Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел першы (частка II)

Ужо некалькі начэй запар вялікі князь кіеўскі Ізяслаў Яраславіч у суправаджэнні свайго рынды-целаахоўніка Цімафея і баярына Чудзіна патаемна знікаў з апачывальні. Усе трое апраналі грубыя чорныя плашчы з капюшонамі і бясшумна, нібы кажаны, раставалі ў начным змроку. Велізарны палац спаў. Воі, што ахоўвалі пераходы і галерэі, віталіся з вялікім князем, ціха стукаючы дрэўкамі коп'яў аб каменную паддогу. Ізяслаў строга пазіраў на іх, ківаў галавою.
У Кіеве стаялі цёмныя сухія дымныя ночы. Нават такая магутная рака, як Дняпро, не давала свежасці, прахалоды. Палавецкая арда хана Шарукана запаліла на поўдзень ад горада стэпы. Птушкі, звяры і гадзюкі ратаваліся хто як мог. Але агонь і дым даганялі іх, знаходзілі ў ярах, у азёрах і норах, і ўсюды востра пахла паленай поўсцю, гарэлым птушыным пяром. За вялікім дымам, як заўсёды, павінна была прыйсці на Русь вялікая бяда — крывавы набег полаўцаў. У тысячах кібітак ужо лютаваў голад, і смуглатварыя вастравокія коннікі набівалі стрэламі калчаны, вастрылі каля кастроў крывыя шаблі. Хутка загудзе стэп ад конскіх капытоў.
Ізяслаў ведаў пра ўсё гэта, і таму, амаль ужо месяц, пёк яму цемя галаўны боль. Нішто не ратавала ад болю — ні шаптуны кіеўскія, ні зялейнікі царгародскія, ні попел чорных гадзюк, які сыпаў вялікі князь у свой мядовы залаты кубак. «Хоць ты вазьмі ды адсячы гэту галаву», — думаў Ізяслаў, сціскаючы зубы.
Але што ж гнала вялікага князя кожную ноч з палаца? Не галаўны боль і не палавецкі дым. Пачуў ён неяк ад вояў-дазорцаў, якія пільнавалі поруб з Усяславам, што полацкі князь у самы глухі змрок вылётвае з поруба.
— Як вылётвае? Што ён, птушка? — здзівіўся і адначасна спалохаўся Ізяслаў.
— Чуецца свіст, быццам вецер у чаратах грае, — растлумачыў дазорца, — а потым адчыняецца акенца поруба і адтуль, знізу, вылётвае нешта светлае, нешта сіняе, як воблака. Трошкі пакружыцца над порубам, нібы вынюхвае ці выглядвае што, і ляціць у бок Дняпра, на Падол.
— Ты сам бачыў?
— Бачыў. Як цябе, вялікі князь, бачу.
— Дык ты ж кажаш, што там з'яўляецца воблака. Не Усяслаў жа, а воблака.
— А каму быць, як не яму? — упэўнена сказаў вой. — Увесь Кіеў гаворыць, што гэты полацкі князь чарадзей і ваўкалак.
«Звар'яцелі, пэўна, усе, — разгублена падумаў Ізяслаў. — Шарукан ужо каня сядлае, цеціву напінае, а ім ваўкалакі-пярэварацені сняцца». Але распалілася ў ім цікавасць вялікая, і той жа ноччу пайшоў ён з Цімафеем і Чудзінам да поруба. Якраз крапаў дожджык, задымленую зямлю паліваў. Хмары ляцелі ў небе цяжкія, трывожнью. Ізяслаў затаіўся ля каменнай сцяны непадалёку ад поруба, глядзеў ва ўсе вочы, ды нічога не бачыў. Глуха шумелі над ім дрэвы, нібы змоўшчыкамі былі, нібы супроць князя нешта ўчыніць хацелі, і ядавіты страх паласнуў Ізяслава. Не ўпершыню цёк па жылах гэты ганебны страх, але тут, ля поруба, ён схапіў за сэрца так моцна, што князь на колькі імгаенняў перастаў дыхаць.
Нікога і нічога ў тую ноч не ўбачылі. Назаўтра гнеўны Ізяслаў воя-дазорцу драў за бараду, крычаў:
— Дзе ваўкалак? Дзе сіняе воблака? Прыдумаў, пёс, небывальшчыну?! Хочаш, каб з тваёй сабачай скуры лыка надралі?!
Дазорца бухнуўся на калені і амярцвелым голасам залепятаў:
— Дожджык ішоў, вялікі князь, дожджык... Нячыстая сіла баіцца вады. Але, вось табе святы крыж, вылётвае з поруба воблака. Можа, зараз прытаілася. Цябе чуе, вялікі князь.
Ліслівіў дазорца, выціраючы барадою пыл каля князевых ног, але ягоныя словы прынеслі нейкае, хоць і часовае, супакаенне. «Прытаілася нячыстая сіла, мяне баіцца», — думаў задаволены Ізяслаў. Ён быў лёгкі на злосць, але гэтак жа лёгка адыходзіў, разумеючы, што нельга ўсё жыццё быць злым, што злы гарачлівы чалавек сам сабе, у рэшце рэшт, яму капае. У трэцюю ці чацвёртую ноч баярын Чудзін усхвалявана выгукнуў:
— Бачу! Плыве...
Ноч, як і ўсе астатнія, была цёмная, непраглядная. Ізяслаў напружыў зрок, але ні сіняга, ні зялёнага воблака не ўбачыў, нічога не ўбачыў. Начное чарноцце было наўкол. «Ці я сляпы, ці яны дужа хітрыя, — паныла падумаў князь. — I што гэта я кожную ноч поўзаю тут? Хіба я кіеўскі князь? Я смаркаты хлапчук, які хоча залезці ў чужую рэпу». Ён рашуча, шумна выпрастаўся, зычна сказаў Чудзіну і Цімафею:
— Пойдзем у палаты. Нягожа князю і баярыну за кустамі хавацца.
Але не адпусціў ад сябе Чудзіна і ўжо ў апачывальні, застаўшыся ў нацельнай ільняной кашулі, выпытваў баярына, што той убачыў.
Чудзін быў высокі, белавалосы, з халоднымі льдзістымі вачыма. У твар вялікаму князю глядзеў не прама, а неяк бокам, быццам выглядваў з-за вугла. У народзе звалі яго Чудзін Крывашэй. Падчас паходу на торкаў варожая шабля секанула баярына па шыі. Галаву Чудзін не згубіў у стэпе, а шыя да скону дзён пакалечаная. Гэтаму Чудзіну наогул шмат гарачых вуголляў і чорнага попелу даставалася ў жыцці. Мінулай вясною ён страціў малодшага двухгадовага сына. Спаў хлопчык у калысцы, сплеценай з вяровак. Прачнуўся, захацеў вылезці, але зачапіўся нагою, кульнуўся і ўшчаміў шыю ў вяроўкі. Прыбегла карміцелька, а ён вісіць ножкамі ўверх, пасінеў. Вельмі бедаваў Чудзін. I асабліва перажываў, што менавіта такую, а не іншую смерць паслаў Бог сыну. Павешанне — самая страшная смерць, бо чалавечая душа не можа вылецець праз вусны і застаецца навекі замураванай у смяротным целе. Чудзінаў род вёўся з Юр'ева, які бацька Ізяслаў Яраслаў заклаў на лясной рацэ Амоўжы.
— Што ж ты бачыў, баярын? — спытаўся Ізяслаў.
— Бачыў іскры. Бачыў свячэнне.
— Хто што хоча бачыць, той тое ўбача. Ці не так, Чудзін? — калюча зірнуў Ізяслаў.
Ён забегаў па апачывальні, і язычкі свечак, што густа гарэлі на сценах, замітусіліся.
— Вы ўсе шмат гаворыце пра гэтага полацкага ізгоя, — не астываў, не супакойваўся вялікі князь. — Толькі і чутна: Ўсяслаў, Усяслаў... Пра мяне, кіеўскага князя, у Кіеве менш гавораць і думаюць, чым пра Усяслава.
Чудзін спакойна слухаў князя, потым усё ж знайшоў шчылінку між князевых слоў, уставіў сваё:
— Трэба табе, вялікі князь, паклікаць сваіх братоў — Святаслава з Чарнігава, Усевалада з Пераяслаўля.
— Навошта мне клікаць братоў? — спалохаўся Ізяслаў. Нейкая хітрасць бачьлася яму ў прапанове Чудзіна. А што, калі баярын хоча разам са Святаславам і Усеваладам скінуць яго, Ізяслава, з кіеўскага залатога стальца? Апошнім часам ён такі ціхі, пакорлівы, ласкавы, гэты Крывашэй. Нездарма кажуць: ласкавае цялятка ў дзвюх матак малако сасе. Князь люта паглядзеў у твар Чудзіна, ведаў, не кожны можа вытрымаць такі ягоны позірк. I сапраўды, Чудзін уздрыгнуў, перасмыкнуў чырвонымі вуснамі, ды ўсё ж яму хапіла духу сказаць:
— Твой бацька Яраслаў, якога народ Мудрым назваў, цвёрда трымаў Русь пад сваёй рукою. На зялёных лугах, на шаўковых дыванах піў мёд з залатога кубка. Усе яго шанавалі, усе любілі. А чаму? Таму што баяліся. Твайго дзядзьку, свайго роднага брата Судзіслава Пскоўскага ён пасадзіў у поруб і дваццаць сонцаваротаў трымаў там на ланцугу, як пса. Родную кроў не пашкадаваў. А ты, вялікі князь? Няўжо не можаш з Усяславам расквітацца, ад якога перашэпты і смута ў Кіеве? Кліч братоў, вяршы княжы суд, здымі Усяславу галаву.
Аблічча ў Чудзіна зрабілася калянае, жорсткае. Ільдзістыя бледныя вочы, здавалася, сталі гарачымі.
— Я падумаю над тваімі словамі, баярын, — сказаў Ізяслаў. — Ідзі.
У цішыні начной апачывальні Ізяслаў доўга не мог заснуць. Двойчы, звонячы ў срэбны званочак, выклікаў любімую рабыню-рамейку. Пышнавалосая тоненькая рамейка грала на лютні, але салодкая музыка не цешыла вялікага князя. Ён адпускаў рабыню і думаў, думаў...
«Ці холадна там, наверсе?» — спытаўся ў яго аднойчы ігумен манастыра святога Дзмітрыя Варлам, якога ён, Ізяслаў, знайшоў у Пячэрскай лаўры і ўзвысіў над іншымі. «Холадна, ойча», — адказаў тады Ізяслаў.
Таму, хто не цягнуў на сваіх плячах цяжкі крыж улады, здаецца, пазіраючы знізу, што князь жыве, як у раі, што князь шчаслівейшы чалавек. Але гэта — крывавае шчасце, бяссоннае шчасце, халоднае шчасце. У вачах, якія апушчаны долу пры князевым з'яўленні, гараць зайздрасць і нянавісць. Пад пазногцем вялікага пальца рукі, якая падносіць князю залаты кубак з віном, можа быць схавана малюсенькая кропелька атруты, смяротная расінка, што непрыкметна ўпадзе ў віно. Чудзін казаў, што Судзіслаў Пскоўскі сядзеў у порубе дваццаць сонцаваротаў. Няпраўда. Дваццаць чатыры сонцавароты гніў ён у порубе. Пасля смерці бацькі яны, Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад, яшчэ чатыры гады трымалі роднага дзядзьку пад зямлёй, а потым насільна пастрыглі ў манахі, і да скону Судзіслаў насіў чорны клабук. Аднойчы Ізяслаў спускаўся да дзядзькі ў поруб. Не чалавека ўбачыў ён у падземным змроку, а валасатага знясіленага бледнага звера, які ўпаў перад пляменнікам на калені, пачаў цалаваць яму ногі, плачучы, горача маліў: «Выпусці мяне адсюль. Гарачае сонейка хачу ўбачыць, травінку нагою крануць...» Ізяслава палесвіцы падымалі ўверх, а знізу неслася адчайна-жудаснае: «Выпусці мяне адсюль. Як чарвяк, гіну. Усё жыццё Бога за цябе буду маліць».
Як заўсёды, раптоўна забалела галава. Ізяслаў абхапіў яе рукамі, падышоў да велізарнай цёмна-рыжай туравай шкуры, якая вісела на сцяне, упёрся ў шкуру лбом. Пахла дзікім воласам, лесам. Боль паступова змякчаўся, танчэў.
Назаўтра памчаліся ганцы ў Чарнігаў і Пераяслаўль клікаць князёў Святаслава і Усевалада ў стольны горад Кіеў да старэйшага брата, вялікага князя. Браты паказвалі гонар, не спяшаліся ехаць і ўсё-такі вымушаны былі з'явіцца ў Кіеў, кожны са сваёй дружынаю. Ізяслаў сустракаў іх вельмі ўрачыста каля Залатой брамы. Вялікі князь сядзеў на белым кані. На ім зіхцела кальчуга, сплеценая з тоўстых кляпаных кольцаў. На кальчугу быў накінуты ярка-чырвоны плашч, які на правым плечуку зашпільваўся вялізнай залатой спражкай з выявай святога Георгія. На галаву Ізяслаў надзеў высокі жалезны шалом з наноснікам, з кальчужнай сеткай-барміцай. Кіеўскае баярства, вясёлае, раскошна прыбранае, сцяной стаяла вакол вялікага князя.
Святаслаў і Усевалад злезлі з коней, схілілі перад братам калена. Ізяслаў зычна, каб усе чулі, сказаў:
— Прашу вас, дарагія браты, у горад бацькі нашага!
I адразу ж на кіеўскай метраполлі Сафіі ўрачыста загулі званы. Князева чэлядзь надворная, халопы, якіх дзеля гэтай урачыстасці прыгналі да Залатой брамы, пачалі весела крычаць, кідаць шапкі ўгору. Людна і шумна было.
Браты (Ізяслаў пасярэдзіне) ехалі на баявых конях да велікакняжацкіх палат. Іхнія дружыны шчацініліся коп'ямі, зіхцелі мячамі ззаду. Яраславічы былі вельмі падобнью між сабой: сухарлявыя, даўгалыгія, насы з лёгкай гарбінкаю. Толькі Ізяслаў быў больш цямнейшы з воласу, болын мажны ў паставе. Сорак чатыры сонцавароты адлічыла яму ўжо зямное жыццё.
— Добры горад збудаваў наш бацька. Добра жыць і княжыць у такім горадзе, — сказаў Святаслаў, сказаў ад шчырага душэўнага ўзрушэння, пасля доўгай адсутнасці зноў убачыўшы цудоўную Сафію, белакаменныя палацы.
— Чым горшы Чарнігаў? — адразу ўспыхнуў Ізяслаў. — Зайздроснае ж вока ў цябе, брат.
Вось-вось магла ўкалоць сваімі вострымі рагамі спрэчка. Ды самы малодшы з Яраславічаў Усевалад, млеючы ад цёплага кіеўскага сонца, ад узбуджаных шумных славіц шматтысячнага натоўпу, павярнуўся да іх і сказаў:
— Усміхніцеся, братанічы. Кіяне на нас глядзяць, нас вітаюць і славяць.
На княжым двары перад палацам яны не злезлі з коней, а пачакалі, пакуль сівагаловы віначэрпій налье ў Ізяславаў шалом віно. Потым пусцілі шалом па крузе, выпілі віно згоды і мудрасці.
— Богу нашаму слава ныне, і прысна, і ва векі вякоў. Амінь, — сказаў Ізяслаў.
Здарожаныя Святаслаў і Усевалад памыліся ў дубовай лазні гарачай вадою на сямі травах. Лёгкія целам, чырванашчокія, узышлі яны разам з вялікім князем і баярамі на сені. Гэта была велізарных памераў летняя галерэя на другім ярусе княжацкага палаца. Сені трымаліся на белых каменных слупах, вяла туды шырокая, з дубу і ясеню лесвіца — узыход.
Ізяслаў сеў на велікакняжацкі сталец — вялікае, упрыгожанае золатам і слановай косцю крэсла, што стаяла на высокім памосце. На сцяне над крэслам віселі два залатыя перакрыжаваныя кап'і — знак княжай улады. Святаслаў і Усевалад селі поруч з братам на ніжэйшыя крэслы.
Ад памоста на ўсю даўжыню сяней стаялі шырокія сталы і цёмныя дубовыя лавы. У вузкія, але высокія вокны з алавянымі рамамі і круглымі шыбамі ўрывалася сонца. Промні ззялі на срэбных падсвечніках, на свяцільніках пад столлю, на старадаўніх шлемах, кальчугах і шчытах, якімі былі густа завешаны сцены.
Княжыя дружыны гасцяваліся ў грыдніцы на першым ярусе палаца. Адтуль чуўся нямоўчны гуд галасоў. Потым там заспявалі, закрычалі, затупацелі нагамі.
Мёд і віно вельмі хутка змылі з душы скарынку асцярожнасці, стрыманасці і разважлівасці, якую кожны чалавек носіць у сабе. Разгарэліся твары, заблішчалі вочы. Але ўзняўся са свайго месца стары баярын Дабрагост і прашамкаў бяззубым ротам:
— Вялікі князь, загадай чаляднікам адчыніць вокны.
— Навошта, баярын? — спытаўся павесялелы ад моцнага віна і гарачага мяса Ізяслаў.
— Панюхаем, як пахне палавецкім дымам у стольным Кіеве.
Трапезнікі адразу змоўклі, як удавіліся. Ізяслаў разгублена глядзеў на пусты рот старога, ніяк не мог даўмецца, чаго хоча Дабрагост. Нарэшце зразумеў, парывіста задыхаў, стукнуў кулаком па залатым падлакотніку крэсла:
— Пі княжы мёд і маўчы, стары ліс!
— Я не твой раб падкаленны! — тонкім голасам заверашчаў Дабрагост. — Бяда ідзе, стэп гарыць! На вуголлях будзеш віно піць, на попеле!
— Выкіньце яго! — з лютасцю крыкнуў Ізяслаў, схапіў са стала абгрызеную костку і шпурнуў у старога. Костка пацэліла Дабрагосту ў лысіну, і баярын абсунуўся на лаве, абмяк. Некаторым нават здалося, што Ізяслаў забіў Дабрагоста. Усе ўскочылі на ногі. Са сталоў пасыпаліся карчагі і каўшы. Частка гасцей памкнулася да дзвярэй, але Ізяслаў, наліўшыся цяжкой крывёю, крыкнуў:
— Чаляднікі, зачыніце дзверы! Налівайце мёд! Вядзіце гусляроў і гудошнікаў!
Вельмі хутка перапыненая трапеза ўвайшла ў свае звычныя, шумныя, п'яныя і вясёлыя берагі. Старога ж Дабрагоста ваявода Каснячка схапіў за бабровы каўнер і вывалак з сяней.
Ды Ізяслаў адчуваў, што шмат хто з ягоных гасцей падзяляе думкі і словы непакорлівага баярына, толькі да часу хавае іх пад ліслівымі ўсмешкамі, пад крыкам і тлумам. На душы зрабілася скрушна, трывожна, стрэліў боль у галаве. У самы разгар трапезы бледны вялікі князь узняўся са свайго месца і пайшоў у апачывальню. Нават братам не дазволіў пайсці з сабою. «Што мне рабіць? — думаў Ізяслаў, утапіўшы твар у туравай шкуры. — Усе супроць мяне. Баяры, смерды, рукадзельныя людзі, полаўцы, мае родныя браты... Я не сляпы, я бачу. Дзе ты, бацька? Нездарма цябе называлі Мудрым. Ты б знайшоў дарогу з гэтага лабірынта, ты прыдумаў бы, што рабіць».
Раптам нечы дужа знаёмы твар як бы ўспыхнуў перад ягонымі вачыма. Вочы былі заплюшчаны, але твар гэты, гэты ненавісны воблік нібы прапякаў наскрозь мозг і сэрца. «Усяслаў! — стукнуў кулаком па туравай шкуры вялікі князь. — Мой адвечны адважны вораг! Ты сядзіш у маім порубе і, пэўна ж, насміхаешся зараз нада мною. Але я зламлю цябе, зламлю! Мне балюча, а табе будзе яшчэ балючэй. Боль трэба лячыць толькі болем. Нездарма іудзейскі цар Ірад, той, што забіваў немаўлят і быў пакараны за гэта неймавернымі пакутамі, загадаў чвартаваць свайго старэйшага сына, чвартаваць на сваіх вачах, спадзеючыся гэтым новым вострым болем хоць на кроплю зменшыць боль, які грыз яго».
— Цімафей! — у шаленстве паклікаў Ізяслаў свайго рынду. — Кліч ваяводу Каснячку, князёў Святаслава і Усевалада. I хай з поруба воі прывядуць сюды полацкага князя Усяслава.
Так Усяслаў упершыню за доўгі час зноў убачыў над сабой сонца. Ён адразу моцна заплюшчыў вочы, бо зразумеў, што аслепне, калі яшчэ хоць хвілінку затрымае на ім позірк. Князя вадзіла ў бакі, але ён стараўся цвёрда ставіць на зямлю нагу. Дзесятага ліпеня мінулым летам падманам схапілі яго Яраславічы на Дняпры каля Ршы, а ўжо гарэла сонца верасня.
Ізяслаў, астыўшы, паклікаў да сябе, апроч братоў і Каснячкі, ігумена Пячэрскага манастыра Феадосія, свайго даўняга добразычліўца. Феадосій прывёў разам з сабою манастырскага юродзівага Ісакія, які славіўся тым, што зімою лавіў голымі рукамі і еў варон і танцаваў басанож на распаленай да чырвані печы. Ісакію адразу ж далі карчажку віна і схавалі за ядвабнай шырмаю ў дальнім куце апачывальні, загадалі, каб сядзеў там, як мыш, чакаў свайго часу.
Усе, апроч Ісакія, умасціліся за вялізным, з грэцкага дрэва сталом, Усяслава пасадзілі каля сцяны на нізкім услоне. Спачатку было маўчанне.
— За што мяне драпежыце? — першы спытаўся Усяслаў. Ні разгубленасці, ні страху не было ў вачах. I тут Яраславічы не вытрымалі, усхапіліся са сваіх месцаў, затупалі нагамі, замахалі кулакамі. Асабліва шаленствавалі Ізяслаў і Святаслаў Чарнігаўскі.
— Дзяржаву бацькі нашага рушыш! Кроў льеш! — крычаў Ізяслаў.
— Ваўкалак ненаедны! Таць начны! Мала табе ноўгарадскіх званоў, хочаш кіеўскія зняць?! — крычаў следам за ім Святаслаў.
— Разам з вамі, князі, я хадзіў на торкаў, — спакойна сказаў Усяслаў. — За Русь мы разам біліся і цярпелі. Я зняў у Ноўгарадзе званы, а вы спалілі Менск на Менцы, спалілі Нямізу на Свіслачы. Усіх на шчыт узялі. Ні быка не пакінулі, ні чалядзіна. Чорны попел стыне на Полацкай зямлі. Я з мірам прыехаў да вас у шацёр на лоддзі з-за Дняпра, а вы, чэсны крыж пацалаваўшы, клятву пераступілі, заняволілі мяне і маіх сыноў. Хто ж болын віновен?
— Ты віновен! — схапіў загрудкі Усяслава Святаслаў. — Таму, што ваюеш супроць Кіева, супроць вялікага князя!
Ён пачаў душыць Усяслава.
— Адпусці яго, брат! — закрычаў Усевалад Пераяслаўскі. — Ён адзін, а нас шмат, і ён у нашым палоне. Грэх караць бяссільнага.
Святаслаў, узбуджана дыхаючы, адышоўся, сеў за стол. На нейкі час усе змоўклі, быццам не ведалі, што рабіць далей.
— Зло табе ад нас будзе, — нарэшце сказаў вялікі князь. I ў ягоных словах пачуў Усяслаў свой прысуд.
— Выпусціце княжычаў, маіх дзяцей, — папрасіў ён.
— Княжычаў Барыса і Расціслава мы пашлём на багамолле ў Візантыю. Хай грахі свайго бацькі замольваюць.
Пры гэтых словах вялікага князя Усяслаў пабляднеў. Візантью, яе непрыступныя манастыры на марскіх скалістых астравах здавён былі турмой ддя рускіх князёў. Пераможцы ссылалі туды пераможаных, і чалавек знікаў, як пясчынка ў агромністай пустыні.
— Дзеці невінаваты, — горача загаварыў Усяслаў. Ён узняўся з услона, стаяў з вялікай пакутаю на твары.
— Вінаваты бацькі. Ты вінаваты! — усклікнуў Святаслаў Чарнігаўскі. Усяслаў глянуў на яго, і нешта такое мільганула ў позірку, што ўсе на імгненне адчулі халадок пад сэрцам.
Тады пачаў гаварыць ігумен Феадосій, учэпістьі, тоненькі, вёрткі, нібы карэньчык нейкага дрэва. Ён асяніў крыжам полацкага князя, раздумліва сказаў:
— Агаране [Агаране — нехрысціяне. Тут, у гэтым значэнні, полаўцы] стаяць ля Юева, хочуць на конях і вярблюдах уехаць у святую Сафію. У цяжкі час мы жывём. Хрыстос выпрабоўвае рабоў сваіх. Крывавымі слязьмі плачуць нябёсы. Аты, полацкі князь, — ён ва ўпор, нібы шылам кальнуў, глянуў на Усяслава, — сварку сееш, зваду. Ты — трэшчына ў хрысціянскай сцяне. Адна гнілая ягадзіна псуе цудоўную вінаградную гронку. Што трэба рабіць садоўніку з такой ягадзінай? Сарваць, кінуць на зямлю і растаптаць.
Ігумен тупнуў сухой ножкай. Усяслаў усміхнуўся. Зноў вярнуліся да яго рашучасць і сіла.
— Ты не тое гаворыш, святы айцец, — сказаў ён Феадосію. — Я не трэшчына. Я — сцяна. Спрадвеку полацкія князі жывуць, павярнуўшыся тварам да Варажскага мора, ахоўваюць вашы і нашы землі ад варагаў, ад яцвягаў і аўкштайтаў. Разам з усімі мы хадзілі на Канстанцінопаль, на торкаў. Ніколі я не біў нажом у спіну стольнаму Кіеву. Я ваяваў Ноўгарад, Пскоў і Смаленск, але ж гэта адвечныя землі крывічоў.
— Гэта землі Кіева, — гнеўна сказаў Ізяслаў. — Святы Уладзімір сабраў гэтыя землі ў адзін кулак, і я не адцам іх табе. Ніколі не аддам. Чуеш?
Вялікага князя адразу ж падтрымаў Святаслаў Чарнігаўскі.
— Пракляты ізгой, — накінуўся ён на Усяслава. — Сядзі ў сваім балоце і не дыхай. Ды і ў балота ты болей не вернешся.
Усяслаў нічога не сказаў яму. Абвёў позіркам раскошную велікакняжую апачывальню, дзе ўсё, да самай дробязі, было створана для ўцех пешчанага сытага цела, успомніў цёмны брудны поруб і зразумеў, што яго наўмысна прывялі не куды-небудзь, а сюды, каб ашаламіць і адначасова прынізіць гэтым бляскам, гэтым святлом і цяплом.
— Ісакій! — паклікаў ігумен Феадосій. 3-за шырмы адразу ж вытыркнуў галаву юродзівы.— Ідзі сюды, — пальцам, нібы сабачку, паманіў яго ігумен.
Ісакій на пальчыках бясшумна выбег з-за шырмы. Віно, у якое быў падмешаны мак і цёртыя карэньчыкі сушаных рамейскіх траў, разружовіла і адурманіла яго. Востры бляск быў у чорных вочках. Юродзівы пачаў кружыцца вакол полацкага князя, кідаючы на Усяслава кароткія пранізлівыя позіркі з-пад рукі, нібы разглядваючы нешта далёкае, недасяжнае. Раптам Ісакій рэзкім рухам сарваў, скінуў з сябе чырвоную кашулю, бліснуў худым белым целам. Да гэтай старэчай скуры ніколі не дакранаўся сонечны прамень, і яна ззяла, як снег. Ісакій дзіка ўскрыкнуў, крутнуўся на правай пятцы, упаў, адразу ж усхапіўся, і ўсе ўбачылі, як у яго на грудзях на сінявата-белай скуры ўспыхнуў чырвоны крывавы крыж. Феадосій і Яраславічы, хоць яны і чакалі гэтага, ведалі пра гэта, міжволі ўздрыгнулі. Позіркі ўсіх былі скіраваны на крыж. Якая сіла запальвала яго? Чаму Бог паміж мноства людзей абраў нікчэмнага Ісакія?
Юродзівы тым часам усё болей узбуджаўся, пырскаў слінай, куляўся цераз галаву, выў. На кісцях рук у яго выступілі яркія крывавыя плямы, якраз на тым самым месцы, дзе Хрысту, прыбіваючы да крыжа, пранізалі цвікамі плоць.
— Бачу! Бачу! — раптам закрьгчаў Ісакій. Ён дзіка зарагатаў, паказаў пальцам на Усяслава.
— Поўсць на сэрцы ў яго бачу! Поўсць! Дзе агонь? Спаліце гэту звярыную поўсць!
— Няшчасны стары, — ціха сказаў Усяслаў. — Чым яны апойваюць цябе? У тваёй галаве звілі гняздо гадзюкі.
Юродзівы захістаўся, выкаціў вочы, выгукнуў нешта незразумелае і ўпаў. Рында Цімафей адразу ж мякка падхапіў яго падпашкі, пацягнуў з апачывальні. Юродзівы быў як нежывы.
— Божы і княжы суд будзе табе, — сказаў полацкаму князю Ізяслаў. — За зло сваё кару прымеш.
— А перад гэтым манахі Арцёмій, Улеб і паслушнік [Паслушнік — прыслужнік у манастыры, які рыхтуецца прыняць манаскі сан] Андрэй дапытаюць цябе, — асяніў Усяслава святым крыжам ігумен Феадосій. Рука ў ігумена была празрыста-жоўтая, быццам вылепленая з воску...

 

Колькасць прачытаўшых: 3455
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007