Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка III.

III

На Канстанцінопаль непрыкметна накацілася восень, а потым і зіма. Вядома, гэта была не тая зіма, што раскашуецца ў белых снегавых кажухах і ў траскучых абложных марозах дзе небудзь пад Менскам ці пад Віцебскам, калі мароз жалеза ірве і на ляту птушку б’е. Там, у Вялікім княстве Літоўскім, няспынна гудзе мяцеліца, неба і зямля патанаюць у віхурыстай снежнай імгле, сурова крэкчуць пад ударамі пякучага ветру кашлатыя непраходныя лясы, лёд, як рознакаляровае шкло, пакрывае азёры і рэчкі. Там, наеўшыся цёплага летняга мёду, спяць у мяккіх утульных берлагах тоўстыя мядзведзі. Але не ляжыцца, не спіцца ваўкам. Як бясшумныя празрыстыя цені, імчацца яны, дзеці трывожных начных лясоў, за сваёю здабычай. І гора таму, хто напаткаецца ім на дарозе.

На Мармуровым моры зіма мяккая, сонечная. Толькі сонца ўжо не па-летняму куслівае і злое, а лагоднае. Зрэдзь прыбягаюць з блакітных марскіх далячыняў дажджы. Тады чуецца роўны няспешны шум, у Канстанцінопалі цямнеюць дахі будынкаў, цямнее гарадская сцяна.

Вось на гэтай сцяне амаль кожны дзень па загаду самога імператара маршыравалі, хадзілі туды-сюды атрады абаронцаў у поўным войскім узбраенні. Гэта рабілася дзеля таго, каб паказаць асманам сілу і рашучасць. Нават генуэзскіх і венецыянскіх матросаў здымалі з караблёў у бухце Залаты Рог, прымушалі ісці на сцяну. Ім, дарэчы, гэта падабалася – можна было з вышыні ўбачыць марское бязмежжа, па якім заўсёды сумуе матро .

Ясным ціхім надвячоркам вывеў на гарадскую сцяну сваіх людзей венецыянец Джакоба Кантарыні. Пад ягоным началам ужо была банда-атрад колькасцю ў 350 чалавек. Прыбеглі з ваколіцаў Канстанцінопалю прапахлыя дымам пажараў вінаградары і рыбакі. Далучыліся з гораду армяне і каталонцы. Усе – пешцы, без коней.

Ганарлівы Кантарыні вельмі перажываў, што новыя людзі парушаць зладжанасць ягонай баталіі, саб’юцца з нагі. Але дарэмна хваляваўся ваяўнічы венецыянец. Усе пастараліся і няблага прамаршывалі. Армяне падчас праходкі выхапілі з-пад сваіх чорных плашчоў дудкі і бубны, скаланулі наваколле вогненнай музыкай.

Асабліва ж усцешылі Джакоба Кантарыні палеманісты. Трыццаць чалавек. Усе на конях. Усе ў бліскучых панцырах і шаломах, з дзідамі і аркебузамі ў руках. Канстанцінопальская сцяна шырокая, і яны ехалі па ёй тройнямі. Уперадзе Марцін Жабыка-Жэмба, Ян Карсакоў і Зося Еўрапейка. Так, так, Зося. Рашучая тэмпераментная палачанка не магла ўседзець у атраде кардынала Ісідора, адпрасілася на дзень і зараз ганарыста ехала на Галубку з арланосным рымскім штандарам у руцэ. Ян Карсакоў высока ўздымаў сцяг Ордэна святога Палемону – бел-чырвона-белае палотнішча з выяваю карабля ў самым версе каля дрэўца. Карабель залатымі ніткамі вышыла Зося. Пад такімі колерамі ішлі калісьці ў бой іхнія дзяды-прадзеды на Грунвальдскім полі.

Размерана стукалі конскія капыты. Зладжана ўзмахвалі галовамі коні. І раптам браты Усакоўскія, Пётр і Адам, звонкімі галасамі грымнулі песню:

Іржэ за ваколіцай гунскі конь.

Спелыя нівы з’ядае агонь.

Па сіняй вадзе,

Па шэрай вадзе

Нас Палемон вядзе.

Галасы Марціна, Зосі і ўсіх астатніх палеманістаў адразу ж упляліся ў песню. Так спелае калоссе ўплятаецца ў залаты пшанічны сноп.

І ў гэтае самае імгненне пранізліва завыла засвістала паветра, і ядро з турэцкай гарматы гучна пляснулася ў сцяну. Пырскнуў востры каменны друз. Некаторыя коні ўзвіліся на дыбкі. Іван Маладзей зваліўся з каня.

Усе глянулі туды, адкуль прыляцела ядро. Стралялі з турэцкай парандарыі, цяжкой грузавой баржы. На такіх баржах туркі вазілі фураж і будаўнічыя матэрыялы. Пэўна, ейнаму капітану захацелася паваяваць і ён паставіў на сваёй няўклюднай пасудзіне драўляную платформу з гарматаю. Баржу ахоўвалі, круціліся вакол яе пяць невялікіх імклівых фустаў. Вясёлыя голыя па пояс матросы гразілі адтуль рамеям кулакамі, рабром далоняў імпэтна стукалі сябе па шыях – маўляў, чакайце, хутка прыдзем усіх вас рэзаць.

Джакоба Кантарыні адразу ж загадаў усім вершнікам спешыцца і звесці коней уніз. Арбакузеры, лучнікі і арбалетнікі сталі за зубцамі сцяны, падрыхтаваліся да бою. Зубцы гэтыя падвойваліся ўверсе, і таму мелі назву “ластаўчыны хвост”.

Але туркі не думалі ўвязвацца ў якую небудзь больш менш сур’ёзную справу, а толькі дражнілі абаронцаў гораду. Страляла-бухала гармата, ды фусты, як галодныя акулы, разразаючы сінюю ваду, насіліся ўздоўж сцяны.

Урэшце-рэшт, гэта абрыдла ваяўнічаму венецыянцу і ён загадаў выкаціць праз Залатую браму дзве серпанціны і папалохаць асманаў. Палеманісты Марціна Жабыкі-Жэмбы выйшлі з горада следам, каб ахоўваць гарматнікаў.

Серпанціны паставілі ў праходзе Перывалос, паміж запоўненым вадой ровам і першай гарадской сцяной. Адна гармата страляла жалезнымі ядрамі і называлася “Вогненны леў”, другая страляла карцеччу і была безымянная. Затое на ёй меўся адліты ліцейшчыкамі-людвісарамі надпіс: “Крыж будзе ўзвышаны, а д’ябал пасаромлены”. Зарадзілі серпанціны са ствала. Шуфлікамі насЫпалі порах, штэмпелямі забілі зарад, запалілі кнот. Адна серпанціна за дзень магла выпусціць 80 ядраў.

Напачатку туркі нават не заўважылі рамейскую артылерыю, як не заўважае слон муху. Але вось адно ядро знесла на фусце мачту з ветразем, другое праламала борт, а наступныя ядры разанулі карцеччу па матросах, паклаўшы чацвярых разам з капітанам.

З фустаў панёсся ярасны крык. Туркі, услаўляючы Алаха, саскочылі ў мора, па горла ў вадзе дабеглі-давалюхаліся да берагу, з лукамі, пікамі і ятаганамі ў руках рынуліся на серпанціны. Гэта былі не матросы, а башыбузукі, нерэгулярнае войска асманаў, так званае, народнае апалчэнне. Яны ваявалі за права першай здабычы. Паміж іх былі не толькі туркі, але й арабы, грэкі, венгры, сербы, італьянцы. Іхняе жыццё ў параўнанні з жыццём доблесных любімых султанам янычараў каштавала вельмі-вельмі танна. Чалавек пяцьдзесят башыбузукаў, мокрыя, злыя, беглі да рову, на другім баку якога, стоячы за зубчастым каменным брустверам, іх чакалі палеманісты.

Марцін даў каманду падрыхтавацца да бою, і арбакузеры сыпалі ў парахавы рог порах, рыхтавалі пыжы і цяжкія свінцовыя кулі, арбалетнікі да звону нацягвалі калаўроты арбалетаў, лучнікі клалі на цеціву свае жалезнадзюбыя стрэлы. Зося Еўрапейка, трымаючы ў руках доўгую вострую дзіду, стаяла побач з Жабыкам-Жэмбам. Ён не паспеў адагнаць яе падалей адсюль на сцяну і вельмі нерваваўся.

– Што ты будзеш тут рабіць? – злосна спытаў ён.

– Марцінік, я буду адпіхваць дзідаю ад бруствера тых туркаў, якіх ты падстрэліш, – гарэзліва ўсміхаючыся, адказала Зося.

Башыбузукі тым часам былі ўжо перад ровам, пачалі кідаць у яго скураныя напоўненыя паветрам бурдзюкі. Марцін, ірвучы голас, крыкнуў адчайна-звонка:

– Рубон!!!

Гэты старадаўні баявы кліч полацкіх дружынаў, у якім жыла спрадвечная назва ракі Дзвіны – Рубон, і які азначаў – “рубі!”, “страляй!”, “атакуй!”, прынесла да палеманістаў каранёвая палачанка Зося Квяцінская. Кулі, стрэлы і арбалетныя балтЫ паляцелі насустрач асманам. Узвіліся клубы дыму. Заекаталі параненыя. Мёртвыя цяжка ўпалі тварамі ў чырвоную ваду.

– Галаву, галаву хавай! – засіпеў, як гусак, Марцін, схапіў Зосю за шыю, рэзка нахіліў. І вельмі своечасова, бо праз імгненне над брустверам свіснула турэцкая страла, звонка шчоўкнула ў сцяну .

Башыбузукі, як быццам іх нечым абкурылі, не зважаючы ні на што, плылі праз роў. Але жывых заставалася ўсё меней, бо бесперапынна стралялі і палеманісты, і людзі Джакоба Кантарыні з гарадской сцяны.

І ўсё-ткі чалавек дваццаць туркаў, не гледзячы на жорсткую страляніну, здолелі дабрацца да бруствера, за якім стаялі палеманісты. Закіпеў рукапашны бой. У ход пайшлі дзіды, пікі, шпагі і алебарды. Палеманісты былі ў панцырах і шаломах, башыбузукі ў тонкіх сплеценых з вяровак кашулях і ў чырвоных ваўняных шапках, з круглымі драўлянымі шчытамі ў руках. Толькі чуўся сухі трэск гэтых шчытоў, калі іх пранізвала бязлітаснае жалеза. Трэба зазначыць, што людзі Марціна Жабыкі-Жэмбы былі больш умелыя ў валоданні зброяй. Штодзённыя трэніроўкі далі плён. Гарачыя башыбузукі, якіх набралі ў асманскае войска ў партовых гарадах Міжземнамор’я і якія мелі вельмі слабае ўяўленне аб дысцыпліне і тактыцы вядзення бою, урэшце рэшт, амаль усе палеглі на брустверы. Траіх параненых палеманісты ўзялі ў палон. У іх, палеманістаў, загінуў бабруйскі шляхціц Ігнат Чэпа.

Пад самы канец яраснай сечы велізарны башыбузук, якога ўжо лічылі забітым, раптам з дзікім крыкам усхапіўся на ногі і, не маючы ніякай зброі, голымі рукамі выламаў з брустверу камень, узвіў яго над Марцінавай галавой.

– Марцін! – крыкнула Зося і вострай дзідай размашыста ўдарыла башыбузука ў грудзі.

Ён упаў, доўгімі карычневымі пальцамі чапляўся за зямлю, звіваўся, як уюн, потым захрыпеў, з горла ручаём палілася кроў. Зося агаломшана стаяла над ім. Не верылася, што яна забрала ў некага жыццё. Але ж быў жывы яе каханак, яна абараніла яго, і гэта адчуванне перамагло, выцесніла з душы не дужа радасны малюнак чужой смерці.

– Віват, панна Зося! – бадзёра выгукнулі браты Усакоўскія, што, як заўсёды, любую справу рабілі параю – пілі віно, заляцаліся да дзяўчат, ваявалі. Зося ўдзячна ўсміхнулася ім. Потым аддала камусьці з палеманістаў сваю дзіду, пайшла на сцяну, нават не дачакаўшыся Марціна. У сэрцы прачнуўся, загучаў жаночы голас, і голас гэты казаў, што нешта яна зрабіла не так. Яшчэ не нарадзіўшы сваё дзіця, яна ўжо забіла нечага сына. Няхай гэта вораг, няхай башыбузук, але ж гэта нечае дзіця, і нехта горка-горка заплача, даведаўшыся аб яго смерці.

На сцяне палеманістаў вельмі горача сустрэў Джакоба Кантарыні. Расцалаваў Марціна, падзякаваў усім за цудоўны бой, ускрыкнуў з неўтаймоўным венецыянскім тэмпераментам:

– Вы як легіянеры Аўгуста і Цэзара! З такімі адважнымі рыцарамі хрысціянства будзе жыць вечна!

А Марцін шукаў Зосю. Але яна не хацела трапляцца яму на вочы, пайшла ў вечаровы змрок, у таямнічыя лабірынты канстанцінопальскіх вуліц. Яна, па сутнасці, была чужая гэтаму гораду, не ведала яго. Ды нешта аб’ядноўвала іх. “Што?” – пакутліва думала яна. Няпэўнасць заўтрашняга лёсу? Неўладкаванасць сённяшняга дня?

Яна вырашыла, што больш не пойдзе на сцяну. Забіты ёю башыбузук усё стаяў уваччу, узнімаў камень, ломячы крыкам рот, потым пАдаў, завальваўся на спіну. І пальцы рук дрыготка ўпіваліся ў зямлю.

А праз тры дні з першымі промнямі халоднага зімовага сонца Марцін Жабыка-Жэмба павёў сваіх людзей праз Раманаўскую браму на поўнач ад Канстанцінопалю. Ён ужо быў сотнікам – таксіархам. І ў яго пад началам было 128 чалавек. Да палеманістаў дадалі яшчэ сотню самага рознага люду – дэзертыраў, матросаў, што адсталі ад сваіх караблёў, забойцаў, якія збеглі з турмаў і вырашылі ўласнай крывёю сплочваць сваю віну. Як даведаўся Марцін, пасаду таксіарха выгаварыў для яго Джакоба Кантарыні, расхваліўшы рыцара-ліцвіна дамесціку схол Калістрату. Ніхто не пытаўся хоча ці не Жабыка-Жэмба быць сотнікам. Вайсковая сітуацыя вымагала вельмі хуткіх рашэнняў.

Адразу за канстанцінопальскай сцяной пачаліся бязлюдныя мясціны. Вось-вось тут павінны былі з’явіцца перадавыя атрады султана Мехмеда, і ўсе жыхары, усе, хто толькі мог, разбягаліся ў розныя бакі, хаваліся. Калісьці тутэйшыя людзі баяліся балгараў, якія часцяком рабавалі наваколле. Зараз балгары былі пад асманскай пятой і самі шукалі паратунку ў лясах і горных пячорах.

Куды ні кінь вокам, у акаймоўцы раскошных садоў і вінаграднікаў стаялі цудоўныя вілы, прыгожыя, як цацачныя, цэркаўкі, невялікія багатыя вёскі, рассыпаныя па схілах лясістых узгоркаў. І ўсё гэта чалавечае жытло было пустое, безгалосае. Золата, каштоўнасці людзі панеслі з сабою, астатні скарб застаўся на месцы – ідзі й бяры, што пажадаеш. У садах каля вілаў сіроча віднеліся шматлікія мармуровыя скульптуры, нібы распранутыя беласкурыя людзі. У шыкоўных упрыгожаных яркімі фрэскамі пакоях засталіся бібліятэкі, адзенне, посуд. Жывёлу ўцекачы таксама кінулі без нагляду. Коні, каровы, авечкі іржалі, мыкалі, бэкалі, карміліся ў лугах з-пад нагі. Усюды адчувалася адсутнасць гаспадарскага вока і гаспадарскай рукі.

Менавіта ўсю гэту жывёлу павінен быў сабраць і прыгнаць у Канстанцінопаль Марцін Жабыка-Жэмба са сваім атрадам. Знайшлі каля адной вілы вялізны абгароджаны каменнай сценкай загон, пачалі гуртаваць у ім беспрытульнае быдла.

Але такі занятак прыйшоўся не па нутру шмат каму з ягоных людзей. Лепей, вядома ж, было рабаваць безабаронныя вілы. І яны рынуліся ва ўсе бакі, як галодная саранча. Толькі трэск пайшоў па наваколлі!

Марцін наліўся гнеўнай крывёю, загадаў гарністу Карпею Блусю іграць збор. Той дзьмуў і дзьмуў у сваю дудку, аж шчокі сінелі. Пакрысе сабралася 120 чалавек. Падыходзячы да месца збору, хавалі ў кустоўі, у траве нарабаванае – нейкія клункі, мяшкі, цюкі. Васьмёра наогул не прыйшлі, як скрозь зямлю праваліліся.

Жабыка-Жэмба перш-наперш прымусіў спаліць тое, што навалаклі з вілаў. Узнялося полымя. Усе глядзелі на чырвоныя вірлівыя касмылі і чакалі, што будзе рабіць далей раззлаваны таксіарх. А ён вырваў з рук у аднаго са сваіх людзей маленькі пазалочаны бюсцік Венеры (той прыціскаў яго да грудзей, нібы ўласнае дзіця), сярдзіта шпурнуў у агонь. Потым загадаў стаць у адзін доўгі шэраг, сказаў:

– Па законах Візантыйскай імперыі, па законах вайсковага часу за мяцеж, за непадпарадкаванне караецца смерцю кожны дзесяты легіянер, віноўны ён альбо невіноўны. Няхай багіня Фартуна выбера таго, каго яна хоча ўзяць з гэтага свету.

Адразу ж Іван Маладзей і Ян Карсакоў пайшлі ўздоўж людскога ланцуга, кожнага дзесятага выводзілі за руку. Трэба адзначыць, што ўсе, на каго падала жэрабя, моўчкі без аніякага крыку-ляманту прымалі свой лёс, нібы на ўсіх напаў слупняк. Замінка адбылася толькі на братах Усакоўскіх. Жэрабя выпала на Пятра. І тады брат ягоны Адам закрычаў:

– Пан сотнік! Пан Марцін! Я хачу памерці разам з братам!

Але Жабыка-Жэмба не пачуў гэтых слоў, не захацеў пачуць.

Дванаццаць чалавек стаялі ў чаканні непазбежнай смерці. Толькі яшчэ няясна было якая сустрэне іх смерць. Маўчалі людзі. Працяжна мыкалі ў загоне галодныя каровы. Пачынаў церусіцца дождж.

І тады Марцін сказаў:

– Канстанцінопалю не хапае салдатаў. Скажыце дзякуй Канстанцінопалю за тое, што вы не памрэце зараз. Скажыце дзякуй яму за тое, што вы будзеце мець гонар памерці за яго праз некалькі дзён, калі султан Мехмед падступіць да ягоных сценаў. Але кАры вам не пазбегнуць. Прызначаю кожнаму з вас па трыццаць удараў дрэўкам дзіды па спіне.

Таму, каго абрала жэрабя, прывязвалі абедзьве рукі да нізкай каменнай брамы загону, праз якую прапускаюць авечак. Ён стаяў сагнуўшыся, чакаў удараў. Біў Ян Карсакоў. Ніхто з пакараных не крычаў. Толькі стагналі і да крыві кусалі вусны.

Нарэшце пагналі велізарны статак жывёлы да Канстанцінопалю. Рухаліся павольна, з асцярогаю, бо кожны міг маглі наляцець з лясістых гор башыбузукі. Марцін лавіў на сабе сярдзітыя позіркі Пятра Усакоўскага, таго, каму распаласавалі спіну. Але гэтыя позіркі яго ніколькі не бянтэжылі. Больш хвалявалася душа за Зосю. Дзе яна? Чаму не падыйшла адразу пасля сечы з башыбузукамі? Ён так хацеў падзякаваць ёй за ратаванне ад смерці, а яна не падыйшла. Ужо тры дні як яны не бачыліся. А наперадзе яшчэ адзін пустынны дзень без яе.

Каля Раманаўскай брамы ўсю жывёлу аддалі мяснікам эпарха-градаправіцеля Нікіфара. Адгулялі кароўкі на зеленатраўных лугах і, пэўна ж, пойдуць пад нож. Сумна зрабілася ад такой думкі.

А Зося падчас начных блуканняў па Канстанцінопалю выйшла праз ручайкі цёмных вуліц да калоны Канстанціна Вялікага. Славуты імператар, які зрабіў гэты горад сталіцай, удыхнуў у яго хрысціянскую душу, сам асвяціў калісьці велічную калону прывезеную з Егіпту. Каля помніка, не гледзячы на позні час, тоўпіўся народ. Гарэлі, проста на гранітных патрэсканых плітах, вогнішчы. Людзі грэліся каля іх, нешта напаўголас гаварылі. Зося прыслухалася.

– Як толькі туркі ўвойдуць у горад, з неба спусціцца анёл, – казаў сівы, падобны на прарока-пустэльніка, чалавек з лаўровым вянком на галаве, – Калі ж яны дойдуць да гэтай калоны, анёл аддасць дзяржаву і меч нейкаму пакуль што невядомаму чалавеку, што будзе ў той самы час стаяць каля калоны. Гэты чалавек абароніць нас. Так будзе. Верце.

Усе хрысціліся. Усе з надзеяй пазіралі на цёмнае неба.

“Значыць, яны вераць у нейкага невядомага чалавека, а не ў імператара Канстанціна, – думала Зося, ідучы да Акропалю, дзе стаяў атрад кардынала Ісідора і дзе кардынал выдзеліў для яе невялічкую каморку, – Яны ўжо ведаюць, што туркі возьмуць горад. За што ж тады мы змагаемся? Навошта мы прыплылі сюды з Венецыі?”. І яна вырашыла заўтра ж, як толькі міне ноч, абавязкова адшукаць Марціна, пагаварыць з ім, зноў убачыць каханыя сінія вочы. “Магчыма, Бог адпусціў нам усяго некалькі апошніх начэй і дзён, а мы хаваемся адно ад аднога.”.

Але назаўтра не собіла ёй убачыць Жабыку-Жэмбу. Як толькі ранішняе сонца расчырвоніла шэрыя хвалі Прапантыды, у дзверы яе каморкі стукнуў памочнік Ісідора іерэй Малах, высокі чарнабароды дзяцюк у доўгай падперазанай сінім скураным раменьчыкам рАсе. Зося ўжо не спала. Яе разбудзілі чайкі, што распачалі сапраўдную вайну з варонамі за маленькіх серабрыстых рыбак, якіх свежы прыліў выкінуў на марскі бераг.

– Сястра, – басавіта сказаў іерэй, – святы айцец прызначыў табе работу. Ідзі за мной.

Яны прайшлі каля асветленай сонечнымі праменнямі гарадской сцяны, перасеклі вузкі двор Акропалю, праз аркападобную зарослую зялёным мохам браму спусціліся ўніз і апынуліся ў арсенале. Тут на сценах і каля сценаў вісела, стаяла, кучамі ляжала ўсемагчымая зброя – стрэлы, дзіды, пікі, арбалеты, шпагі і мячы.

Малах падвёў Еўрапейку да шырокага каменнага стала, за якім на квадратным кавалку туфавага каменю сядзела маладзенькая чорнавалосая дзяўчына.

– Мелані, гэта – Зося. Ліцвінка. Яна будзе працаваць з табой, – прамовіў іерэй і знік.

Зося і Мелані засталіся адны.

– Што трэба рабіць? – запытала Зося.

Але Мелані не разумела ні латынь, ні італьянскую мову. Па-грэцку яна сяк-так растлумачыла Зосі, што яна, Мелані, кіпрыётка, і што будуць яны рабіць карцеч для канстанцінопальскіх гарматаў.

Толькі зараз па левую руку ад стала Еўрапейка заўважыла ладную гару цёмных шарыкаў, круглых альбо крыху сплюснутых, велічынёю з валоскі арэх.

– Гэта кулі, – сказала Мелані.

Яна спрытна брала то па пяць, то па дзесяць гэтых шарыкаў, раскладвала іх у маленькія драўляныя скрыначкі, потым туга перавязвала скрыначкі вераўчаным жгутом. Усё ў яе атрымоўвалася хутка і прыгожа.

Зося колькі часу сачыла за яе рухамі, потым села за стол і сама пакрысе пачала набіваць скрыначкі карцеччу. Мелані мякка добразычліва ўсміхалася, сваёй усмешкай падбадзёрваючы Еўрапейку. Алавяныя і свінцовыя кулі, ціха пазвоньваючы, клаліся на адведзенае ім месца, каб праз нейкі час з вогненным грукатам вылецець з гарматнага ствала і панесці некаму смерць, некаму страшэнную рану. Але дзяўчаты не думалі пра гэта, прынамсі, стараліся не думаць. Яны выконвалі тое, што ім даручыў кардынал.

Паступова разгаварыліся, прыгледзеліся адна да адной і зрабіліся сяброўкамі. Абедзьве хрысціянкі амаль аднога ўзросту, абедзьве зусім нядаўна апынуліся ў гэтым вялізным незнаёмым горадзе, у браму якога ўсё пагрозней стукалася вайна, – чаму б не пасябраваць? Паступова й пра любошчы свае пачалі шаптацца. Адна расказала пра Марціна, другая пра Архана. О, светлыя закаханыя дзявочыя душы, вы такія падобныя.

Мелані вучыла Зосю грэцкай мове. Калі мера, значыць, добры дзень. Эўхарысто – дзякуй. Парагалё – калі ласка. Мора – понт. Вада ў моры – нэро. Горы на марскім беразе – вуно.

Зося Еўрапейка сказала сваёй новай сяброўцы па-ліцвінску, паказаўшы на горы і на мора:

– Вунь вуно. Нырні ў нэро.

Абедзьве весела засмяяліся. Потым, седзячы за сталом, пакуючы кулі, расказвалі пра свае родныя гарады, адна пра Лемесос, другая пра Полацк, пра герояў, лёсам злучаных з гэтымі гарадамі, пра Рычарда Ільвінае Сэрца і Усяслава Чарадзея. Яшчэ бліжэйшымі рабіліся душы ад такіх размоў.

А працы між тым усё дабаўлялася. Часцей бухалі гарматы. Неўзабаве да рамейскай далучылася асманская артылерыя. Султан Мехмед пакрысе збіраў, падцягваў да Канстанцінопалю сваё велізарнае войска з усіх куткоў новастворанай імперыі. Штурм султан і ягоныя дарадчыкі меркавалі пачаць увесну 1453 году. Дзеля гэтага ён замірыўся ў Азіі з ханам цюркскай арды Караманам і вярнуўся ў Адрыянопаль. Там, пераапрануўшыся ў адзенне звычайнага шараговага янычара, часцяком хадзіў па вечаровых вуліцах, слухаў аб чым гамоніць турэцкі люд, як ставіцца да вайны з Візантыяй. Радавала, што большасць людзей рвецца ў бой. Не заплыў тлушчам карак і жывот у анаталійскіх беяў. Не прытупіўся ятаган. Самы час штурмаваць Візантыю, а затым і ўсю астатнюю Еўропу. Калісьці адсюль праз Гелеспонт ішлі на Усход жалезныя кагорты Аляксандра Македонскага, ганарыстая Еўропа ішла на Азію. Сёння вецер падзьмуў у адваротны бок. І ён, Мехмед Другі Фаціх, меч Алаха, меч Азіі, адпомсціць за Гранік і Гаўгамелы, за Персеполь, спалены п’янай грэцкай гетэрай. Сонца ідзе з Усходу. Сіла і ўлада таксама ідуць з Усходу.

На падмогу Зосі і Мелані прыслалі пяць канстанцінопальскіх падлеткаў, бо акрамя карцечы патрэбна было насаджваць апярэнне на стрэлы, абцягваць бычынай скурай шчыты, складваць у кучы, вялікія і маленькія, ядры. Дзеці сонечных вуліц і плошчаў надзвычай хутка асвойталіся ў арсенале і неўзабаве пачалі кідацца адзін у аднога кулямі. Шум узняўся, вэрхал. Але Еўрапейка адразу ж прымусіла іх займацца справаю, і толькі справаю. Між сабою яны пачалі называць яе сярдзітай ліцвінкай.

Дні праз два, калі няспынна нёсся зпанадворку рык турэцкіх ядраў, што біліся і біліся аб канстанцінопальскую сцяну, у арсенал увайшоў Марцін Жабыка-Жэмба. У Зосі ад шчасця перацяла дыханне. Захліпнуўшыся, яна кінулася ў абдымкі каханага. Мелані і няўседлівыя падшыванцы з вялікай цікавасцю і немалым здзіўленнем пазіралі як сярдзітая ліцвінка горача цалуе прыгожага зухаватага рыцара.

Раптам Марцін, мякка адсланіўшы ад сябе Еўрапейку, прыклаў палец да вуснаў, загадкава ўсміхнуўся і паглядзеў на ўваход у арсенал. Зося азірнулася. Божа! У дзвярах стаяў Язэп Ранцэвіч. Вясёлы, бадзёры, памаладзелы.

– Дзядзечка! – крыкнула Зося і ад нечаканасці села на кучу ядраў. Яны раскаціліся, расплыліся па падлозе, і яна, пад смех вясёлых падлеткаў, села проста на зямлю. Марцін падхапіў яе, паставіў на ногі. Зноў пачаліся пацалункі.

– Пан Бог узнагароджвае мяне сёння двойчы, – праз радасныя слёзы прамовіла Еўрапейка, – Сёння ж пастаўлю свечку ўдзячнасці ў Святой Сафіі. Каб ты ведаў, дзядзька Язэп, якое шчасце ўбачыць цябе жывым і здаровым. А мы тут абараняем Канстанцінопаль.

Яна хуценька павярнулася да падлеткаў, па-змоўніцку ім падміргнула, весела спыталася:

– Што мы тут робім?

– Абараняем Канстанцінопаль, – дружна, як па камандзе, адказалі тыя.

– Ды ў цябе, Зося, цэлае войска, – шчыра здзівіўся, узрадаваўся Ранцэвіч.

– Якім ветрам, дзядзечка, прынесла цябе сюды? – спытала Зося, калі з Марцінам і Ранцэвічам выйшла з арсеналу да гарадской сцяны. Марскі вецер з Прапантыды кудлаціў ёй валасы. Яна раз-пораз змахвала з вачэй русявую пасму валасоў, жмурылася, як кацянё, і была надзіва прыгожая.

– А вось гэтым, што гуляе з тваімі валасамі, – усміхнуўся Ранцэвіч, – Не мог я, дзеці, жыць без вас. Як падумаю, што сяджу ў Фларэнцыі ў скрыпторыі ў той час як вас турак бярэ на абардаж, кавалак хлеба не лезе ў рот. На апошнім венецыянскім караблі прыплыў сюды. Ледзьве ўпрасілі капітана. Ды не я прасіў, а сам Папа Яўген Чацвёрты слова за мяне замовіў. Я не адзін прыплыў. Са мною яшчэ хвацкі рыцар з-пад Бярэсця Ігнат Мялешка. Ён зараз у кардынала Ісідора. Я таксама буду ў кардынала з ягонай згоды крыж свой жыццёвы несці. Побач з табою, Зося. Суровыя надыйшлі часіны. Каталікі, грэка-каталікі, праваслаўныя – усе мы хрысціяне і ўсе павінны аб’яднацца ў адно войска, каб абараніць веру Хрыстову.

Ён з вялікай жарсцю перахрысціўся, папрасіў:

– А цяпер завядзіце мяне ў Святую Сафію. Снілася яна мне.

Царскія вароты былі расчынены, і людскі ручай няспынна цёк у храм. Тое, што ўбачылася ўнутры, можна было назваць залатым сном, які надараецца толькі ў маленстве, калі душа чалавечая яшчэ не дужа трывала злучана з целам і калі-нікалі ўзлётвае на неба, туды, дзе найдасканала жывуць-уладараць Вера і Гармонія. Само святое неба, велізарнае, бязмежнае, мільярдназорнае, апусцілася ў гэтым месцы на зямлю, навечна паяднаўшы чалавека з Богам. Купал, мноства яркіх вокнаў, залатая мазаіка, мармуровыя зялёныя, як вясновая трава, велічныя калоны, алтар, ківорый і амбон, непарыўны найцудоўнейшы сплаў формы і пачуцця, – усё тут, здавалася, дыхала немагчымым, наджыццёвым, і ўсё шаптала кожнаму, хто ўваходзіў сюды: “Я – тваё. Жыві і вер”.

Зося запаліла свечку, паставіля яе між мноства падобных. Плавіўся, сцякаў белы воск. Было ўражанне, што тоненькая свечка плача.

Доўга маўчалі, калі выйшлі з храму. Словы былі непатрэбным пустым шалупіннем, якое толькі засмечвае душу.

Потым павялі Ранцэвіча на іпадром, які яшчэ ў дахрысціянскі час пабудаваў імператар Септымій СевЕр. У адрозненне ад Святой Сафіі гэта быў храм вогненна-грубых язычніцкіх страсцей, імклівых, як дзікі вецер, конных квадрыгаў, гарлапанных трыбунаў, дзе бушавалі партыі Блакітных, Зялёных, Чырвоных і Белых – 100 тысячаў чалавек адначасова!

Менавіта тут, як лясны пажар, успыхнула калісьці паўстанне “Ніка”, і тут, каля брамы іпадрома, раздушыўшы паўстанне, палкаводзец Велізарый забіў 40 тысячаў палонных. З таго далёкага часу гэта – Брама Смерці. І каля яе, каля знямелага іпадрома звініць цішыня.

Напаследак пастаялі каля змеяпадобнай бронзавай калоны, якая была прывезена ў Канстанцінопаль з храма Апалона ў Дэльфах. Вельмі прыгожая калона. Кажуць, што тры ейныя бронзавыя змяі грэкі адлілі ў гонар перамогі над персамі пры Саламіне і Платэях са шчытоў мёртвых персідскіх вояў.

Вярнуліся да Акропалю. Трэба было развітвацца. Зося з Ранцэвічам заставаліся ў кардынала Ісідора. Марціну неабходна было ісці да цытадэлі Сямі Вежаў у атрад венецыянца Джакоба Кантарыні. Ён стаяў, перамінаўся з нагі на нагу, здавалася, нешта вычэкваў.

– Ну, тады я пабягу да Ісідора, – бадзёра сказаў Язэп Ранцэвіч і пашыбаваў убок Акропалю. Калі ж праз колькі імгненняў азірнуўся, убачыў – Зося з Жабэка-Жэмбам моцна-моцна цалуюцца.

Канчаўся 1452 год. Імператар Канстанцін Палеалог збіраў, дзе толькі мог, жывую сілу для абароны гораду. Але яе было мала, вельмі мала. Тыя, што зусім нядаўна абяцалі дапамогу, пачалі забывацца пра свае словы даведаўшыся аб велізарным султанавым войску. Ніхто не хацеў праліваць кроў уласнага воінства. Толькі слалі імператару ў напалову абкружаны горад крыжы і крыжыкі, святыя абразЫ, клятвы ў братэрскай любові. І спакойна спалі ўдалечыні ад няшчаснай Візантыі. Як кажуць, на вуснах салодкі мёд, а на сэрцы лёд.

Тады Канстанцін не дазволіў венецыянскім і генуэзскім караблям, што збіраліся адплываць на радзіму, выйсці з бухты Залаты Рог, арыштаваў іх. Усім матросам далі ў рукі зброю, паставілі на канстанцінопальскія сцены. У наёмнікі бралі кожнага, хто пажадае, нават пірата, але на аплату не было грошай. Імператар загадаў пераліць у залатую манету ўсе царкоўныя сасуды, усе каштоўнасці багатых жанчынаў з прыдворнай знаці. Вялікага энтузіазму, як можна было меркаваць, гэта не вЫклікала. Шэпты-перашэпты пакаціліся па Канстанціноаплю. Адразу ж, як з-пад зямлі, з’явіліся гадалкі- прарочыцы. Варажылі на растопленым воску, на крыві белага вала і нават на крыві янычара, якога захапілі ў палон, калі ён ноччу падплыў да ланцуга ў Залатарожскай бухце. Выпадала адно: “Упадуць вялікія вежы ў вялікім горадзе”. Але вежы маглі ўпасці і ад землятрусу і не толькі ў Канстанцінопалі.

Біскупы, мніхі і святары хадзілі крыжовым ходам уздоўж гарадскіх сценаў, са слязьмі на вачах спявалі: “Госпадзе, змілуйся над намі”. Малітвы несліся да нябёсаў, ды нябёсы былі хмурыя цёмныя. Хоць бы адзін залаты сонечны праменьчык, хоць бы адно сіняе вакенца ў іх.

Каб умацаваць людскія душы, каб паказаць, што звычнае зразумелае ўсім жыццё працягваецца і будзе працягвацца тысячы гадоў, у Дзень Божага Раства правялі традыцыйнае Кіданне Залатога Крыжа. На Улахернскай прыстані карабельнымі канатамі абгарадзілі кавалачак мора, змайстравалі драўляныя трыбуны, на якіх памесціўся амаль увесь канстанцінопальскі сінкліт. У самым цэнтры сядзеў імператар Канстанцін, трымаючы за руку сваю дзесяцігадовую пляменніцу Зою, вясёлую паўнаватую дзяўчынку. Па абодва бакі трыбуны і далей па ўсім беразе было аж чорна народу, як гракоў на вясновым полі. Тоўпіліся, цягнулі шыі. Свята ёсць свята, нават калі турак стаіць каля самага парогу.

Патрыярх Рыгор Мама ў поўным сваім цудоўным святарскім строі, які аж ззяў у гэты бяссонечны дзень, узыйшоў на высокую пляцовачку, што навісала над самай вадой, з павольнай урачыстасцю зняў з шыі сярэдніх памераў залаты крыж на доўгім срэбным ланцужку, падняў яго над галавой, паказваючы канстанцінопальцам. Позіркі ўсіх прысутных скіраваліся на крыж. Здавалася, не толькі людзі на трыбуне і абапал трыбуны, але ўвесь агром ністы горад прыцішыў затаіў дыханне.

Але з асаблівым хваляваннем пазіралі на гэты крыж трыццаць голых юнакоў (толькі мужчынскі гонар быў прыкрыты кавалачкам яркай тканіны), што стаялі-калыхаліся ў трох вялікіх чоўнах непадалёку ад канатаў – па дзесяць чалавек на човен. Іхнія напружаныя мускулістыя целы нервова трапяталі, вочы гарэлі нецярплівым бляскам, як у маладых ваўкоў. Можна было падумаць, што ў гэтыя самыя імгненні вырашаецца пытанне жыць ім альбо не жыць.

Патрыярх сухімі бледнымі вуснамі прашаптаў малітву, размахнуўся і шыбнуў крыжык у мора, у цёмную ваду між карабельных канатаў. Той слаба булькнуў, крутнуўся ў хвалях і знік. Падалося, залатая рыбка вільнула хвосцікам.

Адразу ж трыццаць маладых моцных смуглых целаў маланкай урэзаліся ў мора, паплылі ўзвіхурваючы ўжо срэбную ад пырскаў ваду да канатаў, нырнулі пад іх. Зараз яны былі падобныя на імклівых дэльфінаў, што пранізваючы хвалі, знікаючы ў іх, нясуцца адзінай крылатай сям’ёй да сваёй мэты, і нішто не можа іх спыніць.

Той, хто дастане, адбярэ ў марской глыбіні крыж, верне яго Патрыярху, стане героем. Яму ўсміхнуцца самыя чароўныя канстанцінопальскія дзяўчаты, і сам імператар уручыць яму вянок пераможцы. Было за што змагацца, і вада аж кіпела.

Тысячы гледачоў затаілі дыханне, чакаючы развязкі гэтага незвычайнага спаборніцтва. Вось вынырнуў адзін юнак, другі, але без крыжа. Трэці, чацверты... Адплёўваючыся, адфыркваючыся, яны з вінаватым выразам твару плылі да берагу. У іх былі слабыя сэрцы і лёгкія, якія не здолелі напампаваць у цела патрэбную колькасць кіслароду, каб як мага болей часу затрымацца пад вадой. Такія слабакі не цікавілі натоўп.

Тым часам усё новыя галовы, як чорныя кветкі, усплывалі на паверхню, а крыжа ўсё не было. Народ пачынаў хвалявацца. Гэта вельмі-вельмі дрэнная прыкмета, калі Прапантыда не аддае назад крыж. Можна чакаць вялікай бяды для гораду, нават ягонага разбурэння. А ў звязку з турэцкай блакадай, што няўхільна насоўвалася на Канстанцінопаль, людзі наогул пачыналі думаць аб смерці гораду і ўсёй імперыі.

Усе, хто быў побач, заўважылі як перажывае імператар Канстанцін. Ён хмурыўся, кусаў вусны, калі пляменніца Зоя хацела нешта сказаць яму, сярдзіта адмахнуўся. Можна было зразумець базілеўса – асманы наступаюць на горла, бяда коціцца з усіх бакоў, а тут яшчэ гэты крыж. Канстанцін амаль з нянавісцю паглядзеў на Патрыярха. Трэба ж было гэтай старой булдавешцы так шпурнуць крыж, што ніхто не можа адшукаць.

І тут, скінуўшы з плячэй шэрую драцяную кашулю, скокнуў у мора яшчэ адзін плывец. Заўважылі толькі, што ў яго надта белая, як зімовы снег, спіна. Нетутэйшы, адным словам, чалавек.

Ён паднырнуў пад канаты, але не стаў апускацца ўніз у тое месца, якое ўжо абмацалі, аблапалі ягоныя няўдалыя папярэднікі. Ён паплыў услед за вадзяным цячэннем далей ад канатаў і толькі там пачаў пошук. Марудна цягнуліся імгненні. Ужо вярнуліся з марской глыбіні ўсе ныральшчыкі. Адзін гэты (рамеі адразу ж назвалі яго “Белая спіна”) марудзіў.

Патрыярх Рыгор Мама сумна глядзеў на мора і думаў, што на гэтае неспакойнае Раство трэба было проста адмяніць “Кіданне Залатога Крыжа”. І ніхто б асабліва не заўважыў адыходу ад візантыйскай традыцыі. Сёння галовы ў людзей заняты зусім іншымі справамі.

Раптам вада ўбаку ад наструненых канатаў выбухнула ўгору порсткім срэбным фантанам. “Белая спіна” выскачыў з таемнай глыбіні, высока ўздымаючы над галавой залаты крыж. Ягоныя вочы свяціліся шчасцем.

– Слава! – зайшліся крыкам трыбуна і бераг, – Слава Ахілу і Геркулесу, які ўзяў у Пасейдона крыж!

Рамеі ўмеюць крычаць славіцы і здравіцы. Недарэмна ж яны – нашчадкі Гамера.

Імператар Канстанцін узрушана сарваўся са свайго месца на трыбуне, амаль распіхваючы сінкліт, цягнучы за руку малалетнюю Зою, подбегам пакіраваўся да Патрыярха, якому ўжо аддалі залаты крыж. Няшчасная пляменніца ледзьве паспявала за дзядзькам.

– Хто ты? – спытаў ён у незнаёмца.

Той ужо нацягнуў на цела драцяную кашулю, прыгладжваў абедзьвюма далонямі мокрыя русыя валасы, пачціва, годна адказаў:

– Я таксіарх твайго войска, вялікі базілеўс. Мы стаім на гарадской сцяне ў цытадэлі Сямі Вежаў разам з атрадам венецыянца Джакоба Кантарыні.

– Як тваё імя і адкуль ты, рыцар? – працягваў роспыт ашчасліўлены імператар.

– Марцін Жабыка-Жэмба з Вялікага княства Літоўскага.

– Хрысціянская краіна, – трохі памаўчаўшы, прыпомніўшы геаграфію, а заадно і гісторыю, прамовіў Палеалог, – Але дзе ты навучыўся так добра ныраць і плаваць?

– У нашай краіне, вялікаслаўны базілеўс, аж два моры – Балтыйскае і Чорнае, – усміхнуўся Жабыка-Жэмба, – А плаваць і ныраць я навучыўся на рацэ Дняпро. Увесну, у час вялікай паводкі, Дняпро разліваецца, як мора. І тады ён, я не хлушу, так і ж, як ваша Прапантыда. Наша вада халаднейшая за вашу, але гэтаксама чыстая, красу і сілу дае людзям.

– Бачу, – сказаў Канстанцін, – Воі з Літвы – добрыя воі. Шмат у нас у сечах бясконцых палегла мужчынскай сілы, і хрысціянскія рыцары, у тым ліку і ліцвіны, падставілі нам сваё плячо.

Ён падклікаў эскувіта з палацавай варты, і той прынёс сплецены з дубовых лісцяў, аздоблены срэбнымі завітымі стужкамі вянок.

– Зоя, – сказаў імператар пляменніцы, – Укарануй адважнага рыцара вянком.

Дзяўчынка, закусіўшы ніжнюю губку ад хвалявання, ярка запунсавеўшы круглымі шчочкамі, адзела вянок на Марцінаву галаву, які дзеля гэтага нізка-нізка прыгнуўся. Ейныя пяшчотныя пальчыкі мякка дакрануліся да ягонага твару, і ў душы ўспыхнуў успамін – калісьці, даўным даўно, яшчэ зялёным хлапчуком ён бег каля Дняпра, потым выбег у поле, у жыта, і апусціў галаву ў дзівоснае азерца сініх васількоў, і яны, гэтак сама ж пагладзілі яму шчокі.

Ён, вядома ж, не мог і падумаць, што гэтая дзяўчынка праз дзевятнаццаць гадоў зробіцца царыцай Масковіі Соф’яй, прывязе з сабой у далёкую паўночную сталіцу гурму вучоных кніжнікаў і святароў, разам з імі прывязе туды ідэю “Трэцяга Рыму”, і Масква, якая толькі-толькі скіне пятлю ардынскага рабства, адразу ж аб’явіць сябе адзінай пераемніцай Візантыі. З вуснаў гэтай ціхмянай дзяўчынкі, якая ўсклала яму на галаву вянок, сарвуцца фанабэрыстыя словы: “Враги наши не ведают, что они токмо краешки, а середка всему Москва. Все под Москву придут, и всех их Москва съест”.

 

Колькасць прачытаўшых: 853
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:

Іншыя творы у раздзеле:

  • Назаві сына Канстанцінам.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка I.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка II.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка III.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка IV.
  • Раздзел першы. Марцін і Зося. 1452 год. Частка V.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка I.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка II.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка III.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка IV.
  • Раздзел другі. Імператар і султан. 1453 год. Частка V.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка I.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка II.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка III.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка IV.
  • Раздзел трэці. Агонь і вецер. 1507 год. Частка V.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка I.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка II.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка III.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка IV.
  • Раздзел чацвёрты. Ланцугі і гарматы. 1507-1514 гг. Частка V.
  • Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
    Стварэнне сайта - ArtisMedia
    © Леанiд Дайнека, 2007