ІV
Нарэшце скончылася зіма, калі спяць рыбы ў ямах донных, звяры ў норах, пчолы ў борцях. На поўнач ад Канстанцінопалю задыміў жоўтым пухам вербалоз. Адчыніліся нябёсы поўныя зіхоткага трапятлівага бляску, цеплыні і радасці. Кожная самая простая палявая кветка пацягнулася да сонца, што ззяе ў недасяжнай эфірнай вышыні. І для кожнага чалавека, кожнага гораду, кожнай дзяржавы зноў быў вызначаны Богам свой, непадобны на іншыя, лёс, ці, як кажуць туркі, свой кісмет.
За зіму султан Мехмед падпарадкаваў сабе ўсе рамейскія гарады на фракійскім узбярэжжы. Потым, у сакавіку 1453 году, туркі ўзялі Месемврыю і Ахелон, парты на Румскім моры.
Адразу ж пасля Вялікдзеню 2 красавіка перадавыя атрады асманаў падыйшлі да Канстанцінопалю, разбілі шматлікія намёты каля ягоных сценаў. У гэтым быў тонкі псіхалагічны разлік – мы дазволілі вам, хрысціянам, апошні раз, у спакоі, у міры, сустрэць сваё свята, а зараз, калі хочаце бачыць жывымі сваіх жонак і дзяцей, пакланіцеся нашаму Прароку.
6 красавіка асманы канчаткова акружылі Канстанцінопаль. Усе рамеі, хто ў гэты час быў за межамі гарадской сцяны, адступілі ў горад, знішчылі масты пракладзеныя праз роў, зачынілі брамы. Канстанцін загадаў напяць ланцуг у бухце Залаты Рог. Турэцкі флот, а гэта было 6 трырэм, 10 бірэм, 15 грабных галер, 75 фуст і 20 парандарый пад камандаю адмірала Сулеймана Балтаглу, адразу ж з Басфору рынуўся на ланцуг, атакаваў яго, але без поспеху. Давялося адступіць. Ды Мармуровае мора канчаткова засталося пад уладаю туркаў.
Такім чынам, Канстанцінопаль ператварыўся ў хрысціянскі востраў абружаны з усіх бакоў грозным мусульманскім морам. І ўжо пачынаўся люты шторм-штурм, і злыя бясконцыя хвалі адна за адною ішлі ды ішлі ў наступ на гэты маленькі востраў. Ратавання не было. Султан Мехмед патрабаваў толькі капітуляцыі, не згаджаўся ні на якія кампрамісы. Канстанцін прасіў міру, гатоў быў плаціць вялікую даніну, але Мехмед паслаў яму ліст, у якім напісаў: “Мне нельга адступіць. Я завалодаю горадам, альбо вы мяне возьмеце жывога ці мёртвага. Аддай мне сталіцу, і я прызначу табе асобае ўладанне ў Пелапанесе, тваім братам дам іншыя вобласці, і мы зробімся сябрамі. Калі ж вы мяне не ўпусціце дабраахвотна, я ўвайду сілаю, пакараю смерцю цябе і тваіх вяльможаў, а ўсё астатняе пушчу на вароп і знішчэнне”.
І00 тысячаў рэгулярнага войска прывёў Мехмед пад канстанцінопальскія сцены. З іх І0 тысячаў янычараў. Акрамя таго мелася 20 тысячаў башыбузукаў, якія стаялі ў другой лініі, але падчас штурму павінны былі першымі пайсці пад рамейскія кулі, стрэлы і ядры. Усё гэта войска абслугоўвалі абознікі і рамонтнікі, лікам каля І0 тысячаў. Такім чынам, на кожнага абаронцу візантыйскай сталіцы тачылі ятаган 13 туркаў.
Сам султан з янычарамі, сваёй асабістай гвардыяй, раскінуў намёт насупраць Харсійскай брамы, там, дзе рака Лікас уплывае ў горад. Па левую руку ад яго войскі Заганос-пашы ўзялі ў жалезную аблогу генуэзскі квартал Перу, каб генузцы, якія заявілі аб нейтраліцеце, і носа не маглі высунуць. Ад паўднёвага берагу бухты Залаты Рог і да Лікаса рыхтаваўся да штурму Караджа-паша. Пад сваім началам ён меў войскі набраныя ў еўрапейскай частцы асманскай дзяржавы і магутную артылерыю. Ад лагеру янычараў да Мармуровага мора стаяў Ісхак-паша. Тут сітуацыя была зусім іншая. Карэнныя туркі- анаталійцы, жыхары Азіі складалі касцяк войскаў, і ніхто не мог гарантаваць іхнюю надзейнасць. Яны добра памяталі, як пасля смерці свайго бацькі султана Мурада ІІ у 145І годзе дзевятнаццацігадовы Мехмед ІІ адразу ж забіў роднага брата і замяніў у янычараў усіх іхніх камандзіраў. Наглядчыкам над азіяцкімі войскамі і над Ісхак-пашой султан паставіў Махмуд-пашу. Гэта быў чалавек-пярэварацень. Паходзіў са старадаўняга візантыйскага роду Ангелаў, лічыўся рамеем з рамеяў, і раптам прыняў іслам, зрабіўся адным з самых адданых прыхільнікаў султана Мехмеда. Што змяніла ягоную душу? Страх? Прага ўлады? Вера ў непагрэшнасць Прарока? Абвостранае адчуванне, што асманы новыя людзі новай Еўропы? Ніхто не адкажа, бо неўзабаве ён памёр ад заражэння крыві, наступіўшы на іржавы цвік.
Тут мы падыходзім да феномена ісламу. Самая маладая з сусветных рэлігій і самая (усяго праз некалькі стагоддзяў) масавая, што з правінцыйнай веры жменькі жыхароў Аравіі ператварылася ў шматмільённую рэлігію людзей самых розных нацыянальнасцей, моў і сацыяльных групаў. У чым шукаць прычыну? У свежасці пачуццяў і ў яркай канкрэтыцы духоўных лозунгаў? Аллаху акбар – Алах самы вялікі. Ля хауля ва ля куввата ілля біллах – Няма ніякай сілы, ніякай моцы, акрамя як ад Алаху. Ля галіба ілля-ллах – Перамагае толькі Алах.
Адказ бывае самы розны, але ясна адно – іслам мог і можа падбіраць ключык да чалавечай душы. І не зусім справядлівыя тыя, хто кажа пра яго як толькі мужчынскую цывілізацыю. Жанчыны з сераляў-гарэмаў і жанчыны пагоншчыцы вярблюдаў з аднолькавай жарсцю моляцца Прароку і не вельмі каб спяшаліся скінуць сваю звычную чадру.
Султан Мехмед ІІ, малады дваццаціаднагадовы прыгожы чалавек з пародзістым гарбатым носам, з чорнымі прамяністымі вачыма, з вялікай цікавасцю глядзеў на магутныя канстанцінопальскія сцены. Яму патрэбна было іх узяць, пераадолець, і ён быў абсалютна ўпэўнены, што менавіта так і здарыцца. Надыйшла Эра Асманаў. Да гэтага былі Эры Грэкаў і Рымлянаў. Але яны ўжо страцілі жыццёвую энергію, знясілелі і самаразбурыліся. Яны занадта доўга і занадта шмат пілі салодкі шарбет жыцця з залатых кубкаў. Надыйшоў час піць гэты самы шарбет Чалавеку Пустыні, Чалавеку Спякоты. Еўропа распесцілася ў сваіх засыпаных золатам і срэбрам палацах, і прыйшлі людзі, якія пакажуць ёй ейнае сённяшняе месца.
Мехмед павольна ехаў на кані ўздоўж белых намётаў, у якіх у чаканні штурму жылі ягоныя янычары. Яны шумна віталі султана, уздымалі ўгору лукі, шаблі і ятаганы, крычалі: “Ата! Бацька!”. Так, ён быў іхнім бацькам, хоць жыў на зямлі ўсяго дваццаць адно лета, а самым маладзейшым з іх было па дваццаць пяць гадоў. Але ён быў султан, пастаўлены на недасяжную вышыню самім Алахам, і, значыць, усе янычары – ягоныя дзеці. Прыемна было адчуваць сябе бацькам тысячаў і тысячаў гэтых суровых адважных людзей.
Ён думаў пра тых туркаў, сваіх папярэднікаў, якія ўжо адляцелі ў рай, і якім чарнавокія беласкурыя гурыі падносяць зараз цудоўнае пітво ў цяністых садах Прарока. У свой час, жывучы яшчэ ў самым сэрцы спякотнай Азіі, яны паверылі свайму правадыру Асману і зрабіліся барацьбітамі за веру. Яны пайшлі за ім з пустыняў і стэпаў у Малую Азію і выкінулі адтуль візантыйцаў. І ў якасці баявога прызу ім засталіся багацейшыя гарады рамеяў, раскошныя вілы з салодкаягаднымі вінаграднікамі і басейнамі, мармуровыя скульптуры багоў і багіняў, амфітэатры і бібліятэкі. Гэта быў сон, гэта быў рай на зямлі. А наперадзе іх чакала мора, як срэбназалаты звонкі міраж. Іхнія стомленыя коні па шыю ўвабеглі ў цёплую пяшчотную ваду, абмылі ў ёй свае капыты і грывы. І тады асманы даведаліся пра Канстанцінопаль. Горад гарадоў, самы галоўны і самы багаты Намёт усёй зямлі. І гэта сталася неадчэпнай марай, мэтай жыцця й існавання асманаў – узяць Канстанцінопаль.
Баязід, які першы між турэцкіх правадыроў прыняў тытул султана, двойчы штурмаваў рамейскую сталіцу. Ён ганарліва гаварыў, што ягоны конь будзе есці авёс на прастоле святога Пятра. Неба пачула гэтыя выхвальныя словы і ў пакаранне паслала на аднавокага Баязіда жорсткага непераможнага Тамерлана. У 1402 годзе яны сыйшліся ў бітве пад Анкарой. Баязід быў так упэўнены ў сваёй перамозе, што на вачах у тамерланавай арды наладзіў пышнае паляванне на горных ільвоў і тыграў. Але бітву, урэшце рэшт, прайграў. Калі яго ў цяжкіх ланцугах падвялі да Тамерлана, кульгавы пераможца засмяяўся:
– І як гэта мы, аднавокі і кульгавы, надумаліся заваяваць увесь свет?
Гарачы Баязід загінуў у палоне, не здолеў узяць Канстанцінопаль, а ён, малады Мехмед, возьме. З такімі радаснымі натхнёнымі думкамі султан пад’ехаў да янычараў, якія капалі абарончы роў і ставілі над ім востры частакол. На першы позірк, тут працавала ода янычараў. Ніжэйшая адзінка янычарскага войска складалася з дзесяці чалавек, якія мелі агульны намёт, кацёл, уючнага каня і былі ўзброены ятаганамі, шаблямі і лукамі. 12 такіх дзесятак аб’ядноўваліся ў адну оду.
Прыкладна стагоддзе таму султан Архан падвёў да мусульманскага святога-хаджы хлопчыка і папрасіў блаславіць новае войска. Хаджы ўсклаў на галаву малому рукі, сказаў:
– Няхай называюцца гэтыя твае, султан, воі “іені-чэры”, новымі малайцамі. Няхай заўжды ў іх будуць твары белыя, рукі моцныя, шаблі вострыя, стрэлы смяротныя. І няхай самі яны будуць перамоганосныя.
Так з’явіліся янычары. І набіраліся яны толькі з хрысціянаў. Уся гэта дзея называлася дэўшырме – набор. Спецыяльныя камісары ездзілі па нядаўна заваяваных хрысціянскіх правінцыях і падбіралі моцных здаровых сямігадовых хлопчыкаў.
Які патаемны сэнс гэтай акцыі? Чаму ў мусульманскім войску надумаліся рыхтаваць будучую вайсковую эліту менавіта з хрысціянаў? Не давяралі сваім, гарачым і рознаплямённым? Лічылі, што хрысціяне больш мужныя і ўстойлівыя? Думалі, што неафіты, з малалецтва павернутыя ў новую, у дадзеным выпадку, мусульманскую веру зробяцца самымі адданымі ейнымі прыхільнікамі? Цяжка адказаць. Але ясна адно – менавіта янычары сталіся тым жалезным нязломным стрыжнем, які на некалькі стагоддзяў ператварыў рыхлае па першым часе асманскае войска ў непераможную ўсёсакрушальную машыну. І машына гэтая дайшла, дакацілася ад паўночнай Афрыкі да сталіцы Габсбургаў Вены. Учарашнія хрысціяне заваёўвалі для мусульманскага султана сваіх адзінаверцаў.
Вось да аднаго такога янычара і пад’ехаў султан Мехмед. Гэта, па-праўдзе сказаць, быў незвычайны янычар. Звалі яго Гасан Нечапай. Ён быў камандзірам оды і вызначаўся велізарным ростам і каласальнай сілай. Рукамі ламаў падковы, зубамі перакусваў цвікі. Калі надараўся любімы занятак асманаў – барацьба, Гасан адзін бораўся супраць пяці янычараў. Тыя націралі цела тлушчам, каб нельга было ўчапіцца за яго, хітравалі, нападалі з усіх бакоў, але Нечапай спакойна аднаго за адным клаў іх на зямлю, як снапы ў полі. Ужо калі ён пачынаў распранацца і агаляў сваю шырачэнную грудзіну, гледачы ды й супернікі ахалі пабачыўшы такога магута. Мускулы, як камяні, перакочваліся на руках і нагах, карак быў круглы і надзвычай моцны, нібы свежы дубовы пень .
Валасы і вочы Гасан меў светлыя. Скура была белая, але загарала добра, і, пабыўшы з паўдня на сонцапале, ён рабіўся карычневым, як лясны жолуд.
Мехмед ужо даўно прыкмеціў здаравілу. Нават хацеў узяць у свой ганаровы эскорт, ды Нечапай нечакана заўпарціўся. Упаўшы ў ногі, падзякваў сонцалікаму султану за найвялікшую ласку, але папрасіўся застацца ў сваёй одзе, каб першаму ўзнесці на канстанцінопальскую сцяну свяшчэнны зялёны сцяг Прарока. Ужо потым ён згаджаўся ісці ў эскорт.
Мехмеду спадабалася такая смелая шчырасць і такая накіраванасць менавіта на бітву, на штурм хрысціянскай сталіцы. Сотні янычараў па першаму ж ківу султанавага пальца адразу ж перабеглі б у ягоную світу, а гэты, бачыш ты яго, не згадзіўся, клапоціцца думае пра заўтрашнюю перамогу над ворагам. Сапраўдны асман.
Перад самым-саменькім прыездам султана ў адной одзе, якая была пад Гасанавым началам, забіла ўючнага каня. Рэзка свіснуў з канстанцінопальскай сцяны арбалетны болт і ўпіўся проста ў вока беднай жывёліне. Конь захроп, колькі імгненняў круціўся на чорнай вільготнай зямлі, цёрся спіной, дрыгаў нагамі і спусціў дух. Такая падзея дужа ўразіла ўсіх янычараў. Гэта ж трэба так трапна пацэліць – з такой вялікай адлегласці, і проста ў вока. Яны стоўпіліся вакол мёртвага каня, і тут пад’ехаў Мехмед. Па асманскай завядзёнцы патрэбна было падаць ніцма перад сонцалікім. Але сам Мехмед забараніў такі рытуал янычарам, ды яшчэ падчас вайны. Сыны, якія любяць свайго бацьку, не павінны па-рабску падаць перад ім у зямны пыл. Янычары толькі нізка схілілі галовы.
Султан лёгка саскочыў з сядла, прыгнуўся над нерухомым баявым канём, пачаў гладзіць чорны ўжо халодны бок. Янычары затаілі дыханне. Побач з імі, разам з імі быў той, каму сам Алах уручыў свой ятаган.
– Наш верны сябра, – сказаў Мехмед забітаму каню, – Ты прыйшоў-прыбег пад гэтую сцяну з зялёных сакавітых лугоў нашай роднай Анатоліі. Разам з намі ты цярпеў спёку і холад, пакутваў ад бязкорм’я і бязводзіцы. Ты, як цудоўны конь Прарока Бурак, ужо ўзляцеў у нябёсы, і залатая стайня адчыніла табе сваю браму.
Ён глянуў на янычараў:
– Вядома, шмат хто з вас, як і вось гэты конь, загіне ў бітве. Але памятайце словы Прарока: хто памрэ на вайне, будзе разам са мной частавацца ежай і пітвом. Тым жа з вас, што застануцца жывымі, я, султан асманаў, абяцаю падвойнае жалаванне да канца жыцця і на тры дні аддаю пад вашу поўную ўладу рамейскую сталіцу: бярыце золата, срэбра, адзенне і жанчын. Усё гэта – ваша.
Мехмед, паказаўшы на сцяну, шырока павёў рукою, нібы Канстанцінопаль ужо належыў яму.
– Алах! Алах! Мехмед рэсуль Алах! – натхнёна закрычалі янычары. Прыроджаныя дзеці хрысціянаў, абрэзаныя ў малалецтве па мусульманскім звычаі, яны жадалі толькі аднога – узяць штурмам вялікую хрысціянскую сталіцу і кінуць яе да ног свайго любімага султана-бацькі.
– А ты, Гасан Нечапай, што скажаш? – ласкава запытаў Мехмед у светлавокага асілка.
– Мы з радасцю памрэм за Прарока і за цябе, наш дарагі ата! – усклікнуў Гасан і ярасна ўзвіў над галавой сваю велізарную шаблю. Потым дадаў, сцішыўшы голас і вінавата ўсміхаючыся:
– У іх, рамеяў, жанчыны занадта дробненькія для мяне .
– Не хвалюйся. Падбярэм па тваіх памерах, – засмяяўся султан і ўся ягоная світа.
Калі Мехмед ад’ехаў ад іхняга намёту, пачалі меркаваць што рабіць з забітым канём. Некаторыя хацелі садраць з яго ўсю багатую збрую, ахоўныя латы, бо навошта гнаіць у зямлі дабро. Але Нечапай рэзка запярэчыў.
– Конь памёр смерцю янычара, У баі, – сказаў ён і, узваліўшы няшчасную жывёліну сабе на плечы, цяжка ступаючы, пайшоў падалей ад вайсковага лагеру, туды, дзе купна расло некалькі старых алівін. Там выкапаў глыбозную яму, паклаў у яе каня, засыпаў зямлёй. Вядома, праз нейкі час конскую магілу адшукаюць палявыя звяры і дзікія птушкі, выграбуць усё да апошняй костачкі, у белым чэрапе будуць грэцца яшчаркі, але пакуль што яны побач, конь і Гасан. Ім добра слухаць цішыню, вельмі рэдкую на вайне цішыню, бо звычайна наўкол крычаць, лемантуюць, грукаюць цяжкімі сякерамі, будуючы штурмавыя вежы.
“Прабач, конь, – самотна думаў янычар, – Ты цягаў наш намёт, наш бронзавы закопчаны кацёл. Не ўбераглі мы цябе. Ды й як можна ўберагчыся на вайне?”.
З гэтым канём у яго быў звязаны адзін вясёлы ўспамін. Аднойчы ён, Нечапай, убачыў як на кані едзе янычар Назым. Нейкія мяшкі ляжалі-грувасціліся поперак потнай конскай спіны.
– Што вязеш? – пацікавіўся Гасан.
Назым пад’ехаў да яго амаль упрытык, нахіліўся з сядла, прашаптаў на самае вуха:
– Вязу авёс.
– А чаму кажаш так ціха?
– Баюся, каб конь не пачуў.
Паступова Гасанавы думкі скіраваліся на сябе, на свой лёс. Ён не ведаў дзе нарадзіўся, хто ягоныя бацькі. Але заўсёды адчувалася дваістасць уласнага жыцця. З дзвюх палавінаў было склеена яно. У першай кароткай палавіне, абсалютна глухой на ўспаміны, цякла аднекуль і кудысьці шырокая светлая рака. І гучала слова “Нечапай”, таямнічае незразумелае слова. Ён паўтараў яго заўсёды, паўтараў і тады, калі ўсвядоміў сябе сямігадовым таўсматым хлапчуком на беразе высакагорнага салёнага возера Туз у цэнтральнай Анатоліі. Ён помніў бясконцыя гурбы бліскучай белай солі і свайго бацьку Мустафу, загарэлага да чарнаты сухога маўклівага чалавека. Драўлянымі шырокімі рыдлёўкамі ўсе навакольныя людзі грузілі хрумсткую цяжкую соль у вялізныя сплеценыя з карычнева-зялёнай вінаграднай лазы кашы. Толькі чулася: “Шра-а-ах... Шра-а-ах...”. Потым соль гэту неслі вярблюджыя караваны да Чорнага і Міжземнага мораў, дзе жылі рыбакі, што спрадвеку лавілі рыбу. За соль яны разлічваліся рыбай. Вось у такім нязменным калаўроце і цякло жыццё тутэйшага люду: соль – рыба, рыба – соль.
Ён, Гасан Нечапай, рана заўважыў, што не вельмі падобны на сваіх аднагодкаў, на сваіх шматлікіх братоў і сясцёр. Светлавалосы і сінявокі, плячысты і круглагруды, ён рэзка, нібы белая варона, вылучаўся між цёмнаскурых і чорнавалосых людзей. Але, трэба зазначыць, яго не дзяўблі, як тую няшчасную варону. Той жа ячменны хлеб і тое ж мяса з соллю давалі яму на абед. Ураніцы і ўвечары налівалі вялізны гліняны кубак каровінага малака.
Разам з усімі ён, дзе б ні знаходзіўся – дома, у мячэці, у полі, на салёным возеры, тварыў мусульманскую малітву-салят, пяць разоў у суткі. І заўсёды твар і душа былі звернуты на святыню – меканскую Каабу. І заўсёды радасна трапятала сэрца. Ён, Гасан Нечапай, быў такі, як усе.
Аднойчы ягоны меншы брацік шасцігадовы Алі, якога ён выпадкова ударыў па назе кавалкам солі, заенчыў, закруціўся ад болю, пачаў крычаць:
– Ты не наш! Ты не наш! Ты – сын асла! Цябе хутка здадуць у янычары!
Гасан дужа здзівіўся. Ягоны маўклівы бацька Мустафа ніводнага разу ні словам не абмовіўся аб тым, што ён, Нечапай, нейкі не такі, як усе ягоныя дзеці.
Алі, абачліва адбегшы за кучы іскрыстай солі, крычаў адтуль:
– Цябе і тваю маці прывезлі з-за мора! Маці абмянялі на трох вярблюдаў! Цябе хацелі мяняць на паршывага казла, але ты рос здаровы, як вол, і цябе забяруць у янычары! Майму бацьку дадуць за цябе грошы!
І сапраўды – увосень прыехаў з Анкары строгі даўгавусы камісар у чырвонай фесцы, аб нечым пагаварыў з Мустафой і загадаў Гасану садзіцца ў старую скрыпучую арбу, якую цягнулі два віслагрудыя белыя валы. Акрамя Гасана паехалі ў арбе ў незнаёмую будучыню яшчэ тры негаваркія напалоханыя хлопчыкі.
– Ты ведаеш мусульманскія малітвы і турэцкую мову? – перш-наперш запытаўся ў Гасана Нечапая камісар, калі ўжо ехалі па вузкай сухой дарозе, і вялізнае воблака гарачага рудога пылу павольна паўзло за арбой.
– Ведаю, – адказаў Гасан.
– Навошта апускаеш вочы? – з нечаканай лагоднасцю прамовіў камісар, – Пазірай смела. Ты – моцны, здаровы. Будзеш, я веру, неблагім янычарам.
Так пачалося новае жыццё. Асманы вялі бесперапынныя войны, спачатку абарончыя, потым захопніцкія. Ясна, што гінула вельмі шмат мужчынаў. Мацеры проста не паспявалі нараджаць новых сыноў, новых вояў. Трэба было шукаць выйсце з гэтай лёсавызначальнай для ўсяго турэцкага народу сітуацыі. За шмат стагоддзяў да туркаў скіфы, таксама дзеці пустыняў і стэпаў, суровыя і ваяўнічыя, рабілі набегі на суседнія плямёны, забівалі мужчын, забіралі ўсіх жанчын, якія пачыналі нараджаць новых вандроўнікаў-скіфаў. Туркі пайшлі далей. Навошта чакаць доўгія месяцы пакуль жанчына народзіць? Навошта карміць-паіць яе і ейнага сына сем гадоў, калі можна забраць у яе гатовага сямігадовага, а потым абрэзаць па-мусульманскім звычаі, перавесці ў мусульманскую веру, навучыць чытаць “Каран”, навучыць ваяваць і перамагаць? Маленькія хлопчыкі вельмі добра паддаюцца рэзкім пераломным зменам у сваім жыцці, асабліва калі побач мудры, строгі, але добры настаўнік, з якога так і хочацца браць прыклад, і асабліва калі настаўнік гэты адважны янычар. Падобным чынам маладыя гарачыя ваўчаняты вучацца ў старых ваўкоў.
Так як Гасан ужо ведаў турэцкую мову і народныя звычаі, яго не адаслалі ў горную анаталійскую вёску на навучанне, а з некалькімі такімі ж хлапчукамі завезлі на карабельную верф у чарнаморскі порт Трабзон. Там пад пастаянным наглядам старога янычара Мусы яны ўкладвалі ў вялізныя бухты пяньковыя і джутавыя канаты, чысцілі падмяталі сваю казарму і прыстань, фарбавалі чоўны і карабельныя сходы. Тры разы на тыдзень Муса апранаў кальчугу, браў шчыт, і яны, узброіўшыся самаробнымі драўлянымі пікамі і ятаганамі, павінны былі атакаваць яго. Гэта была сапраўдная радасць, гарачы шал крыві.
– Біце! – весела крычаў Муса, і яны наляталі яраснай гайнёй, з усіх бакоў лупцавалі і калолі старога янычара. А ён лоўка прыкрываўся шчытом, адбіваў удары, нахіляўся, падскокваў, круціўся, і амаль немагчыма было зачапапіць гэтае верацяно.
– А ў мяне ж яшчэ няма ў руках ятагана! – паджучваў іх Муса.
І вось аднойчы раззлаваны Гасан так моцна стукнуў драўлянай булдавешкай па шчыту, што той разляцеўся на часткі.
– Хто гэта зрабіў? – адразу ж запытаў Муса.
Усе паказалі на Нечапая. Задыханы расчырванелы Муса адклаў убок шчыт, падыйшоў да Гасана, паклаў яму на плечы свае жылістыя моцныя рукі, крутнуў яго нібы цацачнага дзіцячага ваўчка, пацалаваў у лоб і сказаў:
– Быць табе, хлопчык, знаным славутым янычарам. Сілу і адвагу чую і бачу ў табе. Няхай усемагутны Прарок асвеціць сонцам тваю жыццёвую дарогу.
Неўзабаве Гасана добра адмылі-адпарылі ў турэцкай лазні, апранулі ў прыгожае цывільнае адзенне і павезлі на еўрапейскі бераг у Адрыянопаль-Эдырнэ, новую бліскучую сталіцу асманаў. Там быў вайсковы лагер дзевятнаццацігадовага толькіабвешчанага султана Мехмеда Другога, там знаходзіўся ягоны гарэм.
Гасан Нечапай трапіў у абсалютна новы для яго свет. Было адчуванне быццам з зямлі ён узляцеў на нейкую цудоўную зорку, дзе жывуць моцныя адважныя мужчыны, якія называюць адзін аднога братамі і маюць адзінага любімага бацьку – султана. Належыць да абраных Алахам, быць іхняй хоць пакуль і маленькай, але неад’емнай часткай, хіба гэта не шчасце? Аднойчы маўклівы гарэмны раб-серб, што нёс на кухню бярэмя дроў, убачыў Гасана ў прыгожым расшытым срэбнымі ніткамі халаце, у востраверхай шапцы-чалме з дзідай у руках і лукам за плячыма, выпусціў дровы, сказаў, прагна бліскаючы вачыма:
– Я зайздрошчу табе, як мёртвы зайздросціць жывому.
Іхняя казарма знаходзілася непадалёку ад палаца-гарэма, у якім жылі жонкі, наложніцы і рабыні султана. Яны, янычары, ахоўвалі гэты гарэм. Ні крыклівая птушка, ні збродлівы кот ці сабака, ні, тым больш, чужы чалавек не павінны былі трывожыць спакой цудоўных найпрыгожых гурый, якія, як яркія кветкі, цвілі толькі для султана.
Гасана, як вучня і як памочніка, прыставілі да старога янычара Мусліма. Гэта быў суровы чалавек-крэмень з доўгім чырвоным шнарам на левай шчацэ – пад Варнаю ў час атакі напароўся на рыцарскую дзіду. Ён амаль не размаўляў з Нечапаем, толькі падаваў знакі рукамі, быццам быў нямком. Напачатку такая Муслімава завядзёнка збянтэжыла, нават напалохала. Гасану здавалася, што стары янычар незадаволены ім, хоць ён аж са скуры вылузваўся, каб дагадзіць. Ужо потым зразумеў – тут наогул не шануюць гаваруноў. Маўклівае падпарадкаванне старэйшаму, вернасць султану, вернасць брацтву янычараў – вось і ўсё, што патрабуецца ад цябе, калі хочаш выжыць у гэтым цудоўным недасяжным для большасці мужчынаў свеце.
У час вучэнняў, якія праходзілі штомесяц, Муслім і Гасан жылі ў невялікім разлічаным на двух чалавек намёце. Гасан, калі Муслім яшчэ спаў, павінен быць прынесці з лесу сухога ламачча, з ручая вады, распаліць цяпельца, павесіць на крывульку медны казанчык з вадою, ускіпяціць ваду і заварыць вельмі моцную каву, якую раніцою любіў піць стары янычар. Муслім няспешна піў гарачую каву, задаволена пакрэктваў. Ягоныя суровыя карычневыя вочы са слязінаю на кароткіх абсмаленых вейках пазіралі на вучня больш лагодна. Пасля кавы ён як быццам перараджаўся. Рабіўся больш рухавы, паказваў Гасану ўсемагчымыя прыёмы валодання зброяй. Вешалі на дрэва круглы шчыт, адыходзілі і стралялі з лука. Секлі невысокае кустоўе ятаганамі. Калолі дзідамі ствалы дрэў. Аднойчы з сухіх вуснаў Мусліма, як рэдкая райская птушка, зляцела адно-адзінае слова:
– Малайчына!
Гасан Нечапай аж падскочыў ад радасці, яму захацелася пацалаваць старога янычара. Але ён своечасова патушыў гэты сардэчны агонь, бо ўбачыў, што Муслімавы вочы зноў зацягнуліся звычным лядком.
Затое больш маладзейшыя янычары, калі ў час кароткага прывалу збіраліся разам, не зачынялі ратоў. Чаго толькі не наслухаўся Гасан. Пра паходы, пра бітвы. Пра тое, што на моры самы мацнейшы флот, вядома, пасля асманскага, у венецыянцаў. А самая стойкая пяхота, таксама, вядома, пасля асманскай, генуэзская. Пра рамеяў чамусьці не гаварылі. Тады яшчэ быў мір паміж султанам Мехмедам і базілеўсам Канстанцінам, і, напэўна, гаворкі пра грэкаў, як будучых ворагаў, забараняліся.
Пра жанчын таксама не гаварылі. Магчыма, думалі, і хутчэй за ўсё што думалі, бо як жа ў маладзёвым узросце не думаць пра жанчын, але на гэту тэму было накладзена негалоснае табу. Пэўна, адной з прычынаў было суседства гарэму-сералю. Размовы пра прыгажуняў можна было ў любое імгненне аб’явіць замахам на султанавых жонак і наложніц. І развітвайся тады чалавек са скурай сваёю і галавой сваёю. Толькі аднойчы пачуў Гасан ад янычара Якуба аповяд аб жанчынах, аб тым, як падчас штурму нейкай балгарскай цытадэлі, калі грымела неба і зямля, шугаў куслівы смяротны агонь і набліжалася непазбежнае, балгарскія жанчыны зрывалі з сябе ўсё адзенне, голыя скакалі са сценаў проста ў рукі да янычараў.
– Смакоцце было, – засмяяўся, аблізнуўся Якуб.
Але строга глянуў карычневым вокам Муслім, і Якуб адразу змоўк, нібы папярхнуўся, апёкся стручком пякучага анаталійскага перцу.
Ляцелі дні. Рос, наліваўся яшчэ большай сілаю Гасан. Ён ужо на цэлую галаву ўзвышаўся над сваімі равеснікамі, як дуб над падлескам. Нейкая ярасная жыццёвая энергія бушавала ў ягоным целе, гнала ўгору, ўбакі, не спынялася. Са здзіўленнем і павагаю глядзелі на яго старыя янычары і моладзь, бо ў Турцыі, ды й наогул на Усходзе любяць моцных буйнацелых людзей.
Ляцелі дні, ляцелі гады... Іхняя ода начале з Муслімам ахоўвала знешнюю сцяну султанскага сералю. Сцяна была каменная высокая пафарбаваная ў блакітны нябесны колер. Дзікая вінаградная лаза зялёнымі хвалямі клубілася на ёй. Саспявалі чорныя кісла-салодкія ягады. З суседніх лясоў і лугоў кіраваліся сюды птушкі, каб паласавацца вінаградам. Усчынаўся вэрхал, шум. Птушкі біліся між сабой за кожную ягадзіну.
– Кыш! Кыш! – злосна крычаў стары Муслім і махаў доўгай пікаю, адганяючы крылатых ненажэрцаў. Ды птушкі не баяліся яго.
Тады надумалі выстаўляць на сцяне пудзілы. На доўгія кійкі начапілі старыя парваныя шаравары, халаты, фескі. Толькі пачалі ўздымаць угору гэтых страхавідаў, як прыбег Муслім, пачаў лаяцца:
– Якія вы янычары? Вы – аслы! Хіба можна паказваць на пасмех турка, свой народ?
Пачухалі патыліцы, пашукалі такіх-сякіх трантаў і змайстравалі няўклюднага венецыянца на пару з рамеем. Муслім задаволена смяяўся.
Аднойчы янычар Ібрагім падстрэліў з лука ляснога голуба, які нахабна дзёўб вінаградзіны амаль перад самым ягоным носам. Мёртвая птушка кульнулася са сцяны, але ў апошні момант зачапілася кіпцюрыстымі лапамі за лазу і павісла ўніз галавою. Ды так моцна ўблыталася, што немагчыма было зняць яе адтуль.
– Дрэнь справа, – спахмурнеў стары Муслім, – Пачне гнісці, пачне смярдзець... Трэба дастаць яе.
Ён азірнуўся па баках, убачыў Гасана:
– Ану йдзі сюды, Малышок. (У хвіліны асаблівага даверу і лагоды стары янычар называў Нечапая Малышком).
Гасан не падыйшоў, падбег, бо для яго было за гонар выканаць кожны загад Мусліма.
– Зараз мы павучымся штурмаваць гарадскую сцяну, а заадно і здымем падаль, – сказаў Муслім, – Нясіце сюды дзве дошкі. Гасан, станавіся на іх. А вы, – строгім вокам ён зірнуў на янычараў, – паднімайце гэтага малойчыка.
З вялікай натугаю, пахістваючыся, чацвёра чалавек ледзьве адарвалі Гасана ад зямлі, павольна-павольна, да хрусту ў каленях, да бліскавак у вачах, узнялі асілка ўгору. Ён, ломячы густую лазу, учапіўся ў самы верх сцяны, адштурхнуўся нагамі ад дошак (янычары ўнізе аж прыселі), падцягнуўся і лёгка ўзляцеў на сцяну. Пругкасць і крылатасць былі ва ўсім целе.
Напачатку выблытаў, скінуў забітага голуба. Потым зірнуў на сераль. Пэўна, раней гэта быў загародны палац нейкага візантыйскага вяльможы, магчыма, нават самога імператара. Чатыры-пяць раскошных вялізных будынін з высокімі мармуровымі калонамі, з крутымі таксама мармуровымі лесвіцамі, паабапал якіх стаялі пазалочаныя скульптуры ільвоў, сланоў, паўлінаў і грыфонаў. Усю гэту прыгажосць аточваў цяністы дагледжаны сад з утульнымі таямнічымі альтанкамі, фантанамі-вадамётамі, з пасыпанымі чырвоным бліскучым пяском дарожкамі, са сподкамі маленькіх блакітных азёраў, пасярод якіх былі рассыпаны малюсенькія зялёныя астраўкі. У азёрах плавалі беласнежныя грацыёзныя лебедзі. Па чырвоных дарожках ляніва хадзілі пярэстыя ў гарошак гепарды, з шыкоўнымі яркімі бантамі на шыях, якія завязала, пэўна ж, пяшчотная жаночая рука.
Цудоўнае відовішча так уразіла Гасана, што ён быццам скамянеў, сядзеў з вырачанымі вачамі і раскрытым ротам. Ён забыўся ў гэтыя імгненні пра старога Мусліма, пра сяброў-янычараў. Яму здавалася, што ён раптоўна ўзляцеў на неба, і вось зараз раскоціцца нейкі голас, які зробіць яго навечна шчаслівым.
Раптам зазвінеў, як званочак, ціхі смех. Да сцяны, якраз да таго месца, дзе сядзеў Гасан, ішла вельмі прыгожая дзяўчына гадоў пятнаццаці-шаснаццаці ў лёгкім зялёным халаціку. На галаве ў яе быў медны збан, які яна прытрымлівала левай рукою. У правай руцэ ў прыгажуні трапятала чырвоная кветачка. Раз-пораз дзяўчына нюхала гэту кветачку, шчасліва жмурылася, нібы ў вочы ёй трапляў сонечны прамень, і смяялася. Вось яна падыйшла да сцяны, спынілася, палахліва азірнулася наўкола, хуценька зняла з галавы збан і – шух! – выліла ягонае змесціва на сцяну. Тут Гасан злёгку паварушыўся ў сваім гняздзе, зашамацела вінаградная лаза. Дзяўчына ўзняла позірк угору, убачыла яго, але ні кропелькі не здзівілася і не спалохалася.
– Хто ты? – спыталася яна.
– Янычар, – разгублена адказаў Нечапай.
– Хіба янычары лазяць, як малыя дзеці, па такіх сценах? – здзівілася дзяўчына. І зазвінеў срэбны смех-званочак. Ён быў райскай музыкаю для Гасана.
Увесь гэты час стары Муслім грозна махаў кулаком, кашляў, сіпеў, загадваючы свайму выхаванцу неадкладна злезці са сцяны. Гаварыць на поўны голас асцерагаўся. Ды Гасан, аслеплены даўно нябачанай дзявочай красою, у дадатак поўнасцю страціў слых, быццам гарачы глушэц на такавішчы.
– Што ты робіш у сералі? – задаў ён недарэчнае пытанне, першае, што прыйшло ў галаву.
– Жыву, – усміхнулася дзяўчына, – Жыву ў Намёце Састарэлых Жанчынаў.
– Ты – састарэлая жанчына? – ад здзіўлення Гасан ледзь не зваліўся са сцяны, – А якое ж у цябе імя?
– Саадат. Я – узбечка.
І ў гэтае імгненне, як нябесны гром, раскаціўся грозны голас:
– Ты, што ўзабраўся на сцяну сераля, зараз жа злазь уніз і падыйдзі да мяне!
– Ён загубіў усіх нас, – спалохана зашаптаў стары Муслім і абхапіў галаву рукамі.
Саадат, прыгнуўшыся, змізарнеўшы, пабегла ад сцяны. Гасан жа ўбачыў чатырох апранутых у наборныя зіхоткія германскія латы ахоўнікаў султанскага сералю. У руках яны трымалі вострыя дзіды. Паперадзе іх шпарка крочыў невысокі таўсматы чалавек з жалезнай шматшыпнай булавою ў правай руцэ. Указальны палец левай рукі з вельмі доўгім да бляску адпаліраваным пазногцем ён скіраваў на Гасана. Гэта быў ага кізляр Хаджа, галоўны султанаў еўнух.
Цяжка ўздыхнуўшы, Нечапай падпарадкаваўся загаду. Такая доля ў янычараў – скажа камандзір скокні ў полымя, адразу ж скокнеш і нават болю не адчуеш.
Яго павялі да прыземістага каменнага будынку з вузкімі, як амбразуры, вокнамі. Напэўна, тут месцілася ахова сералю. Гасан ішоў і адчуваў, як пакідае ягонае велізарнае цела душа. Нажылася, нагаспадарнічала ў целе і, прадчуваючы непазбежную смерць, паляціць шукаць сабе новы прытулак.
У невялікім круглым пакоі, куды дзённае святло ўлівалася праз малюсенькае закратаванае вакенца, яго паставілі на калені. Ага кізляр сеў на мяккую зялёнага колеру канапу, хвастануў па Гасанавым твары ўчэпістым пранізлівым позіркам:
– Хто ты і што хацеў зрабіць у Найсвятлейшым Сералі?
– Я – янычар Гасан з дзевятай оды Мусліма. Мы ахоўваем сераль з таго боку сцяны. Я палез на сцяну, каб скінуць з яе забітую птушку, – драўляным, як не сваім голасам адказаў Нечапай.
Ага кізляр Хаджа вельмі ўважліва выслухаў яго, скіраваў калючы позірк на пісца, які стаяў перад ім, трымаючы ў руках разгорнуты скрутак пергамену:
– Пішы. Дзевятая ода. Муслім.
– Я палез сам. Муслім мне не загадваў, – горача запярэчыў Гасан.
– Што, янычар – засумавала шыя па вяроўцы? – кісла ўсміхнуўся галоўны еўнух.
Затым паклікаў аднаго з ахоўнікаў, спытаў:
– Хто падыходзіў да сцяны і хто размаўляў з янычарам?
– Саадат з Намёта Састарэлых Жанчынаў.
– Зашыць у бурдзюк і ў мора.
Ахоўнік прыклаў руку да грудзей, нізка пакланіўся, падаўся да дзвярэй задам, бясшумна знік. Усё здавалася Гасану дзікім вар’яцкім сном. Навошта ён палез на сцяну за праклятай птушкай? Навошта загаварыў з Саадат? З-за ягонай дурноты будуць пакутваць і загінуць невіноўныя людзі. Ён аж застагнаў.
– Баліць? – клапатліва запытаўся ага кізляр і сам адказаў на сваё ж пытанне: - Баліць. А будзе балець яшчэ мацней, калі ты не скажаш мне, што цябе заслаў сюды з Канстанцінопалю нікчэмны чарвяк, здраднік-перабежчык Архан, каб ты атруціў усіх султанавых жонак, патушыў усе цудоўныя зоркі Чароўнага Неба. Прызнавайся ж.
– У чым мне прызнавацца, вялікі ага? – стукнуўся ілбом у падлогу Гасан, – Я – янычар з дзевятай оды. Я хоць зараз гатоў аддаць усё сваё жыццё за нашага любімага бацьку – султана Мехмеда. Але падумайце вы, Чалавек Найвысокага Розуму, навошта мне шкодзіць султану і сералю? Пра Архана, гэтага вырадка-перабежчыка, я ніколі нават не чуў. Я ні разу не быў у Канстанцінопалі, нават не бачыў яго здалёк.
– Мог чуць і мог быць, – коратка прамовіў ага кізляр, парывіста ўзняўся і знік за дзвярыма. Агаломшанага Нечапая ахоўнікі схапілі за рукі, павялі следам за галоўным еўнухам.
– Куды мы ідзем? – дрогкім голасам спытаўся Гасан.
– Ага кізляр не любіць пэцкаць свежай людской крывёю свой пакой у каравульным памяшканні, – адказалі яму, – Мы ідзем у падзямелле.
Яны пайшлі па дарожцы засыпанай чырвоным бліскучым пяском, пад шатамі густалістых зялёных дрэў. У кронах гэтых цудоўных дрэў звонка спявалі птушкі, прычым, не толькі жывыя, але й зробленыя з гліны, фарфору і нават золата. Сапраўдны райскі сад, не хапала толькі чарнавокіх пяшчотных гурый. Ды й гурыі (усе ведалі) былі зусім побач, за сценамі раскошных беламармуровых палацаў. Казалі, што ў султана Мехмеда іх ажно пяцьсот.
Але Гасану было не да прыгажосці. Кожны крок набліжаў яго да нечуваных пакутаў, а, магчыма, й смерці. Ён нават пачаў запавольваць хаду, ды ахоўнікі шкуматнулі за рукі так, што ён паляцеў уперад, як пушынка. Гэта канчаткова надламала маладога янычара, і галава ягоная апусцілася на грудзі, як пераспелы пад пякучымі промнямі анаталійскага сонца кавун.
Раптам усе ахоўнікі і сам ага-кізляр паляцелі потырч носам у зямлю, распасцерліся на ёй, затаіўшы дыханне. Быццам моцны сустрэчны вецер зваліў іх з ног. Яны пацягнулі Гасана за сабою, і ён таксама ўпаў. Перад самым сваім вокам у густой ярказялёнай траве ён убачыў маленькага сіняга жучка, які некуды імкліва бег па сваіх маленькіх жучыных справах.
– Устаньце, – прашалясцеў над галовамі мяккі жаночы голас. Ды яны ляжалі, як мёртвыя.
– Устаньце ж, – у голасе ўжо пачуліся раздражнёнасць і капрызлівасць. Па-ўсяму адчувалася, што тая, якой належыў голас, прывыкла загадваць і прывыкла, каб усе ейныя загады, адразу выконваліся.
Ага кізляр Хаджа, а за ім усе астатнія, борздзенька ўскочылі на ногі, але галовы, на ўсялякі выпадак, трымалі апушчанымі, як коні на вадапоі. Толькі Гасан Нечапай, самы малады і самы неспрактыкаваны ў звышскладаным жыцці сералю, не адвёў позірк і ўбачыў непадалёку ад сябе маляўнічую ярка і багата апранутую купу жанчын, еўнухаў, неграў і дзяцей. Між іх вылучалася высокая асаністая старая з арліным носам, тонкімі густа нафарбаванымі вуснамі і мноствам залатых і срэбных маністаў на шыі і грудзях. Яе з двух бакоў падтрымлівалі пад рукі вельмі прыгожыя маладзенькія дзяўчаты, пэўна, рабыні. На іх былі шаўковыя празрыстыя халаты і такога ж колеру ліфы, расшытыя залатой ніткай і ўпрыгожаныя па швах дробным жэмчугам. Залаты шырокі пояс, інкруставаны каштоўнымі камянямі, звабна аблягаў бёдры. Іхнія валасы, у адной чорныя, у другой папялова-каштанавыя, былі гладка зачасаныя назад, сабраныя на патыліцы ў свабодны вузел залатой заколкай з жамчужным ланцужком і хвалістымі кругамі клаліся па спіне. На нагах у прыгажунь былі зялёныя парчовыя чаравічкі са срэбным зіхоткім адлівам.
Высокі губаты негр трымаў над арлінаносай старой вялікі засыпаны алмазамі і залатымі маленькімі зоркамі парасон з ручкай са слановай касці. Бледнатварыя еўнухі неслі круглыя і квадратныя люстэркі. Дзеці кружыліся ў павольным танцы і былі апрануты ў зіхоткія касцюмы рачных стракозаў і нябесных ластавак.
Гэтыя дзве купы абсалютна непадобных людзей сутыкнуліся ў той час, калі шасцігадовы нашчадак султана Хафіз высока падкінуў уверх выразаны са слановага біўня мячык, і мячык той не ўпаў, як чакалі, на зямлю, а перакаціўся па голлях старога платану і захраснуў, засеў у рагульках высознага дрэва. Мячык не падаў уніз. Султанаў нашчадак, не дачакаўшыся мячыка, істэрычна паваліўся на зямлю, біў-тупаў аб яе ножкамі і залівіста плакаў. Еўнухі і негры спрабавалі падскокнуць, дастаць пракляты мячык, ды з-за сваёй маларосласці толькі смешна махалі растапыранымі рукамі. Строгая старая грэбліва глядзела на іх, потым перавяла позірк на распасцертых каля ейных ног ахоўнікаў сералю і Гасана Нечапая.
– Ты, – паказала яна пальцам на Гасана – Устань. Хто ты?
Але не паспеў Нечапай вымавіць слова, як ага кізляр Хаджа ўскочыў на ногі і, лісліва пакланіўшыся ёй, затараторыў:
– О, найвышэйшая і найдасканалейшая валідэ, вечнаслаўная маці сонцападобнага султана, о, няспынны агонь вечнасці і празрыстае з празрыстых Неба Прарока, гэты нікчэмны раб, які ляжыць каля тваіх ног, хацеў у сваёй звярынай зламыснасці атруціць султанавых жонак, патушыць усе цудоўныя зоркі Чароўнага Неба.
Сказаўшы гэта, ён зноў рухнуў на зямлю, абхапіў галаву рукамі і знерухомеў, застыў, як прыдарожны валун. Валідэ Айша, маці султана Мехмеда, была самай галоўнаю жанчынаю сераля. Тут ёй падпарадкоўвалася ўсё – і еўнухі, і чатыры кадзіны, жонкі султана, з бас-кадзінай, старшаю жонкай, што ўжо падаравалі султану сыноў. Пад ейнай цвёрдай уладнай рукою знаходзіліся серальныя рабыні і свежападрыхтаваныя дзяўчаткі гедзікліс, абраныя. За імі ішлі гюздэ, тыя, што звярнулі на сябе ўвагу султана, але яшчэ не спалі з ім. Вышэй гюздэ стаялі ікбалы. Гэтыя дзялілі ложа з султанам і спадабаліся яму.
Удзячны сын султан падараваў сваёй любімай маці-валідэ Палац Месячнага Святла. Гэткі ж самы палац ён падараваў сваёй першай жонцы бас-кадзіне. У цудоўным палацы цякло жыццё, якое ніхто і ніколі не бачыў на зямлі. Яно было вышэй раю, вышэй адчування і разумення таго, што людзі называюць шчасцем. Адсюль прыгожыя з прыгожых і пяшчотныя з пяшчотных ішлі ўначы па Залатой Сцяжынцы да султана. Тых, хто не спадабаўся ўладару, адразу ж адсылалі ў Намёт Састарэлых Жанчынаў, хоць ім ад сілы было пятнаццаць-сямнаццаць гадоў. Яны пачыналі жыццё серальных служанак, потым тыя, каму болей пашчасціла, рабіліся жонкамі састарэлых янычараў ці султанавых чыноўнікаў. Астатнія да самага свайго канання неслі ярмо чорных рабыняў.
А яшчэ ж меліся ў султанавым сералі дзяўчаткі для сексуальнай палавой трэніроўкі маладых нявопытных мужчынаў. Іх кастрыравалі, і яны не маглі ні зачаць, ні нарадзіць і жылі пад строгім наглядам нямых еўнухаў.
Хто злічыць усё золата сералю? Хто злічыць усе слёзы ягоныя? Няма такіх людзей і не будзе ніколі.
Валідэ Айша не звярнула аніякай увагі на трапятлівы маналог ага кізляра. Ёй нагаварылі ўжо столькі салодкіх слоў, адбілі столькі паклонаў, што яна проста не заўважала іх, як не заўважаюць добрае надвор’е, цялеснае здароўе або новую звыклую раніцу.
– Дастань мячык, – загадала валідэ Гасану.
Нечапай нетаропка ўзняўся з зямлі, прымерыўся вокам, плюнуў на рукі, падскочыў і шырокай загарэлай даланёю збіў мячык з дрэва. Усе радасна ўздыхнулі, шчасліва ўскрыкнулі. Маленькі султанчык схапіў любімую цацку, і заплаканы твар адразу ж заззяў весялосцю. Здавалася, з-за цёмнай хмары зноў выбліснула яркае сонца.
Валідэ пагладзіла ўнука па чарнавалосай кучаравай галаве, сказала начальніку сваёй варты, паказваючы вачамі на Гасана:
– Гэтага ўзяць у Палац Месячнага Святла і прызначыць слугою на час паркавых прагулак нашчадка асманскага прастолу.
Так шчасліва пазбегнуў Гасан Нечапай бізуноў і падпазногцевых шпілек крывавага падзямелля. Так ага кізляр Хаджа, уткнуўшыся носам у чырвоны пясок паркавай дарожкі, пракаўтнуў сухі камяк крыўды і расчаравання. Але чарвяк не можа спрачацца з арлом.
Увесь дзень Гасан павінен быў неадлучна знаходзіцца побач з шасцігадовым Хафізам, і толькі ноч давала адпачынак. Трэба зазначыць, што хлапчук быў надта ж капрызлівы. Пястунчык усясільнай валідэ, нашчадак Асмана, будучы султан, ён вельмі рана зразумеў, што наўкол яго павінен круціцца ўвесь палац і сераль. Ён муштраваў сваіх шматлікіх служкаў, не даваў ім ні хвіліны спакою, выдумляючы ўсё новыя забавы. То яны рабіліся ягонай янычарскай гвардыяй, то ляснымі разбойнікамі, то ператвараліся ў лютую воўчую гайню, і ён, Хафіз, быў у іх за важака.
Асабліва перападала Нечапаю. Беднага асілка з-за ягоных вялізных памераў жорсткі султанчык часцяком аб’яўляў баявым сланом. Гасан вымушаны быў станавіцца на чацьвярэнькі, Хафіз узлазіў на яго, браў у рукі завостраны балючы кіёчак, і ездзіў на слане па ўсім палацы, а потым і па парку. Жадаючы, каб слон прыпыніўся, або, наадварот, пачаў рухацца, здзеклівы хлапчук калоў яго сваім кіёчкам ў адно адзінае месца – за правым вухам. Неўзабаве там з’явілася рана, якая не зажывала. Па кропачках крыві на падлозе, на траве і пяску можна было вызначыць у які бок накіраваўся баявы слон. Слугі хадзілі следам і падціралі чырвоныя кропачкі.
Лежачы бяссоннаю ноччу ў сваёй цеснай каморцы, што месцілася пад мармуровай лесвіцай палацу, Гасан няспынна маліў Алаха, каб той паслаў яму збавенне ад цяжкой абразлівай ролі. І Алах дапамог. Калі ў чарговы раз, унурыўшы галаву, ён вёз па паркавай дарожцы свайго мучыцеля-малалетка, зашаргацелі імклівыя ўпэўненыя крокі, і нейчая цвёрдая рука ўхапіла Хафіза за каршэнь. Гасан адчуў палёгку, але галаву не ўзняў. Наадварот, як і належыць у такіх выпадках, уплішчыўся тварам у чырвоны цёплы пясок.
– Чым займаецца наступнік прастолу? – запытаў строгі патрабавальны голас. Нечапай зразумеў – гэта султан Мехмед.
Адказам, вядома ж, было маўчанне, а праз нейкія імгненні плач. Хафіз пакрыўджана шморгаў носам, выціскаў з вачэй слёзы.
– Зараз ты павінен у сваім пакоі вучыць геаграфію і латынь, – сурова казаў Мехмед, – А што робіш ты? Я загадаю пакараць твайго настаўніка і цябе.
Плач узмацніўся. Слёзы па шчоках, мяркуючы па-ўсім, пакаціліся буйнейшыя. Ды султана, які браў штурмам варожыя гарады, які слаў на смерць тысячы й тысячы людзей, гэта аніяк не разжалобіла.
– Завядзі яго ў ягоны пакой, – загадаў ён чалавеку са сваёй світы, а потым надыйшла Гасанава чарга, – Хто ты і чаму поўзаеш па пяску, як жывёла? – сярдзіта спытаў султан.
– Я – янычар Гасан з дзевятай оды Мусліма, – узвёўшы вочы ўгору, адказаў Нечапай.
– Янычар? – здзівіўся Мехмед, – Ты янычар? Ты – гнойны жук, якім кіруе малое неразумнае дзіця.
– Так загадала валідэ Айша, – цвёрда сказаў Гасан, – Абавязак сапраўднага янычара, як мяне вучылі, беспярэчна падпарадкоўвацца волі вялікай валідэ, слаўнай маці нашага мудрага і адважнага султана.
Такі адказ спадабаўся Мехмеду.
– Устань, – загадаў ён янычару.
Той узняўся на ногі, з надзеяй і чаканнем глядзеў на султана.
– Едзь у сваю дзевятую оду, – строгім і цвёрдым голасам прамовіў натхнёны нястрымны нашчадак Асмана, – Я бачу – ты сапраўдны янычар. Вось султанаў персцень з маёй рукі. На ім выгравіравана літара М, мая літара. Перадай гэты персцень Караджа-пашы, які стаіць са сваімі янычарамі на беразе рэчкі Лікас. Ён прызначыць цябе камандзірам дзевятай оды і ўручыць табе зялёны сцяг Прарока. За свяшчэнны сцяг адказваеш уласнай галавой. Праз месяц мы возьмем цвярдыню рамеяў, і Канстанцінопаля больш не будзе. Народзіцца Істанбул. Мы вырасцім гэту цудоўную кветку на маладой янычарскай крыві. У горадзе 28 брамаў. Самым адважным з адважных мы ўручым 28 сцягоў. Атрымаеш сцяг і ты. Пранясі яго праз агонь і смерць у Раманаўскую браму. Памры, але пранясі. Тыя, што загінулі ў бітвах за нашу мусульманскую веру, будуць глядзець у той святы радасны час на цябе. Зразумеў, янычар?
– Зразумеў, сонцалікі, – дрогкім голасам выдыхнуў Гасан, і на вачах ззялі слёзы шчасця, – Можна адразу ж ехаць у оду?
– Можна, янычар.
Нечапай нізка пакланіўся султану, стрымліваючы хваляванне, падыйшоў да цёмнарыжага з белай зоркай на лобе каня, якога яму падвялі людзі з Мехмедавай світы, сеў у сядло, павольна паехаў да цэнтральнай брамы сераля. Тут, дзе зачыналася жыццё султанаў, пад страхам смерці забаронена было падганяць каня. І вось дзіва – тут былі стрыманымі не толькі людзі, але й коні, якія не іржалі.
Ён адшукаў сваю дзевятую оду і адчуў, што пра яго ўжо пакрысе забыліся. Нават лепшыя сябры, сустрэўшы яго, глядзелі з халадком у вачах.
– А дзе Муслім? – адразу спытаўся ён.
Адводзілі вочы, потым Абдурахман сказаў:
– Калі ты знік за Сцяной, прыйшлі палацавыя еўнухі і забралі яго. І мы больш не бачылі старога Мусліма.
Гасан зразумеў, што яго лічаць віноўнікам знікнення Мусліма. Шмат хто стараўся не сутыкнуцца з ім тварам у твар, быццам ён (не дай, Алах!) захварэў праказай. І толькі заўсёдна маўклівы Абдулхак, бліснуўшы вачыма, ціха нячутна падыйшоў да яго і ціха запытаў:
– А ці праўда, што ў сералі слугам за верную працу дазваляюць раз на месяц зірнуць як султанавы жонкі і наложніцы купаюцца ў залатым басейне?
Нечапай зірнуў на яго, як на вар’ята, але раптам, сам не чакаючы гэтага, сказаў:
– Чыстая праўда. Там ёсць патаемны пакой. У пакоі стаіць мармуровая сцяна. У той сцяне пракручана маленькае вакенца. Я сам падыходзіў да яго, глядзеў і ўбачыў як адначасова купаліся 300 жанчынаў. З іх 110 гедзікліс, 3 кадзіны, 5 ікбал, 10 гюздэ. Астатнія 172 – служанкі. Яшчэ расказваць?
Абдулхак сшалела выкругліў вочы, адмоўна пахітаў галавою:
– Не трэба.
– А чаму? – як блазен, пацяшаўся Гасан, – Я бачыў там 300 залатых халатаў, 599 срэбных туфелькаў, 10 тоўстых тлустых еўнухаў і паміж іх цябе, Абдулхак. І ведаеш, што ты рабіў? Поўзаў па падлозе і шукаў шэсцьсоты туфелек, які згубіла гюздэ Медэя.
Беднаму Абдулхаку падалося, што Нечапай падчас доўгага знаходжання ў сералі з’ехаў з глуздоў. Ён з глыбокім шкадаваннем зірнуў на былога сябра і борздзенька пабег да свайго намёту.
Гасана, калі напоўніцу быць шчырым, укалола такая халодная сустрэча ў дзевятай одзе. Не прывык ён, што яго не заўважаюць. Што было рабіць? Ён адразу ж, як і загадаў султан Мехмед, накіраваўся ў лагер Караджа-пашы, перадаў яму султанаў персцень, і атрымаў з рук пашы зялёны сцяг Прарока. Гэта зрабіла яго Сцяганосцам Першага Шэрагу і камандзірам дзевятай оды замест старога Мусліма.
Бура бушавала ў душы, калі ён вяртаўся са сцягам у руках у родную оду. Давер самога султана, давер Караджа-пашы расхваляваў да слёз. Неўзабаве (аб гэтым ужо ведалі ўсе) пачнецца штурм хрысціянскай сталіцы, справа будзе вырашацца жалезам і крывёю, і ён, Хасан Нечапай, хлопчык з салянога возера, турэцкі янычар, адважна пойдзе туды, дзе ў дыме і агні народзіцца вялікая перамога.
На гэты раз у дзевятай одзе Хасана сустрэлі так быццам ён заўсёды быў камандзірам, можна сказаць, нарадзіўся ім. Любыя загады выконваліся імгненна. Па знаку ягонай рукі кожны янычар гатоў быў рынуцца ў атаку. Але ён разумеў, што да такой улады прыйшоў не з нізу, не з бою і паходу, а зверху – яго прызначылі. А янычары ў самай глыбіні душы не надта паважаюць такіх.
Тады ён зшыхтаваў усю оду, усіх 120 чалавек, загадаў вывесці трох коней у поўнай вайсковай збруі. Коней паставілі ў адну лінію (галава-хвост-галава-хвост), і Хасан прапанаваў кожнаму свайму падначаленаму разбегчыся, падскочыць, адштурхнуцца рукамі ад спіны задняга каня, праляцець над коньмі і сесці, як уліты, у сядло першага каня. Толькі двое здолелі зрабіць такое. Тады Нечапай вывеў чацвертага каня, разагнаўся, аштурхнуўся, праляцеў, як птушка, і гопнуўся ў самае пярэдняе сядло. Вочы ў янычараў успыхнулі агнём захаплення і павагі. Так ён зрабіўся іхнім баявым камандзірам.
Асманскія войскі ўсё шчыльней аблягалі Канстанцінопаль. Дайшло да таго, што ўжо ні чалавек, ні карабель, ні звер, ні нават птушка, якую палохаў рык гарматаў, не маглі прарвацца ў абкружаны горад. Толькі воблакі вольна праплывалі над ім.
І тым болей дзіўным было чуць, што аднекуль з поўначы, ці не з Балгарыі, ідуць у рамейскую сталіцу два чалавекі, два трыццацігадовыя мужчыны-блізняты. І нясуць яны мір дзяржавам, войскам і людзям. Імёны ж у іх (цуд дый толькі!) Мехмед і Канстанцін. Як толькі яны наблізяцца да гарадскіх сценаў, як толькі крануцца іх, змоўкнуць зыкі баявых труб і грукатанне барабанаў, ляжа ў похвы ятаган, засне ў калчане страла, і ўсім усміхнецца, як родная маці, сонца.
Спачатку пра гэта казалі шэптам, потым пачалі гаварыць на ўвесь голас. Ужо вядома было, што Мехмед з Канстанцінам не толькі ідуць, але й едуць на мулах, пераплываюць парожыстыя рэкі на плытах. Іх бачылі на фракійскім узбярэжжы, потым у ваколіцах Эдырнэ. Як востры нож праз мяккі хлебны каравай, яны праходзілі праз заставы, дазоры і паступова набліжаліся да турэцкіх рэгулярных войскаў, камандзіры якіх напачатку з іранічнай усмешкаю слухалі аповяды пра такія дзівосы. Якія браты-блізняты? Які мір? Грыміць лёсавырашальная вайна мусульманства з хрысціянствам, меканскі паўмесяц атакуе віфлеемскую зорку, а тут балабоняць пра нейкіх добранькіх хадакоў.
І ўсё ж Караджа-паша, што стаяў са сваім войскам паўднёвей Залатога Рогу і да ракі Лікас і дзе вось-вось павінны былі з’явіцца таямнічыя Мехмед з Канстанцінам, вырашыў, урэшце рэшт, падрыхтавацца да сустрэчы з нязванымі гасцямі. А раптам яны сапраўды ідуць? Тром одам, у тым ліку, одзе Гасана Нечапая, было загадана без лішняга розгаласу і шуму выступіць па старадаўніх дарогах на поўнач ад Канстанцінопалю, каб перастрэць братоў.
Сам Гасан ні кропелькі не верыў у такое, лічыў аповяды пра блізнятаў казкамі, нямала якіх чуў калісьці на беразе салянога возера Туз каля вечаровых вогнішчаў. Але загад ёсць загад. І дзевятая ода ціха пакінула свае намёты, пайшла ў сіні ранішні змрок. Калі сонца дасягнула найвышэйшай кропкі ў небе, прыпыніліся перадыхнуць. Стомленыя янычары наламалі зялёнага вецця, ляглі на яго, і шмат каму адразу ж затуманіў вочы сон. На нагах былі толькі вартавыя і Гасан. І вось тут Нечапай пачуў разгублена-здзіўлены вокліч:
– Ідуць!
Узяўшы ятаган і шчыт, ён выйшаў на палявую парослую мяккім мурагом дарогу і крокаў за пяцьдзесят ад сябе ўбачыў дзіўных людзей. Гэта былі маладыя мужчыны. Як і казалі, іх было двое. Ззаду іх паціха брыў шэры ад пылу абвешаны шматлікімі клункамі мул.
“У чым сіла гэтых людзей? Чаму яны праходзяць там, дзе не могуць прайсці, прасачыцца іншыя?” – падумаў Гасан. Усё ў іх было, як у звычайных людзей – рукі, ногі, галовы, цёмныя, трошкі пасыпаныя соллю сівізны валасы. Але ад падпахаў да бёдраў яны зрасліся яшчэ ў чэраве мацеры і ўяўлялі сабой адно цэлае. Тымі рукамі, якія сутыкаліся, яны абдымалі адзін аднога за шыі, а ў супрацьлеглых руках трымалі кійкі, на якія абапіраліся ў час хадзьбы. Нетаропка і смела яны ішлі проста на Гасана і ўсміхаліся яму.
Ён ускінуў угору правую руку, у якой быў не ятаган, шчыт:
– Стойце!
Але яны ішлі, Яны нібы не пачулі яго, а, можа, не разумелі ягоную мову. Тады ён узяў у правую руку ятаган, трасянуў ім, зноў сказаў:
Браты-блізняты падыйшлі да яго амаль упрытык і спыніліся. Яны былі абсалютна падобныя, быццам жывапісец намаляваў чалавечы партрэт, а потым зняў з яго яшчэ адну копію.
– Хто вы і куды ідзяце? – спытаў Гасан і адразу ж адчуў, што ад іх, ад іхніх вачэй струменіцца такая гарачая, такая незнаёмая яму сіла, ад якой пачынае дрыжэць і спыняецца сзрца.
– Мы – Мехмед і Канстанцін, – зладжаным хорам адказалі блізняты, – Мы ідзем па зямлі, каб спыніць вайну, каб не цякла чалавечая кроў. Кроў павінна цячы па людскіх жылах, а не па палявых барознах. Мы ўвойдзем у Канстанцінопаль і аб’явім вечны мір.
– Толькі адзін Алах можа рашаць быць міру альбо вайне, – цвёрда прамовіў Нечапай, – Сёння ж Алах аб’явіў вайну няверным.
– Мы не разумеем цябе, быццам ты гаворыш на гоцкай альбо сармацкай мове, – спакойна сустрэлі ягоныя словы браты і памкнуліся пайсці ўперад. Гасан ятаганам накрэсліў на пяску перад імі рысу, сказаў:
– Той з вас, хто першы пераступіць гэту рысу, памрэ першы. Рашайце.
Яны здзекліва і весела засмяяліся:
– Неразумны чалавек, хіба ты не бачыш, што мы будзем пераходзіць тваю нікчэмную рысу адначасова?
– Я распалавіню вас маім ятаганам, і нехта першы, усё-ткі нехта першы ляжа вось на гэты пясок, – змрочна выдыхнуў Нечапай.
Яны перазірнуліся.
– Ты не турак, – сказалі яны, – І ты не пасмееш забраць у нас жыццё.
– Я – сын султана Мехмеда, – з годнасцю адказаў Гасан, – Запомніце, вялікамудрыя – жыццё толькі сон. А я з-за вас не сплю ўжо трэцюю ноч. Я вельмі хачу спаць. А вы ідзіце назад, туды адкуль прыйшлі.
– Ты не заб’еш нас. І мы пойдзем уперад, – усміхнуліся блізняты.
Яны пайшлі. Ён ударыў ятаганам.
Дзве аблітыя чырвонай яркай крывёю істоты сутаргава качаліся на дарозе, набліжаліся адна да адной, аддаляліся і ці то смяяліся, ці то плакалі. Незразумела было. Урэшце рэшт іх раз’яднала смерць. А янычар Гасан Нечапай, камандзір дзевятай оды атрымаў такі ашаламляльны, такі звышпякучы ўдар у самае сэрца, што ўпаў на зямлю, пачаў ярасна ўпівацца ў яе пазногцямі, нібы хацеў дакапацца да сваіх нейкіх дужа глыбокіх і дужа незразумелых каранёў.
Колькасць прачытаўшых: 861 Колькасць вогдукаў: 0