На дубах маладых Вецер плашч свой павесіў. Шэпт... Маўчанне... Уздых... Нехта ходзіць па лесе.
Белавалод ішоў да Ульяніцы. Было яму васемнаццаць сонцаваротаў, і быў ён лёгкі, спрытны, дужы, адважны. Шолах лісцяў палохае зайца, палахлівы чалавек дрыжыць ад бясплотнага ценю, а Белавалод нічога не баяўся, таму што ішоў ён да сваёй каханкі. Трэцяе лета рабіў Белавалод унотам [Унот — вучань] у ювелірнай коўніцы менскага залатара Дзяніса. Вучыў яго Дзяніс пісаць вадкім золатам па медзі, вучыў з меднага, залатога і срэбнага дроту рабіць пярсцёнкі і колты. У коўніцы пахла воскам, з якога рабілі формачкі для адліўкі матрыц, пахла дымам і драўняным вугалем і заўсёды дробненька грукацелі малаточкі і зубільцы. На літую сталёвую матрыцу, якая ўжо мела неабходны малюнак-узор, Белавалод накладваў ліст медзі або срэбра, прыціскаў ліст круглай свінцовай падушкаю і асцярожна лёгка біў па ёй драўляным малатком. — Не спяшайся, не май цяжкую руку, — пільна сочачы, гаварыў Дзяніс. Густыя чорныя валасы тапырыліся над смуглым ілбом залатара, настырна лезлі ў вочы, і ён перахопліваў, прыціскаў іх тонкім скураным раменьчыкам, Рука ў Белавалода была моцнаю, але лёгкаю, метал слухаўся яе. Неўзабаве на сляпой роўнядзі металу, як жывыя, з'яўляліся туры і мядзведзі, вясёлыя зайцы, рахманыя бабры і нават гнуткія хутканогія гепарды, якія жывуць у паўднёвых краях і якіх князі і баяры любяць браць на свае ловы разам з сабакамі і сокаламі. Было найвялікшай радасцю ўбачыць, як глядзіць на цябе зроблены тваімі рукамі тур, і столькі ў ім сілы, дзікай злосці, руху, што здаецца, вось-вось пачуеш нізкі сярдзіты рык, хрусне ельнік пад цяжкімі нагамі. Але нядаўна з'явілася ў Белавалодавым жыцці чарнавокая Упьяніца, і ён мо ўпершыню адчуў і зразумеў, што, апроч золатакавальства, ёсць на зямлі яшчэ адно шчасце, салодкае, пякучае. Кожны вечар ён выходзіў за гарадскі вал і спяшаўся да сваёй Ульяніцы. Вось і сёння, як толькі вечаровае сонца зачапілася за пушчу і белы туман разліўся ў лугах, малады унот кінуў-рынуў усе свае справы і пашыбаваў на тое месца, дзе Менка ўпадае ў Пціч. Там яго, як звычайна, чакала Ульяніца. На лёгкім чоўне яна прыплывала з пушчы. Менск, нядаўна шумны, людны, быў мёртвым горадам. Некалькі дзесяткаў чалавек жыло тут. Людзі, як знясіленыя, абкураныя горкім дымам пчолы, млява корпаліся, кешкаліся на сваіх папялішчах, выкопвалі з чорных вуголляў посуд, рознае гаспадарскае начынне, якое ацалела ад агню. Усё гэта яны звязвалі ў вузлы і, перахрысціўшыся, глянуўшы ў апошні раз на сваю зямлю, пакідалі яе, пакідалі зруйнаваны горад. Болынасць мянян кіраваліся на ўсход, туды, дзе на сутоку Нямігі і Свіслачы набіраў сілу новы горад. 3 вялікім сумам глядзеў на ўсё гэта Белавалод. Яраславічы, усчаўшы вайну з полацкім князем Усяславам, знішчылі Менск да апошняга карэньчыка, разбілі Усяслававу дружыну на Нямізе, дзяцей і жанчын пагаалі ў Кіеў. Залатар Дзяніс таксама паплёўся з палонам, так і не ўбачыўшы напаследак свайго унота, які ацалеў выпадкова — падчас штурму горада ездзіў у нізоўе Пцічы па крычнае жалеза. Гарадскога вала не было — яго скапалі па загаду Яраславічаў. Замест уязной брамы з дубовай вежаю тырчалі з чорнай зямлі абсмаленыя, з'едзеныя агнём бярвенні. За Менскам адразу пачыналася поле. Дый сам ён быў полем, безгалосы, страшны, засыпаны галавешкамі. У невясёлым одуме ішрў Белавалод па беразе Менкі. Блакітная плашчаніца ракі нягучна струменілася на зыходзе летняга дня. Мякка ўспыхвалі на ёй вечаровыя промні. Ульяніцы на ўмоўленым месцы не было. Белавалод сеў на траву, абшчапіў галаву рукамі, знерухомеў. Менка і Пціч, зліўшыся ў адну раку, борзда беглі на поўдзень, у пракаветныя пушчы і балоты. Хмары на заходняй палове неба здаваліся доўгімі, тонка нарэзанымі лустамі чырвонага мяса. Чаму так баліць душа? Чаму не прыходзіць уначы сон і ўся ноч, як бясконцая дрогкая дарога, па якой пакутліва плывеш-едзеш, ні на імгненне не заплюшчваючы вачэй? 3 самага маленства ён жыў сіратою, бацьку і маці помніў цьмяна. Цяжка сказаць, што было б з Белавалодам, магчыма, пайшоў бы ён за закупам да якога-небудзь багатага баярына, але сустрэўся залатар Дзяніс, абагрэў, прылашчыў, узяў у сваю майстэрню. Дзяніс не меў дзяцей, не ўдалося ў свой час звіць сямейнае гняздо, ужо думаў век дажываць у самоце, ды ўбачыў аднойчы русагаловага бледнага хлопчыка, што спаў у траве за гарадскім валам. Уздрыгнула сэрца, прыпыніўся Дзяніс, глянуў на спакутаваны прыгожы твар, па якім бегалі трывожныя цені. Хлопчык, адчуўшы позірк чужога чалавека, адразу прачнуўся, усхапіўся на ногі. — Хто ты? — спытаўся залатар. — Белавалод. У хрышчэнні — Барыс, — адказаў спалоханы хлопчык. — Адкуль ты? — 3 пушчы. Адтуль, — хлопчык вяла махнуў рукою. Рука была празрыстая ад шматдзённага голаду. — Чый жа ты? — Нічый. Адзін жыву. Бацьку і маці Бог забраў. 3 таго дня пачалі яны жыць разам, і замест бацькі стаў Дзяніс Белавалоду. Карміў, вучыў, вялікую здольнасць убачыўшы ў сваім шчасліва напатканым сыне. I вось няма Дзяніса. I Менска няма, ляжыць у халодным попеле. I толькі неба над галавой і цёмныя дрымоткія пушчы наўкола — птушка ягадзіну не можа пранесці праз гушчар. — Белавалод! — пачуўся раптам звонкі дзявочы голас. Унот усхапіўся на ногі, твар засвяціўся радасцю, вочы заблішчалі. — Ульяніца! — крыкнуў ён. — Дзе ты бавілася? Хутчэй плыві сюды! Прыгожая цёмнавалосая дзяўчына, стоячы на поўны рост у лёгкім лубяным чоўніку, рашуча і ўпэўнена падграбала доўгім кляновым вяслом. На галаве ў яе зіхцеў металічны абручык, на смуглых руках успыхвалі сінія і зялёныя шкляныя бранзалеты. Белавалод не дачакаўся, скокнуў у ваду, вынес Ульяніцу на бераг. Яны ўпалі ў густую траву, пачалі цалавацца. Нейкая пушыстая казытлівая травінка як знарок успырхнула між іхнімі вуснамі. Яны цалаваліся праз травінку. — Чакаў мяне? — паклала галаву Белавалоду на грудзі, зірнула знізу ўверх чорнымі прамяністымі вачыма Ульяніца. — А няўжо ж... — усхвалявана адказаў Белавалод і зноў памкнуўся пацалаваць дзяўчыну. — Човен рака панесла! — раптам крыкнула Ульяніца. Лубяны чоўнік, танцуючы на хвалях, шпарка аддаляўся ад берага. Белавалод хацеў быў кінуцца ў Пціч і дагнаць уцекача, бо быў някепскім плыўцом, але Ульяніца мякка паклала яму руку на плячо: — Няхай плыве... Значыць, так трэба, Вадзянік яго забраў. — Я табе новы зраблю, — сціснуў каханку ў моцных абдымках Белавалод. Толькі цяпер ён заўважыў, што Ульяніца надта сумная, нязвычная, ціхая. Ён асцярожна, паклаўшы далоні ёй на шчокі, наблізіў яе твар да свайго, запытаўся дрогкім голасам: — Што з табой? I чакаў, халадзеючы душою, што скажа Ульяніца нешта дужа непажаданае, страшнае, ад чаго, як тонкае дрэўца, адразу ж зломіцца ягонае жыццё. «Ды ці кахае яна мяне?» — з жахам падумаў Белавалод. Гэтая думка аглушыла яго. Сам ён не мог уявіць свайго жыцця без Ульяніцы. Яна была ўсім — зямлёй і небам. — Аднаго цябе кахаю, Белавалодка, — горача, пераходзячы на шэпт, быццам нехта мог падслухаць, загаварыла Ульяніца. — Без цябе мне няма жыцця. Ды бацька... — Што сказаў твой бацька? — амаль крыкнуў Белавалод. Ён толькі два разы на менскім торжышчы, і то здалёку, бачыў яе бацьку, ратайнага старасту з вотчыны баярына Цвёрдаслава. Бацька Ульяніцы Кандрат быў гарбаваты, доўгабароды. — Хоча аддаць мяне за радовіча Анісіма, — усхліпнула Ульяніца. Яна заўсёды была вясёлая, гарэзлівая, і гэты яе ўсхліп як нажом разануў Белавалода. — А ты? — пабляднеў ён. — Ты хочаш выйсці за радовіча? Яна глянула на яго і быццам да крыжа прыбіла сваім позіркам. — Лепш смерць, — сказала яна. — Тады пойдзем, — схапіў яе за руку, пацягнуў за сабою Белавалод. — Куды пойдзем? — У Менск. Да мяне пойдзем. Яны хуценька пайшлі ўздоўж берага. Вечаровы густы змрок браў наваколле ў сваю абладу. Ульяніца трымалася за Белавалодаву руку, трымалася мякка і пяшчотна, і гэты яе ласкотны дотык хваляваў унота. У мёртвым горадзе не было ні агеньчыка. Яны прайшлі праз разбураную спаленую браму і спыніліся ў здзіўленні. Мноства буслоў, белых прыгожых птушак, паважна хадзіла па апусцелай цёмнай вуліцы. Быццам баяры ў багатых белых кажухах сабраліся на сваё веча. — На шчасце, — прашаптаў Белавалод. — Шчасце ў нас з табою будзе, Ульяніца. Ульяніца прытулілася да яго, і яны застылі, замерлі, гледзячы на нетаропкіх велічных птушак. Здавалася, буслы свецяцца ў цемры. Вось адзін з іх, напэўна, важак, узляцеў, шырока махаючы крыламі. За ім узняліся ў вечаровае неба іншыя. Вострыя белыя абрысы птушак раставалі ў змроку. I Белавалод раптам зразумеў: душа мёртвага горада назаўсёды аддятае з гэтых мясцін. Будуць новыя гарады, будуць шумныя торжышчы, будуць цэрквы і палацы, а гэтага горада ніколі ўжо не будзе. Бывай, горад на Менцы. Белавалод з усхваляванасцю і страхам глянуў на Ульяніцу. Дзяўчына неадрыўна пазірала на птушак, і твар яе быў зацемнены і трывожны. Аб чым яна думае? Яна таксама некалі адляціць назаўсёды, і след яе пяшчотнай нагі засыплецца пяском на берагах Менкі. Не аддятай, мая харошая! Будзь са мною. Ідзі поруч па гэтай ласкавай і грэшнай зямлі. — Ульяніца, — ціха сказаў Белавалод, — прашу цябе, як бы нам ні было цяжка і тужліва, запомні гэтых птушак. Яна здзіўлена глянула на яго, потым зразумела, уся ўспыхнула, засвяцілася, згодна кіўнула галавой. Майстэрня Дзяніса, у якой жыў Белавалод, была даволі прасторнай паўзямлінкаю, зрубленай з тоўстых сасновых бярвенняў. Унутры яе раздзялялі на дзве паловы вертыкальна пастаўленыя брусы. Перагародка з брусоў не даходзіла да столі. У той палове майстэрні, у якую яны трапілі адразу з вуліцы, стаяла вялікая, злепленая з чырвонай гліны і палявых камянёў печ. У сцяне насупраць печы было прасечана валакавое акно ддя дыму. Побач з печчу Ульяніца ўбачыла выкапаную ў глінабітнай падлозе яму, да краёў напоўненую белым рачным пяском. Такім пяском пасыпаюць падлогу ў час макрэчы і дажджоў. У другой, чыстай палове майстэрні падлога была вымашчана з шырокіх асінавых дошак. Уздоўж сцяны Дзяніс у свой час наштукаваў прасторныя палаткі, зацягнутыя бабрынымі і ваўчынымі шкурамі. На сценах віселі адпаліраваныя іклы дзікоў, ласіныя рогі, рознакаляровыя пацеркі з бурштыну і шкла, маткі меднага і срэбнага дроту, прыгожа аздобленыя рамяні і бляхі для конскай збруі, стрэлы з металічнымі і касцянымі накайечнікамі. Ульяніца здзіўлена азіралася наўкола, сказала: — Багата жывеш, Белавалод. — Дзянісава гэта багацце, — нявесела прамовіў Белавалод. — Як разор у Менску быў ад Яраславічаў, паспелі мы ўсё закапаць у яму ў істопцы. — Дужа шкадуеш Дзяніса? — спыталася Ульяніца. — Радней за бацьку мне быў. Вучьгў добраму, як жа такога чалавека не шкадаваць? Усё б аддаў, каб з палону яго вызваліць. Белавалод падышоў да Ульяніцы, мякка прыгарнуў яе да сябе, схаваў твар у шаўкавістых дзявочых валасах. Абое змоўклі. Маўчаў панылы зруйнаваны горад. Толькі недзе за Менкаю выў здзічэлы сабака. А можа, гэта быў воўк-людаед, якіх, па чутках, шмат развялося ў навакольных пушчах. — Не страшна табе тут аднаму, Белавалод? — дрогкім голасам спыталася Ульяніца. — Страшна, — шчыра прызнаўся Белавалод. — Галаўнікі ў горад прыходзяць, нават ночы не чакаючы. Усё ў людзей да апошняй ніткі бяруць. Ёсць, кажуць, у гэтых галаўнікоў і свой ваявода — Іван Вогненная Рука. — Вогненная Рука? — уздрыгнула Ульяніца. — Якое жахлівае імя! Яна прыціснулася ўсім сваім целам да унота. Ён пачаў цалаваць яе, і Ульяніца адказвала на пацалункі, адказвала з маладой страсцю і ўсхваляванасцю. — Ці кахаеш ты мяне? — перарывістым шэптам запытаўся Белавалод. — Кахаю. Пайду за табою, як нітка за іголкай. Але цяжка мне, любы, ой як цяжка! Радовіч сватоў шле. Ратуй мяне, Белавалод. Ульяніца заплакала, і яе нечаканыя, такія горкія слёзы страшэнна ўразілі унота. Ён стаяў як спапялёны маланкаю. Ён не ведаў, што трэба рабіць у такіх выпадках, і толькі асцярожнай рукою выціраў слёзы са шчок і вачэй каханай. Раптам ён, як бы нешта ўспомніўшы, схапіў сталёвую сякеру, што, захліснутая скураной пятлёю, вісела на драўляным круку, хуценька стаў на калені, пачаў адцзіраць з падлогі дошку, крайнюю ад сцяны. — Што ты робіш, Белавалод? — разгублена запыталася Ульяніца. Але ён, не адказваючы, з пранізлівым рыпеннем ададраў дошку. Пад падлогаю была невялікая ямка-паграбок. Белавалод, трасянуўшы доўгімі русымі валасамі, нахіліўся амаль па самыя плечы ў гэты схоўны паграбок і дастаў з яго лубяны кораб з прыгожай, сплеценай з жоўтага дроту накрыўкай. Ён узняўся на ногі і з радасным бляскам у блакітных вачах падаў кораб Ульяніцы. — Бяры. — Што гэта? — здзівілася дзяўчына. — Адчыні накрыўку, убачыш. Ульяніца асцярожна, палахліва, быццам з кораба магла выпырхнуць птушка або ўдарыць вострай драпежнай галоўкаю гадзюка, адчыніла накрыўку і войкнула ад здзіўлення і захаплення. На чырвонай аксамітнай падушачцы ляжала яркае і вельмі багатае нагруднае жаночае ўпрыгожанне. Тры бляхі ў выглядзе вясёлых рыбак былі скручаны з танюсенькага срэбнага дроту і напаяны на залатую аснову. Вочы рыбак, луску, плаўнікі ювелір зрабіў з найдрабнейшых залатых зярнятак. Рыбкі злучаліся паміж сабой абручыкам з чырвонай медзі. На абодвух канцах упрыгожання меліся круглыя залатыя фібулы, каб нашпільваць яго на тканіну. Белавалод, задаволены тым захапленнем, якое ззяла ў чорных вачах Ульяніцы, сказаў: — Гэтых рыбак я злавіў у Менцы. — Як жывыя, — любуючыся рыбкамі, ціха прамовіла Ульяніца, потым зірнула на Белавалода з недаверам: — Няўжо ты сам іх зрабіў? — Сам, — з ганарлівасцю кіўнуў галавою Белавалод. — Амаль тры гады рабіў. Уначы яны мне сніліся. Кожны унот у час вучобы ў золатакаваля павінен сваё ўменне паказаць, змайстраваць нешта такое, каб нават стары настаўнік вохнуў. Шэдэўрам гэта між рукадзельнымі людзьмі завецца. — Як жывыя, — зноў паўтарыла Ульяніца. — Шкада, што Дзяніс іх не пабачыў, маіх рыбак, — пазмрачнеў Белавалод. — Стараўся я дужа. Для свайго настаўніка стараўся, парадаваць яго хацеў. Няма Дзяніса, і я табе рыбак аддаю. Вазьмі, Ульяніца. Ён асцярожна выняў з кораба свой уноцкі шэдэўр, нашпіліў яго на белую льняную сукенку Ульяніцы. — Ты што, Белавалод? — заружавелася, успыхнула дзяўчына, і было відно, як прыемна ёй атрымаць такі нечаканы, такі прыгожы падарунак, бо спакон веку ўсе дочкі Евы, князёўны яны або чалядніцы, любяць прыгожае і нечаканае. Але, парадаваўшыся, Ульяніца ўздыхнула і пачала павольна сашпільваць рыбак з грудзей. — Не трэба, — адвёў яе рукі Белавалод. — Як я рабіў, пра цябе ўвесь час думаў. Твой твар між рыбак мне бачыўся. Будзь жа гаспадыняю майго шэдэўра. Ён казаў з такой страсцю, з такім замілаваннем, што рукі Ульяніцы міжволі пацягнуліся да ягонай шыі, абвілі гэту смуглую маладую шыю, потым пачалі лашчыць ягоныя скроні і бровы. Чорныя вочы набліжаліся, падплывалі да сініх Белавалодавых вачэй, і быў у тых вачах нясцерпны бляск, туманны агонь, шаўкавістая мяккасць травы, пералівістасць і таемнасць глыбокай азёрнай вады. Белавалод асцярожна і ў той жа час моцна ўзяў каханку на рукі, паклаў яе на туравую шкуру, сам лёг побач. У іхніх грудзях ужо білася адно сэрца. Усёй сваёй істотай ён адчуваў пяшчотную, пакорлівую мяккасць валасоў, адчуваў маленькія, але цвёрдыя пальцы яе ног, што наструнена дакрануліся да ягоных, затрапяталі. Уначы над Менскам зашаптаў дождж, тысячы светлых кропель паляцелі, пасыпаліся на зямлю, на попел, на чорныя галавешкі. Кожная нябесная крошы прабівала малюсенькую дзірачку ў попеле, і ў гэтыя дзірачкі праторкваліся, прагна глядзелі ў цёмнае неба вострыя зялёныя лёзы травінак. У горадзе, які не меў ні ахоўнага вала, ні дружыны, які ўжо амаль памёр, заставацца было небяспечна. Белавалод з Ульяніцаю вырашылі дабірацца да сутоку Нямігі і Свіслачы, дзе ў парубежным умацаванні Полацкай зямлі асеў шмат хто з мянян. Ісці трэба было попрышчаў пятнаццаць, праз пушчу. Амаль да паўдня яны звязвалі ў хатулі, запіхвалі ў торбы і мяшэчкі залатарскі струмант і ўсё тое, без чаго нельга было абысціся ў іхняй будучай гаспадарцы. Ульяніца рабіла ўсё спорна, хутка, і толькі час ад часу мільгалі ў чорных вачах трывога і сум. Белавалод як мог суцешваў і абнадзейваў яе, казаў: — Пажэнімся ў Менску і адразу твайму бацьку знак дадзім. Благаславіць ён нас на маладое шчаслівае жыццё наша. Ульяніца маўчала. Тое, што надумвалася яна зрабіць, было такое нязвычнае, такое нечуванае. Без дазволу бацькі пайсці з хлопцам! Ды бацька заб'е яе, пракляне. Сэрца ў дзяўчыны абмірала, холад бег па скуры. — Маці-багародзіца, святая траяручыца, навучы мяне і абарані мяне, — апалым голасам казала Ульяніца, укленчыўшы перад бажніцаю. Белавалод стаяў на каленях поруч з ёю, маўчаў, стараўся быць спакойным, але трывожныя думкі няспынна віравалі ў ягонай галаве. Што чакае іх наперадзе? Добрыя ці нядобрыя людзі стрэнуцца ім? Дзе яны будуць жыць у новым Менску? Ці поўны будзе іхні сусек? Ці хопіць жыта на семя і на емя? — Я яшчэ старому богу хачу памаліцца, — папрасілася Ульяніца, і Белавалод разам з ёю схадзіў за раку Менку. Там, у дзікім лясным гушчары, дзе нават у самы яркі дзень камянеў шэры змрок, яны памаліліся Перуну, грознаму богу нябесных маланак. Дубовы цёмны ідал стаяў у густой калючай траве, пранізліва глядзеў на іх. Ульяніца адразу павесялела. Пачала апранацца падарожнаму. На ногі — скураныя поршні, вышытыя каляровымі ніткамі, на плечы — белую ваўняную накідку з бронзавымі спражкамі. Яна зняла з галавы металічны абручык, перахапіўшы валасы, як і Белавалод, тонкім скураным раменьчыкам. — Як жа мы зацягаем усё гэта на Нямігу? — спыталася Ульяніца, паказаўшы загарэлай рукою на цяжка напакаваныя хатулі і торбы. — Буслы і вароны перанясуць, — пажартаваў Белавалод. — Бач, колькі іх лётае. Ды адразу ж пасур'ёзнеў, бо сонца стаяла ўжо высока, а правесці яыічэ адну ноч у разбураным горадзе яму не хацелася. — Ідзём са мной. Толькі ціхенька, — сказаў Белавалод Ульяніцы, прыклаўшы палец да вуснаў. Са сцяны ён зняў доўгую вяроўчыну, наматаў яе на руку. Ульяніца, нічога не разумеючы, крочыла следам. Праз нешырокую Менку яны прайшлі па вярбе, якую паваліла бураю. Зялёныя галіны былі апушчаны ў люстраную ваду, і на паверхні вады Ульяніца раптам убачыла жорсткае пяро нейкай вялікай рыбіны. Руда-шэрыя павукі коўзаліся па вадзе. Яркімі прыгожымі плямамі плыў залацісты пылок з надбярэжных кветак. Белавалод борздка ішоў па высокай траве. Птушкі зрываліся з гнёздаў. Старыя вужы, скруціўшыся ў клубок, ляжалі, блішчалі на цёплых пнях, як срэбныя талеркі. Вось яны выйшлі на ўтульную лясную паляну. Цёмныя дрэвы стаялі непарушнай сцяною. Паляна, травяністы астравок між гэтых дрэў, была густа заліта сонцам, дзумканнем пчол і мух, дурманнымі пахамі разагрэтага мёду і маку. Ульяніца адчула, як пайшла кругам галава, як раптоўна аслабелі ногі. Яна села ў цёплую траву, заплюшчыла вочы. Белавалод прысеў на кукішкі побач, тройчы нямоцна свіснуў, паклікаў: — Косю! Косю! «Багаты ў мяне жаніх, — весела падумала Ульяніца. — Нават конь у яго ёсць!» Але конь, якога яна ўбачыла, расплюшчыўшы вочы, быў нейкі дзіўнаваты, не падобны на вялізных спакойных бацькавых коней. Гэты быў маларослы («Карузлік», — падумала Ульяніца), мышынай масці, з чорнай палоскаю ўздоўж спіны. Чорныя хвост і грыва ледзьве не даставалі да зямлі. — Тарпан. Лясны конь, — сказаў Белавалод Ульяніцы і зноў паклікаў: — Косю! Тарпан смела падбег да іх, прыпыніўся. Чорныя бліскучыя вочы глядзелі на людзей міралюбна, з цікаўнасцю. — Дапаможаш мне, косю, га? — асцярожна пагладзіў яго па льсністай шыі Белавалод і, нібы тарпан разумеў чалавечыя думкі, пачаў тлумачыць: — На Нямігу мне трэба ехаць. У новы горад. У гэтым галаўнікі нікому дыхнуць не даюць. А гэта — мая нявеста. Праўда, прыгожая? Пры такіх словах Ульяніца весела засмяялася, а лясны конік злёгку ўздрыгнуў. — Не бойся, яна добрая, — зноў пагладзіў тарпана Белавалод. — Яна дужа добрая. Як дабярэмся да Нямігі, я цябе накармлю і адразу ж адпушчу назад у пушчу. У горад яны вярталіся ўтраіх. Белавалод вёў на вяроўцы тарпана і расказваў Ульяніцы: — Гэтага коніка мы з Дзянісам знайшлі. Пайшлі ў пушчу па жалуды (з жалудоў мы фарбу рабілі), і вось тут непадалёку ў балотцы падалося нам, нібы дзіця малое плача. Спыніліся мы з Дзянісам, прыслухаліся. Так і ёсць — плача дзіця – голас тонкі, змучаны. Глянулі туды-сюды, аж гэта ён. У багну праваліўся па самую шыю. Можа, ваўкі гааліся, можа, хто страху наддаў. Канаў ужо. Авадні ноздры заляпілі. Як убачыў нас, не спалохаўся, а заіржаў, як бы прасіў найхутчэй дапамагчы. Выцягнулі, балотную твань з яго саскрэблі, і сябрам нашым па край жыцця зрабіўся конік. Пагрузіўшы на тарпана большую частку хатулёў і торбаў, рушылі з Менска. Белавалод на сінюю пакаленную кашулю надзеў лёгкую драцяную кальчугу, прычапіў да шырокага скуранога пояса меч у старэнькіх драўляных похвах. Выйшлі на бераг Менкі, пакланіліся гораду, які пакідалі назаўсёды. Горад глянуў на іх апусцелым вокам, глянуў сумна, з дакорам. Зашчымела на сэрцы ў Белавалода, туга пад горла падкацілася, але ён толькі перасмыкнуў сухімі губамі, некалькі разоў кашлянуў, каб Ульяніца не ўбачыла ягонага хвалявання. Пушча праглынула іх, і праз колькі часу ўжо не верылася, што недзе свеціць яркае сонца. Ішлі пад густымі кронамі анямелых дрэў, па жылістай лясной зямлі, па лясным глухатраўі. Тут была камарыная дзяржава, і безліч маленькіх крывасмокаў з усіх бакоў рынулася на няпрошаных гасцей. Ульяніца цярпела-цярпела, а потым, адбіваючыся ад камароў, аж носам хліпаць пачала. Тады Белавалод зламаў з дрэва велізарнейшы грыб-трутавік, крэсівам выбіў іскру, запаліў яго і, накалоўшы на меч, панёс перад Ульяніцай. Дзяўчына моршчылася ад едкага дыму, кашляла, і ўсё-такі дым быў лепей, чым ненажэрныя камары. Адзін тарпан пачуваў сябе спакойна, ляпіў і ляпіў між дрэў бясконцы ланцужок слядоў. Праз нейкі час нізінная лясная зямля пачала падвышацца, уздувацца сухімі пагоркамі. Зніклі камары. Лес пайшоў святлейшы, бялейшы, усё болей бярозы і асіны. Сонца прарывалася праз дробную мітуслівую лістоту, сыпала наўкол залатыя грыўні. Ульяніца ажыла, пажвавела, пацягнулася да Белавалода, і на беразе цёмна-блакітнай лясной азярынкі, між пяшчотных несарамлівых кветак яны зноў аддаліся свайму каханню. Надвячоркам нейкая кволая сцежачка, як ручаёк, раптам кінулася ім пад ногі. Яна магла быць звярынай, магла быць чалавечай. А хутчэй за ўсё ў звярыны след тут уліваўся, убіваўся след людской нагі. Сцежачка шырэла, смялела. Ужо не было сумнення, што яе працерабіў чалавек. Неўзабаве яны ўбачылі грудок жоўта-зялёных конскіх касцей, вялізны конскі чэрап. Белавалод наструніўся, узяўся за рукаяць мяча. Ульяніца ішла побач з ім, ён абдымаў яе левай рукою і адчуваў, як тахкае яе сэрца. Ён напружана глядзеў на сцежку перад сабою. Раптам проста над іхнімі галовамі, у небе, пачуўся голас: — Людзі добрыя, памажыце мне! Здыміце мяне! Ад нечаканасці і страху яны ўпалі на калені. Ульяніца заплюшчыла вочы. Гэты голас быў як удар грому. Вядома ж, гэта быў Божы голас, бо хто, апроч Бога, можа гаварыць з неба. — Чаго ж вы стаіцё? Здыміце мяне! — ляцела зверху. У голасе чуліся разгубленасць і верашчанне. Тут ужо Белавалод крышку асмялеў. Хіба можа быць у Бога разгублены голас? Хіба можа смешна верашчаць той, хто кіруе зоркамі і людзьмі? Белавалод асцярожна, адным вокам, зірнуў угору, і дух пераняло ад здзіўлення. Проста над сцежкаю, высока над зямлёй быў распасцёрты чалавек. Чалавек быў голы, з адвіслым сівавалосым жыватом, у адных кужэльных портках. Рукамі і нагамі чалавек быў прывязаны, прыкручаны да дзвюх танклявых гонкіх бярозак, што раслі адна супраць другой абапал сцежкі. Маладым бярозкам не хапала сілы разарваць чалавека напалам, але і чалавеку неставала вагі нахіліць іхнія вяршыні долу. Так і лунаў дзіўны чалавек над лясной сцежкаю. — Другі дзень вішу! — верашчаў чалавек. — Між небам і зямлёй Богу душу адцаю! Ратуйце, добрыя людзі! Тут і Ульяніца глянула ўверх і войкнула: — Анёл! — Ядрэйка я, маладзічка, а не анёл! — выгукнуў са сваёй вышыні чалавек. — Каб я быў анёлам, даўно б вунь на тую хмарку ўзляцеў і адпачыў ад пакут маіх. Ядрэйка я. Рыбалоў з горада на Нямізе. Злавілі мяне злыя людзі ў свае сеці. — Як жа цябе зняць адтуль? — пачухаў патыліцу Белавалод. — Давай падумаем разам, — павесялелым голасам лагодна сказаў Ядрэйка і раптам рэзка трасянуў галавою, пачаў ярасна церціся шчакою аб плячук. — Праклятая муха! Д'ябальская дзумкалка! Яна, пэўна, ужо завяла сабе хатку ў маім вуху, наклала там яечак. Ну, пачакай, злезу з бяроз гэтых, злаўлю цябе і раздзяру на шматкі! Белавалод з Ульяніцай не стрымалі смеху. — Смейцеся, смейцеся, добрыя людзі, — не сунімаўся Ядрэйка. — Я й сам люблю пасмяяцца, асабліва калі жывот поўны і мухі не кусаюць. I пагаварыць люблю, ой люблю. А з кім было гаварыць у гэтым лесе? Мядзведзь уначы ішоў сцежкаю проста пада мною, дык я з ім хацеў быў слоўцам перакінуцца, але дзе там — так раўнуў мішка, што ў мяне душа з пятак у мяккае месца заскочыла, не пры кабеце будзе сказана. Пытаешся, як выбавіць мяне адсюль? Бачу, меч у цябе важнецкі ля пояса вісіць. Бяры меч і сячы бярэзіну... Пачакай, але ж я касцей не збяру, калі грымнуся адгэтуль. Ото ж злыдні, што мяне сюды завалаклі на гэтыя клятыя бярозы. Каб праз вашы рэбры козы сена цягалі! Каб вашымі косткамі дзеці грушы збівалі. Ядрэйка натхнёна пачаў праклінаць усіх ворагаў, учарашніх, сённяшніх і будучых. Ён так захапіўся праклёнамі, што забыўся і пра Белавалода і пра Ульяніцу. — Дзядзька, — спыніў яго Белавалод, — сячы бярозу я не буду, а паспрабую залезці да цябе наверх і там вяроўкі абрэжу. — Лезь, сакалок, лезь, — заверашчаў Ядрэйка. — Каб ты еў бліны са смятанай, з маслам і яшчэ з мёдам. Каб прыгожыя маладзіцы за табой чарадой хадзілі. Белавалод зняў з шыі ў тарпана вяроўчыну, разуўся, зрабіў з вяроўчыны пятлю-васьмёрку і спрытна палез на дрэва. — Каб табе ў рот смажаныя курапаткі ўляталі, — падахвочваў яго са сваёй вышыні Ядрэйка. — Маўчы, дзядзька, а то я звалюся ад такіх слоў, — папрасіў Белавалод. Ядрэйка адразу ж сціх. Толькі ягоны круглы пульхны жываток не супакойваўся, калыхаўся, як цеста ў дзяжы. Нарэшце Белавалод, цяжка дыхаючы, дабраўся да Ядрэйкі, выцягнуў з похваў меч, пачаў пераразаць вяроўку. — Цішэй, сакалок, не адрэж мне руку, — залямантаваў рыбалоў. — Лыжку да рота нельга будзе данесці. Белавалод вызваліў ад путаў правую руку і нагу Ядрэйкі. Бярэзіна шумна выпрасталася, галінамі, здаецца, сцебанула па небе. Ядрэйка з жахам паглядзеў на яе, сказаў: — А каб яна мяне так падкінула? Да апостала Пятра даляцеў бы ў залатыя палаты. Белавалод быў вымушаны спусціцца з адной бярозы і лезці на другую. Тут ён ужо толькі нагу аслабаніў Ядрэйку, падаў яму меч, і знясілены, але гаваркі рыбалоў асцярожна, каб не зваліцца, сам перапілаваў вяроўку на левай руцэ. Нарэшце ён вызваліўся, адразу ж выпусціў меч, заплюшчыў вочы і, абдзіраючы голы жывот, слізгануў па ствале ўніз, да зямлі. Потым застагнаў, лёг на траву, доўга-доўга ляжаў... I вось ён стаяў перад Белавалодам і Ульяніцай, нізенькі, тоўсценькі, рухавы, быццам вожык. Твар у яго быў круглы, чырванаваты. Жменька сівых кароткіх валасоў тапырылася на патыліцы і за вушамі, уся ж лабаціна пуставала, галела, як ніва пасля жніва. Чорныя вочкі жвава свяціліся, гарэлі з-пад нізка насунутых на іх цёмных броваў. Асабліва ўражваў ягоны нос — буйны, як бы расплюшчаны на самым кончыку, увесь у вясёлых сіняватых пражылках. Было Ядрэйку сонцаваротаў сорак пяць, калі не пяцьдзесят. — За шчаслівае збавенне мой зямны паклон вам, баярын малады з баярыняю, — нізка пакланіўся Ядрэйка, і лысіна бліснула на сонцы. — Я не баярын, добры чалавек, — разгубіўся Белавалод. — I яна не баярыня. — Абавязкова будзеш баярынам, — упэўнена сказаў Ядрэйка. — Як жа завуць цябе, будучы баярын? — Я — Белавалод. Яна — Ульяніца. Ідзём на раку Нямігу. А цябе, дзядзька, хто і за што на дрэвы ўзнёс? — Усё раскажу вам, баяры дарагія, пра кожную сваю больку пажалюся, — пацёр маленькай пульхнай далонькай голы жывот Ядрэйка. — Але спачатку скажыце, ці ёць у вас тое, што сагравае душу і цела? Ці ёсць у вас полацкі мёд або рамейскае віно? Ульяніца з хатуля дастала карчажку з мёдам. Ядрэйка прагаа схапіў пасудзіну, пачаў піць нагбом. Здаволіўшыся, весела сказаў: — У добры час Бог паслаў вас на гэтую сцежку. Сядзеў бы я на дрэве, як зязюля. А ноч у лесе халодная. Ён трасянуў голымі плячамі. — Мой бацька таксама быў рыбаловам. I да мёду хмельнага быў ахвочы. Бывала, перап'е ўзімку на возеры, загорнецца ў сець і сядзіць, калоцячыся. А потым кажа, паказваючы пальцам праз вочка сеці: «Тут холадна, а знадворку, напэўна, зусім лютая халадэча». Усе трое засмяяліся. — Хто ж цябе, дзядзька, так пакараў? — спытаўся Белавалод. — Галаўнікі. Чулі, нябось, пра Вогненную Руку? Дык ён са сваімі ліхадзеямі. Няма на іх спыну, няма страху. Князя Усяслава баяліся, як ён землямі нашымі валодаў. А цяпер князь у Кіеве, няма гаспадара ў людзей, і ўсюды пайшоў разор, вароп. Цячэ кроў хрысціянская, як дажджавая вада. Асабліва смердам дастаецца, што на зямлі сядзяць. Баярыну лягчэй. Схаваецца ў сваёй вотчыне за дубовай брамай, за шчытом жалезным. А смерд толькі саломай прыкрыты. Я на рацэ ёз на рыбу ставіў са сваім суседам Макарам. Наляцелі галаўнікі, ёз пасеклі, Макару камень на шыю навязалі і ў вір кінулі. А мяне з сабой у гэту пушчу павезлі. Вогненная Рука мяне чамусьці не ўтапіў. — I ты бачыў яго? — перапыніў Ядрэйку Белавалод. — Вогненную Руку? Як цябе бачу. Малы ростам, але здаравяк здаравяком. Кулакі, як каменні. Дык павезлі яны мяне ў пушчу, і думаў я, што следам за Макарам на той свет пайду. А я чалавек адчайны, я і кажу гэтаму Івану, гэтай Вогненнай Руцэ: «Глянь на неба». Ён глянуў. «Што там бачыш?» — пытаю.— «Хмару». — «I болей нічога не бачыш?» — «Гусей бачу». — «Там жа меч Божы, крывавы над тваёй галавой занесены». Раззлаваўся Вогненная Рука, хацеў мяне шастапёрам па галаве стукнуць, ды раптам надумаўся на дрэва мяне ўзаперці, бліжэй да Бога. Ядрэйка змоўк на нейкі міг і адразу ж зноў загаварыў, папрасіў: — Ці не знойдзецца ў вас, баяры дарагія, якое-небудзь лайно, каб мне на плечы накінуць? Белавалод пашукаў у хатулях і даў яму сваю старую кашулю. Ядрэйка бадзёра надзеў яе, сказаў: — Зрабі, Бог, каб добрыя людзі жылі вечна. Прапаў бы я без вас, бо баюся холаду і голаду. А так Ядрэйка яшчэ пажыве, рыбу паловіць. А рыбалоў я адмысловы! Сам апостал Пётр быў рыбаловам, аж пакуль Хрыстос не сказаў яму: «Пакінь свае сеці, я зраблю цябе лаўцом чалавецаў». Каб вы ведалі, якой я вас рыбай пачастую! Ён гаварыў і гаварыў. Ульяніца са здзіўленнем глядзела на яго, бо ўпершыню ў жыцці бачыла такога гаваркога чалавека. У іхняй весі людзі былі маўклівыя — лес, што акружаў жытло, вучыў ціхмянасці. — На Нямігу, дарагія баяры, ідзяце? — гаварыў, крочачы поруч з Белавалодам, Ядрэйка. — Шмат народу там асядае. А я ж там нарадзіўся. Кожную сцежку ведаю. Там сям'я мая — жонка і трое дзяцей. Князь Усяслаў і памагатыя ягоныя добры горад збудавалі. Паглядзіцё, які ў нас вал. Ого! Дванаццаць сажняў вышынёю. Шапка з галавы валіцца. Жыць бы і не тужыць, ды вайна за вайною, вайна за вайною ідзе на нас. Князь і баяры зямлю дзеляць. А што чалядзіну рабіць? Куды хавацца? Я рыбалоў а ведаеце, што нядаўна ў Свіслачы злавіў? Труп чалавечы, дзяўчыну нежывую, дужа прыгожую. Ульяніца пры гэтых словах пабляднела, і Ядрэйка, заўважыўшы яе спалох, перамяніў гаворку. — Дзе жыць будзеце, баяры дарагія? — весела пацікавіўся ён. — У полі пад кустом? Дык жа чалавек не заяц. Гэта я, Ядрэйка, магу на дрэвах у лесе начаваць, а вам, маладзёнам, трэба плячо ў шшчо церціся. Вось штр я надумаў — у мяне вы пакуль што спыніцеся. Ёсць у мяне цёплая істопка. Па першым часе можна там галаву прыхіліць. А далей — Бог бацька. Ці засталося там яшчэ што-небудзь, Ульяніца, у карчажцы? Ён пачаў піць мёд, пакрэктваючы, прыжмурваючыся, а Белавалод з Ульяніцай радасна пераглянуліся — добрага чалавека паслала ім неба...
Колькасць прачытаўшых: 2417 Колькасць вогдукаў: 0