкія павевы кранаюцца шчокаў, нейкія ціхуткія-ціхуткія галасы хочуць сказаць душы і сэрцу аб самым запаветным.
У школцы на Гаштольдавым двары два настаўнікі, запрошаныя з Рыму і Венецыі, навучалі святому пісанню, лацінскай і грэцкай мове, гісторыі, геаграфіі і філасофіі. Пасля настаўнікаў італьянцаў над студыёзусамі апекаваўся суровы ліцвінскі рыцар Андрэй Кветка. Пад ягоным няспынным наглядам вучыліся кіраваць пад час бою войскім залатаваным канём, сячыся на мячах і шаблях, страляць з лукаў, арбалетаў і рушніцаў. Вучыліся фартыфікацыі і агняпальнай гарматнай справе.
Калі пускалі стрэлы з лукаў у круглы шчыт навешаны на дубе, Кветка сказаў:
– Запамятайце, панове, вы – хрысціянскія рыцары. Дзе б ні давялося вам ваяваць, праліваць сваю і варожую кроў, не забывайце гэта. Ніколі не карыстайцеся атручанымі стрэламі. Ніколі. Вы не гадзюкі. Вы – хрысціяне.
Такія словы ўрэзаліся ў памяць. На суровага рыцара Канстанцін пачаў глядзець з павагаю. Акрамя брата Міхаіла, якога шчыра слухаўся і з якім сябраваў, блізка сышоўся малады Астрожскі з пляменнікам свайго настаўніка Мацеем Кветкам. Гэта быў задумлівы светлавалосы юнак з яркімі сінімі вачамі і цвёрдай лініяй крыху прыпухлых, як бы капрызліва надзьмутых вуснаў. На кожную з’яву жыцця ён меў свой погляд.
Менавіта ад Мацея Кветкі Канстанцін пачуў аб тым, што Масковія і ейны вялікі князь Іван дамагаюцца валодаць усім Вялікім княствам Літоўскім, бо гэта, на іхні розум, – захопленая лаціннікамі Русь.
– Ёсць Татарва. Ёсць Мардва. Ёсць Масква. Ёсць Літва, – казаў Мацей Кветка, – Прыслухайся – падобныя словы. Але ў іх схаваны розны сэнс. Тое ж самае Русь. Дзе яна і што яна? Племя варагаў-находнікаў? Тое ж самае й Літва. Яшчэ зусім нядаўна літоўскае племя голядзь жыло ў ваколіцах Масквы. Што такое Літва? Хто акрэсліць ейныя межы? Хто такія Рагвалод і ягоная дачка Рагнеда Полацкая? Адкуль яны прыйшлі на Дзвіну? Якога кораню вялікі князь Гедзімін – полацкага або аўктштайцкага? Няма і, пэўна, ужо не будзе адказу на гэтыя пытанні. Для нас, жыхароў Вялікага княства Літоўскага, павінна быць ясным адно – мы самабытныя. Мы – новы народ, ліцвіны, нашчадкі славутага рымляніна Палемона. Нам накавана спалучыць у сабе, зліць у адно цэлае Усход і Захад, балтаў і славянаў, грэцкую і рымскую веру. Дарогу да такога зліцця ўжо пратапталі нашы папярэднікі, і называецца гэтая дарога – Вунія.
Нязвычна было слухаць такія словы. Яны, як кроплі расплаўленага воску, падалі ў свядомасць, апякалі. Міхаіл Астрожскі адмахваўся ад Мацея Кветкі. Канстанцін жа моўчкі глядзеў на свайго гаваркога сябрука, не пярэчыў, але й не пляскаў у ладкі. Ён слухаў і думаў.
Пасля двух гадоў навучання ў Вільні Міхаіл і Канстанцін вярнуліся ў Астрог. Незадоўга перад гэтым знік Андрэй Кветка са сваім пляменнікам. Злыя языкі казалі, што рыхтаваў ён карэнне атрутнае, каб звесці са свету вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра Чацвёртага Ягелончыка. Паспрабуй правер, ці так гэта.
Ды гаспадаранне ў маладых князёў у астрожскім родавым гняздзе не заладзілася. Панадзіліся, як шалёныя восы, крымскія татары. Штогод іхнія загоны ўрываліся з поўдня, даходзілі аж да Валыні, усё знішчалі на сваім шляху, рабавалі цяглых мужыкоў і шляхту, таго, хто не здолеў абараніцца ці схавацца, выводзілі з палонам. Гэта было, як нейкае закляцце, як нябесная кАра. Толькі падсохнуць пасля вясновых ліўняў дарогі, толькі пачне выплываць з нагрэтай сонцам зямлі колас, чакай крымскіх гасцей.
Напачатку татарская конніца здавалася непераможнаю. На прамое сутыкненне з ворагам яны не йшлі, ахоплівалі з двух бакоў і пачыналі абстрэльваць з магутных лукаў. Няспынны град стрэлаў ляцеў і ляцеў на непрыяцеля, крышыў шчыты і кальчугі, знясільваў праціўніка. Падалі коні, вершнікі. Не было паратунку ад бязлітаснай вострадзюбай смерці.
Канстанцін пакутліва думаў, як уратаваць сваіх вояў ад пагалоўнага знішчэння, як, урэшце рэшт, раздушыць ненаедную стэпавую саранчу. Да цёмнага сядзеў у астрожскай бібліятэцы, абклаўшыся кнігамі. Чытаў рымлянаў Юлія Цэзара і Вегецыя, візантыйцаў Велізарыя і Льва Мудрага. Хацелася даўмецца, як гэтыя славутыя палкаводцы і вайсковыя мудрадумы змагаліся і вучылі іншых змагацца з кавалерыяй галаў, гунаў, персаў, арабаў, сельджукаў. Вынікала з прачытанага адно – неабходна перадавымі атрадамі на палёт стралы адсякаць праціўніка ад свайго войска, не дазволіць яму беспакарана расстрэльваць пешцаў і вершнікаў.
Але ён добра разумеў, што жменькаю свайго астрожскага войска ніколі не вымецеш са стэпу незлічоныя татарскія загоны. Патрэбна сіла, моц усёй дзяржавы, усяго Гаспадарства. І ён разам з братам Міхаілам зноў вярнуўся ў Вільню.
Вільня яшчэ больш пахарашэла. Так маладзенькая сарамлівая шляхцяначка, якую ў першы раз прывезлі з глухога занядбанага маёнтку на гарадскі баль, дзе паркетная падлога ярка ззяе золатам у святле шматлікіх уваткнутых у каштоўнейшыя кандэлябры свечак, дзе натхнёна і захапляюча грае і грае музыка, дзе прыгажуны-мужчыны звабліва пазіраюць на цябе ва ўпор, напачатку палахліва ціснецца да сцяны альбо ў трапятлівы гурт такіх самых, як яна, дзяўчынак-дзічак. Усім ім здаецца, да халодных дрыжыкаў здаецца, што яны не так гавораць і ходзяць, не так трымаюць у руцэ веер і абмахваюцца ім, што праз італьянскія пудры і крэмы нахабна прабіваецца на іхніх міленькіх тварыках грубы вясковы загар. Ім хочацца памерці, ім зараз жа хочацца памерці, бо яны, як ім думаецца, горш мужычак на гэтым ашаламляльным яркім свяце весялосці і прыгажосці. О, як знясілена і пакутна б’юцца маладыя сэрцайкі! Але вось прыязна-захоплена ўсміхнуўся вяльможны пан, вось расфранчаныя шляхцюкі рынуліся да іх, як лясныя галубы на чырвоныя ягадзіны арабіны. І – усё! Яны – багіні! Яны – каралевы!
Так і Вільня, дачка дрымотных лясоў і блакітных рэкаў, што пачыналася з паганскага капішча на абкружанай непраходнымі пушчамі гары, з драўлянага Крывога горада, як бы ў адно імгненне (а імгненне гэтае расцягнулася на стагоддзі) ператварылася ў бліскучую еўрапейскую сталіцу. Да яе пайшлі-паехалі з таварам ганзейскія, кракаўскія, полацкія купцы. Пра яе даведаліся ў Рыме, Вене і Маскве. Яна пачала гуртаваць вакол сябе плямёны і народы.
На гэты раз Вільня сустрэла братоў Астрожскіх больш прыязна. Яны трапіліся на вочы гетману Пятру Янавічу Беламу. Гетман вельмі ўзрадаваўся, напаткаўшы ў людскім мурашніку гжэчных маладых рыцараў з Валыні. У свой час ён быў маршалкам Валынскай зямлі, часта гасцяваў у Астрожскім замку .
– Ваша матулечка, княгіня Настася Глінская была жанчынаю з залатым сэрцам, – расчулена сказаў гетман, – Помню я ейныя частаванні. Якія былі мядкі-халадкі!
Пётр Янавіч падставіў, як кажуць, плячо, і неўзабаве Канстанцін Астрожскі зрабіўся гаспадарскім дваранінам, стаў служыць пры двары вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра Ягайлавіча. Амаль кожны дзень, калі Казімір прыязджаў з Кракава ў Вільню, даводзілася бачыць яго, калі-нікалі нават размаўляць з ім. Гэта быў пяцідзесяцігадовы цёмнавалосы моцны целам і востры позіркам чалавек, у якім з’ядналася кроў Ягайлы і князёўны Соф’і Іванаўны Гальшанскай. Яму было толькі трынаццаць летаў, калі на ягоную хлапчукоўскую галаву ўздзелі карону Гедзіміна, карону Вялікага княства. Праз сем гадоў ён стаў каралём польскім. Дзве дзяржавы, некалькі рэлігій і народаў, полчышчы ворагаў на ўсіх межах, і ўсё гэта павінен утрымаць у сваіх руках малады неспрактыкаваны чалавек. Ён стараўся. Ён, каб знайсці апору ў шляхце, выдаў прывілей 1447 году і “Судзебнік Казіміра” 1468 году, ён узвысіў ролю паноў-рады, пачаў склікаць соймы. І ён жа, не вагаючыся, загадаў аддаць у рукі катаў-заплечнікаў сваіх родзічаў князёў Івана Гальшанскага і Міхаіла Алелькавіча, якія ўчынілі (не першую па ліку!) змову. Ягоным добрым геніем была маці ягоная Соф’я – давала мудрыя парады, умацоўвала душу. Шмат чым ён запомніцца, і добрым, і дрэнным, але Польшча павінна вечна памятаць яго ўжо хоць бы за тое, што дзякуючы менавіта яму яна атрымала выхад на Балтыйскае мора. Успамінайце калі-нікалі пра гэта, паны і паненкі, на пляжах Гдыні.
Канстанцін Астрожскі, толькі крайком свайго жыцця сутыкнуўшыся з Казімірам Ягелончыкам, вельмі моцна пасябраваў з сынам ягоным Аляксандрам. Гэта быў чацвёрты сын Казіміра ад Альжбеты Габсбург. Як бачым, усё шырэй і ўсё глыбей урасталі ліцвінскія карані ў еўрапейскую глебу.
Амаль Канстанцінаў равеснік (маладзей усяго на год) Аляксандр прыязджаў разам з бацькам з кракаўскага Вавеля ў Вільню. Тут і сустрэўся з гаспадарскім дваранінам Астрожскім, які спадабаўся яму – цудоўны вершнік і адважны рыцар, ужо з малалецтва ганяўся з пагоняю за татарамі, выдатна ведае латынь і мову грэкаў, шмат чытае. Не верылася, што ў тутэйшых пушчах вырастаюць такія еўрапейскія адукаваныя людзі. Кроў Габсбургаў, што цякла ў Аляксандравых жылах, адразу ж адгукнулася такому чалавеку.
Вялікі князь літоўскі і польскі кароль Казімір любіў з усім сваім дваром ловы, шумныя паляванні ў запаведных пушчах. Аляксандр і Канстанцін, уздрыгваючы ад нясцерпнага чакання сустрэчы са зверам, стараліся ехаць у лясным гусцяжы побач.
У пушчах для ловаў вялікакняжыя асочнікі загадзя майстравалі доўгую, аж на некалькі вёрстаў, загародку з жэрдак, колляў і вяровак. Сажняў праз дзвесце-трыста ў загародцы меліся праходы. Тут звяроў чакалі замаскаваныя галлём і травой лоўчыя ямы, сілкі, самастрэлы, петлі-зашмаргі.
Вішчалі, екаталі на шворках сабакі. Перад ловавмі іх не кармілі, толькі паілі вадою, і лютыя ад голаду сабачыя вочы прагна глядзелі туды, дзе пад ляснымі зялёнымі шатамі хавалася звяр’ё.
Сівабароды старшы асочнік, якому перад ловамі сам Казімір звычайна дараваў новую нямецкую рушніцу і кашалёк дынарыяў, уздымаў касцяны рог, трубіў. І быццам віхор улятаў у дасюль маўклівую пушчу. Шалеючы, гаўкалі, цахлілі сабакі, пранізліва свісталі ў свісцёлкі, рэзка грукалі ў бубны асочнікі, успыхвалі яркія паходні, на ўсю моц грудзей крычалі паляўнічыя.
Прыходзіў канец лясному звярынаму шчасцю. Некалькі гадоў тут не было ловаў. Звяроў падкармлівалі, ашчаджалі. На зацішных палянках пакідалі стажкі сухога духмянага сена, кучы сакавітай рэпы, лаўжы асінавага і бярозавага галля. Звяры сыцелі, наліваліся цяжкім тлушчам. І вось за ўсё за гэта патрэбна было плаціць уласным жыццём, і цякла на зялёную траву і шэрую ігліцу чырвоная гарачая кроў.
Над усімі сцежкамі-праходамі былі напяты на шастах перавесы і цянёты. Звяры, хто рогам, хто капытом альбо лапаю, заблытваліся ў іх, адчайна тузаліся, дарэмна трацячы сілу. Дзесяткі, сотні лясных насельнікаў на ўсім бягу правальваліся ў лоўчыя ямы, наляталі, напорваліся на вострыя коллі.
Аднойчы княжыч-каралевіч Аляксандр прыпыніў каня над лоўчаю ямаю, адкуль несліся стогны і перадсмяротнае хрыпенне няшчасных жывёлін, прыўзняўшыся ў страмёнах, паспрабаваў глянуць у пашчу ляснога пекла. І раптам гаспадарскі дваранін Цімафей, ашчэрыўшы зубы, размахнуўся і рэзка ўдарыў яго дрэўкам дзіды ў спіну. З роспачным крыкам Аляксандр кульнуўся ў яму. Ды яму пашанцавала – нага ў вастраносым скураным чаравіку зачапілася за стрэмя. Ён павіс потырч галавою над жахлівымі коллямі. Адразу ж трое-чацвёра асочнікаў, што, пэўна ж, затаіўшыся побач, чакалі свайго часу, рынуліся да ямы, каб укінуць у яе Казімірава сына. Жыццё ягонае ліпела на тоненькім валаску.
І тут Канстанцін, які заўсёды быў побач з Аляксандрам, быццам драпежная рысь, скокнуў са свайго каня проста на загрывак асочніку. Той ужо хацеў дзеўбануць у жывот Аляксандру рагацінай, з якой ходзяць на мядзведзяў. Абедзвюмя рукамі Астрожскі моцна-моцна схапіў яго за галаву, рэзка крутнуў. Гучна лопнулі шыйныя пазванкі. Асочнік, як торба з мокрай травою, плюхнуўся на зямлю. Канстанцін схапіў ягоную рагаціну, пракалоў ёю грудзіну яшчэ адному злашкодніку. Астатнія шуснулі ў навакольны лес, нібы курапаткі.
Каб выбавіць са смяротнае пасткі Аляксандра, неабходна было супакоіць ягонага каня. Астрожскі не стаў крычаць, клікаць на дапамогу, бо конь мог спудзіцца і разам са сваім гаспадаром загрымець з краю ямы ўніз, дзе хрыпелі каналі звяры.
Яшчэ ваюючы з татарамі, навучыўся ён аб’езджваць, утаймоўваць і падпарадкоўваць сваёй волі коней.
– Косю, косю, – выцягнуўшы ўперад руку, ціхім спакойным голасам пачаў гаварыць ён смяртэльна напалоханаму каню. Конь дрыжаў усім сваім буйным целам, выварочваў набок карычневы вочны яблык, пудка пазіраў уніз. З-пад ягоных капытоў шархатліва сцякалі ў лоўчую яму струменьчыкі цёмнай лясной зямлі. Жывёліна разумела – толькі ступі крок, паляціш на колле, загінеш. Вось чаму конь стаяў, як укапаны, чакаў пакуль Астрожскі падыйдзе і, цвёрда ўзяўшы за аброць, выратуе яго і ягонага вершніка ад лютай смерці.
З тых ловаў малады князь Канстанцін Астрожскі адразу ж набраў пры двары вялікага князя і польскага караля Казіміра недасяжную для ўсіх ягоных равеснікаў вышыню. У верасні 1497 году, ужо пры Гаспадары вялікім князі літоўскім Аляксандры, ён атрымаў чын найвышэйшага гетмана, а неўзабаве зрабіўся намеснікам брацлаўскім, звенігародскім і вінніцкім.
– А памятаеш, Канстанцін Іванавіч, як ты выцягнуў мяне з той чортавай ямы? – часцяком у вузкім застоллі асабліва давераных людзей любіў казаць вялікі князь Аляксандр, – З таго свету за нагу выцягнуў.
У іх завязалася вельмі цеснае сяброўства. Гэтаму спрыялі і аднолькавы ўзрост, і амаль аднолькавыя погляды на жыццё і на будучыню Вялікага княства Літоўскага. Яны прыдумалі адзін адному патаемныя мянушкі. Канстанцін быў Кажаном, бо ўмеў бясшумна і нечакана з’яўляцца там, дзе яго быццам бы не чакалі. Аляксандр называўся Ямнікам, у памяць той лясной лоўчай ямы, дзе ледзьве не аддаў Богу душу. У малалецтве ягонымі настаўнікамі былі польскі гісторык Ян Длугаш і гуманіст з Венецыі Піліп Калімах, ад якіх ён цвёрда засвоіў перакананне, што трэба кіраваць падданымі не прыніжаючы іх, памяркоўна і чалавекалюбна.
Астрожскі не любіў паказваць на людзях сваю прыбліжанасць да Гаспадара. Ён, як і ўсе, служыў князю. Служачы ж яму, Гаспадару, ён служыў Вялікаму княству Літоўскаму, якое называў зямля Ліцвінія.
Пасля таго здарэння з нападам на Аляксандра (строгае расследванне Казіміра паказала, што нападалі людзі Міхайлы Алелькавіча, павешанага перад гэтым за здраду). Канстанціну часта пачаў сніцца адзін і той жа сон. Быццам ідзе ён па лесе, і наўкол, вітаючы новы дзень, радасна спяваюць птушкі, куляюцца праз галаву на зялёных лужках рахманыя зайцы і вожыкі. Ды раптам з ляснога долу, з мяккай травы ў міг вока выторкваецца нечая валасатая чорная рука, хапае яго за нагу і пагрозна сіпіць:
– У яму! Хадзем у яму!
З усіх сілаў ён хоча вызваліцца, выкараскацца, абліваецца халодным потам. А невядомая падземная пачвара ўсё сіпіць:
– У яму!
Вось і зараз яна нібы абцугамі сціснула нагу, цягне ўніз.
– Адчапіся! – крычыць Канстанцін і прачынаецца.
Ён у фурманцы. Побач, звесіўшы на грудзі галаву, дрэмле Рыгор Осцік, тоненька, як суслік, свішча носам. Палонныя воі-ліцвіны, брыдучы па пыльнай пясчанай дарозе, спяваюць песню:
Як пайду я ў стайню, стайню вайскавую.
Як выведу коня, каня варанога.
Каня я сядлаю, а конь уздыхае.
– Косю ты мой, косю, чаму ты ўздыхаеш?
Ці я табе цяжкі? А ці мая зброя?
– Не, ты мне не цяжкі і не твая зброя.
А цяжкі мне цяжкі частыя паЯзды,
Частыя паязды, доўгія дарогі.
У крывавым полі будзеш ты ляжаці.
Мяне ж ты пакінеш аднаго стаяці.
Зашчымела гетманава сэрца ад такіх слоў. Якая ж ты аднолькавая, пакута, конская і чалавечая!
Мяркуючы па-ўсім, неўзабаве будзе Масква. Паабапал дарогі ярка жаўцеюць, то хваліста ўздымаюць, то пад парывамі ветру хіляць да зямлі густое калоссе хлебныя нівы. На шырокіх перавітых бліскучымі ручаямі лугах пасвяцца табуны грывастых рознакаляровых коней. Усё часцей трапляюцца багатыя вёскі з пазалочанымі цыбулінкамі цэркваў і каменнымі двух-трохпавярховымі баярскімі палатамі. Убок Масквы ідуць бясконцыя абозы, вязуць цэглу і гліну, свежае бярвенне, палявыя шэрыя валуны, белы камень-плітняк. Гоняць статкі кароў, авечак, свіней. Масква будуецца і, пэўна ж, у яе прарэзаўся нечуваны апетыт.
І вось на неабсяжнай раўніне разгарнуўся, як яшчэ непрачытаная кніга, адкрыўся позірку вялікі шумлівы горад. Іскрыстыя ад сонечных прамянёў купалы шматлікіх храмаў. Чырвоныя вежы і белыя сцены Крамля. Рэдкія каменныя будынкі паміж мноства шэрых драўляных дамкоў. Зялёныя сады і гаі. Дымныя слабодкі кавалёў, слесараў, гаршчэчнікаў, суконнікаў і кафтаннікаў. Мост цераз Маскву-раку стаіць на драўляных козлах, хістаецца ад мноства фурманак. На крутых берагах Яўзы лапочуць нястомныя крылы ветракоў. І ўсюды галасісты рухлівы натоўп. На галовах у мужчынаў каўпакі, якія звужваюцца ўверсе і нават пераломваюцца і адвісаюць. Дзяўчаты з заплеценымі ў касу або распушчанымі валасамі носяць каснікі і шаўковыя стужкі-перавязкі. Замужнія ж кабеты не павінны “свяціць воласам”, бо ад гэтага можа накінуцца на суседзяў якая-небудзь шкода. Нездарма маскоўцы кажуць: “Ратуй мяне ад ведзьмака і ад дзеўкі гладкавалосай і ад бабы проставалосай”. Вось чаму на галовах у жанчынаў павойнікі, убрусы і кічкі. Усе ў кафтанах з камкі і тафты з адкіднымі рукавамі. Кафтаны без каўняроў або з невялікімі каўнярамі-стаякамі, якія называюцца козыры. У багата распісаных фурманках цугам па чацвёра або шасцёра коней носяцца па вуліцах радавітыя баяры і пыхлівыя царадворцы. Астатні ж люд ідзе пешкі, бадзёра месіць ботамі і лапцямі хлюпкую тлустую гразь.
Ужо перад самай Масквою дарогу перагарадзіла рагатка-шлагбаўм. Раззлаванаму ваяводу Данілу Шчэню службовы баярын патлумачыў, што ўсіх, хто ўязджае ў сталіцу, правяраюць па загаду самога вялікага князя.
– Ці няма з вамі блудных дзевак? – строга спытаў баярын.
Справа ў тым, што яшчэ ў 1493 годзе адна жанчына, як паведамляў ліцвінскі пісарчук, прывезла з Рыму ў Кракаў хваробу ФРАНЦУЗКУЮ. Хвароба тая, як шчупальцы жахлівага спрута, адразу ж папаўзла ва ўсе бакі, у тым ліку, і на Маскоўшчыну. Вялікі князь Іван вельмі перапалохаўся і, пасылаючы ў 1499 годзе ў Вялікае княства Літоўскае баярскага сына Івана Мамонава, загадаў яму: “Будучи в Вязьме, разведай, не приезжал ли кто из Смоленска с недугом, в коем тело покрывается болячками, и который называют французским? ”.
Балячак і дзевак між войска і між палонных не было, і рагатка ўзнялася і прапусціла ўсіх у стольную Маскву.
– У гэтага горада вялікая будучыня. Шмат каго ён зробіць шчаслівымі. А многія пральюць з-за яго горкія слёзы.
Так сказаў найвышэйшы гетман Вялікага княства Літоўскага Канстанцін Іванавіч Астрожскі, ступаючы на маскоўскую зямлю. На руках і на нагах ягоных, як змеі, віліся звонкія ланцугі.
Колькасць прачытаўшых: 981 Колькасць вогдукаў: 0