V
У гэтым горадзе жыло дваццаць тысячаў чалавек, а лупанарыяў – дамоў цярпімасці было болей, чым у агромністым сталічным Рыме. Амаль у кожным доме на самым пачэсным месцы стаялі тэракотавыя і мармуровыя фігуркі Фаўна, бога ўрадлівасці, ахоўніка жывёлагадоўлі з вельмі-вельмі доўгім палавым членам між крываватых худых ног. Весела, цынічна і нахабна савакупляўся ён на яркіх мазаічных пано з голымі буйнацыцкатымі жанчынамі .
У гэтым горадзе ўдзень і ўначы бушавалі вар’яцкія оргіі, дзе выпівалася, з’ядалася непамерная колькасць віна, рыбы, вустрыцаў, садавіны, і ўсё гэта мярзотнае месіва амаль адразу ж у выглядзе ванітаў вывальвалася з разадзьмутых чалавечых чэраваў. Цэнтрам, сэрцам гэтага гораду быў амфітэатр. Ягоная каменная арэна не прасыхала ад крыві гладыятараў. Гэты горад называўся Пампеі. Але яго можна было назваць Садомам і Гаморай Рымскай імперыі, і смертаносны жахлівы ўдар па яму Везувія некаторыя палічылі заслужанай Божай карай.
Марцін і Зося (іхнія душы!) пранесліся над мёртвым горадам і ўбачылі засыпаных вулканічным попелам немаўлятак, што соладка, не прачнуўшыся, спалі ў сваіх калысках, рабоў з жалезнымі ашыйнікамі, у кайданах. Імгненная смерць напаткала іх у турмах. Яны ўбачылі мёртвых коней у стайнях. Ва ўсёй жудасці прамільгнулі пад імі доўгія элінгі-пячоры для захоўвання рыбацкіх лодак на марскім беразе. Сотні й сотні людзей набіліся ў іх, думаючы ўратавацца ад непазбежнасці. Але ўсесакрушальная хваля лавы і распаленага, як у пекле, паветра, у адно імгненне спыніла ўсе сэрцы, усе дыханні. Толькі голыя абсмаленыя чарапы ўсміхаліся сваёй жахлівай усмешкаю. У час катастрофы ў чарапах закіпеў мозг, і яны выбухнулі, узарваліся, разляцеліся на аскялепкі, як гарматныя ядры.
Раптам Зося, адарваўшыся ад Марціна, пачала падаць проста ў гэтае пекла.
– Марцін, не пакідай мяне! – пранізліва закрычала яна, – Марцін, ратуй!
– Я тут, Еўрапейка! – абазваўся з імглы, з калючага ветру Жабыка-Жэмба і моцна схапіў яе за руку. Яны паляцелі разам, як дзве паднябесныя птушкі. Вольна прасторна было ім ляцець між цёмных слаістых воблакаў, між зорак і сонечных пратуберанцаў... Адусюль чуліся нечыя галасы, прыдушаны смех, плач, гукі канання і нараджэння, але яны былі шчаслівыя. Яны забылі свае імёны, сваё ранейшае жыццё. Усё гэта сцёрлася, злупілася, садралася, як карА з дрэў, як луска з рыбін. Было светлае прыемнае бяспамяцтва. І толькі адно слова “Канстанцін” пульсавала ў гэтай невядомасці, як пульсуе гарачае чалавечае сэрца.
Праз нейкі час у густой цемры, што з шалёнай хуткасцю імчала насустрач, пачалі прадзёўбвацца яркія кропелькі святла. Яны павялічваліся, буйнелі. Разам з імі з’явіўся жалезны гуд, звон, у якім была найвялікшая ярасць. Ён мацнеў, пачынаў закладваць вушы, балюча ціснуць на вочы. І раптам нібы з трэскам разарвалася, разадралася чорная заслона – усеабдымна хлынула дзівоснае святло.
Яны вылецелі з цемры і ўбачылі ўнізе пад сабою пеністую раку, мост і велізарныя масы згуртаванага ў кагорты, узброенага да зубоў войска на абодвух берагах ракі. Блішчэлі шчыты і мячы, тапырыліся вострыя дзіды, пукаціліся хвастатыя шаломы на галовах, іржалі і ўзвіваліся на дыбкі коні, развіваліся чырвоныя плашчы, рэзалі на кавалкі восеньскае паветра сігнальныя галасы паходных горнаў. Гэта быў дваццаць восьмы дзень кастрычніка трыста дванаццатага году. У бітве за Рым, а, значыць, за ўладу над усёй Рымскай імперыяй, сутыкнуліся войскі Канстанціна і Максенцыя.
Лёс паставіў іх аднаго насупраць другога за тры стадыі паўночней Рыма каля вузкага Мільвійскага маста цераз раку Тыбр. У гэты час на неабсяжных землях імперыі мелася ажно 6 (!) імператараў – акрамя Канстанціна і Максенцыя яшчэ былі Ліцыній, Максіміян Даза, СевЕр і Галерый. І кожны марыў пра верхавенства, не шкадуючы людскіх жыццяў, змагаўся за яго. Кожны тыдзень, кожны месяц грымелі дзесяткі, а, магчыма, й сотні маленькіх і вялікіх бітваў. Але гэтая бітва, бітва на Мільвійскім мосце, абяцала стацца эпахальнай.
Хто ён быў, трыццацівасьмігадовы Флавій Валерый Аўрэлій Канстанцін, які неўзабаве зробіцца Канстанцінам Першым, а ў стагоддзях застанецца Канстанцінам Вялікім? Аб чым ён думаў, апускаючы на твар забарол баявога шалому, даючы сігнал яраснай кавалерыйскай атакі? Ягоны бацька – Канстанцый Хлор, сын пастуха, унук вольнаадпушчаніцы, прайшоў шлях ад шараговага легіянера да аўгУста-імператара. Ягоная маці Алена, дачка начальніка коннапаштовай станцыі з глухой забытай людзьмі Віфініі, зробіцца аўгУстай-імператрыцай, знойдзе ў Ерузалеме крыж, на якім распіналі Хрыста, адыйдзе ў вечнасць пад імем Святой Алены.
Калі маладзенькі салдацік Канстанцый Хлор убачыў на станцыі прыгожую сціплую Алену, якая прынесла і паставіла перад ім поліўку з полбы, звычны сняданак рымскага люду, ён адразу закахаўся ў яе і папрасіў ахоўніцу жанчын Юнону злучыць іхнія жыцці. Юнона дапамагла. Неўзабаве нарадзіўся Канстанцін, дзіця палкага кахання. Але Канстанцый Хлор, думаючы аб сваёй вайсковай кар’еры, не ўзяў з Аленаю законны шлюб, бо каханка мела дужа нізкі сацыяльны статус. Такім чынам, Канстанцін пабачыў белы свет у выніку шлюбу, які ў рымскім праве меў назоў канкубінату і не лічыўся афіцыйным. Далей – болей. У 293 годзе Хлор атрымаў тытул цэзара і развёўся з Аленай.
Такія дзеці, загартаваныя з малалецтва халоднымі бядотамі жыцця без бацькі, абразлівымі кпінамі равеснікаў, вельмі часта дасягаюць бліскучых вышыняў. Гэта ж сталася і з Канстанцінам. Зрабіўшыся ўладаром Рымскай імперыі, Канстанцін Вялікі ўзняў сваю маці над усімі. Пры ягоным двары яна атрымала афіцыйнае імя – Флавія Юлія Алена Аўгуста.
У яго было меншае войска, чым у Максенцыя. Ён пад сваёй рукою меў 90 тысячаў пяхоты і 8 тысячаў кавалерыі, Максенцый жа адпаведна – 170 і 18 тысячаў. Ён атакаваў, Максенцый сядзеў у Рыме пад аховаю тоўстых сценаў. Гэта таксама не спрыяла ягонай задуме зрабіцца рымскім адзінаўладцам. Як жа ён меркаваў перамагчы?
Ягоная маці Алена ад нараджэння была хрысціянкай. Ягоны бацька Канстанцый Хлор, будучы кесарам Галіі і Брытаніі, не знішчаў хрысціянаў, што з найвялікшай лютасцю рабілі Дыяклетыян і Галерый. У тыя часы на іншаверцаў палявалі, як на дзікіх звяроў. Сучаснік пісаў: “Ці дужа разліўся Ніл, ці на нівы ўпаў недарод, кліч адзіны – хрысціянаў ільвам!”. Імператары-паганцы без разбору высякалі пад корань і сваіх прыдворных і рабоў, калі тыя былі хрысціянамі. Неабходна зазначыць, што неба, урэшце рэшт, пакарала жываглотаў. Перад смерцю Дыяклетыян звар’яцеў і замарыў сябе голадам. Галерыя зламала жорсткая хвароба, ад якой цела ягонае пачало смярдзець, ды так, што нават урачы не маглі наблізіцца да яго.
Канстанцінаў бацька, Канстанцый Хлор, атрымаўшы хрыстаборскія ўказы ад Дыяклетыяна, таксама змушаны быў праявіць строгасць да неафітаў новай веры. Ён сабраў усіх сваіх прыдворных-хрысціянаў і пад пагрозай выгнання загадаў адрачыся. Але (вось дзіва!) тых, хто не здрадзіў Хрысту, не толькі не пакараў, а нават прыблізіў да сябе. Слабаверным жа сказаў: “Вас я не магу трываць пры сваім двары. Вы не захоўваеце вернасць свайму Богу. Як жа вы будзеце вернымі мне? Мне не патрэбны таадытары.” Taaditor (здраднік) называлі тых, хто ў часы ганенняў выдаваў уладам царкоўныя сасуды, кнігі, свяшчэнныя прадметы...
Над душамі законапаслухмяных рымлянаў акрамя культаў Геркулеса і Апалона валадарыў тады культ Сонца (Sol Invictus), культ Мітры, бога вояў, бога Непераможнага Сонца. Ва ўсіх рымскіх легіёнах, ад Брытаніі да Рэйна і Еўфрата, меліся свяшчэнныя пячоры гэтага яраснага культу. Яшчэ імператар Элагабал быў найшчырым прыхільнікам Мітры і танцаваў у ягоным храме ў яркім усходнім адзенні. Канстанцін са сваім бацькам некалькі разоў, калі жыў у Брытаніі, хадзіў у такую пячору, прымушаў сябе верыць такому богу. Ды душа заставалася халоднаю. І ён не разумеў чаму яна маўчыць. І чагосьці баяўся. Але потым, агледзеўшыся, усё ўзважыўшы, здагадаўся – тут, у суровай напоўненай ваяўнічымі ўзброенымі мужчынамі пячоры не было Жанчыны. А дзе няма Жанчыны няма Душы. І адразу ж, шырока і радасна, пасялілася ў ягоным сэрцы Хрысціянства, адзіная (!) на ўсёй зямлі вера, дзе на трон побач з Божым сынам узведзена Жанчына. Дзева Марыя. Святая панна Марыя. Молячыся ёй, ён заўсёды бачыў перад сабою сваю родную любімую маці Алену...
Перад сённяшняй лёсавызначальнай бітвай Канстанціну прысніўся Хрыстос. Ён нячутна, як лёгкі начны ветрык, увайшоў у пурпуравы імператарскі намёт, стаў над Канстанцінавай галавою, загадаў:
– Прачніся.
Канстанцін спалохана ўскочыў. Сэрца затахкала ў грудзях. Вакол ягонага намёту ў больш сціплых намётах спалі тысячы ягоных легіянераў, якіх неўзабаве чакалі ці перамога, ці параза, ці смерць. Яны пакуль што спалі, бачылі свае маладыя, магчыма, апошнія сны. Не спаў Хрыстос. Не спаў ён, Канстанцін.
– Ты – мой, – сказаў, цёпла ўсміхаючыся, Хрыстос, – Я гэта ведаю. І ты пераможаш. Але, каб анёлы бачылі ў час бітвы хрысціянаў, уздымі мае знакі над сваім войскам.
І паказаў, якія знакі трэба ўзняць. І знік, зрабіўся нябачным воку, хоць, адчувала імператарава душа, застаўся побач.
Канстанцін адразу ж сабраў цэнтурыёнаў. На сваіх баявых шчытах і шаломах, на значках легіёнаў, дзе ганарліва пануе рымскі арол, яны малявалі Святыя Знакі – літары “хі” і “ро”, з якіх на грэцкай мове пачынаецца імя Хрыста. Яшчэ яны зрабілі сцяг з Божымі Знакамі, але, каб не збянтэжыць, не ўзбунтаваць легіянераў-паганцаў, якіх пад началам Канстанціна была большасць, замаскавалі іх. Сцяг меў крыжападобнае дрэўка і шаўковае палотнішча з выявамі кесара і ягоных сыноў.
У гэты самы час Максенцый, што зачыніўся ў Рыме, паставіў сваё велізарнае войска між гарадскімі сценамі і Тыбрам, цераз які быў перакінуты вузкі нязручны Мільвійскі мост. Разам са сваімі радцамі ён надумаў выштукаваць для Канстанціна пастку – побач са старым мастом навёў новы, пантонны. Меркавалася, што ў час бітвы войска Максенцыя, імітуючы сваё паражэнне, пачне паспешліва адступаць, Канстанцінавы легіянеры рынуцца за ім. І вось тут пантонны мост нечакана адчэпяць, і Тыбр панясе на сваёй хрыбціне ворага, праглыне яго. А на старым каменным мосце Максенцый даб’е ўсіх астатніх. План так спадабаўся Максенцыю, што ён, упэўнены ў перамозе, паехаў у гарадскі амфітэатр глядзець жыццярадасную камедыю Арыстафана.
Канстанцін рыхтаваўся да атакі, збіраў душу ў кулак. Ззаду неспакойна тысячагрудна дыхала войска. Іржалі нецярплівыя коні. Ён успомніў, як у Афрыцы, ратуючыся ад пагоні, якую кінуў за ім Галерый, шалёна імчаўся на ўзмыленым кані праз пустынна-камяністую бездараж да Міжземнага мора. Конскія капыты звонка шчоўкалі па камянях. Пясчаныя пярэстыя гадзюкі круціліся пад нагамі, успырхваючы з-пад капытоў. Пот, здавалася, прапякаў скуру.
Ён разумеў, дагоняць – адразу ж заб’юць. Ніякіх допытаў і ніякіх судоў не будзе. Перарэжуць горла і кінуць на бархан, дзе жывуць адны толькі яшчаркі. Праз колькі дзён ад яго застанецца толькі жоўты шкілет, які неўзабаве замяце гарачым самумам. І ён на коннапаштовых станцыях пачаў забіваць усіх пераменных коней, каб тыя не дасталіся ягоным даганяльшчыкам. Ні слова ні кажучы, урываўся на станцыі пад паветку і пад роспачна-здзіўленыя крыкі прысутных людзей з усяго маху сек мячом конскія шыі. Конская кроў вострым ручаём біла ў твар, у грудзі, у рот. Ён сплёўваў чырвоную цёплую вільгаць і сек, сек... Потым, каб паскорыць справу, налаўчыўся адным ударам перасякаць жылы на пярэдніх нагах.
Чаму гэта ўспомнілася зараз і тут? Перад Мільвійскім мастом? Перад бітвай? Ён пакутліва, нібы ў яго забалеў зуб, зморшчыўся, сказаў:
– Шкада коней.
– Што? – не зразумеў, нахіліўся да яго са свайго сядла маладзенькі светлавалосы ардынарац.
– Шкада коней, – ціха паўтарыў Канстанцін і дадаў, – І людзей шкада.
І пачаў павольна, не адрываючы позірк ад хмарыстага неба, уздымаць угору руку ў баявой пальчатцы, каб, рэзка секануўшы ёю паветра, даць сігнал трубачам.
Максенцый весяліўся ў амфітэатры. Вельмі прыгожая юная рабыня паднесла яму вялікі залаты кубак з каптуром напоўнены белым высакагорным снегам і салодкімі неапалітанскімі слівамі. Максенцый узяў у рот слівіну, надкусіў, перакочваў у роце халодную прыемную на смак мякаць, пазіраў на аголеныя маленькія грудзі рабыні.
Раптам у амфітэатры ўзвіўся страшэнны крык. Людзі, лемантуючы, размахваючы рукамі, рынуліся па праходах, па ступенях на вуліцу. Паўсюль чулася:
– Канстанцін перайшоў Тыбр! Канстанцін у Рыме!
Максенцый са сваёй світаю таксама збег з амфітэатру. Распытаўшы военачальнікаў, супакоіўся – Канстанцін стаіць, як стаяў, перад Мільвійскім мастом. І ўсё-ткі ён загадаў правесці афіцыйнае гаданне. Прынеслі Сівіліны кнігі, прывялі гаруспікаў, якія бачаць будучыню па вантробах ахвярных жывёлін, разумеюць голас грому і маланкі. Зарэзалі свяшчэннага белага быка. Максенцый, каб быць абсалютна ўпэўненым і спакойным, правёў Вялікае Гаданне. Гадалі на кішках цяжарнай жанчыны, успароўшы жывот храмавай рабыні. І кнігі, і гаруспікі сказалі – загіне той, хто чыніць шкоду Рыму. Радасны Максенцый палічыў, што прыносіць шкоду Рыму, вядома ж, Канстанцін.
У гэты самы час над галовамі двух войскаў, прарваўшы шэрую воўну воблакаў, асляпляльна выбліснула сонца. Усе аж зажмурыліся, аж вочы прыкрылі рукамі. Сонца, здавалася, пранізвае ўсіх навылёт сваімі залатымі пякучымі дзідамі-прамянямі.
– Мітра, – пачаў быў каратканогі нізкарослы легіянерык, уздымаючы над сабою шчыт.
– Крыж!!! – крыкнуў Канстанцін і паказаў рукой у раз’яснелае неба, – Святы Крыж!!!
І на ім напісана “Hoc signo vinces – З гэтым ты пераможаш”.
Ён секануў паветра цяжкой рукою. І адразу зараўлі, заспявалі горны. Арланосцы ўскінулі-узмахнулі над галовамі легіёнаў пазалочаных арлоў. І тысячы коннікаў галопам ірвануліся ў атаку.
...Раптам нібы з трэскам разарвалася, разадралася чорная заслона – усеабдымна хлынула дзівоснае святло. Яны вылецелі з цемры і ўбачылі ўнізе пад сабою пеністую раку, мост і велізарныя масы згуртаванага ў кагорты войска...
– Марцін! – адчайна ўсклікнула Зося, – Мне страшна!
– Не бойся! Мацней трымай маю руку! – пачулася ў адказ.
З неймавернай хуткасцю яны імчаліся ўніз, аж свістала і, здаецца, успыхвала паветра.
– Ён паказвае на нас! Той, што ў чырвоным плашчы і залатым шаломе, паказвае рукой на нас! – закрычала Зося.
– Ён паказвае на Крыж!!! Над намі, на ўсё неба, Крыж!!! – адказаў Марцін.
Яны ўзнялі галовы. Тое, што адкрылася воку, яны не забудуць да самага канання. Светлазалаты велізарны Крыж, які ўбачылі ўсе людзі – і жывыя, і мёртвыя з магілаў – стаяў над усёю Зямлёй. Здавалася ён трымае неба, і яно, бязмежнае, неахопнае, ляжыць на ім. Ён выпраменьваў такую радасць, такую надзею, што чалавечыя параненыя лютай вайной сэрцы затрапяталі, і кожны легіянер і цэнтурыён успомніў сваю маці, сваю каханую, сваё дзіця. Кожны захацеў не загінуць, а жыць, таму такой сакрушальна-яраснай была кавалерыйская атака.
Канстанцінава конніца, густым частаколам выставіўшы перад сабою доўгія вострыя дзіды-пілумы, таранна абрушылася на перадавыя маніпулы Максенцыя. Раздаўся страшэнны грукат, скрыгат, ляск, бо жалеза сутыкнулася з жалезам. Адразу дзіка захраплі, заіржалі коні, пранізліва заверашчалі, застагналі параненыя людзі. Мёртвыя, распырскваючы гарачую кроў, глуха падалі ў ваду, і Тыбр адразу зачырванеўся, ускіпеў. На двух мастах, каменным і пантонным, заклубіўся жорсткі бязлітасны бой. Кавалерысты размашыста кідалі пілумы, білі імі ў варожыя шчыты. Пілум меў вострую жалезную дзюбу з кручком. Ён упіваўся ў шчыт, цягнуў яго да зямлі, вырываў з рук, і той, хто засланяўся шчытом, быў безабаронны. Такіх тапталі коньмі, секлі мячамі, рэзалі кінжаламі.
Масты былі вузкія, слізкія ад крыві і ад конскага памёту. Коні разам са сваімі вершнікамі каціліся ў Тыбр.
Мноства галоў, конскіх і чалавечых, віднелася між раззыбаных хваляў. Кожны хацеў уратавацца. Конь іржаў, чалавек чапляўся за ўсё, што траплялася пад руку, крычаў, зрываючы голас. Але дапамогі ніадкуль не было, бо ўсе думалі толькі пра сябе.
З-за цясноцця нельга было развярнуцца плячу, мячу, і легіянеры пачалі скакаць у раку, плылі на другі бераг і там пачыналі бой. У пераважнасці гэта былі самыя маладыя воі – веліты. Кожны з іх меў меч, шэсць дроцікаў, лук са стрэламі і прашчы з наборам камянёў. Яны атакавалі конніцу Максенцыя, якая стаяла на абодвух мастах, з бакоў, і гэта прыносіла такую шкоду, што коннікі крок з крокам пачалі адступаць, падаваць назад. Град камянёў, стрэлаў, дроцікаў павялічваўся, гусцеў. Лопаліся шаломы, расколваліся шчыты, падалі на калені коні. Урэшце рэшт, кавалерысты Максенцыя не вытрымалі і паказалі хвост. Іх месца адразу ж занялі вершнікі Канстанціна разам з капейшчыкамі-гастатамі. У гастатаў на ўзбраенні былі мячы, цяжкія і лёгкія дзіды-пілумы. Яшчэ яны мелі драўляныя шчыты абцягнутыя па краях жалезнай палоскай. Тулава ахоўваў скураны панцыр з нашытымі на яго металёвымі пласцінамі. Пад панцырам была ваўняная туніка. Зверху на панцыр накідваўся плашч – sagum, які зашпільвала спражка на правым плечуку. На галовах у гастатаў сядзелі металёвыя шаломы і прыгожыя султаны з трох прамых доўгіх пёраў чырвонага альбо чорнага колеру. Абутыя яны былі ў скураныя боты з адкрытымі пальцамі. Гэта былі воі больш сталага, больш цвёрдага ўзросту. Гэта былі ўжо мужчыны-сямейнікі і яны не прывыклі паказваць ворагу сваю спіну. Бітва ўзвіхурылася з новай надзвычайнай сілаю.
І ў гэты самы час Максенцый палічыў, што ён перамагае і загадаў адчапіць пантонны мост. Хто падказаў яму такое вар’яцкае рашэнне? Ён жа сам знаходзіўся на пантонным мосце. Але, пэўна, у дзікім вэрхале змагання, калі нібы рознакаляровая фасоля, якая варыцца ў адным катле, змешваюцца ў адно свае і чужыя салдаты, ён не здолеў ухапіць вокам і розумам усю панараму таго, што дзеялася. Загрукалі сякеры – людзі Максенцыя паспешліва пачалі перасякаць канаты і вяроўкі. Пантоны захісталіся, затанцавалі на бурлівай вадзе...
...Марцін з Зосяй упалі ў Тыбр, пайшлі, як камяні, на дно, ды спружыністая шматводная рака амаль імгненна выкінула іх на паверхню. Захлёбіста хаўкаючы ротам, Жабыка-Жэмба крыкнуў:
– Зося!
– Я тут, Марцінік! – азвалася тая.
Разграбаючы рукамі ружовую ад крыві ваду, яны пачалі азірацца наўкол сябе, аглядацца, прымяркоўваючы, што рабіць далей. Каля іх плылі трупы, шчыты, шаломы, нейкія патрушчаныя дошкі... Тыбр аж кіпеў. Зусім побач – толькі выцягні руку – адляталі ў нябыт жыцці. Енк стаяў над ракой, нечалавечы крык. Кожны стараўся ўратаваць сваё жыццё. Больш слабейшы хапаўся за мацнейшага, з незвычайнай сілаю чапляўся за яго рукамі, як абцугамі. Нельга было адбіцца ад яго ні кулаком, ні мячом. У такіх жахлівых абдымках людзі трацілі сілу, клаліся на рачное дно.
Свае ж легіянеры саштурхнулі Максенцыя з дрогкага пантону, калі велізарным клубком пакаціліся ў Тыбр. Ён, Максенцый, не хацеў паміраць. Ён успомніў свайго бацьку Максіміяна. 1 траўня 305 году разам з дамінусам Дыяклетыянам бацька прылюдна адрокся ад улады, змушаны быў адрачыся. І ён, Максенцый, у адно-адзінае імгненне зрабіўся нікім і нічым. Як гэта было балюча! Як незвычайна крыўдна было ўжо быццам бы схапіўшы залатога каня ўдачы за густую ільсністую грыву апынуцца пад ягонымі капытамі, у брудзе, у няславе. Хацеў стаць імператарам, а зрабіўся нікчэмным бадзягам.
Адплёўваючыся, фыркаючы, Максенцый пачаў ліхаманкава здзіраць, скідваць з сябе панцыр, плашч, нагрудныя латы, усю бліскучую непатрэбшчыну, каб лягчэй было трымацца на вадзе, і раптам, узвёўшы позірк угору, убачыў проста над сабою на каменным мосце Канстанціна. Ягоны ўдачлівы вораг фарсіста гарцаваў на белым порсткім кані і рукою паказваў на неба. Твар ззяў натхненнем і шчасцем. Максенцый таксама глянуў туды і нічагусенькі не запрыкмеціў. Халоднае абыякавае да яго, Максенцыя, неба. Лянівае сонца .
Як смяротная пятля, рэзка перахапіла горла і грудзі злосць. Аж пачарнела, закружылася ўваччу. Чаму, гэтаму на белым кані, шанцуе, а ён, Максенцый, сын імператара, плыве, як нікчэмная вышмаргнутая са снапа саломіна, у бруднай цёмнай вадзе? Ён зверавіта азірнуўся наўкол, убачыў мёртвага веліта, што гойдаўся на вадзе побач, сціскаючы ў ссінелай руцэ абпырсканы крывёю дроцік. Люта шмаргануў гэты дроцік, аж у небаракі веліта ломка хруснулі пальцы, цяжка ўзвіўся над чырвонымі хвалямі, шырока размахнуўся, каб шыбнуць смяротнае жалеза ў Канстанціна. І раптам нехта цяжкі і злосны абрушыўся ўсёй вагою цела на ягоную руку, заламаў яе.
Жабыка-Жэмба скокнуў, кінуўся з вады на Максенцыя, калі пабачыў што той хоча зрабіць. Паспеў.
– Ты хто?! – крывячыся ад болю, люта азірнуўся на яго, зароў Максенцый.
– Хрысціянін. Я – хрысціянін, – адказаў Марцін, – І я не дам табе забіць майго брата хрысціяніна.
Максенцый, ні кажучы ні слова, ударыў яго кулаком у баявой пальчатцы ў твар, раскрывяніў нос. Пайшла кругам галава. Марцін схапіў праціўніка за глотку, пачаў, усё тужэй сціскваючы пальцы, душыць. Той, як велізарны тлусты сом, цяжка пругка круціўся ў вадзе, звіваўся ўсім сваім тулавам, хрыпеў і біў, біў Марціна кулакамі ў жывот. Але Жабыка-Жэмба не расчапляў рук, бо разумеў – толькі ў гэтым ягонае ратаванне. На поясе ў Максенцыя вісеў кінжал у залатых похвах. Калі Максенцый здолее выхапіць яго, Марціну – карачун.
Так яны валтузіліся ў віхурыстай вадзе, і раптам Максенцый абмяк, галава ўпала на грудзі, з роту вываліўся язык. У Марціна ад агіды ўсё заклекатала ўнутры, ён, напружыўшыся, адпіхнуў ад сябе труп. Яго пачало ванітаваць.
Зося, плаваючы між трупаў, шчытоў і шаломаў, выбівалася з апошніх сілаў. Яна бачыла, як Марцін барукаецца ў вадзе з нейкім легіянерам, але не магла ні дапамагчы, ні нават крыкнуць – такая спустошанасць і страшэнная стома была ва ўсім целе. Яе выратаваў доўгі драўляны човен, што вывернуўся, вылузнуўся з-пад пантону. Ён падплыў да яе ззаду, торкнуўся (як нечая жывая рука!) у плячук. Перад гэтым Зося з дзіўным халодным спакоем думала: “Утаплюся... Рыбы склююць мае грудзі і шчокі...”. Яна ўчапілася ў борт, да вогненна-сонечных кругоў у вачах падцягнулася, перавалілася- плёхнулася ў човен і страціла прытомнасць.
– Зося! – пачаў крычаць Марцін, нідзе не знайшоўшы яе, – Зося! Еўрапейка!
Думка аб тым, што ён болей ніколі не ўбачыць сваю прыгожую вясёлую сяброўку, прапякала нутро. “Без яе няма жыцця” – рэзала сэрца адна-адзіная думка.
– Сенатар Палемон! – даляцела раптам зверху, з мосту, – Твая жонка ў чоўне. Не бойся – яна жывая!
Марцін падплыў да човена, потым ускінуў позірк угору на Мільвійскі мост. Імператар Канстанцін сядзеў на кані, прыязна ўсміхаўся. Легіянеры, б’ючы мячамі аб шчыты, віталі яго, нястрымнай лавай цяклі да сценаў і брамаў Рыму. Яшчэ чуліся цяжкія ўдары, звон металу, крыкі, стогны, але навальніца бою аціхала.
“Чаму ён называе мяне сенатарам Палемонам?” – падумаў Жабыка-Жэмба. І раптам ускрыкнуў ад найвялікшага здзіўлення – на самім сабе (!) ён убачыў белую ваўняную тогу з пурпуровай аблямоўкай. Гэта была toga praetexta, якую носяць службовыя асобы і жрацы. Зося ж была апранута ў беласнежную льняную туніку, доўгую столу з рукавамі і поясам, паверх якой красавалася пАла, шырокая вышытая срэбрам сукенка. Еўрапейка выглядала надзіва прыгожай у такім дзівосным строі. Яна ўжо не ляжала, а сядзела ў чоўне, любуючыся сваім незвычайным адзеннем.
– Сенатар, ты выратаваў мяне ад смерці. А той, хто ахоўвае імператарскае жыццё, павінен быць ушанаваны, – урачыста прамовіў Канстанцін і даў знак сваім прэтарыянцам. Тыя адразу ж скінулі на раку вераўчаную лесвіцу, па якой Зося, а затым Марцін узняліся на мост. Тут паўсюдна валяліся пасечаныя мячамі, паколатыя дзідамі і дроцікамі, раздушаныя коньмі і натоўпам людзі, блішчэлі лужыны крыві. Зося нервова кусала вусны гледзячы на ўсё гэта.
Імператар Канстанцін быў узбуджаны, радасны. Перад рымскай брамаю салдаты ўзнялі яго на шчыт. Ён злёгку пахіснуўся, але цвёрда ўстояў на нагах, сказаў звонкім урачыстым голасам:
– Хрыстос пазбавіў нас магільнага тлену. Хрыстос паслаў нам вялікую свяшчэнную перамогу. Вы ўсе бачылі ў небе крыж. І я яго бачыў. Раскажыце ж пра яго сваім старым бацькам, сваім маладым жонкам і маленькім дзецям. Раскажыце кожнаму сустрэчнаму. Ва ўсіх гарадах і правінцыях няхай пачуюць пра яго. Зараз мы, па праву мацнейшага, па праву пераможцы, уступім у Рым. Я нікога са сваіх праціўнікаў не пазбаўлю жыцця, бо Хрысту непатрэбна чалавечая кроў. Яму патрэбна чалавечая душа, наша душа. Толькі трох самых крывавых псоў узурпатара Максенцыя пакараю я. Але гэта не людзі, а д’яблы.
Ён перавёў дыханне, шырока ўсміхнуўся:
– Лепш узнагароджваць, чым караць. Так вучаць вялікія хрысціянскія настаўнікі. Лепш адзяваць на галовы залатыя вянцы, чым на арэне Калізея гнаць бізунамі людзей у пашчу ільвам. І запамятайце – няма ў нас голаду па ўладзе, а толькі ёсць голад па справядлівасці. Дык наперад, мае адважныя легіянеры! Вечны Рым чакае нас!
Канстанцін быў надзіва прыгожы ў гэтыя імгненні. Высокі, статны, з густой хваляю кучаравых цёмнарусых валасоў, з кароткай цёмнай бародкаю, а вочы сінія, як Адрыятычнае мора. Пурпуровы імператарскі плашч крылата ўзвіваўся за ягонымі шырокімі плячамі.
Звонка заспявалі горны. Узвіліся на дрэўках легіённыя арлы. Палотнішчы шаўковых сцягоў з выяваю імператара і ягоных сямейнікаў падхапіў, узвіхурыў свежы няўрымслівы вецер. Рэзка ўдарылі, забарабанілі мячы па шчытах. Велізарная маса войска праз шырока расчыненыя брамы пад віншавальны крык рымскага народу пачала павольна ўцягвацца, уплываць, як магутная рака, у горад. Рым праглытваў яе, як галодны спрацаваны плебейскі бык глытае траву.
Адшукалі, вылавіўшы на рацэ труп, Максенцыя, адсеклі яму галаву, наткнулі на дзіду, і мёртвая галава ўрачыста ўплыла ў заваяваны горад. Шырока адчыненымі нежывамі вачамі яна строга і выпрабавальна пазірала на ўсіх .
Спачатку Канстанцін уз’ехаў на Форум, потым, не спяшаючыся, усім сваім выглядам паказваючы сціпласць і высакародную вытрымку, прайшоў у будынак Сенату. Але ўся пастава ягоная і позірк ягоны пачалі рабіцца гаспадарскімі, панавітымі.
Сенатары сустрэлі імператара крыкамі ўсеагульнага захаплення. Сусед стараўся перакрычаць суседа. Кожны імкнуўся паказаць новаму ўладару сваю найвышэйшую любоў. А яшчэ ж сёння раніцой (ведаў Канстанцін) амаль усе яны кляліся Максенцыю ў непарушнай сыноўняй вернасці, а яго, Канстанціна, называлі брудным сынам нікчэмнай карчомнай пасудамыйкі .
Чуліся крыкі і песнаспевы:
– Слава табе, Непераможны! Жыві і ўладарнічай у вяках! Ты прынёс gladio sternantut – меч-помснік!
Каб яны маглі ведаць, які цвёрды падатак неўзабаве ўскладзе ён на іх, яны б крычалі трохі цішэй. Ім не падабаўся Максенцый, што прымушаў уносіць у дзяржаўную казну добраахвотныя ахвяраванні. Пры Канстанціне ж іхнія кашалькі схуднеюць у некалькі разоў – багатыя сенатары павінны будуць штогод плаціць па восем фунтаў золата, іншыя па чатыры і два, а самыя бедныя, калі можна назваць беднякамі сенатараў, па сем залатых манетаў.
Канстанцін спыніўся ў самым цэнтры залы, узняў руку, перачакаў пакуль утаймуецца галасістае бушаванне вернападданых. Ніхто не садзіўся, усе жадалі слухаць словы імператара толькі стоячы. Марцін з Зосяю таксама стаялі між сенатараў. Ад крыку звінела ўвушшу.
– Крыж узняўся вышэй Сонца. Усе бачылі гэта. І я бачыў, – сказаў ён нарэшце, – І, значыць, больш няма Непераможнага Сонца. Ёсць Крыж!
Зноў узняўся несусветны гармідар. “Як яны навучыліся ліслівіць, – падумаў Марцін, – Напэўна, вельмі-вельмі цяжка быць сенатарам. Трэба ўвесь час крычаць славу ўладару крышачку хутчэй суседа”.
– Я таксама бачыў святы Крыж, – са слязамі замілавання на вачах, спяшаючыся, казаў тоўсценькі лысы сенатар, – А яшчэ я бачыў у небе цэлыя легіёны. У іх асляпляльна ззялі шчыты. Яны ўсе, як адзін, крычалі: “Мы ідзем на дапамогу Канстанціну!”.
Нарэшце ўсталявалася цішыня. Толькі з Форуму чуліся радасныя гуканні патрыцыяў і плебеяў.
– І таму першым маім імператарскім указам будзе такі: “Нельга, забараняецца распінаць на Крыжы людзей. Святы Крыж не можа быць зброяю забойства”, – рашуча вымавіў новы імператар.
Апошнія ягоныя словы зноў захліснула хваля шчаслівых крыкаў.
– Другім маім указам я адзначаю вернасць і самаадданасць сенатара Палемона, – абвясціў Канстанцін, – У бітве на Мільвійскім мосце сенатар выратаваў мне жыццё, адвёў ад мяне смертаносны метал узурпатара. Залаты панцыр і паўмільёна сэстэрцыяў сенатару Палемону!
Позіркі ўсіх сенатараў адразу ж скіраваліся на Марціна, і ён адчуў сябе ледзь не Цэзарам.
– Марцінік, што ты мне купіш за такія вялікія грошы? – прашаптала, гарэзліва прыгарнулася да каханка Зося. Святатацтвам была сама прысутнасць жанчыны ў будынку Сената, але сенатары быццам не бачылі яе, быццам адначасна аслеплі. Пэўна, у свой час іхнія дзяды-прадзеды гэтаксама шчасліва не заўважалі ў Сенаце Калігулавага каня.
Сенат адзінагалосна вырашыў у адзначэнне атрыманай бліскучай перамогі ўстанавіць у Рыме трыумфальную арку. Надпіс на арцы быў такі: “Імператару Флавію Канстанціну, найвялікшаму, набожнаму, шчасліваму, Аўгусту, у звязку з тым, што натхнёны Бажаством і веліччу свайго розуму ён са сваім войскам адпомсціў у імя агульнага дабра праведнай зброяй, як самому тырану, так і ягоным прыспешнікам адначасова, сенат і рымскі народ прысвяцілі гэтую арку, каб праславіць ягоныя трыумфы. Вызваліцелю гораду. Аднавіцелю міру”. Дарэчы, для яе ўпрыгожання знялі статуі з трыумфальнай аркі славутага імператара Траяна. Траян быў ужо мёртвы, і яго не баяліся.
Як бачым, пра Святы Крыж не напісалі ні слова. Чаму? Трэба думаць, што амаль увесь склад Сенату быў паганскі. Ім не патрэбен быў нейкі галілейскі цясляр Хрыстос, які, водзячы за сабою чараду незразумелых людзей, што называлі сябе апосталамі, павучаў жыць у любові да бліжняга, у цярпенні і сціпласці. Ці магла быць у перасычанага раскошным сытым жыццём рабаўладальніка любоў да свайго ўласнага затурканага нікчэмнага раба, адухоўленай рэчы, якую можна было прадаць і купіць, адным шчаўчком пальцаў адправіць на нечуваныя пакуты, забіць? Вядома, не. Але пакрысе хрысціянізаваўся рымскі народ, святло новай веры вырывалася з катакомбаў на паверхню жыцця, прабіваючыся ў самыя цёмныя і глухія куткі. Ужо не толькі рабы і беднякі пачыналі гарнуцца да Хрыста. Яго пачыналі разумець, чуць і бачыць купцы, землеўласнікі, вайскоўцы, жанчыны, асабліва жанчыны. У ягоны бок пачалі глядзець імператары, у тым ліку, і Канстанцін. Вось чаму ў нябёсах над Мільвійскім мастом успыхнуў 28 кастрычніка 312 году Святы Крыж.
Гай Урвіней Філамуз, той самы тоўсценькі лысы сенатар, што бачыў на небе цэлыя легіёны з бліскучымі шчытамі, на свае вочы пераканаўшыся ў асабістых сімпатыях імператара Канстанціна да Марціна і Зосі, запрасіў іх на сваю вілу. З вілы прыбеглі рабы-скараходы падобныя між сабою, як блізняты, панеслі ўсіх траіх у шыкоўных паланкінах, што формаю нагадвалі багатыя мяккія крэслы.
У ваколіцах Рыму мінавалі некропаль для бедных, закінутыя засмечаныя могілкі, пасярэдзіне якіх узвышаўся стары пахілены калумбарый. У ягоных нішах-сотах былі замураваныя урны з попелам памерлых. Тут жа мітусіліся дзеці – весела ганялі трохкутны мячык, кідалі і лавілі жалезныя абручы, гулялі між густых кустоў бэзу ў жмуркі. Жыццё не хацела падпарадкоўвацца смерці.
“А Полацка, майго гораду, яшчэ няма, – думала Зося, пад мернае пакалыхванне паланкіну любуючыся наваколлем, – На ягоным месцы расце, напэўна, густы дрымотны лес. Там ходзяць мядзведзі. А мае і Марцінавы продкі жывуць дзе-небудзь у Карпатах ці над Дунаем. Як дзіўна – я старэйшая за Полацк”.
Сенатар Гай Урвіней Філамуз валодаў дзвюмя тысячамі югераў ворнай зямлі і вінаграднікаў. У цэнтры гэтай велізарнай латыфундыі стаяла цудоўная беласнежная віла з фантанамі і басейнам, з антычнымі скульптурамі ў густым цяністым парку. Акрамя вілы там-сям былі раскіданы будынкі-казармы, у якіх жылі палявыя рабы. Філамуз стараўся весці свае справы паводле павучанняў славутага Марка Порцыя Цэнзорыя Катона, кніжка якога “De agri cultura” – “Аб сельскай гаспадарцы” была настольнаю ў сенатара. Беражлівасць, акуратнасць, у меру строгія адносіны да рабоў, – вось тры кіты, на якіх, калі верыць Катону, грунтуецца дабрабыт землеўласніка. Як райская музыка, гучалі ў душы ў Філамуза ягоныя словы: “Гаспадар агледзіць жывёлу; пачне распродаж: прадасць алей, калі ён у цане, прадасць лішак хлеба, старых валоў, пашкоджаную скаціну, сапшэлых авечак, воўну, скуры, старыя калёсы, жалезны лом, старога раба, хваравітага раба; і калі маецца што лішняе, непатрэбнае, няхай прадасць”.
Каля ўязной брамы на вілу гасцей сустрэў вілік, трыццацігадовы жылісты вельмі загарэлы мужчына з вянком з дубовых галінак у руках. Сам ён быў рабом, але спадабаўся, успаў на вока гаспадару, і Філамуз прызначыў яго старшым над усімі рабамі і калонамі сваёй латыфундыі. Калісьці вілік быў захоплены ў палон у Сірыі, і таму рабаўладальнік даў яму імя Сірый, не пажадаўшы нават пацікавіцца ягоным ранейшым імем. Гэтаксама выдумляюць мянушкі сабакам.
Вілік Сірый адказваў на віле за ўсё. За працу, за парадак, за харчаванне, за ахову гаспадарскай маёмасці, уключаючы рабоў. Ён пільна сачыў, каб кожны раб быў пастаянна заняты справаю, не лайдачыў, меў спраўныя адзенне і абутак. Калі раба каралі за правіннасць, і ён знаходзіўся ў хатняй турме і павінен быў працаваць у нажных кайданах, вілік назіраў, каб жалеза кайданоў не націрала яму ногі. Бо маглі ж быць рабы (і былі такія!), што наўмысна хацелі нанесці сабе якое-небудзь калецтва абы не працаваць. А гэта ўжо – непарадак. Гаспадарская рэч, якой з’яўляецца кожны раб, не мае права шкодзіць сама сябе. За такое нечуванае самавольства віноўнага чакала звышжорсткая лупцоўка. Самых упартых і непаслухмяных магла напаткаць шыбеніца на ўскрайку пшанічнага палетку.
Вілік, нізка пакланіўшыся, адзеў свайму гаспадару дубовы вянок на галаву – знак надзвычайнай пашаноты. Потым, размотваючы папірусны скрутак са сваімі гаспадарчымі запісамі, пачаў чытаць гаспадару колькі намелена модыяў мукі, колькі з аліваў выціснута гаршкоў алею.
– Хопіць, дурань, – незадаволена спыніў яго рабаўладальнік, – Заўтра дакладзеш. Хіба не бачыш – у мяне госці.
Сірый, яшчэ ніжэй пакланіўшыся, паклікаў рабынь, каб тыя памылі гасцям ногі і намазалі іх пяшчотнымі духмянасцямі.
Праз перыстыль, абкружаны з чатырох бакоў крытай каланадаю чатырохкутны двор з басейнам, увайшлі ў атрыум. Над ім не было даху, ярка свяцілася летняе неба. З атрыумам суседзіў трыкліній-сталоўка, куды й прывялі іх прыгожыя мілавідныя рабыні.
Для кожнага тут ужо было падрыхтавана ложа – доўгае, з нізкімі вітымі ножкамі, з мармуровымі і бронзавымі інкрустацыямі, з падушкамі ў падлакотніках. “Тут ядуць і п’юць лежачы”, – успомніла Зося.
Маўклівыя рабы ў белых туніках з белымі палатнянымі паясамі хуценька расставілі на стале залатыя кубкі, букеты жывых кветак у бронзавых чашах, талеркі і талерачкі, срэбнае вядзерца для абмывання рук, завостраныя бамбукавыя палачкі для калупання ў зубах і страусавы пёры для таго, каб пры пільнай неабходнасці засунуць іх сабе ў горла і аблегчыць перапоўнены страўнік. На стале з’явілася рыба – султанка, вугар, халодная парэзаная тонкімі скрылямі парасяціна з яшчэ ненароджаных маленькіх парасятаў, сыр, самая разнастайная садавіна, вінаград, алівы, вустрыцы, спаржа, рэдзька... Былі страусавы мазгі – любімая закуска сенатара і смажаныя пеўневыя грабеньчыкі, якія лічыліся ўзбуджальным сродкам. Перад пачаткам трапезы старшы кухар, па даўно заведзенаму звычаю, асабіста пакаштаваў па малюсенькім кавалачку ад кожнай стравы.
Віначэрпій разліў віно. Філамуз, узняўшы кубак, шчыра падзякаваў хатнім багам ларам за тое, што прывялі ў ягоны сціплы дом такіх чаканых, такіх дарагіх гасцей. Потым адразу ж выпілі за імператара-трыумфатара Канстанціна, якому няма роўні між тых, хто жыве, і тых, хто зрабіўся тленам.
Затым у трыкліній увайшоў раб-дэкламатар з кіфараю ў руках. Ён прасветленым натхнёным позіркам паглядзеў на ўсіх прысутных, прыгожымі смуглымі пальцамі крануў струны і пачаў гаварыць-спяваць верш Валерыя Катула:
Вось павеяла цеплынёй вясновай...
Гэй, Катул! Пакінь палеткі фрыгійцаў!
Пакінь Нікеі спякотныя нівы!
Мы да азійскіх ляцім сталіцаў слаўных!
О, як сэрца ап’яняе жарсць вандраванняў!
Як спяшаюць ногі ў шлях вясёлы!
Філамуз ганарліва задаволена глянуў на Марціна і Зосю, якім, вядома ж, спадабалася салодкагалосае спяванне. У поглядзе сенатара чыталася непрыхаваная пахвальба – маўляў, мы маем не толькі алівы і авечыя чароды.
Між тым пачала адчувацца адсутнасць гаспадыні вілы Сабіны, жонкі сенатара Філамуза. Чаму яна не выходзіць да гасцей у трыкліній? Рымская Domina, знаходзячыся ў залежнасці ад мужчынаў, спачатку ад бацькі, потым ад мужа, усё-ткі не была птушкай у залатой клетцы. Ёй шмат што дазвалялася. Яна, па жаданні, магла атрымаць пачатковую адукацыю. Яна магла распараджацца сваёй маёмасцю і нават уступаць у шлюб па поклічу ўласнага сэрца. У вышэйшых слаях грамадства мелася нямала жанчынаў, якія цікавіліся літаратурай і мастацтвам, гісторыяй і філасофіяй. Адной з такіх была саракагадовая Сабіна. Нарадзіўшы мужу пяцёра здаровых дзяцей, стаміўшыся шумным разбэшчаным Рымам, яна пераехала на ціхую вілу, каб знайсці тут спакой і, як пісалі паэты, “Радзіму душы”. Улюбёным ейным філосафам, грамадзянінам і мужчынам быў Марк Аўрэлій. Вось і зараз, калі з трыклінія несліся зваблівыя гукі кіфары, яна ляжала ў сваім ложку, а прыгожы чорнавалосы раб-юнак, стоячы ў яе каля ўзгалоўя, чытаў чыстым звонкім голасам сачыненне імператара-філосафа “Да самога сябе”. Як густы зіхоткі мёд, цяклі на душу словы:
“... Час чалавечага жыцця – імгненне; яго сутнасць – вечнае цячэнне; адчуванне – няяснае; будова ўсяго цела – тлен; душа – няўстойлівая; лёс – загадкавы; слава – няпэўная. Адным словам, усё, што тычыцца цела, падобнае плыні, усё, што тычыцца душы, падобнае сну і дыму. Жыццё – барацьба і вандроўка па чужыне; пасмяротная слава – забыццё.
Але што ж можа вывесці на дарогу? Нішто, акрамя філасофіі...
... Не жыві так, быццам табе яшчэ належаць дзесяць тысячаў гадоў жыцця. Ужо набліжаецца час. Пакуль жывеш, пакуль ёсць магчымасць, старайся быць добрым.
... Заўсёды ідзі найкарацейшым шляхам. Найкарацейшы шлях – гэта шлях узгоднены з прыродай; ён у тым, каб шанаваць праўду ва ўсіх словах і ўчынках.
... Яшчэ жменька часу і ты знікнеш, падобна як і ўсё тое, што ты бачыш, і ўсе тыя, што жывуць зараз. Бо ўсё належыць змяненню, пераўтварэнню і знікненню – каб, услед за ім, узнікла іншае.”.
Сабіна аслаблена махнула рукою, і раб змоўк і вышаў. Яна ў здранцвенні, у нейкім забыцці ляжала на ложку. Яна не хацела ісці да мужа і ягоных гасцей. Рабыні ўжо паведамілі ёй, што госці, маладыя мужчына і жанчына, хрысціяне. А Сабіна не любіла хрысціянаў, лічыла іх шайкаю неадукаваных цёмных шарлатанаў і прайдзісветаў, сектай убогіх і згалелых. Яны падсвядома выклікАлі ў яе агіду. У дзяцінстве ды й зараз яна вельмі баялася шматногіх шэрых павукоў. Імя хрысціянаў, якіх за нешта ўкрыжоўваюць, караюць, цкуюць дзікімі звярамі, абуджала ў душы гэты дзіцячы страх.
Іншая справа – Марк Аўрэлій. Сабіна, разбудзі яе ўначы, можа ўзгадаць ягонае павучанне: “Прыстасоўвайся да абставінаў, якія выпалі на тваю долю. І ад усяго сэрца любі людэей, з якімі табе суджана жыць.”.
Так, яна прыстасоўвалася і, урэшце рэшт, прыстасавалася да жыццёвых абставінаў. Калі выйшла замуж за сенатара, трымала ў Рыме вялізны шыкоўны дом, штат вывучаных рабоў, любіла бляск, раскошу, дарагія штоночныя баляванні. Яна старалася хоць знешне быць роўняй свайму Філамузу, які, як і ўсе сенатары, лічыў сябе, вядома, утайне ад чарговага імператара і ягоных адданых служкаў, ледзь не пупам усёй зямлі. Але ж яна бачыла, што гэта далёка не так. Ілжывыя, дробненькія, палахлівыя людзі. Адзін кіў імператарскага пальца, адна хмурынка на ягоным брыве прымушалі іх, адразу ж забыўшыся на сваю высакароднасць і выключнасць, пластом распрасцірацца каля ног абутых у пурпуравыя боты. І яна з’ехала на вілу. Рым, сенатары, муж, оргіі, размовы пра патаемных каханкаў і пра чарговую бліскучую адзежыну засталіся ззаду, у мінулым жыцці. З ёй былі ейная ўнутраная свабода, яшчэ большая свабода знешняя і Марк Аўрэлій, ягоныя мудрыя вечныя кнігі. Яна – прыстасавалася. Што ж тычыцца любові да людзей, з якімі суджана нябёсамі жыць побач, яна іх любіла, ды толькі не рабоў. Рабы – рэчы, рабы – не людзі. Любіць іх гэта тое самае, што любІць агідных пацукоў. Так думала яна, рабаўладальніца, слухаючы пранікнёныя словы Марка Аўрэлія, якія па першаму ж яе загаду чытаў ёй раб.
Сенатар Філамуз, каб неяк аддзячыць сваёй жонцы за тое, што яна самотна жыве на сельскай віле, а ён п’янствуе і валочыцца за прыгожымі жанчынамі ў Рыме, аддаў ёй у поўнае валоданне сваіх рабоў. Гэтым ён, сам таго не разумеючы, разварушыў салодкі карэньчык у ейнай душы. У той палове душы, што была аддзелена ад Марка Аўрэлія пагардліва-жорсткім поглядам на рабоў, як на падножны мярзотны пыл, Сабіна ўвяла свой маральны закон-прынцып – “Мэта жыцця – дасягненне найвышэшай асалоды”. Асалодаю для яе была неабмежаваная ўлада над бяспраўнымі рабамі. Тут яна рабіла што толькі хацела. Загадвала за самую нікчэмную правіннасць бязлітасна лупцаваць рабоў і асабліва рабынь вымачанай у солевым растворы цвёрдай вінаграднай лазой, на кожным кроку адвешвала гарачыя аплявухі, у час, калі рабыні апраналі або распраналі яе, утыкала ім у грудзі свае вострыя залатыя шпількі, плявала ім у твар, раздзірала шчокі і сукенкі пазногцямі. У такія салодкія імгненні яна адчувала сябе ўсясільнай Месалінай і Агрыпінаю.
І вось з’явіліся балбатуны, якія называюць сябе хрысціянамі, якія бачаць у рабу чалавека. Да Сабіны дайшлі чуткі, што надворны раб Германій і ягоная жонка Альба (імя рабыні рабаўладальніца дала па светламу колеру валасоў) патаемныя хрысціяне і што нядаўна Германій крычаў на сваёй мове “Хімелькройц! Святы Крыж!” і паказваў усім рукою на неба. Яна адразу ж загадала прывесці да сябе на допыт Германія. Вілік і трое наглядчыкаў прывалаклі ў адпачывальню раба, паставілі яго на калені. Самі з плёткамі-троххвосткамі, да канцоў якіх былі прывязаны кавалачкі волава, драпежна заціхлі наўкол, гатовыя па першаму ж маху рукі гаспадыні абрушыць град удараў на аголеную безабаронную спіну.
Гэта быў надзіва моцны і прыгожы мужчына гадоў трыццаці, светлавалосы, блакітнавокі, з тых людзей, якіх ловяць у дрымучых германскіх пушчах за Рэйнам і прывозяць на рабскія рынкі. Позірк у яго быў спакойны, не надта палахлівы. Здавалася, ён валодае нейкай таямніцай, што надае яму моц. Гэта аж да звону ў вушах раззлавала Сабіну. Раб павінен трымцець і лістом сцяліцца перад рабаўладальнікам!
– Бачыў крыж? – вырываючы ў віліка з рук троххвостку, пагрозліва звузіўшы агніста-чорныя вочы прашаптала яна. Усе размовы з рабамі яна звычайна пачынала з шэпту, каб неўзабаве выбухнуць, як гром.
– Бачыў, – адказаў Германій.
– І што гэта за крыж? Чый ён?
– Гэта Крыж нашага нябеснага і зямнога Бога. Хрыста.
– На маёй віле не можа быць Хрыста! – шалеючы, люта крыкнула Сабіна і наўскасяк хвастанула рабу плёткай па твары, па прыгожых блакітных вачах. Пырскнула кроў. Германій адхіснуўся, схапіўся рукой за шчаку.
– Хрыстос ёсць усюды, – ціха, але цвёрда сказаў ён.
– А-а-а! – нібы яе апяклі распаленым жалезам, завыла рабаўладальніца, – Выкаліце яму вочы! Выкаліце яму вочы!
Ды вілік з наглядчыкамі як струпянелі – такі незвычайны загад яны чулі ўпершыню і не ведалі як яго выконваць. Яны разгублена глядзелі адно на аднога. Іх палохала тое, што Сабіна вось-вось можа ўзяцца й за іх.
Але яна раптоўна астыла, пабляднела, выпусціла з рукі плётку. Затым абхапіла свой лоб белымі спешчанымі пальцамі, колькі імгненняў стаяла моўчкі. Усе рабы апусцілі позіркі долу. Усе чакалі што за жахлівы агонь вырвецца з гэтага Везувія. А яна млела ад асалоды. Усё ейнае цела напаўнялася звонкай п’янлівай цеплынёй. Гэтае адчуванне было вышэй і вастрэй таго, якое яна зведвала ў мужчынскіх абдымках, у ім была непадуладная розуму надчалавечнасць.
– Сірый, – вялым голасам загадала яна віліку, – добранька адлупцуй яго, нацяры спіну соллю і прыкуй да жорнаў. Няхай меліць муку. Есці і піць не даваць. А праз тры дні зноў прывядзі яго да мяне.
Калі вілік з наглядчыкамі і Германіем былі ўжо на парозе адпачывальні, Сабіна эрабіла свой загад яшчэ больш жорсткім:
– І пра маску, пра маску не забудзься.
Выконваючы волю гаспадыні, Сірый прыкаваў раба да велізарных каменных жорнаў, якія стаялі пасярод гаспадарчага двара на самым сонцапале. Тоўсты драўляны шост жорнаў сцёрты сотнямі й сотнямі рабскіх далоняў блішчаў, як чырвоная кіпрская медзь. Шэры вельмі цяжкі камень-жарнавік, марудліва валюхаючыся, з вострым хрустам трушчыў пшанічнае зерне, і з металічнага латка ў глыбокую дзежку няспынна цёк белы цёплы ручай мукі. На твар Германію вілік усцягнуў закарэлую вельмі цвёрдую маску-лічыну з высушанага бычынага мачавога пузыра і замкнуў яе з патыліцы на замочак. Толькі тры адтуліны мелася ў масцы – дзве для вачэй і адна, малюсенькая, для дыхання. Рот жа быў замураваны. Гэта рабілася для таго, каб галодны раб не мог есці муку. Перад тым, як прыкаваць Германія, Сірый адчапіў ад жорнаў раба, сцягнуў з ягонага чырвонага ад поту і лютай задухі твару маску. Раб са звярыным рыкам рынуўся на муку, жменямі сыпаў і сыпаў яе сабе ў рот, давячыся, захліпваючыся, еў. Наглядчыкі ледзь адцягнулі яго, абсыпаючы ўдарамі плётак.
– Мялі. Табе некалі будзе глядзець на неба, – суха ўсміхнуўся вілік і, прызначыўшы Германію дзённы ўрок-норму, пакінуў каля яго наглядчыка, а сам ускочыў на каня і паехаў у поле, дзе рабы вазілі на мулах, насілі ў рэзгінах салому. Наглядчык, ляніва памахваючы плёткай-троххвосткай, сеў у зацішку, клаў сабе ў рот буйныя чорныя алівіны і глядзеў, як напружваюцца выпінаюцца мускулы і жылы раба, як сыплецца і сыплецца бязважкая, як таполевы пух, мука.
Яны засталіся адны: Германій, жорны і бязлітаснае хмарыстае неба. Ён круціў і круціў цяжкі марудлівы камень і думаў пра сваю жонку, пра Барлету. Так-так, яна была не Альба, ён памятаў яе прыроднае імя. І ён быў не Германій, а Дзітрых. Патаемныя вядомыя толькі ім імёны грэлі сэрца. Ён успамінаў як з усім сваім суровым лясным народам ішоў у бітву супроць рымскага легіёну. Ламалася трашчала пад моцнымі нагамі тысячаў людзей сухое апалае сучча. Галіны сцёбалі па тварах. Ён ледзь не наступіў на вожыка, ужо апускаў нагу, як раптам заўважыў яго ў мокра-зялёнай лясной траве. Давялося скокнуць на адной назе, каб не раздушыць жывы калючы камячок. Яны выйшлі на шырокую залітую жоўтым сонечным святлом паляну і з другога яе боку ўбачылі рымлянаў – сцяна шчытоў, лес дзідаў і хвастатыя яркія шаломы. І тады яны заспявалі сваю баявую песню “barditus”. Гэтая песня заўсёды наводзіла жах на ворагаў. Яна была моцная не стройнасцю галасоў, а жалезным адзінадушшам у выяўленні мужнасці. Гэта быў кліч барацьбы і помсты. Песня кацілася па шэрагах байцоў з рэзкім адрывістым гулам. Каб надаць ёй надзвычайную сілу і раз’юшанасць, кожны прытуляў шчыт да роту, і гук вырываўся на волю, як навальнічны громабойны віхор. Рымляне ў адказ ударылі мячамі аб свае шчыты. Так пачалася бітва ў якой ён, Дзітрых, страціў волю, ачуняў з рымскім ярмом на шыі.
Ён малоў і малоў, бо нельга было спыняцца. Адразу ж падскокваў наглядчык з плёткай-пякучкай. Але ён не злаваў на наглядчыка. Той жа таксама раб і, каб не круціць жорны, або не адколваць і не цягаць камяні ў каменяломні, узяўся за плётку. Кожны па-свойму прыстасоўваецца да бяды-нядолі.
“Як там, у полі, мая Барлета?”, – думаў ён, – Мая прыгажуня-нешчасліўка, мая радасць. Усё аддаў бы, каб выбавіць яе з рабства. Аддаў бы жыццё, здароўе. Грыз бы зямлю, глытаў агонь, абы не апускаўся б бізун на такія пяшчотныя і безабаронныя, на такія родныя плечы”.
Ён зусім знямог. Пот ліўся цурком, раз’ядаў вусны. Нельга было сцерці яго, і ён час ад часу рэзка, як конь, трос галавою, каб скінуць з вачэй агідную пякучую вільгаць. Млела спіна. Зацякалі ад страшэннай стомы рукі. Ногі былі нібы драўляныя. Не хапала паветра, і таму, як заяц у цянётах, дрыжэла калацілася сэрца.
Ён успамінаў іхняга сынка, сямігадовага залатавалосага Эда. Сын таксама быў рабом, бо ягоная маці была рабыня, а плод ідзе за жыватом, parctus ventrem seguitur, як кажуць у Рыме. Вясёлы і гарэзлівы быў хлопчык, яшчэ не дужа разумеў, што жыццё ягонае сшыта адной чорнай ніткаю. Грозная Сабіна пажадала, каб маленькі прыгожы раб кожны вечар мыў ёй ногі, паліваў цёплай вадою са срэбнага вядзерца. Часам, за нешта раззлаваўшыся, біла яму ў твар сваёй белай распешчанай нагой. Ён, Германій-Дзітрых, аднойчы ўбачыў гэта, і аж зайшлося ад смутку і нянавісці сэрца. Але што ён мог зрабіць? Ды асабліва невыносна было, калі вярталася з палявой працы Барлета, зняможаная, спечаная жорсткім сонцам, потная і брудная. Мала што ў ёй заставалася ад жанчыны. Ішла занураная загнаная жывёліна. Часам у пакаранне за якую-небудзь правіннасць вілік прымушаў палявых рабоў працаваць басанож на колкім балючым іржышчы. Барлета прыходзіла ў рабскую казарму кульгаючы, пальцы на нагах былі перавязаны кавалачкамі скрываўленай тканіны. І ў гэты самы час іхні сямігадовы сын Эд мыў рабаўладальніцы ногі самымі дарагімі, самымі пяшчотнымі духмянасцямі і адзяваў на кожны палец па каштоўнаму пярсцёнку.
“Завошта такія пакуты мне і маёй сям’і?” – гледзячы ў маўклівае пустыннае неба думаў Германій, – Чаму я не загінуў у той дзень у тым лесе, калі мы, грудзі ў грудзі, сышліся з легіянерамі? Не сустрэў бы Барлету. І не было б Эда. “І яшчэ крывавіла душу думка, пастаянная і найбалючэйшая: “Навошта я нарадзіў раба?”.
Рыпелі круціліся жорны. Зерне ператваралася ў муку. Мука ператворыцца ў хлеб. Хлеб некага накорміць, дасць некаму сілу. І гэтак будзе – вечна.
Раптам Германія павяло ўбок, моцна закружылася галава. Ён упаў бы, але перашкодзіў ланцуг – балюча ўпіўшыся ў хрыбетнік, утрымаў яго. Германій стаяў як не на сваіх нагах, пахістваўся. Адразу ж падскочыў наглядчык, секануў з усяго пляча плёткай:
– Чаго стаіш? Працуй!
У голасе былі разгубленасць і здзіўленне.
Раб не адчуў болю. Цела зрабілася нібы драўлянае. Ён учапіўся абедзьвюмя рукамі за гарачы шост жорнаў, прыгнуўся, напружыўся і з усіх апошніх сілаў штурхануў замерлы камень. І раптам глянуў на неба. Нешта прымусіла яго глянуць туды. І анямеў.
На ўсю шырыню і вышыню неба бачыўся нечы твар, добры, мудры, азораны мяккай цёплай усмешкаю. Асабліва ўразілі вочы. Яны, здавалася, даходзяць да самых патаемных, самых глыбокіх куточкаў душы. Яны былі, як тая гаючая вада ў сухмень – кропля за кропляю, штуршок за штуршком натольвалі кожную памярцвелую травінку, кожны карэньчык.
– Дзітрых-Германій, я бачу цябе, – даляцелі з неба словы. І адразу ўстаў, успыхнуў над зямлёю Крыж. Сваім святлом ён здзьмуў з нябёсаў усе хмары, зрабіў цёплым блакіт, даў срэбны мільготкі бляск зоркам. Адкрыліся такія глыбіня і чысціня, якія бываюць толькі пры нараджэнні, пры пераходзе той свяшчэннай рысы, мяжы, што падзяляе небыццё і жыццё.
Германія быццам ударылі ў сэрца, але ўдарылі мякка, небалюча, шкадуючы. Быццам сцёрлі едкі пякучы пот з ягонага ілба. Ён хацеў працерці рукою вочы, ды перашкаджала агідная шурпатая калючая маска-лічына. І тады ён закрычаў, адчайна-радасна, на ўвесь свой голас:
– Хімелькройц! Святы Крыж! Святы Нябесны Крыж!
Наглядчык няшчадна біў і біў яго плёткаю, але не мог змусіць маўчаць, бо крычала, узвівалася да неба ўся ягоная істота. Ён, Германій, быў у гэтыя імгненні парасткам, што валачыў сваё напоўжыццё ў змроку, холадзе, занядбанні, як нелюбімы сын глухой цемры, ды прыляцеў сонечны гарачы прамень і пацалаваў яго ў самыя вусны.
– Святы Крыж! – апантана крычаў Германій і паказваў рукою ў неба. З усіх бакоў збягаліся рабы і калоны, збіваліся ў купкі, напружваючы вочы, пазіралі з-пад далоняў уверх. Ці бачыў хто што, ці не бачыў, але ўсіх узрушыла гэтая такая неспадзяваная навіна. У іхнім чорным жыцці нібы расчынілася маленькае яркае вакенца. Ужо спяшаліся сюды, да жорнаў, наглядчыкі, ўжо ўпіваліся ў чалавечае цела вогненныя п’яўкі-плёткі, але гэты радасны непераможны крык запомніцца ім назаўсёды.
– Святы Хрыстоў Крыж! – ляцеў глухі адчайны голас з-пад смярдэючай рабскай маскі, і нішто не магло спыніць яго. Хоць пасылай сюды легіён наглядчыкаў. Можна хіба было або забіць таго, хто крычаў, або заткнуць яму рот, што й зрабілі наглядчыкі. Яны павалілі Германія на зямлю, з хрустам садралі з яго маску, наматалі яму на рот вяроўку, зашмаргнуўшы яе тугім жорсткім вузлом. З разадраных вуснаў закапала, пацякла кроў. Паведамілі віліку, і разгневана-спалоханы Сірый прымчаўся з поля.
– Зноў крычыш? – саскочыўшы з каня, злосна спытаўся ён у Германія і ўдарыў яго нагою, – Пэўна, ты звар’яцеў. Паасцеражыся, а то наша пані Сабіна загадае адрэзаць табе язык.
Ён крута рэзка павярнуўся да рабоў, што палахлівай чародкай стаялі збоку:
– Хто з вас што бачыў у небе? Ну?! Адказвайце?!
Пагрозліва трасучы плёткаю, ён пачаў па чарзе хапаць рабоў за сухія маршчыністыя шыі, душыў іх, крычаў:
– Ты бачыў?! Ты?! Ты?!
– Мы нічога не бачылі, – палахліва адказвалі рабы, – Гэта ён бачыў, – і паказвалі пальцамі на Германія.
– Ану бягом працаваць, паршывае племя! – люта прыжмурыўшы вочы, зароў вілік. Рабы, як вераб’і, ірвануліся ва ўсе бакі.
Лёс бунтоўнага раба павінна была вырашыць ягоная гаспадыня Сабіна. Цяжка ўздыхнуўшы, Сірый пашкроб патыліцу, пайшоў з дакладам. Ён баяўся як бы не наклікаць на сябе гнеў рабаўладальніцы. І наклікаў. Сабіна звонка пляснула яго па шчацэ, затопала нагамі:
– Я загадаю цябе самога прыкаваць да жорнаў, пракляты раб! Так ты выконваеш мае загады?!
Яна яшчэ раз ударыла віліка. Змярцвелы ад жаху Сірый бухнуўся на калені. Крыху астыўшы, счакаўшы пакуль раскоцяцца па ўсім яе целе салодкія дрыжыкі, Сабіна загадала распяць Германія на крыжы.
– Тое, што ён бачыць, няхай возьме яго, – засмяялася яна, – Сагнаць усіх рабоў. Гэта будзе добрым урокам кожнаму.
На ўскрайку пшанічнага поля побач з шыбеніцай пачалі спешна майстраваць крыж – прывалаклі два драўляныя брусы, чурбан-падстаўку для ног, прынеслі цвікі, вяроўкі, малаток. Германій са звязанымі за спіной рукамі стаяў непадалёк. Твар ягоны то бялеў, то наліваўся лёгкай ружовасцю. Ужо пачалі зганяць рабоў на смяротнае відовішча. Нейкі дзіўны прасветлены спакой быў разліты ва ўсім, нібыта рыхтаваліся сустракаць з пашы статак рахманых сытых кароў.
У гэты час у трыклініі гаварылі пра Арыстотэля і Сенеку, пра дзівосы Грэцыі, якую, падарожнічаючы, нядаўна наведаў сенатар Філамуз. Віначэрпій падліваў віно. Сэрцы напаўняліся лагодай. Але Зося пачынала ўжо паціху прытрымліваць Марціна, каб той не надта налягаў на пачастункі. Трэба адзначыць, што Марцін, як і ўсе мужчыны з роду Жабыкаў-Жэмбаў, ніколі не скардзіўся на дрэнны апетыт, меў, як кажуць, жывот у сем столак.
Раптам між прыслужнікамі, што бясшумна снавалі па трыклінію ўсё падносячы і падносячы новыя адмысловыя стравы, узнікла лёгкае замяшанне. Распіхваючы іх, да ложа, на якім з залатым кубкам у руках ганарліва паўляжаў сенатар, падбег вельмі прыгожы хлапчук гадоў сямі-васьмі, упаў на калені і горача, са слязьмі, усклікнуў:
– Мой дарагі пан, злітуйся над маім бацькам!
Філамуз ад нечаканасці і здзіўлення выпусціў з рукі кубак. Чырвонай варухлівай плямаю пацякло па мармуровай падлозе віно.
– Хто гэта? Што ён робіць тут? – разгублена спытаў сенатар у старшага кухара.
– Гэта Эд, твой раб, сын твайго раба Германія і тваёй рабыні Альбы, – пакланіўшыся, адказаў яму не менш разгублены і здзіўлены кухар.
– Як пасмеў ты, нікчэмны, увайсці сюды? – пачаў павольна і грозна, як навальнічная хмара, уздымацца са свайго ложа Філамуз. Ягоныя шчокі і шыя аж пабурэлі ад прыліву гнеўнай крыві.
– Мой дарагі пан, – лежачы на падлозе, плакаў Эд, – майго бацьку Германія хочуць скараць смерцю. Ён – хрысціянін. Яго хочуць распяць на крыжы. Пашкадуйце яго.
– Сенатар Філамуз, – парывіста ўзняўся са свайго месца Марцін Жабыка-Жэмба, – але ж імператар Канстанцін (жыві ён вечна!) сваім эдыктам забараніў гэта. Святы Крыж не можа быць зброяю забойства. Так аб’явіў сам імператар Канстанцін.
Філамуз разгублена пазіраў то на Марціна, то на Зосю. Размякчэлы ад віна, ад салодкагалосых песняў кіфарыста, ён так не хацеў спускацца са свайго боскага паднябесся на брудную суровую зямлю. Ён пакутліва скрывіў вусны, нібы дзіця, якое вось-вось заплача.
– Што ж рабіць? – няўпэўнена прамовіў ён.
– Вызваліць ад смерці раба, – рашуча ўмяшалася ў гаворку Зося Квяцінская. Шчокі ў яе ўсхвалявана запунсавелі, зялёныя вочы заблішчалі. Яна зрабілася падобнаю на лясную рысь, што рыхтуецца да скачка.
– Вызваліць ад смерці хрысціяніна.
І ў гэты самы час у трыкліній увайшла-уплыла Сабіна. На ёй была густа расшытая срэбрам ліловая сукенка. Рабыні старанна прычасалі яе і прыкрылі вуалеткаю трохі пасівелыя на скронях валасы, каб выглядала маладзейшаю.
Убачыўшы сваю грозную гаспадыню, малы Эд у жаху папоўз да парогу. Яна ж і не зірнула на яго.
– Сабіна, што робіцца на нашым двары? – заікаючыся спытаў у жонкі сенатар.
– Там па маім загадзе распінаюць непакорнага раба, – спакойна адказала яна.
Кажучы гэта, Сабіна прыязна ўсміхалася гасцям.
– Імператар Канстанцін забараніў караць на Крыжы, – голас у Філамуза сушэў, рабіўся незадаволены.
– Добра. Тады я загадаю павесіць яго, – усё ўсміхалася Сабіна.
– Сенатар, у нас ёсць сестэрцыі, паўмільёна сестэрцыяў, якімі імператар Канстанцін узнагародзіў сенатара Палемона за бітву на Мільвійскім мосце, – горача загаварыла Зося, пазіраючы то на Філамуза, то, з нянавісцю, на Сабіну, – Мы гатовы выкупіць за гэтыя грошы вашага раба з усёй ягонай сям’ёю. Вы згодны, сенатар?
Павісла маўчанне. Пэўна, Філамуз ці вагаўся, ці нешта пралічваў. Сабіна ўсё яшчэ ўсміхалася, але ўжо нервова. Марцін закахана глядзеў на Зосю.
– Добра, – згадзіўся Філамуз, – За раба я вазьму пяцьдзесят тысячаў сестэрцыяў, за ягоную жонку – трыццаць, за гэтага, – ён грэбліва кіўнуў убок Эда, што знямела ляжаў на падлозе, – дваццаць. Усяго – сто тысячаў.
Пачуўшы такія словы, малы Эд узвіўся, падскочыў з падлогі, радасна закрычаў. На ягоных худзенькіх смуглых грудзях закалацілася була, невялічкая ладанка з талісманам ад суроку, якую носяць усе дзеці ў Рыме.
– Сенатар Палемон, – адвёўшы Марціна ў дальні кут трыклінія, ціха сказаў Філамуз, – вельмі прашу цябе пры нагодзе давесці да свяшчэннай асобы нашага любімага імператара Канстанціна, што я, ягоны верны служка, вызваліў ад рабскіх кайданоў аж трох хрысціянаў.
У вачах у сенатара іскрылася цёплая вільгаць. Жабыка-Жэмба паабяцаў. Зося ж з Сабінаю стаялі адна насупраць адной, свідравалі адна адну пранізлівымі злымі позіркамі. Пэўна, так хацелася ім учапіцца ў валасы, падрапаць шчокі, але сцярпелі, вытрывалі
– І ўсё-ткі напаследак я дам апошні ўрок гэтаму бруднаму звярку, – бліскаючы вачыма, прашаптала Сабіна, схапіла Эда за вуха, павалакла з трыклінія. Адразу ж з двара пачуліся роспачныя крыкі маленькага нявольніка. Марцін з Зосяю толькі перазірнуліся.
Пераначавалі на віле, а з узыходам сонца пакіраваліся ўбок Рыму. Сенатара Філамуза, Марціна і Зосю неслі ў паланкінах рабы-скараходы. Сямейку Германія вёз на падводзе запрэжанай двума валамі сам вілік Сірый. Умовіліся, што ў Рыме Філамуз дапаможа свайму ўчарашняму рабу ўладкавацца працаваць на імператарскія рыбныя сажалкі. Марцін у сваю чаргу аддаў Германію ўсе сестэрцыі, пакінуўшы сабе толькі адзін, на ўспамін.
Альба і Эд баяліся нават зірнуць на віліка. Увесь час ім думалася, што гэты страшны чалавек вось-вось схопіць сваю плётку і пачне іх лупцаваць. Але твар у Сірыя быў лагодны, раздумлівы.
– Зайздрошчу табе, Германій, – ціхім голасам казаў ён, няспешна кіруючы валамі, – Ты – вольны, вольная птушка. А я назаўсёды раб, раб-лізарук. Я б’ю рабоў, ганяю іх, як скаціну, але ж і мяне б’юць. Колькі я нацярпеўся аплявух ад Сабіны. Колькі разоў яна гразілася адаслаць мяне ў каменяломню.
Германій маўчаў. Ды ён, па-праўдзе, й не слухаў Сірыя. Душа ягоная была напоўнена звонкай цішынёй, святлом і бляскам. Яму думалася, што ўсё гэта сон – дарога, шурпатарогія валы, вінаваты голас віліка. “Гэта не я, – думаў ён, – Я памёр. З мяне злупілі скуру плёткамі наглядчыкі. Мяне выкінулі, як здохлага пса, пад старую крывастволую аліву ў полі. Гэта не я.”
Але марудліва махалі хвастамі валы, побач бубнеў аб нечым вілік, дарога то ўздымалася, то апускалася на сухіх пагорках, прытуліўшыся адно да аднога сядзелі Альба з Эдам “Натамілася пчолка мая”, – з пяшчотаю падумаў пра жонку Германій.
І раптам як прачнуўся.
– Прыпыніся, – сказаў ён Сірыю. Той, нібыта Германій зрабіўся для яго новым Філамузам, адразу ж спыніў валоў.
Альба, Эд і Германій злезлі з падводы, сталі на калені. Колькі часу маўчалі.
– Дзякуем табе, наш высокі Бог, што ты зняў з усіх нас рабскія кайданы, – дрогкім усхваляваным голасам прамовіў Германій, – Дзякуем табе, наш Езус Хрыстус, што ты ўбачыў нас, пашкадаваў і выратаваў нас. Толькі тваімі рабамі будзем мы, больш нічыімі.
Яны нізка-нізка пакланіліся. Альба заплакала на ўвесь голас. Гледзячы на маці, пачаў плакаць Эд.
Накаціліся восеньскія хмары. Закрапаў лёгкі дождж. Вольныя людзі падстаўлялі свае твары дажджу, нібы хацелі, каб ён найхутчэй змыў з іх рабскае павуцінне.
А ў гэты час Зося, седзячы ў паланкіне, усміхалася, як дзіця. Яна ўжо ведала, што скажа свайму дзядзьку Язэпу, калі зноў сустрэнецца з ім. Яна, пабыўшы каля самых вытокаў, скажа, што хрысціянства – гэта радасць, вялікая радасць перамогі над смерцю і над рабствам. Хрысціянства невыпадкова прыйшло на зямлю. Мора слёзаў праліў чалавек, і хрысціянства было караблём, які, ратуючы людзей, паплыў па гэтым моры.
У Рыме яны развіталіся з сям’ёю Германія, развіталіся з сенатарам Філамузам. Сенатар усё прасіў, каб за яго замовілі слоўца перад імператарам Канстанцінам. А неўзабаве цэнтурыён прэтарыянцаў, чарнабароды, магутны, павёў іх, Зосю і Марціна, па бясконцых пышлівых анфіладах залатога палацу Нерона, дзе пакуль што жыў са сваім дваром імператар.
Канстанцін прыняў іх у невялікай круглай зале, дзе ўсё дыхала Грэцыяй. Мармуровыя бюсты Гамера, Сакрата, Платона і Арыстоцеля глядзелі, як жывыя, з нішаў у пазалочаных сценах. Вялізны чорна-чырвоны збан-піфас стаяў каля ўваходу, напамінаючы аб сонечнай добрай краіне, багатай вінаградам і алівамі. На сцяне, вышэй бюстаў, вісеў чорны хрысціянскі крыж.
– Хачу перанесці сталіцу з Рыму на Усход імперыі, – сказаў Канстанцін, – Яшчэ не ведаю куды, але на Усход. Бліжэй да Грэцыі. Бліжэй да мясцінаў, дзе нарадзіўся Хрыстос, дзе нарадзілася мая маці. Імя гэтага горада Новы Рым.
– Імя гэтага горада Канстанцінопаль, – ціха прамовіў Марцін, – І мы з маёй сяброўкаю праз колькі дзён паплывем туды, каб дапамагчы імператару Канстанціну Палеалогу абараніць яго ад ворагаў.
Канстанцін уздрыгнуў. Упрытык падыйшоў да Марціна, сваёй цвёрдай моцнай рукою ўзяў яго за руку, пранікліва зірнуў у вочы. Позірк ягоны быў светлы-светлы, сіні-сіні, як летняе неба.
– Канстанцін. Таксама Канстанцін, – у глыбокім одуме прашаптаў ён, – Я старэю, а новыя людзі нараджаюцца. І неўзабаве над маімі косткамі вырасце трава, і я сыйду ў вялікае брацтва мёртвых.
– Не думайце так, імператар, – горача запярэчыла Зося, – Вас назавуць Вялікім. Ваша імя будуць праслаўляць усе хрысціянскія маці па ўсім белым свеце.
Канстанцін пазіраў то на яе, то на Марціна. Цёмныя мяккія вейкі ўздрыгвалі над задуменнымі вачамі.
– У Канстанцінопалі, у вашым горадзе, – казаў далей Марцін, – узвышаецца самы найпрыгожы, самы велізарны хрысціянскі храм, якому няма роўні, Святая Сафія. Мільёны чалавечых душаў горнуцца да яе.
– Вы абароніце храм? Вы абароніце Святую Сафію? – парывіста запытаўся Канстанцін.
Смуглыя шчокі палалі ад узбуджэння. Нервова перакочваліся жалвакі.
– Мы будзем яе абараняць, імператар.
– Не здавайце ворагу хрысціянскі горад, – прасіў-умольваў Канстанцін, – Не дайце, каб мая душа і душы тых, што жывуць сёння і неўзабаве адлятуць у неба, плакалі ад бяссілля і пакуты. Беражыце Сафію, як зрэнку вока. І яшчэ, сенатар Палемон, – ён балюча схапіў Марціна за плячук, – Я выдам “Міланскі эдыкт”. Я зраблю імперыю хрысціянскай. А ты раскажы, перадай будучым людзям, што я не забіваў свайго сына Крыспа атрутай, не душыў сваю жонку Фаусту гарачай пАрай у лазні. Размовы пра ўсё гэта – паклёп. І паклёп не на мяне, маленькага і смяротнага, а на Хрыста.
Ён знямог ад найвастрэйшых найбурлівейшых пачуццяў, што віравалі ў ім. Твар пабляднеў. Па скронях і па ілбе цёк пот. Каб не ўпасці, ён прытуліўся да піфаса, учапіўся ў яго рукамі.
Марцін і Зося пачціва стаялі збоку, глядзелі на чалавека, які, змагаючыся і пакутуючы, выведзе хрысціянства з катакомбаў. Касцёл у Гародні, цэрквачка каля Воршы – гэта ўсё ён, Канстанцін. І глыбокі халодны сум у стомленым позірку – гэта таксама ён.
Ім трэба было ўжо думаць як вяртацца назад, да Язэпа Ранцэвіча, да сяброў. “Ці хацела б я застацца тут, у гэтым часе? – думала Зося, – Не ведаю. Не магу адказаць. Тут застаюцца і Германій з Альбай і Эдам, і Сабіна з Філамузам. І рабы знясіленыя вечнай працай. Тут застаецца імператар Канстанцін. Хоць не – гэты імператар будзе жыць, прысутнічаць усюды і заўсёды”.
– Марцінік, як жа мы будзем вяртацца дадому? – па-дзіцячы наіўна і спалохана спыталася яна ў свайго сябра.
– Нам трэба дабірацца да Везувія, а там – Бог-бацька, – цвёрда рашуча адказаў Жабыка-Жэмба і абняў яе.
Да вулкана ехалі на прыгожых чырвоных двухколках з конным эскортам імператарскіх прэтарыянцаў. Перад гэтым Канстанцін у суправаджэнні ліктараў, што неслі сякеры і розгі, правёў іх да Форуму, узяў у легіянера значок з рымскім арлом, сказаў:
– Гэта арол – aguila, штандар Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Легіёну. Ён зроблены з чыстага золата. У час атакі ён лунаў над легіёнам. Ён адважна ляцеў у самую лютую бітву, у дым і агонь, і нідзе не адступаў, бо рымскі арол памірае, але ніколі не складвае крылы. Бяры яго, сенатар Палемон. Разам з вамі я адпускаю свайго арла.
Вострым канцом Канстанцін уваткнуў штандар у зямлю перад Марцінам. Марцін узяў баявы штандар, пацалаваў дрэўка, горача ўсхвалявана выдыхнуў:
– Клянуся табе, імператар, што мы, дзеці Вялікага княства Літоўскага, мы, ваяры “Ордэна святога Палемона”, узнімем гэтага арла над сценамі і вежамі твайго гораду. Калі трэба будзе, мы памрэм за Канстанцінопаль.
Колькасць прачытаўшых: 1052 Колькасць вогдукаў: 0