Будзе гром. Навальніца будзе. На кургане, дзе спяць арлы, Нехта першы падставіць грудзі Пад удар палавецкай стралы.
Чалавек ідзе туды, куды кладзецца дарога. Мала праходзіць за сваё кароткае жыццё чалавек, які б ён ні быў хутканогі. Ён падобны на муху, што садзіцца на гарачы ад сонца полаг шатра, поўзае па ім, і, пэўна, уяўляецца ёй гэты полаг бясконцым сусветам. I не разумее дурная муха, што, апроч полага, ёсць бязмежны стэп, а за стэпам снежнагаловыя страшныя горы, а за імі — акіян. Чалавек ідзе і памірае ў дарозе, пакідаючы пасля сябе маўклівы курган. А народ спяшаецца далей. Куды ж ідзе народ? Што гоніць яго да напятай цецівы небасхілу? Сакавітая густая трава для авечак і коней? Глыбокія, поўныя сцюдзёнай вады калодзежы? А можа, цені продкаў? Яны падобныя на хмары, такія ж зменлівыя, загадкавыя, у вечным руху, ніколі не ведаеш — гнеў ці ласка вырвецца з таемных глыбінь. Куды ж ідзе народ куманаў? Так думаў хан Гіргень. Ягоная вежа [Вежа —стаянка] была над вузкай стэпавай рачулкай. Чынгул. Спёкай поўнілася шэрае неба. Людзям і жывёле не хапала вады. Траву коні і авечкі аб'елі да самай зямлі. Худыя вярблюды, заплюшчыўшы вочы, стаялі, як здані, каля сцёртых дзіравых шатроў. «Не шанцуе маёй ардзе, — спустошана і ляніва думаў хан. — Я ўжо стары, цярпліва зношваю сваё цела, хутка памру. Што ж тады будзе з куманамі? За Дняпром і Варасколам Русь у гарадах сядзіць. Аднакроўцы Шаруканіды ціснуць з поўначы і з усходу. У іх лепшыя лучнікі і лепшыя коні. Што для іх стары Гіргень? Прыйдуць і праглынуць, як кавалак печанага мяса, маю аслабелую арду. I ніхто не абароніць Гіргеня. Чорнае ў мяне жыццё, як стэп пасля пажару. А Шаруканіды ў вялікую моц увайшлі. Ёсць у іх гарады — Шарукань і Сугроў. Багатью гарады, хоць Шаруканіды пальцам не паварушылі, каб іх збудаваць сярод стэпу. Ад сарматаў, ад старадаўняга народа, кажуць людзі, засталіся гэтыя гарады. А што маю я? Пусты стэп з яшчаркамі і дрофамі, бязводную раку. I скрозь — гранітныя жылы, што востра вытыркаюцца з зямлі. Коні з вярблюдамі б'юць капыты аб непатрэбны граніт. Гора мне, старому Гіргеню». Але тут позірк хана слізгануў па беласнежным шатры, у якім жыла ягоная любімая маладая жонка Агюль. Ханша якраз прачнулася і капрызным голасам паклікала да сябе рабыню-печанежку. Рабыня са срэбнага збана пачала мыць ёй ногі. Потым на кожны палец нагі (якія прыгожыя ў ханшы пальчыкі!) надзела залатыя пярсцёнкі з каштоўнымі камянямі. Гіргень глядзеў на жонку, і кроў пачынала хутчэй і гарачэй бегаць па жылах. Жанчына заўсёды малодзіць мужчыну. Гледзячы на прыгажуню, самы стары і самы цвёрдаскуры весялее і мякчэе, робіцца юнаком, у якога наперадзе безліч дзён, як ікры ў пладавітай рачной рыбы. — Як табе спалася, Агюль? — лагодным голасам спытаў хан. — Дрэнна, — адказала ханша. — Чаму? — Таму што рэдка бачу свайго мужа і ўладара. — Шмат у мяне клопатаў, Агюль, — падышоў, пагладзіў жонку па шчацэ Гіргень, і рабыня-печанежка, як чорная вужака, маўкліва адпаўзла ўбок. — Але ніхто не забараняе табе кожную ноч бачыць свайго мужа ўва сне. — Сёння ўва сне я бачыла, як пачырванеў ад крыві Чынгул і людзі Шаруканідаў зганялі ў адзін гурт нашых авечак і вярблюдаў, а мяне... Паслухай, мой хан, што яны зрабілі са мной, — Агюль чорна-вішнёвымі вачамі пранізліва глянула на Гіргеня. — Мяне конюх Шаруканідаў, злы агідны чалавек з чырвоным носам, схапіў за валасы і кінуў цераз сядло. — Што ты кажаш, Агюль? — спалохаўся, адразу як бы змізарнеў стары хан. — Не зробяць яны гэтага, ніколі не зробяць. Яны — куманы, такія, як і мы, і не ўзнімуць шаблю на свой народ. Ды і як яны змогуць на мяне напасці? Я ўбачу, пачую і павяду сваю арду на раку Вараскол, прасіць у Русі дапамогі. Папіў бы крыві камар, каб навучыўся лётаць бясшумна, а Шаруканіды не ўмеюць нападаць ціха. Гіргень расхваляваўся, забегаў каля маладой жонкі. Ад бязводзіцы і бястраўя даўно пакутавалі ягонью статкі і ягоныя людзі. Шаруканіды выцеснілі аслабленую арду ў сухі камяністы стэп, а зараз, калі верыць сну Агюль, хочуць схапіць Гіргеня за горла. А сны ў Агюль заўсёды праўдзяцца. «Дапамажы мне, Бог куманаў, — лямантаваў у думках стары Гіргень. — Я загадаю насыпаць у твой гонар вялізны курган і на самым версе кургана, там, дзе лётаюць арлы і маланкі, пастаўлю каменнага ідала. Я зарэжу для цябе лепшых бараноў». Як ніколі хацелася яму зараз быць актыўным, дзейным, ды вельмі мала стрэл было ў тулах ягоных лучнікаў. I ўсё-ткі нешта трэба рабіць. Усё можна страціць, але толькі не Агюль. Хан хуценька пайшоў у свой шацёр, крэкчучы, дастаў з прасторнай скураной торбы кубак-курыльніцу, якую выменяў на палонных русаў у арабскіх купцоў. Формаю сваёю гэты цудоўны кубак напамінаў «дрэва жыцця», на вастрыі накрыўкі распускалася залатая кветачка. Яшчэ прыгажэй быў заморскі кубак усярэдзіне — на чарнёным срэбры спляталіся выявы быка, арла, ільва і грыфона. 3 дна кубка ўздымаўся залаты цыліндр, на яго пярэднімі лапамі абапіраўся залаты леў з агатавымі вачамі. — Вазьмі, мая птушачка, сабе на ўцеху, — сказаў Гіргень. Агюль схапіла кубак, прыціснула да грудзей, смуглыя шчокі паружавелі. Яна любіла багатыя падарункі. — О, мой уладар, — прашаптала яна. Зараз, як дзіця, да самага вечара будзе яна гуляць з кубкам, цалаваць яго, гаварыць кубку пяшчотныя словы. Хан з любасцю глядзеў на красуню. Сэрца напаўнялася мёдам і п'янкім кумысам. — Пачашы мне пяткі, — гладзячы кубак, загадала ханша рабыні і, калі тая на імгненне спазнілася выканаць загад, ударыла яе пяшчотнай ножкай, дзе на кожным пальчыку ззяў залаты пярсцёнак, у твар. Гіргень, адразу павесялеўшы, ускочыў на свайго любімага каня, борзда выехаў на ўзлобак, адкуль добра бачылася ўсё наваколле. Ён нарадзіўся ў стэпе, жыў у ім усё жыццё і нічога лепшага, прыгажэйшага не было на свеце для старога хана. Пойма Чынгула зарасла нізкімі вербамі, ракітамі, ясакарнікам. Гэта быў не лес, а лясок. Асабліва ярка, сакавіта выглядаў ён вясною. Русічы, а яны любяць лес так, як Гіргень любіць стэп, называюць гэткія зараснікі блакітным лесам, у адрозненне ад чарналесся і чырваналесся. Не надта ўжо благое жыццё, калі ёсць стэп і ёсць у ім кавыль, праўда, лядашчы, і хаваюцца ў кавылі суслікі, байбакі, дрофы. А яшчэ ёсць кумыс, пітво багоў, і любімая прыгожая маладая Агюль. «Не саступлю Шаруканідам», — рашуча і злосна падумаў Гіргень. I зноў на самоце пачаў ён мроіць пра бясконцасць зямных дарог, пра зменлівасць чалавечага лёсу. Колькі народаў прайшло, пракацілася па гэтым стэпе! Скіфы, хазары, угры, торкі, печанегі... Спаленая сонцам стэпавая зямля хавае іхнія магілы. Ён, Гіргень, таксама некалі памрэ. Душа паляціць на неба, а косці, якія калісьці поўніліся яраснай сілай, застануцца на зямлі, у зямлі. Стары хан узняў правую руку, сухую, загарэлую да сіняватай чарнаты, доўга глядзеў на яе. Некалі гэтая рука зробіцца прахам, шэрым бяссільным пяском. Але сёння яна яшчэ можа моцна трымаць бізун, шаблю, кубак з кумысам. «Не саступлю Шаруканідам», — скрыгатнуў зубамі Гіргень. Са злосцю і адчаем падумалася яму, што, калі не вытрымае, не дасць адпор, не захавае сваю ўладу і сваю арду, бясслаўе, здзек і зняважлівая кара чакаюць яго. Павязуць яго, як нікчэмнага раба, у горад Шарукань, і там, дубянеючы ад страху і ад холаду, будзе сядзець ён у смярдзючай яме, чакаючы, пакуль старэйшы з Шаруканідаў успомніць пра Гіргеня і загадае прывалакчы палоннага ў свой шацёр. 3 ротам, поўным сухога пылу, стане Гіргень на калені перад Шаруканам, пацалуе зямлю між ягоных ступакоў, назаве ненавіснага ворага сонцам, прахалодай сваіх вачэй і вымушаны будзе старэчымі сваімі зубамі грызці з вялікага пальца на правай назе ў Шарукана пазногаць. Ужо адрошчвае, гадуе Шарукан гэты агідны пазногаць. Значыць, трэба як мага хутчэй дзейнічаць. Слязьмі не зальеш агонь. Трэба апярэдзіць Шарукана, падмануць. Шарукан не ўсясільны. Насіў арол, панясуць і арла. Гіргень вярнуўся ў сваю вежу, паклікаў да сябе старэйшага сына Аклана і, калі той увайшоў у шацёр, сказаў: — Ты моцнарукі і смелавокі. Я хачу, каб на схіле маіх дзён ты бьіў ханам, каб цябе ўсе слухаліся, баяліся і паважалі. На схіле маіх дзён я буду піць кумыс, вучыць тваіх сыноў страляць з лука, а ты будзеш ахоўваць маю старасць. Аклан у знак згоды пакланіўся бацьку. Голас у Гіргеня пазванчэў. — Едзь ў Кіеў да вялікага рускага хана Ізяслава і скажы яму, скажы так, каб не пачула чужое вуха, што я, мудры Гіргень, хан прыморскай куманскай арды, ці палавецкай, як называюць нас русы, хачу прывесці мой народ пад ягоную бацькоўскую руку. Мы будзем союзнікамі Кіеву, гэтаксама, як торкі, берандзеі, чорныя клабукі. Шабля Гіргеня не ведае, што такое слова «здрада». Я буду верна служыць са сваёй ардой вялікаму хаііу русаў. — Значыць, мы пакінем свой стэп? — ціха спытаў Аклан, і, падалося, сум быў у ягоным голасе. — На правым беразе Дняпра багатыя стэпы. Там шмат вады і травы, — строга зірнуў на сына Гіргень. — Шарукан пабаіцца хадзіць на правы бераг. Сын з вернымі целаахоўнікамі памчаўся ў Кіеў, павёз вялікаму князю Ізяславу залаты паходны кубак, які носяць, прывязаўшы да пояса. На дне кубка былі выдрапаны дзве паралельныя лініі — родавы знак прыморскіх куманаў. Гіргень, застаўшыся адзін, загадаў прывесці да шатра паляўнічага пардуса [Пардус — гепард]. Два служкі на доўгім ланцугу ледзьве прыцягаулі мускулістую светла-рудую кошку. Пардус грозна шчоўкаў зубамі, шыпеў. — Вось ты які, — задумліва сказаў Гіргень. — Усё не хочаш скарыцца. Але скарышся, голад і агонь змусяць цябе. Пардус, выгнуўшы дугою спіну, шалёна глядзеў на старога хана іскрыстымі залёнымі вачамі. Ланцуг упіваўся яму ў шыю. — Ты самы хуткі між звяроў, я самы мудры між людзей, — прамовіў хан, і служкі нізка схілілі галовы, зацмокалі языкамі ў знак згоды. — Я падару цябе вялікаму кіеўскаму хану, — пачаў асцярожна падыходзіць да звера Гіргень. — Русы любяць сакалінае паляванне, любяць гончых псоў, але яны не ведаюць нястомных пардусаў і вельмі ўзрадуюцца. I хан Ізяслаў дасць шмат хлеба і мяса маёй ардзе. Раптам пардус рэзка рвануўся, аж, падалося, хруснула ягоная шыя. Адзін са служкаў не ўтрымаўся на нагах, упаў. Пардус леваю лапаю наводліў ударыў хана па шчацэ. Кроў заліла падбароддзе. Гіргень ад нечаканасці ўскрыкнуў, схапіўся за шчаку і сеў на траву. Пабялелыя ад страху служкі звалілі звера, адзін біў яго канцом ланцуга, другі наступіў пардусу на хвост, учапіўся рукамі ў вушы. — Ты, як я, — нарэшце сказаў пардусу Гіргень. — Волю любіш. Але не ўсё жывое варта волі. Арол, хан птушак, і той, бывае, сядзіць у няволі, а ты, агідная дурная кошка, асмеліўся праліць чалавечую кроў, ханскую кроў. Завядзіце яго ў клетку і сем дзён не давайце есці, ваду давайце праз дзень. Голад і смага — самыя лепшыя настаўнікі. — Твае словы, як залатыя яблыкі на срэбным падносе, — пакланіўшыся, умільна глянуў на хана служка, той, што ўпаў. Але Гіргень нават не зірнуў на яго. — А гэтага недарэку, — сказаў ён другому служку пасушэлым голасам, — прывяжы ланцугом да клеткі, дзе будзе сядзець пардус. I сем дзён патрымай на ланцугу. Няхай пардус лапай яму перад носам памахае. Служкі бухнуліся на калені. Хан, як і заўсёды, казаў мудра, і словы ягоныя былі вастрэй шаблі. Уначы арда паліла вогнішчы. Вельмі позна клаліся спаць, калі ўжо ногі не трымалі, а стары Гіргень некалькі сутак запар наогул вока не змружыў. Клапатліва глядзеў, ці заснула Агюль, ці ёсць побач з ёй верная рабыня, потым ішоў на абрывісты бераг Чыргула, садзіўся там, глядзеў на срэбнае ззянне ракі, на цёмнае глухое неба. Вечнае шэсце зорак бачылася яму. Куды плывуць гэтыя камячкі нязгаснага святла? Што яны хочуць сказаць стэпу, людзям, Гіргеню? «Пайду на Русь, — думаў стары хан. — Яна багатая, яна засыпана срэбрам, як снегам. Там знойдзецца корм і прытулак мне і маёй ардзе. Не хачу быць пад пятой у Шарукана, аблізваць, як галодны пёс, ягоныя катлы і кубкі. На Русі я застануся самім сабой, таму што я чужы ддя яе душой і словам, а Шаруканіды, адзінакроўныя браты, ператвораць мяне ў дурнога барана, якіх тысячы ў іхніх незлічоных статках. Не хачу быць бараном, хачу арлом лётаць». Ён разумеў, што нядоўга засталося яму бачыць траву і піць кумыс, і спяшаўся захаваць для будучага жыцця свой народ. Будуць прыморскія куманы, будзе нехта сіняй стэпавай ноччу спяваць ля вогнішча песню пра яго, мудрага хана Гіргеня. Хутчэй бы вяртаўся з Кіева Аклан, і можна скручваць шатры, здымацца з месца. Ад Іціля да Дуная раскінуўся велізарны стэп, а яму, Гіргеню, няма ў гэтым стэпе ні пядзі зацішнай зямлі. У лютую гарачыню, калі здавалася, вось-вось закіпіць вада ў Чынгуле, дазорца з кургана ўбачыў у стэпе чорныя кропкі. — Хан, — закрычаў дазорца, — нашы паслы з Русіедуць! Гіргень, хвалюючыся, ускочыў на каня, узляцеў на курган. — Чаму іх шэсць? — спытаўся ён у дазорцы. — Разам з Акланам іх было сямёра. Дазорца маўчаў. Пот цёк па ягоных смуглых шчоках. I Гіргень зразумеў, што зараз павінна здарыцца непапраўнае. А верхавыя набліжаліся, ужо чуўся гуд капытоў. Коні нагамі і жыватамі разрывалі стэпавую траву, што густа ўстала пасля дажджу, які чатыры дні назад паслала неба. Вось верхавыя побач з курганам, вось прыпыняюць коней, звальваюцца з сёдлаў. — Дзе Аклан? — ціха запытаўся Гіргень. Старшы верхавы, стоячы на каленях, падаў хану цяжкі бурдзюк [Бурдзюк — скураны мяшок] і палахліва прыпаў ілбом да самай зямлі. Хан ускрыкнуў, укусіў сябе за руку, ударыў верхавога бізуном. — Ты прывёз мне галаву майго сына?! — Так, мудры хан, — прашаптаў пасол і адчуў, як чорнае крыло смерці апускаецца яму на плечы. — Палахлівы байбак! — пабялеў ад гневу Гіргень. — Я даверыў табе жыццё маладога хана, а ты прывёз ханскую галаву! Чаму не твая галава ў гэтым бурдзюку?! — Людзі Шаруканідаў падпільнавалі нас у тым месцы, дзе рака Арэль уліваецца ў Дняпро. Там ёсць вялікі востраў. Яны, як начныя совы, напалі на нас. Маладога хана забілі, а нас сем сутак трымалі ў пячоры, якую завалілі камянямі. Шаруканіды ўсёй сілаю ідуць на Кіеў, — ужо болын спакойным голасам адказаў старшы пасол. Ён зразумеў, што ад смерці яму на гэты раз не адкруціцца, а смерці куманы не баяліся. Пргень загадаў адсекчы ўсім паслам галовы, адсекчы галовы іхнім коням. Потым пахавалі Аклана. Выкапалі ў стэпе глыбокую яму, вакол яе паклалі тушы забітых коней. У пойме Чынгула нарэзалі доўгія лусты дзірвану і вакол ямы зрабілі трайны вал з трыма праходамі. Усё гэта збудаванне акружаў роў глыбінёй у паўтары сажні. Галава Аклана была павернута на ўсход, адкуль выплывае цёплае сонца куманаў. У магілу паклалі шаблю, тры нажы, кальчугу, шчыт, калчан з лукам, пазалочаны шлем і шэсць шаўковых кафтанаў, а таксама два залатыя пярсцёнкі з каштоўнымі сінімі і зялёнымі камянямі, тры парчовыя паясы са срэбнымі спражкамі. Над усім гэтым насыпалі жалобны курган, і адразу Гіргень ударыў жалезнай булдавешкай у паходны кацёл — даў сігнал ардзе здымацца з месца. Заржалі коні, зараўлі вярблюды, заплакалі дзеці, і толькі курган моўчкі глядзеў на гэту мітусню, на людзей, якія адыходзілі, каб ужо ніколі не вярнуцца да яго. Гіргень, хоць і быў сумны, цвёрда сядзеў у сядле, з гордасцю пазіраючы на сваіх коннікаў. На галовах у куманаў былі нізкія шлемы, начэрненыя смалой, каб не блішчалі на сонцы. Карычнева-рыжыя кафтаны ладна аблягалі мускулістыя фігуры, і толькі спіна ў кожнага верхавога здавалася гарбатай — гэта тырчаў лук і тул са стрэламі. На самім Гіргеню ззяла кальчуга з тоўстых кляпаных кольцаў. Акрамя яе стары хан надзеў падкальчужны кафтан, скураныя штаны з нашытымі спераду жалезнымі палосамі, вастраносыя боты з чырвонага саф'яну. Рухаліся левабярэжжам Дняпра. Тут яшчэ вялікі кіеўскі князь Уладзімір на ўсіх стэпавых рачулках будаваў крэпасці, каб стрымаць пастаянны бязлітасны напор вандроўных орд. На ўсім стэпавым парубежжы Русь насыпала земляныя валы, рабіла засекі з дрэў, ставіла сігнальныя вышкі. На левабярэжжы стэп ляжаў амаль да самага Чарнігава. Ажно чатыры абарончыя лініі вымушаны былі зрабіць русічы. У вусці ракі Сулы яны збудавалі крэпасць-гавань Воінь, куды ў час небяспекі маглі схавацца лоддзі з Дняпра. Па ўсёй Суле густа стаялі крэпасці — па 15—20 попрышчаў адна ад адной. Калі ж стэпнякі прарывалі першую лінію абароны, а ім гэта часта ўдавалася, на рацэ Трубеж іхні ўдар прымаў буйнейшы горад Русі Пераяслаў. 3 левага берага Дняпра да Кіева ваяўнічыя орды маглі падабрацца толькі перайшоўшы брод каля Віцічава і даліну ракі Стугны. Але і тут іх чакалі магутныя крэпасці. Над бродам узвышалася крэпасць з дубовымі сценамі і сігнальнай вежай на вяршыні гары. У час небяспекі на вежы, адкуль простым вокам быў відзён Кіеў, запальвалі велізарны касцёр. 3 поўдня да Кіева падступаў густы сасновы бор. Тут вялікі князь Уладзімір зрабіў апошнюю абарончую лінію, у якую ўваходзілі крэпасці Трыполле, Васілёў і Белград, злучаныя між сабой землянымі валамі. Гіргень добра ведаў пра ўсё гэта, бо неаднойчы ўдзельнічаў у крывавых набегах. Упершыню ён ішоў з мірам на Русь, ішоў, каб уваткнуць шаблю ў зямлю. Нават у ягонай ардзе гэта не ўсім даспадобы, ужо не кажучы пра Шаруканідаў, але ён цвёрда рашыў стаць братанічам вялікага кіеўскага князя Ізяслава. Годзе попелу і слёз. Дрэнная прыкмета чакала хана. Ягоны конь пярэдняй левай нагою пацэліў у норку сусліка, зламаў косць. Бедалагу каня прырэзалі, а Гіргень адчуў, як адразу насцярожылася арда, цень пабег па людскіх тварах. Але хан спрытна ўскочыў на новага каня, рашуча пакіраваў туды, дзе неўзабаве чакалася рака Вараскол. Жыццё — гэта такая дарога, па якой кожны павінен ісці сам. Стары Гіргень добра засвоіў такую муцрасць. — Сам памрэш і нас павядзеш у змрок, — з адчаем і лютай злосцю крыкнуў адзін з лепшых коннікаў арды Калатан. Ён быў малады і звонкагалосы. — Што з табой, Калатан? — нетаропка павярнуў галаву Гіргень. — Няўжо ты думаеш, што стары хан звар'яцеў і жадае смерці свайму народу? — Так, ты звар'яцеў, хан! — смела, не апускаючы вочы долу, выгукнуў Калатан. Уся арда пачула гэтыя словы. — Ты звар'яцеў, бо вядзеш нас у Кіеў, да нашых ворагаў, — пабляднеўшы, казаў далей Калатан. — Хіба можа раздольны стэп сябраваць з узаранай нівай? Хіба можа вольны арол піць ваду з той крыніцы, што бусел ці верабей? Ты хочаш ланцугамі прыкаваць нас да аднаго месца, але яшчэ дзяды нашых дзядоў і прадзеды нашых прадзедаў абралі сваёй радзімай стэп і вольную дарогу. — 3 Кіевам сябруюць торкі, і печанегі, і берандзеі, і кавуі, і шмат якія народы, — перапыніў Калатана Гіргень. — I яны, як табе вядома, не памерлі. У Кіева моцная рука, і не па звярыным законе ён жыве, а па чалавечым. Рускай праўдай называецца гэты закон. Нас, прыморскіх куманаў, ціснуць з усіх бакоў, адбіраюць ваду і пашы, у жанчын арды няма ў грудзях малака, каб карміць дзяцей. Я вяду свой народ у Кіеў, каб ён знайшоў там прытулак і мір. Хіба гэта дрэнна, хіба гэта смерць, Калатан, знайсці для ўсяго свайго народа прытулак і мір? — Не слухайце яго, вольныя куманы! — выхапіў шаблю Калатан. — Не слухайце гэтага сляпога чалавека! Дыханне ягонае толькі ў ноздрах ягоных, і ён не чуе, як шуміць у стэпе вецер вечнасці! Іскры поту гарэлі на шчоках у Калатана. У смуглым кулаку ён сціскаў эфес шаблі, і нават гэты кулак (заўважыў Гіргень) быў мокры ад поту. «Баіцца і пацее ад страху», — падумаў стары хан. — Шкадую я цябе, Калатан, — уздыхнуў Пргень. — Ты такі малады, моцны, прыгожы, але памрэш рана, дужа рана. Не насіць табе сівой барады. Пры гэтых словах Калатан пабялеў, шабля ў руцэ задрыжала. Ён азірнуўся на арду, пэўна, там былі ягоныя аднамыснікі, ды ніхто з іх не падаў ні знаку, ні голасу, чакалі, што будзе далей, і Калатан, шалеючы ад бяссілля і нянавісці, сказаў: — Ты хітры, як змей, Гіргень. Але нават ты не можаш бачыць наперад людскі лёс. У цябе не сямёра вачэй. — Не сямёра, — згадзіўся стары хан. — Толькі я ўпэўнены, што неўзабаве твая шыя зломіцца. Ведаеш, як ломіцца сухі бадыльнік? — Мая шыя цвёрдая, — рашуча выдыхнуў Калатан. — I рукі ў мяне цвёрдыя. — А ханская шапка, якую ты так прагнеш надзець, вельмі цяжкая, і яна зломіць табе шыю,— усміхнуўся Гіргень. — Не палохай! — закрьгааў Калатан. — Босага мяне на лёд не ўзгоніш! У гневе ў яго быў надзіва непрыгожы твар. Морда нейкага звера ўбачылася ўсім. — Ты хочаш весці арду, — міралюбна сказаў Гіргень. — У твае гады і я хацеў. I кожны мужчына, калі толькі ён мужчына, марыць стаць ханам. Але для гэтага трэба быць мацнейшым, разумнейшым і адважнейшым. Ты кажаш, што ў мяне не сямёра вачэй, і ты ўпэўнены, што тыя вочы, якія я маю, старыя і сляпыя. Давай страляць з лукаў. Хто патрапіць у цэль, той і хан. Арда зашумела, захвалявалася. Ніхто не чакаў ад старога Гіргеня такой прапановы. Сябрукі Калатана, схаваўшыся ў натоўпе, крычалі адтуль, праўда, змяніўшы свае галасы: — Згаджайся, Калатан! У цябе вочы, як у беркута! Ты пераможаш сляпога Гіргеня! Калатан заружавеўся ад радасці. Нарэшце наступіў ягоны міг! Зараз уся арда ўбачыць, які ён спрытны і вастравокі. Калатан рэзкім рыўком выцягауў з-за спіны лук, намацаў рукою апярэнне стралы. Сэрца калацілася ў грудзях. — Будзем страляць у конскі чэрап. Аднясіце чэрап у стэп на тры сотні крокаў, — сказаў Гіргень. — Чыя страла трапіць у чэрап або ляжа бліжэй да яго, той і перамог. Пачынай. Ты павінен страляць першы, бо стаць ханам хочаш ты. Малюсенькай бела-жоўтай кропкаю ледзьве бачыўся ў зялёным разліве стэпавай травы чэрап. Калатан, затойваючы дыханне, нацягнуў дрогкую цеціву, пальцамі ног націснуў на страмёны, прыўзняўся з сядла, папрасіў у думках удачы ва ўсіх стэпавых багоў. Страла свіснула, паляцела. Следам за ёю, не, не следам, а на яе вострай дзюбе, паляцела душа Калатана. Гіргень усміхнуўся, потым сцёр з твару ўсмешку, узяў у рукі лук. Бяскроўная нітачка ханскіх вуснаў бачылася ўсім, хто быў непадалёку. Гіргень лёгка спусціў цеціву, кінуў стралу ўверх, на сонца. Усе ўзнялі галовы, і пякучае сонца ўдарыла ў вочы, выбіваючы цёплыя слёзы. У яркім блакіце ляцела ханская страла. Верхавыя, хвошчучы коней плёткамі, рынуліся ў стэп. Калатан хацеў памчацца разам з усімі, але ўбачыў, як нетаропка і паважна заторквае лук за спіну Гіргень, і прытрымаў каня. Яны паехалі побач, стары хан і ягоны малады вораг. А верхавыя ўжо даляцелі да чэрапа, ужо саскочылі з коней. — Ханская страла! — пачулася адтуль. — Ханская страла перамагла! Калатан уздрыгнуў прыкусіў губу. Гіргень усміхаўся. Страла старога Гіргеня ўпілася ў конскі чэрап, крыху вышэй дзіркі, дзе калісьці было вока. Страла Калатана ляжала ў траве крокі за чатыры ад чэрапа. На Калатана шкада было глядзець. Ён калаціўся, як у ліхаманцы. Дзікая ўсмешка крывіла рот. Ён саскочыў з каня, упаў тварам у калючыя сцябліны. — Слава хану Гіргеню! — крычала арда. — Вось бачыш, Калатан, — спакойна, смакуючы словы, сказаў Гіргень. — Бог абраў мяне, накіраваў маю стралу туды, куды трэба было. Значыць, я хан па Божаму праву. А ты вучыся страляць з лука. Можа, да сівой барады і навучышся. Ад такой страшэннай прылюднай абразы Калатан змярцвеў здавалася, ператварыўся ў шэры стэпавы камень. Ён гатовы быў забіць сам сябе, вырваць свае вочы, каб не бачылі яны людскіх насмешлівых твараў. Бяссільна ляжаў ён у траве, па целе прабягалі сутаргі, і не было ім спыну, як не было спыну тупому неадчэпнаму болю, што абклаў з усіх бакоў сэрца. Ласкі пяшчотнай Агюль былі ўзнагародаю Гіргеню. — Ты сапраўдны хан, — шаптала Агюль. — А гэтага Калатана, гэтага пса, які асмеліўся ўзняць супраць цябе голас, загадай забіць. Не, хай ён жыве, але прышлі яго да мяне — будзе збіраць косці ля майго шатра. — Прышлю, — млява бубніў у адказ Гіргень. — Агюль, зорка мая... Толькі назаўтра Калатана не знайшлі ў ардзе. Знік, растаў, як ранішняя раса. Вырашылі, што з вялікага гора або кінуўся ў стэпавае возера (шмат іх ляжала па дарозе), або сканаў дзе-небудзь у глухатраўі. Стары шкурадзёр з племені печанегаў, які яшчэ за людской памяццю прыбіўся да арды і закопваў трупы дохлых жывёл, расказаў Гіргеню, што бачыў Калатана. Той сядзеў у траве, заўважыў шкурадзёра, нешта хацеў крыкнуць, хацеў даць нейкі знак рукою, але не паспеў, увесь пасінеў, зморшчыўся, змізарнеў ростам і раптам ператварыўся ў сусліка і шмыгнуў у нару з-пад ног шкурадзёра. Пры такой навіне Агюль пабляднела, ёй зрабілася вельмі сумна. Між тым арда ўсё далей і далей ішла на поўнач. Перавалілі цераз раку Снапарод, набліжаліся да Ерэлі, якую русы завуць Вуглом. Спякота даймала людзей і жывёлу, нямелі ногі ў страмёнах, а Гіргень усё не даваў перадыху, усё гааў свой народ наперад. Трывога апошнім часам грызла ягоную душу. Здаецца, усё было вакол звыклае, надзейнае — і верная Агюль, і верныя супляменнікі, і шырокі стэп, і дрогкія зоркі ў начных нябёсах, а ён змрачнеў, хмурыўся, падазрона прыслухоўваўся да нечага. Часам заміраў, седзячы ў сядле, ухапіўшыся правай рукою за сваю сівую рэдкую бараду. Збоку здавалася, што стары хан хоча па валасіне выдзерці яе. Нават здавалася, што ён спіць у сядде, бо немагчыма старому целу цярпець такую задуху, такую цяжкую бясконцую дарогу, калі нават маладыя ехалі з чырвонымі ад стомленасці вачамі і соль плавілася ў іх на спінах. Рыпеў пясок пад капытамі ў каня. Рыпеў лук за плячамі. Рыпелі кібіткі, у якіх ехалі жанчыны і дзеці. Здавалася, рыпела гарачае неба. Адзінай уцехаю быў вечар, калі кацілася за небасхіл круглае чырвонае сонца, спадала спёка, мякчэлі галасы людзей і жывёлы. Тады Гіргень паварочваў каня да беласнежнага шатра, у якім яго чакала Агюль. Там былі прахалода і каханне. Ён злазіў з каня. Сядло, нагрэтае за дзень сонцам, апякала руку. — Выпі кумысу, мой хан, — сказала Агюль, калі ён, як заўсёды, прыйшоў да яе. Ён пачаў піць гаркаватае пітво, неадрыўна пазіраючы на яе. — Ад кумысу добры спакойны сон, — усміхнулася Агюль і раптам спыталася. — А што, калі Калатан жывы, не памёр? — Табе яшчэ помніцца гэты чарвяк? — здзівіўся Гіргень. — Ён памёр, бо, пасля таго як ён прайграў мне, сапраўдны куман не павінен жыць. Але, калі б адбыўся цуд і ён зноў з'явіўся б у нашым стэпе, я адрэзаў бы яму вушы. Яны ў Калатана занадта доўгія. Гіргень засмяяўся, задаволены жартам і сабой, і раптам адчуў, як няўлоўна пахіснулася пад ім зямля. Ён сядзеў на кашме, побач была Аполь, кумыс прыемна ахалоджваў рот, але трывога ўспыхнула ў сэрцы, ды такая, што пацямнела ўваччу. Яму падалося, што ён зараз памрэ. — Што з табою, уладар? — ціха спыталася Агюль. Вочы ў яе былі бліскучыя, вялікія. Такія вочы, як халодная рачная вада ў спёку. — У мяне чамусьці закружылася галава, — разгублена сказаў Гіргень. Ён прыклаў далонь да лба. — Ты стаміўся... Ляж, паспі, — супакоіла старога хана Агюль. — Не... Гэта не тое... Не тое, — прыслухоўваючыся да самога сябе, да глыбіняў сваёй душы, павольна прагаварыў Гіргень. Потым ён рыўком паклаў руку на круглы мяккі шіячук Агюль, задыхаючыся, запытаўся: — Ты кахаеш мяне? Зноў страх, як гаой з раны, выліўся з сэрца, затапіў кожную клетачку цела. Хан адчуў, што ў яго спыняецца дыханне. Рукі і ногі зрабіліся бязважкімі, быццам пяро стэпавай птушкі. У роце перасохла, нібы кінулі туды гарачага пяску. Агюль маўчала, уважліва гледзячы на старога Пргеня. — Што ты зрабіла са мной? — пра ўсё здагадаўшыся, усё зразумеўшы, выгукнуў Гіргень, але толькі слабы шэпт вырваўся з грудзей. — Спі, хан, — строга сказала Агюль. — Ты ўліла ў кумыс атруту. Ты... якую я так кахаў... Скажы, Агюль, што гэта не так... Скажы, і я дарую... Не маўчы... Але Агюль маўчала, загадкава пазіраючы ў твар хану. Ён адчуваў, як нямее, халадзее нутро, бяссільна скрыгатаў зубамі, дарэмна спрабуючы ўзняць галаву, цвёрда і гнеўна глянуць на каварную падманшчыцу. Ён добра ведаў, што яна заўсёды баялася ягонага позірку ва ўпор. Ды галава хілілася на Ірудзі. I раптам такая стома, такая тупая абыякавасць наваліліся на хана, што ён салодка пазяхнуў, сказаў: «Буду спаць», лёг на кашму і заснуў. — Спі, хан, — прашаптала Агюль. Яна доўга сядзела ў цемры, прыслухоўваючыся да ягонага дыхання, баючыся, што соннае зелле акажацца слабым і хан, перамогшы сон, схопіцца за шаблю. Але хан моцна спаў, свістаў носам, быццам суслік. Тады Агюль прутка ўскочыла на ногі, шчоўкнула пальцамі, выклікаючы рабыню, і калі тая, чорная, бязмоўная, схілілася перад ёй, спытала: — Ці гарыць на Гарбатым кургане касцёр? — Гарыць, упрыгожанне нябёсаў, — лісліва адказала рабыня. Агюль выбегла з шатра. Касцёр, як чырвонае пранізлівае вока, глянуў з глухога змроку. — Доўга ж ты спіш, хан Гіргень, — пачулася аднекуль зверху, Гіргеню падалося — з воблака, залатога і яркага, якое праплывала над ім. Ува сне ён бачыў сябе ў спякотна васільковым небе. Разам з Агюль ён сядзеў на маленькім іскрыстым воблачку, лунаў над бязмежнасцю стэпаў. Побач, унізе, уверсе, з бакоў бясшумна плылі белыя бухматыя воблакі. Холадам веяла ад іх. I вось з вялікага верхняга воблака пачуўся гэты нечаканы голас. Гіргень, пяшчотна абдымаючы левай рукой Агюль, правую руку працягнуў да воблака, каб падклікаць, падвабіць яго да сябе. Так у вясновым стэпе з вялізнага авечага гурту ён выклікаў даверлівых белых баранчыкаў. Ды раптам воблака выпусціла жалезную дзюбу і балюча ўдарыла ёю па руцэ. Гром-смех пракаціўся па нябёсах. Стары хан з вялікаю напругаю расплюшчыў склееныя сном павекі і ўбачыў над сабой Шарукана. Побач, злосна і пераможна ўсміхаючыся, стаяў Калатан. — Уставай, бяззубы вярблюд, — загадаў Шарукан. Гіргень павольна ўзняўся на ногі, пахіснуўся. Каменьчык болю, цяжкі, вастрабокі, перакочваўся ў галаве. Усё яшчэ хацелася спаць, але ён зразумеў, што гэта быў апошні ягоны зямны сон, што неўзабаве, магчыма, праз некалькі імгненняў, ён засне навекі. Страху не было. Ён шукаў вачамі Агюль. У шатры тоўпіліся шмат людзей, але Агюль між імі ён не ўбачыў. — Ты хацеў завесці вольных куманаў у Кіеў, парадніцца з русамі, — жорстка ўсміхаючыся, сказаў Шарукан. — Ці не звар'яцеў ты? — Я разумнейшы за цябе, — з годнасцю вымавіў Гіргень. — Як жа ты дадумаўся да такога? Калі ты разумнейшы за ўсіх, як ты мог нашых стэпавых багоў раўняць з кіеўскім богам? Хіба можна на небе спыніць воблака? Ты ж у сваёй старэчай слепаце захацеў, каб мы, уладары стэпаў і хутканогіх коней, спыніліся на ўзбочыне дарогі, пачалі калупацца ў зямлі. Ёсць народы-грыбы, якія растуць на адным месцы. Гэта — русы, рамеі, ляхі... Але прыходзіць нехта, мудры і магутны, зразае грыб і пячэ яго на агні. Гэта мы — куманы. Такімі зрабіла нас неба. Вечны рух, вечны паход. Што знойдзецца лепшае на зямлі? Нічога няма. Шарукан гаварыў натхнёна. Затаіўшы дыханне, яго слухалі ўсе, хто быў у шатры, слухалі і згодна ківалі галовамі: — Так... Так... Справядліва кажа мудры Шарукан. А хан Гіргень у перадсмяротнай тузе думаў пра Агюль. Здрадзіла, апаіла сонным зеллем, навяла ворагаў... Ды чамусьці не было гаеву на сэрцы. Ён і зараз кахаў чарнавокую прыгажуню і, калі б убачыў яе, не змог бы сказаць злое слова, толькі б глянуў з журбрю. I ўспомніўся хану цяжкі сон. Бачылася яму аднойчы ўва сне, што душыць яго чорная гадзюка. Абвілася кальцом, дыхнуць не дае. У жаху, у халодным поце прачнуўся ён тады, аж гэта Аполь абняла яго за шыю і цалуе. — Аддай мне Гіргеня, — папрасіў у хана Шарукана Калатан. Але той быццам не пачуў Калатана, казаў Гіргеню: — Ля чужога агаю не сагрэешся. Ты ж забыўся пра гэта, Гіргень. I раптам прапанаваў палоннаму: — Ты адважны, мудры. Цябе паважае народ куманаў. Давай з'яднаем нашы сілы, ударым па Кіеве, спалім горад русаў, і будзе ў нас шмат срэбра і рабоў. Усе чакалі, што адкажа стары Гіргень. — Мінулае не паправіш, — пасля некаторага роздуму прамовіў Гіргень. — Заўсёды мы з табой варагавалі, дык застанемся ж ворагамі да самай маёй смерці. Лоўка ты мяне ўзяў, як птушку ў гняздзе. Навука старому дурню, але няма калі вучыцца — паміраць трэба. А табе адно скажу: не ідзі з вайной на русаў, бо і сваю галаву згубіш і народ з-за цябе прападзе. Такое маё слова. Гіргень апусціў сівую галаву, змоўк. Шарукан уважліва паглядзеў на яго, зморшчыўся, кашлянуў у загарэлы кулак. — Аддай мне Гіргеня, — зноў папрасіў Калатан. — Я з яго жыўцом скуру спушчу. — Не аддам, — гнеўна сказаў хан Шарукан. — Куманы будуць судзіць старога асла. Арда, зліўшыся з войскам Шарукана, рушыла ў стэп, каб адтуль, сабраўшы грозную сілу, наваліцца на Юеў. Расталі за небасхілам апошнія кібіткі. Цішыня затрымцела наўкол. 3 норкі асцярожна вытыркнуў галоўку суслік, зірнуў туды-сюды, асмялеў, вылез на паверхню і застыў на кургане, як слупок. Раптам незразумелыя гукі пачуліся яму. Суслік на ўсялякі выпадак нырнуў кумільгом у норку, потым, счакаўшы, зноў высунуў цікаўную мордачку, якая была запэцкана пяском. На суседнім кургане паміралі двое — стары чалавек і дзіўны звер. Такіх звяроў ніколі не сустракаў суслік у родным стэпе. Чалавек і звер былі прывязаны адзін насупраць другога да доўгіх, убітых у сухую зямлю шастоў. Нехта зламаў ім хрыбетнікі, і яны каналі. Вось іхнія глухія стогны і пачуў суслік. Ён трошкі павагаўся, зноў выбраўся з норкі, бо чалавек і звер былі бездапаможныя, зусім нястрашныя. Мухі заляпілі морду зверу, лезлі ў вочы, вушы, і звер час ад часу пагрозна вішчаў. Але калі ён адкрываў для свайго слабога віску рот, мухі роем ляцелі яму ў пашчу, і ён давіўся, екатаў. Слёзы ззялі на вачах у невядомага звера. Гіргень, скамянеўшы ад дзікага болю, ад гарачыні і лютых мух, з найвялікшай напругаю адкрыў вочы, убачыў пакуты няшчаснага пардуса. «Хоць бы звера пашкадавалі, — падумалася яму. — Хіба звер віновен?» Потым ён убачыў сусліка, шэры палахлівы слупок. «Падбяжы бліжэй, — у думках умольваў ён звярка. — Свісні, праспявай мне на развітанне песню стэпаў». Але суслік маўчаў, а праз нейкі міг разануў вушы і сэрца перадсмяротны віск пардуса. «Бывай, — развітаўся з ім Гіргень. — Я чалавек, і таму павінен даўжэй жьіць і даўжэй пакутаваць, чым ты, звер». Ён памёр праз ноч, на світанні...
Колькасць прачытаўшых: 2529 Колькасць вогдукаў: 1