Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел трэці (частка I)

Вецер дзьме ў чаратовыя дудкі.
Сом бушуе ў бяздоннях віроў.
Дзе Галоцічаск? Дзе Дудуткі?
Дзе грымотная слава дзядоў?

Вялікі князь кіеўскі Ізяслаў разам з усім дваром, разам з блізкімі баярамі і княгіняй Гертрудай, разам з прыдворнымі дамамі, кухарамі і гудошнікамі плыў на пяці лоддзях у дняпроўскія затокі пастраляць шызых качачак і белых лебедзяў. Яшчэ ўчора бушавала над Кіевам навальніца, маланка ўгрызалася ў цвёрды нябесны блакіт, і ўсе, асабліва маладзенькія прыдворныя дамы, баяліся, што непагадзь спалохае князя і зноў давядзецца сумаваць у горадзе. Але неба вызвалілася ад абложных воблакаў, рака пасвятлела, паспакайнела, заіскрылася пад лагодным сонцам, і грабцы, усе загарэлыя, шыракаплечыя, у зялёных кашулях, наляглі на вёслы. Кожная лоддзя мела чатыры пары вёсел і на носе ачаг — жалезную скрынку, напоўненую пяском. Кухары, як толькі лоддзі адплылі ад княжай прыстані ў Кіеве, пачалі рыхтаваць абед. Меркавалася, што гэта будуць лёгкія закускі з віном і мёдам, бо галоўны абед звычайна рыхтавалі на адным з астравоў, якія густа ляжалі па цячэнні ракі. Там, на востраве, можна было раскласці велізарнае вогнішча, каб на ражнах падсмажыць вепраў, казуль і зайцоў, тушы якіх загадзя ўзялі з сабою.
Ізяслаў з вялікім цісавым лукам у руках сядзеў пад ядвабным чырвоным балдахінам, які быў нацягнуты на гранёных медных слупках. Дно лодцзі пакрываў агромністы мяккі дыван, затканы кветкамі, сцяблінамі раслін, хвастамі яркапёрых паўлінаў. Разам з Ізяславам плылі баярын польскага караля Баляслава Казімір, пасланец канстанцінопальскага базілеўса Рамана Дыягена Тарханіёт і начальнік атрада варагаў-находнікаў Торд. Гэта былі вельмі розныя людзі, і вельмі розныя справы і мэты прывялі іх з розных канцоў зямлі ў Кіеў.
Ізяслаў толькі што ўдала пусціў стралу, падбіўшы ёй вялікую птушку. Адзін з грабцоў адразу ж кінуўся ў раку і неўзабаве прыплыў назад, кінуў князю пад ногі паляўнічую здабычу. Гэта быў прыгожы качар, з бліскучай цёмна-зялёнай галавой і шыяй, з белай палоскай на шыі, з фіялетавымі «люстэркамі» на крыллях.
— Базілеўс — цудоўны стралок! — усклікнуў Тарханіёт і смуглымі, аголенымі па локаць рукамі схапіў мёртвую птушку. Лях Казімір, буйнацелы і шэравокі, пры словах рамея ўсміхнуўся аднымі куточкамі тонкіх вуснаў і гэта азначала, што ён таксама ўхваляе трапнасць Ізяслава і што яму, а не Тарханіёту патрэбна было першаму выказаць захапленне. Толькі рыжавалосы Торд, якому ў даўняй бітве рассеклі правую шчаку, быў, здавалася, бясстрасны. Але з-пад густых светлых броваў насцярожана глядзелі, нічога не прапускаючы, вочы колеру зеленаватага паўночнага лёду.
Ізяслаў быў надзвычай задаволены. Калі б не грабец, што паспяшаўся выслужыцца перад князем, ён сам бы скокнуў у Дняпро і дастаў бы птушку. Хай бы глядзелі рамей і лях з варагам, які спрытны, які дужы кіеўскі князь. Трымаючы сталец вялікай і багатай дзяржавы, нельга быць слабым хірляком.
— Дарагія госці, — шырока ўсміхнуўся Ізяслаў, — неба паслала нам вялікую тлустую птушку, як напамінак, што ўжо час абеду. Прыстанем да вострава, і мае кухары падсмажаць яе.
Лоддзі весела памчаліся да бліжэйшага вострава. Грабцы скінулі сходні, і рознакаляровы шумны натоўп мужчын і жанчын выліўся на жоўты пясок і зялёную мяккую траву. Нацягнулі шацёр, прычым ваўняныя беласнежныя полы шатра не даставалі да самай зямлі, каб быў вольны ход свежаму рачному ветру. Елі печаную з яблыкамі дзічыну ў гліняных гаршках, белую і чырвоную рыбу з падсоленай духмянай ікрой, залітых смятанай перапёлак і курапатак, печань маладых тураў. Пілі рамейскае віно, кіеўскі мёд, халодны квас, гарачы збіцень, настойкі з лугавых траў, у якія быў падсыпаны перацёрты мак. Потым отракі разнеслі на залатых талерках вінаград і арэхі, сушаныя дыні, ярка-чырвоныя сакавітыя скрылі кавуноў.
Ізяслаў сядзеў на аксамітных падушках, шчодра частаваў гасцей. Быў ён у кашулі з найтанчэйшага белага лёну, з вышываным залатой бліскучай ніткай каўняром. Кашулю падпяразваў ядвабны пояс з кутасікамі ў выглядзе вясёлых срэбнагаловых рыбак. На нагах у князя былі боты з тонкай жоўтай скуры, мяккія, без абцасаў.
Рамей Тарханіёт дзівіўся апетыту кіеўскага князя і той смеласці і бесклапотнасці, з якімі князь піў і еў, беручы страву і пітво з рук маўклівых отракаў. У Візантыі, на Палатыі, базілеўс Раман Дыяген ніколі макавага зярняці ў рот не пакладзе без таго, каб гэта зярнятка папярэдне не пакаштавала дзесятак служак, бо ежа можа быць атручана. «Ім, таўраскіфам, лягчэй жыць, — думаў Тарханіёт пра мясцовых князёў і баяр. — Іхнія душы не гняце шматвяковы цяжар імперыі, дзе ўсё сотні разоў праверана, узважана, адлічана. Яны не ведаюць, што такое прыдворны цырыманіял, калі тысячы людзей як бы злучаны адной нябачнай ніткаю і кожны ведае свой наступны крок, жэст. У іх захавалася больш непасрэднасці, жывасці, весялосці, варварскай радасці жыцця. Па сутнасці, гэта маладое несапсаванае племя з маладой гарачай крывёй. Такімі калісьці шмат-шмат гадоў назад былі рамеі. Тады рамеяў цікавіла ўсё: і далёкія моры, і таямніцы неба, і законы любамудрасці — філасофія. Але расла, багацела, развівалася, разбухала ўшыркі імперыя і высмоктвала ўсе жывыя сокі з чалавечых душаў. Імперыя бясстрашных страцігаў-палкаводцаў паступова змізарнела, закасцянела, ператварьшася ў падточаны шашалем старасці дом, дзе гаспадараць безвалосыя еўнухі. Усё цяжэй адбіваць удары варварскіх народаў, правінцыі адна за другой адвальваюцца ад імперыі, і можна сказаць, што гэта заканамерна, што гэта ўсё закладзена ў самой сутнасці ўсяго жывога. Надышла старасць вялікай імперыі, яе восень, час яе лістападу».
Тарханіёт жахнуўся ўласным думкам, падняў залаты кубак, гучна, каб чулі нават у суседніх шатрах, сказаў:
— За здароўе базілеўса Русі Ізяслава! I выпіў віно. Ізяслаў пацалаваў рамея, у сваю чаргу абвясціў:
— За здароўе майго брата царгародскага базілеўса Рамана Дыягена!
Зайгралі, ударылі ў свае смыкі гудошнікі. Чарнавокія смуглыя прыгажуні, прывезеныя з-за дняпроўскіх парогаў, закружыліся на зялёным лужку насупраць княжага шатра. На руках і нагах у іх былі залатыя пярсцёнкі, бранзалеты, мілагучныя званочкі. Хмель весялосці пакрысе затуманіў усіх.
Тым часам Тарханіёт, адцясніўшы ад князя ляха Казіміра і варага Торда, усё бліжэй падводзіў гаворку да галоўнай мэты свайго прыезду ў Кіеў.
— Вялікі базілеўс, — зноў узняў ён пацяжэлы кубак, — базілеўс Раман Дыяген вельмі любіць і шануе цябе, а таксама тваіх адважных баяр і ўсю тваю непераможную дружыну. Слава пра цябе дакацілася да самых паўднёвых мораў, да Геркулесавых слупоў на мяжы Акіяна.
Ізяслаў уважліва слухаў, ласкава ўсміхаўся Тарханіёту, піў з ім, а сам увесь час думаў, што нездарма так салодка заспяваў хітры рамей — нешта патрэбна Візантыі ад Кіева. Але што? Ну, вядома ж, вайсковая дапамога, узброеныя сілы, кіеўскія мячы і сякеры. Нядаўна прыплылі купцы з Царгорада, з манастыра Святога Маманта, дзе спрадвеку маецца кіеўскае падвор'е, дык яны казалі, што рамеі вядуць бязлітасную вайну з народам, які называецца сельджукамі. Народ той, як саранча, з'явіўся аднекуль з гарачых усходніх пустынь, захапіў Арменію, усёй сваёй вялікай сілай наваліўся на імперыю.
— Як мне вядома, рамейскі базілеўс Леў, якога назвалі Мудрым, у сваёй «Тактыцы» пісаў, што вайну, пераможную вайну, трэба весці на зямлі ворага, — сказаў Ізяслаў. — Але конніца сельджукаў сёння топча хлебныя нівы імперыі.
— Цяжкія часы, — уздыхнуў Тарханіёт. — Удача адвярнулася ад рамеяў. Мы стрымалі націск арабаў, і гэта каштавала вялікай крыві. Сёння Бог выпрабоўвае імперыю сельджукамі. Як дзеці адной праваслаўнай царквы мы павінны стаць плячо ў плячо і сустрэць агнём і мячом бязбожнікаў у гарах Арменіі і Сірыі.
— Сірыя далёка ад Кіева, — уставіў сваё слова Казімір, які вельмі ўважліва слухаў размову. Тарханіёт гнеўна зірнуў на ляха, сказаў:
— Хрысціянская царква была маналітам, скалой, але яна раскалолася на дзве часткі. Не мы аслабілі царкву, а значыць, і ўвесь хрысціянскі свет. Гэта зрабіў Рым, папа, залатую пантофлю якому цалуеце і вы, ляхі.
Казімір успыхнуў, ускочыў з падушак.
— Не кашчунствуй, рамей! Раскол пачаўся яшчэ тады, калі Феадосій Вялікі падзяліў Рымскую імперыю паміж сваімі сынамі Ганорыем і Аркадзіем. I ўсё ж я хачу сказаць, што не Рым, а Візантыя адышла ад ісцінай Апостальскай веры. Ад вас ідуць ерасі і смуты, паганскі дурман.
Здавалася, вось-вось Тарханіёт з Казімірам схопяцца загрудкі. Яшчэ добра, што былі яны бяззбройныя, бо ў велікакняжны шацёр нельга ўваходзіць са зброяю. Толькі вараг Торд захоўваў поўны спакой. Цякла ў ягоных жылах паўночная кроў. Гэта па-першае. А па-другое, як большасць сваіх супляменнікаў, быў ён яшчэ паганцам, шчыра маліўся лясному дрэву і палявому валуну.
Ізяслаў прымірыў рамея і ляха віном, але пра Арменію і пра сельджукаў болын нічога не сказаў, быццам не пачуў слоў Тарханіёта. «Варвар, — падумаў пра князя рамейскі пасол, — што яму пакуты праваслаўнай царквы? Што яму імперыя, якая напружвае апошнія сілы, адцае на алтар барацьбы лепшых сваіх сыноў? Такіх сляпых душой лечаць толькі золатам». I ён урачыста абвясціў:
— Вялікі князь, базілеўс Раман Дыяген шле табе і базілісе Гертрудзе падарункі. Табе — залатую чашу, упрыгожаную камянямі, і трыста міліарысіяў [Міліарысій — грашовая адзінка Візантыі], базілісе — срэбную чашу і сто міліарысіяў.
Ён махнуў рукою, і ў шацёр з нізкімі паклонамі ўвайшлі ягоныя людзі, еўнухі Міхаіл і Арсеній. Яны паставілі чашу з міліарысіямі да ног Ізяслава, потым накіраваліся ў шацёр княгіні Гертруды, і адтуль пачуўся радасны жаночы віск.
— Прашу перадаць у Свяшчэнны палац, што слава аб Божым намесніку, усётрымацелю Рамане Дыягене коціцца па ўсёй зямлі, — сказаў Ізяслаў. — Прамяні гэтай славы асвятляюць Юеў і Русь.
Потым пачалася філасофская гутарка. Успомнілі Арыстоцеля, Платона, Сенеку, мудрых мужоў Візантыі Пракопія, Прыска Панійскага, Аміяна Марцэліна, Менандра. Тарханіёт дзівіўся, што гэтыя імёны добра ведаюць у Кіеве. «Русы — вельмі разумны, здольны народ», — падумаў рамей, калі пачуў, як вялікі князь Ізяслаў цытуе Менандра. А Ізяслаў, разружавелы, натхнёны, казаў:
— Шчасце любога з нас, смяротных, у тым, што мы можам мысліць. Дажджавы чарвяк точыць свае бясконцыя ходы-выхады, але ён ніколі не здагадаецца ўзняць галаву і глянуць на неба, на сонца і зоркі. Мы шчаслівыя тым, што можам адчуваць і адчуваем зменлівасць зямнога жыцця. Гарады і народы, як пісаў Менандр, то дасягалі высокага росквіту, то прыходзілі да пагібелі. Кругазварот часу, бясконца ўсё перакройваючы, паказвае зменлівасць лёсу свету, і будзе рабіцца гэта, пакуль на зямлі існуюць людзі і бітвы.
— Так, так, пакуль існуюць людзі і бітвы, — падхапіў Тарханіёт. — Можна прайграць бітву, але нельга прайграваць галоўную бітву. А сёння ддя Візантыі і ддя яе сястры па праваслаўі Русі ўсё рашаецца там, на ўсходзе, адкуль ідуць полчышчы бязбожнікаў.
Рамей зноў паспрабаваў быў павярнуць гутарку на выгадную для сябе дарогу — пра вайсковую дапамогу Візантыі. Але князь Ізяслаў узняў кубак, рашуча сказаў:
— У нас калі п'юць, дык п'юць. А дзяржаўнымі справамі павінны займацца цвярозыя галовы. Сёння ж самы дарагі мой госць той, хто добра есць, у каго жывот у сем столак.
Тарханіёт, які ўмеў на ляту лавіць чужыя думкі, які на Палатыі па руху брыва навучыўся ўгадваць змены ў настроі зямных уладароў, адразу весела засмяяўся.
— У першай запаведзі сказана: не сатвары сабе куміра... Калі вялікі князь так шчодра будзе частаваць усіх нас, нашым кумірам зробіцца віно.
— Гэта нядрэнны кумір, — упершыню за доўгі час падаў свой голас вараг Торд.
У Кіеў, у сваю рэзідэнцыю на княжым двары, Тарханіёт вярнуўся стомлены і раздражнёны. Размова з князем Ізяславам не атрымалася, трэба ўсё пачынаць спачатку, і невядома яшчэ, колькі давядзецца прасядзець у гэтай праклятай Таўраскіфіі. Але шкодна працяглы час насіць злосць у сваёй душы, душа робіцца кволай, і Тарханіёт ударыў нагой старога слугу-армяніна, які са срэбнага збанка ліў яму на рукі падагрэтую ваду. Так Тарханіёт заўсёды выпускаў са сваёй душы лішнюю злосць. Паступова настрой палепшыўся. Цела было свежае, чыстае, масла для валасоў пахучае — стары армянін падмешваў у яго мяту, язмін і ружу. Падумалася нават пра жанчыну, пра смуглыя цвёрдыя грудзі якой-небудзь мясцовай прыгажуні, але з жанчынамі трэба пачакаць, трэба быць асцярожным. «Жыццё не такое ўжо кепскае, — падумаў Тарханіёт, паўлежачы ў белым прасторным хітоне на мяккай туравай шкуры, — я мог бы зараз быць грабцом на галеры, які прыкаваны ланцугом да лаўкі, які дзень і ноч варочае цяжкое вясло пад ударамі бізуна і апаражняецца проста пад сябе. Я мог бы зараз быць еўнухам, чалавекам-раслінай без валасоў, з тоўстым тлустым падбародкам і бледнымі халоднымі рукамі. У імперыі тысячы еўнухаў. Мужчыны, пазбаўленыя дзетародных членаў, не могуць быць сынамі гарачага яркага сонца, яны сыны месячнага святла».
— Армянін! — паклікаў слугу Тарханіёт. — Прывядзі сюды Арсенія.
Еўнух Арсеній увайшоў у апачывальню з паклонам, з глыбокай пакорай у цёмных бясстрасных вачах. Яму было каля сарака гадоў, а выглядаў на ўсе шэсцьдзесят. Бязвольная бязмоўная істота, і толькі адзін Тарханіёт ведаў, якія страсці кіпяць пад гэтай бледна-шэрай змарпічакаватай скурай. Не душа была ўнутры гэтага цела, а келіх, напоўнены атрутай. Тарханіёт помніў Арсенія яшчэ дзесяцігадовым хлапчуком, вясёлым жвавым, хутканогім. Яны былі стрыечнымі братамі, сябравалі, разам купаліся ў Прапанцідзе, любілі, уціснуўшыся ў людскі натоўп, глядзець на ранішнія выхады базілеўса ў Залатой зале. Ды бацьку Арсенія кентарху [Кентарх — сотнік] Палікарпасу не пашанцавала. У адным з паходаў базілеўс Канстанцін Дука загадаў схапіць яго і асляпіць. Беднаму кентарху выкалалі вочы распаленым канцом жалезнага шацёрнага слупа і саслалі ў глухі манастыр. Ніхто не мог здагадацца, з якой прычыны так жорстка быў пакараны сцігглы кентарх, але ж хіба пытаюцца ў неба, за што яно б'е людзей маланкаю? Няшчасце абрынулася на ўвесь род Палікарпаса: жанчын пастрыглі ў мнішкі, мужчын, і дзесяцігадовых, і сямідзесяцігадовых, аскапілі. Так зрабіўся вясёлы жыццярадасны Арсеній сонным, вялым паўчалавекам. Гэты паўчалавек стаяў зараз каля Тарханіёта і з сабачай адданасцю пазіраў яму ў вочы.
— Што чутно ў Кіеве, Арсеній? — спытаўся Тарханіёт. Ён не запрасіў яго сесці, не прапанаваў келіх віна. Са сваім стрыечным братам ён паводзіў сябе заўсёды ўладна, штохвілінна напамінаючы таму, якую вялікую ласку зрабіў ён, Тарханіёт, узяўшы сабе ў памочнікі нікчэмнага еўнуха, сына ворага самога базілеўса.
— На Падоле неспакойна, брат, — адказаў тонкім голасам Арсеній. Тарханіёта ён называў, хоць пасланцу базілеўса гэта не падабалася, братам.
— Неспакойна? — Тарханіёт узняўся на ногі. — Што ж вынюхалі твае сышчыкі?
— Рукадзельныя людзі і купцы незадаволены князем Ізяславам.
— Чаму? Князь жа такі разумны, такі памяркоўны.
— Полаўцы здавілі Кіеву глотку, перакрыўшы ў прыморскім стэпе Дняпро. Хлеб і соль з Тмутаракані і з Таўрыі не даходзяць да горада.
— Днепр... Днепр... Барысфен... — задумліва паўтараў Тарханіёт, смуглай рукой прыгладжваючы кароткую чорную бараду. — Калі гэта праўда, то ў Кіеве неўзабаве павінен быць дужа вялікі пост.
— Гэта так, брат, — пацвердзіў Арсеній. — Мясцовая чэрнь крыклівая, ваяўнічая, і, калі давядзецца тужэй зацягнуць пояс, яна аддасца новаму князю, аддасца лёгка, як глыток вады. Яшчэ ж я і мае людзі заўважылі, і ў Кіеве пра гэта кажуць, што не дужа сябруюць між сабой Яраславічы. Сярэдні Святаслаў пераўзыходзіць старэйшага брата Ізяслава сілай волі, рашучасцю. У паходзе на торкаў Святаслаў узначальваў усё войска. Малодшы ж Усевалад самы мяккадушны, кніжнік, любіць мір і цішыню.
— Вельмі цікавая звестка, — ажывіўся Тарханіёт. — Значыць, калі я цябе правільна зразумеў, між братамі можна ўнесці меч?
— Можна, — згадзіўся, кіўнуў безвалосай галавой Арсеній. — I адзін меч, як мне думаецца, ужо ёсць. Гэта — князь Усяслаў Полацкі. Яраславічы трымаюць яго ў порубе, як свайго палоннага, а кіеўская чэрнь любіць Усяслава.
— За што?
— Жанчын любяць за прыгажосць, мужчын за адвагу і розум. Полацкі князь вельмі адважны і разумны. Але гэта яшчэ не ўсё. Ён абараняе старую рэлігію русаў, старых іхніх багоў.
— Паганец, — крыва ўсміхнуўся Тарханіёт.
— На тваім месцы, брат, я не рабіў бы такіх паспешлівых заяў, — пакланіўся Арсеній. — Князь Усяслаў хрысціянін, як і мы з табой. Але хрысціянства ў гэты кут зямлі прыйшло пазней, чым у Візантыю. Апостал Андрэй Першазванны запаліў святло веры над Барысфенам, ці як завуць яго тутэйшыя людзі, Дняпром. Князь Уладзімір, дзед Яраславічаў, зруйнаваў паганскія кумірні і хрысціў свой народ па-нашаму, візантыйскаму абраду. Ды гэта было зусім нядаўна. Хрысціянства тут яшчэ як залаты пыл, што пакрывае вялізнага паганскага ідала. Большасць халопаў і смердаў паганцы. Яны ўцякаюць ад святога крыжа ў лясы, у пустыні. Усяслаў Полацкі зразумеў гэта і, як мне вядома, у сваёй Полацкай зямлі ніколі сілаю не гнаў народ у хрысціянства. Вось таму яго любяць, бо чэрнь любіць справядлівых і цярплівых.
Тарханіёт уважліва слухаў Арсенія і з кожным новым словам еўнуха ўсё болей хмурыўся. Калі ж той скончыў, раздражнёна сказаў:
— Табе, як я заўважыў, падабаецца чалавек, што асмельваецца выступаць супраць святой царквы, якую ўзвёў у душах народаў Хрыстос Пантакратар. Ты хутка забыўся пра лёс бацькі свайго, роду свайго і свой лёс.
Еўнух збялеў як палатно, глуха вымавіў:
— Нас многа з драпінай на сэрцы.
Потым паваліўся ў ногі стрыечнаму брату, пачаў цалаваць ягонае калена. Тарханіёт моўчкі стаяў над ім; твар быў суровы і бледны, быццам высечаны з радоскага мармуру. Ён любіў сябе такога — моцнага, уладнага, бязлітаснага. Ён і Арсенія цярпеў побач ў сабою дзеля таго, каб ярчэй падкрэсліць сваю выключнасць, сваё духоўнае і фізічнае здароўе. Гэтак у спальнях парфіраносных базілеўсаў на Палатыі трымаюць сотні еўнухаў, каб вастрэй адчуць асалоду сваёй мужчынскай сілы.
Нарэшце Тарханіёт адпусціў Арсенія, а сам зноў лёг на цёплую калматую шкуру. Цемра і цішыня наплывалі на яго. Ён любіў вось такія хвіліны абсалютнай адзіноты, калі, здаецца, робішся часцінкай гэтага маўчання і душа твая ляціць увысць, у залаты эфір, да божага прастола. Ён ляжаў і ўспамінаў шумныя вуліцы і плошчы Канстанцінопаля, чайкі і ветразі караблёў над пралівам, непрыступныя сцены Палатыя, ураган чалавечых галасоў над іпадромам, калі па ім імчацца калясніцы. Гэта было ягонае жыццё, ягоная радзіма і ягоная імперыя. «Божа, дзякуй табе, што я нарадзіўся рамеем, — думаў ён, пазіраючы ў цемру. — Ты мог бы пусціць мяне ў гэты свет арабам, эфіопам ці славянінам, але ты злітаваўся, і я — рамей, сын і слуга вялікай імперыі, якой няма роўні, слуга свяшчэннага базілеўса. Дзякуй табе, Усявышні». Паступова думкі ягоныя зноў вярнуліся да Кіева, да вялікага князя. Ці ўдасца ўгаварыць яго паслаць дапаможнае войска ў Візантыю? Падарункі князь атрымаў багатыя, але ж гэтыя таўраскіфы надзіва незразумелыя, упартыя і хітрыя людзі. У сваёй ганарлівасці яны часта забываюць, што іхні лёс у руках вечнага неба. Яны быццам бы саюзнікі імперыі, базілеўса, але яшчэ з часоў князя Алега могуць у самы непатрэбны момант паказаць зубы. Тым болын не варта сварыцца з імі цяпер, калі хрысціянства, як залаты сасуд, разбілася на дзве часткі. Папа Грыгорый з Рыма і Генрых, імператар свяшчэннай Рымскай імперыі, хоць і грызуцца, ваююць між сабой, але з аднолькавай прагнасцю глядзяць на ўсход, на Кіеў, куды можна закінуць сеці і ўзяць багаты ўлоў чалавечых душ. Візантыйская царква не павінна аддаць Русь царкве рымскай, калі такое здарыцца, імперыя ператворыцца ў востраў, з усіх бакоў абкружаны ворагамі. Святая Сафія, зберажы імперыю і яе верных слуг!
А наконт полацкага князя трэба таксама падумаць. Ён быццам клін, што ўвабіты ў самае сэрца Кіеўскай дзяржавы. Гэты клін трэба берагчы, трэба паліваць яго вадзіцаю, каб ён разбухаў, ламаў, расколваў гранітны маналіт. Моцныя саюзнікі патрэбны Візантыі толькі на час паходу, на час вайны, калі ж наступіць мір, калі меч ляжа ў похвы, калі з баявога каня здымуць сядло, саюзнікаў трэба аслабляць. Такі закон жыцця. У адным стэпе няма месца двум ільвам.
Раніцою ў суправаджэнні слугі-армяніна Тарханіёт пайшоў па Кіеве, пайшоў, куды вялі вочы. У велізарным незнаёмым горадзе ён быў, як Іоў у чэраве кіта. Гэты горад неабходна было вывучыць, хоць трошкі зразумець.
Тарханіёт апрануў грубы дарожны плашч з капюшонам, на ногі абуў мяккія вастраносыя сандалі. Чым бядней на табе адзенне, тым менш на цябе глядзяць. Так спрадвеку павялося ў Візантыі, так было і ў Кіеве.
Ужо з першага позірку, з першых крокаў стала зразумела, чаму тыя людзі, што пабывалі ў Кіеве, называлі яго другім Канстанцінопалем. Горад быў вельмі шматлюдны, шматгалосы і вельмі багаты. Уражвалі не толькі велікакняжацкія харомы альбо баярскія палаты, якія будаваліся ў два і тры ярусы. Купцы і вольныя рамеснікі таксама стараліся аздобіць, упрыгожыць сваё жытло, ды так, каб дыханне перахапіла ў таго, хто гляне. Дамы са свяцёлкамі стаялі, як цацкі. На дахах і на вільчыках — вясёлыя пеўні, звяры, хвастатыя рыбы. Надбрамныя стрэшкі, веснічкі, балясы перавіты мудрагелістымі ўзорамі. Тут і пшанічныя каласы, і лугавыя кветкі, і рознакаляровыя геаметрычныя фігуры. Двары і дарожкі акуратна выкладзены аднолькавага памеру камянямі або шііткамі. Чырвоны, сіні, карычневы колеры ўладарнічаюць усюды, цешаць вока, радуюць душу. У болынасці сваёй дамы пакрыты алавянымі лістамі.
Адчуваецца, што горад нядаўна стаў хрысціянскім, бо ў розных канцах яго пагрозна ўзвышаюцца паганскія курганы. Нават непадалёку ад Сафійскага сабора, за царквою Ірыны, якую збудаваў князь Яраслаў Уладзіміравіч, стаіць курган «Дзірава магіла». На думку Тарханіёта, гэтыя курганы даўно трэба было скапаць, зраўняць з зямлёй, бо, як гнойныя болькі д'ябла, раняць яны хрысціянскае вока.
Стараючыся забыцца пра сваё паганскае мінулае, Кіеў паспешліва будуе цэрквы. Лепшая з лепшых між іх Сафія, мітраполія Русі. Велізарны храм, які вянчаюць трынаццаць купалоў, лёгка, бязважка ўздымаецца ў нябесны блакіт і ззяе, гарыць, як светлая дзянніца. Кіяне называюць Сафію ружовабокай. Сцены яе клалі з дзікага каменю і плінфы, змацоўваючы растворам вапны і цамянкі. I цамянка дала сонечны колер усёй царкве. Бліжэй да зямлі сцены зроблены з чырвонага кварцыту, з гранітных блокаў. Здаецца, што царква стаіць на агні. Унутры ж Сафія ззяе рознакаляровай іскрыстай мазаікай, такой асляпляльнай, такой багатай, што Тарханіёт заплюшчыў вочы. «У нечым гэты народ можа пераўзысці Візантыю», — падумалася рамею, але ён адагнаў прэч нечаканую кашчунную думку. Нездарма кажуць, што дурань і на чужыя іконы моліцца. Ён, мудры, разумны, Тарханіёт, будзе маліцца толькі на свае, на візантыйскія іконы і, як вернецца ў Канстанцінопаль, адразу ж пойдзе ў святую Сафію, у тую, што адзіная на ўсёй зямлі.
На княжы двор прыйшоў ён пад вечар з разбітымі нагамі, са страшнай стомай у целе. Даўно не выпадала столькі хадзіць, але ён быў задаволены — сапраўдны слуга імперыі і базілеўса павінен не шкадаваць сябе. Вер толькі таму, што ўбачыш сваімі вачамі, што кранеш сваёй рукою.
Арсеній да яго вяртання падрыхтаваў травяную лазню. Тарханіёта адразу распранулі, пасадзілі ў велізарную дубовую дзежку, налітую ледзь не кіпятком. У вадзе плавалі травы і семя траў, такія пахкія, такія салодка-дурманныя, што рамей адчуў кружэнне галавы, а ў вачах пабеглі іскры. Праз нядоўгі час Тарханіёту пачало здавацца, што ён памаладзеў на добрых дваццаць гадоў. Цела было лёгкае і пругкае, як не сваё, быццам нехта замяніў плоць, замест ранейшай, старой, даў маладую, свежую.
— Я ўзнагароджу цябе, Арсеній, — млеючы ад асалоды, паабяцаў Тарханіёт. Еўнух у звычнай пакоры схіліў галаву, і, як заўсёды, вочы былі спакойна-бясстрасныя.
Апранаючыся, рамей заўважыў між сваіх прыслужнікаў незнаёмага чалавека, новы твар. Густыя чорныя валасы ў чалавека тапырыліся над смуглым ілбом, настырна лезлі ў вочы. Але не рамейскія былі чарната і смугласць, не рамейскія, хоць і чорныя, вочы. Чорнаму колеру не хапала паўднёвай спякотнасці.
— Хто гэта? — строга спытаўся ў Арсенія Тарханіёт.
— Я купіў раба. Яны тут не дорага каштуюць, — растлумачыў еўнух.
— Няхай падыдзе да мяне, — загадаў Тарханіёт.
Чорнавалосы раб не надта палахліва падышоў, пакланіўся, спакойна пазіраў у твар Тарханіёту. Значыцца, у няволі нядаўна, бо старыя рабы, навучаныя жыццём, не глядзяць так смела на гаспадара.
— Хто ты і адкуль? — спытаўся Тарханіёт. Ён ведаў мову русаў, даволі добра валодаў ёю.
— Я Дзяніс. Залатар з горада Менска, — павольна вымаўляючы словы, адказаў нявольнік.
— Былы залатар, — паправіў Арсеній.
Дзяніс глянуў на яго, спачатку не зразумеў, але і потым, калі да яго дайшоў сэнс еўнуховых слоў, паўтарыў:
— Я залатар.
— Дзе ж знаходзіцца твой Менск? — пацікавіўся Тарханіёт.
— У Крыўскай зямлі. На поўнач адсюль. Трэба плыць уверх па Дняпры, потым на левую руку будзе Бярэзіна, а з Бярэзіны трэба кіравацца ў раку Свіслач. Там і будзе Менск.
— Як трапіў у няволю?
— 3 палонам у Кіеў прыгналі. Князі варагуюць між сабой, нас, рукадзельных людзей і смердаў, у здабычу бяруць.
Тарханіёт задаволіўся адказам і адпусціў раба, сказаўшы:
— Добра працуй на мяне, і бізун абыдзе тваю спіну.
Пазіраючы, як Арсеній з Дзянісам выходзяць з лазні, падумаў, што занадта доўга размаўляў з рабом. Гэтым стварэнням дастаткова ківа пальца, нахмураных броваў. Раб ёсць раб. Дзеля таго, каб пісалі свае хранографы гісторыкі, каб гутарылі з Богам філосафы і паэты, каб славілі Усявышняга свяшчэннікі, павінен круціць жорны, махаць матыкаю на камяністым полі раб. I ўсё-ткі Арсеній разумна зрабіў, купіўшы раба-славяніна. Трэба мець пад рукою мясцовых людзей, яны ведаюць звычаі свайго краю, ведаюць характар тубыльцаў.
Цяклі дні. Вялікі князь Ізяслаў, здавалася, забыўся пра пасланца рамейскага базілеўса. Тарханіёту і ягоным людзям спраўна дастаўлялі з княжацкай кухні мяса і віно, пшанічны хлеб. I толькі. Князь не падаваў ні слова, ні гуку. Тарханіёт некалькі разоў спрабаваў трапіць да яго на прыём, але князь то ездзіў на ловы, то займаўся з дружынаю, то раптам накочваўся на яго чорны сум, і лекары патаемна ад людзей лячылі князя. Рамей здагадваўся, што князь проста не хоча пакуль што сустракацца з ім, нечага чакае. Але чаго ж чакае Ізяслаў? Паражэння візантыйцаў у вайне з сельджукамі? З'яўлення на Палатыі новага базілеўса? Адзін Бог усё гэта ведаў, але патрэбна было ведаць і Тарханіёту. I ён раскідваў па горадзе невад сваіх сышчыкаў, нават новага раба Дзяніса, які зрэдку хадзіў на Падол кушшць у ганчароў посуд, прымушаў уважліва слухаць усё, пра што гавораць між сабой кіяне, і дакладваць яму. Але ўсё гэта была дробная рыбка, буйной рыбаю рамей заняўся сам. Перш-наперш ён запрасіў да сябе ў госці варага Торда. Рыжавалосы велікан любіў віно, любіў добра паесці, і абедзенны стол у Тарханіёта аж гнуўся ад свежай дзічыны і рыбы, ад розных прысмакаў, а віно было самае найлепшае — кілрскае і фалернскае.
Тарханіёт, як звычайна, пачаў з ліслівых слоў, сказаў Торду:
— Такі адважны, такі мудры воін, як ты, мог бы з поспехам служыць у Канстанцінопалі, быць самім этэрыярхам, начальнікам імператарскай гвардыі.
Торд сустрэў пахвалу рамея спакойна, усміхнуўся.
— Нашы людзі ёсць і ў вас, у Візантыі. I ў гвардыі імператарскай служаць. Па ўсёй Еўропе, пры ўсіх каралеўскіх дварах, цэняць сыноў халоднага мора. Нашы скальды [Скальды — ісландскія і нарвежскія паэты IX—XIII стст.] складаюць песні конунгам [Конунг —кароль] Даніі, Нарвегіі, Швецыі і Англіі.
— А сам ты адкуль? — спытаў Тарханіёт.
— 3 Нарвегіі. Але я яе ні разу не бачыў. Майго дзеда Інгольва выгнаў за мора Харальд Цудоўнавалосы. Гэтага Харальда спачатку называлі Касматым, бо ён даў клятву — пакуль не возьме ўладу, не будзе стрыгчы валасы.
— I ён пастрыгся?
— Так, ён стаў першым нарвежскім конунгам. А ўсе тыя, хто не жадаў мець над сабой нічыёй рукі, рассыпаліся па свеце. Майго дзеда лёс прывёў у Полацк, а потым сюды, у Кіеў. 3 таго часу Одзін, галоўны Бог, Бог вайны і Бог мёртвых, ахоўвае наш род на чужой зямлі. Каму толькі мы не служылі! Полацкаму князю Брачыславу, Ішязю Яраславу Мудраму. Даўно памерлі мой дзед, мой бацька. Сёння мая баявая сякера служыць князю Ізяславу. Мая сякера — чэсная сякера.
Гэты Торд быў не такі просты, як здавалася напачатку. 3 ім, падумалася Тарханіёту, трэба паводзіць сябе край як асцярожна.
— У Еўропе зараз ёсць дзве магутныя сілы: вікінгі і Візантыя, — сказаў рамей. — Вікінгі валодаюць Поўначчу, Візантыя — Поўднем.
Але Торд не згадзіўся.
— Сыны халодных мораў шіаваюць па Міжземным моры, як у сябе дома. Сцяг вікінгаў, на якім вышыты груган, ужо лунае над Сіцыліяй. Нашы мячы, ці, як называюць іх скальды, сярпы ранаў, не можа спыніць ніхто. Ваша ж імперыя, прабач мяне, ужо не дзяўчына і нават не маладая жанчына, а бабуля.
Гэта была знявага, але рамей праглынуў яе, як глытаюць на званым абедзе ў базілеўсаў дужа пераперчанае мяса. I пячэ, і рот гарыць, а вымушаны ўсміхацца.
— За сілу, — узняў кубак з кіпрскім віном Тарханіёт.
— За сілу, — падтрымаў яго Торд.
Рамей умеў піць не п'янеючы. Такому ўменню папярэднічала цяршіівая трэніроўка. Трэба было, калі п'еш віно, затойваць дыханне, рабіць доўгі глыток, папярэдне перад трапезай выпіўшы лыжку аліўкавага масла. Калі ж даводзілася піць занадта шмат, калі ўжо страўнік трашчаў ад віна, рамей пад нейкай прычынаю выходзіў з-за стала і ў суседнім пакоі глыбока засоўваў сабе ў рот гусінае пяро, змазанае тлушчам. Рабы выціралі з паддогі ваніты, а рамей зноў быў лёгкі і цвярозы.
Так ён зрабіў і сёння. Торд ужо араў носам стол, а Тарханіёт, хітра ўсміхаючыся, усё наліваў і наліваў: «Пі, варвар, — зларадна думаў ён. — Ты назваў імперыю старой бабуляй, але гэта мудрая старая будзе жыць вечна, а вы, маладыя, прагныя да віна і крыві, захлынецеся ва ўласнай блявоціне каля яе ног. Нездарма Бог пасадзіў вінаградную лазу менавіта на нашай зямлі, бо толькі рамейскі народ можа сілу і ярасць віна падпарадкаваць свайму розуму. Варварскія плямёны спіліся б, як цюцькі, маючы ў сваім агародзе, пад сваім акном такую лазу».
Віно зрабіла Торда болын гаваркім і пакладзістым. Ён нават пачаў хваліць Візантыю. Гэта адразу ўлавіў Тарханіёт, сказаў:
— Імперыю можна любіць, ёй можна служыць, жывучы далёка ад яе. Сонца ж далёка ад нас, у нябеснай бездані, але яно грэе ўсіх нас, асвятляе шляхі, спеліць наш хлеб, і ўсе мы любім яго. Так і Візантыйская імперыя. Той, хто верны ёй, шчаслівы чалавек, бо яна ўмее жорстка караць адступнікаў і ворагаў сваіх.
— Я не вораг, — хітнуў п'янай галавой Торд. — Мая баявая сякера не чырванела ад рамейскай крыві. Я хацеў бы ўбачыць ваша рамейскае войска, бо чуў, што яно моцнае і вельмі добра ўзброена. А я люблю добрую зброю.
— О, нашаму войску няма роўні! — усклікнуў Тарханіёт. — Я бачыў яго ў сірыйскай пустыні. Уперадзе ідуць бандафоры-сцяганосцы і букінатары-трубачы. За імі — фаланга цяжкаўзброеных пехацінцаў, якія называюцца скутатамі. Лёгкая пяхота, або, як мы завём іх, псілы, акружае з усіх бакоў скутатаў, дапамагае ім у час бою. Калоны скутатаў, як жывая крэпасць, за якой могуць схавацца і конніца, і лёгкая пяхота. Усе ў яркіх шіашчах, у бліскучых даспехах, з двухлёзнымі сякерамі і коп'ямі, з рагатымі жалезнымі шарамі, з арбалетамі-саленарыямі. А следам ідзе абоз, у якім вязуць ваду і хлеб, фураж ддя коней, ручныя млыны, пілы, малаткі, штурмавыя лесвіцы, пантоны для пераправы цераз рэкі і агонь, наш славуты і страшны мідыйскі або грэчаскі агонь. Гэта трэба ўбачыць на свае вочы, трэба пачуць мерны і настойлівы крок непрыступнай фалангі, калі толькі пясок жорстка рыпіць пад моцнымі нагамі, калі гадзюкі хаваюцца ў норы, а крылатыя арлы ў шчыліны між скал, і ўбачыўшы гэта, абавязкова скажаш сабе: «Вось яны — непераможныя! Вось яны — бяссмертныя!»
Торд як зачараваны слухаў Тарханіёта. Яму, што нарадзіўся пад шум бітвы на дне варажскай лоддзі, гэтыя словы былі як бальзам, як ласкавая ўсмешка самой Святой Дзевы.
— Русы таксама нядрэнныя воіны, — працягваў рамей. — Імперыя помніць князёў Алега і Святаслава. Кіеўскі меч пашырыў межы дзяржавы ад Еўксінскага Понта [Еўксінскі Понт —Чорнае мора] да льдоў Поўначы.
— Моцны баявы народ, — згадзіўся Торд.
— Але ім ніколі не зраўняцца з рамеямі, — бліснуў вачамі Тарханіёт. — У нас ёсць адзін Бог і адзін баганосны імператар, а яны, акрамя Хрыста, пакланяюцца, хоць і патаемна, лясным ідалам, і кожны іхні горад, кожны ўдзельны князь хоча аддзяліцца ад вялікага князя кіеўскага Ізяслава, хоча сам сабе быць гаспадаром. А гэта — смерць для дзяржавы. Сцяна заўсёды сцяна, але калі разабраць яе на асобныя камяні, сцяна робіцца кучай камянёў, за якімі не схаваешся ад варожага мяча. Ад нашых карабельшчыкаў чуў я, што ў паўднёвых морах ёсць магнітная гара. I вось калі да яе падплываюць, магніт выцягвае з карабля ўсе жалезныя часткі: цвікі, балты, заклёпкі, і карабель рассыпаецца. Разумееш мяне? Улада адзінага базілеўса тое жалеза, якое мацуе карабель дзяржавы. Ну яшчэ, калі быць дакладным, дзяржаву мацуюць золата і срэбра.
— Што золата і срэбра?! — раптам усклікнуў Торд. — На свеце няма нічога ярчэйшага за ваду і агонь.
Тарханіёт здзіўлена глянуў на яго, зразумеў, што мозг варага да краёў напоўнены віном, але працягваў далей:
— Ты, напэўна, ведаеш і, напэўна, бачыў, што тут, у Кіеве, у порубе, сядзіць полацкі князь Усяслаў.
Торд згодна кіўнуў галавой.
— Ведаю, вельмі адважны князь.
— Дык вось, наш базілеўс гэтаму князю замест вады даўно наліў бы ў кубак адвар цыкуты, і князя б не было. Але гэта справа саміх русаў, самога вялікага князя Ізяслава. Я ж хачу сказаць, што Усяслаў Полацкі, як і ты, бясстрашны Торд, можа стаць верным сябрам Візантыі.
Пры такіх словах Торд узняў галаву.
— Імперыі патрэбны такія людзі, рашучыя, моцныя, людзі, якіх паважае і любіць народ, — не спыняўся, казаў далей Тарханіёт. — I ты не памылішся, адважны Торд, калі болын пільна глянеш на Канстанцінопаль, сцены якога ўзведзены не з саломы і не з чароту, а з мячоў і коп'яў непераможных воінаў.
— Але я служу вялікаму князю Ізяславу, — раптам вымавіў Торд.
— Усе мы служым Хрысту. Ён — адзіны наш уладар, — узвёў вочы ўгору Тарханіёт. На душы ў рамея была прыкрасць. Аказваецца, гэты паўночны варвар, гэты п'яны цюлень памятае пра свой абавязак і, як ні дзіўна, не пазбаўлены высакародства. «Што ж, не ўсякае дрэва адразу згінаецца, — падумаў Тарханіёт. — Але я ўпэўнены, што неўзабаве знайду ключ да жалезнага сэрца варага». Ён узняў кубак, сказаў:
— Давай, як сябры-застольнікі, вып'ем за тыя дарогі, зямныя і марскія, што яшчэ чакаюць нас у нашым жыцці.
— Вып'ем, — усхапіўся Торд.
Калі нарэшце п'яны Торд пайшоў, рамей загадаў прынесці папірус, чарнілку, пяро і, пазіраючы на жоўта-пунсовы агеньчык свечкі, застыў у глыбокім одуме. Гэта былі найлепшыя ягоныя хвіліны. Тлум дня сплываў, душа лагаднела, спакайнела, ачышчалася, можна было падумаць пра сэнс зямнога жыцця. Тарханіёт з ранняга юнацтва прывучаў сябе глядзець на ўсё цвяроза, старацца як мага глыбей пранікаць у сутнасць рэчаў і з'яў. Ён добра памятаў словы вялікага сіцылійца філосафа Эмпедокла:
Зямлю зямлёю мы бачым, бачым ваду вадою,
Дзіўным эфірам эфір, агнём агонь бессардэчны,
Каханне мы бачым каханнем,
Разлад атрутным разладам.
Хацелася напісаць нешта мудрае, значнае, каб далёкі нашчадак-рамей у такой жа самотнай глухой начы прагаа чытаў, хваляваўся ад прачытанага, доўга не спаў, перагукваўся з ім, Тарханіётам, уражанай душою праз стагоддзі. Там, у недасяжнай будучыні, будзе такі ж вецер, і будзе Іпумець рака, нямоўчна, глыбінна, і будзе нехта крочыць па начной сцежцы, над якой гараць задуменныя блакітныя зоркі. Якое кароткае зямное жыццё! Толькі народзішся, толькі разумным вокам глянеш на свет, як ужо трэба рыхтавацца да жыцця нябеснага, вечнага.
Тарханіёт уздыхнуў, адклаў пяро. Не пісалася. Тады ён паклікаў Арсенія, загадаў, каб той прывёў Дзяніса, новага раба. Калі раб увайшоў, глянуў на яго і на Арсенія строга, у гневе зламаў густое чорнае брыво, сказаў:
— Гэты рус дужа валасаты. У раба павінна быць голая галава, па якой заўсёды можна ўдарыць, на якую можна сыпаць попел і пясок. Няхай яго астрыгуць, і ты, Арсеній, зноў прывядзі яго да мяне.
Неўзабаве прыйшоў астрыжаны Дзяніс. Белая незагарэлая скура на цемені рэзка адрознівалася ад смуглай, амаль карычнева-чорнай скуры шчокаў. Але нічога — папрацуе на сонцы дзень-другі і адразу стане цёмнагаловы.
Раб стаяў панылы, невясёлы. Яны, рабы, вясёлымі бываюць толькі тады, калі з дазволу гаспадара п'юць неразбаўленае віно, падаюць на зямлю, балбочуць нешта незразумелае і смяюцца, як дзеці. У Тарханіёта гэта заўсёды выклікала агіду. П'яная дзікая ўсмешка на худым, дачасна пастарэлым твары была ўсмешкаю д'ябла.
— Сумуеш па радзіме? — спытаў Тарханіёт. Ён сам здзівіўся свайму пытанню, бо хіба вядома рабам-варварам, што такое сум, гонар, адчуванне страты? У іх ёсць мускулы, вочы, рот, маюцца зачаткі душы, але толькі зачаткі. Душа рабоў — бяскрылая сляпая птушка. Ды пытанне вырвалася само па сабе, пэўна, ён, Тарханіёт, расчуліўся, памякчэў, успомніўшы Эмпедокла.
Не чакаючы адказу, Тарханіёт гаварыў далей:
— Тут, у Кіеве, сядзіць у порубе разам з сынамі князь Усяслаў Полацкі. Твой былы князь. Разумееш?
Раб кіўнуў астрыжанай галавою.
— Кіеўская чэрнь шануе, любіць яго, хоць любоў чэрні заваяваць лёгка: кінь ёй мяса, віна — і ты Бог. Ды не віном і не мясам заарканіў Усяслаў кіеўскі Падол, бо сёння сам нічога не мае. Іншым ён бярэ, але я не гэта хачу табе сказаць. Каля акенца поруба, я сам бачыў, спыняюцца людзі і некаторыя з іх нават размаўляюць з князем — варта дазваляе. Чаму б табе не схадзіць да акенца?
Раб уздрыгнуў, з непаразуменнем глянуў на гаспадара. Ён не мог даўмецца, што хаваецца за такой прапановай. Навошта рамей сваім словам кроіць сэрца яму, Дзянісу, які столькі адпакутаваў за апошні сонцаварот?
— Чаго ж ты маўчыш? — настойваў Тарханіёт, не дачакаўшыся адказу, стукнуў драўляным малаточкам па званку, які на скураным пазалочаным рэмені вісеў леваруч ад яго. Адразу ж увайшоў Арсеній.
— Заўтра павядзеш раба да поруба, у якім сядзіць князь Усяслаў, — сказаў Тарханіёт еўнуху. Калі Дзяніс выйшаў, растлумачыў:
— Мне патрэбна звязацца з гэтым апальным князем. Імперыя павінна шукаць сяброў не толькі ў залатых палатах, на тронах, паміж радасці і славы, але і там, куды рэдка трапляе сонечны прамень: у халупах жабракоў, у турмах і катавальнях. Нездарма кажуць, што здаровы жабрак шчаслівейшы за хворага базілеўса. Там, на дне жыцця, дрэмлюць магутныя сілы. Яны сляпыя, нямыя, страшныя, дзікія, але з імі трэба падтрымліваць сувязь, каб у рашучы час, у час, калі зазвоняць мячы і пацячэ кроў, яны былі з намі. Давядзеш раба да акенца, а сам адыдзешся ўбок. Не трэба, каб варта ўбачыла каля поруба рамея. Калі ж схопяць раба, а яго могуць схапіць, ён скажа, што сам родам з Полацкай зямлі, засумаваў па радзіме і захацеў глянуць на свайго князя. Тарханіёт змоўк.
— I гэта ўсё, брат? — асцярожна запытаў Арсеній.
— Не. Самае галоўнае тое, што раб, непрыкметна для варты, павінен кінуць у поруб вось гэты шарык.
Тарханіёт двума пальцамі ўзяў са стала невялікі шарык з цёмна-жоўтага воску.
— Унутры шарыка схавана пасланне князю Усяславу. Я напісаў пасланне рускімі літарамі на ядвабнай стужцы.
— Але раб і разам з рабом твой шарык могуць трапіць у рукі варты, а я чуў што вялікі князь Ізяслаў бязлітасна карае ворагаў сваёй дзяржавы, — сказаў Арсеній.
— Ворагаў бязлітасна караюць усе базілеўсы, не толькі Ізяслаў — усміхнуўся Тарханіёт. — I гэта не мой шарык, а наш. Наш. Зразумеў? Дарэчы, пад пасланнем на ядвабнай стужцы я напісаў тваё імя.
Тарханіёт пранізліва пазіраў на еўнуха.
— Маё? — перапытаў еўнух.
— Тваё. Калі схопяць раба, схопяць і цябе. Пастарайся ж, каб раба не схапілі і каб шарык трапіў у поруб, у рукі Усяслава. I яшчэ... Вы пойдзеце да поруба заўтра, пад вечар. Перад гэтым добра накармі раба, не шкадуй мяса, дай кубак віна, а ў віно ўсып вось гэты парашок. Вы, еўнухі, лепш ведаеце, што гэта такое.
— Атрута, — прашаптаў Арсеній, беручы ў рукі маленечкую медную чарачку, на дне якой быў насыпаны чырвоны парашок. — Ты хочаш, каб раб памёр?
— Хачу. Я думаю, што яму ўдасца кінуць шарык у поруб і што Усяслаў, вораг Яраславічаў, захавае тайну шарыка. Але раба пасля гэтага могуць схапіць, пачнуць дапытваць гарачым жалезам... Няхай лепш ён памрэ трошкі раней і не паспее выдаць мяне і цябе. Ён мой раб, мая ўласнасць, і я хачу, каб і смерць ён прыняў ад мяне, а не ад некага іншага. Можаш ісці, Арсеній.
Еўнух пайшоў, схаваўшы чарачку з атрутай у доўгае рукаво сваёй бледна-ружовай хламіды. Атрута для візантыйскіх еўнухоў такая ж звычайная рэч, як хлеб і вада. Колькі парфіраносных базілеўсаў і базіліс, адважных страцігаў і мудрых эпархаў на самым узлёце жыццёвых сіл, у цвіценні душы і цела раптам, як лёгкі штуршок, адчувалі няўлоўную млявасць пад сэрцам. Гэта быў сігнал, знак, што атрута, маленечкая расінка смертаноснай вадкасці або драбінка, пылінка парашка пранікла ў кроў і назад, са скляпенняў чалавечага цела, яна можа выйсці, толькі ўзяўшы з сабою чалавечую душу. Пачыналі выпадаць валасы, прычым усе: з вусоў і броваў, з падпахаў... Твар набухаў разбракаў, мяняў колер. Смуглая скура штодня рабілася ўсё болей ружовай, зеленавата-фіялетавай. Размякчаліся косці, шью не трымала галаву, ногі — цела. 3 пальцаў, як рыбіна луска, абляталі пазногці. Расінка і пылінка забівалі гігантаў, рабілі нікчэмным прахам тых, хто зубамі перакусваў цвікі і ламаў у руках конскія падковы. I ўсім гэтым з найвялікшым спрытам і майстэрствам валодалі еўнухі, людзі, у якіх жыццё адабрала ўсе зямныя радасці, пакінуўшы толькі адну жорсткую радасць — забіваць.
Тарханіёт глядзеў услед Арсенію, і холад бег у рамея па скуры.

 

Колькасць прачытаўшых: 2507
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007