ІІІ
Жнівеньскае сонца ляніва ўставала над яшчэ соннай Масквой, калі Канстанцін Астрожскі, ягоны ардынарац Зміцер Дайнеба і паўсотня конных дзяцей баярскіх і дваранаў выехалі ўбок ракі Угры. Непадалёк ад таго месца, дзе яна ўліваецца ў Аку, дзе стаіць горад Калуга, меўся старадаўні перавоз. У 1480 годзе Ахмед-хан хацеў пераскочыць тут цераз Угру і рынуцца на Маскву. Але вялікакняжыя раці спынілі яго.
Гетман за час палону не адвык ад сядла. Наадварот, з’явілася яшчэ большая ўпэўненасць, а сэрца, здаецца, спявала. Радаснымі вачамі глядзеў ён на лясы і палі, на дарогу, на белыя імклівыя воблакі над ёй.
Дзеці баярскія і дваране былі ў кальчугах, накаленніках і паножах. Шмат хто адзеў тоўстыя суконныя цягіляі, якія мелі слой ваты, што ў час бою ахоўвае ад варожай дзіды і стралы. На галовах ззялі шаломы з місюркамі. Узброеныя былі лукамі і рушніцамі, шаблямі і пікамі.
“Будуць пільнаваць мяне, каб не збег. Пільнаваць, як заарканенага ваўка”, – думаў Астрожскі. Але злосці на гэтых маладзёнаў не было. Гэта іхняя служба, іхні будучы хлеб. Што ён уцячэ, ён не сумняваўся. Адно было пакуль няясна – дзе ўцячэ і без крыві ці з крывёю. Крыві ў гэты ясны сонечны дзень не хацелася.
Чым болей аддаляліся на поўдзень ад стольнай Масквы, тым трывожней рабілася ва ўсіх на душы. Тут, куды ні глянь, проста пахла татарамі, іхнімі пастаяннымі жорсткімі набегамі. Шмат дзе былі спілаваны пад самы корань, пакладзены густымі калючымі вершалінамі ў паўднёвым накірунку велізарныя елкі, сосны і бярозы. Яны перакрывалі дарогі, адкуль кожны міг маглі выскачыць на хуткіх вёрткіх конях стэпавікі.
Там-сям на ўзгорках стаялі збітыя з жэрдак вышкі-вартоўні, з копамі мокрай (больш дымнай) травы, з кучамі сухога ламачча на самым версе. Пачуеш смяротны гуд капытоў татарскай конніцы, чэкні крэсівам аб крэмень, запалі “сігнал” і кумільгом на каня – ратуй сваю душу і цела ад пякоткага злога аркана.
Астрожскі глядзеў на ўсё гэта, і пачынала віраваць у сэрцы злосць. Татары застануцца татарамі – такімі іх задумаў і зрабіў Алах. А вось чаму Маскоўшчына замест таго, каб кінуць усе свае сілы супраць іх, б’е і б’е па Вялікім княстве Літоўскім? Сем гадоў сядзеў ён у маскоўскай няволі, большы час сядзеў у кайданах. Завошта? Што благога зрабіў ён, ліцвін, праваслаўным маскоўцам і іхняму гасудару? Хацеў застацца самім сабой? Дык гэтага хочуць усе ці амаль усе людзі і народы. Я не жадаю рабіцца маскоўцам. Ну й што? Дык за гэта мяне трэба біць, драпежыць, цягнуць, як жывёліну, на вяроўцы ?
Аддаючыся гэтым сваім думкам, ён заплюшчваў вочы, хітаў галавою. О, як трэба вырвацца на волю! Узяць у руку гетманскую булаву і, адчуваючы за сваёй спіной магутную непарушнасць свайго войска, паімчацца ў бой супраць тых, хто трымаў яго ў чорным рабстве. О, як ён будзе помсціць! Не ўсім і не кожнаму. Ён ведае, хто заслужыў гэтую помсту.
Пасля Калугі і ракі Угры меркавалі кіравацца на Старадуб, дзе ўжо гуртаваліся маскоўскія раці, якія ён, выпушчаны на волю, павінен весці супраць крымскіх Менглі-Гірэеў. Але Канстанцін Астрожскі быў упэўнены, што войска гэта ў кожны момант могуць загадаць павярнуць на Кіеў. Ён, баявы гетман, лялька для Васіля Трэцяга і ягоных баяраў. Дзіцячая зашмальцаваная бруднымі рукамі лялька.
Тым часам сонца плыло па небе ўсё вышэй і вышэй. Гарачыня навальвалася на людзей і коней. На лугавінцы каля змялелай рэчкі, дзе расла купачка шэразялёнага пыльнага вербалозу, спыніліся на прывал, пачалі паіць коней. Зміцер Дайнеба завёў у рэчку гетманавага каня і свайго.
Канстанцін Іванавіч, зняўшы з галавы шалом, падставіў твар свежаму ветру, прайшоўся над рэчкаю туды-сюды. Адразу заўважыў, што за ім цікуюць трое дзяцей баярскіх, цягнуцца следам, як хвост. Рашуча падыйшоў да іх, сказаў з сярдзітай усмешкаю:
– Вы збіраецеся бегаць за мной і тады, калі я пайду да ветру? Вам будзе цікава глядзець на такое? Паверце, у найвышэйшага гетмана між ног тое ж самае, што і ў кожнага з вас.
Дзеці баярскія глядзелі на Астрожскага з халоднай хмурай насцярогаю. І ён зразумеў – такія, як яны, толькі загадай, не толькі будуць глядзець на тое, што ён робіць, але й палезуць ва ўсе дзіркі ягонага цела. Раззлавана сплюнуў, крыкнуў:
– Пан Дайнеба, каня!
Ён наўмысна дазволіў толькі папіць і трохі перадыхнуць людям і коням. Паесці ж нікому не ўдалося. У гэтым быў сакрэт, які яны яшчэ ў Маскве перад дарогаю надумалі і абмеркавалі з Мацеем Кветкам. Канстанцін Астрожскі трусіў на кані па пыльнай жоўтай дарозе, хітравата ўсміхаўся ў доўгую бараду.
За дзень да гэтага ў ям, які стаяў на калужскай дарозе на самым беразе Угры, прыехалі на багатай срэбнавупражнай фурманцы дзве маладыя баярышні са слугою і трыма ўзброенымі вершнікамі аховы. Слуга дапамог баярышням злезці з фурманкі, а зарослы густым дрымучым рудым валоссем фурман шчоткаю з бліскучай касцяной ручкай змахнуў едкі пыл з іхніх дарожных летнікаў-апашніц. Летнікі былі з чырвонай камкі, з ушытымі на плячах і на спіне жамчужна-залатымі стужкамі.
– Ці ёсць тут тракцір, або якая харчэўня? – спытала, жмурачыся ад сонца, адна з баярышняў, русавалосая і вельмі прыгожая. Такія прыгажуні, звычайна, не цікавяцца харчэўнямі, але ж у зямным жыцці чалавечым здараюцца занадта нечаканыя шляхі.
Пытанне сваёй гаспадыні слуга, загарэлы чорнавалосы юнак з вусікамі, слова ў слова перадаў ямшчыку Кандрату Лізагубу, які, зняўшы шапку, стаяў каля плеценай з вербалозу сцяны яма.
– Харчэўня ёсць, – адказаў здзіўлены такімі незвычайнымі гасцямі Лізагуб, – Вунь, побач з ямам. Там мой братуха Харлам за шынкара. Людзей на перавозе бывае шмат і людзі тыя бываюць галодныя. Харлам! – гукнуў ён.
З харчэўні, невялікага трохі скрыўленага дамка, праз нейкі час вытыркнулася заспаная жаўтавалосая галава, і сухі дзяркаты голас сказаў адно-адзінае слова:
– Га?
– Га-га. Была ў кабылы нага, – перадражніў шынкара ямшчык, – Сустракай баяраў.
Адразу ж пад яркае сонца выбег Харлам, пачаў кланяцца гасцям. Гэта быў яшчэ даволі маладога веку мужычок, круглатвары і жаўтавалосы.
– Чым корміш падарожнікаў? – строга спытала ў яго ўсё тая ж баярышня. Ейная сяброўка, рослая і станістая, увесь час маўчала. Можна было падумаць, што яна ад прыроды нямая, або не ведае мясцовай мовы.
– Можам падаць на стол шчы зялёныя з баранінай, студзень са свіных галоваў з часнаком і хрэнам, квасы хлебныя і ягадныя, – бадзёра сказаў Харлам. Ён быў чалавек жвавы працавіты, не мог сядзець без справы, і яго абрадавала магчымасць некага пачаставаць.
– Добра, – упершыню ўсміхнулася баярышня, – Заўтра раніцой сюды прыедуць пяцьдзесят маіх слугаў. Іх усіх трэба накарміць.
Харлам аж свіснуў і запусціў пяцярню ў сваю жаўтавалосую чупрыну:
– Пяцьдзесят? Ды да мяне ніколі не заязджала адразу столькі людзей. Ды ў мяне й сталоў не хопіць. І лыжак не хопіць.
Ён пачаў быў загінаць на пальцах чаго яму яшчэ не хопіць, але баярышня рашуча перапыніла гэтыя падлікі:
– Я вельмі шчодра заплачУ. Не пашкадуеш. Сталы ж можна збіць з жэрдак – вунь які бярэзнік наўкол. І лыжкі можна з той жа бярозы нарэзаць. Мае слугі не прывыклі на срэбры-золаце есці.
Сказаўшы такое і нават не дачакаўшыся, што прамовіць у адказ шынкар Харлам, яна загадала фурману распрагаць коней, а свайму слузе і траім вершнікам наказала дапамагаць Харламу і ягонай жонцы. Вельмі хутка ў харчэўні і вакол яе закіпела праца. Ямшчык Кандрат глядзеў-глядзеў на гэтую сумятню, ды й сам, папляваўшы на рукі, кінуўся падсабляць роднаму брату.
Набліжаўся вечар. Над ракой Угрой папоўз ружавата-белы туман. Здавалася, гэта дым ад соцень вогнішчаў, каля якіх дваццаць сем гадоў таму грэліся змерзлыя татарскія коннікі, чакаючы ханскага сігналу аб атацы. Але сігнал той так і не прагучаў.
Ценямі ад бярэзніку быў высцелены бераг Угры. Хвалі набягалі на бераг з шалясценнем і бесклапотнай гуллівасцю. Ды зусім не такімі былі падзеі, што адбыліся на самым змярканні ў харчэўні. Ледзь толькі скончылі варыць, смажыць і расстаўляць сталы, як у бакоўку, дзе жыла сям’я шынкара, увайшлі дзве баярышні і тры іхнія слугі. Рудавалосы фурман застаўся стаяць каля дзвярэй звонку.
– Зараз мы вас звяжам, – сказала русавалосая прыгожая баярышня Харламу, – І твайго брата ямшчыка звяжам. І адвязем вас адсюль у лес. Там пасядзіце да заўтрашняга абеду, і мы вас выпусцім. Калі не будзеце крычаць, уцякаць, застанецеся ў жывых. Калі ж...
Яна глянула на свайго слугу. Той выцягнуў з похваў шаблю, зрабіў страшнымі вочы і моўчкі правёў вострым лязом каля самай сваёй шыі. Харламава жонка, убачыўшы такое, абмякла, спаўзла з зэдліка на зямлю.
Калі вярталіся з лесу, пакінуўшы там пад яловым вываратнем шынкара з шынкарыхай і Кандрата Лізагуба, слуга, той, што гразіў ім шабляй (а быў гэта Андрэй Шаціла), сказаў вершнікам (Марціну Жабыку-Жэмбу, Андрусю Лыжыковічу і Фадзею Дракаловічу):
– Верш прыдумаў. Хочаце, прачытаю.
– Давай, – махнуў рукой Андрусь.
– Называецца – “Майму нашчадку”.
– Ого, ты ўжо пра нашчадкаў загаварыў, – усміхнуўся Марцін, – І колькі ж іх у цябе будзе?
– Тры хлопчыкі і адна паненка, – з усёй сур’ёзнасцю адказаў Шаціла.
– Нябось, разам з Палутаю будзеш іх майстраваць? – падкалупнуў Фадзей Дракаловіч.
– Паэт нічога не адказаў, зрабіў выгляд, што не пачуў.
– Я напісаў верш таму нашчадку, які будзе жыць праз пяцьсот гадоў пасля нас, – сказаў ён. Палеманісты прысвіснулі і аж спыніліся.
– Які ж гэта будзе год? – наморшчыў лоб Лыжыковіч.
– Сёння 1507. Значыць, гэта будзе 2007 год, – ганарліва прамовіў Андрэй Шаціла.
– І ты думаеш, што ў такі далёкі ад нас год яшчэ будуць жыць нашыя нашчадкі? – шчыра здзівіўся Марцін Жабыка-Жэмба.
– Раз ёсць мы, значыцца, будуць і яны. Але давай спынімся. Вершы не любяць паспеху. Іх трэба чытаць і слухаць, не месячы нагамі гразь.
Прыпыніліся каля купкі белакорых бярозаў. Шаціла, як гэта ён звычайна рабіў, абедзьвюмя рукамі абгладзіў свае чорныя валасы, загаварыў глухаватым голасам:
Калі не спіцца табе
У ціхай хаце тваёй,
Калі сцены шкрабе
Вецер халоднай рукой,
Устань. Ліхтар запалі.
Туды накіруй свой крок,
Дзе начныя палі
Глытае трывожны змрок.
Пад дубам вячыстым сядзь
На белы шурпаты валун.
І ў сэрцы тваім загучаць
Тысячы звонкіх струн.
І ўспыхне чырвоны агонь.
І белы ўзвіецца дым.
І з’явіцца борзды конь.
І грозны вершнік на ім.
Ён крыкне: “Ідзі да нас,
Калі душою не спрах!
Усё тут наша – і Князь,
І Вера, і Мова, і Сцяг!”
Ён крыкне: “Да нас ідзі!”
Ды зноў зазвініць цішыня.
Між срэбных хмараў-ільдзін
Пачуецца бег каня.
Змоўкнуць начныя сычы.
А ты не змаўкай! Жыві!
Хай вечна ў табе крычыць
Кропля ліцвінскай крыві.
Шаціла скончыў чытаць, унурыў галаву, чакаў, што скажуць сябрукі. Палеманістыперазірнуліся.
– Малайчына! Мацак! – усклікнуў Марцін, – Пакуль жыве паэт Андрэй Шаціла, зямля Ліцвінія не загіне!
– Добра ты пра гэтую самую кроплю, – расчулена прамовіў Фадзей Дракаловіч, хоць неаднойчы прызнаваўся, што не разумее і не любіць пісарчукоў.
Андрусь жа Лыжыковіч моцна абняў Шацілу, ляпаў яго рукою па плячы.
Каля харчэўні, якая аж ззяла чысцінёй і новымі сталамі, іх ужо чакалі баярышні. Вядома ж, гэта былі Зося Еўрапейка і Палута Валадкевіч. Фурман Гарасім Цвыркун пачціва трымаўся зводдаль ад іх, насаджанай на арэхавы кій мятлою зграбаў свежыя стружкі.
– Марцінік! – усклікнула Зося, – Ці пакінулі вы ім там вады і хлеба?
– З голаду не памруць, – весела прыціснуў яе да грудзей Жабыка-Жэмба, – А калі што – вожык на калючках грыб або лясны яблык прынясе.
Еўрапейка адбівалася ад ягоных абдымкаў кулачкамі, вырывалася, але ў вачах свяцілася шчасце.
На начлег Астрожскі прыпыніўся за нейкі дзесятак вёрстаў ад Угры ў бярозавым гайку. Спуталі коней і пусцілі пасвіцца ў сакавітае зялёнае шматтраўе. Потым расклалі вогнішча, смажылі бараніну, елі яе з цвёрдым жытнім хлебам і запівалі светлай крынічнай вадой.
Канстанцін лёг на лісіны кажух, які рассцяліў па траве Зміцер Дайнеба, пачаў неадрыўна глядзець на зорныя нябёсы. Непараўнальная ні з чым прыгажосць і веліч адкрылася позірку. Здавалася, срэбная рака цякла над галавой. Ды не рака, а цэлае мора!
Незлічонае мноства зорак, мільготкіх найдрабнейшых пылінак, драбінак і камячкоў, было рассыпана шчодрай Божай рукою, як вечнае зерне, як абяцанне новага і бясконцага ўраджаю, па чорна-сінім нябесным палетку. Там успыхвалі нейкія загадкавыя агні, паўставалі светлыя слупы дзівоснага непадуладнага чалавечаму разуменню полымя. Нейчыя вочы (матчыны і бацькавы – думалася яму) з любоўю і невыказнай пяшчотай глядзелі на яго з бяздонных касмічных глыбіняў. “Мама, – засынаючы пад покрывам срэбнавогненных добрых нябёсаў, думаў ён, – Ты жывеш на далёкай-далёкай зорцы. Зараз і заўсёды ты пазіраеш адтуль на мяне. Я адчуваю твой клапатлівы позірк. Дзякуй табе за ўсё , мама”.
Пасля начлегу хуткім маршам пакіраваліся да перавозу на рацэ Угры. Спорна беглі пасвяжэлыя коні. Лёгка і шырока дыхалася. Раса на траве і на дрэвах ярка ззяла, быццам венецыянскае шкло. Астрожскі, што, як звычайна, ехаў паперадзе, азіраўся на Зміцера Дайнебу, часам па-змоўніцку падміргваў яму. Дайнебу гэта вельмі ўсцешвала. Толькі двое з усёй кавалькады, гетман і ён, ведалі аб тым, што ўсіх неўзабаве чакае.
Нарэшце ўспыхнула на небасхіле нітачка-палоска Угры. Змораныя людзі, і адразу ж следам за імі коні, адчулі набліжэнне ракі. Там чакаў абед і адпачынак. Весялей зачасцілі конскія ногі. Прыўзняліся ў сёдлах, змахнулі гарачы пот з твараў вершнікі. Унутры кожнага пачаў паступова расслабляцца вузел, на які падчас далёкай і небяспечнай дарогі завязваецца кожная чалавечая душа. І толькі тыя, хто быў абавязаны сачыць за палонным гетманам, ні на міг не гублялі пільнасці.
Даімчаліся да ракі, скінулі з сябе жалезныя і скураныя даспехі, усё, што пякло, гняло і муліла, падставілі разагрэтыя целы свежаму рачному ветрыку. Калі на свеце існуе рай, то ў гэтыя імгненні ён быў на беразе прахалоднай ракі Угры. Крыху астылі, далі астыць коням, потым зноў ускочылі на іх, але ўжо не ў сёдлы, а проста на мяккія конскія спіны, і, абганяючы адзін аднога, рынуліся ў такую зваблівую, такую доўгачаканую ваду. Срэбныя слупы пырскаў шуганулі, здаецца, да неба. Плавалі, ныралі, куляліся праз галаву, уздымалі буруны хваляў. Былі, адным словам, як дзеці. Коні спакойна і мудра глядзелі на сваіх гаспадароў, дазваляючы мыць сябе, абліваць вадой, церці шчоткамі.
Потым пайшлі абедаць, селі за сталы. Дзве маладзенькія, дужа прыгожыя шынкарачкі завіхаліся на кухні і каля сталоў. Прыносілі, расстаўлялі, наразалі, налівалі і ўсміхаліся анёльскімі ўсмешкамі. Паспрабуй тут, як кажуць, не расперазаць жывот.
А праз нейкі час пасля такога смачнага абеду на ўсіх, акрамя Астрожскага і Дайнебы, наваліўся, як камень, сон. Хто дзе сядзеў, пачалі пазяхаць, церці кулакамі вочы, апусцілі галовы і засвісталі насамі. Тыя, што сачылі за гетманам, адчулі няладнае, ды было ўжо позна. Хацелі ўскочыць – падагнуліся калені, хацелі крыкнуць – з горлаў вылузвалася толькі шыпенне. Адному ж з іх, асабліва трываламу, стукнуў ззаду эфесам шаблі па галаве Марцін Жабыка-Жэмба.
– З Богам, – упэўніўшыся, што ўсіх маскоўцаў зваліў з ног сон, сказаў Канстанцін Астрожскі і ўскочыў на каня. Разам з ім ускочылі Зміцер Дайнеба і ўсе палеманісты, уключаючы дзяўчат. Гарасім Цвыркун, павохаўшы, кінуў на беразе Угры сваю срэбнавупражную фурманку, таксама сеў на аднаго са сваіх коней, другога павёў на повадзе. Зося Еўрапейка спытала ў Марціна:
– А што будзе з тымі, якіх вы ў лес завялі? З ямшчыком і шынкаром з жонкаю?
– Як сонца будзе садзіцца за высокую елку, іх знойдзе на Баравіковай паляне шынкароў сынок Пяцюня. Я яму прыгожы ножык падараваў. Праўда, Пяцюня? – звярнуўся Жабыка-Жэмба да мурзатага вельмі загарэлага хлапчука гадоў шасці-сямі, што сядзеў на лавачцы і стругаў ножыкам кіёчак.
– Плаўда, – кіўнуў галавою, нават не зірнуўшы на Марціна хлапчук.
– І ты гэтым ножыкам перарэжаш іхнія вяровачкі?
– Пелалежу.
– Вось бачыш, – усміхнуўся Еўрапейцы Марцін.
Замест поўдня рэзка павярнулі на паўночны захад. Прабіраліся “татарскімі дарогамі” – глухімі палявымі і ляснымі сцяжынамі. Калісьці татары-набежнікі абыходзілі па іх маскоўскія дазоры і шматвёрстныя завалы са спілаваных дрэў.
На адным з кароткіх прывалаў Марцін Жабыка-Жэмба абмяняўся з Астрожскім адзеннем. Зараз на Марціну быў чырвоны гетманаў плашч і ягоная востраверхая суконная шапка з сабаліным аколышам, паверх якога былі нашыты бліскучыя каштоўныя каменьчыкі. Астрожскі апроч цёмнага Марцінавага плашча накінуў на плечы звычайную світку, якую ўзялі ў шынкара Харлама. У шэрай світцы гэтай яго можна было палічыць за беднага псаломшчыка або вясковага мукамола.
Усе разумелі, што гетману-уцекачу неабходна быць абсалютна непадобным на таго гетмана, якога ўсе ведалі. Палута Валадкевічанка, нібы сам д’ябал тузануў яе за язык, прапанавала Астрожскаму састрыгці бараду. Як глянуў на неабачлівую дзяўчыну разгневаны гетман! Быццам дубцом па голай попцы сцебануў.
Дамовіліся пры першай жа пагоні, якую адчуюць за сабой, рассыпАцца ва ўсе бакі, адводзячы ад гетмана небяспеку. На тым жа прывале, дзе мяняліся з Астрожскім адзеннем, Марцін, сабраўшы ў цесны гурт палеманістаў-вершнікаў, сказаў ім:
– Галоўнае для ўсіх нас, не шкадуючы жыцця свайго і здароўя свайго – вывезці Канстанціна Іванавіча, слаўнага ліцвінскага гетмана-ваяра, у Вільню. Клянемся, што зробім гэта.
– Клянемся! – дружна крыкнулі палеманісты.
Адпачывалі мала. Ехалі нават уначы, бо разумелі, што ўжо па ўсіх шляхах-дарогах паляцела пагоня. Маскоўскія ваяводы будуць сырую зямлю, як рэпу, грызці, абы спаймаць, зноў закаваць у кайданы і прывезці да свайго гасудара Васіля Трэцяга ўцекача-вераломца. Яны ўжо паспяшылі аб’явіць гетмана Астрожскага вераломцам, бо парушыў асвечаную самім мітрапалітам клятву вернасці. Калі ж не зловяць, не заарканяць, паляцяць у ваяводаў галовы. А галовы ж свае, не чужыя, не качаны капусты з суседавага агароду. Не раманеяю, італьянскім віном, пачастуе гасудар, а крывавай плахай.
У гэтым цяжкім стамляючым безе пакрысе пачаў адставаць і нарэшце зусім недзе згубіўся ў начных прасторах Гарасім Цвыркун. Спрабавалі шукаць, але ён быў, як тая іголка ў стозе сена.
– Выберацца сам, – вырашыў Марцін Жабыка-Жэмба, і зноў паімчалі коні. Галоўным заставалася адно – вывезці ў Вільню гетмана Астрожскага.
А ў Цвыркуна раптоўна закульгаў конь. Можна было кінуць жывёліну, ды Гарасім (не будзь ён конюхам!) пашкадаваў, прыпыніўся, пачаў аглядаць капыт і бабку, пачаў абвязваць пашкоджанае месца кавалкам кашулі, якую адразу ж разарваў. Тут яго і дагналі маскоўскія пагонічы.
– Вот этот рыжман был с ними! – закрычаў той, якога гваздануў па галаве эфесам шаблі Марцін і які, такім чынам, быў самы пакрыўджаны. Ён проста з каня, як каршун на курыцу, наваліўся на Цвыркуна, збіў яго з ног, – Где твой чертов гетман? Отвечай, рыло немытое!
Гарасім Цвыркун зразумеў, што жыццё ягонае павісла на тонкай-тоненькай нітачцы, нібы вунь той бярозавы лісток, рана зжаўцелы, які ледзь ліпеў на галінцы і ўсё трапятаўся, трапятаўся. Гарасім ляжаў на спіне і першае, што заўважыў над сабою, быў гэты безабаронны кволы лісток.
Тым часам падымчалі на ўзмыленых запараных конях больш важныя маскоўскія чыны, пэўна, ваяводы. Гарасіма рыўком паставілі на ногі, і пачаўся допыт, хуткі і жорсткі.
– Разожги-ка костришко, – загадаў адному са сваіх людзей чарнабароды смуглатвары ваявода, – При живом огне такие, как он, быстрее вспоминают.
Вельмі хутка на беразе Угры запалала вогнішча. Ваявода ўзяў абвітую полымем ламачыну, паднёс яе амаль упрытык да Цвыркуновых вачэй:
– Так где же прячется гетман и все евоные тати? Отвечай, иначе зажарим, как куропатку.
– Не ведаю я ніякага гетмана, – адказваў пабляднелы Гарасім, – Я ехаў да перавозу, а мой конь закульгаў. Вось я й прыпыніўся. Падлячу каня, далей паеду.
– Дальше ты, братец, не поедешь, – хмыкнуў у чорны вус ваявода, – Не знаешь где литовский гетман? Да ты же сам – литва дремучая! С этим своим шершавым языком – закульгаў, ехаў...
– А я й ёсць ліцвін, – сказаў Цвыркун, – Мяне вашыя на Маскву з палонам вывелі. Тут і жыву.
– Послушай, если хочешь жить – сознавайся. Нам некогда. Где Острожский?
– Не ведаю.
– Жги его, – аддаў вогненную ламачыну ваявода таму, каго Жабыка-Жэмба стукнуў па галаве.
– Што вы робіце, маць вашу? – пакутліва застагнаў Гарасім Цвыркун. Запахла паленым. Спалохана заіржаў Цвыркуноў конь, пазіраючы, як курчыцца ягоны гаспадар. Адзін з маскоўцаў адагнаў каня ўдарам нагі.
– Жги, – адно толькі й казаў ваявода.
– Охо-хо-хо, – стагнаў Гарасім і раптам ломкім ад болю голасам заекатаў:
– Быў Цвыркун. І памру Цвыркуном. І не хачу быць маскоўскім Сверчком!
– О чем он говорит? – здзівіўся ваявода.
– Он не хочет быть московским сверчком.
Ваявода злосна сплюнуў у вогнішча. А Гарасім Цвыркун узвіўся з зямлі, ударамі рук і ног раскідаў ва ўсе бакі сваіх катаў, агромністымі віхлястымі скачкамі, як паранены лось, пабег да Угры і кінуўся са стромы ў цёмную ваду.
– Как камень, на дно лег, – раздумліва сказаў ваявода, асцярожна падыйшоўшы да берагу. Затым пачухаў чорную бараду, уздыхнуў, загадаў сваім людзям:
– По коням!
Тым часам Канстанцін Астрожскі са Зміцерам Дайнебам і палеманістамі ўпарта прабіваўся па лясных глухаманевых дарогах на захад. Даводзілася спехам масціць гаці ў балотцах, секчы сякерамі і шаблямі дзікія зараснікі, пудзячы звяроў і птушак. Нямала крывавых мазалёў успыхнула на шляхецкіх нязвычных да такой справы далонях. Дзяўчаты, Зося з Палутаю, зусім знясілелі, і Марцін загадаў ім нічога не рабіць, а проста сядзець на конях, стараючыся не зваліцца.
І ўсё-ткі неспадзяванка не абыйшла гетмана. На дарозе Юхнаў – Ельня напаткаўся пасольскі абоз маскоўцаў, які ішоў з Вены ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максімільяна Першага Габсбурга. За спіной Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства Васіль Трэці вёў няспынныя перамовы, шукаў саюзнікаў у барацьбе супраць іх. За пасла ездзіў Васіль Навумаў, бліжэйшы сябра Фёдара Курыцына. Ён асабіста ведаў Канстанціна Астрожскага, ведаў, што той даў згоду весці маскоўскія раці на Крым. І раптам – сустрэча на дарозе, якая вядзе зусім у іншы бок.
– Канстанцін Іванавіч! – усклікнуў вельмі здзіўлены Навумаў, – Што ты тут робіш? А дзе твае раці? Дзе твае ваяводы?
Вопытны ліс адразу ўнюхаў, што пахне дзяржаўнай здрадаю. Ён наогул не верыў нікому акрамя свайго гасудара, быў найадданейшым вялікакняжым дабрахотам. І ён ў адно імгненне вырашыў арыштаваць Астрожскага. Сіл быццам бы хапала – з ім ішла сотня жалезнай раці.
– Канстанцін Іванавіч, – залебязіў пасол, – ці не папіць нам дабрэннага віна? Я вязу з Вены некалькі бутляў цудоўнага рэйнскага.
Астрожскі разумеў, што з ім гуляюць у кошкі-мышкі. Але што рабіць? Як выкручвацца? Ён запытальна зірнуў на Жабыку-Жэмбу.
Марцін, на якім быў яркачырвоны гетманаў плашч, азірнуўся па баках. Яны знаходзіліся якраз там, дзе, перакрыжоўваючыся, разбягаліся шляхі на захад-усход-поўнач-поўдзень. Тут стаяла невялічкая цэркаўка Святой Маці Ахоўніцы Крыжавых Дарог.
– Пан гетман, – ціха сказаў Марцін, – трэба памаліцца.
Зайшлі ў паўцёмную цэркаўку разам з Навумавым. Апроч іх і запаленых свечак у ёй нікога не было. Памаліліся. На выхадзе Андрэй Шаціла і Фадзей Дрыкаловіч накінулі ззаду на дзяка-пасла конскую торбу з-пад аўса, сціснулі горла так, што ён пачаў сінець.
– Слухай мяне, – грозна сказаў Шаціла і наставіў Навумаву нож да шыі, – Зараз мы спакойна выходзім з царквы. Ён, – Шаціла паказаў на Жабыку-Жэмбу, – пачынае ўцякаць на кані. Ён – літоўскі гетман. Зразумеў? Твае людзі кідаюцца ў пагоню, але не даганяюць яго, бо ты клічаш іх назад. Зразумеў? Павер, я вельмі добра рэжу нажом.
Змярцвелы ад жаху пасол толькі часта міргаў вачыма ў знак згоды. Ён вельмі любіў і шанаваў свайго гасудара, але ўласнае жыццё любіў крышачку больш. Усё атрымалася так, як задумвалі Жабыка-Жэмба і Шаціла. Чырвоны плашч падзейнічаў на жалезную раць гэтак жа, як ён дзейнічае на быкоў іспанскай карыды. Яны адразу ж ірванулі за ім з лямантам:
– Гетман! Лови литовского гетмана!
Неўзабаве пасол загадаў трубіць адбой. Марціна Жабыку-Жэмбу не дагналі, трохі пакрычалі, разы два стрэлілі з рушніцаў і вярнуліся назад.
У гэты час Канстанцін Астрожскі ўжо быў далёка ад крыжавых дарог. А Шаціла з Дрыкаловічам, падвёўшы Навумава да ягонага пасольскага вазка, дапамаглі яму туды сесці, паглядзелі як паслоў фурман клапатліва пакрывае ногі свайму пану мядзведжай поласцю, ускочылі на коней і трушком, не спяшаючыся, паехалі ў накірунку Ельні. Яны ехалі і не азіраліся, але па спінах цёк халодны ручаёк – а раптам закрычыць, залемантуе, пачне страляць з рушніцы пасол Васіль Навумаў. Не закрычаў, не залемантаваў, не стрэліў. Хацеў жыць.
25 верасня 1507 году Канстанцін Іванавіч Астрожскі прыбыў у Вільню.
Колькасць прачытаўшых: 841 Колькасць вогдукаў: 1