Усяслаў вярнуўся з пагоні. За раку Снапарод загналі Шарукана, адбілі абоз і ўзялі шмат багацця палавецкага і нарабаванага стэпнякамі ў час набегу. I яшчэ, што асабліва радавала вялікага князя, выбавілі з няволі каля тысячы палонных. Гэта ў большасці сваёй былі смерды, захопленыя ў час працы на сваіх палосах. Было некалькі купцоў. Іх полаўцы перанялі на Дняпры, лоддзі спалілі, тавар і гаспадароў тавару ўзялі з сабой. Няшчасныя змучаныя людзі, якія ў думках ужо навекі развіталіся з родным небам, аслупянелі ад радасці. Потым кінуліся цалаваць капыты коням, ногі і рукі воям. Страшна было глядзець на іхнія твары — у пісягах ад палавецкіх нагаек, абгарэлыя на сонцы, апухлыя ад слёз. Сярод жанчын было некалькі вар'ятак. Адна падняла з травы ладнаваты белы камень, прыгарнула яго, як немаўля, да грудзей, пачала сухім танюсенькім голасам спяваць калыханку: А-а-а, люлі-люлінькі... Пабег зайчык у лясочак, Знайшоў зайчык паясочак. Трэба зайчыка паймаці, Паясочак адабраці, Майму хлопчыку адцаці... У велікакняжым палацы ў Кіеве Усяслава чака-ла мноства навін, добрых і кепскіх. Прыплыла з Полацка княгіня Крутаслава з сынамі, з усім дваром, з болынай часткаю дружыны. Крутаслава ў ільняной торбе прывезла вялізны кавалак жоўта-карычневага прамяністага бурштыну, аддала мужу, сказала: — Ад бяссоння гэта. Кладзі ў голаў ноччу, і сон адразу твае вочы заплюшчыць. Бачу я, што дужа стаміўся, пацямнеў ты, князь. Усяслаў, абкружаны сынамі, моцна пацалаваў Крутаславу, гарэзліва ўсміхнуўся: — Які сон, хоць [Хоць — любімая жонка] мая, калі ты побач? Княгіня заружовілася, белай шчакой прыпала да цвёрдага мужавага пляча. I мо ўпершыню адчуў вялікі князь, як хутка бяжыць жыццё. Уначы гарэлі над Кіевам яркія буйныя зоркі. 3 любімым сынам Расціславам глядзеў на іх з акна княжага церама Усяслаў, прамовіў у роздуме: — Перажывуць яны нас з табою, сын. Усіх перажывуць, каму дадзена дыханне. А некалі ж чалавек як звер быў — ні чытаць, ні пісаць, ні слова разумнае сказаць не ўмеў. Пазіраў на іх са сваіх цёмных пячораў і аб нечым думаў. Часцей глядзі на зоркі, бо неба — тая ж кніга, і, можа, прачытаеш, хоць не ўсе, думкі мінулых людзей. Узяўшы кіеўскі сталец, Усяслаў адразу ж патаемна разаслаў ва ўсе бакі верных людзей, каб слухалі, што гавораць пра яго, вялікага князя. Не толькі ў Кіеве такія людзі былі, але і ў Чарнігаве, Пераяславе. Даведаўся ён ад іх, што толькі жменька баяраў пабегла з Ізяславам да ляхаў, пабеглі тыя, у каго ў Кіеве і ў кіеўскіх ваколіцах не было сядзіб. Астатнія ж заперліся ў вотчынах, бераглі сваё дабро. Данеслі верныя людзі, што ходзяць паўсюдна вялізныя натоўпы тацяў, паляць, руйнуюць, рабуюць. Паміж тых тацяў ёсць і смерды, і рукадзельнікі з Падола. Вялікую злосць маюць яны супраць старой чадзі. Усяслаў загадаў злавіць асабліва зацятых. Злавілі каля двух дзесяткаў і на страх іншым распялі на варотах і на частаколе баярскай сядзібы, якую яны збіраліся агнём і дымам пусціць у неба. Прыкутыя жалезнымі цвікамі да бёрнаў, курчыліся таці ад вялікага болю і крычалі, што хутка надыдзе іхні век, што яны буцуць сядзець у харомах за хлебнымі сталамі, піць салодкі мёд, а князі і баяры будуць сохамі араць іхнія нівы. «Спаліць сонца белыя баярскія твары, — хрыпелі, паміраючы, таці. — Чорная зямля наб'ецца ім пад пазногці. Будуць баярыні, зняўшы з рук і шыяў срэбра, мыць ногі нашым жонкам». Але заціхалі стогны, храпы і шэпты, непарушна сядзелі ў руках і нагах вострыя жалезныя цвікі, і ўсё бліжэй паддётвала прагнае вараннё, з крыкам кружылася, выбіраючы, на якую мёртвую галаву апусціцца. Вочы ў тацяў ціха патухалі, рабіліся як цвёрдыя каменьчыкі. Мут і тлум былі ў Кіеве, асабліва на Падоле. Усяслаў загадаў ударыць у Вялікае Біла, сабраць веча. 3 хваляваннем ішоў ён туды. Што крыкнуць кіеўскія мужы? Як сустрэнуць яго? Ужо ж данеслі яму выведнікі аб гневе кіян, якія ўбачылі стругі з полацкай дружынай. «Хоча Усяслаў святы Кіеў зрабіць вотчынай палачан, — абураліся баяры, купцы і рукадзельныя людзі. — Не быць таму!» Ён узышоў на дубовы памост, засланы рознакаляровымі апонамі, зняў шлем, пакланіўся вечу, пакланіўся з годнасцю і стрыманасцю. Колькі імгненняў вісела цішыня, як цяжкі халодны замок вісіць на дзвярах клеці. Потым плошча, набраўшы ў грудзі паболей паветра, зайшлася крыкамі. — Хочам тысяцкім Луку! — Замест пса Каснячкі хочам Луку! — Я не парушу волю кіян, — зычным голасам сказаў Усяслаў. — Няхай тысяцкім будзе Лука. Светлабароды высокі Лука ўзышоў на памост, маўкліва стаў побач з вялікім князем. Усяслаў заўважыў, як ад хвалявання ў яго дробненька і няспынна калоціцца таўставатая ніжняя губа. — Дай княжы суд! — Прэч цівуноў! I на гэтыя крыкі Усяслаў, паюіаніўшыся вечу, сказаў, штр судзіць іх ён будзе сам і судзіць будзе па старадаўнім паконе кіеўскіх князёў. — Паганцы пакалечылі хрысціян на Падоле! — закрычала некалькі галасоў. — Выгані паганцаў з горада! Затаіўшы дыханне, усе чакалі, што адкажа вялікі князь. Усяслаў маўчаў. Ён зразумеў, што крык наконт паганцаў будзе тым нажом, якім яшчэ неаднойчы ворагі ягоныя будуць рэзаць ягонае сэрца. — Што ж маўчыш?! — закрычалі зноў. — Ды ён і сам паганец! — Я — хрысціянін, — ціхім голасам сказаў Усяслаў, расшпіліў барвянае карзно і паказаў срэбны крыжык на Ірудзях. — Цярпенню вучыць Бог, любові да бліжняга вучыць усіх нас. Дзе ж ваша любоў, кіяне? Дзе цярпенне? Тыя, што пакланяюцца Перуну, разам з вашым апалчэннем секлі полаўцаў, разам лілі сваю кроў. У іх ёсць малыя дзеці і любімыя жонкі. Я абяцаў іхняму ваяводзе Белакрасу, што з гэтага часу хрысціяне і паганцы будуць жыць у Кіеве, як браты, як сыны адной зямлі. — Вераадступнік! Ваўкалак! — закрычалі, грозна і гнеўна, усё тыя ж мужы-вечнікі, перарываючы яго. — Бяжы назад у свой Полацк, у сваё балота! — Я кляўся. Я — князь, — узвысіў голас Усяслаў, і ўсе, і зычліўцы ягоныя, і ворагі, зноў убачылі перад сабой нястомнага, лютага на сечу ваяра, меч якога ведала і памятала Русь ад Ільмень-возера да Дона. Сядзеў ён у порубе, нібы крот-падземнік, і шмат хто думаў убачыць бледнага кволага хірляка, а тут стаіць, узвышаецца над вечавай плошчай асілак з пранізліва строгімі вачамі, з адкрытым загарэлым тварам. Шчокі аж смуглыя — як ганяўся за полаўцамі, паспела пацалаваць яго сонца. «Вось ён які, — падумала большасць кіян. — Нездарма столькі кажуць пра яго. Як пчалінаму рою нельга без маткі, як статку пушчанскіх тураў нельга без важака, так і Кіеву нельга без вялікага князя. Ізяслаў што хвастом накрыўся — збег да ляхаў, да караля Баляслава, кінуўшы гарады і весі. Полаўцы чыняць вароп, угры вылазяць з-за гор, усе, у каго ёсць рукі і зубы, ідуць на Кіеў. Няхай жа гэты палачанін будзе шчытом і мячом Кіева». I закрычала веча: — Слава вялікаму князю! — Слава Усяславу Брачыславічу! Ён стаяў над імі, слухаў здравіцу і разумеў, што сёння яны крычаць адно, а заўтра могуць закрычаць зусім па-іншаму. Нават каменні будуць кідаць у яго. Але той не князь, хто баіцца такога. Адразу пасля веча Усяслаў вырашыў звесці між сабою ваяводу паганцаў Белакраса і вышэйшых святых айцоў з кліру Сафіі. Няхай паглядзяць адно аднаму ў вочы, можа, калі пашанцуе, паразумеюцца, дамовяцца, як быць далей. Але царкоўнікі недзе пахаваліся ці збеглі з Ізяславам, у Кіеве адшукаўся толькі Феадосій Пячэрскі. Ігумен і ваявода сустрэліся ў святліцы княжага палаца. Усяслаў пасадзіў іх за багата накрыты стол, сам пачаў частаваць. Перад трапезай ігумен справіў ачышчэнне ад грахоў, абмачыў пальцы, а затым лоб з меднай конаўкі, потым старанна выцер губы і рукі ядвабнай, вышыванай у чырвоныя крыжыкі хустачкай. Стары Белакрас, паклаўшы на калені загарэлыя да цемнаты рукі, сядзеў нерухома. — Хацеў бы я, дастаслаўныя мужы, — сказаў Усяслаў, накладваючы ім смажаную вяпраціну, — каб мір і згода былі ў Кіеве, каб не ўзнімаў меч хрысціянін на паганца і наадварот. Феадосій і Белакрас адначасна зірнулі на яго, і ў вачах іхніх свяціліся насцярога і недавер. — Такое было пры князю Ігару, пры княгіні Вользе. Хрысціянства і паганства, як дзве ракі, цяклі побач пад адным сонцам, пад адным небам. Чаму не ўспомніць добрыя законы продкаў? Чаму не павучыцца ў іх мудрай развазе, цярплівасці? Дзеці адной зямлі не павінны пераразаць адзін аднаму глотку. На такое крываўства хопіць нам полаўцаў. Што вы скажаце на гэта, дастаслаўныя мужы? Ён паглядзеў на Феадосія і Белакраса. Хрысціянін і паганец маўчалі. Цень лёгкай усмешкі ляжаў на тонкіх губах у Феадосія. Усяслаў успомніў, як выводзілі яго, Усяслава, першы раз з поруба, як бегаў па святліцы юродзівы Ісакій і чырвоныя крыжы ўспыхвалі на бела-сінім целе юродзівага. Тады Феадосій назваў Усяслава гнілой ягадзінай у вінаграднай гронцы, трэшчынай у хрысціянскай сцяне. Цікава, ці помніць ігумен той дзень? — Чаго ж вы маўчыцё? — устаўшы з-за стала, сказаў Усяслаў. — Няўжо хочацца вам крыві, разні? — Святая вера сама ўліваецца ў душу, — нарэшце прамовіў натхнёным голасам Феадосій. — Мне вельмі шкада тых людзей, што не бачаць светлы Божы прамень, а жывуць разам са сваімі дзецьмі ў цемры дзікунства. Што тут казаць? Гэтыя людзі — учарашні дзень зямлі. Але святая царква цярпліва чакае іх. Ім не позна пастукацца ў нашы дзверы. Мы шырока расчынім гэтыя дзверы, упусцім іх у святы дом. Ігумен і вялікі князь чакалі, што скажа паганскі ваявода. Усяслаў баяўся, што Белакрас пачне крычаць, тупаць нагамі, плявацца, але стары мячэтнік з годнасцю зірнуў на Феадосія з-пад кашлатых сівых броваў, сказаў: — Нам не патрэбен ваш дом, бо мы самі добра ўмеем будаваць сабе жытло. Мы хочам толькі аднаго — жыць у спакоі. — Хрыстос прыйшоў таму, што яго чакалі, — усхапіўся з-за стала Феадосій. — Скатаваны раб ляжаў на голай зямлі і марыў пра таго, хто схіліцца над ім і пахукае на ягоныя крывавыя рубцы. Гэта зрабіў Хрыстос. — А што зрабілі Магамет і Буда? Што зрабіў Іегова? — спакойна запытаў Белакрас. — Багоў, хрысціянін, дужа шмат, і твой Бог, ці, як мы завём яго, бажок, толькі хваля ў моры. — Маўчы! — крыкнуў ігумен, але, убачыўшы строгі позірк вялікага князя, звалодаў з сабою, сказаў з годнасцю: — Я нашу на сваім целе валасяніцу. Вось яна. Пальцамі левай рукі ён адцягнуў на шыі чорную хламіду, паказаў краёк грубай, звязанай з конскага воласу і калянага дроту кашулі. — Штодзённа і штоночна яна ўпіваецца ў маю плоць. Гэта напамінак аб пакутах гасподніх і аб пакутах чалавечых. Наша святая царква моліцца за ўсіх, каму баліць, — Ты казаў, што вы, святары, шкадуеце рабоў, — перапыніў яго Белакрас і таксама ўстаў з-за стала. — Але чаму з кожным белым днём рабоў становіцца ўсё болыы? Вы, ты казаў, выціраеце людскія слёзы, але ў пячэрскіх манахаў ёсць сяльцо са смердамі, і не адно сяльцо, якое князь Ізяслаў адпісаў вам. У лесе разам са мною жывуць смерды. Узяўшы жонак і дзяцей, яны збеглі, ратуючыся ад тваіх манахаў. Феадосій з нянавісцю паглядзеў на паганскага ваяводу, ціха сказаў: — Царква забараняе прадаваць хрышчанага чалядзіна купцу-нехрысцю. Ні жыдавін, ні агаранін не могуць купіць раба на Русі. Таго, хто чэлядзь сваю томіць голадам і ранамі, мы караем пастом і пакаяннем. Клапоцячыся аб духоўных сынах Божай царквы, мы дбаем пра тое, аб чым яны думаюць і што яны ядуць. Вы, што пахаваліся ў пушчах, сыраядцы, вы ясцё мярцвячыну і бруд. Калі ў ежу, якую згатаваў хрысціянін, упадзе цвыркун або станога ці жаба, мы творым святую малітву. Калі ў калодзежы хто-небудзь знойдзе хамяка ці мыш, мы выліваем сорак вёдзер, а калодзеж акрапляем святой вадой. Вы ж ясцё і п'яцё ўсё, што трапіцца па дарозе, і таму душы вашы блукаюць у прыцемках. — Ты не ведаеш, святар, што такое голад, — павольна сказаў паганскі ваявода. — Калі ў мацярок ушчэнт высыхаюць грудзі, калі ў старых вывальваюцца зубы, калі ў малалеткаў ногі ўюцца, як вяровачкі, і раздзімаюцца жываты, чалавек робіцца зверам. Ты не еў хлеб, які мачаюць у попел, бо няма солі. Ты не грыз лебяду і сасновую кару. Усяслаў глядзеў на іх збоку і разумеў, што сябрамі яны не стануць ніколі, варагаваць ім да скону. Але ж нешта трэба рабіць. Толысі — што? Феадосій, усміхнуўшыся, як бы прачытаўшы ягоныя думкі, сказаў: — Табе, полацкі князь, будзе цяжэй, чым нам. Не гневайся, што я не называю цябе вялікім князем кіеўскім, бо не ў святой Сафіі садзілі цябе на сталец, а на вуліцы пасярод натоўпу. Ты хочаш злучыць ланцуг, які раскляпаўся навекі. Глядзі і асцерагайся, каб канцом гэтага ланцуга табе не ўдарыла па вачах. Не вырывай у пчалы джала, не наступай на хвост гадзюцы, не глядзі арлу ў зрэнку. — Чаму ж мне будзе цяжэй, чым вам? — строга спытаў Усяслаў. — Таму, што ты стаіш пасярэдзіне. Мы стаім кожны са свайго боку, а ты — пасярэдзіне. У час бойкі мы будзем біць кулакамі і трапляць у цябе. — Кулакамі мне не раз да крыві разбівалі твар, — успыхнуў Усяслаў, падскочыўшы да ігумена. — Навучы ж мяне, хітрая ліса, як трэба жыць, якую сёння шкуру насіць і якую заўтра. Ты гэта добра ўмееш. Навучы мяне падманваць сяброў, здраджваць ім. Навучы мяне перарэзаць глотку вось гэтаму паганцу, які не хоча маліцца твайму Богу. Што ж маўчыш? Навучы! Феадосій пабляднеў, уздрыгнуў каленямі, але прамовіў цвёрда: — Усіх нас вучыць Бог. Усяслаў з агідай і злосцю пазіраў на яго. Раздзімаліся ноздры. Пальцы сціскаліся ў кулакі. Але вялікі князь адолеў сябе. — Ідзі, ігумен, і маліся за Кіеў, — наддоманым голасам сказаў ён Феадосію. Той, высока трымаючы галаву, знік за дзвярыма, нават не глянуўшы напаследак на паганскага ваяводу. — А ты вядзі сваіх людзей у княжае сяло Берастова. Ізяслаў збег, і яно належыць мне, — падышоў Усяслаў да Белакраса. — У Берастове будзе вам кармленне і прытулак. Сядзеце на зямлю, засееце яе. Што больш чалавеку трэба? — Нічога болын не трэба — спакой і хлеб. Ты, вялікі князь, ваюй, а мы будзем сеяць, — адказаў з годнасцю ваявода. У Ноўгарад Усяслаў накіраваў Барыса, даўшы яму амаль усю полацкую дружыну. Барыс не хацеў ехаць у такую далячынь, ды і кіеўскія прыгажуні былі даспадобы, і віно, салодкае, іскрыстае, цякло бясконцым ручаём. — Едзь, — строга загадаў вялікі князь сыну. — Прагані адтуль Ізяслававых людзей, пакланіся вечу, вазьмі на замок Волхаў, каб урмане [Урмане — паўночныя людзі, жыхары Скандынавіі] з мячом не ішлі на нас. Барыс пакутліва зморшчыўся, але пабаяўся пярэчыць бацьку. Пасаднікам у Пераяслаў паехаў Раман разам з Кацерай. Яны ўжо былі мужам і жонкаю. — Піце свой мёд у стэпе паўдзённым, — весела зірнуў Усяслаў на Кацеру, і яна заружовілася ад такіх слоў. — А ты, Раман, галавою мне адкажаш, калі хоць адна палавецкая страла паляціць на Кіеў з твайго боку. — Усё зраблю, вялікі князь, — у пояс пакланіўся Раман. — Не я буду, калі не адсяку Шарукану вялікі палец на дзясніцы, каб не змог ён цеціву напяць. У Чарнігаве сядзеў Святаслаў, які нядаўна разграміў стэпнякоў на Снове. 3 ім Усяслаў стараўся жыць у міры, паслаў яму багатыя дарункі. Ізяслаў, як даносілі надзейныя людзі, усё не мог паверыць у ляшскай зямлі, што ён болей не вялікі князь. Бушуе, крычыць, па тры разы на дзень бегае да караля Баляслава, а потым п'е віно, шмат п'е, але розум не траціць — моцнагаловы. 3 асаблівай увагай сачыў Усяслаў за Галічам і Смаленскам. Княствы людныя, багатыя, нібы каранямі, аплёў іх Ізяслаў сваімі людзьмі — кожны міг чакай адтуль удару. Незагойнай ранаю, як і заўжды, заставаўся стэп. Шарукан, сабраўшы новую, яшчэ больш грозную сілу, навіс над усім дняпроўскім левабярэжжам. Так ужо здавён павялося, што стэпнякі кожны год рабілі адзін, а то і некалькі набегаў. У гэтым была ўжо нейкая непазбежнасць, як непазбежна з надыходам цеплыні і парнасці з'яўляюцца жытнія чэрві на жыце. Дарэмна ў парубежных крэпасцях-гарадках вешалі над брамамі іконы з выяваю прарока Ільі, які замяніў Перуна. Імчаўся прарок па небе ў вогненнай калясніцы, пагрозна махаў пякучымі стрэламі, а полаўцы, не звяртаючы на яго ўвагі, імчаліся па зямлі. У іх былі свае багі і свае стрэлы, такія ж страшныя, як і нябесныя. Усяслаў на вечы сказаў: — Годзе толькі абараняцца. Ігар заходзіў за Жалезныя вароты [Жалезныя вароты — горад Дэрбент]. Святаслаў знішчыў дзяржаву хазараў. Алег браў у аблогу Царгррад. Хто вы, мужы-кіяне? Палахлівью перапёлкі ці баявыя сокалы? Ён стаяў на вечавай шіошчы, кідаў рэзкія гняўлівыя словы ў твар вечу. «А ты — бусел. Ты белы бусел з Рубона, з полацкіх лугоў, — раптам пачуў ён у самім сабе нейкі шэпт, нейкі голас. — Ніколі і нідзе не забывай, хто ты і адкуль». Усяслаў аж уздрыгнуў, аж азірнуўся. Нікога побач не было. Шумела веча. Шырокай далонню ён ацёр з броваў пот, крыкнуў: — Самі пойдзем на стэп! Рассячом яго мячом ад Кіева да Тмутаракані! Надумаў вялікі князь прабіць шчыліну ў палавецкай сцяне, вярнуць Кіеву старадаўні Залозны шлях. Вёў гэты шлях з правага берага Дняпра на левабярэжжа, потым праз плаўні ў дняпроўскай луцэ да вярхоўяў ракі Кальміус, адтуль — на Дон, у Суражскае мора [Суражскае мора – Азоўскае мора], якое рамеі называюць Меаційскім балотам, і канчаўся ў Тмутаракані. Назвалі яго Залозным таму, што ішоў ён «за лозы» — за вялізныя зараснікі вербніку-ясакарніку, якія пакрывалі ўсю дняпроўскую луку, а япгаэ таму, што вазілі па ім з Карчава ў Кіеў жалеза. У клопатах, у зборах войска праляцела не адна сядміца. Вялікі цяжар узваліў Усяслаў на свае рамёны [Рамёны — плечы], але нікому — ні княгіні, ні сынам — не жаліўся. Хацелася яму так усё падрыхтаваць, так зрабіць, каб адным сакрушальным ударам дасягнуць жаданай мэты. Ведаў, калі атрымаецца, калі ўсміхнецца войскае шчасце, быць яму кіеўскім князем, сядзець на Гары, бо толькі пры такой умове гордыя паляне змірацца з тым, што стаў над імі палачанін. Трывожылі чуткі пра Ізяслава. Уцякач спачатку тапіў свой сум у віне, але Баляслаў Другі, які быў жанаты на ягонай пляменніцы, дачцэ Святаслава Чарнігаўскага, хутка ацверазіў родзіча — загадаў рыхтавацца ў паход на Кіеў. Ляхі не першы ўжо раз рашылі пагрэць рукі на пажары. Чакалася грозная раць з-за Буга. Усяслаў вельмі стамляўся за дзень, але ўначы, калі клаўся на свой рдр, з тугой адчуваў, што ні макулінкі сну няма ні ў вачах, ні ў душы. Тады ён пляскаў у ладкі, і маўклівы Агафон, слуга-палачанін, прыносіў у апачывальню срэбны рукамый. Вялікі князь кідаў жменю-другую халоднай вады на твар, загадваў запаліць тоўстую вітую свечку, браўся за чытанне. Пад рукою заўсёды былі Псалтыр, Евангелле, пасланні апосталаў і Апакаліпсіс апостала Іаана, а таксама пергамены Пракопія Кесарыйскага, хронікі Малалы і Арматола. У думках ляцеў Усяслаў у далёкія часы, шкадаваў, што няма побач сына Расціслава, бо прывык дзяліцца з ім радасцю ад прачытанага. Расціслаў паехаў у Ноўгарад, не вытрымаўшы слёзных просьбаў брата Барыса. Гарэла свечка, як бяссоннае вока вечнасці. Сплываў жоўты воск. Князева душа то замірала, то, здавалася, прыўзнімалася над ціхай начной зямлёй. А верныя людзі пісалі Ізяславу ў ляшскую далячынь, што узурпатар-палачанін водзіцца з нячыстай сілаю, у палацы кіеўскіх князёў сустракаецца з самім Чарнабогам. Шмат каго палохала нязвычнае позняе святло. Неўзабаве Усяслаў зноў паставіў нагу ў стрэмя, пайшоў у паход..
Колькасць прачытаўшых: 2463 Колькасць вогдукаў: 0