Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг.
І
27 кастрычніка 1505 году на шэсцьдзесят шостым годзе жыцця памёр вялікі князь маскоўскі Іван Трэці. Пры адлёце ягонай душы ў вечнасць прысутнічалі мітрапаліт маскоўскі Сіман са сваім клерам, баяры Міхайла і Пётр Пляшчэевы, князь Даніла Шчэня-Патрыкееў, дзякі Мамыраў і Курыцын і наследнік, дваццацішасцігадовы сын Васіль.
Паставілі аналой. Прынеслі запаленыя лампады і свечкі. Васідь плакаў, пазіраючы на зжаўцелы бацькаў твар.
Аб чым думаў гасудар Іван у свае апошнія зямныя імгненні? Аб рацэ Угры, дзе ён скінуў з Масковіі цянёты ардынскага рабства? Аб дачцы Алене, якая зрабілася каралевай Польшчы і вялікай княгіняй Літвы? Аб сваёй любімай жонцы Соф’і, што адышла да Бога два гады таму і, пэўна ж, чакае яго ў нябеснай дзяржаве? А, можа, ён прыпамінаў запалоненага ліцвінскага ваяводу Канстанціна Іванавіча Астрожскага, які не схацеў служыць яму? Аб усім ведае і будзе ведаць толькі Бог.
Як бы жадаючы ўраўнаважыць сілы Вялікага княства Літоўскага з сіламі Маскоўскай дзяржавы, нябёсы недзе ўсяго праз дзесяць месяцаў (19 жніўня 1506 году) забралі з зямнога жыцця вялікага князя літоўскага і караля польскага Аляксандра. Ён пражыў толькі сорак пяць гадоў. Перад гэтым яго доўга і беспаспяхова лячыў алхімік Аляксандр Балінскі, якому Алена Іванаўна заплаціла трыста чырвонцаў. Алхімік да чырвоных камянёў напаліў лазню, завёў у яе хворага і ледзь там не замарыў. Давялося адліваць вадой-халадзёнкай.
На сконе свайго кароткага жыцця Аляксандр ліхаманкава стараўся застацца ў памяці нашчадкаў водцам дзяржавы, якому шанцуе ў справах ягоных, які заўсёды перамагаў. На вялікі жаль, гэта не зусім так. Вось што пісалі пра яго: “У войнах ён быў пазбаўлены шчасця. У цараванне ягонае адбываліся вялікія напады, разбурэнні, захопы людзей, жывёлы і маёмасці.”
31 жніўня 1503 году Аляксандр заключыў з Іванам Трэцім, войскі якога безупынку атакавалі ды атакавалі не татарскі Крым з Турцыяй, а хрысціянскую Літву, перамір’е на шэсць гадоў да 1509 году. Да Маскоўшчыны адыходзіў увесь верхні басейн Дзясны і басейн Угры з гарадамі Чарнігаў, Старадуб, Ноўгарад-Северскі, Любеч, Бранск, Рыльск, Гомель, Мцэнск, Почэп... Да Кіева заставалася ўсяго 25 вялікіх літоўскіх вёрстаў.
У 1506 годзе, апошнім годзе ягонага жыцця, Маскоўска-Крымская кааліцыя кінула на Літоўскае княства 30 тысячаў татарскіх вершнікаў на чале з Махмат-Гірэем, Біціс-Гірэем і Бурнаш-Салтанам. Іхнія коні іржалі пад сценамі Слуцка і Менска.
У Лідзе збіралася паспалітае рушэнне. Смяротна хворы Аляксандр разам з жонкай, Міхайлам Глінскім, Янам Забярэзінскім, віленскім біскупам Войцэхам Табарам і канцлерам Янам Ласкім адразу паехаў да свайго войска. Там яго чакала больш за шэсць тысячаў чалавек, якія гучнымі крыкамі віталі свайго Гаспадара.
Гетман Станіслаў Кішка павёў войска насустрач татарам. Аляксандра ж канчаткова зваліла хвароба. Яго павезлі ў Вільню ў гамаку, прывязаным паміж двух коней. Ён пачынаў трызніць. Твар гарэў.
– Дзе Кажан? – хрыплым голасам спытаў ён раптам.
– Што? – не зразумела, нахілілася да яго Алена Іванаўна.
– Дзе Кажан? – паўтарыў Аляксандр.
Жонцы падалося, што ён вар’яцее. Яна адвярнулася і заплакала. Аляксандр спаймаў ейную руку, пацалаваў сухімі вуснамі:
– Дзякуй табе за ўсё.
Жонка, вялікая княгіня і каралева, заплакала яшчэ мацней.
У Вільні, калі Аляксандр ужо канаў, прыйшла вестка, што пад Клецкам князь маршалак дворны Міхайла Глінскі, што замяніў гетмана Кішку, які раптоўна захварэў і не змог нават сесці ў сядло, ушчэнт разграміў трыццацітысячны татарскі кош, тры тысячы стэпавікоў павязаў. Акрамя таго вызваліў з палону 40 тысячаў ясыру і ўзяў каля 10 тысячаў татарскіх коней.
– Малайчына Глінскі! – радасна заззяў вачамі, сеў на ложку Аляксандр і адразу ж рухнуў.
Яго пахавалі ў віленскім саборы святога Станіслава. І ўсё-ткі ён дамогся свайго – праваслаўная Масква і мусульманскі Крым не здолелі знішчыць пры ягоным жыцці ягоную ўлюбёную дзяржаву – Вялікае княства Літоўскае.
Маскоўшчына нізавошта не хацела мірыцца і аддаваць назад захопленыя землі. Новы вялікі князь Васіль Трэці, пахаваўшы свайго бацьку Івана Трэцяга, адразу ж пайшоў па вогненных бацькавых слядах – на захад, на Смаленск, Полацк, Менск і Вільню. Тэрмінова спатрэбілася (у які ўжо раз!) ратаваць праваслаўны люд, быццам люд той толькі й жадаў, каб схіліць выю перад маскоўскім баярствам.
На Літве і Польшчы пачалося гаспадаранне вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Першага Старога, унука Ягайлы, сына Казіміра Ягелончыка. Ягоны старэйшы брат Уладзіслаў быў каралём Чэхіі, а затым і Венгрыі. Жыгімонт размаўляў на некалькіх мовах, а вось са сваім усходнім суседам маскоўскім вялікім князем Васілём Трэцім, як ні стараўся, паразумецца не змог. Зноў узвіхурылася вайна. Васіль Іванавіч ударыў па Княстве. Дзве шматтысячныя раці – адна з Дарагабужа, другая з Вялікіх Лукаў – хлынулі на ліцвінскія землі аж да ракі Бярэзіны.
Ліпень 1507 году быў спякотны, з грымучымі шумлівымі навальніцамі, з едкім пахам дыму. Гарэла трава – вогненныя вёрткія змеі слізгалі па сухіх лугах, убягалі ў лясы. Клубкі шэрасіняга дыму выбіваліся, вылузгваліся й з-пад зямлі – гарэў, плавіўся балотны торф.
Па Вялікай дарозе Бярэсце-Менск-Смаленск, пыльнай і небяспечнай у час вайны, ва ўсходнім накірунку павольна рухаўся дзіўнаваты абоз. Паперадзе марудна ішлі-калываліся два вялізныя сівыя валы, якія цягнулі фуру з высокімі рыпучымі коламі. Цяжка было вызначыць – валы-флегматыкі сівыя сваёй прыроднай поўсцю або сівыя ад густога задушлівага пылу. Кіраваў фураю дужа валасаты цёмнаруды чалавек з саламянай шапкай-брылём на галаве. Ззаду яго на аб’ёмістым драўляным куфры засланым мяккімі вышыванымі рушнікамі сядзелі дзве маладзенькія дзяўчыны ў сціплых плашчах. На галовах у юных падарожніц шаламком былі завязаны простыя паркалёвыя хусцінкі. І толькі вельмі багатыя бліскучыя завушніцы ў пяшчотных дзявочых вушках маглі падказаць пільнаму чалавеку, што едуць не сялянкі і нават не мяшчанкі, а дочкі шляхціцаў. Дзяўчаткі аб нечым весела і бестурботна шчабяталі.
Следам за фураю калацілася па няроўнай разбітай дажджамі і цяжкімі абозамі дарозе лёгкая фурманка-аднаконка. Тут лейцы трымаў у жылістых смуглых руках чалавек сярэдняга веку. Задуменнасць і адначасна насцярожанасць былі на сухарлявым, зрэзаным павуціннем маршчынаў твары.
Замыкала абоз кавалькада з дзесяці-дванаццаці вершнікаў, маладых і шумнагалосых. Яны галёкалі, свісталі, крычалі нешта зразумелае толькі ім самім. І бесперапынна насіліся на конях туды-сюды. То выскоквалі капыцілі па сухой пясчанай дарозе, узбіваючы слупкі пылу, далёка паперадзе абозу, то зварочвалі ўбок, на травяністыя лужкі, і тады коні іхнія тапталі і ламалі галоўкі кветак, спуджвалі з гнёздаў птушак. Аднаго разу з-пад імклівай конскай нагі выскачыў, выкуліўся шэры пругкі камячок.
– Заяц! – дружна крыкнулі маладзёны і на злом галавы паімчаліся за ім. Ды дзе там! Шэры хвосцік даў такой лататы, што закружылася ўваччу.
Абоз ужо быў далёка ўсходней Воршы і падбіраўся да Смаленску. Гэта былі землі Вялікага княства Літоўскага, але маскоўскія загоны гаспадарнічалі тут, як у сябе дома. Таму вершнікі паступова пачалі сцішваць свой імпэт і нарэшце паехалі адной калонаю, пільна азіраючыся і прыслухоўваючыся да наваколля.
У густым змроку ўехалі ў Смаленск, на гарадской ускраіне адшукалі заезжую карчму. Гэта быў крыты вымашчаны каменнем двор з адрынай і павеццю для фурманак. Меўся калодзеж з халоднай зубаломнай вадой. Маладыя вершнікі распрануліся па пояс, пачалі, фыркаючы і весела адплёўваючыся, змываць з сябе гарачы дарожны пыл. Дзяўчаткі ж і два пажылыя фурманы толькі змачылі хусцінкі і старанна выцерлі імі твары і рукі.
У карчме стаялі шырокія сталы на дрогкіх козлах. Уздоўж сценаў былі наштукаваны лавы. Пэўна, яны ніколі не пуставалі, бо былі выслізганы да жоўтага мядзянага бляску. У самым куце, як пушчанская мядзведзіха, раскашавала велізарная цагляная печ. У ёй ярка гарэлі, перавальваліся з боку на бок тоўстыя бярозавыя паленні. Смажылася, сцякала гарачым тлушчам мяса і сала. Пах ад яго быў такі апетытны, што мог успароць з дамавіны мёртвага.
Падарожнікі, апаласнуўшыся каля калодзежу, паставіўшы пад павець коней і фурманкі, зморана плюхнуліся на шырокія лавы. Адразу ж з паслужлівай усмешкай на твары падыйшоў карчомнік, тоўсты чалавек у круглай скураной шапачцы. Калі ён зняў сваю шапачку і ветліва пакланіўся гасцям, на галаве бліснула лысіна-карона, з краёў якой на скроні, як ручайкі, сцякалі доўгія кучаравыя валасы-пейсы.
– Добры вечар, панове-рыцары і пекныя паненкі, – адразу па толькі яму адному бачных прыкметах вызначыўшы грамадскі стан падарожнікаў, сказаў-праспяваў карчомнік, – Едзеце да Масковіі з Кракава альбо Вільні? Стаміліся, здарожыліся? Зараз карчма Янкеля Кухарчыка верне вам асалоду жыцця. Паноў будзем частаваць па сармацку – гарзалка, або па-нашаму гарэлка, смажаная на рожнах кабаняціна з горкай цыбуляй. Цудоўным паненкам можам паднесці турэцкі харч – піражкі з мясам, салодкі шарбет, цукраваная садавіна і арэхі.
Ён з адчуваннем урачыстай годнасці весела зірнуў на ўсіх.
– Давайце, пан Янкель. І як найхутчэй, – згодна хітнуў галавой маладзенькі шляхціц са светларусымі вусамі.
– Бася! Рахіля! – гукнуў карчомнік, і адразу ж аднекуль з-за гарачай печы выскачылі прыгожыя чарнявыя дзяўчаткі, пэўна, ягоныя дочкі. Яны пачалі насіць і ставіць на сталы штофы, кубкі, талеркі і талерачкі, бляхі са смажанінай і садавінай.
Тым часам карчма рабілася ўсё больш весялейшаю. У зале было паўнютка самых розных людзей. Дробныя засцянковыя шляхціцы, купцы, мяшчане, асцярожныя сяляне і нават некалькі кабецін. Гэта нікога не дзівіла тут, на памежжы, дзе амаль кожнае лета грукатала вайна, і норавы былі больш вольныя, бо ўзняўшыся са свайго ложку раніцою, чалавек мог не дажыць да наступнай ночы.
Весела ўзлётвалі ў маладых і ў старэчых руках шкляніцы з віном. Нехта біў у бубен. Нехта ціснуў каханцы руку ці нагу пад сталом.
Дочкі Янкеля Кухарчыка спрытна снавалі між гэтага шумлівага люду, падносілі, адносілі, падміргвалі адна адной і заўсёды ўсміхаліся.
Неўзабаве ў нашых падарожнікаў запунсавелі шчокі, засвяціліся вочы, развязаліся языкі. Гэта быў цуд, гэта быў рай на зямлі – трапіць пасля спякотнай цяжкой дарогі ва ўтульную вясёлую, як ранішняя птушыная песня, карчму. Тут незнаёмы чалавек рабіўся сваяком, а то й братам.
Карчомнік са сваімі хутканогімі дочкамі паспяваў усюды, падбягаў да кожнага стала. І для кожнага ў яго былі прыхаваныя ўсмешка і вострае слоўка. Ён беспамылкова ведаў хто й што хоча ад яго пачуць. Падыйшоўшы да стала, за якім сядзелі павесялелыя падарожнікі, ён прачула сказаў:
– Вялікі дзякуй і паклон у саменькія ногі нашаму любімаму каралю і князю Жыгімонту за тое, што дараваў нам, людзям іўдзейскага закону, нашы старадаўнія законы і вольнасці. Калі нашых адзінаверцаў пачалі знішчаць у Іспаніі, кароль і вялікі князь Аляксандр, паслухаўшыся сваёй жонкі-маскоўкі Алены, таксама выганяў усіх нас прэч. Але Бог прасвятліў ягоны розум. І ён, а за ім і Жыгімонт, вярнулі нам нашыя будынкі, сінагогі, могілкі. Той, хто кіне камень у сінагогу, будзе плаціць ваяводзе штраф. Забойства іўдзея караецца смерцю, як забойства шляхціца альбо мешчаніна. Добра! Дужа добра!
Выгукнуўшы такое, усміхнуўшыся, Янкель Кухарчык борздзенька пабег да наступнага стала. Падарожнікі перазірнуліся, весела засмяяліся, зноў ускінулі ўгору свае кубкі. Потым павялі далей перарваную карчомнікам размову.
– Сваю гісторыю і свае законы мы будзем, пан Марцін, пісаць сваёй, а не чужой моваю, – казаў маладому суразмоўніку пажылы, той, што перад гэтым упраўляўся з фурманкаю, – Ды ўжо пішам, рыхтуючы Статут Вялікага княства Літоўскага. Нашы наступнікі, нашы нашчадкі будуць чытаць Статут і будуць ганарыцца. Не цёмнае паганскае дзікунства, а святло хрысціянскіх законаў убачаць яны. Убачаць, зірнуўшы цераз стагоддзі. І нас з табою ўбачаць, дарагі ты мой пан Марцін.
Прыўзняўшыся над шумлівым сталом, ён раптам пацалаваў Марціна. Жабыка-Жэмба горача пачырванеў, расхваляваўся, з удзячнасцю і захапленнем пазіраючы на Мацея Кветку.
Тым часам у карчме ўзвіхурыўся танец. Той, каго яшчэ маглі трымаць ногі, усхоплівўся з-за стала і пускаўся ў скокі. Здавалася, на людзей наляцела нейкае шаленства. Яны махалі рукамі, шчоўкалі пальцамі, прыцмоквалі языкамі, кідалі ўгору шапкі, выраблялі нагамі такія коленцы, што можна было толькі дзівіцца – як вытрымліваюць іхнія жылы і косткі ўсю гэту калатнечу. Разам з людзьмі на апусцелых сталах танцаваў посуд – кубкі, талеркі і бляхі падскоквалі, звінелі.
Рэй вёў сам Янкель Кухарчык са сваімі няўседнымі дочкамі. Бася і Рахіля весела танцавалі, аж вецер ішоў з-пад спадніцаў. Янкель іграў на дудачцы, спрытна бегаючы тоўстымі, але ўвішнымі пальцамі па дзірачках.
У гэты час за стол да Марціна падсеў хударлявы светлавалосы чалавек у доўгім паходным плашчы зашпіленым на грудзях крыжастымі гузікамі-фібуламі. Марцін зірнуў на яго з непаразуменнем. Толькі што тут сядзеў Мацей Кветка, яны так хораша, так, можна сказаць, сардэчна размаўлялі, і вось прыляцела незнаёмая птушка.
– А дзе пан Мацей? – здзіўлена і адначасова раздражнёна спытаў Жабыка-Жэмба.
– Дзе пан Мацей я не ведаю, – куточкамі вуснаў усміхнуўся незнаёмец, – А пра цябе, пан Марцін, чуў шмат добрага.
Такія словы насцярожылі маладога ліцвіна. На ўсялякі выпадак ён памацаў рукою свой пояс – шабля была пры ім.
– Хто ты? – ужо сярдзіта выдыхнуў ён.
– Я даўно ведаю твайго бацьку, аршанскага харужага Антонія Жабыку-Жэмбу, – лагодным спакойным голасам, стараючыся не раззлаваць крыху падпітага, а таму гарачага суразмоўніка, прамаўляў незнаёмец, – Мы з ім разам у паспалітым рушэнні на татараў хадзілі. Адважны рыцар твой бацька. Ты тварам і паставаю сваёй дужа падобен на яго. Даўно хацеў з ім сустрэцца, а тут зайшоў у карчму і чую: “Жабыка-Жэмба”. Ну я й узрадаваўся, што сябрука пабачу. Ажно гэта ты, сынок ягоны. У Германшчыне вучышся?
– І ўсё-ткі, хто ты? – перапыніў яго Марцін.
Незнаёмец не паспеў рот раскрыць, як да стала хуценька падыйшоў мізэрны дробны чалавечак у бедным, можа, нават хлопскім адзенні і, нахіліўшыся, ціха сказаў яму:
– Хаўпрае язкн скібель з м’ёйся.
Пэўна, той, каму сказалі, чакаў гэтую навіну. Ён паціснуў дробнаму чалавечку руку:
– Меўзразу.
Чалавечак, ні на імгненне не затрымаўшыся, адразу ж пайшоў з карчмы. Можна было падумаць, што гэта быў нейкі прывід.
– Што ён табе сказаў? – выхапіўшы з похваў шаблю, наліваючыся гняўлівай крывёю, пачаў павольна ўзнімацца над сталом Марцін Жабыка-Жэмба.
– Сядай, – міралюбна крануўся ягонай рукі незнаёмец, – Ён мне сказаў: “Праехаў князь Бельскі з сям’ёй.” Я адказаў яму: “Зразумеў”. Як бачыш, усё проста. Не бойся і не асцерагайся мяне. Я – рыскун памежнай старожы Вялікага княства Літоўскага Трахім Чалей. Мы, рыскуны, сочым за нашай дзяржаўнай мяжою з Маскоўшчынай. Глядзім, хто й куды паехаў, што павёз, што прывёз. Рыскуны, значыць, стаім на рысе, на самым памежжы.
Марцін пачаў астываць. Засунуў шаблю назад у похвы, сеў. Потым спытаў:
– А на якой мове ты гаварыў?
– Гэта адверніцкая гаворка, – усміхнуўся Трахім Чалей, – Каб нас не зразумелі староннія вушы, мы перакручваем словы.
Ён крыху памаўчаў, затым, зноў усміхнуўшыся, сказаў:
– Цінмар.
– Што? – не зразумеў Жабыка-Жэмба.
– Я сказаў: “Марцін”.
Праз колькі часу яны, выпіўшы па шкляніцы “гарзалкі”, ужо сядзелі, размаўлялі, як даўнія знаёмцы і нават сябрукі. А карчма шумела, танцавала, і Янкелевы дочкі ледзь паспявалі абслугоўваць ненапіўныя людскія глоткі і ненаедныя страўнікі.
– Гэтыя людзі з табою? – глянуўшы на палеманістаў за суседнімі сталамі, спытаў Трахім Чалей.
– Мае людзі, – адказаў Марцін.
– І чаго ж ты, пан Марцін, да Масквы едзеш?
– Хачу з усімі сваімі маёнткамі аддацца пад руку вялікаму гасудару маскоўскаму Васілю Іванавічу, – не міргнуўшы вокам, пачаў абгрызаць смажаную баранову костачку Жабыка-Жэмба.
Рыскун злёгку ўздрыгнуў ад гэткіх слоў, вельмі ўважліва паглядзеў на яго, прыкметна спахмурнеў. Пэўна, не такое хацеў пачуць.
– Твой жа бацька пан Антоній каранёвы шчыры ліцвін, – прамовіў ён нарэшце, – Няўжо твой бацька згодны з табою і адпусціў цябе ў Маскоўшчыну?
– А што мне бацька? – напусціў п’янага туману ў вочы Марцін, – У мяне ў самога ўжо даўно вусы выраслі. І яшчэ нешта вырасла.
Ён, як малады бычок, трасянуў галавою, з выклікам пазіраў на Трахіма Чалея, падалося, нарываецца на п’яную бойку. Рыскун дапіў сваю шкляніцу, скатаў у пальцах хлебны шарык, пакруціў яго, затым укінуў у рот, узняўся з-за стала:
– Ну, я пайшоў. Шчасліва дабірацца. Глядзі, за Вязьмаю ўжо могуць маскоўскія таці выскачыць з прыдарожнага лесу.
У гэты самы час на корчмным двары паэт Андрэй Шаціла ціснуў да плоту ўсхваляваную і расчырванелую Палуту Валадкевічанку, шаптаў ёй на самае вушка:
Маё сэрца, як дзідай, табою праткнута,
Палута.
Шляхцяначка выварочвалася з моцных рук, але выварочвалася не дужа каб імпэтна, соладка абмірала, закочвала шчаслівыя вочы. Паэтавы вусы прыемна казыталі пяшчотную дзявочую шчаку.
– Які ты калючы, пан Андрэй, – толькі й казала яна.
– Я па бацькавай лініі, па мячы, з Вожыкаў Вожыкавічаў, – разгараючыся, весела жартаваў паэт, а ягоныя такія чэпкія, такія неадступныя рукі не ведалі супыну.
Назаўтра раніцою пад яшчэ халодным небам абоз крануўся ў дарогу. Застаўся ззаду Смаленск, гасцінная карчма Янкеля Кухарчыка. Ягоныя дочкі яшчэ моцна спалі, бачылі каляровыя дзявочыя сны, а сам Янкель правёў палеманістаў са свайго двара, махнуў рукою, сказаў з усёй непасрэднасцю і шчырасцю:
– Кланяйцеся ад мяне і маіх дочак Басі ды Рахілі вялікаму князю маскоўскаму Васілю Іванавічу Трэцяму.
Зноў, як бясконцая пясчаная рака, пацякла пад ногі і колы дарога. Зося з ашчасліўленай Палутаю спалі, прыгарнуўшыся адна да адной на шырокім куфры. Марцін жа гарцаваў на кані, пазіраў ва ўсе бакі – а раптам дзе-небудзь пакажацца Трахім Чалей. Але рыскуны ходзяць непрыкметнымі сцежкамі.
Набліжалася Масква. Хлапчукі ў сустрэчных сёлах весела крычалі, бегучы перад абозам:
– Литва едет! Смотрите, литва на волах едет!
Звяртаючыся да Гарасіма Цвыркуна, які кіраваў марудлівымі валамі, жэўжыкі паказвалі яму язык, круцілі каля скроні пальцам, прытанцоўвалі і дружным хорам прасілі:
– Покрути волу хвост! Покрути волу хвост!
Цвыркун толькі пляваўся і ніжэй унурваў сваю рудавалосую галаву. Гэта заўважылі жорсткія дзеці.
– Рыжий сыч! – залемантавалі яны. Раззлаваны Гарасім схапіў пугу, пачаў шлёгаць ёю ва ўсе бакі. Ды хіба дастанеш гэтае вёрткае д’ябальскае насенне!
Масква, што яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму была драўляным і земляным горадам, расквітнела пад майстравітай рукою італьянскага дойліда Арыстоцеля Фіяраванці. Яго запрашаў да сябе ў Істанбул султан Мехмед, абяцаў залатыя горы. Ды італьянец паехаў у таямнічую халодную Масковію, дамовіўшыся, што за працу ягоную яму будуць даваць штомесяц два фунты срэбра. Перад гэтым рухнула Крамлёўская царква. Арыстоцель разбіў ейныя руіны дзіўнай для маскоўцаў машынай пад назваю “баран”, выкапаў новыя ірвы, каля Андроньевага манастыра знайшоў радовішча цудоўнай гліны, навучыў мясцовых людзей правільна абпальваць цэглу і замешваць вапну.
Горад, у які ўехалі маладыя ліцвіны, ззяў прыгажосцю, пышыўся новымі велічнымі будынкамі. Успенскі сабор, царква Дабравесту, Гранавітая палата, Церамны палац, Крэмль са сваімі вежамі-стрэльніцамі і белакаменнымі сценамі... Ярка ззяла пад сонцам слюда ў круглых вокнах двух і трохпавярховых баярскіх харомаў, якія злучаліся між сабою лёгкімі вітымі лесвіцамі, пераходамі з адмыслова адкаванымі металічнымі парэнчамі. Зверху харомы ўпрыгожваліся невялікімі вежамі, над якімі пад усплёскамі імклівага ветру трапяталі, кружыліся бліскучыя пеўнікі і рыбкі. Было ад чаго ўзрадавацца воку і ўсхвалявана абмерці душы.
Абоз спыніўся на Баравіцкім падвор’і. Марцін Жабыка-Жэмба і Мацей Кветка пайшлі ў з’езджую ізбу да думнага дзяка Івана Артамонава, які ў пасольскім прыказе разглядаў справы ўсіх новапрыбылых у стольную Маскву. Дзяк са сваімі памагатымі сядзеў у каменным двух’ярусным цераме на самым версе. Ісці да яго патрэбна было праз крутую выкладзеную рознакаляровымі фаянсавымі пліткамі лесвіцу і вялізныя сені. У гэтых сенях на лавах, што былі расстаўлены ўздоўж сценаў, сядзела мноства самага рознага люду. Прыбышы з Вялікага княства Літоўскага і Лівонскага ордэну, татарскія царэвічы, нагайскія мурзы, грэкі з Марэі са шматлікімі дзецьмі, башкірцы, нават самаеды з берагоў Ледавітага мора. Усе яны воляй зменлівага лёсу апынуліся ў Маскоўшчыне, хацелі знайсці тут вялікакняжую ласку, хлеб, прытулак і ахову.
Нямала давялося пачакаць, папацець у шумных душных сенях пакуль патрапілі яны нарэшце да дзяка Артамонава. Дзяк са сваімі паддзячымі сустрэў ліцвінаў гасцінна, пасадзіў на мяккую канапу, папаіў. Жабыка-Жэмба з Кветкам апынуліся ў жаданай прахалодзе, смакавалі прынесены з лядоўні журавінавы квас. Сам жа дзяк, белатвары вастраносы чалавек з рыжай барадой, вельмі ўважліва разглядаў граматы з віслымі пячаткамі, які Гаспадар Вялікага княства Літоўскага выдаў Жабэкам-Жэмбам на валоданне дзядзізнай і мацярызнай, патомнымі шляхецкімі землямі па мужчынскай і мацярынскай лініях іхняга роду. Прывезеныя паперы, мяркуючы па-усім, поўнасцю задаволілі Івана Артамонава. Ён вярнуў іх Марціну, шырока прыязна ўсміхаючыся, сказаў:
– Вот еще одно дитя вернулось в лоно матушки Руси. А сколько отобранных отрезанных ломтей лежит еше на блюде у короля-латинника Сигизмунда. Но близок-близок час. Уже пришли искусные пекари и растопили жаркую духовитую печь, чтобы изготовить истинно русский православный хлеб.
Пры такіх дзякавых словах Марцін Жабыка-Жэмба і Мацей Кветка перазірнуліся. Дзяк-красамоўца не заўважыў гэтага, а калі й заўважыў, то палічыў, што пажылому і маладому ліцвінам, як мёд для душы, было ўсё сказанае і пачутае.
У з’езджай ізбе Марцін атрымаў на рукі ахоўную грамату, што забараняла службоўцам альбо іншым людзям Вялікага княства Маскоўскага чыніць перашкоды яму, аршанскаму шляхціцу, які перайшоў пад дзяржаўную руку гасудара Васіля Трэцяга. Службоўцы, наадварот, павінны былі спрыяць яму, дапамагаць і словам і справай.
Узрадаваныя ліцвіны, развітаўшыся з дзякам і паддзячымі, бадзёра пайшлі па доўгіх шматлюдных сенях. Было адчуванне, што з плячэй зваліўся цяжкі мулкі камень. Зараз яны спусцяцца да сваіх людзей, прынясуць ім добрую навіну, дамовяцца наконт жытла і начлегу, а затым будуць шукаць сцежку да палоннага гетмана Канстанціна Іванавіча Астрожскага, які зрабіўся маскоўскім ваяводам і вось-вось паедзе на поўдзень ад Масквы ў былыя Северска-Вярхоўскія княствы, каб адтуль ударыць па татарах. Жыве ж ён у цераме князя Аксёна Рапалоўскага. Палову свайго вялізнага церама аддаў яму Рапалоўскі.
Раптам у радасную плынь іхніх думак уварваўся здзіўлены крык:
– Жабыка-Жэмба?! Гэта ты?! Што ты робіш у Маскве?!
Яны азірнуліся. Ад супроцьлеглай сцяны сеняў да іх хуткімі рашучымі крокамі набліжаўся высокі сівавалосы чалавек з буйным жорсткім тварам. Уся ягоная моцная пастава дыхала такой упэўненасцю і смаўпэўненасцю, што сустрэчныя людзі (а між іх было нямала радавітых) міжволі саступалі яму дарогу. Ён укліньваўся ў натоўп з надзвычайнай лёгкасцю. Так жалезны плуг уразаецца ў мяккую падатную зямлю.
Марцін не ведаў гэтага чалавека і здзіўлена зірнуў на Мацея Кветку. Святар жа зморшчыўся, быццам у яго нечакана заныў зуб, шапнуў:
– Пан Іасафат Тарноўскі.
Дык вось хто напісаў скаргу на Жабыкаў-Жэмбаў у канцылярыю Гаспадарскага двара ў Вільні! З-за гэтай самай скаргі прыязджаў віж з дзецкімі, але скаржніка не знайшлі. Казалі людзі, пабег з маскоўцамі. І вось ён тут, у Маскве, у з’езджай ізбе.
– Малады Жабыка-Жэмба, ты жывы? – пытаўся між тым Тарноўскі, стоячы побач з Марцінам, пазіраючы яму проста ў вочы сваімі вострымі чэпкімі і нібы бяздоннымі вачамі, – А як пачуваецца твой бацюхна, аршанскі харужы? Вы ж разам з ім шмат маскоўцаў паклалі на лясным возеры ў Церабілаўскай пушчы. Чаму ж сюды, у стольную Маскву, завітаў? І чаму, вашамосць, патупляеш вочы? Нейкую брыдоту зноў надумаў учыніць?
Разгублены Марцін не ведаў, як адбіць такую імклівую напорыстую атаку. Выручыў Мацей Кветка.
– Пан Марцін Жабэка-Жэмба, – сказаў ён, – у поўнай згодзе са свім дастаслаўным бацькам вырашыў ад’ехаць з Літвы да вялікага князя маскоўскага Васіля Іванавіча. Шмат хто з нашага шляхецтва так рабіў і сёння робіць.
– Вырашыў ад’ехаць, – перадражніваючы Мацея Кветку, з найвялікшай злапыхай прамовіў Іасафат Тарнаўскі, – Не спявай мне свае песенькі, вуніяцкі салавей. Сядзіш разам з мярзотным паўмерцвяком Ранцэвічам у вуніяцкім гняздзе, а туды ж! Вырашыў ад’ехаць.
Ён, ніколькі не асцерагаючыся, плюнуў сабе пад ногі. І тут Марцін Жабэка-Жэмба рэзкім рыўком выхапіў з похваў шаблю:
– Прышчамі язык, гадзюка балотная! Забыўся пра Востраў голых дзявок? Колькі маладзенькіх дзяўчатак на дно азёрнае паклаў? Не лічыў? Зараз мая шабля палічыць твае сабачыя рэбры!
Пэўна, Тарнаўскі ніколі і ні ад кога не чуў за сваё жыццё такіх слоў. Ён раскрыў рот, каб захапіць у грудзі паболей паветра, ды так і застыў, з расчыненым ротам і ссінелымі шчокамі. З цёмных зарослых сіваватымі валасамі дзірачак ноздраў вырывалася булькатлівае хрыпенне.
На іх пачалі звяртаць увагу. Маладзенькі паддзячы, які незадоўга перад гэтым выпісваў Марціну ахоўную грамату, ужо бег да іх.
– Вось гэты баярын, – сказаў паддзячаму Марцін, паказваючы шабляй на Іасафата Тарноўскага, – прыехаў з Літвы. Ён клянецца, што любіць нашага гасудара Васіля Іванавіча. Але не верце яму. Перад рагаткай на Нягліннай вуліцы стаіць ягоная фурманка. У ёй пад скураной падушкай ляжыць ладанка з рымскім атрутным карэннем. Ажно з Рыму карэнне! Хутчэй праверце фурманку.
Увесь гэты час Тарнаўскі стаяў, як саляны слуп з Садома ды Гаморы. Ён тужыўся нешта выгукнуць, нешта сказаць, хоць бы паварушыць губамі, ды нейкая, пэўна ж, нябесная сіла паклала пячатку маўчання на ягоны рот. Твар усё болей чырванеў і раздзімаўся, як астраханскі кавун.
– Пойдзем, пан Мацей, – сказаў Марцін Кветку, і яны хуценька, але са шляхетнай годнасцю, пакіраваліся да выхаду. Ззаду пачуўся рэзкі стук. Нешта цяжкое, як бы адзервянелае, ляснулася на падлогу.
Колькасць прачытаўшых: 818 Колькасць вогдукаў: 0