Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел чацвёрты (частка II)

Кацера сумавала ў сваёй святліцы. Ні бацька з маці, ні Гвай, ні чалядзінка Хадоска не маглі развесяліць яе, не маглі разгаварыць. Баярын Аляксей з'ездзіў у Полацк, накупляў там прыгожых бранзалетаў, караляў з жоўтага бурштыну прывёз, хоць заўсёды быў скнараю, залаты налобнік, з якога на скроні ручайкамі сцякалі зіхоткія падвескі-лунніцы. Але нішто не цешыла Кацеру.
«Аддаць замуж яе трэба, — думаў баярын. — Хай дапаможа мне Бог, захавальнік чалавечага семені. Толькі дзе ж знайсці жаніха? Куды ні глянь — той недарэка, той калека. У Полацк павязу Кацеру. Горад вялікі, людны, багаты, там жаніх адшукаецца». Ён сказаў аб гэтым жонцы, і баярыня Вольга адразу ж згадзілася, хваравіты бледны твар асвяціўся кволай спалоханай усмешкаю. «Вось дзе лядоўня, — раздражнёна падумаў пра жонку баярын. — Усё жыццё пакутую, жыву з такой. Пэўна, у гнілую восеньскую ноч зачыналі яе бацькі. Ні смеху, ні голасу звонкага ніколі ад яе не пачуў. Што ні скажы, міргае вачамі, з усім згаджаецца.
Хоць бы раз слова насуперак сказала. Цьфу ты, трухлявіна нялюбая!»
Спрабаваў раскатурхаць сястру Гвай. Апошнія дні ён таксама хадзіў невясёлы, але ягоны сум і ягоную хмурасць было лёгка зразумець — баярын строга забараніў чалядзінам даваць свайму сыну віно. А што за жыццё без віна? Кроў робіцца прэснаю, далоні рук пацеюць, сэрца абмірае ў грудзях, уначы сняцца чэрці рагатыя. Гвай, патаемна ад бацькі, здабываў віно і, схаваўшыся дзе-небудзь ад людскіх вачэй, прагна глытаў горка-салодкае пітво. Трохі лягчэла, і тады ён ішоў да сястры, жаліўся ёй на свой няўдалы лёс. Кацера сказала Гваю:
— Ты ва ўсім сам вінаваты. Спалохаўся, як зайчык, не паехаў з Раманам. Каб я была хлопцам, толькі б мяне тут і бачылі.
Гвай раззлаваўся:
— Не балабонь пустое. Бадлівай карове Бог рогаў не дае.
— Гэта я карова? — успыхнула, пачырванела ад гневу Кацера. — Што ж... У каровы ёсць малако. А што ёсць у цябе? Пустадомак ты, хоць і брат мне. Ідзі прэч! Не хачу на цябе глядзець.
Яна абхапіла смуглымі рукамі твар, упала на свой одр, заплакала. Гвай разгублена стаяў каля сястры, кусаў губы. Зярняты халоднага поту праклюнуліся на спіне пад кашуляй. У яго было незласлівае мяккае сэрца, ён любіў прыгажуню сястру, і ён сказаў:
— Ведаю, чаго ты плачаш. Па Раману сохнеш. Ды Раман ужо далёка. Можа, нават каля Юева ўжо плыве з дружынай. Ніколі не дарую сабе, што паслухаўся бацьку і застаўся дома.
— Каля Кіева плыве? — Кацера ўзняла заплаканы твар, кулачком выцерла вочы. — Эх, братка, зрабіцца б мне птушкай крылатай, адразу б за ім услед паляцела.
— Кахаеш яго, — раздумліва прамовіў Гвай. — Такога ёсць за што пакахаць. Такіх вояў няшмат знойдзецца і на Русі, і на Літве, і ў ляхаў. Ён як той Раланд, што ваяваў з сарацынамі. Ая...
Гвай махнуў рукою, цяжка ўздыхнуў і выйшаў са святліцы, каб скруціць у агародзе апошнія макавыя галоўкі. Цішыня абрынулася на Кацеру, перахапіла як пятлёй-удаўкай дыханне. I адразу ж патаемная струна прачнулася, заспявала ў душы, вярнулася песня. Гэта было як збавенне. Кацера ўскочыла з одра, падбегла да слюдзянога акенца. Шырокі свет быў за акном, ззяла сонца, сінела неба, цёпла шумелі зялёныя дрэвы. Сцяжынка вілася між травы і недзе за небасхілам у зваблівай смузе рабілася торнай дарогай, вольнай ракой. Там плылі стругі і лоддзі, там чырвоная зара клалася на вятрылы, там быўРаман...
Назаўгра Кацера аб'явіла бацьку, што збіраецца на багамолле ў Кіеў. Баярын Аляксей якраз грыз печаную на вуголлях свіную ножку і ледзьве вус не адкусіў ад нечаканасці і здзіўлення.
— Куды? — выкругліў вочы ён.
— У Кіеў. У святыя месцы, — рашуча адказала Кацера.
— Табе сонца галаву напякло, ці што? — пачаў злосна чырванець баярын.
— Сон мне бачыўся, — сціпла апусціла вочы Кацера. — Быццам стаю я каля ракі, і раптам у небе нада мною загараецца светлы крыж і нечы голас абвяшчае: «Ідзі ў Кіеў на маленне».
— Голас? — баярын Аляксей адваліў ніжнюю губу ад такіх дзівосаў, падышоў да дачкі, паклаў цяжкую руку ёй на плячо. — «Што з ёю? — напружана думаў ён. — Няўжо і сапраўды чула нешта?» — Сам ён за ўсё сваё жыццё чуў толькі зямныя галасы, чуў, як гавораць людзі, як іржуць коні і брэшуць сабакі, як гудуць пчолы ў борцях. «Няўжо ў чаканні жаніха затуманіўся розум яе?» — пахаладзеў ад жаху баярын. Але вочы ў дачкі былі чыстыя, разумныя і смелыя.
— Дык едзь у Полацк, у Сафію, — радуючыся, выгукнуў баярын.
— Голас быў, каб я ў Кіеў ішла, — ціха, але цвёрда сказала Кацера.
Тады баярын кінуўся да жонкі, усхвалявана пераказаў ёй сваю размову з дачкой і ўпершыню за доўгае сумеснае жыццё хацеў параіцца з жонкаю.
— Хай едзе, — стомленым голасам прашаптала баярыня Вольга. — Хай за дом і род наш памоліцца, замаё здароўе...
Яна зняможана заплюшчылася, і ў млявым руху яе павекаў было нешта ад курыцы, калі тая зацягвае вока бледна-чырвонай плёнкай.
— Каму трэба тваё здароўе?! — закрычаў баярын. — Ляжыш і ляжы. Цьфу ты!
Ён ляпнуў дзвярыма, панёс гаеў свой і злосць да чэлядзі, а баярыня ціха заплакала. 3 кутка апачывальні, з вузенькай шчылінкі раптам выбегла шэрая мышка, стала на заднія лапкі, бліскучымі зярняткамі вачэй паглядзела на баярыню. Баярыня таксама зірнула на сваю госцю, пакрысе супакоілася. Не першы дзень і нават не першы сонцаварот удалечыні ад людзей глядзелі яны адно на аднаго — невылечна хворая баярыня і шэрая асцярожная мышка.
Зашумела, захвалявалася баярская сядзіба. Збіралі Кацеру ў далёкую дарогу, прадумваючы кожную дробязь. У скураную торбу і ў палатняныя мяшэчкі клалі хлеб і соль, іголку і люстэрка, зёлкі і пучкі духмяных траў. 3 бацькавай студні зачэрпвалі халоднай вады і налілі поўную карчагу. Глынуўшы гэтай вады, успомніць Кацера ў няблізкай дарозе свой дом, сваю зямлю.
Падручнымі людзьмі для маладой баярышні баярын Аляксей выбраў чалядзінку Хадоску і надворнага халопа Сцяпана. Хоць Сцяпан быў стары, як з'едзены жукамі-караедамі пень, і слабавата стаяў на нагах, але ён з вялікай радасцю згадзіўся, пакляўшыся баярыну Аляксею на святых абразах, што ні адзін волас не ўпадзе з галавы ў Кацеры. Даўно марыў ён, праўда, глыбока хаваючы сваю мару ад усіх, дабрацца да святой зямлі, да Палесціны, шчыра памаліцца там Богу і ў знак таго, што быў там, што піў ваду з ракі Іардань, прынесці адтуль пальмавы ліст. Паломнікамі завуць такіх людзей. I вось на схіле жыцця не ў Палесціну, дык у Кіеў выпраўляецца ён. Шчасцем ззялі мутна-шэрыя старэчыя вочы.
Кацера з твару была спакойная, раздумлівая, ды каб хто здолеў глянуць ёй у сэрца, убачыў бы там яркі іскрысты агеньчык. Яна едзе ў Кіеў! Яна памоліцца ў мітрапольнай Сафіі, у Пячэрскім манастыры! Яна знойдзе там Рамана! Яна не сумнявалася, што абавязкова знойдзе, сустрэне ў вірлівым людскім мурашніку маладога прыгожага воя. Баярскія і купецкія дочкі сядзяць, чахнуць у святліцах, чакаючы нарачоных, а Кацера сама пойдзе насустрач свайму лёсу, свайму шчасцю. Жыццё між лугоў і лясоў навучыла яе быць рашучай і самастойнай.
Перад далёкай дарогай Кацера пайшла развітвацца са сваімі любімымі дрэвамі, з валунамі і ручаямі, ля якіх так хораша думалася-марылася ў маладыя дні. Яны пазнавалі яе — радасна шумелі дрэвы, званчэй булькаталі ручаі. Толькі вялізныя бела-шэрыя валуны, затканыя мяккім зялёным мохам, былі безгалосыя. Але і яны па-свойму віталі яе — срэбракрылыя стракозы і меднавокія яіпчаркі, якія драмалі на іх, прыгрэтыя сонечнымі праменнямі, не ўцякалі хто куды, а даверліва заставаліся на сваіх месцах. Кацера спынялася пад якой-небудзь танклявай бярозкай, пяшчотна гладзіла свежую вільготную кару, прыпадала Іпчакой да ствала, і чулася ёй у лясным нямоўчным гудзе: «Шчасця табе, Кацера... Плыві і вярніся назад...» Звінелі пчолы, танцавалі матылькі, бясконцымі цёмна-рыжымі ніткамі мурашоў была прашыта лясная зямля, пырхалі і спявалі птушкі, лётаў бяссонны вецер. 3 густой травы неспадзявана выскачыў зайчык, сеў, глянуў на Кацеру, смешна зламаў адно доўгае вуха, весела бліснуў касым вокам.
— Ідзі, ідзі да мяне, — ціха сказала Кацера, але шэры камячок прутка падскочыў і знік.
Да Полацка ехалі на парцы коней, запрэжаных у вазок з лубяным верхам. Засталіся дома хмурыя бацькавы вочы, матчыны слёзы. Трывога сціскала сэрца: Кацера ўпершыню ў жыцці выпраўлялася ў такую дарогу і чым далей ад'язджала ад роднай сядзібы, тым усё вастрэйшая туга, здаецца, распорвала душу. Яна крадком змахнула з вачэй слязінку, пачала, каб хоць трохі развеяцца і супакоіцца, глядзець на высокае вільготнае неба, на хмарку, што плыла па гэтым небе. «Плыві за мной, хмарка», — прасіла яна ў думках, але хмарка неўзабаве адстала, а ўперадзе, на шырыню ўсяго неба, разварочваліся полчышчы воблакаў. I былі тыя воблакі суровыя, змрочныя, чужыя.
У Полацку на прыстані старшы карабельшчык весела сказаў:
— Не ведаў што ў баярына Аляксея расце такая красуня дачка. Каб сам быў баярскага роду, сватоў бы прыслаў.
— Да нас шмат хто сватоў слаў, і ўсе ні з чым ехалі назад з баярскай сядзібы, — незадаволена прамовіў стары Сцяпан, каб адразу паказаць гаваркому карабелынчыку, што ён, Сцяпан, апякуе ў няблізкім падарожжы маладую баярышню і не дазволіць лезці да яе з заляцаннямі.
Цяжка гружаныя стругі, раздзімаючы рознакаляровыя вятрылы, павольна адышлі ад полацкай прыстані. Грабцы спорна налягалі на вёслы, абліваючыся бліскучым гарачым потам. Трэба было прайсці ўверх па Дзвіне, потым — у раку Касгоію, потым, праз нялёгкія волакі — у Дняпро.
Кацера з Хадоскай і Сцяпанам размясціліся пад паветкай, сплеценай з маладой зялёнай лазы. На выпадак дажджу і моцнага ветру меўся вялізны кавалак шэрага тоўстага палатна, які ў любы час можна было нацягнуць над галавой. Плылі насустрач узгорыстыя і раўнінныя рачныя берагі, лясы, балоты. Бегла, звінела вада. Уначы ярка свяцілі зоркі. Мігцела імі чорнае маўклівае неба, і калі Кацера прачыналася, калі глядзела ў нябесную бездань, чуючы таемныя шэпты ракі, страх мяккімі савінымі крыламі халадзіў душу. Але яна гнала прэч гэты страх, смялей узіралася ў цемру, бачыла сіняваты расшіаў туману, чорны грэбень лесу. Побач мірна пасопвала носам Хадоска, крактаў ува сне Сцяпан. Калі змрок шчыльней асядаў на зямлю і рабіўся асабліва глыбокі, купцы прыставалі да берага, чакалі зары-дзянніцы.
— Чаму не спіш, красуня? — спытаў у яе аднойчы стырнавы, загарэлы чорнавалосы мужчына.
— Пра Кіеў думаю, — адказала Кацера.
— Ні разу не была там?
— Першы раз плыву.
— Пабачыш, — задумліва ўсміхнуўся стырнавы. — Усім гарадам горад. А хто ж цябе там чакае?
Ад такога пытання Кацера сумелася, хуценька прамовіла:
— Да святой Сафіі еду. Маліцца буду.
Але словы стырнавога запалі ў душу. Сапраўды, хто чакае яе ў вялікім людным Кіеве? Раман, магчыма, даўно забыўся пра яе, ды не толькі забыўся, а ніколі не хацеў думаць, не думаў пра яе. Што княжаму дружынніку дзяўчына-дзічка з лясной баярскай сядзібы? Ці адну дзяўчыну сустракаў ён на жыццёвай дарозе, зрываў нібы кветку або гронку спелых ягад, а потым раўнадушна шпурляў у пыл, нават не азірнуўшыся. Мужчыну жыць лягчэй і весялей. Добры меч, добры конь, кубак мёду, пацалунак жанчыны — вось і ўсё, што патрэбна яму. Жанчыне ж трэба болын, невымерна болын, і ці не таму так шмат на зямлі няшчасных жанчын?
Чым бліжэй падплывалі стругі да Кіева, тым гарачэйшы сум раз'ядаў душу. Хадоска як магла супакойвала баярышню. Стары Сцяпан, спалохаўшыся, што хвароба вось-вось учэпіцца ў Кацеру, не адыходзіў ад яе ні на крок.
— Маліся, — павучаў ён Кацеру. — Святая малітва як шчыт перад любой бядой. Запомні: ні адзін чалавек такі не радзіўся, каб усяму свету прыгадзіўся, толькі Божая малітва ўсяму свету патрэбна.
Кацера малілася, стаўшы на калені. Бегла абапал магутная рака, з лясамі і весямі на берагах, з аксамітна-зялёнымі астравамі, адкуль чулася густое лопанне птушыных крыл.
У Кіеве спыніліся на Брачыслававым падвор'і. Спрадвеку тут начавалі-сталаваліся купцы з Полацка і Менска. Сцяпан баярскім срэбрам разлічыўся з карабельшчыкамі, пачаў закупляць харч, свечкі, паліва. Кацера ж з Хадоскаю адразу пайшлі да Сафіі.
Трынаццаць купалоў узлятала ў сонечнае смуглае кіеўскае неба. Велізарны храм быў абпаясаны з паўднёвага, паўночнага і заходняга бакоў адкрытымі аркамі галерэй. Такімі маленькімі і мізэрнымі адчулі сябе дзве юныя палачанкі ля падножжа прыгожай гордай царквы. Ды самае ашаламляльнае і дзівоснае чакала іх унутры. Быццам на казачны луг ступілі яны. Падлога ў храме была высцелена яркімі рознакаляровымі каменьчыкамі. Гэтыя каменьчыкі спляталіся ў цудоўныя зіхоткія ўзоры, хацелася глядзець і глядзець на іх. Але ўладная сіла ўзняла іхнія позіркі ўгору, і яны ўбачылі круглыя зялёнага шкла вокны, а на слупах і на сценах шматлікія фігуры святых, золата і срэбра абразоў і царкоўных сасудаў. Недзе тут, у храме, у мармуравай рацы спаў вечным сном будаўнік Сафіі князь Яраслаў Мудры. Ён жа, трымаючы ў руках мадэль храма, чэпка пазіраў з фрэскі, што палымнела над заходняй трайной аркай, насупраць сярэдняга алтара. Князевы сямейнікі, мужчыны і жанчыны, з двух бакоў спяшаліся да яго. Жывапісец намаляваў іх высокімі, хударлявымі, са строгімі вачамі на цёмных тварах.
Кацера адчула нясцерпнае хваляванне. Колькі людзей прайшло па гэтых плітах, пад гэтым высозным купалам, з якога, калі ўзнімеш вочы, льецца святло. Яшчэ больш людзей марыць пабываць тут, спіць і бачыць у снах святы храм, а яны, Кацера з Хадоскай, стаяць у Сафіі, стаяць і баяцца дыхнуць.
«Дапамажы мне, Сафія, — думала Кацера. — Звядзі мяне з тым, каго я кахаю. Я прашу ў цябе, бо ведаю, што ты абараняеш каханне».
Вярнуліся з Сафіі на Брачыславава падвор'е, і стары Сцяпан пачаў пачціва, як гэта дазволена вернаму халопу, папікаць Кацеру, што дужа доўга яна з Хадоскай хадзіла па горадзе, а дарога ў яе павінна быць толькі адна — да царквы і назад, бо неспакойна, трывожна ў Кіеве.
— Не вучы мяне, раб, — гнеўна сказала Кацера. Сцяпан пабляднеў, пракаўтнуў сухі камяк у горле і, набраўшыся смеласці, зноў загаварыў:
— Хочаш карай мяне, баярышня, хочаш плюй на мяне, валасы дзяры з маёй лысіны, але я на святых абразах пакляўся твайму бацьку, баярыну Аляксею, што ўберагу цябе ад злой рукі і злога вока. Ці ведаеш ты, што робіцца ў горадзе і вакольных весях? Мерцвякоў з магіл крадуць, Божыя крыжы сякуць, нейкія д'ябальскія знакі на сценах крывавай фарбаю малююць. Вялікае хваляванне ў сэрцах чалавечых кіпіць. Абаронцы Перуна, што ў пупічах і чаратах сядзелі, на белы свет выходзяць, са стэпу алахі [Алахі — полаўцы] на конях і на гарбатых вярблюдах Божым цэрквам пагражаюць.
Стары стаў на калені, тройчы стукнуўся лбом аб падлогу, слёзна папрасіў:
— Слухайся мяне, птушачка залатапёрая, баярышня дарагая. Калі ж не ўсачу за табой, калі злыбяда з табой здарыцца, кіне мяне баярын на корм дворным псам.
Кацера паабяцала халопу быць асцярожнаю, без асаблівай патрэбы не выходзіць з падвор'я. Сцяпан супакоіўся, пачаў разам з Хадоскай гатаваць абед. Елі духмяны сушаны сыр, жаўтабокія салодкія грушы.
— Розных плямёнаў купцы і рукадзельныя людзі ў Кіеве жывуць, — расказваў палагаднелы Сцяпан, — рамеі, армянцы, ляхі, яўрэі, тэўтоны. Збор з усяго свету. I кожны сваёй моваю гаворыць, паспрабуй іх зразумей.
— Я тут і нашу гаворку чула, — сказала Хадоска.
— А дзе нашага люду няма? Полацк і Менск ведаюць усюды.
Над Кіевам пырскаў дробны краплісты дождж. Дні тры, не меней, трэба яму ісці, каб адмыць неба ад дыму. Вялікі дым апошнім часам наплываў са стэпу. На левабярэжжы Дняпра палалі пажары. Хан Шарукан зашавяліўся там са сваёй ардою.
Кацера доўга не магла заснуць. Недзе ў гэтым велізарным горадзе быў Раман. Як знайсці яго, як убачыць? У моры людзей зрабіць такое, бадай, немагчыма, адна надзея на Бога. I яна малілася ў начной цішыні. А ўва сне перад ёю Раман, усмешлівы, прыгожы, пакланіўся і сказаў: «Каля поруба мяне шукай, дзе князь Усяслаў сядзіць». Яна прачнулася і ўсё не магла зразумець, хто сказаў гэтыя словы, але яны яшчэ гучалі ўвушшу: «Каля поруба мяне шукай...»
Назаўтра Кацера з Хадоскай зноў пайшлі да Сафіі, памаліліся, а на зваротнай дарозе маладая баярышня выпытала ў кіян, дзе знаходзіцца поруб з полацкім князем. Аказваецца, быў ён непадалёку ад Брачыслававага падвор'я. Адразу ж подбегам накіраваліся туды. Але нічога незвычайнага не ўбачылі — тырчала з зямлі некалькі вянцоў дубовых тоўстых бярвенняў з плоскім, таксама бярвеністым дахам, воі-ахоўнікі сумавалі, абапёршыся на коп'і, і ўсё. Нясмела падышлі яны да вузенькага акенца, у якім быў змрок.
— На ваўкалака хочаце глянуць? — усміхнуўся адзін з вояў. — Дык нешта не чуваць яго. Мо спіць, а мо пабег за трыдзевяць зямель.
Ён быў у добрым настроі, жартаваў, чорным вясёлым вокам прымерваўся да Кацеры і да Хадоскі.
— Там не ваўкалак сядзіць, а полацкі князь, — строга сказала Кацера. — Ты хрысціянін, і грэх табе смяяцца з бяды чалавечай.
Вой змоўк. Усхваляваная Кацера глянула ў акенца, але нікога не ўбачыла. Поруб як вымер. Ні зыку, ні шэпту. Можа, і сапраўды князь Усяслаў і княжычы спалі. 3 невясёлым сэрцам вярнулася Кацера на Брачыславава падвор'е, дзе ўжо месца сабе не знаходзіў стары Сцяпан.
Назаўтра, ідучы з царквы, зноў павярнулі да поруба. Каля яго было людна і шумна. Дзесяткі смердаў з жонкамі і з малымі дзецьмі тоўпіліся насупраць акенца, хацелі ўбачыць полацкага князя, крычалі:
— Заступіся за нас, князь-міласэрнік!
— На аднаго цябе надзея!
— Маліся за зямлю рускую! Смерць яе надыходзіць!
Усе гэтыя страшэнна стомленыя запыленыя людзі прыбеглі ў Кіеў з дняпроўскага левабярэжжа, дзе гарэлі іхнія хаты, дзе пагрозна храплі палавецкія коні. Шматтысячнае войска стэпнякоў пераваліла рэкі Вараскол, Псёл і Харол, імкліва рухалася да ракі Сулы, адкуль прамая дарога вяла на Пераяслаў іКіеў.
— Ратуй, прыснапамятны князь! — крычаў, галасіў натоўп, упаўшы на калені. — Ты ўсё можаш! Ратуй!
Да смердаў далучыліся рукадзельныя людзі з Падола, баярскія халопы з Гары, сляпыя паломнікі, што ішлі ў Палесціну. Вялікі крык стаяў перад порубам. Воі-ахоўнікі ціснуліся адзін да аднаго, ведалі — махні кап'ём або мячом, і адразу галодны злы натоўп пераломіць коп'і, як чарацінкі, а іх растопча або з каменем на шыі павалачэ ў Дняпро. Начальнік варты шапнуў двум сваім самым хутканогім воям, каб беглі да вялікага князя Ізяслава і ваяводы Каснячкі, клікалі дапамогу.
А натоўп шалеў. Сонца пякло, смаліла з вышыні, сухі пыл забіваў ноздры, пахла дымам і потам, не адгукаўся, маўчаў у порубе Усяслаў, і гэта рабіла людзей падобнымі на статак разгневаных, раз'ятраных лясных тураў, які ашалела імчыцца пушчаю, ломячы і крышачы ўсё на сваім шляху.
— Разнясём на трэскі баярскія жытніцы! — прарэзліва крычаў загарэлы да чарнаты бондар з Падола. — Хрыстос вучыць, што зямля павінна карміць усіх. Разрэжам баярам жываты і наб'ём іх зернем!
— Пойдзем адсюль, Хадоска, — спалохана выгукнула Кацера. Яны пачалі паспешліва выбірацца з людскога віру. Сляпы сівы паломнік выкінуў уперад худыя, карычневыя ад сонца рукі, дрогкімі пальцамі правёў па Кацерыным твары, сказаў са скрухаю:
— Навошта, прыгожая, тут ходзіш? Зараз тут кроў пацячэ.
Кацеру ўжо аж ускалатнула ад гэтага дотыку. Так здаралася, калі ў цёмным лесе раптоўна наліпала на шчокі і на бровы павуціна.
— Хутчэй, Хадоска, — ціснулася праз натоўп Кацера. I ў гэты самы час ваявода Каснячка на белым кані, у бліскучых наборных даспехах вылецеў да поруба. 3 ім было каля сотні дружыннікаў і ноўгарадскі епіскап Сцяфан, які дзве сядміцы назад прыплыў па царкоўных справах да кіеўскага мітрапаліта. Сцяфан, хістка седзячы на кані, трымаў высока над галавой выяву багамацеры. Касмоцце ягоных чорных валасоў шкуматаў вецер.
Перад натоўпам коні ўзвіліся на дыбкі. Так пагрозна шумеў, так махаў кулакамі і люта бліскаў вачамі раз'юшаны натоўп, што войскія коні спалохаліся.
— Разыдзіцеся! — уладным голасам закрычаў Каснячка. — Вяртайцеся ў свае весі! Напаіце вадой і накарміце хлебам дзяцей! Дд вашага ляманту дзеці сытыя не будуць!
Загарэлы бондар смела стаў перад ваяводам, упёрся кулакамі ў бокі, сказаў:
— Добры ў цябе конь. Вачамі зоркі ліча. Вушамі вайну чуе. Але не на белым кані трэба табе ездзіць.
Бондар нагнуўся, шырокай даланёю зачэрпнуў гарачага цёмнага пяску, лэпнуў каня па шыі, і ўсе ўбачылі на беласнежнай грыве брудны пісяг. Каснячка, выскаліўшы ў гневе зубы, пачаў выдзіраць з похваў меч. Але бондар схаваўся ў натоўпе.
— За антыхрыстам ідзяце! — закрычаў епіскап Сцяфан. Чорнай цецівою затрапяталі на бледным твары бровы. Размахваючы выявай багамацеры, зганяючы з дарогі злых духаў, адважна ўрэзаўся епіскап на сваім кані ў людскую сцяну, прабіў у ёй трэшчыну. Сляпога паломніка, які стаяў на дарозе, ён стаптаў канём. Ды раптам выбеглі з натоўпу два сінявокія русагаловыя дзецюкі, паплявалі нарукі і за каршэнь пачалі сцягваць епіскапа з каня. Ён адчайна супраціўляўся, біў іх кулакамі, ледзьве не кусаў.
— Мы ноўгарадцы! — крычалі дзецюкі. — Халопы гэтага пса. Страшнымі карамі ён нас караў! На ланцуг садзіў. Жалезным кіем біў. На сценах распінаў. А малалетку Андрэю нос урэзаў.
Яны сцягнулі епіскапа з сядла, кінулі на зямлю, пад ногі натоўпу.
— Бі яго! — закрычалі дзесяткі людзей, рынуўшыся да Сцяфана, якому страх адабраў мову. Ноўгарадскі епіскап толькі маўчаў. Твар быў заліты ярка-чырвонай крывёю.
— Адступіцеся ад святога ўладыкі! — секануў бліжэйшага да сябе смерда мячом Каснячка. — Увесь горад за яго на кап'ё ўзніму!
Ды было позна. Епіскап ужо канаў, уплішчаны ў пясок.
— Ён нас еў, як палявы звер траву, і мы яго жывога не выпусцілі, — абтрасаючы рукі, сказаў адзін з ноўгарадскіх дзецюкоў. Смерць епіскапа на нейкае імгаенне супакоіла натоўп. Людзі, кожны ў сябе ў душы, як бы прымерваліся да гэтай раптоўнай смерці. Хацелі ўцяміць, асэнсаваць імгненны пераход ад жыцця да тлену. Шмат хто, астываючы ад узбуджэння, шкадаваў, што ўзняў дзясніцу на епіскапа. Не мінаваць божай кары. Такая разгубленасць і расслабленасць дорага каштавалі натоўпу. Ваявода са сваёй дружынай ударыў па безабаронных людзях. Секлі і мужчын, і жанчын, і дзяцей, кожнага, у каго не хапіла спрыту вывернуцца, выслізнуць з-пад мяча.
Проста на Кацеру з Хадоскай імчаўся, праломваючы сабе дарогу ў чалавечых целах, чорнабароды дружыннік на вялізным рудым кані. Конь, храпучы, ударыў капытом Хадоску, стаптаў яе, нібы пшанічны колас. Кацера змярцвела ад жаху, заплюшчыла вочы, развітваючыся з жыццём. I тут нечыя дужыя рукі схапілі яе, панеслі... Зусім побач мільгнулі конскія капыты, прарэзліва закрычаў чалавек.
— Сячы сыраядцаў! — шалёна махаў чырвоным ад крыві мячом ваявода Каснячка. — У Дняпро гані! Кладзі на дно рачное!
Дужыя рукі неслі Кацеру далей ад смерці, ад стогааў і свісту мячоў, ад конскага дзікага ржання. Яна слаба войкнула і страціла прытомнасць...
Прамень вечаровага сонца лёг ёй на шчаку, разбудзіў. Яна ўбачыла над сабой цёмна-блакітнае неба. Такога неба Кацера яшчэ не бачыла ў сваім жыцці — высока і нязрушна стаяла яно, усё ў белых клубочках воблакаў, у белых даўгакрылых птушках. Птушак было незлічонае мноства. Яны здаваліся вохлапамі зімовага белага снегу. Радасна-трывожны птушыны крык нёсся з вышыні. «Дзе я?» — падумала Кацера і адразу ж адчула лёгкае пайгойдванне. Яна ляжала на цёплай, нагрэтай сонцам мядзведжай шкуры, а шкура была рассцелена на дубовай палубе вялізнай лоддзі. «Лоддзю калыша рака, — здагадалася Кацера. — Хто ж мяне прынёс сюды?» Яна асцярожна павяла позіркам наўкол сябе і ўбачыла непадалёк тоўсценькага чарнавокага чалавечка з буйным сіняватым носам, з немалой лысінаю. Скура на цемені, там, дзе не было валасоў, моцна загарэла, нават, здавалася, спяклася пад шчодрымі промнямі сонца. Чалавечак сядзеў на палубе, падгарнуўшы пад сябе ногі. Было ў ім нешта ад ляснога вожыка-чмыхуна.
— Ажыла, — радасна ўсклікнуў чалавечак і пляснуў далонямі па палубе. — Ая сяджу, пазіраю на цябе і чакаю, калі ты хоць адным вокам глянеш.
— Дзе я? — спытала Кацера.
— На зямлі, — бадзёра адказаў чалавечак. — Калі б ты была на небе, цябе б пільнаваў анёл. А я — Ядрэйка.
Ён падсеў бліжэй да Кацеры, чорнымі бліскучымі вочкамі пазіраў на яе, здавалася, гладзіў яе.
— А дзе Хадоска? — успомніла пра сваю чалядзінку Кацера.
— Не ведаю, баяры вы мае дарагія, не ведаю, — хуценька загаварыўЯдрэйка. — Нават не ведаю, кім яна табе будзе, гэта Хадоска, і хто яна такая. 3-пад капытоў цябе вынеслі. Можна сказаць, з паіпчы людаеда вырвалі. Яшчэ б трошкі, і карачун табе, дзеўка. Я там не быў, але нашы расказвалі, што дужа шмат людзей пабіў кіеўскі ваявода. А цябе Раман ад смерці ўратаваў, пад каня кінуўся.
— Раман? — усклікнула Кацера і ўскочыла на ногі. — Усяславаў грыдзень?
— Раман, — адказаўЯдрэйка. — Адкуль яго ведаеш? Ён, як я прыкмеціў, дужа абрадаваўся табе.
Ды Кацера ўжо не слухала Ядрэйку. Раман, той, да каго рвалася яна ўсёй душою, выратаваў яе! Хутка яна ўбачыць Рамана! Вялікі дзякуй Богу, што ў такім агромністым горадзе перакрыжаваў іхнія дарогі! Сэрца трапятала ад шчасця!
Ядрэйка, вядома ж, не здагадваўся, якую буру выклікаў у душы гэтай прыгожай дзяўчыны сваімі словамі пра Рамана. Красамоўства, як звычайна, накацілася на яго.
— Раман загадаў пры табе быць, — гаварыў Ядрэйка. — Пільнуй, кажа, баярышню, а не ўпільнуеш, за конскі хвост прывяжу і ў стэп, дзе агаране жывуць, выпушчу. А ты і праўда з баярскага роду. Бач, якая апратка багатая на табе. Я ж — рыбалоў. Рыбу лаўлю. Дробную і вялікую, якая патрапіцца. А ты, значыцца, з баяраў. Не жыў я паміж вашага семені, не даводзілася. Усё жыццё між халопаў, між чорных людзей кручуся. Ведаеш, якая розніца паміж агнём і халопам? Агонь спачатку высекуць, а потым раскладуць. Халопа ж наадварот — спачатку раскладуць і ўжо тады высекуць. Можа, перакусіць хочаш? На зуб кінуць у мяне знойдзецца.
— Не хачу, — хуценька адказвала Кацера. Яна, каб хоць як супакоіцца, пачала глядзець на раку. Тут, дзе Пачайна ўлівалася ў Дняпро, была карабельная прыстань. Мноства яркіх ветразяў надзімаў вецер-свяжак. Мітусіліся грузчыкі і купцы. На вялізную лоддзю заганялі чараду авечак. Баран з шурпатымі гнутымі рагамі ганарыста ішоў па сходнях наперадзе сваіх смяртэльна перапалоханых сябровак. Неўзабавае ён зробіцца воўнаю, смажаным мясам, косці ягоныя расцягнуць сабакі, але пакуль што важак ішоў паважна і няспешна, з вялікай годнасцю, быццам усё на белым свеце — і магутная шырокая рака, і караблі, і карабелынчыкі — было створана толькі для таго, каб у самай сарцавіне гэтага тлуму і мітусні быў ён — тоўсты тлусты баран.
— Нашы ідуць, — радасна выгукнуў Ядрэйка. Сэрца ў Кацеры, здалося, успыхнула ў грудзях. Яна ўбачыла купку людзей, чалавек дзесяць — пятнаццаць, у сціплай апратцы, якая рабіла іх падобнымі на грузчыкаў або ганчароў ці кавалёў з Падола. Па-перадзе крочыў Раман, высокі, цёмнавалосы, з густа загарэлым на шчодрым кіеўскім сонцы тварам. Ён лёгка ўзбег па рыплівых сходнях, падышоў да Кацеры, усміхнуўся, сказаў:
— Дабрыдзень, баярышня-крывічанка. Які добры вецер прынёс цябе?
— Дабрыдзень, харобры вой, — засвяціўшыся, прамовіла Кацера.
Яны глянулі адно аднаму ў вочы, усё зразумелі, аб усім здагадаліся, і добра было ім стаяць паміж гаманкога люду і маўчаць. «3-за цябе я пайшла на край свету», — казалі шчаслівыя вочы Кацеры. «Я помніў цябе, я думаў пра цябе», — адказвалі Раманавы вочы. «Я пайду за табой да скону свайго жыцця», — крычалі вочы Кацеры. «Небяспечны і суровы чакае Ішшх, але нам лёгка будзе ісці разам», — радасна блішчалі Раманавы вочы.
— А я рыбкі налавіў, баяры вы мае дарагія, — пахваліўся Ядрэйка.
— Каб ты яе яшчэ зварыў, было б зусім добра, — усміхнуўся Белавалод. — А можа, яна тут вараная ў рацэ плавае?
— У рацэ не ў руцэ, — адказаў Ядрэйка. — Разам і варыць і есці будзем.
Частка Раманавай дружыны жыла на дзвюх лоддзях, астатнія атабарыліся на сядзібе багатага ганчара Варлама, находніка з Полацкай зямлі. Зброю, кальчугі і шчыты хавалі. Збоку здавалася, што гэта арцель землякопаў ці каменясечцаў. Стольны Кіеў будаваўся, рос ушыркі, перавальваўся цераз сцены, і шмат было ў горадзе работнага люду, асабліва цяпер, калі, ратуючыся ад полаўцаў, хлынулі на кіеўскія вуліцы і гоіошчы смерды з вакольных весяў.
Раман кінуў у поруб князю Усяславу бяросту, абнадзеіў князя. Але як вызваліць яго з цямніцы, пакуль што не ведаў. 3 раніцы і да ночы сачыў ён разам са сваімі людзьмі за порубам. Апошнім часам варта ўзмацнілася, кіян пачалі адганяць ад поруба, і Раман зразумеў, што вялікі князь Ізяслаў нервуецца. Пасля таго як ваявода Каснячка пасек і патаптаў коньмі смердаў і рукадзельных людзей, увесь горад жыў прадчуваннем нядобрых крывавых падзей. Вешчуны і скамарохі прыходзілі з пушчаў і балот, гаварылі, асабліва не хаваючыся, пра блізкі канец свету, пра пажар і галодны мор, якія чакаюць Кіеў. Каснячка схапіў некалькі дзесяткаў крыкуноў, зачыніў у падзямеллі, пасадзіў на ланцуг. Але горад не сціхаў. Густа падалі з неба халаднаватыя серпеньскія [Серпень — жнівень] зоркі.

 

Колькасць прачытаўшых: 2951
Колькасць вогдукаў: 1

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007