Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка IV.

IV

Ішоў 1452 год... У Масковіі гэта было лета 6960 ад стварэння свету. У народаў, якія сталі пад зялёны сцяг Прарока, скарыліся мусульманскаму паўмесяцу, адзначаўся 830 год хіджры – перасялення Мухамеда і ягоных прыхільнікаў з Мекі ў Медыну. Праз год скончыцца стогадовая вайна Англіі і Францыі, самая доўгая вайна ў Еўропе. Англічане на кантыненце змаглі захаваць пад сваёй уладай толькі горад-порт Кале. Францыя, выгнаўшы коштам найвялікшых ахвяраў са сваіх земляў захопнікаў (успомнім іскры вогнішча, на якім згарэла Жанна д’Арк!), цэнтралізавалася, узмацнела і пачне нараджаць “каралёў-сонцаў”. Хоць, як дзяржава, наогул магла не адбыцца, бо на яе месца на карце Еўропы актыўна і небезпаспяхова прэтэндавала Бургундыя. Але няўрымслівы ейны герцаг Карл Смелы загінуў у баі, а з ім загінула й Бургундыя, захаваўшы свой назоў хіба толькі ў марцы славутага віна. Немцы аб’ядналіся ў “Свяшчэнную Рымскую імперыю германскай нацыі” (немцы па складу свайго менталітэту чамусьці вельмі любяць слова “свяшчэнная”), ды гэта быў няўтоптаны, абы як скіданы стог рамантычнага сена, у якім кожны курфюст і курфюсцік пачуваў сябе самім Атонам Першым, стваральнікам імперыі. Італьянскі “боцік” быў парэзаны на шматкі, да Гарыбальдзі было яшчэ ой як далёка. На Пірэнейскім паўвостраве маўры-мусульмане з усіх сілаў учапіліся ў апошні кавалачак іспанскай зямлі – Гранадскі эмірат. Але рэканкіста (адваёва) няўмольна накочвалася й сюды. Затое на паўднёвым усходзе Еўропы, у Грэцыі і на Балканах, ужо ва ўсю гаспадарылі мусульмане туркі-асманы і ўсё тужэй зацягвалі султанаў шнурок на горле сталіцы Візантыйскай імперыі Канстанцінопаля. Рускія (у той час іх ведалі пад словам “маскавіты”) пасля “Батыева пагрому” здолелі захаваць Наўгародскую і Пскоўскую купецкія рэспублікі, чатыры вялікія княствы – Уладзіміра-Суздальскае, Маскоўскае, Разанскае і Цверскае, і з дзесятак дробненькіх удзельных княстваў. Усе яны былі даннікамі татара-мангольскай Залатой Арды. Кожны князь браў у залатаардынскага хана (князі называлі яго “Царём”, сябе “холопами вольного Царя”, а свае княствы яго “улусами”) ярлык на сваё княжанне. Вось, да прыкладу, як у чалабітнай грамаце хану прасілі маскавіты гэты ярлык: “Наш государь, князь великий Василий, ишет стола своего, великого княжения, а твоего улуса по твоему царевому жалованию”. За кожным крокам князёў пільна сачылі ханскія прадстаўнікі баскакі. Вельмі сімвалічна, што на цюркскай мове слова баскак азначае – давіцель (!). З цягам часу ардынцы так узганарыліся, так апанелі, што перасталі прысылаць баскакаў. Маскоўскі князь, атрымаўшы ярлык на вялікакняжы сталец, сам, па сутнасці, зрабіўся баскакам, сам збіраў са сваіх аднапляменнікаў даніну, сам яе выбіваў, гэта значыць, спальваў вёскі і баярскія сядзібы, сек людзям галовы, і сам вёз даніну ў Сарай, сталіцу сваіх уладароў. Характэрна, што маскоўская праваслаўная царква была поўнасцю вызвалена ад падаткаў. Цікава, за каго яна ў тыя часіны малілася перад Богам?

Але паступова Залатая Арда пачала развальвацца на часткі – на Сінюю Арду, Вялікую, на Крымскае, Астраханскае, Казанскае, Сібірскае ханствы... Мангольскія коні пабеглі назад у свае далёкія пустыні і стэпы.

І тут мы непасрэдна падступаемся да нашых палесцінаў – да Вялікага княства Літоўскага. Па сваіх памерах у той час яно было буйнейшай дзяржавай Еўропы (!), ад Балтыйскага мора да Чорнага. Калі сумняваецеся, гляньце на тагачасныя карты-мапы. Іншая справа, што гэта было даволі рыхлае дзяржаўнае ўтварэнне – мясцовыя князі, нашчадкі Рурыкавічаў і Гедымінавічаў, трымалі свае княствы-удзелы і толькі падчас надзвычайнай замятні (вайны, паўстання) ішлі пад сцяг вялікага князя. Вялікія князі (гаспадары) былі славянабалтамі. Славянскія ліцвіны (палачане – менчукі) і балцкія аўкштайты стварылі парадзілі Літву, якая затым пашырылася Жамойцю і Падляшшам, Валыньню і Кіеўшчынай, Смаленшчынай і Браншчынай. Насельнікі гэтага цудоўнага краю самі сябе называлі ліцвінамі, такое ж імя мелі яны і ў суседзяў. Зазначым, каб болей не паўтарацца, што сённяшняя Летува – гэта не тагачасная Літва, гэта толькі маленькі кавалачак таго цудоўнага залатога сасуду. І таксама зазначым, каб болей не паўтарацца, што нашыя продкі ўвялі ў назоў свайго Гаспадарства слова “Рускае” дзеля таго, каб правесці цвёрдую рысу і даць адпор Маскоўшчыне, якая пасля выбаўлення з татарскай няволі адразу ж пачала прэтэндаваць на іхнія землі, быццам толькі адной ёй уручыў Бог патэнт на ўсё праваслаўнае і рускае. Цяжка было ахоўваць ад пастаянных варожых нападаў такую велізарную тэрыторыю. Крымскія (перакопскія) татары, лівонскія рыцары, крыху пазней – маскавіты, хто толькі не нёс меч і агонь на гэтыя землі. І вельмі разумнымі, заканамернымі вынікаюць у сувязі з такой напружанай гістарычнай сітуацыяй вуніі ВКЛ з Польскім каралеўствам – Крэўская, Віленская, Гарадзельская... Яны ратавалі ад згубы як Княства, так і Карону, бо Польшча таксама задыхалася ад няўхільнай нямецкай экспансіі з Захаду і ад крывавых спусташальных набегаў стэпавікоў з Поўдню. Можна меркаваць, што, помсцячы за Грунвальд, “Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі” паставіла сваёй стратэгічнай задачай знішчэнне Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства. Неўзабаве немцы атрымаюць верных саюзнікаў у асобе Вялікага княства Маскоўскага, князі і народы якога пакуль што пакорлівыя рабы ардынцаў. Хутка яны, маскавіты, акрэпнуць, скінуць ардынскае ярмо і адразу ж (!) пойдуць лютай вайной на Вялікае княства Літоўскае пад сцягам “собирания русских отчинных (?!) земель, защиты православных христиан, которые впали в латинство (?)”. Заўважце, не на Усход пойдуць, каб дабіваць кавалкі і кавалачкі Арды. На Ўсходзе няма ўзараных ўрадлівых земляў і сялян хлебаробаў. Пойдуць на Кіеў, Полацк і Магілёў, каб гнаць адтуль, як жывёлу, тысячы й тысячы мужыкоў у свае падмаскоўныя вотчыны.

Вось чаму й стварыла моладзь Вялікага княства Літоўскага “Ордэн святога Палемона” і падтрымала Фларэнтыйскую вунію. Гэта была рамантычная спроба заявіць на ўсю Еўропу аб сваёй хрысціянскай дзяржаве, мець права на сваю зямлю і на сваю гісторыю, сваю веру і мову, кіраваць сваім лёсам, абараніць родныя бацькоўскія сядзібы... Ішоў 1452 год... У Вялікім княстве Літоўскім княжыў Казімір IV Ягайлавіч (Ягелончык). У Фларэнцыі маладыя палеманісты рыхтаваліся плысці ў складзе папскага вайсковага атраду на дапамогу Канстанцінопалю.

...Цякла ноч. Марцін і Зося святкавалі сваё спатканне ў яе срэбных абдымках. Намілаваўшыся, асцярожна спусціліся з вярбы на зямлю, селі, прысланіўшыся спінамі да шурпатага камля, пачалі глядзець у неба.

– Калі я гляджу на зоркі, мне здаецца, што там, на зорках, мая радзіма і што некалі я туды вярнуся, – прашаптала Зося, паклаўшы русую галаву на Марцінаў плячук.

– Мы вернемся туды разам, – пяшчотна пацалаваў яе Марцін, – Анёлы занясуць нас туды.

Яны змоўклі. Яны, зліўшыся ў адну істоту, сядзелі і прыслухоўваліся да цёплай летняй зямлі і да зорак. Здавалася, зоркі звіняць, як малюсенькія залатыя званочкі. Гэты гук ішоў адтуль, з бясконцага шчыльнага нябеснага блакіту, з неймаверных вышыняў, якія нават немагчыма ўявіць. Відовішча густых начных недасяжных зорак магло нават напалохаць. Ды яны, маладыя хрысціянін і хрысціянка, ведалі і цвёрда верылі, што там, у недасяжнасці, жывуць, чакаюць іх іхнія памерлыя родзічы і сябры. У белых адзежах, з яркімі вясновымі вянкамі на галовах, з усмешкамі на такіх родных тварах стаяць яны на берагах рэк і азёраў, на вяршынях узгоркаў, узняўшы рукі, і неадрыўна пазіраюць у неба. О, якая гэта будзе Сустрэча!

Марцін глядзеў то на нябёсы, то на сваю юную сяброўку. Зорнае святло пАдала ёй на шчокі, на валасы і вусны, і ўся яна была мільготкая, пералівістая, таямніча-светлая, як лясны ручай. Здавалася, што вось-вось яна знікне, растане, растворыцца ў гэтай звонкай напятай срэбнай цішыні, і ён, баючыся страціць яе, шчыльней гарнуўся да гнуткага, як вінаградная лаза, дзявочага стану, моцна абдымаў плечы.

Сябры і знаёмыя называлі яе – Еўрапейка. Адкуль узялося такое незвычайнае імя? Палачанка, яна толькі дзіцем пажыла з бацькамі на радзіме, а затым, пасля іхняй смерці, разам са сваім дзядзькам Язэпам Ранцэвічам прыплыла па бурлівым Балтыйскім моры у Еўропу, прайшла-праехала праз Любек, Лейпцыг, Тыроль і Ферару да Фларэнцыі, трывала пусціла карэньчыкі ў гэтым бліскучым горадзе філосафаў, паэтаў, мастакоў, рыцараў, банкіраў і чомпі. Вольнае паветра цудоўнай Фларэнцыі зрабілася ейным паветрам. Ды недзе ў падсвядомасці, як першая вясновая кропля пад снегавой скарынкай, пульсаваў далёкі родны Полацк. Яна поўнасцю даверылася дзядзьку, калі той усёй душою прыхінуўся да Фларэнтыйскай вуніі, і сама стала вуніяткай. І пачала шукаць, гуртаваць вакол сябе маладых ліцвінаў і ліцвінак, якіх хваля жыцця закінула ў Еўропу. Так нарадзіўся “Ордэн святога Палемона” .

Побач з ёй, такой мілай, вабнай, крохкай, што перавярнула ягонае жыццё, Марцін Жабыка-Жэмба адчуваў сябе надзіва моцным. Ён гатоў быў, як громабойны Зеўс, зараз жа ператварыцца ў быка, пасадзіць яе (Еўропу! Еўрапейку!) сабе на спіну і плысці, плысці ўдалеч... І няхай гэтае ціхае возера зробіцца штармавітым Міжземным морам.

Ён падхапіў Зосю на рукі:

– Пойдзем купацца!

Яны павесілі на вярбу сваё адзенне, узяўшыся за рукі, пабеглі да возера і голыя аддаліся цёплай мяккай вадзе. Два смуглыя целы, адно вялікае, другое маленькае, быццам вытачанае з цвёрдага самшытавага дрэва, свідравалі, рассякалі азёрную глыбіню, то разлётваліся адно ад аднога, уздымаючы срэбныя вострыя барозны хваляў і калючыя зоркі пырскаў, то сплываліся, скручваліся ў пяшчотны непарыўны вузел. Там-сям на возеры апроч іх былі відны купальшчыкі, якія сваім плёскатам, сваімі звонкімі галасамі адганялі ноч.

І вось чырвоныя хуткія воблакі пабеглі над зямлёй, а над возерам і лесам развінулася зара – залатыя крылы раніцы. Узрадаваліся людзі, звяры і птушкі. Кожны спяшаўся аддаць вока сваё сонцу, а дыханне сваё ветру.

Праз колькі часу, абвяшчаючы пачатак сняданку, на цэнтральнай вежы вілы Санта-Борджыа меладычна ўдарыў-загаварыў звон. З усіх бакоў, са спальнага будынку вілы, з лесу, з возера, на лужок, дзе ўжо чакалі накрытыя мармуровыя столікі, весела спяшалася моладзь. Былі садавіна, вінаград, мёд, арэхі, малако, напоі з лясных ягадаў. Віна не было. Шумна дзяліліся начнымі ўражаннямі, хітра ўсміхаючыся, касавурыліся адно на аднога. Потым тут жа на лужку разыгрывалі кароценькія сцэнкі-інтэрмедыі. Браты Усакоўскія, Адам і Пётр, вельмі смешна паказалі, як стары тоўсты купец навучае свайго сына-лайдака сумленнаму дабрачыннаму жыццю. Купец, увесь у бліскучых шарыках поту на тлустых абвіслых шчоках, бегаў за сынам. А той мяўкаў, гаўкаў, кукарэкаў, куляўся цераз галаву. Нарэшце здаўся ўшчэнт зморанаму бацьку – спыніўся, сагнуўся ў крук, пакорліва спусціўшы з клубоў зялёныя панталоны, сказаў:

– Я - маленькі хлопчык. Я яшчэ жыву пад дубцом.

Асвяжыўшы душу смехам, пачалі займацца сур’ёзнымі справамі. Чыталі “Каран”, бо зусім хутка шмат хто павінен быў плысці ў Канстанцінопаль і ваяваць супроць народу, які аб’явіў гэтую кнігу свяшчэннай. Уважліва слухалі, дзяліліся думкамі, спрачаліся. “Каран” захапіў усіх першароднай мудрасцю і страсцю. “Тыя, хто верыў і рабіў добрыя справы, будуць уведзены ў сады, сховішчы вечных насалодаў. Яны знойдуць там чыстых жанчын і вечны цень”. Толькі ў лютай пякельнай звышспякотнай пустыні маглі напісацца, выліцца з сэрца словы пра вечны цень пад вечна бязлітасным сонцам.

Ды нядоўга трывала сур’ёзнасць. Пятрок Усакоўскі ўшчыкнуў Гэлю Сініцкую, прыціснуў да сябе:

– Гэля, пайшлі шукаць вечны цень.

Усе засмяяліся, а Пятрок схапіў ад Гэлі па руках.

Надвячоркам Язэп Ранцэвіч сабраў усіх, хто плыў у Канстанцінопаль. Разам з Марцінам прыйшлі Ян Карсакоў, Іван Маладзей, Мікалай Антушэвіч, Карпей Блусь, браты Усакоўскія, Станіслаў Катовіч, Зося і з дзесятак малавядомых Марціну маладзенькіх шляхцючкоў з Менску і прывіцебскіх ваколіцаў.

– А дзе Сцяпан Ляпа? – азірнуўся па баках Марцін.

Ніхто не ведаў, усе паціснулі плячыма. Цуд дый толькі – так рваўся ў бітву і раптам знік. Хто-кольвек выказаў думку, што можа перабраў віна бедалага і спіць зараз дзе-небудзь у зацішку пад кустом. Але Язэп Ранцэвіч строга прыклаў да вуснаў палец, ківам галавы запрасіў усіх ісці за сабой. Тое, што ўбачылі ў гроце, дужа здзівіла ўсіх. Каля алтару, паныла апусціўшы на грудзі галаву, стаяў Сцяпан Ляпа. Быў ён бледны, напалоханы, згорблены.

– Сцяпан, што ты тут робіш? – спыталася Зося.

У адказ – маўчанне.

– Ліса трапіла ў пастку, – патлумачыў Язэп Ранцэвіч.

Толькі цяпер усе заўважылі, што дзве Сцяпанавы рукі як бы прывязаны да дзверцаў алтара.

– Э, браце, ды ты прыклеіўся, – прысвіснуў Марцін і з непаразуменнем паглядзеў на

Ранцэвіча.

– Угадаў, пан Марцін, – весела засмяяўся той, – Гэта вельмі-вельмі моцны клей. У Афрыцы ім ловяць малпаў і папугаяў, якія крадуць у гаспадароў плантацый какосавыя арэхі і бананы. На ноч густа змазваюць ствол, і – бачыце...

Ён паказаў на Сцяпана Ляпу.

– Клей гэты робяць змешваючы вулканічны попел, самародны чорны асфальт, сок расліны агайя-гайя са слановым памётам. Як бачыце, нядрэнны атрымаўся кляёк.

– Але што тут адбылося? – дзівілася, не разумела Еўрапейка.

– Ён хацеў украсці нашу святыню, залаты карабель Палемона, – пачаў тлумачыць Язэп Ранцэвіч, – Толькі добрыя людзі папярэдзілі нас, і мы падрыхтаваліся. Скажу болей – сваю чорную справу ён рабіў па загадзе інквізіцыі, потайна, крывадушна, бо даўно служыў ёй.

– Служыў інквізіцыі? – Марцін Жабыка-Жэмба гнеўна сціснуў кулакі, гарою пачаў насоўвацца на Сцяпана Ляпу. Той дробненька калаціўся ўсім целам.

– Служыў, – адказаў за анямелага Ляпу Ранцэвіч, – Ён нават даўно ведае Філамену.

Ці няпраўда, Сцяпан?

Ляпа маўчаў.

– Філамена твая сяброўка? – Марцін схапіў Сцяпана загрудкі, – Кажы! Ты навёў на мяне інквізітараў? Ты, якога я лічыў ледзь не братам сваім? Ты аддаў мяне ў інквізітарскія цянёты? Кажы, або я засуну твой нос у тое месца, на якім ты звычайна сядзіш!

– Я хацеў купіць маёнтачак пад Воршай. У мяне хворы бацька, а маці памерла, – праз сілу выдавіў з сябе Ляпа. Вочы ягоныя ад вялікага жаху пачыналі шклянець, як у мерцвяка.

Усе адварочваліся ад яго, выходзілі з цёмнага гроту пад ранішняе зыркае сонца. Усе маўчалі, пераварваючы ў сабе пабачанае. Чамусьці было няёмка глядзець адно адному ў вочы.

– А рукі не адклеіліся, – задаволена сказаў Язэп Ранцэвіч, – Каб ададраць гэты клей патрэбна гарачае казінае малако змяшаць з мёдам, усыпаць туды тоўчаную крэйду... Але што гэта я выдаю таямніцу?

– Дазвольце, я адсяку яму гэтыя д’яблавы клешні, – раптам горача выдыхнуў Ян Карсакоў. Ранцэвіч уважліва зірнуў на яго, не прамовіў ні слова.

Вырашылі, што праз сядміцу атрад у дваццаць пяць чалавек выступіць у Фларэнцыю, каб уліцца ў баталію кандат’ера Алані. Камандзірам атраду быў, вядома ж, Марцін Жабыка-Жэмба. Яго ж абралі на час паходу пад Канстанцінопаль новым Палемонам, бо Язэп Ранцэвіч заставаўся ў Італіі. Адразу ўсе разышліся-раз’ехаліся, каб тэрмінова рыхтаваць амуніцыю і зброю. Сцяпана Ляпу павезлі ў гарадскую міліцыю правіцеля Медзічы. На віле засталіся Ранцэвіч, Марцін, Зося і некалькі служкаў.

– Ну вось і для нас надыходзіць часіна развітання, – дрогкім голасам прамовіў Язэп Ранцэвіч, калі ўладкаваўшы ўсе справы, селі на каменную нагрэтую сонцам лаўку на азёрным беразе, – Глядзіце, дзеці, беражыце адно аднога. Кожны з нас гаспадар свайго лёсу, але гаспадар усіх лёсаў – Бог. Ні на імгненне не забывайцеся пра гэта. Пачынаючы і канчаючы кожны дзень, кожную справу, паўсюдна тварыце святую малітву. Яна, як шчыт, будзе ахоўваць вас. Марцін, – звярнуўся ён да Жабыкі-Жэмбы, – Пад тваю рыцарскую апеку аддаю Зосю. Яна як дачка мне. Яна – сэрца маё. Я памру, калі загіне гэтае сэрца. Ты разумееш мяне, Марцін?

Ён не ўгаворваў Зосю не плысці, застацца ў Фларэнцыі. Ён ведаў – нельга спыніць птушку ў вольным палёце яе.

Жабыка-Жэмба пабляднеў, перасмыкнуў пасушэлымі вуснамі, стаў на калені:

– Яна й маё сэрца, пан Язэп. Клянуся найсвяцейшай панне Марыі, клянуся вам, што зберагу Зосю, памру, але зберагу.

Еўрапейка, якая ўвесь час сядзела моўчкі, парывіста ўсхапілася, моцна-моцна пацалавала ў вусны спачатку дзядзьку, потым каханага. Зялёныя вочы свяціліся радасцю і любоўю.

– Дзеці мае, вас, калі захочыце, чакае яшчэ адна дарога, адно падарожжа, – павесялелым голасам сказаў Ранцэвіч, – Для сябе я бярог гэта. Ды, бачу, не мне, старому і злому, замахвацца на такую справу. Тут патрэбна маладая й чыстая душа, моцныя ногі і сэрцы, вялікае жаданне. Як у вас. Але нейкая часцінка маёй душы таксама пабывае там.

– Дзядзечка, шапні хоць на вушка што ты надумаў, – лісліва і гарэзліва зашчабятала Зося. Яна была падобная на маленькую дзяўчынку, перад якой толькі пачала разгортвацца першая старонка жыцця. Ой як няўцерпна-цікава было ёй хоць крайком вока глянуць на гэтую старонку.

Ранцэвіч вагаўся – адкрываць таямніцу або не. Раптам ён зразумеў, што хоча ўцягнуць іх у занадта небяспечную рызыковую справу, падштурхнуць туды, адкуль, магчыма, няма зваротнай дарогі. Яны ж могуць не згадзіцца. Ды яны й не згодзяцца. Навошта ім, маладзёнам, у якіх па-вясноваму грае кроў, радасныя вочы ў якіх нібы злучаны нябачнай ніткай, ягоная старэчая задума? Ён застыў у няўпэўненым одуме, не ведаў, што сказаць, куды павярнуць размову.

Зося рашуча ўварвалася ў ягоную разгубленасць:

– Дзядзька Язэп, хутчэй кажы, што нам рабіць!

І Ранцэвіч перайшоў Рубікон.

– Калі я працаваў у Фларэнтыйскай бібліятэцы, трапілася мне на вока дужа старадаўняя, цяжкая, абабітая на вокладцы ўзорыстымі меднымі палосамі, кніга. Я пачаў паціху чытаць яе. Па мове гэта была, як быццам, латынь, але з густым дамешкам паўднёваітальянскіх дыялектаў. Я прадзіраўся праз гэтую незвычайную мову, як праз калючы хмызняк. Не раз і не два хацеў кінуць пакутлівае чытанне. Але дацярпеў, дабраўся такі да сутнасці.

– І што ж вы вычыталі? – загарэўся Марцін.

– Гэта быў манускрыпт алхіміка з Неапалю Алясандра Ракеці. Ён, Ракеці, як і ўсе алхімікі, усё сваё доўгае жыццё шукаў “філасофскі камень”, а з ім і чалавечае бяссмерце. Заадно ж, калі пашанцуе, меркаваў ператварыць жалеза і нават палявы шпат у золата. Хацеў зрабіцца Крэзам. Камень, урэшце рэшт, не знайшоў, золата ў куфэрак не натаптаў, але натрапіў, як сам піша, на нейкае “дзіва”.

Марцін і Зося перасталі дыхаць, нецярпліва пазіралі на Ранцэвіча.

– Ён родам з Неапалю, а там, як вы, напэўна ж ведаеце, зусім побач гара Везувій, вулкан. Гэты вулкан даўным даўно засЫпаў гарачай лаваю рымскія гарады Пампеі і Геранкулум, знішчыў усё жывое. І вось, шукаючы “філасофскі камень”, Алясандра Ракеці надумаў пакапацца ў той застылай, ужо цвёрдай лаве, пад якой, як ён думаў, ляжаць старадаўнія Пампеі. Падабраў зручнае месца, памаліўся Богу і пачаў капаць. Глыбока закапаўся, толькі кружок неба над галавой сінеў, пот засольваў вочы, і раптам усё тое, што ён выкінуў рыдлёўкай на паверхню, са страшным гулам абрушылася на яго. “Мяне падпільнаваў, схапіў у свае кіпцюры д’ябал” піша Ракеці. Ён думаў, што ўжо памёр, і пачаў шаптаць святую адыходную малітву. Але жыццё не пакідала яго. І тады ён з усіх сілаў пачаў круціцца, быццам ваўчок, усвідроўвацца ў тую “свяшчэнную” (як піша алхімік) лаву і ўвесь час чамусьці думаў пра свайго прадзеда Чэзарыё, што за цемрай часу сябраваў з самім Дантэ. І выжыў! І апынуўся, ведаеце, дзе?

– Дзе? – амаль крыкнула Зося.

– У свайго прадзеда Чэзарыё, у ягоным вінаградніку. Дужа ж смачнае віно (задаволена ўспамінае Ракеці) пілі яны з прадзедам.

– Але ж прадзед даўно памёр, – здзівілася Еўрапейка.

– Вось-вось, – усміхнуўся Язэп Ранцэвіч, – У гэтым і “дзіва”. Памёр, але піў віно са сваім жывым праўнукам. “Гэтая тысячагадовая лава, гэтая вечная зямля валодае Божай сілаю”, – цвёрда ўверыўся алхімік і раіў тым, хто пачытае ягоную кнігу, самім пераканацца, што ён гаворыць святую праўду, ні кропелькі не хлусіць. Нават збіраўся з тым, хто смелы і хто пажадае, яшчэ раз “закапАцца”. Ды не змог, бо інквізіцыя перабегла дарогу. Я дзіўлюся, як не патрапіла ў агонь разам з алхімікам ягоная кніга.

Ён змоўк.

– І вы хочаце, каб мы прайшлі па слядах Чэзарыё? – ціха спытаў Марцін.

– Я вам толькі расказаў пра кнігу, – сумнымі вачамі паглядзеў на яго Ранцэвіч, – Пра кнігу, якая не згарэла і чамусьці патрапіла ў мае рукі. Як я быў малады, я вельмі хацеў праверыць аповяд старога алхіміка. Не атрымалася. Я, як хрысціянін, хацеў бы глянуць у той дзень калі наша вера, наша рэлігія перамагла, калі яна звіла сваё святое гняздо ў людскіх душах. Я хацеў бы нейкім духоўным ланцужком злучыць тое першахрысціянства з сённяшнім хрысціянствам на нашай бацькаўшчыне, у Вялікім княстве Літоўскім. На цэзара Канстанціна Вялікага марыў глянуць я. Не атрымалася, бо я ўжо не той. Я ўжо магу глядзець сухім халодным вокам на чужую бяду. А гэта не па хрысціянску.

У словах святара чулася непрыхаваная шкадоба. І ўбачылася які ён ужо стары, і колер твару ў яго жоўты, стомлены. Зося абняла дзядзьку, пачала супакойваць.

– Мы з Зосяй паспрабуем глянуць у вочы імператару Канстанціну Вялікаму, – сказаў раптам Марцін Жабыка-Жэмба. Словы былі строгімі, рашучымі.

– Марцінік, я ведала, што ты ў мяне самы адважны і самы разумны! – захоплена выгукнула Еўрапейка і кінулася на шыю каханку. Усё, што ні рабіла гэтая дзяўчына, было надзіва шчырае, непасрэднае і непрадказальнае. Як бы дзве істоты жылі ў ёй – сціплая ціхмяная цнатліўка і ваяўнічая амазонка. Зараз перамагала амазонка, і Зося парывіста ўскінула ўгору смуглыя кулачкі:

– Дзядзечка, мы едзем у Пампеі!

– Пампеяў няма. Іх забіў Везувій, – паправіў яе Ранцэвіч.

– Мы едзем туды, дзе няма Пампеяў!

Такі быў час, такія былі людзі – з імгненнай рэакцыяй на дабро і зло, з пастаянным жаданнем некуды ісці, плысці, ехаць, нешта адкрываць, вынаходзіць. Для такіх людзей не існавала межаў ні на зямлі, ні ў часе. Ужо нарадзіўся Хрыстафор Калумб, і яго чакаюць ягоныя каравелы. Яшчэ спаляць у Рыме на Плошчы Кветак Джарджана Бруна. Але нарастае, вырываецца з вязніцаў і путаў энергія пазнання, пошуку, бясконцага шляху. І цікавіць такіх людзей (імя ім – гуманісты) не толькі будучыня, але й усё тое, што не мае голасу, што памерла, зрабілася шэрым халодным тленам...

У Язэпа Ранцэвіча вочы ззялі шчасцем. Ён прытуліў да сябе Марціна і Зосю, расчулена сказаў:

– Хутка вы паплывеце ў Канстанцінопаль на дапамогу імператару Канстанціну Палеалогу. А перад гэтым, калі пажадае Бог, сустрэнецеся з самім Канстанцінам Вялікім. Якая гэта радасць, дзеці! Пачакайце мяне – я зараз нешта прынясу.

Ён узняўся з лаўкі, борздкім крокам пайшоў у грот. Марцін з Зосяю перазірнуліся. Неўзабаве Ранцэвіч вярнуўся, трымаючы ў руках маленькую чырвонага дрэва скрыначку. Расшпіліў-расчыніў яе, дастаў нешта іржава-цёмнае, металічнае.

– Што гэта? – спыталася Зося.

– Гэта нацельны крыж мітрапаліта-пакутніка Герасіма, якога вялікі князь Свідрыгайла спаліў у Віцебску. Калі надарылася тая жахлівая вогненная крада, я стаяў у натоўпе, плакаў і глядзеў на мітрапалітаў твар. Ён быў надзіва светлы, потым па ім пайшла сутарга. Мітрапаліт штосьці крыкнуў, але дым і агонь заглушылі голас. Пасля, як усе разыйшліся, я даў пенязі вартаўніку за дазвол паглядзець на прысак. І знайшоў там гэты крыж. Апаліла яго злое полымя.

Ранцэвіч пагладзіў-пацёр крыжык рукамі, нібы грэў іх. Затым працягнуў яго Зосі:

– Вазьмі і захавай. Для сваіх будучых дзетак захавай. Крыж гэты тваім і іхнім абярэгам будзе. Няхай праз яго вузлуецца памяць пакаленняў.

Еўрапейка пабляднеўшы ўзяла крыжык, пацалавала, прыціснула да сэрца. Прасветлена глянула на дзядзьку. У вачах іскрыліся слёзы.

Доўга не тарасуючыся, ірвануліся ў падарожжа. Усе трое верхам на конях, толькі ў Зосі сядло ніжэйшае і мякчэйшае. Дамовіліся, калі што якое, у Рыме ноймуць для яе двухколку. Кірунак быў такі – ад Фларэнцыі на поўдзень да Рыму, а там па Апіевай дарозе да Неапалю.

– Ave, Санта-Борджыя, – прамовіла Зося, нізка пакланіўшыся віле.

– Чаму развітваешся? – весела гукнуў Марцін, утаймоўваючы гарачага каня, – Яшчэ ж у возеры будзем тут купацца.

– Мы сюды болей ніколі не вернемся, – быццам адхінуўшы фіранку часу, нешта ўбачыўшы там, строга і сумна сказала Зося. Жабыка-Жэмба аж скалануўся ўсім целам, патушыў радасць у вачах. А ягоная сяброўка цвёрдай рукою накіравала ў дарогу каня.

Язэп Ранцэвіч, здавалася, памаладзеў у сядле. Пачуўшы іхнюю размову, бадзёра крыкнуў:

– Не сумуйце, дзеці! Мы яшчэ падкуем нашых коней срэбнымі цвікамі!

Без прыгодаў даехалі да Фларэнцыі, павярнулі на поўдзень, на Рым. Надвор’е было цудоўнае. Паўсюдна, на беласнежных вілах з круглымі прыгожымі калонамі і калонкамі, у апельсінавых, лімонных і яблыневых садах, у маладых абрэзаных вінаградніках, уладарыла ўрачыстая спякота ліпеню. Ранцэвіч з цёплым замілаваннем пазіраў на Зосю і Марціна, прыгожых, юных, закаханых. Яны здаваліся яму Трышчанам ды Іжотаю.

У Рыме каля Капуенскай брамы выехалі на Апіеву дарогу, папярэдне купіўшы ў крамцы жалезніка дзве рыдлёўкі. Конскія капыты зацокалі па гладка абчасаных старадаўніх камянях. Дарога была шырынёю да трох сажняў, на ёй маглі размінуцца дзве калясніцы. Уздоўж яе раслі кіпарысы, пініі, мірты, стаялі мармуровыя скульптуры антычных герояў і багоў, а таксама меліся канаўкі для сцёку дажджавой вады. Кругам кацілася галава, калі пачынаў думаць пра тысячы й тысячы людзей, што стагоддзі таму ішлі і ехалі па гэтай славутай вечнай дарозе.

– Яе пабудаваў рымскі консул Апій Клаўдзій Цэк, – пачаў расказваць сваім маладасведчаным спадарожнікам Язэп Ранцэвіч, – Цэк азначае – Сляпы, бо ад старасці консул аслеп. Ён быў з тых рымлянаў, што шанавалі старыну, даўніну і за яе гатовы былі памерці. Падчас вайны Рыма з царом Пірам, калі цар, каб пазбегнуць разгрому, пачаў дамаўляцца пра перамір’е з рымлянамі, і тыя гатовы былі згадзіцца, Апій загадаў сваім сынам і зяцям аднесці сябе ў насілках на Форум, а затым і ў будынак Сенату. Там ён грозным голасам сказаў: “Пачуўшы маладушныя словы, якія пераціраюць у пыл рымскую славу, я шкадую, што толькі аслеп, але й не аглух”. Дамову аб перамір’і не падпісалі, і неўзабаве Рым разграміў Піра. А яшчэ гэты мудры Апій прыдумаў некалькі літараў лацінскага алфавіту. Вось па чыёй дарозе мы едзем. Вядзе яна да Капуі, а потым – на ўсходні бок Італіі, да Брундызія. Але мы ў Капуі павернем у напрамку гары Везувій, да былых Пампеяў.

Далей ехалі моўчкі. Навакольная прыгажосць была такая, што ўсе словы здаваліся лішнімі. Толькі час ад часу Зося з Марцінам абменьваліся кароткімі закаханымі позіркамі, і былі тыя позіркі, як жыццядайныя сонечныя прамяні .

Нарэшце Зося стамілася. Марцін заўважыў гэта і крыкнуў Язэпу Ранцэвічу:

– А ці не гаварыў рымскі консул Апій дзе на ягонай дарозе можна папіць халоднай вадзіцы і падсілкавацца?

Спыніліся каля мармуровай статуі хлопчыка, які трымаў на вузкім плечуку вялікі збан. З гэтага збану хвосткім цурком біла халодная горная вада. Папілі, напаілі сасмяглых коней. Купілі ў гандляркі, што хавалася ад сонца пад саламяным парасонам, кошык жоўтага салодкага вінаграду і бохан белага пшанічнага хлеба. На небасхіле праз рэдкі частакол маладзенькіх тонкіх кіпарысікаў ярка свяцілася, зіхотка ўспыхвала Цірэнскае мора.

Прыехалі ў нібыта вымерлую ад пякоткага сонца Капую. Ранцэвіч-усявед не прамінуў заўважыць, што тут у гладыятарскай школе гартаваў калісьці свой спрыт і сілу легендарны непераможны раб Спартак. Марцін і Зося з вялікай цікавасцю глянулі на маленькія шэрыя будыначкі пад чырвонай патрэсканай дахоўкай, на вузкія гарачыя вуліцы, з глыбіні якіх, здавалася, вось-вось вырвецца-выльецца ўсёсакрушальная гладыятарская лава.

Развіталіся з Апіевай дарогай, з ейнымі выслізганымі вытаптанымі да сінізны камянямі, аддаліся пышліваму зялёнаму бездарожжу. Тут было мноства садоў і вінаграднікаў і мноства вузенькіх, як ручайкі, сцяжынак. Тут быў спакой, лагодны, цёплы, хоць ужо выплывала праз тонкае павуцінне туману магутная пастава Везувія і несла з сабою няясную трывогу. Ён спіць, ён пакуль што спіць, гэты грозны непрадказальны мастадонт, агні, выбухі і ракетныя ўспышкі маланак спяць у ім. Але хто ведае – можа, ён ужо сённяшняй ноччу лопне ад лютага гневу, расколецца і пачне ліць на людзей, на жывёлін і на зялёныя безабаронныя дрэвы смяротную лаву, пачне шпурляць у нябёсы звышцяжкія распаленыя да чырвані ядры-каменні.

На Везувій чамусьці не хацелася дужа доўга глядзець. Вочы баяліся яго і пазіралі ў іншы бок, туды, дзе па правую руку шчодра ласкавалася пад сонцам Неапалітанская затока і ярка, як каштоўны каменьчык, зіхцеў у ёй востраў Капры .

Нарэшце выблукалі на шырокую травяністую раўніну, зямля якой была дзіўнага карычневата-сіняга колеру. Саскочылі з коней, і Ранцэвіч, зрэзаўшы рыдлёўкай верхнюю скамянелую скарынку, зачэрпнуў поўную жменю гэтай зямлі, пачаў асцярожна размінаць яе пальцамі. Яна падатна ляпілася, клеілася да рук. У глыбокім одуме аглядзеўся Ранцэвіч наўкола, сказаў ціхім голасам:

– Тут спяць пакаленні. І недзе тут, пад нашымі нагамі, ляжыць тое, што было калісьці Пампеямі. Магчыма, адзін толькі попел, бо Везувій спаліў усё. Думаю, што наш алхімік Алясандра Ракеці замысліў сваё славутае падарожжа недзе ў гэтым месцы. Што ж, дзеці, пачнем. Не бойцеся. Кожны міг я буду побач з вамі. Вашы целы застануцца тут. У мінулае, да імператара Канстанціна Вялікага, паляцяць толькі вашы душы. Памолімся Айцу нашаму нябеснаму – і за справу.

Апусціліся на калені і з усёй жарсцю ўзяліся прасіць Таго, Хто Кіруе Усім, дапамагчы ім у незвычайным непрадказальным падарожжы, прабачыць іхнюю дзёрзасць. Затым Ранцэвіч з Марцінам Жабыкам-Жэмбам пачалі капАць адна каля другой дзве вузкія і глыбокія, у поўны чалавечы рост, яміны, а Зося, нарваўшы кветак, спляла вянок, адзела яго на сваю русую галаву. Яна, калі б яе спыталі, не змагла б адказаць дзеля чаго ў такую неспакойную часіну ёй спатрэбіўся менавіта вянок. Пэўна, гэта было неўсвядомленае развітанне з белым светам, з ветрам і травой, што шумела пад гэтым ветрам. Але ніякага страху яна не адчувала. Гэтаксама вернікі мінулых стагоддзяў са светлымі ўсмешкамі на твары ішлі ў вогнішча. Яна так верыла свайму дзядзьку і свайму каханку, якія не маглі (проста не маглі!) задумваць, распачынаць тое, што можа дрэнна скончыцца.

У белых доўгіх кашулях да самых пятаў, басанож, яны пайшлі ў абдоймы суровай таямнічай зямлі. На ўзроўні іхніх вачэй было чэпкае густое карэнне травы. Язэп Ранцэвіч, стоячы ў іх над галовамі, гучна і ўрачыста гаварыў:

– Запамятайце ягонае імя – Флавій Валерый Аўрэлій Канстанцін, Канстанцін Першы, Канстанцін Вялікі. Сын Канстанцыя Хлора і Алены. Паўтарайце ягонае імя – Флавій Валерый Аўрэлій Канстанцін...

Яны спачатку павольна, а потым усё хутчэй і хутчэй пачалі раскручвацца ў сваіх цесных глыбокіх ямінах, пачалі рукамі, нагамі, шчокамі, усім наструненым целам прыціскацца, прыцірацца, прырастаць да ўсяго таго, што тысяча трыста семдзесят тры гады таму выкінуў са сваіх вогненных глыбіняў Везувій.

Зверху ляцела:

– Запамятайце ягонае імя... Паўтарайце ягонае імя...

Яны ўсё павялічвалі і павялічвалі хуткасць кружэння. У вачах быў туман. Кроў пульсавала ў скронях. Цела рабілася бязважкім і нібы не сваім. Гарачы пясок ляпіўся на шчокі і на вусны. Ногі адрываліся ад зямлі. Рукі ператвараліся ў крылы. Праз чорна-чырвоны ліхаманкавы змрок неадступна неслася:

– Канстанцін...

Яны як бы вылузваліся са сваіх целаў. Яны паляцелі. Яны ўжо не былі людзьмі .

 

Колькасць прачытаўшых: 1017
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Назаві сына Канстанцінам.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка I.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка II.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка III.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка IV.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка V.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка I.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка II.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка III.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка IV.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка V.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка I.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка II.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка III.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка IV.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка V.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка I.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка II.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка III.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка IV.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка V.
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007