Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел першы (частка III)

Аб чым расказаў Усяслаў манахам і паслушніку Андрэю
Мы, чарняцы святога Пячэрскага манастыра Арцёмій і Улеб і паслушнік святога Пячэрскага манастыра Андрэй, сведчым, што з вялікім страхам і вялікай душэўнай трывогаю прыйшлі да полацкага князя. Ён пачаў жаліцца, што не хоча жыць у велікакняжым палацы, а хоча як найхутчэй вярнуцца ў поруб, да сваіх сыноў. Ён сказаў нам, што апошнія ночы не бярэ яго сон і толькі ў порубе, разам з сынамі, мог бы ён спакойна звесці вочы. Але не ў нашай гэта ўладзе рашаць, дзе жыць полацкаму князю. Калі мы сказалі князю аб гэтым, ён пагаядзеў на нас грозна і пранізліва, і доўга страх у сэрцы і ў жываце ў нас варочаўся цяжкім халодным каменем.
Нам трэба было выведаць, ці не хварэе полацкі князь якой-небудзь хваробай, чалавек ён ці д'ябал, што прыняў воблік чалавека. Шчыра памаліўшыся Богу, мы ўмацаваліся святой вераю, бо толькі вера дапамагае рабам Божым разгадваць любыя таямніцы. Яна як той магутны вецер, што пранікае да самага марскога дна.
Цела ў князя чыстае, белае, здаровае. Няма той смуглявасці, якой вызначаюцца полаўцы або рамеі. На грудзях, зрэдзі на спіне расце ў яго цёмны густы волас. На целе ў князя мы налічылі чатыры шрамы ад удараў мяча і дзве даўно загоеныя сінія раны — гэта ягоную скуру калісьці папарола кап'ё. Але самае дзіўнае тое, што Усяслаў носіць на сабе, ніколі не зымаючы, пояс. Мы на свае вочы бачылі гэты пояс, краталі рукамі. Шырынёй ён будзе з паўпядзі, сшыты з белага льнянога палатна. У поясе тым носіць полацкі князь яйна, або, як яшчэ кажуць, кашулю, у якой час ад часу з'яўляюцца на свет дзеці з мацярынскага чэрава. Калі мы спыталіся, навошта ён носіць на сабе гэтае яйна, Усяслаў адказаў, што так параілі ягонай маці полацкія вешчуны і што мацярынскае яйна дае сілу. Хрысціяніну, на наш розум, выпадае насіць толькі святы крыж — адзін ён ахоўвае душу чалавечую на жыццёвых дарогах. Усе ж амулеты і абярогі — дзікае паганства. Але полацкі князь цвёрда сказаў, што кожны чалавек павінен мець свой шчыт і што ягоны шчыт — мацярынскае яйна.
Усяслаў васьмі вяршкоў росту [Рост чалавека ў той час вызначаўся ў вяршках звыш двух аршынаў (вяршок — 4,45 см, аршын — 71,12 см)], пастава прыгожая, ходзіць хутка, лёгка. Сілу ў целе мае незвычайную, можа скідваць з сябе ланцугі, можа, паклаўшы на калена, пераламаць тоўсты драўляны слуп. Вочы мае шэрыя, вялікія. Пагляд гэтых вачэй такі пранізлівы, што амаль ніхто не можа яго вытрымаць. Чалавечая душа быццам згінаецца пад такім паглядам. Позіркам сваім князь можа здымаць боль і спыняць кроў.
На галаве ў князя, лявей цемені, ёсць невялікая ямінка, след ад даўняга цяжкага ўдару. Князь кажа, што яшчэ ў маленстве яго стукнуў капытом неаб'езджаны конь. Але гэта ямінка можа быць адмецінай, знакам д'ябла, які прысутнічае пры нараджэнні кожнага дзіцяці і таго, каго ўпадабае, меціць сваім кіпцюром.
Норавам князь вясёлы, жвавы, але часам находзіць на яго сум, ды такі горкі, што князь аж плача. Як вядома, д'яблы таксама плачуць, але іхнія слёзы буйнейшыя, чым у людзей, і не такія салёныя. Здаецца нам, што полацкі князь плача сапраўднымі чалавечымі слязьмі.
Як нам і было загадана, мы з усёй асцярогаю і пачцівасцю выпытвалі ў князя пра ягонае жыццё ад самых першых дзіцячых дзён. Ён ахвотна расказваў. I хоць кажуць, што вяроўка добра доўгая, а размова кароткая, мы слухалі князя некалькі начэй запар. Ён чамусьці любіць расказваць ноччу. 3 прыходам цемры ажывае, весялее, а ўдзень, калі свеціць і грэе сонца, робіцца млявым і як бы сонным. Гэта, як мы думаем, таксама хітрыкі д'ябла, бо ў д'яблаў хоць і маецца кроў, але не цёплая і не чырвоная, а сінявата-белая. Гэта начная халодная кроў, і толькі месячныя промні могуць злёгку нагрэць яе.
Вельмі любіць Усяслаў свой Полацк, Полацкую зямлю. Нам жа дзіўна рабілася, што стольні Кіеў, дзе ступала нага самога апостала Андрэя, не вельмі радуе яго. Ён сказаў: «Добры горад, але Полацк лепшы». Адзін з нас, чарнец Улеб, быў на зямлі палачан. Гэта халодны і глухі край. Небасхіл там закрыты лясамі і ўзгоркамі, балоты кажухом пакрываюць зямлю. Хіба можна Полацку раўняцца з Кіевам?
Полацкі князь вельмі адважны і дужа горды. Кажуць, і мы цвердзім гэта, што ён ні перад кім не схіляе галаву. Гэта дзівіла нас. Выю чалавечую Бог і зрабіў мяккай, каб яна магла гнуцца, каб яе мог узяць меч адплаты і помсты. Але Усяслаў сказаў нам аднойчы, што ў чалавека, з усіх ягоных частак цела, галава бліжэй за ўсё да неба, да сонца, да Бога і, схіляючы галаву, мы аддаляемся ад Хрыста. Кашчунныя неразумныя словы! Чалавек жа і створаны Богам дзеля таго, каб жыць у вечнай пакоры. Мы згодны з князем толькі ў тым, што галава чалавечая, дом душы, нездарма ўзнята Тварцом вышэй усяго. Ніжнія ж часткі цела, як вядома, створаны д'яблам, і іх патрэбна караць жорсткім пастом і няспыннай малітваю. У полацкага ж князя гэтыя самыя часткі дужа адметныя, і ён, як мы зразумелі, ніколі не караў іх пастом. Грэх, вялікі грэх!
Хоць Усяслаў і хрысціянін і хоць ён збудаваў у Полацку дом божай мудрасці — Сафію, мы пераканаліся, што набажэнства ягонае знешняе, падманнае. Гэта як залатыя порты на брудным целе. Паганец ён, упарты паганец. Нездарма на Полацкай зямлі шмат ведуноў і шаптуноў, і сёння яшчэ там у лясах і на курганах нязгасна палаюць паганскія кастры. Не ўвайшоў святы Божы прамень у князеву дуіпу, толькі скуру апёк.
Расказваў нам Усяслаў, што да яго ў Полацку прыязджалі з Рыма папскія легаты, і хацелі гэтью легаты ўсіх палачан ад Канстанцінопапя і Кіева, дзе гарыць святло ісціннай праваслаўнай веры, адхіліць. Ды выгааў князь легатаў. Вялікая хвала яму, бо пасля расколу Божай царквы на Заходнюю і Усходнюю толькі Усходняя царква найбольш даспадобы Хрысту. I ўсё-ткі вельмі мала хрысціянскага ў князевай душы. Паганства ў ёй буяе. Скруха-шкадоба грызла нас, калі мы ўбачылі гэта, бо Хрысту патрэбны добрыя мячы, а полацкі меч адзін з найлепшых.
Верыць князь у Сварога і Дажджбога. Верыць, што Пярун трымае маланкі, як сакалоў, на сваім рукаве. Верыць ён у Рода, Любчыка, Жыценя і ў Макошу, якая дапамагае жанчынам стрыгчы авечак і прасці кудзелю. Чулі мы ад яго і пра Семаргла, уладара падземнага свету, дзе знаходзяцца косці продкаў і карэнні дрэў і травы. Скрушна нам, бо душа князева блукае ў цемры.
Не любіць ён Уладзіміра Святога, які, пачуўшы голас Божы, загадаў біць бізунамі і скінуць з дняпроўскіх кручаў у ваду ўсіх драўляных паганскіх ідалаў-балваноў. Усяслаў перакананы, што не хрысціянства было першапачаткам веры на нашых землях, што нашы прадзеды мелі сваю, не горшую, чым хрысціянства, веру і, скінуўшы ў Дняпро ідалаў, мы здрадзілі прадзедам. Калі мы спыталіся ў яго, няўжо ён кавалак дрэва лічыць богам, полацкі князь кашчунна адказаў, што тая выява, той чалавечы твар, які мы малюем на дошках і палатне, таксама не бог. Тады мы пачалі горача пераконваць яго, а брат Улеб нават плакаў, прыгаворваючы: «Няўжо ты, князь, не бачыш і не чуеш Бога?» — «Поле бачыць, а лес чуе», — з незразумелай усмешкай вымавіў полацкі князь. Мы ўсе ўтрох абліліся слязьмі і гатовы былі плакаць ад ютрані да вячэрні, пакуль Божы дзень плыве, але Усяслаў здзівіўся: «Чаго вы плачаце? Каго вы шкадуеце? Мяне? Дык я полацкую Сафію пад неба ўзвёў. А што зрабілі вы?» — «Мы Богу молімся», — выгукнулі мы. «Ну й маліцеся, а я хачу спаць», — сказаў Усяслаў і адвярнуўся ад нас.
Але часам Бог уваходзіць у ягоную душу, і ён страсна моліцца, і вочы гараць незямным святлом. Радасна было нам глядзець на яго такога.
Як бы з дзвюх палавінак злеплены гэты князь, і цяжка ўгадаць, якой палавінаю свайго сэрца ён да Бога павернуты. «Бывае зло не ад злога, а зло ад добрага, — сказаў ён нам. — Лепей вораг, чым сябар. Вораг бярэ волю, сябра — душу». Незразумелыя цёмныя словы. Душу нашу бярэ Бог, адзіны ён і ніхто болей.
Па ўсім відно, што чытаў полацкі князь шмат пергаменаў і святых кніг, якія ад рамеяў да нас ідуць і ў нас пішуцца. Ведае ён пра Зеўса, Юпітэра, Брахму, Вотана, Магамета, Майсея. Шмат чаго ён ведае, але здалося нам, што, каб меней ён ведаў, было б для яго і для нас лепш. Адзін Бог павінен ведаць усё.
Любіць полацкі князь блакітны колер, і гэта нас усцешыла, бо залаты Божы прастол нябесным сонечным блакітам абмываецца. I Божая рака Іардань таксама блакітная, хоць і цячэ ў вогненнай пустыні. Яшчэ любіць ён восеньскія лясы, чырвонае лісце на дрэвах, срэбны лядок на лужынах, змрок чорных ельнікаў, холад, шэрую траву, з якой, як гарох, сыплюцца павукі, калі кранеш яе нагою. Што ж, усё гэта таксама божае, але самотная душа ў чалавека, які любіць такое.
Пра маленства сваё з неахвотаю ён расказваў. Здаецца нам, што невясёлае было яно, хоць бацьку свайго, полацкага князя Брачыслава, і сёння ўспамінае Усяслаў з вялікай любоўю. На парубежжы давялося жыць яму, там, дзе крывічы з Ліб'ю, Зімегалай і Чуддзю суседзяць. Але пра сечы, якіх шмат яшчэ малым пабачыў, не ўспамінае князь. Кроў рэкамі цякла... Людзі ў крыві купаліся... Здалося нам, што, каб яго воля, Усяслаў рэдка б выцягваў з похваў меч.
Асабліва перажывае князь, што з-за яго калісьці пасеклі на кавалкі і спалілі драўлянага ідала-балвана. У маленстве гэта было. Сядзельнічы Ярун, што служыў полацкаму князю Брачыславу, патаемным паганцам быў, хоць і насіў святы крыж на шыі. У цёмным лесе, на глухім балоце разам з такімі ж самымі паганцамі агіднаму ідалу маліўся. Княжыча Усяслава гэты сядзельнічы моцна любіў і адкрыў яму сваю тайну. Усяслаў жа пра ўсё бацьку расказаў. Дзеці даверлівыя, мозг у дзяцей, як зялёны яблык. Наляцелі княжыя грыдні на гэта лясное балота, пасеклі сякерамі і мячамі ідала, сядзельнічага Яруна хацелі засекчы, ды той уцёк. 3 таго часу па сённяшні дзень князь Усяслаў сябе ўпікае. Дзіўна было нам чуць ад яго такое. Кожнага, вядома, свой чарвяк точыць, але навошта ж з-за гнілога дрэва, з-за ідала сябе караць? Адзіная дарога ўсім ідалам — у агонь. I правільна зрабіў Усяслаў, што адкрыў бацьку паганскую таямніцу.
Хто ж ён, Усяслаў? Чалавек ці д'ябал? Знешне ён чалавек і боль адчувае сваім целам, як усе людзі. Калі полымя свечкі дакранулася да ягонай рукі, ён зморшчыўся. Яму вядомы голад і смага, сум і страх. Ён любіць сваіх дзяцей, не раз мы чулі, як полацкі князь шэпча ў час малітвы: «Сыны мае...» Ні дымам і ні сераю ён не пахне. Як мы ўжо казалі, цела ў яго чыстае, белае, а калі б ён быў слугою Люцыпара, мы б знайшлі на ягонай скуры сляды ад падземнай копаці і сажы.
А іншым разам на Усяслава дзікае шаленства находзіць. Крычыць ён, што расквітаецца з Ізяславам за свае пакуты, за сваю крыўду, гаворыць, што ягоная дружына не панішчана, чакае князевага слова і знаку ў дрымучых полацкіх лясах. Ад яго ж мы пачулі, што ў самім Кіеве, на Брачыслававым падвор'і, ёсць людзі (і нямала такіх людзей), якія Полацку верныя. Трэба, думаецца нам, усіх людзей гэтых схапіць, закаваць у жалезы і ў поруб кінуць.
3 вялікай асцярогаю выпытвалі мы ў князя, ці не звязаны ён патаемна з ляхамі, уграмі або полаўцамі. Пра ляхаў і уграў Усяслаў змоўчаў, быццам не пачуў нашых слоў, а пра полаўцаў сказаў адно: «Мы не полаўцы, мы палачане». Як разумець такое? Палачане нашы браты па славянству. Полаўцы ж пакуль незнаёмы, чужы народ, які ўварваўся ў руськія [Руськія — тагачаснае вымаўленне і напісанне] стэпы. Можа, гэта хацеў сказаць полацкі князь?
Шкада яго робіцца. Хоць і вораг ён Кіеву, але ж адной з намі крыві. Ягоны б меч нашым верным саюзнікам зрабіць. Ды Усяслаў не з тых, хто лёгка прыручаецца. Не рахманая авечка полацкі князь, а сапраўдны лясны тур. Трэба спілоўваць яму рогі, а як, мы не ведаем.
Ужо восень пачынаецца. Птушкі крычаць восеньскім голасам. У лясах над Дняпром вецер-лістадзёр шуміць. Над Кіевам халоднае неба. Усяслаў сумны і маўклівы сядзіць у нашай цеснай келлі, якая асвятляецца і саграваецца адной свечачкай.
Незразумелы страшны чалавек. Святы божа, выратуй стольны Кіеў ад такіх людзей!..

 

Колькасць прачытаўшых: 3041
Колькасць вогдукаў: 1

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007