Русский
Проза
Паэзія
Герадоцінкі
Песні
Публіцыстыка
Для дзяцей
Аўдыё
Сцяпан Дайнека

Раздзел шосты (частка I)

Калі памру я і белы твар
У стылым небе навек растане,
Дазвольце глянуць на вас з-за хмар,
Адзінакроўцы, браты-славяне.

Пад сваю руку для бітвы з полаўцамі Усяслаў здолеў паставіць гарадское апалчэнне кіян, дружыну Рамана і атрад варагаў-находнікаў на чале з Тордам, праўда, не ўвесь. Некаторыя з варагаў адмовіліся служыць новаму вялікаму князю, сказаўшы, што ён узурпатар і што трэба чакаць вяртання законнага князя Ізяслава з ляхаў. Калі Усяславу паведамілі аб гэтым, ён здзівіўся:
— Які я узурпатар? Мяне кіяне сваім князем зрабілі, веча крыкнула за мяне.
Але сілы было мала. Усяслаў разумеў гэта і аднаго за другім слаў ганцоў у задняпроўскі лес да Белакраса з Лютам. Выйшла і павярнулася так, што толькі паганцы-пяруннікі маглі выратаваць хрысціянскі Кіеў. Не прыйдуць яны на дапамогу, уедзе хан Шарукан на войскім кані ў залатую Сафію, заржэ конь там, где гучала святое пяянне. Старая чадзь, вялікія баяры хаваліся ў сваіх вотчынах, чакалі, што прынясуць новы дзень і новы князь. У думках спадзяваўся Усяслаў і на Святаслава Чарнігаўскага. Ізяслаў з Усеваладам пабеглі да ляхаў, а ён, іхні брат, застаўся ў Чарнігаве са сваёй дружынай, мог ударыць па стэпняках з поўначы. Паслаў да яго Усяслаў ганцоў а следам за імі, таемна, паслаў выведнікаў каб на свае вочы і вушы маглі даўмецца, што замысліў чарнігаўскі князь. Ганцы вярнуліся як мьша з'еўшы — Святаслаў выгнаў іх са сваіх палат. А вось выведнікі сказалі Усяславу, што чарнігаўская раць спешна ідзе на раку Сноў.
— Добра, — павесялеў Усяслаў. — Хоць Яраславіч і верне нос ад мяне, полацкага ізгоя, але тут з вялікім розумам справу робіць. Давядзецца Шарукану сваю арду на дзве часткі дзяліць, а гэта значыць, што ён стукне па Юеву адным кулаком, а не двума.
Ды адразу ж зноў наліліся змрочнасцю вочы ў вялікага князя.
— Чаму не ідуць Белакрас з Лютам? Ганцы ж па маім загадзе кляліся на крыжы, што з гэтага часу ў стольным Кіеве зноў можна будзе маліцца Роду і Перуну і што паганец будзе жыць у міры побач з хрысціянінам. Не ідуць, не вераць княжаму слову.
Паслалі новых ганцоў. На гэты раз у пушчу памчаўся Раман з дзесяткам сваіх дружыннікаў. Трапіў у іх лік і Белавалод. Ядрэйка ж, як хвацкі рыбалоў, вымушаны быў цягаць сеці ў Дняпры і ў кошыках насіць рыбу на Варламаў двор. Там пад наглядам Кацеры з раніцы да цёмнага вечара завіхаліся кухары.
— Не вуснае слова вязём паганцам, а пісьмовае, — сказаў на развітанне Белавалод Ядрэйку. — Вялікі князь Усяслаў сваёй рукою напісаў на пергамене і княжую пячатку навесіў.
— Дзе той пергамен? — пацікавіўся Ядрэйка.
— У Рамана. А навошта табе? Пачытаць хочаш? Чытаць ты ўмееш?
— Не ведаю, — весела засмяяўся Ядрэйка, — можа, і ўмею, але ніколі не спрабаваў.
Коне з месца ўзялі ў намёт. Шумеў горад. Пахла дымам. Кружылася галава. Белавалод гнаў каня і неадчэпна думаў аб тым, што жыццё змянілася і душа ягоная змянілася, што нават Ульяніца ўспамінаецца ўсё радзей. Быў ён залатаром, а зрабіўся воем. Ды гляне іншы раз на высокае воблака, на рачную хвалю, на шумналістае дрэва, і зноў хочацца, да дрыжкаў у пальцах, даць работу рукам, схіліцца над кавалкам металу, пакуль што мёртвым, нямым, каб ён засвяціўся, пацяплеў, аддаў прыгажосць, схаваную ў патаемнай сваёй глыбіні. Усё на белым свеце прыгожае. Трава, якую чалавек і конь топчуць нагамі. Яшчарка, што дрэмле на імшыстай зялёнай спіне валуна. Павук-сеткаплёт. Марудная балотная чарапаха, якая паўзе ў густой цёплай гразі. Для прыгажосці Бог стварыў зямлю і чалавека на ёй. Каб не так, не запальваліся б зоркі ў нябёсах і яркая вясёлка не ззяла б над абмытым грымучай навальніцай лесам. А жэмчуг і бурштын? А рачныя вадаспады? А летняя раса і зімовы сіне-зялёны лёд? А кветкі і матылькі на кветках? Дзеля чаго, калі не дзеля прыгажосці, жыве ўсё гэта?
Паганцаў адшукалі ў змрочных бураломах, дзе аскабалкі дрэў тырчалі з сівога моху, як зубы і кіпцюры закапаных у зямлю пачвар. Гарэлі вогнішчы. Брахалі, захліпваліся сабакі. Малыя дзеці калупаліся, поўзалі між пакрытых дзірваном і хваёвым лапнікам буданоў.
Сам ваявода Белакрас выйшаў насустрач ганцам, сказаў строга:
— Што за людзі?
Раман саскочыў з каня, моўчкі аддаў яму Усяславаў пергамен з пячаткай. Паклікаўшы Люта, доўга чытаў ваявода, хмурыўся, моршчыў лоб.
— Не вер ім, — горача загаварыў Лют, — і не ідзі на дапамогу. Няхай гараць іхнія царквы. Няхай іхняга Хрыста таксама кінуць у гразь, як кінулі нашага Перуна.
Белавалод глядзеў на маладога паганца і, жахаючыся ягоных кашчунных слоў, міжволі любаваўся ім. Якая мужная прыгажосць! Танклявы, гнуткі ў поясе стан, але шырокая грудзіна, размашыстыя плечы, смуглыя рукі са светлым пушком, доўгія русыя валасы з мядзяным адлівам, белы, слаба загарэлы твар і празрыста-сінія вочы. У позірку — сіла і ўпартасць і ледзь прыкметная разгубленасць. На мяккай юначай шыі завязаны льняны шнурок, і на тым шнурку густа вісяць абярогі: дзіковыя і ваўчыныя зубы, вылепленыя з чырвонай гліны кружочкі. «Гэта ён выяву сонца носіць на грудзях», — падумаў Белавалод.
— Вы палачане? — запытаў Лют.
— Палачане, — адказаў Раман і хмурнавата ўсміхнуўся: — На палачан кіеўскія князі ходзяць ахвотней, чым на полаўцаў.
— Чаму ж вы не пабеглі на сваю Дзвіну?
— Мы бяжым туды, куды бяжыць наш князь Усяслаў, — горда прамовіў Раман.
Паганцы пайшлі раіцца ў велізарны будан, каля якога стаяў чатырохтвары дубовы ідал. Адтуль даносіліся ўзбуджаныя галасы, нават крыкі. Нарэшце выйшаў пабляднелы Лют, сказаў:
— Наш меч — ваш меч. Мы пральём кроў за Кіеў. Ты, — строга зірнуў ён на Рамана, — паедзеш да вялікага князя Усяслава, каб рыхтаваў нам тысячу мячоў, тысячу лукаў са стрэламі і дзве тысячы коп'яў. Заўтра ўвечары, як толькі сонца ўпадзе за лес, гэта зброя павінна быць у нас. Астатнія застануцца з намі. Калі князь Усяслаў парушыць сваю клятву, мы спалім вас у гонар Перуна.
Ганцы і Белавалод са страхам паглядзелі на маўклівага ідала. Раман жа адразу ўзляцеў на каня, ад'язджаючы, крыкнуў паганцам:
— Чакайце зброю!
Нявесела было на душы ў Белавалода. Іх накармілі смажанай на вогнішчы дзічынай, напаілі крынічнай вадой, потым Лют даў знак — і паганцы прыцягнулі тоўстыя дубовыя цурбаны з жалезнымі ланцугамі. За правую нагу ўсіх прыкавалі да цурбаноў, і Лют разважліва сказаў:
— Не падумайце, што мы звяры, але давядзецца вам адну ноч паспаць у абдымку з бервяном.
— Уліплі ў нерат — ні ўзад ні ўперад, — успомніў Ядрэйкаву прымаўку Белавалод, пачухаўшы патыліцу.
Змрок апускаўся на лес. Патухлі вогнішчы, толькі адно-адзінае гарэла ля будана, у якім жылі Белакрас і Лют. Спаў паганскі лагер. Воі-дазорцы бясшумна хадзілі наўкол яго, зрэдку перагукваючыся між сабою галасамі начных птушак, і Белавалоду здавалася, што гэта ціўкаюць, кугукаюць і шчоўкаюць паганскія лесавікі. Яны ўжо, напэўна, вылазяць з дугаіаў, з карчоў, вогненнавокія, калматагаловыя, з тонкімі кручанымі хвосцікамі, каб усю ноч бегаць, лётаць па лесе, гушкацца на галінах, барукацца ў малінніках, валюхацца, купацца ў чорнай балотнай гразі. А як напаткаюць здарожанага чалавека — гора яму. Сарвуць адзежу, зашчыкочуць і кінуць галяком у мурашнік або завядуць у дрыгву.
Шумеў лес. Цякла, як чорная рака, ноч. Неўзабаве дождж паліўся з глухой вышыні, забурболіў, зашыпеў. Зусім нявесела зрабілася Белавалоду. Ён утуліў галаву ў плечы, языком злізваў з губ халодныя кроплі. Раптам нечыя крокі пачуліся ў цемры.
— Машэка [Машэка — мядзведзь] ідзе, — спалохана прашаптаў Белавалодаў сусед. Але гэта быў Лют.
— Палачанін, — ціхенька гукнуў ён, спыніўшыся за некалькі крокаў.
— Я тут, — азваўся Белавалод.
— Я шчыт прынёс. Накрыйся ім.
Ён падаў Белавалоду скураны доўгі шчыт. Потым прынёс нейкія рызманы, каб схавацца ад непагадзі двум астатнім ганцам. Сам стаяў з непакрытай галавою, сказаў:
— Я завёў бы ўсіх вас у будан, але нельга вам, хрыстам [Хрысты — тут: хрысціяне], начаваць разам з намі.
— Вось і трымаеце нас, як сабак, на ланцугу, — злосна выдыхнуў Белавалод і закашляўся.
— Так трэба. Колькі мы, сталаверы, людзі сталай дзедаўскай веры, нацярпеліся і церпім ад вас. Папы і чарнарызцы панаўтыкалі ў нашу зямлю крыжоў, спалілі нашых куміраў. Князі і баяры, нясытыя глоткі, дзяруць з беднага смерда скуру да самых касцей. Як жыць? Каму верыць?
— Вер Хрысту, — пераканана сказаў адзін з ганцоў.
— А ты бачыў Хрыста так, як бачыш мяне? — павярнуўся на голас Лют. — Клаў ён табе руку на плячо?
Ён падышоў, паклаў руку на плячо ганцу.
— Хрыста не трэба бачыць. У яго трэба верыць, — з годнасцю прамовіў ганец.
— Вы бачыце яго толькі ў снах і мроях, — захваляваўся Лют. — Ліхаманка грызе вас у час хваробы, гарачынёй запаўняе аслабелыя уды [Уд ы — члены цела], і тады з туману прыходзіць Хрыстос. Ая раніцой — хочаце? — пакажу вам срэбнавалосага вадзяніка. Ён жыве на дне ляснога возера. Калі я падыходжу да возера, ён фыркае, як жарэбчык, пускае вадзяныя пухіры і выплявае да мяне.
— Ты праўда бачыў яго? — спытаў Белавалод.
— Як цябе бачу, палачанін, — прысеў на кукішкі Лют. — У вадзяніка зялёныя вочы і сіняватыя валасы. Ён умее смяяцца, як малое дзіця.
— У рацэ Менцы, каля якой я жыў, не было вадзянікаў, — уздыхнуў Белавалод. — I ў Свіслачы не было. Напэўна, у нас халаднейшая вада. Каб я ўбачыў вадзяніка, я выкаваў бы яго з жалеза або медзі.
— Ты каваль? — нечакана ўзрадаваўся Лют.
— Я — залатар. Умею працаваць з металам. У Менску я быў унотам, а потым сам трымаў майстэрню.
— Шчаслівы ты, — дакрануўся да ягонай рукі сваёй цёплай рукою Лют. — А я ўмею толькі зямлю араць і ў сечы біцца. Мала для чалавека такога ўмення.
— Чаму ж мала? — не згадзіўся Белавалод. — Усё жывое з зямлі жыве. А сечы былі да нас і пасля нас будуць.
— Можа, некалі і не будзе іх, — задумліва прамовіў Лют.
Скончыўся дождж. Святлынь пабегла па небе. Чорны лес і чорная зямля дыхалі на поўныя грудзі. У суседнім будане спрасоння заплакала дзіця.
— Не плач, засні, малюта мой, — ласкавым ціхім голасам сказала маці, і Белавалод пачуў гэтыя словы. Моўчкі ўзняўся, пайшоў да сябе Лют. Спалі, скруціўшыся абаранкам, ганцы. Спалі гарады і весі. Спалі паганцы і хрысціяне. Спалі угры і ляхі, полаўцы і рамеі. Спалі князі і халопы. Спалі з вянкамі на галовах юныя прыгажуні пасля хмельных вясёлых застолляў. Спалі ў катавальнях вярыжнікі з крывавымі рубцамі на спінах. Іхнія каты таксама спалі. Хто мог не спаць у такую ноч? Толькі дужа пакрыўджаныя. Толькі дужа шчаслівыя. Толькі ваўкалакі. Мог не спаць, калі верыць людскому казанню, князь полацкі і кіеўскі Усяслаў. Вунь срабрыста-шэрае воблака мільганула над начнымі дрэвамі. Можа, гэта ён імчыцца ад Полацка да Тмутаракані?
«Засні, малюта мой»,— усё яшчэ гучалі ў душы ціхія ласкавыя словы. Яму, Белавалоду, ніхто і ніколі не скажа такіх слоў. Жьіць яму на зямлі маркотнікам аж да самага скону. Ён думаў пра гэта, пакутаваў, не згаджаўся з такімі думкамі і нарэшце заснуў.
— Хочаш, пакажу вадзяніка, — падышоў раніцою Лют. Вочы ўсмешлівыя, твар свежы, вымыты лясной расой. Белавалод моўчкі зірнуў на дубовы цурбан, які незварушным вепруком драмаў ля нагі. Лют прынёс малаток, абцугі, невялічкае кавадла, вызваліў ягоную нагу.
— Вядзі, — сказаў Белавалод.
Сонца пачынала ружовіць небасхіл. У полі і ў лузе ўжо даўно гулялі залатыя цёплыя промні, а тут, у лясным гушчары, толькі лёгкая чырвань ззяла над дрэвамі. Лют крочыў наперадзе, і сонца бачылася яму Ярылам, сінявокім малайцом на белым кані, у белай адзежы. Ездзіць Ярыла па нівах, у адной руцэ — чалавечы чэрап, у другой — пук пшанічных каласоў. Дае Ярыла жыццё ўраджаю, а яшчэ дае мужчынскую сілу, распальвае страсць у чалавечым целе.
Белавалод шыбаваў следам за Лютам і адчуваў, як знікае, нібы чорт з бурага балота, начны сум. Усё наўкол было такое светлае, абяцаючы зыркі залацісты дзень з мяккай пяшчотай сонца.
Сіняй спінай бліснула між дрэў возера. Лясныя звяры напрабівалі сцежак у густой траве. Лют упэўнена, але асцярожна, бясшумна пайшоў на зялёны мысок, што ўтыркаўся ў возера. Шапка белага туману ляжала на нерухомай вадзе. Ранішні ветрык падшавельваў яе, гнаў, як кавалак лёду, у чараты на супрацьлеглым беразе.
Лют правым каленам апусціўся на мяккую дрыгвяністую зямлю. Белавалод прысеў на кукішкі побач з ім. Ласкаваўся, блішчаў пад ветрам і першымі сонечнымі промнямі чарот на тым баку. Вялізная грузная птушка ўспырхнула са свайго начнога сядалішча, нізка паляцела над вадой. Шырокія доўгія крылы былі светла-рудымі.
Раптам пасярэдзіне возера ўскалыхнулася вада, пайшла кругамі ў бакі. Можа, буйная рыбіна ўдарыла хвастом, а можа (і Белавалоду так падалося), птушка, узлятаючы, шкрабанула паверхню вады моцным крылом. У гэты міг пук сонечных промняў ярка вырваўся з-за лесу, пракалоў ранішні змрок, успыхнуў залатой плямаю на вадзе.
— Бачыш? — усхвалявана зашаптаў Лют. — Ён выходзіць з возера... Па пояс ужо выйшаў... Валасы сінія... Вада цячэ па валасах...
Залатая рухомая пляма нясцерпна ззяла на возеры. Сонца, вывальваючыся з-за лесу, пасылала туды ўсё новыя і новыя промні. Аж вочы адбіраў зіхоткі бляск.
— На левым плечуку ў яго водарасці, — шаптаў Лют. — Напэўна, таптун-трава... Так і льецца вада з валасоў... Нечага спалохаўся... Глядзіць у наш бок... Нырнуў пад ваду. Усё. Не будзе яго сёння болей... Цябе пачуў, хрысціяніна.
Белавалод глядзеў да рэзі ўваччу і стараўся не дыхаць. Сонечная пляма на сіняй вадзе патухла. Здавалася, возера заплюшчыла вока.
— Яны раней смялейшыя былі, — горача загаварыў Лют, узняўшыся на ногі. — Русалкі на бераг выходзілі. Лесавічок на самы верх сасны залазіў і там рагатаў, аж іголкі сыпаліся. Як пачнуць, бывала, спяваць, танцаваць, асабліва ў навальніцу. А ты бачыў вадзяніка? — раптам спытаў ён.
— Бачыў, — павагаўшыся, няўпэўнена сказаў Белавалод.
— Яны папоў і чарнарызцаў баяцца, бо за попрышча кадзілам і ладанам ад хрыстоў смярдзіць, а гэта пах нябожчыкаў. Вадзянікі і русалкі любяць, калі мятай пахне.
Лют крочыў побач з Белавалодам, і шчасцем свяціліся ягоныя сінія вочы, і мядовы пах сплываў з вяршыняў бортных дрэў.
Атрымаўшы ад Усяслава зброю, пакінуўшы ў лесе дзяцей, жанчын і нямоглых, рушыла паганская раць на злучэнне з воямі кіеўскага князя. Вершнікаў не было. Ішла адна пяхота з коп'ямі і рогвіцамі, з мячамі і булавамі, трымаючы ў руках скураныя і драўляныя чорныя шчыты. Здавалася, чорная вужака выпаўзае з хмурых пушчаў у чысты, заліты сонцам стэп. Выйшлі з лясоў, і ў вочы ўдарыла яраснае сонца. Паганцы зажмурыліся напачатку, але адразу ж заўсміхаліся, павесялелі, бо сам Ярыла вітаў іх з нябёсаў.
Белавалод ішоў праваруч ад Люта. Яму далі шлем, скураны шчыт, шырокі жалезны нож і баявую сякеру.
Белабог... Чарнабог...
Камень... Мох, —
заспявалі паганцы, і Белавалод заспяваў разам з усімі. Суровая, шурпатая песня накочвалася на стэп.
На ўмоўленым месцы іх ужо чакаў вялікі кіеўскі князь з дружынаю і гарадскім апалчэннем. Усяслаў цвёрда сядзеў на вогненна-рыжым шыракагрудым кані. На ім была кальчуга з тоўстых кляпаных кольцаў, пад кальчугаю чырвоная пакаленная кашуля. На галаву Усяслаў надзеў бліскучы жалезны шлем з кальчужнай сеткай-барміцай. На поясе ў яго вісеў доўгі цяжкі меч, асвечаны яшчэ ў полацкай Сафіі. Гэты меч уручыў князю пасля выбаўлення з поруба Раман.
Усяслаў пад'ехаў да старога Белакраса, які з непакрытай сівой галавою стаяў на чале паганскай раці. Адзіная зброя была ў мячэтніка — у дзясніцы ён сціскаў доўгі дубовы кій, вымачаны ў туравай і мядзведжай крыві, а потым высушаны, абсмалены на вогнішчы, у якім спалілі чалавечыя косці. Наканечнікам кія быў востры абточаны зуб з жалезнага каменя, што навальнічнай ноччу ўпаў з нябёсаў.
Праз плячук Белакрас, як і заўсёды, перакінуў рысіную шкуру. Гэта быў ягоны шчыт.
— Будзь здароў, ваявода, — гучна, каб пачулі ўсе, сказаў Усяслаў, злез з каня, абняў Белакраса.
— Будзь здароў і ты, вялікі князь кіеўскі, — спакойна прамовіў Белакрас. Але ў голасе старога мячэтніка віравала хваляванне. Вельмі адказнае і няпростае рашэнне прыняў ён, вывеўшы сваю раць зпушчы.
— Разам пойдзем? — пранізліва глянуў на яго Усяслаў.
— Разам.
— Ну то й добра.
Усяслаў лёгка ўскочыў на каня, памчаўся туды, дзе, ззяючы даспехамі і мячамі, разварочваліся вершнікі. Радасць распірала грудзі. Зноў ён у сядле, зноў разам з дружынаю шукае зменлівае баявое шчасце. У паход Усяслаў узяў Барыса і Расціслава. Няхай побач з бацькам вучацца праліваць сваю і варожую кроў. Пад аглушальныя крыкі ўсяго войска ляцеў ён на кані і ўспамінаў сябе, белавалосага хлопчыка-малалетка, у далёкі дзень падсцягі [Падсцяга — абрад пасвячэння ў воіны]. Ягоны бацька, князь Брачыслаў, у той незабыўны дзень паклаў перад ім на зямлю аголены меч, пасадзіў сына на каня і правёў каня перад усёй дружынаю. Воі крычалі «Рубон!», грукалі мячамі аб шчыты. Ён уздрыгваў, упіваўся пальцамі ў конскую грыву. Пярэстая сакавіцкая зямля ішла кругам. Сонца спальвала на полацкіх узгорках снег. У той дзень уручылі яму зброю, каня і войскую славу.
Белавалод крочыў поруч з Лютам. Пад тысячамі ног пагрозна гуў стэп. Сухі пыл узвіваўся ўгору, плыў над людзьмі, як рыжы лісіны хвост. Ад задухі цвярдзелі вусны, ільсніўся на шчоках пот. Заціхла песня. Трывожна і жалобна звінела жалеза. Шархацела зламаная конскімі і чалавечымі нагамі трава. Полаўцаў перадавыя дазоры яшчэ не бачылі, але па ўсім ужо адчувалася, што стэпнякі блізка. Набліжалася крывавая сеча, а разам з ёю для шмат якіх людзей, што маўкліва ішлі пад гарачым сонцам, смерць. Чалавек, паганец ён быў ці хрысціянін, стараўся не ўспамінаць пра яе. Тысячы аднародцаў былі наўкол, і чаму палавецкая страла або шабля ў гэтым шчыльным людскім частаколе павінны былі адшукаць менавіта яго? Кожны верыў у сваю ўдачу, а хто не верыў, моўчкі ішоў разам з усімі, развітваючыся ў думках з жыццём. Цішыня навісла над стэпам, над войскам. Здавалася, ідуць тысячы нямых, безгалосых. Нават коні вершнікаў, як бы зразумеўшы стан людзей, не храшіі, не ржалі, толькі нервовы мільготкі бляск быў у конскіх вачах. Некалькі воблакаў шіыло над стэпам. Усе раз-пораз насцярожана і трывожна глядзелі на іх, і амаль усім у снежна-белай тоўшчы гэтых воблакаў бачыўся злавесны чырвоны агонь.
Белавалод пазіраў на воблакі, сціскаючы ў руцэ баявую сякеру. У халоднай тузе заходзілася сэрца. Як добра было б зараз ісці сярод сваіх, побач з Ядрэйкам і Раманам. Вясёлы рыбалоў, пэўна б, не даў засумаваць нават на імгненне да смерці. А ў гэтых паганцаў такія суровыя твары. Аб чым яны думаюць? Пачнецца сеча, і яны разбягуцца, пакінуўшы яго, Белавалода, пад капытамі палавецкіх коней.
Усё шырэй расхінаўся, разгортваўся стэп. Лазуркавая далячынь была пустыннаю. Ні чалавека, ні каня. Дзе тыя полаўцы?
На кургане ўбачылі каменнага пласкатварага ідала. Стаяў, паклаўшы тонкія рукі на пупок, і глядзеў туды, адкуль узыходзіла сонца. Паганцы, як і Белавалод, упершыню былі ў стэпе. Лясных людзей уражвала бясконцасць нічым не прыкрытага небасхілу. Яны быццам апынуліся ў хаце, дзе вецер здзёр страху, у хаце без акон, без дзвярэй. Не было за што зачапіцца воку, і ўсе нават абрадаваліся пласкатвараму ідалу.
— Як наш Пярун, — ціха сказаў Лют.
— Пярун прыгажэйшы і мацнейшы, — адразу запярэчыла некалькі паганцаў.
Курган быў свежы, толькі што насыпаны, яшчэ не ўзяўся травою. Пэўна, зусім нядаўна памёр ад старых гадоў або напароўся ў сечы на варожую стралу палавецкі хан.
Зноў затрымцела цішыня, трывожная і гняўлівая. Каб збіць яе, каб стрэсці стому з ног і вачэй, паганцы заспявалі. I раптам, як з-пад зямлі, вылецела з-за кургана палавецкая конніца, і тысячароты крык абрушыўся на стэп. Гэта было так нечакана, што многія пачалі церці кулакамі вочы — ці не сон убачыўся? Паганская раць у разгубленасці спынілася. Полаўцы, прыўзняўшыся ў страмёнах, нацягвалі свае страшныя лукі. Белавалод ледзьве паспеў прыкрыцца пгаытом. Крокі за тры ад яго ўпаў на сухую траву паганец і, курчачыся ад болю, спрабаваў дзвюма рукамі выцягнуць з жывата стралу, пакуль не спусціў дух.
— Горача будзе, — весела сказаў Лют. — Хопіць работы сёння маёй дубіне. Калі злы бываю, семярых забіваю.
Полаўцы ўдарылі па самым цэнтры паганскай раці, там, дзе ішоў прлк Перуна. Полк Белага Бусла быў на левым краі, полк Чорнага Бусла — на правым.
Як толькі пасыпаліся першыя стрэлы стэпнякоў, ваявода Белакрас даў знак, і полк Перуна расступіўся, прапускаючы наперад баявых сабак. Гэта былі магутныя пушчанскія псы-ваўкадавы са скуранымі нагруднікамі і наспіннікамі, з бронзавымі званочкамі на шыях. Перад паходам іх не кармілі, толькі далі крышку падсоленай вады. Голад, спёка, палавецкая конніца, што з грукатам і лямантам імчалася па стэпе, давялі сабак да шаленства. Маладыя хлопцы-павадыры спусцілі іх са шворак, і раз'ятраныя псы з адчайным брэхам рынуліся насустрач коням. Вось пярэдні, цёмна-руды, падхлябісты, падскочыўшы, з налёту ўпіўся зубамі ў конскую пысу. Дд болю і жаху конь грымнуўся на калені. А сабакі вырывалі гарачае мяса з конскіх сцёгнаў, кусалі полаўцаў за ногі. Некаторым, хто ўпаў з каня, ужо дабраліся да горла.
— Ату! Ату! — крычалі паганцы. Лют, заклаўшы пальцы ў рот, прарэзліва свістаў. Нечаканыя чатырохногія ворагі, якія не баяліся смерці, ашаламілі полаўцаў. Стэпнякі збіліся ў велізарны клубок, чапляліся страмёнамі, страцілі перавагу ў хуткасці. Ваявода Белакрас высока ўзняў дубовы кій з жалезным наканечнікам, трасянуў ім, і паганскія пешнікі з усяго маху наваліліся на полаўцаў.
— Пярун! Пярун! — загрымеў баявы кліч паганцаў. Коп'і і рогвіцы шукалі чалавечае цела. Кісцяні і дубіны абрушыліся на чарапы. Белавалод біўся побач з Лютам. Полавец, размахнуўшыся, хацеў паласнуць Люта крывой шабляй, але Белавалод збоку сваёй сякераю ўдарыў стэпняка па руцэ. Той войкнуў, зваліўся пад каня. Лют ярка-сінімі вачамі ўдзячна ўсміхнуўся Белавалоду і магутным ударам дубіны выбіў з сядла яшчэ аднаго стэпняка. Плячо ў плячо ішлі яны побач па крывавай зямлі паміж крыкаў, енкаў, пракляццяў, адчайнага конскага ржання, сабачага брэху, паміж свісту мячоў і шабляў, выварочваліся з-пад яраснай варожай рукі, засланяліся шчытамі, білі направа і налева сякерай і дубінай, пераступалі цераз трупы і толькі час ад часу кідалі кароткі позірк наўкол — ці жывы паплечнік, ці стаіць на нагах?
— Добра пайшоў ваявода, — сказаў вялікі князь Усяслаў. — Збіў рог Шарукану. Зараз і мы адсячом адзін рог.
Ён узняў меч. Хрыпла затрубілі трубы, ударылі бубны, вышэй узвіліся сцягі.
— Сафія і Русь! — закрычала гарадское апалчэнне кіян. Іхняя конніца пачала ахопліваць полаўцаў злева, адсякаючы стэпнякоў ад падножжа кургана. 3 нецярпеннем глядзеў Усяслаў на правы фланг свайго войска, дзе стаялі палачане і ворагі Торда. Велізарнае воблака пылу, узбітае коньмі і людзьмі, перашкаджала ўбачыць, што робіцца там. «Ну давай, давай!» — у думках падганяў ён Рамана. Вельмі хацелася вялікаму князю, каб палачане, гордасць ягоная і слава, і ў гэтай злой сечы паказалі сябе.
— Рубон! — пакацілася адтуль. — Рубон!
Пачуўшы баявы кліч сваёй радзімы, Усяслаў усміхнуўся, ударыў каня цвёрдымі абцасамі скураных ботаў. Сыны памчаліся за бацькам.
— Рубон! — радасна закрьгааў Расціслаў.
Полаўцы апынуліся ў мяшку. Як адрэзаная ад сваёй нары, смяротна параненая ліса, яны кружыліся ля падножжа кургана, кідаліся туды-сюды, але скрозь іх сустракала жалеза. Пусцелі калчаны. Валіліся з аслабелых рук шаблі. Зняможана хакалі коні. А русічы наступалі, ішлі напралом з усіх бакоў. Раз'юшаны Шарукан пагнаў у атаку конніцу хана Калатана. Прыморскія куманы з гікам рынуліся на коп'і і мячы русічаў. Калатан, прыпаўшы да потнай шыі скакуна, махаючы шабляй, нёсся наперадзе. У прахалодным шатры чакала яго Агюль, жаданая, нябеснавокая. «I ўсё-ткі, Гіргень, я зрабіўся ханам, я!» — крычаў у ім нейкі пранізлівы ярасны голас. Пад пярэднімі нагамі ў каня Калатан заўважыў вялізнага пса з пераламаным хрыбетнікам. Пёс, высунуўшы ружовы язык, пакутліва канаў. «Як Гіргенеў пардус», — успомніў Калатан. «Чаму я сёння так часта ўспамінаю старога Гіргеня?» — адразу ж трывожна падумалася яму, і ў гэты міг конь, няўдала пераскокваючы цераз пса, зламаў нагу, рухнуў на зямлю. Калатана выкінула з сядла. Ён ляцеў проста на русіча, шэравокага, русавалосага, які сціскаў у руках чырвоную ад крыві сякеру.
Белавалод не ўстаяў на нагах, упаў. Полавец быў шыракаплечы, дужы, ад яго пахла кізяковым дымам, конскім кіслым потам.
Размахнуцца зброяй не было як, і яны пачалі давіць адзін аднаго рукамі. Белавалод бачыў над сабой смугла-жоўты твар, чорныя пранізлівыя вочы. Ён спрабаваў выхапіць з похваў нож, але Калатан, наваліўшыся ўсім целам, не даваў дыхнуць, лез жалезнымі пальцамі да горла. «Нас коні растопчуць», — з адчаем падумаў Белавалод і ўявіў, як цяжкія вострыя капыты будуць праломваць ягоную грудзіну. Гэта надало сілы, ён з вялікай натугаю, ад якой пацямнела ўваччу, разламаў замок пальцаў, што ўжо сыходзіліся на кадыку. Полавец глуха ўскрыкнуў, сашчэрыў зубы, сухім локцем ударыў па твары.
— Лют! — паклікаў Белавалод, бо адчуваў, што набліжаецца ягоны карачун [К а р а ч у н — бог смерці ў старадаўніх беларусаў]. Усяго некалькі імгненняў валтузіліся яны, а здавалася, прайшла вечнасць. Лют у адзін скок развярнуўся, ляснуў цяжкой дубінай па загрыўку полаўцу, крыкнуўшы:
— Не лезь, жаба, дзе коней куюць!
Калатан адразу спусціў дух. Ужо калі душа ягоная вылятала з цела, убачыўся яму Гіргень. Стары хан, на нейкі міг выплыўшы з чырвонага змроку, хітравата падміргнуў Калатану.
Тым часам сеча разгаралася. 3 абодвух бакоў падалі людзі, але полаўцаў падала значна болей. Хан Шарукан бачыў гэта і ў вялікай злосці біў сябе нагайкай па калене. Калена зрабілася як драўлянае, не адчувала болю, бо нясцерпны боль грыз дупіу — Русь вынішчала цвет ягонай арды. Нарэшце полаўцы не вытрымалі, шуганулі хто куды. Некалькі соцень коннікаў ірвануліся намётам цераз курган, у спешцы не дужа выбіраючы дарогу. Ідал здзіўлена глядзеў на перакошаныя жахам і нянавісцю людскія твары. Куды яны ўсе так бясслаўна ўцякаюць? Той, што ляжыць пад ім, ніколі не паказваў ворагам конскі хвост. I хіба можна, аслепшы ад страху, таптаць магілу аднародца? А стэпнякі бязладнай гурбою імчаліся цераз курган. Вось нечы конь шырокімі грудзямі ўдарыўся аб ідала, спатыкнуўся, з усяго маху грымнуўся вобзем, падмінаючы пад сябе седака. За ім — другі. Ззаду напірала вялікая маса конніцы. Страшная сіла выбіла, вырвала ідала з сухой зямлі, і ён лёг побач з коньмі і людзьмі.
— Слава вялікаму князю! Слава Чарадзею! — крычаў увесь стэп. У кожным сэрцы бушавала незвычайная радасць. Кіяне і палачане, паганцы і варагі-находнікі радаваліся, што перамаглі і адолелі ў лютай сечы. Параненыя цягнулі да князя рукі, таксама крычалі славіцу. Толькі мёртвыя маўкліва глядзелі ў неба, і ўжо чорная муха небыцця садзілася на бледную шчаку.
Усяслаў разам з сынамі ўз'ехаў на курган, дзе ляжаў ідал, шырока махнуў мячом, пакланіўся ў пояс войску.
— Дзякуй вам, адважныя воі. Слава вам за мужнасць вашу. Глянем на тых, хто ўжо не ўстане з тлену, і скажам: ідзіце з мірам да дзядоў-прадзедаў, раскажыце ім, што наша зямля жыве, што ёсць у нас грозны меч і моцнае плячо. Жьівыя, збірайце мёртвых. I яшчэ вось што я хачу сказаць. Я — крывіцкі князь, полацкі князь. У нас, крывічоў, ёсць такі звычай — за ворагам, які бясслаўна ўцякае з нашай зямлі, мы пасылаем пагоню, каб люты звер не дапоўз да сваёй нары. Пакуль гарачыя нашы мячы, пакуль хоча бітвы рука — у пагоню! Ён узвіў на дыбкі каня.
— Ў пагоню! — крыкнула войска, ударыўшы ў шчыты. Вершнікі памчаліся за вялікім князем.
— Ты выратаваў мяне, — падышоў Белавалод да Люта і паклаў яму руку на плячо.
— А ты мяне, — усміхнуўся Лют. — Памятаеш, як зваліў сякерай стэпняка?
Збіралі мёртвых. Паганцы збіралі сваіх, варагі і хрысціяне — сваіх. Аднолькавай смерцю загінулі яны, але рознымі дарогамі павінны былі пайсці туды, адкуль не вяртаюцца. Ваявода Белакрас загадаў пакласці сваіх нябожчыкаў на вогнішча і спаліць. Хрысціяне павінны былі завезці мёртвых у Кіеў, адпець у Сафіі, а потым аддаць іхнюю плоць зямлі. Для ворагаў жа труною быў човен, на якім па бурлівых водах плаваў кожны, хто быў сынам далёкай паўночнай зямлі.
На кургане ўбачылі ідала. Хтосьці з паганцаў здзіўлена крыкнуў:
— Каменная баба!
Ідал, безгалоса лежачы на спіне, гледзеў у неба. У позірку была туга. Накінулі яму на шыю вяроўку, пацягнулі да ваяводы. Белакрас доўга маўчаў, потым сказаў:
— Быў ён кумірам у стэпнякоў, але яны не здолелі абараніць яго. Нясіце камень у нашу пушчу.
3 вялікай радасцю вярталіся ў Кіеў. Усяслаў з конніцай памчаўся пагоняю з Шаруканам, а ўсе пешнікі, па звычаю дзядоў пастаяўшы дзень на полі сечы, «на касцях», левабярэжжам Дняпра рушылі дадому. Дзянніца гарэла над зямлёй, ранішняя зара, якую рамеі называюць Аўрорай. Хрысціяне і варагі везлі сваіх нябожчыкаў. У паганцаў мёртвых ужо не было — дымам пайшлі ў зорнае неба.
Напачатку хмель перамогі, якую здабылі агульнай крывёю, зрабіў усіх братанічамі. Добра было ісці адной дарогай і адчуваць побач мяккую чалавечую душу. Белавалод бачыў, як радуецца Лют. I ўсе астатнія паганцы былі як дзеці — смяяліся, шмат гаварылі, маладзейшыя нават барукаліся адзін з адным, схапіўшыся накрыж, уюнамі круціліся ў траве і пяску. Некаторыя дзьмулі ў свісцёлкі, білі ў бубны, ігралі на гудках. Ваявода з лагодным ружовым тварам крочыў паперадзе раці. Вецер узвіваў доўгія сівыя валасы, рысіную шкуру на плячы.
Але чым глыбей уваходзілі ў абжыты земляробчы край, дзе спрадвеку сядзела Русь, дзе густа мясціліся вотчыны кіеўскіх баяр, княжых людзей, тым болей чорных вужак прапаўзала між хрысціянамі і паганцамі. Хрысціяне ўзнялі харугвы з выявай Хрыста, заспявалі святыя псалмы. Усе глядзелі на бледныя суровыя твары нябожчыкаў, якіх яны везлі з сабою, запаліўшы над кожным свечку. У паганцаў жа мёртвых не было, і гэта раз'ятрыла ўсіх, хто бачыў іхнюю раць, асабліва жанчын.
— Пяруннікі ідуць! Машэкі! — неслася адусюль. — Прэч у балота, антыхрысты рагатыя!
Дзеці кідаліся гразёю, плявалі, паказвалі старому Белакрасу язык. Тут, у багатых баярскіх вотчынах побач са стольным Кіевам, ужо цвёрда ўкаранілася новая вера і хрысціянамі былі не толькі баяры-мнагаімцы, але і халопы, смерды, ратайныя старасты, канюшыя і пастухі.
— Булыгу нясуць, — паказваючы пальцамі на палавецкага ідала, смяяліся жанчыны і дзеці, а потым з лютай злосцю крычалі:
— Прывяжыце гэты камень на шыю казлу, які ідзе паперадзе вас, і кіньце смярдзючага казла ў вір!
Ваявода чуў усе абразы і знявагі, сурова хмурыў бровы. Паганская раць таксама ўсё чула, заціхла, як пяску ў рот набрала. Толькі Лют не вытрымаў, падбег да бацькі, чырванеючы ад гневу, горача загаварыў:
— Вось як нас сустракаюць. Мы для іх — звяры. А мы ж пралівалі кроў, за іхніх дзяцей пралівалі. I пасля гэтага ты яшчэ верыш хрыстам? Пайшлі ў лес, пайшлі ў дрыгву, толькі б не бачыць і не чуць такое!
Белакрас моцна сціснуў свой кій, аж костачкі пабялелі на пальцах, сказаў Люту:
— Вось на дарозе пясок — заляпі ім вушы. Вось дзядоўнік — сарві ліст і закрый вочы. Але ідзі ў Кіеў. У Кіеў, разумееш? Там мы павінны пачуць слова вялікага князя Усяслава і слова кіеўскага веча. Усяслаў, ты сам чытаў ягоны пергамен, кляўся, што роднымі дзецьмі Русі будуць і хрысціяне, і паганцы. Князеў пергамен я нясу з сабой.
Ён правёў сухой загарэлай рукою па грудзях. Там, пад белай ільняной кашуляй, быў пергамен, ваявода прыкруціў яго да цела бічоўкай.
— I ты паверыў Усяславу? — горка ўсміхнуўся Лют. — Яшчэ ў нашым лесе я казаў табе і казаў усім, што нас падмануць, як дурных барсукоў. Кіеву патрэбна была наша сіла, наша кроў, а Перуна, якому мы пакланяемся і служым, хрысты даўно пасеклі на дровы. Хіба дазволяць яны, каб побач з Сафіяй зноў устаў Пярун? Рака не цячэ назад, бацька.
— Я не хачу, каб твае будучыя дзеці, а мае ўнукі, жылі ў балоце, у дрыгве, — стомленым голасам сказаў Белакрас. — Чалавек не вавёрыца, не залезе ў дупло.
— Але князь і баяры не аддадуць табе і тваім унукам свае залатыя палаты.
— Навошта мне палаты? Я — смерд, — строга зірнуў на сына Белакрас.
— Ім і смерд патрэбен хрысціянін, каб іхняга Бога баяўся, — горача загаварыў Лют. — Яны аднолькава моляцца, але не аднолькава п'юць і ядуць. Баяры жывуць па горла ў срэбры, купаюцца ў мёдзе, а смерд і смердавы дзеці грызуць лебяду.
— Так было і пры Перуне, — перапыніў сына ваявода.
— Не пойдзем у Кіеў, — пачаў прасіць яго Лют. — Не хачу я туды ісці.
Ён разануў сабе далонню па горле, умольна глянуў на бацьку.
— Пойдзем, — цвёрда сказаў Белакрас.
— Дык, можа, і ты хрысціянінам хочаш зрабіцца? — пакутліва чырванеючы, раптам спытаў Лют. Усе, хто чуў гэта, анямелі. Белакрас ударыў сына кіем па плячы:
— Шалудзівы пёс! Так ты бацьку свайго шануеш? На калені!
Лют адразу стаў на калені, змізарнеў.
— Дзеці Перуна! — закрычаў Белакрас, узмахнуўшы кіем. — Слухайце мяне! Ніхто не скажа, што ў сечы мы хаваліся за чужыя спіны.
— Ніхто, — адабральна загулі паганцы.
— Мы ідзём у Кіеў. Вялікі князь Усяслаў абяцаў нам сваю абарону перад вечам і баярамі. Годзе нам жыць у сваіх норах! Мы не сляпыя краты і не палявыя мышы. Мы — людзі.
— Людзі! — загрымела паганская раць.
— Праўду кажуць: у голад намруцца, у вайну налгуцца. Калі вялікі князь салгаў, падмануў, не будзе яму даравання ні на гэтым свеце, ні на тым. Не будзе ён спакойна спаць і смачна есці, абдымаць жанчыну і гладзіць дзіця. Немач возьме яго. Вось у мяне князеў пергамен!
Белакрас ірвануў на грудзях бічоўку, высока ўзняў над сабой пергамен з віслай пячаткай. Усе глядзелі на светла-жоўты скрутак.
— Вядзі! — закрычалі ўсе. Стары зморшчаны паганец з меднай завушніцай у левым вуху падбег да Белакраса, папрасіў:
— Ты дужатка не гневайся, ваявода, на Люта.
— Што ты губамі мамыліш? — раззлаваўся Белакрас і, не зірнуўшы на паганца з меднай завушніцай і на Люта, не па-старэчаму хутка пакрочыў наперад. Павесялелая раць рушыла за ім. Зноў у руках у паганцаў ажылі бубны, свісцёлкі і гудкі.
Белавалод падышоў да Люта, пагладзіў яго па галаве. Лют глянуў вачамі, поўнымі слёз, устаў, моўчкі паплёўся за раццю. Яны ішлі побач, і Белавалод адчуваў, як залівае сэрца пяшчота да гэтага суровага, прыгожага і сумленнага хлопца. Ён, як і ягоныя аднаверцы, жыве ў дрымучай пушчы, у холадзе і нястачы, жыве жыццём травы, якую топчуць і косяць, але не здраджвае сваім багам. Хто даў яму такую сілу? Хто яму даў цярпенне? Лягчэй за ўсё назваць яго цёмным і неразумным, назваць валом, што ў сваім стойле не хоча ўзняць галаву і глянуць на высокае сонечнае неба, якое бачна ўсім. Але хто такія — усе? I хто такі — я? Ці здолеў бы я, як гэты Лют, пакутаваць за сваю веру, за веру сваіх бацькоў? Калі б мяне пацягнулі ў вір або на гарачае вуголле, залямантаваў бы я, заплакаў бы, адмовіўся б ад сваіх святынь, ратуючы белую скуру і жыццё? Ды ці ёсць у мяне тыя святыні? Я хрысціянін, бо ўсе наўкол зрабіліся хрысціянамі. Заўтра прыйдуць іудзеі, і я зраблюся, як і ўсе, іудзеем. I буду праслаўляць іудзейства, буду маліцца Іегове. Хто ж я? Самы верхні, самы лёгкі слой глебы, які хоча ўвабраць у сябе як мага болей сонца, але вельмі хутка змываецца навальнічнымі ручаямі. Пада мной, пад падобнымі мне ляжаць валуны. Іх мала. Іх шукаюць, каб пакласці ў падмуркі княжых палацаў і святых храмаў, ведаючы іхнюю трываласць. Іх разбіваюць, расколваюць на часткі, бо яны занадта вялікія. Агонь і молат абрушваюць на іх, але дарэмна. Вялікую сілу дала ім зямля, і сіла гэта непадуладная нават жалезу.
Вось ён крочыць каля мяне, сын лясоў, паганец. Хто з нас шчаслівейшы — я ці ён? Святары ў Полацку, Менску і Юеве кажуць, што ў яго сляпая душа. Патрыярх Іяан Ксіфілін, які сядзіць у Царградзе, у рамейскай зямлі, праклінае яго. Папы і манахі, бяльцы і чарняцы ідуць на яго з крыжам і ладанам. Ён — прамень учарашняга сонца, якое ўжо адгарэла і ніколі болей не ўзыдзе. Але ён, як бачу гэта ў ягоных вачах, шчаслівы. Трава і вада, зямля і вецер, маланка і лясны матылёк, дрэва і мох кожны дзень апавядаюць яму такое, пра што я ніколі не пачую і не даведаюся.
— Што ты так на мяне глядзіш? — здзіўлена спытаў Лют. Белавалод уздрыгнуў, разгубіўся, апусціў вочы.
Радасна сустракаў стольны Кіеў сваё апалчэнне. Каля Залатой брамы тысяцкаму Кандрату веча падвяло белага каня. Пад крык і здравіцы кіян сеў Кандрат на каня і ўехаў у горад.
Паганская раць увайшла ў Кіеў праз Лядскую браму. Ім таксама крычалі, але цішэй і не ўсе. Ваявода Белакрас паслініў палец, разгладзіў пальцам калматыя бровы, строга пазіраючы перад сабою, павёў паганцаў да Сафіі. I ніхто не ведаў не здагадваўся, як б'ецца ў старога мячэтніка сэрца, як раздзімае жылы кроў. Даўно ён марыў увайсці вось так разам са сваімі аднаверцамі ў стольны горад, нікога не баючыся, адкрыта, сярод белага дня. Ён, у адрозненне ад Люта, ужо зразумеў, што хрысціяне і іхні Бог моцна і ўчэпіста схапілі Русь за кадык, як сава хапае мыш-лясоўку. Князі з баярамі, прыраўноўваючыся да канстанцінопальскіх імператараў, да рамейскіх мнагаімцаў, канчаткова і беспаваротна абралі сваім Богам Хрыста. Грозны Пярун, якому прыносілі трэбы Святаслаў і Уладзімір, зрабіўся, сам таго не чакаючы, Богам бедных і цёмных. Калісьці ён быў са срэбнай галавой і залатымі вусамі, але ўсё меней золата на ягоных вусах, і некалі прыплыве дзень (Белакрас з вялікай тугою разумеў гэта), калі пад носам у Перуна будзе расці адзін балотны мох.
«Я прыйшоў, Сафія. Я прыйшоў, ненавісная», — у думках сказаў Белакрас, прыпыняючы сваю раць ля падножжа прыгожага высознага храма. Яна горда глядзела са сваёй зіхоткай недасяжнай вышыні. Побач з ёю паганец быў драбнюсенькай пясчынкай, мурашкай. «Куды ты дзела маіх багоў? Навошта ты прыйшла на маю зямлю з-за мора? Хіба мала было табе рамеяў, лацінян?» — «Мала, — быццам пачулася яму. — Я хачу ўвесь белы свет запоўніць сабою, хачу, каб мне пакланяліся ўладары і рабы». — «Але, ідучы шырокай і далёкай дарогаю, хоць вузенькую лясную сцяжынку пакінь маім старым багам». — «Не пакіну! Ты называеш багамі трухлявыя калоды, мярзотныя гнілякі, якія свецяцца ўначы!» Яна засмяялася пад аблокамі. I зноў цвёрда сказала: «Не пакіну». — «Я памру, — яшчэ больш змізарнеў мячэтнік. — Ты ж будзеш жыць доўга, але не вечна. У той дзень, калі і ты будзеш паміраць, успомні мяне, успомні майго сына Люта, успомні бедных і галодных, якіх твае служкі загаалі ў багну, у лясны дзікі гушчар. Тады ты даведаешся, што такое — слёзы». — «Я ведаю, — гняўліва гаворыць Сафія. — Маіх дзяцей, першых хрысціян, кідалі ў лапы крыважэрных звяроў, у вогнішчы». — «Чаму ж ты хочаш нашых слёз, ты, якая так горка плакала? Ага, я зразумеў! Ты лічыш нашы слёзы вадой, ты ўпэўнена, што мы не адчуваем болю, што баліць толькі табе. I не кажы, нічога мне болей не кажы. Я не хачу слухаць цябе».
Увесь гэты час паганцы пазіралі то на Сафію, свайго ворага, то на твар старога ваяводы. Усе разумелі, як цяжка зараз яму, і адчулі палёгку, калі ён, махнуўшы кіем, сказаў: «Пойдзем адсюль».
У чаканні вялікага князя Усяслава Белакрас вывеў сваіх людзей за гарадскую сцяну на Падол. Паганская раць спынілася на вечавай плошчы непадалёку ад торжышча. Расклалі вогнішчы, пачалі думаць, як накарміцца. Люта, Белавалода і яшчэ некалькі чалавек стары мячэтнік паслаў купіць мяса, хлеба і солі, бо небагатыя прыпасы ў час паходу скончыліся.
— А я думаў, кіяне нас будуць мёдам паіць са срэбных карчаг, — засмяяўся, калі ішлі на торжышча, Лют.
— Глядзі, каб не налілі ў рот гарачай смалы, — змрочна сказаў адзін з паганцаў.
На торжышчы, як і заўсёды, было людна і шумна. I тут здарылася нечаканае. Да Люта падбег вёрткі рыжанькі чалавечак, пранізліва глянуў светла-зялёным вокам і закрычаў:
— Гэта закуп [3акупы — залежныя людзі, якія бралі ў феадала пазыку і павінны былі яе адрабіць] баярына Ануфрыя, які ўцёк перад Калядамі! Я пазнаў закупа!
Усе, хто пачуў, азірнуліся на крык. Пабляднелы збянтэжаны Лют апынуўся ў шчыльным людскім коле, нават Белавалода адцяснілі ад яго. Вэрхал усчаўся, галас:
— Грышка зноў беглага закупа злавіў!
— Ужо другога!
— Атрымае за кожнага па шэсць грыўняў і каня купіць.
Шчаслівы Грышка, моцна ўхапіўшы Люта за руку, крычаў:
— Дзе цівун баярына Ануфрыя?! Вяжыце баярскага закупа!
Гэты нікчэмны непрыкметны чалавечак быў калісьці ганчаром. Але абрыдла ўсё жыццё круціць ганчарнае кола, і ён зрабіўся пераёмнікам. Калі халоп уцякаў ад свайго гаспадара, той на торжышчы аб'яўляў пра ўцёкі, і кожны, хто, пачуўшы такі заклік, даваў халопу хлеб, хаваў халопа або паказваў яму дарогу, па якой можна было выслізнуць ад пагоні, плаціў гаспадару віру ў шэсць грыўняў, як за мёртвага раба. Той жа, хто дапамагаў злавіць, пераняць уцекача, атрымліваў ад гаспадара ўзнагароду. У Кіеве было нямала пераёмнікаў, якіх сытна карміла такое рамяство.
Убачыўшы, як пабляднеў, разгубіўся Лют, Белавалод рынуўся яму на дапамогу. Ён схапіў рыжанькага Грышку за каршэнь, злосна прашаптаў:
— Зюкні хоць слова, заб'ю.
Ды гэтая пагроза не збянтэжыла пераёмніка. Не такое ён бачыў і чуў у сваім жыцці, брудным і слізкім, як восеньская дарога. Не адпускаючы Люта, Грышка заверашчаў:
— Забіваюць! Ратуйце, кіяне!
Белавалод стукнуў яго кулаком у падбароддзе, спрабаваў разам з Лютам прабіцца праз людскую сцяну. Але аплялі плечы, учапіліся ў крысо кашулі. Тады Лют, да якога нарэшце вярнуліся рухавасць і адвага, сказаў маладому паганцу:
— Бяжы да ваяводы Белакраса. Кліч нашых на дапамогу.
Той каўзануў, як вуж, між людзей, панёс да паганцаў злую навіну. Чалавек сто прыбегла разам з ім на торжышча. Хто з кіем, хто з каменем, хто з голым кулаком. Жалезную зброю ваявода забараніў браць.
— Дык гэта пяруннікі, нехрысці! — закрычаў натоўп. — Ах, гады паласатыя!
I пачалося касталомішча. Паміж кіян таксама нямала было такіх, хто маліўся і Перуну, і Хрысту, хто адным вокам глядзеў на Сафію, другім, на ўсялякі выпадак, на пустыя замшэлыя курганы, што засталіся пасля ідалаў, але зараз біліся за сваіх, за горад, супраць чужых, супраць балота. Толькі і чулася «гых» ды «вой-вой». Неўзабаве Грышка з крывавай юхай у носе папоўз па зямлі. Але Белавалоду таксама не пашанцавала. Падольскі бондар Ярамір, здаравенны чорнавалосы дзяцюк, выплюнуўшы выбітыя зубы, стукнуў яго дубовай цяжкой калатушкай па галаве. Зямля вывернулася з-пад ног. Нібы стаяў Белавалод на вялізнай мядзведжай шкуры і раптам шкуру гэтую моцным рэзкім рыўком выхапілі ўбок.
У гэты самы час Кацера, Ядрэйка і Гнеўны, ён жа Яфрэм, з варламавай сядзібы ішлі на торжыіпча. Кожны думаў пра сваё. Кацера хвалявалася за Рамана, які разам з вялікім князем Усяславам памчаўся пагоняю за полаўцамі. Яфрэм прыкідваў, як дагадзіць, яшчэ больш спадабацца маладой баярышні, каб праз яе, праз ейнага Рамана трапіць на вочы князю Усяславу і атрымаць такім чынам хоць кавалачак нейкай улады, бо без улады траціла сэнс жыццё. Рыбалоў пакутліва думаў, як паводзіць сябе з Гнеўным, з Яфрэмам. Але мяккае вясёлае сэрца было ў Ядрэйкі, і ён, адкінуўшы згрызоты, усміхнуўся, сказаў:
— Раскажу я вам, баяры вы мае дарагія, як я з лысінай сваёй ваяваў. Хочаце? Дык слухайце. Восенню, як халадэча прыцісне, дрэва ў лесе скідвае з сябе ліст, лысее, адным словам. Як стукнула мне ўсяго дваццаць сонцаваротаў, і я такім дрэвам зрабіўся — волас пачаў аблятаць. I невядома ад чаго — ці з вялікага розуму, ці з малой дурноты. Хаджу, як той лугавы адуванчык. А я ж чалавек жывакроўны, у мяне ўжо і жонка была. I вось я бачу, як гэта самая жонка моріпчыцца пачынае, не падабаецца ёй, што я з голай галавою. «Э, — думаю, — абдымай паветра, жанчына». I пайшоў да іудзея. Жыў у Менску іудзей Самуіл, разумны, як дзесяць маіх галоў. Расказаў я пра сваю бяду, і даў ён мне нейкую дужа смярдзючую зямліцу, пясок нейкі. «Маж, — вучыць, — галаву кожны дзень». Што ў той зямліцы было, не скажу, баяры вы мае дарагія, але што адвар са шкарлупіння зялёнага грэцкага арэха быў, ведаю — Самуіл сказаў. 3 канца лета аж да самай зімы мазаў, да Піліпаўкі. I вось чую — растуць!
— Растуць? — са смяшынкамі ў голасе запытала Кацера, глянуўшы на лысую Ядрэйкаву галаву.
— Растуць, баяры вы мае дарагія. Аж трашчаць. Пішчом лезуць. Адзін волас другога абганяе. I што дзіўнае — і чорныя, і рудыя лезуць. Чую нават, як яны шавеляцца.
Рыбалоў, захоплены сваім апавяданнем, спыніўся. Вочы ярка гарэлі. Прыпыніліся і Кацера з Яфрэмам.
— I што далей? — не вытрымала Кацера.
— Адалей тое, — зморшчыўся, быццам кінуў на зуб кіслюку журавіну, Ядрэйка, — што расці яны раслі, буялі, але толькі не на галаве. I на руках раслі, і на нагах, і на спіне, і на жываце завіваліся, і дзе толькі іх не было, але толькі не на лысіне. Пабег я да Самуіла, крычаць пачаў, кулакамі махаць, а ён кажа: «Ядрэйка, Ядрэйка, што я магу зрабіць? У цябе дужа хітрыя валасы».
Кацера весела засмяялася. Яфрэм толькі дзеля прыліку хіхікнуў, ды вочы былі халодна-строгія, глыбока сядзела ў іх насцярога.
— Вось так я, баяры вы мае дарагія, чупрыну гадаваў, — скончыўшы апавяданне, ляпнуў сябе далонню па лысым цемені Ядрэйка. I тут, падышоўшы да падольскага торжышча, убачылі яны жорсткую бойку кіян з паганцамі-лесавікамі. Некаторыя ўжо ляжалі на зямлі. Жонкі і дзеці з плачам вялі, цягнулі сваіх мужоў і бацькоў дадому. Але найбольш гарачыя вырываліся з рук родзічаў, зноў, ашалелью, кідаліся ў людскі гушчар, дзе ўзляталі і апускаліся кіі, мільгалі кулакі, зварочваліся набок насы.
— Божа мой, што тут робіцца? — усклікнула Кацера і раптам паспешліва ўзяла Ядрэйку за руку: — Глядзі, глядзі — ці не нашага чалавека пацягнуў вунь той доўгавалосы?
Якраз у гэты самы момант Лют, схапіўшы аберуч абмяклага Белавалода, цяжка ішоў праз натоўп. Светла-русыя валасы наліплі на лоб, пад вокам, як вялізная слівіна, быў сіняк.
— Белавалод! — прарэзліва закрычаў Ядрэйка і рынуўся да Люта: — Аддай нашага чалавека!
Лют няўцямна паглядзеў на разгневанага рухавага таўсцячка, які невядома адкуль з'явіўся перад ім, аблізаў сухія губы, сказаў:
— Ён наш.
I пайшоў далей. Але Ядрэйка ўчапіўся яму ў плячо:
— Аддай, звярыны сын, Белавалода!
Тут нехта з паганцаў, доўга не думаючы, саўгануў рыбалову пад дых кулаком. Ядрэйка пахіснуўся (у вачах закруціліся маленькія бліскучыя рыбкі) і цяжка сеў на пясок..

 

Колькасць прачытаўшых: 2361
Колькасць вогдукаў: 0

Напiсаць водгук:
Аўтар:
*E-mail:
*Назва:

Увядзiце код, які ўказаны на малюнку
Тэкст:
Галоўная Пошук Пошта Мапа сайта Гасцявая кнiга
Стварэнне сайта - ArtisMedia
© Леанiд Дайнека, 2007