Белавалод з Ульяніцаю, як і абяцаў Ядрэйка, атабарыліся ў ягонай істопцы. Не надта каб раскошнае было жытло, не княскае і не баярскае, але яны былі разам, заўсёды разам, мелі дах над галавою, ложак. А што яшчэ трэба закаханым? Жонка і дзеці сустрэлі Ядрэйку як прыхадня з таго свету. Жонка спачатку абамлела, меншы сынок схаваўся ў дзежку. Дзве сядміцы не было чалавека дома, звёз чалавека ў пушчу Іван Вогненная Рука, і вось зноў стаіць ён на парозе, пачэсвае круглы жываток і ўсміхаецца. — А вось і я! — весела закрычаў Ядрэйка, азіраючы сваю хатку. — Жонка ці звонка, дзеткі ці гудуць? Ды чаго ты, жонка, снапом валішся? — Ён з бярозавага карца папырскаў вадзічкаю ёй на твар. — Мерцвякоў назад не носяць, але ж я, дзякуй Богу, яшчэ не мярцвяк. Я яшчэ такі жывы, жонка, і ўначы ты гэта зразумееш. Паглядзі, якіх я двух анёлаў прывёў. У пушчы знайшоў, а мо яны мяне знайшлі. А дзе ж мае дзеткі? Дзе мае грыбкі-баравікі, лісічкі-сястрычкі? Неўзабаве хатка напоўнілася радасцю, шумам, смехам, слязьмі — усім тым, што злучае пасля доўгай ростані людзей, калі гэтыя людзі любяць адно аднаго. Белавалод з Ульяніцаю пазіралі на гэты вясёлы вэрхал, на белагаловых дзяцей, што дружна палезлі на Ядрэйку, як мурашкі на сагрэты сонцам пянёк, пазіралі на самога гаспадара, які нібы звар'яцеў ад доўгачаканай сустрэчы — то мяўкаў катом, то кукарэкаў пэўнем, шчасліва ціскаючы і абдымаючы дзяцей. — Ого-го! — крычаў Ядрэйка. — Які ж яшчэ жывы! Нясі, жонка, мёд, нясі рыбу, усё, што ёсць! Белавалод, уладкаваўшыся ў Ядрэйкавай істопцы, адразу пайшоў аглядаць горад, куды яго з Ульяніцаю прывёў лёс. Менск мясціўся ў сутоку Свіслачы і Нямігі, усцяж якіх рос густы лес. Горад ставілі на раўніне, толькі з паўночнага боку быў невялікі ўзгорак на правым беразе Свіслачы, і таму мяняне збудавалі магутны абарончы вал. Чатыры сонцавароты секлі лес, потым сасновыя бярвенні паклалі ў восем слаёў, засыпалі зямлёй, перамешанай з рачным глеем. Вал каля самага свайго падножжа быў шырынёю ў пятнаццаць сажняў. 3 унутранага боку вала ішла яшчэ адна паласа ўмацаванняў — складзеныя з драўляных зрубаў клеці, набітыя вязкай зямлёю. Пад сонцам і ветрам зямля гэтая ператварылася ў сапраўдны камень. Другая паласа ўмацаванняў была значна вышэйшая за першую, каля дзевяці сажняў. Як падумалася Белавалоду, не толькі ад нападу ворагаў клалі вакол горада столькі бярвенняў і зямлі. Ворагам тут, на балоцістай раўніне, была яшчэ й вада. Ад паводак ратаваліся мяняне, узводзячы магутны вал. Уязная брама з дубовай вежаю была прарэзана ў паўднёвай частцы вала. Вуліца Вялікая вяла ад брамы праз увесь дзядзінец да драўлянай царквы. Побач з царквою ляжалі кучы вялізных камянёў, і круглых, і абчасаных. Відно па ўсяму, Менск збіраўся будаваць каменны храм. На дзядзінцы драўляныя пабудовы стаялі ўпрытык, не было ні пядзі вольнай зямлі. Вузкія вулачкі былі замошчаны жэрдкамі і бярвеннямі. Паўсюль бялеліся і жаўцеліся трэскі — яшчэ нядаўна тут махалі сякерамі цесляры. Шмат добрай ежы мелася для агню, для пажару, які мог усхапіцца знянацку. Сустракаліся Белавалоду ў час ягонай праходкі па горадзе рукадзельныя людзі, купцы, баяры, але большасць мясцовага люду складалі воі-дружыннікі, у вастраверхіх шлемах, з чырвонымі шчытамі, з дзідамі ў руках, з суровасцю на тварах. Менск быў парубежным горадам Полацкай зямлі, з поўдня і захаду ў любы час маглі падступіць ворагі. Белавалод убачыў, што за валам амаль не было пасаду. Рэдка дзе туліліся хаткі, дый тыя хацелі зрабіцца непрыкметнымі. Тут, на парубежжы, чалавек яшчэ баяўся жыць у адкрытым полі, уціскваўся, шчаміўся за гарадскую сцяну. 3 напольнага боку вала каля чэзлага балоцістага ляска стаяла змрачнаватая будыніна — пацямнелы ад снегу і дажджу дубовы зруб з каменным крыжам наверсе. Людзі чамусьці абыходзілі гэта месца. Белавалод зацікавіўся, падышоў да лесвіцы, якая была прыбіта да сцяны зруба, залез наверх і ледзь не зваліўся адтуль. Зруб амаль па самы край быў напоўнены чалавечымі касцямі. Упавалку ляжалі шкілеты і чарапы! Вялікія і маленькія, цэлыя і пашкоджаныя. «Касцерня, — здагадаўся Белавалод. — Столькі людзей аддало Богу душу ў сечах, што не хапіла і рук, і сіл закапаць іх у зямлю». 3 дрогкасцю ў нагах паплёўся ён да Ядрэйкі і даў сабе зарок ніколі болей не набліжацца да гэтага страшнага месца. Ульяніца вельмі баялася, што менскі поп можа не абвянчаць іх, загадае вяртацца ў сваю весь, туды, дзе жывуць хросныя маці і бацька. Але Ядрэйка дамовіўся з папом, і неўзабаве ўсхваляваныя Белавалод з Ульяніцаю сталі перад аналоем. Радасць незвычайная была ў сэрцах. Сонца прамяніста ззяла над Менскам, і Ульяніцы здавалася, што гэта Бог усміхаецца ёй і Белавалоду са сваіх нябесных залатых палат. Чорнабароды поп у прыгожай рызе, абшытай спадолу залатымі карункамі, праспяваў святую песню, гледзячы ў стары пажоўклы пергамен. Потым узяў Белавалода за чупрыну, запытаўся строгім голасам: — Скажы мне, жаніх, ці можаш ты быць мужам гэтай маладой? Ці не будзеш біць яе калі-небудзь кулаком або кіем? Пакінеш яе ці не, калі будзе яна хворая, пакалечаная, карослівая? — Клянуся Богам, — адказаў Белавалод, — што буду ёй добрым мужам аж да самага канання. Тады запытаўся поп і ў Ульяніцы, ці будзе яна клапаціцца пра сям'ю, ці будзе яна даглядаць мужа, калі Бог пашле на яго кульгавасць, сухарукасць або слепату. Ульяніца паклялася быць вернай мужу да магільнага жвіру. Задаволены поп разам з дзякам надзеў маладым на галовы вянкі, сплеценыя з галінак дрэў і лугавых кветак. Вянкі былі абвіты ядвабнымі стужкамі, і на тых стужках былі словы: «Расціце і размнажайцеся». Потым поп, дзячок і Ядрэйка выпілі мёду. Пасля вянчання ў царкве вярнуліся да Ядрэйкі і, дачакаўшыся змроку, папрасілі згоды на свой шлюб у старых багоў, у Рода і ў парадзіх. Ядрэйчыха поўнай жменяю сыпала на галовы гарох і жыта. Сўхія гарошыны лёгенька стукаліся Ульяніцы ў лоб і шчокі, каціліся ва ўсе бакі. Белавалод адразу ж упрогся ў працу. Дастаў з хатулёў і торбаў усё сваё начынне, каб заўсёды быў пад рукою агонь, змайстраваў побач з істопкай невялікую гліняную печачку, наладзіў кавадла, малаткі і малаточкі, і неўзабаве з раніцы да самага вечара стаў чуцен з істопкі дробны няспынны стук. Здавалася, дзяцел дзяўбе старадрэвіну. Ядрэйкавы дзеці часцяком прыбягалі ў істопку, садзіліся наўкол і глядзелі на звяркоў і птушак, што, як жывыя, выплывалі з таемнай глыбіні металу. Белавалоду хацелася як мага хутчэй збыць тавар, зарабіць паболей нагатаў [Нагата — грашовая адзінка, дваццатая частка грыўні] і выкупіць у Ядрэйкі істопку. Ульяніца варыла есці, мыла і шыла, разам з жанчынамі хадзіла за гарадскі вал у грыбы і арэхі. Аднойчы купіла каля вала рагатую жаўтавокую казу, прывяла на павадку ў істопку. Белавалод адгарадзіў куточак, і пачала каза жыць разам з імі, ды такая аказалася разумніца, удаліца, што яны не маглі нарадавацца, слухаючы яе прарэзлівае, заўсёды нечаканае мэканне, п'ючы салодкае тлустае малако. Але міналі дні, і сум пачаў тачыць Ульяніцу. Белавалод, заняты сваім рукадзеллем, спачатку не заўважаў нічога, грукаў і грукаў малаточкамі. Ды хмаркі на светлым жончыным твары рабіліся ўсё больш цямнейшыя, і аднойчы Белавалод ласкава ўзяў Ульяніцу за плечы, запытаўся з трывогаю: — Што з табою? Слёзы, як спорны дождж, пырснулі ў яе з вачэй. — Карае мяне Бог, — несуцешна заплакала Ульяніца. — Карае за тое, што без бацькавага і матчынага благаславення пад вянец пайшла. Белавалод ушчэнт разгубіўся. — Чым жа ён карае цябе? — Не чую дзіцяці ў чэраве сваім. Сухое лона маё. Бясплоддзем карае Хрыстос. Усяго чакаў Белавалод, але не гэтага. Стаяў, гладзіў жонку па шіячах і не ведаў, што сказаць. Толькі й вымавіў: — Маліся святой багародзіцы. Яна пачуе. Якраз у істопку зайшоў Ядрэйка, прынёс рыбы. Глянўў на невясёлых маладых, бадзёра сказаў: — Чаго прыціхлі, птушачкі? Дзе шчабятанне ваша? Ёсць хлеба край — і пад елкай рай. А я вам вось да хлеба рыбы прынёс. Частуйцеся, Ядрэйку слаўце. Упершыню Белавалод з Ульяніцай не ўсміхнуліся ў адказ, толькі ціха кіўнулі галовамі, падзякавалі за пачастунак. Ядрэйка падазрона глянуў на іх, чмыхнуў носам, як вожык, пакрыўдзіўся. У наступную ноч з усёй страсцю, з горыччу і надзеяй аддаліся яны каханню. Потым Белавалод заснуў, а Ульяніца глядзела ў густы змрок, і слёзы павольна цяклі па шчоках. «Маці Божая, — У думках прасіла яна, — ты ўсё можаш. Дай мне дзіця. Зайчыха нараджае зайчанят, ваўчыха — ваўчанят, птўшка паднябесная выводзіць тушанят. Дай мне дзіця, дай сына, падобнага на майго мужа Белавалода. Ні аб чым я цябе не прашу, толькі аб гэтым». Праз нейкі час Ядрэйка, даведаўшыся ад жонкі пра бядоту Ульяніцы, сказаў Белавалоду: — Хавай свае манаткі, бяры Ульяніцу і паедзем у пушчу. — Навошта? — не зразумеў Белавалод. Ядрэйка засмяяўся. — Хачу зноў на тыя самыя бярозы ўзлезці і ўсю ночку пракукаваць. Люблю сядзець на бярозах. Мне б нарадзіцца птушкай, вось бы ўжо насвістаўся, на ўвесь свой век. Але заўважыўшы, што Белавалоду не да жартаў, растлумачыў: — Да святых людзей паедзем, да старцаў. Жывуць яны ў самым гушчары, у дрыгве, ад яснага сонца хаваюцца. Самі сябе рахманамі называюць і дужа здатнью людскія болькі лячыць. Збіраліся нядоўга. Раніцою селі ў лодку і, як толькі зайграла на ўсходзе сонца, паплылі ўніз па Свіслачы. Белавалод з Яцрэйкам, змяняючы адзін аднаго, веславалі. Ульяніца, сцяўшыся ў камячок, сядзела не варушачыся, глядзела на празрыста-сінюю ваду. — Гэтых рахманаў я пазалетась знайшоў, — расказваў Ядрэйка. — Лавіў баброў і пайшоў па лясных ручаях, што ў Свіслач уліваюцца. Такое там вербалоззе-рудоцце, а потым ельнік шчаціністы, ледзь ногі не зламаў. Прадраўся праз ельнік і там убачыў сцяну з бярвенняў. I дымок з-за сцяны віецца. Напалохаўся я, нібы цюцька. Ужо хацеў драла даць, аж раптам песня пачулася. Людзі за сцяною заспявалі. Няйначай, як у царкве. I галасы ўсё мужчынскія, жаночых не чутно. А я ж, баяры вы мае дарагія, чалавек дужа цікаўны. Падпоўз я на жываце да гэтага тыну, жывот у твані замачыў, але падпоўз. I якраз на маленькія варотцы натрапіў. Таўхануў іх лёгенька рукою, адчыніў. Бачу — пасярод двара людзі стаяць. Усе ў белых кашулях, падперазаных лыкам, басанож, а на галовах шапкі-аблавушкі. Былі там і дзяды барадатыя, і мужчыны, і хлапчукі-жэўжыкі. Адным словам, розны люд. Але ніводнай жанчыны. Паспявалі яны і змоўклі. Потым два дзецюкі аднекуль ідала драўлянага прывалаклі, падобнага на тых, што ад старых багоў засталіся. Думаю, маліцца будуць ідалу, аж яны схапілі дубцы, кійкі і хвастаць яго пачалі, біць. Ды б'юць з усяго пляча, не шкадуючы. Дрэву, вядома, не баліць, хоць ты аб яго лбом грукайся, але навошта ж злосць такая? Без прычыны, падумаў я, злосці не бывае. А колькі ж тых прычын на свеце! У нас у Менску катляра Арцёма хавалі, у труне за гарадскім валам неслі. Ціхі быў пры жыцці чалавек, добры, нікога, здаецца, не пакрыўдзіў. А людзям усё роўна не ўгадзіў, пасля смерці не ўгадзіў. Ішлі і бурчалі: «Дужа цяжкі. Несці цяжка». Вось так, дарагія вы мае баяры. Дык гляжу я ў гэтыя варотцы і думаю, што недарэмна ідала хвошчуць, ёсць нейкая прычына. I пакуль я да прычыны гэтай дадумваўся, схапіла мяне моцная рука за каршэнь, і гаркнуў чалавек над самым вухам: «Твой бацька хлявы зачыняў, як коней краў, а ты чаму вароты не зачыняеш?» Абамлеў я, баяры вы мае дарагія. I крыўдна зрабілася, бо ніколі бацька мой, царства яму нябеснае, ні макулінкі чужога не ўзяў. Азірнуўся я, а нада мною стары стаіць — барада, як снег, вочы ясныя, сінія, і гэтымі вачмі ў самую душу мне залазіць. — Хто ж гэта быў? — пацікавіўся Белавалод. — Рахман. Яны там усе — рахманы. Няма ў іх імёнаў. Прыходзіць да іх у пушчу чалавек і адразу імя сваё забывае. — Навошта? — здзівілася Ульяніца. — Каб я ведаў. I дзяцей яны не заводзяць. Кажуць, што дзеці рабоў толькі прыплод, а чалавек вольным павінен жыць. Рака між тым усё бегла і бегла ў пушчу, у глухамань. Некалі бура зваліла дрэвы, і па абодвух берагах ляжала, гніло тоўстае калоддзе. Доўгія сухія галіны тырчалі, нібы коп'і. Мноства звярыных сцежак вяло да вады, але ўдзень звяры былі асцярожныя, прытаіўшыся між хмызу і травы, чакалі вечаровага змроку. — Здаецца, тут, — сказаў нарэшце Ядрэйка і крута павярнуў дубоўку да велізарнага лазовага куста, які трывапа ўчапіўшыся ў бераг, кінуў амаль усё сваё зялёнае гнуткае вецце ў раку. Схавалі дубоўку ўсярэдзіне куста, выбраліся на багністы бераг, і пакуль дайшлі да сухой зямлі, добра падмачылі ногі. Белавалод расклаў цяпельца. Сядзелі на кукішках, сушыліся, і Ядрэйка павучаў: — Ні срэбра, ні золата ім не давайце. Плююцца, калі багацце ўбачаць. Для іх чым бядней жыве чалавек, тым лепей. — Што ж гэта за людзі такія? — не ўтрывала Ульяніца. — Пабачыце, баяры вы мае дарагія, — загадкава ўсміхнуўся Ядрэйка. — Мабыць, мніхі, а мабыць, ізгоі, — услых падумаў Белавалод. — Гэта не манастыр, — упэўнена сказаў Ядрэйка. — Быў я аднойчы ў манастыры, бачыў. Тут, у рахманаў, не манастыр. Сэрцы ў іх жывыя, гарачыя, а ў манахаў сэрцы халодныя. Толькі раз, раніцою, моляцца рахманы Богу, і ўсё. Пэўна, яны з ізгояў, з тых людзей, што ад сваіх абшчын, ад сваіх радоў адкалоліся. Але мінулае яны не ўспамінаюць, не любяць успамінаць. Ульяніцы рабілася страшнавата ад усіх гэтых слоў. Куды іх вядзе Ядрэйка? Навошта яны з Белавалодам згадзіліся ехаць у глухую пушчу, дзе жывуць незразумелыя, не падобныя на іншых людзей людзі? I толькі думка аб сваім дзіцяці давала ёй сілу і мужнасць. На дрэвах пачалі з'яўляцца засекі ў выглядзе стралы, што ляціць угору. Ядрэйка жвавей, ціхім голасам сказаў: — Іхнія знамёны. Тут у рахманаў бортныя дрэвы, тут, на лядах, сеюць яны жыта і гарох. Нарэшце сцежкі, якручайкі, замільгалі між дрэў, дымам запахла, пачулася звонкае гудзенне металу — нехта біў малатком па кавадле. I вось перад Ядрэйкам, Ульяніцаю і Белавалодам узнялася сцяна з тоўстых сасновых бярвенняў. Ні акенца нідзе не было, ні брамы. — Дзе ж твае варотцы? — шэптам запытаўся Белавалод у Ядрэйкі. — Праз тыя варотцы нельга чужакам хадзіць, — таксама шэптам вымавіў Ядрэйка. — Толькі рахманы там ходзяць. Пастаім тут, зараз нас убачаць. Неўзабаве з-за сцяны пачуўся голас: — Хто вы, людзі? I што вам трэба? — Мы з мірам. Без жалеза і агню. Па любоў прыйшлі, — зычна адказаў Ядрэйка, адказаў, відаць, ужо вядомымі яму словамі. Адразу ж зверху са сцяны ўпала вяровачная лесвіца. — Не бойцеся, — сказаў Белавалоду і Ульяніцы Ядрэйка, становячыся на гэту лесвіцу. — Мяне першага паднімуць, потым вас. Зарыпеў калаўрот, лесвіца разам з Ядрэйкам паплыла ўгору. Такім жа самым чынам апынуліся за сцяною Белавалод і Ульяніца. Яны ўбачылі шырокі мурожны двор, пасыпаныя жоўтым сухім пяском дарожкі. Пасярэдзіне двара, там, дзе сыходзіліся ўсе дарожкі, стаяла вялізная прысадзістая будыніна з мноствам невялікіх круглых акенцаў. Наўкол будыніны па крузе мясцілася некалькі дзесяткаў хатак і хлеўчукоў. Усё было дагледжанае, спраўнае, ва ўсім адчувалася клапатлівая гаспадарская рука. Іржалі коні, бэкалі авечкі, натхнёна драў горла певень. Рыпелі камяні жорнаў, грукала сякера. Усё гэтае было як цуд сярод глухой бязлюднай пушчы, дзе спрадвеку гняздзіліся адны звяры. — Мір вам, людзі, што па любоў прыйшлі, — сказаў, лёгка пакланіўшыся, высокі хударлявы мужчына яшчэ не старога веку. У левым вуху ў яго ззяла вялікая медная завушніца. На ім былі кужэльная кашуля і порткі, перапаясаныя тонкай сіняй бічоўкай. У руках мужчына трымаў падгарэлую драўляную лапату, на якой садзяць у печ хлеб. Здавалася, яго зусім не здзівіла з'яўленне чужых людзей. Роўная мяккая ўсмешка была на твары. — Ідзіце за мной, — сказаў рахман і, ускінуўшы хлебавую лапату на плячо, шпарка пакрочыў у напрамку да вялізнай будыніны, але не ў яе прывёў гасцей, а ў хатку, што стаяла насупраць. Дзверы былі расчынены, не было ні замка, ні вартавога сабакі. — Тут ёсць хлеб і квас, — прамовіў рахман. — Чакайце, — і сам знік. Ядрэйка з Ульяніцай селі на дубовы ўслон, а Белавалод падышоў да акенца, зацягнутага бычыным пузыром, застыў у глыбокім одуме. — Чаму ў іх усе вокны круглыя? — спытаўся ён нарэшце, як бы ў самога сябе. — У іх і сталы круглыя, — сказаў Ядрэйка. — I ўвесь двор круглы. I калі яны збіраюцца разам, а гэта кожную раніцу бывае, то становяцца толькі кругам. — Чаму? — не адступаў Белавалод. — А ты бачыў, якое на небе сонца? — усміхнуўся Ядрэйка. — Круглае. Белавалод са здзіўленнем зірнуў на рыбалова, не зразумеў ці ўсур'ёз той кажа, ці кепікі строіць. А Ядрэйка ўжо частаваў Ульяніцу квасам, наліваў у драўляны кубак з глінянай карчагі. Неўзабаве ў хату прыйшоў зусім маладзенькі жоўтагаловы рахман. Спыніўся на парозе, сказаў: — Мір вам, людзі, што па любоў прыйшлі. Ідзіце за мной. Вас чакае Добры. Яны паслухмяна пакрочылі за маладзенькім рахманам. Па дарозе Белавалод шапнуў Ядрэйку: — Ты казаў, што ў іх няма імёнаў. Аж бачыш, ёсць Добры. — У іх не толькі Добры ёсць. У іх ёсць і Гнеўны. А ў астатніх адно імя — рахман, — растлумачыў Ядрэйка. — Але прашу цябе, маўчы і толькі адказвай на пытанні, якія табе будуць задаваць. Тут любяць маўклівых людзей. Жоўтавалосы рахман падвёў іх да вялікай будыніны з круглымі акенцамі, пакланіўся і знік, як і ягоны папярэднік. Да Белавалода, Ульяніцы і Ядрэйкі ўжо ішоў раскрыльваючы сухенькія кароткія ручкі, сівабароды стары. Быў апрануты ён, як і ўсе рахманы, толькі, у адрозненне ад іх, на шыі насіў срэбны абруч, з нанізанымі на яго зялёнымі дубовымі лісцямі. — Мір вам, людзі, што па любоў прыйшлі, — тонкім голасам прамовіў стары. — Мір табе, Добры, — адказаў, пакланіўшыся, Ядрэйка. Белавалод з Ульяніцаю пакланіліся разам з ім. У Добрага былі светлыя, з мяккай іскрынкаю вочы. Скура на твары і на руках пацямнела ад сонца і ветру. У ягонай шаўкавістай сівой барадзе заблыталася, поўзала пчала. Ульяніцы раптам захацелася ўзяць жоўта-залатую пчалу пальцамі, голай рукою, і пчала, Ульяніца чамусьці была ўпэўнена ў гэтым, не ўкусіла б яе. Насупраць вялізнай будыніны рос малады кучаравы дубок, абкружаны шырокай, зацёртай да бляску лаваю. Добры сеў на лаву, сашчапіўшы на худых вострых каленях загарэлыя рукі, запрасіў сесці гасцей. Памаўчаўшы, спытаўся: — Бяда ці радасць вяла вас? — Бяда, — хвалюючыся і чырванеючы, адказала Ульяніца. Добры ўважліва зірнуў на яе, ціхім роўным голасам прамовіў: — Ты хочаш даць жыццё жывому. Чаму ж ты саромеешся сказаць пра гэта ўслых? Хіба ты хочаш нешта ўкрасці? Ты хочаш падараваць свету новае жыццё, часцінку сваёй плоці. Але калі тваё дзіця стане рабом? Ці не пракляне яно цябе, жанчына? Ты думала пра гэта? — Маё дзіця не будзе рабом, — усхвалявана выгукнуў Белавалод і ўзняўся з лавы. — Сядай, — мякка сказаў Добры. — Я пытаўся не ў цябе, а ў жанчыны. Ты павінен маўчаць, бо ў пакутах нараджае яна, а не ты, і ёй болей баліць за сваё дзіця. Адкуль твая ўпэўненасць, што дзіця не будзе рабом? Паглядзі, які свет акружае нас. Князі і баяры грызуцца між сабой, хрысціяне б'юць паганых, і, наадварот, са стэпаў і багааў прыходзяць нябачаныя раней дзікія плямёны, каб узяць сабе тое, што яны не сеялі. Чалавек, нарадзіўшыся вольным, у любы час можа прачнуцца з рабскім ашыйнікам на шыі. — Маё дзіця не будзе рабом, — упарта паўтараў Белавалод. Добры, быццам не пачуўшы яго, гаварыў далей: — Я бачыў, як харобрыя мужы, зломленыя рабствам, пакорліва выціралі вільгаць кахання з тых тканін, на якіх уладары-заваёўнікі мілаваліся з іхнімі жонкамі. Мілаваліся на вачах у харобрых мужоў. Ты бачыў такое? I я пабег у пустыні, у лясы, у непраходныя балоты. Я пачаў цурацца жанчын, бо, хочам мы ці не хочам, у прысутнасці жанчыны душа мякчэе і слепне, і мы думаем пра шлюбны одр, пра вечнасць свайго роду, пра дзяцей. Сам сабе і Богу я даў страшную клятву, што ніколі — чуеш? — ніколі не сыдуся з жанчынай, каб запаліць агонь новага жыцця. Я лепш буду, як Анон, сын Іуды, займацца рукаблуддзем і жывое семя сваё кідаць на зямлю, але не нараджу раба. — Хрыстос не вучыць такому, — ціха сказаў Ядрэйка. — Таму што Хрыстос ніколі не быў рабом. Ён быў гаспадаром сваёй душы і цела. «Блажэнныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца». Так сказаў, так вучыў Хрыстос. Няўжо нашы вочы створаны толькі ддя слёз? Для чаго ж тады свецяць зоркі і ззяе сонца? Хіба не ў чалавечых вачах яны хочуць пакінуць свае прамяні? — Дзіўнае ты кажаш, — разгубіўся Белавалод. — Мы не зразумеем цябе. Ён пакутліва ўздыхнуў. Добры з сумам зірнуў на Белавалода. — Хай будзе пракляты той, хто першы здагадаўся, што можна валом, канём, рабочай жывёлінай зрабіць падобнага сабе чалавека, — сказаў Добры. — Звяры не трымаюць у рабстве звяроў. Толькі чалавек і нікчэмная лясная мурашка дадумаліся да такога. «Працуйце, ешце плады зямныя», — так вучыў Хрыстос. I такога Хрыстоса мы, рахманы, любім, пакланяемся яму. Але рабства мы ненавідзім. Няхай ноч зачыніць дзверы чэрава той маці, якая хоча нарадзіць раба. — Што можа зрабіць чалавек? — не згадзіўся Ядрэйка. — Усё ў руках Божых. Лёс чалавечы з самага нараджэння ўплятаецца ва ўзор нябесных свяціл, кладзецца ў калыску разам з ніткай, якой перавязалі пупавіну. — Не пладзіце рабоў! не стрымаўшыся, Добры і лы твар да Ульяніцы. — нарадзіла раба, адразу ж жанчына. Ульяніца ўздрыгнула. Мужчыны пачалі спрачацца, а яна сядзела і адчувала, як горача б'ецца сэрца, як трапеча жылка над брывом. Дык вось да каго прывёў іх Ядрэйка! Да страшных людзей, якія не хочуць пакінуць пасля сябе следу. Для чаго ж гэтыя людзі жывуць на зямлі? Хто назваў гэтага старога Добрым, калі ён, зжыўшы жыццё, не захацеў, пабаяўся нарадзіць сына? Божа, малю цябе, дай мне дзіця. Хай мой сын будзе нават рабом, але ён убачыць неба, сонца, зямлю, ён убачыць сваю маці, ён убачыць свае кайданы і некалі разаб'е іх. — Мы адмовіліся ад зямных імён, — казаў між тым Добры. — Мы ўсе — рахманы, аднаверцы, браты. Толькі мне аказала абшчына гонар, назваўшы Добрым, і ёсць у нас яшчэ адзін брат, якога завуць Гнеўным. Зараз вас павядуць да Гнеўнага. Не бойцеся яго, але слухайце ўсё, што ён скажа і аб чым запытае. А ты, жанчына, — павярнуўся ён да Ульяніцы, — хочаш нарадзіць сабе і мужу дзіця. Так? — Так, — адказала Ульяніца, — я хачу нарадзіць дзіця. I я нічога не баюся. Добры вельмі ўважліва паглядзеў на яе, нібы наскрозь пранізаў позіркам. Потым узняўся з лавы, сказаў: — Ідзі за мной. I помні, што з гэтай хвіліны ты не Ульяніца, а Маці Усяго Жывога. Паўтары, хто ты. — Я — Маці Усяго Жывога, — з дрыготкаю, з вялікім хваляваннем прамовіла Ульяніца, ідучы за Добрым. Яны прайшлі амаль праз увесь двор, спыніліся перад лазняю, у якой кожную суботу мыліся рахманы. Лазня ўжо дымілася, чакала Ульяніцу. — Ты будзеш мыцца настоем з сямі траў і сямі кветак, — строга зірнуў на Ульяніцу Добры. — Потым ты будзеш купацца ў малацэ ласёў і тураў і ў чмяліным мёдзе. Потым, калі цела тваё пачырванее, як медзь, і зробіцца мяккім, нібы ядваб, ты выйдзеш пад поўню ў чым маці нарадзіла, знойдзеш поле, дзе красуе жыта, і пабяжыш па гэтым начным жыце. Зрабі ўсё так, як я табе загадваю, і адразу ідзі да свайго мужа. Ён будзе чакаць цябе. I так будзе тры дні. Паўтары яшчэ раз, хто ты? — Я — Маці Усяго Жывога. — Ідзі, і няхай твая плоць не баіцца ні агаю, ні лёду. Багародзіца і Макоша дапамогуць табе. У гэты самы час Ядрэйка з Белавалодам спускаліся ў глыбокую пячору, дзе ўжо дзесяць сонцаваротаў, ні разу не выходзячы на зямную паверхню, жыў Гнеўны. Ісці даводзілася амаль ракам, спатыкаючыся, хапаючыся рукамі за слізкія мокрыя камяні. Там, куды яны прыйшлі, быў магільны змрок і магільная цішыня. Але чулася ў гэтай чорнай цішыні, як за некалькі крокаў ад іх усхвалявана і насцярожана дыхае чалавек. Дыханне выдавала чалавека, ён стараўся яго супакоіць, прыглушыць, ён, здалося Белавалоду, нават прыкрываў рукамі рот, каб меней хапаць паветра, ды ноздры з тоненькім шыпеннем прагна ўцягвалі гэта паветра ў грудзі. У нябачнага чалавека было моцнае здаровае сэрца і густая кроў. Вось чаму ён так глыбока і поўна дыхаў. Ціхі голас парушыў цішыню: — Мір вам, людзі, што па любоў прыйшлі. Станьце на калені. Ядрэйка з Белавалодам выканалі загад, і як толькі яны зрабілі гэта, адразу ярка ўспыхнула святло, загарэлася мноства паходняў і свечак, якімі ўтыканы былі ўсе сцены. Так яны загараліся заўсёды — раптоўна! усе! — і ніхто не мог даўмецца, чыя рука або чыя таемная сіла запальвала іх. Людзі, што ўпершыню траплялі ў пячору да Гнеўнага, на некалькі імгненняў як бы трацілі зрок ад такога нечаканага пранізлівага святла. Яно біла па вачах, прыгінала галаву да зямлі. — Можаце глядзець на мяне, — літасціва сказаў Гнеўны. Атрымлівалася, што не ад рэзкага святла, а пад позіркам Гнеўнага людзі нібы трупянелі, і патрэбен быў ягоны дазвол, каб глянуць на яго, не параніўшы вочы і душу. Гэта быў чарнявы і хударлявы мужчына з паголенай галавой, з чорнымі тонкімі вусамі, што нібы п'яўкі закручваліся пад носам. Ён сядзеў на звычайным палявым валуне, сядзеў басанож, моцна сціскаючы ў правай руцэ дубовы кій, які вянчала вялікае Вока Савы. Вока гэта было зроблена з чырвонага золата, а пасярэдзіне, там, дзе павінна быць зрэнка, ззяў каштоўны іскрысты камень зялёнага колеру. — Адказвайце па чарзе, — загадаў Гнеўны. — Хто вы, людзі? — Я — Ядрэйка, рыбалоў з Менска, — сказаў Ядрэйка. — Я — Белавалод. Прыйшоў з жонкаю. Жыву ў Ядрэйкі ў Менску, — сказаў Белавалод. — Што вам трэба ад рахманаў, людзі? — Мая жонка хоча мець дзіця, — адказаў Белавалод і хуценька дадаў: — Я таксама хачу. — Ведаю, — сурова звёў чорныя бровы Гнеўны і прыкусіў тонкі вус. — Станавіцеся спінаю да мяне, глядзіце ў люстра, глядзіце сабе ў вочы і адказвайце, як на божай споведзі, на ўсё тое, аб чым я буду пытаць. Яны паслухмяна павярнуліся і ўбачылі перад сабою вялізнае люстра, бронзавую пласціну, адпаліраваную да бляску, і ў ёй свае разгубленыя твары. — Вы хочаце навесці на селічша рахманаў княжую дружыну, каб яна запаланіла нас. Так? — Не, — цвёрда адказалі Ядрэйка і Белавалод. — Вы хочаце, каб мы, вольныя рахманы, зрабіліся баярскімі халопамі. Так? — Не, — зноў прагучала ў адказ. — Тады вы хочаце атруціць самога Добрага, наша сонца зямное, лепшага паміж лепшых. Так? — Што ты кажаш, Гнеўны? — пабляднеў Ядрэйка. — Як ты можаш казаць такое? Ды няхай на гэтым самым месцы я правалюся скрозь зямлю, няхай мае косткі па ўсёй пушчы разнясуць ваўкі, калі мы з Белавалодам маем нешта благое супраць Добрага і рахманаў. Вашу абшчыну і дарогу ў абшчыну я ведаю даўно. I ні разу не навёў на вас злога чалавека. — Я павінен падазраваць, — сказаў, злёгку ўсміхнуўшыся, Гнеўны. — Мы, рахманы, як даверлівью дзеці. У гарадах і весях мы пакінулі свае кайданы і пачынаем думаць, што ўсе людзі анёлы, што няма рабоў, што ніхто па ўсёй зямлі не стогне пад бізуном. Вось чаму я павінен падазраваць, бо я— вочы і вушы абшчыны. А сэрца абшчыны, вялікае, бяссоннае, што аж праменіцца любоўю да рахманаў, вядома ж, Добры. На вачах у яго, здаецца, бліснула сляза сыноўняй вернасці і замілавання. Ён выцер вочы бледным сухім кулаком і раптам ціха спытаўся: — А як там наверсе — дождж ідзе ці сонейка свеціць? Нечаканае пытанне дужа здзівіла Белавалода. Халодны сўм пачўўся ў голасе Гнеўнага, разіубленасць і безабароннасць. Гнеўны ўявіўся ямў ціхмяным кратом, што ўсё сваё жыццё павінен корпацца, жыць пад зямлёй. — Быццам бы ясна было, сўха, — сказаў Белавалод. — А чамў б табе самому не глянўць? Пры гэтых словах і Ядрэйка і Гнеўны ўздрыгнулі. — Бог забраў твой розум! — ўсклікнўў Гнеўны. — Я даў зарок свае зямныя дні правесці ў цемры. Дзеля чаго? Каб светла было рахманам. Ды ты не зразўмееш, залатар, ці хто ты ёсць. Я хачу, каб светла было бліжнім, а чаго хочаш ты? — Хачу, каб у мяне быў сын, — з упартасцю і злосцю прамовіў Белавалод. — Ён буцзе залатаром, а калі трэба, воем Полацкай зямлі. Гнеўны засмяяўся. — У нас туг ужо быў адзін вой. Хаваўся. I ведаеш хто? Сам полацкі князь Усяслаў. Як яго на Нямізе разбілі, прыбег да нас раны залізваць. Не адзін дзень у маёй пячоры сядзеў, усё маўчаў, думаў. Хацелі мы яго зрабіць рахманам. Добры з ім гутарыў, у веру нашу ўгаворваў падацца, ды пабег Усяслаў на Дняпро і ў цянёты да Яраславічаў трапіў. Сам віновен, што гніе ў порубе. — Не віновен ён, — усхвалявана сказаў Белавалод. — Ён хрэснамў цалаванню паверыў. Ізяслаў і яго браты-вераломцы, што парушылі клятву, віноўны. — А ты таксама скончыш дні свае ў порубе, — уважліва паглядзеў на Белавалода Гнеўны. — У рахманаў жа няма поруба, — адразу ўмяшаўся ў гаворку Ядрэйка. — Няма, — згадзіўся Гнеўны. — Навошта ён нам? Самая лютая кара ў нас, калі выганяюць чалавека з абшчыны, калі кажуць яму: «Ідзі, куды Бог вядзе». Няшмат такіх людзей, але былі. I ўсе на сябе рўкі наклалі — той павесіўся, утапіўся, той ні крошкі хлеба ў рот не ўзяў, ні корчыка вады. Хто хоць міг пабыў рахманам, не можа быць ні кім іншым. Добры такому навучыў, і вечная слава яму ад рахманаў. А зараз ідзіце наверх. Там імша пачынаецца, там убачыце, як рахманы ўмеюць ненавідзець. Адразу патухлі свечкі і паходні, і Гнеўны растварыўся ў цемры, замоўк, але чўлася ягонае спёртае, напружанае дыханне. Ядрэйка з Белавалодам вылезлі з пячоры. Сонца ўдарыла ў вочы. Быў ясны цёплы дзень. Белыя воблакі, як кашлатыя авечкі, беглі за небасхіл. Каля вялізнай будыніны кругам стаялі рахманы. Іх было дзве, калі не болей, сотні. У цэнтры круга, нешта гаворачы, цягнуў рукі да неба Добры. Потым ён зрабіў знак, і ўсе рахманы ўздзелі на галовы вастраверхія шапкі з сабачага футра. Добры крыкнуў нешта пранізліва тонкім голасам, і рахманы, нагнуўшыся, узялі з зямлі доўгія лазовыя дубцы. Яны трасянулі дубцамі, заспявалі малітву. I ўжо не Добрага ўбачылі Ядрэйка і Белавалод пасярэдзіне круга, а вялікага драўлянага ідала з чатырма тварамі. Добры сядзеў на лаве каля маладога дубка. Наша пракляцце тым, Хто ў рабства аддаў дзяцей, — пагрозна заспявалі рахманы. Яны павольна пачалі кружьіцца вакол ідала. Чатырохтвары ідал глядзеў на ўсіх і ўсіх бачыў і, здавалася, трымцеў кожным сваім сучком, кожнай трэшчынкаю, прадчуваючы пакуту. Не першы раз рабілі з ім такое. Пракляцце, пракляцце таму, Хто раб і народзіць раба, — спявалі рахманы і з вялікай ярасцю пачалі біць ідала дубцамі. Зялёныя вільготныя дубцы крышыліся, ламаліся, і тады той, у каго не было чым катаваць ідала, пляваў на яго або, шалёна падскокваючы, гразіў яму кулаком. Твары ва ўсіх былі чырвоныя, потныя, разагрэтыя вялікай нянавісцю. Некаторыя зачэрпвалі поўнай жменяю зямлю з-пад ног, і неўзабаве ўвесь ідал быў залеплены граззю. Вось ён зваліўся, упаў, і рахманы пачалі таптаць яго. Добры пільна сачыў за ўсім, што адбывалася. Урачыстым бляскам поўніліся ягоныя вочы. Калі ідал упаў, ён ускочыў з лавы і, здавалася, гатоў быў рынуцца ў гушчу рахманаў, але стрымаўся, і толькі радасная ўсмешка пакацілася па старэчым твары. Нарэшце ўсе здаволіліся, стаміліся, і тады Добры высока ўзняў руку з бронзавым званочкам, зазваніў, крыкнуў: — Годзе, браты! Рахманы адразу прыціхлі. Двое маладзейшых накінулі на ідала вяровачную пятлю, пацягнулі да вады адмываць ад бруду. Ідала вычысцяць, высушаць, абкураць салодкім п'янкім дымам, у багатым уборы паставяць у нішу да новай імшы. I да новых пакут будзе ён ледзь не богам — яму будуць кланяцца, будуць прыносіць у ахвяру клыкі дзікоў і заечае свежае мяса. — Мы помсцім свайму мінуламу, — пачаў тлумачыць Белавалоду і Ядрэйку Добры. — Мінулае нельга перайначыць, бо нельга вярнуць учарашні дзень і тую маланку, што аднойчы бліснула на небе. Мы караем дзядоў-прадзедаў. Некалі на зямлі быў залаты век. Сыны Адама і Евы жылі ў шчасці і ў згодзе — расцілі плады зямныя, шанавалі сваіх багоў, кахалі сваіх жонак. Але аднойчы мацнейшы ўдарыў слабейшага, хітрэйшы падмануў даверлівага, і пайшла ў родзе чалавечым варожасць, злыбяда. Нашы дзяды з-за слабасці сваёй, з-за палахлівасці, бо дужа баяліся смерці, сталі рабамі, зямным тленам. 3-за іх і мы павінны ўсё сваё жыццё быць рабамі. Хіба можна любіць такіх дзядоў? Яны ж не любілі нас, будучых, падстаўляючы выю пад ярмо. Яны ў той час клапаціліся толькі пра сябе. Слабыя душы і крохкія косці! Чаму вы не ўзялі камень, меч, дубіну, чаму вы не загінулі ў бітве, а сталі на калені, змірыліся, навек змірыліся з няволяй, аддаўшы і нас, нашчадкаў сваіх, у няволю? Добры ўжо амаль крычаў, ужо, здавалася, гаварыў не з Ядрэйкам і Белавалодам, а сам з сабою: — Боль і крыўду носім мы ў душы, як гарбатыя носяць на спіне горб. Везувій носяць яны на плячах сваіх. Не ідала мы б'ём і не дзядоў нашых, а сябе б'ём. Як гэта балюча — біць сябе. Вы не ведаеце... Вы шчаслівыя... Мы надзяём шапкі з сабачага футра. Гэта памяць аб ілотах. Жыў у рамейскай зямлі народ, вольны, вясёлы, прыгожы. Але прыйшлі заваёўнікі, забілі адважных, пакарылі слабых, узялі зямлю і ваду, а ілотаў, былых гаспадароў гэтага краю, ператварылі ў нікчэмных рабоў. Самі насілі залатыя вянцы, а ілотаў прымусілі шыць шапкі са смярдзючых сабак. Раб заўсёды раб. Яму можна плюнуць у самую душу і загадаць усміхацца, і ён будзе ўсміхацца. А я не захацеў і збег у пушчу, і да мяне прыйшлі баярскія чалядзіны, ізгоі, халопы. Тут яны зрабіліся братамі. У нас няма жанчын, бо мы не хочам пладзіць рабоў, у нас няма імёнаў, бо мы рахманы. Хлеб і мёд мы дзелім пароўну, і ў нас няма галоўных. Вы хочаце застацца ў нас? — Не, — адказаў Ядрэйка. — Я дужа люблю жанчын, і мне будзе сумна без іх. — I я не хачу, — прамовіў Белавалод. — Я хачу мець сына. — Тады ты, рыбалоў, ідзі да сябе ў Менск, — загадаў Добры, — а ты, — ён зірнуў на Белавалода, — вяртайся туды, куды прывёў цябе наш брат, і чакай там жонку сваю. Вы няшчасныя, хоць і думаеце, што вы шчаслівыя. Я болей не ўбачу вас. Добры павярнуўся і пайшоў ад іх. — Каму срэбра аддаць? — выгукнуў услед яму Белавалод. Рахман прыпыніўся, але не азірнуўся. — Ты срэбра прынёс? Мы не бяром дарункаў, але пакладзі яго на стол там, дзе будзеш сустракаць жонку. I зноў загарэлыя босыя ногі зашархалі па пяску. — Я вас з Ульяніцай на рацэ буду чакаць, без вас не паплыву, — сказаў Ядрэйка. — Дзякуй табе, — пакланіўся рыбалову Белавалод. — Сабе дзякуй, што мяне з бярозы зняў, — засмяяўся Ядрэйка. — На ўсё жыццё я да цябе прыліп, бо люблю добрых людзей. Белавалод у суправаджэнні маладога доўгавалосага рахмана вярнуўся ў хатку, сеў за стол. На стале, як і раней, ляжаў бохан хлеба і стаяла карчага з квасам. Праз акенца Белавалод бачыў, што селішча рахманаў працуе, не схіцае да самага змяркання. Рахманы, узяўшыся гужам, цягнулі з лесу бёрны і карчы, смалілі чаўны, круцілі жорны, грукалі малаткамі ў кузні, гналі з пашы кароў у кароўніцу. Людзі больш сталыя, болын падбылыя сядзелі ў цяньку і выразалі з дрэва лыжкі, кубкі або ляпілі гліняныя свістулькі і маленечкія місачкі з накрыўкай для жаночых румянаў і прыціранняў. Усё гэта, як здагадваўся Белавалод, ішло потым на продаж. Няясна яму было толькі, з кім гандлююць лясныя людзі, бо, каб гандляваць, трэба ехаць у горад, у белы свет, а рахманам гэта забаронена. Змрок наступаў на зямлю халоднай пятой, і Белавалод запаліў свечку. Душа ягоная трымцела, гняла нейкая шкадоба, нейкі незразумелы страх. Ён узняўся і Ігачаў хадзіць па хатцы. Хутчэй бы ўбачыць Ульяніцу! У гэты самы час Ульяніца, выйшаўшы з лазні, бегла па начным жыце, і мяккія пяшчотныя каласы білі па разагрэтай вішнёвай скуры. Над лесам вісела велізарная празрыста-шкляная поўня. Здавалася, яна, недасяжная поўня, звініць у небе і сочыцца па ўсёй сваёй паверхні крынічнай вадой або чалавечымі слязьмі. Бярозы піумелі на жытнёвым узмежку, і ў іхнім парывістым шуме як бы ўгадваліся нечыя жывыя галасы. Бялеліся самотныя валуны. Здалёку іх можна было палічыць за людзей, што даўно памерлі, але ціхай ноччу выйшлі з нутра зямлі, з пяску і гліны і грэюць свае косці пад месячным блакітным святлом. Сонца яны баяцца, бо ад сонечнай ІІякучкі адразу рассыпаюцца, ператвараюцца ў шэры прысак белыя косці. 3-пад ног раптам ірванулася птушачка. Паляцела ў начную бездань спалохана-трывожнае «ціў-ціў»... I гэта быў знак жыцця. Праз густы расплаў срэбнага туману бачыла Ульяніца хатку, у якой яе чакаў Белавалод. Свечачка цяплілася, патухала на стале... Так было два разы. А ў трэці раз, як толькі Ульяніца вылезла з глыбокіх дубовых ночваў, як толькі выцерла вочы, нешта ціхенька рыпнула за шіячамі ў яе. Танюсенькі быў рып, незаўважны. Але яна імгненна павярнулася, як маладая ваўчыца, што ўсім сваім нутром адчула смяротную небяспеку. У бярвенчатай сцяне лазні былі, аказваецца, прарэзаны дзверцы, непрыкметныя воку. I вось гэтыя дзверцы былі адчынены, і ў іх шчаміўся, пралазіў нейкі чалавек. — Хто ты? — у роспачы выгукнула Ульяніца, адчуўшы, як млеюць ногі. Яна прыкрылася лапушыстым бярозавым венікам, з жахам глядзела на нечаканага незнаёмца. Ён быў чарнавусы, з паголенай, як бы лысай галавою. Вочы ззялі нясцерпнымі вугольчыкамі. — Я Гнеўны, — ціха адказаў чалавек. — Ты не бачыла мяне, а твой муж прыходзіў у маю пячору. Не бойся, не бойся... Для ўсіх я Гнеўны, але я магу быць пяшчотным, як ніхто. Ён стаяў перад Ульяніцай на каленях, прагаа глядзеў на яе, і жаўлакі перакочваліся па сухіх бледных шчоках. — Я магу быць пяшчотны, як цёплая начная раса, як птушыны пух, — шаптаў Гнеўны. — Дзесяць год жыву я пад зямлёй... Я даў зарок... я кусаў локці ўначы... Але я болын не магу... Не Гнеўны я, а Яфрэм. Чуеш? Яфрэм. Такая, як ты, снілася мне кожную ноч... Вішнёвацелая, мяккая... Пашкадуй мяне, багіня... На каленях ён падпаўзаў усё бліжэй да Ульяніцы. Яна прыціснулася да гарачай сцяны, ударыла Гнеўнага венікам па твары. Ён нават вокам не міргнуў. Неадрыўна пазіраў на яе, выцягнуў з-за пазухі скураны мяшэчак, развязаў яго, шаптаў, задыхаючыся: — Бяры срэбра і золата... У мяне шмат усяго... Рахманы працуюць спраўна... Бяры вось гэтыя пацеркі з жамчужынамі-зоркамі. Такія не насіла жонка рамейскага базілеўса. Ульяніца кінулася да дзвярэй, але Гнеўны з глухім хрыпам-стогнам скокнуў за ёй, сашчапіў у абдымках, паваліў яе на гарачыя сасновыя дошкі. — Пусці, — білася, звівалася ўсім целам Ульяніца... Свечачка, як і ўчора, дагарэла на стале. Белавалод стаяў пасярод хаткі, наструнена ўслухоўваўся ў начную цішыню. Трывога, якая не давала дыхаць увесь вечар, успыхнула з такой сілай, што ён пахіснуўся, абшчаперыў рукамі гарачы твар. «Што са мною? — думаў ён. — Трасе, як у ліхаманцы. Ніколі са мной не было такога». I раптам ён зразумеў — нешта сталася з Ульяніцай. Заўсёды, нават калі Ульяніцы не было побач, ён адчуваў, калі ёй блага. Такое адчуванне прыходзіла нечаканым штуршком у сэрца. Белавалод выбег з хаткі ў начны змрок, спыніўся. Спала селішча, спалі, як пчолы, рахманы, натаміўшыся за доўгі дзень. Хмарны полаг павольна валачыўся над зямлёй. Вецер нябачным звярком шастаў у мураве. Усюды, на зямлі і ў небе, чорным ценем вісела трывога. Ён не ведаў, у які бок бегчы, і гэта надавала асаблівую вастрыню ягонаму адчаю. Раптам ён успомніў, што каля вялікай будыніны, каля дубка ёсць біла, якое склікае рахманаў у пушчы на абед, гоніць на работу. Ён ужо некалькі разоў чуў голас гэтага біла, урачыста-сумны, трывожны, што пераліваўся над усім наваколлем. Белавалод памкнуўся туды, але ў тое ж імгненне заўважыў белы цень, які няясна мільгануўся зводцаль. Ён прыпыніў дыханне, прыслухаўся. Маладыя босью ногі часцілі па калянай пясчанай сцежцы. Так мог бегчы толькі смяртэльна перапалоханы чалавек. Ульяніца! Яна ў роспачы кінулася на шыю Белавалоду, выгукнула: — Здаецца, я забіла яго. Ён ляжыць і не дыхае. — Хто ляжыць? — прытуліў Ульяніцу Белавалод. — Гнеўны. Той, што пад зямлёй жыве. Калі я была ў лазні, ён адчыніў у сцяне дзверцы... Ён кінуўся на мяне, як вурдалак, як звер... Я ўпала, а каля сцяны, якраз пад правай маёй рукой, ляжаў замок... Жалезны замок ад дзвярэй... Я ўдарыла Гнеўнага замком па галаве. Ульяніца была ў адной лёгкай сукенцы, басанож. Яе пачало трэсці ад хвалявання і холаду. Белавалод адчуў, як яна абвяла ў ягоных руках. — Супакойся, — сказаў Белавалод. — Супакойся. Хадзем у хату... Вось табе і святыя людзі. Ён амаль занёс Ульяніцу ў хатку, пасадзіў у цемры каля стала. — Не запальвай свечкі, — спалохана зашаптала Ульяніца. — Трэба ўцякаць, бегчы адсюль. — Вось табе і святыя людзі, — зноў паўтарыў сваё Белавалод. — Ах, чарвяк падземны, макрыца. Ярасць і гаеў бушавалі ў ім. Ён узяў Ульяніцу за плечьі, дрогкім голасам спытаўся: — Ёнцябе не... — Я стукнула яму замком па мазгаўні, — жорстка, не даючы Белавалоду дагаварыць, сказала Ульяніца. — Бяжым адсюль. —Як? — Па небе, пад зямлёю, але трэба бегчы, ратавацца. Яны асцярожна выслізнулі з хаткі, прыгінаючыся, пабеглі ў той бок, дзе, па іхніх падліках, павінен быў стаяць калаўрот з вяровачнай лесвіцай. Яны не думалі, ці здолеюць звалодаць з гэтым калаўротам, яны беглі. Вось і сцяна. Цяпер, уначы, яшчэ вышэйшая і страшнейшая. На самым версе яна заканчваецца вострымі цвёрдымі бярвеннямі-каламі. — Мір вам, людзі, што за любоўю прыйшлі, — лагодна пачулася з цемры. Белавалод з Ульяніцаю прыраслі да зямлі ад нечаканасці. Рослы худы рахман з дзідай у руцэ, з доўгай накідкаю на плячах стаяў побач. Здавалася, ён не здзівіўся, убачыўшы іх, бо стаяў і маўчаў, нічога не пытаючыся. — Вяртайцеся назад, — нарэшце сказаўрахман. — Сцяна высокая, а ноч глыбокая. Мы ходзім за сцяну толью тадьі, калі сонца на нябёсах пакоіцца. Моўчкі шыбуючы ззаду, ён давёў іх да самай хаткі, счакаў, пакуль яны ўвойдуць у яе. Там, у цемры, яны не звялі вачэй да світання, селі на одр, абняўшыся, слухалі ноч, якая магла быць апошняй іхняй ноччу. Ульяніца плакала. Цёплыя слёзы капалі Белавалоду на рукі. Ён гладзіў жончыны валасы, глядзеў у змрок. Шумеў за акенцам вецер, ляцеў над пушчай. Вольна было ветру — ляці куды хочаш і рабі што хочаш. Гні вербалозы над ракой, раскідвай хмары на небе, мякка біся ў шчыт маладому вою, што стаіць недзе на сцяне Менска, пільна ўзіраючыся ў цемру. Белавалоду хацелася зрабіцца ветрам. Лёгка падняў бы ён Ульяніцу на моцных крыллях, панёс туды, дзе цьмяным срэбрам свеціцца між лясоў Свіслач, дзе, схаваўшыся ад непагадзі, ад краплістага дажджу пад лодкай-дубоўкай, цярпліва чакае іх Ядрэйка. Ды немагчыма было вырвацца з-за сцяны. Ён адчуваў, як шпарка мінае, коціцца ноч, і шаптаў Ульяніцы: — Спі... Засні... Сам жа не спаў, гнаў прэч млявасць. Заўтра яму трэба быць моцным, не з сэрцам, а з кавалкам жалеза ў грудзях. Знадворку ціха кашлянуў рахман. Пільнуе, глядзіць ва ўсе вочы, каб не збеглі. Калі ж збягуць, не бачыць яму абшчыны, выганяць з пракляццем у пушчу, а для рахмана гэта смерць. I ўсё-такі Белавалод заснуў. I снілася яму мноства белых птушак, ці то буслоў, ці то вялізных азёрных чаек. Запаланілі птушкі ўсё неба, засланілі крыллем сонца, бела-бела зрабілася на зямлі, нібы снег пайшоў. Такая цнатлівасць, такая пяшчота і мяккасць былі ва ўсім і ўсюды. Белавалод з Ульяніцаю, абняўшыся, лагодна сядзелі на воблаку, нібы на ружовым чоўне. Веліч небясная адкрывалася позірку, неабсяжнасць. Зямля бачылася далёка ўнізе, як спелы лясны арэх, калі яго падчырвоніць ласкавае жнівеньскае сонца. Самы слабы шэпт громам каціўся, гучаў у аблоках, але не было ў гэтай гучнасці пагрозы, было адчуванне сілы таго, хто кіруе ўсім. Белыя птушкі неслі воблака, далікатна трымаючы яго доўгімі карычневымі дзюбамі. Часам адна з птушак губляла пёрка, і яно, успыхваючы на сонцы, кружачыся, павольна падала ўніз, у сінюю бездань. Раптам удалечыні, як пляма на асляпляльна-белым, паказалася чорная хмарка. Птушкі захваляваліся, нешта крыкнулі разгубленымі хрыплымі галасамі (гэта яны ад страху ахрыплі) і рынуліся хто куды, пачалі хавацца, зашывацца ў белую іскрыстую воўну воблакаў. А з чорнай хмаркі ўпаў, распластаўшы меднае крылле, арол. У яго былі востра наточанью жалезныя кіпцюры, жоўтыя сонечныя вочы, якія не міргалі. Арол быў буйнацелы, не менш Белавалода. Ён сеў між Белавалодам і Ульяніцай і, ахінуўшы Ульяніцу шырокімі меднымі крыллямі, на якіх патрэсквалі сіняватыя іскры маланкі, пачаў раздзяваць яе, дзюбай і кіпцюрамі здымаючы сукенку. Белавалод зайшоўся ад гневу, хацеў схапіць арла за шыю, але арол рэзка павярнуўся, пранізліва зірнуў жоўтым бясстрашным вокам і ўдарам цвёрдага крыла збіў яго з воблака. Белавалод ускрыкнуў і прачнуўся. Урачысты голас біла гучаў над лясным селішчам. Сонца сыпала ў хатку залатыя грыўні. На парозе стаяў рахман. — Мір вам, людзі, што па любоў прыйшлі, — сказаў рахман. — Ідзіце за мной. Вас чакаюць браты. Белавалод з Ульяніцаю пераглянуліся. Ульяніца галавой упала мужу на грудзі. — Не бойся. Я з табою, — пацалаваў яе Белавалод. Рахманы, як і заўсёды, стаялі кругам. Дубок шумеў пад свежым ветрам. Лісце было бліскучае, вымытае начным дажджом. На твары Добрага, на тварах рахманаў ніякай злосці Белавалод не ўбачыў. Наадварот, вочы ва ўсіх былі лагодныя, спакойныя, нібы цёмнью і сінія лясныя ягады, якія абмыў дождж. Рахманы моўчкі расступіліся, прапусцілі іх усярэдзіну круга і зноў сышліся, як рачныя воды. Добры лёгкім ківам галавы прывітаў Белавалода і Ульяніцу, загаварыў: — Сёння вы вяртаецеся туды, адкуль прыйшлі. Мы вас шкадуем, бо там анёл і д'ябал спляліся ў чалавеку, бо там можна паслізнуцца не на ранішняй і вечаровай расе, якой Бог асвяжае, лашчыць зямлю, а на людской крыві. — Так, ісцінна так, — прашалясцела між рахманамі. Добры глянуў з лагодаю на свой люд, і голас яго пазванчэў: — А ці бачылі вы, як расце трава? Як мурашкі збіраюць ля дрэў ігліцу? Ці чулі вы піск птушанятак, што дзюбаю прабіваюць сабе ход з цёмнай шкарлупіны на белы свет? Не, не бачылі, не чулі. Няшчасныя вы. — Так, ісцінна так, — ціхенька загулі рахманы. — У нас кожнаму цёпла, як авечцы ў чарадзе, — казаў далей Добры, а Белавалод з Ульяніцаю ўсё чакалі, што вось-вось скончацца ўсе гэтыя словы і рахманы схопяць кійкі і лазовыя дубцы і пачнуць хвастаць іх, як таго ідала, прыгаворваючы: «Гэта вам за Гнеўнага, за Гнеўнага...» Не можа быць, каб смерць падземнага цемралюба не заўважылі. Ды ўсё было спакойна, і Белавалоду з Ульяніцай думалася, што гэта нейкая хітрасць. Яны чакалі горшага, чакалі самага благога. Але здарылася невераемнае. Добры абвясціў усхваляваным урачыстым голасам: — А зараз, каб развітацца з вамі, на белы свет са сваёй чорнай келлі выйдзе наш бяссонны брат, наша нядрэмнае вока — Гнеўны. Дзесяць сонцаваротаў не рабіў ён такога і толькі дзеля вас рашыў парушыць свой зарок ніколі не падстаўляць твар нябесным промням. Вялікі радасны гул пракаціўся між рахманамі. Вочы заззялі шчасцем. Пачуліся крыкі: — Уславім Гнеўнага! Уславім Сумленне рахманаў! I хоць ніхто не аддаваў загаду, неўзабаве ўсе рахманы стаялі на каленях, малітоўна прыклаўшы рукі да грудзей. Бліжэй за ўсіх да ўвахода ў падземную пячору стаяў на каленях Добры. Найглыбейшая пашана была ў позірку. 3-пад зямлі пачуліся асцярожныя мяккія крокі. Той, хто ішоў, часам прыпыняўся — ці то цяжка было, ці то прыслухоўваўся, што робіцца на паверхні. Вось галава Гнеўнага вытыркнулася над зямлёю. Вочы былі завязаны белым ільняным ручніком, каб не асляпіла іх сонца. — Слава! — закрычалі рахманы. — Слава Гнеўнаму! Ён стаяў над усімі імі, высокі, хударлявы, з паголенай галавой, з дубовым кіем у бледнай руцэ, які вянчала Вока Савы. Некалькі імгненняў гусцела цішыня. Потым Гнеўны злёгку нахіліўся, пагладзіў Добрага па плечуку, сказаў ціхім прабачлівым голасам: — Устань, брат. Хіба я Бог? Навошта вы ўсе моліцеся на мяне? I ніхто не ведаў, ніхто не здагадваўся, што ў гэтую самую хвіліну найвялікшая, найвастрэйшая асалода спальвала кожную жылку і кожную клетачку Гнеўнага. Нікога ён не прымушаў, усе гэтыя людзі добраахвотна кланяліся яму, добраахвотна прызнавалі ягоную перавагу над сабой. Улада, узятая сілай, пагрозай, змусам, няпоўная ўлада. Толькі тады адчуваеш кропельку, часцінку несмяротнага Бога ў сабе, калі бачыш, як самыя магутныя, самыя разумныя і харобрыя восеньскім лісцем валяцца да тваіх ног, валяцца не таму, што за іхняю спінаю стаяць бічаносцы, гатовыя караць, а таму, што палюбілі цябе, зразумелі тваю вышэйшасць. Вось ціхмяна стаіць на каленях Добры. Разам яны прыйшлі сюды, у пушчу, разам капалі гэту пячору, збіралі, навучалі, як дзяцей, рахманаў, і ў той час нават здавалася, што ён, Добры, будзе першым сярод роўных, будзе пчалінай маткай абшчыны. I тады Гнеўны (да абшчыны ён быў Яфрэмам, купецкім сынам) палез пад зямлю, у змрок, у цішыню, зрабіўся пакутнікам за рахманскую ідэю. Добры недаацаніў яго і прайфаў яму, застаўшыся толькі другім. — Устань, брат, — сказаў Добраму Гнеўны. — Устаньце, браты. АказваецІІа, ён усё і ўсіх бачыў, хоць і былі завязаны вочы. Ён павярнуў паголеную, бліскучую ад промняў сонца галаву туды, дзе стаялі Белавалод і Ульяніца. — Мір вам, ІІгго па любоў прыйшлі, — звяртаючыся толькі да іх, загаварыў Гнеўны. — Вы пакідаеце нас, ідучы ў грахоўны свет, дзе ўсё купляецца і прадаецца: воля, чалавечая плоць, каханне. Успамінайце там, у садомскім свеце, чысціню нашай абшчыны. Ульяніца, абміраючы сэрцам, глядзела на Гнеўнага і думала, што ён завязаў твар не толькі таму, што баіцца сонца. Калі б сарваць ручнік, усе б убачылі след ад страшнага ўдару цяжкім жалезным замком. Яна была ўпэўнена, што там, у лазні, забіла яго, пацэліўшы ў скронь, а ён выйшаў, стаіць перад усімі, як Бог. Ён гаворыць пра вечную цнатлівасць абшчыны, і рахманы вераць кожнаму слову, а сам жа ён, як нікчэмны чарвяк, поўзаў нядаўна ля яе ног, вымольваючы жаночую ласку і пяшчоту. Хто ж ён? Д'ябал ці святы? Зіма ў ягоным сэрцы, зіма, хоць і абсыпае ён усіх цёплымі, як сонечныя промні, словамі. — Я вяртаюся ў змрок, — сказаў ціхім голасам Гнеўны. — Не пакідай нас! Пабудзь яшчэ хоць трошкі з намі! — залямантавалі рахманы. Вялікая любоў і адчай былі ў іхніх крыках. — Бывай, сонца, — узняў угору твар Гнеўны. — Дзеля таго, каб ты свяціла ўсім і грэла ўсіх, нехта павінен жыць у цемры. Ён пакланіўся сонцу, пакланіўся рахманам, павольна пайшоў да сваёй пячоры. — Не пакідай нас! — кінуліся следам рахманы, але ён, не азіраючыся, спыніў іх рухам і знік пад зямлёю. — Гора! Гора нам! — аж завыў натоўп. Некаторыя пачалі, нібы жанчыны, ірваць валасы на галаве. Добры з сумнай усмешкай глядзеў на бушаванне рахманаў. Былі між іх не толькі маладыя, былі дзяды-сівагрыўцы, і слёзы каціліся па старэчых шчоках, буйныя, непадробныя. Белавалода з Ушьяніцай больш нішто не затрымлівала ў абшчыне. Моўчкі дайшлі яны да сцяны, моўчкі з дапамогаю калаўрота і вяровачнай лесвіцы перабраліся цераз яе і толькі там, за сцяною, у пушчы, з палёгкай уздыхнулі. Здавалася, скончыўся нейкі недарэчны незразумелы сон. — Ніколі б не паверыла, каб на свае вочы не бачыла, што жывуць такія, — сказала Ульяніца. Белавалод маўчаў. Пакуль што ён не мог выказаць словамі тое, што нагарнулася на душу, што змушала па-новаму глядзець на сябе і на свет, у якім побач радуюцца сонцу і змроку, дыхаюць, пакутуюць, спадзяюцца на вечнае жыццё зусім непадобныя людзі. Ён адчуваў, што пасталеў за гэтыя тры дні, зразумеў нешта такое, аб чым не толькі казаць, а нават прызнавацца самому сабе яшчэ рана, яшчэ не час. Яны ішлі да ракі, і ўсё болей глушэў лес, усё часцей трапляліся бясконцыя завалы з дрэў, якія некалі рухнулі пад напорам ветру або пад напорам старасці. Некаторыя спарахнелыя дрэвы ўжо зараслі высокай вільготнай травою, што з самага нараджэння свайго не бачыла промня сонца. Галіны дрэў цягнуліся з гэтай глухой травы, нібы рукі тапельцаў. Нарэшце стужка Свіслачы затрапяталася наперадзе. Яны вельмі абрадаваліся рацэ, бо рака — гэтарух, дарога, Менск... Ядрэйка сядзеў на беразе і паліў цяпельца, кідаючы свежы лапнік у агонь, каб вышэй уздымаўся слуп сіняга дыму. — Даўно чакаю вас, баяры вы мае дарагія, — узвіўся Ядрэйка. — Чаго толькі я не нацярпеўся! I камары мяне грызлі, і мядзведзь-сапун падыходзіў, і нехта енчыў у пушчы касцяным голасам. Толькі вочы звяду, а ён др-р-ру... др-ру-ру... — Мы болей, дзядзька, нацярпеліся, — сказала Ульяніца, шукаючы вачыма лодку-дубоўку. Ёй хацелася як мага хутчэй плыць з гэтага месца. — Тваё цярпенне вядомае, жаночае, — шырока ўсміхаўся Ядрэйка. — Так ужо Бог стварыў вас, жанчын. Ого-гого, якая сіла ў вас! А так з выгляду дзеўкі падатныя, мяккія, хоць у вузел вяжы. У гэты час пачулася шыпенне стралы. Белавалод, які выводзіў дубоўку з-пад схоўнага куста на чыстую ваду, разгублена азірнуўся. У смаляны бок лодкі, між ягоных рук, уваткнулася, упілася доўгая страла і яшчэ трапятала, уздрыгвала ўсім сваім апярэннем, быццам шкадавала, што не патрапіла ў шыю або ў спіну чалавеку. Між прырэчных дрэў мітусіліся нейкія цені. — Гэта Гнеўны іх паслаў! — у роспачы закрычала Ульяніца. — Ён усіх нас хоча забіць! Каб не ведалі, каб нікому не расказалі! Белавалод схапіў Ульяніцу, паклаў на дно дубоўкі, прыкрыў сваім целам. Побач цяжка ўпаў у лодку Ядрэйка. Лодка захісталася, завалюхалася, вось-вось зачэрпне зеленаватай цяжкой вады. Рукамі яны адпіхнуліся ад куста, потым Белавалод успомніў пра вясло, уваткнуў яго ў раку, з натугаю пачаў веславаць. Стрэлы паляцелі густым роем, і адна ўсё-ткі адшукала Ядрэйку, пеканула ў левы плячук. Рыбалоў, моршчачыся, выдраў яе, шпурнуў прэч ад сябе, крыкнуў: — Каб над вамі вароны крукалі, хто на людзей палюе! Стрэлы білі па вадзе. Білі з ціўканнем і шыпеннем. Але раптам на беразе, дзе заселі лучнікі, усчаўся шум, гвалт. Пэўна, з'явілася нейкая новая сіла і навалілася на людзей Гнеўнага. Лучнікам было зараз не да ракі. Ядрэйка асмялеў, узняў галаву, з пагрозаю крыкнуў: — Я адрэжу ўсім вам вялікі палец правай рукі, і вы ніколі болей не возьмеце лук! Гэта кажа вам Ядрэйка! Столькі рашучасці было ў ягоным голасе, столькі адвагі, што няцяжка было ўявіць яго самым харобрым воем усёй Полацкай зямлі. Асабліва таму, хто не бачыў, як некалькі імгненняў назад гэты адважны Ядрэйка тачыўся на самае дно дубоўкі. — Ці жывыя вы? — запытаўся Ядрэйка ў Белавалода і Ульяніцы. — Здаецца, жывыя, — адказаў Белавалод. — Ну то й добра. Трэба жыць, баяры вы мае дарагія. Ядрэйка ўзняўся на поўны рост. У гэты час на рачны бераг выехаў з пушчы на вараным танканогім кані вой, крыкнуў: — Хто вы, людзі?! — Мы плывём у Менск! — за ўсіх спалохана выкрыкнула Ульяніца. — Нікога не бойцеся і плывіце да мяне, — загадаў вой. — Я дружыннік полацкага князя Усяслава Раман.
Колькасць прачытаўшых: 2740 Колькасць вогдукаў: 1