Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка II.

II

– У імператара толькі адна каханая – Імперыя, – так адказаў візантыйскі імператар Канстанцін ХІ Палеалог свайму паракімамену Льву, калі хуткім парывістым крокам ішоў па начному Вялікаму палацу. Паракімамен, Той, што спіць побач, высокі мажны рамей з Марэі, амаль бег за саракадзевяцігадовым імператарам. Паракімамамену хацелася спаць. Гэтай трывожнай восенню яны адразалі ад кожнай ночы вялікі кавалак часу і пешшу, ці конна, ці ў паланкінах удоўж і ўпоперак адольвалі агромністы горад, узбіраліся на сцяну, залазілі на баявыя вежы, правяралі з якой пільнасцю нясуць ахову салдаты і керкетон, гарадскі патруль. Потым заміралі дзе-небудзь на цёмнай вуліцы або на шырокай плошчы, слухалі цішыню.

Паракімамен Леў шчыра любіў свайго імператара яшчэ з тых шчаслівых часін, калі Канстанцін быў дэспатам Марэі, іхняй агульнай радзімы. Тады яны былі маладзейшыя, кроў званчэй і гарачэй трапятала ў целе, і калі-нікалі пад покрывам зорнай таямнічай ночы паракімамен прыводзіў у імператарскую спальню маладзенькіх прыгожых незнаёмак. Незабыўныя хвіліны... Салодкая таемнасць... Ён, успомніўшы тое, і сёння сціпла прапанаваў свайму гаспадару адпачыць у гарачых абдымках чарговай Афрадзіты, але – у імператара толькі адна каханая – Імперыя. Што ж, базілеўс, як заўсёды, гаворыць толькі мудрае.

Канстанцін шпарка ішоў па бясконцай анфіладзе цёмных пакояў, дзе калісьці ўсё так і ззяла золатам і срэбрам, тысячамі яркіх запаленых свечак, што былі ўваткнуты ў аздобленыя каштоўнымі камянямі кандэлябры. Калісьці, адбіваючыся ў вялізных венецыянскіх люстэрках, тут цудоўнымі кветнікамі праплывалі найпрыгажэйшыя жаночыя твары. На галоўках у красуняў грацыёзна ўзвышаліся прапаломы, шыкоўныя прычоскі для ўрачыстых палацавых выхадаў. Кожная такая прычоска, як каронаю, уганароўвалася беласнежным раскошным вэлюмам.

Моўчкі ён увайшоў у Магнаўру, залатую палату Вялікага палаца. Тут спрадвеку стаяў залаты імператарскі трон, боскі сімвал улады і бяссмерця, што называўся Тронам Саламона. Яшчэ нядаўна ён быў пакрыты дарагімі дыванамі і апонамі, быў ахінуты залатымі дрэвамі, пад якімі сядзелі такія ж залатыя ільвы. Залатыя птушачкі спявалі ў густым голлі дрэў. З абодвух бакоў Магнаўры ўрачыста, як велічны марскі прыбой, плылі славасловы салодкагалосых хораў. Калі чалавек набліжаўся да трону, на якім сядзеў імператар, трон раптоўна, як на крыллях, узлятаў угору, а ільвы адкрывалі пашчы, высоўвалі языкі, пачыналі біць хвастамі і пагрозліва рыкалі. Сёння тут панавалі цемра і беднасць. Так, беднасць, бо ён, імператар Канстанцін усё золата, усе каштоўнасці, усе грошы да апошняга міліарысія аддаваў на зброю, на порах, на ўмацаванне вежаў і сценаў, на аплату наёмнікаў. Ён здзёр золата са сцен палаца, і яны зрабіліся шэрымі сумнымі і нікчэмнымі. Так ператвараецца ў нікчэмнасць чалавек, які толькі што ехаў у багатай запрэжанай шасцерыком карэце з расфранчанымі лёкаямі на запятках, ды на яго раптоўна напалі рабаўнікі, абабралі да апошняй ніткі, збілі яго і, смеючыся, выкінулі з карэты на дарогу, у брудную свінячую лужыну.

Апошнімі днямі і начамі Канстанцін усё часцей, усё неадчэпней думаў пра Ромула Аўгустула, імператара Заходняй Рымскай імперыі. Не Аўгустам магнаты і народ называлі яго, а Аўгустулам, што азначае, Аўгусцік, Аўгусцёнак. Мізэрнасць адчувалася ў гэтым. Германец Адаакр з племя ругіеў 23 жніўня 476 году скінуў Аўгусцёнка з трону, і бабуля Заходняя Імперыя памёрла. І ніхто не заплакаў над ейнай труною. Незапатрабаванасць улады над калісьці вялікім Рымам была настолькі моцная, што Адаакр не пажадаў зрабіцца новым імператарам і адаслаў карону і пурпуровую мантыю ў Канстанцінопаль імператару Зянону.

Ромул Аўгустул стаўся апошнім імператарам Заходняй Рымскай імперыі. Няўжо ён, Канстанцін XI, будзе апошнім імператарам Візантыі? Чаму Бог абраў менавіта яго на такую ганебную ролю? Чаму да яго добра-дрэнна царавалі дзесяць Канстанцінаў, а ён, адзінадцаты, павінен да дна выпіць горкі кубак няславы, паражэння?

Паракімамен Леў у гэты ж самы час думаў зусім пра іншае. Ён быў еўнухам. Ён ведаў і чуў як за ягонымі плячамі яго называюць безбародым уродам, чалавекам-раслінай, прамой кішкой. Яго гэта не хвалявала, праходзіла паўз ягоную свядомасць, як навальніца, што грымела недзе зусім побач, але ніводнай ейнай іскрынкі, ніводнай кроплі не залятала ў ягоны ціхі пакой.

Той, што спіць побач, ведаў – імперыя загіне, Канстанцінопаль рухне. Яблычак на залатым дрэве даўно саспеў, даўно згніў. Султану Мехмеду варта толькі мацней пстрыкнуць па гэтым дрэве сваім пальцам, і паршывы плод упадзе да ягоных ног. Ён разам з імператарам і ягонымі памочнікамі лазіў па вежах, хадзіў па сцяне, нават хваліў, калі патрэбна было, моц і непрыступнасць канстанцінопальскіх умацаванняў, а сам у душы залівіста смяяўся – няўжо Бог адабраў ва ўсіх іх нюх і зрок, няўжо яны не разумеюць, што ад турэцкага ятагану няма паратунку? Тая нервовая сіла, што вяла яго па жыцці і дапамагала выжываць і няблага сябе пачуваць у жорсткім свеце моцных некастрыраваных самцоў, супакойвала яго, нашэптвала – ты спатрэбішся і туркам. У іх вунь колькі гарэмаў і наложніц. І там ой як шануюць усюдыісных еўнухаў, гэтых, як кажуць некастрыраваныя самцы, гарэмных чарвякоў і мышэй. Ён праб’ецца наверх і там, між асманаў. Асманам таксама патрэбна, каб нехта вартаваў іхні сон і сон іхніх жонак, каб нехта спакойна, без пажады, глядзеў на пяшчотную беласнежную жаночую ручку і лічыў, што гэта проста прыгожы кавалак мармуру з радоскай капальні. Ён праб’ецца і там. Як гавораць: дай мурашцы залезці на нагу, яна й да галавы дабярэцца.

Паракімамен ціхенька засмяяўся. Канстанцін пачуў, рэзка азірнуўся:

– Ты што?

Прабач, вялікі базілеўс, – схіліў шыю ў пакорлівым паклоне Той, што спіць побач.

Каля Святой Сафіі сустрэлі дамесціка схол, начальніка імператарскіх целаахоўнікаў Калістрата. З ім было каля паўсотні этэрыётаў, конных імператарскіх гвардзейцаў. Яны былі ў поўным узбраенні, але спешаныя, без коней .

Калістрат звычна схіліў перад Канстанцінам калена. Потым працягнуў нейкі цёмны скрутак:

– Апрані, вялікі базілеўс.

Гэта быў скарамангій, верхняе адзенне вышэйшых саноўнікаў Візантыі, адзенне не параднае, а штодзённае. Нешта накшталт жупана. Канстанцін з удзячнасцю, бо на вуліцы было свежа і дрогка, адзеўся. Потым запытальна паглядзеў на Калістрата, чакаў якую навіну той скажа – добрую альбо кепскую. Шумеў вецер. Летучы з начной Прапантыды, ён удараўся аб каласальную цвярдыню Святой Сафіі, звіваўся ў клубок і ўжо ад падножжа храма цёк імклівымі халоднымі рэкамі па вуліцах і плошчах. Неба было хмарнае, прытуленае да зямлі. Толькі ў рэдкіх лапінах-разрывах між хмарамі квола бачыліся маленькія зоркі, як насыпаныя на блакітны студзёны паднос крошкі золата.

Дамесцік схол загадаў рослым этэрыётам адвярнуцца і адыйсці на дзесяць крокаў. Тыя моўчкі бясшумна выканалі загад, сталі збоку. У сваіх цёмных плашчах-хламідах яны былі падобныя на вялізных кажаноў.

– Ну? – нецярпліва парушыў цішыню імператар.

– Мае дыанёлы даносяць, што турэцкі перабежчык прынц Архан замышляе нешта благое, – ціха прамовіў-шапнуў Калістрат.

Дыанёламі называлі ў Візантыі агентаў-віжоў, якімі, як грыбніцай, было пранізана ўсё грамадства зверху-данізу. Хто што крыкнуў на іпадроме, хто як чыхнуў у Вялікім Палацы – усё ўлятала ў доўгія чуткія вушы дыанёлаў.

– І чым можа нашкодзіць нам Архан? – узяўся за дзяржальна свайго мяча імператар.

– Дыанёлы кажуць, што ягоныя людзі могуць атруціць калодзежы і цыстэрны з пітной вадой. Могуць падчас штурму ды ўжо й цяпер не ахоўваць, не абараняць свой участак сцяны, прапускаючы ў горад аднаверцаў.

– І ты, Калістрат, верыш дыанёлам? – раздражнёным голасам спытаў Канстанцін.

– Я, вялікі базілеўс, паверу нават дамавой мышы, калі яна шапне мне, што нехта точыць на Імперыю нож.

Адказ спадабаўся імператару. Ён паклаў на плячо дамесціку схол руку, што азначала найвышэйшы давер:

– Скажы, дзе стаіць са сваімі людзьмі прынц Архан?

– Зусім непадалёку, – Калістрат торкнуў у цемру сваю доўгую і цяжкую руку, –Насупраць Святой Сафіі.

– Хто ж надумаўся ставіць мусульманіна ў такім месцы, ставіць, можна сказаць, каля самага хрысціянскага сэрца майго гораду?

У голасе ў Канстанціна віравала злосць. А злосць гэтая, добра ведаў дамесцік схол, магла абрынуцца гарачым ліўнем і на ягоную галаву. Таму ён хуценька сказаў:

– Эпарх-градаправіцель Нікіфар.

Канстанцін спакойна сустрэў гэтае імя. Магчыма, у апошняе імгненне падумаў, што менавіта ён, імператар, архістратыг-галоўнакамандуючы, у адказе за ўсё, у тым ліку, і за тое дзе хто стаіць на сцяне. Памаўчаў, потым глуха выдыхнуў:

– Нашы ворагі ўсё плодзяцца і плодзяцца, як лягушкі пасля дажджу.

Ён, калі называць рэчы сваімі імёнамі, быў імператарам без Імперыі. Візантыйскі сталец атрымаў пасля смерці свайго бяздзетнага брата імператара Яна. Ад брата яму засталася парожняя скарбніца, стомлены знявераны народ і тры шматкі зямлі – каля Канстанцінопалю і на фракійскім узбярэжжы Румскага мора, у Фесалоніках і на паўвостраве Пелапанес. Ды й гэту мізэрную тэрыторыю патрэбна было дзяліць з братамі Фамой і Дзмітрыем. А браточкі задаліся з найзвярыным апетытам, задзірыстыя і ганарыстыя. Варагавалі, грызліся між сабою. Ледзьве што – беглі ў Адрыянопаль, у новую сталіцу туркаў-асманаў, скардзіцца адзін на аднога султану Мехмеду. І на яго, свайго старэйшага брата, скардзіліся.

Шмат было ворагаў, мала было саюзнікаў. Гэты ж самы прынц Архан прыбег у Канстанцінопаль яшчэ да вайны з туркамі. Дакладна невядома кім ён даводзіўся Мехмеду – братам, дзядзькам, пляменнікам? У іх, асманаў, султанскую ўладу можа наследваць старэйшы сын, але такое не заўсёды абавязкова. Вось чаму ідзе лютая незаўважная старонняму воку вайна ў гарэме паміж султанавымі жонкамі і наложніцамі. Кожная з іх, калі спрыяльна павернуцца абставіны, можа ўбачыць свайго сына на троне. І таму рыхтуецца атрута, рыхтуюцца ў вялікай колькасці шаўковыя шнуркі, каб задушыць суперніка, забіць яго, не праліўшы прытым братняй крыві.

Мехмед напачатку радаваўся, што Архан, адзін з канкурэнтаў, збег да рамеяў. Нават штогод выплочваў Канстанцінопалю вялікія грошы на пракорм прынца і ягоных людзей. Спадзяваўся, што адным ворагам у ягоным няпростым султанскім жыцці паменела. Ды Архан быў не з тых, хто, ратуючы ад вострага коліка свой азадак, пачынае жыць шэра і непрыкметна, жыццём дажджавога чарвяка. Ён ярасна імкнуўся заўсёды быць навідавоку, выкарыстоўваў самую мізэрную, самую дробязную магчымасць напомніць аб сабе, аб сваім прыродным праве на турэцкі трон. Дзеля гэтага часцяком сустракаўся з венецыянскімі і генуэзкімі купцамі, якія плылі ў анаталійскія парты, шчодра частаваў іх і, напаіўшы ўдосыць лепшым віном, прасіў, а затым і патрабаваў, каб яны называлі яго Адзіным Нашчадкам Асмана. Такія частаванні вельмі дорага каштавалі беднай візантыйскай казне. Лагафет, распарадчык імперскіх фінансаў, пастаянна скардзіўся Канстанціну. Імператар нават падумваў выдаць прынца султану Мехмеду – маўляў, бярыце назад свой дзіравы збан. Але туркі перасталі даваць грошы на пракорм, потым аб”явілі Візантыі вайну, і ўсе патрохі пачалі забываць гарачага няўседнага Архана. Ды вось ён сам напомніў аб сабе.

– Калі схопім яго за каршэнь і дакажам ягоную віну, не мінаваць турчанёнку кароны са свіных вантробаў, – нервова ўздрыгваючы ад узбуджэння, сказаў Канстанцін дамесціку схол.

Гэта было традыцыйнае візантыйскае пакаранне – злачынцу пры вялікім скопішчы народу ўрачыста ўскладвалі на галаву “карону”, туга сплецены вянок з бычыных і свіных кішок. Ад страшэннай знявагі, ад нясцерпных хваляванняў у тых, каго такім чынам каралі, часцяком у гэты ж самы час здараўся разрыў сэрца.

Крадучыся, яны пайшлі ў накірунку вежы, дзе, як прыкмецілі дыянёлы, прынц Архан амаль кожную ноч сустракаўся з таямнічымі людзьмі. Цёмная вежа, як востры зуб, узвышалася над сцяною крэпасці. Месяц то хаваўся за хмары, то выскокваў з-за іх. Цемра чаргавалася са святлом. Здавалася, непадалёк гарыць пульсуе бяссонны маяк-фарос. Канстанцінопаль жа спаў. Гэта былі ягоныя апошнія мірныя ночы.

– Глядзі, вялікі базілеўс, – зашаптаў Калістрат.

У верхнім вакне двухпавярховай вежы раптам успыхнуў малюсенькі кволы агеньчык. Быццам яркае крылца начной мятлушкі ўзварухнулася затрапятала ў змроку. Гэту кропельку святла немагчыма было ўлавіць чалавечаму воку. Яе мог убачыць толькі той, хто менавіта ў гэты час, з гэтага месца пільна пазіраў на вежу.

– Ён дае знак, – зноў зашаптаў дамесцік схол.

Агеньчык (гэта магла быць свечка альбо невялікі пераносны ліхтар – гаршчок) пахітнуўся ў адзін бок, у другі, зноў застыў на месцы. Здавалася, ён некага чакае. І тут каля падножжа вежы, у прывідным срэбнашэрым паўзмроку, яны ўбачылі чалавечую фігуру, якая пудліва ляпілася да цёмных камянёў, старалася быць непрыкметнай. Імператар і Калістрат перазірнуліся.

– Асманскі лазутчык, – аднымі вуснамі выдыхнуў дамесцік схол.

Счакалі пакуль начны госць знікне ў дзвярах, уздымецца на другі паверх, і толькі тады маўклівыя этарыёты чорнай сцяною рынуліся ўбок вежы. Адразу ж заблакіравалі ўвесь ніз, не даючы людзям Архана, якія ў гэты час спалі, вырвацца на панадворак. Туркі прачнуліся, узнялі шалёны крык. Зазвінела жалеза. Нечым цяжкім пачалі дзяўбсці знутры ў дзверы, каб іх адчыніць.

Між тым пяцёра этэрыётаў начале з дамесцікам схол Калістратам уварваліся на другі паверх, збілі з ног янычара, што, прысланіўшыся да сцяны, стаяў-драмаў каля ўваходу ў прынцаў пакой. Адным ударам выламалі дзверы.

Архан, у жоўта-залатым халаце, у невялікім белым цюрбане, з-пад якога віліся цёмныя кучаравістыя валасы, сядзеў на канапе. У яго на каленях сядзела вельмі прыгожая маладзенькая дзяўчына гадоў шаснаццаці-сямнаццаці. На іхніх тварах свяціліся лагода і шчасце. З’яўленне ўзброеных людзей, крыкі, шум, грукат так уразілі іх, што ў прынца ліхаманкава заторгалася левая шчака, а дзяўчыну як віхор здзьмуў. Яна пушынкаю зляцела з прынцавых каленяў, забілася ў кут пакою, закрыла твар рукамі.

Архан выхапіў з-за пояса свайго халату вялікі востры кінжал, тронкі якога аж гарэлі ад мноства яркіх рубінаў і сапфіраў, занёс яго над галавой. Пэўна, яму падумалася, што атакуюць Мехмедавы янычары, і трэба не патрапіць у палон, а як мага даражэй аддаць жыццё. Агонь у гарачых чорных вачах гаварыў – такі чалавек здольны на ўсё.

– Прынц Архан! – крыкнуў Канстанцін, увайшоўшы ў пакой. Усе пачулі ўладны голас імператара і застылі на месцы. Ён глянуў на Архана, потым на дзяўчыну, што трымцела ад жаху аж калаціліся ейныя налітыя порсткім сокам маладосці грудзі.

– Імператар, – здзівіўся прынц і апусціў руку з кінжалам, – Што прывяло да мяне ўначы імператара рамеяў?

Ён узбуджана дыхаў, ноздры буйнога пародзістага носу трапяталі. Струменьчык поту поўз па левай шчацэ, той, што ўсё яшчэ нервова торгалася.

– Кажуць, прынц, што ты вядзеш патаемныя перамовы з султанам Мехмедам, – высунуў галаву з-за шырокага імператарскага пляча дамесцік схол.

– Я? Я вяду перамовы з сабакам Мехмедам?

Твар у Архана пабляднеў, потым пабурэў і пачырванеў ад раптоўнага прыліву гнеўнай гарачай крыві.

– Ён пасадзіў майго бацьку на палю. Ён вынішчыў увесь мой род. Ён захапіў мой гарэм, маіх любімых жанчын. І ты, імператар, – прынц ва ўпор глянуў на Канстанціна, – таксама лічыш, што я здраднік?

Палеалог не паспеў слова сказаць, як турак, прыкусіўшы губу, кінуў сваю левую руку на белы мармуровы столік і – шах! – кінжалам адсек на ёй мезенец. Пырскнула кроў. Дзяўчына віскнула ў куце. Усе ўздрыгнулі.

– Навошта ты гэта зрабіў? – разгублена спытаў Канстанцін. Яго, як і ўсіх, дужа ўразіў нечаканы ўчынак маладога турка.

– Асманы клянуцца ў сваёй вернасці крывёю, – з годнасцю, трохі моршчачыся ад болю, – сказаў Архан, – Цяпер ты бачыш каму служыць і будзе служыць мая зброя?

Канстанціну зрабілася ніякавата, ён адчуваў сваю віну ў гэтай крыві. Ён, імператар-архістратыг, ніколі не жадаў каб чалавечая кроў пралівалася проста так, як вада. І ўсё гэты дужа пільны дамесцік схол!

– Чаго глядзіш? – з рэзкім металам у голасе сказаў ён Калістрату, – Лекара – прынцу!

Усе замітусіліся вакол Архана. Калістрат адарваў ад сваёй белай нацельнай кашулі ладны кавалак, пачаў перавязваць рану. Адзін з этэрыётаў падняў з падлогі скрываўлены прынцаў палец, трымаў яго і не ведаў, бедалага, што з ім рабіць.

Увесь гэты час дзяўчына, як смяртэльна напалоханы звярок, сядзела ў сваім куце. Канстанцін падыйшоў да яе, спытаў:

– Хто ты і адкуль?

Яна затрымцела, сцялася ў камячок, адказала ціхім голасам:

– Я – Мелані. Мой бацька Лефтэрас. Ён загадвае цукраварняй у зАмку Калосі на Кіпры. Яшчэ ўлетку на венецыянскім караблі мы прыплылі ў Канстанцінопаль. Мы прывезлі цукар абаронцам тваёй сталіцы, вялікі базілеўс. Мы жывем у дамку каля Соценнай вежы.

– Значыць, ты кіпрыётка?

Яна моўчкі кіўнула галавой.

– А чаму ж ты, Мелані, так позна гуляеш, не ідзеш да бацькі?

– Майго бацьку месяц назад на Вайсковым полі забіла маланкаю, – адказала дзяўчына і горка заплакала.

Імператар пазіраў на яе і яму здавалася, што з высокіх-высокіх нябёсаў ён апусціўся на зямлю, дзе не думаюць аб уладзе, аб вайне, аб залатой кароне, дзе проста жывуць і працуюць, і плачуць, хаваючы сваіх родных. “Яна адказала: мы жывем, – думалася яму, – Хоць бацька ўжо памёр, і яна ўжо не раз плакала над ягонай магілай”. У ім варухнулася шкадаванне да гэтай дзяўчыны, што адна існуе ў незнаёмым вялізным горадзе. Але ж яна, хрысціянка, прыйшла да мусульманіна, каб падзяліць з ім ложа, у той час, калі прыхільнікі Алаха злейшыя ворагі Імперыі. Як быць з гэтым?

Ён строга варухнуў цёмнымі бровамі, спытаўся:

– Чаму ты, кіпрыётка і хрысціянка, мілуешся з туркам?

– Гэта ж наш турак. І ён даваў мне грошы, – хуценька са шчырай амаль дзіцячай непасрэднасцю адказала яна.

У яе былі чорныя бліскучыя валасы, такога ж колеру вялікія выразныя вочы, нос з мілай гарбінкаю, а вось скура была не смуглая, а малочна-белая кранутая лёгкім загарам. Гэта была прыродная бель, а не тая, якой дамагаюцца прыгажуні штодзённа ўціраючы ў шчокі лімонны сок. Такую скуру мелі эліны яшчэ да Гамеравага часу, калі з паўночных краінаў прыйшлі на Балканы.

Канстанцін раптам адчуў страшэнную стому, слабасць. Галава паплыла, зрабілася нязвычна лёгкаю, як бы жадаючы аддзяліцца ад цела. Гэта, вядома ж, давалі свой знак бяссонныя ночы. Ён утапіў твар у вузкіх смуглых далонях, стаяў не дыхаючы. Мелані зразумела, што яму блага, з вялікай шкадобаю глядзела на яго, але нічога не магла зрабіць.

– Вялікі базілеўс, над прынцам Арханам апякуюцца нашы лекары, – даклаў дамесцік схол, нібы з-пад зямлі вынырнуўшы перад імператарам. Толькі цяпер заўважыў Канстанцін, што ў Калістрата рознага памеру вочы. І большае было больш яркае, больш зіхоткае, вока з іскрой.

– Вазьмі яе ў Палац, – кіўнуўшы на Мелані, сказаў ён дамесціку схол, – Няхай навучаецца жаночым справам – рукадзеллю і кашаварству.

З вуліцы вярнуліся ў Святую Сафію. Тут рамейскія імператары мелі мутаторый – некалькі злучаных між сабою невялікіх ціхіх пакояў. Яшчэ Юстыніян, будуючы храм, паклапаціўся каб стомленыя душы базілеўсаў маглі, пры пільнай патрэбе, знайсці прытулак і спакой удалечыні ад жыццёвых навальніцаў пад аховаю Хрыста.

Узброеныя этэрыёты застылі на варце каля Залатых Дзвярэй. Протавесціарый, чалавек, які быў адказны за апрананне і распрананне імператараў, разам з некалькімі весціарыямі зняў з Канстанціна ўсё адзенне, замяніўшы яго на тонкую шаўковую начную бялізну. Яны распырскалі флакончыкі духмянай французскай вадкасці, расклалі на століках і ў срэбных вазах пучкі высушанай аравійскай травы, бясшумна зніклі. У спачывальні засталіся імператар і паракімамен Леў. Паракімамен спаў на нізкай канапе, што стаяла ў нагах ў раскошнага імператарскага ложа. На супроцьлеглай ад ложа сцяне, асветлены свечачкай уваткнутай у інкруставаны каштоўнымі камянямі віты рог кіпрскага горнага муфлона, выразна бачыўся абразок Хрыста-дзіцяці. Цнотай і чысцінёю веяла ад яго. Звычайна Канстанцін са сваім дваром маліўся, размаўляў з Богам каля шыкоўных дужа дарагіх абразоў, якія нібыта давілі душу цяжарам ні з чым непараўнальнай велічы і прыгажосці. Гэты ж маленькі абразок, як схаваная ад чужога вока ў лугавой траве запаветная крынічка, вабіў да сябе сваёй крохкай празрыстай першароднасцю і адухоўленасцю. Апошнім часам, кладучыся спаць, гледзячы на абразок, імператар шаптаў толькі адно: “Божа, выратуй і захавай Візантыю”.

Ён і сёння з усёй шчырасцю паўтарыў гэтыя словы, апусціў галаву на падушку і прымусіў сам сябе заснуць. Сон не ішоў, абрываўся, ламаўся. Не супакойвалася душа. І ўсё-ткі пакрысе залаты клей сну пачаў заклейваць вочы. Нібыта мяккая шырокая рака, рака падобная на Дунай, якую хлапчуком бачыў Канстанцін, падхапіла яго, панесла ўдалячынь. “Табе будзе добра са мною”, – шаптала чароўная рака. Раззалочаныя сонцам пяшчотныя хвалі нагадвалі калыску маленства. Калісьці, даўным-даўно, маці люляла яго ў такой калысцы.

Раптам патухла свечачка. І адразу ж у глухой трывожнай цемры знік, нібы ўтапіўся ў чорнай вадзе, абразок. Падалося, нейкі халодны суровы вецер увайшоў у імператарскую спачывальню. Было дзіўна, што нічога не пачулі этэрыёты, якія былі за дзвярыма. Этэрыёты не маглі спаць, не маглі. Чаму ж ні крыку, ніводнага гуку не даляцела ад іх?

Канстанцін змярцвела затаіўся пад балдахінам свайго ложа, лэпаў рукою па сцяне над галавой, дзе павінна была вісець залатая двухбаковавострая сякерка. Але рука не натыкалася на зброю. “Сякерку нехта зняў”, – здагадаўся ён, і наструненыя пальцы ног затрапяталі.

Густое напружанае дыханне-сапенне пачулася з цемры. Тая істота, што дыхала, была, мяркуючы па-ўсім, немалых памераў. Дзе ж паракімамен? Імператар хацеў гукнуць, паклікаць Таго, хто спіць побач, але язык нібы прыліп да гартані, не падпарадкоўваўся. Гэта наддало страху. Ён успомніў аповяды свайго дзеда Феактыста аб тым, як у старадаўнія часы забівалі парфірародных візантыйскіх базілеўсаў. Пракручвалі дзірачкі ў сцяне над імператарскім ложам, устаўлялі ў іх танюсенькія медныя трубачкі і ўначы, калі імператар спаў, пускалі па іх атрутны, без колеру і без паху, дым.

Канстанцін, застаючыся ляжаць на спіне, пачаў павольна прыўзнімацца з ложа, пільна ўзіраючыся ў цемру. І раптам проста над ім паўстала велізарная фігура паракімамена Льва. Гэта было так нечакана і жахліва, што ў вачах у імператара заскакалі вельмі яркія чырвоныя кропачкі.

Паракімамен, трымаючы ў аведзьвюх руках сякерку, шырока размахнуўся ёю, каб вось-вось ударыць імператара. Так кухонныя рабы колюць дровы.

– Што ты надумаў?! – крыкнуў ва ўвесь голас Канстанцін.

Твар у еўнуха перасмыкнуўся ад найвялікшай пякучай нянавісці. Ён ашчэрыў зубы. І ў гэтае самае імгненне са страшэнным грукатам расчыніліся дзверы ў спачывальню, і праз іх, запоўніўшы, падалося, сабою ўвесь пакой, уляцеў-уварваўся магутны арол. Сваімі крыллямі ён раскідаў этэрыётаў. З роспачнымі злымі крыкамі яны пападалі на падлогу. Арол з разгону дзеўбануў сваёй вострай цвёрдай дзюбай паракімамена ў левую скронь. Той, як камень, грымнуўся вобзем. Арол гарачым пёрыстым клубком крутнуўся ў спачывальні, крылом шкрабануў Канстанціну шчаку і знік, як не было яго. І адразу запалілася засвяцілася свечачка пад абразком.

З цяжкім хрыпучым стогнам імператар прачнуўся, сеў, няўцямна пазіраў наўкол сябе. Усё было звычнае – абразок, свечачка, срэбныя вазы з аравійскай травой, залатая двухбаковавострая сякерка на сцяне. Але чамусьці неўтаймоўна калацілася сэрца.

Разам з імператарам падскочыў са сваёй канапы паракімамен Леў. Выгнуў, як кот-буркун, спіну, лісліва спытаў:

– Як спалася вялікаму базілеўсу?

Безбароды жаўтлявы твар быў падобны на поўню, што нерухома стаіць у небе над соннай зямлёй. І невядома – дабро ці нянавісць нясе яна людзям.

Канстанцін глянуў на паракімамена і аж скалануўся. На левай скроні ў таго выразна бачылася нейкая свежая драпіна.

– Што гэта ў цябе? – стараючыся быць спакойным, пацікавіўся Канстанцін.

– Палацавы карлік Мануіл гуляў з маладымі прынцэсамі і патрапіў у мяне скураным мячыкам, – патлумачыў паракімамен.

Пасля абеду ў Магнаўры, Залатой палаце, Канстанцін сабраў усіх военачальнікаў, якія меліся на гэты час у Канстанцінопалі і павінны былі абараняць горад ад асманаў. Ён сядзеў на Троне Саламона, прыгожы, мудры, рашучы. Ні кропелькі слабасці не павінны заўважаць падданыя на твары ў рамейскага базілеўса. Залатая карона ззяла над галавой, як сонца.

На крэслах са слановай касці каля падножжа трону сядзелі Патрыярх Рыгор Мама, дамесцік схол Калістрат, эпарх-градаправіцель Канстанцінопалю Нікіфар, вялікі папія – галоўны правіцель Вялікага Палацу Раман, друнгарый флоту адмірал Лука Нотарас, імператарскі васілік-пасол у Ватыкане Франдзіс і яшчэ дзесяткі два патрыкіяў з сінкліту.

Военачальнікаў пасадзілі зводдаль трону на больш сціплых, з ліванскага кедру, крэслах. Ды на тварах у іх, у адрозненне ад імператарскай світы, не было ні каліва рабскай пачцівасці і пакоры. Усе яны па добрай волі прыйшлі-прыплылі ў гэты горад, каб ратаваць яго. Яны адчувалі сябе адзінай сілай, якая можа супроцьстаяць турэцкаму ятагану.

Перад пачаткам нарады Патрыярх, худы, сівенькі, як голуб, прачытаў малітву. З абодвух бакоў Залатой палаты зладжана заспявалі хоры. Усе апусціліся на калені, папрасілі Бога аб дапамозе.

Потым эпарх Нікіфар загадаў прынесці вялізную каляровую мапу горада. Два рослыя этэрыёты трымалі яе ў руках, а Нікіфар аголенай шпагаю паказваў на ёй узгодненую з імператарам дыслакацыю ўсіх вайсковых падраздзяленняў, якія меліся на гэты час у Канстанцінопалі, або чакаліся ў бліжэйшыя дні.

На вялікі жаль, войскаў было мала. Хоць Візантыя заключыла з Рымам вунію, хоць імператарскія васілікі бесперапынна ездзілі па ўсёй хрысціянскай Еўропе з просьбаю аб дапамозе, невад выцягнуў на бераг не дужа багаты ўлоў. Папа дапамог арганізаваць крыжовую выправу, але ў 1444 годзе рыцары палеглі ў бітве пад Варнаю, і з гэтай няшчаснай бітвай прыйшоў канец усім крыжовым выправам. Насіліся з думкаю перакінуць тэўтонцаў і лівонцаў у дэльту Дунаю, ды тыя не захацелі пакідаць наседжаныя месцы ў Прыбалтыцы. Французы з англічанамі былі заняты сваёй бясконцай вайною. Германія ледзьве дыхала расколатая на малюсенькія кавалачкі. Гарачыя іспанцы па шыю загрузлі ў Рэканкісце. Можна сказаць, султану Мехмеду пашанцавала – перад рашучай ягонай атакай Канстанцін Палеалог і Еўропа не здолелі сабраць сілы ў адзіны кулак. Хтосьці не змог дапамагчы, хтосьці (і такое было) не захацеў. Адным словам, калі надыйшоў час бітвы за хрысціянскую сталіцу, вялізны горад абараняла прыкладна 10 тысячаў чалавек. Аб гэтым з сумам у стомленых вачах казаў эпарх Нікіфар.

Галоўны ўдар асманаў чакаўся з сушы, там, дзе рака Лікас, забраная ў трубу, падцякала пад гарадскую сцяну. У гэтым месцы, якое называлася Месаціхіён і лічылася самым небяспечным, рэльеф паніжаўся на 100 футаў. Менавіта тут з асноўнымі рамейскімі сіламі павінен быў трымаць абарону імператар. На свае плечы ён, ні імгнення не вагаючыся, усклаў самую цяжкую ношку. Разам з ім насупраць Раманаўскай брамы стаяў генуэзец Джавані Джусцініяні Лонга, які прыплыў на двух караблях, прывёз з сабою 700 валанцёраў і мноства катапультаў і арбалетаў. Гэта так узрадавала Канстанціна, што ён паабяцаў адважнаму генуэзцу пасля перамогі (у перамозе ён пакуль што не сумняваўся, з дня на дзень чакаючы новыя падмацаванні) аддаць у пажыццёвае валоданне востраў у Эгейскім моры. Па правую руку ад імператара ва Улахернскім квартале меркавалася паставіць яшчэ адзін атрад генуэзцаў начале з братамі Бакіардзі – Паола, Антоніа і Траіла. Улахерну паабяцала абараняць і венецыянская абшчына, якую ўзначальваў Мінота. Лявей Раманаўскай брамы наўсцяж па ўсёй гарадской сцяне пакінулі месца для генуэзцаў пад началам Катанеа і двух рамейскіх атрадаў родзіча імператара Феафіла Палеалога і Дзмітрыя Кантакузіна. Сцяну Мармуровага мора прыкрываў венецыянскі атрад Джакоба Кантарыні з палеманістамі Марціна Жабыкі-Жэмбы і грэцкія манахі. Далей стаялі людзі каталонца Перэ Хуліа, прынца Архана, кардынала Ісідора. Унутры гораду, каля царквы Святых Апосталаў, знаходзілася 700 чалавек рэзерву пад началам адмірала Лукі Нотараса і яшчэ аднаго Канстанцінавага родзіча Нікіфара Палеалога.

Эпарх Нікіфар скончыў свой аповяд пра сухаземныя войскі, запытальна зірнуў на імператара. Той моўчкі кіўнуў галавою. Тады Нікіфар пачаў гаварыць пра становішча на моры.

Увесь рамейскі флот, які ўдалося сабраць у Канстанцінопалі, налічваў усяго 26 караблёў – дзесяць рамейскіх, пяць венецыянскіх, пяць генуэзскіх. Тры караблі прыплылі з вострава Крыт, па-аднаму з горада Анконы, з Каталоніі і Правансу. Гэта былі высокабортныя бязвёсельныя ветразнікі, якія ў баявых сутычках звычайна мелі перавагу над турэцкімі караблямі з больш нізкаю пасадкаю бартоў. Але ж туркаў было незлічонае мноства, казалі, аж 400 караблёў (!).

Такая армада, вядома ж, хацела ўварвацца ў бухту Залаты Рог, ды бухту запіраў тоўсты доўгі ланцуг, які ахоўвала 10 караблёў пад камандаю генуэзца Саліга. Рамейскім флотам, што стаяў унутры бухты, кіраваў Альвіза Дзіеда. І, нарэшце, бераг самой бухты, на які мог высадзіцца турэцкі дэсант, было даручана абараняць венецыянскім і генуэзскім матросам адмірала Габрыэле Трэвізана.

Яшчэ, па словах эпарха, у гарадскім арсенале мелася некалькі гарматаў, але чакаць ад іх вялікай дапамогі не выпадала. Прамой наводкаю біць па ворагу ім перашкаджалі свае сцены. Пляцоўкі ж наверсе вежаў былі непрыстасаваныя цесныя, і пры адкаце падчас стральбы гарматы ламалі вежы.

Твары ва ўсіх прысутных пасля таго, як эпарх змоўк, былі не дужа радасныя. Падсвядома амаль ва ўсіх жыло адчуванне, што султан Мехмед загнаў іх у нару. Калі не прыдзе вайсковая падтрымка, вынясуць іх з гэтай нары мёртвымі. З таго ж, хто ацалее, трапіць у палон, туркі злупяць скуру, бо Канстанцінопаль адверг усе прапановы, а потым і ўсе ультыматумы аб капітуляцыі.

Раптам успомнілі, што недзе тут у адным са шматлікіх пакояў Вялікага Палацу чакае імператарскага адказу яшчэ адно турэцкае пасольства. Канстанцін загадаў неадкладна даставіць паслоў у Залатую палату. Этэрыёты прывялі двух туркаў. Адзін маленькі, назаўсёды нечым спалоханы, з пранізлівымі чорнымі вочкамі. Гэта, як высветлілася, быў памочнік, служка пасла, асаністага вельмі прыгожага мужчыны з пафарбаванай хной чырвонай густой барадою. Як вымагае этыкет, яны ўпалі ніцма перад імператарам. Потым пасол хацеў быў зачытаць чарговае пасланне свайго султана імператару, але Канстанцін спыніў яго ўладным рухам рукі:

– Мы ўжо пісалі султану Мехмеду і яшчэ раз паўторым вусна. Так як ты, султан, жадаеш больш вайны, чымся міру, і я не магу супакоіць цябе ні клятвамі, ні падпарадкаваннем, то няхай будзе па-твойму. Зараз я звяртаюся да Бога. Калі ён вызначыць нашу пагібель, то няхай будзе так, але я буду абараняць сваіх падданых да апошняй кроплі крыві. Царуй шчасліва, пакуль праведны Суддзя не пакліча нас абодвух на суд.

Затым са сваіх рук ён уручыў туркам каштоўны ярка аздоблены фаліянт – паэмы Гамера “Іліяда” і “Адысея”, сказаў:

– Гэтыя кнігі мой народ напісаў тысячы гадоў таму. Іх наспяваў сляпы вандроўны аэд, які адтуль, з глыбіні бясконцага часу, бачыў і цябе, і мяне, і ўсіх, хто жыве сёння, а заўтра зробіцца нікчэмным тленам. Перадай свайму уладару – няхай пачытае і падумае пра жыццё і пра смерць.

Пасол з годнасцю прыняў фаліянт, перадаў яго памочніку, прамовіў звонкім урачыстым голасам:

– Я абавязкова перадам дарунак вялікага кесара свайму султану Мехмеду, вернаму слузе Алаха на гэтай зямлі. Мой свяшчэнны ўладар – вельмі мудры і вельмі адукаваны чалавек. Ён чытае і гаворыць па-грэцку, па-лацінску, па-арабску і персідску, па-жыдоўску.

Вытрымаўшы паўзу, пасол ганарліва агледзеў прысутных, сказаў:

– А вы ўсе, вялікія, адважныя, у раскошным адзенні, вельмі хутка, калі вам толькі не выпаліць вочы агонь бітвы, будзеце чытаць “Каран”.

Ён нізка пакланіўся імператару Канстанціну і пайшоў з Залатой палаты, асаністы, велічны і прыгожы.

 

Колькасць прачытаўшых: 867
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Назаві сына Канстанцінам.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка I.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка II.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка III.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка IV.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка V.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка I.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка II.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка III.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка IV.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка V.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка I.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка II.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка III.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка IV.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка V.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка I.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка II.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка III.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка IV.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка V.
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007