Светлай вясновай раніцай у Полацку над Палатой пачулі шчаслівы крык ваўкалака... Князь Усяслаў яркай зоркай прамчаўся па трывожным небасхіле адзінаццатага стагоддзя. Пры ім Полацкае княства дасягнула сваёй найвышэйшай магутнасці. Не ўсё ўдалося яму зрабіць. Ён не здолеў аб'яднаць у адну дзяржаву землі крывічоў, не змог памірыць паганцаў з хрысціянамі. Ход гісторыі, яе дыялектыка аказаліся, вядома ж, куды мацнейшымі за ягоны моцны і харобры меч. Але ён застаўся ў народных былінах. Народ запомніў — а народ запамінае навечна — адважнага рашучага Усяслава Чарадзея. «Слова аб палку Ігаравым» зрабіла яго несмяротным. Розны лёс быў наканаваны князевым сынам. Чуллівы і мяккасардэчны Расціслаў, на вялікі жаль, бясследна згубіўся ў цемрадзі часу. Барыс жа ўдала ваяваў супраць яцвягаў, заклаў у 1102 годзе горад Барысаў, пакінуў нашчадкам сваё імя на славутых «Барысавых камянях», адзін з якіх і сёння можна ўбачыць у Полацку каля Сафіі. Белавалод з Лютам зніклі, як расталі, у дрымучых лясах над ракой Прыпяццю. Ядрэйка ніяк не мог паверыць, што малады залатар добраахвотна пайшоў з паганцамі. «Сілай павялі, укралі, аплялі лазой і крапівой», — пераканана казаў Ядрэйка. Кацера з Раманам вярнуліся ў Полацк і жылі ў каханні і згодзе яшчэ доўгія гады. Баярын Аляксей памёр, але не дараваў гордай дачцэ яе нечуванае непаслухмянства. Ядрэйка, вядома ж, вярнуўся на Свіслач, дзе цярпліва чакалі яго жонка, дзеці, шчупакі і плоткі. 3 усім Усяслававым войскам прыйшоў ён у Полацк, добра пагуляў там дзве сядміцы, там жа сустрэў кума Васіля, менскага сырамятніка. Купілі яны коніка, фурманку і паехалі праз лясы ў свой Менск. Ужо каля Свіслачы, змучанью дарогай, не вытрымалі і заснулі. Сівы конік пакруціў галавою, пафыркаў, асцярожна разам з фурманкаю ўвайшоў на водмелі ў рачную ваду. Ядрэйка прачнуўся ад холаду, убачыў начную блакітную ваду, убачыў наўкол сябе адлюстроўкі яркіх зорак у вадзе, пачаў церці кулакамі вочы, потым спуджана трасянуў кума за плячук: — Васіль! Васіль! Прачніся! Ці не на неба мы заехалі?
Колькасць прачытаўшых: 2302 Колькасць вогдукаў: 0