Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел пяты (частка II)

Зноў Стэп ішоў на Ніву, Кібітка на Хату, Аркан на Плуг. Усё дняпроўскае левабярэжжа заслаў едкі дым. Полаўцы вялікімі коннымі масамі напалі знянацку. На поўнач ад ракі Вараскол, дзе спрадвеку стаяць селішчы русічаў, рассекла белы дзень на чорнае ашмоцце крывавая шабля. Смерды з сем'ямі ратаваліся хто як мог. Да Кіева або да Рымава ці Пераяслава бегчы было далёка, і людзі, як стэпавыя дрофы, разам са сваімі дзецьмі зашываліся ў траву. Але на ўзмыленым кані ўзвіваўся над схованкаю полавец, і мужчын чакала шабля, а жанчын і дзяцей — аркан. Некаторыя беглі да стэпавых рачулак, лезлі ў чарот, у ваду, толькі нідзе не было збавення. У імгненне рабілася попелам тое, што чалавек цяжкой працаю здабываў усё сваё жыццё. Палонных жанчын і дзяцей зганялі, як жывёлу, у статкі. Потым самых прыгожых дзяўчат пачыналі гвалціць на вачах ва ўсіх. Дзяўчат не хапала, і прапахлыя потам, дымам і крывёю стэпнякі гвалцілі жанчын навідавоку ў іхніх дзяцей. Жонкі полаўцаў цярпліва чакалі ва ўмоўленых месцах у стэпе палон, дзялілі новых рабынь і малалетніх рабоў, нагружалі іх, як вярблюдаў ці коней, дабром, гналі да сваіх вежаў. Калі ж па той ці іншай прьгаыне нельга было забраць з сабою згвалчаных дзяўчат і жанчын, полаўцы іх адразу ж забівалі, бо некаторыя маглі ў будучым зацяжарыць, пусціць на белы свет дзяцей, а закон стэпаў не дазваляе, каб сярод чужога народа жылі людзі, целам і душою падобныя на полаўцаў.
Усе парубежныя гарадкі-крэпасці русічаў былі ўзяты ў аблогу. Без вады і ежы, пад градам палавецкіх стрэл і камянёў мужна адбіваліся нешматлікія іхнія гарнізоны. 3 наваколля пад ахову земляных валаў і дубовых забаролаў збегліся тысячы людзей. Плакалідзеці. Галасілі жанчыны. Некаторью з жанчын, гледзячы зверху на раз'юшанае мора стэпнякоў, што вось-вось павінна было хлынуць у пашчапаныя, зламаныя брамы, не вытрымлівалі, пачыналі істэрычна смяяцца, распускалі валасы, здзіралі з сябе адзенне і голыя скакалі з валаў проста ў рукі полаўцаў.
Вестку аб тым, што Стэп зноў пайшоў на Кіеў, прынёс вялікаму князю Ізяславу ваявода Каснячка. Ізяслаў, седзячы ў ціхай святліцы, разам з сынам Святаполкам чытаў стары рамейскі пергамен. Лагода была на душы. Чыталі «Пчалу» — словы і думкі з Евангелля, словы святых айцоў, словы славутых любамудраў.
— Як каню ржанне, і псу гаўканне, і валу мычанне, і барсу рычанне дадзена, і гэта іхняя прыкмета, так і чалавеку слова, і гэта прыкмета ягоная, і сіла ягоная, і зброя, апірышча і агароджа, — раздумліва чытаў цёмна-русы Святаполк. Ізяслаў пагладзіў яго па галаве, прамовіў:
— Мудра сказана, сын.
— А вось што пішуць рамеі пра маўчанне і тайну, — чытаў далей Святаполк. — Калі Сакрата спыталі, хто тайну можа захаваць, ён адказаў: «Той, хто гарачы вугаль утрымаць на языку здолее». Калі ж нехта злаваўся, што ў яго, Сакрата, пагана смярдзіць з рота, Сакрат сказаў: «Мноства тайнаў згніло ў горле маім».
Святаполк хацеў чытаць яшчэ, але ў гэты час увайшоў усхваляваны Каснячка, і па ягоных вачах, па разгубленым твары Ізяслаў зразумеў, што здарылася нешта дужа непрыемнае.
— Адпачні, сын мой, — асцярожна адсунуў ён убок пергамен. Незадаволены Святаполк хуценька выйшаў са святліцы, і вялікі князь, шкадуючы, што які ўжо раз не ўдалося пабыць з сынам, раздражнёна спытаў у ваяводы:
— Што ты скажаш мне?
— Полаўцы перайшлі раку Вараскол, — выдыхнуў Каснячка. Загарэлым вялізным кулаком ён змахнуў з броваў пот.
— Зноў, — зморшчыўшыся, пабляднеўшы, сказаў вялікі князь.
— Зноў, — як рэха, паўтарыў ваявода.
Нейкае імгненне яны маўчалі. Ізяслаў прыпамінаў рэкі, якія ўпадалі ў левае плячо Дняпра: Вараскол, Псёл, Сула... Стэпнякі ўжо, напэўна, падкочваюцца да Псёла. Ён быццам убачыў імклівую чорную хмару конніцы. Недзе там гараць весі і парубежныя крэпасці, чарназём чырванее ад крыві. «Ненажэрная саранча», — падумаў вялікі князь.
— У Кіеве пра гэта ведаюць? — асцярожна спытаў ён.
— Падол кіпіць, як мурашнік, у які ўваткнулі галавешку, — сказаў ваявода.
Ізяслаў зірнуў на яго, хацеў раззлавацца, гнеўным словам укалоць Каснячку, але стрымаўся. Адной вяроўкаю звязаны яны і зараз, калі смяртэльная навала пагражае Кіеву, павінны быць шшчо ў плячо, стрэмя ў стрэмя.
— Кліч старшых баяр, хто не ў сваіх вотчынах, на сені, — сказаў ён Каснячку. Той моўчкі выйшаў. Вялікі князь абхапіў твар гарачымі рукамі, задумаўся. Не шанцуе яму апошнім часам. Бяда б'е з усіх бакоў. «Ты да жыцця з дабром, а яно да цябе рабром», — успомнілася яму. Няўжо Русь і Кіеў рухнуць пад ударамі Стэпу? Няўжо давядзецца паўтарыць лёс караля саксаў Гарольда? Два сонцавароты назад нарманы пераплылі мора, ушчэнт разбілі войска саксаў каля Гастынгса і падзялілі іх між сабою, як рабочую жывёлу. Няўжо нейкі ап'янелы ад крыві хан зробіць сваім рабом княжыча Святаполка, пацягне на аркане ў стэп? Ізяслаў аж застагнаў, аж заскрыгатаў зубамі ад такіх думак. «А ці радуецца полацкі князь Усяслаў гэтаму нашэсцю? — раптам падумаў ён. — Пэўна ж, ужо даведаўся ці хутка даведаецца ў порубе пра новую бяду Кіева». Вялікую сілу над душамі шмат каго з кіян мае полацкі князь. Ходзяць людзі да яго поруба, гавораць з ім, і не забароніш, бо назавуць мсцівым чалавекам, а такіх ніхто не любіць — ні смерды, ні баяры. У малачасным зямным жыцці трэба мець надзейнае апірышча. Апірышча ж гэта — хрысціянская вера і хрысціянскі люд. Каб захаваць уладу і дзяржаву для сябе і для сваіх сыноў, неабходна іншы раз і перад галыцьбой з Падола княжую шапку ў пыл скінуць. Магутная дзяржава Русь, увесь Божы свет ведае пра яе, але нават у дубовым камлі бываюць трэшчыны. А што чакае дзяржаву праз сонцаварот, праз два? Раптам вялікаму князю ўспомнілася нядаўняе паляванне. 3 баярамі і з чэляддзю насіўся ён тады на легканогім кані па аксамітных лугах і павуцінных барах. Шмат важнецкай дзічыны звалілі, шмат мяса, поўсці і рогу займелі. Ды пад вечар неўпрыкмет адбіўся вялікі князь ад шумнага натоўпу лоўчых і застаўся адзін у нейкім змрочным хваёвым гусцяжы. Далёка-далёка екаталі сабакі. Шэры павук марудна калыхаўся на сваёй павуціне. Наўкол былі бязлюддзе і безгалоссе. Ён саскочьіў з каня, сеў на зваленае бурай дрэва. Карэнні, як велізарныя скукарэчаныя пальцы лесавіка, пагрозна вытыркаліся з вільготнага цёмнага долу. Адразу кінулася ў вочы, што ўся зямля наўкол як бы ўзараная, уздзёртая. Мох, трава, ігліца, маладыя кволыя хвойкі — усё было скручана ў адзін клубок. Ён, Ізяслаў, уважліва кінуў позірк туды-сюды і заўважыў непадалёку мёртвага тура. Толькі рэбры, капыты, рагаты чэрап і шматкі цёмна-рудой поўсці засталіся ад ляснога ўладара. Пэўна, нехта моцна параніў звера, і тур прыбег сюды, знясілеў, упаў і, ужо канаючы, поўзаў, круціўся ў хвойнічку, жыватом выворваў мяккую лясную зямлю. Вялікі князь падышоў бліжэй. Нешта гуло ў цёмных пукатых рэбрах, і раптам агідны рой сініх мух вырваўся адтуль, узвіўся ўверх. Ізяслаў аж адхіснуўся, закрыў вочы рукою. Той, што быў калісьці самой сілаю і самой ярасцю, не мог шавяльнуць хвастом, ляжаў грудком нерухомых мёртвых касцей. I кіеўскаму князю падумалася тады, што вось так, безгалоса і бездапаможна, будзе ляжаць некалі ягоная дзяржава, а гудлівыя мухі ўявіліся яму паганцамі-пяруннікамі, якія раз'ядаюць знутры гэтую дзяржаву. . .
На сенях Ізяслава ўжо чакалі баяры. Вялікі князь строга зірнуў на іх, сеў. Баяры, усхвалявана перагаворваючыся, расселіся на дубовых лавах.
— Чулі? Ведаеце? — спытаў Ізяслаў.
— Ведаем, — адказаў Чудзін.
— Што ж рабіць будзем, баяры?
Вялікі князь адчуў, што голас ягоны нечакана ўздрыгнуў. Зрабілася прыкра ад сваёй слабасці. Ён злосна ўдарыў рукою па касцяным падлакотніку крэсла, аж пальцы забалелі. Баяры глядзелі на Ізяслава і маўчалі. Гэта здзівіла яго. Гаваруны, пустабрэхі, а тут ні слоўца, быццам раты гарачым воскам залілі.
— Садзі на коней дружыну, князь Ізяслаў, і вядзі насустрач бязбожнікам, — рашуча сказаў ваявода Каснячка. — Пяткі ў іх крывыя, каб Русь пад сваю шаблю ўзяць.
Нарэшце прарэзаўся голас і ў баяр.
— Да братоў сваіх, да князёў Святаслава і Усевалада шлі ганцоў.
— Пашлі ганца ў Ляхі да родзіча свайго караля Баляслава.
— Ворагі з ваяводам Тордам няхай таксама ідуць на полаўцаў.
«А самі вы, відно, не вельмі хочаце пад палавецкія стрэлы брушыну падставіць», — гняўліва падумаў Ізяслаў. Ён рэзка ўстаў, сказаў, цвёрда і ўладна:
— Русь у агні. Іскры далятаюць да стольнага Кіева. Будзем бараніць сваю зямлю. У паход, баяры.
Князь Усевалад чакаў з дружынаю ў Пераяслаўлі, прыспешваў вялікага князя, бо полаўцы ўжо наваліліся на ягоную вотчыну сваімі пярэднімі атрадамі. Праз дзень-два павінен быў падысці з Чарнігава Святаслаў. Ад кіеўскіх прыстаней да пераяслаўскіх воднай дарогаю 120 вёрстаў, а па сухому, берагам Дняпра, усяго 80. Раніцою выбраўшыся з Юева, можна на добрым кані да ночы заехаць у Пераяслаў. Але, вядома ж, гэта можна зрабіць, калі едзеш адзін. Вялізная ж аграмадзіна войска рухаецца павольней, яе стрымлівае абоз.
Увесь дзень вялікі князь правёў у зборах. Дружыннікі вастрылі мячы, коп'і, баявыя сякеры, правяралі конскую збрую, нашывалі таўсцейшыя слаі бычынай скуры на шчыты, змазвалі свіным салам і барсуковым тлушчам кальчугі. Надворныя чалядзіны і халопы напаўнялі свежай вадой дубовыя кадоўбцы, бо войская дарога вяла ў спякотны стэп, а там без вады — смерць. На вазы клалі тушы дзікоў і ласёў, груды сухіх дроў, амфары з віном і мёдам, горы вастрадзюбых стрэл, цяжкія металічныя шчыты ў рост чалавека. Зялейнікі неслі са сваіх таемных сховаў снапкі траў, грыб-трут, дымам якога глушаць боль, чысты мох, тонкую бяросту і кужэльнае палатно, каб закручваць свежыя раны. Ран чакалася шмат, бо полаўцы спрадвеку мелі бязлітасныя кіпцюры і зубы — трапныя лукі і стрэлы.
На адзін з вазоў уладкоўваўся ігумен Пячэрскага манастыра Феадосій з двума інакамі. Святыя брацці везлі з сабою вялікую выяву Хрыста і крыж, які павінен быў засланіць кіеўскае войска ад зброі бязбожных агаран. Яны спявалі святыя псалмы, крэслілі Божы крыж над кожным, хто падыходзіў да воза. Ізяслаў таксама падышоў, спытаў у Феадосія:
— Ці ўдалы будзе паход, святы ойча? Ігумен прасветлена зірнуў на яго, шырока перахрысціўся.
— Жонкам галава мужы, а мужам — князі, а князям — Бог. На Бога спадзявайся, вялікі князь. Учора інаку Фёдару відзенне было. Інак зерне меліць на жорнах у сваёй пячорцы, уначы меліць, бо такі зарок Богу даў. I вось калі ён круціў жорны, калі ўжо дайшоў да поўнай знямогі і хацеў апаласнуць твар вадою, на сцяне ў пячорцы раптам святло ўспыхнула. Незямное святло. Інак стаў на калені, пачаў маліцца і Божы голас пачуў. Сказаў Хрыстос: «Кап'ём сваім я паб'ю ворагаў». I палымянае светлае-светлае кап'ё праплыло над галавой у Фёдара. Добры гэта знак, вялікі князь Ізяслаў. Ты пераможаш паганых.
— Абвясціць усёй дружыне аб гэтым! — радасна крыкнуў Ізяслаў. Неўзабаве ўсе ведалі аб начным відзенні пячэрскага інака. Баяры і малодшая дружына адразу павесялелі, заўсміхаліся, пачалі хрысціцца. Добрая вестка даляцела да стругаў на Дняпры, у якіх плылі воі-пешнікі. Гуд Іпчаслівых галасоў пачуўся адтуль. Ды пад'ехаў на кані баярын Чудзін, ціха сказаў Ізяславу, бліскаючы льдзістымі вачамі:
— Вялікі князь, ты шукаеш ворага спераду, але чаму ты пакінуў ворага за сваёй спінай?
— Пра што ты кажаш, баярын? — не зразумеў Ізяслаў.
— Я кажу пра полацкага князя Усяслава. Яго трэба забіць.
Ізяслаў уважліва глянуў на Чудзіна, спытаў:
— А з княжычамі Барысам і Расціславам што рабіць будзем?
— Трэба, каб і яны крывёй абмыліся, памерлі, — цвёрда вымавіў Чудзін.
— Але я не хачу, каб народ назваў мяне Святаполкам Акаянным, — сказаў вялікі князь і нажыліўся, пацямнеў тварам. Халодна зрабілася яму, аж плячамі варухнуў.
— А хто скажа ці падумае, што іх забіў ты? — не адступаў Чудзін. — Яны могуць аддаць Богу душу тады, калі ты пайшоў у паход, калі цябе не было ў Кіеве. Яны могуць памерці ад выпадковага пажару...
— Ад пажару? — перапытаў Ізяслаў.
— Так. Неба гарачае, бярвенні ў порубе сухія... А кіеўскія кавалі і залатары спраўна раздзімаюць свае горны... Можа выкаціцца вугольчык...
— За што ты так не любіш Усяслава? — перапыніў Чудзіна вялікі князь.
— Ты і сам яго не любіш, — спакойна адказаў баярын. — Усяслаў — злая небяспечная сіла. На яго моляцца халопы і смерды. Ягонае імя крывёй пішуць на сваіх лясных капішчах паганцы-пяруннікі. Ён — хворы зуб у здаровым роце. Вырві атрутны зуб, калі не хочаш, каб рухнула дзяржава, каб было ссечана дрэва, якое пасадзіў твой мудры бацька.
— Вернемся з паходу і тады... — усхвалявана пачаў быў Ізяслаў.
— Не, — не даў яму дагаварыць Чудзін. — Толькі зараз. Ваявода Каснячка ўжо знайшоў надзейных людзей. Яны чакаюць велікакняжага слова.
— Добра, — ціха вымавіў Ізяслаў.
Ішлі правабярэжжам Дняпра. Разам з княжай дружынай у паход рушыла нешматлікае гарадское апалчэнне кіян. Каля Пераяслава па Зарубінскім бродзе пераправіліся на левы бераг. Тут ужо чакаў князь Усевалад. Браты прынародна тройчы пацалаваліся, а потым схаваліся ад старонніх вачэй у шацёр. Адтуль вялікі князь выйшаў задумлівы, ціхмяны, маўкліва сеў на каня, у суправаджэнні рынды Цімафея паехаў у вечаровы стэп. Усё войска з трывогаю глядзела яму ўслед. Калі ён знік у змроку, князь Усевалад загадаў свайму баярыну Тугалуку з сотняю верхавых ехаць следам, бо ў стэпе ўжо маглі быць палавецкія перадавыя дазоры.
Незразумелы сум ужо трэці дзень тачыў вялікага князя. Горка і няўтульна было яму пад срэбрадымнымі воблакамі, што ляцелі над пустынным стэпам. Думалася аб смерці, аб слязах княгіні Гертруды. А яшчэ ж сядміцу назад было так светла на душы, з усёй сям'ёю ў княжай багата прыбранай лоддзі ён шіыў па Дняпры, ззяла высокае неба, сонца праменным кругам бегла ў кашлатых надрэчных лясах, здавалася, залатая птушка звівае ў дрэвах гняздо. Куды ж знікла радасць? Якой сцяжынай пайшла з сэрца весялосць? Ён ужо заўважыў, даўно заўважыў, што чалавечая душа ў зямным сваім жыцці вельмі часта зусім рознымі, зусім непадобнымі вачамі глядзіць вакол сябе. То нястрымна радуецца чалавек жыццю, аж захлынаецца ім, гатоў скочыць пад веснавую хмару, гатоў з коранем вырваць пушчанскі дуб. То раптам дрыжыкі заначуюць у душы, усяго чалавек баіцца, баіцца свайго голасу і свайго кашлю, рукі і ногі слаба служаць яму, страх смерці спальвае нутро — прачнецца чалавек уначы на мяккім цёплым одры, у сваім сямейным гняздзе, побач соладка дыхаюць сонныя дзеці, а думаецца яму чамусьці пра тое, што некалі ён памрэ, будзе ляжаць у халоднай зімовай зямлі і ў ягоным чэрапе, там, дзе месціцца жывы гарачы мозц будзе камянець круглячок лёду. I тады чалавека раздражняе ўсё: і нечы смех, і колкае святло, і асабліва дагледжаныя вясёлыя твары жанчын, бо жанчыны холяць, песцяць сваё цела, а хіба разумна штодзённа, штохвілінна песціць і даглядаць будучы тлен, заўтрашні попел? Бывае ж і так, што ў некім одуме жыве душа, як бы да нечага прымерваючыся, усё прапускаючы праз сябе. Тады даспадобы чалавеку і шапаткі восеньскі дожджык, і Ірымучы крыгаход, і лютая жнівеньская спёка, і нават смерці не баіцца ў такія імгненні чалавек, бо ніхто, акрамя Бога, не ведае, дзе мяжа між смерцю і жыццём. Па свайму вобліку зрабіў Бог чалавека, цэнтрам усяго зямнога жыцця зрабіў, гаспадаром жывога, але ў імгненні прасветленасці, вастрыні духоўнага зроку раптам прыходзіць, палохаючы сваёй грахоўнасцю, думка: а чаму чалавек цэнтр жыцця? А можа, трава, звычайная лугавая трава цэнтр усёй сусветнай гармоніі і ўсяго розуму, можа, яна паслала чалавека на гэты свет у разведку, як сонца пасылае прамень, і чалавек створаны толькі для таго, каб прыйсці ў белы свет, паглядзець на яго, а потым памерці і, вярнуўшыся ў зямлю, расказаць траве аб усім, што бачыў.
Ізяслаў, халадзеючы ад такіх думак, злез з каня, стаў на калені, пачаў адчайна маліцца. «Божа, не рабі мяне разумнейшым за іншых, — прасіў ён. — Не хачу я, баюся думаць пра такое. Я ж ведаю, што дужа разумных і гордых ты караеш вар'яцтвам».
Рында Цімафей таксама ўпаў каленьмі ў траву. Ён думаў, што вялікі князь малітваю просіць у Бога перамогі над полаўцамі. Яны страсна маліліся, князь і ягоны целаахоўнік, а змрок гусцеў над стэпам, коні цярпліва чакалі гаспадароў і пачалі нервавацца, потым пачалі ржаць.
Праз тры дні падышоў са сваёй дружынаю і з чарнігаўскім апалчэннем Святаслаў. Яраславічы, сабраўшыся разам, выпілі з баярамі добрага віна, пачалі раіцца, што рабіць далей. Адны з іх прапаноўвалі неадкладна ісці ўперад, каб з усяго маху ўдарыць па полаўцах. Больш асцярожныя казалі, што трэба спачатку агледзецца, паслаць у стэп разведку, бо невядома, з якою сілаю ідуць Шаруканіды на Кіеў. Пачуўшы такое, ігумен Феадосій пачырванеў ад гневу, крыкнуў:
— Агаране натыкаюць на шаблю дзяцей-млекасосцаў і смажаць іх! Хто хоча чакаць, пакуль згараць на агні хрысціянскія дзеці?!
Князі і баяры адразу змоўклі. Усе глядзелі на Феадосія. Ён сказаў рэзка і ўладарна:
— Пакляніцеся святым крыжам, пакляніцеся крывавымі цвікамі, якія ўпіваліся ў Хрыстову плоць, што ўсе вы, як адзін, зараз жа пойдзеце насустрач агаранам і знішчыце іх.
Вялікі князь, князі Святаслаў і Усевалад, старшыя баяры пакляліся на крыжы. Ігумен Феадосій задаволена прамовіў:
— А смерці не бойцеся. Смерць як сонца — вачамі на яе не глянеш.
На рацэ Трубеж спешна рабілі наплаўны мост, звязваючы лодкі, кладучы на іх дошкі і лясіны. Прадчуванне хуткага бою, ад якога ажно ломіць у грудзях, аднолькава хвалявала і старога, сечанага шаблямі ваяводу Каснячку, і маладзенькага воя. Ізяслаў з братамі ў гэты час маліліся аб перамозе ў каменным храме Узнясення крыжа. Горад Пераяслаў стаіць на сутоку рэчак Альты і Трубяжа, і, молячыся, князі ні на міг не забывалі пра Альцкае поле, страшнае поле, на якім Святаполк Акаянны забіў свайго брата Барыса. Не хацелася Ізяславу скрыжоўваць меч з полаўцамі на гэтым полі, бо невымерна цяжка будзе рукам і нагам хрысціянскім там, дзе пралілася нявінная кроў. Зямля, палітая такой крывёю, няўмольна прыцягвае да сябе, і які ты ні асілак, упадзеш ад вялікай стомы, і голай рукой возьме цябе вораг. Вялікі князь прыспешваў ваяводу Каснячку і дружыну, гааў іх за Трубеж, далей ад гэтага праклятага поля.
Паўднёвей Трубяжа сутыкнуліся з палавецкай конніцай. Стэпнякоў ішло тысяч сем-восем. Коні ў іх былі самай рознай масці, і ажно запярэсціла ўваччу. Адна конная лавіна ўдарыла ў другую, загрымела жалеза, пакаціліся збітыя з галоў шлемы, захрабусцелі скураныя і драўляныя шчыты. Полаўцы з пранізлівым гікам секлі крывымі шаблямі, кідалі арканы. У бліжнім баі ім ніяк не ўдавалася выкарыстаць сваю галоўную страшную зброю — лук. Іхнія коні, што перад гэтым скублі толькі рэдкую, выпаленую сонцам траву, разляталіся ў бакі перад шыракагрудымі коньмі русічаў, адкормленымі аўсом і ячменем. Кіяне, пераяслаўцы і чарнігаўцы білі стэпнякоў цяжкімі вострымі коп'ямі, крышылі мячамі. Полаўцы не вытрымалі тараннага ўдару, пакаціліся назад. Воблака рыжага пылу ўзмахнулася над стэпам. Коні, страціўшы сваіх гаспадароў, з дзікім іржаннем несліся ў пыльную імглу. Адусюль чуліся стогны і пракляцці тых, каму не пашанцавала, хто быў выбіты з сядла і ўжо канаў, абліты крывёй і потам. Пераяслаўцы, якім асабліва моцна дапякалі апошнім часам полаўцы, гналіся за імі ў стэп, секлі без літасці. Вялікі князь загадаў трубіць у трубы, астудзіць гарачыя галовы і вярнуць іх назад, бо некаторыя гатовы былі імчацца на край стэпу, каб вынішчыць усе палавецкія улусы.
Але гэта быў толькі пачатак страшнай бітвы. Русічы япгаэ не ведалі, што сутыкнуліся толькі з часцінкай велізарнай арды. Шарукану ўдалося ўзняць увесь Стэп, і ўвесь Стэп, да апошняга чалавека і каня, лука і калчана, ішоў на Кіеў, ішоў, каб наесціся хлеба і гарачага тлустага мяса, напіцца салодкага віна, зжаць тое, што не сеяў, узяць тое, што не клаў. Глытаючы пыл, абліваючыся горкім потам, Стэп шырокай чорнай ракой цёк туды, дзе была прахалода казачна багатых палацаў, дзе жылі прыгожыя белацелыя жанчыны, якіх можна было зрабіць пакорлівымі рабынямі.
— Трэба ісці да палавецкіх вежаў, — горача сказаў Ізяславу Святаслаў.
— Адпачнём і пойдзем, — лагодна усміхнуўся брату вялікі князь. — Воі стаміліся, і першая дружына яшчэ плыве на лоддзях з Кіева.
— Трэба біць параненага вепра там, дзе ён жыве, — упарта настойваў Святаслаў. Але чарнігаўскага князя не паслухалі, нават Феадосій Пячэрскі быў не супраць таго, каб напроціў ночы вярнуцца назад за раку Трубеж.
Святаслаў пачарнеў ад злосці і, выганяючы гэту злосць з нутра, стукнуў свайго каня кулаком паміж вушэй, крыкнуў:
— Шавяліся, аўсяныя зубы!
Бедны конь аж спатыкнуўся.
Ізяслаў, сцешаны перамогай, разагрэты боем, толькі на паўночным беразе Трубяжа ўспомніў пра Альцкае поле. Яно слалася перад ім, па-восеньску пустое, зацятае ў суровым маўчанні. I вялікі князь падумаў, і падумаў нявесела, што ўжо восень, холад коціцца да чалавечага жытла, грукае ветрам у дзверы. Людзі б'юцца, грызуцца між сабой, дзеляць зямлю і ўладу, срэбра і жанчын, а прырода як бы збоку назірае за імі, не забываючыся ў адведзены час пакрыць восеньскай чырванню лясы, затуманіць лугі і рэкі, сыпануць мяккім белым снегам на чорнае глухое поле. Усё ў божых руках: і рух зоркі ў небе, і кожны ўздрыг чалавечай душы.
Пад'ехаў Святаслаў. У яго былі налітыя холадам вочы. Ні слова не мовіў старэйшаму брату, вялікаму князю, пакіраваўся да сваіх чарнігаўцаў.
— Будзем разбіваць шатры, станавіцца на начлег, — міралюбіва сказаў услед яму Ізяслаў.
Неба пачало чарнець. Злавесныя жоўта-агністыя хмары ярка вылучаліся ў гэтай трывожнай чарнечы. Густым туманам заліваўся стэп. Людзі і коні згубіліся ў імгле. «Чалавек чалавека павінен і ў тумане шукаць», — раптам падумаў Ізяслаў, і яму захацелася знайсці братоў, пагаварыць з імі, пасядзець каля вогнішча. Ён крутануў каня туды-сюды, праехаў па лагеры, але не сустрэў ні Святаслава, ні Усевалада, цяжка спусціўся з сядда на зямлю, стомлена пайшоў да свайго паходнага шатра.
Полаўцы наваліліся ноччу. Дзесяткі тысяч коннікаў амаль бясшумна пераправіліся цераз Трубеж, ударылі знянацку. Вастравокія лучнікі ва ўпор білі па шатрах. Вогненныя хмары стрэл (да кожнай стралы была прывязана змочаная нафтай сухая чарацінка) паляцелі на русічаў. Хто не знайшоў смерці ад стралы, таго ўзяў бурлівы агонь. Гарэлі шатры, гарэлі вазы.
«Альцкае поле», — у роспачы падумаў Ізяслаў, гняўліва выхопліваючы меч. Баярын, які падвёў яму каня, упаў каля князевых ног. Палавецкая страла шчоўкнула у кадык.
— Сафія і Русь! — закрычаў вялікі князь і ўдарыў мячом стэпняка. Той пакаціўся клубком, прарэзліва заенчыў
— Сафія і Русь! — даляцела са змроку. Там мітусіліся людзі, іржалі, як плакалі, коні, метал глуха стукаўся аб метал. Разгаралася лютая начная сеча.
Ужо трашчалі косці, лопаліся шчыты, выкочваліся з вачніц вочы. Хто біў мячом, хто кап'ём, хто кулаком у цвёрдай скураной пальчатцы. Ужо хапалі адзін аднаго за горла, кароткім запоршневым нажом цалялі ў мяккі жывот, выпускаючы кішкі. Нават упаўшы з каня, русіч адразу ж кідаўся на ворага, уплішчваў яго ў пясок. А зверху падалі людзі, падалі яшчэ і яшчэ...
Хан Шарукан, зразумеўшы, што ў бліжнім рукапашным баі ён страціць лепшых сваіх коннікаў, загадаў адарвацца ад праціўніка і расстраляць яго з лукаў. Засіпелі дудкі, загрукалі бубны. Полаўцы, хто змог, імгаенна адхлынулі на край поля, пачалі біць з лукаў у цемру. Тысячы стрэл несліся над Альцкім полем.
Да вялікага князя прарываўся з часткай пераяслаўскай дружыны Усевалад, шчасліва-зморана выдыхнуў:
— Ты жывы, брат! А дзе Святаслаў?
— Там, — паказаў мячом Ізяслаў у цемру. Яны з'ядналі сілы, ударылі па цэнтры палавецкага войска, рассеклі яго, трацячы многіх і многіх вояў. «Альцкае поле, — думаў, б'ючы мячом Ізяслаў. — Праклятае крывавае поле. Тут брат забіў брата. Няўжо ты станеш магілай для мяне і для маёй дружыны?» Яму не хацелася паміраць. Сёння, зараз, у яго быў такі стан душы, калі востра хацелася жыць. У небе пракалоліся першыя світальныя зоркі, а бой усё грымеў, звінеў, ляскатаў, крычаў, захлынаўся перадсмяротным хрыпам. Ізяславу і Усеваладу ўдалося прасекчы сабе дарогу ў палавецкай сцяне. Яны вырваліся ў вольны стэп, з нешматлікім атрадам ацалелых пераяслаўцаў і кіян памчаліся да Дняпра. «Толькі не палон», — думаў Ізяслаў, прыгінаючыся да конскай шыі, няшчадна падганяючы каня. 3 боку ад сябе ён убачыў ігумена Феадосія. Святы ойча імчаўся на кані, трымаючы ў левай руцэ вялікі залачоны крыж. Ігумен быў у доўгай чорнай хламідзе, басанож. Цёмна-русую бараду распушваў вецер. Яны зірнулі адзін на аднаго.
— Ці далёка, князь, едзеш?! — выгукнуў ігумен, выгукнуў, падалося, з насмешкаю.
— Да Кіева, святы ойча. Як і ты, — адказаў Ізяслаў і адвярнуўся.
Трэба было як мага хутчэй адрывацца ад пагоні, бо полаўцы на плячах у адступаючых з лёту маглі ўварвацца ў Кіеў. Дамчаліся да Дняпра, у простых рыбалоўных чаўнах пераплылі на правы бок. Усіх коней давялося кінуць. Ваявода Каснячка хацеў прырэзаць іх, каб не дасталіся Шарукану, але Ізяслаў не дазволіў — пашкадаваў, ды і часу не было. Коні ржалі ўслед.
— Няўжо Святаслаў загінуў? — з трывогаю і жалобаю зірнуў на вялікага князя Усевалад. Ён любіў братоў, і думка, што аднаго з іх ужо няма ў жывых, агнём пякла дупіу.
— Памолімся, — толькі і сказаў Ізяслаў. Вялікі князь раптам адчуў такую слабасць і млоснасць, што паваліўся на дно лодкі. 3 ноздраў хлынула кроў.
— Што з табою, брат?! — адчайна крыкнуў Усевалад. Ваявода Каснячка ўжо стаяў на каленях каля вялікага князя, зачэрпваў шлемам з Дняпра ваду, пырскаў на лоб і шчокі. 3 усіх прысутных, бадай, адзін ваявода ўсё яшчэ жыў адгрымелым боем, астатнія стараліся хутчэй забыцца пра яго, як забываюць жахлівы недарэчны сон.
«Стапталі дружыну стэпнякі, — думаў ваявода. — Шчытамі дружына засланілася ад стрэл, але Шарукан пусціў здзічэлых коней. Па шасцёра ў рад загадаў звязаць коней і кожнаму каню ўваткнуць у вуха тлеючы жмут кавыля».
Крыўдна было Каснячку, бо якраз гэтай ноччу прысніўся яму сон, які, мяркуючы па ўсім, прадвяшчаў русічам перамогу. Бачылася ўва сне ваяводу, быццам прыбег са стэпу вогненнавокі белы жарабок, голасна заржаў, паглядзеў разумнымі, як чалавечымі, вачамі, стукнуў ярасна капытом, і там, дзе капыт зямлю параніў, крынічка забулькатала. «Папі вады, ваявода», — сказаў белы жарабок і знік, як не было яго.
— Агаране — гэта Божая кара, — казаў у суседнім чоўне ігумен Феадосій, казаў так, каб чулі ўсе, хто, уцякаючы з Альцкага поля, плыў па рацэ. — Караюць нябёсы Кіеў за мяккасць нашу да паганцаў-пяруннікаў, за слабую веру нашу.
Ізяслаў, як ні стараліся, не ачуняў. Патаемна прывезлі яго ў Кіеў на княжы двор, і толькі там рамейскія лекары вярнулі яму дыханне і памяць. Вялікі князь адразу загадаў сабраць бліжэйшых баяр.
— Што ў горадзе? — з ліхаманкавым бляскам у вачах спытаў ён.
— Мут і крык на Падоле, — адказалі баяры. — Падыходзяць з Альты разбітыя палкі. Адзін вой прынёс у Кіеў сваю адсечаную руку і ўсім паказвае. Бабы галосяць. Як звяры, з усіх бакоў сцякаюцца халопы і смерды. Твой брат Святаслаў шчасліва дабег да Чарнігава і адтуль шле табе праклёны.
— Праклёны шле? — зморшчыўся Ізяслаў і заўважыў, як у малодшага брата Усевалада радасна заззялі вочы.
— Святаслаў жывы! — усклікнуў Усевалад. — Слава Усявышняму! Слава Хрысту!
Ён горача перахрысціўся. «I гэта мае браты, — з халоднай скрухаю падумаў вялікі князь. — Адзін праклінае мяне, а другі радуецца, што мой праклёншчык цэлы і здаровы дабраўся да свайго змяінага гнязда». Ізяслаў між многіх у святліцы заўважыў раптам баярына Чудзіна.
— Дзе твой брат? — запытаў Ізяслаў у яго.
— Брат? — здзівіўся Чудзін нечаканаму пытанню. — Ён тут, — і махнуў рукою: — Тукы, ідзі сюды.
Падышоў баярын Тукы, з годнасцю пакланіўся вялікаму князю. «Яны падобныя, як дзве стралы ў калчане ў полаўца. I думкі ў іх падобныя, — глядзеў на белавалосых братоў Ізяслаў. — Я не сумняваюся, што думкі іхнія падобныя».
— Што б ты хацеў мне параіць, баярын? — мякка спытаў ён у Чудзіна.
— Забі Усяслава, — адразу пачаў Чудзін, і Тукы згодна кіўнуў галавой. — Каля ягонага поруба збіраюцца таці і вераломцы. Ты шмат што страціш, калі сёння ж не заб'еш полацкага князя.
— Ваўкалака трэба знішчыць, — сказаў Тукы.
— Чуў? — спытаў у ваяводы Каснячкі Ізяслаў. Той варухнуў сіваватымі тоўстымі бровамі, і гэта азначала, што ён усё зразумеў, і полацкі князь жывым з поруба не выйдзе. У гэты час на княжым двары пачуўся гуд людскіх галасоў, прарэзлівыя крыкі. Баяры пераглянуліся між сабою. Каснячка падбег да акна.
— Што там? — спытаўся Ізяслаў. Замест адказу ваявода расчыніў акно. Вялікі князь паклаў дзясніцу на срэбную рукаяць мяча, хуткімі крокамі падышоў да акна, глянуў зверху ўніз. Чалавечае мора ўбачыў ён. Сотні людзей. Злыя гарачыя твары.
— Чаго прыйшлі, кіяне? — міралюбна, але з дрогкасцю ў словах спытаў ён у гэтага мора.
— Коней дай! Мячоў дай! — закрычалі знізу.
«Падножны пыл, трава, — з агідаю падумаў пра крыкуноў вялікі князь. — Не ведаюць, з якога боку ўзлезці на войскага каня, а дзяруць глотку». Але ён змусіў сабе ўсміхнуцца, бо надта неспакойна рабілася на двары, падыходзілі ўсё новыя, яшчэ болей раз'юшаныя натоўпы.
— Чаму ўцёк з Альцкага поля?! — крычалі чарнарукія рамеснікі, карабелыдчыкі, нейкія жанчыны ў лахманах. — Чаму полаўцам дарогу на Кіеў адкрыў?!
— Богу відней, — паспрабаваў улагодзіць асабліва раз'ятраных Ізяслаў. — Даў Бог паражэнне, дасць і перамогу. Маліцеся, кіяне, і Хрыстос не пакіне ў бядзе Русь.
Ды яму не далі дагаварыць, пагрозна залямантавалі, заверашчалі:
— Палахлівы пёс!
— Лежабока!
— Ты нашых дзяцей голымі на снег пусціш!
Не паспеў вялікі князь пракаўтнуць такія злыя здзеклівыя абразы, як нехта знізу шпурнуў у яго вялізную рэпу. Рэпа ўдарылася ў алавяны пераплёт акна. Халодным сокам Ізяславу абпырскала шчокі. Ён адхіснуўся, закалаціўся ўсім целам. Гнеў і страх бушавалі ў душы.
— Ваявода! — закрычаў вялікі князь. Але Каснячкі на сенях ужо не было. «Збег, — здагадаўся Ізяслаў, і ад такой здагадкі зашчымела сэрца. — Што ж будзе са мной і з маёй сям'ёю?» Ён ведаў ласку і дабрыню кіян, але і добра ведаў, які шалёны гнеў днюе і начуе на Падоле. «Усе косці мае разбяруць», — з жахам падумаў вялікі князь, і тут позірк ягоны натрапіў на Феадосія.
— Што рабіць, святы ойча? — ірвануўся да яго Ізяслаў.
На пытанне Феадосій адказаў пытаннем:
— Якая карысць чалавеку, калі ён заваюе ўвесь свет, але згубіць душу сваю? Выйдзі, князь, са святой іконаю на двор, мірным словам улагодзь крыклівых, бацькоўскім позіркам сунімі злых.
— На які двор? — сярдзіта зірнуў на ігумена баярын Чудзін. — Няўжо ты не бачыш, святы ойча, што там збегліся галаўнікі і таці. Едзь, вялікі князь, у сваё сяло Берастова, а адтуль шлі ганцоў да ляшскага караля Баляслава.
— Я паеду ў Берастова, — адразу згадзіўся Ізяслаў. Ён захінуўся ў плашч, апусціў галаву, стараючыся ні на кога не глядзець, хутка пакрочыў да выхада. Тым часам на княжым двары ўжо пралілася першая кроў. Аб'явіўся на двары ў суправаджэнні вялізнага натоўпу вой, які прывёз з Альцкага поля сваю адсечаную руку. Ён усім яе паказваў і крычаў:
— Глядзіце, кіяне, на пакуту маю, на кроў маю! Полаўцы ўжо за Дняпром! Яны нікога не пашкадуюць!
Усе з жахам глядзелі на мёртвую пачарнелую руку, і натоўп аж завыў, рынуўшыся да княжых сяней:
— Дай коней і мячоў! Самі абаронім сябе!
Дзецкія з дружыны Ізяслава хацелі стрымаць гэты ярасны напор, перагарадзілі ўзыход, лесвіцу, што вяла на другі ярус палаца, на сені. Але іх стапталі, знявечылі, шпурнулі пашкуматаныя трупы ўніз, на халодны пясок. Сотні людзей уварваліся на сені. Усе шукалі Ізяслава, але яго нідзе не было. Шукалі ваяводу Каснячку, ды той таксама знік. Тады ў вялікім шаленстве пачалі зрываць са сцен, крышыць аб падлогу, таптаць нагамі срэбныя падсвечнікі, старадаўнія кальчугі, шлемы і шчыты. Вывалаклі са схованкі княжых кухараў, паставілі на калені, білі па шчоках, а потым надзелі ім на галовы катлы.
— Сам уцёк, а нас пакінуў! — крычаў злюцелы ад злосці натоўп. Жанчыны хапалі з падлогі рэшткі падсвечнікаў, разбівалі імі вокны. Мужчыны ламалі дубовыя лавы, сталы. Скінулі драўляныя аскабалкі ў велізарную кучу, падпалілі, і густы агонь, змешаны з дымам, растапырыў ва ўсе бакі свае драпежныя крылы. Некаторыя з жанчын, пабраўшыся за рукі, пачалі танцаваць каля гэтага кастра, і ўсё ж болынасць людзей, убачыўшы, адчуўшы Ірозны агонь там, дзе зусім нядаўна было чалавечае жытло, адразу сцішыліся, як бы сцяліся. Але гнеў браў сваё, і зноў стогалоса і страшна завыў натоўп:
— Дзе ваявода Каснячка?! Гэта ён паклаў на Альце ўсю дружыну! Смерць яму!
Адразу ж каля тысячы чалавек, узброіўшыся ўсім, што трапіла ў руку, рынуліся туды, дзе жыў Каснячка. Яго б разарвалі на шматкі, але прадбачлівы ваявода не сустрэў натоўпу. I тут людзі, большасць людзей, пачалі задумвацца, і думкі іхнія былі не дужа вясёлыя. Ніхто, ні Хрыстос, ні князь, не адмяняў заўтрашні дзень, гэты дзень абавязкова наступіць, і ў тым заўтрашнім дні будзе разбураны спалены палац, будуць мёртвыя дзецкія з велікакняжай дружыны. Непапраўнае здарылася, яго не абыдзеш, не забудзешся пра яго, бо зямля не вяртае крыві, а неба не вяртае дыму пажараў. Да гэтага часу людзі былі натоўпам, які крышыў, паліў, руйнаваў, помсціў, бег, абганяючы свой крык, у якога былі рукі, ногі, сэрца, ды раптам аказалася, што маецца галава, і гэтая галава, працверазеўшы, супакоіўшыся, моцна задумалася: што рабіць далей? Невядома, хто назваў першы імя полацкага князя Усяслава, некаторыя пазней успаміналі, што імя гэта выгукнуў невысокі тоўсценькі, юркі чалавечак з вялікай лысінаю, які ўвесь час круціўся на велікакняжым двары разам з сінявокім русавалосым і дзябёлым дзецюком.
— Князя Усяслава вызвалім з поруба! — прарэзліва закрычаў чалавечак. — Князь Усяслаў абароніць нас!
— Малайчына, Ядрэйка, — усміхнуўся чалавечку русавалосы дзяцюк і таксама крыкнуў: — Вызвалім Усяслава Полацкага.
Народ нібы чакаў гэтага крыку. Загрымела, пакацілася наўкол:
— Волю князю Усяславу!
— Чарадзей заступіцца за нас!
I ўжо ўсім было ясна, што трэба рабіць. Людзі пабеглі да поруба. Штурхалі адзін аднаго, спатыкаліся, беглі. Як вогненная бліскавіца, як гарачае жалеза падае з навальнічнага неба, так упала ў натоўп гэтае слова, гэтае імя: Усяслаў. Ён сам пакутнік, ён зразумее людскую пакуту, абароніць, навучыць.
— Усяслаў! Усяслаў!
Цяжкі голас натоўпу не ўздымаўся над зямлёй, а як бы каціўся па зямной паверхні, змятаючы ўсё, што траплялася насустрач.
— Усяслаў! Усяслаў!
Ён абароніць, бо ведае таямніцы старых часоў і старых багоў, бо харобры, як леў, бо можа ператварацца ў ранішні туман, у воблака.
— Усяслаў!
У гэты самы час ля поруба кіпела гарачая сеча. Ваявода Каснячка, аказваецца, не быў палахліўцам. Узяўшы верных дружыннікаў, узяўшы баяр Чудзіна і Тукы, ён з велікакняжага палаца накіраваўся проста да поруба, каб забіць полацкага князя і ягоных сыноў. Ён цвёрда быў перакананы, што, ударыўшы мячом па выі князя-чараўніка, рассячэ агідную павуціну мяцяжу і ўсе смерды і халопы адразу ж разбягуцца па сваіх шчылінах. Агаліўшы меч, ваявода борзда падышоў да поруба, задыхана крыкнуў:
— Усяслаў!
— Я, — пачулася з поруба, з-пад зямлі.
— Падыдзі да акна!
Павісла маўчанне. Хакалі ратамі разагрэтыя дружыннікі. Тоўсты белавалосы Тукы, моршчачыся, выціраў з мяккіх шчокаў пот.
— Лепш ты прыйдзі да мяне, Каснячка, — нарэшце даляцела з поруба. — Я князь, а ты халоп, хоць і носіш ваяводскую барвяніцу.
— Я заб'ю цябе, полацкі ваўкалак! — шалёна выгукнуў Каснячка.
— Ідзі сюды і забі, — спакойна адказаў Усяслаў. — Ідзі, калі маеш лішняе вока і лішняе сэрца. I ў гэта імгненне пачуўся баявы кліч:
— Рубон!
Так, добра ведаў Каснячка, крьгааць толькі палачане. Сотні маладых ярасных глотак дружна крыкнулі гэта слова, і невядомы атрад напаў знянацку на ваяводу і ягоных людзей. Амаль адразу ж упаў баярын Тукы. Меч рассек яго ад левай ключыцы да правага падпашша. Чудзін стаў над трупам брата, разгублена махаў баявой сякерай. Твар яго быў белы ад страху. На Чудзіна ўжо імчаўся вершнік, абвіты доўгай бліскучай кальчугай, з чырвоным шчытом у руцэ.
— Ты хацеў забіць полацкага князя і ягоных нявінных сыноў, — грозна сказаў вершнік. — Полацкая зямля помсціць табе за гэта.
Вялізнай жалезнай булавой ён ударыў Чудзіна ў скронь, а сам крыкнуў:
— Князь Усяслаў! Пачакай яшчэ трошкі, і мы вызвалім цябе!
— Гэта ты, Раман? — глуха данеслася з поруба. Голас у полацкага князя дрыжаў ад нецярпення і хвалявання.
— Я! — радасна адказаў вершнік.
Сеча зрабілася яшчэ мацнейшаю. Ваявода Каснячка пачуў словы Рамана і словы Усяслава, зразумеў, з якім ворагам сустрэўся. Літасці чакаць не выпадала, і ваявода закрычаў у перадсмяротнай тузе:
— Аспіды! Васіліскі! Пярэварацені праклятыя! Усіх вас пасяку!
Ён зваліў мячом двух ці трох палачан, але і сам атрымаў жорсткі ўдар кап'ём у левы бок, выпусціў зброю, заціснуў рукамі гарачую рану. Зямля паплыла перад вачамі, кроў паплыла між пальцамі. «Карачун мне», — млява падумаў ваявода і чырвонымі ад крыві рукамі пераламаў кап'ё, што ўпілося ў ягоную плоць. Дрэва на зломе было, як сыр, як косць.
Людзі ваяводы, убачыўшы, што Каснячка рухнуў з каня, на міг аслупянелі, бо ваявода заўсёды здаваўся ім несмяротным, а потым рынуліся хто куды. Але мячы ў палачан былі доўгія, а жыццё чалавечае кароткае, як дзіцячы пальчык.
I ў гэты час нібы мора выйшла, выкацілася з берагоў — тысячы кіян прыбеглі да поруба.
— Волю Усяславу! — грымнуў натоўп.
Раман, Белавалод з Ядрэйкам, яшчэ некалькі чалавек схапілі сякеры, з ліхаманкавай хуткасцю пачалі па бервяну раскочваць, разбіваць поруб. Трэскі сыпаліся наўкол. Пот выядаў вочы. Нецярпенне натоўпу расло. Некаторыя станавіліся на калені, хрысціліся, цалавалі пясок. Жанчыны, хоць іх было няшмат, галасілі, у позірках іхніх ззяла страшнае незямное святло. Усе чакалі, што вось-вось ударыць гром, узаўецца агонь і дым і з вогненнага яркага слупа выйдзе нехта незвычайны, непадобны на іншых, прыгожы і жахлівы гэтай сваёй непадобнасцю. Заміралі сэрцы. Пякучыя мурашкі поўзалі па скуры.
— Хутчэй! — пачаў прыспешваць Рамана і ягоных памагатых натоўп. У людзей калаціліся рукі, гарошыны слёз накочваліся на шчокі. Да поруба, да чорнай глыбокай ямы, у якую ён паступова ператварыўся, прыпаўзлі аднекуль калекі: бязногія і бязрукія, з велізарнымі гарбамі, сляпыя...
— Дай святла! — крычалі яны. — Вярні сілу! Выратуй!
Адзін з невідушчых учапіўся Белавалоду ў нагу, цалаваў яе і прыгаворваў:
— Я, як і ты, хачу стаць ваўкалакам, бегаць па лясах. Запалі святло хоць у адным маім воку.
— Я не Усяслаў, — ушчэнт разгубіўся, не ведаў, што рабіць, Белавалод. — Князь зараз выйдзе з поруба.
Смерды ж і халопы, рукадзельныя людзі і купцы з Падола крычалі:
— Дай хлеба!
— Дай справядлівы княжы суд!
— Згані полаўцаў з нашых ніў!
— Вярні з рабства дзяцей і жонак!
Чалавечы гуд і лямант рос. Так расце над небасхілам навальнічная хмара. Ужо сусед не чуў суседа. Ужо быў усюды адзіны крык, адзіны стогн:
— А-а-а...
I вось усе ўпалі на калені. I, вылезшы з поруба, стаў над змярцвелым народам бледнатвары шэравокі чалавек, стаў, як промільг маланкі, як удар грому, тройчы пакланіўся, ціха сказаў:
— Дзякуй вам, кіяне, што сыноў маіх выпусцілі з-пад зямлі пад сіняе неба...

 

Колькасць прачытаўшых: 2348
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007