Ігумен Феадосій быў цвёрда перакананы, што Хрыстос абраў яго, каб ачысціць Кіеў, святую крыніцу, ад смярдзючага бруду паганства. Цячэнне падзей, як і цячэнне зорак у небе, спрыяла такому перакананню. Клір Сафіі разбегся, пахаваўся, адзін ён, Феадосій, застаўся навідавоку, хоць мог бы, нібы крот, затачыцца ў пячэрскую гару. Нікога іншага, а яго, Феадосія, полацкі князь ліслівымі словамі запрасіў на сустрэчу з паганскім ваяводам. Усё гэта цешыла самалюбства. Гардыня не да твару адшчапенцу свету манаху, Бог сурова карае за яе, але салодкі чарвячок не-не ды і шчыкатаў манахава сэрца. Даведаўшыся, што Усяслаў пайшоў на полаўцаў, Феадосій рашыў дзейнічаць. Перш-наперш трэба было выгнаць з Берастова паганцаў. Ужо адно тое, што жылі яны побач з хрысціянамі і маглі перавабіць слабыя, незагартаваныя ісціннай верай душы ў сваё лясное дзікунства, не давала ігумену спакою. Ён быў чалавекам-кропляй, які няспынна б'е і б'е ў адным кірунку, калі паставіць перад сабой якую-небудзь мэту. Ні жалеза, ні самы цвёрды камень-плітняк не вытрымліваюць такіх удараў. Стаўшы ігуменам пасля мяккага, схаванага, як улітка ў самім сабе, Варлама, Феадосій вельмі горача ўзяўся за манастырскія справы. Лік браццяў-інакаў павялічыўся да ста чалавек. Узорам для сябе ігумен узяў жыццё рамейскага Студыйскага манастыра. Кожнага са сваіх браццяў хацеў ён выратаваць ад спакусаў грахоўнай плоці, свае казанні прамаўляў ціха, з мальбою, калі ж некага выкрываў, абвінавачваў — слёзы цяклі з вачэй. Часта абходзіў ён келлі, каб даведацца, ці не маюць манахі, акрамя агульных якіх-небудзь сваіх рэчаў, ежы або адзення. Калі знаходзіў такое, адразу кідаў у агонь. Нават ноччу бясшумна хадзіў ігумен па манастыры, слухаў каля дзвярэй келляў, што робіць кожны брат. Пачуўшы размову двух або трох, што сышліся ў адной келлі, грукаў у дзверы жазлом, а раніцою калоў іх самымі бязлітаснымі словамі. Епітым'ю ж, якой належала караць аднаго, раскладваў, за вялікую любоў, на трох і нават чатырох браццяў. Не любіў ігумен срэбра і золата, што слепяць чалавека ў зямным жыцці. Аднойчы прыбіўся да манахаў шавец, але быў непастаянны, як вясновы ручай, — то шчыра маліўся, то знікаў з лаўры на некалькі сядміц. Вярнуўшыся, паклаў усё запрацаванае сабою да ног Феадосія. Ігумен дужа разгневаўся, загадаў швяцу кінуць срэбра ў гарачую печ, у полымя. Калі ж не кіне, не быць яму чарняцом. Ілытаў шавец патаемныя слёзы, бачачы, як гарыць вялікае багацце. Асабліва ён шанаваў і вылучаў з усёй браціі тых, што раз і назаўсёды адсякалі сябе ад белага свету. Гэта былі дрэвы без галін і без каранёў. Адзін кіеўскі купец, раздаўшы сваё багіно і брашно, прыйшоў да Феадосія і надзеў валасяніцу. Потым заказаў купіць казла, аблупіў яго і нацягнуў свежую казліную шкуру поўсцю на валасяніцу. Сем гадоў сядзеў ён у пячоры даўжынёю ў чатыры локці, кормячыся праз дзень адной прасвірай [Прасвіра — круглы хлябец з пшанічнай мукі, які ўжываўся ў хрысціянскіх абрадах], якую падавалі ў акенца. За гэты час казліная шкура высахла, ператварылася ў бубен, праз валасяніцу балюча сціснула цела. Рашыўшы даць бой паганцам, Феадосій абуў лычніцы [Лычніцы — лапці], апрануў лапленую-пералапленую палатняную кашулю, такія ж порткі, накінуў на плечы доўгі чорны плашч, узяў кульбу, выразаную з дубовага кораня. Варатар адчыніў перад ім браму і, ні слова не сказаўшы, глядзеў, як знікае ў вечаровым сутонні хударлявы ігумен. Дарога чакалася няблізкая. Феадосій надумаўся схадзіць у вотчыну знакамітага кіеўскага баярына Супруна, з якім некалі сябраваў, і ўгаварыць баярына разам са сваімі багатымі і ваяўнічымі суседзямі ўдарыць знячэўку па Берастову, дзе атабарыліся паганцы. Хворы зуб трэба вырываць з крывёю. Ён спускаўся з пячэрскай гары і адчуваў, як абмірае сэрца, млеюць ногі. Слабасць была ва ўсіх удах. Нават пот ад вялікай немачы-слабасці быў не салёны, а кіславата-прэсны. Пасты і бясконцыя маленні высушылі плоць, але дух у знясіленым целе адчуваўся порсткі, гарача-бадзёры, як слуп высокага яркага агаю. У дарозе наваліўся абложны дождж. Усё пацямнела, змізарнела, налілося холадам і тугой. Цяжкія вільготныя хмары гарбаціліся над пустым полем. Ігумен борздзенька ўзяў кульбу абедзвюма рукамі, накінуў на яе плашч, зрабіўшы такім чынам невялічкі шацёрык. Плашч быў доўгі, яго хапіла і на тое, каб падаткнуць пад сябе, зберагаючы старое цела ад халоднай зямлі. Так і сядзеў Феадосій пад панылы шум дажджу пасярод цёмнага поля — грыбок не Ірыбок, валун не валун, дрэўца не дрэўца, а немаведама што. Сям'я берастоўскіх смердаў, якая ў такую непагадзь якраз ішла ў Кіеў аслупянела, убачыўшы ў чыстым полі таямнічую незразумелую фігуру. Дзеці заплакалі ад жаху. Смерд Путша, закусіўшы ніжнюю губу, таксама адчуў дрыжыкі, але звалодаў з сабою, знайшоў цяжкі слізкі камень, выдраў яго з зямлі і хацеў, падкраўшыся на дыбачках, з усяго маху стукнуць па гэтай незразумеласці, а там будзь што будзе. Але жонка ягоная аказалася самаю прадбачліваю і разумнейшаю. «Мабыць, гэта дзядок-палявічок», — ціха сказала яна. Так быў уратаваны ад цяжкога калецтва, а можа, нават ад смерці ігумен Феадосій. Камень, які мог раскалоць яму чэрап, асцярожна лёг на зямлю. Уражаныя смерды шпарка пашыбавалі праз восеньскі дождж, успамінаючы дзіўнага дзядка-палявічка, што ў самую халадэчу і макрэчу вылез чамусьці са сваёй цёплай і ўтульнай падземнай хованкі. Толькі праз ноч даклыпаў Феадосій да загародняй сядзібы Супруна. За гэты час з'еў ён малюсенькую хлебную скарынку, папярэдне размачыўшы яе пад дажджом. Пакуль даведаліся, што за чалавек, пакуль адчынялі запоры і браму, ігумен паспеў накалаціцца, як скалелы цюцька. Плашч быў мокры, шурпаты, прыліпаў да цела. «Холад і змрок на зямлі», — дробненька ляскаючы зубамі, думаў ігумен. Але не ўсюды на зямлі былі холад і змрок. Баярын Супрун, калі яго ўбачыў Феадосій, якраз выходзіў з лазні, з вялізных мармуровых ночваў, якія за вялікае срэбра прывезлі з рамейскай зямлі. Баярын быў вясёлы, тоўсты, вішнёваскуры ад гарачай вады. Дзве прыгажуні-рабыні асцярожна і пачціва падтрымлівалі яго пад рукі. Рабыні былі такой яркай прыгажосці, што ў Феадосія раптоўна перасохла ў горле. — Ці гэта ты? — здзіўлена ўсклікнуў Супрун, убачыўшы ігумена. Тоненькія пышнавалосыя рабыні ў гэты час далікатна выціралі яму ногі наймякчэйшымі льнянымі ручнікамі. Адна прыгажуня была чарнавокая, другая — сінявокая, і абедзве яны, як і іхні разамлелы пасля лазні ўладар, былі голыя. — Я, — адказаў Феадосій і адвярнуўся, бо нельга адшчапенцу свету глядзець на грахоўнае жаночае цела. Апрыгажуні ўзялі нажніцы, срэбны грабянец, пазалочанае люстэрка, пачалі падстрыгаць, прычэсваць баярыну бараду. Барада была густая, цёмна-русая, спорна ішоў з баярына волас пры такім даглядзе. Рабыні, накручваючы на свае тонкія пальчыкі пасмы валасоў, рабілі яе кучараваю. Нарэшце Супруна адзелі, і ён, бліскучымі вачамі глянуўшы на прыгажунь, адпусціў іх. — Дык гэта ты, Феадосій? — яшчэ раз, нібы не верачы самому сабе, перапытаў баярын. — Зараз я загадаю зняць твае лахманы, памыць цябе, і мы будзем піць мёд. — Не трэба, — строга сказаў ігумен. — Залатыя порты не выратуіоць душу. Будзь умераным у шчасці. Срэбра, золата, віно, жанчыны, слава — усяго толькі мутны сон душы. Той, хто дараваў жыццё ўсяму жывому, кожны міг сочыць за намі з неба. Ён шчыра перахрысціўся. Супрун перахрысціўся следам за ім. Даўным-даўно яны сябравалі, разам рашылі прыняць схіму, зачыніцца ад спакусаўжыцця за манастырскімі сценамі. Цвёрдым аказаўся адзін Феадосій. Супруна ж бацька-баярын сілаю вывеў з манастыра — прыслаў халопаў, яны скруцілі Супруну бічоўкаю рукі, праз увесь Кіеў цягнулі на баярскі двор. I зараз, гледзячы на худы жоўты твар Феадосія, на ягоны брудны лаплены плашч, на лазовыя лычніцы, з патаемным жахам думаў Супрун, што і яго магла чакаць такая ж доля. Але, дзякуй Богу, у яго ж быў дом, як поўная чаша, была зямля, гавяда, былі пяшчотныя маладыя рабыні. Ён яшчэ раз паспешліва перахрысціўся, сказаў аслабелым голасам, каб не падумаў строгі ігумен, што ў баяр не бывае жыццёвых балячак і пакут: — Хварэю. Усё роўна як нехта жалезныя кіпці ў хрыбетнік упускае. Супрун зморшчыўся. Феадосій глянуў на ягоны сыты ружовы твар, на дагледжаную, бліскучую ад пахкага рамейскага масла бараду, гнеўна прамовіў: — Хварэеш і лечышся ў волхваў. Так? — Так. У хрысціянскіх зялейнікаў лячуся і ў вешчуноў, — спалохана заміргаў пахаладнелымі вачамі баярын. «Адкуль толькі прывалокся гэты пракляты нягоднік? — тужліва падумаў ён. — Каб не гэта смярдзючая пачвара, Малка і Грыпіна зараз бы надзелі вянкі і танцавалі перада мною...» Але гэта была занадта смелая, занадта грахоўная думка, нябесны ўсётрымацель мог пакараць за яе, і таму Супрун паспешліва сказаў: — Кожны сонцаварот я даю грыўні на святую царкву і збіраюся, калі сагне, зломіць спіну старэчая немач, ісці да цябе. Ды Феадосій, зламаўшы ва ўсмешцы сінявата-русае брыво, перапыніў баярына: — Хрыстос вучыць: хто ў імя маё не пакіне маці, жонку, бацьку і ўсё самае каштоўнае для яго на свеце, той не варты мяне. Прыйшлі Малка з Грыпінаю, ужо ў доўгіх ільняных адзежах, са сціпла патупленымі вачамі, прынеслі мёд, арэхі, малако. Гэта выратавала Супруна. Ён па-бацькоўску пяшчотна глянуў на прыгажунь, сказаў Феадосію: — Давай сілкавацца, святы ойча, чым Бог паслаў. Феадосій са смакам піў цёплае малако і пакрысе мякчэў сэрцам. За акном дождж змяніўся снегам, усё пабялела, прыняло больш тонкія абрысы. Было нешта боскае, ачышчальнае для душы ў гэтым зіхоткім першаснежжы. Супрун улавіў перамену ў настроі суровага госця, узняў кубак з мёдам. Потым, ужо трохі ап'янелы, хітра спытаў: — А што, калі жаночы плат [Плат —хустка] ушыць іерэю ў рызу, ці можа іерэй малебен служыць? Феадосій пагразіў яму пальцам, сказаў, выціраючы вусны: — Святая божая справа прывяла мяне да цябе, баярын. Ты ведаеш, што злой воляю крыкуноў з Падола пастаўлены над намі вялікім князем полацкі пярэварацень Усяслаў, які сядзеў у порубе. Супрун уздыхнуў, кіўнуў галавою, яшчэ не здагадваючыся, куды хіліць ігумен сваю гаворку. — I вось гэты самы Усяслаў, гэты полацкі паўверак, у сваёй дзёрзкасці і неразумнасці стаўся бічом ісціннай хрысціянскай веры. Ён мірыць паганцаў-цемрукоў з намі, хрысціянамі. Ён хоча пасадзіць нас за адзін стол, хоча, каб мы разам елі адзін і той жа хлеб. Вочы ў Феадосія гнеўна заблішчалі, па шыі і па сухіх Іпчоках пакаціліся жаўлакі. — Паганскую арду ён пасяліў у княжым сяле Берастове. Прыйдуць са змроку новыя орды. Яны зноў паставяць сваіх мярзотных ідалаў, а Дзесяцінную царкву і святую Сафію спаляць, зальюць смалой, засыплюць попелам. Хіба ж можна памірыць белы дзень з глухой сляпой ноччу? Мітрапаліт у Царгорадзе. Епіскап разам з Ізяславам сядзіць у ляхаў. Хто ж выратуе нашу царкву, баярын? — Мы выратуем, — глуха сказаў Супрун. Ніколі не быў ён ваяўнічым, стараўся трымацца сваёй вотчыны, ціха драмаць у цяпле і сытасці паміж верных чаляднікаў і пяшчотных рабынь, а тут разгарэліся вочы, захацелася паказаць гэтаму пячорскаму ганарыстаму крату, што і ён, Супрун, не ашчаропак. Галоўным сваім жыццёвым абавязкам баярын лічыў павелічэнне колькасці сваіх рабоў. Прычым не ў набегі на суседзяў хадзіў, не на торжышчы купляў новых халопаў, а ў прамым сэнсе быў іхнім клапатлівым бацькам — нараджаў іх ад сваіх шматлікіх рабынь. Працавала на баярскім двары, на баярскім полі нямала халопаў, вельмі падобных з твару на свайго ўладара. Гэта падабенства не ратавала нявольнікаў ні ад пякучай лазы, ні ад голаду, ні ад глыбокай халоднай ямы-турмы, у якую іх час ад часу па загаду бацькі-баярына кідалі за неруплівасць і нядбайства. — Мы выратуем, кіеўскія баяры, — зноў паўтарыў Супрун. — А то, глядзі, і мае халопы збягуць да паганцаў. Ім ці гэта, ці тая вера — абы была кашы поўная мера. Феадосія ўсцешылі словы баярына. Ён заззяў вачамі, горача прамовіў: — Нездарма сказана: будзьце дабрадушныя, як галубы, але хітрыя, як змеі. Рабы павінны шанаваць сваіх гаспадароў. На гэтым трымаецца зямное жыццё, а іначай змяшаецца дзень з ноччу, і свіння будзе несці салаўіныя яйкі. Трэба брацца за святую справу без адкладу. Трэба нам з табою, баярын, слаць ганцоў да ўсёй старой чадзі — хай востраць мячы і сядлаюць коней. На тым і парашылі. Феадосій, асталяваўшыся ў харомах Супруна, прыспешваў, падзуджваў усіх навакольных баяр і агнішчан рыхтавацца да сечы з паганцамі, пакуль снег-шарпак і лёд-галашчок не закрылі зямлю. Невядома было, калі ігумен спаў і еў. I раптам нечуванае шанцаванне прыйшло да Феадосія і да баяраў. Назаўтра павінны былі яны выступаць і напярэдадні ўвечары апошні раз сабраліся ў Супруна. Баяры пілі мёд, ігумен падыходзіў то да аднаго, то да другога, заахвочваючы, натхняючы на святую справу. Яго слухалі вельмі ўважліва, згодна ківалі бародамі. I тут увайшоў у святліцу халоп, вельмі падобны на Супруна, але худы, змарнелы і, нягледзячы на снег і на халадэчу, босы. Халоп нізка пакланіўся баярыну, сказаў сіплым спалоханым голасам: — Там на двары чакаюць людзі з Берастова. Супрун ускочыў з-за стала, здзіўлена глянуў на ўсіх прысутных, потым, гнеўна звёўшы чорныя бровы, сярдзітым позіркам укалоў халопа. — Што ім трэба? — Яны прыйшлі да цябе, светлы баярын, — яшчэ ніжэй пакланіўся халоп, вельмі падобны на Супруна. На двары з купкаю паганцаў стаяў Белакрас. Рысіная шкура, як заўсёды, была перакінута цераз гаіячук. Сняжынкі садзіліся на непакрытую доўгавалосую галаву, і ад гэтага галава рабілася яшчэ болын сівою. — Чаго хочаш? — не сыходзячы з высокага ганка, спытаў у старога мячэтніка Супрун. Баяры, дагэтуль шумныя, разагрэтыя віном і мёдам, прыціхлі, навастрылі вушы. Сэрца ў Феадосія радасна забілася, аж заскакала ў грудзях. Пушчанскі тур сам прыйшоў у загародку! Ігумен кашлянуў і прыклаў кулак да вуснаў, каб схаваць хваляванне. Толькі б не спудзіць паганца! — Запрашай яго ў святліцу, — шапнуў Феадосій Супруну. — Дай, баярын, хлеба нам і нашым дзецям, — з пакорлівасцю ў голасе, цяжка ўздыхнуўшы, сказаў паганскі ваявода. — Нельга далей трываць. Малалеткі ад недаеду пухнуць. У лясах мы не сеялі. Будучай вясной пасеемся і звыш меры табе аддадзім. Шэры холад быў у вачах у Белакраса. — А дзе ж вялікі князь? Чаму ён вас не накорміць? — здзекліва ўсміхнуўся адзін з баяраў, паказаўшы з-пад вусоў маладыя свежыя зубы. — Вялікі князь ваюе, з сядла не злазіць, а нам і дзецям нашым жыць трэба, — адказаў Белакрас. — Запрашай у святліцу, — зноў шапнуў ігумен Супруну. Ён баяўся, што слова за слова — і пачнецца спрэчка, і невядома, чым усё гэта кончыцца. Нельга было бязглузда выпускаць з рук цемрукоў. Сам Бог прывёў іх. Супрун глянуў на Белакраса, на свой шырокі двор, на чубок далёкага лесу, што віднеўся з-за дубовага заснежанага тыну, разважліва сказаў: — Хлеба да будучага ўраджаю, да навіны, дам. Заходзь, ваявода. I людзі твае няхай заходзяць. Паганцы нерашуча ўзышлі на ганак, пазіраючы то на Супруна, то на Белакраса. У святліцы ўжо чакаў накрыты стол. Дымілася гарачае мяса, гарою ляжаў хлеб, сыр. Баярскія служкі снавалі з карчагамі, кубкамі. Калі ўсе селі за стол, Супрун зламаў пячатку на амфары, наліў віна Белакрасу і ягоным спадарожнікам. Баяры таксама ўзялі ў рукі кубкі. — Як дзеці адной зямлі вып'ем віно згоды, — урачыста сказаў Супрун і перахрысціўся. Баяры дружна перахрысціліся следам за ім. Галодныя паганцы нецярпліва, з вострым бляскам у вачах пазіралі на прысмакі, якіх, пэўна ж, ні разу не каштавалі ў сваім жыцці. — А вы чаму святую малітву не творыце? — раптам спытаў баярын і ўскочыў з-за стала. — Толькі звяры пачынаюць жэрці, не ўзняўшы вачэй на лік гасподні. Гэтыя словы былі сігналам, загадам. 3 усіх дзвярэй гурбою выбеглі баярскія чаляднікі, рынуліся на разгубленых паганцаў, заламалі рукі, звалілі на падлогу. Пакаціліся кубкі. Залаціста-чырвоным віном абпырскала, нібы крывёй, стол. Чуліся праклёны, глухія ўдары, сіплае цяжкое дыханне. — Старога пакіньце тут, астатніх вядзіце на двор, — загадаў чаляднікам Супрун. Ён узяў амфару, якая ўтрымала раўнавагу, не ўпаўшы са стала, зрабіў набгом некалькі глыткоў, выцер кулаком вусы і радасна абвясціў: — Трапіла нячыстая сіла ў цянёты. Узбуджаныя баяры павярнулі як адзін галовы туды, дзе стаяў паганскі ваявода. Чатыры чаляднікі, па два на руку, моцна трымалі яго. Твар у Белакраса быў бледны. Запалонены ваявода сказаў, адшукаўшы вачамі ігумена Феадосія: — Што гэта, святы ойча? Феадосій маўчаў, рабіў выгляд, што сам нічога не разумее. А ў душу хлынула радасць, ды такая звонкая, гарачая, аж сухія шчокі пачырванелі. Ён адступіў за спіны баяр — няхай паганец не бачыць ягоную радасць. — Дзе ж Хрыстос? — павольна запытаў Белакрас і глянуў на абразы. — Не мір я прыйшоў прынесці, а меч, — цвёрдым голасам прамовіў Супрун. — Так сказаў Хрыстос. I ён зараз радуецца, што мы злавілі цябе, сатана. Ці маліся на святыя абразы, ці рыхтуйся да сваёй смерці. Ну! Ён, не падыходзячы да ваяводы, узмахнуў кулаком. Белакрас маўчаў. У акно біўся мяккі снег, здавалася, крыло белай птушкі трапятала пад парывістым ветрам. — Ну! — закрычаў Супрун і адразу ж загадаў чаляднікам: — У клець яго. Ваяводу пацягнулі ў клець. Супрун і баяры пайшлі следам, Феадосій застаўся ў святліцы. Ён прасветленым позіркам глянуў на абразы, перахрысціўся, сказаў дрогкім шэптам: — Ты задаволены, Гасподзь? Раны тваёй плоці мы загоім слязьмі тваіх ворагаў? У гэты час у баярскай клеці, якая адначасова была і катавальняй, чаляднікі сарвалі з паганскага ваяводы адзенне, скруцілі бічоўкаю рукі, за бічоўку падвесілі Белакраса да дубовай бэлькі. Ён узняўся над зямлёй, нібы птушка, якой рэзкі сустрэчны вецер заламаў назад крылы. Да ног старому мячэтніку прывязалі бервяно. Кат прынёс гаршчок з чырвоным вуголлем, павесіў на крук доўгі, з туравай скуры бізун, пачаў награваць на вуголлі жалезныя спіцы. Найбольш мяккасардэчныя з баяраў, Алфім, Сцяфан, браты Разумнікі, не пайшлі ў клець. Супрун жа загадаў прынесці ў клець віна, з дзесяткам баяраў сеў на лаву каля сцяны. 3 усіх істот, якія жывуць на зямлі, да катавання дадумаўся толькі чалавек. Алені ў час паядынкаў раняць адзін аднаго рагамі, казлы б'юцца лбамі, пеўні змагаюцца дзюбамі і кіпцюрамі. Яны, здараецца, нават забіваюць саперніка, але ўвесь іхні бой — кароткая ярасная ўспышка гневу, і толькі. Таго, хто саступіў дарогу, хто паказаў спіну, пакідаюць у спакоі. Чалавекжа навучыўся прычыняць падобным сабе павольны бясконцы боль. Кат у чырвоным скураным пярэдніку запытальна глянуў на Супруна. — Папытайся ў паганца, дзе яны схавалі срэбра, — сказаў Супрун, п'ючы віно з кубка. — У іх павінна быць шмат срэбра. Кат ударыў бізуном, ударыў са свістам, з адцяжкаю. На скуры ўспыхнуў рубец. — Бі лягчэй, а то ён можа спусціць дух, — загадаў баярын. Зноў узвіўся бізун. Але Белакрас маўчаў. Толькі пот выступіў на скронях. Кат, разгублена паглядаючы на Супруна, падышоў да вуголляў, дзе спіцы зрабіліся аж вішнёвымі, прысеў на кукішкі, пачаў браць распаленае вострае жалеза. I тут стары мячэтнік узняў галаву, ударыў па ім пранізлівым позіркам. Кат раптоўна абмяк, пабляднеў, нават пахіснуўся, потым нялоўка згроб усе спіцы ў кошык, што стаяў непадалёку, адчыніў дзверы клеці, выкінуў кошык разам са спіцамі. Супрун і баяры анямелі ад здзіўлення. Не разгубіўся толькі Васютка, памочнік ката. Ён сарваў з сябе скураны пярэднік, падбег ззаду да Белакраса і закрыў яму твар. Кат колькі імгненняў стаяў, як учадзелы, потым кроў хлынула ў шчокі, ён гнеўна прыкусіў губу, адчуваючы найвялікшы сорам перад гаспадаром і ягонымі гасцямі. У адзін скок ён апынуўся каля цяжкога бервяна, прывязанага да ног мячэтніка, лёгенька ўскочыў на бервяно і адразу ж саскочыў. Хруснулі старэчыя косці. Белакрас глуха застагнаў, загаварыў дрыготкім ломкім голасам: — Пярун, дай сілу... Дай мне маланку ў руку, каб я спапяліў усіх іх... Завыў знадворку вецер. У клеці было прарэзана адзінае акенца, і вецер, здавалася, гнуў у ім шкло. Мокрым снегам шшснула ў акенца. Снег папоўз белай расплывістай плямаю. Баяры ўздрыгнулі. Пабляднеў і Супрун, але звалодаў з сабою, мацней прысмактаўся да кубка з віном. — Пярун, — курчыўся пад распаленым жалезам паганскі ваявода, — Пярун... — Бі нячысціка да скону, — сказаў кату баярын..
Колькасць прачытаўшых: 2332 Колькасць вогдукаў: 0