Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка IV.

IV

– Ну, сыне, ад’ездзіўся ты, адгуляўся, адваяваўся, час і за розум брацца, – такімі словамі сустрэў аршанскі харужы Антоній Жабэка-Жэмба свайго сына Марціна, калі той вярнуўся нарэшце пасля доўгіх блуканняў-прыгодаў у роднае Адроўскае сяльцо, – Што рабіць думаеш? Князя Астрожскага выбавілі з маскоўскай няволі. У вялікай ласцы ў Гаспадара Жыгімонта князь. Трэба й табе месца сваё шукаць. Зноў у Германшчыну на вучобу паедзеш?

У адказ стары харужы пачуў ад сына класічныя словы, якія цягам стагоддзяў чулі, чуюць і не адзін яшчэ раз будуць чуць бацькі:

– Не хачу вучыцца, а хачу жаніцца.

Трэба зазначыць – гэта вельмі ўзрадавала Антонія Жабыку-Жэмбу. Старэйшыя сыны ўжо даўно сямейнікі, ужо іхнія дзеці, а ягоныя ўнукі пішчаць каля дзедавых каленяў. Трэба, каб і гэты, самы апошні каласок, сваё зерне выспеліў.

– Хто ж яна? – хаваючы радасць, спытаў бацька, хоць ведаў адказ.

– Зося Зубрыцкая з Вялікай Зуброўні.

– Добрая паненка. Добры зацны шляхецкі род, – ухваліў Антоній Жабыка-Жэмба сынаў выбар, – Твая нябожчыца маці вельмі ўзрадуецца на нябёсах ад такой доўгачаканай навіны. А я цябе, сыне мой, бласлаўляю на шлюб.

З такімі словамі харужы схадзіў у свой кабінет, прынёс адтуль абраз святога Станіслава і ўзняў яго над сынавай галавою, які апусціўся на калені.

– Святы Станіславе, дай майму сыну Марціну добрае навучанне і настаўленне, зрабі яго каханкам і мужам, бацькам і дзедам, свёкрам, і сватам, і цесцем, і ў справе мужчынскай дай сілу і ўдачу.

Затым прыйшла з панскіх агародаў старая Сцёпчыха, пакланілася старэйшаму Жабыку-Жэмбу, пакланілася ягонаму сыну, зноў паставіла Марціна на калені, пачала казаць напеўным тонкім голасам прыгаворку-прысушку, змушаючы яго слова ў слова паўтараць за сабою:

– Лягу я, раб Божы, памалюся, устану я, бласлаўлюся, памыюся я расою, вытруся я прастольнаю пеляною, пайду я з дзвярэй у дзверы, з варот у вароты, выйду я ў чыстае поле, у зялёнае памора, стану я на сырую зямлю, пагляджу я на ўсходнюю старану.

– Як чырвона сонейка ззяе, прыпякае імхі і балоты, чорныя гразі, так і ты прыбягай, ка мне прысыхай, раба Божая, ка мне, рабу Божаму. Вочы ў вочы, сэрца ў сэрца, мыслі ў мыслі. Спаць бы яна не засыпала, гуляць бы яна не гуляла, а ўсё б да мяне прыбягала. Слава табе, Божа. Амэн.

Марціну не дужа каб спадабалася такое гаварэнне. Паездзіўшы па Еўропе, паглядзеўшы на свет, ён лічыў гэта бабскімі прымхамі, смешнымі забабонамі. Але ён памятаў словы свайго сябра Андрэя Шацілы, паэта: “Усё, што кажа народ, правільна, нават і тады, калі народ кажа няпраўду”. Паспрабуй разбярыся з гэтымі паэтамі. І яшчэ – яны, палеманісты (так навучалі ўсіх іх Язэп Ранцэвіч і Мацей Кветка), павінны быць рэхам ліцвінскага народу, шанаваць і берагчы тое, што нёс і нясе ён у душы сваёй.

Вельмі хацеў Марцін, каб Шаціла быў на ягоным вяселлі ў ягонай дружыне, быў за дружка, ці, як іх яшчэ называюць, за баярына, маршалака, або шафера, каб падперазаўся крыж-накрыж прыгожымі вышыванамі рушнікамі, багатым поясам, каб трымаў у руцэ бізун і вялікі кіёк, разам з ім ехаў да маладой, садзіў маладога на пасад, трымаў вянок над жаніховай галавой у час вянчання. Але Андрэй Шаціла сказаў, што паэты павінны шмат што ведаць, павінны вучыцца, і зноў паехаў у Германшчыну. Разам з ім паехалі працягваць вучобу палеманісты Фадзей Дракаловіч, Андрусь Лыжыковіч, Вікент Камароўскі. Але абяцаўся быць за дружку на вяселлі жыццярадасны таўстун Ігнат Кабылінскі. Запэўнілі, што прыедуць у Адроўскае сяльцо, Антон Рэва, Якуб Мялешка, Паўлюк Сякерскі, браты Жадэцкія.

Вяселле намерыліся згуляць па мясцовым народным звычаі з запоінамі, альбо малой гарэлкай, з заручынамі, альбо гарэлкай вялікай, з караваем і пасадам, са скрыпачом і дударамі, з паязджанамі, вясельным поездам маладога, і прыданцамі, вясельным поездам маладой.

За дзень-другі да вяселля Зося з Марцінам патаемна сустрэліся на сваім, толькі ім вядомым, месцы над ракой.

– Давай паслухаем нашу бярозу, – сказаў Марцін.

Узяўшыся за рукі, яны павольна пайшлі ў цёплую летнюю цемру. Густая цішыня апавіла наваколле. Вось і бярозка, белакорая, кучаравістая і самотная. Гэтае дрэўца яны напаткалі чатыры гады таму, блукаючы наўкол палацыка Язэпа Ранцэвіча. Зося паклала абедзьве свае рукі на сэрца, загаварыла дрыготкім ад хвалявання голасам:

– Скажы, бярозка, ці буду я шчаслівая з мужам маім? Ці нараджу я дзетак? Ці будзе ў мяне суперніца-разлучніца? Ці зломіць мяне ранняя хвароба? Ці забярэ заўчасная халодная смерць?

Потым яна апусцілася на калені, перажагнулася і ўзняла напоўненыя трывогай і пакутай вочы ў неба:

– Божа міласэрны, я не язычніца. Прабач мне, верную сваю рабу, што пагаварыла з нямым дрэвам. Але яна, бярозка гэтая, не нямая. Колькі добрых слоўцаў нашаптала яна мне, маладзенькай. Божа, у цішыні свайго нябеснага Ерузалему пашлі нябеснае блаславенне на наш шлюб, дай нам любові і цярпення, дазволь нам прайсці жыццёвую дарогу разам да апошняга ўздыху.

Марцін стаяў непадалёку, стараўся не слухаць аб чым гаворыць каханка, але ейныя словы ляцелі ў сэрца, прапякалі душу. Калі Зося нарэшце падыйшла да яго, ён моўчкі пацалаваў яе, прыхіліў пакорлівую дзявочую галоўку да свайго пляча, і яны застылі пад маўклівым небам, пад вечным зорным сяйвом.

– Праз два дні, пасля нашага з табой вяселля, мы ўжо не будзем такімі, як сёння, ніколі не будзем такімі, – ціха пачаў гаварыць, а затым пачаў шаптаць Марцін проста ў Зосіна вушка, – Запомні, што б ні здарылася ў нас наперадзе, я – твой. Я нарадзіўся на гэтай зямлі толькі для цябе. Не забудзем жа гэты вечар. Не забудзем сябе, юных і закаханых. Глядзі і слухай, як адплывае гэты вечар, наш вечар. Назаўсёды запомні яго.

Шляхецкае вяселле грымела амаль тыдзень. Не трэба казаць колькі было выпіта, з’едзена, адтанцавана, пацалавана, колькі было згублена жупанаў і шапак, разбіта келіхаў і талерак, паламана лаў, крэслаў, зэдлікаў і вясковых шэрых платоў. А яшчэ ж былі між моладдзю касыя позіркі і зубатычыны, і нават шабля пагрозна ўзлётвала ў няцвёрдай п’янай руцэ.

З прыданцамі, вясельным поездам маладой, прыехала ў Адроўскае сяльцо Палута Валадкевічанка, пахарашэлая, жвавая, але сумнаватая.

– Паехаў пан Андрэй на сваю вучобу ў Германшчыну і, пэўна ж, забыўся пра мяне, – ціха жалілася яна Зосі, – Ні слуху, ні духу. А такія словы казаў. А так мы з ім на неба глядзелі. Блакітнае было неба, чыстае. Эх!

– Не сумуй, Палутка, Андрэй прыедзе хутка, – спачуваючы, пацалавала сяброўку Зося і раптам весела рассмяялася:

– Ды я з вамі ўсімі сама ўжо паэтам зрабілася!

Каб хоць трохі даць шматлікім гасцям прадых ад гарэлак, вінаў, лікёраў, вішнёвых і малінавых налівак, харужы Антоній Жабыка-Жэмба вывез іх у Воршу, паказаў горад і каменны замак. Замак той пачаў будавацца яшчэ за Вітаўтавым часам. З Каралевеца выпісалі нямецкага майстра па каменных працах. Падмурак рабілі з валуноў. Сцены клалі “паласатай кладкаю”, чаргуючы валуны з цэглай. Дарога да замка ішла па мосце праз рэчку Аршыцу, апошні пралёт якога быў развадны.

Брамная вежа мела два драўляныя ярусы. Унізе стаяла бронзавая гармата, з якой хоць зараз страляй.

Марцін, вясёлы і прыгожы, сказаў Зосі (ужо сваёй жонцы!):

– Хочаш, пакажу табе тваю цёзку?

– Што, яшчэ адна Зоська ў цябе аб’явілася? І гэта ўсяго на трэці дзень пасля нашага вяселля? – гарэзліва ўскудлаціла валасы мужу Еўрапейка.

Замест адказу Марцін узяў яе за руку, павёў на другі ярус вежы. Там яны ўбачылі яшчэ адну гармату, праўда, меншую.

– Чытай, – сказаў Марцін.

– ЗОСЯ. ПАЦАЛУЮ ТАК ГОРАЧА, ШТО ТЫ ПАМРЭШ, – прачытала Еўрапейка на гарматным ствале. Радасна зірнула на мужа, – Я ўжо бачыла гармату гэтую, але не ведала куды вы яе паставілі. Сястрычка ты мая, – нахілілася яна да гарматы і пацалавала яе.

Але ўсё калі небудзь канчаецца. Скончылася і вяселле. Раз’ехаліся госці. Жыццё, як рака пасля бурнай вясновай паводкі, пачало ўваходзіць у свае звычныя берагі. Зося пераехала жыць да мужа ў Адроўскае сяльцо. Разам з ёю прыехалі дзеўкі-пакаёўкі, стары кухар Сямён, якога звалі Буслабойчык. Мянушка гэтая прыліпла да кухара з таго самага часу, як ён ваяваў з буслом. Справа ў тым, што кухар пана Зубрыцкага крышыў цыбулю і рэзаў зяленіва на стале, што стаяў пад высокай ліпай. А на ліпе той змайстраваў сабе буслянку бусел, які штогод вяртаўся з-за цёплага мора ў Вялікую Зуброўню. Нешта з буслянкі, вядома ж, ляцела ўніз. І кухар Сямён замест таго, каб перанесці ў іншае месца стол, аб’явіў буслу бязлітасную вайну. Прыставіўшы драбіны, залазіў з небывалым для свайго ўзросту спрытам на самы верх ліпы, бурыў птушынае гняздо. Раз злазіў, другі, трэці... Ды бусел гэты аказаўся такі ж сама ўпарты, як ён сам, і аднойчы, раззлаваўшыся, размашыста ўдарыў кухара дзюбай проста ў лоб. Ломячы голле, Сямён паляцеў уніз, пляснуўся аб стол, потым аб зямлю і зламаў руку. Вось чаму стаў ён Буслабойчыкам.

Пан Гурый Зубрыцкі дужа крычаў тады на кухара. Праўда, да лазы на стайні ў той раз не дайшло.

– Ёлупень дурны, – выгаворваў пан, седзячы ў альтанцы і папіваючы мядок, а зняслаўлены Сямён, зняўшы шапку, стаяў перад ім з прывязанай да дошачкі рукою, – Бусел – святая птушка. Зразумеў? Яшчэ тысячу гадоў таму ён разам з нашымі продкамі прыйшоў з паўднёвых стэпаў у гэты край і пасяліўся каля нас назаўсёды. Назаўсёды. Разумееш, ёлупень? А ў дрымучых нашых лясах жыве чорны бусел. Дык ён ніадкуль не прылётваў і не прыходзіў. Ён тут спрадвеку жыве.

Разам з дачкою прыехала на восень пані Кацера Зубрыцкая, бо харужы Антоній Жабыка-Жэмба быў удаўцом, і па першым часе не хапала побач з маладзенькай Зосяй вопытнай сталага веку жанчыны, якая б навучала яе. Пані Кацера з вялікім імпэтам пачала ўводзіць сваю дачку ва ўсе сакрэты і таямніцы самастойнага гаспадарання ў майнтку.

– Ахмістрыні, дзеўкі і чэлядзь у маёнтку абавязаны падтрымліваць пільную ахайнасць у вопратцы, – доўгімі восеньскімі вечарамі павучала яна Зосю, – Гэта неабходна, каб зберагчы ў чысціні малако і печыва, а таксама і для іншых спраў. Усе мусяць хадзіць у лазню кожную суботу, а ўлетку – яшчэ купацца ў рэчцы. У вас тут ёсць рэчка? Парадак у гаспадарцы заснаваны на самым дбайным вядзенні падліку і на доглядзе за тым, каб кожны ўчастак яе быў даручаны пэўнай асобе. Неабходнае начынне і посуд павінны знаходзіцца ў адказнасці гэтай жа асобы. Інакш чэлядзь нічога не зробіць добрасумленна і дбайна, бо адзін спашлецца на другога. У выпадку шкоды ці страты не будзе каго прывесці да адказу: усякі скажа, што ён нічога не ведае.

Напачатку Зося з вялікай увагай і цікавасцю слухала матчыны парады, старалася, як магла, уводзіць іх у Адроўскім сяльцы. Але парады гэтыя былі бясконцыя, восеньскія вечары цягнуліся доўга-доўга, і пакрысе ўся гэтая такая карысная гаварыльня пачала стамляць. “Божа мой, – думала Зося, – няўжо я ўсё сваё астатняе жыццё буду слухаць такія словы, існаваць між гэтых людзей, іхніх дробных прыземленых клопатаў? Божа, няўжо ты пусціў мяне ў белы свет для такога аднастайнага шэрага жыцця?

А тут яшчэ падпусціў шпільку Марцін, весела сказаўшы:

– Жанчына – істота таямнічая, але карысная.

Зося аж узвілася:

– Ты! Што ты мне казаў да сужэнства!? Дзе словы твае!? Псу пад хвост пайшлі!?

Марцін зніякавеў, разгубіўся ўшчэнт, залепятаў:

– Зосечка! Што з табою? У чым мая віна? Ты ж ведаеш – я ўжо ротмістр ажно ў трох парафіях Аршанскага павету. Я дзень за днём у сядле. Кручуся, як вавёрка. Такая доля шляхецкая.

Ён прытуліў яе да сябе, пачаў цалаваць ёй шчокі, рукі. Ды яна адварочвалася, хавала твар, убірала рукі. Вось так першы халодны лёд лёг паміж імі.

Дадала свайго горкага перцу і Палута. Завітала неўзабаве пасля вяселля, спыталася, чырванеючы:

– Пані Зося, а ці балюча было? Ну ў тую ноч, у самую першую?

Еўрапейка глянула на сяброўку з непаразуменнем, потым здагадалася, што хвалюе юную засцянкоўку, зморшчылася:

– Баліць не там, дзе ты думаеш. Баліць тут.

І паклала руку на сэрца.

З некаторага часу яна стала пазбягаць і Марціна, і маці. Кацеру Зубрыцкую, уладную строгую пані, гэта не вельмі каб засмуціла. Яна поўнасцю ўзяла ў свае рукі кіраванне Адроўскім сяльцрм, і вельмі хутка ўсе дзеўкі-прыслужніцы і ўся чэлядзь надворная сядзелі ў яе, як мышы пад венікам. Марцін жа паўздыхаў, пабедаваў, ды вырашыўшы, што толькі час паставіць усё на сваё месца, з яшчэ большым стараннем заняўся бясконцымі ротмірскімі справамі.

Аднойчы, бязмэтна перабіраючы свае даўнейшыя дзявочыя рэчы, Зося раптам намацала на самым дне куфэрка нешта цвёрдае. Выцягнула, зірнула і аж уздрыгнула. Гэта быў штандар Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Легіёну! Ён мякка і таямніча свяціўся ў паўзмроку пакою. Залаты арол глянуў на яе пранізліва і нібы з нейкім асуджэннем.

Яна прыціснула штандар да грудзей. Адшумелае жыццё яркім пярэстым клубком уварвалася ў ціхі пакой, прымусіла затрапятаць ейнае сэрца. Колькі было ў тыя маладыя дні радасці! Колькі надзеяў! Дзе зараз неўтаймоўныя сябры-палеманісты, па якіх ідуць і едуць дарогах? Няўжо ўсе яны таксама, як і яна, жывуць жыццём бязмэтных бясконцых будняў, нікчэмных клопатаў? Няўжо забыліся ўсе яны пра залаты Човен Палемона, пра гарачыя клятвы, пра зямлю Ліцвінію? Такога не можа быць. Проста не можа быць. Не такі гэта народ. І толькі яна, шэрая вясковая гусыня, пчала-мядоўка з абарванымі крыльцамі, гібее ў беспрасветнасці, у духоўнай беспрытульнасці. Зося ўпала тварам у падушку і горка-горка заплакала.

А назаўтра, добра намуштраваўшы дзевак-прыслужніц, якія дапамагалі ёй апранацца і фарбавацца, яна, прыгожая і спакойная, пайшла ў палацык да Язэпа Ранцэвіча. У адмысловым французкім кошыку-пляцёнцы яна несла штандар.

Ранцэвіч вельмі сардэчна сустрэў яе, пасадзіў на мяккую канапу. Ярка палаў усё той жа камін. Толькі не было, як раней, Мацея Кветкі.

– Пан Мацей служыць зараз у гетмана Канстанціна Астрожскага, – патлумачыў Зосі Ранцэвіч. Потым варухнуў пасівелымі бровамі, сашчапіў на каленях цёмныя худыя рукі з рэльефнымі прыгожымі галінкамі жылаў, падрыхтаваўся слухаць.

Яна, спачатку хвалюючыся, а потым усё спакайней, расхінула перад ім сваю балючую душу, расказала пра сваю адзіноту і свой аповяд скончыла такімі словамі:

– Я вяртаю вам, пан Язэп, штандар Дваццатага Маланкападобнага Легіёну, які вы (памятаеце?) уручылі мне, назваўшы мяне жрыцай Ордэна святога Палемона. Ніякая я не жрыца. Я – звычайная баба, хоць і не чорная мужычка, а шляхцянка, ды ўсёроўна баба. Я не жрыца. Я – дворная курыца.

Язэп Ранцэвіч выслухаў яе, устаў са свайго крэсла, падыйшоў да вакна, доўга маўчаў. Потым сказаў ёй:

– Назаві сына Канстанцінам.

– Што!? – усклікнула Зося і ўсхапілася з канапы.

– Ты ўжо носіш пад сэрцам дзіця. Сына, – падыйшоў да яе і паклаў ёй рукі на плечы Ранцэвіч, – Назаві ж яго Канстанцінам. Ты разумееш – чаму.

– У мяне будзе сын? – шчыра здзівілася, пачырванела ад вялікага душэўнага ўзрушэння Зося.

– Ён не будзе. Ён ужо ёсць у цябе. Пад сэрцам. Маленькі-маленькі, як зярнятка. І вельмі прыгожы. Як Марцін.

– Я нараджу сына? – не верачы, зноў села на канапу Еўрапейка і асцярожна паклала рукі на свой жывот. Прыслухаўшыся да сябе, да ўсёй сваёй істоты, ужо сцвярджальна сказала:

– Я нараджу сына.

І шчасліва засмяялася.

– Вось бачыш, – усміхнуўся ёй Язэп Ранцэвіч, – Ты – маці. І ты – жрыца Ордэна святога Палемона. Адно адному не пярэчыць. Ты – хрысціянка і назаўсёды застанешся ёю, маладая ты будзеш ці ўжо старэнькая. Ты – палеманістка і застанешся ёю да скону. Дык бяры з сабою штандар Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Легіёну. Арол з гэтага штандару, калі трэба будзе, пакліча і цябе, і твайго мужа, і сынка твайго. Чакайце такі кліч.

Як нанованароджаная, вярнулася Зося дадому. Столькі шчасця, столькі сонечнага яркага святла было ў душы і ў вачах. Ёй хацелася спяваць і яна заспявала песню, якую чула ад дзяўчат-прыслужніц:

Пайду я ў садочак,

Сарву я лісточак.

Ды павысцілаю

Мілага слядочак.

Ды павысцілаю,

Каб пташкі не ўбілі,

Каб майго мілога

Іншы не любілі.

Марцін, прыехаўшы ўжо цёмным часам на сядзібу, хацеў, як павялося, ціха павячэраць, аддаць такія-сякія загады па маёнтку і класціся спаць. Аж уляцела, як прамень сонца, у ягоны пакой Зося. Вясёлая. Радасная. Ранейшая.

– Марцінік! – крыкнула яна з парогу, – У нас будзе сын! Я кахаю цябе, Марцінік!

Мудрасць і найвялікшая насалода чалавечага жыцця ў тым, што яно не адразу адкрывае людзям свае самыя прыемныя бакі, а паступова, па драбіначцы, па маленькім глыточку. Так сапраўдныя гурманы п’юць стары цудоўны мёд. Так паступова, крок за крокам, кветка за кветкаю, ручаёк за ручайком, прыходзіць у халодныя засыпаныя снегам абшары вясна.

Марцін Жабыка-Жэмба радаваўся шчаслівай навіне, як сапраўдны ліцвін. Наладзілі страляніну з маленькай гарматкі, што мелася ў ягонага цесця пана Гурыя Зубрыцкага ў Вялікай Зуброўні. Грукату было!

– Нешта шляхта балюе, – казалі цяглыя мужыкі, прачынаючыся ў сваіх цёмных крытых саломай хатках: – Ды ў яе, шляхты, заўсёды баль.

І цяглы народ, папіўшы вадзіцы з драўляных шчарбатых конавак, крэкчучы, паварочваўся на другі бок, засынаў, бо заўтра патрэбна было яшчэ да сонца ўставаць на вялікі згон – на панскае ворыва. А гарматка ўсё страляла і страляла.

Пачалі жыць у шчаслівым чаканні нараджэння першынца. Лічылі месяцы і тыдні. Вялікім сэнсам напаўняецца штодзённае існаванне двух закаханых душаў, калі яны ведаюць, што неўзабаве на Божы свет з’явіцца яшчэ адна душа, пакуль што невядомая ім, таямнічая, але такая жаданая, як бы адлюстровак іх саміх і ў той жа час зусім-зусім іншая.

Хлопчык нарадзіўся 3 чэрвеня 1508 году ў дзень Канстанціна (!) і Алены, здаровы, светлавалосы і сінявокі. “Як кветачка!”, – задыхалася ад радасці Зося. Вядома ж, яго хрысцілі імем Канстанціна. Хрысціць прыязджаў з Вільні вуніяцкі святар Мацей Кветка.

– Цяпер нас, Жабыкаў-Жэмбаў, трое, – ганарліва казаў Марцін, – Будзем утраіх крумкаць у нашай лужыне!

– Фі! Як ты можаш так казаць пра сваё прозвішча? – моршчыла носік Еўрапейка, ды адчувалася, што яна вельмі шчаслівая.

Тым часам жыццё, як няспынная рака, усё кацілася і кацілася ўдалеч. Жылі людзі і ў Адроўскім сяльцы, і ў Вільні, і ў Астрозе , І хоць розныя строі насілі яны, хоць елі і пілі хто з драўлянага, а хто з залатога посуду, і ў час святой малітвы па рознаму складвалі пальцы, усе яны хацелі і жадалі сабе і сваім дзецям, па сутнасці, аднаго – здароўя, хлеба і міру.

Канстанцін Астрожскі, вярнуўшыся з маскоўскай няволі, не доўга ашчаджаў нацёртыя кайданамі рукі, вельмі хутка зноў узяў гетманаву булаву. Узвіхурылі Вялікае княства Літоўскае браты Глінскія – Міхайла, Іван і Васіль. Цякла ў іхніх жылах гарачая кроў татарскага хана Мамая. Пэўна, яна і не давала спакою ваяўнічым братам. Ды забыліся Глінскія пра галоўную лёсавызначальную падзею ў бурным жыцці свайго продка – пра бітву на Кулікоўскім полі, дзе ён быў разбіты ў пух і ў прах маскоўскім князем Дзмітрыем Данскім. Не здагадваліся яны, што Мамай, сам не жадаючы таго, перадаў ім у наследдзе гены не перамогаў, а паражэнняў. А на першы погляд – тры магуты, тры асілкі, тры браты, як пальцы адной рукі. Самы малодшы між іх Міхайла быў завадатарам усяго. Калі ж больш пільна ўглядзецца ў плынь падзеяў, то шчаслівай, а, можа, й нешчасліваю зоркаю братоў была іхняя сястра Хведка. Без яе сядзелі б яны на сваіх дробных надзельчыках, як шэрыя восеньскія апенькі на гнілым бярозавым пні. Хведка вельмі ўдала вышла замуж за магната Марціна Храптовіча. Брат ягоны Ян-Літавор паехаў паслом ад гаспадара караля Аляксандра ў горад Вену, “у Немцы”. Пэўна, Хведка ўначы нашаптала нешта некаму на вуха, і ён узяў з сабою маладога Міхайлу Глінскага. Такіх маладых і прагных на жыццёвы поспех была процьма, ды ў “Свяшчэнную Рымскую імперыю германскай нацыі” трапіў менавіта Міхайла.

З жарсцю ажно цэлых 12 гадоў навучаўся малады Глінскі мовам, этыкету, вытанчаным манерам, вайсковай справе, танцам і “усялякім куртуазіям”. Маладзенькія немачкі, упершыню пабачыўшы на свае вочы вельмі прыгожага тэмпераментнага гуна (як яны называлі яго), аж млелі. Пэўна, нямала засталося пасля яго ў Германшчыне маленькіх “глінчыкаў”. Яму б асесці там, зрабіцца баронам, жыць спакойна і сямейна. Ды не – узыграла мамаева кроў, пацягнула назад, у стэпы. Прыняў каталіцтва і вярнуўся ў Вялікае княства Літоўскае. Ён быў, як пісалі сучаснікі, “чалавек аднолькава адважны духам, хуткі думкай і як дуб моцны, гатовы да кожнай небяспекі”. Гэты, “як дуб моцны чалавек”, наломіць нямала дроў у Вялікім княстве.

Толькі ўверх імкнуўся ён, толькі да ўлады. А дзе лавіць птушку ўлады? Дзе знаходзіцца ейнае залатое гняздо? Вядома, каля вялікага князя і караля, у ягоным самым цесным атачэнні. І Міхайла Глінскі робіцца сябрам Аляксандра, а затым Жыгімонта. Такое сяброўства прыносіла яму вельмі і вельмі багаты плён. У 1501 годзе Аляксандр прызначыў яго кіроўцам манетнага двара. За гэта Глінскі, як тонкі знаўца жаночай пекнасці, прывёў на вялікакняжы двор прыгожую, нібы антычная багіня, маладзенькую грачанку. Яна іграла на арфе, цудоўна спявала, магла танчыць перад абраным мужчынскім застоллем у беласнежным аддзенні старадаўняй гетэры, а то і ў строях прамацеры Евы. Для сціплай Літвы гэта, магчыма, было й занадта, але кожны з мужоў, асабліва калі ён яшчэ малады, хоча, нават сам аб тым не думаючы, пакаштаваць забаронены плод. Ці ж толькі адным евіным дочкам рабіць такое?

Троцкі ваявода Ян Забярэзінскі адчуў у маладым Глінскім вельмі небяспечнага ворага. Так стары самец-воўк інстынктыўна ловіць чуйнымі ноздрамі востры раздражняльны пах маладога самца, які ўсё больш адважна і нахабна набліжаецца да ягоных ваўчыцаў. Забярэзінскі вырашыў нанесці раптоўны ўдар, ды, пэўна, не ўлічыў, што ягоны праціўнік ажно 12 гадоў цёрся ў Еўропе, навучаўся там не толькі танцам. Акрамя пасады кіроўцы манетнага двара Міхайла Глінскі меў яшчэ адну вельмі высокую пасаду. Пасля таго, як пад Вядрошай трапіў у маскоўскі палон дворны маршалак Рыгор Осцік, менавіта Глінскі заняў ягонае месца, і ў яго пад рукою былі гаспадарскія дваране. Скончылася тым, што напачатку лютага 1508 году, калі ўжо Гаспадаром быў Жыгімонт, які не вельмі шанаваў братоў Глінскіх, прыцясняў іх, Міхайла з сямю сотнямі вершнікаў напаў каля Гародні на дом Яна Забярэзінскага. Проста ў ложку пану Яну адцялі галаву, наткнулі яе на вострую дзіду, так везлі, пацяшаючыся і глумячыся, і нарэшце кінулі ў возера.

Сонца ўдачы пачало свяціць Міхайлу Глінскаму ўсё болей рэдка і ўсё болей цьмяна. І ён узняў мяцеж супраць Гаспадара Жыгімонта, з католіка адразу зрабіўся ярасным змагаром за праваслаўе, звярнуўся за дапамогаю да Васіля Трэцяга. Маскоўшчына толькі й чакала такой навіны.

Перад вялікай фуртавінай Канстанцін Астрожскі выпадкова, а, магчыма, й невыпадкова сустрэўся з Міхайлам Глінскім у ваколіцах Наваградку, куды па загадзе Жыгімонта прывёў сваю астрожскую харугву. Глінскі ў гэты самы час круціўся каля Менску, рабаваў мясцовую шляхту і, пэўна, вырашыў зрабіць начную разведку ўбок Наваградку. Яны (іхнія загоны) сутыкнуліся твар у твар на пясчаным парослым кустоўем узгорку пад прывідным месячным святлом. Бой не пачыналі. Астрожскі і Глінскі, цьмяна бліскаючы шаломамі і даспехамі, з’ехаліся ў лагчынцы.

– Мы з табою, князь, сваякі па кудзелі, па матчынай лініі, – сказаў Астрожскі, – Чаму зноў замятню ўсчынаеш?

– Хачу абараніць праваслаўных ад лацінніка Жыгімонта, – палка, з выклікам прамовіў Глінскі.

– Не смяшы курэй ці, – Астрожскі азірнуўся па баках, – курапатак. Яшчэ ўчора ты быў католікам. Не веру, што ўсяго за адну ноч ты перарадзіўся.

– Не вер, – спакойна адказаў Міхайла Глінскі, – Але я – Глінскі. Nomen est omen.

– Імя кажа само за сябе? – усміхнуўся Канстанцін, – Магчыма. Але не будзь, князь Міхайла Rara avis, белай варонай між нас, ліцвінскай шляхты. Хіба не бачыш, што нясе нашай бацькаўшчыне маскоўскі праваслаўны гасудар Васіль? Вароп. Знішчэнне. Няволю. Ён хоча сесці на вялікакняжы пасад у Вільні. Хоча забраць сабе Смаленск і Полацк.

– Смаленск будзе мой, – парывіста ўстрапянуўся ў сядле Глінскі, аж спуджана захроп, пачаў нервова перабіраць тонкімі нагамі ягоны конь.

– Смаленск належыць майму і твайму Гаспадару Жыгімонту.

– Ён не мой Гаспадар, – горача запярэчыў Міхайла Глінскі, – Я не цярплю, каб нехта быў нада мной, звыш мяне, акрамя Бога. Сёння ж я пад рукою ў вялікага князя маскоўскага Васіля Іванавіча.

– Я разумею чаму ты абраў Васіля, а не Жыгімонта, – трохі памаўчаўшы, раздумліва прамовіў Канстанцін Астрожскі, – У Васілю больш “мамаевай” крыві. Так? Адзін стэп. Адзін у стэпе курган. Адзін на кургане арол. І арол гэты – маскоўскі гасудар Васіль. “Мамаева” кроў, якой, як я бачу, ты пакланяешся, не церпіць наўкол сябе нікога іншага. Толькі тоненькія былінкі ля самага падножжа кургану. Толькі дробненькія-дробненькія мурашкі на гэтых былінках. І ўсё. Але ж так нецікава жыць, князь. Людскі род – шматгаловы. І вельмі шмат ёсць на зямлі светлых мудрых галоў, у тым ліку, і твая. Прашу цябе – не пачынай у нашым Гаспадарстве крывавую калатнечу. Не дай маскоўскім рацям зноў таптаць і нішчыць нашую зямлю.

Міхайла Глінскі нічога не адказаў, рэзка развярнуў свайго каня, знік за ўзгоркам. Толькі чулася шчоўканне капытоў па камянях і каменьчыках, якіх калісьці шчодра намалоў у тутэйшых мясцінах ледавік.

Ён, Глінскі, не спыніў вайну. З Турава, сваёй вотчыны, слаў лісты-падбухторкі ліцвінскай шляхце, ва ўсе бакі накіроўваў загоны, штурмаваў Мазыр, Слуцк, кляўся ў вернасці Васілю Трэцяму і прасіў маскоўскай дапамогі. Герой Клецкай бітвы стаўся здраднікам сваёй Айчыны.

І ўсё-ткі яго ўтаймавалі, выкінулі за межы Вялікага княства Літоўскага. Ён здолеў, дзякуючы сваёй пляменніцы Алене Глінскай, на якой жаніўся гасудар Васіль Трэці, вельмі высока ўзляцець у Масковіі, нават зрабіўся апекуном будучага цара Івана Жахлівага, трымаў яго, маленькага, на руках, але скончыў жыццё, як амаль усе перабежчыкі-перамётнікі, бясслаўна – па загадзе той жа самай сваёй пляменніцы сканаў з голаду ў маскоўскай вязніцы. Казалі, што ён выў і плакаў ад найвялікшага голаду, як пёс. Ды Масква слязам не верыць.

Для Канстанціна Астрожскага наступіў нарэшце перадых. За вернасць і за вялікія вайсковыя заслугі Гаспадар Жыгімонт падараваў гетману былую вотчыну князя Міхайлы Глінскага горад Тураў, мноства больш дробных маёнткаў, даў яму пасаду пана віленскага і выкупіў родавае срэбра Астрожскіх, заплаціўшы крэдыторам велькія грошы за пазыку. Але галоўны падарунак Канстанцін зрабіў сабе сам – на 49 годзе жыцця жаніўся! Трэба зазначыць, што для мужчыны ў такім узросце гэта подзвіг, роўня якому хіба перамога над татарамі пад Вішняўцом. Пані гетманшай згадзілася стаць дачка луцкага старосты князя Сымона Гальшанскага Тацяна. Так што ў гэтай надта далікатнай і адказнай справе Астрожскі зраўняўся нарэшце з Марцінам Жабыкам-Жэмбам. Той, памятаецца, сказаў свайму бацьку: “Не хачу вучыцца, хачу жаніцца”. Гетман сказаў самому сабе: “Не хачу на полі ратным біцца, хачу жаніцца”. Але ягоны галоўны бой яшчэ наперадзе.

Аднойчы ціхім жоўталістым восеньскім надвячоркам, калі Зося з Марцінам сядзелі каля калыскі сына Кастусіка, адчыніліся дзверы, і дзеўка-пакаёўка сказала:

– Да вас, паночкі, нейкі чалавек прыехаў. З Турава.

– З Турава? – здзівіўся Марцін, – Кліч.

У пакой хуткім крокам увайшоў малады вусаты шляхціц у мокрым ад дажджу дарожным плашчы. Ён зняў з галавы магерку з уваткнутым пяром чаплі, пакланіўся, спытаў:

– Пан Марцін Жабыка-Жэмба і пані Зося Жабыка-Жэмбава?

– Так, – адказаў Марцін, – Каго маем гонар вітаць на сваёй сядзібе?

– Адам Дрыбась, даручэнец, службовец і вястун князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага. Па загаду майго пана перадаю вам ягоны панскі ліст да вас з сургучовай пячаткаю, пісаны ім самаруч.

Ён падаў Марціну скручаны ў трубку ліст з віслай пячаткаю. Жабыка-Жэмба зламаў сургуч, пачаў чытаць. Зося, запрасіўшы вестуна сесці, уважліва глядзела на мужа. Твар ягоны па меры чытання ўсё болей святлеў.

– Ведаеш, якая добрая навіна? – дачытаўшы да канца, сказаў Марцін Зосі, – Князь Канстанцін Іванавіч запрашае нас з табой на сваё ўласнае вяселле, якое мае адбыцца ў ягоным горадзе Тураве дваццаць першага верасня ў Дзень нараджэння Маці Божай.

– Авой, радасць якая! – захоплена пляснула ў ладкі Зося, – Нарэшце князь-дабрадзей зробіцца дамаседам!

– Крамбамбулі! – крыкнуў дзеўцы-пакаёўцы Марцін Жабыка-Жэмба, і калі тая прынесла паднос з сіняшкельным бутлікам і трыма залачонымі чаркамі, разліў духмяны цудоўны напой, высока ўзняў чарку:

– За Канстанціна Іванавіча! Сто лят яму!

Але, разважыўшы, вырашылі, што на гетманава вяселле паедзе толькі адзін Марцін. Зося ж застанецца ў Адроўскім сяльцы – надта ж маленькі яшчэ Кастусёк. Марцін, аддаўшы малжонку з сынам пад клапатлівую ахову бацькі свайго харужага Антонія Жабыкі-Жэмбы, разам з путным слугою Міхалкам і яшчэ трыма путнымі слугамі верхам на кані пакіраваўся ў Тураў. У дарожных торбах-саквах везлі гетману адмысловыя дарункі – літы з золата вялізны кубак з сямейнай скарбоўні Жабыкаў-Жэмбаў і каменную выяву старадаўняга чалавека, якую знайшлі ў сінім глеі, калі чысцілі азёрнае дно. Марцін ведаў, што Канстанцін Астрожскі любіць збіраць такія цудовіны.

Восень засцілала чырвоным шапаткім лісцем дарогі. Вецер узвіхурваў гэтае мёртвае лісце, і, здавалася, вогненныя слупы стаяць наўкол. Увечары і раніцай, куды ні кінь вокам, слаіўся гусцейшы попельна-белы туман. Ляцелі ў вырай журавы і гусі. З нябёсаў нёсся нястомны гагатлівы халодны крык. Птушкі, як і Марцін са сваімі людзьмі, кіраваліся на поўдзень.

Тураў над прыгажуняй Прыпяццю, заснаваны яцвяжскім князем, што ў хрышчэнні назваўся Давыдам, сустрэў іх такім шматлюддзем і шматгалоссем, якому б пазайдросціла і Вільня. І прычына таму была адна – вяселле князя Канстанціна Астрожскага. Прадоўжыць вяселле князь меркаваў яшчэ й у Астрозе, але першую хвалю ўрачыстасцяў, першы, як бы мовіць, удар прыняў на сябе Тураў.

Па гарадскім прадмесці Запясоччы праехалі ўсярэдзіну горада, дзе стаяў княжы палац. І тут усё кіпела людзьмі.

– Пэўна, князі і шляхта з усяго Гаспадарства з’ехаліся, – здзіўлена чухаў патыліцу Міхалка.

Перад княжым палацам была змайстравана трыумфальная брама, упрыгожаная стужкамі, кветкамі і зброяй, якую адбілі ў татараў і ў ваяроў Міхайлы Глінскага. З двух бакоў брамы раскінулі вялізныя рознакалёрныя намёты, у якіх стаялі багатыя пышна сервіраваныя сталы. У адным з намётаў іграў аркестр.

Па Прыпяці плавалі туды-сюды доўгія чаўны пераробленыя пад венецыянскія гандолы. Весляры ў венецыянскіх строях дружна налягалі на вёслы і хорам спявалі песні, але не венецыянскія, а мясцовыя вясельныя.

Марціна сустрэў каля трыумфальнай брамы сам вясёлы жаніх, абняў, горача расцалаваў:

– Дзякуй, дзякуй табе, пан Марціне, што не забыўся пра старога Астрожскага! Як бачыш, і я, вол стары, схіляю выю сваю пад сямейнае ярмо. Памятаеш, як праз лясы-балоты з Маскоўшчыны беглі? А дзе ж малжоначка твая, што так адважна на коніку гарцавала?

– З сынком Кастуськом дома сядзіць малжонка. А ягамосць яшчэ не стары, – радасна адказаў Жабыка-Жэмба, – Мы яшчэ з ягамосцем шмат каму чупрыны надзярэм.

– Хочаш ваяваць? Любіш ваяваць? Значыць – рыцар, – па-змоўніцку шапнуў яму гетман, – І я люблю. Вось жанюся, аблагоджу жоначку і – у сядло. Пойдзеш са мной?

– З гетманам Астрожскім хоць на край свету! – усхвалявана выгукнуў Марцін.

– Пра край света не ведаю, а на пярэдні рубеж дзяржавы яшчэ сходзім, – падміргнуў Канстанцін Астрожскі і паляпаў яго па плечуку.

Развітаўшыся з гетманам, што сустракаў усё новых і новых гасцей, праверыўшы як уладкаваўся Міхалка з путнымі слугамі, Марцін павольна пайшоў убок Прыпяці. І раптам ззаду нехта закрыў ягоныя вочы рукамі. Разгневаны Жабыка-Жэмба крута развярнуўся і ўбачыў перад сабой Андрэя Шацілу.

– Андрэй!

– Марцін!

Яны абняліся, як браты, моцна расцалаваліся. Радасць віравала ў вачах. У гэты міг яны зразумелі, што звязаны па жыцці такой вяроўчынай, такім ланцугом, якія не развязаць і не раскляпаць нікому.

– Як я рады, што й ты тут, у Тураве, – расчулена сказаў Марцін, – А як жа вучоба?

– Вучоба не хвароба – пачакае, – весела засмяяўся Шаціла, – Чуў, што ты ўжо бацька . Віншую. А я ўсё бегаю, як кот марцовы.

– А мог бы й не бегаць, – усміхнуўся Жыбыка-Жэмба, – Прыязджала да нас Палута ў Адроўскае сяльцо. Жалілася, што забыўся пан паэт пра яе.

– Палута? – Андрэй Шаціла аж спыніўся, – Ты бачыў Палуту?

– Як цябе бачу.

– І што ж яна гаворыць пра мяне?

– Гаворыць, што ты добрае жарабя. Нагарцаваўся, нагуляўся і зноў да сена. А што бедная дзяўчына плача, горкімі слязамі абліваецца, жарабяці – пад хвост, – строгім голасам сказаў Марцін.

– Так і гаварыла? – пабляднеў Андрэй.

– Ну, ты ж разумееш, яна не зусім так прамаўляла. Гэта я па-вашаму сказаў, сказаў так, як вы, паэты, гаварыць любіце. Прызнавалася Палута Зосі, што кахае цябе.

– Кахае!? Дык чаго ж ты, гарохавая галава, пляцёнкі пляцеш? – аж узвіўся ад радасці паэт, – З мяне вялікі гляк віна!

Сядзелі на беразе Прыпяці і пілі віно, якое паступова размякчала цвёрдыя сэрцы. Да гетманавага вяселля яшчэ заставаўся нейкі час. Яны разумелі, што там, у шумным вэрхале вяселля, не ўдасца пагаварыць, і таму гаварылі тут. Гаварылі аб усім.

– Напэўна, трэба й мне кінуць сваю вучобу і ехаць са сватамі да Палуты, – уздыхаў Шаціла, – Хоць я й вучобу люблю. Люблю вучобу. Люблю Палуту. Што рабіць?

Ён задумліва падпёр падбароддзе кулакамі, гдядзеў на няспынныя рачныя хвалі. Вада бегла адсюль у Дняпро, а потым у мора. І гэтак – тысячагоддзі. Які сэнс у такім вечным безе-руху?

– Вянчаць будзе сам мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі Язэп Другі Солтан, гетманаў сябра. Дзеля гэтага са сваёй віленскай рэзідэнцыі прыехаў, – сказаў Шаціла, – Вось тут і мяркуй – у Маскве сядзіць мітрапаліт усяе Русі і ў нас, у Вільні. І хто з іх галоўнейшы? Думаю, што наш, бо яго сам канстанцінопальскі патрыярх Пахомій узвёў у гэты сан. Баюся, што яшчэ наплачамся мы з Руссю. Мы ж – Літва, што стварылася з полацкіх і менскіх ліцвінаў і аўкштайтаў. А нам крычаць з Масквы, што мы Русь, а Русь павінна быць толькі маскоўская. Добра, хай будзе Русь, вырашылі нашы Гаспадары і сваю дзяржаву назвалі Вялікім княствам Літоўскім і Рускім. А нам зноў крычаць з Усходу, што Русь, а, значыць, і ўсё наша Гаспадарства, павінна быць маскоўская. Вось што, напрыклад, было напісана ў грамаце, якую падчас сватання Івана Трэцяга да Соф’і Палеалог, уручылі разам з шасцю дзесяткамі собаляў маскоўскія паслы Папу Сіксту: “Сиксту, Первосвятителю Римскому, Иоанн, Великий князь Белой Руси, кланяется и просит верить его словам”. Заблыталіся, як кажуць, у назвах. Усюды Русь. І ўсюды іхняя, маскоўская.

Ён узняўся, паглядзеў на хвалістую шырыню Прыпяці, прачытаў глухім голасам:

Крычу табе: “Спынісь!”,

Ды ты ізноў не чуеш.

О, Русь, лясная рысь,

Ты на каго палюеш?

– А, можа, не трэба, Андрэй? – раптам сказаў Марцін Жабыка-Жэмба.

– Што не трэба? – не зразумеў паэт.

– Ну, вось гэтыя вечныя нашы размовы пра Русь, пра Літву. У нас у Адроўскім сяльцы панскія хлопы кажуць: “Трэба жыць, як набяжыць”.

– Мала лазой лупцавалі такіх дурных хлопаў, – жорстка прамовіў Шаціла, – Значыць, тады не патрэбен Вітаўт, не патрэбен гетман Астрожскі, не патрэбныя ўсе мы, не патрэбныя нашы дзяды-прадзеды з іхнім такім яркім, такім непаўторным жыццём? Усё гэта ведьмі-вельмі патрэбна. І ўсім нам. І Богу. А дурныя хлопы назаўсёды застануцца дурнымі хлопамі. І іхнія ўнукі-праўнукі будуць дурныя хлопы. Мы – ліцвіны. І наша радзіма – Вялікае княства Літоўскае. А для нас, палеманістаў, гэта самая прыгожая і самая жаданая зямля – зямля Ліцвінія. Як я хачу, каб праз стагоддзі мае нашчадкі жылі ў дзяржаве, якая называецца Ліцвінія! Але давай, пан Марцін, скончым сваё баляванне над Прыпяццю і пойдзем туды, дзе бярэ шлюб наш дарагі сябра, наш слаўны гетман Канстанцін Іванавіч Астрожскі.

Яны хуценька ўзняліся і пайшлі ў накірунку княжага палацу. Вяселле бушавала сем дзён. Пра яго не трэба пісаць, бо нічога не атрымаецца з такой пісаніны. На такім вяселлі трэба быць самому. Сем дзён гуляў на вяселлі Марцін Жабыка-Жэмба, а потым у вясельным поездзе жаніха паехаў паязджанцам у Астрог.

А ў гэты час далёка ад Турава і Астрога ў Адроўскім сяльцы цякло ціхае павольнае, але такое зваблівае сваёй цёплай сямейнай утульнасцю жыццё. Даўжэйшымі рабіліся вечары. Удзень неба ўсё часцей закрывалася шэрай воўнаю хмараў. Церусілі ўжо халаднаватыя дожджыкі, прыбягаючы з глыбіні апусцелых цёмных палёў. Часам у прарывах між хмарамі бліскала добрае залаталобае сонца.

Зося ўсю сябе аддавала малому Кастуську. Пералічваючы, цалавала кожны ягоны дробненькі пальчык на руках і на нагах. Замілавана заўважала, як з кожным Божым днём усё болеё напаўняюцца гарэзлівасцю і розумам сінія вочкі. “Дзякуй табе, Матка Боска, за маю мацярынскую радасць, за маё шчасце”, – удзячна малілася яна, сустракаючы і праводзячы ў вечнасць кожны новы дзень.

Хапала й гаспадарчых клопатаў. Рыхтаваліся да зімы. Да марозу трэба было ўбраць ураджай з палеткаў і агародаў, з саду. Зосіна маці, пані Кацера Зубрыцкая разам з дзеўкамі-пакаёўкамі закладвала ў склеп свежую капусту ў качанах, абірала з дрэў садавіну. І без перадыху павучала:

– Яблыкі неабходна абіраць у ясны дзень, зрываць і класці асцярожна. Нельга кідаць, ціскаць і абдзіраць. Трэба лёгка ўкладваць у кошыкі і ў іх адразу ж пераносіць у склад. Плады ніколі не кідаюць у кучу, калі маюць намер добра захаваць. У сухіх скляпах іх кладуць на паліцы, высланыя цёртай саломай, так, каб яны не дакраналіся адзін да аднога.

Сабе ў памочніцы Зося выбрала няньку з вясковых дзяўчатак, спакойную разважлівую дачку панскага каваля Сцепанідку. Сцепанідка адразу ж усёй душою прыгарнулася да маленькага Кастуська, і яму, заўважала Еўрапейка, было добра з такой няняй.

Кожны вечар, кладучыся спаць, Зося ўспамінала Марціна. Калі ён ужо вернецца з таго вяселля? Яна разумела, што шляхта, асабліва ганарыстыя магнаты, могуць гуляць хоць месяц, абы спраўна працавалі глоткі і страўнікі. Ды й нельга было не паехаць да такога вельміпашанотнага, вельмі добрага чалавека, як Канстанцін Іванавіч Астрожскі. Яна б і сама паехала віншаваць гетмана, але ж у яе ёсць маленькі Кастусёк, які не адпускае яе, сваю маці. Кастусёк! Яна заплюшчвала ў салодкай дрымоце вочы, зноў дзякавала за сваё жаночае шчасце пану Богу.

Але, на вялікі жаль, жыццё чамусьці не можа быць заўсёдна добрым і гладкім. Яму чамусьці патрэбны нечаканыя вострыя павароты-зломы. Не можа ведаць чалавек, што чакае яго заўтра, бо ў Бога, а, значыць, і ў чалавека, ёсць толькі сённяшні час.

Неяк у Адроўскае сяльцо прыбег вястун з палацыка ад Язэпа Ранцэвіча:

– Паню Зосю вельмі хоча пабачыць пан Язэп.

Еўрапейка адразу захвалявалася. Што магло здарыцца? Ад чаго такая спешка?

Пакінуўшы Кастуська пад наглядам Сцепанідкі, яна хуценька пайшла ў недалёкі, што стаяў на рачной строме, палацык.

Яе сустрэла Меланьня, якую пан Язэп заўсёды называў Мелані.

– Пану Язэпу вельмі блага, – сказала, змахваючы хусцінкаю слёзы з чорных вачэй, пажылая грачанка, – Пэўна, Бог забярэ яго ад нас. Ён жа такі ўжо стары. Разам з ім мы калісьці баранілі ад туркаў Канстанцінопаль.

Раптам яна заплакала наўзрыд і, апусціўшы галаву, пайшла паперадзе Еўрапейкі да Язэпа Ранцэвіча. Зося паспешліва ішла за ёю, бачыла худзенькія безабаронныя плечы, сівыя пасмы калісьці бліскуча-чорных валасоў і разумела – грачанка няўцешна лье слёзы таму, што са смерцю Ранцэвіча абарвецца тоненькая нітачка, што звязвае яе з мінулым. Ды Еўрапейка памылялася. Аказваецца, з далёкім непаўторна адляцелым мінулым Мелані лучылі яшчэ два чалавекі, аб існаванні якіх тут, у палацыку, Зося й не здагадвалася. Яны выйшлі з бакоўкі ў калідор, па якім праходзілі Мелані з Зосяю, нізка схілілі галовы ў знак жалобы. Два ўжо немаладыя смуглатварыя мужчыны.

– Стэліёс! Рагірас! – усклікнула Мелані і абняла іх.

Яны загаварылі між сабой па-грэцку, ды на якой мове не размаўляй у час вялікага гора, чалавечай душы непатрэбны перакладчыкі – па іскрах слёз, па вуснах, што пакутліва дрыжаць, па руках, якія ніяк не знаходзяць сабе месца, адразу відно – бяда пастукалася ў дзверы. Так яны трое, абняўшыся, і пайшлі да Ранцэвіча.

Стары палеманіст ляжаў на ложку ў той жа каміннай залі. Завостраны зжаўцелы твар ярка вылучаўся на чырвонай падушцы.

– Даражэнькія мае, – радасна прашаптаў ён, – Прыйшлі. Дзякуй, што прыйшлі.

Ён паспрабаваў сесці, ды не хапіла сілаў, і ён застаўся ляжаць, пазіраючы ўсхваляванымі вільготнымі вачамі на ўсіх.

– Зося! – слаба ўсклікнуў Ранцэвіч, зірнуўшы на Еўрапейку, – Мілая мая дзяўчынка, вялікі дзякуй, што прыйшла. Я не памыліўся, убачыўшы ў табе жрыцу нашага Ордэна святога Палемона. Чыстая святая душа.

– Стэліёс і Рагірас, – папрасіў ён, – запаліце камін, а потым запаліце свечку.

Неўзабаве затрашчалі ў каміне сасновыя чурбанчыкі, жвавае чырвонае полымя затрымцела сваімі пялёсткамі, разганяючы змрок. Ранцэвіч павесялеў. Яму нават удалося сесці – Зося з Мелані абклалі яго падушкамі.

– Сяджу, як арол у гняздзе, -– пажартаваў ён.

І раптам за дзвярыма цяжка затупацелі нечыя крокі. Дзверы рэзка расчыніліся, і ахоўнік, мяркуючы па абліччу, таксам грэк, усхвалявана крыкнуў з парогу:

– На нас напалі татары!

Навіна была такая нечаканая, што ўсе нібы анямелі. Свечка, якую хацеў запаліць Рагірас, выпала з ягоных рук.

– Яны ўжо цягнуць лесвіцы і лезуць на сцены! – крычаў ахоўнік, – І адкуль толькі наляцела гэтае злое семя!?

– На сцены! Усе на сцены! – загадаў, закашляўшыся, Ранцэвіч, – Яны нават не даюць чалавеку спакойна памерці.

Акрамя Мелані, усе выбеглі туды, дзе пачынаў узвіхурвацца бой. Татары, у прашытых дротам тоўстых халатах, у плоскіх шапках з лямцу, з крывымі шаблямі ў руках густа, як саранча, ляпіліся па лесвіцах, няўтрымна пёрлі на сцены.

Ды іх ужо сустракалі агнём з рушніцаў, мячамі і дзідамі, пікамі і камянямі, сякерамі і звычайнымі дубінамі. Неўзабаве пачалі ліць уніз кіпяцень. Енкі апечаных скаланулі наваколле.

На сценах, як хуценька пералічыла Зося, стаяла чалавек трыццаць-сорак. Два грэкі са сваімі сынамі, ахоўнікі, вадавозы, дрывасекі, кухары пад началам тоўстага пана Яўфімія. Гэта ён адразу ж загадаў рыхтаваць і ліць проста ў твар татарам кіпяцень.

– Біце ў звон! – закрычаў рудабароды ахоўнік.

Над ракой і лесам, над недалёкім адсюль Адроўскім сяльцом адрывіста паляцелі трывожныя жалезныя гукі. Не адно сэрца сціснулася, пачуўшы іх.

Татары, спатыкнуўшыся на першым прыступе, пачалі шалёную страляніну з лукаў. Раі стрэл панесліся на палацык, прычым, да некаторых стрэл было прыкручана падпаленае пакулле. Непадалёк ад палацыка налётчыкі расклалі велізарнае вогнішча, бралі адтуль доўгімі абцугамі галавешкі і шпурлялі іх цераз невысокую сцяну. Дзе-нідзе ў дрэва ўжо ўчапіўся агонь.

– Хочуць нас спаліць, – злосна сказаў Еўрапейцы пан Яўфімій. Ударам сякеры ён раскалоў чэрап стэпавіку, які, быццам яшчарка, слаўся-поўз па лесвіцы, і раптам сам захрыпеў, упаў – проста ў горла шчоўкнула татарская страла.

А з края лесвіцы ўжо вытыркалася яшчэ адна лямцавая шапка. Сіпла дыхаючы, на сцяну палацыка лез татарын.

Еўрапейка схапіла сякеру, якую толькі што выпусціў з рук пан Яўфімій, дзеўбанула ёю па лямцавай шапцы. Так яна зусім нядаўна адсекла галаву дужа задзірыстаму пеўню. Той, напалохаўшы няньку Сцепанідку, растапырыў вогненназялёнае пер’е, хацеў ударыць вострай дзюбай Кастуська. Зося засланіла сына адной рукой, другой сціснула пеўню шыю (ён біў яе па твары крыллем, драпаў кіпцюрамі), пабегла ў дрывотню і на калодзе, на якой дворны чалядзін сек дровы, скончылася пеўнева жыццё.

Забіўшы татарына, яна зняможана прытулілася плячамі да шурпатых камянёў сцяны, заплюшчыла вочы. “Дзе зараз Кастусёк? – ліхаманкава думала яна, – Што з ім?”. З усіх магчымых выпадкаў жыцця яны з нянькай Сцепанідкай абмяркоўвалі і гэты – нечаканы напад на маёнтак. Сцепанідка, калі б раптам нікога побач не было, павінна была адразу ж хавацца з хлопчыкам у бакоўцы, хітра замаскаванай у глухой сцяне спальні. “Сцепанідка з Кастуськом у бакоўцы” – супакойвала сама сябе Еўрапейка.

Раптам гул здзіўлення і радасці пакаціўся між тых, хто абараняў сцяну. Зося, трымаючы ў руках сякеру, азірнулася. Язэп Ранцэвіч у жалезнай шапцы, у кальчузе, з мячом у адной руцэ і шчытом-тарчам у другой стаяў каля востразаточаных дубовых забаролаў. Вочы гнеўна ззялі.

Ягонае з’яўленне быццам патроіла сілы абаронцаў палацыка, быццам больш вастрэйшыя зрабіліся іхнія мячы і дзіды, а кіпяцень больш гарачэйшы. Злая сеча дасягнула свайго найвышэйшага напалу.

І тут знізу, адтуль, дзе тоўпіліся і няспынна лезлі на сцяну татары, загучала труба, і рэзкі высокі голас закрычаў:

– Не супраціўляйцеся! У нашых руках знаходзіцца тое, што можа быць дарагім для некаторых з вас! Калі вы не здасцё нам замак, мы спалім вось гэтае дзіця!

Чорны агонь палыхнуў у грудзях і ў вачах Еўрапейкі. Дзынкнула аб камень, вывалілася з рук сякера. Чорны пякучы агонь выядаў душу. Ёй не захацелася жыць. Яна ўжо зразумела, што ўбачыць, калі расплюшчыць вочы і прымусіць сама сябе зірнуць уніз.

“Няўжо я больш ніколі-ніколі не дакрануся да такой прыгожанькай, такой мякенькай, такой роднай ножкі і ручкі? – думала яна, – Няўжо вось зараз з гэтым злым рэзкім, як шабля, голасам скончылася ўсё? Жыццё, радасць, песенькі-калыханкі”.

І ўсё-ткі яна глянула ўніз. Гарцуючы на кані, малады чарнавусы татарын трымаў, уздзеўшы на сваю доўгую піку, дзіцячую калысачку, лёгкую, вельмі варухлівую, абвязаную блакітнымі стужачкамі. Гэтую калыску ўласнымі рукамі змайстраваў для свайго ўнука Кастуська пан Гурый Зубрыцкі.

– Не супраціўляйцеся! У іншым выпадку, як толькі вы далічыце да дзесяці, я кіну гэтага хлопчыка ў агонь! – крычаў малады вясёлы татарын.

– Адчыніце браму. Пакладзіце на зямлю зброю, – прагучаў у звонкай напружанай, як струна, цішыні голас Язэпа Ранцэвіча.

“Я паміраю”, – думала Зося. Сэрца спынялася. Галава хілілася набок.

І раптам між гэтага жаху і здранцвення ўпаў аднекуль з нябесных вышыняў, з ледзяной таемнасці магутны шырокакрылы арол. Ён схапіў сваёй моцнай дзюбаю з татарскай пікі дзіцячую калысачку, шэрай маланкай мільгануў над сцяной палацыка і мякка паставіў гэту калысачку проста каля ног Еўрапейкі.

Кастуськоў плач, такі звонкі, такі родны, скалануў Зосю, як удар маланкі, абудзіў яе.

– Сынок! – крыкнула яна і схапіла свайго хлопчыка на рукі. Ён гарнуўся да яе, захліпіста плакаў, абліваў сваімі цёплымі дробнымі слёзкамі ёйныя шчокі і рукі.

– Сынок, – як у ліхаманцы, шаптала Зося, цалуючы, гладзячы і сціскаючы ў абдымках Кастуська, – Сынок, нікому-нікому цябе не аддам.

 

Колькасць прачытаўшых: 919
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Назаві сына Канстанцінам.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка I.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка II.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка III.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка IV.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка V.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка I.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка II.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка III.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка IV.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка V.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка I.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка II.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка III.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка IV.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка V.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка I.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка II.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка III.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка IV.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка V.
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007