Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год.
I
Яны засталіся адны. Здзіўленыя прэтарыянцы металічнымі каскамі, а то й голымі рукамі (не было рыдлёвак) выкапалі ў зацвярдзелай сіняватай лаве дзве глыбозныя яміны і паімчалі назад у Рым, толькі пыл закурэў з-пад конскіх капытоў. Цішыня абрынулася на ўсё наваколле. Пагрозна маўчаў стомлены Везувій. Воблакі, нібы белашэрыя авечкі, якія спяшаюцца на вадапой, беглі ў небе да Цірэнскага мора. Столькі давялося пабачыць і адчуць за апошнія дні, што Марцін з Зосяю спустошана маўчалі.
Раптам Зосі зрабілася страшна – а што калі яны заблудзяцца на сваёй невядомай дарозе, загінуць? На пачатку іхняй вандроўкі побач быў Язэп Ранцэяіч, натхняў, падбадзёрваў. Зараз жа яны былі адны.
Зося самотна паглядзела на неба. У вачах было маленне.
Марцін заўважыў душэўныя пакуты сваёй сяброўкі, моцна прыгарнуў яе да сябе, пацалаваў, сказаў:
– Нічога не бойся. Я з табою. І мы вернемся да сваіх. А калі не... Памерці ў адзін дзень – шчасце для закаханых. Ды мы вернемся, павер мне. Давай лепш, ластавачка мая, успомнім як мы кахаліся-мілаваліся каля начнога возера, як свяціліся з неба зоркі. Ніхто з жывых, апроч нас, не кахаўся ў часы Канстанціна Вялікага. Ідзі ж да мяне.
Зося радасна кінулася ў ягоныя абдымкі. Спачатку быў доўгі-доўгі пацалунак, які, нібы ключ, адмыкае гарачыя целы мужчыны і жанчыны. Потым пяшчотныя і адначасна моцныя рукі пачалі гладзіць, лагодзіць і, урэшце рэшт, захопліваць у палон маладую падатную скуру. Кроў пачала тоненька звінець, напаўняцца святлом, цяплом і мёдам. Гэты ні з чым непараўнаны звон павольна, як першы вясновы ручай, пацёк па ўсім целе – ад пятак да вуснаў і вачэй. Звон пакрысе ўзмацняўся. Мужчынскае і жаночае цела пачалі напружвацца, гарачліва трапятаць, нібы пругкія сакавітыя галіны маладога порсткага дрэва пад напорам навальнічнага ветру. Столькі вогненнай жарсці, столькі салодкай п’янлівай пакуты было ў гэтым трапятанні! Жанчына рабілася Зямлёй, сваёй уладнай, у нечым жорсткай сілай яна неадольна прыцягвала, уцягвала ў сябе Мужчыну, які зрабіўся Месяцам. Імгненні спляталіся, скручваліся са стагоддзямі ў яркую каляровую спіраль, якая не мела назвы. Напор узмацняўся, рос. Галовы і сэрцы ўжо паплылі ў залатой цёплай рацэ. Жанчына і Мужчына зрабіліся адзінай істотай, шматвокай і шматвуснай, якую залівала да краёў, да самага верху іскрыста-пякучая яркая магма асалоды. І грымнуў выбух!
Яна адначасна ўскрыкнулі, знясілена спустошана раскінулі рукі. Краем вока Марцін паспеў убачыць Везувій. Імгненне назад ён, Жабыка-Жэмба, быў грымлівым спякотным вулканам.
Адпачылі, памаўчалі. Нішто больш не трымала іх тут. Памаліліся. Зося пацалавала крыжык мітрапаліта-пакутніка Герасіма, які заўсёды насіла на грудзях.
– Вазьмі нас і зберажы нас, старадаўняя зямля, – ціхім голасам прамовіў-папрасіў Марцін. Зося, як рэха, паўтарала за ім ягоныя словы.
– Фларэнцыя і Палемон! Фларэнцыя і Палемон! – ускрыквалі яны, усвідроўваючыся ў патаемную зямную глыбіню, у халодны змрок, і іх праглытвала невядомасць. Зноў пачынаўся іхні палёт праз стагоддзі. Так у чорным начным небе, распырскваючы наўкол сябе снапы вострадзюбых залатых іскраў, згараючы і ўваскрасаючы, імчацца некуды ў бездань Сусвету таямнічыя зоркі-прывіды. Глядзяць на іх людзі, і хто жахаецца, заплюшчвае з пярэпалаху вочы, а хто моліцца, услаўляючы радасць жывога нябеснага агню.
... Язэп Ранцэвіч у найвялікшай трывозе снаваў каля таго месца адкуль накіраваліся ў мінуўшчыну Зося з Марцінам. Ён праклінаў сябе і алхіміка Алясандра Ракеці самымі злымі словамі. Паверыў вар’яцкай кніжцы, і загубіў пляменніцу, адзінага, самага роднага на зямлі чалавека. Ды яго, Ранцэвіча, трэба разабраць да самай дробнай костачкі і кінуць на корм шалёным псам. Як самы апошні паганец, як лясны дзікун, ён, забыўшы пра Хрыста, прымусіў дзяцей (так-так, яны, Зося і Марцін, па сутнасці, яшчэ дзеці) лезці, закопвацца ў зямлю, прамаўляць нейкія абракадабры і ляцець (???) да Канстанціна Вялікага. Інквізітары, дзе вы? Распальвайце на вялізнай гарадской плошчы самае вялізнае вогнішча і заместа сухіх дроў шпурляйце ў яго ідыёта Ранцэвіча.
Самае жахлівае было ў тым, што іхнія целы, як і задумвалася напачатку, заставаліся ў земляных ямінах-калодзежах. Ранцэвіч на свае вочы бачыў іх, сядзеў каля іх. А толькі на адно-адзінае імгненне адлучыўся наламаць сухога бадыльніку для цяпельца, як яны зніклі. Нездарма людзі кажуць: “як у зямлю праваліліся”. Але куды яны дзеліся?
Магчыма, іх схапіў драпежны звер, завалок у сваё лагво, магчыма, падабрала якая-небудзь пахавальная каманда з цыганоў, якія калі-нікалі ездзяць тут? Пра пералёт чалавечых целаў у часе і прасторы Ранцэвіч нават і не думаў. Лётаць могуць толькі душы.
У глыбокай скрусе глядзеў ён сабе пад ногі. Ды старая сівая зямля маўчала, не выдавала таямніцаў. Хоць грызі яе.
Плыў наўкола ціхі дзень з цёплым дробным дажджом. Плылі невясёлыя згрызотныя думкі Ранцэвіча, і не было ім ніякага супыну.
Раптам буйная шырокакрылая птушка шаснула ледзь не ля самага твару, шпарка паляцела ўбок Везувія. Язэп Ранцэвіч уздрыгнуў усім целам, спуджана перажагнуўся. Падалося, што гэта нейкія хітрыкі д’ябла, што гэта д’ябал навёрзся на вочы і хоча завабіць туды, дзе ніколі не бывае святла.
Птушка рабіла тым часам шырокія кругі, то аддалялася, то зноў настойліва набліжалася да Ранцэвіча, і ён зразумеў, што птушка гэтая некуды яго кліча, хоча паказаць яму кудысьці дарогу. Ён ужо вызначыў, што гэта арол. Учыніўшы святую малітву (няхай Бог бароніць!) Ранцэвіч назіркам пайшоў за таямнічым арлом. Давялося прадзірацца праз калючае горнае кустоўе, спатыкацца на каменных асыпках. Арол, як праваднік, ляцеў наперадзе. Час ад часу ён гартанна клекатаў на сваёй арлінай паднябеснай мове.
Расхінуўшы пасмы высахлай бамбукавай травы, Ранцэвіч убачыў маленькую зялёную лугавінку і на ёй двух чалавек. Яны ляжалі, раскінуўшы рукі, і быццам бы спалі.
З вялікай асцярогаю Язэп Ранцэвіч ступіў некалькі крокаў уперад. І раптам радасна затахкала сэрца.
– Зося! Марцін! – што ёсць моцы гукнуў ён, падбег, упаў на калені, пачаў тармасіць пляменніцу. У гэтае імгненне ён быў самым шчаслівейшым чалавекам на свеце.
Еўрапейка з цяжкасцю расплюшчыла склееныя сном павекі. Зялёны агонь вачэй пырскнуў на Ранцэвіча.
– Дзядзечка, – слаба ўсміхнулася яна, – Вось мы й дома. Туды ляцець было лягчэй. Марцін, прачынайся. Марцін!
Жабыка-Жэмба агаломшана вырачыў вочы, пачаў церці іх кулакамі. Потым сеў, паглядзеў на Зосю, на сябе.
– А дзе мая сенатарская тога? – спытаў здзіўлена і са смяшлівай падкавыркаю, – Пэўна, яе сцягнуў сенатар Філамуз. Ну, Гай Урвіней Філамуз! – пагразіў кулаком у неба, – Не здобрыцца табе, калі мы сустрэнемся ў пекле.
– Ды ты што? – спалохана стукнула яго кулачком у плечы Зося, але вочы свяціліся шчасцем. Яна моцна абняла дзядзьку, некалькі разоў яго пацалавала. Ранцэвіч аж праслязіўся.
– Тут лётаў нейкі арол, – абмацваючы пільным кругавым позіркам неба, сказаў ён, – Гэты арол дапамог мне вас адшукаць.
– Арол? – Марцін перамаганосна глянуў на яго і на Зосю, – Хоць мая сенатарская тога знікла, як філасофскі камень Алясандра Ракеці, але мой арол – са мною. Вось ён!
Жабыка-Жэба трасянуў дрэўцам з залатым навершшам – цудоўнай выяваю рымскага баявога арла, урачыста аб’явіў:
– Штандар Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Легіёну.
– Якая прыгажосць! – захоплена ўсклікнуў Язэп Ранцэвіч, – Але ж гэта не той арол. Той быў у небе.
Потым Ранцэвіч з найвялікшай цікавасцю, з агнём у вачах пачаў распытваць іх пра незвычайнае падарожжа. Толькі ахаў і вохаў, калі казалі яны пра імператара Канстанціна, пра бітву на Мільвійскім мосце, пра Святы Крыж у небе. Слухаў даверліва і шчыра, раскрыўшы рот, як дзіця, прыгаворваючы:
– Якія вы шчаслівыя. Якія вы шчаслівыя.
– Памаліліся за вяртанне. Зося з жарсцю пацалавала свой нацельны крыжык, крыжык мітрапаліта Герасіма, сказала:
– Дзякуй табе. Усё сваё жыццё буду саграваць цябе на грудзях маіх.
– Ну й што вы скажаце пасля ўсяго гэтага, дзеці мае? – калі скончыліся аповяды, напусціў на твар сур’ёзнасць, строга звёў цёмныя бровы на пераноссі Ранцэвіч. З хваляваннем чакаў адказу.
– А скажам мы, пан Язэп, што хрысціянства навечна прыйшло на нашу зямлю, – глянуўшы на Зосю, якая згодна заківала галавою, цвёрдым голасам прамовіў Марцін Жабыка-Жэмба, – Святы Крыж навечна запаліўся ў небе. Гэта, як вясновы дождж. Але – Вечны Вясновы Дождж.
– І, значыць, нам, воінству “Ордэна Святога Палемона”, патрэбна неадкладна плысці ў Канстанцінопаль, – як заўсёды рашуча, сказала Еўрапейка.
Язэп Ранцэвіч, усхліпнуўшы ад радасці, моцна абняў іх.
22 жніўня 1452 году з залітай яркім сонцам венецыянскай лагуны, кіруючыся на сталіцу Візантыі, выйшла невялікая эскадра. Выправіліся ў небяспечны шлях да восеньскіх марскіх штормаў і да поўнай турэцкай блакады Канстанцінопалю. Аддаляўся, раставаў у сонечных промнях, згасаў на небасхіле велічны купал сабора Святога Марка, які асяняе сабою шумны прыгожы старадаўні горад, што месціцца на 118 астравах.
Ішлі на поўдзень па Адрыятыцы, мінулі востраў Корфу, Пелапанес, потым узялі курс па Эгейскім моры на паўночны ўсход адна вялікая венецыянская галера, адзін высокабортны ветразнік без вёслаў і чатыры грэцкія бірэмы. Капітаны разлічвалі дасягнуць канстанцінопальскай бухты Залаты Рог сутак за пятнаццаць. Гэтай сіняй сумнай дарогаю плыў калісьці ў сваю ссылку рымскі паэт-пакутнік Авідый.
Рымскі Папа Мікалай V, як і абяцаў, паслаў імператару Канстанціну Палеалогу вайсковую дапамогу. Але гэта была маленькая жменька, якой, як ні старайся, не затушыш асманскі пажар. Усяго дзвесце салдатаў. У іх ліку, рымляне, частка Фларэнтыйскай баталіі і атрад з трыццаці чалавек палеманістаў на чале з Марцінам Жабыкам-Жэмбам. Узначальваў экспедыцыю былы мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі, а зараз вуніяцкі кардынал Ісідор разам з Грыгорыем Балгарынам. Вайсковым кіраўніком быў кандат’ер Ларэнца Алані. Плылі па хвалях, што ў прадчуванні недалёкай восені пачыналі набіраць сталёва-чорны бляск, людзі са зброяй, коні, абарончы рыштунак (частаколы з колляў, бярвенчатыя шчыты-сцены), харчовыя прыпасы, порах...
Зося з Марцінам, як і ўсе палеманісты, знаходзіліся на магутнай галеры з велізарным надводным таранам, з катапультамі, арбалетамі і бамбардамі. Яна мела даўжыню 200 песаў (60 сажняў), шырынёю была ў 25 песаў (сем з паловай сажняў). Тры мачты з трохкутнымі і прамымі ветразямі ганарліва ўзвышаліся над ёй. На кожны борт у галеры было па 32 вяслы даўжынёю 50 песаў (15 сажняў). Адно такое агромністае вясло абрывала рукі сямі грабцам. Грабцы, мяркуючы па-ўсім, былі вольнанаёмныя, бо Папа забараніў выкарыстоўваць рабоў на хрысціянскіх караблях.
Палеманісты размясціліся пад паветкаю з белага тоўстага палатна, што было напята на верхняй палубе. Іван Маладзей, Ян Карсакоў, Мікалай Антушэвіч, браты Адам і Пётр Усакоўскія, Карпей Блусь, Станіслаў Катовіч, Мікалай Неўмяржыцкі, – усе былі тут. І ўсе, нават рагатуны Усакоўскія, былі надзіва сур’ёзныя. Не да вясёлага вэрхалу, не да смеху было, калі кожнае імгенне на небасхіле маглі ўзвіцца драпежныя ветразі турэцкай эскадры.
Заставалася адно – маўчаць і глядзець на мора, што й рабілі Марцін з Зосяю. Мора было вакол іх, было з імі, яно шумела, хвалявалася, кіпела, лёгка несла цяжкую галеру, зіхцела пад сонцам і пад месяцам, люляла на сваёй сіняй спіне дэльфінаў. Дэльфіны былі ягонымі вясёлымі дзяцьмі. Яно выстрэльвала іх са сваёй нязмернай глыбіні, і яны выскоквалі з вады парамі, тройнямі, растапырыўшы крылцы-ласцікі, ляцелі колькі песаў, як птушкі, і зноў, грацыёзна і мякка, падалі ў бліскуча-блакітную іртуць, знікалі ў ёй.
У часіны шторму ўсе клаліся на палубу, прывязваліся вяроўкамі, хапаліся адзін за аднога і чулі, як стогне, рыпіць, аж трашчыць кожным сваім бервяном і кожнай дошкай галера. Мора выплёсквала насустрач ёй суровыя сярдзітыя вострыя хвалі, вада ішла ў наступ, і быццам бліскучыя срэбныя змеі віліся між людзей на палубе.
Дзіўныя гукі даносіліся да ўсіх, шэпты, шолахі, уздыханні, смех і праклёны, стогны і песні-калыханкі, і зноў – шэпты і шолахі... Дзіўныя колеры бачыліся ўсім, водсветы, люстраныя ўспышкі, срэбна-залатыя пералівы, танцы сіняга, і зялёнага, і перламутравага. І воблакі... Такіх не бывае над сухазем’ем.
Кожны з хваляваннем думаў, што ён зараз плыве там, дзе плылі Адысей, Цэзар, Авідый, Антоній з Клеапатраю. Ад такіх думак пачынала ўсхвалявана трымцець сэрца.
Марцін, гледзячы на няспынныя белагаловыя хвалі, павучаў Зосю:
– Зараз мы плывем па Эгейскім моры, у якім калісьці, пабачыўшы чорныя ветразі над сынавым караблём, скончыў самагубствам, утапіўся грэцкі базілеўс Эгей. Хутка праз Дарданельскую пратоку ўвойдзем у Мармуровае мора ці Прапантыду, на паўночным беразе якой і стаіць Канстанцінопаль. А далей, праз Басфор, можна, калі жадаеш, трапіць у Чорнае альбо Румскае мора. Некаторыя называюць яго Рускім. Але гэта няправільна. Яно – Румскае, гэта значыць, Рамейскае, Грэцка-Рымскае. Яно было Румскім яшчэ тады, калі ніхто й слова не чуў пра Русь. Нездарма туркі называюць Балканскі паўвостраў Румеліяй. Старадаўнія ж грэкі называлі Румскае мора на свой лад – Понт Эўскінскі.
– Усё ты, Марцінік мой, ведаеш, - весела ўскудлаціла яму валасы Еўрапейка, - І на
якім толькі рынку такіх галавістых прадаюць?
Яны набліжаліся да аднаго з самых славуцейшых гарадоў зямлі Канстанцінопалю. 11 траўня 330 году ён стаў сталіцай Візантыйскай імперыі. Імперыя гэта, вычленіўшыся ў свой час з магутнага цела адзінай Рымскай імперыі, на 977 (!) гадоў перажыве сваю сястру Заходнюю імперыю са сталіцай у Рыме. Шмат было на зямлі магутных пышлівых гарадоў, але дзе яны сёння? Троя... Карфаген... Сарай на Іцілі (Волга), сталіца Залатой Арды... ВізАнтыю – Новаму Рыму – Канстанцінопалю Бог прадвызначыў зусім іншы лёс.
Горад гэты, заснаваны яшчэ старадаўнімі элінамі, квітнеў у вельмі зручным месцы – паміж Чорным-Румскім і Міжземным морамі, паміж Еўропай і Азіяй. Жыхары ягоныя называлі сябе рамеямі. Дзяржаўнымі мовамі Візантыі былі латынь і грэцкая. На латыні выступаў імператар перад войскам і перад саноўнікамі, па-грэцку шумна і горача размаўлялі вуліцы, іпадром і марскі порт. Але паступова грэцкі геній перамог, і адбылася элінізацыя, хоць, па глыбінна-каранёвай сутнасці, дзяржава і яе галоўны горад заставаліся касмапалітычна адкрытымі ўсяму свету. Тут знаходзілі схоўны прытулак і высокія пасады готы і вандалы, авары і славяне.
Візантыя абагаўляла сваіх імператараў. У ёй склаўся найярчэйшы і найскладанейшы прыдворны цырыманіял. Кожны павінен быў аддаваць імператару, намесніку Бога, зямны паклон. Нават крыху не верыцца, што да такога рабалепства маглі дайсці грэкі, прыроджаныя дэмакраты. Але, як кажуць, з песні слова не выкінеш.
Сэрцам Канстанцінопалю быў іпадром, дзе ўладарнічалі, громагалосна і грозна, партыі спартыўных балельшчыкаў-заўзятараў, венеты (сінія), прасіны (зялёныя). Яны славіліся сваёй выбуховай палітызаванасцю. Яны жорстка варагавалі між сабой, забівалі адзін аднога. Яны маглі на іпадроме ў час конных рысталішчаў лісліва славасловіць імператара, які сядзеў вышэй за ўсіх у спецыяльнай залатой ложы-кафізме, а маглі крычаць яму ж: “Асёл! Ты ілжэш! На жывадзёрню косткі ўсіх гледачоў!”, г. зн. і косткі імператара-баганосца.
Візантыя была надзіва рэлігійнай краінай, што ўзнесла пад нябёсы велізарнейшы праваслаўны храм Святой Сафіі, храм Невыказнай Боскай Мудрасці, як называлі яе самі рамеі. І ў той жа самы час яны выдумала і штодзённа практыкавала такую жахлівую кАру, як вырыванне вачэй жывым людзям, як аскапленне, кастрацыя мужчын, у тым ліку, хлопчыкаў-малалеткаў.
Візантыя дала свету Яна Златавуста, палкаводца Велізарыя, мудрыя “Кодэксы” Юстыніяна, выдатныя літаратурныя творы Ганны Комнінай, Міхаіла Псела, Льва Дыякана... Усё зведала яна і ейная сталіца Канстанцінопаль – землятрусы, пажары, паводкі, зпідэміі, народныя паўстанні, нашэсці вандроўных ордаў і рыцараў-крыжакоў. Зараз над Канстанцінопалем быў занесены асманскі ятаган. Вось у які горад плылі маладыя палеманісты.
Перад уваходам у бухту Залаты Рог на палубу выйшаў кардынал Ісідор у доўгім чорным плашчы з капюшонам. Марскі вецер скінуў, сарваў капюшон з галавы, і сівыя густыя валасы ўсталі стаўбуном, закрылі вочы. Рэзкім рухам худой смуглай рукі ён згарнуў валасы з ілба, строгім пранізлівым позіркам глядзеў на канстанцінопальскія сцены, што набліжаліся, наплывалі з левага борту. Яны былі магутныя, высокія, жоўта-белыя, з двумя яркімі гарызантальнымі лініямі, выкладзенымі з чырвонай цэглы. Рамеі кажуць, што пабудаваць гэтыя цудоўныя сцены ды й сам горад ім дапамаглі багі Апалон і Пасейдон. Але Ісідор ведаў – пры ўсёй сваёй знешняй несакрушальнасці сцены гэтыя дужа старыя, зношаныя, можна сказаць, гнілыя, і цяжкія ядры турэцкай артылерыі будуць крышыць іх, як арэхавае шкарлупінне. Такое веданне халадзіла сэрца сумам.
Убачыўшы палеманістаў, падыйшоў, спытаў:
– Адкуль будзеце, святое воінства?
– З Вялікага княства Літоўскага, – адказаў за ўсіх Марцін.
– Землякі, – аж засвяціўся Ісідор, пачаў кожнаму ціснуць руку.
Хоць быў ён грэкам з Марэі, але ўсё сваё свядомае жыццё (так было наканавана лёсам) правёў у Кіеве, на Літве і ў Масковіі, у якой яго назвалі ілжэпастырам. Ён быў цвёрдым вуніятам, і вельмі ўсцешыла яго тое, што маладыя ліцвіны таксама былі вуніятамі.
– Ай, як добра, – усё прыгаворваў ён, любуючыся ладнымі мускулістымі паставамі маладых ліцвінаў. “Слабыя сцены, ды моцныя людзі”, – думалася яму.
Канстанцінопаль стаяў на паўвостраве паміж бухтай Залаты Рог і Мармуровым морам. З сушы горад ахоўвала сцяна. Мармуровае мора, або Прапантыда мела дужа хуткае, дужа вірлівае і струменістае цячэнне, якое не дазваляла туркам высадзіць у гэтым месцы дэсант. Уваход у Залаты Рог запіраўся велізарным ланцугом, адзін канец якога мацаваўся на Соценнай вежы Юстыніянавай сцяны ў паўночна-ўсходняй частцы гораду, другі – на адной з вежаў квартала Пера на паўночным беразе Залатога Рогу, дзе была калонія генуэзцаў Галата, якую імператар Міхаіл VIII Палеалог падараваў ім у 1261 годзе за дапамогу ў аднаўленні Візантыйскай імперыі. На вадзе ланцуг утрымлівалі драўляныя плыты.
– Кажуць, што ланцуг з золата, – шапнуў адзін з братоў Усакоўскіх Яну Карсакову.
– Праўда? – загарэўся Ян, – Тады я буду прасіць імператара Канстанціна, каб заплаціў мне за службу доўгім, – ён шырока развёў рукі, – кавалкам ланцуга.
Уражаны Усакоўскі аж разявіў рот. Ён так і не зразумеў жартуе Карсакоў, або не.
Дзевятнаццацігадовы асманскі султан Мехмед Другі Фаціх, што азначае – Завёўнік, сын рабыні-хрысціянкі, пакляўся Алаху адолець, узяць Канстанцінопаль. Аб сцены гэтага гораду ўжо зламалі зубы шматлікія ворагі. Толькі адзін раз за сваё доўгае жыццё ён адчыніў Залатую Браму захопніку – у 1204 годзе ім завалодалі рыцары-крыжакі. Мехмед ведаў пра гэта і стараўся ўлічыць усе памылкі сваіх няўдачлівых папярэднікаў. Перш чым браць штурмам сам горад, неабходна было падчысціць ягоныя ваколіцы, зачыніць усе хады-выхады як у Міжземнамор’е, так і ў Румскае мора. У той самы час, калі галера з палеманістамі ў складзе Папскай эскадры ішла ад Венецыі да бухты Залаты Рог, туркі ўжо пабудавалі крэпасць у самым вузкім месцы пратокі Басфор, адрэзаўшы Візантыю ад прычарнаморскага хлеба і мяса. Крэпасці далі імя Багаз-кесэн, “Тая, што пераразае горла”. Назва вельмі трапная, калі ўлічыць, што паслам імператара Канстанціна перарэзалі глоткі, калі яны пацікавіліся дзеля чаго ўзводзіцца крэпасць. На вежах Багаз-кесэн паставілі бамбарды і серпанціны, і янычары расстрэльвалі ва ўпор кожнае судна, якое асмельвалася патрывожыць хвалі Басфору.
Вельмі вялікія надзеі ўскладаў Фаціх на асадную артылерыю. Ён меў мноства невялікіх гарматаў, але, на свае вочы пабачыўшы магутныя канстанцінопальскія сцены (тры сажані (каля сямі метраў) таўшчынёй, каля 500 абарончых вежаў, 28 брамаў) вырашыў узброіць сваё войска самымі велізарнымі на той час гарматамі. Венгерскі гарматны ліцец Урбан зрабіў для яго “Базіліку”. Яна важыла 1900 пудоў. Адно каменнае ядро для яе мела вагу 35 пудоў. Грозную “Базіліку” і ейны смяротны рыштунак цягнула 40 пар валоў. Зямля прагіналася пад ёю.
Султанскі шнурок, шнурок, на якім па султанскім загадзе канчаюць жыццё самагубствам няўгодныя яму людзі, усё тужэй зашморгваўся на горле візантыйскай сталіцы. У вушах і ў душах людзей, што якім небудзь чынам злучылі свой лёс з Візантыяй, сурова гучалі словы султана Мехмеда Другога: “У мяне ёсць толькі адно жаданне. Дайце мне Канстанцінопаль”. І тым не менш на венецыянскай галеры, што ўжо прышвартавалася ва Улахернскай гавані Залатога Рогу, было даволі весела. Палеманісты, адзеўшы пласціністыя панцыры, шаломы з яркімі пёрамі, паножы, узброіўшыся пікамі, дзідамі, шпагамі і аркебузамі, шумнай гурмою сыйшлі на бераг па сходнях, пачакалі пакуль з грузавой бірэмы звядуць змучаных марскім падарожжам коней. Кожны сустрэў свайго каня, гладзіў яго, абдымаў, расчэсваў грыву, карміў сухой хлебнай скарыначкай. Потым іх апраналі ў браню. У коней бязгучна дрыжэлі губы.
– Што гэта ў твайго канягі ніжняя губа шавеліцца? – смеючыся, спытаў Ян Карсакоў у Івана Маладзея.
– Конь перад бітвай з Богам гаворыць, – строга адказаў Маладзей.
Ды непрыемная неспадзяванка чакала Марціна Жабыка-Жэмбу і ягоны атрад, калі на прычале пачаўся агляд усяго воінства, якое прыплыло з Папскай эскадрай. Да Марціна падыйшоў усхваляваны Грыгорый Балгарын, ціха сказаў:
– Ты і твае людэі паступаеце пад начала венецыянца Джакоба Кантарыні. Вунь ён. Тоўсты, у чырвоным панцыры.
– Але ж мы з Фларэнтыйскай баталіі. Намі камандуе кандат’ер Ларэнца Алані, – горача запярэчыў Марцін. Яму яўна не хацелася ісці пад чужую незнаёмую руку.
– Венецыянцы далі флот, далі грошы. Яны тут вядуць рэй, – вінаватым голасам прамовіў Балгарын, – Цярпі, рыцар. Адно помні – не Джакоба Кантарыні будзеш служыць, а ўсяму хрысціянству.
І акрэсліў над галавой у Марціна знак святога крыжа.
Нарэшце да шыхта палеманістаў падгарцаваў на прыгожым танканогім жарабку венецыянец Кантарыні. Арліным гарачым позіркам агледзеў строй, пацікавіўся адкуль, з якіх земляў такое воінства.
– З Вялікага княства Літоўскага, – сухім незадаволеным адказаў Марцін.
– Не чуў, – прыўзняў чорнае крылатае брыво Кантарыні.
– Месэр рыцар, ці чулі вы пра бітву пад Грунвальдам? – звонкім голасам спытала Зося Еўрапейка. Яна, як улітая, сядзела ў сядле, была апранута і ўзброена, як усе, толькі драбнейшая фігураю. У левай руцэ яна трымала штандар з залатым рымскім арлом.
– Чуў, – аднаслоўна адказаў венецыянец. Яму б нарадзіцца ў Лаконіцы, а не ў Венецыі.
– У гэтай бітве рыцары княства Літоўскага і рыцары Польшчы са сваімі каралямі Ягайлам і Вітаўтам разграмілі Тэўтонскі ордэн. Мой дзед, рыцар-шляхціц Антон Квяцінскі, узяў там у палон тэўтонскага комтура Адэрлехта, – усміхаючыся, гаварыла Зося, – Мы, – яна павяла рукою ўбок сваіх сяброў, – унукі тых славутых ваяроў. Вось хто мы такія.
Толькі зараз да Джакоба Кантарыні дайшло, што ён размаўляе не з мужчынам, а з жанчынай або дзяўчынай. Гэта дужа абурыла ганарыстага ваяку.
– Пані-амазонка, – са здзеклівай пачцівасцю пакланіўся ён, – а ці чулі вы пра Жанну д’Арк?
– Вядома, чула, – весела адказала Еўрапейка.
– Дык вось раю вам цвёрда запомніць – у мяне, у маёй баталіі не будзе яшчэ адной Жанны д’Арк. На ўсіх вас, такіх гарачых і такіх прыгожых, не хопіць вогнішчаў, – зноў пакланіўся Кантарыні.
І ад’ехаў, суровы, велічна-непрыступны.
– Ну што, з’ела кукіш з макам? – злосна шапнуў Зосі Квяцінскай Жабыка-Жэмба, але яна толькі бадзёра ўсміхалася – маўляў, вецер пашуміць, ды й сціхне.
Месцам кватаравання баталіі Джакоба Кантарыні, а, значыць, і палеманістаў, прызначылі цытадэль Сямі Вежаў, якая знаходзілася побач з Залатой брамай і сваімі байніцамі пазірала на Мармуровае мора. Тут пачыналася славутая сцяна імператара Феадосія, што была ўзведзена яшчэ ў 413 годзе і цягнулася да квартала Улахерны на беразе Залатога Рогу. З палявога боку сцяны выкапалі велізарны роў шырынёю ў 60 футаў (18 сажняў), над якім узвышаўся зубчасты бруствер. Паміж брустверам і сцяной быў праход у 50 футаў, які называўся Перывалос. Першая сцяна абароны мела вышыню ў 25 футаў, мноства вежаў, уваходных брамаў і патаемных брамак для вылазак падчас асады. За сцяною ішоў яшчэ адзін унутраны праход – Параціхіён шырынёю ў 60 футаў. А ўжо за Параціхіёнам стаяла другая сцяна абароны вышынёю ў 40 футаў, з квадратнымі і васьмікутнымі вежамі.
– Будзем сядзець за гэтымі сценамі, як у Бога за пазухай, – весела гаманіў Адам Усакоўскі, калі конна ехалі да цытадэлі Сямі Вежаў па вузкіх вуліцах Царгораду.
Горад быў прыгожы і багаты. Аднапавярховыя і шасціпавярховыя жылыя будынкі, мармуровыя і бронзавыя, ужо пазелянелыя ад дажджоў і салёнага марскога ветру, бюсты базілеўсаў, таверны для маракоў і падарожнікаў, з якіх востра пахла смажанай рыбай і баранінай, цудоўныя аздобленыя золатам і зіхоткай ляпнінай храмы з выявамі Хрыста і Багародзіцы, рознакаляровыя каваныя з металу флюгеры, караблікі, арлы і львы на вострых шпілях. Але чагосьці не хапала. “Чаго?” – думаў Марцін. І раптам зразумеў – не хапае людзей. Няма таго кіпучага мурашніку як у Кракаве, Фларэнцыі, Рыме. Усё ў горадзе затаілася, замерла, нібы лес перад навальніцай. На вуліцах і на плошчах толькі ўзброеныя мужчыны ў латах, вершнікі і пешцы. Не відно ні жанчын, ні дзяцей. Пахаваліся ці сышлі, з’ехалі ў бяспечныя зацішныя месцы.
Размясціліся ў казарме на першым ярусе трохпавярховай каменнай вежы. Коней навязалі пад круглай драўлянай паветкай, што, як грыб з шэрай распоўзлай шапкаю, прыліпла да гарадской сцяны. Пакуль падначаленыя ўладкоўваліся, атабарваліся на новым месцы, Жабыка-Жэмба пайшоў на вайсковую нараду, якую праводзіў Джакоба Кантарыні. Штаб-кватэра венецыянца была на трэцім паверсе пад самым дахам. Тут вежа звужвалася, і пакой выдаваў на першы позірк малым, але шырокае аркападобнае вакно з тоўстымі алавянымі крАтамі рабіла яго прасторным і светлым.
Кантарыні з падзорнай трубою ў руках падвёў сваіх камандзіраў (прыйшло чалавек дзесяць) да гэтага вакна, не адрываючы падзорную трубу ад вачэй глядзеў на сінюю водную паверхню, сказаў:
– Перад вамі Мармуровае мора. У моры – турэцкі флот. Кажуць, караблёў пяцьсот. Не ведаю, не лічыў. Мой і ваш абавязак – не пусціць туркаў за гарадскую сцяну, калі яны злезуць са сваіх караблёў, сядуць у чоўны і прыплывуць да нас у госці. Мы – хрысціяне, і мы не павінны аддаць чужаверцам хрысціянскі горад. Над гэтым морам, панове, заўсёды свеціць сонца. Калі давядзецца паміраць, памрэм з сонцам на тварах. Клянуся крыжам шпагі, на які абапіраецца мая рука.
Ён прамовіў гэта з такой жарсцю, з такім імпэтам, што камандіры перазірнуліся, і твары ў іх пасвятлелі. Сваімі словамі Кантарыні шмат каму зваліў цяжкі камень з душы. Усё зрабілася ясным і зразумелым.
Марціну таксама вельмі спадабаліся гарачыя словы венецыянца. З павагай пачаў ён пазіраць на гэтага суровага, можа, нават жорсткага рыцара. Вось толькі як быць з Зосяю Еўрапейкай? Джакоба Кантарыні забараніў ёй быць у ягонай баталіі, а ён, як відно, словамі не раскідваецца. Ды й сам Марцін не хацеў, каб сяброўка з дзідаю ці з каменем-галышом у руках стаяла на гарадской сцяне. Не жаночая гэта справа. “Мужчыне патрэбна крэпасць, а жанчыне лепасць”, – успомнілася яму. Што ж рабіць? Раптам яму падумалася, што добра б было каб Зося паехала ў атрад кардынала Ісідора, якому даручылі ахоўваць участак сцяны насупраць Акропаля і храма Святой Сафіі. Яна магла б займацца нейкай справаю ў храме. Думка так спадабалася Жабыку-Жэмбу, што ён адразу ж адшукаў Еўрапейку. Зося стаяла пад паветкай і доўгай скураной шчоткаю чысціла свайго рудога коніка. Каня, як помніў Марцін, яна называла Галубок.
– ГалУбка з Галубком? – пажартаваў ён.
Еўрапейка падаравала яму адну са сваіх самых цёплых, самых мілых усмешак.
– Марцінік, калі ўжо мы пойдзем за сцяну лавіць асманскага султана? – гарэзліва спытала яна.
– Лавіць султана, Зосечка, мы не будзем, – падрабляючыся пад ейную весялосць, сказаў Марцін, узяў у яе з рук шчотку і пачаў ярасна шкрэбці Галубка. Той аж заматаў галавою, незадаволена і сярдзіта.
– Чаго ж тады мы плылі сюды за трыдзевятае мора? – здзівілася Зося.
– А прыплылі мы сюды, каб збіраць у наваколлях Канстанцінопаля кароў, авечак, і коней, і нават вярблюдаў, калі напаткаем; усё быдла, што кінулі, уцякаючы ад туркаў, гпспадары і праз Раманаўскую браму прыганяць у горад. Тут з быдла мяснікі будуць рабіць мяса і карміць усіх нас. Так сказаў Джакоба Кантарыні. А яшчэ мы будзем назапашваць дровы, сена, каменне.
Марцін, узяўшыся ў бокі, весела прамаўляў усё гэта і бачыў як паступова хмурнее твар ягонай сяброўкі. Так летнім днём набягаюць на яснае сонейка лёгкія хмары. Жабыка-Жэмба не хацеў каб заўсёдна вясёлая Еўрапейка занадта ўпадала ў паныласць, таму хуценька пацалаваў яе ў шчаку, прыгарнуў да сябе. Яна пакорліва аддалася ягоным абдымкам, як аддаецца рацэ зіхоткі маленькі ручаёк. Колькі імгненняў стаялі моўчкі. Плыло над галовамі высокае канстанцінопальскае неба. Цягам доўгіх стагоддзяў бачыла яно пад сабою магутны, шумны, вясёлы, упэўнены ў сваёй сіле горад. Яно часта бачыла як з новай перамогаю вярталіся ў гэты горад войскі, і тады радасна і гучна званілі званы незлічоных цэркваў, шчаслівыя жанчыны і дзеці выбягалі на вуліцы, выпускалі ў цёплы блакіт белых і шэрых галубоў. Яно бачыла, як пад аглушальныя славаслоўі шматтысячнага натоўпу выходзілі са Святой Сафіі імператар поруч з патрыярхам, як успыхвала на яркім сонцы золата і срэбра панікадзілаў, царкоўных сцягоў. Ва ўсім жыла бадзёрая моц, ва ўсім адчувалася дыханне вечнасці. А яшчэ яно бачыла ярасны, як вулкан, іпадром, нястрымны шалёны бег квадрыгаў, конскія разадзьмутыя наструненыя рэзкім сустрэчным ветрам грывы, у якія былі ўплецены іскрыстыя каштоўныя каменьчыкі. У гэтым горадзе кожнаму чалавеку жыццё здавалася бясконцым.
– Зося, – мяккім голасам сказаў Марцін, – ты ж ведаеш, што тут у нас табе не будзе месца – Кантарыні забараніў, ды й паміж мужчын жыць адной жанчыне не выпадае. Я падумаў, што патрэбна табе ісці да кардынала Ісідора. Ён са сваім атрадам і людзьмі прынца Архана, турэцкага перабежчыка, стаіць каля Акропалю і Святой Сафіі. Думаю, кардынал, добрая душа, паспагадае нам, і ты будзеш у бяспецы, і я не буду хвалявацца. Чуў я на вайсковай нарадзе, што кардынал са згоды патрыярха Рыгора Мамы хоча паставіць каля сценаў Сафіі карочыё. Можа, й табе там занятак знойдзецца.
Жабыка-Жэмба чакаў ад каханкі буры, нязгоды, але яна толькі слаба ўсміхнулася, мацней прытулілася да яго:
– Добра, хай будзе так, як ты кажаш. Ты ж у мяне самы разумны, – яна цмокнула яго ў шчаку, – Няма ў мяне ні бацькі, ні маці. Ты, Марцінік, маці мая і бацька мой. Табе адному веру. Пайду да Ісідора. Толькі дзе ж і калі мы будзем сустракацца з табой?
Зялёныя вочы Еўрапейкі напоўніліся вострым сумам і трывогай. Пэўна, толькі зараз яна пачынала разумець у якую небяспечную нават смяротную справу ўблытваецца разам з каханкам. Яшчэ раніцою так было лёгка і радасна на душы, усё здавалася вясёлай цікавай гульнёй з абавязкова шчаслівым канцом. Так у дзяцінстве гуляюць у жмуркі-хованкі. Але за той час, калі Марцін быў на вайсковай нарадзе, жыццё паказала ёй і ўсім палеманістам сваю крывавую ашчэраную пашчу. Яна чысціла ахарошвала Галубка. І раптам аднекуль пачуліся дзікія нечалавечыя крыкі-стогны. У іх было столькі пакуты, што зайшлося сэрца. Палеманісты выбеглі з казармы, пачалі азірацца па баках, пыталіся ў Зосі:
– Хто гэта крычыць?
Ды яна й сама не ведала, стаяла, выпусціўшы з рукі шчотку.
– Там, – здагадаўся, паказаў угору пальцам Ян Карсакоў, – За сцяной.
Па каменных прыступках узабраліся на самы верх сцяны і вачам адкрылася жахлівае відовішча. Праз зубцы ў сцяне ўсе ўбачылі на хвалістым Мармуровым моры з дзесятак невялікіх драўляных плытоў. Злёгку пахістваючыся, кругляючы, павольна плылі яны ўздоўж канстанцінопальскіх сценаў. На кожным плыце, насаджаны на вострую доўгую палю, як кавалак мяса на ражно, пакутваў, канаў, заходзіўся крыкам ад невыноснага болю чалавек. Гэта былі маладыя грэцкія салдаты, якія, як трохі пазней даведаліся палеманісты, абаранялі форт у прыморскай вёсцы Студыёс. Асманы разбілі каменныя сцены форту гарматным агнём і ўсіх, хто ацалеў, пасадзілі на палю.
Караван смерці плыў, аддаляўся, цішэлі, згасалі крыкі няшчасных. Палеманісты глядзелі адзін на аднаго, маўчалі.
– Мамачка мая, – толькі й вохнула Зося Еўрапейка.
Зараз яна, стоячы з Марцінам, думала ці бачыў ён з усімі камандзірамі гэтыя плыты. Хацела нават спытацца, але ў апошняее імгненне перадумала – маўчыць, значыць, не бачыў, і не трэба вярэдзіць яму душу. Узамен аповяду пра плыты пацікавілася:
– А што гэта за карочыё?
– Сам не сустракаў, але чуў, што гэта рыцарская задумка, – адказаў Марцін, – У час бою яны ставілі ў зацішным месцы цяжкую калымагу, у якую ўпрагалі аж пад восем валоў, і ўзвівалі над ёй сцяг. У пярэдняй палове карочыё была дараносіца з асвечанымі ахвярамі – хлебам і віном. Сюды зносілі цяжкапараненых, альбо яны самі прыпаўзалі, каб перад смерцю святар адпусціў ім грахі. Калі было нявыкрутна, калі вораг давіў з усіх бакоў, рыцары гуртаваліся вакол карачыё і да канца, да смерці біліся за свой сцяг.
Тым жа надвячоркам Марцін Жабыка-Жэмба, пакінуўшы ў казарме замест сябе Івана Маладзея, правёў Зосю ў атрад кардынала Ісідора. Кардынал згадзіўся ўзяць пад сваю апеку маладую ліцвінку, паабяцаўшы падшукаць для яе занятак. Дамовіліся, што б ні здарылася, сустракацца кожны дзень, як толькі пачне садзіцца сонца, каля ўваходу ў Святую Сафію. Моцна пацалаваліся.
Вярнуўшыся ў сваю казарму, Марцін напаткаў там Грыгорыя Балгарына. Той нешта горача гаварыў палеманістам. Убачыў Марціна, абняў яго, сказаў:
– Тваім людзям і табе, пан Марцін, жадаю поспеху. Не бойцеся. Цвёрда стойце пад хрысціянскім сцягам. Смерць прыходзіць толькі адзін раз, а слава застаецца з чалавекам навек. Мая радзіма, Балгарыя, ужо носіць на шыі асманскае ярмо. Ужо ўехаў турэцкі конь у царкву. На канстанцінопальскіх сценах вы будзеце змагацца за свой край, за Вялікае княства Літоўскае, за Вільню, Менск і Полацк. Калі хочаце каб яны жылі і квітнелі заўтра, спынІце злую сілу сёння.
Палеманісты, збіўшыся ў цесны круг, з найвялікшай увагай слухалі святара. Яны ўспаміналі жахлівыя плыты і разумелі – скончылася, як цёплы летні дзень, нешта дужа добрае, светлае і залатое. Пачынаюцца холад і змрок.
З Мармуровага мора, з недалёкага азіяцкага берагу наплываў на прыціхлы цёмны Канстанцінопаль ваяўнічы гарачы грукат турэцкіх барабанаў.
Колькасць прачытаўшых: 816 Колькасць вогдукаў: 0