V
У Гранавітай палаце маскоўскага Крамля вялікі князь Іван Васілевіч шчодра частаваў сваіх думных баяраў. Гасудар усяе Русі сядзеў на троне ў залатой шапцы Манамаха. Вялікакняжы вянец быў зроблены з залатой цюбяцейкі бухарскай работы, упрыгожанай сабалінай аблямоўкай. Зверху вянца ззяў залаты абсыпаны каштоўнымі камянямі крыж. На высокай спінцы трона яркаю фарбаю быў намаляваны дзвюхгаловы дзяржаўны арол у кароне. Вялікі князь маскоўскі, рослы станісты мужчына з суровымі чорнымі бровамі, сядзеў на троне, як у сядле баявога каня. Калі ж ён, прымаючы з рук стольніка залаты кубак з мальвазіяй ці срэбную талерку са смажаным лебядзіным крылом паварочваўся, з-за ягоных плячэй вытыркалася то адна, то другая арліная галава. Здавалася, арол раздвойваецца і ўвесь час падглядвае, што робяць запрошаныя на трапезу баяры.
Баяры ж, усе з аднолькава прыціхлымі пакорлівымі тварамі, усе ў летніх распашных кафтанах з чырвонай камкі абшытай сабалінымі пупкамі або жоўтай вавёркаю, з дванаццацю срэбнымі гузікамі на левай пале, рознакаляровабарадатыя, сядзелі за цеснассунутымі сталамі, якія аж гнуліся ад багатых прысмакаў. Але елі і пілі мала, бо сам гасудар не меў сёння асаблівага апетыту. Есці ж і піць, мачыць вусы і бараду, калі ў вялікага князя рот сухі, шукаць кія на сваю галаву. І гэтыя людзі яшчэ колькі гадоў таму былі вольнымі ўдзельнымі князямі, і нейкая маленькая нерадавітая Масква здавалася ім казявачкай, што паўзе па засланым залатым абрусам княжыім стале. Пстрыкні пальцам, і казявачкі няма.
Вялікі гасудар маскоўскі, або цар, як яго пачалі ўжо велічаць у лістах да замежных дзяржаваў, быў на самай вяршыні зямной сілы і ўдачы. Шасцідзесяцігадовы моцны целам і духам чалавек уладна сядзеў на залатым троне, нібыта ўрос у яго. Ён памятаў усё. І тое, што ягоны бацька маскоўскі князь Васіль Другі Цёмны называў у дзяцінстве яго, свайго сына, гарбатым. Чаму? Прыроднага ж горбу ў яго не было, можа, трохі сутуліўся. Значыць, “гарбатасць” была ўнутраная, духоўная. Вельмі баяўся ў свой час хлапчук, каб і яго, як бацьку, не асляпілі, не пазбавілі дзённага святла. А пачалося ўсё з лютай барацьбы за маскоўскі сталец паміж князем звенігародскім Юрыем Дзмітравічам і ягоным пляменнікам дзесяцігадовым князем Васілём Васілевічам. Ніяк не хацеў Юрый падпарадкавацца малалетку. Дабавіла ж агню ў пажар маці вялікага князя Соф’я Вітаўтаўна. Рашучая ліцвінка вырашыла жаніць сына не на дочцы князя Івана Дзмітрыевіча Усяволжскага, які на судзе ў ханскай Ардзе падгаварыў хана прызначыць вялікім князем маскоўскім Васіля, а не Юрыя. За гэта Васіль абяцаў жаніцца на ягонай дочцы. І вось – такі канфуз. Далей – болей. Калі на Васілёва вяселля, прышчаміўшы ў сэрцы крыўду, прыехалі сыны Юрыя Звенігародскага Васіль Касы і Дзмітрый Шамяка, усё тая ж Соф’я Вітаўтаўна ўбачыла на Васілі Касым багаты залаты пояс, упрыгожаны каштоўнымі камянямі. Аказалася, што пояс гэты ў свой час звенігародцы вераломна прысвоілі сабе. Суздальскі князь Дзмітрый Канстанцінавіч даваў яго ў пасаг сваёй дочцы Еўдакіі, якая выходзіла замуж за Дзмітрыя Данскога. Ды тысяцкі Васіль Вельямінаў, сват, падмяніў яго таннай бліскучай падробкаю, а сапраўдны пояс застаўся звенігародцам. Соф’я Вітаўтаўна прылюдна загадала зняць злашчасны пояс з Касога. Смяртэльна пакрыўджаныя браты пабеглі з вяселля, як апараныя. Пачалася барацьба не на жывот, а на смерць. Спачатку Васіль асляпіў, вырваў вочы Касому. Затым Шамяка, брат Касога, улучыўшы момант, захапіў у палон Васіля. 14 лютага 1446 году вялікі князь маскоўскі Васіль Другі ў апошні раз пабачыў сонца, стаў Цёмным. Перад вочавырываннем ён запёрся ў Троіцкай царкве, крычаў адтуль:
– Брате! Помилуйте мя! Не лишите мя зрити образа Божиего!
Глядзець на лік Божы не дазволілі, павалаклі да катаў.
Вялікі князь маскоўскі Іван Васілевіч, прыпамінаючы ўсё гэта, заплюшчвае вочы, як бы засынае на залатым троне. Баяры перастаюць піць і есці, баяцца чыхнуць альбо слоўца шапнуць, сядзяць, як мышы пад венікам. Дужа ж люты бывае цар, калі сон ягоны ўстрывожыш. Так сядзяць яны, бывае, цэлымі гадзінамі.
Незадоўга перад гэтым уся Маскоўшчына з вялікім трапятанне душаў і целаў рыхтавалася сустрэць Канец Свету. Ён, усе гэта ведалі, павінен быў наступіць у 7000 (1492) годзе. Упэўненасць у непазбежнасці Канца была такой вялікаю і ўсеагульнаю, што нават пасхаліі (табліцы для вызначэння рухомай даты штогодняга святкавання Вялікдзеня) былі даведзены толькі да 7000 (1492) году. “Зде (здесь) страх, зде беда велика, зде скорбь не мала! Сие лето на конци явися! А затем чаем всемирное пришествие Христово!”. Але залатое сонца выплыла на блакітныя нябёсы і ў наступным 7001 годзе, і гэта вельмі ўзрадавала вялікага князя маскоўскага Івана Трэцяга. Значыць, літасцівы Бог вырашыў падоўжыць ягонае цараванне, дараваў свае нечуваныя бязмежныя шчадроты. І душа княжая, як залатакрылы дзвюхгаловы арол, радасна ўскрыліла пад самыя нябёсы.
І зараз, седзячы ў Гранавітай палаце паміж сваіх падкаленных рабоў, змярцвелых ад штодзённага страху баяраў, ён думкаю сягаў у самы пачатак свайго жыцця, а потым, як па лесвіцы, паступова ўзбіраўся да дня сённяшняга. Што было галоўнаю ягонаю ўдачаю? А, дакладней, хто? Несумненна, Зоя-Соф’я Палеалог, “мая тоўсценькая грачаначка”, як у хвіліны пяшчоты называў ён яе.
У 1452 годзе ён, дванаццацігадовы, узяў шлюб з дачкою цверскага князя Барыса Марыяй. Яго жанілі, без кахання, без той залатой Божай іскры, якая павінна ўспыхваць між сужэнцамі. Іскры не было. “Так трэба”, – вось, што чуў ён. Трэба для Маскоўскага княства, для ўсяго ягонага роду, для Русі.
Па вераснёўскаму маскоўскаму леталіку ішоў 6981 (1473) год, калі Зоя Палеалог з пышнай світаю, з кардыналам-легатам Папы Рымскага Сікста IV Антоніем прыбыла з далёкіх Фразовяў (Італія) у Маскву. Дабіраліся не па Міжземным і Чорным морах, на якіх ўжо ўладарнічалі туркі-асманы, а па халоднай негасціннай Балтыцы.
Да свайго пасланага Богам і жыццёвым выпадкам жаніха Зоя ехала праз Германію і Чэхію, потым плыла з Любеку да Калывані (Талін) і зноў ехала праз Юр’еў і Пскоў да стольнай Масквы. Меркавалася, што яна будзе ўгаворваць Івана спачатку прыняць вуніяцтва, прызнаўшы Фларэнтыйскую вунію, а затым стаць католікам, каб сумесна з Еўропаю агульным фронтам выступіць супроць турэцкай экспансіі. Ды разумная і хітрая грачанка, аглядзеўшыся ў новай для яе халоднай вялікай краіне, звыкшыся з ейнымі па першым часе незразумелымі законамі і норавамі, успомніла раптам, што яна прыроджаная праваслаўная.
– Які ты Іван? – сказала яна свайму мужу, – Ты – Іаан! Ты, як Хрысціцель для ўсяе Русі! Ты пастаўлены Богам над гэтым народам, каб цараваць, каб правіць цвёрдай бязлітаснай рукою, як рабілі гэта рамекйскія базілеўсы.
Адразу ж у Масковію прыляцеў дзвюхгаловы візантыйскі арол, уладна сеў на вялікакняжыя пячаткі, сцягі і манеты. Маскву аб’явілі Трэцім Рымам.
Гэта яна, Зоя, якая ў Маскве зрабілася Соф’яй (больш звычна для мясцовага вуха), натхніла Іаана Трэцяга вывесці маскоўскія раці супроць ардынцаў. У 1480 годзе на рацэ Угра сустрэліся дзве сілы – старая, татарская, на чале з Ахмед-ханам, і новая, маскоўская, якую падняў і прывёў цар Іван Трэці. Маскоўцы ўжо мелі на ўзбраенні ручную агнястрэльную зброю – лёгкія “цюфякі”, вагою трохі болей за 4 кілаграмы, замацаваныя на драўляным прыклАдзе. Яны так і называліся ручніцы (рушніцы). Масаваю ж зброяй войска яшчэ заставаліся рагаціны і сякеры. Была і новая халодная зброя – сякеры-бердышы, якія служылі вогненным стральцам падстаўкаю для іхніх рушніцаў.
Ахмед-хан, тыцнуўшыся са сваёй конніцай туды-сюды па беразе Угры, так і не адважыўся пераходзіць раку, усе броды якой былі шчыльна і вогнебойна прыкрыты маскоўскімі рацямі. І няўдалы хан пабег на поўдзень, каб неўзабаве скласці галаву ў татарскім палацавым міжбойчыку.
З-пад цяжкіх, быццам бы заплюшчаных павекаў маскоўскі гасудар раз-пораз кідае пільныя імгненныя позіркі на баяраў. Ад такіх кінжальных позіркаў некаторыя жанчыны трацілі прытомнасць. Баяры, праўда, не падаюць, але халодны ручаёк страху паўзе пад багатымі кафтанамі.
Сёння пад ягонай рукою ўся Русь. Няма старадаўніх княжых удзелаў, дзе кожны князёк пачуваўся імператарам альбо султанам. Ёсць Маскоўская дзяржава, якую ведаюць і ў Рыме, і ў Вене, і ў Швецыі з Даніяй, і ў Лівонскім ордэне. Усюды ведаюць. Ведаюць, добра ведаюць і ў Вялікім княстве Літоўскім, за князя якога Аляксандра ён, Іван, аддаў сваю любімую дачку Алену. Дачку ў Літву аддавалі з далёкім прыцэлам, каб там, між лаціннікаў і вуніятаў, сеяла праваслаўнае насенне. Спачатку дачка старалася, была вернай “служебницей и девкой”, але, пэўна, не вытрымала мяккае жаночае сэрца салодкіх спакусаў прыгожага кракаўскага і віленскага жыцця. Усё радзей піша. А калі й піша, то з дакорамі яму, свайму бацьку. Яйка пачынае вучыць курыцу, дакладней, баявога пеўня.
Стольнік паднёс залаты кубак з мальвазіяй. Іван піў, адтапырыўшы мезенец, піў маленькімі павольнымі глыткамі. Ён думаў, што вельмі пашанцавала яму з другой жонкай, з Соф’яю. Яна навучыла яго мужнасці, цвёрдасці і жорсткасці, яна прымусіла яго бачыць у самім сабе намесніка Бога на зямлі. Ён асляпіў Хведара Басянка, вернага васала свайго бацькі. Калі прыезджы ўрач-лаціннік не здолеў вылечыць сына служылага татарскага царэвіча, вялікі князь загадаў зарэзаць лекара нажом, як авечку.
Першая ягоная жонка “цвяранка” нарадзіла яму сына Івана Маладога, але той у 1490 годзе раптоўна памёр. Што было прычынаю такой нечаканай смерці? Халодны квасок, што ў спякотлівы дзень папіў царэвіч? Альбо тое, што ў 1479 годзе Соф’я Палеалог шчасліва разрадзілася сынам Васілём? Ён, Васіль, а не памерлы Іван і сынок ягоны Дзмітрый, стане пасля смерці бацькі самадзержцам-скіптралюбцам Масковіі. Грэцкая кроў перамагла кроў мясцовую, цверскую. Дарэчы, Іван Трэці не адзін раз у цішыні Гранавітай палаты думаў аб тым, што народ даручаны яму Божым промыслам і падуладны яму, складаецца, калі паразважаць, з чатырох частак, чатырох пластоў. Што такое маскоўскі народ? Ён склеіўся, збіўся з чатырох пластоў, якія ляжаць адзін на адным: угра-фіны – славяне – варагі – татары. Зверху ж, вядома, варагі і татары. Ніжэйшых, угра-фінаў і славянаў, патрэбна заўсёды трымаць у пакоры, у вожыкавых рукавіцах, у пільнай строгасці.
І ў той жа час ён, вялікі князь, быў, калі патрэбна, ласкавым і цярплівым нават з ерэтыкамі. Уладыка наўгародскі Генадзій, што валодаў шматлікімі царкоўнымі і манастырскімі землямі, жорстка пакараў ерэтыкоў-святароў Аляксея, Захара, Дзяніса і Гаўрыіла. Іх апранулі ў блазенскія ўборы, адзелі на галовы берасцяныя каўпакі з надпісам “Сатаніна воінства”, пасадзілі на коней тварамі да хвастоў і правезлі па шумных наўгародскіх вуліцах. Потым бяросту падпалілі. Пад радасныя крыкі натоўпу святары вылі і курчыліся ад болю, а Дзяніс, які быў цвёрды на допытах у Генадзія, раптам забляяў па-казлінаму. Іван выклікаў іх усіх у Маскву, суцешыў клапатлівым бацькоўскім словам, і пратапапом галоўнага храма краіны – Успенскага сабору, які збудаваў і цудоўна выштукаваў італьянскі архітэктар Арыстоцель Фіяраванці, прызначыў Аляксея. Хлебныя месцы атрымалі і ўсе астатнія “печальники”. У Генадзія ж неўзабаве адабралі ўсе землі, усё брашно, і ён знік, як у спякотны дзень знікае камар.
– Вып’ем, слугі-памочнікі мае верныя, за нашу перамогу на рацэ Вядрошы! – узняўшы кубак, урачыстым голасам выгукнуў Іван Трэці з вышыні свайго трону, –Вераломная Літва, што аддалася лаціннікам і папству, жорстка пасаромлена намі. Мой зяць Аляксандр са сваімі ганарыстымі панамі надумаўся цягацца з Масквою, са мной. Ды мы яго і ягоных паноў адлупцавалі на Вядрошы так, як лупцуюць лазой неразумных хлапчукоў.
Баяры, як адзін чалавек, усхапіліся са сваіх месцаў. Заззялі шчасцем твары. Зазвінелі кубкі. Рознакаляровыя бароды ўзвіліся-задзёрліся ўгору.
Але гэта быў толькі пачатак апафеозу. Дзяк пасольскага прыказу Фёдар Васілевіч Курыцын, які ў сваіх лістах да вялікага князя літоўскага Аляксандра нястомна, жорстка папракаў таго, што Іванавай дачцэ Алене забараняюць спавядацца Богу па праваслаўным звычаі, радасна блішчучы вачамі, аб’явіў:
– Па тваім загадзе, гасудар, прывялі літоўскіх палонных і паміж іх найвышэйшага гетмана Астрожскага!
– Прасі, дзяк, да стала нашага няпрошаных гасцей, – весела пажартаваў Іван Трэці.
Баяры сустрэлі гасудараў жарт крыкамі захаплення і густым смехам. Чаму не быць вясёлым, калі сядзіш за багатым рознасольным сталом, а ворага твайго падводзяць да цябе, як пса на шворцы?
Высокія пазалочаныя дзверы Гранавітай палаты з дзяржаўнай веліччу і павольнасцю шырока расчыніліся, і на парозе з’явілася купка людзей. Яны былі ў падзёртых паходных плашчах з цёмнымі плямамі крыві, без шапак, з кайданамі-ланцугамі на руках і на нагах. У Гранавітай палаце зазвінелі не п’яныя кубкі, а суровыя цяжкія ланцугі. Палегла, як камень, цішыня. Першы парушыў яе, вядома ж, маскоўскі гасудар. Ён узняўся з трону, пайшоў між сталоў, за якімі сядзелі баяры, да парогу, каля якога стаялі палонныя.
– Разгромил Литву наш воевода Данила Щеня-Патрикеев, – як бы размаўляючы з самім сабой, прамаўляў ён, – Мы очень щедро наградим его. А сейчас посмотрим – что за рыбка заплыла в невод воеводе?
Дзяк Курыцын нешта шапнуў яму на вуха, пэўна, падказаў, што між ліцвінаў знаходзіцца найвышэйшы гетман, бо Іван Трэці адразу ж скіраваў свой позірк на Канстанціна Астрожскага.
– Под Ведрошью взят? – сказаў вялікі князь маскоўскі Астрожскаму, – Небось, на Москву, на меня шел. Хотел меня и их, – ён тыцнуў рукою з кубкам убок баяраў, – гнать к своему князю, а моему зятю Алексашке в Вильню. Знаю, что ты, гетман, храбрый и умный рыцарь. Ты не единожды разбивал в пух татар Менгли-Гирея. Служи мне. Мне нужны верные слуги.
– Я служу Вялікаму князю Аляксандру і Вялікаму княству Літоўскаму, – адказаў Канстанцін. Ён стаяў між сваіх людзей, высокі, зграбны і моцны, і пазіраў на венцаноснага суразмоўніка з годнасцю і спакоем.
– Вашего Княжества больше не будет. Это отчина моих дедов-прадедов и моя, – аддаў свой недапіты кубак дзяку Курыцыну Іван. Ягоны твар пачынаў торгацца і налівацца чырванню.
– Сёння яно ёсць. І будзе заўтра. А потым усё вырашаць Бог і меч, – варухнуў знямелымі ад кайданоў рукамі Канстанцін.
– На колени! – раптам крыкнуў вялікі князь, – Все на колени!
Адразу ж рухнулі на калені ўсе баяры, а паміж палонных шклоўскі шляхціц Парфён Сініца, што невядома якім чынам апынуўся тут.
– Государь-батюшка, возьми меня и всё моё семейство под свою опеку и защиту! – з цёплай вільгаццю ў вачах залемантаваў ён.
Іван Трэці глянуў на яго з непаразуменнем і здзіўленнем, затым перавёў позірк на Астрожскага. Чакаў, што ўсё-ткі той схіліць выю.
– Па трох прычынах не магу выканаць твой загад, вялікі князь маскоўскі, – сказаў Канстанцін, – Я – шляхціц. Я – найвышэйшы гетман. Я – Астрожскі.
– А вы, литвины, коварные. Не зря с Краковом и Римом якшаетесь. Нахватались там зловония. Одного вашего князя Ивана Лукомского с его толмачем палячишкой Матиасом я уже сжег в железной клетке. Отравить меня хотел Лукомский, – кажучы гэтыя словы Іван Трэці спакайнеў, лагаднеў. Спакайнелі баяры за сталамі. Дзяк пасольскага прыказу Фёдар Курыцын ціха ўсміхаўся ў кучаравую русую бараду.
– Не бойся, гетман, я тебя жечь не буду, – узяў з рук у Курыцына свой паўнюткі келіх маскоўскі гасудар, – Такие, как ты, должны умирать на поле бранном, а не в клетке. Но взаперти посидишь. Посидишь, пожалуй, до Великого поста. И людишкам твоим места подыщем. Посидите на московской сторонушке, подумаете. Авось, даст Бог, образумитесь.
Ён павярнуўся да начальніка стражы, якая прывяла палонных:
– Залейте ему оковы оловом, чтоб не мог сбросить, как ящерица хвост. Хлеба и мяса не жалеть, но стеречь, как зеницу ока. И еще один мой наказ. Сведите его в темницу, где новгородская буянша-посадница сидит, Марфушка Борецкая. Пусть посмотрят в глаза друг дружке и пусть поймут, что на Москву нельзя подымать руку. Враз отрубим вместе с глупой головой. Двадцать два годочка сидит Марфушка. Уже, чай, речь человеческую подзабыла. Вот ты, гетман, и научишь её человеческой речи.
Ён засмяяўся, задаволены сваім красамоўствам. Адразу ж следам за ягоным смехам, як хвост за цюцькам, затрапятаўся баярскі смех.
Суправаджаць і адначасова сцерагчы Канстанціна было даручана сыну баярскаму Цімафею Сабураву, маладому светласкураму чалавеку з доўгімі каштанавымі валасамі і такой жа барадой. З ім было дзесяць панцырнікаў апранутых у кальчугі і жалезныя пласціны, узброеных доўгалёзнымі сякерамі-бердышамі і шаблямі. Яны абкружылі гетмана, павялі з Гранавітай палаты, не даўшы нават развітацца з аднапляменнікамі.
Праўда, Канстанціну дазволілі ўзяць з сабою ардынарца з ліцвінаў. Ім аказаўся шарачковы шляхціц аднекуль з-пад Менску Зміцер Дайнеба.
– Дзіўнае ў цябе прозвішча, – сказаў Астрожскі.
– Я й сам дзіўлюся, – усміхнуўся Дайнеба вялікімі сінімі вачамі, – А было, як расказваў мне мой нябожчык бацька, так. Прадзед наш Сцяпан, як быў малым галапузікам, ездзіў з бацькамі на сенажаць. Не сам, вядома, ездзіў. Бацькі вазілі. Наша шляхта не ганарыстая была, побач з мужыкамі працавала. Разаслалі дыванок на лузе, паклалі на яго маленькага Сцяпана, самі косяць. Сонца свеціць. Косы-літоўкі свішчуць. Усё, як мАе быць. Ды чуюць – плача Сцяпан. Падыйшлі, а ён ляжыць на спіне, плача, ручкі ўгору цягне і ўсё просіць:
– Дай! Дай!
– Што табе даць? Квасу? Хлебчыка? А, можа, ягадаў?
– Дай! Дай неба!
Дужа здзівіліся тады ўсе. Так і прозвішча павялося – Дайнеба. А раней мы Зайкоўскія былі.
На маскоўскіх вуліцах было вятрыста і шматлюдна. Горад кіпеў, як мурашнік у сонечнае надвор’е. Перад фурманкай, у якую людзі Сабурава пасадзілі Канстанціна Астрожскага, прайшоў блазен з мятлою ў худых руках. Ён змятаў бруд і крычаў пранізлівым голасам:
– Вымятаю смецце са Святой Русі!
Прыехалі ў Чудаў манастыр. Па цёмных пераходах Сабураў, трымаючы ў руцэ запаленую паходню, правёў палоннага гетмана ў падзямелле, дзе было некалькі густа закрачаных цесных вязніц. Там, у суцэльнай цемры, капашыліся нейкія людзі ў лахманах. Адтуль чуўся кашаль, стогны і вар’яцкі смех.
– Тут зняволены злейшыя ворагі нашага гасудара, – тлумачыў Астрожскаму Сабураў, – Цар казанскі Алегам са сваімі жонкамі і дзецьмі. Родныя браты крымскага хана Менглі-Гірэя Айдар і Нардаўлат. Наўгародскія баяры. Лівонскія шпіёны. А вось і святліца Марфы Ісакаўны Барэцкай.
Слова “святліца” масковец сказаў, пэўна ж, з насмешкаю, бо князь Канстанцін, апынуўшыся там, дзе доўгія дзесяцігоддзі ў маўчанні і адзіноце жыла былая гаспадыня –пасадніца Гаспадзіна Вялікага Ноўгарада, убачыў маленькую бедную каморку. Меўся толькі грубы драўляны ложак, гэткі ж стол і гліняная круглая пасудзіна для нечыстотаў. На каменнай няроўнай сцяне вісела невялічкая выява Хрыста. Пад ёю квола цеплілася свечачка ўваткнутая ў патрэсканы каровін рог.
– Марфа Ісакаўна, прымай гасцей, – лагодным голасам сказаў Цімафей Сабураў і адступіў з каморкі ў змрок падземнага калідора.
На Астрожскага глянулі разумныя напоўненыя святлом веры і пакуты жаночыя вочы. Сухі высакародны твар, сівыя акуратна забраныя пад убрус і кіку валасы. Барэцкая была апранута ў цёмную, але чыстую феразь з вузкімі рукавамі, з белымі завязкамі спераду.
– Сядай, князь-гетман. Сядай побач са мною на ложак, – ціхім голасам сказала яна.
Канстанцін уздрыгнуў. Значыць, Марфа Пасадніца ведае яго! Але адкуль? Яна, зразумеўшы ягонае здзіўленне, усміхнулася:
– І тут, у лёхах падземных, жывуць людзі, а не адны толькі вартаўнічыя псы. Людзі гэтыя добрыя й сказалі мне пра цябе. Сказалі, што прывядуць цябе сюды, каб ты спалохаўся. Ты спалохаўся?
Марфа Пасадніца пільна-пільна паглядзела Астрожскаму ў вочы.
– Яшчэ не паспеў, – адказаў ён.
– Малайчына, князь. Ніколі і нікога, акрамя Бога, не трэба баяцца.
Яна прамовіла гэтыя словы так пераканана, так складна, што Канстанцін адчуў як упершыню пасля чорнага дня Вядрошы напаўняецца светлай сілай душа. Ён пазіраў на спакутаваную, ды непахісную ў сваёй жыццястойкасці жанчыну, як на святую, як на наўгародскую Жанну д’Арк.
У студзені 1478 году рухнуў Ноўгарад Вялікі, баярская рэспубліка з межамі ад Фінскай затокі да Урала, ад Вялікага княства Літоўскага да Кольскага паўвострава. Іван Трэці ў 1471 годзе разграміў на рацэ Шалоні наўгародскую раць, якой кіравала антымаскоўская групоўка баяраў начале з удавой пасадніка Марфай Барэцкай і ейнымі сынамі. Наўгародцаў, тых, хто ацалеў і трапіў у палон, прымусілі адрэзаць адзін адному вушы, насы, губы і адпусцілі. Яны пабеглі ў свой родны горад, і там іх назвалі “рэзанымі”.
Маскоўцы выбілі войска і сілу наўгародскую, як кажуць, у пень. Бяззбройны безгалосы горад (маскоўцы адразу ж знялі і павезлі да сябе вечавы звон) ляжаў перад пераможцамі. Іван Трэці ўехаў у яго і ўрачыста аб’явіў :“ Хотим государства своего, как есмя на Москве, так хотим быти на отчине своей Великом Новегороде”. З таго часу Ноўгарад вялікі толькі назвай сваёй, а так – вёска вёскаю. Ціха. Шэра. Аднастайна. Лянівыя тлустыя самЫ б’юць хвастамі ў Ільмень-возеры.
А які быў размах, якое кіпенне! Сябравалі-гандлявалі з Ганзаю, з усёй Еўропай. Везлі туды сібірскую футравіну, маржовыя біўні, ці, як яны называліся, рыбін зуб, лес, сала, зерне, пяньку, грыбы, мёд. Бушавала жыццё ва ўсіх канцах агромністага горада – Славенскім, Людзіным, Нераўскім, Цяслярскім, Загародскім, у багатых факторыях немцаў і шведаў. Баяры і купцы, пасадскія людзі і рукадзельныя рамеснікі, святары і кніжнікі – кожны знаходзіў тут свой хлеб і сваё месца. А яшчэ ж былі нястрымныя бадзягі-ушкуйнікі, якія хадзілі ў імклівыя паходы-налёты па Волзе ажно да Хвалынскага мора, і, падобна вікінгам, боем бралі на рачных берагах здабычу. І над усім гэтым велічна ўзвышаўся наўгародскі крэмль-дзядзінец з каменнай аграмадзінай Святой Сафіі.
Вялікакняжая Масква перамагла вечавы Ноўгарад. Сіла і слава наўгародская сышлі ў пясок, як вясновая шумлівая вада, і, пэўна ж, назаўсёды. Дзе Вадзім? Дзе Гастамысл і Садко?
– Ён мяне не выпусціць адсюль, – казала Марфа Пасадніца Канстанціну Астрожскаму, маючы на ўвазе вялікага князя маскоўскага Івана Трэцяга, – Я гэта ведаю. Я яму патрэбна, як пастаянны напамін аб ягонай перамозе, як лялька-цацка капрызліваму дзіцяці. І ён не хоча, каб я памёрла, бо лялькі гніюць, але не старэюць. Як леташні снег, як учарашнія воблакі, плыве, аддаляецца той час, калі я была маладой, калі са мною былі мой муж, і мае сыны, і наш Гаспадзін Вялікі Ноўгарад. Пасля Шалоні майму сыну Дзмітрыю Ісакавічу маскоўцы адцялі галаву, шмат мужчынскай наўгародскай сілы паклалі. А Казімір не прыйшоў з Літвы з дапамогай, хоць мы спадзяваліся і вельмі чакалі. У самім Ноўгарадзе, між нас, завяліся таці перамётныя. Адзін з іх, Упадыш, са сваімі сябрукамі за ноч закляпаў 55 нашых гарматаў. І ўпала пад ногі Маскве слава наўгародская таму што шмат было такіх упадышаў. Але я памятаю моцны прыгожы непахісны вольны Ноўгарад. Ён, цар Іван, як ні стараецца, ніколі не зможа выпаліць выкарчаваць з маёй душы ўсё гэта.
З хваляваннем глядзеў гетман у прыгожы высакародны твар сваёй сяброўкі па маскоўскай няволі. Спачуваў ёй. Вучыўся ў яе цярпенню і веры ва ўсё тое, што людзі, калі толькі яны людзі, а не пад’ярэмныя жывёлы, ніколі не аддаюць ворагу.
З Чудава манастыра палоннага Астрожскага павезлі на ўскраінную маскоўскую вуліцу, дзе за высокім дубовым плотам ляпілася некалькі невялікіх драўляных дамкоў. Ягоны наглядатай баярскі сын Цімафей Сабураў аказаўся, на шчасце, неблагім чалавекам.
– Я ведаю цябе, гетман, – сказаў Сабураў, – Я бачыў цябе ў Маркаве, калі вы, ліцвіны, сустракалі дачку вялікага князя Івана Васілевіча Алену. Я ехаў у яе вясельным поездзе. Вы тады з гарматаў стралялі, вогненныя колы запускалі з гары. Весела было. Я глядзеў і думаў, што болей між намі, Масквой і Літвой, ніколі не будзе вайны. Царская ж дачка рабілася жонкай вашага вялікага князя Аляксандра, а хіба родзічы могуць варагаваць?
– Могуць. Як бачыш, могуць, – ціха ўсміхнуўся маладому маскоўцу Астрожскі, – Бо некаму патрэбен звычайны кавалак хлеба з соллю, некаму чужая жонка, а некаму Трэці Рым.
Сказаўшы такія словы, ён глянуў на неба. Вогненныя горы аблокаў зіхцелі над абмытай летнім дажджом Масквой. А паміж гэтымі аблокамі-гарамі плавалі маленькія рознакаляровыя хмаркі, сінія, жоўтыя, зеленаватыя, як дзівоснае нябеснае пер’е. Пазіраў бы і пазіраў на іх, цешыўся б імі. Разам з імі паляцеў бы ўдалеч, туды, дзе за доламі і лясамі, за цішынёй і за громам ляжыць родны Астрог, уецца між густога ляшчынніку тоненькая, як нітка, сцяжынка, што помніць і беражэ ягоныя дзіцячыя сляды.
Каля брамы, якая была прарэзана ў пацямнелым дубовым плоце, і да якой Сабураў павёў Астрожскага і Дайнебу, стаяла кволая, нібы палявая былінка, вельмі старая жанчына ўся ў чорным. Калі палонны гетман параўняўся з ёю, яна, пакланіўшыся, падала яму невялікі вузельчык, прамовіла-праспявала дрогкім голасам:
– Возьми, батюшка, хлебушко. Покушай.
– Вазьмі хлеб, – сказаў Канстанцін Зміцеру Дайнебу, а сам таксама пакланіўся старой:
– Дзякуй табе, добрая душа.
Так пачалося нявольніцтва ў Масковіі. Канстанцін Іванавіч жыў у адным з маленькіх драўляных дамкоў, Дайнеба ў такім жа побач. Усё было вельмі сціплае – ложак, пара крэслаў, стол, печ-каменка каля глухой сцяны. Зміцер Дайнеба, які слугаваў палоннаму гетману, калоў на двары дровы, прыносіў іх у журботную хатку, распальваў печ. Яны ямчэй уладкоўваліся на рыпучых крэслах, сціхалі і глядзелі на агонь. Трашчалі ў печы паленцы. Танцавала полымя. Цені бегалі, трапяталі на сценах, на тварах. Было адчуванне, што жыццё спынілася, скончылася.
Баярскі сын Цімафей Сабураў са сваёй вайсковай камандаю займаў два суседнія дамкі. Маскоўцам было забаронена размаўляць з палоннымі ліцвінамі. Кайданы з Астрожскага не здымалі, і пакрысе ён звыкся з імі. Тры разы на дзень прыносілі гарачую ежу. У нядзелю налівалі вялікую кварту піва.
Пэўна, вялікі князь маскоўскі Іван Трэці забыўся пра палоннага літоўскага гетмана. А, магчыма, нешта вычэкваў. Можна было меркаваць, што ён хоча, каб Астрожскі паступіў да яго на службу. Але пасланцоў з Крамля не было.
Затое прыехаў нечаканы госць – князь Сямён Іванавіч Бельскі, які ў 1499 годзе перайшоў на бок вялікага князя маскоўскага. Няблага жылося яму ў свой час у Вялікім княстве Літоўскім. Пад ягонай рукою былі гарады Белы, Смаляны, Рослаў. Пры Казіміры і Аляксандру засядаў у панах-радзе, быў у велькай пашаноце. Чаму збег да Масквы, аднаму Богу вядома.
Князь быў грузны, задышлівы, але вясёлы. Увайшоў у хатку, запоўніўшы яе сабою, моцна абняў Астрожскага, тройчы з густым прыцмокам пацалаваў. Потым стаў каля вакенца, сказаў:
– Як жыве-пажывае наш гетман-паланенік? Не бачу булавы. Дзе булава гетманская?
– Булаву ў мяне цар Іван украў, – усміхнуўся Канстанцін.
– Што ты кажаш, Канстанцін Іванавіч? – спалохана азірнуўся па баках, нават глянуў у вакенца Бельскі, – Хіба можна такое пра гасудара гаварыць? Тут усе называюць Іаана Васілевіча – наш гасудар-надзёжа.
– Каму надзёжа, а каму не дай, Божа, – вёў сваё Астрожскі. Яму захацелася падражніць, пазлаваць Бельскага. Мяркуючы па-усім, гэта ўдалося.
Сямён Бельскі пакрыўджана засоп кароткім чырванаватым носам:
– Не трэба ні табе, ні мне такія жарцікі. Тут, у Маскве, дужа балючыя арапнікі і дужа цёмныя падзямеллі.
– Масква слязам не верыць, – згадзіўся гетман, – Але ж тваім слязам, калі ты пераехаў да Івана, яна паверыла. Ведаеш, як мы называлі і называем такіх, як ты? Бегункі.
Бельскі глянуў на яго ўжо амаль са злосцю:
– Бачу я, гетман, што неадплочаныя неадпомшчаныя крыўды гнятуць тваю душу. Але няхай не пакіне цябе звычка хадзіць азіраючыся і прыслухоўваючыся. Змірыся і скарыся. Не ўсё ў чалавечай уладзе. Значыцца, Богу было заўгодна, каб цябе маскоўцы зланцужылі пад Вядрошай. Не ерапенься, а йдзі на службу да Іаана Васілевіча. Чымся тут з павуціннымі павукамі шаптацца, лепш зноў пачуць гром гарматны на войскім полі. Ты ж – прыроджаны рыцар!
Ён, князь Сямён Бельскі, ведаў чым зачапіць і ўстрывожыць гетманаву душу. Так, у гэтым забытым людзьмі і Богам лядаштым нікчэмным дамку яму часта сніўся стэп, тысячы гарачых баявых коней, тысячы вершнікаў і тысячы шабляў-маланак узвітых над галовамі. Грозна стогне зямля. Хвошча па тварах пругкі сустрэчны вецер. Ён, гетман, наперадзе. Як вольная птушка.
Астрожскі пракаўтнуў сухі камяк у горле. Пайшла кругам, затуманілася галава. Каб не ўпасці, ён сеў на ложак.
– Мацуйся, князь, – заўважыўшы ягонае хваляванне, сказаў Бельскі і нават паляпаў яго па плечуку рукою, – Калі шчыра сказаць, то ўсе мы ў палоне, хто ў якім. Хто ў палоне багацця зямнога, хто ў жаночых альбо ў піцейных цянётах.
– Я ў маскоўскім палоне, – жорстка прамовіў Астрожскі, – Я сяджу, як ланцужны пёс. У гэтай бруднай цеснай будцы. Што хацеў мне сказаць? Кажы.
– Ідзі ваяводаю да цара Івана. Трэба весці раць на Магілёў.
– На Магілёў? – Канстанцін горка ўсміхнуўся, – На сваіх не хаджу.
– Твая панская воля, – развёў рукамі Бельскі, – Так мне даручылі табе сказаць. І Даніла Шчэня з дзякам Курыцыным і праз іх – сам гасудар Іван. Што ж, думай. А я пакуль пайду.
– Ідзі, калі пайшоў па сабачых сцежках, – злосна выдыхнуў Астрожскі.
Сямён Бельскі ўздрыгнуў, скрыўджана глянуў на яго, моўчкі вышаў. На бедную зацемненую хаціну навалілася цішыня. Зміцер Дайнеба, што падчас іхняй гаворкі быў на двары, зразумеў, чым яна скончылася і толькі прысвіснуў.
Увечары, расхінуўшы вакенца, Канстанцін Іванавіч любіў глядзець на палёты кажаноў. Цямнела неба. Змрок пачынаў браць у сваю абладу ўсё наваколле. Хаваліся ў гнёзды птушкі. Заціхаў двор. І тады з’яўляліся кажаны. Бясшумна. Заўсёды неспадзявана. Быццам нечая моцная рука выкідвала іх, як чорныя мячыкі, у вечаровую імглу. Палёт іхні быў вельмі імклівы. Яны несліся нізка-нізка над дрэвамі, над дахамі, а потым рэзка кідаліся то ўбок, то ўверх, пэўна, хапалі на ляту камароў ды іншую драбнечу. Нешта містычнае і халодна-трывожнае было ў гэтых маўклівых кіданнях. Адразу ўспамінаўся Астрог, маленства.
– Паніч Косцік, адзень шапачку, а то кажан на галаву сядзе, – клапатліва казала яму старая нянька, калі летнімі вечарамі ён выходзіў пабегаць каля вежавай сцяны. Дзе зараз і ці жывая тая няня? Дзе тая шапачка?
Успамінаўся Аляксандр, вялікі князь і кароль, сябра. Для яго ён, Канстанцін, быў Кажаном. Калісьці яны былі, як Дыяскуры – Кастар і Палідэўк. Верныя адзін адному. Неразлучныя. Ці памятае Аляксандр-Ямнік яго, запалоненага чужынцамі гетмана? Ці што робіць для ягонага выбаўлення з няволі? Зрабіцца б крылатым кажаном і праз чорную ноч паляцець адсюль у далёкую, у любімую Вільню.
Неяк Зміцер Дайнеба, вытрасаючы-выбіваючы гетманаў чырвоны плашч, ціха і няўпэўнена сказаў, адводзячы ўбок вочы:
– Пан Канстанцін, ці можна мне папрасіць?
– Прасі, пан Зміцер, – весела дазволіў Астрожскі.
– Тут да мяне прыбягала дзяўчына-маскоўка. Аніськаю завуць. Добрая дзяўчына.
– А як жа яна да цябе прыбягала? – здівіўся Канстанцін, – Плот жа кругом. І варта дзень-ноч стаіць.
– З вартаю Аніська дамовілася. Ейны бацька купчына багаты, – пачухаў патыліцу Дайнеба, – А плот... Яна цераз плот пералазіць. Дык ці можна ёй пералазіць?
Сінія шчырыя вочы вернага служкі глядзелі на гетмана з чаканнем і вялікай надзеяю. Яму так хацелася, каб Астрожскі не адмовіў. У яго нават шчокі пабляднелі. А й то – малады, гарачы. Як там у песні, якую ён, Астрожскі, чуў аднойчы ў малалецтве:
Вол бушуе –
Вясну чуе.
Канстанцін пазіраў на Зміцера Дайнебу і думаў. А мне ўжо сорак летаў. Сорак. І няма той, якая б дзеля мяне пералазіла, як гэтая Аніська, цераз плот, няма малжонкі. Не звіў свайго гнязда. Не паспеў? Не здолеў? Не схацеў? Цяжка адказаць. А столькі было цудоўных паненак і ў Астрозе, і ў Вільні, і ў Кракаве. Зараз жа, носячы на руках грымучыя кайданы, наогул невядома як павернецца кола лёсу. Можа, давядзецца скончыць свае дні ў цёмнай смуродлівай клетцы. Ён успомніў пасадніцу Марфу Барэцкую.
– Пан гетман, – кашлянуў Дайнеба.
– Няхай пералазіць твая Аніська, – усміхнуўся Астрожскі, – Толькі цёмнячы, каб старонняе вока не бачыла. І маіх кажаноў не паразганяйце.
І ўсё-ткі час спыніўся. Здавалася, нават воблакі над дваром пачалі плысці больш павольна. Ніводнага разу не прыязджаў князь Бельскі, ніхто іншы з бегункоў. Пра палоннага гетмана нібы забыліся.
Аднойчы ў яркі сонечны поўдзень ён, схаваўшыся ў цень, сядзеў у сваім дамку каля акенца, глядзеў на неба. Адпачывала душа. Вочы купаліся ў бязмежным блакіце. Перад гэтым уначы грымела дзікая навальніца. Гнуліся абпырсканыя святлом маланкі мокрыя дрэвы. З пранізлівым свістам ляцела абламанае сучча. Доўгі тоўсты сук нават упіўся, як дзіда, у сцяну ягонай хаткі. Аднаго з людзей Цімафея Сабурава падхапіла, нібы саломіну, панесла над зямлёй. Ён праляцеў з дзесятак сажняў, а потым пляснуўся на зямлю. Падбеглі сябрукі, растармашылі. Небарака з цяжкасцю прыўзняўся, сеў, пачаў гаварыць што чуў, як спявалі анёлы.
Сёння ж неба было ціхае. І раптам у зіхоткім сонечным бляску з’явіўся сокал-балабан. Пэўна, нейкі паляўнічы выпусціў прыручаную драпежную птушку недалёка адсюль, над балотамі, а балабан, захапіўшыся паляваннем, заляцеў у горад. Ён рэзаў паветра, як чорны востры нож. Ён навёў найвялікшае трапятанне на дробнае птаства. Птушачкі зашываліся-хаваліся хто куды. Балабан быў царом неба.
Ды з-за зялёнай сцяны дубоў і бярозаў, што купна раслі на ўскраіне Масквы, імкліва вырвалася невядомая магутная птушка.
– Арол! – закрычаў Зміцер Дайнеба, – Пан гетман! Арол!
Астрожскі выбег на двор пад гарачы лівень сонечных прамянёў. Хаваючы вочы ад сляпучай нябеснай яркасці, склаў далоні стрэшкай, пачаў глядзець уверх. Адкуль тут узяцца арлу?
Балабан заўважыў праціўніка. Клубком натапырыў пер’е, смела пайшоў на збліжэнне. Пэўна, ніколі не сустракаў у небе мацнейшую за сябе птушку.
Два крылатыя кіпцюрыстыя і дзюбатыя тараны з трэскам-ляскам сутыкнуліся ў сонечным небе. Пырскнула ўбакі скрываўленае пер’е. Балабан нібы спатыкнуўся ў палёце, каменем пачаў падаць уніз. Вось перавярнуўся, як дохлая нікчэмная курыца, пляснуўся на шэры пясок непадалёк ад плоту.
І адразу ж арол, свідруючы паветра, склаў вострым вуглом магутныя крылы, ірвануўся са сваёй галавакружнай вышыні да зямлі .
– Пан гетман! – спалохана крыкнуў Зміцер Дайнеба і спалохана закрыў твар рукамі. Падалося, дзіўная грозная птушка хоча выдзеўбсці вочы. Астрожскі, як зачараваны невядомай сілаю, стаяў, не хаваўся. Было прадчуванне, што зараз адкрыецца нейкая таямніца.
Арол быў ужо побач. Парывістым ветрам ударыла ў грудзі. Гетман аж захістаўся, але не заплюшчваў вачэй. Усхвалявана затахкала сэрца.
Магутная птушка праляцела –прасвістала ўсяго за некалькі сажняў ад гетманавага твару і глянула на яго. Так пад час навальніцы ў вакно заглядвае маланка, рэзка, імгненна і вогненна. Мудрыя нечалавечыя вочы наскрозь пранізалі душу. Здавалася, арол хоча нешта сказаць. Ды толькі дзікае клекатанне вырвалася з птушынага горла, і ён ізноў узмыў у вышыню, зрабіўся чорнай кропкай, знік. Канстанцін жа знясілена сеў на парозе сваёй хаткі, падпёр галаву рукамі. Што хацела сказаць таямнічая птушка?
А неўзабаве з-за плоту, які агароджваў двор, пачуліся гнеўныя крыкі, усчалася спрэчка. Некалькі сярдзітых мужчынскіх галасоў счапіліся ў калючы клубок, і невядома было хто і аб чым спрачаецца. Астрожскі з Дайнебам на ўсялякі выпадак ўзялі ў рукі сваю адзіную зброю – доўгія арэхавыя кіі. Мяккасардэчны Цімафей Сабураў у абыход найстражэйшага вялікакняжага загаду не дазваляць палонным займацца справаю, якая напамінала б ім аб іхнім ваярстве, не стаў забараняць двубоі на арэхавых кіях. Трэба ж час ад часу размінаць рыцарскае плячо.
– Здесь упала наша птица! – глуха басіў раззлаваны мужчынскі голас, – Вы из рушницы застрелили моего охотничьего сокола! Пустите меня во двор!
– Нельзя. Там государевы пленники, – няўпэўнена і разгублена пярэчыў Сабураў.
Я – государев дворецкий Петр Плещеев! Со мной сокольничий Иван Тереньтьев! И ты, Тимошка Сабуров, ответишь нашему государю за свое своеволие и дерзость свою непомерную!
Брамка з неахвотаю, але расчынілася. На двор увабегла некалькі чалавек у паляўнічай апратцы – лёгкія плашчы, доўгія скураныя боты, у шапкі-аблавушкі ўваткнуты чапліны пёры. Галоўны між іх, пэўна ж, дварэцкі Пляшчэеў, убачыў каля плоту забітага балабана, роспачна пляснуў рукамі, схапіў птушку і прытуліў да грудзей, нібы хацеў ажывіць яе. Потым з нянавісцю глянуў на гетмана Астрожскага, закрычаў:
– Мало ль вам в Литве окаянной птиц?!
Ды Астрожскі нават не глядзеў на крыкуна дварэцкага. Усе думкі ягоныя былі пра грознавокага арла.
Пад канец лютага ў 1501 годзе Канстанціна Астрожскага, Літавора Храптовіча, Мікалая Глябовіча і Зміцера Дайнебу з Масквы павезлі ў Волагду. Некалі там быў зняволены, праліваў няўцешныя слёзы бацька сённяшняга маскоўскага гасудара Васіль Цёмны.
Ехалі санным абозам па белай зімовай дарозе. Тонка пішчалі палазы. Фыркалі, выпускаючы з ноздраў клубкі цёплай пАры, калматыя грывастыя коні. Чым болей аддаляліся на поўнач, тым халаднейшаю рабілася зіма. Гэта табе не Астрог і не Вільня з Менскам. Там паміж зімы праз тыдзень-другі налятаюць з Балтыйскага мора адлігі, цуркочуць са стрэхаў звонкія срэбнаструмяністыя капяжы, вераб’і п’юць ваду з размяклай дарогі. Тут мароз пячэ, смаліць, іголкамі коліць. Тут мароз – гасудар, цар усяго.
Гетман сядзеў у голых санях на ахапцы мёрзлага сена разам з Дайнебам. На служку цяжка было глядзець. Калі ад’язджалі, прыбегла на двор Аніська, проставалосая, у расхліснутым чырвоным кажушку. Людзі Сабурава адпіхвалі яе дрэўкамі бердышаў, не пускалі да саней. А яна крычала:
– Пустите до мово миленочка! Дёма! Диметрий!
Не пусцілі. Адпіхнулі ў снег. Ірванулі коні, крануліся з месца сані. Яна ляжала на снезе, надрыўна плакала, галасіла ўслед:
– Дёма! Дёма! Прощевай, цветик мой лазоревый!
Імчаўся ў глухую зімовую далеч абоз. Гаслі барвы кароткага дня. Неба і зямля зліваліся ў адну суцэльную белашэрую паласу. Ужо не было бачна коней. Толькі бомы пад дугамі журботна звінелі, выбівалі адно і тое ж:
– Прощевай… Прощевай…
Усю дарогу Канстанцін Астрожскі сядзеў моўчкі, глядзеў на пустынную беласнежнасць зімовай зямлі, думаў. Незадоўга перад гэтым Цімафей Сабураў пашкадаваў палонных – даў кожнаму цёплы аўчынны кажух. Так што ў цяпле думалася лепш.
Вось гэтая белая зямля, па якой лятуць сані, зусім нядаўна была ўласнасцю Гаспадзіна Вялікага Ноўгарада. Зараз яна ўласнасць маскоўскага гасудара Івана Трэцяга. Ці не памылілася гісторыя, абраўшы для Русі маскоўскі, а не наўгародскі шлях? Ноўгарад жа мог таксама “збіраць Русь”, але збіраць з меншай крывёю, з Вечам, з выхадам на блізкую адсюль Еўропу. Было б нешта накшталт паўночнай Венецыянскай альбо Генуэзкай купецкай рэспублікі. Менавіта ж з Наўгародчыны, з ракі Волхаў, з возера Ільмень, з варага Рурыка і ягоных няўседлівых братоў пачыналася калісьці дзяржаўная Русь. Дарэчы, яна магла б называцца не Русь, а Варагія.
Думкі, як птушкі, пералётвалі на ягоную, князя Астрожскага, радзіму. Што такое Літва? Гэта ўсе мы, людзі славянскага кораню. Астрожскія з Тураўшчыны. Глябовічы з Полаччыны, Храптовічы з Валыні. І тысячы іншых, вяльможных і зацных. І мільёны простага люду. Гэта ўсё – Літва, ці Ліцвінія, як у вузкім сяброўскім коле называем мы сваю Айчыну. І аўкштайцкія князі-вадасы са сваімі дружынамі. Тыя ж самыя варагі, толькі наднёманскія. У іхніх жылах цячэ кроў ваяўнічых полацкіх князёў. Яны вышлі з лясоў, жменька ваяўнічага народу, і наша Літва праглынула іх і засталася Літвою-Ліцвініяй, з нашай старадаўняй мовай, з нашымі статутнымі законамі, з нашай грэцкай хрысціянскай верай.
У Волагдзе палонных ліцвінаў сустрэў люты мароз і не менш люты ваявода Аляксей Марозаў. Ён быў ў велізарным кажусе, сшытым з чорнабліскучых сабаліных шкураў. На галаве – калматая мядзведжая шапка, таксама вялізная, як буслянка на вясковай ліпе. На растапырыстых чорнарудых вусах пагрозліва ззяў лёд. Дзіўна было – чаму гэты чалавек не можа сваёй уласнай рукою ўзяць і сашкрэбці, здзерці са сваіх вусоў гэты лёд. Трохі пазней дакумекалі – ён любіць, калі пазіраючы на яго, падначаленыя яму людзі пастаянна адчуваюць холад.
Ваявода Марозаў адразу пачаў з лаянкі і крыку:
– Подтяни брюхо, латинное войско! Здесь вам не Рым! (Ён так і крычаў Рым, а не Рим). Здесь два воеводы – Мороз и Морозов!
Пасля такіх слоў на людскія вушы нёсся нястрымны рогат, падчас якога ў ваяводы калыхаўся пад сабалінаю футраю тоўсты абвіслы жывот.
Ды ваявода Марозаў, як кажуць, не на тых напароўся. Ледзьве ён пачаў сваю чарговую “речь”, як Літавор Храптовіч, магутны крутаплечы чалавек, шырока пазяхнуў і перахрысціў рот.
– Ты что зто делаешь, латинник? – загрымеў прастуджаным голасам Марозаў.
– Жагнаюся. Каб нячысцік у рот не ўляцеў, – адказаў Храптовіч.
– А где ты здесь видишь, как ты говорищь, нечистика? – навастрыў вушы Марозаў.
Адказам было маўчанне. Марозаў азірнуўся наўкол, нават паглядзеў сабе пад ногі, разгублена хмыкнуў у растапырыстыя вусы.
Жылі напачатку ў нізкай бярвёністай хаце, якую па самую страху замятаў снег. Між бярвенняў клычыўся сцямнелы шорсткі мох.
– Марозаўскія вусы, – сказаў пра яго Зміцер Дайнеба.
Усе засмяяліся, усім спадабалася. Так і пачалі зваць гэты мох.
Адзінай працаю было штодзённае змаганне са снегам. Нарабілі шырокіх драўляных рыдлёвак. Нарэзалі ў суседнім хмызняку мётлаў. Са старых паламаных дзвярэй змайстравалі валакушу і, упрэгшыся ў яе, сцягвалі ў адну кучу снегавыя гурбы. Надыйдзе вясна і з’есць гэтую кучу. Пакуль жа Літавор Храптовіч круціўся вакол яе туды-сюды, і глянуць не паспелі, як на двары стаяў агромністы пузаты снегавы чалавек. Прыгледзеўшыся, Дайнеба весела крыкнуў:
– Дык гэта ж наш Марозаў!
Дні губляліся ў шэрай мяцельнай імгле, у ваўчыным выцці. Ваўкі падыходзілі зусім блізка. Коні, што стаялі ў хлеўчуку, пачыналі храпсці, пранізліва жалобна іржалі, клічучы чалавека. Людзі ваяводы Марозава выбягалі з каравулкі, стралялі з рушніцаў у трывожную злую цемень. Толькі ляскат каціўся па наваколлі.
Аднойчы з-за парослых шчаціністым калючым ельнікам узгоркаў вываліўся купецкі абоз – шасцёра саней гружаных мёрзлай рыбай. Велізарныя шчупакі і плоткі ляжалі кучамі. Купцы, абматаныя ад марозу тоўстымі башлыкамі, шчодра падзяліліся з ваяводам сваім грузам.
– І кот не мыўся, і госць з’явіўся, – пажартаваў Зміцер Дайнеба.
– Ловим рыбу в лесных озерах. Везем с Вологды на Тверь, а оттудова в Москву, – патлумачыў купецкі старэйшына, велізарнага росту барадаты чалавек з чырвоным ад холаду тварам і дзіўным маленькім носам-круцёлкай, які колерам сваім рэзка вылучаўся на твары – быў белы.
Ваявода Марозаў, што напачатку абрадаваўся і гасцям і падараванай імі рыбе, раптам падазрона звузіў касаватыя вочы, пачаў пільна ўглядацца ў гэты нос. Так котка, не адрываючы позірку, глядзіць на шчыліну, з якой вось-вось павінна выбегчы мыш.
– А что это, мил человек, у тебя с носом? – раптам спытаў Марозаў і сваёю рукою-лапай хапануў гэты нос. Нос адваліўся. Усе, як анямелі. Гэта было так імгненна і так нечакана.
– Резаные! Новгородцы! – закрычаў ваявода і наваліўся на купецкага старэйшыну.
Пачалася дзікая валтузня.
– Срывайте с их поганых рож башлыки! Они все резаные! – рыкаў, як мядзведзь, ваявода.
Ягонае воінства было больш шматлікае, і неўзабаве купцоў звязалі вяроўкамі. У санях пад рыбаю знайшлі шмат халоднай зброі – сякеры, кляўцы, нажы. Мелася нават рушніца. Аляксей Марозаў задаволена паціраў рукі:
– Знатная рыбка попалась. Ну-ка, робяты, – звярнуўся ён да сваіх падначаленых, – Быстренько разожгите печку, раскалите на огне вот этот нож. Поговорим с безносыми гостями.
– Не надо, воевода, разжигать печь, – хмура сказаў купецкі старэйшына, – Мы из Новгорода, пюди посадницы Марфы Борецкой. Она велела нам освободить из твоего заточения литовского гетмана. Жаль, не получилось.
Сумнымі вінаватымі вачамі ён паглядзеў на Канстанціна Астрожскага.
Колькасць прачытаўшых: 954 Колькасць вогдукаў: 0