III
Чакаючы допыту, Марцін Жабыка-Жэмба стараўся не збіцца з рытму жыцця, не страціць адчуванне рэальнага часу. У лютыя маразы ручаі спыняюць свой бег. У турме спыняе свой бег час. І людзі заблытваюцца ў ім. У адно цэлае зліваюцца глухая асветленая месячным промнікам з падстольнага вакенца ноч і бяссонечны дзень.
На допыты ганялі і ўдзень, і ўначы. Гнюсную ежу і брудную цёплую ваду давалі нерэгулярна, і немагчыма было ўлавіць у жахлівым крывавам хаосе нейкую сістэму. “Толькі Зося і кандат’ер могуць выбавіць мяне з гэтай ямы. А такое можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі ім паведаміць аба мне Сцяпан Ляпа”, – думаў Марцін.
Неўзабаве яму ўбачыўся сон. Ён сядзеў, а дакладней, ляжаў на дне вялізнага рассохлага чоўна. За бортам, чутно было, плёхалася цяжкая няспешная вада. Зорнае неба туманіста свяцілася над галавой. З неба прыйшоў, як прыходзіць адтуль вецер, голас.
“Року Божага чатырыста першага паўстаў Атыла, які называўся Біч Божы... Атыла забіў брата свайго Бледу і сам стаўся каралём. Людзі ўцяклі ад Атылы да рыбаловаў на астравы і збудавалі Венецыю... І быў між іх Палемон. З Палемонам было 500 сем’яў шляхты рымскай. Палемон узяў з сабой астранома, і той вёў іх у моры па зорках... Дайшлі да вусця, дзе рака Нёман упадае ў мора Акіян... Нёман у мора ўпадае дванаццацю вусцямі... Уверх Нёмнам дайшлі да ракі Дубісы, увайшлі ў Дубісу, над ёй знайшлі горы высокія... Палемон нарадзіў трох сыноў: Борка, Кунаса і Спэру...”.
Сціх дзіўны голас, і над Марцінам пагрозна ўзвысіўся сам Палемон, Палемон Ліцвін. І сказаў ён спалоханаму Марціну:
– Бяры ў руку пісала, бяры пергамен, будзь маім летапісцам, каб нашчадкі нашы ведалі пра нас.
І пачаў Марцін сваё штодзённае цудадзейства...
“Слова пісарчука Марціна з карабля князя Палямона Ліцвіна. Ведайце адно – храналогія пайшла не ад слова “хрэн”... Калі да месца Рыму пачаў набліжацца са сваёй дзікай ардою чалавекаядзец крывавы Атыла, пяць соцень знаных рымскіх сем’яў селі на караблі і аддалі лёс свой бурліваму мору. Галавою ў іх быў прыўкрасны князь Палемон. І пачалі яны, ратуючыся ад непазбежнай смерці, шукаць сабе новую радзіму. Так некалі ратаваўся з вогненнай Троі Энэй.
Куды мы плывем? У моры бушуюць велізарныя хвалі. З вачэй льюцца слёзы, а з роту (няхай прабачаюць мне далікатныя паненкі-чытачкі) ваніты.
... Адна з хваляў ледзьве не перакуліла наш карабель. Хваля гэтая падалася мне, няшчаснаму, велічынёю з гару Везувій.
Куды ж мы плывем? Чаму князь Палемон вядзе караблі на поўнач? На ягоным месцы я пакіраваўся б да цёплых грэцкіх астравоў, або да егіпецкай ракі Ніл. Там бы я нарэзаў і насушыў сабе папірусу. Але ж я не Палемон.
Пачынаюць мерзнуць рукі і вушы. Сцвярдзеў, як камень, нос. Немагчыма пісАць. Чаму я не Палемон?
... Праплылі каля нейкага дужа вялікага вострава. Там, па марскім беразе, імкліва імчаліся баявыя калясніцы. Рудавалосыя велізарнага росту людзі стаялі ў іх, люта махалі бліскучымі сякерамі і крычалі нам нешта пагрозлівае.
... Пачынаем плысці на ўсход сонца. Зямля страшных рудавалосых людзей застаецца злева. Учора князь Палемон сказаў мне, што хоча стварыць новую дынастыю і новую дзяржаву. Я напрасіўся ў яго ў генеральныя пісарчукі гэтай новай дзяржавы. Як вогненнавокі лясны звер, зірнуў на мяне князь.
... Плывем на ўсход па новым моры. Яно не надта шырокае і не надта глыбокае. Палемон пазірае на мяне, як вогненнапёры дзюбаты певень на чарвяка.
... Наперадзе – вусце магутнай лясной ракі. Яна ўліваецца ў мора шматлікімі рукавамі. Б’ецца аб зялёныя берагі вецер. Нашыя караблі ўваходзяць у гэту невядомую раку. З хмызу, з балотаў за намі цікуюць насцярожаныя вочы тубыльцаў.
... “Я хачу стварыць новы народ”, - сказаў князь Палемон. Хутка ж з яго і з усіх нас стрэслася “рымскасць”. Як лясная ігліца.
... Сыйшоўшы з сем’ямі, з хатнім скарбам са сваіх караблёў, зашываемся ў лясныя нетры, ідзем па звярыных сцежках. Над намі ў атачэнні галінаў дрэў бледна блішчаць кавалкі светласіняга неба. І вочы тубыльцаў блішчаць са змроку.
... Князь сказаў, што новы народ павінен мець новыя імёны, а ён, родапачынальнік вялікай дынастыі, павінен мець свой герб-кляйнот, адметны ад усіх і найлепшы. Я, пісарчук Марцін, атрымаў высокі загад прыдумаць гэтыя імёны і гэты герб. Я не разумею... (Далей пергамен сцёрты, размыты... Ці то дождж яго размыў, ці нечыя слёзы ліліся...).
... Пякучыя ж дубцы ў гэтых дзікіх лясах! А скура ў мяне тонкая. Адразу ж з вялікім імпэтам распачынаю зададзеную мне прыўкрасным і звышмудрым Палемонам працу! На шырокай дубовай дошцы малюю яркімі фарбамі герб – у чырвоным полі тры белыя слупы, злучаныя ўнізе. Назоў яму – “ Калюмны”.
... Валасаты, тоўсты, як пень, здаравіла валачэ да нашага вогнішча, дзе я ляжу з заголенай спіною, велізарнае бярэмя зялёных доўгіх дубцоў.
– Дзе ты быў? – пытаюць у яго.
– Я гай ламаў, – адказвае пень. Адразу ж пішам першае імя – Ягайла. ... З цёмнага лесу выходзіць высокі і сінявокі, пытаецца ў князя Палемона:
– Дзе жыць мне, князь?
– Жыві там, – ляніва махае шырокай даланёю ўбок гушчара Палемон. Пішам імя – Вітаўт.
Хачу зазначыць, што падчас марскіх блуканняў жорстка застудзіў я вушы свае. Быццам сядзяць па цвыркуну ў кожным вуху і трашчаць, і пілуюць-пілуюць...
... Прыімчаў на порсткім кані да нашага стойбішча ваяр з вострым чырвоным мячом у руцэ, са звярынай шкураю за плячыма. Шыбнуў да князевых ног торбу з адсечанымі чалавечымі галовамі. “Ну й малайчына! Ну й вой шалёны!” – задаволена зацмокалі ўсе.
Што ж – даю імя хвату Войшалк.
– А ці не забыў ты казну нашу княжую ў Рыме? – спытаў Палемон у свайго скарбовага служкі.
Той перагнуўся перад гаспадаром, як лазіна, паляпаў пальцамі па металёвай скрыні:
– Не забыў, князь. Кейс тут.
Імя яму наракаю – Кейстут.
– Дык вып’ем, панове, за нашу новую Радзіму! – крыкнуў князь Палемон, аж лісце з дрэваў пасыпалася, а звяры лясныя ў норы і берлагі зашыліся, – Даставай, слуга мой верны, залатыя келіхі са сваёй скрыні! Будзем у іх ліць віны!
І назваў адразу ж я ўвесь народ наш прыгожым звонкім словам – ліцвіны, а дзяржаву нашу – зямля Ліцвінія. І гэтак да сконвеку нам называцца.
... Раптам Палемон зірнуў Марціну цераз плячо, выхапіў лютым позіркам што-кольвек з напісанага, закрычаў, наліваючыся гневам:
– Не тое пішаш, раб! Дзе мой меч?! Я развалю цябе на кавалкі! Хутчэй нясіце мне мой меч! Ад нечаканасці і жаху Марціну сцяла дыханне. Ён схапіў абедзьвюмя рукамі пергамен, шыбнуў яго ў чырвоныя касмылі вогнішча, ірвануўся ў лясны лісцёвы гусцяж і... прачнуўся, перарваўшы нітку недарэчнага сну.
Крычаў не Палемон. Крычаў Марцінаў сусед. Служкі інквізіцыі прыйшлі браць яго на допыт, ды ён нечакана для ўсіх заўпарціўся, упёрся, учапіўся кволымі рукамі за турэмныя нары.
– Не пайду! – як паранены сабака, выў ён, – Няма болей сілаў. За што вы мяне драпежыце? Клянуся светлым воблікам Найсвяцейшай дзевы Марыі – я хрысціянін! Я – хрысціянін! Я веру Хрысту! Завошта ж пакуты такія нясцерпныя? Адно ў мяне цела, беднае цела маё, і тое вы раздзіраеце на кавалачкі.
Інквізітары білі яго рукамі і нагамі, цягнулі да дзвярэй, быццам бервяно.
– Вы – антыхрысты! – закрычаў раптам небарака, – Вы – нелюдзі! У вас у роце – крывавыя жахлівыя іклы! Ха-ха! Я бачу гэтыя іклы і я выб’ю іх!
Гэтым сваім крыкам ён канчаткова раз’ятрыў інквізітараў. Яны выхапілі са сваіх чорных доўгіх плашчоў нажы, вострыя металічныя спіцы, дзюбатыя бліскучыя верацёны і пачалі рэзаць, рваць, дзяўбсці, нявечыць ягонае няшчаснае спакутаванае цела. Ён узняў угору рукі, закрыў імі твар, хістаючыся, пачаў адступаць да сцяны, як бы ўплішчвацца ў яе. Рукі гэтыя падаліся Марціну дрыготкімі птушынымі крыллямі.
І раптам нешта лопнула, грымнула. Нясцерпны бляск мітнуўся па турэмнай камеры. І адбылося невераемнае. Там, дзе толькі што канаў, захліпваўся ўласнай крывёю вязень, з’явіўся арол, буйны, моцны, суровы, адважнавокі. Ён размашыста ўдарыў дзюбай проста ў грудзі пярэдняму з інквізітараў, зваліў яго з ног. Астатніх распіхнуў, разгарнуў, раскінуў пругкімі шырокімі крыллямі, вылецеў са смуродлівай камеры, панёсся-паляцеў на волю па змрочным камяністым калідоры туды, дзе ззяла сонца. Цёплым ветрам абдало ўсім твары. Усе як знямелі. Усе пазіралі на тое месца, дзе павінен быў ляжаць вязень. Толькі гнілая салома жаўцелася там.
– Д’ябал!!! – ачомаўшыся, залемантаваў галоўны з інквізітараў, – Тут быў д’ябал! Мы бачылі яго! Мы адчулі пах серы! Ён крута павярнуўся да астатніх зняволеных, што, збіўшыся ў кучку, трымцелі ад жаху.
– І вы ўсе – д’яблы! Вы ўсе носіце знак д’ябла на сваёй паганай скуры! Пакажыце ж нам свае д’ябальскія плямы!
Падскочыўшы да Марціна, ірвануў на ім кашулю, загадаў сваім прыспешнікам:
– Садраць з усіх адзенне да голага цела! Хай за ўсё заплоцяць сваёй скурай!
Расшкуматалі, разнеслі на пух адзенне, выкінулі зняволеных у калідор і з усяго пляча пачалі лупцаваць бізунамі. Узвіўся крык, енк. Лопалася скура.
Марцін Жабыка-Жэмба адно бараніў рукамі вочы, каб не выбілі. Трацячы прытомнасць, паспеў падумаць: “Я бачыў гэтага арла... Там, на кіпарысе каля “Вясёлага легіянера”, я бачыў яго...”.
Пакутлівым і доўгім было выплыванне з небыцця. Пэўна ж, цела не жадала зноў вяртацца на гэты свет у бязлітасныя кіпцюры катаў. Але патрохі ачуняў, глянуў наўкол сябе. Тыя ж нары, салома, чалавечыя стогны... Уваткнуў галаву ў салому, быццам быў канём, знерухомеў. Завошта людзі так б’юць людзей? “ЛюбІце ворагаў сваіх”, – павучаў Хрыстус. А гэтыя не любяць ні ворагаў, ні сяброў. Нікога не любяць. Успомнілася раптам тут, на сцёртай крывавай саломе, дзяцінства і маленькая рудзенькая сучачка Вісла. Ён, хлапчук-карапуз, вельмі сябраваў з ёю. Хадзілі па двары як злыганыя. Ведалі ўсе патаемныя сцяжынкі на бацькавым двары, над Дняпром. Знаходзілі птушыныя гнёзды ў траве і ў кустоўі, сутыкаліся з вожыкамі і зайцамі, бокам абыходзілі мітуслівыя мурашнікі. Было добра, было радасна, так, як бывае толькі ў маленстве. А потым сучачка некуды знікла. Маці сказала, што Вісла павінна нарадзіць новых маленькіх сабачкаў, і Марцін нецярпліва прыспешваў гэты дзень. У яго будзе шмат сяброў! Сэрца поўнілася звонкім чаканнем.
Праз колькі дзён на бацькавым двары ён убачыў фурмана Спірыдона. Той таропка ішоў убок Дняпра, трымаючы ў руках вялікае рэшата прыкрытае кавалкам шэрай даматканіны.
– Што гэта? – спытаў маленькі Марцін.
Спірыдон палахліва азірнуўся наўкруг, паставіў рэшата на зямлю.
– Глядзі, панок.
Ён сцягнуў з рэшата покрыва.
– Сабачкі! – уражана ўсклікнуў Марцін.
Некалькі рудых і чорных камячкоў варушылася-валтузілася ў рэшаце. Чуўся слабы піск.
– Яшчэ сляпенькія, – уздыхнуў Спірыдон, – Нясу іх тапіць у Дняпро. Пані Агата, маці твая, загадала.
– Тапіць сабачак? Навошта? – Марцін аж сеў на зямлю.
Фурман узяў рэшата ў рукі, пайшоў па сцежцы, што вілася між густой лугавой травы да дняпроўскай стромы. Ішоў і казаў:
– Не будзе ад такіх нягеглых сабак аніякай карысці. Няма ў іх пароды. Ні на ловы няздатныя, ні ў ланцугу на двары сядзець. Толькі корм на іх будзем пераводзіць. Загадала пані Агата – утапі.
Марцін бег следам, хліпаў носам, плакаў, прасіў:
– Спірыдончык, не тапі іх. Аддай мне. Я ім будачку зраблю, ваду і костачкі буду насіць. Яны ж такія прыгожанькія і маленькія. Не тапі іх. Бог цябе за гэта пакарае.
Але фурман не слухаў яго, не чуў, лапцявата ступаючы буйнымі нагамі, шпарка дыбаў да ракі. Дайшоў, выбраў зручнае месца, прысеў на кукішкі і, скінуўшы покрыва, запусціў у рэшата руку. Усё ён рабіў вельмі засяроджана, з суровым выразам твару. Падбег заплаканы і задыханы Марцін, апусціўся побач на калені. Глянуў у рэшата, закрычаў:
– Спірыдон! Вочачка расплюшчылася! Глядзі, Спірыдон! Вочачка расплюшчылася! Ён схапіў рудзенькага сабачку, моцна прытуліў да грудзей, пачаў гладзіць. Ззялі малюсенькія кропелькі вачэй, як пасля дажджу ззяюць на сцяблінах травы дажджынкі.
– А й праўда, – радасна здзівіўся Спірыдон, – Дай сюды. Кажаш, Бог мяне пакарае? Не пакарае мяне Бог, панок. Бо не ўтопім мы сабачак гэтых. Нельга тушыць вочачка, якое расплюшчылася. Нельга. Ціхенька занясу я іх да сваякоў на вёску. А матулі тваёй грознай скажам, што ўтапілі шчанюкоў. Добра?
– Добра, Спірыдончык, добра.
– А ты не падвядзеш мяне, панок, пад лазу? Не раскажаш мацеры?
– Не раскажу, Спірыдончык. Вось табе святы крыж – не раскажу.
... Уздрыгваючы парванай бізунамі спіной, выплёўваючы крывавую юшку з роту, ляжаў у інквізітарскай турме ліцвінскі шляхціц Марцін Жабыка-Жэмба, і трапяталася ў галаве адна-адзіная думка: “Нельга тушыць вочачка, якое расплюшчылася. Нельга. А гэтыя высцёбваюць жывыя чалавечыя вочы бізуном”.
А пад вечар зверху, над галовамі арыштантаў, пачуўся шум, гуд. Здавалася, цячэ нястрымная рака, і голас ейны ўсё мацнее, набліжаецца. Вось загрымелі крокі, крыкі, заляскацела жалеза, вострае святло паходняў убілася ў падзямельны змрок. Мноства ног затупацела каля дзвярэй інквізітарскай турмы, а неўзабаве і каля камеры, дзе ў напоўзабыцці трызніў Марцін. “Ідуць, каб валачы на допыт”, – падумалася вязням, і кожны папрасіў Бога – толькі не мяне аддай на пакуты.
– Пан Марцін! – данеслася з трывожнага змроку. Крычаў Сцяпан Ляпа.
Вывелі, вынеслі небаракаў з падзямелля, але траіх – за знявагу Святой Тройцы – інквізіцыя не адпусціла. Нічога не маглі зрабіць ні Казіма Медзічы, ні кандат’ер Алані. Адна-адзіная чакала нешчасліўцаў дарога – у полымя.
– Дык чаму, месэр рыцар, не з’явіўся раніцой у баталію? Дзе гуляў? – пагрозліва спытаў кандат’ер у Марціна, але вочы былі вясёлыя, – Ці не казаў я пра ваўкоў і авечачак? Не хацелі аддаваць цябе вельзевулы. Крычалі – на ім чатыры душы і чатыры целы. Ледзьве ўлесціў іх правіцель Медзічы. Выратавала цябе тое, што плывеш на падмогу Канстанцінопалю. Пэўна, падумалі інквізітары, што ўсёроўна не выслізгнеш ад кАры – не яны, дык туркі цябе заб’юць.
Кандат’ер заліўся сытым рогатам, хоць Марціну было не да смеху. Ён моцна абняў Сцяпана Ляпу, сказаў:
– Дзякуй табе, братаніч мой. Каб не ты – быць бы мне попелам шэрым. Век не забуду.
– Панне Зосі дзякуй кажы, – усміхнуўся Ляпа, – Усіх уз’юшыла, на ногі падняла.
– Дзе яна?
– У дзядзькі свайго, Язэпа Ранцэвіча. Там цябе чакае.
– Хачу ўбачыць яе, – горача прамовіў Жабыка-Жэмба, – Але на мне такія транты..., – Ён гідліва паварушыў плячыма.
– І яшчэ, Сцяпан... Дзе мая шпага? Жабыкі-Жэмбы без шпагі, як салаўі без песні.
Ляпа развёў рукамі, сказаў, прыцішваючы голас:
– Не ведаю. Напэўна, у гэтых чарнагаловых.
Ківам галавы ён асцярожна паказаў на інквізітараў, якія нешта з імпэтам гаварылі кандат’еру і сакратару Казіма Медзічы Джузепе.
– Вараннё, – толькі й сплюнуў Марцін.
Выручыў, шчодрая душа, кандат’ер Алані. Апрануў з вайсковага абозу, уручыў сваю асабістую шпагу з умовай, што Марцін, палячыўшыся тры дні (не болей!), прыйдзе, нарэшце, служыць у Фларэнтыйскую баталію. З найвялікшай радасцю Жабыка-Жэмба згадзіўся і шчыра-шчыра дзякаваў старому ваяку.
Наняўшы двухколку, паімчаліся да Язэпа Ранцэвіча. Хоць у Марціна смылела скура, балелі косткі, але ў душы прамяніста свяціла сонца, бо шчасліва пазбавіўся магільнага тлену, ехаў да той, якую кахаў, і, наогул, быў тым, пра каго дасціпныя фларэнтыйцы кажуць: ён лоўкі чалавек ,чалавек здольны выцягнуць рукі з любога цеста.
На гранітных ступенях, што вялі ў скрыпторый і дамок, дзе жыў Язэп Ранцэвіч, іх ужо нецярпліва чакала Зося. Была яна вельмі прыгожая і ўсхваляваная.
Марцін з цяжкасцю вылез з двухколкі, але галаву трымаў годна, высока, як і належыць шляхціцу. Схіліў перад Зосяй адно калена, дастаў з кішэні чорную маску аднаго з нападанцаў (наўмысна захаваў да гэтага дня!), накалоў яе на шпагу і кінуў гэтую маску да Зосіных ножак са словамі:
– Пані майго сэрца, табе дарую свой трафей.
Зося Квяцінская ўспыхнула, як макавая кветка, крыкнула:
– Марцін! Радасць мая!
Адразу ж спырхнула са ступеняў, падбегла да Жабыкі-Жэмбы і, задыхнуўшыся ад шчасця, моцна-моцна пацалавала каханага ў самыя вусны.
Марцін быў вельмі задаволены. Вернасці Хрысту, свецкаму этыкету і сямі рыцарскім дабрадзействам (верхавой яздзе, фехтаванню, валоданню дзідай, плаванню, паляванню, гульні ў шашкі, складанню і спяванню вершаў у гонар Дамы сэрца) ён навучаўся, калі служыў пажам-гайдуком у княгіні Ганны, жонкі князя Васіля Фёдаравіча Астрожскага, які быў вялікакняжым намеснікам у горадзе Тураве. І хоць сябры юначых гадоў, такія ж самыя пажы, смяяліся пазней, што больш-менш з усёй навукі яны асвоілі хіба толькі гульню ў шашкі, Марцін не згаджаўся з імі. У душы ён заўсёды лічыў сябе Рыцарам. Вядома, гэта было не французкае або нямецкае рыцарства. Тут больш ішло ад шляхецкай вольніцы, ад казаччыны, што паступова пачынала караніцца ўздоўж Дняпра ў Дзікім Полі. Але галоўнае было тое ж – пакланенне Жанчыне, пакланенне Найсвяцейшай Марыі Панне. Двор княгіні Ганны Астрожскай, сваячкі вялікага князя Вітаўта, часцяком бываў у Варшаве, у Вене, сталіцы “Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі”. Там і натольваў юны Марцін сваю палкую душу святлом прыўкраснага рамантычнага рыцарства. Вось чаму адразу ж, як толькі надарылася магчымасць, ірвануў ён у Еўропу, у Фларэнцыю, а з ім нямала такіх, як ён. Дзеці шляхты і духавенства, купцоў і месцічаў, яны вучыліся ва універсітэтах, у хрысціянскіх акадэміях, служылі мясцовым князям, герцагам і баронам, вастрылі свае шпагі ў бясконцых вялікіх і маленькіх бітвах. І паступова шмат хто з іх пачаў адчуваць сябе часткай нечага цэлага, агульнага. Яны зразумелі – іх родніць, гуртуе іхняя радзіма, Вялікае княства Літоўскае, супольнае Гаспадарства ліцвінаў, русінаў, палешукоў, аўкштайтаў і жамойтаў, што шырока раскінула свае дзяржаўныя крылы ад Балтыйскага мора да чарнаморскіх ліманаў. Яны зразумелі – ёсць у іх нешта адметнае ад маскавітаў, палякаў, крымскіх татараў, лівонскіх рыцараў, рамеяў. Але што? Не варажства, не сармацтва. Тады што?
Так з’явіўся князь Палемон і Ордэн святога Палемона. Свой Энэй, свой бацька новага народу. У чые мроі ўплыў ён упершыню на цудоўным караблі – невядома. Хто акрэсліў на геаграфічнай мапе ягоны легендарны маршрут – таксама невядома. Але ён паўстаў з сіняй імглы, з ледзянога святла нябесных зорак, з шалясцення трывожнага ляснога ветру. І ён павёў іх за сабой, маладых, гарачых. І жрыцай – вясталкай гэтай новай дарогі, новага лёсу была тая, якая толькі што трапятліва цалавала ў вусны Марціна Жабыка-Жэмбу, Зося Еўрапейка.
Яны, палеманісты, дзе-толькі магчыма было, пісаннем і вусным словам расказвалі пра сваю радзіму, шукалі і накіроўвалі туды рукадзельных людзей – будаўнікоў, збройнікаў, гарматнікаў, яны ўсюды гаварылі за Вунію...
– Пан Марцін, Марцінік, дзе ты так доўга быў? – смяялася, гарэзавала Зося, ведучы яго ўверх па лесвіцы, прыціскаючыся да ягонага плячука.
– Я быў там, дзе лісты да Пана Бога пішуць на чалавечай скуры, – строга адказаў Марцін.
– Ух ты! – захоплена здзівілася, зноў пацалавала Марціна Зося Квяцінская, – А з якой прыгажуняю ты, шаноўны Марцінік, сустракаўся каля таверны “Вясёлы легіянер”?
Яна ва ўпор глянула на Жабыку-Жэмбу, і на самым дне зялёных вачэй быў лядок. Марцін аж уздрыгнуў ад такога пытання, азірнуўся, пагразіў Сцяпану Ляпу кулаком.
Язэп Ранцэвіч, бачачы, што пляменніца аж цвіце ад шчасця, вырашыў дадаць у ейную радасць сваю лыжку мёду – паклапаціўся арганізаваць выезд моладзі з Фларэнцыі на прыгарадную вілу Санта-Борджыя. Такую навіну сустрэлі крыкамі захаплення. Ужо каля трыццаці маладзёнаў, паненак і паноў, сабралася каля гасціннага дому Ранцэвіча. Дамовіліся, што кожны да вілы будзе дабірацца самастойна, але, як толькі сонца ўпадзе за небасхіл, усе сыйдуцца на віле каля вогнішча над возерам.
І вось пачарнела, звечарэла, а потым і ўначэла неба, і над цёмнаблакітным прасторным возерам запалала яркае іскрыстае вогнішча. На высокім змайстраваным з мармуровых камянёў і арэхавых прутоў троне сядзела каралева балю Зося Квяцінская. Яна была апранута ў яркаблакітнасрабрыстую накідку, на галаве – рагатая бліскучая карона, у якой ззялі дыяменты і медныя шышкі. Навокал трону кружылася, выгіналася, сцялілася ў імклівым неверагодным танцы паслухмяная здольная на неверагодныя выкрутасы світа.
Усе закрычалі:
– Карабель! Карабель!
Зося згодна махнула рукою ў белай празрыстай пальчатцы:
– Няхай з’явіцца карабель!
І на беразе начнога возера з’явіўся карабель. Ён выплыў з гушчыні цемры, як светлае прамяністае воблака. Два дзесяткі юнакоў, учапіўшыся ў моцныя смаляныя вяроўкі, пацягнулі яго наўкол возера, паставіўшы на платформу з буйнымі металічнымі коламі. Гэта быў грузны ветразнік з высокімі бартамі, з высока ўзнятымі носам і кармой. Масіўную мачту са згорнутым на рэі ветразем утрымлівалі з усіх бакоў ванты. На марсе быў умацаваны кошык (вароняе гняздо) для назіральнікаў за морам. На флагштоку ўзвіваўся вымпел з доўгім вузкім палотнішчам, з якога весела крыўлялася галава блазна. Да кармы быў падвешаны якар. Дэльфіна, русалку і вялікую рыбіну намаляваў мастак на бартах. Гэта быў “карабель дурняў”, як называлася гэта дзейства ў тыя часы. Шасцёра “марскіх ваўкоў” апранулі касцюмы неапалітанскіх разбойнікаў. Двое граблі доўгімі вёсламі. Адзін караскаўся па вераўчанай лесвіцы да дазорцы, які сядзеў у цесным “варонім гняздзе”, а той рыхтаваўся ўдарыць яго па галаве свіным пухіром. Жарты, малады гарачы смех несліся над возерам. Марцін глядзеў на ўсё гэта, і не верыў вачам – думаў, што спіць, а, калі прачнецца, зноў абкружаць яго турэмныя змрочныя сцены. Але паступова весялосць брала яго ў сваю абладу. І ён разам з усімі, напружваючы жылле, цягнуў па пяску карабель, спатыкаўся, рагатаў на поўны голас, змахваў даланёю з твару пот, хоць яшчэ смылела скура ад інквізітарскіх бізуноў. І ўвесь час з замілаваннем пазіраў у той бок, дзе ў залатым водсвеце вогнішча сядзела на троне Зося Квяцінская. На цэлай зямлі не было яму зараз бліжэй і радней істоты.
– Пан Марцін! – крыкнула яму здалёк Зося, – Не ўлягай надта ў конскую справу, паберажыся! Лепш ідзі сюды!
Ён адразу ж падыйшоў да яе. Яна са свайго трону ўсміхалася яму пяшчотна і таямніча. “Як добра, што яна ёсць на свеце, – расчулена думаў Марцін, – Я кахаю яе. Толькі загадай яна, і я аддам за яе жыццё”.
Нарэшце карабель, “абплыўшы” возера, прыпыніўся насупраць трона каралевы балю. Разгарачаная моладзь чакала новых распараджэнняў.
– Лаўровы вянок таму, хто лепш за ўсіх праспявае песню! – абвясціла Зося.
Загучалі віёлы, арфы. Паляцелі да начных зорак прыгожыя звонкія галасы. Перамог і атрымаў лаўровы вянок Іван Маладзей, чарнавусы весялун з Вільні.
– Вянок з ружаў – самаму спрытнаму і адважнаму фехтавальшчыку! – крыкнула Зося.
Сталі кругам, узяўшы ў рукі запаленыя паходні. З вышыні трона Зося ўручала байцам шпагі. Яны салютавалі каралеве і кідаліся ў двубой. Металічны пошчак віхурыўся над заціхлым возерам. Ніхто не хацеў казацца слабаком. Кальба ішла да першай крыві. Вялізны букет яркіх венецыянскіх ружаў дастаўся Станіславу Катовічу, менчуку.
І тут прагучаў ашаламляльны загад.
– Я пацалую таго, хто пацалуе Месяц, – расцягваючы словы, гучна прамовіла Зося Квяцінская. І ўзняла галаву і паказала тонкім пальчыкам у неба. І ўсе паглядзелі туды. Вечны нябесны човен плыў над зямлёй, ззяў, свяціўся, пазіраў са сваёй недасяжнасці на гарады і краіны, на людзей. Ён, вядома ж, бачыў зверху і гэтае возера, і купку моладзі, і чырвоную кропельку вогнішча.
Накацілася цішыня. Надта нечаканым аказаўся загад каралевы. Некаторыя (асабліва дзяўчаты) адчулі, як уплывае ў душу халоднае раздражненне. Бач ты яе – чаго захацела!
– Ну? – у голасе ў Зосі віравалі капрызлівыя смяшынкі, – Няўжо паміж шаноўнага панства няма адважных? Хто ж пацалуе Месяц?
– Я, – прагучала раптам у густой цішыні.
Усе павярнулі галовы на голас.
– Я, – паўтарыў Марцін Жабыка-Жэмба і чамусьці пачаў здымаць з сябе кашулю. Перад ім расступіліся. Ён нетаропка, парыпваючы пяском, пакіраваўся да возера, увайшоў у чорнаблакітную ваду, паплыў. Вада развальвалася следам за ім на дзве бліскучыя чорнасрэбныя скібіны. Чуўся трэск вогнішча.
Амаль на сярэдзіне возера Марцін падплыў да зіхоткага адлюстроўка Месяца ў цёмнай вадзе, пацалаваў яго і пераможна ўскінуў угору рукі. Цішыня разламалася, рассЫпалася крыкамі захаплення. Зося кумільгом саслізгнула са свайго трона, шумна распырскваючы ваду пабегла да Жабыкі-Жэмбы, кінулася яму на шыю і пачала горача цалаваць.
– Які ты разумны... Які ты добры..., – шаптала яна, – Кахаю цябе, Марцінка.
– І я... І я кахаю, – цалуючы мяккія вусны, адказваў Марцін.
Потым па ўсім лужку разаслалі, раскаталі кілімы, дываны, паставілі на іх нізенькія мармуровыя столікі. Слугі прынеслі печаную з яблыкамі дзічыну ў гліняных гаршках, чырвоную і белую рыбу, залітых смятанай гусей і качак, чорных духмяных мідый у цвёрдых касцяных ракаўках. Пілі фалернскае і кіпрскае віно, настойкі з высакагорных лугавых траў, у якіх быў распушчаны перацёрты мак. Трохі пазней на століках з’явіліся арэхі і вінаград, сушаныя дыні, сакавітыя яркачырвоныя скрылі кавуноў. Сядзелі на падушках, а хто й проста на траве. Хоць час быў не святочны, не карнавальны, але шмат хто схаваў твар свой пад маскай. Былі тут і аркадскія пастухі з пастУшкамі, і грозны Марс з чырвоным шчытом, і кентаўр, і паранены з залітай крывёю грудзінай гладыятар. Трымалі ў руках маленькія гліняныя свяцільнічкі, дзе варушыліся залатыя пялёсткі агеньчыкаў. Калі ў каго пад парывам ветру свяцільнічак тух, адразу з усіх бакоў цягнуліся сяброўскія рукі – запалі ад майго, дай жыццё агню.
Святкаваць рашылі ўсю ноч, да самай раніцы, да маладога сонца. Дзеля такой ночы, дзеля доўгачаканай сустрэчы з землякамі з’ехаліся з Багеміі і Венецыі, з Папскай вобласці і Неапалітанскага каралеўства. Іх яднала агульнасць радзімы – Вялікае княства Літоўскае; агульнасць лёсаў і душэўных парыванняў, агульнасць веры і мовы. Усё гэта, як вада віном, разбаўлялася маладой весялосцю, закаханасцю, надзвычайнай адкрытасцю сэрцаў. Вельмі хутка такіх, як яны, назавуць гуманістамі, людзьмі-апантанцамі. Іх будзе мала, іх заўжды будзе мала, бо яны, як кропелькі-іскрынкі золата ў шэрай земляной народнай масе.
Пілі віно, танцавалі, цалаваліся. З цёплага таямнічага змроку, як азёрная хваля, мякка накочвалася песня:
Свяціла ночка агнём-агнём ,
Пляла вяночкі шаўком-шаўком ...
Пад такія словы пад срэбназорным італійскім небам добра ўспаміналіся Свіслач і Дняпро, Ясельда і Шчара.
Калі вечарына дасягнула найвышэйшага імпэту, чалавек пятнаццаць ціха выслізгнулі з вясёлага шумнага натоўпу, прайшлі ў грот, прасторны, доўгі, абвіты вінаграднай лазой. Тут былі Язэп Ранцэвіч, Зося Еўрапейка, Марцін, Станіслаў Катовіч, браты Адам і Пётр Усакоўскія з Трокаў, Гэля Сініцкая з Барысава, пінчук Мікалай Антушэвіч, Карпей Блусь з-пад Гародні, сын віцебскага купца Ян Карсакоў...
У глыбіні гроту, у зацемненай яго палавіне з круглых рознакаляровых камянёў клапатлівыя рукі выклалі алтар. Збоку ад алтара на ўзвышэнні трапяталася пасма агню, быццам дыхала сама вечнасць .
Усе апранулі доўгія шэрыя плашчы з капюшонамі, трымалі ў руках свечкі. Усе ўкленчылі, апусцілі вочы долу. Браты Усакоўскія сталі каля алтара, запалілі свечкі, імпэтна заспявалі:
Іржэ за ваколіцай гунскі конь.
Спелыя нівы з’ядае агонь.
Па сіняй вадзе,
Па шэрай вадзе
Нас Палемон вядзе.
Ёсць ветразь у небе. І ёсць вясло.
Ўздымаецца хваляў празрыстае шкло.
Паклонімся, брацці, сядзібам старым.
Збудуем наш Новы Рым.
Шукай сваю долю, адважны народ.
Кіруй свае лоддзі на сонечны Ўсход.
Там кветка-шыпшына ў лясах цвіце.
Там наша Айчына ўзрасце.
Апошнія словы песні-гімну падхапілі ўсе. Натхнёна блішчалі вочы. Твары свяціліся з-пад капюшонаў. Аднамыснікі (а яны ўсе былі аднамыснікамі) пачалі абдымацца, цалавацца, клясціся ў вечнай вернасці. Пасля такой арацыі сэрцы біліся зладжана і шчыра.
Невысокі ростам сухарлявы чалавек у шэрым, як усе, плашчы падыйшоў да алтара. Там ён рэзкім рухам галавы скінуў капюшон, і ўсе ціхенька ахнулі, бо ўбачылі ярка-чырвоную жахлівую маску – з двух бакоў люта шчэрылася іклатая ваўчыная пыса. Чалавек-воўк, адчыніўшы невялічкія дзверцы, дастаў з алтара мадэль карабля-ветразніка, узняў яе над галавой.
– Човен Палемона... Човен святога Палемона..., – прашалясцела між прысутнымі. Словы прамаўляліся з найглыбейшай пашанотай. Усе, малітоўна скрыжаваўшы на грудзях рукі, пачалі апантана кланяцца.
Чалавек-воўк счакаў колькі часу, пакуль прайшло ўсеагульнае ўзбуджэнне, потым паставіў мадэль карабля на алтар, зняў маску. Гэта быў Язэп Ранцэвіч.
– Палемон! Наш Палемон! – пакацілася пад зялёнымі скляпеннямі гроту. Падалося, радасней і святлей запалалі свечкі. Усе ўсталі з каленяў, абкружылі Ранцэвіча, нешта казалі яму, усміхаліся, і было відно, што ён не прыдуманы маладой фантазіяй бажок, не суровы жрэц, а добры старэйшы па ўзросце сябра, клапатлівы настаўнік.
– Дзякуй усім вам, што прыйшлі і прыехалі сюды, – зычна і ўсхвалявана сказаў Ранцэвіч, – Дзякуй, што ў мітусні жыццёвай не забылі пра Палемона, пра нашу мілую радзіму, нашу бацькаўшчыну – Вялікае княства. Навучаў мяне калісьці дзед мой: “Не заглыбляйся дужа ў мроі – можаш не вынырнуць, не выплысці адтуль”. Няхай гэтага баяцца філосафы-мысляры, але вам, юнакам і юніцам, трэба марыць, трэба смялей глядзець уперад, каб з вераю Хрыстовай і любоўю крочыць па дарозе жыцця. Бітага, пралітага і пражытага назад не вернеш. Ды ў вас усё толькі пачынаецца. І я зайздрошчу вам. Я, Язэп Ранцэвіч, вам зайздрошчу. А зараз Іван Маладзей раскажа нам пра бітву пад Варнай, пра сканчэнне апошняй крыжовай выправы 1444 року.
– Я быў пад Варнаю, – хвалюючыся пачаў гаворку Маладзей, калі ўсе расселіся на лавах расстаўленых уздоўж сценаў гроту і ўважліва пачалі яго слухаць, – Са сваім стрыем Андрэем мы з Вільні пайшлі на службу да караля польскага і вугорскага Уладыслава Ягелончыка. Адважны быў кароль, але дужа гарачы. Павёў нас на янычараў султана Мурада пад горад Варну. Абяцаў, што венецыянскі дож нам дапаможа – зачыніць сваім флотам пралівы і не пусціць туркаў у Балгарыю. Ды дож, пэўна ж, праспаў, бо ні карабліка мы не ўбачылі, а туркі лезлі і лезлі, як саранча. Белы дзень пацямнеў ад іх. Толькі сто крокаў было між намі. Янычары білі й білі з лукаў. Мы, каб неяк уратавацца, ставілі частаколы, і з-за гэтых частаколаў багемцы і немцы, саюзнікі нашы, стралялі з аркебузаў. Дым клубамі ляцеў. Вушы заклала ад грому. Тут майго стрыя і знайшла страла турэцкая. Схапіў я яго на рукі, кроў хвошча, а тут чую крычаць: “Караля Ўласлу забілі!”. Усе пабеглі. Ну й я пабег, – ён вінавата зірнуў на ўсіх, – І стрыя Андрэя не змог вынесці. Толькі ўбачыў як янычар наступіў яму на грудзі. Сніцца ён мне.
Павісла маўчанне, бо ніхто не ведаў, што казаць. Усе глядзелі на Язэпа Ранцэвіча. Ён пацёр рукою лоб, нахмурыўся.
– Мог бы нам што-небудзь й весялейшае расказаць, пан Іван. Але так было. Так было. А хавацца ад праўды не выпадае.
– А што калі туркі прыдуць сюды і захопяць Рым з Фларэнцыяй? – спалохана спытала раптам Гэля Сініцкая, чарнявая далікатная паненка.
– Ну, панна Гэлечка, нас, мужчын, яны ўкароцяць у адным месцы, а ты паселішся ў султанавым сералі, – не дужа гжэчна хмыкнуў адзін з братоў Усакоўскіх. Засмяяліся, хоць і не ўсе.
Але маладосць брала верх, чорныя думкі адплывалі. Зноў пачуліся выбухі смеху, зазвінелі віёлы і арфы.
– Пойдзем на возера, – шапнула Зося Марціну.
На дыбачках, стараючыся быць незаўважанымі, яны пракраліся з тыльнага боку гроту да травяністай расянай сцежкі, што вяла ў начную цемру. Там, абняўшыся, пайшлі пад месячна-зорнай аркай ночы. І быццам апынуліся ў райскім садзе. Купы велічных дрэў, круглыя, падрэзаныя чалавечай рукой кусты-шарЫ, сакавітыя лужкі, залітыя асляпляльным месячным святлом, няўтомныя шурпатыя галасы цыкадаў, – усё пульсавала таямнічым непадуладным чалавеку жыццём. Здавалася, пільней прыгледзься, і ўбачыш срэбныя зіхоткія раі грацый, што звабліва і прывідна танцуюць пад незямную музыку, кружацца, карагодзяцца, перапырхваюць з кветкі на кветку, з дрэва на дрэва, з воблака на суседняе воблака... Усё было празрыстае, туманістае, халаднаватае, нібы з лёду акуляры начапілі на вочы.
Са змроку выплыла возера, як пасівелае ад часу палатно старадаўняга мастака. Шчупальцы блакітных хваляў напаўзалі на пясок, абмацвалі бераг. Марцін з Зосяю знайшлі старую тоўстую вярбу, ствол якой навісаў над азёрнай вадой, як ложа, селі, злілі вусны ў пацалунку. Потым, абняўшыся, ляглі на цёплы, такі ўтульны ствол... Знізу шумела падсветленая месячнымі промнямі вада, зверху і з бакоў лагодна шамацелі доўгія гнуткія галіны вярбы. Неба не было бачна, але востра адчувалася ягоная прысутнасць. Чуліся пацалункі, чулася гарачае дыханне юнака і дзяўчыны...
Пазайздросцім ім !
Колькасць прачытаўшых: 909 Колькасць вогдукаў: 0