Даўно патух зары агонь. Хто там імчыцца: зубр ці конь? На ўсіх жывых наводзіць жах След ваўкалака ў чаратах.
У порубе сядзелі трое. Старэйшы, бацька, быў прыкаваны ланцугом да цёмнай дубовай сцяны. Ланцуг быў кароткі, усяго тры-чатыры локці, і, калі бацька ўздымаў рукі, каб памаліцца або ўзяць карчажку з вадою, цяжка, пагрозна грымеў. На шыю бацьку быў уздзеты цесны жалезны абруч, да якога мацаваўся ланцуг, і сынам, асабліва малодшаму, Расціславу, здавалася ў змроку поруба, што не ланцуг, а жахлівая чорная гадзюка абвіла бацьку і душыць яго, смокча цёплую кроў з шыі. Сыноў не закавалі ў жалезы, і Расціслаў разам са старэйшым сваім братам Барысам час ад часу па склычанай халоднай саломе падпаўзаў да бацькі, гладзіў ягоны ланцуг. Расціслаў, як маладзейшы і мякчэйшы сэрцам, хукаў на тыя месцы, дзе ланцуг асабліва пякуча ўядаўся ў жывое цела, і пытаўся: — Дужа баліць табе, бацька? — Я мужчына, і ў мяне цвёрдая выя. Яна не баіцца жалеза, — адказваў князь Усяслаў. Усе трое змаўкалі і прагна прыслухоўваліся да няясных слабых гукаў жыцця, што, адцзеленае тоўстымі дубовымі бярвеннямі поруба, кіпела на шумлівых вуліцах і плошчах стольнага Кіева. — Сёння ў Кіеве сонца, — задуменна казаў Расціслаў. Усе трое нібы бачылі заліты сонцам вялізны горад, загарэлых рыбакоў на Дняпры, загарэлых рукадзельных людзей на Падоле, загарэлых сінявокіх і чарнавокіх дзяўчат, што ўваходзяць у мяккую бруістую ваду па самыя калені. Поруб назаўжды адабраў у іх сонца, неба. Сонца магло хіба толькі прысніцца, але міналі дні, цяклі, як марудны халодны жвір з-пад рыдлёўкі, і сонца снілася ўсё радзей. — На тваім шчыце, бацька, была выява сонца. Помніш? — сказаў аднойчы Барыс. — Яно было чырвонае, круглае, гарачае. Я, як малы быў, баяўся да твайго шчыта і пальцам дакрануцца. Думаў, апякуся. Помніш? — Свой шчыт я ўтапіў у Дняпры, каля Ршы, — ціха прамовіў Усяслаў і нешта слаба ўскрыкнула, войкнула ў ім, але гэты ўскрык, гэту імгненную слабасць душы пачуў і адчуў толькі ён. Маладыя княжычы паныла ляжалі на саломе, быццам былі самымі звычайнымі смердамі і нарадзіліся дзе-небудзь пад снапом на жытнёвым полі. Гэта палохала Усяслава. Калі чалавек дужа доўга жыве паміж саломы, калі з дня на дзень ён бачыць толькі мяккую слабую салому, у чалавеку непрыкметна згасае вой, рыцар і чалавек з ахвотаю бярэ ў руку серп, а не меч. Поруб, які ўжо месяц трымаў іх у сваіх чэпкіх бязлітасных пальцах. Поруб павінен быў стаць іхняй пажыццёвай магілай. Гэта была дубовая клетка, дванаццаць локцяў ад сцяны да сцяны, апушчаная на дзве свае трэці ў зямлю. Вокнаў у порубе не было, толькі там, дзе поруб вытыркаўся з зямлі, быў выпілаваны кавалачак дубовага бервяна. Праз гэтую ІІІчыліну раніцой і ўвечары вой-ахоўнік падаваў ім у поруб на канцы кап'я бронзавы саганок з хлебам і рэпай, ваду ў глінянай карчажцы. Яны моўчкі елі, моўчкі пілі. Усяслаў, стараючыся, каб сыны не заўважылі, браў сабе меншы кавалак. Сынам трэба расці, мужнець, налівацца сілаю. Яны маладыя, у іх аж звіняць мускулы, а ён... У порубе, дзе не было на што абаперціся воку, Усяслаў даўно звыкся з думкаю, што ўжо ніколі не ўбачыць Полацка. Яраславічы, Ізяслаў Расціслаў і Усевалад, не выпусцяць палоннага полацкага князя з клеткі. Расціслаў, любімы сын, спытаўся: — На Дняпры Яраславічы цалавалі крыж, кляліся, што адпусцяць нас і цябе з мірам? — Кляліся, сын. — Чаму ж Бог не абвугліў ім вусны?! — усклікнуў Расціслаў. — Маўчы, сын, — Усяслаў паклаў вялікую далонь на бледны сынаў лоб. — Маўчы... Успамінай нашу палату. Успамінай маці. — Добра, што гэтью псы не схапілі маці, — дрыготкім слабым голасам сказаў Расціслаў. Блуклівая ўсмешка, як ветрык, прабегла па твары. Але часцей яны маўчалі. Цішыня ў порубе была густая, неадольная. Пра такую цішыню ў Полацку кажуць: «Камар кашляне, і то чуваць». Цяклі дні. Слабелі сыны. I не плоццю слабелі, а душой. Усё радзей загаворваў з бацькам Расціслаў, а Барыс наогул як знямеў — глядзеў у паўзмрок поруба, і толькі вадка блішчалі вочы. Нядобры бляск быў у вачах. Усяслаў спрабаваў раскатурхаць старэйшага сына, неяк ажывіць яго, развесяліць. Але цяжка было дабрацца да сынавай душы, падобна, як глухой зімою цяжка, амаль немагчыма дакапацца да жывой зямлі. Барысу было ўжо семнаццаць сонцаваротаў. Высокі, сухарлявы, з чорнымі, не полацкімі вачыма, ён не любіў свайго бацьку, і Усяслаў адчуваў гэта. Барысу не падабаліся бацькава заўсёдная энергічнасць, ваяўнічасць, бацькава нясцерпнае жаданне аб'яднаць пад рукой стольнага Полацка землі пскоўскіх і смаленскіх крывічоў. «Я буду мніхам [Мніх — манах], — сказаў ён аднойчы, — буду ў сваёй келлі маліцца за Полацк і за цябе, бацька». У порубе Барыс з кожным днём усё болей халаднеў, нібы камень-дзічак. Але ўначы, калі цішыня рабілася пякуча звонкаю, Усяслаў, лежачы на падсцілцы з гарохавай саломы, чуў, як Барыс жалосна ўздыхае ўва сне, нават стогае і нямоцна скрыгоча зубамі. Усяслаў здагадваўся, што асабліва гняло ў порубе старэйшага сына. Будучы мніх, як амаль усе мужчыны з полацкага княжацкага дома Рагвалодавічаў вызначаўся вялікай ахвотаю да прыгожых сінявочак і чарнавочак, якіх у Полацку, у бацькавым цераме, быў цэлы кветнік. Тут жа, у няласкавым Кіеве, Яраславічы пасадзілі сваіх палоннікаў на чорны хлеб і пустую ваду, і на цэлае попрышча ад глыбокага поруба не было ні жаночага голасу, ні жаночай спадніцы. Аднойчы праз акенца, якое, падаўшы на кап'і хлеб і ваду, зачыняў вой-ахоўнік, уляцеў у поруб майскі жук — хрушч. Уварваўся шумна, радасна. Вой нават рукой пляснуў па бярвеннях, злавіць хацеў нечаканага госця. Ды дзе там! Усе трое, затаіўшы дыханне, сачылі за малюсенькім бліскучакрылым камячком, які лётаў ад сцяны да сцяны, пэўна, раздумваючы, куды ж гэта ён патрапіў. Аказваецца, наверсе, у Кіеве, ужо даўно першалецце з высокімі белымі воблакамі, з цёплай мітуслівай лістотай дрэў. Там цячэ сіняя вада. Там нехта цалуе жанчыну. Нехта на кані ўязджае ў дняпроўскія прахалодныя хвалі, і ўздрыгвае палахлівы конь, фыркае, перабірае па чыстым рачным пяску тонкімі нагамі, а верхавы смяецца, лёгка б'е па конскіх баках босымі пяткамі. Хрушч стаміўся, сеў на цёмную дубовую сцяну. I зноў нясцерпная цішыня падпаўзла-падкацілася да бацькі і сыноў. Але жывы гук, які толькі што чулі яны, кожнаму перавярнуў душу. — Раз на год і ў пекле бывае свята, — сказаў Расціслаў і ціхенька засмяяўся. Барыс таксама пасвятлеў у твары, ды адразу ж горкая скруха перахліснула дыханне. Там, наверсе, ідзе жыццё, там п'юць віно, мілуюцца з жанчынамі, а тут радуешся нікчэмнаму хрушчу. Няўжо маладосць і сіла пойдуць прахам у гэтай яме? — Бацька, вызвалі нас адсюль! — выгукнуў ён. Усяслаў уздрыгнуў, сказаў сыну: — Падыйдзі да мяне. I калі Барыс падышоў, рукамі ў ланцугах абняў яго за плечы, прыгарнуў да сябе, пацёрся шчакою аб сынаву шчаку. Потым лёгенька адпіхнуў ад сябе Барыса, прамовіў, гледзячы яму ў вочы: — Што ж я магу зрабіць? Бачыш, на мне вярыгі. Ліса, каб вызваліцца з клеткі, адгрызае сабе хвост. Ды мы не лісы. Мы — людзі, сынок. — Але ж ты — ваўкалак, — ціха сказаў Барыс і адвёў позірк убок. — Людзі вераць, што ты ўсё можаш зрабіць. Упершыню з сынавых вуснаў зляцела гэтае слова, упершыню. У цераме Усяслава, у ягонай сям'і гэта было забароненае слова, і вось яго сказаў старэйшы сын. Расціслаў што зняў са сцяны хрушча і глядзеў, як той поўзае па далоні, пабляднеў, са спалохам павярнуў свой прыгожы твар да бацькі. Барыс жа стаяў, апусціўіпы галаву. Але і ў яго сэрца білася гарачымі рыўкамі. Толькі Усяслаў быў, здаецца, спакойны. Узняўся на ўвесь рост, высокі, крутаплечы, залаціста-русая барада ў змроку поруба выдавала цёмнай, шэрыя цвёрдыя вочы глядзелі з вострым прыхмурам. — Які ж я ваўкалак, сын? — запьггаўся Усяслаў. — Хіба ты бачыш на мне звярыную поўсць? Хіба ў мяне ёсць хвост? А можа, у мяне ў роце растуць клыкі? Барыс яшчэ ніжэй схіліў галаву, нібы чакаючы ўдару. Хрушч зляцеў з далоні ў Расціслава, кружыўся па порубе, але ніхто не звяртаў на яго ўвагі. — Людзі вераць, — казаў далей Усяслаў, — людзі вераць Хрысту, а ўчора яны верылі Перуну і Дажджбогу. Людзі закінулі старых багоў, як разбітыя гаршкі на гарышча, і вераць Хрысту, таму Богу, які спаліў іхніх прадзедаўскіх багоў. А ўва што верыш ты, сын? Барыс маўчаў. Усяслаў, пазвоньваючы ланцугамі, павольна, колькі дазваляў нашыйны ланцуг, падышоў да яго, моцна ўзяў за плечы, загадаў: — Глядзі мне ў твар, у вочы. Барыс пакутліва ўзняў галаву. На чорных вачах ззялі слёзы. — Ты мой роднакроўны сын, — сказаў Усяслаў. — Табе пасля маёй смерці трымаць полацкі сталец, быць князем полацкім. Яраславічы, — ён накіраваў позірк на маленькае акенца ў верхнім бервяне поруба, нібы хацеў, каб яго пачуў вой-ахоўнік, — гэтыя агідныя клятваадступнікі, пабаяцца забіць вас, дзеці мае. Рухам левай рукі ён падклікаў да сябе Расціслава. Сыны стаялі поруч, глядзелі на бацьку. Ён узвышаўся над імі, як моцнае баравое дрэва над падлескамі. — Кроў Рагнеды цячэ ў вашых жылах, — казаў скаваны князь. — Даруйце, што з-за мяне трапілі вы ў гэтую яму, на гнілую салому. Але хоць мы спім на саломе, у нас ніколі не будуць саламянымі калені. У палачан калені з жалеза. Ён раптам сцішыў голас, вымавіў з нечаканай журбою: — Чалавек я, сыны мае, а не ваўкалак. Для ворагаў я ваўкалак, а для вас бацька. Але — глядзіце. Ён высока над галавою ўзняў свае загарэлыя жылістыя рукі. Змяёю віўся між імі ланцуц а на запясцях былі намёртва закаваны цёмныя жалезныя кольцы. — Глядзіце! — зноў усклікнуў Усяслаў. Сыны як зачараваныя глядзелі на бацькавы рукі, на бацькаў твар. Вочы ў князя пацямнелі, а потым заіскрыліся. Твар напружыўся, завастрыўся. Жылы цвёрда набухлі на шыі. Шыя зрабілася падобнаю на вузлаваты корань абпаленага вогнішчам дрэва. — Глядзіце! — закрычаў, сашчаміў зубы Усяслаў. Пот, быццам боб, заззяў на скронях і на лобе. Страшнае нечалавечае напружанне, здаецца, распірала, раздзімала ўсяго князя. Потым сутарга пабегла па твары, па плячах, па кісцях рук, па ўсім целе. Гэта быў ураганны ўсплеск той незвычайнай невераемнай сілы, якая ад самага нараджэння гарэла ў ягоных жылах і касцях і якой ён даваў волю вельмі рэдка, толькі тады, калі дыхала ў скронь смяротаая небяспека. — Глядзіце! — амаль прастагнаў Усяслаў. Сіла, што клекатала, бурліла ў ім, дасягнула сваёй найвышэйшай кропкі і раптам знікла, вылецела з цела, бы яе й зусім не было. Князь раптоўна абвяў, абмяк, змізарнеў. На нейкі міг падалося сынам, зрабіўся ён тонкай лазінаю, што гаецца пад ветрам у восеньскім полі. 3 грукатам упалі на глінабітную падлогу поруба ланцугі, рукі былі вольныя. Толькі цяжкое жалезнае кальцо на шыі засталося. Усяслаў пакратаў яго рукою, знясілена сказаў: — Ашыйнік зняць не магу. Расціслаў і Барыс анямела глядзелі на бацьку. Потым Расціслаў кінуўся да яго, пачаў цалаваць нацёртыя ланцугамі рукі. Усяслаў глядзеў на светлавалосую сынаву галаву, усміхаўся. «Хто ж ты, бацька? — думаў Барыс. — Нездарма халопы ў Полацку шапталіся, што карміцелькі паілі цябе малога звярыным малаком. Хто б ты ні быў, а я пакутую з-за цябе, з-за твайго ненасытнага гонару. Усё жыццё ты б'ешся з кіеўскімі князямі, хочаш сам зрабіцца вялікім князем. I чаго ты дамогся? ІзяслаўЯраславіч сядзіць у залатых палатах, трымае Русь у жалезнай руцэ, а ты гніеш у порубе. Ты скінуў з рук ланцугі, але прыйдуць кавалі і накуюць новыя, якіх нават ты не скінеш. Ты не шануеш Хрыста, адзінага нашага Бога. На Полацкай зямлі ядавітым пустазеллем буяе з тваёй тайнай згоды агіднае дзікае паганства. На Валоўім возеры, што ля Полацка, ты не зруйнаваў паганскае капішча і з дружынаю ездзіў туды ўначы маліцца дубовым чурбанам. Ты даваў срэбра на полацкую Сафію, святы храм, але даваў з вялікай неахвотаю, баяры і веча цябе прымусілі. Я не люблю цябе, бацька». — Аб чым ты думаеш, Барыс? — раптам запытаўся Усяслаў. Барыс уздрыгнуў, пабляднеў, сказаў з разгубленасцю: — Ты такі дужы, бацька. Я думаю, што ты мог бы разламаць нават сцены гэтага поруба. Усяслаў уважліва паглядзеў на старэйшага сына. — Сцены мне не па сіле. I ланцугі, як ты бачыў, я не разрываю, а проста скідваю з сябе. Так, як ты б скінуў гадзюку, што ўначы, калі ты спіш, успаўзла на тваё голае цела. Але не аб тым ты думаў. Ён змоўк, строга звёў на пераноссі цёмныя бровы. — Дзіўны ты, сын. Мой і не мой. Хацеў бы я зазірнуць у тваю душу, на самае яе гарачае дно, але не дадзена мне гэта. Ведай жа: і табе, і Расціславу, і маці вашай княгіне Крутаславе, і малалетнім маім сынам, што недзе па цёмных пушчах хаваюцца, шчасця і дабра я зычу. — I мы табе, бацька, зычым дабра! — усклікнуў Расціслаў. — I поруч з табою пойдзем! Барыс маўчаў, змушана ўсміхнуўся. Потым схіліў перад Усяславам калена, ціха вымавіў: — Многая лета табе, бацька. — Дзеці мае, — сказаў Усяслаў, — пераменлівае шчасце людское. Заўсёды помніце пра гэта, каб сіла ваша ніколі не згасала. Зусім нядаўна, у марцы, вёўя полацкую раць супроць Яраславічаў пад Менск. Вы там былі, вы ведаеце. Вы, як і я, не забудзеце Нямігу, снег крывавы. Там кап'ё ўдачы выбілі з маіх рук. Там лепшыя мае воі заіінулі. I не за велікакняжацкі сталец я ваюю, Барыс, — апаліў ён пранізлівым позіркам старэйшага сына. — Не трэба мне Кіеў, мне Полацка хопіць. Вотчыну Рагаеды хачу захаваць. Сваім мячом Дняпро і Рубон, Дзвіну нашу залатую, хачу ў адну раку звязаць. Сядзем на волаках, з урманамі і рамеямі будзем гандляваць, славу Полацку здабываць. Хіба дрэнна гэта, дзеці? Хіба дрэнна, што я хачу жыць па старадаўнім полацкім паконе [Пакон — закон]? Ды людзі хутка забываюць тых, каму не пашанцавала. Ён змоўк, у глыбокім одуме сеў на злямчаную гарохавую падсцілку. Нічога ў гэтыя імгненні не было ў ім ад яраснага ваяра-князя, перад імклівым поступам якога дрыжалі суседнія княствы і народы. Сядзеў стомлены чалавек. Слава засталася ззаду, яе не пусцілі ў гэты смярдзючы поруб, як сокал з перабітым крылом, знясілена лётала яна дзесьці над Палатою і Нямігай. Змрок затапляў поруб. Усе трое сціхлі, нават, здавалася, не дыхалі. Кожны ўспамінаў сваё. Расціславу ўспаміналася маці, княгіня Крутаслава. У ноч на Івана Купалу загадвала яна звязаць з тоўстых сасновых бярвенняў плыт. Дзеўкі-чалядніцы ўпрыгожвалі плыт гірляндамі з кветак, маладзенькімі бярозкамі, распальвалі на ім цяпельца, і павольна несла Дзвіна ў сіні начны змрок усіх: маці, Расціслава з Барысам і братамі, чалядніц, якія спявалі песні. Стырнавы стаяў на самым носе плыта і час ад часу трубіў у доўгі турыны рог — сурму. Рэха адбівалася ад стромкага рачнога берага, ад цёмных пушчаў, якія сонна камянелі над Дзвіной. Так хацелася тады зрабіцца птушкай або рыбінай, нырнуць у асветленую яркімі начнымі зоркамі ваду, плыць услед за плытом і да салодкіх дрыжыкаў у целе адчуваць, што ты можаш згубіцца ў гэтай трывожнай рачной імгле, але каля цяпельца на плыце ёсць маці, яна не дасць табе згубіцца, згінуць, вось зноў гучыць яе цёплы ласкавы голас: «Расціслаў, сынок, не засні, не ўпадзі ў раку». — Бацька, дзе ты? — раптам ціха выгукнуў Барыс. У порубе была апраметная цемра. Апошняя свечка згарэла некалькі сядміц назад, але вой-ахоўнік не кінуў у акенца новую. — Дзе ты, бацька? — зноў спалохана паўтарыў Барыс і пачаў лэпаць каля сябе, шукаць бацьку. — Тут я. Не бойся, — сказаў Усяслаў. I каб сын супакоіўся, дакрануўся да яго шырокай далонню. Ды Барыс мог паклясціся на святым крыжы, што некалькі імгненняў да гэтага бацькі не было ў порубе. Яму нават здалося, што ўверсе поруба, у тым месцы, дзе было акенца, слаба мільгануў нейкі празрыста-сіні клубок, і лёгкім ветрам шаснула па твары. Сэрца ў княжыча моцна тахкала. Ён прыціснуў яго рукою. Так ён некалі нёс, моцна сціскаючы, жывую, спалоханую да смерці вавёрыцу, якую злавілі для яго смерды. Вавёрыца адчайна калацілася, як калоціцца зараз сэрца. — Засні, — сказаў Усяслаў з цемры. — Засні і ты, Расціслаў. Дайце, сыны, вашы галовы, я пакладу іх сабе на калені. Вось так. Спіце. Абодва княжычы падгарнуліся да бацькі, умасцілі галовы ў яго на каленях. Праз нейкі час трывожны сон змарыў іх, і Расціслаў плыў на засыпаным васількамі і рамонкамі плыце, а Барыс, паміраючы ад жаху, сядзеў на касматай спіне ваўкалака, упіўшыся пальцамі ў жорсткую поўсць, і поўсць пахла гнілым балотам, начной навальніцай. Ваўкалак шалёна імчаўся праз ноч, вось падбег да лясной весі, да крайняй маленькай хаткі, глянуў у зацягнутае бычыным пузыром акенца. Маладая маці якраз карміла дзіця. I раптам у акенцы — жахлівы твар, дзікія вочы, а ў вачах жалоба, пакута, незразумелы дакор. Яна выпусціла з рук дзіця, закрычала. Ваўкалак адскочыў ад акенца, ад хаткі і таксама закрычаў, і на самым высокім усплёску голасу ваўчынае выццё пераходзіла ў чалавечы крык. Раніцою вой-ахоўнік падаў ім ежу, і ўпершыню яны пачулі ягоныя словы. Вой сказаў: — Рыхтуйся, князь. Сёння цябе забяруць адсюль. На допыт пойдзеш да вялікага князя кіеўскага Ізяслава Яраславіча. — А я думаў, што ты нямы, — не ўстаючы на ногі, глянуў на яго знізу ўверх Усяслаў. — А ты, аказваецца, умееш гаварыць чалавечым голасам. — Навошта лішнія словы? — спакойна сказаў вой. — Твая праўда, — згадзіўся Усяслаў. — Лішнія словы могуць каштаваць лішніх бізуноў. Вой адхіснуўся ад шчыліны. Ягоныя словы ўсхвалявалі княжычаў. Усяслаў жа быў спакойны. — Можа, Яраславічы хочуць выпусціць нас з поруба? — з надзеяй глянуў на бацьку Барыс. Расціслаў жа думаў зусім пра іншае. Засмучаны, паклаў ён руку на бацькава плячо, сказаў: — Толькі б не катавалі яны цябе, толькі б не білі. Няўжо яны пасмеюць напусціць катаў на князя? «Якія розныя ў мяне сыны, — думаў Усяслаў. — Адна маці нарадзіла, ды неаднолькавыя сэрцы дала». Неўзабаве шмат ног цяжка затупацела наверсе, прыйшлі надворныя халопы вялікага князя Ізяслава, пачалі разбіраць два дубовью вянцы поруба, бо толькі такім чынам можна было выбавіць Усяслава на белы свет. Пасыпаўся мох з пяском. Рыжабароды каваль, трымаючы свой струмант, спусціўся на вяровачнай лесвіцы ў поруб. — Як жа ты, князь, рукі ад маіх вярыг вызваліў? — здзіўлена спытаўся ён. — Махнуў рукамі, і зляцелі вярыгі, — усміхнуўся Усяслаў. — Пракляты той, хто першы на свайго бліжняга, на чалавека, надзеў, як на вала, ашыйнік, — перахрысціўшыся, сказаў каваль і пачаў раскоўваць Усяслава. — Ты не першы. Бі смялей па жалезе. Калі Усяслава пачалі па лесвіцы выцягваць з поруба, Расціслаў не вытрымаў, заплакаў, пацалаваў бацькава калена. — Не плач, сын, — падбадзёрыў яго Усяслаў. — Халопы не павінны бачыць княжых слёз. Я вярнуся...
Колькасць прачытаўшых: 4119 Колькасць вогдукаў: 1