ІІ
– Ты – Палемон? – глуха данеслася з цёмначырвонага змроку, з недасяжнай страшнай глыбіні, у якой плавалі, круціліся, успыхвалі і адразу ж тухлі найдрабнейшыя зорачкі-макулінкі. Яны былі падобныя на пылінкі, што з’яўляюцца быццам ніадкуль, калі ў зацемнены пакой раптоўна ўрываецца яркі сонечны прамень. Здавалася, цячэ несупынная злавесная рака, якая не мае ні канца, ні пачатку.
– Ты – Палемон?
Што за голас, голас-цвік? Ён драпае, раніць душу, не дае супакою. Цела ж быццам пракінулі праз цяжкія каменныя жорны.
Марцін Жабыка-Жэмба пакутліва расплюшчыў вочы, просячы Бога не даць убачыць тое, што ўбачыў Дантэ Аліг’еры. Так, гэта было не пекла і не чысцец. Але ж гэта ні на кропельку не было падобна ні на вясёлую шумную таверну, ні на будуар прыгожанькай сіньярыты. І з вуснаў нашага героя вырвалася класічнае запытанне:
– Дзе я?
– Ты – Палемон? – зноў паляцела яму насустрач. Адно і тое ж пытанне, пытанне-кропля дзяўбло і дзяўбло чэрап.
– Дзе я? – вёў сваё Марцін.
– Там, дзе й совы не кугукаюць, – адказалі яму.
І ён, уздрыгнуўшы, зразумеў, што знаходзіцца ў інквізітарскім падзямеллі. Чуў пра такое, ведаў пра такое, але з уласнай душою і ўласным целам апынуўся тут упершыню. Далёка ж і глыбока завялі яго вясёлыя сцяжынкі. Нездарма кажуць – турма, як магіла, адчынена для ўсіх. Марцін цяжка ўздыхнуў. Ён пашкроб бы сабе патыліцу, але не змог паварухнуць рукамі, бо яны былі моцна прыкручаны да падлакотнікаў грубага каменнага крэсла, на якім ён сядзеў.
Гэта быў невялічкі слабаасветлены пакой з нізкай пухірыстай ад залішняй вільгаці столлю. Два вузкія бледныя вакны квола ззялі ў паўзмроку. Насупраць Жабыкі-Жэмбы за доўгім сталом на шырокай лаве сядзелі інквізітары ў падпяразаных вяроўкамі карычневых і белых сутанах, з маленькімі шапкамі на галовах. Тут жа знаходзіўся натарыус з вялізным гросбухам, з асадкаю ў руцэ.
– Бог злавіў для нас яшчэ адну лісіцу, – шапнуў крайні злева інквізітар таму, хто сядзеў пасярэдзіне. Лісіцамі называлі ерэтыкоў. Марцін гэта ведаў, і сэрца зайшлося сумам. Ці ўдасца зноўку пабачыць сонечнае святло? Ён з дрогкасцю ў целе глядзеў на суровыя пергаментныя твары тых, што маглі ўзяць у яго волю, сілу ды й само жыццё.
– Хто ты і ці ёсць у цябе ворагі? – ціхім бясстрасным голасам запытаўся старэйшы інквізітар.
– Я – патомны шляхціц Вялікага Княства Літоўскага Марцін Жабыка-Жэмба. Два гады быў студыёзусам Фларэнтыйскага універсітэту. Атрымаў ступень бакалаўра права. Цяпер паступіў на службу ў гарадскую баталію да кандат’ера Ларэнца Алані. Хутка мы паплывем на дапамогу абкружанаму бязбожнымі туркамі Канстанцінопалю. Я, як хрысціянін, люблю ўсіх людзей, бліжніх і далёкіх. Адзіны мой вораг – д’ябал і, – Марцін на імгненне прыпыніўся, – танцоўшчыца Філамена.
Пачуўшы гэтае імя, інквізітары перазірнуліся.
– Развяжыце яму рукі, – загадаў старэйшы.
Адразу ж падбег служка трыбуналу ў чорным адзенні з глухім капюшонам на галаве, дзе былі прарэзаны адтуліны для вачэй і роту, вызваліў рукі. Марцін з палёгкаю трасянуў імі. Падалося, што яшчэ крышку і зноў пачне ўсміхацца жыццё, і яго выпусцяць са сваёй мярзотнай страшнай нары тыя, што любяць калупацца ў чужых ранах.
– Ты – Палемон? – хуценька спытаўся інквізітар і аж прыўзняўся са свайго месца, пільна-пільна пазіраючы проста ў вочы Марціну, – Ці верыш ты ў donatio Constantini – Кастанцінаў дар? Ці адзначаеш ты Свяшчэнны год? Кажы праўду.
Як кропля з навальнічнай хмары, павісла звонкая трывожная цішыня.
– Я – патомны шляхціц, – пачаў быў Жабыка-Жэмба.
– Не кладзі палец на кавадла! – грукнуў кулаком па стале (аж гросбух у натарыўса падскочыў) інквізітар, – Што табе вядома пра Ордэн святога Палемона?! Хто твае сябры-аднамыснікі? Што вы замышляеце? Якія новыя раны вы, павукі ў чорнай павуціне, рыхтуеце нашаму святому Касцёлу?
Ён упрытык падбег да Марціна. Чулася ўзбуджанае перарывістае дыханне. Левае брыво было шырэй і вышэй правага. Ён быў страшны сваёй напорыстасцю і жарсцю.
– Святыя айцы, я не разумею пра што вы ў мяне пытаецеся. Скажыце штО я вам павінен сказаць, – пакорліва прамовіў Жабэка-Жэмба, бо ведаў – з гэтымі хлопцамі нельга жартаваць, а сам паныла падумаў: “Капец мне будзе. Выцягнуць усе жылы. Дзе кандат’ер і дзе Зося Еўрапейка? Чаму не адшукалі мяне, не дапамаглі?”.
Інквізітар раптам супакоіўся, павольна вярнуўся да стала, сеў на сваё месца. Падалося, вогненная вулканічная лава ў адно імгненне астыла, ачахла, пакрылася цвёрдай скарынкаю. Нават вочы ў яго памякчэлі, і аказалася, што яны не чорныя, а блакітныя, як неба. Усе, акрамя служкі трыбуналу і Марціна, узняліся са сваіх месцаў і моўчкі, як начныя здані, выйшлі з пакою. “Няўжо гэта не сон?” – думаў Марцін.
Служка павёў яго па змрочных камяністых лёхах, пэўна, старых катакомбах. Часам, каб не разбіць аб камяні галаву, патрэбна было ісці сагнуўшыся ў крук. Пляма святла ад тоўстай свечкі, якую нёс служка, бегла па сценах, быццам сонечны зайчык, нямы сонечны зайчык. Далёка ззаду заставаліся ўсе зыкі жыцця.
Жабыка-Жэмба апынуўся ў камеры, пяць крокаў у даўжыню, чатыры ў шырыню. Амаль палову яе займалі нары, закіданыя склычанай гнілой саломай. Мелася цьмянае круглае, як вока савы, вакенца. Некалькі вязняў, пэўна, пасля катаванняў, пластом ляжалі на саломе. Адзін валяўся проста на падлозе. Зарослы нячэсанай сівой барадой лысы дзед, гадоў пад пяцьдзесят, сядзеў на нарах і старанна нешта перажоўваў. Якая ежа магла перапасці яму ў гэтым падзямеллі? Служка трыбуналу зірнуў на старога, сказаў:
– Asino che ha fame mangia d’ogni strame .
“Галодны асёл есць з любой падсцілкі” – зразумеў ягоную італьянскую мову Марцін.
Калі за служкам трыбуналу са скрыгам зачыніліся закратаваныя дзверы, Марцін знясілена апусціўся на калені, пачаў горача маліцца .
Ойча наш, які ёсць на небе,
Свяціся імя тваё, прыдзі валадарства тваё.
Будзь воля твая, як на небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння...
Ён паглядзеў на старога вязня, які жаваў і жаваў, і, затрымцеўшы, здагадаўся, што той есць салому. Салома была яму штодзённым хлебам. Няўжо і я, ганарлівы шляхціц, адважны рыцар, ператваруся тут у жывёліну? І болей не пабачу белы свет, не пабачу Зосю Квяцінскую? Ах, Зося-Зося. Прыгожая і вясёлая Зося. Зося Еўрапейка.
Марцін кінуў на падлогу абярэмак саломы, сеў на яго, падпёр галаву рукамі. Інквізітары пакуль што не чапаюць яго, загналі ў гэты катушок. Чуў ён ад дасведчаных людзей, што даюць яны сваім ахвярам тры дні і тры ночы на одум. Потым зноў вядуць на допыт, чакаючы поўнага пакаяння і выкрыцця ўсіх магчымых і немагчымых таямніцаў. Калі ж чалавек у сваёй святой наіўнасці не ведае чаго ад яго патрабуюць, не можа прызнаць сваю віну (была яна ці не была), чалавека аб’яўляюць “упартым”. І тады дарога для яго адзіная – у камеру катаванняў. Там, у камеры, яму ў апошні раз (са шчырымі слязамі шкадобы і спачування на вачах!) прапануюць пакаяцца і рассакрэціць тое, аб чым ён, магчыма, ніколі й не думаў, не меркаваў. Няшчасны той, чыё сумленне і сэрца не кране цёплая інквізітарская сляза. Яго адразу ж распранаюць да голай скуры і на стале перад ім няспешна (чалавек жа ў апошні міг, у апошні кавалачак міга можа адумацца) раскладваюць катавальныя прылады. Чаго там толькі няма! Нажы, сярпы, малаткі для ператоўчвання касцей і жылаў, сякеры для адсякання рук і ног, шылы для выколвання вачэй, вяроўкі, цвікі вялікія і маленькія, бізуны, калаўроты, каб свідраваць чэрап, абцугі, каб з хрустам выдзіраць з роту жывыя зубы. А яшчэ там ёсць усясільная вада і ўсясільны агонь. Небараку ўціскваюць у начоўкі усцяж утыканыя вострымі цвікамі, звязваюць ногі, накрываюць мокрай анучкаю рот і нос і павольна-бясконца льюць і льюць на анучку ваду. Чалавек захлынаецца, а вада ўсё цячэ... Пасля “мокрага” катавання пачынаецца “гарачае”. Закоўваюць ногі ў калодку, змазваюць падэшвы алеем і паварочваюць да адкрытага полымя. Лопаецца скура... Агаляюцца косткі... А яшчэ ж наперадзе чакае дыба.
Марцін Жабыка-Жэмба трасянуў галавою, каб адагнаць ад сябе жахлівыя відзежы. Адкуль яны даведаліся пра Палемона, пра Ордэн святога Палемона? Значыцца нехта, пацучыная душа, выдаў. Хто? Хоць у інквізітараў тысячы віжоў у Фларэнцыі, па ўсёй Італіі і Еўропе, не маглі яны, быў перакананы Марцін, пралезці, прасачыцца, прасвідравацца ў Ордэн. Ні трэшчынкі не было ў непарушнай вежы змацаванай клятваю на крыві дзвюх соцень маладых сяброў-аднамыснікаў. І ўсё-ткі здраднік знайшоўся. Хто ён?
Вядома, я не камень, і я не вытрымаю катаванняў, пачну гаварыць, але патрэбна каб словы мае прынеслі найменшую шкоду маім сябрам, Зосі. Зося... Што робіць зараз гэта зеленавокая русавалосая дачка наддзвінскіх лясоў? Ці ведае яна што са мною?
Так думаў ліцвінскі шляхціц Марцін Жабыка-Жэмба, седзячы на бруднай запырсканай крывёю падлозе інквізітарскай турмы горада Фларэнцыя. Насупраць яго, вышэй за яго, на турэмных нарах сядзеў сівабароды змардаваны стары вязень, сядзеў нерухомы, згорблены, падобны на ссохлы куст, і, не спяшаючыся, жаваў салому – саломінка за саломінкаю... Не, нездарма на браме Пекла напісана: “Той, хто сюды ўвайшоў, пакінь усе надзеі”.
А ў гэты ж самы час на зялёным лужку вілы Санта Борджыя, што не адно стагоддзе стаіць-шыкуецца на стромым беразе ракі Арна за некалькі стадыяў на ўсход ад Фларэнцыі, вельмі прыгожыя дзяўчаты і юнакі вадзілі карагод – ішлі фарандолаю, ланцужком, апусціўшы долу рукі, трымаючы ў іх яркія хусцінкі, кучаравыя галінкі дрэў, букеты кветак. Усё было надзвычай вытанчана і грацыёзна. Гучала пяшчотная віёла. Чарнабароды музыка адбіваў такт на двух барабанчыках, што віселі на спіне ў хлапчука. Наўкол лужка пышна вілася вінаградная лаза. Пасвіліся мядзяна-залатыя пчолы на бухматых галоўках белай канюшыны. Каралева балю, найяснейшая сіньёра, сядзела ў высокім са срэбнымі каронамі крэсле і трымала ў руках вянок, каб узнагародзіць ім пераможцу. Каля ейных ног сядзеў маленькі вішнёвай масці сабачка з вялізным бантом на шыі. Гэта было цёплае і прыгожае жыццё. Гэта быў напамін аб раі, які калісьці квітнеў наўсцяж па ўсёй зямлі. Тады была глыбознаю і чыстаю вада, высокім крышталёвым неба, а чалавек з даверлівай дзіцячай усмешкай на твары толькі пачынаў класці адбіткі сваіх слядоў на траве, на пяску, сябраваў са звярамі, птушкамі і дрэвамі. Ім усім, і цудоўнай каралеве балю, і музыкам, і дзяўчатам і юнакам, што плылі ў фантастычным танцы, хацелася й сёння захаваць першапрыродную цноту пачуццяў – каб у прадчуванні кахання салодка абмірала сэрца, шапталіся самыя патаемныя, самыя ласкавыя словы, а за жанчын пілі стоячы на каленях.
Ды цудадзейства было перапынена самым нечаканым чынам. Вершнік на ўзмыленым кані ўварваўся, уляцеў проста на лужок. Ён рэзка спыніў каня насупраць каралевы балю, пахіснуўся, але ўтрымаў прамой спіну, саскочыў з сядла на траву, схіліў перад каралевай калена. Гэта быў Сцяпан Ляпа.
– Яснавяльможная сіньёра! Вашамосць! – закрычаў ён, – Дазвольце пагутарыць з адной з Вашых кампаньёнак!
Каралева балю аж ўздрыгнула ад такой неспадзеўкі, закрыла вушы рукамі, дзе на кожным пальцу ззяў, іскрыўся дыямент. Вішнёвы сабачка заліўся брэхам, пачаў сцякаць сліною і, распырскваючы белыя матузы сліны, рынуўся на Сцяпана. Той зацерабіў нагамі, адбрыкваючыся.
– Хто яна? – нарэшце запыталася каралева.
– Зося Квяцінская. Ліцвінка.
– Зося? Мая ўлюбёная Каралева Першай Маёвай Кветкі? Гэтае наіўнае чыстае дзіця? Хацела, вельмі хацела б я пабачыць таго, хто позіркам і сэрцам зразумеў, адчуў незямное хараство, якое сустрэнеш хіба на карцінах старых фларэнтыйцаў.
– Той, хто кліча яе, сядзіць зараз у цямніцы.
– Ах! – абхапіла прыгожы смуглы лоб тонкімі пяшчотнымі рукамі каралева балю, – Мы тут, у Санта Борджыя хаваемся, так, хаваемся, адважны рыцар, ад мітусні і тлуму жыцця, ад усяго грубага, прымітыўнага, неантычнага. Пакрыты брудам і пылам чаравік землякопа не можа, адважны рыцар, суседзіць з цудоўным маленькім срэбным чаравічкам прыгажуні. Ён сядзіць у цямніцы. Ах!
Яна зрабіла выгляд, што траціць прытомнасць. Сцяпан Ляпа спрытна падхапіў яе і пасадзіў не назад у крэсла, а проста на траву. Сабачка, убачыўшы, што так безцырымонна абыходзяцца з ягонай гаспадыняй, зноў спрабаваў ярасна атакаваць Ляпу, ды быў адкінуты ударам нагі.
– Сіньёра, – наддаў строгасці ў голасе Сцяпан, – таму, хто кліча сіньярыну Зосю, патрэбна дапамагчы як найхутчэй, іначай ён загіне. Ён загіне, сіньёра.
Каралева балю грацыёзна паднялася з травы, узяла на рукі перапалоханага сабачку, пачала яго лашчыць. Сцяпан Ляпа й не здагадваўся, што з гэтага самага імгнення ён зрабіўся ейным найлюцейшым ворагам, бо вішнёвы сабачка быў адзінай жывой істотай, якую яна па-сапраўднаму любіла.
Між тым карагод, як вясновы ручай, шырока і весела ліўся па зялёным лужку. Музыкі і танцоры не заўважалі, не хацелі заўважаць, ні гарачлівасці Сцяпана, ні злоснага бляску ў вачах смяртэльна абражанага сабачкі. Упершыню ў ягоным сыта-сонным лянівым жыцці яму далі выспетка, ударылі пад зад нагою!
Нарэшце каралева балю ўзмахнула малюсенькім медным званочкам, і танец скончыўся. Дзяўчаты і хлопцы звонка засмяяліся, весела зашчабяталі і гурмою абкружылі сваю высакародную пані. Яна ўзняла ўгору руку, і ўсе заціхлі.
– Каралева Першай Маёвай Кветкі, падыйдзі да мяне, – сказала яна.
Адразу ж да яе падбегла маладзенькая вельмі прыгожая дзяўчына, русавалосая і зеленавокая. Усё ў яе зграбнай далікатнай паставе так і дыхала свежасцю, радасцю і здзіўленнем. Шчочкі гарэлі пасля танцу, нібы прыхоплены шчодрым сонцам летні яблычак. На левым запясці ў яе бразгацела бліскучая іспанская кастаньета.
– Дзіця маё, – пагладзіла яе па галаве каралева балю, – цябе хочуць забраць ад нас. О, як сумна будзе нам без цябе!
– Хто хоча забраць мяне, мона? – здзівілася дзяўчына.
– Вось гэты рыцар, – каралева балю перавяла позірк на Сцяпана Ляпу і на ягонага каня, што (нечуванае нахабства!) скуб траву на лужку.
Тут Ляпа пакланіўся дзяўчыне.
– Панна Зося, – горача загаварыў ён, – Дрэнная навіна. Пан Марцін у бядзе. На яго напалі каля таверны “Вясёлы легіянер”. Я быў разам з ім. Я паклаў траіх, але ён загадаў імчаць да цябе .
– Хто напаў? – рашуча зняла кастаньету з запясця, шпурнула яе на траву Зося Квяцінская. Яна імгненна змянілася. Быццам новая душа, новая істота вырвалася-выбухнула з самых патаемных глыбіняў яе цела і адразу ж завалодала ўсёй ёй даастатку – сцёрла ўсмешку з твару, сыпанула холаду ў вочы, сцяла вусны і кінула на лоб вострыя праменні маршчынак. Сцяпан Ляпа са здзіўленнем і лёгкім страхам пазіраў на яе. “Амазонка” – падумаў Ляпа.
– Яны былі ў чорных масках. Мне здаецца, што гэта людзі з інквізіцыі.
– Інквізіцыя ў Фларэнцыі? У свабодным горадзе Казіма Медзічы? Яна можа быць у Рыме, Неапалі, але тут... Ты нешта блытаеш, Сцяпан.
– Магчыма, – незадаволена буркнуў Ляпа, – Але тут такі люд. Удзень ён паэт, мастак, актор, цалуецца з самім Медзічы, а толькі сонца зойдзе – капюшон на вушы, і ўжо ён інквізітар.
– Хопіць гаварыць, – рашуча спыніла яго Зося, – Едзем да майго дзядзькі Язэпа. Ён знойдзе дарогу да правіцеля Медзічы. Толькі так мы можам даведацца што здарылася з Марцінам, дзе ён зараз. Толькі так мы зможам выбавіць яго.
Яна лоўка скокнула на луку сядла паперадзе Сцяпана Ляпы. Конь ірвануў з месца ў галоп.
– Каралева Першай Маёвай Кветкі! – уражана закрычала ўслед каралева балю. У яе быў голас чалавека, які ў пекле твар у твар сутыкнуўся з самім Люцыпарам, – Што ты робіш, дзіця маё?! У цябе ж вочы колеру першай вясновай травы – яны не павінны плакаць!
– Бывайце, мона! – махнула ёй рукою Зося.
У той дзень усе, хто ішоў, або ехаў, або каго неслі ў патрыцыянскім паланкіне, са здзіўленнем азіраліся на рудога мускулістага каня, які шалёна імчаў па дарозе з Санта Борджыя ўбок Фларэнцыі. На ім сядзелі маладзенькая вельмі прыгожая дзяўчына і юнак у цёмным доўгім плашчы. На галаве ў юнака па-заліхвацку фасоніўся сіні берэт з пяром белай чаплі. Праз мост Понта-Векіё яны ўварваліся на вуліцу Уфіці, у канцы якой імпэтна, нібы ў прывітанні, ўскідвала ў нябёсы тонкую доўгую руку-вежу Палацца дэла Сіньёрыя. Тут у ліпені 1439 году грэцкая царква злучылася з царквою рымскай, падпісаўшы акт аб Вуніі Laetentur Coeli. Тут, у старадаўняй бібліятэцы, захоўвалася Кніга пратаколаў Фларэнтыйскага сабору, дзе побач з каталіцкімі імёнамі-подпісамі (усяго 143) суседзілі подпісы праваслаўных – візантыйскага імператара Іаана VIII, 18 мітрапалітаў, у тым ліку, Ісідора, Антонія, Дасіфея, Марка, Аўраамія, Грыгорыя... І тут жа, пры бібліятэцы, месціўся невялічкі ўтульны скрыпторый, гаспадаром якога быў дзядзька Зосі Квяцінскай Язэп Ранцэвіч. Гэта быў невысокі ростам дужа рухавы пяцідзесяцігадовы чалавек з вострым учэпістым позіркам цёмна-карычневых вачэй. Светлая вузкая бародка аблямоўвала запалыя шчокі. Вельмі зменлівы, вельмі цікавы меў ён лёс. Служыў протадыяканам у Полацкай Сафіі, вёў песняспевы, чытаў малітвы, усе ночы праседжваў над святымі кнігамі. Быў шчырым прыхільнікам Герасіма, мітрапаліта праваслаўнай царквы Вялікага княства Літоўскага, шчыра падтрымліваў ягоны намер злучыцца вуніяй з Рымам, бо яшчэ ж Вітаўт, пасылаючы ў 1417 годзе на Канстанцкі сабор мітрапаліта Грыгорыя Цымблака, марыў аб вуніі. Бачыў як у 1435 годзе ў Віцебску вялікі князь Свідрыгайла спаліў на траскучым вогнішчы Герасіма і віцебскага старасту Цаціўку, горка плакаў. Даведаўшыся, што мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі Ісідор пры падтрымцы вялікага князя маскоўскага Васіля Цёмнага кіруецца з пасольствам на Ферарскі сабор у Італію, каб аб’явіць вунію каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, збег з Полацку і ў Пскове прыбіўся да гэтага пасольства. Спачатку хацелі гнаць яго, як шалудзівага пса, кіямі, ды трапіўся ён на вока самому Ісідору, скарыў таго красамоўствам і вучонасцю, і застаўся ў святым абозе. Было гэта жоўталістай восенню 1437 году. Ехалі з Пскова на Рыгу, плылі па шэрым бурлівым Балтыйскім моры да нямецкага Любека. Там зноў ступілі на сухазем’е і праз Лейпцыг і Тыроль дайшлі-дакаціліся ўрэшце да Ферары. Ён адчуваў, што патрапіў зусім у іншы свет. Такое ўсё было нязвычнае, новае, яркае і шырокае. Такімі нечаканымі былі людзі, размовы, прыгожыя будынкі, старадаўнія мармуровыя помнікі, велічныя храмы, суровыя і адначасна пяшчотныя гукі аргану... “Чаму я нарадзіўся не тут, не на гэтай зямлі?” – пакутваў ён уначы, калі слізкай неадчэпнай змяёй абкручвала, сціскала сэрца бяссонніца.
У Ферары ён блізка сыйшоўся з Грыгорыем Балгарынам, вучнем і памочнікам Ісідора, які трызніў вуніяй, толькі ў ёй бачыў ратаванне хрысціянскай Еўропы ад мусульманскай экспансіі з Усходу. “Мы зможам аб’яднацца і дамо адпор асманскаму ятагану” – радасна гаварылі наўкол. Але, як аказалася, далёка не ўсе думалі падобным чынам. І ў першую чаргу так не думалі ў Масковіі, адкуль Балгарын разам са сваім настаўнікам Ісідорам і сваім сакратаром Язэпам Ранцэвічам уцёк у 1439 годзе ў Італію. “Бі лацінян!” – бушаваў раз’юшаны натоўп на маскоўскіх вуліцах. Ісідор змрачнеў, кусаў тонкія нервовыя вусны, казаў:
– Масква ўсё болей робіцца татарскім улусам.
Падчас паспешлівых уцёкаў з Масквы Ранцэвіч знайшоў акрайчык часу, завярнуў у Полацк і забраў з сабою Зосю, якая ў пяць гадоў засталася круглай сіратою – маці і бацька загінулі на пажары. Прывёз самотную заплаканую дзяўчынку ў Ферару, але на горад наляцела чума, бязлітасна знішчаючы людзей. Ад велізарнай колькасці пахаваных “дыхалі” магілы. Сабор перабраўся ў Фларэнцыю. Яны, Язэп і Зося, пайшлі следам за саборам. Тут, у Фларэнцыі, і абсталяваліся.
– Дзядзечка! – кінулася Зося на шыю Язэпу Ранцэвічу, калі па стромай гранітнай лесвіцы, мінуючы вузкія зацемненыя калідоры, увабегла разам са Сцяпанам Ляпам у скрыпторый. Ранцэвіч, а з ім яшчэ трое перапісчыкаў, схіліўшы галовы, сядзелі за столікамі-пюпітрамі. Рыпелі гусіныя пёры. Кучачкі гэткіх пёраў (усе з левага крыла птушкі, бо іхні выгін найбольш прыдатны для правай рукі) ляжалі на вялізнай глінянай талерцы. Адзін з работнікаў нацягваў на вокладку-дошку новай кнігі валовую скуру.
– Зоська! – радасна ўсклікнуў Ранцэвіч, абняў пляменніцу, цмокнуў у шчаку, махнуў рукамі перапісчыкам: “Кыш, кыш адсюль!” і запытальна паглядзеў на Сцяпана Ляпу.
– Гэта рыцар з Княства, – растлумачыла Зося.
– Нашы людзі, – пасвятлеў тварам Ранцэвіч, – А мы тут гібеем – фаліанты перапісваем. Хоць, кажуць, немец Ёган Гутэнберг ўжо змайстраваў друкарскі станок.
– Немец ёсць немец, – сціпла кашлянуў у кулак Сцяпан Ляпа, – У немца галава круглейшая, а, значыць, разумнейшая.
Язэп Ранцэвіч з захапленнем паглядзеў на Ляпу, весела засмяяўся, спытаўся ў Зосі:
– А чаму ты не ў моны Цэцыліі? Хіба яна ўжо адпусціла вас?
І тут Зося з усёй гарачлівасцю і жарсцю расказала яму пра знікненне Марціна Жабыкі-Жэмбы, пра таямнічых налётчыкаў, пра танцоўшчыцу Філамену з таверны “Вясёлы легіянер”, пра інквізіцыю.
Пры напаміне аб інквізіцыі Язэп Ранцэвіч уздрыгнуў:
– Не хацелася б каб у гэтай справе быў хоць маленькі слядок Божага воінства, як яны сябе называюць. У іх вельмі глыбокія і вельмі цёмныя падзямеллі. А можа гэта проста бойка з-за прыгожай жанчыны. Мясцовыя сіньёры не любяць, калі іхніх жанчын гладзяць вышэй калена.
– І ўсё-ткі, пан Язэп, мне здаецца, што гэта інквізітары, – задумліва сказаў Ляпа, – Пахла ад іх нечым такім...
– Серай? – усміхнуўся куточкамі вуснаў Ранцэвіч, але вочы былі халодна-ледзянымі.
– Дзядзечка, родны дзядзечка, як нам дапамагчы Марціну? – залемантавала Зося, стукаючы кулачкамі па століку-пюпітру.
– Пан Марцін, калі на нас напалі чорныя людзі каля “Вясёлага легіянера”, крыкнуў мне каб я як мага хутчэй паведаміў пра гэта паненцы Зосі і кандат’еру Алані, – зноў уваткнуў сваё слова Ляпа, – Паненцы я сказаў, а вось да кандат’ера яшчэ не дабіраўся.
– Дык хутчэй едзь, Сцяпанка, – умольна глянула на яго Зося.
Калі Ляпа выбег са скрыпторыя, Язэп Ранцэвіч абняў пляменніцу, прытуліў да сябе, пачаў гладзіць дзявочыя плечы.
– Кахаеш гэтага Марціна? Можаш не гаварыць – бачу, што кахаеш. Сам калісьці зведаў, што такое любоўная жажа, калі з тваёю цёткаю Паўлінай салаўёў над рэчкай слухаў. Гэта Богам даецца, нябёсамі. Не можа душа чалавечая не адгукнуцца, не адазвацца на такое. А ратаваць твайго каханка, шукаць яго мы паспрабуем праз майго духоўніка Грыгорыя Балгарына. Ён якраз з Рыму на колькі дзён прыехаў. Пойдзем, пляменніца, да яго.
Наказаўшы перапісчыкам, каб не занядбалі працу, Ранцэвіч спорным крокам пайшоў па залітых сонцам вуліцах і вулачках, на якіх кішэў мурашнік народу. Зося подбегам спяшалася за ім. На сінім фларэнтыйскім небе дзе-нідзе ярка бялеліся падушкі хмараў.
Грыгорыя Балгарына яны ўбачылі ў касцёле Санта Кроча, дзе ён служыў нядзельную імшу. Вуніяты не мелі ў горадзе сваіх храмаў, і з дазволу фларэнтыйскіх уладаў спраўлялі набажэнствы ў мясцовых касцёлах. Пасля аглушальнага тлуму вуліцы яны быццам нырнулі ў ціхае-ціхае празрыстае лясное возера. Такія азёры сустракаюцца каля Полацку. Усхваляванае дыханне людзей і свечак, роўны напоўнены суцяшальнай сілай голас святара прымусілі іх укленчыць, схіліць галовы, аддаць сваё цела і сваю душу Божай апецы. Здалёк, праз бясконцыя шэрагі крэслаў і людскіх галоў, нязгасна свяцілася маленькае зіхоткае сонца табернакулуму. Там жыў Бог...
Грыгорый Балгарын аказаўся чарнявым гарбаносым і вясёлым. Зося і Язэп Ранцэвіч крыху счакалі пакуль ён пераапрануўся ў свецкае адзенне. Выйшлі на вуліцу.
– Прыгожая! – усклікнуў Балгарын, толькі зірнуўшы на Зосю, – Нездарма кажуць, што Бог ад прыроды пацалаваў кожную жанчыну.
Вядома ж, у святары бушаваў паўднёвы тэмперамент. Калі ты нарадзіўся балгарынам, фларэнтыйцам або грэкам, заціскай не заціскай душу сутанай ці манаскім плашчом усёроўна яна вырываецца, выслізгвае з гэтых здавалася б трывалых сетак, як вольная сонечнапёрая птушка. Туркі-асманы ў 1393 годзе захапілі сталіцу Балгарыі Тырнава, разбурылі Балгарскае царства, і тысячы адукаваных нязломленых балгараў рассЫпаліся, як іскры святога вогнішча, па ўсёй Еўропе, разнеслі па ёй сваю веру, свае гарачыя сэрцы. Адным з іх быў Грыгорый Балгарын.
– У Фларэнцыі ёсць толькі адзін чалавек, які можа вырашыць усе ці амаль усе пытанні. Гэта – правіцель Казіма Медзічы, – сказаў ён і, убачыўшы конную двухколку, якой кіраваў стары шэрабароды фурман, крыкнуў фурману:
– У Палацца дэла Сіньёрыя!
Грыгорый і Ранцэвіч селі ў двухколку. Зосю панеслі ў чырвоным паланкіне высакарослыя аголеныя па пояс маўры .
Мноства самага рознага народу чакала сваёй чаргі на прыём да правіцеля Фларэнцыі. Былі тут старыя землеўласнікі з пладароднай даліны Арна, фабрыканты-сукнавалы, гаспадары збройных майстэрняў, банкіры іўдзеі ў доўгіх пасыпаных срэбным парашком пейсах, гаварлівыя і ганарлівыя акторы з акторкамі, паэты з фанатычным бляскам у вачах...
Казіма Медзічы ўжо прыкметна стаміўся, калі да яго на парог ступілі нашы героі. Але ён быў сама ветлівасць і гасціннасць. Устаў з-за шырокага слановай косці стала, у якога ножкі нагадвалі ільвіныя лапы, раскінуўшы рукі, зычліва ўсміхаючыся, пайшоў насустрач. Чорныя іскрыстыя вочы ззялі, як брыльянцікі. Грыгорыю Балгарыну і Язэпу Ранцэвічу ён моцна паціснуў рукі, Зосі адвесіў галантны паклон. Вытанчаная яркаблакітнага колеру камізэлька зграбна аблягала сухаватую фігуру правіцеля Фларэнцыі. Найбялейшы каўнерык быў абшыты залатымі і срэбнымі зорачкамі. Ільсніста-чорныя густыя валасы хваляю збягалі на плечы. Усе казалі, што ён, Медзічы, вельмі хацеў быць падобным на сапраўднага рымляніна, з тых пракаветных рымлянаў, што стварылі магутную сусветную дзяржаву ад Тэмзы да Ніла, будавалі амфітэатры і акведукі, узводзілі пад нябёсы трыумфальныя аркі і калоны, размаўлялі з усімі народамі на латыні, чароўнай мове Вергілія, Гарацыя і Авідыя. І мова тая ішла да ўсіх куткоў зямлі, дзе ў моры бялеўся рымскі ветразь. А яшчэ пра яго казалі, што ён сыпле грошы паэтам і музыкам, як авёс коням, шчодра, поўнаю жменяй.
“А ён і ёсць – сапраўдны рымлянін. Нездарма яго называюць Цудоўны.”, – любуючыся Медзічы, падумала Зося Квяцінская. Яе далікатна-чуйнае дзявочае сэрца ўстрапянулася, не магло не захапіцца гэтым мудрым і мужным прыгажуном.
Даведаўшыся з якіх краёў прыбылі ў Фларэнцыю ягоныя госці, Казіма Медзічы падыйшоў да сцяны кабінету, што была задрапіравана залацістай тканінай, пацягнуў бурштынавы матузок. На сцяне адкрылася вялізная карта Еўропы, якую яркімі фарбамі надзвычай прыгожа намаляваў сябра Медзічы жывапісец Фра Філіпа Ліпі. Лясы на ёй былі сакавіта зялёныя, моры, азёры і рэкі празрыста сінія. У лясах дзе-нідзе беглі маленькія ласі, дзікі, мядзведзі і зубры, у сіняве водаў плылі рыбіны, лебедзі і дэльфіны. Ва ўсходніх стэпах, намаляваных жоўтай спякотнай фарбаю, імчаўся на кані, пагрозліва напінаў цеціву лука касавокі мангол.
Медзічы ўпэўнена паказаў на сваёй дзівоснай мапе Вялікае княства Літоўскае і Польскае каралеўства, Вільню, Кіеў, Кракаў і Полацк. Ён быў шчырым прыхільнікам Вуніі Усходняй і Заходняй хрысціянскіх цэркваў. Са скрухаю прыпомніў як 10 лістапада 1444 году ў бітве пад Варнай туркі ўшчэнт разграмілі войска венграў і нямецкіх рыцараў – апошнюю Крыжовую Выправу. Загінуў кіраўнік войска Уласла, ён жа польскі кароль Уладыслаў Трэці Ягелон. А ўсё з-за таго, што венецыянскі флот парушыў дамову і даў магчымасць турэцкаму султану перакінуць янычараў з Азіі ў Еўропу.
Язэп Ранцэвіч, прыкметна хвалюючыся, распавёў правіцелю Фларэнцыі пра знікненне ліцвінскага рыцара Марціна Жабыкі-Жэмбы і пра свае падазрэнні наконт інквізіцыі.
– У мяне пад бокам, у маім горадзе гняздуюцца начныя совы? – здзівіўся Медзічы, але адразу ж панізіў голас, уздыхнуў, – Ды дзе яе толькі няма гэтай інквізіцыі. Я загадаю неадкладна пачаць расследванне.
Ён пазваніў у срэбны званочак, што формаю сваёю нагадваў малюсенькі чалавечы чэрап. Адразу ж у кабінет увайшоў малады статны служка ў чырвоных на высокіх абцасах чаравіках, у снежнабелых, па самае калена, панчохах. Зося ніколі не бачыла гэткіх дзівосаў.
– Мой дарагі Джузепе, – ласкава сказаў Казіма Медзічы, – Ты, пэўна ж, ведаеш аб чым мы толькі што гаварылі. (Джузепе ў знак згоды кіўнуў галавою). Неабходна каб сёння ж, чуеш – сёння ж, хрысціянскі рыцар мог зноў усміхацца жыццю, піць віно і цалаваць чароўных сіньярыт. Перавярніце ўвесь горад, абмацайце кожны будынак, кожны двор, залезьце ў катакомбы. Падніміце гарадскую міліцыю, кандат’ера з ягонай баталіяй.
– Кандат’ер Ларэнца Алані ўжо павёў сваіх людзей у катакомбы, – схіліў галаву ў
паклоне Джузепе.
Медзічы здзіўлена ўскінуў угору бровы. Зося з радасным піскам пляснула ў ладкі – малайчына Сцяпан Ляпа!
Колькасць прачытаўшых: 935 Колькасць вогдукаў: 0