Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел другі (частка II)

За сотні попрыіпчаў на паўночны ўсход ад Менска на Нямізе ў стольным горадзе Рагвалодавічаў Полацку ў гэты самы час дапякала людзям, наводзіла на людзей жах нячыстая сіла. Ледзь толькі пачынала змяркацца, у розных канцах вялікага горада чуўся пранізлівы журботнадзікі крык. Рукадзельныя людзі адразу ж хаваліся ў сваіх майстэрнях, баяры загадвалі чэлядзі надворнай зачыняць на дубовыя і жалезныя завалы брамы, купцы на шкутах і лайбах, што стаялі на Дзвіне, зашываліся ў кіпы звярыных шкур, у дзежкі з ячменем і жытам. Кожнаму хацелася стаіцца, хутчэй заснуць, каб толькі не лез у вушы, не свідраваў сэрца гэты сумны, халодны, трывожны, незразумелы і таму яшчэ больш страшны крык. Ды спаць звыш меры належыць мёртвым, а не жывым. Праз колькі часу, як толькі праходзілі дрыжыкі першага страху, мноства бледных людскіх твараў прыпадала, ляпілася да акенцаў хат. У вулічным змроку людзі хацелі ўбачыць нешта нязвыкла жахлівае, непадуладнае розуму. Смялейшыя выходзілі надвор, трымаючыся за клямку дзвярэй, узіраліся, уздрыгваючы пры кожным шолаху, у наваколле. Даўно заўважана, што чалавечая душа, нават самая светлая хрысціянская душа, ляціць, як начны матылёк на смяротны агонь, на ўсё таемнае і загадкавае.
«Ваўкалак крычыць», — з упэўненасцю казала болыдасць палачан, і кожны другі мог прысягнуць на святым крыжы, што на свае вочы бачыў хоць аднойчы гэта жахлівае лясное стварэнне, гэтага пярэвараценя, парослага дзікім воласам. Знаходзіліся і такія, што маглі параіць, як самому зрабіцца пярэвараценем. Для гэтага патрэбна ўваткнуць у пень вастрыём уверх нож і перакульнуцца цераз лязо.
На пятроўкі, светлай летняй ноччу, ваўкалак закрычаў у самым сэрцы горада, каля святой Сафіі. Спалоханыя царкоўныя служкі пачалі чытаць малітвы, усю ноч ладанам і мірам абкурвалі дом гасподні.
«Князь Усяслаў крычыць», — гаварылі назаўтра ў Полацку. Спачатку казалі пра гэта нясмела, з асцярогаю, але вельмі хутка і на торжышчы, і на важніцы, і на баярскіх падвор'ях, і ў хацінах чорнага люду на поўны голас пайшла гэта вестка.
«Усяслаў прыбягае з кіеўскага поруба ў сваю вотчыну і крычыць!» Такая навіна адразу ж дакацілася да дзядзінца, да палаца полацкіх князёў, у якім сядзеў са сваёй дружынаю Мсціслаў, сын вялікага кіеўскага князя Ізяслава. Мсціслаў быў чалавек непалахлівы, рашучы. Ён загадаў хапаць усіх тых, хто распаўсюджвае чуткі пра Усяслава. Але нельга закаваць у жалезы ўвесь горад, і тады Мсціслаў паслаў у Кіеў да бацькі ганца, прасіў, каб там, у Кіеве, неадкладна нешта зрабілі з Усяславам. Ён быў не супраць таго (праўда, не напісаў гэта ў пергаменце), каб ганец прывёз у Полацк галаву Усяслава. А пакуль ганец імчаўся на пераменных конях да Кіева, Мсціслаў умацоўваў дзядзінец, рыхтаваўся да горшага.
Асабіста ён не верыў у пярэвараценя-ваўкалака. Гэта былі, вядома ж, домыслы цёмнага люду, які адной рукою моліцца, а другое гладзіць па дубовай галаве паганскага ідала. Але Мсціслаў разумеў, што за ўсімі гэтымі байкамі стаіць полацкае баярства, якое ў болыдасці сваёй не хоча падпарадкоўвацца Кіеву, хоча вярнуць у Полацк Рагвалодавічаў.
Апошнія дні Мсціслаў Ізяславіч усё болын маўчаў, слухаў, аб чым гаворыць дружына і тыя з полацкіх баяр, што ненавідзелі Усяслава і зрабіліся крэўнымі сябрамі Юева. Калі яго спрабавалі разгаварыць, ён толькі стрымана ўсміхаўся і думаў: «Ганец у дарозе. Ганец імчыцца з Кіева. Калі я пакажу ім галаву Усяслава, перастане крычаць ваўкалак».
Ягоны настаўнік рамей Мілон калісьці казаў: «Кветка міндалю гіне ад марозу, бо распускаецца раней за ўсіх. Людзі ж ад залішняй балбатлівасці гінуць. Трэба стрымліваць язык розумам. Нават дзікія гусі, што ляцяць ад Кілікіі да Таўра, баючыся арлоў, бяруць у дзюбы камяні, як замкі для голасу, і ўначы бясшумна пралятаюць гэту небяспечную дарогу. Чалавек мае два вухі і адзін язык таму, што належыць двойчы пачуць і толькі адзін раз сказаць».
Але ганца ўсё не было, і Мсціслаў паступова змрачнеў, падцаваўся агульнай няўпэўненасці і страху і кожны вечар загадваў распячатаць новую амфару з віном. У застолле ён запрашаў полацкіх баяр, шчодра частаваў іх і дамагаўся, каб яны, п'яныя і безабаронныя, давалі яму роту [Рота — клятва, прысяга] вернасці. Большасць баяр давала роту (язык не адсохне), але назаўтра, астудзіўшы галаву, адумаўшыся, шмат хто з такіх баяр стараўся трымацца падалей ад княжага палаца. Некаторыя з'язджалі ў свае вотчыны. Паспрабуй адшукаць іх паміж лясоў і балот!
А нячыстая сіла ўсё болей брала ў сваю абладу горад. Амаль кожны вечар крычаў ваўкалак. Аднойчы на прыцемку па Вялікім пасадзе прамчаліся чалавек трыццаць верхавых. Яны ехалі бясшумна, без адзінага слова, у белых пахавальных саванах з галавы да пят. Жудасць ахапіла тых з палачан, хто бачыў гэта. Вялікі пасад у момант вока апусцеў. «Нябожчыкі на конях!», «Дзяды з дамавін!» — пакацілася па горадзе. На пасадзе якраз нёс варту дзецкі з Мсціслававай дружыны Вадзім. Ягоныя сябрукі разбегліся, пахаваліся хто куды, а Вадзіма страх прыкаваў да месца. Дзецкага стапталі коньмі. Ды ён паспеў закласці ў лук стралу і пусціць яе насустрач маўклівым беласаванным коннікам. Гартаваная кіеўская страла ўдарыла аднаму з верхавых у сцягно. Той зморшчыўся, выдраў стралу, злосна шпурнуў яе да сябе. Потым гэтую стралу падабралі і прынеслі князю Мсціславу. На сталёвым наканечніку была кроў, жывая чалавечая кроў. «Пераапранутыя скамарохі ездзяць па горадзе, б'юць маіх людзей! — накінуўся Мсціслаў на ваяводу Ануфрыя. — Злавіць іх! 3 іхняй скуры нарабіць пергамену! На гэтым пергамене я напішу вялікаму князю Ізяславу, што Полацк даў роту на вернасць стольнаму Кіеву».
Але Мсціслаў умеў не толькі крычаць. Ён, калі вымушала жыццё, мог цёпла, па-бацькоўску ўсміхацца. Выгнаўшы прэч Ануфрыя, ён запрасіў да сябе полацкага епіскапа Міну, схіліў перад сівабародым старым калена, папрасіў дзеля адзінай праваслаўнай царквы, дзеля сясцёр — кіеўскай і полацкай Сафіі — змякчыць сэрцы мясцовых людзей, напоўніць іх ласкай і любоўю. Назаўтра з крыжамі, харугвамі і малітвамі рушыў царкоўны клір са святой Сафіі. Урачыста і радасна галасілі над горадам званы. Густы натоўп ішоў хрэсным ходам, і ва ўсіх былі светлыя твары, светлыя думкі. Палачане крыкнулі здравіцу Мсціславу Ізяславічу, які, зняўшы баявы шлем, апрануўшы чырвоную плашчаніцу, сустрэў іх на плошчы каля Сафійскага сабора. Мужы-вечнікі і князь Мсціслаў пацалавалі крыжы згоды і міру. Горад супакоіўся, заціх, а сам Мсціслаў паехаў да бацькі ў стольны Кіеў, пакінуўшы за сябе Ануфрью.
Наступная ноч выдалася цёмная, з рэдкімі кволымі зоркамі. Вецер шумеў над соннай Дзвіной. Хвалі гурбою беглі на бераг, выкрэсваючы з халодных рачных глыбіняў каменьчыкі, водарасці, розны гаспадарчы друз, якім так багаты вялікі горад. Украла хваля пранік у балбатлівай бабы і, пацешыўшыся, зноў выкінула яго на берац даставаў купец з кашалька грошы, упусціў з дрогкіх пальцаў у ваду — прыцягнула хваля срэбныя круглячкі на пясок.
Спала рака. Спаў горад. Ваўкалак не крычаў.
У гэты самы час каля возера Валовае, што, як бліскучы сподак, ляжыць у полі побач з горадам, сустрэлася некалькі чалавек. Яны моўчкі вынырнулі з цемры, з цішыні, моўчкі ўзышлі на ўзгорак, сталі на калені перад невялікім ідалам. Грубатвары ідал быў вычасаны з чырвонага цвёрдага пясчаніку. Калісьці тут высока і горда стаяў залатавусы каменны Пярун, было паганскае капішча, было заўсёды шматлюдна і шумна, але прыйшлі з полацкай Сафіі хрысціяне, усё зруйнавалі, знішчылі, і застаўся толькі гэты сціплы ідал. Удзень яго хавалі пад карчом на беразе возера, а ўначы моцныя і адначасна мяккія, пяшчотныя рукі даставалі яго з вады, ставілі на самай вяршыні ўзгорка.
Маўклівью начныя людзі памаліліся ідалу, потым усклікнулі ціха, але з прытоенай сілаю:
— Рубон!
Гэта быў баявы кліч палачан, з гэтым словам полацкія дружыны ішлі ў бой пад Ноўгарадам і на Нямізе.
Некалькі імгненняў усе маўчалі. Маўчаў ідал. Святло ад слабой мільгатлівай зоркі падала на пукаты чырвоны лоб.
— Што рабіць? — парушыў цішыню малады звонкі голас. Той, што сказаў гэтыя словы, хваляваўся, голас ягоны дрыжаў.
— Трэба падумаць, баярыч Гвай. Трэба моцна падумаць, — прагучала ў цемры. — Бачыш: Полацк стаіць. Ноч. Сабакі выюць на звяр'ё.
— Ноч не скончыцца, калі мы ўсе будем спаць, — гучна і рэзка сказаў Гвай. Ён зашумеў цёмным плашчом, нецярпліва тупнуў нагою. — Бяда па бядзе як па нітцы ідзе. Няўжо ты гэтага не заўважаеш, Раман? А можа, ты таксама прынясеш роту Мсціславу?
Адразу ж за гэтымі словамі пачуўся звон металу — раз'юшаны Раман выхапіў з похваў меч. Некалькі чалавек парывіста кінуліся між імі.
— Што вы робіце? Не трэба! — захваляваліся ўсе. — Пачуюць у горадзе, і нам нездабраваць. Мірыцеся! Хутчэй мірыцеся!
— Прабач, Раман, — ціхім голасам сказаў Гвай. — Я зняважыў цябе, але, павер, я не хацеў гэтага. Само слова выскачыла. Цябе ўчора паранілі стралой на пасадзе, ты праліў кроў за Полацк, а я...
Раман шумна, узбуджана дыхаў. Усё ўнутры яго клекатала ад абурэння і крыўды. Ён, яшчэ трымаючы ў правай руцэ меч, левай моцна, усімі пальцамі, сціснуў сабе лоб, стаяў, як нежывы.
— Ты мяне да кораню з'ядаеш, баярыч, — сказаў ён нарэшце Гваю. — Ты мяне проста ў сэрца б'еш. Цяжка слухаць твае словы. Але я ведаю, што не ад злосці да мяне ты іх кажаш, бо справядлівая ў цябе душа. Пра Полацк ты думаеш, пра вотчыну Рагвалода, пра зямлю Усяслава, князя нашага, які ў Кіеве ў цёмным порубе сядзіць. Вернасць Усяславу мы даказалі справаю. Гняздзіла, — ціха паклікаў ён, — дзе ты?
— Я тут, — стаў перад Раманам высокі шыракаплечы чалавек.
Раман паклаў руку на ягонае плячо.
— Добры з цябе ваўкалак. Так выеш, аж сэрца калоціцца. Князю Мсціславу ад твайго выцця не спіцца на дзядзінцы.
Усе ціха засмяяліся. Усе падыходзілі да Гняздзілы і паляпвалі яго па плячы.
— Братанічы, — звярнуўся да ўсіх Раман, — дзякуй вам за адвагу, дружына мая начная. Калі Бог злучыць, чалавек не разлучыць. Я веру, што ніякая сіла не разлучыць нас, бо за Полацк свой меч мы ўзнялі. «Там, дзе вас двое, там і царква мая», — сказаў Хрыстос. Нас не двое, нас болей, і мы ведаем, якой справе наш меч служыць. Але нельга ўвесь час толькі палохаць князя Мсціслава. Мсціслаў, як і ўсе кіеўскія князі, непалахлівы, баявым кап'ём ускормлены. Трэба ў чыстае поле выходзіць, біцца трэба, ды малая ў нас раць. Стопчуць нас кіяне, як на Нямізе стапталі. Я быў там, я памятаю.
Ён змоўк. Усе глядзелі на яго і ведалі, што ён зараз бачыць душой сваёю. Бачыў Раман зледзянелую Нямігу, каляны густы снец чырвоныя шчыты палачан і кіян, залітыя крывёю кальчугі, сцягі і мячы, агонь яраснай сечы і цяжкія суровыя слёзы паражэння на вачах у князя Усяслава.
— Што ж рабіць? — нецярпліва выгукнуў Гвай.
— Я памятаю, — быццам не пачуўшы Гвая, казаў далей Раман. — Потым князя Усяслава схапілі каля Ршы, у поруб завезлі. Сям'я ягоная з княгіняй Крутаславай і часткай дружыны стаіліся ў пупгчы, за Дзвіной. У Полацк Мсціслаў з вялікай сілаю прыйшоў, сеў на полацкі сталец. Баярства нашае патрохі да новага князя прывыкае, ужо і роту некаторыя прынеслі Мсціславу. Пройдзе сонцаварот, другі, і забудземся ўсе пра Усяслава, пра Рагнеду, бо мёд і пры Мсціславе салодкі і п'яны.
— Не забудземся! — усклікнуў Гвай. Адабральным гулам яго падтрымалі ўсе іншыя.
Раман уладна ўзняў угору дзясніцу ў баявой пальчатцы, патрабуючы цішыні.
— А пакуль не забыліся, — сурова сказаў ён, — пакуль помніце Палату і Рагнеду, давайце зноў станем на калені і паклянёмся душамі продкаў, якія слухаюць нас зараз і глядзяць на нас, што ніколі не здрадзім ні адзін адному, ні справе, якая злучыла нас.
Усе апусціліся на калені. Вецер трывожна зашумеў над узгоркам. У возеры захвалявалася, пацямнела вада. Раптам па змрочным небе, распырскваючы бледна-залатыя іскры, слізганула буйная хвастатая зорка. «Нябёсы даюць нам добры знак», — з радасцю падумала большасць прысутных. «Нябесны камень паляцеў, — падумаў баярыч Гвай. — Упадзе за Дзвіной у пушчу, і памрэш, не знойдзеш яго». А баярскі халоп Гняздзіла, які трымаў на повадзе коней, толькі лёгка ўздыхнуў — зноў цмок панёс некаму багацце. Калі яркая палоса ў неба — золата панёс, калі бледная — срэбра, калі цёмная — хлеб і зерне. Гаршчок срэбра нехта знойдзе раніцою на сваім парозе.
— Братанічы, сустрэнемся роўна праз сядміцу на гэтым самым месцы, — узняўся з каленцаў Раман. — Хай кожны з вас будзе адважным і моцным, як тур, маўклівым і пільным, як начная сава. Рыхтуйцеся, чакайце, збірайце верных людзей, а я за гэты час пастараюся сустрэцца з княгіняй Крутаславай у задзвінскай пушчы.
Ён кожнага абняў і тройчы пацалаваў, кожнаму паціснуў дзясніцу. Потым лёгка ўскочыў на каня, якога падвёў Гняздзіла, ударыў каня рукою па шыі і, узляцеўшы на самую вяршыню былога капішча, крыкнуў адтуль:
— Рубон!
— Рубон! — адказалі яму ўсе і пачалі садзіцца на коней. У каго ж не было каня, кіраваўся ў сваю дарогу пешкі. Неўзабаве з цемры пачулася, як Раманаў конь, збегшы з узгорка, зацопаў па балоце.
Гвай сеў на свайго Дубка, паехаў следам за Раманам. Амаль цэлае попрышча ехаў адзін, потым гняўліва спыніў каня, свіснуў, нецярпліва крыкнуў:
— Гняздзіла!
— Я тут, баярыч, — азваўся з цемры Гняздзіла.
— Дзе ты кешкаешся, чортаў халоп?
Гняздзіла на чорным кані адразу ж пад'ехаў да гаспадара. Белыя доўгія валасы ўзвіхурыў начны вецер.
— Тваё месца каля мяне, ззаду мяне, — строга сказаў Гвай. — Чаму я ніколі не магу цебя дагукацца?
Гняздзіла маўчаў.
Былі яны адналеткі, баярыч і халоп. Гняздзілу ў свой час вывелі з палонам з Тураўскай зямлі, а быў ён да свайго халопства сынам вольнага смерда. Моцны, кемлівы і спрытны, ён нядоўга хадзіў на баярскім полі за сахою, выбіўся ў баярскія канюшыя, бо дужа любіў коней, мог звалодаць з самым гарачым скакуном.
— Здаецца, Дубок прыкульгвае на левую пярэднюю нагу, — пасля працяглага маўчання сказаў баярыч.
Гняздзіла адразу ж саскочыў са свайго каня, са словамі: «Дазволь, баярыч», падняў Дубку нагу, пагладзіў яе, паціскаў вялізнымі пальцамі, потым нечакана рэзка трасянуў.
— Гатова, баярыч, — сціпла выдыхнуў ён.
Гвай з недаверам чмыхнуў носам, але адчуў, што конь пайшоў лягчэй, весялей.
Яны кіраваліся на паўднёвы ўсход ад Полацка, у тое месца, дзе рака Сосніца ўліваецца ў Дзвіну. Там была вотчына бацькі Гвая баярына Аляксея, на крутой выспе стаяла сядзіба, абгароджаная дубовым тынам.
Маўклівая ноч церусіла над пушчамі і балотамі свой адвечны сум. Страхотна было і няўтульна. Гразь чвякала пад конскімі капытамі. Кажаны, што гняздзіліся ў тоўстых дуплістых вербах, здаецца, гатовы былі сесці на галаву. Маладыя зайцы і птушкі, палохаючы коней, зрываліся са сваіх цёплых ляжанак і гнёздаў. У цёмнай непраходнасці лясоў чуліся трэск і сапенне — ішло вялікае цяжкое звяр'ё. Начная зямля гула, уздрыгвала, калацілася, бо столькі сіл бушавала ў ёй і на ёй, столькі жыццяў загаралася і тухла ў змроку.
Раптам леваруч ад Гвая з Гняздзілам з невялікага бярэзніку пачуўся ціхі працяглы свіст. Старонняму вуху магло здацца, быццам падала голас нейкая начная птушка, але баярыч ведаў, што гэта свішча Раман. Ён увесь радасна страпянуўся, паджучыў Дубка, памчаўся туды, дзе слаба свяціліся тонкія бярозы. Гняздзіла моўчкі шнураваў за ім.
— Ты, Раман? — ціха выгукнуў Гвай у змрок.
—Я.
Раман выйшаў з бярэзніку. Непадалёку асцярожна скуб траву конь.
— Ці дазволіш, баярыч, у цябе пераначаваць? — запытаўся Раман у Гвая, узяўшыся за ягонае стрэмя.
— Аб чым кажаш, Раман? Радасць для мяне будзе вялікая, калі ты паедзеш са мною. Мой дом — твой дом.
— А твой бацька? Баярын Аляксей, я чуў, строгі, — усё не мог рашыцца, усё распытваў Раман.
— Бацька чалавек збожны, міласэрны, — успыхнуў Гвай. — Мала што хто гаворыць? Каб ён ды не пусціў на парог госця, асабліва палачаніна?
— Тады — у сядло!
Раман лёгка ўскочыў на каня, паехаў побач з Гваем. Баярыч быў, вядома ж, задаволены, што чалавек, на якога ён ледзь не маліўся, будзе начаваць у ягоным доме, але словы пра бацьку, сказаныя Раманам, непрыемна ўкалолі самалюбства, і ён, каб неяк згладзіць, выгнаць з душы няёмкасць, накінуўся на свайго халопа.
— Гняздзіла, чаму адстаеш, едзеш як мокрая курыца? Глядзі, бізун заходзіцца каля тваіх плячэй!
Маўклівы Гняздзіла ўжо даўно прывык да нечаканых успышак гаеву ў свайго маладога гаспадара і таму спакойна выслухаў чарговую пагрозу баярыча. «Хай пакрычыць, — разважаў канюшы. — Крык не бізун, ад яго скура не свярбіць».
Шчаслівы Гвай, адразу ж забыўшыся пра халопа, ехаў стрэмя ў стрэмя з Раманам, і радасна ёкала сэрца, як у маленькага зайчыка, што ўпершыню выбег у неабсяжнае поле з-пад бацькоўскага куста. Як ён любіў зараз Рамана! Старэйшы таварыш-аднадумнік уяўляўся яму Аляксандрам Македонскім. Хавайцеся ў свае пустыні, персы! Дрыжы, Індыя! Ідзе на вас магутны непераможны Аляксандр, цар цароў, і побач з ім яго адважны збраяносец. «Усё аддам за Рамана, — расчулена і ўзнёсла думаў баярыч. — Брашно сваё, і жыццё сваё. Славу разам з ім вялікую здабуду».
Рамана ж у гэты час дапяклі самыя будзённыя, самыя зямныя думкі. Яму, былому старшаму дружынніку князя Усяслава, за апошні сонцаварот столькі давялося перацярпець. На Нямізе яго паранілі кап'ём у левае плячо. Доўга лячыўся ў зялейнікаў, а калі ўзняўся на ногі, Усяслава павезлі ў Кіеў, у поруб, дружыны князевай не было. Рухнуў свет, раней такі звычны, такі ўстойлівы і зразумелы. Раней князь быў пчалінай маткаю, а яны, дружыннікі, — нястомнымі пчоламі. Па сядміцы з сёдлаў не злазілі, Полацку і князю славу здабывалі. Куды толькі не дабягалі іхнія баявыя коні! Да Ноўгарада і Смаленска, да ракі Наровы, дзе ў цёмных пушчах жывуць яцвягі, да Варажскага мора, куды нясе вясновыя крыгі Дзвіна, нямоўчны полацкі Рубон. Разбілі, запаланілі Усяслава, і няма да каго галаву прыхіліць. Не сахой ці ганчарным кругам, а мячом прывык здабываць свой хлеб Раман. Меч застаўся, вось ён, цяжка вісіць на левым сцягне. Толькі няма таго, каму гэты меч хоча верна служыць, няма князя Усяслава, а ў Полацку сядзіць Мсціслаў. Вотчынай Рагвалодавых унукаў валодаюць Яраславічы.
— Хутка прыедзем, — весела сказаў Гвай. — Ужо агонь бачу. Кацера не спіць, мяне чакае.
— Хто гэта? — спытаўся Раман, пачуўшы незнаёмае імя.
— Кацярына, малодшая сястра, — растлумачыў Гвай. — Прыгожая. Ды ты сам убачыш, Раман. Яна ўсё ведае. Яна за нас, — ціха дадаў ён.
— Што яна ведае? — рэзка спыніў каня Раман. Гвай разгубіўся.
— Што ж ведае Кацера, баярыч? — насядаў Раман. — Няўжо ты расказваў пра начную дружыну, пра ўсіх нас?
— Яна нікому не выдасць, — горача запярэчыў Гвай, і голас ягоны дрыжаў. — Гэта мая родная сястра. Яна бачыла ўва сне Рагнеду. Кацера за Полацк, за нас.
Баярыч ледзьве не плакаў. Але Раман, раптоўна адчуўшы вогненны шал крыві ва ўсім целе, крута развярнуў каня.
— Куды ж ты? — саскочыў з Дубка ў начную гразь Гвай. — Прашу цябе, Раман, брат мой названы, застанься. Прашу цябе. Вазьмі нож і адрэж мне язык, калі сястра скажа каму хоць слова. Ды я яе сам заб'ю, задушу, хоць няма на свеце чалавека радней, чым яна.
Раман пранізліва гнянуў на ўшчэнт разгубленага баярыча, падумаў, сказаў сухім чужым голасам:
— Толькі адну ноч я пабуду ў цябе. Заўтра з сонцам паеду.
I ні слова — куды паедзе, з кім паедзе. Катаваннем душы быў такі недавер для Гвая.
Цёмнай аграмадзінай выплыла маўклівая баярская сядзіба, абгароджаная шчыльным дубовым тынам. Пакуль што маўчалі сабакі, не пачулі верхавых, бо вецер дзьмуў якраз у твар начным гасцям. Толькі кропелька святла ззяла ў густой цемры — Кацера не спала, чакаючы брата.
Раптоўна, як сшалеўшы, узышліся, затрывожыліся сабакі. Звонкі гучны брэх раскалоў цішыню. Засвяціліся паходні, свечкі. Босыя ногі зашлёпалі па баярскім двары.
— Хто будзеце, начныя госці?! — пагрозна крыкнуў з-за тыну, мяркуючы па голасе, ужо стары чалавек.
— Адчыняйце! Гэта я, — адказаў Гвай.
— Хто з табою, баярыч? — не сунімаўся старэчы голас.
— Адчыняй, Сцяпан! — раздражнёна загадаў Гвай. — Са мной мой сябра, і мы здыхаем з голаду.
Грукнула цяжкая завала. Дубовая, абабітая жалезнымі палосамі брама неахвотна расчынілася. Маленькі светлагаловы дзядок з паклонам сустрэў Гвая, сказаў пабачліва:
— Шмат злых людзей, галаўнікоўраспладзілася на зямлі. Здрадныя душы ў іх. Маглі, баярыч, захапіць цябе падманам або сілаю і прывесці да сядзібы, каб за тваімі шырокімі шіячамі на двор уварвацца.
— Стары ты ўжо. Ледзь ківаешся, — весела паляпаў Гвай Сцяпана па худым плечуку.
— Стары, — згадзіўся пакорліва той. — I дурны. А вунь і баярын Аляксей ідзе. Чакаў сынка.
Гвай імкліва пайшоў насустрач бацьку. Баярын Аляксей быў высокі, з шырокай чорнай барадой, з вялікім гарбатым носам. Чэлядзь надворная, грудзячыся наўкол, трымала запаленыя паходні, і ў няроўным зменлівым святле твар у баярына то цямнеў, то рабіўся залаціста-жоўтым. На плечы баярын накінуў лісіны кажух, абшыты ўзорыстым ляшскім золатам. На нагах у яго боты з цвёрдай звярынай скуры.
— Дзе гуляеш, сын? — строга сказаў баярын. Гвай зняў з галавы шапку, нізка пакланіўся бацьку.
— У Полацк ездзіў. У кастарэза Ільі быў, як ты мне, бацюхна, загадаў. Рэжа Ілья з вялікага зуба, што знайшоў у сухім балоце пад Палатою, аклад для нашага святога пергамену. Да Пакроваў абяцаў зрабіць.
— I колькі ж хоча Ілья за сваю разьбу? — прыжмурыў цёмныя вочы баярын.
— Шэсць грыўняў.
— Шэсць грыўняў? За такое срэбра я магу купіць дванаццаць свіней або дзве кабылы. Трыста аўчын магу купіць.
— Святы пергамен не прыкрые ў сцюжу, як аўчына, але ён дасць вечнае святло, — раптам умяшаўся ў іхнюю гаворку Раман, які стаяў поруч з Гваем.
— Хто гэта? — ва ўпор глянуўшы на госця, спытаўся ў сына баярын.
— Раман. Старшы дружыннік князя Усяслава, муж нарачыты і харобры, — паспешліва адказаў Гвай. Яму так хацелася, каб бацька ўпадабаў Рамана.
— Прашу адкаштаваць наш хлеб-соль, дарагі госць, — злёгку пакланіўшыся, роўным голасам прамовіў баярын Аляксей. Раман пакланіўся ў адказ.
У гэты час з верхняй зацемненай галерэі сядзібы данеслася звонкая дзявочая песня.


    Кляновы лісточак,
    Куды цябе вецер коціць?
    Ці ў луг? Ці ў даліну?
    Ці зноў пад кляніну?

— Кацярына! Кацера! — закрычаў Гвай. — Пад кляніну я прыкаціўся! Дадому прыкаціўся! I, захліпваючыся ад радасці, заспяваў у адказ:
    Кацера-цяцера
    На сасне сядзела,
    На мяне глядзела.

Неўзабаве Кацера выбегла надвор, кінулася на шыю брату. Столькі сястрынскай любові і пяшчоты жыло ў ёй, што ўсе заўсміхаліся, а стары халоп Сцяпан сухім кулачком раздавіў на шчацэ слязу. I гэта была не пачцівая рабская сляза, бо, вядома ж, што верны раб плача, калі плача ягоны ўладар, а сляза сапраўднага замілавання.
Паміж пацалункаў і шчаслівых слёз, паміж вохаў і ўзаемных роспытаў заставаўся спакойным толькі адзін Раман. Ён уважліва і неяк строга пазіраў на Кацеру збоку. «Прыгожая крывічанка, — думаў ён. — Прырода не пашкадавала для яе свайго хараства, агню і мёду. Адразу відно, што заўсёды жыве паміж пушчаў і палёў. Твар чысты, загарэлы, як бы свеціцца знутры сонечным святлом. А валасы! Ядвабны мяккі лён. Такія валасы павінны быць халоднымі, як струмені лясной ракі. Яны здымаюць боль з самай пякучай раны».
Ён адчуў, што занадта глыбока пагружаецца ў зманлівую небяспечную плынь сваіх мрояў, і таму сярдзіта нахмурыўся, прыкусіў шырокімі белымі зубамі губу, рукою дакрануўся да мяча. Так ён рабіў заўсёды, калі хацеў стрэсці, скінуць з душы залішнюю мяккасць і чуллівасць. Меч, дотык да мяча напамінаў пра суровасць жыцця.
На шыі ў Кацеры дробненька звінелі буйныя шкляныя пацеркі з пазалотаю. Здавалася, ручаёк абвіў ёй шыю. Срэбныя, сплеценыя з тонкага дроту бранзалеты ззялі на запясцях. Уся яна была зграбнаю, лёгкаю, як лугавы ветрык. Яна заўважыла нарэшце Рамана, запытальна глянула на брата.
— Гэта Раман, — узбуджана сказаў Гвай. — Лепшы меч Полацкай зямлі.
Твар у Кацеры ўспыхнуў. Яна пакланілася Раману, і Раман пакланіўся ёй у адказ, і абое адчулі, як нейкая іскра, пакуль яшчэ слабая і няўлоўная, прабегла паміж імі і адразу ж згасла. Але іскра гэтая толькі на адзін міг патухла, бо зноў вочы іхнія сустрэліся, і ўжо даўжэй пазіраў Раман на Кацеру, а яна з сарамлівай цнатлівасцю пазірала на яго.
— Ды кінь ты ўжо збродня гэтага, — беручы дачку за руку, сказаў баярын Аляксей, маючы на ўвазе сына свайго Гвая, а Раману раптам падалося, што відушчы баярын меціць у яго, начнога нечаканага госця. Раман уздрыгнуу, злёгку пачырванеў, яшчэ мацней ціскануў рукаяць мяча.
Начная трапеза ў баярскай святліцы была багатая мясам, віном і мёдам. Гвай ап'янеў, пачаў цалаваць сястру, бацьку не адважыўся. Потым памкнуўся пацалаваць Рамана, але той вывернуўся, сказаў:
— Я не дзяўчына.
Баярын Аляксей піў нямала, ды свежасці галавы не траціў, усё прыкмячаў. Грсць, што прыехаў з сынам, яму спадабаўся, але ўсім нутром, усім сваім абвостраным нюхам адчуваў ён, што нейкая тайна лучыць Гвая з Раманам. А ў сваёй вотчыне і ў сваёй сям'і ніколі не цярпеў баярын ніякіх тайнаў. Ён бачыў, што ў сынавым сяброўстве з начным госцем верхаводзіць, вядома ж, Раман. Слабая костачка ў Гвая, слабая душа. Тут ужо што маеш, то маеш. Ад прыроды такі Гвай — ляціць, як матылёк, на моцных людзей, свайго голасу няма, ёсць толькі свой віск. «Няўдаліца, — думаў баярын пра сына. — Хіба такога я хацеў займець наступніка? А ўсё жонка...» Ён з прыкрасцю ўспамінаў нялюбую, вечна хворую баярыню Волыу I зараз яна ляжыць недзе ў цёмнай апачывальні, стогне, скардзіцца Богу на свае хваробы. Хіба можа халодная кроў нарадзіць гарачую? 3 дачкой Кацярынай іншая справа. У бацьку ўдалася норавам і рухам.
Баярын з любасцю паглядзеў на дачку і раптам перахапіў позірк, які Раман кінуў на Кацеру. «Ах ты кот памаўзлівы! — у думках аж захлынуўся ад гаеву баярын. — Куды вокам учапіўся?! У дачку маю. У баярышню. А хто ты сам? Целяпаецца ля пояса меч, і ўсё. У мяне такіх мячоў поўная камора. Не, галубок. Прыйшоў з віроў і ідзі туды ж».
Баярын шумна ўзняўся, перахрысціўся на бажніцу, сказаў:
— Будзем спаць класціся. Чалядзіны, тушыце свечкі.
Раман спаў на велізарнай мядзведжай шкуры. Не, ён не спаў, падклаўшы пад галаву рукі, ляжаў на спіне, глядзеў у цемру перад сабою. Недзе павук кавенчыў муху, што на сваю бяду трапіла ў павуціну, але вельмі хутка муха змоўкла, і зрабілася ціха, ціха да дрыжыкаў ва ўсім целе, да млоснага страху. Здавалася, што раптоўна вымерла ўся баярская сядзіба — не гаварыў чалавек, не ржаў конь, не мяўкаў кот, не лопаў крыллем певень. Няўжо ўсё так моцна спіць? Няўжо Кацера таксама спіць?
Раману хацелася, каб прыгожая дзяўчына не спала, каб яна, як ён, услухоўвалася ў глухую цемру, чагосьці чакала, як і ён. Але чаго ён чакаў? Якое святло магло ўспыхнуць у апраметнай цемры, каб ад з'яўлення гэтага святла соладка і балюча ўздрыгнула душа? Ён не ведаў. Ён чакаў.
Па-кашачаму ціха ступала ноч, ваўкавокая ноч, велізарная ноч. Сваім полагам яна зацягнула неба і зямлю ад Полацка да Кіева, крочыла праз пскоўскія лясы, праз чорныя гразі смаленскія аж да цёплага васільковага мора, дзе ў шаломах мёртвых віцязяў жывуць каменнаскурыя крабы і залатапёрыя рыбы. Ноч адным сваім крылом слаба шалясцела над бяссонным Раманам, другім дакраналася да поруба, у якім пасля доўгіх размоў з пячэрскімі чарняцамі зноў пасадзілі князя Усяслава. Нікому не было паратунку ад ночы. Болыдасць людзей скаралася ёй, і людзі засыналі, хто з трывогаю, хто з надзеяй. Той жа, каго не перамагла ноч, не спаў, да драбніц прыпамінаў пражыты дзень, пражытае жыццё.
Баярыну Аляксею таксама не спалася. Пра сына Гвая і пра дачку Кацярыну думаў баярын. Не з дабром (задаві яго гарой!) прыехаў сёння гэты князеў дружыннік Раман. Зваду, смуту прынёс у сям'ю. Глянуў вогненным д'ябальскім вокам і Кацярыну да сябе, як ланцугамі, прыкаваў. Ужо казала чалядзінкам, што дужа падабаецца ёй прыгожы Усяславаў грыдзень. Праўда, тое, што кажуць жанчыны, трэба запісваць не на пергамене і не на бяросце, а на паветры і на хуткаплыннай рачной вадзе, бо ўсё ў жанчын мяняецца, ніколі няма пастаянства ў доўгавалосых і доўгаязыкіх Евіных дачок. Ды баярын добра ведаў Кацярыну і непакоіўся за яе, бо мела яна бацькаў нораў — гарачы і неадступлівы.
Адразу ж успыхнула злосць на Гвая, на сына. Дуралей, дурдоля, ярыга. Шастае па зямлі, як вецер. Няма клёпу ў галаве. Адно ведае — піць, гуляць, а як вып'е лішняе, затуманіцца і цягне на бацькаў двор усіх сваіх хаўруснікаў.
Баярын Аляксей гнеўна ўзняўся з шырокага одра, памацаў рукою і запаліў свечку. Потым пашукаў вачамі, каб якое радно накінуць на плечы, але нічога не знайшоў, злосна плюнуў. Так і пайшоў да сына ў сподняй кашулі, з адкрытай валасатай грудзінаю.
Гвай спаў, згарнуўшыся ў клубок, нешта мармытаў ува сне, чвякаў мокрымі губамі. Баярын у нейкім шаленстве схапіў сына за вуха. Яно было мяккае, ружовае.
— Уставай, змяёк ты гэткі! — злосна прашыпеў баярын. Поўную волю голасу не даў, не хацеў, каб Раман і чэлядзь пачулі.
Гвай усхапіўся, сеў. Вочы былі спалоханыя, туманныя. Баярын пляснуў сына па шчацэ, праўда, нямоцна, а толькі дзеля страху.
— Каго з сабою прыцягнуў? — пранізваючы Гвая навылёт чорнымі бліскучымі вачамі, запытаўся Аляксей.
— Бацюхна, за што караеш? — прыкрыў шчаку далонню Гвай. Ён усё яшчэ ніяк не мог прачнуцца, і думалася яму, што б'юць яго і аб нечым пытаюць у яго ўва сне.
Тады баярын пачаў дзейнічаць ужо болын спакойна і разважліва. Узяў залачоны рамейскі кубак, зачэрпнуў вады з дубовага, акаванага жалезнымі абручамі вядра і плюхнуў халоднай вадою сыну ў твар. Гвай на імгненне захліпнуўся, потым затрос галавою, залямантаваў:
— За што караеш?! У чым я вінен перад табою?
— Ціха, ірадава семя, — асадзіў сына баярын. — Каго, пытаюся, прывалок з собою?
— Я ж казаў, — нарэшце ачомаўся Гвай. — Гэта Раман. Лепшы меч Полацкай зямлі.
— «Лепшы меч», — перадражніў яго баярын Аляксей. — Цьфу ты, душа баламутная. Нагаварылі яму, наплялі, а ён і паверыў.
— Ды я сам бачыў, як Раман б'ецца мячом, — горача запярэчыў Гвай. — Няма яму роўні.
— Ну й што? Што табе з таго? Ты — баярскі сын. Памру, табе вотчыну пакіну. А ён — трава прыдарожная. Кажы, на якую справу цябе ён спакушаў? Ну!
Баярын Аляксей зноў замахнуўся. Гвай спалохана зірнуў на цяжкую бацькаву руку, пабляднеў, з напругаю разлепліваючы губы, ціха сказаў:
— Хоча ён князя Усяслава з поруба вызваліць.
— Зжыўшы лета ды ў маліны, — аж прысвіснуў баярын. — Вызваліць Усяслава хоча. Ды Усяслава ўся кіеўская раць пільнуе. I каму патрэбен сёння ягоны Усяслаў? Мне? Табе? Дзякаваць Богу, князь Мсціслаў Ізяславіч нас, полацкіх баяр, не крыўдзіць. Жывём за новым князем як за каменнай сцяной. Ніякага згану Мсціслаў у нас не мае. Кажы, ты даваў згоду гэтаму Раману?
— Даваў, — паныла адказаў Гвай.
— Ах ты, ярыга! — зноў даў баярын кухталя сыну. — У пограб замкну! На ланцуг пасаджу! Сырую рэпу будзеш у мяне жэрці! На калені, змяёк, а то паклічу халопаў з кіямі і зашкурная кроў з цябе свісне!
Змярцвелы Гвай паваліўся разгаеванаму бацьку ў ногі. Адразу вылецелі з галавы хмель і сон, бо ведаў, добра ведаў бацькаву злосць і сілу.
— Згультаіўся, ні на пса не годзен, — гаварыў, астываючы, баярын Аляксей. Прыемна яму было бачыць смірнага пакорлівага сына.
— 3 гэтым цемруком я цябе разлучу, — ужо зусім лагодна паабяцаў ён Гваю. — Навошта табе такі звадыяш?
А Гваю раптам успомнілася возера Валовае, ноч, маўклівы каменны ідал, вецер над узгоркам, твары сяброў і Раманавы словы: «Калі Бог злучыць, чалавек не разлучыць». Яму раптам так стала шкада сябе, слабага, прыніжанага, нявольнага, аж цёплая бліскучая вільгаць накацілася на вочы.
— Во-во, — падахвоціў бацька, — і мужчыну не грэх паплакаць, абы людзі не бачылі.
Ён нагнуўся, пагладзіў сына па галаве.
Не спала ўсю ноч і Кацера. Малады прыгожы госць стаяў уваччу. Як ні старалася яна забыцца пра яго, што ні рабіла — і малілася, і піла настой з горкага пустырнага зелля, што наганяе сон і млявасць на чалавечую душу, нічога не дапамагала. Тады яна паклікала чалядзінку Хадоску, расказала ёй пра сваю пакуту, і тая, пад вялікім сакрэтам, прынесла да баярышні ў святліцу трынаццаць парадзіх. Гэта былі маленькія жаночыя фігуркі, вылепленыя з гліны ўперамешку з зернем гароху, пшаніцы і жыта. Парадзіхі спрадвеку ахоўваюць жанчыну, даюць ёй весялосць і жыццёвую сілу. Хадоска прымусіла Кацеру распрануцца, замерці пасярод святліцы, а сама, асцярожна ставячы на паддогу вакол баярышні гліняныя фігуркі, акружыла яе святой сцяною з дванаццаці парадзіх. Трынаццатую ж аддала Кацеры, строга сказала:
— Разбі яе, баярышня.
Кацера спалохана трымала ў руках чырвоную бязвокую фігурку. Нейкі страх сціснуў сэрца. Нельга было варухнуць рукою. Калі б такое ўбачыў бацька, перапала б і Кацеры і Хадосцы. Асабліва Хадосцы. Бацька хрысціянін, і ўсё паганскае, усё даўнейшае для яго — дзікія лясныя прымхі. Сваіх чалядзінаў ён дужа строга карае за любоў да старых багоў. Ён, кажуць людзі, і князя Усяслава ненавідзіць за тое, што той не асабліва стараўся знішчыць паганскія капішчы.
— Разбі, баярышня, — зноў сказала Хадоска.
Разгубленая Кацера стала на калені, лёгенька стукнула галоўкай глінянай фігуркі аб дубовую падлогу. Парадзіха развалілася. Камячкі сухой гліны з жытнімі зярнятамі ляжалі на падлозе.
— Плюнь на прах і тлен тройчы, — загадала чалядзінка баярышні.
Кацера паслухмяна выканала загад. На душы была спустошанасць, нібы статак дзікіх тураў вытаптаў душу. Кацера заплюшчыла вочы.
— Сядзі так да трэціх пеўняў, — сказала Хадоска. — I не пераступай цераз святы круг.
Чалядзінка, патушыўшы свечку, пайшла, і Кацярына засталася адна ў паўзмроку з маўклівымі бязвокімі парадзіхамі. Страх з яшчэ большай сілаю наляцеў на дзяўчыну, сваімі халоднымі кіпцюрамі ўпіўся, здаецца, у самае сэрца. Тады яна левай рукою намацала ў сябе на грудзях бронзавы нацельны крыжык, паднесла яго да вуснаў, горача пацалавала. Страх трошкі адпусціў. Але раптам са змроку (ці гэта ёй здалося, ці было на самай яве?) пагрозна бліснулі круглыя вогненныя вочы. Яны прапякалі душу навылёт. «Клетнік, — змярцвела Кацярына. — Дух, які аберагае клеці і свірны. Ён чуе агонь і папярэджвае гаспадара аб небяспецы, з'яўляючыся або ў сне, або ў цемры».
Ды ўсё ціха было ў баярскай сядзібе — ні зыку, ні скрыпу, ні агнінкі-святлінкі, і паступова Кацера супакоілася, пачала думаць пра Рамана. Жывучы між пушчаў і лугоў, дзе заўсёды спявае вецер, то злы, віхурны, то пяшчотна-бестурботны, дзе ў непагадзь глуха шумяць чорна-срэбныя азёры, дзе тоненька пазвоньвае сухі чарот, яна зч маленства насіла ў самай патаемнай глыбіні душы песню. Тая песня была з ёй і ўцзень, і ўначы, не мела слоў, быццам нехта назаўсёды нацягнуў, уплёў Кацеры ў сэрца нямоўчную срэбную струну. Тая песня адгукалася на кожную драбніцу, што хвалявала маладую душу. I часам, ходзячы каля Дзвіны або седзячы ля акенца сваёй святліцы, Кацера нешта напявала невядомае самой сабе, нешта шаптала. Тады чаляднікі казалі: «Зноў наша баярышня моліцца Хрысту. Пэўна, адна ёй дарога — у манастыр. Быць ёй богавай нявестай». Баярын Аляксей, чуючы такое, хмурыўся, камечыў у велізарным кулаку бараду. Ён любіў прыгажуню дачку, жадаў ёй шчасця, але, хоць і жыў у набажэнстве, хоць моцна верыў усяму нябеснаму, не мог пагадзіцца, што найлепшае дзявочае шчасце — у манастыры. Разы са два ён паказваў дачцэ, запрашаючы на бабровыя ловы, жаніхоў, сыноў знаёмых баяр, ды на Кацеру ўсе яны зрабілі такое ж уражанне, што й лугавыя чмялі — мітусяцца, гудуць, п'юць мёд у сваіх яркіх, нібы жаночых, строях.
I вось цяпер, седзячы на дубовай падлозе пад пільнай аховай безгалосых парадзіх, Кацера адчувала, як ажывае, пякуча звініць у глыбіні душы таемная трывожная струна, якую крануў, сам таго, пэўна, не заўважыўшы, малады Усяславаў дружыннік. Вялікі страх браў Кацеру, але не клетніка яна ўжо баялася, не хітрага бясшумнага дамавіка з мяккімі валасатымі пальцамі, а таго нечаканага пачуцця, што ўспыхнула ў ёй і разгаралася, і не было ад зманлівага салодкага полымя ніякага паратунку. У дзікаватай, заглыбленай у свае незразумелыя староннім думкі дзяўчыне прачыналася жанчына. I не адну толькі радасць несла з сабой гэтае прачынанне. Былі ў ім туга па незваротных юных днях, якія болей не паўторацца, па ранішніх беласнежных лілеях, якія ўсплывуць, вядома ж, не раз яшчэ ўсплывуць з чорных прадонняў азёр, але ўжо не ддя яе. Дзявочая душа, кожная ў свой час, павінна перарадзіцца, пераліцца ў душу жаночую, больш мудрую і шчодрую. «Навошта Гвай запрасіў да нас Рамана? — разгублена думала Кацера. — Каб я яго не ўбачыла, я спявала б свае песенькі, слухала шум лесу і ракі. I ўсё было б добра, усё было б добра...» У такіх думках, у такіх бяссонных мроях мінулася ноч.
Назаўтра баярыня Вольга, убачыўшы дачку, слаба шіяснула хворымі рукамі, усклікнула:
— Авохці мне! Што з табой, Кацера? Ці здаровая ты?
— Здаровая, матуля, — адказала Кацера і пацалавала маці ў бледную халодную шчаку. Яна любіла маці, моцна любіла, але жаласлівай любоўю, і таму ніколі не адкрывала ёй сваіх сардэчных таямніцаў.
Баярын Аляксей адразу ж здагадаўся, які чарвяк точыць румяны яблычак. «I сына і дачку хоча ў адну кішэнь увапхнуць», — з гняўлівай злосцю падумаў ён пра Рамана. Але госця не гоняць з двара, вялікі грэх і сорам адмовіць у прытулку падарожніку, і баярын, прыязна ўсміхаючыся, зноў пачаў частаваць Рамана. Улучыўшы ж хвілінку, загадаў свайму вернаму цівуну Макарыю конна імчаць у Полацк і перадаць ваяводу Ануфрыю аб змове, якая учыняецца супраць яго і Юева. Макарыю не трэба было паўтараць, — толькі рыжы конскі хвост мільгануў над Дзвіной пасля баярскіх слоў.
Гвай піў мала, стараўся не глядзець у вочы Раману. Каб хто сказаў яму раней, што ён, Гвай, можа зрабіцца здраднікам, прадаць блізкага чалавека, ён раскалоў бы за такія словы крыўдзіцелю чэрап. Ды не ўстаяў перад бацькам, зламаўся, расказаў пра начную дружыну, пра ўсе клятвы і адчуваў цяпер сябе нібы ў пекле на гарачых вострых вілах.
А Кацера з Раманам усё смялей усміхаліся адно аднаму, ужо разам кветкі рвалі на стромкім беразе Дзвіны. I столькі радасці было ў вачах, што кожны, хто глянуў бы на іх у гэты час, адразу б сказаў: «Закахаліся. 3 адной крыніцы паіў іх Бог».
«Па кажуху і рукаў шукай», — шалеючы ад гневу, думаў між тым баярын Аляксей. Ніколі таму не быць, каб баярская дачка мілавалася з бязродзічам. Што з таго, што гэты Раман княжы дружыннік? Дзе ягоны князь? Сядзіць, як чарвяк, пад зямлёю. Князь толькі той, хто сілу мае, уладу, харобрую дружыну, перад кім сама шапка з галавы на зямлю валіцца.
Кацера ж, як сапраўднае дзіця лугоў і пушчаў, цалкам аддавалася сваёй радасці. Весела і хораша было ёй. Струна ў глыбіні душы спявала на поўны голас, і Кацера, не хацела спыняць гэту шчаслівую песню.
— Вой, — сказала яна, смеючыся, Раману, — Гвай хваліў цябе, што дужа добра ты мячом і дзідай б'ешся. Праўда?
— Можа, і праўда, — сціпла прамовіў Раман.
— А ці можаш ты ў казіны рог згуляць?
— Ніколі не гуляў, — прызнаўся Раман.
— Эх ты. А яшчэ Усяславаў грыдзень. Ілядзі.
Кацера хуценька сабрала чалавек дваццаць маладых чалядзінаў, баярскіх радовічаў, усіх, хто быў у гэты час на двары. Яны ўзялі загадзя падрыхтаваныя доўгія арэхавыя кіі, круглы драўляны шар, падзяліліся на дзве дружыны і з аглушальным радасным лямантам пачалі заганяць шар за выкапаную ў зямлі рысу. Кожная дружына імкнулася як найхутчэй загнаць шар за рысу праціўніка. Вэрхал стаяў несусветны, пот блішчаў на шчоках, з гучным ляскам сутыкаліся, скрыжоўваліся кіі. Відно па ўсяму, не першы раз бачыў шырокі баярскі двор такую гульню-сечу. Але самае нечаканае ддя Рамана было тое, што прыгожая Кацера таксама схапіла кій і рынулася ў самую гушчу гульцоў. «Ну й дзяўчына», — аж прыцмокнуў языком Раман.
— Баярышня! — загудзелі распараныя, задыханыя чалядзіны і радовічы з абедзвюх дружын. — Баярышня, стой за нас!
Драўляны шар скакаў, мітусіўся, як смяртэльна перапалоханы зайчык, па траве. 3 усіх бакоў яго лупілі кіямі.
— Загаалі ў казіны рог! — загрымела раптам на двары, і гэта азначала, што шар перакаціўся за рысу. Пераможцы радасна замахалі кіямі, а тью, што прайгралі, унурыліся, кулакамі выціралі з чырвоных твараў пот.
— Ці доўга, вой, у нас пагасцюеш? — спыталася Кацера, падыходзячы да Рамана.
— Раніцою паеду, — адказаў Раман.
I абоім адразу зрабілася сумна. Кацера адчула, як змаўкае струна, што так весела, так бесклапотна звінела ў душы. Твар у баярышні пацямнеў.
— Кацярына, скажы Гваю, што мне трэба з ім пагаварыць, — папрасіў Раман. — Хай не хаваецца ад мяне. Я ж бачу, што ён хаваецца. Хай прыйдзе, і мы пагаворым.
Але Кацера быццам не чула Раманавых слоў. Стаяла, з болем і надзеяй пазірала на дружынніка.
— А чаму ж ты, Раман, нічога не хочаш сказаць мне? — раптам ціхім голасам прамовіла яна.
Раман уздрыгнуў. Шчокі запалымнелі. Дыханне перарвалася.
— Ты самая лепшая з дзяўчат, якіх я бачыў, — сказаў ён. — Ты сама не ведаеш, якая ты харошая. У мяне толькі ёсць меч, шчыт і войскі конь. I ў мяне ёсць князь Усяслаў, якога я павінен выбавіць з няволі. Каб я мог, я б усё княства, усё брашно зямное адцаў бы табе, Кацера.
— Праўда? — аж засвяцілася баярышня.
— Вось табе святы крыж.
— Ой, Раман, — усклікнула Кацера. — I ты ж такі харошы, такі харошы.
Яна не ведала, што сказаць далей, не знаходзіла слоў, ды раптам махнула смуглай рукой, выдыхнула:
— Пабягу шукаць Гвая. Зараз прывяду.
Раман глядзеў ёй услед, любаваўся зграбнай паставаю і з сумам думаў аб тым, што не можа адказаць пачуццём на пачуццё, бо ў святой полацкай Сафіі даў зарок служыць да канца сваіх дзён князю Усяславу, толькі яму аднаму. Пакуль князь у цямніцы, няма шчасця дружынніку Раману.
Падышоў Гвай, насцярожаны і разгублены. Моўчкі стаў насупраць Рамана, вочы вярнуў убок.
— Раніцою едзем, — строга сказаў Раман. — Больш не пі віна. Загадай чаляднікам, каб коней у дарогу рыхтавалі. Дарога доўгая.
— Я захварэў, — як дзіця, схлусіў Гвай. — I не магу з табою ехаць, Раман. Клянуся Богам, я захварэў.
У Рамана гнеўна заблішчалі вочы. Ён яшчэ ўчора зразумеў, здагадаўся, што баярскі сынок нешта надумаў — гнецца туды-сюды, як пусты колас, коўзаецца, як лінь у руках. Захацелася крыкнуць, нават ударыць Гвая, але Раман звалодаў з сабою, ціха сказаў, сурова прыжмурыўшы вочы:
— Што ж... Калі заварка дрэнь, меч сыплецца, меч саламяны робіцца. Толькі барані цябе Бог, баярыч, сказаць некаму пра начную дружыну, пра клятвы нашы. Помні — прыбяжыць ваўкалак і перагрызе горла.
Гвай пры гэтых словах пабляднеў, пахіснуўся.
— Ты ўжо сказаў, — здагадаўся Раман. — Ты сказаў свайму бацьку. Ах ты, пярэварацень! Гніладуш!
Рука сама сабою пацягнулася да мяча. Гвай з перапалохам ікнуў і кінуўся наўцёкі. I ў гэты час адусюль — з церама, з клецяў, павалуш і халодных істопак — выбеглі баярскія людзі, хто з кап'ём, хто з дубінаю або кухонным нажом. Стары надворны чалядзін Сцяпан спусціў са шворкі вартавых сабак, і яны з лютым гыркам рынуліся на Рамана. Першага пса, вялізнага, ікластага, Раман разваліў узмахам мяча. Другі пёс упіўся ў левую нагу, але Раман вольнай нагою так ударыў яго пад дых, што пёс клубком адляцеў убок, завішчаў і заціх.
Баярская чэлядзь, як спатыкнуўшыся, спынілася наўкруг Рамана. За дзесяць сажняў ад сябе ён убачыў злыя, але спалоханыя і разгубленыя вочы. Ніхто не адважваўся першы кідацца на меч, што ўжо чырванеў сабачай крывёю.
— Чаго стаіцё?! — раз'юшана закрычаў баярын Аляксей. — Камянюкамі яго! Камянюкамі!
Чэлядзь пачала збіраць каменні і шпурляць у Рамана. Ён спрабаваў прыкрывацца шчытом.
— Так ты гасцей шануеш, баярын?! — выгукнуў Раман, апусціўшыся пад градам камянёў на калені. — Бог цябе за гэта на тым свеце каменаваць будзе, у сцяну замуруе навекі.
У гэты міг аднекуль зверху, здавалася, з самага неба, прагучаў голас, які пачулі ўсе.
— Бацька! — адчайна крыкнула Кацера. — Глянь сюды! Калі ты не адпусціш жывым воя, я скокну ўніз, я разаб'юся!
Усе ўскінулі галовы. Кацера стаяла на самым вільчыку церама. Адной рукою яна трымалася за дубовы шост, на якім мацаваўся вясёлы расфарбаваны пеўнік, нагу занесла над безданню. Ніхто не мог даўмецца, калі і як баярышня апынулася там. 3-пад чырвонага какошніка вырываліся светлыя струмені валасоў.
Баярын Аляксей пахмурна глядзеў на дачку, потым вяла махнуў рукою. Твар у яго зрабіўся змаршчакаваты, стары. Чаляднікі выпусцілі з рук камяні, бязладнай маўклівай гурбою падаліся туды, адкуль выбеглі. Толькі сабакі засталіся нерухома ляжаць пасярод двара.
— Беражы цябе Бог, баярышня Кацярына. Век цябе не забуду, — сказаў Раман, цяжка ўзнімаючыся на ногі. Смылелі плечы, камень разбіў калена.
— I я цябе не забуду, Раман, — пабляднела Кацера. — Вазьмі мой абярог, няхай сілу табе дасць у далёкай дарозе-пуцявіне.
Яна заняла з тонкага смуглага запясця срэбны бранзалет, кінула зверху. Раман спаймаў бранзалет, пацалаваў, пакланіўся Кацеры.
— Дайце каня княжаму дружынніку, — загадаў баярын.
Адразу ж на апусцелы двор, трымаючы Раманавага каня на повадзе, вылецеў на вараным кані Гняздзіла, пэўна, даўно чакаў гэтага імгнення. Раман, прыкусваючы губу, павольна ўзлез на каня, яшчэ раз нізка пакланіўся Кацеры. Стары Сцяпан адчыніў браму, а сам усё глядзеў на сваіх нерухомых сабак, над якімі ўжо густа кружыліся мухі. Такія былі добрыя псяюкі!
— А гэты куды едзе? — ачнуўшыся ад здранцвення, тыцнуў пальцам баярын Аляксей у свайго канюшага Гняздзілу.
— Няхай едзе, — умольна папрасіў бацьку Гвай і апусціў вочы долу. — За мяне...
Баярын уважліва паглядзеў на сына, зморшчыўся, плюнуў і старэчай хадою пайшоў у церам...

 

Колькасць прачытаўшых: 2202
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007