V
Пасля татарскага налёту на палацык і Адроўскае сяльцо, пасля лютай сечы і ўсіх узрушэнняў здароўе ў Язэпа Ранцэвіча, як гэта ні дзіўна, пайшло на папраўку. Пэўна, выбухнулі ў самай глыбіні душы такія сілы, прабіліся такія парасткі, аб якіх чалавек у звычайнай жыццёвай шэрай мітусні нават не здагадваецца. А тут пажвавеў, напоўніўся прагай новых дзён старажыл, якому самы час класціся ў Божую пасцель.
– Значыцца, я яшчэ патрэбен людзям і Богу, – сціпла сказаў Ранцэвіч.
Ад відочцаў налёту ён даведаўся, што лютавалі не адны татары. Разам з імі былі людзі князя Міхайлы Глінскага. Прынамсі, той, хто пагражаў шпурнуць маленькага Кастуська ў полымя, быў шляхцюк з-пад Пінску.
– У такіх, як Глінскі, няма адчування радзімы. Іхняя радзіма там, дзе ім больш плоцяць. Вось і ўсё, – гэтымі словамі ён сустрэў Зосю, калі яна прыйшла ў палацык дзякаваць за выратаванне сына.
– Калі б вы, пан Язэп, не загадалі людзям скласці зброю і адчыніць браму, не было б болей нашага з Марцінам Кастуська, – са слязамі радасці на вачах сказала Еўрапейка, – Яшчэ б толькі адно страшнае імгненне, і ўсё... Нават сёння я не зусім веру ў тое, што мой сын жывы. Усхопліваюся пасярод ночы, лэпаю рукамі туды-сюды, крычу.
– Што ж, я рады, што Бог адразу ж надаўміў мяне тады сказаць такія словы. А потым і харугва твайго цесця пана Антонія падаспела, – задаволена ўсміхнуўся стары.
– І яшчэ, пан Язэп, – злёгку пачырванела Зося, – скажыце мне, будзь ваша ласка, што гэта за добры арол такі, які выратаваў майго Кастуська, які, я чула, дапамагае людзям? Вы казалі, што ён будзе злётваць з навершша штандару Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Легіёну, таго штандару, які я захоўваю. Дык што гэта за арол?
– Каб жа я ведаў, панечка ты мая, – пасля некаторага маўчання адказаў Ранцэвіч, і вочы зрабіліся задуменнымі, – Залаты штандар, з якога злётвае гэты таямнічы арол, падараваў дзеду і бабулі твайго мужа Канстанцін Вялікі, той святы чалавек, які ўзвысіў хрысціянства, даў яму пасля Хрыстуса новае жыццё. Будзем лічыць, што гэта – анёл усіх нас, палеманістаў, які прыняў воблік арла і ахоўвае нас на суровых жыццёвых дарогах. А так, як мы хрысціяне і не адступаемся ад хрысціянства, ён, арол, і абараняе нас. Разумееш, ёсць яшчэ на зямлі такое мноства неразгаданых недаступных куткоў і куточкаў, у якіх можна сустрэць тое, што й не снілася чалавеку і ніколі не прысніцца. Вось нядаўна Калумб адкрыў Новы Свет, які назвалі Амерыкай. А колькі яшчэ такіх неадкрытых Амерык!
Самы строгі допыт учынілі Жабыкі-Жэмбы і Зубрыцкія, каб дазнацца якім чынам іхні ўнук і сын апынуўся ў руках у налётчыкаў. Аказалася, што няня Сцепанідка зрабіла ўсё так, як і дамаўляліся. Пачуўшы пра напад татараў, адразу ж узяла калыску з малым Кастуськом, ежу, адзенне, ваду і схавалася ў бакоўцы. Але іх выдаў кухар Сямён Буслабойчык. Ён прывёў налётчыкаў у спальню і нават дзверкі ў бакоўку адчыніў уласнай рукою.
Хапіліся шукаць Буслабойчыка – няма. Збег з татарамі.
– І чаму ён такое зло на нас трымаў? – дзівілася Зося, – Меў харч і жытло, спраўную адзежу. Не хвасталі лазой.
Пра Сямёна Буслабойчыка, былога панскага кухара, пэўна б, забыліся, калі б праз нейкі час ён сам не аб’явіўся ў Адроўскім сяльцы. Дакладней, у бліжнім адроўскім лесе.
Пайшлі парабкі за сухім ламаччам і раптам пачулі чалавечы крык. Падкраліся да таго крыклівага месца, бачаць – стаіць прыкручаны да сасны сырыцаю Буслабойчык і крычыць немым голасам. Дзень быў цёплы, з сонцам, і яму лясныя кузюркі ўжо ў самыя нагавіцы запаўзлі.
Сказаў кухар на допыце ў Адроўскім сяльцы, што пасварыўся з татарамі, і тыя, нечысць паганая, так з ім расправіліся. Але ні страху, ні нейкага пакаяння не ўбачылі на твары ў Буслабойчыка. На Зосіна запытанне чым ці кім ён быў пакрыўджаны, за што выдаў у драпежныя рукі ейнага сынка, кухар смела прамовіў:
– А я за ўсё быў пакрыўджаны, за ўсё жыццё сваё. Стаю са зламанай рукою перад панам Зубрыцкім, а ён у альтанцы сядзіць, віно хлебча, а на мяне, як на апошняга сабаку, глядзіць.
– Недарэмна цябе, хаме, Буслабойчыкам назвалі, – грозна закусіў чарнявы вус Гурый Зубрыцкі, – Дай табе мажлівасць, ты б і Панабойчыкам зрабіўся.
– Зрабіўся б, – не міргнуў вокам былы кухар.
Куды ён дзеўся, што з ім зрабілі, Зося не ведала, ды й не хацела ведаць. Гэты чалавек хацеў зла ейнаму роднаму дзіцяці. Ужо за адно гэта ён не быў для яе чалавекам.
А затым на залатых дзівосных крыллях зноў прыляцела ў дом шчасце – са сваёй доўгай вандроўкі вярнуўся Марцін. Так атрымалася, што прыехаў у Адроўскае сяльцо ноччу. Загаўкалі, як не сшалелі, сабакі. Ударыў у сваю калатушку начны вартаўнік-клікун. І адразу ж усё сціхла. І Зося зразумела – зараз увойдзе Марцін. Пакіне каня ў рукі путных слугаў, а сам хуценька прыбяжыць да яе. Так і здарылася. Ён уваліўся ў іхнюю спальню, вялізны, шыракаплечы, пах дарогаю, дарожным потам, дымам, гарэлкай, жалезам, яшчэ чымсьці такім мужчынскім і такім жаданым. Яна, як птушка ўзляцела да яго на рукі, прагна пачала цалаваць.
Муж і жонка пасля доўгага растання не маглі намілавацца, нацешыцца адно адным. Але да ложку пакуль што не дайшло.
– У лазню! У лазню! – весела закрычала Еўрапейка.
Аказваецца, яна ўжо загадала (калі паспела?) пачаць тапіць лазню. Праз нейкі час яны распрануліся і нырнулі ў воблакі пякучай духмянай пАры. Пара пахла такімі салодкімі вабнымі травамі, што адразу ж закружылася галава. Але гэта было доўгачаканае жаданае кружэнне.
Яны, распараныя, вішнёвацелыя, шчаслівыя, апусціліся ў вялізную дубовую дзежку, амаль да краёў напоўненую гарачай вадой, і пачалося тое, што прымушае няўтрымна трапятаць сэрцы, узлётваць на нябёсы і адчуваць сябе несмяротным. Дзякуй, вялікі дзякуй Богу, які пасля пранізліва-халоднай начной дарогі, пасля мярзотнага слізкага дажджу, што сеецца й сеецца з глухога чорнага неба на твар, на рукі, за каўнер, прыводзіць маладога закаханага мужчыну ў гэты зямны рай, дзе ўладарыць ягоная каралева, ягоная багіня – такая жаданая, такая блізкая, такая знаёмая да кожнай радзімачкі на пяшчотнай скуры жанчына.
Потым быў сон, глыбокі і ціхаплынны, як цёплая летняя рака. А раніцою няня Сцепанідка прынесла Кастуська, і той (о, бацькоўскае шчасце!) пазнаў Марціна, пацягнуўся да яго ручкамі, заўсміхаўся яму.
Зося расказала мужу пра тое, што адбылося нядаўна ў Адроўскім сяльцы, пра татарскі налёт. Калі Марцін даведаўся, што ягоны першынец быў на валасок ад пагібелі і пра тое якая страшная смерць чакала малюка, ён абхапіў галаву рукамі, пацямнеў тварам. Потым гнеўна бліснуў вачыма, сціснуў кулакі, сказаў:
– Недарэмна князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі марыць нанесці такі ўдар па ўсіх гэтых прыхаднях, татарах, глінскіх, маскоўцах, каб яны на стагоддзе (не менш!) забыліся пра дарогу ў наш край! І я першы пайду з князем! І ўсе нашы сябры-палеманісты пойдуць!
– І я пайду! – рашуча выгукнула Еўрапейка.
Жабыка-Жэмба ўважліва зірнуў на яе.
– Я не магу забыць, як плакаў Кастусёк. Ты ведаеш, што гэта такое – дзіцячая лёгенькая калыска, калыска твайго роднага сына над агнём?
Ды мінулі дні, тыдні, і жыццё пакацілася сваёй звычнай каляінаю. Кожны год расла збажына ў полі. Расла трава ў лузе. Раслі, таўсцелі дрэвы ў лесе. Рос Кастусёк.
Канстанцін Астрожскі з жонкай сваёю Тацянай Сямёнаўнай нарадзілі першынца – сына Ілью. Князь паступова рабіўся вельмі багатым чалавекам. Гаспадар шчодра дараваў яму маёнткі і землі: Дзяцел, Копысь, Ахонава, возера Свіцязь (!). У пасаг за жонкаю ён атрымаў частку маёнткаў Гальшаны і Глуск, Жыцін на рацэ Пціч, Свіраны, Шашолы і Смалявічы.
– А ці не праведаць нам з табою, пані Тацяна, вотчыны нашы? – весела сказаў аднойчы князь жонцы, і яны паехалі спачатку на Свіцязь, а потым у Смалявічы.
Возера здалося таямніча-бяздонным. Падковаю шумелі наўкол яго пракаветныя разгаліста-дуплістыя дубы. Калі князь увечары паплыў з маладым пахолкам на чоўне, наўскасяк па возеры пабегла іскрыстая месячная сцяжынка. Яна была, як жывая. Быццам варочалася ў цёмнай вадзяной тоўшчы нейкае бліскучае срэбнае верацяно. Пахолак раптам насцярожана зірнуў на свайго пана, суцішыў вясло.
– Што? – запытаў у яго Астрожскі.
– Чую галасы. Там, – бляднеючы, паказаў пальцам уніз пахолак.
Князь прыслухаўся. Ціха плёскалася вада. Кроплі зрываліся з вясла. Галасоў не было.
– Грабем да берагу, – сказаў князь.
У Смалявічы паехалі па Вялікай дарозе Берасце-Менск-Смаленск. Два дні гасцявалі ў Менску ў сваякоў Тацяны Сямёнаўны, затым зноў рушылі ўперад паміж бясконцых лясоў.
Вось і Смалявічы – вёсачка над ракой Плісой. Аканом, які пакланіўся нізка ў пояс, мясцовыя цяглыя мужыкі, нават хаты, – усё густа пахла смалою.
– Рыхтуем асмол, князю-дабрадзею, – патлумачыў аканом і павёз вельміпашанотных гасцей туды, дзе гэта рабілася, за некалькі вёрстаў ад Смалявічаў на лясную раку Бродню. Там убачылі, як, напружваючы ўсе жылы, абліваючыся потам, загарэлыя паўголыя людзі выдзіраюць з зямлі з дапамогаю жалезных рыдлёвак, сякераў і бярвенняў-лагаў асмол – старыя хваёвыя карчы.
– Потым сушым іх, расколваем, збіраем у кучы і вязем у смалярню, – казаў і казаў, сыпаў словамі, як сухім бобам, гаваркі аканом, а княгіня Астрожская далікатна заціскала нос шаўковай духмянай хусцінкаю.
– А вось і ўрочышча Жажэлка, дзе стаіць адна з нашых, з вашых, – адразу ж паправіўся аканом, – смалярняў. Яны яшчэ завуцца будамі. Вось гэта майдан – яма для гонкі смалы. Мы яе абмазалі глінай, выслалі бяростай, і цячэ-цячэ смолка вось у тое выдзеўбленае з дрэва блюда. І адсюль, з гэтай нікому невядомай Жажэлкі, едзе смала ў горад Рыгу, а з Рыгі – за мора, ва ўсе бакі.
– Для чаго ж патрэбная смала? – перапыніў Канстанцін Іванавіч гаваруна.
– Смоляць ёю марскія і рачныя судны, канаты, рыбацкія невады. Шмат што смоляць.
– Ну, дзякуй. Бачу, недарэмна княжы хлеб ясі. Пэўна ж, не толькі смалою гасцей частуеш?
– Яснавяльможны пане, палічу за найвялікшае дараванае самім небам шчасце пачаставаць ва ўрочышчы Жажэлка вас і вашу залатую княгінечку, – сагнуўся ў ліслівым паклоне аканом, – Загадзя падрыхтавалі срэбны рукамый, мяккі персідскі дыванок, столік арэхавага дрэва, а таксама шматлікія віны-прысмакі. Купрэйчык! – уладным голасам гукнуў ён.
Адразу ж, як з-пад зямлі, з’явіўся рослы цёмнарусы дзяцюк з рушніком перавязаным цераз плячо. Ён аддана пазіраў на аканома.
– Вядзі нас, Купрэйчык, да ракі Бродні і частуй там пана з паняю, – загадаў аканом.
Пасля шчодрага пачастунку вярнуліся ў Смалявічы, заначавалі ў аканомавай хаце, вялікай і даволі чыстай. Сам аканом з сям’ёю пайшоў спаць у пуню.
Уначы, калі княгіня Тацяна Сямёнаўна соладка спала, Канстанцін Астрожскі ціхенька вышаў з хаты. На ганку сядзеў Купрэйчык, вартаваў. Убачыўшы самога князя, ашалела ўсхапіўся. Астрожскі паклаў яму руку на плячо:
– Не спіш, жаўнер?
Не дачакаўшыся адказу, прайшоўся па травяністым двары, глянуў на ўсход. Там ужо святлела неба, пачынаў чырванець, крывавіцца вузкі востры акрайчык сонца.
“Як шабля”, – раптам падумалася яму. І адразу ўспомнілася рака Вядроша, добрыя журботныя вочы ягонага каня Гульца, які быў цяжка паранены, тапіўся ў багне і глядзеў-глядзеў, неадрыўна глядзеў на яго, свайго гаспадара.
– Я адпомшчу за Вядрошу, за гібель маіх вояў і за цябе, мой конь, – прашаптаў Астрожскі.
Вярнуўшыся ў Тураў, уфундаваў царкву па законе грэцкім. У Астрозе аднавіў і ўмацаваў муры. Некалькі разоў ганяўся за татарскімі мурзамі на Валыні і ў Дзікім полі.
Але гаспадаранне ў сваіх шматлікіх маёнтках, калупанне, як ён казаў, у баразне не дужа вабіла баявога гетмана. Таго, хто чуў гарматны гром і свіст ядра, што разразае над жаўнерскімі галовамі паветра, не спакусіш салаўінымі песнямі.
Канстанцін зноў падаўся ў Вільню, бліжэй да вялікакняжага двара. Думаў трапіцца на вочы Гаспадару. Ды жыццё нечакана павярнулася так, што ён вельмі хутка і наблізіўся да Жыгімонта, і ўвайшоў у паны-раду, прычым, сеў на пярэднюю лаву. Дапамагла, як гэта не журботна, смерць швагера, роднага жончынага брата князя Аляксандра Гальшанскага, віленскага кашталяна. Астрожскі заняў ягоную пасаду.
Чалавек грэцкай праваслаўнай веры сеў на пярэднюю лаву побач з католікамі, пачаў разам з імі кіраваць лёсам дзяржавы. Вестка аб гэтым адразу ж даляцела да Васіля Трэцяга, ягоных баяраў і дзякаў.
– Это скоморох, перекрашенный латинянин. Мы не верим ему. Он нарушил клятву, которую, целуя честной крест, давал государю и митрополиту, и подло сбежал. В Литве давят православных христиан, и мы должны их спасать, – вось што зладжаным хорам праспявалі ў Маскве.
Але ён не надта прыслухоўваўся дзе і што пра яго гавораць. Ён, нядаўні жыхар ціхага Астрогу, можна сказаць, пустэльнік-адхлыннік, нырнуў у зваблівы глыбокі няспынны вір, імя якому – Вільня. Колькі было сустрэчаў і размоў! І ў час пасяджэнняў паноў-рады, і ў палацах магнатаў, і ў пакоях мітрапаліта кіеўскага, галіцкага і ўсяе Русі Язэпа Другога Солтана, і за хлебасольнымі сталамі новай радні, князёў Гальшанскіх.
Тут, у Вільні, з надзвычайнай вастрынёй бачылася – вакол Вялікага княства Літоўскага пагрозліва вогнебойна грувасцяцца чорныя хмары. “Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі”, Дацкае каралеўства, Брандэнбург, Саксонія, Валахія, Лівонія і Тэўтонскі ордэн з захаду, Крымскае ханства і Турцыя з поўдня, Вялікае княства Маскоўскае з усходу. Пастка. Сіло. Мяшок.
– За што яны нас так не любяць? – вырвалася аднойчы ў Канстанціна Астрожскага, калі ён гасцяваў у Мікалая Радзівіла, ваяводы віленскага і канцлера Княства.
Канцлер Мікалай глянуў на яго пранізлівым, як у мудрай савы, вокам, усміхнуўся:
– Найяснейшы пане, а за што нас можна дюбіць? За тое, што мы пашчарбацілі крыжацкія латы пад Грунвальдам-Дуброўнам? Але хіба ты забыў пра спрадвечнае “Drang nah Osten”? Ім, як яны крычаць, не хапае жыццёвай прасторы. І яны ўсёю сілаю пруць на нас, узяўшы ў памочнікі Васіля Трэцяга, бо пеўня спадручней біць з двух бакоў. Васіль не разумее, што праглынуўшы нас, яны наваляцца на яго. Або нас можна любіць за тое, што выбіраем з сабе падобных і роўных Гаспадара і Караля, а не танцуем пад дудачку імператараў і цароў? Мы – шляхта. Яны ж рабы таго, хто сёння сядзіць на троне. У гэтым розніца. Але мяркую, нялепшыя часы надыходзяць для нашай дзяржавы. Памятаеш, князь, як абламала нам Масква рогі на Вядрошы? Я ж таксама там быў. Век не забуду.
Канцлер прыжмурыўся, а затым зусім заплюшчыў вочы, як бы на імгненне здранцвеў. Астрожскаму зрабілася ніякавата і ён ціхенька кашлянуў, каб абудзіць Радзівіла, вярнуць у сённяшні дзень.
Затое супакойвалі і мацавалі душу сустрэчы з мітрапалітам Язэпам Другім. Вернікі грэцкага закону адбудавалі ў Вільні Прачысценскую саборную царкву. І шмат дзе ў Гаспадарстве загаманілі званы ў новых Божых дамах. Язэп Солтан глядзеў у будучыню цвёрда і ўпэўнена, бо верыў каралю-князю Жыгімонту, які сказаў, што “не аддасць сваіх праваслаўных людзей пад гасудара маскоўскага, бо на Літве ім бяды не чыняць і не будуць чыніць”.
Іншыя думкі пакінула сустрэча з сябруком яшчэ па гаштольдавай школцы вуніяцкім біскупам Мацеем Кветкам.
– Вам, людзям грэцкай праваслаўнай веры, не ўдасца лёгка жыць у Гаспадарстве, – сярдзітым голасам сказаў ён, – Вас з Усходу будзе ціснуць Масква, а з Польскага каралеўства католікі. Масква, пакуль яна шматлюдная і моцная, не дазволіць вам стварыць праваслаўную аўтакефалію. Будзеце курчыцца між двух агнёў. Ужо ж сёння Васіль Трэці са сваімі святарамі называе Грэцкую веру Рускай. Хто ж тады вы, пан гетман? Таксама рускія? Але ж гэта не так. Вы – ліцвіны. Адзіны наш і ваш шлях, каб захавацца на гэтай зямлі, як народ, як Гаспадарства – вуніяцтва, а далей, магчыма, й каталіцтва, сусветная вера святога Пятра. Усе мы вучымся. Мы – дзеці. Мы – дзеці былых дзяцей. Вучыся ж і ты, князь Астрожскі. Вучыся няспынна.
У словах Кветкі падабалася ўпэўненасць, рашучасць, але Канстанцін быў яшчэ не гатовы на такі рашучы крок. Ды ў душы адчуваў – гэты крок, позна-рана, давядзецца рабіць.
А вайна распроствала свае жалезныя крылы. Маскоўцы аб’явілі крывіцкі Смаленск горадам-ключом да ўсёй Літвы і няспынна штурмавалі дняпроўскую цвярдыню. Адзін паход на горад. Другі. Трэці.
Трэці паход Васіля Трэцяга і ягонага 80-тысячнага войска быў самы жорсткі. 29 ліпеня 1514 года ён падступіў да смаленскіх сценаў разам з братамі Юрыем і Сямёнам, трэці брат, Дзмітрый, стаяў у Серпухаве, чацверты, Андрэй, пільнаваў Маскву.
Максімільян Першы прыслаў з Вены сваю пяхоту, гарматы, некалькі мудрагаловых італьянцаў, вялікіх спецыялістаў па аблогах гарадоў.
Максімільянаў гарматнік Стэфан стрэліў з вялікай гарматы, а страляць ён умеў вельмі трапна. Ядро пацэліла дакладна ў галоўную смаленскую гармату, разарвала яе на кавалкі, пабіла і пакалечыла шмат народу.
Потым Стэфан пачаў страляць больш дробнымі ядрамі, акаванымі свінцом. Яны касілі ўсіх, хто стаяў на сцяне. А такіх гарматаў са свінцовымі ядрамі было ў маскоўскага гасудара ажно 300. “Ад гарматнага і пішчальнага грукатання і людскога крычання і ляманту, – пісаў відавочца, – ад супраціўнага бою гарматаў і пішчаляў зямля дрыжэла, і алзін другога не бачыў, не чуў, і ўвесь горад у полымі і ў куродыме ледзь не ўзлётваў пад нябёсы”.
Смаленск схіліў галаву перад сілаю. Уладыка Варсанофій сабраў увесь клер царкоўны, апрануў рызы, узяў крыж, абразЫ і разам з вялікакняжым намеснікам Юрыем Салагубам, панамі і чорнымі людзьмі пайшоў на мост, а потым і ў шацёр да Васіля Трэцяга.
– Государь князь великмй! – сказаў ён, стомлена і пакорліва схіліяючы сівую галаву, – Много крови христианской пролилось. Земля пуста. Не погуби города, но возьми его с тихостию.
Дарога на Полацк, Менск і Вільню была адкрыта. Маскоўскія раці кінуліся туды, як рысь кідаецца на зайца. Адразу ж здаліся Крычаў, Мсціслаў, Дуброўна...
У Менск прыехаў з Вільні Жыгімонт, каб збіраць і шыхаваць войска. Найвышэйшы гетман Канстанцін Іванавіч Астрожскі ўскочыў у баявое паходнае сядло. Чырвоным святлом успыхнулі нябёсы. У лясах і пушчах затрымцелі ўсёй сваёй лістотаю дрэвы. Сумнавокія людзі ўзялі ў рукі пілы і сякеры, каб валіць гэтыя дрэвы на зямлю і рабіць з іх новыя труны.
“Паспалітае рушэнне!” – пакаціўся кліч па ўсім Вялікім княстве Літоўскім, уварваўся ў кожны горад і мястэчка, у кожны маёнтак, у кожны засценак. Вогненную віцу вайны панеслі вершнікі ў цемрадзь ночы.
Быў усеагульны ўздым. Усе рваліся да зброі. Усе разумелі – вырашаецца лёс Бацькаўшчыны.
“За сваю Дзяржаву! За сваю Веру! За сваю Мову! Пад сваім Сцягам!”. Такія словы гучалі ці не ў кожным пышным палацы і ці не ў кожнай беднай хаціне.
Кароль і вялікі князь Жыгімонт сабраў у Менску каля 30 тысячаў паспалітага рушэння. Гэта былі баяры-шляхта з Менску і Полацку, Віцебску і Бабруйску, Ліды і Шклова, Слуцка і Маладзечна. Ішла пінская лясная шляхта з палешукоў, з тых, што поле шукаюць. Ішлі воі з Брагіна, якія весела крычалі:
– Пайшло наша войска з Брагіна да Прапойска!
З Аўкштайты і іншых балцкіх земляў народу было няшмат – трымалі ў гэты самы час абарону на мяжы з Прускім ордэнам. Рыцарства Кіеўшчыны і Валыні адбівала няспынныя наезды крымскіх татараў. 4 тысячы конніцы і пяхоты прывялі з Польскага каралеўства Ян Свярчоўскі і Войцэх Сампалінскі. Гэтым паабяцалі заплаціць грошы. Але гарачыя палякі сказалі, што супраць Маскоўшчыны яны гатовы біцца й бясплатна. З Вялікай і Малай Польшчы прыехалі са сваімі атрадамі паны-ochotniki (дабраахвотнікі). З Вены і Фларэнцыі прыбыў атрад палеманістаў са ста чалавек на чале з Андрэем Шацілам і Фадзеем Дракаловічам.
У Адроўскім сяльцы якраз парадкавалі на зіму цыбулю. Пані Кацера Зубрыцкая паважна хадзіла між сагнаных на працу вясковых дзевак, навучала іх:
– Убраўшы цыбулю з агароду, яе правяльваюць, прасушваюць на паветры ці ў закрытым памяшканні, а потым у старых сетках вешаюць у сухім месцы, недалёка ад печы, а яшчэ лепш – у курной хаце. Абкураная і задымленая цыбуля лепш захоўваецца. У каго цыбулі шмат, той няхай закопвае яе ў ямы (іх робяць хлопы для захоўвання зерня), укруціўшы ў бярозавую кару і перасцілаючы саломай.
Дзеўкі працавалі і пакорліва слухалі сваю гаваркую пані.
І тут нібы віхор уварваўся:
– Вайна! Маскоўцы ідуць! Паспалітае рушэнне!
Кідаючы ўсё – малжонку з дзеткамі, плуг у полі, кавалак хлеба на стале – шляхта Аршанскага павету са сваімі слугамі, на чале са сваім харужым Антоніем Жабыкам-Жэмбам і ротмістрам Марцінам Жабыкам-Жэмбам, ягоным сынам, хапала шаблі, рушніцы, кляўцы, пікі, шчыты (што ў каго мелася!), ускоквала на коней.
– Марцін! І я з табою! – крыкнула мужу Зося.
Ён азірнуўся на яе з каня, злы, суровы, сказаў такое, што яна ніколі не чула ад яго:
– Сядзі дома, дурная баба. А хто сынка глядзець будзе? Хочаш, каб яго зноў у агонь кінулі?
– Хам! – люта крыкнула Зося, – Жорсткі бесчалавечны хам! Я не дурная баба! Я – жрыца Ордэна святога Палемона!
Марцінаў твар шкадобна і разгублена пачырванеў. Ён хацеў сказаць жонцы нешта прымірэнчае і цёплае, але з месца ірванулі коні, ударылі капыты, узвіўся шэры пыл. І – усё. Як не было Марціна.
Аддаўшы малога Кастуська Сцепанідцы, сказаўшы маці, што ідзе ў палацык, Зося ўзяла з куфэрка штандар Дваццатага Маланкападлбнага Рэйнскага Легіёна, загорнуты ў чырвоны аксаміт, хуценька пакрочыла да Язэпа Ранцэвіча. Вочы свяціліся.
У Менску Жыгімонт правёў генеральнае шыхаванне ўсяго войска. Адразу ж рушылі на Барысаў. Жалезная маўклівая рака пацякла насустрач такой жа рацэ. Неўзабаве яны сутыкнуцца, урэжуцца адна ў адну. І шмат якія людзі загінуць. Хто загіне? Ён? Я? Мы? Маўчы і супакойся, сэрца.
Вярста... Яшчэ вярста... Ты – шляхціц. Ты – ваяр. І ты па загадзе Гаспадара і Гетмана павінен рухацца толькі ўперад, толькі ў бой. У 1529 (праз 15 гадоў!) у “Статуце вялікага княства Літоўскага” воляю Гаспадара будзе запісаны такі артыкул:
“Хочем тэж и уставляем, абы кождый, повинный войну служити, без нашого ведома и гетмана нашого особного допущеня з войны выехати не мел потуль, покуль бы все войско нашо и рад нашых не было роспущано; бо таковый кождый имене тратить, як бы на войне не был”.
Але ты ўжо сёння, на стыку лета і восені 1514 году, ведаеш пра гэта і ты “не выедзеш з вайны”, бо ты – шляхціц, ты – ліцвін.
Спыніліся ў старым горадзе Барысаве над ракой Бярэзінай. Тут Жыгімонт з панамі-радай, пакінуўшы сабе чатыры тысячы конніцы, аддалі звершынства над войскам гетману Астрожскаму.
Жыгімонт, усхваляваны, бледны, упрытык пад’ехаў на сваім кані да каня, на якім сядзеў Астрожскі, нахіліўся з сядла, пацалаваў гетмана, сказаў:
– Ну то вядзі войска, Канстанцін Іванавіч.
– Павяду, мой Гаспадар, – пакланіўся яму і панам-радзе Астрожскі.
Пайшлі на ўсход ад Барысава. Тут ужо поўная ўлада была ў руках у гетмана, ён быў адзінаначальнікам. Нельга, ідучы паходам, размётваць на дровы хаты і парканы, лавіць чужую рыбу ў сажалках, таптаць жыта і ярыну. Такога гетман загадае закаваць у суровы ланцуг, і той чалавек заплоціць за гвалт. За лупежства-марадзёрства віноўны можа гетманавым судом шыю страціць, гэта значыць, будзе пакараны смерцю.
Разам з вершнікамі і пешцамі, узброенымі ручной агнястрэльнай зброяй, рухалася ўбок Воршы палявая артылерыя, колавыя і пераносныя гарматы. У Вялікім княстве Літоўскім яшчэ не было сваёй людвісарні, дзе б іх адлівалі, і таму ў крывавую бітву ішла трафейная артылерыя, германская, маскоўская, тэўтонская. Частку гарматаў купілі ў Лівоніі і Швецыі. Некалькі штук прывезлі з Еўропы палеманісты. Сабраная ў адзін кулак, з’яднаная адной воляй, гэта была страшная вогнебойная сіла. Пакуль жа яе і боезапасы да яе цягнуць валы і коні, а потым, праз лес і балота, панясуць на мазольных нацёртых да крыві руках людзі. Яна маўчыць, гэтая таямнічая грозная ўладарка чалавечых лёсаў і жыццяў, але ўжо хутка, вельмі хутка надыйдзе ейны зорны час.
Сваіх гарматнікаў было мала, толькі некалькі студыёзусаў-палеманістаў. Таму ў бой ішлі наёмнікі, шукальнікі прыгодаў, вайсковай удачы і грошай. Яны ўмелі трапна страляць і, калі трэба, адразу ж рамантаваць зброю. Праўда, усе іхнія памочнікі-абслужнікі былі людам мясцовага гарту, што вучыліся ў сваіх настаўнікаў імгненна, ад стрэлу да стрэлу, ад бою да бою, і калі гарматніка забівала, адразу ж замянялі яго.
Пад рукою ў гетмана найвышэйшага князя Астрожскага былі вельмі вопытныя і вельмі мужныя ваяры – староста гарадзенскі і падчашы літоўскі Юры Радзівіл, які камандаваў лёгкай конніцай, і пісар гаспадарскі і гараднічы троцкі Іван Сапега, якога ўсе за вялікую добрую сілу звалі Геркулесам. Ён узначальваў атрады пяхоты. Іванка – па-сяброўску называў яго Канстанцін.
Акрамя іх заўсёды, і ўдзень, і ноччу, быў побач з Канстанцінам Іванавічам ягоны ардынарац шляхціц Зміцер Дайнеба, адважны хуткі і ўсмешлівы. Яму можна было даваць любое даручэнне.
Дзіўная справа – набліжалася жорсткая, магчыма, смяртэльная для яго бітва, а ў гетмана спявала душа. Ён адчуваў у сабе порсткую ўсёсакрушальную сілу. Як слуп нябеснага святла і як імклівая вершаліна вясновага жывога дрэва, яна расла ў ім. І не было ёй спыну.
Чатыры дні таму ў вечаровай Вільні сустрэўся з ім Мацей Кветка, сказаў:
– Кастусь, пойдзем са мной.
Ён пайшоў. Ён эаўсёды давяраў сябру юнацтва. У прытворы Прачысценскай саборнай царквы яго ўжо чакала чалавек трыццаць маладзёнаў, тры-чатыры паненкі з запаленымі свечкамі ў руках. Яны, светлатварыя, таму, што водбліск ад свечак падаў на твары, стаялі кругам, прапусцілі яго на сярэдзіну.
– Канстанцін Іванавіч Астрожскі, – урачыстым голасам спытаў Мацвей Кветка, – якому Богу ты верыш і пакланяешся?
– Я веру Хрысту і пакланяюся Хрысту, – адказаў гетман.
– Ці любіш ты сваіх бацькоў, сваіх дзяцей і сваю Радзіму?
– Люблю.
– Ці гатовы ты, калі будзе трэба, памерці за іх?
– Гатовы.
– Канстанцін Іванавіч Астрожскі, мы прымаем цябе ў Ордэн святога Палемона, – усхвалявана сказаў Кветка, – Мы ўручаем табе залатую шпагу і срэбны буздыган-шастапёр. Барані імі сваю і нашу Айчыну, Вялікае княства Літоўскае, зямлю Ліцвінію.
Гетман узяў з рук Мацея Кветкі ганаровую зброю, пацалаваў яе. Трэба сказаць, што Кветка загадзя яго папярэдзіў і ўгаварыў зрабіць такое.
– На цябе, пан гетман, глядзіць уся наша моладзь. Ты для яе – рыцар і герой, – сказаў Кветка, – Пастарайся ж, прашу цябе, для моладзі.
І ён пастараўся. Вось чаму ўсміхалася сёння ягоная душа.
З маскоўцамі сутыкнуліся на левым беразе Бярэзіны, а потым на рацэ Бобр і на рацэ Друць. Праціўнік, як бачна, чапляўся за рачныя пераправы, ды яго адганялі жорсткім агнём з гарматаў і рушніцаў.
Набліжалася Ворша. Недзе там стаялі, чакалі, рыхтаваліся да бою магутныя раці ваяводаў Івана Чалядніна і Міхаіла Булгакава-Голіцы. Небасхіл на ўсходзе быў цёмны. І шмат у каго ў нядобрым прадчуванні закалацілася сэрца.
Непадалёк ад Воршы на ўзбочыне дарогі ўбачылі дзіўную купку людзей – дзве дзяўчыны, або зусім маладога веку кабеціны, тры мужчыны, двое з якіх чарнявыя, гарбаносыя, яўна, нетутэйшыя, і гармата, сапраўдная баявая гармата. Бачна па-ўсяму, яны чакалі войска.
Некалькі шляхціцаў ірвануліся да іх на конях, перамовіліся. Затым да Канстанціна Іванавіча прапусцілі адну з жанчын.
– Пан гетман, – усхвалявана загаварыла яна, – Я – Зося Жабыка-Жэмбава з Адроўскага сяльца, што недалёка адсюль. У паспалітым рушэнні ідзе мой муж Марцін, мой бацька, мой свёкар і мае дзеверы – мужавы браты. Усе ідуць. Можа, памятаеце, як мы разам з вамі беглі ад маскоўцаў з ракі Угры?
– Даражэнькая мая панечка, хіба можна такое забыць? – весела сказаў Астрожскі, злез з каня і далікатна пацалаваў Зосі руку, – Такое і перад самай смерцю ўспомніш. Кажаш, усе твае родзічы тут ідуць? Добра. Вельмі добра. Значыцца, не аслабла яшчэ сіла шляхецкая. А чаго ж сама хочаш?
– Я і мае людзі, – Еўрапейка павярнулася да купкі сваіх спадарожнікаў, – хочам таксама з вашым войскам пайсці. У нас і гармата ёсць. Стаяла на вежы ў Аршанскім замку, ды мы знялі яе адтуль. “Зосяй” называецца гармата.
– “Зосяй”? – усміхнуўся ў пасівелую бараду гетман, – Нешта дужа разваяваліся Зосі. Але ладна. Бяру вас усіх. Пан Зміцер, – сказаў ён свайму ардынарцу Дайнебу, – Уладкуй людзей і зброю.
– І яшчэ, пан гетман, – хуценька загаварыла Зося, адчуваючы, што стрымлівае рух калоны, – Вазьміце вось гэта, – яна разгарнула скрутак чырвонага аксаміту. Мякка ўспыхнула золата.
– Што гэта? – здзіўлена спытаў Астрожскі.
– Штандар Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Легіёна. Ён дае кожнаму хрысціяніну сілу і ўдачу. Яго трымалі рукі самога Канстанціна Вялікага, славутага імператара-дабрадзея. Ён – штандар Ордэна святога Палемона, нашага Ордэна. Ён дасць табе перамогу, адважны вой.
– Ты палеманістка? – засвяціўшыся тварам, выдыхнуў гетман.
– Так. Як і ты, пан гетман, – радасна адказала Еўрапейка.
– Адкуль ведаеш пра такое? Хто сказаў?
– Хто сказаў? Арол.
7 верасня выйшлі да Дняпра, паўночней Воршы. На супроцьлеглым левым беразе быў праціўнік. У кустоўі ўздоўж ракі, затаіўшыся, сядзелі ягоныя лучнікі, стрэлы ў якіх лётаюць густа і трапна.
– У вас Ворша. У нас Варшава, – засмяяўся Войцэх Сампалінскі.
Седзячы на конях, схаваўшыся пад шатамі старых дубоў, правялі вайсковую нараду. Былі гетман, Сапега, Радзівіл, Алелькавіч, палякі Свярчоўскі і Сампалінскі. Вырашылі ў гэтым месцы, каб збіць з панталыку маскоўскіх ваяводаў, пераправіць уброд некалькі тысяч вершнікаў. Асноўнае ж войска ўвечары асцярожна пайшло па віцебскай дарозе і спынілася насупраць вёскі Пашына. Тут, стараючыся рабіць усё як мага цішэй, пабудавалі два пантонныя наплыўныя масты з бочак, шчыльна заканапачаных і звязаных між сабою. Спусцілі на ваду плыты і чаўны, якія выслалі пляцёнкамі з чароту, каб не грукалі гарматныя колы. У балацінах ля ракі намасцілі гаці з паваленых дрэў і галля.
Было ціха. Імчаліся па начным небе бліскучыя метэоры-падуны, якіх асабліва шмат бывае на сумежжы лета і восені. Плёхалася ў рацэ рыба. Зрываліся з пантонаў срэбныя вадзяныя кроплі. Маўчалі, стараліся не іржаць коні. Тахкалі чалавечыя сэрцы.
Усю ноч пяхота і артылерыя перапраўляліся цераз раку туды, дзе ў дняпроўскай лукавіне трывожна глядзела сваімі цёмнымі вокнамі вёска Пашына. Гетманава ж конніца пераскокнула начную раку па вузенькім бродзе недалёка ад Аршанскай крэпасці. Утапіўся толькі адзін вершнік. Як сапраўдны ваяр, пайшоў на рачное дно без крыку.
І вось пачаў разгарацца новы дзень. Дзень 8 верасня 1514 года. Гэта была пятніца. Гэта быў Дзень Нараджэння Прачыстай Багародзіцы Дзевы Марыі. Сонца было ў сузор’і Дзевы. Яно ўзыйшло ў той дзень у 7 гадзінаў 4 хвіліны. Зайшло (для шмат каго – назаўсёды) у 18 гадзінаў 56 хвілін.
Дзве сілы сталі адна насупраць другой. Войска маскоўцаў складала памесная конніца, што была на службе ў вялікага князя маскоўскага. Войска гэтае, як і раней, падзялялася на палкІ – Вялікі полк, Полк правай рукі, Полк левай рукі, Старажавы полк і Засадны полк. На чале ўсяго войска вялікі князь ставіў вялікага (большого) ваяводу.
8 верасня вялікім ваяводам быў Іван Андрэевіч Чаляднін. Ён жа кіраваў Вялікім палком, які ў сваю чаргу падзяляўся на тры ваяводскія палкі. Першы, з мурамскіх дзяцей баярскіх, ачольваў сам Чаляднін. Другі, з вялікакняжага двара, ачольваў Рыгор Чалядзін-Давыдаў. Трэці, з тульскіх дзяцей баярскіх, Іван Пронскі. Перадавы полк складаўся з двух ваяводскіх – кастрамскімі дзецьмі баярскімі кіраваў Іван Цямок-Растоўскі, памешчыкамі Бежацкай пяціны Мікіта Абаленскі. Яны стаялі фронтам шырынёю ў пяць вёрстаў.
Полк правай рукі складаўся з трох ваяводскіх – памешчыкаў Шалонскай пяціны ачольваў Міхаіл Булгакаў-Голіца, двума палкамі памешчыкаў Водскай пяціны кіравалі браты Андрэй і Дзмітрый Іванавічы Булгакі. Полк левай рукі, які стаяў каля вёскі Рукліна, складалі два ваяводскія – Андрэя Абаленскага з памешчыкамі Абанежскай пяціны і Дзмітрыя Кітаева і мірзы Сівіндука з мяшчэрскімі татарамі.
Маскоўскае войска выстраілася ў тры лініі для франтальнага ўдару. Два вялікія атрады вершнікаў групаваліся па флангах непадалёку, каб у час бою ахапіць ворага, зайсці яму ў тыл і акружыць. Усяго ў суровым маўчанні стаяла, сціскаючы зброю, 80 тысячаў чалавек. Артылерыі не было. Яе чамусьці пакінулі ў Смаленску. Вялікі ваявода Іван Андрэевіч Чаляднін не стаў перашкаджаць войску Астрожскага перапраўляцца цераз Днепр. Ён хацеў паўтарыць пераможную бітву на рацэ Вядрошы і сказаў:
– Подождем, пока переправятся все, ведь мощь наша так велика, что мы без особых усилий можем или разбить это войско, или окружить его и гнать, как скот, к самой Москве.
Ваявода ведаў, што людзей у гетмана амаль утрая меней, чым у яго. Ён быў упэўнены ў сваёй перамозе. Ён стаяў пад белым сцягам, бо белы колер – улюбёны колер усіх славянаў.
Канстанцін Астрожскі паставіў свае харугвы па абодвух баках яра, што цягнуўся ад вёскі Пугайлава да дняпроўскай пераправы. Конніца стала ў дзве лініі. Наперадзе ліцвіны і аўкштайты пад началам самога гетмана і ўзброеныя доўгімі дзідамі, закаваныя ў трывалыя бліскучыя даспехі палякі Сампалінскага. Паміж імі стаялі роты пешцаў-латнікаў з рушніцамі. Першую лінію падпірала другая, дзе былі вершнікі Радзівіла і Свярчоўскага. На правым і левым флангах асаджвалі сцішвалі гарачых коней лёгкаўзброеныя шляхецкія харугвы. Там, на правым фланзе, былі бацька і сын Жабыкі-Жэмбы і ўся аршанская харугва.
На краі правага крыла гетман паставіў свае гарматы. Іх ахоўвалі пешцы з рушніцамі і лес. Там былі Зося, Палута Валадкевічанка з братам Сцяпанам, грэкі Стэліёс і Рагірас. З некалькімі дзесяткамі пешцаў яны знаходзіліся ў вагенбурзе, які быў створаны счэпленымі між сабой цяжкімі чатырохколавамі падводамі. Палеманісты з Андрэем Шацілам і Фадзеем Дракаловічам, хвалюючыся, нервова ўздрыгваючы, чакалі бітвы ў палку князя Юрыя Радзівіла.
Гетман Астрожскі быў надзіва прыгожы ў гэты дзень. Станісты, з доўгай пасівелай барадой, што ўзвівалася на ветры, у пурпуровай расшытай спераду золатам феразі, пад якой блішчэў на сонцы пласцінкавы бехцер. На моцнай шыі два залатыя ланцугі з шырокімі звёнамі. Боты чорныя высокія. На поясе венгерская шабля ў пазалочаных похвах з пукатымі медальёнамі. У руцэ булава. Конь пад гетманам буланажоўты, ахінуты блакітнай папонаю, што накінута на сядло і завязана вузлом на конскай грудзіне. Рамяні конскай збруі чырвоныя.
Уначы напярэдадні бітвы, калі скончылі доўгую цяжкую пераправу гарматаў, людзей і коней на левы дняпроўскі бераг, ён лёг на кажух, разасланы Зміцерам Дайнебам, і заснуў. І яму ўбачыўся сон. Яму ўбачылася памерлая маці. Яна з’явілася, ціхая, добрая, аднекуль з празрыстага зіхоткага туману.
– Сынок, – дрыготкім голасам сказала яна, – Я не падыходжу да цябе і не кладу свае рукі табе на плечы. Ты разумееш чаму. Але я люблю, я люблю цябе, мой дарагі, мой маленькі Косцік-хвосцік. Ты гэта ведаеш. На маім целе дванаццаць крывавых ранаў-язваў. Сынок, прашу цябе – зрабі так, каб заўтра на маім целе і ў маім сэрцы не ўспыхнула яшчэ адна рана, трынаццатая.
Прамовіўшы такое, маці знікла, як лёгкае начное воблака. А ён ускрыкнуў, гукнуў яе і прачнуўся.
Перад пачаткам злой сечы прайшлі малебены на тым і другім баку. Маліліся маскоўскія праваслаўныя, каталікі, вернікі грэцкага закону з Вялікага княства Літоўскага, вуніяты. Прасілі перамогі. Не хацелі смерці або калецтва.
Незадоўга перад гэтым сын баярскі з Мурама Аляксей Гарэлаў паіў каня ў рэчцы. Якраз ішла з ношкаю травы за плячыма вясковая кабета.
– Как деревушка зовется? – спытаў у яе Гарэлаў.
– Пашына, – адказала кабета.
– А речушка?
– Крапіўна.
– Небось, крапивой вся заросла? – пажартаваў сын баярскі.
– Ды не, – спынілася, скінула ношку з плячэй кабета, – Яна кроў людскую будзе піць. А поле гэтае, – яна зірнула ўдалеч, дзе ўсё аж кіпела ўзброенымі людзьмі, – было чыстае-чыстае, а будзе крумкачыстае.
Не ўсё са сказанага зразумеў сын баярскі Аляксей Гарэлаў, але задумаўся.
Між тым гетман Канстанцін Іванавіч Астрожскі, седзячы на сваім буланажоўтым дрыкганце, гледзячы праз поле туды, дзе пагрозна шырылася, набухала аграмадзіна варожага войска, думаў пра жонку і сына. Уласнай рукою ён напісаў 8 красавіка 1514 года: “Зразумела, што няма на гэтым свеце нічога пэўнага, чымся смерць. Калі са мною з дапушчэння Пана Бога здарыцца якая прыгода на службах гаспадарскіх альбо давядзецца сысці з гэтага свету, запісваю жонцы маёй княгіні Тацяне Сымонаўне вена 1000 коп грошай літоўскай манеты, на зАмку маім Тураве, і на ўсіх дварах, і на ўсіх сёлах”.
Чаму гэта ўспомнілася зараз, вось тут? Палзьмуў блізкі вецер смерці, калі ў кожнае імгненне можна “сысці з гэтага свету”?
Ён высока ўзняў гетманаву булаву, каб бачылі ўсе.
– Паны-брацці! – зычна выгукнуў ён, прыўстаўшы ў страмёнах, – Вось і надыйшоў наш час. З неба глядзіць на нас Бог. І глядзяць продкі нашыя. Мы з вамі на сваёй зямлі, на сваім полі. Вораг хоча адабраць усё гэта. Абаронім Айчыну! Напоўнім сэрцы агнём, жалезам і верай! Не бойцеся смерці! Уперад, паны-брацці!
Грымнулі бубны. Затрубілі сурмы. Затрапятаў пад парывістым ветрам чырвонага колеру сцяг са срэбнай выяваю “Пагоні” на адным баку, з Багародзіцай, што трымае на руках дзіцятку Езуса, на другім. На доўгіх дзідах вершнікаў узвіліся сцяжкі-прапарцы, дзе на белым полі перакрыжоўваліся вузкія чырвоныя палоскі.
– З Богам! За Вялікае княства! За Ліцвінію! – крыкнуў ротмістр Марцін Жабыка-Жэмба, узвіўшы над галавой доўгі буздыган. Конныя палкі павольна, нібы разаграваючыся, крануліся з месца. Так з узгоркаў пачынаюць марудліва каціцца пры першым штуршку землятрусу цяжкія валуны.
Полк правай рукі маскоўцаў на чале з Міхаілам Булгакавым-Голіцам ударыў з усяго маху ў ліцвінскую жалезную сцяну. Па ўсім полі пайшоў рэзкі металёвы пошчак. Хруснулі дзіды. Пакаціліся шчыты. Дзіка заіржалі параненыя коні. Пачуліся першыя чалавечыя стогны і перадсмяротнае хрыпенне.
Булгакаў-Голіца пачаў абцякаць харугвы Астрожскага і заходзіць у тыл. Беглі, храплі коні. Пена белымі клубкамі кацілася з ноздраў. Ды тут цяжкая кавалерыя Яна Сампалінскага, як востры жалезны клін, упілася збоку. Доўгія бязлітасныя дзіды пранізвалі маскоўцаў навылёт, сцягвалі, здзіралі з сёдлаў і коней. Пакаціўся такі ляскат, такі нясцерпны грукат, што заклала ўвушшу. Густа, як смяротны дождж, ляцелі з лукаў стрэлы. Звінелі шаблі. Грымелі рушніцы, білі ва ўпор па чалавечых тварах.
Конніца памешчыкаў Шалонскай пяціны ад такога жорсткага ашаламляльнага ўдару адляцела ўбок, як адлятаюць ад цвёрдай камяністай зямлі дажджавыя бурбалкі. Ды Булгакаў-Голіца быў не з тых, хто пачынае хукаць на першую ж рану.
– За мной! – гаркнуў плячысты чарнабароды князь, крута ламануў каня, стаптаў ім, зламаў, збіў з ног ліцвінскага пешца. Але той, лежачы на спіне, паспеў пырнуць дзідай, і з конскага жывата хлынулі цёплыя сінія кішкі. Булгакаў-Голіца, мацюкаючыся, ускочыў на новага каня. Памешчыкі паімчаліся ў атаку за сваім грозным ваяводам. Яны ляцелі проста на ліцвінскіх і польскіх вершнікаў. Ды тыя ў адно імгненне шуганулі ў два бакі і быццам рэзка расчынілі дзверы, за якімі шчыльна стаялі пешцы з рушніцамі ў руках. Грымнуў залп, зрэзаў памешчыцкую конніцу.
– Гэй! Вось цяпер наперад, дзеці! – загучаў, высока ўзляцеў над галовамі войска, над шышакамі і саладамі, над скрываўленымі мячамі і шаблямі, над полымем і дымам, над крыкамі і стогнамі ўладны і звонкі гетманаў голас, – Смела ў бой! Вораг ужо млее! Успомніце Альгерда і Вітаўта! Успомніце Гедыміна! Будзьце мужамі, мілыя браты! Вораг ужо збіўся ў кучу! Нам дапамагае Бог! Ён з неба шле нам абарону! Мы пераможам! Стаўлю сваю галаву ў ахвяру! Першы іду на ворага з шабляй, каб яе скрывавіць!
Цвёрдыя рэзкія словы, кароткія сказы быццам праколвалі дымнае гарачае паветра. Яны былі тымі вогненнымі малаткамі, якімі куюцца перамогі. Яны даходзілі да кожнага вуха і сэрца.
Шырокая сакрушальная рака ліцвінскай конніцы, равучы, галёкаючы, з усяго лёту ўдарыла па палку правай рукі Міхаіла Булгакава-Голіцы і амаль увесь пасекла на крывавыя шматкі, раскідала, утаптала ў зямлю, знішчыла.
Вялікі ваявода Іван Андрэевіч Чаляднін уважліва сачыў за бітвай, хмурыўся, цямнеў тварам, кусаў губы, але не зрушваў свае палкі з месца, не спяшаўся дапамагчы Булгакаву-Голіцу. Што бушавала ў ягонай душы невядома. Паміралі на ягоных вачах маладыя дзеці баярскія, аддавалі Богу душу, а ён, Чаляднін, стаяў на адным і тым жа месцы, як камень.
Нарэшце сваім палком левай рукі, што стаяў каля вёскі Рукліна, і ў якім былі памешчыкі Абанежскай пяціны і мяшчэрскія татары, ён ударыў па праваму крылу войска Канстанціна Астрожскага. Са смяротным віскам паляцелі дзюбатыя татарскія стрэлы, шмат каму панеслі балючую рану, а то й смерць.
Пахіснуліся, сталі пакрысе падавацца назад шляхецкія харугвы. Надта пякуча раскручваўся бой. Але няўтомна грымеў і грымеў голас Канстанціна Іванавіча Астрожскага:
– Наперад, дзеці! Будзьце мужнымі ў мужным целе!
Хіба можна было адступаць пасля такіх гетманавых слоў?
Аршанская харугва лоб у лоб сышлася з памешчыкамі Абанежскай пяціны. Тыя былі шыракагрудыя, барадатыя, у кальчугах, з сякерамі і лукамі. Як жахлівыя маланкі, бліскалі ў моцных руках вострыя сякеры. Зазяваешся, затрымціш на хвілінку, і пакоціцца твая галава, як качан капусты, пад цяжкія сляпыя конскія ногі. Ды аршанцы былі больш вёрткія, больш спрытныя. Нездарма Жабыкі-Жэмбы, бацька і сын, ганялі іх на баявых трэніроўках да сёмага поту. Яны з развароту секлі маскоўцаў шаблямі, з сядла стралялі ва ўпор з рушніцаў.
Марцін засунуў за пояс свой ротмістраў буздыган, выхапіў з похваў шаблю. Кожная жылка цела напружана трапятала. Вось убачыў як ускінуў круглы лук мяшчэрскі татарын і хвастануў па смуглай шыі шабляю:
– Будзеш ведаць, як у чужую рэпу лазіць!
Збоку, ашчэрыўшы зубы, люта ўзмахнуў чырвонай сякераю абанежскі памешчык. Ды Марцін імгненна прыгнуўся, і сякера глуха свіснула зверху ледзь не зачапіўшы спіну. Абанежац страціў раўнавагу, усім сваім агромністым тулавам пачаў валіцца на Жабыку-Жэмбу. Марцін сустрэў яго левым плечуком, а правай рукою па эфес увагнаў, усадзіў сваю шаблю ў мяккі памешчыцкі жывот. Ручаём ударыла кроў.
Некаторым татарам і дзецям баярскім удалося ўклінніцца, уварвацца ў ліцвінскія шэрагі сажняў на дваццаць-трыццаць. У гэтую шчыліну, як навальнічны ручай, хлынулі маскоўцы. Хто-кольвечы з пешцаў-латнікаў пабег, паказаў зад. І тут на падводу вагенбурга ўскочыла вельмі маладая, вельмі прыгожая ці дзяўчына, ці маладзіца ў бліскучай кляпанай з металёвых колцаў кальчузе з сякеркаю-кляўцом у руцэ. Чарнявыя доўгія валасы ўзвіхурваў вецер.
– Стаяць! – звонка і ўладна крыкнула яна перапалоханым пешцам, – Ні кроку назад! Я – Еўрапейка!
Яна саскочыла з падводы, нахіліўшы галаву, раз-пораз змахваючы з вачэй струменістыя пасмы валасоў, адважна пайшла насустрач маскоўцам. І ўсе з найвялікшым здзіўленнем убачылі як ёй на плячо раптам сеў арол, вялізны, грозны. Яна нават пахіснулася. Адкуль узялася ў гэтым смяротным вэрхале дзіўная птушка? Адразу ж за Еўрапейкай, абганяючы яе, рынуліся натоўпы ліцвінаў. Зазвінела, рэзка і адчайна, жалеза. Загрукалі аб шчыты мячы і сякеры. Узвіўся дзікі нечалавечы крык.
Зося, адчуваючы як вырываецца з грудзей сэрца, ішла па крывавым бясконцым полі і ці то смяялася, ці то плакала. Яе абганялі, штурхалі локцямі. Каля яе падалі, зноў усхопліваліся, беглі ўперад, сціскаючы ў руках бязлітасную чырвоную ад цёплай крыві зброю. Але яна як бы існавала ў іншым вымярэнні. “Кастусёк, маленькі хлопчык мой, што ты робіш зараз?” – думала яна пра сына.
Раптам з імглы, аднекуль у яе з-пад ног пачулася:
– Добей меня.
Голас быў слабы, жалобны. У ім была пакута.
Зося ўздрыгнула, прыпынілася. На зямлі ляжаў масковец, сын баярскі, вельмі малады і вельмі прыгожы. З вялізнай чорнай дзіркі-раны на грудзях цякла кроў праз прабітую цяжкой дзідай кальчугу.
– Я Алексей Горелов, сын боярский из Мурома, – стагнаў ён, – Добей меня.
Зося нахілілася над параненым.
– Будет поле крумкачистое, – раптам загаварыў ён, і Зося падумала, што ён вар’яцее.
Сын баярскі расплюшчыў мутныя ад болю вочы, убачыў яе, уздрыгнуў, прашаптаў:
– Ты баба? Нет. Ты – ведьма.
І страціў прытомнасць.
– Занясіце параненага ў вагенбург, – сказала Зося грэкам Стэліёсу і Рагірасу, што ўвесь час былі побач з ёю, ахоўвалі яе.
Тым часам вялікаму ваяводу Івану Андрэевічу Чалядніну падалося, што ён перамагае ў гэтай бітве. Конніца гетмана Астрожскага спынілася, закруцілася на адным месцы. Так круціцца воўк, якому зламалі хрыбетнік.
– Поддать жару! Поддать жару! – крычаў узрадаваны Чаляднін сваім ваяводам, – Еще поддать!
І ўрэшце не вытрымаў, выхапіў шаблю, ударыў каня шпорамі, ірвануўся ўперад з лютым крыкам:
– За мной!
Тысячы й тысячы дзяцей баярскіх і памешчыкаў паімчаліся за ім. Загула зямля. Камякі здратаванай зямлі пырскалі з-пад капытоў. “Не напрасно я выжидал”, – думаў шчаслівы вялікі ваявода, махаючы шабляй і падганяючы каня. Ляцеў у твар вецер. Ляцела ў рукі залатая птушка баявой удачы.
Конніца Астрожскага ўсёй сваёй масаю пачала адступаць, ліхаманкава азіраючыся, сцёбаючы коней. Было ўражанне, што на ліцвінаў напаў нейкі ўсеагульны страх, сляпы, няўтрымны.
– За мной! – крычаў-спяваў Іван Андрэевіч Чаляднін, – Доставайте припасенные веревки! Будем вязать эту сволочь!
І раптам гетман Канстанцін Астрожскі ўскінуў уверх сваю булаву. Ускінулі ўверх буздыганы-шастапёры ягоныя палкоўнікі і ротмістры. Гэты аднаімгненны рэзкі рух-сігнал разламаў конніцу, распалавініў на дзве часткі, раскідаў у два бакі. І быццам расчынілася велізарная брама, брама смерці. Проста ў вочы маскоўскай конніцы гнеўна глянулі дулы гарматаў і рушніцаў. І проста ў вочы грымнуў залп. Гарматы (сотня? дзве?) ударылі гарачымі ядрамі ва ўпор, па-жывому. Пеканулі рушніцы бязлітаснымі раямі свінцовых куляў. Нельга, немагчыма было прамахнуцца, і ўвесь бязлітасны смяротны метал прагна ўпіўся ў чалавечыя і конскія целы, знайшоў сваю ахвяру. Пырскнула ва ўсе бакі крывавае мяса...
Маскоўскае войска, хвіліну-другую назад такое адважнае і непераможнае, спатыкнулася на роўным месцы, развярнулася і кінулася на ўцёкі, пакідаючы за сабою горы трупаў. Дарэмна Іван Чаляднін прасіў, умольваў спыніцца. Дарэмна ён плакаў ад бяссілля. Кожны ратаваў сябе. Хто імчаў на кані. Хто, страціўшы каня, бег. Хто кавыляў, заціскаючы рану. Скакалі ў рэчку Крапіўну, захлыналіся, тапіліся ў чырвонай ад крыві вадзе.
Канстанцін Астрожскі ў нейкі міг спыніў узбуджанага каня, глянуў на неба, перахрысціўся, сказаў:
– Ці добра табе там, у нябёсах, мама? Бачыш – я не прычыніў табе новую рану. Я адпомсціў. За цябе. За такіх, як ты. За Вядрошу.
Усплыў месяц, журботным вокам глянуў на заціхлае поле. “Толькі ноч і лясы спынілі гэтае вынішчэнне”, – праз колькі гадоў напіша пасол германскага імператара да Васіля Трэцяга барон Сігізмунд Герберштэйн.
На наступны дзень лічылі страты і святкавалі перамогу. Маскоўцаў палегла каля 40 тысячаў. У палон трапіла 5 тысячаў. Між імі Іван Чаляднін і Міхаіл Булгакаў-Голіца, 8 вярхоўных ваяводаў, 37 водцаў трохі ніжэйшага рангу, 2 тысячы дзяцей баярскіх. Шмат гадоў будуць сядзець яны ў няволі, бо Васіль Трэці скажа: “Для меня пленные не существуют”. Нешта падобнае крыху пазней казаў генералісімус Іосіф Сталін.
З боку пераможцаў, як пісаў гісторык Марцін Бельскі, загінула чатыры знатныя паны і рыцараў каля 500 чалавек. Шмат палегла простага люду, ды іх, як звычайна, ніхто не лічыў.
У Воршы адзначалі перамогу. Паставілі сталы проста на вуліцах і ў дварах. Канстанцін Астрожскі пасадзіў каля сябе палонных маскоўцаў, шчодра іх частаваў.
Палеманісты, вясёлыя, радасныя, шчаслівыя, бо ў бітве ўсе ацалелі, і толькі Фадзея Дрыкаловіча злёгку параніла, сядзелі за даўжэзным сталом, пілі віно, крычалі віваты, спявалі. Андрэй Шаціла, вясёлы, шчаслівы, ужо п’яны, сядзеў поруч з Палутай Валадкевічанкай, моцна абдымаў яе, цалаваў, крычаў верш:
Я – Андрэй. А яна – Палута.
Наша сэрца каханнем скута.
У нас адбылася сустрэча з сустрэч.
У пана з похваў выпаў меч.
У панны з шыі ўпалі маністы.
Будуць дзеткі – палеманісты!
Палута ззяла ад шчасця, цвіла.
Потым з кубкам у руках узняўся Мацей Кветка, сказаў:
– Мы перамаглі. І гэта вельмі добра, панове. Пройдзе сто, пяцьсот гадоў, а бітву гэтую людзі не забудуць, бо біліся мы за сваю родную зямлю.
– Пяцьсот гадоў! – вохнула Зося і паклала сваю галаву на Марцінаў плячук, – Калі ж гэта будзе?
– У 2014 годзе, – падлічыў Марцін.
– Няўжо наступіць год такі?
– Наступіць, Еўрапеечка, наступіць, – засмяяўся Марцін і пацалаваў жонку.
А Мацей Кветка казаў далей:
– Мы чулі, як гавораць: “Два Рымы падоша, трэці, гэта значыць, Масква, стаіць, а чацвертаму ніколі не быць”. Ці не занадта самаўпэўненыя словы? Але паглядзім-паглядзім. Усё ў руках Божых. Са свайго ж боку скажу: было два Канстанціны – Канстанцін Вялікі і Канстанцін Палеалог. Ёсць Канстанцін трэці. Ён сёння знаходзіцца між нас. Гэта слаўны гетман князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі.
Пры такіх словах усе апантана ўскочылі са сваіх месцаў, узнялі звонкія кубкі. Пачуліся дружныя віваты.
– Але, – прадоўжыў прамову Кветка, – дазвольце мне, шаноўныя панове, запэўніць усіх вас, што нашая зямля Ліцвінія народзіць новых Канстанцінаў. Ды якіх! Я ўжо бачу праз туман часу (не буду тлумачыць, як гэта мне ўдаецца), што яшчэ з’явіцца Канстанцін-Кастусь Каліноўскі. Так-так. Хоць пры нараджэнні яго запісалі Вікентам, ды ў памяць народную ён увойдзе Канстанцінам – Кастусём, змагаром за волю народную і душу. І яшчэ я бачу аднаго вялікага Канстанціна. Канстанціна Міцкевіча –Якуба Коласа. Слава ім усім!
Адгрымела вялікая бітва. Адпалала восень. Белым халодным колам прыкацілася зіма. Зося, Марцін і Кастусёк сядзелі каля вялізнага каміну ў сваім маёнтку ў Адроўскім сяльцы, пазіралі на полымя. На вуліцы трашчаў люцейшы мароз, а тут было цёпла і ўтульна. На сцяне, побач са святымі абразАмі, вісеў залаты штандар Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Легіёна. Водсвет ад агню трапятаўся на ім, і штандар быў, як жывы. Катусёк паглядзеў на штандар. Хлапчук ужо ведаў, чуў пра слаўную зямлю Ліцвінію, пра ейных адважных рыцараў і такіх жа адважных паэтаў, ды яму хацелася ведаць яшчэ болей і ён спытаў у маці:
– Мама, а хто такія палеманісты?
Зося прыгарнула сына да сябе, сказала, пазіраючы на гудлівае віхурыстае полымя:
– Гэта вельмі добрыя, вельмі разумныя і справядлівыя людзі. Падрасцеш – сам станеш палеманістам. Гэта сябры нашай з бацькам маладосці, вечныя незабыўныя сябры. Любі сваё, і не захочаш красці чужое. Вось як думалі, як жылі і як жывуць яны.
Раптам пачуўся рэзкі стук у ваконную шыбіну, ад якога ўсе ўздрыгнулі. Кастусёк прыціснуўся да маці. Марцін асцярожна падыйшоў да марознага вакна, глянуў у яго і, уміхнуўшыся, падбег да дзвярэй, шырока іх расчыніў. На парозе стаяў Хлопчык з залатым зубам, пазіраў на ўсіх мудра і даверліва.
– Ад вялікага марозу і холаду прачнуўся і збег са свайго берлагу мядзведзь. А ён, Хлопчык з залатым зубам, пайшоў з лесу да сваіх сяброў, – прачытаў ягоныя думкі Марцін Жабэка-Жэмба, крыху памаўчаў і весела сказаў:
– Чаго стаіш у парозе? Лезь, малюк, на гарачую печ пад цёплы кажух.
Вось і канец гэтаму аповяду. Бог дасць, будуць новыя. Дзякуй табе, жыццё, за тое, што ты не спыняешся.
2007 год. Узгор’е-2.
Колькасць прачытаўшых: 1143 Колькасць вогдукаў: 0