Засвяціўся над пушчай рог неба. Конь трывожна ў імгле заіржаў. Свайго праўнука будзіць Рагаеда: «Уставай, меч бяры, Усяслаў».
Белавалода з Ульяніцай і Ядрэйку выратаваў ад рахманаў Раман. Са сваёй дружынаю ён прабіраўся лясной глухаманню ад Полацка да Менска. У Менску да яго павінны былі прыйсці з дзесятак надзейных вояў, і ў Менску ж смалілі, рыхтавалі ў далёкую дарогу лоддзі. Кірунак быў адзін: па Свіслачы ў Дняпро, а там — у Кіеў, каб вызваліць з поруба Усяслава. Ядрэйка адразу бухнуўся на калені перад Раманавым канём, натхнёна загаварыў: — Дзякуй вам, баяры вы мае дарагія! Карачун чакаў нас, тлен, магільны чарвяк, і за што? За тое, што хацелі, каб яшчэ адной чалавечай душою было болей на свеце. А-я-яй, якіх жахаў мы нацярпеліся, якіх страхоццяў набачыліся. Кожны мой валасок яшчэ і зараз трымціць. Ды асабліва было шкода нашу прыгажуню, нашу Ульяніцу. Але ж Бог ведае, што робіць, і, напэўна, мы заслужылі такога вялікага страху, бо нездарма кажуць людзі: хто рыбку хоча, у таго хвост у вадзе. Раман з недаўменнем пазіраў на нізенькага тоўсценькага гаваруна з лысай галавою, з вясёлымі чорнымі вочкамі. Сам ён быў маўклівым чалавекам, ашчаджаў словы, сказаць лішняе слова ддя яго было, што курыцы знесці залатое яйка. Рыбалоў жа, якога шчасліва абмінула смяртэльная страла, вёў сваё: — Яшчэ раз дзякуй вам у ногі, баяры вы мае дарагія. Выбавілі нас, нанова на белы свет нарадзілі. Думаеце, я стары, дык мне ахвота паміраць? Стары ці малады — смерць у зубы не глядзіць. Але ж пажыць ахвота, ой ахвота, зялёную травіцу ўбачыць, птушку лясную пачуць, каля бабскага цёплага пляча паспаць. У поле выйсці, каб вятрэц, вясновы, свежы, пашчыкатаў. — Годзе, — не вытрымаў Раман. — Спыніся. Ты, як млын — круціш і круціш. Хто ты? — Ядрэйка. Хрысціянін. Менскі рыбалоў — весела стаў на ногі, абтрос калені Ядрэйка. — А гэта... — А іх я сам спытаю, — Раман строга паглядзеў на Белавалода і Ульяніцу. — Хто вы? — Я залатар з Менска, — разгублена сказаў Белавалод. — Яна мая жонка, Ульяніцаю клічуць. Белавалода ўсё яшчэ трэсла ад нядаўняга страху і страху не за сябе, а за Ульяніцу, за тое новае жыццё, якое яна, калі Бог злітаваўся, носіць у сабе. Ён стаяў побач з жонкаю, пазіраў на незнаёмых вояў, што выязджалі з лесу. — Хто на вас напаў? — запытаў Раман. — 3-за чаго напалі? Вунь пад кустом адзін забіты ляжыць, астатнія ўцяклі. Што гэта за людзі? — Баяры вы мае дарагія, — зноў ублытаўся ў гаворку Ядрэйка, — а з-за чаго авадзень, сляпіца паганая на гавяду нападае, кароў і валоў джаліць? А хто напаў, не ведаем. Той, што пад кустом валяецца, ужо не скажа. Белавалоду спадабалася, што Ядрэйка рашыў не расказваць, нічога не гаварыць пра лясных людзей рахманаў. Тыя рахманы, якія хацелі забіць іх, былі, ён не сумняваўся, людзьмі Гнеўнага, і была іх усяго жменька. Але няхай незнаёмыя чужыя людзі не ведаюць пра вялікую лясную абшчыну, пра Добрага, няхай не перашкодзяць ім жыць удалечыні ад гарадоў і весяў, жыць сваім жыццём. — Пэўна, на іх напаў Іван Вогненная Рука, — сказаў Раману Гняздзіла, які, пакінуўшы баярыча Гвая, з радасцю зрабіўся служкам у княжага дружынніка. — Во-во, гэты мог напасці, — узбуджана загаварыў Ядрэйка, але Раман, нават не зірнуўшы на рыбалова, спытаўся ў Гняздзілы: — Адкуль табе вядома такое? — Ды ўсе смерды, усе купцы, што ездзяць і плаваюць з таварам, праклінаюць яго. Таць ненажэрны. Як грак — сам малы, а рот вялікі. — Ты бачыў Вогненную Руку? — Даводзілася, хай яго чэрці ў пекле бачаць. — I я Івана бачыў, — не ўцярпеў Ядрэйка. — Як вас бачу, баяры вы мае дарагія. Але Раман, які чамусьці адразу ж не ўпадабаў Ядрэйку, не даў яму дагаварыць, сказаў Белавалоду: — Плывіце на сваім чоўне, а я з дружынай берагам пайду. У Менску, дасць Бог, сустрэнемся. Белавалод, Ульяніца і Ядрэйка зноў селі ў дубоўку, накіраваліся ўверх па Свіслачы. Іхнія збавіцелі на чале з Раманам, б'ючы здарожаных коней нагайкамі, зніклі між дрэў. — Строгі, — сказаў пра Рамана Ядрэйка. — I гарачы, як жар у печы. Люблю такіх людзей. Белавалод з Ульяніцаю маўчалі. Змоўк нарэшце і Ядрэйка. Летні дзень убіраўся ў самую сілу. Пякло сонца. Гусцелі хмары над ракою і над лесам. Задуха была страшэнная, і Белавалод, які напераменку з Ядрэйкам гроб вяслом, абліваўся гарачым салёным потам. Ульяніца зрабіла з бяросты кубарык, зачэрпвала ў рацэ ваду, гэтай вадою пырскала на разагрэты мужаў твар. Гучней загаварылі, захісталіся дрэвы. Моцны вецер наляцеў з неба, шкрабануў пругкім крылом па рацэ. Палахлівыя дробныя хвалі пачалі танцаваць наўкол. Раптоўна схавалася, як правалілася, у тоўшчу хмар сонца, і трывожны змрок абрынуўся на раку і лес. Глуха ўдарыў далёкі гром. ЯІпчэ не было Ў ім ярасці і гневу, здавалася, спрасоння зароў у яловым гушчары мядзведзь. Чырвоныя промілыі маланак востра прашылі суровую і насцярожлівую трапятлівасць хмар. Гром ударыў мацней, званчэй. Ужо ў ягоным высокім і раскацістым водгуллі пачулася няўмольная пагроза, ужо сталёвыя мячы скрыжоўваліся ў нябёсах і вогненныя іскры ляцелі ва ўсе бакі ад гэтых мячоў. Ядрэйка спалохана перахрысціўся, звузіў вочы, усклікнуў: — Пярун прачнуўся, баяры вы мае дарагія. Лук свой шукае, зараз шчоўкне стралой па рацэ. — Мне страшна, — прыхілілася да Белавалода Ульяніца. Кропелькі поту ззялі ў яе на смуглых скронях. Белавалод пачаў падварочваць дубоўку да берага, ды яна заўпарцілася, не слухалася вясла. Магутнейшы віхор уварваўся ў цясніну лесу, па дне якой бегла рака, паламаў, паіпчапаў некалькі дрэў, скрышыў, сцёр са ствалоў сухія галіны, уціснуў, утаптаў у ваду прыбярэжныя хмызнякі. Рака забурліла, зараўла, крутнулася ў цесных берагах і быццам раскалолася на дзве палавіны. На нейкае імгаенне на сярэдзіне ракі мільганула глеістае цёмнае дно. Гнілыя калоды, упіўшыся вострым суччам у зямлю, ляжалі на дне. — Белавалод! — роспачна крыкнула Ульяніца. Велізарная хваля падхапіла дубоўку і шпурнула, нібы яловую шышку, на бераг. Адразу густы шыпучы дождж ударыў па рацэ, па лесе. — Што гэта было? — высунуў галаву з куста, у які яго закінула хваляю, Ядрэйка. — Пэўна, шалёны цмок прабег па Свіслачы. Але Белавалод не слухаў рыбалова. Ён стукнуўся галавою аб камель бярозы, і ў вачах скакалі нясцерпныя бліскаўкі, а вушы быццам былі заткнуты мохам. Ён сеў, абхапіў галаву рукамі. Ён глядзеў на раку, на лес, на бледнага Ядрэйку і не разумеў таго, што адбылося і што адбываецца, не разумеў сам сябе. Ён, хоць забі яго, не мог даўмецца, не мог успомніць, як і чаму апынуўся тут, у гэтым лесе, ля гэтай ракі. Ядрэйка нешта казаў яму, потым крычаў на самае вуха, але Белавалод сядзеў, як каменны. — Мазгі хлопцу адбіла. А-я-яй, — прыцмокнуў языком Ядрэйка. Рыбалоў сваімі шурпатымі рукамі пачаў церці Белавалоду скроні, лёгенька цягаў яго за вушы, тармасіў. Раптам нібы нешта шчоўкнула ўвушшу, вылецеў з іх агідны мох, і адразу вярнулася памяць. Белавалод прутка ўскочыў на ногі, крыкнуў: — Дзе Ульяніца? Яна ляжала непадалёк, раскінуўшы рукі, і здавалася нежывою. Белавалод ірвануўся да жонкі, стаў перад ёю на калені, зазіраў у вочы, слухаў яе дыханне, потым узяў на рукі, пачаў калыхаць, як малое дзіця. Увесь час ён паўтараў: — Ульяніца, ці чуеш ты мяне? Адкрый вочы. Ульяніца маўчала, нават, здавалася, не дыхала, і едкі страх апаліў сэрца Белавалоду. Яму здалося, што жонка памерла. Белавалод паклаў яе на траву, апусціў у бяссіллі рукі, заплакаў. Але Ядрэйка не разгубіўся, як і Белавалоду, пачаў церці Ульяніцы скроні, пачаў лёгенька біць яе па шчоках і прыгаворваў: — Раней смерці ў магілу не кладзіся... Раней смерці ў магілу не кладзіся... Між тым дождж перайшоў у сапраўдны лівень, лес аж стагнаў, курчыўся пад ярасным напорам вады, што ляцела і ляцела з нябёсаў. Вогненнай касой махала над лесам маланка. Гром бухаў ва ўсе званы. Яны прамачыліся да апошняй ніткі, пакуль ачомаліся і здагадаліся перанесці Ульяніцу пад густую старую елку. Навокал на лужах і лужынках ускоквалі бліскучыя дажджавыя бурбалкі. Здавалася, мноства грыбоў высоўваюць з-пад зямлі свае галоўкі. Нарэшце Ульяніца расплюшчыла вочы, зірнула на Белавалода і Ядрэйку. I хоць усіх траіх дождж абліў з галавы да пятак, яна ўбачыла слёзы на шчоках у Белавалода, слаба ўсміхнулася. — Не плач... Я жывая... — Ну і абрадавалі вы мяне, баяры вы мае дарагія, — аж падскочыў Ядрэйка. — А то я ўжо і сам не ведаў, на якім свеце жыву. Зараз мы цяпельца распалім, падсушымся. У сухасці душа весялейшаю робіцца. Я рыбалоў, я ведаю. Намочышся, бывала, як асака балотная, паўзеш дадому, і такая соль, такая брыдота душу раз'ядае, але чэкнеш крэсівам па крэмені, пададзьмеш трут і князем, вялікім баярынам робішся. Я так сабе думаю: чаму ўсе людзі агонь любяць? Таму што з агаю душа чалавечая. Ён гаварыў і гаварыў, абломваў сухія яловыя сучкі, абдзіраў мох, збіраў кавалачкі кары, склаў усё гэта ў грудок, выбіў з крэменю іскру, апусціўся на калені і, амаль прыпаўшы шчакою да зямлі, выдзьмуў тоўстымі напружанымі губамі нітачку агаю. Потым атуліў далонямі гэтую нітачку, сачыў за ёй бліскучымі карычневымі вачамі, баючыся дыхнуць, павольна-павольна прыўзнімаўся, быццам падрастаў разам з агнём. Белавалод і Ульяніца таксама не адрывалі позірку ад агаю. Чырвоная кветка распускалася ў паўзмроку. Аціхаў дождж. Яшчэ спалохана шумелі верхавіны дрэў, яшчэ трывожны гуд перакочваўся па лясным гушчары, а ўжо зямля задыхала на поўныя грудзі, карэлы ельнік прамыў вочы, радасна глянуў наўкол. Недзе побач падаў голас дрозд-белабровік, вясёлая птушачка мясцовых лясоў. Дажджавая вада цякла па жылах зямлі, напаіла кожную сцяблінку, запоўніла кожную дзірачку. Млела зямля, сытая вадой. Не верылася, што некалі зноў будзе сухмень і ў зямлі ад спёкі патрэскаюцца губы. У Менск вярталіся невясёлыя. Ульяніца занядужала, кашляла, стагнала. Твар гарэў. Белавалод месца сабе не знаходзіў. «Навошта трэба было ехаць да гэтых рахманаў? — упікаў ён сам сябе. — Толькі няшчасце знайшлі...» Ульяніцу паклалі не ў істопцы, а на светлай палавіне Ядрэйкавай хаты. Ядрэйчыха прывяла шаптух-зялейніц. Бяззубыя сівыя бабулі распранулі Ульяніцу, пачалі націраць яе сухімі і мокрымі травамі, давалі піць траянку — грэтае віно, змешанае з мёдам, чырвонай глінай і каровіным маслам. Але нічога не дапамагала. Тады яны запалілі казліны рог, запалілі пук чалавечых і конскіх валасоў. Ульяніца пачала задыхацца. — Маліся, — сказала старэйшая зялейніца Белавалоду. — Не балотны дух грызе тваю жонку, а вялікі страх. Страхам запоўнена яе душа. Маліся. На трэцюю ноч Ульяніцы зрабілася зусім кепска. Яна не пазнавала нават Белавалода. Усё цела было абліта потам. Шчокі праваліліся, а вочы заслаў густы туман, і праз той туман не мог зазірнуць Белавалод у жывую душу сваёй жонкі. — Ульяніца, — клікаў Белавалод, — Ульяніца, глянь на мяне... Глянь... Не памірай, галубка мая... Ульяніца раптам расплюшчыла вочы, выдыхнула з тугою, з жалобай: — Гэта Бог мяне карае... — За што цябе, такую добрую, такую светлую, можа караць Бог? — абліўся слязьмі Белавалод. — За тое, што без бацькавага благаславення за Белавалода пайшла, — не пазнаўшы мужа, ціха прашаптала Ульяніца і змоўкла назаўсёды. Белавалод у роспачы кінуўся да Ядрэйкі. — Чаму яна памерла? Яна ж яшчэ такая маладая. — Бог тых, каго любіць, маладымі да сябе забірае, — адвёў вочы Ядрэйка. — Маліся, Белавалод, за яе дуіну. Пахавалі на менскім могільніку Ульяніцу, і вялікая туга чэпкімі абцугамі сціснула сэрца Белавалоду. Ён не ведаў, што рабіць, як жыць далей. Тая, з якой дзяліў хлеб і одр, ляжала зараз у сырой зямлі, у ціхім сасонніку. Пакрыўся пылам, іржой золатакавальскі струмант, патух, аброс чорнай сажаю горан. 3 раніцы да вечара блукаў Белавалод за гарадскім валам, заходзіў у лясны гушчар, садзіўся на які-небудзь выварацень або проста на зямлю і слухаў шум лісця. Шмат пра што гаманіла неспакойная лістота. Пра тых людзей, што навекі адышлі з гэтай зямлі, пра тых, што яшчэ будуць. У лясных ручаях, у воблаках бачыўся Белавалоду твар Ульяніцы, асабліва на стыку святла Гцемры, калі на імгненне хавалася сонца і шэра-залаты паўзмрок быўразліты наўкол. Вочы жонкі смяяліся, клікалі да сябе, але варта было пільней зірнуць у той бок або працягнуць руку, як усё знікала, расплывалася, заставаліся толькі воблакі, толькі вада. Ядрэйка неўпрыкметку снаваў за Белавалодам, сачыў, каб малады залатар не наклаў на сябе рукі. Аднойчы Белавалод, пачуўшы за сваёй спінай мяккія, асцярожныя крокі, рэзка азірнуўся і ўбачыў рыбалова. Той аж прысеў. Але неяк трэба было выкручвацца, і Ядрэйка, ён якраз стаяў каля яблыні-дзічкі, сказаў: — На яблыні растуць яблычкі, на елачцы — шышкі. Чаму гэта ўсё так створана, Белавалод? — Не ведаю, — паныла адказаў Белавалод. — Не хадзі за мною. — Буду, — пажвавеў, заступіў яму дарогу Ядрэйка. — Буду хадзіць. Ульяніцу ўсё роўна ўжо не вернеш, а табе трэба жыць. — Навошта мне жыць? — сеў на лясную траву Белавалод. Ядрэйка сеў насупраць яго, узяў залатара за руку. — Людзі жывуць, і ты жыві. Белавалод памаўчаў, потым спытаўся: — А навошта людзі жывуць? — Гэтага я не ведаю, — павесялеў Ядрэйка. — Адзін Бог ведае, але да яго далёка, і ён не шапне на вуха. Усё жыве. I вось гэта яблынька, і мурашкі, і стракозы, і ручай, што ў асінніку цячэ. Думаеш, ён не жывы? Ластаўка гняздо лепіць, стараецца, рыбіна нямая ікру на каменьчыкі кладзе. Усё жыве і жыць хоча. Пэўна, нельга зямлі і небу без жывога. Вось чаму і прашу я цябе, Белавалод, пойдзем у горад, бяры свае малаткі і малаточкі, грукні так, каб усе мае суседзі сярод ночы прачнуліся, плявацца пачалі. Сябе разбудзі, Белавалод. Жыць трэба, хлопча. Белавалод моўчкі глянуў на Ядрэйку, моўчкі ўзняўся, пакрочыў праз асінавую і бярозавую гушчэчу да гарадской брамы. Ядрэйка подбегам шыбаваў за ім. Яны прайішіі каля касцерні, над якой траскуча крычала вараннё. Белавалод ішоў нібы сонны. У горадзе, там, дзе ляжалі камяні-булыгі для новай царквы, яны ўбачылі купку людзей. Вой у шлеме, у барвяным плашчы стаяў на самым вялікім камені і нешта гаварыў. Белавалод з Ядрэйкам падышлі бліжэй. — Людзі добрыя, — казаў малады светлавалосы вой, — чорны дзень наступіў для Полацкай зямлі. У попеле, у гарачых вугалях ляжыць яна. Усюды, куды ні кінь вокам, вароп і знішчэнне. Ваўкі цягаюць з хат малых дзяцей, бо няма каму іх абараніць. Вароны выклёўваюць вочы яшчэ жывым дзядам. Таці і галаўнікі ўжо не хаваюцца ў пушчах, а ў белы дзень выходзяць на дарогу, каб рабаваць. А наш князь Усяслаў Брачыславіч з сынамі сваімі сядзіць у Кіеве ў порубе і не можа свой меч узняць за Полацкую зямлю. Людзі добрыя! Нам вядома слава і сіла мянян, вядома, як мужна біліся вы на Нямізе. Паслужыце ж Полацкай зямлі! Аддайце ёй сваю сілу, спрыт і ўменне! Ядрэйка навастрыў вушы, адным вокам пазіраючы на воя, другім — на Белавалода. Потым узяў залатара за руку. — Гэта не ддя нас гаворыцца. Пойдзем адсюль. Пойдзем дахаты. Але Белавалод вырваў руку, праціснуўся наперад, спытаў у воя: — Скажы, добры чалавек, як я магу паслужыць Полацкай зямлі? Вой зверху глянуў на яго, адказаў: — Ідзі ў дружыну да ваяводы Рамана. Рукі ў цябе ёсць, вочы ёсць, адвагу ж у ваяводы пазычыш. — Пойдзем дахаты, — як прыклеіўся да Белавалода Ядрэйка, але малады залатар бліснуў вачамі, рэзка і рашуча вымавіў: — Дзякуй за прытулак, толькі не вярнуся я болей да цябе. Няма мне жыцця ў гэтым горадзе, бо не магу на магілу Ульяніцы глядзець. Пайду з ваяводам Раманам, куды ён павядзе. Пакідаю табе струмант свой кавальскі, а ты дай мне за яго, калі можаш, добрую дзіду, шлем і шчыт. Кальчуга і меч, хоць і старыя, ёсць у мяне свае. Бывай, Ядрэйка. Добрую ты маеш дупіу, ніколі я цябе не забуду. — Апамятайся, Белавалод, — спалохаўся Ядрэйка. — Які з цябе вой? У першай сечы галаву згубіш, а галава ў чалавека адна. Белавалод паклаў далонь на камень, на якім стаяў полацкі вой, і гэта азначала, што ён клянецца ў вернасці Раману, пойдзе з яго дружынаю. Ядрэйка борзда пабег дахаты, каб паклікаць на дапамогу жонку. Прыкацілася кругленькая Ядрэйчыха і разам з ёю дзеці. Гвалт усчаўся, віск. Ужо Ядрэйчыха ўгаворвала Белавалода, а сам Ядрэйка моўчкі стаяў збоку, жываток пагладжваў. — Хто з канём, хто пешкі, збірайцеся, як сонца ўзыдзе, каля касцерні! — выгукнуў вой. — Ваявода Раман з вамі заўтра гаварыць будзе. Да глыбокай ночы адгаворвала Ядрэйчыха Белавалода, але залатар сказаў ёй: — Дзякуй, Настуля, за ласку тваю, за хлеб-соль, ды ўсё-ткі пайду я з дружынаю. — А ты чаго сядзіш рот замазаўшы? — накінулася Ядрэйчыха на мужа. — Я магу і легчы, — раздумліва прамовіў Ядрэйка. — Вялікі ад цябе, баба, гром, вялікі... Ён узняўся з лавы, падышоў да акенца, зірнуў у яго. Ноч камянела на дварэ. — I я не з голым жыватом, — ціха сказаў Ядрэйка. — Пайду і я. — Куды пойдзеш? — не зразумела Настуля. — У дружыну. Да ваяводы Рамана. Жонка на нейкі час анямела. — Пайду і я, — ужо бадзёра казаў Ядрэйка. — У нашай радні я сама лепей з лука б'ю! Ого-го, як я б'ю! Ён страсянуў маленькім цвёрдым кулачком. — Сшалеў, — выдыхнула нарэшце жонка і загаласіла. — Чаго ты равеш? — весела паляпаў яе па спіне Ядрэйка. — Лічы, што я на яцвяжскія азёры ў рыбу пайшоў. Далёка ад азёраў яцвяжскіх. Хлеб, гарох і мяса ў вас ёсць. Сядзіце і чакайце мяне. Ды перастань румзаць. Кожны сваё месца павінен ведаць. А месца ў нас такое: мужчына і сабака на двары, жанчына і кошка ў хаце. Настуля слухала яго і плакала. — От макравокая, — нязлосна вылаяўся Ядрэйка. — Адразу відно, што рыбакова жонка. Ну, не плач, Настулечка, не гшач. Я табе з дружыны, з паходу залаты і срэбны бранзалет прывязу. — Спруцяней ты са сваімі бранзалетамі, — пачала хустачкаю выціраць слёзы жонка. — Навошта я пайшла за такога адарвірога? Пра дзяцей ты падумаў? Але ў яе словах, у яе голасе ўжо чуліся лагода і пакора. Не першы год жыла яна з Ядрэйкам і добра ведала неспакойны нораў свайго мужа. Колькі разоў чакала яна яго з далёкай дарогі і прывыкла да такога пастаяннага чакання, як прывыкаюць да чорнай навальнічнай хмары. Дзеці яшчэ спалі, калі Белавалод і Ядрэйка, развітаўшыся з Настуляй, рушылі да касцерні. Ядрэйка пацалаваў дзяцей, пацалаваў жонку, сказаў ёй: — Ты ведаеш, дзе закапаны гаршчэчак з грыўнямі. Як будзе нявыкрутка, дастань з зямлі гаршчэчак. А я да Пакроваў вярнуся. Ля касцерні сабралася чалавек пяцьдзесят мянян, усё болей маладзенькія хлопцы, народ шумны, гарачы, які яшчэ ні разу не пакаштаваў сапраўднай сечы. Гэта былі сыны рукадзельных людзей і купцоў, баярскія дзеці. Ядрэйка між імі быў самы старэйшы. Сонца зайграла на ўсходзе, раззалаціла зарэчныя пушчы. Вецер то лётаў пад аблокамі, то бегаў па хмызняках і вострай балотнай асацэ. У Менску брахалі сабакі, бэкалі авечкі. Пахла цёплым гаркавым дымам. Нехта, махнуўшы рукою на паходы і на сечы, кляпаў лугавую касу. — Ваявода едзе, — раптам загаварылі ўсе і павярнулі галовы ў бок Свіслачы. Раман ехаў на кані ў суправаджэнні трох дружыннікаў. Ён надзеў баявы шлем-місюрку з кальчужнай сеткаю, апрануў лускаваты панцыр са стальных пласцін, якія былі прымацаваны да скураной кашулі. Панцыр закрываў ваяводу да сцёгнаў. На нагах у Рамана былі зялёныя мяккія боты з ласінай скуры без абцасаў. У правай руцэ ваявода трымаў доўгае бранябойнае кап'ё, у левай — круглы чырвоны шчыт з пукатаю паверхняю. Такі шчыт цяжка ўзяць варожаму мячу. Раман цвёрдай рукою спыніў каня, гучным голасам загаварыў: — Радасна бачыць вас, адважныя дзеці горада Менска, сыны Полацкай зямлі! Вы адгукнуліся на мой кліч, вы прыйшлі да мяне, пакінуўшы свае сем'і, сваіх бацькоў, жонак і каханак. Вы не збаяліся змяніць хатняе цяпло на холад невядомай дарогі, цішыню на грукат сечы, пяшчоту прыгожай жанчыны на ўдар варожай стралы. Дзякуй вам за гэта! Ён нізка пакланіўся, потым шырока махнуў цяжкім кап'ём: — У невясёлым месцы сабраў я вас. Пры гэтых словах усе паглядзелі на касцерню. Дзюбастая чорная варона сядзела на самым верхнім бервяне. — Тут ляжаць людскія косці, — прыцішыў голас Раман. — Косці нашых дзядоў. Калісьці магутнай сілаю поўніліся яны. Сёння яны — тлен, прах. Мы таксама з касцей, з жылаў, з гарачай крыві. Запомніце: усё на зямлі смяротнае. Памруць яшчэ ненароджаныя. Адплыве ў нябыт пакаленне за пакаленнем, як адплываюць хмары за далёкі небасхіл. Толькі любоў да маці і роднай зямлі несмяротныя. Запомніце гэта! Я павяду вас па нялёгкай і няроўнай дарозе. Я не ведаю, што чакае нас наперадзе. Аб гэтым ведае адзін Бог. Але я спадзяюся на свой і на ваш меч, на сваё і на ваша плячо, на войскіх коней, на вятрылы лоддзяў, якія панясуць нас удалячынь. Мяняне ўважліва слухалі ваяводу. Знікла з твараў весялосць і бесклапотнасць, вочы былі сур'ёзныя, суровыя. Розныя людзі згуртаваліся, сышліся тут, рознае было і ўзбраенне. Сыны багатых баяр надзелі прыгожыя рознакаляровыя даспехі, бліскучыя вастраверхія шлемы. Хто быў бяднейшы, прыйшоў у драцяных кальчугах, у круглых жалезных шапках, з драўлянымі невялікімі шчытамі, абцягнутымі бычынай скурай. Некаторыя замест коп'яў і мячоў трымалі ў руках рогвіцы, з якімі ходзяць на ловы. Ядрэйка і Белавалод стаялі побач. Белавалода пякла віна перад Ядрэйчыхай і яе дзецьмі, ад якіх ён звёў бацьку. Але сам рыбалоў быў, як заўсёды, вясёлы, рухавы, гаваркі. Ён горда стаяў у кляпанай кальчузе па самыя калені, з доўгім мячом. Раман заўважыў яго, здзівіўся, спытаў: — I ты прыйшоў, гаварун? — Прыйшоў, — узрадаваўшыся, як малое дзіця, што яго пазнаў Раман, адказаў Ядрэйка. — Дзе ж мне быць? Люблю між людзьмі круціцца, разумных людзей слухаць. Для мяне гэта ўсё роўна як добрую рыбную юху хлябтаць. — Ты і сам умееш пагаварыць, — скупа ўсміхнуўся Раман. — Умею. А навошта чалавеку язык дадзены? Каб зубы падпіраць? Не, ваявода. На гэтай зямлі трэба паспець нагаварыцца, каб на нябёсах цэлы век анёльскія спевы слухаць. — А мячом ты ўмееш гаварыць? — строга звёў бровы Раман. — Не так, як ты. Махаць трошкі ўмею, і ўсё. Але я табе спатрэблюся. Сам я рыбалоў, з вады жыву... Ядрэйка пачаў корпацца ў невялікай палатнянай торбе, што вісела ў яго на левым плечуку, даставаў і паказваў Раману рыбалоўныя кручкі, вялікія і маленькія, жалезныя і касцяныя. — Вось мая зброя, ваявода. Голад жа таксама люты вораг. Як нападзе ён у дарозе на тваю дружыну, закіну я кручкі ў раку і разаб'ю гэтага ворага. Усе, хто стаяў побач з Ядрэйкам, засмяяліся. Засмяяўся і Раман, ды адразу ж спахмурнеў, бо лічыў, што ў паходзе трэба трымаць дружыну ў строгасці, паслушэнстве. Не зубаскальствам ваююць, а дзідай і мячом. Неўзабаве яму давялося ўсім паказаць сваю строгасць. Пакуль іпша размова з дружынаю, з горада панабегла шмат дзяўчат, некалькі маладзіц-віслен [Віслена — жанчыналёгкіх паводзін]. Спачатку яны хаваліся дзе хто, але як толькі ваявода скончыў гаварыць, рынуліся з віскам і плачам да дружыннікаў. Так веснавая вада ўрываецца з высокага пагорка ў лагчыну. Наўкол крычалі, плакалі, смяяліся, цалаваліся... Некаторыя парачкі неўпрыкметку пачалі падавацца ў бок лесу, дзе была дужа мяккая трава. Да Ядрэйкі падскочыла жвавая чарнавокая маладзіца з пунсовымі ад бураковага соку шчокамі, павісла ў яго на шыі, зашчабятала: — Ах ты, вожык мой кругленькі. Што ты прывязеш мне? Прывязі падвескі-лунніцы, якія баярыні носяць. Ядрэйка не разгубіўся, схапіў чарнавокую ў абдымкі. У рыбалова, хоць і цягаў ён усё жыццё невад у халоднай вадзе, была гарачая кроў. Раман пацямнеў ад гневу, крыкнуў сваім воям: — Сячыце бярозавыя дубцы і арэхавыя кіі! Ганіце прэч віслен! Тым такія загады былі не ўпершыню. Весела саскочылі яны з коней, мячамі насеклі дубцоў і кіёў. — Ратуйся, бабская дружына! — у чатыры пальцы свіснуў Ядрэйка. Віслен як віхор змёў. Але некаторыя з дружыннікаў абаранілі сваіх дзяўчат, сказаўшы, што гэта іхнія нявесты і што яны прыйшлі развітацца. Такіх Раман загадаў не чапаць. — У каханкі смаляныя лаўкі, — рагатаў Ядрэйка. — Глядзі, ваявода, прыліпнуць хлопцы да гэтых лавак і не аддзярэш іх. Не будзе з кім у паход ісці. Але развітваліся, цалаваліся, адыходзілі, махаючы ў апошні раз пяшчотнымі дзявочымі рукамі. Не адна сляза скацілася з вачэй. Белавалод з сумам глядзеў на горад, у якім сустрэліся яму самае вялікае шчасце і самая пякучая бяда. У гэтым горадзе вечным сном спала Ульяніца, без якой чорным было ўсё. «Паеду, паплыву, куды дарога завядзе, — думаў Белавалод. — Нельга мне тут жыць». Па Свіслачы паплылі ўвечары на трох лоддзях-насадах. На сярэднюю пагрузілі коней, цяжкія даспехі, ежу і пітво. Лоддзі былі выдзеўблены са ствалоў таўшчэзных асін, да якіх нарасцілі барты з дубовых дошак. На носе грозна шчэрылася доўгімі чырвонымі зубамі галава страшыдлы, выразаная з дубовага камля, на карме на тоўсты кол быў набіты чэрап тура. Вострыя бязлітасныя рогі пранізвалі рачны туман. Уздоўж бартоў пукаціліся жалезныя шчыты. Кожная лоддзя мела сем пар вёслаў. Вятрыла было з моцнага шчыльнага палатна, і на тым палатне ў сінім крузе трапятала пад ветрам галава святога Юрыя — ахоўніка Полацкай зямлі. Белавалод з Ядрэйкам разам са сваімі супаходнікамі адразу селі за вёслы, бо вецер быў кволы, ледзь чутны. Вёслы цяжка рэзалі тоўшчу цёмнай рачной вады. У змроку ржаў спалоханы конь, і малады вой угаворваў яго, шкадаваў: — Цішэй, косю... Не бойся, дурненькі... Конь пераставаў іржаць, але гусцеў вечар, ляцела насустрач у кашлатых лясных берагах рака, і ён зноў фыркаў, хроп, шкроб днішча лоддзі капытом. На дзвюх лоддзях плыло па пяцьдзесят вояў, на той, дзе былі коні, дваццаць. Стырнавы Ішрэдняй лоддзі час ад часу трубіў у сурму, асабліва на рачных паваротах, каб не стукнуцца лоб у лоб з тым, хто мог плыць насустрач. Нарэшце Раман загадаў прыстаць да берага. Скінулі дашчаныя сходні, сышлі з лоддзяў і звялі коней, бо ім таксама трэба адчуць пад нагамі цвердую зямлю. Запалалі вогнішчы. Зашыпела на ражнах мяса. Пушча насоўвалася з трох бакоў чорнай злавеснай мядзведзіцай. Толькі з чацвёртага боку выбельвалася з цемры палоса ракі, і ўсе — людзі і коні — ціснуліся да яе. Ноч прайшла спакойна. Плескатала ў Свіслачы вялікая рыба ды з ляснога змроку крычаў касцяным голасам пугач. Праз два дні ўвайшлі ў Бярозу. Шырэйшаю і глыбейшаю была тут вада, і можна было адпачыць ад цяжкіх вёслаў, якія адрывалі рукі, бо ўзняўся моцны роўны вецер, панёс лоддзі на поўдзень. Чырвоныя сасоннікі, белыя бярэзнікі і чорныя ельнікі глядзелі з берагоў. Вялікае мноства звяроў і птушак жыло тут. А яшчэ жылі тут лютыя гадзюкі, неадчэпныя камары, бязлітасныя авадні. Коней у дзённую спёку давялося пакрываць скуранымі апонамі, бо хмары аваднёў рынуліся на іх. У некаторых месцах лес трохі адступаў ад ракі, адбягаўся ўбок, і на такіх пакрытых зялёнай аксамітнай травой прагалах раслі сем'і дубоў. Побач стаялі высачэзныя, абпаленыя маланкамі дубы-таўстуны і іх маленькія дзеткі, зграбныя, кучаравыя. У дубняку і рашылі перачакаць ноч. Зноў загаманілі вогнішчы. Коні з палёгкаю і радасцю па самыя грывы апусцілі галовы ў густую халаднаватую траву. I раптам з цемені пачуўся чалавечы крык. Усе адразу сціхлі, насцярожыліся. Крык паўтарыўся. Страх і пакута былі ў ім. Раман выцягнуў з похваў меч, наструнена ўстаў каля вогнішча. — Што там за крыкса аб'явіўся? — хацеў пажартаваць Ядрэйка, але астатнія дружыннікі і разам з імі Белавалод быццам не пачулі вясёлага рыбалова, спалохана ўзіраліся ў вечаровы змрок. Чалавек закрычаў зноў. — Не ідзі туды, ваявода, — ціха сказаў Раману Гняздзіла і нават заступіў яму дарогу. — Гэта, няйначай, як лясун-клікун, пярэварацень з савінай галавой. Завабіць у пушчу, а там і ўтопіць у балоце і ўсю кроў высмакча. — Не ідзі, — пачалі прасіць ваяводу найболын пудлівыя з дружыннікаў. Але Раман левай рукою выцягнуў з вогнішча галавешку, узняў яе, у правай руцэ сціснуў меч і, распорваючы вастрыём мяча цемру, пайшоў на голас. Гняздзіла і Ядрэйка, схапіўшы мячы, прыгнуўшыся, пакрочылі за ім. Яны выйшлі на пукаты пагорак, ублыталіся ў нейкую сухую ломкую траву. Чалавек гукнуў зусім непадалёку, злева. Яны павярнулі ўлева, Ядрэйка ступіў нагою ў мурашнік і ледзьве не ўпаў. Рыбалоў ціхенька вылаяўся, пачаў калаціць, трэсці нагою, каб скінуць з цела мурашак, бо адна паспела ўжо джыгнуць за лытку. Рагаты дуб устаў у змроку перад імі. Пярун калісьці ляснуў у яго, абсмаліў з макаўкі да карэння. Чалавек быў прыкручаны бічоўкамі да дуба якраз там, дзе разыходзіліся ў розныя бакі дзве палавінкі расшчэпленага маланкай дрэва. — I я так вісеў, — чамусьці ўзрадаваўся Ядрэйка. — I Хрыстос так вісеў на крыжы. Зараз мы цябе, добрая душа, здымем адтуль. Паклікалі на дапамогу дружыннікаў. Чалавек знясілеў, пэўна, не першы дзень глядзеў са сваёй вышыні на лес і на раку. Яго панеслі да вогнішча, паклалі на мядзведжую шкуру. Белавалод з карчажкі даў яму вады. Чалавек з хрыпеннем і стогнам пачаў піць. — I я так вісеў, — зноў быў пачаў сваё Ядрэйка і раптам крыкнуў: — Дык гэта ж Іван Вогненная Рука! Усе ўздрыгнулі. Гняздзіла падкінуў у агонь сушняку, каб пасвятлела. Усе збіліся ў кучу, нахіліліся над чалавекам, узіраючыся ў шэры змучаны твар. — Ён, — прашаптаў Гняздзіла, — Вогненная Рука. Раман з вялікай цікавасцю глядзеў на таго, чыё імя палохала людзей на берагах Свіслачы і Бярозы. Маленькі і мізэрны чалавек ляжаў і стагнаў на мядзведжай шкуры, ускрыкваў, трызнячы. — Трэба занесці яго назад на дуб, — прапанаваў Ядрэйка. — Хай вісіць там, як жолуд. — Навошта несці? — не згадзіўся Гняздзіла. — Адсячом галаву, як гадзюцы, і канец. Ён узяўся за меч. — Але ж ён зусім аслабеў, без памяці, — сказаў Белавалод. — Хіба можна караць такога? — Нельга, — адразу згадзіўся Ядрэйка і прысеў на кукішкі каля Вогненнай Рукі. — Трапіў і ты да мяне, Іван, на кручок. Казаў я табе: не чапай Ядрэйку. Не паслухаўся, зачапіў, кадук цябе бяры. Але як жа ты на дубе завіс? Хто цябе туды гэтак высока ўзвалок? Няўжо сам, як птушка, узляцеў? Можна было падумаць, што пасля доўгай разлукі сустрэліся і размаўляюць два самыя добрыя сябры. Ядрэйка гаварыў, Іван Вогненная Рука стагнаў. Нарэшце Раман не сцярпеў, загадаў: — Усім, акрамя варты, спаць. А заўтра я выраіпу, што з ім рабіць. Назаўтра Іван Вогненная Рука ачомаўся, паныла і хмура глядзеў наўкол сябе. Яго накармілі, напаілі, і Раман пачаў допыт. — Ты хто? — запытаў ён. — Іван Крывашэй. Збройнік. Раблю шчыты, цягну дрот ддя кальчугаў. — А чаму цябе клічуць Вогненнай Рукой? Пры гэтых словах маленькі чалавечак пабляднеў, заплюшчыў вочы. Лоб у яго пакрыўся потам. Раманава дружына затаіла дыханне, каб пачуць, што ён скажа ў адказ. Але Іван Вогненная Рука маўчаў. — Ты — галаўнік і крывавы таць, — казаў далей Раман. — Тваім імем палохалі дзяцей. Але Богава Цярпенне скончылася, і ты паслізнуўся на крыві, пралітай табою. Адказвай, сабака, дзе твае крумкачы і совы, што клявалі чалавечае мяса? — Пэўна, яны пайшлі ў пушчу на левы бераг Бярозы, — ціха вымавіў Іван Вогненная Рука. — Сядміцу назад мы напалі на купецкі караван, узялі багатую здабычу. — Што вы зрабілі з купцамі? — Кінулі ў вір. А потым, дзелячы купецкае багіно [Багіно — дабро, багацце], паспрачаліся. У мяне ўжо даўно былі ворагі... На купецкіх стругах было шмат амфар з рамейскім віном. Усю ноч мы пілі, а раніцою я прачнуўся на дубе. Лепш бы яны мяне забілі соннага. Іван Вогаенная Рука гаварыў усё гэта без страху, але з вялікім смуткам. — Чаму ты, збройнік, зрабіўся галаўніком? — не адступаў Раман. — Што я магу сказаць? Не ведаю... Як быў малы, старая вядуння нагадала майму бацьку, быццам памру я смерцю гадзюкі, а я падслухаў іхнюю гаворку. — Што гэта за смерць такая? — Гадзюка мяняе, скідвае скуру. Дык вось вядуння нагадала, што сустрэну я смерць без сваёй скуры, злупяць з мяне жывога скуру перад смерцю. Напалохала мяне тое гаданне, кожную ноч пра яго думаў, не мог жыць спакойна. Як падумаю пра тыя пакуты, што мяне чакаюць, сэрца абмірае, не хоча біцца. Богу маліўся, прасіў, каб пашкадаваў. Ды страх не праходзіў, тачыў душу. I збег я ад бацькі, збег з дому, пайшоў у пушчу, у цёмны гушчар, каб ад лёсу свайго схавацца. Атам сустрэў галаўнікоў, і пачалі мы гуляць над Свіслаччу і Бярозай. Ён змоўк, лізнуў чырвоным языком сухія абсівераныя губы. — Сам з жывых людзей скуру здзіраў? — грозна спытаў Раман, і ўся дружына аж на пальчыкі ўстала, каб пачуць адказ. — Не. У вір кідаў, на дрэвы падвешваў, але скуру не чапаў, — спакойна прамовіў Іван Вогаенная Рука і пасля кароткага маўчання папрасіў у Рамана: — Забі мяне, добры чалавек. Вочы ўсіх скіраваліся на Рамана. Ваявода падумаў, пакамечыў пальцамі бараду, глуха сказаў: — Я не Бог, каб караць цябе страшным судом. Рыбалоў, — паклікаў ён Ядрэйку, — ты вісеў на бярозе? — Вісеў, — адказаў Ядрэйка. — Тады аддаю таця табе. Адпомсці яму. Можаш забіць яго. Бяры меч і забі галаўніка. Цяпер усе глядзелі на Ядрэйку. Нехта падаў рыбалову меч. Ядрэйка ўзяў меч, няўпэўнена круціў яго ў руках. Іван Вогненная Рука чакаў, стаяў побач. Усе расступіліся, каб даць прастору мячу. — Кат цябе бяры, — сярдзіта плюнуў Ядрэйка, усадзіў лязо ў пясок і, адышоўшы на рачную строму, гукнуў адтуль: — Вазьму я свае рыбалоўныя кручкі і лепш налаўлю табе, ваявода, рыбы. Шумела рака. Шумеў лясны вецер. Усе маўчалі. — Дай, ваявода, я яму галаву здыму, — сказаў раптам адзін з дружыннікаў, таўставаты бледнатвары хлопец. Агеньчыкі гарэлі ў шэрых вачах. — Ты ведаеш Вогненную Руку? — уважліва зірнуў на яго Раман. — Першы раз бачу, — адказаў дружыннік. Раман памаўчаў, потым цвёрда прамовіў: — Збіраемся ў дарогу. Ты, — паказаў ён на бледнатварага дружынніка, — возьмеш вясло, а побач з табою прыкуем ланцугом да вясла Івана Вогненную Руку. Хай грабе да самага Кіева. Там паглядзім, што з ім рабіць. Зноў паплылі па Бярозе. Рака няспынна бегла на поўдзень. Бліжэй да берага, у тонкай доўгай траве, насцярожана стаялі шэра-сінія шчупакі, чакалі здабычу. Калі якая-небудзь рыбная малеча, загуляўшыся ў вясёлых булькатлівых струменях, падплывала да іх, раскрываўся і шчоўкаў вялізны вастразубы рот. Івана Вогненную Руку прыкавалі, як і загадаў Раман, да цяжкога вясла. Былы галаўнік сядзеў з мёртвым тварам. Раманавы дружыннікі ўпотай кідалі на яго цікаўныя позіркі. Усе хацелі б зараз даведацца, аб чым думае галаўнік, раскаянне ці халодная злосць ваўка, што трапіў у лоўчую яму, жыве ў ім. А ён, адчуваючы на руках цяжар ланцугоў, успамінаў, што ўжо аднойчы ў Друцеску быў скаваны, у ашыйніку, у наножніках і наручніках сядзеў ля ўвахода ў мясцовую царкву. Куніцай называецца такое месца і такое пакаранне. Кожны, хто хацеў, мог плюнуць тады на яго або хвастаць вяроўкай ад царкоўнага звона, што вісела побач на круку. Наступны начлег чакаў іх на тым месцы, дзе з левага боку ўлівалася ў Бярозу нешырокая, але бруістая і гаманкая рэчка. Калі прывязвалі лодцзі да камянёў, што густа ляжалі на беразе, з хмызняку выйшаў русявы чалавек з лукам за спінаю. За вушы чалавек трымаў тлустага зайца, якога, пэўна, толькі што ўпаляваў. Смела пакіраваўся ён да незнаёмых вояў, пакланіўся ім. — Як рэчка завецца? — спытаў яго Раман. — Вольсай рэчку людзі завуць, — адказаў высакарослы паляўнічы, сеў каля вогнішча, якое распальвалі Ядрэйка з Белавалодам, дастаў з палатнянай торбы цёмнага жалеза нож у касцяных тронках, пачаў свежаваць зайца. — А пад якім князем жывяце? — слязістым ад гарачыні вокам зірнуў на яго Ядрэйка. — Полацкая зямля ў нас і князь полацкі, — прамовіў усміхнуўшыся Ядрэйку, паляўнічы, а сам займаўся звычнай справаю. Спрытна і хутка ўспароў зайцу жывот, адсек лапкі, сцягваў, дапамагаючы сабе нажом, мяккую шэрую шкурку. — Шмат я гэтай жыўнасці са свету звёў, — гаварыў ён. Зайцоў, вавёрак, лісіц і куніц... Не злічыш... Аж страхоцце бярэ, як падумаю, што ў мяне адна жывая душа, чалавечая, а я загубіў тысячы звярыных душ. Яны хоць і маленькія, і цёмныя, гэтыя звярыныя лясныя душы, але ж Бог і пра іх памятае на небе і, калі пакліча ўсіх на свой суд, скажа мне: «Чаму ты, Крыванос, так шмат жыццяў патушыў, якія я на белы свет прывёў?» Што адказаць Богу? Белавалод са здзіўленнем глядзеў на Крываноса. Ніколі не даводзілася яму чуць такіх слоў. Б'е чалавек звера, б'е, каб карміць дзяцей сваіх, і шкадуе яго. Як зразумець такога чалавека? У гэты час шум і крыкі даляцелі з лоддзі, на якой сядзеў Іван Вогненная Рука. Галаўніку прынеслі паесці, прынёс той самы бледнатвары дружыннік, які падахвочваўся забіць яго. Вогненная Рука глядзеў на дружынніка, на бераг, дзе Крыванос лупіў зайца, і раптам, калі дружыннік нахіліўся зусім нізка, падаючы хлеб і мяса, правай рукой выхапіў у яго з похваў меч, ударыў дружынніка ў горла і з аднаго маху адсек сабе левую руку, якою быў прыкаваны да дубовай лаўкі лоддзі. Потым, бляднеючы, заціскаючы кульцю здаровай рукою, ступіў на борт, скокнуў у раку, пабег да берага. Страла дагнала яго на пясчанай строме, прашыла спіну. Калі ўсе стоўпіліся над ім, Іван Вогненная Рука ўжо не дыхаў. — Супраць ночы памёр. Дрэнны знак, — сказаў Крыванос. — Чалавек павінен паміраць раніцой, у час сну, каб не ўбачыць твар смерці і не спалохацца. Трывожная ноч апусцілася на бераг. Аддалі зямлі Івана Вогненную Руку і дружынніка, якога ён забіў, падкідвалі ў вогнішчы паболей ламачча, каб гусцеў агонь, каб радзеў змрок. Крыванос, хоць ягоная весь была ўсяго за некалькі попрышчаў адсюль, застаўся начаваць разам з дружыннікамі. Сядзеў ля агаю, расказваў пра свае паляўнічыя прыгоды, дубчыкам выкаціў з вогнішча вугаль і на пацеху ўсім прысутным узяў яго ў рот, выпускаючы праз ноздры іскры, потым сказаў Белавалоду: — Зайздрошчу я табе, хлопец. Далёка плывеш, аж у самы Кіеў. Свет убачыш. Чалавек павінен за жыццё сваё зямное як мага болей пабачыць сваімі вачамі. А я з самага нараджэння ў пушчы таўкуся, далей яе носа не выторкваў. Ён памаўчаў, зноў загаварыў сіплаватым голасам: — Але нічога... Прывязаў мяне Бог да гэтай зямлі сонечным промнем і дажджавым струменем. Навек прывязаў. I добра мне тут, у пушчы, бо і са звярамі звыкаюцца жыць, не толькі з людзьмі. Я і тут такое пабачыў, чаго і за морам няма. Вось слухай... Ён падсунуўся бліжэй да Белавалода. — Было гэта на леташнія Пакровы. Сяджу я ў сваёй хатцы, жонка з дзецьмі ўжо спяць, а я перад ловамі нож вастру, цеціву на лук тужэй нацягваю. Цёмна за вокнамі. Вецер у пушчы свішча. I раптам грукаюць у дзверы. Адчыняю, і заходзяць у хату двое. Адзін высокі, чарнявы, як вось гэтая сажа, другі ростам ніжэйшы і ўвесь белы, і валасы, і твар, быццам у смятане купаўся. Напачатку я падумаў, што гэта князевы емцы [Емец — зборшчык падаткаў]. Гляджу, шукаю вачамі, дзе іхнія біркі драўляныя. Аж не. Кажуць, што яны купцы з Турава, што з дарогі збіліся, і просяцца пераначаваць. Я не супраць. Нават на стол ім вячэру сабраў. Хай, думаю, жонка спіць, а я і сам гасцей пачастую. Садзяцца яны разам са мною за стол і плашчоў з плячэй не здымаюць. У аднаго плашч белы, у другога чорны. Зноў жа я думаю, што ў Тураве такая завядзёнка — у плашчах сілкавацца. Сядзім, ядзім. I раптам лыжка з маёй рукі — брэнь! — на падлогу паляцела. Быццам хто выбіў лыжку тую з рукі. Нахіляюся я пад стол, каб яе дастаць, і аж скамянеў ад жаху — ногі сваіх начных гасцей убачыў. Думаеш, што там было? Крыванос прыцішыў голас, нават спалохана азірнуўся. — Не было там ног чалавечых, а былі вялізныя ласіныя капыты. Дзве пары капытоў, гразёю балотнаю перапэцканыя, чорныя, і цёмна-рудая поўсць над імі. Во якая жудасць! Зверху, над сталом — людзі. Ядуць, гавораць. А знізу — звяры лясныя. Як нагнуўся я пад стол, так і здранцвеў. Што рабіць? Узнімі крык, адразу заб'юць яны мяне, капытамі ўсе рэбры ператрушчаць. I тут нейкая блазнота на мяне найшла. Бяру я лыжку і лыжкай гэтай ціха стукаю па капыту, які сама бліжэй стаіць: тук-тук-тук. Грымнула, завыла над сталом, віхор карчагі змёў, дзверы адчыніліся, моцна ляпнулі, і цішыня наступіла. Карачун, думаю, мне будзе. Заплюшчыў вочы і ўжо збіраюся Богу душу аддаць. Але ніхто мяне не чапае, жонка і дзеці спяць як спалі. Узняў я галаву, а за сталом нікога няма. Толькі каля дзвярэй два плашчы валяюцца — чорны і белы, і два абгарэлыя яловыя смалякі. Падняў я плашчы, а яны балотам пахнуць, тванню... — Жахоцце, — толькі і сказаў Белавалод. Раніцой выкацілася з-за пушчы смугла-жоўтае сонца, раздзьмуў, распукаціў вятрылы вецер-свяжак, і Раман загадаў адплываць. — Бывай, — паціснуў руку Белавалоду Крыванос. — Дай Бог, каб убачыліся мы з табою. Ён доўга стаяў на беразе, глядзеў на лоддзі, што весела імчаліся ў абдымках ветру і вады, потым ямчэй ускінуў на плячо лук, прыпляскаў даланёю скураную шапку-аблавушку і, не азіраючыся, борзда пакрочыў у пушчу. Сумна зрабілася Белавалоду. Яшчэ з адным добрым чалавекам разлучыла яго жыццё, і, пэўна ж, назаўсёды. Але застанецца ў памяці ноч каля вогнішча, сіплаваты голас Крываноса, шум пушчы і вугаль, які русявы паляўнічы выкочваў з полымя на траву. — Эге-гей, Белавалод! — крыкнуў з пярэдняй лоддзі Ядрэйка. — Дужа доўга глядзіш услед гэтаму лесуну. Помні, што я твой лепшы сябра! Белавалод усміхнуўся рыбалову, згодна кіўнуў галавой. Праз тры дні яны прыплылі да сутоку Бярозы з Дняпром, у землі чарнігаўскага князя Святаслава Яраславіча. Тут іх ужо чакалі стругі полацкіх купцоў, якія з Дзвіны праз дняпроўскія валокі ішлі да Кіева. Раман меў з купцамі дамову. Сваю дружыну ён меркаваў увесці ў стольны Юеў пад выглядам вояў-ахоўнікаў купецкага каравана. Старэйшына каравана чорнабароды здаравяк Валодша прывітаўся з Раманам, сказаў: — Два нашы стругі адсталі, наскочылі на дрэвы-таплякі. Днішчы зашываюць новымі дошкамі, смалой заліваюць. Праз ноч павінны тут быць. Трэба чакаць... Раман зморшчыўся ад такой навіны, хацеў сказаць гняўлівае слова, але зірнуў на Валодшу, убачыў сівізну ў яго на скронях, нібы марскую соль на карабельных вятрылах, і згодна кіўнуў галавой. Ды ў сэрцы засталася шурпацінка, гарчынка, бо заўсёды любіў ён своечасова рабіць тое, што задумаў. На звязку дня і ночы, калі пацямнела рака і пагрозна зашумеў вакольны лес, Раман ударыў мячом у шчыт, сабраў дружыну, павёў яе праз глухмень і балота. Узышлі на выспу, з якой добра былі бачны Бяроза і Дняпро. Не першы раз быў на гэтым месцы Раман, бо ўпэўнена знайшоў пад вялізным калматым дубам высечанага з чырвонага пясчаніку ідала. Макрэча восені і драпежны холад зімы нарабілі трэшчынак на суровым каменным твары, круглячкі птушынага памёту бялеліся на галаве. Раман зняў шлем, і ўсе знялі шлемы і шапкі. Раман загаварыў глухімусхваляваным голасам: — Да вас прыйшоў я, Пярун і Дажджабог. Дайце мне моц і ўдачу. Дапамажыце ў далёкім паходзе, у грознай сечы. Напоўніце сілай маю дружыну і маю зямлю. Ён стаў на калені, тройчы пакланіўся ідалу. Шумеў лес. Гнуліся, трашчалі галіны ў лясным змроку. Здавалася, нечыя велізарныя рукі хочуць струшчыць, сцерці на парахню ўсе дрэвы. Закугукала, заплакала, як згубленае дзіця, сава. Лес абрастаў сівой барадой туману. Раптам над зямлёй, у цёмна-блакітнай нябеснай неабсяжнасці, успыхнула шырокая палоса трапяткога святла. Адразу раззалаціліся воблакі, макаўкі дрэў. Нават паружавела трава, што расла каля ідала. 3 дуба сарваўся жолуд, звонка шчоўкнуў аб Раманаў шчыт.
Колькасць прачытаўшых: 2743 Колькасць вогдукаў: 0