Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел трэці (частка III)

Вялікі князь Ізяслаў не ведаў, што рабіць з палонным полацкім князем. «Дарэмна я схапіў яго каля Ршы, — думаў бяссоннымі начамі Ізяслаў. — Толькі рукі сабе звязаў... Хай бы бегаў гэты ізгой на злом галавы па балотах і пушчах, нехта б прыкончыў яго».
Баяры, асабліва Чудзін і брат яго Тукэ, раілі забіць Усяслава. Без крыві ўсё роўна не абысціся, дык чаго чакаць? Хіба мала ахоўнікаў? Няхай адзін з вояў добра стукне кап'ём, і ўсё. А княжычаў можна завезці ў манастыр.
Спачатку іх падтрымліваў і Святаслаў, але потым, седзячы ў сваім Чарнігаве, перадумаў, не захацеў браць кроў на душу.
Супраць забойства адразу ж падаў свой голас малодшы Яраславіч, Усевалад Пераяслаўскі. 3 княгіняй, маладой светласкурай рамейкай з роду Манамахаў, ён некалькі разоў прыязджаў у Кіеў і слёзна прасіў вялікага князя сцішыць гнеў, быць мудрым. «Родзічаў нам пасылае неба, сяброў жа мы выбіраем самі, — казаў ён старэйшаму брату. — Забіўшы палоннага і безабароннага, мы страцім шмат нашых сяброў. Што дасць табе гэта смерць? Братні нам па крыві Полацк ты назаўсёды адарвеш ад Кіева. Добра памаліся і добра падумай».
Ізяслаў маліўся, думаў, не спаў, змучыўся. Удача гэтым летам павярнулася да яго спінаю. 3 поўдня ціснулі полаўцы, на захадзе грымелі мячамі ўгры, і нават кароль ляхаў Баляслаў, родзіч, перабягаў цераз Буг, паліў гарады і весі. Усе, хто мог, упіваліся зубамі ў кіеўскую зямлю. Так ганчакі грызуць на ловах мядзведзя.
«Заб'ю Усяслава, — думаў, шалеючы ад свайго бяссілля, вялікі князь. — Нездарма кажуць смерды і рукадзельныя людзі, што ён ваўкалак. Гора прынёс мне полацкі князь. Заб'ю яго». Але супакойвалася сэрца, і ён разумеў, што не адважыцца забіць, бо Святаполкам Акаянным назаве яго Руская зямля. Ён жа, сягаючы думкамі ў будучае, хацеў, каб пасля смерці з любоўю ўспаміналі яго ўсе, як успамінаюць бацьку ягонага Яраслава Мудрага. Спустошаны, знясілены цяжкімі згрызотамі, павярнуў вялікі князь душу сваю і вочы свае да царквы, загадаў завезці ў Пячэрскі манастыр багатыя дарункі: тры вазы карчаг з віном і пяць вазоў з хлебам, сырам, рыбай, гарохам і мёдам. Адразу ж да князя прыехаў ігумен Феадосій, сказаў:
— Голад цялесны быў у нашай абіцелі, плакалі чарняцы, выграбаючы апошнюю жменьку мукі з сусекаў але ты, хрысталюбец, успомніў пра нас, сірых і бедных. Келар [Келар — загадчык манастырскай гаспадаркі], молячыся за цябе, наварыў ддя браццяў пшаніцы з мёдам. Ты не з тых, што з'ядаюць сваіх дзяцей замест хлеба. Жыві ж і слаўся, вялікі князь!
Ізяславу было прыемна слухаць такія словы. Ён пасадзіў Феадосія побач з сабою, пачаў шчодра частаваць. Але ігумен, строга звёўшы суровыя бровы, адмовіўся. Ізяслаў піў і еў адзін і, калі хмельнае віно зрабіла сэрца празрыста-лёгкім, пажаліўся ігумену:
— Адзін раз жывём на гэтай зямлі, святы ойча. Пойдзем некалі адсюль. Будзем жыць у раі, на небе... А сюды не вернемся, ніколі не вернемся. Траву зямную не ўбачым...
Феадосій здзіўлена зірнуў на вялікага князя.
— Рабі добрае, — сказаў ён, — і такія думкі не будуць засмучаць цябе. Трава зямная — тлен. Апошняя каза можа згрызці яе. Думай пра небясны вечны эфір. Зямное жыццё — падрыхтоўка да жыцця нябеснага.
— А як рабіць добрае? — запытаўся Ізяслаў. — I што такое добрае? Калі я забіваю свайго ворага — добра мне, але дрэнна яму, ягонай жонцы і дзецям.
— Бог — адзіны суддзя, — перахрысціўся ігумен. — Вышэйшы суд на небе.
Ізяслаў таксама перахрысціўся, ціха вымавіў:
— Не магу рашыць, што мне рабіць з Усяславам.
— 3 полацкім князем, які сядзіць у порубе? — выцер вусны ядвабнай вышыванай хустачкай Феадосій.
— 3 ім. Парай, святы ойча.
На нейкі міг павісла маўчанне. Промень сонца ўляцеў праз каляровае шкло акна, і, здалося, успыхнула віно ў высокіх срэбных кубках.
— Ты спазніўся, — сказаў нарэшце ігумен і растлумачыў: — Яго трэба было забіць на Дняпры, каля Ршы, трэба было забіць учора, а сёння ўжо позна. Пра яго ведае ўвесь Кіеў. Калі ты яго заб'еш, заб'еш у порубе, ён зробіцца пакутнікам у вачах усіх, і Русь не даруе табе.
— Што ж рабіць? — пазмрачнеў Ізяслаў. — Выпускаць яго нельга, бо ён адразу схопіць меч і сядзе на каня.
— Я з ахвотаю ўзяў бы яго чарняцом у сваю абіцель.
— Чарняцом? Усяслава? — аж прыўзняўся з мяккай венецыянскай канапы вялікі князь. — Хіба такія ідуць у манастыр? Ды ў яго душа з агню, а не з воску. Нездарма кажуць, што ён пярэварацень, ваўкалак. Ручным ён ніколі не будзе. Ніколі.
Апошнія словы Ізяслаў амаль выкрыкнуў. Феадосій жа быў спакойны. Узняўся, падышоў да акна, пагладжваючы сухімі цёмнымі пальцамі вялікі залаты крыж на грудзях. Потым павярнуўся да вялікага князя:
— Ёсць у мяне ў абіцелі чарнец Мяфодзій. Ужо семнаццаць сонцаваротаў сядзіць у сваёй келлі. Святы праведнік, а праведнасць, як вядома, лучыць чалавека з усім, што над зямлёй, на зямлі і пад ёю. Лучыць людзей з Богам і між сабой. Гэты Мяфодзій, як і Усяслаў, родам з Полацкай зямлі і, як прызнаўся на споведзі, у маленстве сябраваў з князем Усяславам, бо быў у ягонага бацькі Брачыслава сядзельнічым. I называлі яго тады не Мяфодзіем, а Ярунам.
— Пра яго твае чарняцы Арцемій і Улеб мне гаварылі, — перапыніў Феадосія Ізяслаў.
— Гаварылі, — задаволена ўсміхнуўся ігумен. — I яшчэ яны гаварылі табе, вялікі князь, што ў гады маладосці і сілы гэты Мяфодзій быў агідным паганцам, ворагам Хрыста. У глухіх лясах, у ямах і на балотах маліўся са сваімі хаўруснікамі Перуну. I княжыча Усяслава павёў за сабою да ідалаў, хацеў зрабіць паганцам. Так атруціў дуіпу княжычу, што той як сшалеў — кожны дзень бегаў з горада ў дрыгву Перуну маліцца. Веру ў Хрыста, у Святую Тройцу называў ён казкай, якую прыдумалі прыблудныя рамейскія чарнарызцы. Цяжка было з ім князю Брачыславу. Баяры пачалі гаварыць, што сын-паганец у полацкага князя расце, што вялікая бяда будзе, калі гэты няверац сталец возьме. Плакала княгіня, лютаваў стары Брачыслаў. Але ні лаза, ні пакаянныя пасты і малітвы не дапамагалі, і раптам цуд адбыўся — паказаў Усяслаў князю-бацьку і ягонай дружыне патаемнае лясное логвішча полацкіх паганцаў. Там адных ідалаў з сотню было. Усіх пасеклі дружыннікі, у агонь і ў багну пакідалі. Многіх стараверцаў узялі за кадык і забілі. I вось я думаю: што перамяніла тады Усяслава?
— Хрысціянская вера душу асвяціла, — сказаў Ізяслаў.
— Гэта так. Ваісціну справядлівыя словы твае, вялікі князь, — перахрысціўся Феадосій. — Але кожны новы дзень пачынаецца з самага першага сонечнага праменьчыка. Што было тым праменьчыкам?
Яны памаўчалі. Віно палала, іскрылася ў срэбных кубках, клікала да сябе. Віно было ружовай нябеснай расой, што выганяе з сэрца сум, робіць лягчэйшай самую цяжкую згрызотную думку. Ды Феадосій не дакрануўся да свайго кубка, пільна паглядзеў на Ізяслава.
— Хачу я, вялікі князь, каб Усяслаў і Мяфодзій сустрэліся. Двум былым паганцам, адзін з якіх яшчэ і сёння касавурыцца на балота, будзе што ўспомніць. Калі мы не можам скараць Усяслава мячом, трэба клікаць на дапамогу Божае слова. Мяфодзію зверху дадзены дар накіроўваць сляпыя душы на ісцінны шлях. Камяні плачуць, слухаючы яго.
Ізяслаў недаверліва гмыкнуў.
— Так-так, — натхнёна сказаў Феадосій. — Я сам сведка. I не руда-кроў цячэ ў ягоных жылах.
— А што ж?
У цёмных вачах вялікага князя ўспыхнула непрыхаваная цікаўнасць.
— Малако.
— Малако? — у Ізяслава выцягнуўся твар. — Ды хіба можа быць такое?
— Можа, — рашуча сказаў ігумен. — Зноў жа — я сам сведка. Мяфодзій, капаючы сваю пячору, параніў руку аб камень, скуру садраў ад кісці да самага локця. I замест чырвонай крыві ў ране я ўбачыў белую, убачыў самае сапраўднае малако.
— Твае вочы маглі памыліцца, — недаверліва зморшчыў лоб Ізяслаў і ўзяў кубак з віном.
— Вялікі князь, я веру сваім вачам, як веру Хрысту, — усклікнуў Феадосій. — Плоць мая і душа мая, дзякуй Богу, здаровыя, і я магу адрозніць дзень ад ночы, белае ад чорнага або чырвонага. Клянуся на крыжы, кроў у Мяфодзія белая-белая, як малако. А можа, гэта і ёсць малако.
Ізяслаў слухаў ігумена і крывіў ва ўсмешцы тонкія вусны.
— Ты не верыш мне? — пачырванеў, як бураковым сокам наліўся, Феадосій. — Тады бяры з падзямелля свайго палачаніна, і ўтрох, ты, ён і я, паедзем у пячору Мяфодзія. Там ты ўсё ўбачыш на свае вочы.
Назаўтра воі-ахоўнікі і надворныя халопы разабралі верхнія вянцы дубовага поруба, на вяровачнай лесвіцы выцягнулі Усяслава. Полацкі князь жмурыўся, ратаваў вочы ад сонца, закрываючы іх далонямі. Але ў паставе, у руках адчувалася няскораная сіла.
— Ці молішся Богу, князь? — падышоў да яго Феадосій.
— Малюся, — спакойна адказаў Усяслаў. — Хіба ж можна не малідца Богу, жывучы побач з табою?
— Не разумею, пра што ты кажаш, — збянтэжыўся ігумен.
— Я кажу, што мы з табою, з вялікім князем Ізяславам жывём побач, жывём у слаўным Кіеве. Толькі вы ў палатах, а я ў порубе.
— Кожнага Бог узнагароджвае за зямную дабрачыннасць, за справы зямнью, — з годнасцю сказаў Феадосій.
— Але не забывай, ігумен, што наперадзе ўсіх нас чакае вечнасць, — усміхнуўся Усяслаў. — Столькі яшчэ Божых узнагарод будзе і ў цябе, і ў мяне. Ёсць не толькі рай, ёсць пекла. Запомні гэта.
Вялікі князь уважліва слухаў іх, сам зацята маўчаў, толькі прыгладжваў сваю русую бараду, якая расла клінам. Яркія, але ўжо нягрэйкія сонечныя промні ліліся на Кіеў.
Да Пячэрскага манастыра дабіраліся конна з трыма дзесяткамі дружыннікаў. Манастыр стаяў за гарадской сцяною, на высокай гары. Гара была сточана пячоркамі-хадамі. Так мышы праточваюць духмяную галоўку сыру. Першы прыйшоў на гэта месца настаяцель [Настаяцель — старшы свяшчэннік праваслаўнай царквы] царквы Апосталаў у княжным сяле Берастове Іларыён і на беразе Дняпра паміж густога лесу пачаў закопвацца ў зямлю, каб схавацца ад мітусні і тлуму. Але неўзабаве бацька Ізяслава вялікі князь Яраслаў пасварыўся з рамеямі і прызначыў Іларыёна, мясцовага чалавека, мітрапалітам Кіеўскай зямлі. «3 Богам я буду гаварыць праз сваіх людзей, а не праз рамеяў», — напісаў у Канстанцінопаль Яраслаў. Пячорка нядоўга пуставала. Неўзабаве з горада Любеча прыйшоў пустэльнік Антоній, каб сагрэць у ёй свае старэчыя косці. Да Антонія пацягнуліся вучні, і калі іх набралася роўна дванаццаць, як святых апосталаў, яны выкапалі болын прасторную пячору, збудавалі ў ёй падземны храм. Кіеўскія князі напачатку не дужа прыязна сустрэлі святых «кратоў». Ізяслаў таксама пасварыўся з імі, бо яны спакуслівымі словамі завабілі ў пячору і пастрыглі ў манахі пад імем Варлама і Яфрэма сыноў самых знатных кіеўскіх баяр. Разгневаны Ізяслаў крычаў тады: «У цямніцу пашлю вас усіх і пячору вашу раскапаю!» Але вельмі хутка Ізяслаў, і ён заўсёды ганарыўся сабой, стаў верным сябрам манахаў, падараваўшы ім у вечнае ўладанне гару. 3 гэтага часу зрабіўся Пячэрскі манастыр першым князевым жаласнікам і заступнікам, і сёння князь ехаў туды, як да сябе дадому. У патаемных думках радаваўся Ізяслаў сустрэчы з пячорнікамі, як радуецца дзіця новай касцяной свістульцы. Паміж манахаў у густой цішыні падзямелля можна было адпачыць душою, забыцца пра полаўцаў і хітрых рамеяў, пра знясільваючы камень улады і адказнасці, які не адзін сонцаварот гняце душу.
На самым вастрыі гары стаяў новенькі драўляны храм трайнога сячэння, падобны на карабель. Пярэдняй, насавой сваёй часткаю ён быў скіраваны на ўсход — тут размяшчаўся алтар. Сярэдняя частка храма вышэй усяго ўздымалася над зямлёй і заканчвалася цыбулькай з крыжам. Задняя ж частка была нізкаю, прысадзістаю, але вельмі доўгаю.
Ігумен Феадосій, святлеючы тварам, глядзеў на храм, сказаў вялікаму князю:
— Як мурашы, як крупныя пчолы, працавалі манахі.
Усяслаў не ведаў, дзеля чаго вязуць яго да пячорнікаў. Ён сядзеў на кані, ад якога, прызнацца, ужо трошкі адвык, прагна пазіраў на Дняпро, на зялёныя стромы, на бясконцыя лясы. Бура кіпела ў душы, хацелася шырока раскрыліць рукі і абняць усю гэту жывую вечную прыгажосць, прытуліць яе да сэрца. Хацелася захлынуцца свежым ветрам, басанож пабегчы па цёплай пясчанай сцяжынцы, тварам упасці ў сакавіты хрумсткі чарот, нырнуць у раку, поўнай жменяю зачэрпнуць са дна халоднага глею, зрабіцца рыбінай, імклівай, моцнай, і плыць, плыць на поўнач, туды, дзе Бяроза ўліваецца ў Дняпро. Вочы ў князя ўспыхнулі мяккім глыбінным святлом, шчокі паружавелі. Незвычайную сілу адчуў ён у сабе, нейкую лёгкасць, хмельнасць і звонкасць, якія бываюць пасля пацалунка каханай жанчыны.
Ігумен кінуў на Усяслава падазроны позірк, перахрысціўся. Вялікі князь таксама зірнуў на палачаніна, паклаў дзясніцу на рукаяць мяча.
— А некалі ж быў ва ўсіх людзей залаты век, — на поўны голас выгукнуў Усяслаў. — Ні запрраў не было, ні клетак, ні порубаў. Ідзі куды хочаш. Ляці куды хочаш.
«У ім прачынаецца ваўкалак», — падумаў Феадосій і сказаў Усяславу:
— Памаліся, князь. Хутка мы ўбачым людзей, якія не хочуць ні хадзіць, ні лётаць, ні бегаць, а ўсё сваё зямное жыццё адцаюць малітве, бясконцай і суровай. Птушкі, хоць і лётаюць высока, не ўюць гнёзды на воблаках. Не будзь птушкай, князь. Упусці малітву ў душу, і Бог збудуе табе гняздо ў сваёй нябеснай дзяржаве.
— Навошта ты гэта гаворыш мне, мне, які ўзвёў полацкую Сафію? — уладным голасам перапыніў яго Усяслаў.
Феадосій разгублена змоўк. Нейкая патаемная сіла струменілася, ішла ва ўсе бакі ад полацкага князя, і не мог ігумен зразумець і адолець гэту сілу. «Пярэварацень, — зноў падумаў Феадосій. — Ноч — ягоны дзень».
Пячора Мяфодзія была вельмі маленькая, як павярнуцца. Высокія ростам Ізяслаў і Усяслаў не сталі ў яе заходзіць, бо давялося б сагнуцца ў крук. Яны ўбачылі толькі жоўценькі пясок, свечку і лоўжык завялага вецця, на якім ляжаў пячорнік. Феадосій нырнуў у гэты паўзмрок, нешта ціха сказаў Мяфодзію, і неўзабаве яны ўдвух выйшлі адтуль на святло.
Мяфодзій адразу пазнаў Усяслава, усміхнуўся сухімі вуснамі, сказаў:
— Вось і сустрэліся мы з табою, княжа.
Ён быў хмуры, беласкуры, бо рэдка паказваў сябе гарачаму кіеўскаму сонцу. Уся ягоная апратка складалася з доўгага грубага палатнянага мяшка, у якім былі прарэзаны дзіркі для шыі і ддя рук. Мяшок Мяфодзій падпяразваў лыкам.
— Ярун? — аж уздрыгнуў Усяслаў. — Сядзельнічы?
— Калісьці я быў Ярунам, быў сядзельнічым, — ціха загаварыў Мяфодзій. — А ты быў княжычам, полацкім князем...
— Я і сёння князь, — горда сказаў Усяслаў і прытупнуў нагой.
— Усе мы — рабы Божыя, — быццам не пачуў яго
Мяфодзій, потым павярнуўся да Ізяслава, пакланіўся. — I ты, вялікі князь, прыйшоў? Молімся мы за цябе штодзённа і штоночна, за тваіх дзяцей і княгіню, за тваю дзяржаву.
Ізяслаў правай рукою лёгка абняў пячорніка, усхвалявана вымавіў:
— Дзякуй вам, людзі божыя. Заўсёды буду дзяліцца з вамі, святымі малельшчыкамі, кавалкам хлеба.
У гэты час ігумен Феадосій узяў у дружынніка корд, схапіў Мяфодзія за левую руку, сухую, бела-сінюю, і вострым лязом нанёс яму невялікую рану крыху ніжэй локця. I ўсе ўбачылі, як на парэзе выступіла белая кроў.
— Што ты робіш, ойча? — спалохаўся Мяфодзій.
— Вялікі князь хацеў паглядзець на тваю кроў, — накрэсліў над ім святы крыж ігумен. — Я прышлю братоў-зялейнікаў, і рана твая загоіцца. А зараз мы пакінем цябе з князем Усяславам.
I вось яны сядзелі ў цёмнай пячорцы на дубовым і кляновым вецці — князь і чарнец. У змроку ззялі маленькія вочы Мяфодзія. Яны здаваліся Усяславу светлякамі-гнілушкамі, якія свецяцца ўначы ў дрымотных полацкіх лясах.
— Ты стаў хрысціянінам, — усхвалявана казаў Усяслаў. — Ты, які крывёю і агнём кляўся Перуну ў вечнай вернасці. Памятаеш, як мы хадзілі ўначы на возера Валовае, як раўла навальніца, як маланка раскалола замшэлы валун, разбіла на друз? Ты тады гаварыў нам, сваім вучням: «Глядзіце — гэта Пярун пусціў з-за чорнай хмары залатую стралу. Ён хоча напомніць усім адступнікам, усім палахлівым адшчапенцам, што рана яны смяюцца з яго, валакуць яго пад наглядам папоў у багну, у бруд. Ён яшчэ загрыміць, яшчэ забліскоча ў іхніх цёплых і сытых снах». Ты гаварыў гэта нам, і мы верылі, верылі табе, як можна верыць толькі Богу.
— Але ж ты сам навёў на патаемнае капішча бацькавых дружыннікаў, — строга перапыніў Усяслава Мяфодзій, узбуджана крутнуўся, і вецце хруснула пад ім.
— Я быў горкім дзіцём. Душа мая была сляпым кацянём. Яна шукала дарогу. Я вельмі верыў табе, я гатоў быў праліць за цябе і за Перуна кроў, але я бачыў, як моляцца Хрысту маці і бацька, як моляцца новаму Богу баяры і дружына... Колькі я паплакаў тады!
— Ты прывёў на капішча дружыннікаў, азвярэлых хрысціян, яны пасеклі ўсё і ўсіх, — сказаў Мяфодзій.
— Усё жыццё я ўспамінаю гэту ноч! — усклікнуў Усяслаў. — Я чую стогны старога вешчуна, якому па валаску выдзіралі бараду.
— Я зразумеў цябе, — перапыніў князя пячорнік. — Ты хочаш адначасова праехаць на двух конях, але так нельга.
— Аты асяддаў аднаго каня! Хрысціянства! — ускочыў Усяслаў і адразу сеў, стукнуўшыся галавою аб камяністую столь пячоры. — Твайго каня кормяць пшаніцай і аўсом, ён у залатых папонах, яго ніколі не запрагуць у саху, ён начуе не ў глухім дажджлівым полі, а ў стайні. I ты выбраў яго. Так лягчэй.
— Вядома, так лягчэй, — згадзіўся пячорнік. — Бог вярнуў мне розум, і я ўбачыў, што нельга чапляцца за Перуна, нельга маліцца патухлым галавешкам.
— Ты здрадзіў болей, чым я, — ціха, з дрогкасцю ў голасе сказаў Усяслаў. — Я выдаў сховішча старога Бога па дзіцячай неразумнасці, па сваёй слепаце, а ты адцураўся ў старасці, адцураўся на схіле жыцця, ты плюнуў на ўсё тое, што лічыў святым і вялікім, чаму пакланяўся, чаму вучыў іншых. Яны верылі табе і тваёй веры. Здрадзіўшы Перуну, ты здрадзіў ім усім. За цёплую пячору, за сытую старасць, за абяцанне вечнага жыцця ты зрабіўся хрысціянскім манахам. Ты верыш, ты ўпэўнены, што цябе, за ўсю тваю святасць, чакае рай. А каб ты ведаў, што наперадзе не будзе раю, ты б зрабіў мне ці іншаму добрае? Адказвай: зрабіў бы, каб ведаў, што не будзе нябеснай узнагароды?
— У прыцемках блукае твая душа, князь, — уздыхнуў Мяфодзій. — Заблудзілася яна ў паганскім лесе, і трэба гукаць, крычаць што ёсць моцы, клікаць на дапамогу.
— Пашкадуй сябе і сваю дуіпу, — з годнасцю сказаў Усяслаў. — Мая душа заўсёды баліць, я адчуваю гэты боль. Значыць, мая душа жывая. А ці баліць табе, Мяфодзій? Не, не Мяфодзій, Ярун. Ці баліць табе, Ярун? Ці плакаў ты хоць раз уначы, успамінаючы свае маладыя гады і сваю старую веру?
— За ўсіх нас плача Хрыстос, — узвёў вочы ўгору Мяфодзій.
— Але ці плакаў ты? — настойваў Усяслаў.
— Што табе да маіх слёз, князь? Я бачу: ты згубіў сам сябе і ўсё жыццё шукаеш...
— Шукаю, — уздрыгнуў Усяслаў. — Сябе шукаю. Веру сваю. Дзеля таго і нараджаецца чалавек, каб шукаць.
— Ёсць тое, чаго не трэба шукаць. Варта толькі прыслухацца да сваёй душы, і ўсё зразумееш, — павучальна сказаў пячорнік.
— Не згодзен я з табою. Шукаць трэба заўсёды, бо нават душа чалавечая кожны дзень мяняецца.
— Душа нязменная, — жвава ўсклікнуў пячорнік. — Запомні гэта, і табе лягчэй будзе жыць.
— Як жа далёка разышліся нашы дарогі, — пасля працяглага маўчання сказаў Усяслаў. — Быццам тры жыцці праляцела з таго часу, як мы са сваімі аднаверцамі сыходзіліся ў начным лесе, маліліся Перуну, маліліся нашым дзядам-прадзедам. Ты быў малады і прыгожы, ты вучыў нас... Ты быў ддя мяне адзін — разумееш? — адзін на ўсёй зямлі, а зараз ты манах, малельшчык, якіх тысячы. Сумна мне, Ярун.
— I мне сумна, — узяў князя за руку Мяфодзій. — Я заўсёды казаў табе, Усяслаў, што ты будзеш вялікім мужам, што ты праславішся сам і праславіш Полацкую зямлю. Героі жывуць не толькі паміж рамеяў альбо лацінян. Гэта калісьці казаў я... Але не ў той бок ты ідзеш, князь. Прашу цябе: скарыся Яраславічам, стань пад іхнюю руку, і яны адцадуць табе Полацкае княства.
— Княства мне даў мой бацька Брачыслаў Ізяславіч, — горача выдыхнуў Усяслаў. — Я сваё з чужых рук не бяру.
— Тады будзеш княжыць у порубе, — сурова зірнуў на яго Мяфодзій. Усяслаў спакойна сустрэў гэты позірк. За акном пачуліся хуткія крокі, пэўна, ішлі зялейнікі.
— А кроў у цябе і сапраўды як малако, — сказаў Усяслаў. — Сівы волас у цябе, сівая кроў... Што ж, бывай. Болей мы не ўбачымся. Не чакаў я цябе сустрэць у гэтай нары, думаў, што мой настаўнік у лясах ды балотах разам з аднаверцамі Перуну моліцца, думаў нават, што ты жывот паклаў за прадзедаўскую веру, што ў катлах зварылі цябе хрысціяне, галодным псам кінулі на кармленне, а ты тут зімуеш. Дроў, напэўна, вялікі князь кіеўскі не шкадуе для манастыра вашага і хлеба з мясам не шкадуе. Я думаў, што ты, як нябесная птушка, адной расой харчуешся. А ўсё проста, проста, як яблык. На старасці ты захацеў пажыць сытым. Я разумею цябе, бо сам не раз быў галодны. Я разумею твой страўнік, але душу тваю ніколі. Ніколі.
Усяслаў, прыгінаючыся, выйшаў з пячоры.

 

Колькасць прачытаўшых: 2408
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007