Якія сны бачыліся Усяславу ў восеньскім лесе
Разам з сынамі я выйшаў з падзямелля. Сыны плакалі, убачыўшы сонца. Народ крычаў здравіцу, стаяў на каленях. Цёплым восеньскім ветрыкам ударыла ў твар, пайшла кругам галава. Я сказаў: — Дзякуй вам, кіяне, што сыноў маіх выпусцілі з-пад зямлі пад сіняе неба. Потым я ўбачыў трупы. Мноства трупаў. Іх яшчэ не паспелі падабраць. Колькі мёртвых чалавечых целаў бачыў я за сваё жыццё, і вось зноў яны перада мной. Мяне падхапілі пад рукі, старшы дружыннік Раман аддаў мне свой меч. Лязо было ў крыві. Мяне паставілі на шчыт, узнялі над натоўпам, панеслі на велікакняжы двор. Усё гэта здавалася сном, але быў крык народа, узбуджаныя людскія твары, воблакі над Кіевам. Проста над сабой я заўважыў раптам невялікую чараду буслоў. Разразаючы стылае неба моцнымі крыламі, ляцелі гордыя прыгожью птушкі ў вырай, да гарачага сонца. Я раней думаў, што буслы ляцяць толькі ноччу і толькі парамі, а тут — чарада. Некалькі дзён назад гэтыя птушкі маглі бачыць луг над ракою Палатою. Крык народа ўзмацніўся. Сыны Барыс і Расціслаў спалохана і шчасліва глядзелі на мяне знізу. Я ўсміхнуўся ім. «Толькі не пахіснуцца, не ўпасці», — загадваўя сам сабе, бо ногі аслабеліўпорубе. Шчыт быў вялікі, полацкі, і гэта надавала сілу. Я нібы стаяў на зямной цвердзі каля полацкай Сафіі. — Слаўся, вялікі кіеўскі князь! — закрычаў народ. Ударылі ў царкоўныя званы. Заспявалі святыя псалмы. 3 поруба — на сонца, з рабоў — у вялікія князі! Шмат праглынуў я ў сваім жыцці горкага і салодкага, але нават ддя мяне гэта было занадта. — Абарані! — крычаў тысячароты натоўп. Лёс узняў мяне, першага з Рагвалодавічаў, на такую асляпляльную вяршыню. Я стаяў, моўчкі глядзеў на людзей. Раптам зноў з'явіліся ў небе буслы, быццам рабілі круг нада мною, быццам хацелі некуды паклікаць. У густым шуме плошчы я, здавалася, чуў шолах іхніх крылаў. — Раман! — паклікаў я старшага дружынніка. — Што, вялікі князь? — аддана зірнуў ён знізу, падтрымліваючы плячом шчыт. — Хопіць. Апускайце шчыт. Хачу на зямлю. Я пайшоў у апусцелы велікакняжы палац. Ізяслаў, калі верыць чуткам, уцёк у сяло Берастова, а з сяла пабег да караля ляхаў Баляслава. Ён уцякаў так хутка, што амаль нічога не паспеў узяць з сабой. Вялікае багацце бачыў я наўкол. Усё было маё. Я, што ў цёмным порубе мог трымаць у жменьцы толькі сухую павуціну, толькі пясок, апускаў руку па самае плячо ў скрыні з жэмчугам і срэбрам. Чаляднікі і халопы, якія не пабеглі разам з Ізяславам, упалі ніцма перада мною. Зараз я быў іхнім вялікім князем, іхнім богам. — Раман! — сказаў я свайму вернаму вою. — Прынясі манаскую адзежу... Ён адразу недзе знайшоў, прынёс грубы чорны плашч, які прыкрываў усё цела з галавою. — Пайшлі, — сказаў я, апрануўшы плашч. Ён пакорна пашыбаваў за мною. Ён ні словам, ні рухам не выдаў свайго здзіўлення. Меч вісеў у яго на поясе, і я ведаў, што гэты полацкі меч усюды абароніць мяне. Я ішоў, бег з Кіева ў лес. Мне патрэбна было ўпасці галавой у лясную траву, закрыць далонямі вушы, застацца на самоце. У вялізным горадзе быў крык, гвалт. На Падоле і на Гары яшчэ звінела баявое жалеза, цякла кроў. У некаторых месцах бушавалі пажары. Барыс з Расціславам засталіся ў палацы, і Барыс, я не сумняваўся, ужо наляцеў недзе, як раз'ятраны певень, на прыгожых чалядзінак. Вялікі пост у порубе надзяліў яго незвычайнай мужчынскай сілаю. Лес, як збавенне, узяў мяне ў свае зялёныя абдымкі. Дрэвы і хмызнякі, птушкі і мурашы, мухі і павукі — усё жыло! На ўтульных палянках зямля была заліта цёплым жоўгым сонечным святлом. Я знайшоў лясное азерца, скінуў з сябе апратку, увайшоў у блакіт вады і паплыў. Я адчуваў сябе рыбінай, вольнай і шчаслівай. Вада ўжо была халаднаватая, ледзяныя іголачкі калолі скуру, але я наўмысна шукаў халаднейшыя мясціны, плаваў і ныраў там, дзе білі з дна крыніцы. Мне патрэбен быў холад, каб супакоіць душу. Я вылез на бераг, і верны Раман старанна расцёр маю спіну і ногі акрайкам шурпатай калянай тканіны. Горача пабегла, запульсавала пад скураю кроў. Мячом Раман насек ліповага і кляновага вецця, зрабіў з яго ложа. Я апрануўся, лёц заплюшчыў вочы, сказаў дружынніку: — Пакінь мяне аднаго, але будзь непадалёку. Ён бясшумна знік. Я застаўся адзін. Толькі зямля, неба, вада і агонь, што чуйна драмаў у камянях, у жалезе і воблаках, засталіся са мною. Наўкол быў лес, куды сякера з сахой не хадзілі. Я ляжаў і чуў шум дрэў, чуў гул каранёў пад зямлёю. «Хутка зіма, — ціха перагаворваліся карані між сабою. — Хутка снег і мароз упадуць на лес. Шчыльней сціснемся, браты, і нам будзе цёпла спаць да вясны». «Яшчэ будуць навальніцы, — гаварылі дрэвы над маёй галавою, — яшчэ будуць такія страшныя навальніцы! Некага з нас бязлітасны нябесны агонь расшчэпіць ад макаўкі да карэння. Будзе грымець, калаціцца неба, і нават дзікія звяры ў жаху будуць шукаць чалавека, пастуха, будуць ціснуцца да ягоных статкаў». Я разумеў галасы ўсяго жьівога. I было так радасна, так добра ляжаць на зялёным пахкім вецці, слухаць зямлю і неба. Шум птушыных крылаў даляцеў да мяне. Пад воблакамі зноў плылі буслы. Не ўзнімаючы галаву, не адкрываючы вачэй, бачыў я іх. Мае любімыя птушкі, птушкі маёй радзімы былі нада мною, са мною. Я ўспрмніў Полацк, бурлівую Палату, сіняе неба над зялёным лугам. Чалавек, як птушка, таксама ўцякаў некалі ад зімы на поўдзень, плыў па рэках да цёплага мора. Але потым зачапіўся за сваю зямлю, прарос у ёй, быццам дубовы жолуд, каб у самую лютую сцюжу навекі застацца разам з ёю. Я засынаў. Мне патрэбен быў гэты сон, сон-успамін і сон-надзея. У велікакняжым палацы чакала мяне вялікая ўлада, мяне чакалі баяры і смерды, ворагі і сябры, княгіня Крутаслава з сынамі, гарэў Кіеў, полаўцы падкочваліся да ягоных сцен, а я засынаў, засынаў... Была цёплая зямля, і на гэтай зямлі расло дрэва, а на самым ягоным версе — была буслянка. Аднойчы прыйшоў чалавек, светла-русы, кашчавы, з вачамі, як шэрая восеньская вада, ссек у дрэва вярхушку, зацягнуў, умасціў між галінамі старое драўлянае кола, якое ад'ездзіла свой век. Тое кола пахла сухім дарожным пылам, гноем. Але залопаў чысты вясенні дожджык, адмыў кола. Сонца глянула з-за хмар залатым цёплым вокам, высушыла яго. Было гняздо. Дзве прыгожыя птушкі. Ён і Яна, летучы над разамлелай вясенняй зямлёй, убачылі дрэва і кола на ім. Птушкі былі буйныя, белапёрыя, толькі канцы крылляў адлівалі чарніной. Сонца гарэла на чырвоных дзюбах, на доўгіх цёмна-чырвоных нагах. У птушак, як і ў людзей, як і ва ўсяго жывога, бывае каханне. Яны пакахаліся пад высокімі воблакамі і на зялёных звонкатраўных лугах. Цёплыя белыя яйкі пакаціліся ў гняздо. Птушкі, змяняючы адно аднаго, цярпліва сядзелі на гняздзе. Халодны дождж і нават снег падаў на цёплыя спіны буслоў... Адкуль я гэта ўсё памятаю? Не ведаю. Толькі мне здаецца, што я быў нязграбным палахлівым бусляняткам, якое чэрвеньскай роснай раніцай нарадзілася ў гэтым гняздзе. Мяне магло не быць, бо маці моцнай дзюбаю раптам выкаціла адно яйка на самы край гнязда, кінула на цвёрдую страшную зямлю. Навошта яна гэта зрабіла? У тым жа яйку пад цёплай шкарлупінай была яе плоць. Напэўна, жывыя аддавалі даніну небыццю. Было неба. А ў мяне былі маладыя мяккія крылы, якія штодня цвярдзелі, наліваліся кіпучай сілай. I я паляцеў. Над хаткай светла-русага чалавека. Над ягоным полем, дзе вятры ламалі жыта. Над шырокай ракой, над высокай белай царквой, якую будавалі людзі. Было неба палахлівых начных кажаноў, неба крыклівых вераб'ёў, неба траскучых сарок і ненаедных варон. Было неба буслоў. I недзе было неба ваяўнічых арлоў. Птушкі ад птушак, як і людзі ад людзей, былі аддзелены страхам. — Чаму ты не арол?! — крыкнула мне аднойчы з лугавой травы нейкая казюрка. — Мне падабаецца быць буслом, — з годнасцю адказаў я. — Арлоў малююць на сваіх сцягах зямныя ўладары. Арлоў носяць на шчытах і каронах, — зноў піскнула казюрка. Я не даслухаў яе, паляцеў пад воблака. Мне падабалася быць міралюбным і моцнакрылым буслом. Між тым халадзела неба, жаўцеў лес. I мне пачала сніцца далёкая цёплая краіна, хоць я ніколі не бачыў яе. Іам было сіняе мора з безліччу скалістых астраўкоў. Мора злавесна раўло ўначы, але раніцою аціхаў вецер, знікаў туман, і сонца шчодра залівала астраўкі. Цёмнаскурыя людзі, жанчыны і мужчыны, весела выбягалі з хатак, пакрытых не светлаза-латой саломай, як у чалавека, што жыў ля маёй буслянкі, а велізарнымі зялёнымі лісцямі нейкага дрэва. Яны спявалі, танцавалі, палілі вогнішчы, і зусім побач, у цёплым травяністым балоце, хадзілі буслы, мноства буслоў. Мы паляцелі на поўдзень, туды, дзе ў срэбна-пенным моры пад гарачым сонцам ляжалі ўтульныя шчаслівыя астраўкі. Чалавек са скрухай глянуў на нас, перахрысціўся. Выбег на двор ягоны сынок, нешта крыкнуў услед, махнуў тонкай бледнай рукой. I мне зрабілася так сумна: ці ўбачу я іх? Усё цяжэйшаю рабілася дарога. Я на сабе адчуў і зразумеў, што ёсць неба бясконцых чорных воблакаў, неба маланак і жахлівых ураганаў. Некаторыя з маіх сяброў знясілена падалі ўніз. Вецер ламаў іх крыллі. Град выбіваў вочы. Мы ляцелі і ўначы, бо важак, стары мудры бусел, мой прапрадзед, умеў чытаць зорную кніжку неба. Да зорак, здавалася, было так блізка, можна было зачапіцца за іх крылом. Сонная зямля была пад намі. У глухой маўклівай цемры спалі звяры ў норах, мурашкі ў мурашніках, людзі ў гарадах і весях. Толькі мы, буслы, ляцелі. Да скону я буду помніць ледзь чутны свіст крылляў, белыя льдзіны хмар у сіне-чорным высокім небе, жывыя і іскрыстыя вуголлі зорак. Проста ў палёце я засынаў, і тады браты па чарадзе, тыя, што не спалі, клапатліва і асцярожна давалі мне месца ўсярэдзіне чарады. Я спаў, але не спалі мае крыллі, уздымаліся і апускаліся, уздымаліся і апускаліся, апіраючыся аб неба. Потым нешта ўздрыгвала, шчоўкала ўва мне, са слабым трэскам раздзіралася цёмная плёнка сну, я зноў бачыў неба, зоркі, суседзяў-буслоў і асцярожна выкіроўваўся на самы край чарады, дзе гуў начны вецер. Бусел, што стаміўся, займаў маё месца. Усё новыя бусліныя чароды прыбіваліся да нас. Неўзабаве чакалася мора, і ўсе буслы гуртаваліся ў адну велізарную чараду, каб лягчэй было адолець парывісты марскі вецер. Ужо ляцелі тысячы буслоў, бела-чырвона-чорнае воблака. I тут з'явіліся першыя арлы. Я ніколі не бачыў арлоў і з вялікай цікавасцю глядзеў на іх. — Мы — каралі птушак! — пагрозліва і хрыпла закрычаў-заклекатаў іхні важак. — Дайце нам дарогу! Пацясніцеся ўбок, балотнае племя! Наша чарада ўзяла трошкі лявей, хоць маладыя буслы, і я ў іх ліку, дрыжалі ад гаеву і абурэння. Мы ўжо ляцелі над морам, далёка ад берага, і трэба было ашчаджаць сілы, бо не сядзеш на віхурную марскую хвалю. — Гэта наша неба і наша мора! — зноў закрычаў арліны важак. — Неба створана для ўсіх, у каго ёсць крылы, — спакойна і разважна адказаў наш важак. — У небе хопіць месца арлам і буслам, усім птушкам. — Замоўкні, жабаед! — ярасна шчоўкнуў дзюбаю, трасянуў вострымі крывымі кіпцюрамі арол. — Неба належыць толькі арлам! Толькі нам! Нездарма зямныя ўладары, імператары і каралі арлоў і нашых бяскрылых родзічаў ільвоў носяць на сваіх сцягах. Скажы — хто дзе бачыў на якім сцягу ці на якім гербе палахлівага дурнога бусла? Ён зарагатаў, і разам з ім зарагаталі ўсе арлы. Іх станавілася ўсё больш і больш, яны вылётвалі з-за хмар, яны акружылі з усіх бакоў нашу чараду. — Будзем некалі і мы на сцягах, — горда ўсміхнуўся наш важак. — Людзі паразумнеюць і замест драпежных дзюб і кіпцюроў уславяць мудрую развагу, мірны розум, а тваіх нашчадкаў, прабач мне, скінуць са сцягоў, як абскубаных нікчэмных курыц. — Што?! — раз'юшана растапырыў сталёвае пер'е арол. Ён з усяго маху ўдарыў дзюбаю нашага важака, той адказаў ударам на ўдар, і пачалася вялікая бітва. Арлы, упэўненыя ў сваёй перамозе, не раздумваючы, рынуліся на бусліную чараду, гатовыя раздзерці нас на крывавае ашмоцце, але адразу ж некалькі з іх каменем рухнула ў мора. Яны не чакалі такога, закрычалі, зашыпелі ад ярасці, жоўта-шэрыя вочы зрабіліся чырвонымі, пер'е ўзвілося дыбком. Пад намі было мора, уверсе — плоскае неба, усё наўкол запаўняў парывісты нястомны вецер. Гэты вецер ламаў наш баявы строй, раскідваў нас у бакі. Арлам таксама было нялёгка, нават цяжэй, чым нам, бо яны загадзя лічылі сябе пераможцамі, а тут давялося абараняцца ад магутных удараў, аблівацца ўласнай крывёю. Усё часцей з роспачным хрыпам, склаўшы крылы, валіліся яны ўніз, а там чакала іх мора, а на моры астраўкі, скалы, камяні — цвёрды зямны касцяк. Буслы паміралі моўчкі, толькі адзін, маладзенькі, што ляцеў у свой першы вырай, закінуў назад галаву, самотна заклекатаў у перадсмяротнай тузе. Велізарная рана-яміна злавесна чырванелася ў яго на грудзях, пер'е разам з мясам было вырвана арлінай дзюбай. Позна ўвечары скончыўся бой. Знясіленыя, упалі мы на астраўкі, побач, на суседніх скалах і камянях, астуджвалі пад усплёскамі ветру свае крывавыя раны арлы. — Добра, — толькі і сказаў наш важак і глянуў на мяне адзіным ацалелым вокам. — Ты не клянеш неба, што нарадзіўся буслом? — Не, — пакутуючы ад болю, выдыхнуў я. У мяне было надломлена левае крыло, і я з жахам думаў, што болей не ўзлячу. — Не, — адказаў я зноў. А праз ноч, раніцою, закіпела яшчэ болын ярасная бітва. Я ўсё-ткі ўзляцеў. Падалі ў мора буслы і арлы дзесяткамі, сотнямі... — Вы не клянеце неба, што нарадзіліся бусламі?! — крыкнуў важак. — Не! — дружна адказалі буслы, старью і маладыя. На трэці дзень арлы не вытрымалі. Спачатку, сарамліва і вінавата азіраючыся, уцякалі нямногія, а потым уся парадзелая, пашкуматаная чарада раптоўна развярнулася і, з апошніх сіл махаючы крыламі, паляцела туды, дзе ў густым тумане шчарбаціліся высокія горы. — Мы перамаглі! — радасна крыкнуў важак. I адразу ж нешта зламалася ўсярэдзіне, і я рухнуў уніз, у страшнае мора, бо неба ўжо не трымала мяне. Свістаў вецер, круціліся ўваччу хвалі і скалы, а я ў адзін міг успомніў дрэва на зялёнай роднай зямлі, гняздо, хатку ля падножжа дрэва, светла-русага ціхага чалавека і ягонага сынка. «Ці вернешся, бусел?» — даляцеў аднекуль голас хлопчыка, шчаслівы і адначасна спалоханы. А потым была чырвоная цемра, сталёвая цемра, і ў глыбіні гэтай цемры, пакуты і самоты падала, падала бязважкае птушынае пяро... Халодны восеньскі ліст упаў мне на лоб, і я прачнуўся і ўбачыў, што непадалёку ад мяне стаяць двое, стары і юнак. Яны былі сінявокія і доўгавалосыя, у белых кужэльных кашулях, у мяккіх ліповых лапцях. Юнак сціскаў у руцэ дубіну, выламаную у дубовага кораня і абсмаленую на вогнішчы. Стары быў з пустымі рукамі, праз правы плячук у яго была перакінута рысіная шкура. Яны глядзелі на мяне ва ўпор, і асабліва цяжкі і ўладны позірк быў у старога. Сваім неадрыўным позіркам ён быццам выварочваў, ламаў усё маё нутро. «Мячэтнік» [Мячэтнік — чалавек, які валодае гіпнозам], — адразу здагадаўся я. Уздрыгнула, закалацілася ў халоднай тузе сэрца, але я, лежачы на сваёй лісцвяной падсцілцы, упіўся пальцамі рук у зямлю, неймаверным намаганнем прымусіў сябе не заплюшчваць вочы, ударыў сваім пранізлівым позіркам па твары старога, па ягоных вачах. Калі б я хоць на міг адвёў вочы ці, не вытрымаўшы, заплюшчыў павекі, мая б душа адразу аслабела і зрабілася б рабыняй старога мячэтніка. Я ведаў гэта і, вока ў вока, глядзеў на яго. Здавалася, скрыжаваліся ў небе дзве маланкі. Стары здагадаўся, што мне вядома таямніца такога позірку, пабляднеў, прыкусіў жоўтымі зубамі сухую губу. Нарэшце ў яго затрымцелі калені, пакрыўся потам лоб, і я зразумеў, што мая сіла мацнейшая за ягоную сілу. Стары мячэтнік глуха ўздыхнуў, як бы хацеў нешта крыкнуць, закашляўся і пачаў церці вочы кулаком. — Ты хто? — спытаў ён у мяне аслабелым голасам. — Кашчэй [Кашчэй — раб]? — Князь, — адказаў я. Яны абодва дужа здзівіліся. Іх можна было зразумець — не кожны дзень і не кожнаму сустракаецца князь, які спіць у лесе на голай зямлі. — Дзе ж твае залатыя палаты, князь, дзе дружына? — прамовіў нарэшце стары. — А вунь мая дружына, — усміхнуўся я, паказваючы на Рамана, які сядзеў пад сасною, сціскаючы ў руцэ меч, апусціўшы галаву на калені. — Разбудзі яго. — У твайго воя душа мякчэйшая, чым у цябе, — ён адразу скарыўся майму воку. Стары мячэтнік падышоў да Рамана, паклаў яму сухую ладонь на лоб, нешта сказаў. Той павольна расплюшчыў вочы, няўцямна зірнуў наўкол, потым адным рыўком ускочыў на ногі. Твар быў разгублены і чырвоны ад злосці. — Паршывы пяруннік! Засяку! — шалеючы крыкнуў ён, але я спыніў яго ўзмахам рукі. Раман дапамагаў мне апранацца і прасіў: — Князь Усяслаў Брачыславіч! Дазволь чырвоную вадзіцу пусціць з гэтага чмутніка. 3 выгляду чарвяк чарвяком, а як ён мяне на зямлю паклаў! Падышоў, глянуў савіным вокам, і душа ў мяне з цела выцекла, рукі-ногі адняліся. — Дык ты полацкі князь Усяслаў? — аж уздрыгнуў стары. — I вялікі кіеўскі, — сказаў я. Пры гэтых маіх словах малады спадарожнік старога мячэтніка пагрозна бліснуў вачыма, узняў страшную дубіну. Але Раман, якому так хацелася хоць нечым загладзіць сваю віну, кальнуў яму ў жывот вастрыём мяча. Дубіна апусцілася. — Цябе ж маглі забіць у лесе, — здзіўлена прамовіў стары. — Ведаеш, колькі ў цябе ворагаў? — Гэта і вожык ведае, — засмяяўся я. — Аты спаў... Ляжаў з заплюшчанымі вачамі... — Глядзім вачамі, бачым душой. Пачуўшы такія мае словы, стары мячэтнік пабляднеў і, нейкі міг павагаўшыся, сказаў: — Ты ведаеш, хто я? Белакрас. А гэта сын мой — Лют. Ён быў упэўнены, што я адчуў ягонае імя, і не памыліўся. Неаднойчы падыходзілі да майго поруба асцярожныя маўклівыя людзі, што пахлі глухім лесам і дымам. Яны шапталі, нібы трызнілі: «Белакрас... Белакрас...» — Ты ваявода паганскага войска, — сказаў я. — У мяне шмат людзей, — горача загаварыў Белакрас. — У мяне людзей, як лісцяў у гэтым лесе, як хваль у Дняпры. Мы гатовы памерці за нашых старых багоў, але не аддаць іх на глум і здзек мярзотным рамеям і іхнім кіеўскім падвывалам. Вялікі Род і Пярун ахоўваюць нас. Мы возьмем Кіеў, зруйнуем Сафію і на яе месцы паставім Вялікага Рода. — Ці не позна, ваявода? — ціха прамовіў я. Мне чамусьці было шкада старога мячэтніка. Ён быў сівы, як лясная халодная трава, пакрытая туманам. Белакрас глуха ўскрыкнуў. Так у цемры крычаць начныя птушкі. Потым ён разам са сваім сынам стаў перада мной на калені, пачаў прасіць: — Вялікі князь, выгані са свайго сэрца Хрыста. Мы ведаем, што ў Полацку ты шкадаваў веру дзядоў-прадзедаў. Выкінь з нашай зямлі рамейскую веру, як мярзотную балотную жабу. Зрабіўшы гэта, ты праславішся навекі і пасля смерці сваёй будзеш стаяць на курганах над сінімі рэкамі разам з Родам і Перуном. Самыя прыгожыя дзяўчаты будуць абвіваць чало тваё вянкамі. Разам з імем маці будучыя дзеці-млекасосцы будуць паўтараць тваё імя. Войска наша стаіць у пушчы на рацэ Дзясне. Дай толькі знак... — Устань, — сказаў я. Але Белакрас і Лют стаялі на каленях. — Разумееш, — пакутліва шукаў я словы, — багі самі прыходзяць... I самі адыходзяць... Любы зямны ўладар, будзь у яго лоб з самага чыстага золата, бяссільны перад гэтым. Былі ў рамеяў імператары-іконаборцы, але дзе яны сёння? Быў у Рыме імператар Юліян Адступнік, які, узяўшы ўладу, аб'явіў сябе паганцам. Дзе ён сёння? — Ты баішся! — гнеўна ўскрыкнуў Белакрас і прутка ўскочыў на ногі. Ягоны сын ускочыў следам за ім. — Ты баішся за сваю ўладу, за срэбра, якое будзеш мераць кадоўбцамі, за тлустае мяса, якое будзеш жэрці! — Што сіпіш, як гад у разоры?! — раззлаваўся ў сваю чаргу мой дружыннік Раман. — Шмат вас, дурных і валасатых, а вялікі князь адзін. Але Белакрас не слухаў яго. У шаленстве і ў ярасці ён то крычаў, то шаптаў: — Ідзе на людзей вялізная ноч! Крывавы кастаглод будзе на зямлі... Меч увап'ецца ў мяккую шыю... Дзе вера дзядоў? Дзе Род з Перуном? Чаму не абароняць нас? А мне ж давалі знак нябёсы, давалі! На свае вочы я бачыў, як зляцела з неба маланка, страла Перунова, уваткнулася ў зямлю пад старым дубам і пахіствалася, пахіствалася. Так трава хістаецца пад ветрам... Ён сеў на зямлю, абшчапіў галаву рукамі, потым зноў ускочыў на ногі, прарэзліва закрычаў: — Выходзьце са сваіх сховаў, цені! Выпаўзайце з нор, беспрытульныя і апляваныя, нікому не патрэбныя і растаптаныя! I адразу ажыў лес. Тое, што я ўбачыў, можна было палічыць сном. Напачатку мне здалося, што гэта дрэвы пераходзяць з месца на месца. Варушыліся, уздрыгвалі галіны, рухаліся кусты, ііплі ў незразумелым карагодзе пнікарагі з вострымі растапыранымі ў бакі каранямі, ласіныя рогі, аскаленыя мядзведжыя і ваўчыныя пашчы... Прыгледзеўшыся ўважлівей, я зразумеў, што гэта людзі, мноства людзей, жанчыны і мужчыны, малыя дзеці. Яны былі паўголыя, аплеценыя лясной травой і мохам, абвешаныя жалудамі і лісцямі, галінамі дрэў. Некаторыя былі ў звярыных шкурах. На некаторых, згарнуўшыся клубком вакол шыі, драмалі вужы і гадзюкі. Яны, прытанцоўваючы, падыходзілі ўсё бліжэй і глухімі, шурпатымі, як дубовая кара, галасамі спявалі песню: Белабог... Чарнабог... Камень... Мох... Раман, што стаяў побач са мною, пабляднеў ад страху, пазіраў то на мяне, то на незвычайны карагод, які павольна набліжаўся да нас. Некалькі імгненняў назад лес быў ціхі, пустынны, і ўсе гэтыя людзі, здавалася, выйшлі з чэрава зямлі. Белабог... Чарнабог... Камень... Мох... Усяго чатыры словы былі ў песні, як чатыры куты ў старой спарахнелай хаце. Я бачыў суровыя нахмураныя твары з копаццю ад вогнішчаў, бліскучыя вочы, худыя грудзі, тонкія, але чэпкія рукі. Усе былі басанож. Некаторыя трымалі ў руках дубіны, рогвіцы, коп'і. Я ўжо чуў іхняе дыханне. Белабог... Чарнабог... Камень... Мох... — Стойце! — крыкнуў Белакрас, і ўсе спыніліся, і перарвалася нітка песні. Паганскі ваявода ўзяў нож, які вісеў у яго на скураным раменьчыку на грудзях, моўчкі пачаў рэзаць вільготны хваёвы лапнік, склаў яго ў кучачку, пакрышыў туды чырвоных мухамораў, разрэзаў на кавалкі чорную гадзюку, што падала яму жанчына, потым выбіў з крэменю іскру. — Слухайце! — закрычаў ён зноў. — Усяго дзве рукі, і дзве нагі, і адна галава, і адно сэрца ў чалавека, якога вы бачыце перад сабой! У яго шэрыя вочы, як неба над намі! — Ён падобны на нас, — выдыхнулі жанчыны. — Але гэты чалавек — вялікі кіеўскі князь! — А-а-а! — залямантаваў натоўп. — Забіць князя! Выкалаць яму вочы! Аддзерці рукі і ногі! Княжыя емцы і вірнікі забралі ўсё! Мы ядзім траву! Нашы дзеці жывуць у норах, як звяры! — Слухайце! — перакрыў усе галасы Белакрас. — Ён прыйшоў у гэты лес, і мы прыйшлі сюды. Сам Род звёў нашы дарогі! Род нічога не робіць дарэмна. Багам трэба было, каб мы сустрэліся. Дык уславім жа не князя, а ваўкалака, які прыбег да нас! — Ваўкалак! — закрычалі ўсе. — Ваўкалак! Будзь з намі, сын лясоў! Дзве жанчыны, абвешаныя лісцямі і птушынымі пер'ямі, узялі мяне пад рукі, падвялі да тонкага струменьчыка дыму, які выплываў з цяпельца. Дым быў дурманна-горкі. Сіні дым, сіні дым, Абвей гэта чало, — загучала песня, — Хай трава ўспомніць свой корань, Хай вада вернецца ў зямлю. Мноства людскіх твараў бачыў я наўкол сябе. Гэта, здавалася, былі не людзі, а бледныя блуклівыя цені, што ўстаюць уначы над глухімі балотнымі пусткамі, над забытымі ляснымі магіламі. Яны спальваюць сваіх мёртвых на вогнішчах, яны вераць Роду і Перуну, сядзяць у лясах, як совы ў забруджаных душіах. Але ў лясах і рэках не хапае ежы для ўсіх, і тады яны велізарнымі натоўпамі, трымаючы над сабою высушаных лютым голадам немаўлят, падступаюць да баярскіх сядзіб, да пагостаў і гарадоў. Тады льецца кроў, бушуе агонь, трашчаць дубовыя забаролы, чалавечыя косці. Іх перамагаюць, зноў заганяюць у дрыгву, пушчу, у цемру. Яны — як начныя светлякі ў гнілых дрэвах, як месячныя промні на халоднай балотнай вадзе. — Заб'ем князя, — сказаў бацьку Лют, — і ягонай крывёй змажам нашы баявыя шчыты. — Не,— рашуча прамовіў Белакрас, — Род не даруе нам. Адпусцім князя ў Кіеў. Хай помніць пра нас у залатых палатах, у радасці і сытасці. Я, сын мой, бачу ягоны лёс. Доўга ён будзе жыць і дрўга княжыць, сваім вострым мячом праславіць Кіеў і Полацк не ў адной сечы, але памрэ няшчасным. «А ў чым чалавечае шчасце, вяшчун?» — хацеў крыкнуць я, ды змоўчаў, бо ведаў, што ніхто не зможа даць адказ. Нас адпусцілі. Белакрас з Лютам павялі паганцаў, і неўзабаве ні голасу чалавечага, ні шолаху лісцянога не стала чутно. Рыжы восеньскі лес глядзеў на мяне. — Князь, — асцярожна напомніў Раман, — трэба спяшацца ў Кіеў. — Пойдзем, — адразу згадзіўся я. «Хай вада вернецца ў зямлю» — гучала ўва мне. I яшчэ я ўспомніў свой сон, успомніў буслоў, крывавы бой з арламі, цяжкую перамогу... Што зычыць мне гэты сон? Добра ці дрэнна быць буслом? Арлы захапілі неба, але неба, як і зямля, створана для ўсіх. У горадзе стаяў вялікі крык. На Падоле казалі, што палавецкія дазоры ўжо бачылі перад Залатой брамай. Купцы хавалі сваё срэбра. Мацеркі хавалі маладых дачок. У палацы, як мне здалося, ніхто нават не заўважыў знікнення вялікага князя. Бязладна мітусілася дваровая чэлядзь. Натоўп рукадзельных людзей і смердаў у незвычайнай ярасці крышыў клеці, павалушы, амбары. Я ледзьве адшукаў сыноў. Барыс ужо быў п'яны, сядзеў у велікакняжым крэсле. На ягоных каленях заліваліся смехам дзве ружовашчокія прыгожыя маладухі. Я, нібы хлапчука, схапіў Барыса за вуха. Маладухі анямелі ад жаху, потым рынуліся ў дзверы. Расціслава я ўбачыў у княжай малітоўні. Ён стаяў на каленях перад абразамі. Вузкія плечы ўздрыгвалі. — Бацька! — кінуўся ён да мяне. — Бяжым адсюль! Уцякайма! — Што з табою, сын? — спытаў я, падхапіўшы яго, бо ён амаль упаў мне на рукі. — Стэп ідзе! Таці паляць горад! Уцякайма ў Полацк! Нас тут ніхто не любіць! Расціслаў заплакаў. Але я быў спакойны. Нездарма адразу пасля поруба я рвануўся ў лес, у траву, у цішыню... Душа адмылася ад бруду рабства, восеньскі лес разбудзіў яе. Я верыў сабе, верыў у сваю ўдачу. — Ілядзі, — падвёў я сына да акна, — што ты там бачыш? — Бегаюць людзі. Шмат людзей, — усё яшчэ ўсхліпваючы, глянуў на княжы двор Расціслаў. — Кіяне выратавалі вас, мяне, а я выратую іх! — выгукнуў я. — Заўтра ж мы ідзём насустрач полаўцам. — Але ў цябе няма вояў. Што ты можаш зрабіць? — Мая сіла — яны. А яшчэ я паклічу з лесу паганцаў. — Ты паклічаш паганцаў, каб яны абаранялі Хрыста? — здзівіўся Расціслаў і выцер кулаком вочы. — Але ж Хрыстовы служкі выгналі гэтых самых паганцаў у глухмень, у дзікую пушчу. — Яны будуць абараняць не Хрыста, а сваю зямлю, — цвёрда сказаў я..
Колькасць прачытаўшых: 2460 Колькасць вогдукаў: 0