ІІ
Мозг жанчынаў, як і мозг дзяцей, прагне цудаў. Вось чаму ўдава Івана Маладога дачка малдаўскага гаспадара Стэфана Алена верыла, што пасля смерці Івана Трэцяга ягоным наступнікам на маскоўскім троне будзе ейны сын, а Іванаў унук Дзмітрый. Яна добра памятала, як 4 лютага 1498 года ва Успенскім саборы вялікі князь маскоўскі сказаў мітрапаліту Сіману:
– Отче митрополит, Божьим изволением от наших прародителей великих князей и по сей день установлено первому своему сыну давать великое княжение, и я благословил великим княжением моего первородного сына Ивана Ивановича, но Божьей волей сын мой преставился. После него остался его первый сын Дмитрий, и я сегодня внука моего Дмитрия благословляю, при жизни моей, великим княжением Владимирским, Московским и Новгородским.
На шчаслівага малалетка пад урачысты няспынны гуд усіх царкоўных званоў гасудар усклаў бармы, наплеччы з каштоўнай футравіны, якія перадаў яму мітрапаліт. Потым ён адзеў яму на галаву шапку Манамаха і пацалаваў унука ў лоб. Пасля ўсёй гэтай урачыстасці Дзмітрыя з ног да галавы асЫпалі залатымі і срэбнымі грашыма. Здавалася, пайшоў звонкі зіхоткі дождж.
І вось Іван Трэці памёр, а трон ягоны заняў Васіль, дарэчы, таксама Трэці. Дзмітрыя, ягоную маці Алену Стэфанаўну і дзяка Курыцына, што паставіў на іх і памыліўся, зняволілі і замарылі голадам.
Новы маскоўскі гасудар не пашкадаваў свайго роднага пляменніка. Падпісаўшы яму і ягоным блізкім прысуд, ён паехаў на паляванне, якое аказалася шчаслівым. Сокалы закіпцюрылі двух гусей, чатырох качак і аднога лебедзя. Разам са сваім страмянным Кандраціем, акольнічымі і сакольнічымі новы ўладар Масковіі вярнуўся ў Крэмль. Тут усё ўжо падпарадкоўвалася толькі яму, любому ягонаму ківу. Прыемна было адчуваць такое сваё ўзвышэнне. Ён мог быць нікім, зрабіцца бязмоўным тленам, ды вецер лёсу падхапіў яго і ўзнёс над усімі. І ён (навучыла няпэўнае поўнае трывожнага чакання жыццё) быў вельмі асцярожны. “У князя і ў жабрака не бывае сяброў”, – вось што вельмі цвёрда засвоіў ад сваіх настаўнікаў маскоўскі гасудар Васіль Трэці.
Ён ехаў з палявання і раз-пораз, як дзіця, разглядваў на сваім пальцы вялікі залаты пярсцёнак. На ім кружком было напісана: “Пячатка вялікага князя Васіля ўсяе Русі”. Усярэдзіне кружка пагрозна ўставаў на заднія лапы леў. Ён адчуваў сябе такім жа непераможным ільвом.
Як і ў бацькі, у яго была адна дарога – на захад. Да еўрапейскіх дзяржаваў, іхніх марскіх портаў, іхніх багатых пышных гарадоў. Але перашкаджала Вялікае княства Літоўскае. Яно воляй сляпога лёсу ляжала якраз на дарозе да Еўропы. Яго нельга было абыйсці. Яго можна было або захапіць, або знішчыць.
Здавалася, пасля перамогі на Вядрошы ліцвіны самі прыбягуць у Маскву з просьбаю лічыць іх сваімі дзецьмі, апекаваць і выхоўваць іх. Але не беглі. Дакладней, беглі, ды нешматлікія і не вялікародныя адшчапенцы. І тут новаму гасудару напомнілі пра палоннага гетмана Канстанціна Астрожскага. Сядзіць у Волагдзе. Вельмі-вельмі пашанотны ў сябе на радзіме, а таксама ў Польшчы. Не раз граміў татараў. Ведае з якога боку трэба пачынаць скубсці вайсковага пеўня. На сваіх, на ліцвінаў, пакуль што не пойдзе, але можна спачатку праверыць яго на менглі-гірэйскіх татарах, што ўжо фанабэрыста пачынаюць задзіраць галаву і блытаць Маскву з Літвою.
Прывезлі ў вялікакняжы церам Астрожскага. Ён Васілю спадабаўся – не ліслівіць, не трымціць у прадчуванні магчымай волі. Глядзіць проста ў вочы, не адводзячы позірк. Схуднеў тварам і ўсёй сваёй паставаю, але на вялікакняжым сняданку ў трапезнай, на які быў прывезены, еў мала, не сцякаў галоднай слінаю, хоць на фарфоравых талерках і алавяных бляхах ляжалі дзвінскія тлустыя селядцы, халадзец з заліўной асятрыны, шчупаковыя галовы з падліўкай з часнаку і хрэну, рыжыкі ў воцаце, ікра асятровая, паюсная, свежая і вараная ў воцаце з макавым малаком. Гетман спакойна пазіраў на гэтае смакоцце. Уважліва засяроджана слухаў. Нячаста гаварыў. Адным словам, яшчэ той арэх, цвёрды, і, калі ўдасца раскусіць, пэўна ж, надзвычай карысны.
Маскоўскі гасудар прапанаваў Канстанціну Астрожскаму стаць ягоным ваяводаю над рацямі, якія прыкрывалі Маскоўшчыну з поўдня ад татарскіх набегаў. Абяцаў за службу высокі баярскі чын, землі з чарнасошнымі людзьмі. На роздум адпусціў гетману адну сядміцу. Прыжмурваючы цёмныя калмыкаватыя вочы сказаў:
– Калі ж адмовішся служыць мне і Маскве, астатак жыцця прасядзіш у цеснай няволі.
Дзяк, які надзіраў за Астрожскім, патлумачыў Канстанціну, што цесная няволя гэта калі вязень, як корань дрэва, сядзіць не на поўны рост, а поўсагнуўшыся, скурчыўшыся, у вельмі маленькай каморцы. Там няма ні вокнаў, ні дзвярэй, а толькі вузенькая шчыліна, праз якую падаЮць ваду і хлеб.
“Зраблюся коранем падземным, – думаў Астрожскі, калі яго павялі з вялікакняжай трапезнай назад у падзямелле крамлёўскай царквы Дабравесту, – Мёртвым гнілым коранем”. Ён успамінаў як яшчэ малалеткаю разам з бацькам князем Іванам хадзіў за сцяну астрожскага замку. Там, рыхтуючы месца для будоўлі калябрамнай цэркаўкі, работныя людзі карчавалі лес. Дрэвы былі ўжо спіленыя. З зямлі, быццам зубы страшыдлы, тырчалі пні. Работныя людзі каламі, ламамі падчэплівалі карэнні і з найвялікшай напругаю, з крэктам і ручаямі салёнага поту выдзіралі іх. Чуўся сухі, дужа непрыемны хруст, быццам ламаліся нейчыя косткі. Потым выдзертыя з зямлі пні паставілі карэннем уверх на сонцапал, каб высушыць на смалякі для астрожскіх камінаў і печаў. Так яны, чорныя востранашчаціненыя, стаялі некалькі дзён і палохалі, калі ў прыцемках ён глядзеў на іх з вышыні астрожскай вежы.
“Зраблюся коранем падземным”, – неадчэпна засела ў галаве. Хмыкнуўшы ў доўгую ужо трохі сіваватую бараду, ён сказаў свайму дзяку-наглядчыку, каб той перадаў гасудару Васілю Трэцяму, што палонны літоўскі гетман згадзіўся паступіць на маскоўскую службу.
18 кастрычніка 1506 году на Маскву павольна сыпаліся з цёмнага халоднага неба белыя іскрыстыя зорачкі рэдкіх сняжынак. Для вялікай мяцеліцы-завірухі было яшчэ зарана. Але гэтыя разведчыцы абвяшчалі гораду і наваколлю, што ўжо садзіцца ў рыпучыя сані, каб прыехаць да іх, сярдзітая баярыня-зіма.
Ва Успенскім саборы Канстанцін Іванавіч Астрожскі ў атачэнні прыціхлага каменнатварага маскоўскага баярства, пад пільным калючым вокам Васіля Трэцяга, пад строгія павучальныя словы мітрапаліта Сімана, якія трэба было ўспрымаць, як бацькоўскія, падпісаў прысягу і цалаваў святы крыж на вернасць сваім учарашнім ворагам. Ніводная жылка не ўздрыгнула. Ніводная іскрынка не ўспыхнула ў душы. Толькі ўспомнілася як пад Вядрошай тапіўся ў балоце ягоны цяжка паранены любімы конь Гулец, і з дзягцярна-бліскучай твані неадрыўна зіхотка пазірала на яго вялізнае мудрае конскае вока, і столькі пакуты і любові да яго, свайго гаспадара, было ў ім.
З яго знялі ланцугі цялесныя жалезныя, аблытаўшы ланцугамі духоўнымі. Ён кляўся служыць Васілю Трэцяму і дзецям ягоным да самай сваёй смерці, не чыніць ім аніякага зла і нават не смець думаць пра такое. Калі ж супраць гэтага ўсяго ў нечым адступлюся (кляўся ён), гасудар маскоўскі вольны пакараць мяне смерцю залежна ад маёй віны. І не будзе мне літасці Божай ані ў гэты век, ні ў наступны.
І яшчэ адразу ж успомнілася – зусім маленькі хлапчук сонечным летнім днём ён аглядаў вывучаў магутную сцяну астрожскага замка. Між старых валуноў і цаглінаў там-сям прабівалася, расла трава. Сядзелі грэліся мухі і стракозы. Нават яшчарка зірнула маленькім залатым вокам. Поўзалі шэрыя павучкі. Ён спытаў тады:
– Тату, а ці можна любіць павука?
Пасля падпісання клятвы-прысягі мітрапаліт прыняў з рук сваіх служкаў ланцугі палоннага гетмана, высока ўзняў іх абедзьвюма рукамі, нібы ўзважыў, і таксама прылюдна асвяціў. Ланцугі засталіся ў саборы залогам вернасці, напамінам таго, што на клятваадступніка зноў накладуць іх, калі ён толькі адважыцца парушыць сваю прысягу.
З Успенскага сабору Канстанцін Астрожскі вышаў маскоўскім ваяводам. І не ў падзямелле павялі яго, а на шырокі гасцінны двор князя Аксёна Рапалоўскага. Там яго ўжо чакаў верны Зміцер Дайнеба. Твар Дайнебы свяціўся надзвычайным шчасцем. Шчырая душа, ён адразу ж прызнаўся гетману, што да яго прыбягала Аніська.
– Знайшла мяне! – як дзіця, радаваўся ён.
– Такога паспрабуй не знайсці, – усміхнуўся Астрожскі, але на сэрцы было моташна.
Заўсёды навучаў сваіх жаўнераў быць вернымі сцягу і айчыне, змагацца да канца, да апошняй кроплі крыві, а сам, як палявы цюлік, узняў угору лапкі. Што падумаюць ягоныя воі тут, у маскоўскім палоне, і там, у Вялікім княстве Літоўскім? Крывадушнік. Адступнік. Перакаці-поле.
З цяжкою галавой лёг спаць, праваліўся ў чорную яміну сну. Адразу ж зноў убачыўся Успенскі сабор. Ён, князь-гетман, стаяў прыкручаны ланцугамі да аналою, на які незадоўга перад гэтым клалі ягоныя ланцугі. Узяўшыся за рукі, наўкол яго танчылі маскоўскі гасудар, мітрапаліт з баярамі і весела спявалі:
– Изловили колобка! Изловили колобка!
Значыць, ён, ваяр славутага роду Астрожскіх, калабок, круглая дурная пачварка з жытняй мукі, якая, як не коціцца, ды заўсёды трапляе ў чужыя рукі. Пакутна, адчуваючы такое, не мець магчымасці хоць што-небудзь зрабіць у сваю абарону. Ён стаяў, слухаў блазенскую песеньку і плакаў пякучымі нябачнымі старонняму воку слязамі.
І раптам у саборы патухла святло. Свечкі, вокны зрабіліся чорнымі, расталі ў непрагляднай цемры. Васіль Трэці, мітрапаліт Сіман, баяры і саборны клер зніклі, як іх і не было. І наступіла цішыня з цішыні, поўная, абсалютная. І ў ёй ён пачуў нечыя лёгкія –лёгкія крокі. Затрапятала сэрца.
Напружваючы вочы, у гусцейшым змроку гетман убачыў тонкую, пэўна ж, жаночую постаць, нібы сатканую са срэбнадымных месячных прамянёў. Яна павольна набліжалася да яго. Вось падыйшла амаль упрытык, спынілася.
– Хто ты? – спытаў Канстанцін.
– Не бойся. Я не са злом, – адказала чыстым маладым голасам таямнічая постаць, – Я – твая праўнучка Ганна Алаіза. Я – апошняя з роду Астрожскіх.
– Якая ў мяне можа быць праўнучка, калі я нават не жаніўся?
– Ты ажэнішся. Ты возьмеш князёўну Тацяну Сямёнаўну Гальшанскую, дачку наваградскага ваяводы і сястру віленскага кашталяна князя Аляксандра Гальшанскага. Гэтым ты ўзвялічыш увесь наш род, увойдзеш не толькі ў склад паноў-рады, але і ў яе “пярэднюю лавіцу”.
– Але ты сказала, што ты апошняя з роду Астрожскіх. Няўжо гэта так?
– Так. Ты народзіш Канстанціна-Васіля. Канстанцін-Васіль народзіць Канстанціна і Аляксандра. Я – дачка Канстанціна Аляксандравіча, жонка а, потым, з 1621 году, удава гетмана Яна Хадкевіча, які камандаваў войскам, што ў 1611 годзе ўзяло Маскву.
– Мы возьмем Маскву?
– Так, возьмем. Мы возьмем Крэмль, і ў гэты церам, дзе ты сядзіш, увойдзе наш жаўнер.
– Як хацеў бы я дажыць да гэтага часу!
– Не дажывеш. Але ты здзейсніш такое, што праславіць цябе навекі.
– Што?
– Ты не павінен гэта ведаць. Гэта ведае адзін толькі Бог і твае нашчадкі.
– Дык на табе, Ганна Алаіза, абарвецца наш род?
– На мне. У 1654 годзе.
– Праз 147 гадоў, – падлічыў гетман, – А чым запомнішся людзям ты, Ганна Алаіза ?
– Я буду каталічкай. Я засную езуіцкі калегіум у Яраславе. Будынкі праваслаўных цэркваў у горадзе Тураве, нашым родавым горадзе, я перадам каталікам.
– Але ж я, твой прадзед, праваслаўны.
– Тваё праваслаўе адрознае ад праваслаўя маскоўскага, самабытнае, аўтакефальнае, як у балгарцаў і сербаў. Тваё праваслаўе прывядзе тваіх людзей, ды й самога цябе да вуніяцтва, бо ў гэтым убачыць твой народ адзінае ратаванне ад царскай Маскоўшчыны. А каталічкай я зрабілася і Тураў рабіла каталіцкім таму, што яшчэ ў 1005 годзе, за 125 гадоў да нараджэння мудраслова Кірылы Тураўскага, тураўскі князь Святаполк разам з біскупам калабрэжскім Рэйнбергам і жонкаю сваёй, дачкой польскага караля Баляслава Харобрага заснаваў тут хрысціянскую катэдру, якая арыентавалася не на Візантыю, а на Рым. Святаполка ўз’юшанае праваслаўнае святарства назвала Акаянным, але ён не віновен у смерці сваіх братоў Барыса і Глеба. Ён не забіваў іх.
Ганна Алаіза змоўкла. Потым сказала:
– Я пайду. Мой час скончыўся. Ды абміне твой след злая воля ворагаў тваіх.
І знікла. А Канстанцін прачнуўся.
Прынёсшы клятву Васілю Трэцяму, ён пачуваў сябе вольным чалавекам, хоць ведаў (пра гэта яму казаў Зміцер Дайнеба), што і за церамам князя Рапалоўскага і за ім, гетманам, пільна і штодзённа сочаць. Тыя, хто сачыў, віліся наўкол, як мухі. Ды ён не баяўся іх. Пасля начной размовы з праўнучкай (хоць размова тая была толькі ўва сне!) напоўнілася спакойнай сілай душа. У апраметнай цемры палону ўспыхнула доўгачаканае святло. Да яго прыходзілі зланцужаныя на Вядрошы ліцвіны, якіх тут, на ганарыстай Маскоўшчыне, ужо пачалі клікаць “литвой дворовой”. Прыходзілі й тыя, што ў свой час ад’ехалі ў Маскву да вялікага князя Івана Трэцяга, ды па самых розных прычынах не здолелі, не змаглі прыжыцца. Каму дробныя грошы і дробныя маёнткі далі, а каму роднае поле, родны гай пачалі сніцца пад Менскам, або пад Магілёвам.
Сустракаючы гэты люд, Канстанцін увесь час лавіў сябе на думцы, што вось-вось да яго ў адведкі павінен прыйсці нейкі незвычайны, нейкі адметны чалавек. І такі чалавек прыйшоў. Неяк дажджыстай прахалоднай раніцай Зміцер Дайнеба стукнуў у дзверы, расчыніў, прасунуў вясёлую галаву і сказаў:
– Пан гетман, з табой хоча гаварыць пан Мацей Кветка. Пускаць?
Астрожскі аж уздрыгнуў ад неспадзяванкі. Мацей Кветка? Мацей са школы Гаштольда ў Вільні?
– Пускаць, пускаць, – усхвалявана выдыхнуў гетман і прыўзняўся з фландрскага пуфа, на якім сядзеў.
У пакой святліцы хуткім крокам увайшоў Кветка. Той самы, віленскі! Ні на кроплю не змяніўся за праляцелыя гады. Такі ж светлавалосы, з яркімі сінімі вачамі і цвёрдай лініяй крыху прыпухлых, як бы капрызліва надзьмутых вуснаў.
Яны зірнулі адзін на аднога, і нібыта не было доўгіх дзён растання.
– Мацей!
– Кастусь!
Цвёрда, па-мужчынску, абняліся. Колькі імгненняў маўчалі. Потым прыселі, і пабегла, як імклівы вясновы ручай, гаворка. Успаміналі Вільню, сваю школу, сваіх настаўнікаў. Часам звонка, аж да слёз, смяяліся.
Раптам Кветка на паўслове змоўк, спытаў у Астрожскага, паказваючы на сцяну, да якой гетман сядзеў спіною:
– Там бегае мыш?
Канстанцін з непаразуменнем зірнуў на яго.
– Там бегае мыш, – ужо сцвярджальна сказаў Мацей Кветка, узняўся са свайго месца, падыйшоў да сцяны і пачаў вельмі ўважліва яе разглядваць.
– О, дзірачка! – усклікнуў ён.
Тут ужо ўстаў Астрожскі, таксама падыйшоў да сцяны. І сапраўды – у сцяне была пракручана-прасвідравана малюсенькая ледзь прыкметная воку дзірачка. Адкуль яна тут з’явілася?
– Пан Зміцер! – здзіўлена гукнуў гетман Дайнебу. І калі той увайшоў у пакой, спытаў, паказваючы вачамі на таямнічую дзірачку:
– Што гэта?
Дайнеба нахіліўся да дзірачкі, ледзь не прыліп носам да сцяны, круціўся так і сяк, стараючыся зазірнуць у яе. Потым прыклаў да дзірачкі вуха, зацяў дыханне, штосьці выслухоўваў. Астрожскі з Кветкам, таксама затаіўшы дыханне, сачылі за ўсімі ягонымі рухамі.
– Прашу вас расступіцца, панове, і адыйсці ад сцяны, – папрасіў Зміцер Дайнеба. Потым, разагнаўшыся, усім сваім цяжкім целам абрушыўся на сцяну, і яна рухнула. За ёю ўбачылі невялічкую каморку, у якой, скруціўшыся абаранкам, сядзеў чалавек. Чалавек адразу ж пачаў церці кулакамі вочы, захлёбіста чыхаць.
– Хто ты і што ты тут робіш? – схапіўшы незнаёмца за каршэнь, грозна спытаў гетман.
– Я шляхціц з-пад Шклову Парфён Сініца, – бухнуўся на калені смяртэльна напалоханы чалавек.
Гэта быў даўгавусы таўсцячок з маленькімі чорнымі вочкамі. Ён узбуджана дыхаў, прагна глытаў свежае паветра. Пэўна, у каморцы, дзе хаваўся, нельга было дыхнуць на поўныя грудзі.
– І чаму ж гэта шклоўская сініца заляцела ажно ў Маскву і адразу ж на маё падвор’е, за сцяну маёй святліцы? – з’едліва сказаў Астрожскі. Ён ужо разумеў хто поўзае перад ім на каленях.
– Мяне змусіў дзяк Курыцын, – залемантаваў Парфён Сініца, – Яшчэ да твайго прыезду ў гэты церам, найяснейшы гетман, мяне пасадзілі за сцяну і строга-настрога загадалі слухаць усё, што ты гаворыш. Пагражалі, калі не згаджуся, узняць на дыбу.
– І шмат чаго наслухаў? – халодным знішчальным позіркам паглядзеў на Сініцу Мацей Кветка.
– Я не віноўны, – вёў сваё Сініца, – Дзяк загадаў слухаць усё. І асабліва загадваў выведаць, ці не хочаш ты зламаць Маскву і дабрацца да таго, хто на Маскве сядзіць.
– А хто на Маскве сядзіць? – спытаў Канстанцін.
– Як хто? Гасудар маскоўскі і ўсяе Русі Васіль Іванавіч Трэці і сядзіць.
Парфён Сініца, не ўстаючы з каленяў, узвёў на Астрожскага маленькія спалоханыя і крыху здзіўленыя вочкі. Гэта быў позірк сабакі, які нашкодзіў, ведае сваю віну і чакае пакарання, чакае ўдару, але не дужа моцнага.
– Што будзем з ім рабіць, пан гетман? – спытаў Зміцер Дайнеба, – Можа, нагайкаю азадак размалюем?
– Я – шляхціц! – усклікнуў, пачырванеўшы, Сініца, – Мяне нельга нагайкаю!
– Ты не шляхціц, – змрочна ўсміхнуўся Канстанцін Іванавіч, – Ты – тля. Добра, нагайкаю цябе вучыць не будзем.
Ён павярнуўся да Дайнебы:
– Адрэж яму вуха, тое, якім падслухоўваў, а самога, як пса блявотнага, выкінь на вуліцу.
– Ды ён, пан гетман, на два вухі слухаў, можа, два і адрэзаць? – весела прамовіў Зміцер Дайнеба, выхапіў шаблю і адцяў Сініцу вуха. Адно. Як было загадана.
Са двара, куды Дайнеба павалок няўдалага выведніка, даносіўся енк. Сініца, заціснуўшы рукою крывавы абрубак там, дзе толькі што было вуха, круціўся на адным месцы, выў ад болю. Ды яго ўжо ніхто не слухаў. Хіба толькі рэдкія ў гэтым зацішным кутку Масквы пешаходы запавольвалі крок.
– Што ж рабіць думаеш, пан гетман? Як жыць? – доўжачы перарваную размову, спытаў Кветка ў Астрожскага і паглядзеў яму проста ў вочы.
Замест адказу Канстанцін Іванавіч устаў, павольна падыйшоў да круглага вакенца святліцы, адчыніў яго, колькі часу моўчкі пазіраў на нешта. Потым ківам пальца падклікаў да сябе Кветку, і калі той стаў побач, спытаў:
– Што бачыш, мой дружа?
– Бачу яблыню, – адказаў Мацей Кветка.
– Учора на гэтай яблыні, на гэтым дрэве было вельмі шмат яблыкаў. Чырвоных. Салодкіх .
– Дзе ж яны? – усміхнуўся Кветка, – Пэўна, златашылі маскоўскія хлапчукі? Яны, хлапчукі, усюды аднолькавыя – ім хочацца залезці туды, дзе іх ніхто не чакае.
– Хлапчукоў бы адагнаў Дайнеба, – задумліва пацерабіў рукою сваю доўгую бараду Астрожскі, – Хлапчукі тут не лазілі. Тут нешта іншае.
Ён памаўчаў, глянуў на старога дружбака:
– Учора я гэтак жа падыйшоў да вакенца і ўбачыў яблыню. Галіны аж гнуліся ад яблыкаў. Я яшчэ падумаў, каб Дайнеба зрабіў якія-небудзь падпоркі. І раптам яблыкі – усе! як адзін! – са страшным гулам упалі, рухнулі на зямлю. Усе, як адзін! На свае вочы я ўбачыў учора такое. Што гэта?
Гетман з найвялікшым здзіўленнем і непаразуменнем пазіраў на Кветку. Чакаў, як вытлумачыць той такі цуд. Мацей Кветка хмыкнуў, пацёр пальцамі скроні, сказаў:
– Калі гэта не хітрыкі д’ябла (а мы з табою, Кастусь, верым толькі ў Бога, а не ў д’ябла), то нябёсы паслалі табе сігнал, знак. І знак гэты гаворыць: рыхтуйся, пан гетман, у жыцці тваім вось-вось адбудзецца вельмі рэзкі пералом, такі пералом, ад якога ўздрыгне ўся душа твая. І я ведаю, што чакае цябе.
– Ведаеш? – вочы ў Астрожскага ўспыхнулі і заззялі, – Што? Кажы!
Кветка адыйшоў ад вакенца, сеў, счакаў калі сядзе побач гетман, цвёрдым голасам прамовіў:
– Бязвухі Сініца ўжо не чуе нас. А чакае цябе вось што. Праз тры дні ты паедзеш на поўдзень ад Масквы на Северскую Украіну, каб праверыць раці маскоўскага гасудара і ўзначаліць іх. Але на паўдарозе ты развернеш свайго каня і паімчышся ў Вільню, у нашу Ліцвінію, якія даўно чакаюць свайго слаўнага гетмана. Памятаеш, як у Гаштольдавай школцы мы гаварылі пра зямлю Ліцвінію?
Ён узняўся, высокі, натхнёны, прыгожы гэтай сваёй натхнёнасцю. Следам за ім узняўся Канстанцін Астрожскі.
– Але ж я цалаваў святы крыж. Я даваў клятву-роту вернасці Васілю Трэцяму, – ціхім голасам выдыхнуў запалонены гетман.
– Ты быў у рабскіх кайданах. Цябе змусілі даць гэтую клятву, – паклаў яму рукі на плечы ягоны старадаўні сябра, – Але я, біскуп вуніяцкай царквы, магістр Ордэна святога Палемона Мацей Кветка, перад лікам Божым і вось перад гэтым святым абразком, які быў абпалены і аплаўлены ў вялікай хрысціянскай бітве за Канстанцінопаль, вызваляю цябе ад змушанай клятвы-прысягі.
Моцна сціскаючы ў руцэ абразок, ён перахрысціў ім Канстанціна:
– У імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.
У абодвух усхвалявана затахкалі сэрцы. На вочы навярнуліся іскры слёзаў. Яны памаўчалі імгненне-другое, нібы прыслухоўваючыся да саміх сябе, потым абняліся, шырока, па-мужчынску, і пацалаваліся.
У гэты час Андрэй Шаціла купляў у маскоўскіх латошнікаў салодкія пернікі і арэхі для Палуты Валадкевічанкі. Шчаслівая Палута ззяла, як чысты, асветлены сонцам вясновы ручаёк. Дзяўчыне здавалася, што яна ўзлётвае пад самыя нябёсы. Паэт шчодра частаваў сваю новую каханку. Ягоныя прыгожыя вусы былі такія мяккія і пяшчотныя. Куды знікла іхняя нядаўняя калючасць!
– Еш, Палутачка, – ласкава казаў Шаціла, – Няхай саладзейшым робіцца тваё сэрца.
– А яно й так салодкае, – смела і какетліва адказвала шляхцяначка, за абедзве шчакі ўмінаючы ўсю гэту смакату.
– Няхай саладзейшымі робяцца твае губкі-вусенкі, – салоўкам заліваўся паэт.
– А яны й так салодкія, – пачала было казаць Палута, але не скончыла, бо Андрэй Шаціла не даў ёй дагаварыць доўгім-доўгім пацалункам.
Яны забыліся аб усім на свеце, блукаючы па маскоўскіх вуліцах. Тут проста з вазоў гандлявалі хлебам, сырам, рыбай, мясам, гарохам і мёдам. А яшчэ тут меліся гладышы і гладышачкі, карчагі і браціны для віна, нажы, сякеры і сярпы, гліняныя свістулькі, шаўковыя і адамашкавыя тканіны самых дзівосных колераў, бранзалеты, пацеркі і бліскучыя шкляныя шарыкі з націраннямі і бяліламі для прыгажуняў. Тут сыта рохкалі свінні, звонка кукарэкалі пеўні, вярблюд вадзіў ва ўсе бакі ганарліва задзёртай жоўтазубай галавою. Усё гэта таксама прадавалася і куплялася.
Раптам Палута спалохана ўсклікнула:
– Пан Андрэй, а ці не шукае нас ужо пан Марцін?
Шаціла, як бы прачнуўшыся, трасянуў галавою:
– Бяжым, Палутачка, а то ён нас на дробныя шматкі раздзярэ!
Яны ірванулі па вуліцы, аж вецер засвістаў. Так хутка, пэўна, не імчаў і яздзец літоўскі на кані.
Жабыка-Жэмба і сапраўды ўжо чакаў іх.
– Пан Андрэй, – сурова прамовіў ён, – дзе ты ходзіш цэлы дзень?
Ды глянуў на шчаслівы Палуцін твар, на цёплае бліскучае золата ў вачах у Шацілы, усё зразумеў і не стаў раздзімаць агонь сваркі, весела рагатнуў:
– Тут нядаўна нейкі панок прабягаў з адрэзаным вухам. Пішчаў, як парася. Я й падумаў: а ці не Андрэй з Палутаю адшчыкнулі яму вуха тое?
Пасля зноў пасур’ёзнеў, загадаў Палуце, каб застацца адзін на адзін з Шацілам:
– Ідзі. Цябе Зося Еўрапейка шукала.
І ўжо вока на вока сказаў паэту:
– Толькі што прыходзіў пан Мацей. Гетман Астрожскі даў згоду, і мы неадкладна становімся на лінію.
– Дзякуй Богу! – радасна перахрысціўся, а затым трасянуў кулакамі Андрэй Шаціла, – Слава Богу!
“Станавіцца на лінію” азначала выехаць за межы Масквы і ў загадзя ўмоўленых месцах чакаць гетмана Канстанціна Астрожскага і ўсіх, хто будзе разам з ім, сяброў альбо ворагаў.
Колькасць прачытаўшых: 851 Колькасць вогдукаў: 0