Перад сонцам бяссмертна светлым Шчыт змяркання такі малы. Чэзне лёд, і смяецца кветка. На радзіму ляцяць буслы.
«Дзе я? Што са мною?» — у роспачы падумаў Белавалод і пачаў спалохана лэпаць наўкол сябе рукамі. Было адчуванне, што праваліўся ён пад глухі лёд, у чорную калюча-халодную ваду. Ужо не хапае паветра ў грудзях, чырвоныя бліскаўкі раздзіраюць вочы, а выйсця няма — галава б'ецца аб лёд, пальцы натыкаюцца на шурпатую цвёрдую скарынку, ад якой нямее цела. «Не выберуся... Не выплыву...» — рэзаў нутро страх. Нідзе не было ніякай зачэпіны. Рукі зноў каўзануліся па лёдзе. Падумалася аб дрэвах-тапляках, што ляжаць на чорным рачным дне, аб скамянелых сонных рыбах. Але рыбы вясною ажывуць, кругляк цёплага сонца заззяе ім праз тоўшчу вады, а чалавечая шіоць зробіцца тленам, ператворыцца ў бура-зялёную слізь, якая наліпае на падводныя карагі і камяні. I раптам Белавалод у густым змроку перад сабою ўбачыў малюсенькую вострую кропачку святла. Ён ірвануўся да яе, ударыўся аб нешта і расплюшчыў вочы. — Уставай, — нецярпліва сказаў яму Лют, які сядзеў побач. — Дужа ж ты доўга, браце, на тым свеце гасцюеш. — Дзе я? — спытаў Белавалод. — У княжым сяле Берастове. Усёй раццю сюды мы прыйшлі. А ты першы раз глянуў разумным вокам з таго часу, як стукнуў цябе даўбавешкай падольскі бондар. — Калі ж гэта было? — ніяк не мог прыпомніць Белавалод. — Чатыры дні назад. — Чатыры дні я ляжу калодаю? — жахнуўся Белавалод. — Не я ж, — здавалася, пакрыўдзіўся Лют. — Клікаў ты нейкага Ядрэйку-рыбалова, я нават людзей пасылаў у велікакняжы палац даведацца пра яго. — А чаму ў палац? Хіба Ядрэйка князь? — Таму пасылаў, што ўсе людзі з Полацка, Менска, Друцка круцявда каля князя Усяслава, свайго земляка. Усе, акрамя цябе, бо ты які ўжо дзень кісляком ляжыш, — раззлаваўся Лют. — Але няма Ядрэйкі. Кажуць, разам з палачанамі ці ў Пераяслаў, ці яшчэ куды пайшоў. Слухаючы ягоныя сярдзітыя словы, Белавалод абедзвюма рукамі трымаўся за лоб, павольна вадзіў у бакі галавою, быццам хацеў такім чынам выгнаць з галавы боль. Трохі адпусціла, і ён адразу ж устаў на ногі, спытаў у Люта: — А пра баярышню Кацеру нічога невядома табе і тваім людзям? — Нічога, — глуха сказаў Лют. — Голад у Берастове. Бацька пайшоў да баяр брашна прасіць. Яшчэ ўчора пайшоў. Толькі зараз убачыў Белавалод, якой невымернай пакутаю напоўнены вочы юнага паганца. — Я не пускаў яго, — ледзь не плакаў Лют. — Хіба дадуць хоць крошку хлеба галоднаму баярыне-нажэрцы? Але бацька як звар'яцеў. Я прывёў, крычаў ён, у Берастова раць, я сам лепш памру, а накармлю людзей, а калі не знайду ніякай спажывы, калі пачнуць канаць з галадухі дзеці, вазьму востры нож і буду карміць іх сваім старэчым мясам. — А чаму вы не пайшлі да вялікага князя? — спытаў Белавалод. — Усяслаў не стыкаецца ні ў палацы, ні ў Кіеве, супраць стэпнякоў ваюе. Няўжо ў Полацкай зямлі ўсе такія няўседы? — Ваяўнічы ў нас князь, — ціха сказаў Белавалод. — «Бяда робіць князя», — гавораць нашы смерды. А ўсё таму, што пасяліў Бог крывічоў і дрыгавічоў на шырокай зямной дарозе, як яблыню пасадзіў. Кожны, хто ідзе, хоча сарваць чырвоны яблык, ломячы галіны. — Ты верыш у Хрыста? — раптам, перабіўшы Белавалода, спытаў Лют і паглядзеў яму неадрыўным позіркам проста ў вочы, здавалася, на дно душы глянуў. Белавалод разгубіўся ад такога нечаканага пытання, а Лют, не даўшы адказаць, сурова і цвёрда прамовіў: — Я веру ў Перуна, бога маіх прашчураў. Але калі бацька вернецца, калі ён вернецца жывы і здаровы, калі яму дадуць хлеб, я — клянуся Перуном, Белавалод! — схілю галаву перад Хрыстом. Шчокі ў паганца запалымнелі, ён прагна перарывіста дыхаў, быццам не хапала паветра. «Які ён прыгожы, — раптам падумаў Белавалод. — Вялікае гора ці вялікае шчасце чакаюць яго, бо ўжо нейкім агнём падсвечаны твар, нейкае светлае воблака наплывае на сінія вочы. Агонь палае ў яго ўнутры, але такі агонь не можа гарэць бясконца». — Чуеш крыкі? — схапіў Белавалода за руку Лют і балюча сціснуў яе. — Гэта бацька вярнуўся! Ён адпіхнуў Белавалода, нібы той перашкаджаў яму, стрымгалоў выбег на вуліцу. Белавалод заспяшаўся як мог следам. Невясёлае відовішча ўбачылі яны. Двое з чатырох паганцаў, якія ўчора пайшлі з ваяводам Белакрасам да баярына Супруна, стаялі пасярод шумнага натоўпу, абдзёртыя, змардаваныя, казалі направа і налева: — Вялікае алканне [Алканне —голад] чакае нас. Баяры не далі хлеба. Гора ўсім нам. Прыйдзіце, птушкі нябесныя, напіцеся крыві чалавечай. — Дзе ваявода? — падбег да іх Лют. — Ваявода Белакрас вісіць на браме ў баярына Супруна, — адказалі яму. — Вогненную віцу вайны нясуць нам баяры. Неўзабаве іхняя раць будзе тут. Гора нам. — Бацька... — толькі і выдыхнуў Лют. На княжае сяло Берастова, дзе ўмацаваліся паганцы, з усіх бакоў рухалася вялікая сіла. Былі ў ёй вершнікі і пешцы, баярскія цівуны і халопы. Вёў пераёмнікаў і ўсю тацьбу з Падола Грышка. Нават варага Торда, таксама паганца, улешчылі, падгаварылі браць Берастова. «Знішчым гадзючы клубок, і нябесная ласка сьвдзе на нас», — лётала, вілося між тымі, хто ішоў у наступ. Ігумен Феадосій адразу ж вярнуўся на пячэрскую гару і з усёй чарнарызай браццяй дзень і ноч тварыў святое набажэнства, чакаў добрых вестак. Княжае сяло рыхтавалася да аблогі. Калісьці пасля кіеўскага тлуму ездзіў сюды адпачываць сам Уладзімір Святы. Праўда, тады яго яшчэ не называлі Святым і дзвесце наложніц сустракалі вялікага князя ў раскошным берастоўскім палацы. Потым збудавалі тут царкву Апосталаў, у якой пачынаў сваё славутае ўзыходжанне на вяршыню царкоўнай улады Іларыён, першы кіеўскі мітрапаліт. У берастоўскім палацы Уладзімір і памёр, і баяры, загарнуўшы ягонае цела ў дываны, не праз дзверы вынеслі яго з апачывальні, а ўначы ламалі сцяну, каб нябожчык не знайшоў назад дарогу, заблудзіўся. Лют меў пад сваёю рукой каля дзвюх тысяч чалавек. Як лісу ў нары, абклалі яго ў Берастове. Даведаўшыся пра чорнае злачынства баяр, пра смерць бацькі, малады паганец нібы звар'яцеў — уласнаручна падпаліў царкву святых Апосталаў і, не зажадаўшы ўцякаць з княжага сяла, пачаў рыхтавацца да сечы. Перш-наперш паганцы аблілі вадою земляны вал, і на марозе ён пакрыўся бліскучым слізкім лёдам. Дарослыя і дзеці збіралі, дзе толькі можна было, камяні, бярвенні. Збройнікі вастрылі коп'і, мячы, нашывалі на шчыты новыя слаі туравай скуры, выкоўвалі наканечнікі для стрэл. «Мы сёддамі закідаем нячысцікаў», — пахваляліся баярскія вершнікі, але, убачыўшы высокі слізкі вал, прыціхлі, злезлі з коней. Давялося чакаць амаль паўдня, пакуль прывязуць з абозам штурмавыя лесвіцы і жалезныя бусакі, каб было чым чапляцца за лёд. «Сафія і Русь!» — крыкнула баярская раць і бадзёра палезла на вал, бо ўсе казалі, што толькі жменька здзічэлых лесуноў абараняе Берастова. «Пярун!» — крыкнулі ў адказ паганцы, і ўніз паляцелі камяні, бярвенні, загадзя падрыхтаваныя ледзяныя глыбы. Жанчыны з дзецьмі няспынна ляпілі новыя снегавыя шары, аблівалі іх вадою, каб камянелі на марозе. Стрэлы пакуль што ашчаджалі, бо не так шмат іх было, а страла, выпушчаная з лука, не вяртаецца назад, як і чалавечае слова. Баярская раць адхлынула, пакінуўшы некалькі дзесяткаў забітых. Пераемніку Грышку, які ўжо амаль узлез на вяршыню вала, кап'ё ўдарыла ў горла, і ён замоўк навекі. А перад гэтым, падахвочваючы сваіх не дужа адважных сябрукоў, Грышка махаў жалезнай булавою і крьгааў: «Гайда ў княжы палац! Там антыхрысты закапалі катлы, поўныя срэбра і заморскіх дарагіх камянёў!» Белавалод біўся на вале поруч з Лютам. Далі яму сякеру, што прыхоплівалася да рукі скураной пятлёй, і ён ударамі сякеры сустракаў тых, што пішчом лезлі на вал. Аднаго ці двух зваліў з лесвіцы. Лют, як і заўсёды, быў узброены сваёй магутнай дубінай. Белавалоду не хапала сіл, бо моцна ў свой час ляснуў па галаве падольскі бондар, але, сціснуўшы зубы, ён цяжка махаў сякераю. Хрысціянін разам з паганцамі біўся не супраць полаўцаў, а супраць хрысціян. Яшчэ некалькі сядміц назад палічыў бы гэта Белавалод святатацтвам, самым жахлівым грахом, але некалькі сядміц назад не было ў ягоным жыцці Люта, не было ранішняга блакітнага возера, у якім купаўся вадзянік, не было пакутнай смерці ваяводы Белакраса, што сканаў з-за баярскага вераломства. Было такое адчуванне, быццам з'явіліся ў яго новыя вочы і вушы, новае сэрца. I гэтае новае сэрца кожным сваім гарачым штуршком любіла Люта, які ўжо два разы засланіў яго, Белавалода, ад смерці, любіла лясных людзей. Гэтых людзей аб'явілі дзікімі звярамі за тое, што яны не захацелі здрадзіць сваім продкам. Дык няўжо ж анёлы тыя, якія плюнулі на магілы прашчураў, пабеглі ад іх за абяцанкаю вечнага жыцця? Між тым бой толькі набіраў сілу. Усё новыя падмацаванні ішлі да баярскай раці, а лік паганцаў змяншаўся — хто падаў ад стралы ці кап'я, а хто — былі і такія, зразумеўшы нявыкрутку свайго становішча, скакаў цераз абгарэлыя забаролы, прасіў літасці. Лют уласнаручна забіў двух перабежчыкаў, ды нічога не мог зрабіць. Баяры ўнізе чакалі маладушных, не чынілі ім зла, зганялі ў купы і дзялілі між сабой будучую чэлядзь, гаворачы: «Бог працу любіць». Балюча было глядзець на такое, і Лют скрыгатаў зубамі ад злосці. Неўзабаве яго параніла — страла ўпілася ў левы плячук. Ён выцягнуў стралу, загадаў знайсці ў княжым палацы стары пергамен. Калі нарэшце прынеслі пергамен, малады паганец напісаў на ім скрываўленай стралою: «Па калена ў крыві стаім у Берастове. Ратуй нас, вялікі князь». Выклікаўшы свайго самага надзейнага чалавека, Лют сказаў, моршчачыся ад болю: — Два ці тры дні мы яшчэ пратрымаемся, а потым — капец усім нам. Парвуць нас на дробныя кавалкі баяры, бо мы да апошняга не выпускалі з рукі меч. Горка мне, што гіне справа бацькі майго, але так хоча Пярун. Дзікі лес і голае поле пакінуць нам на гэтай зямлі. Каты-заплечнікі будуць выразаць рамяні з нашых спін. Прашу цябе — скокні цераз забаролы, як гэта робяць здрадцы, падмані баяр, а там — ці вужом зрабіся, ці крэчатам узляці ў неба, але перадай вялікаму князю Усяславу ў Кіеве мой пергамен. Нашы жыцці — у тваёй руцэ. Ён тройчы моцна пацалаваў ганца. Той схаваў пергамен пад драцяной кальчугаю, падышоў туды, дзе вал быў ніжэйшы, кінуў прэч ад сябе, каб бачылі ўнізе баяры, кап'ё, пакаціўся проста ў рукі ворагам. — Яшчэ адзін збег! — з вялікай злосцю закрычалі паганцы. Нехта пусціў услед стралу, але, на шчасце, не патрапіў. Ноч апускалася на Берастова. Марозік пачаў шчыкаць жывых. Мёртвыя ж ляжалі на голым снезе, разбітыя шлемы скаціліся з галоў, звалшіся абгарэлыя аблавушкі, але цёпла і спакойна было галовам на белай падушцы снегу. Аціхаў бой. I за валам і ўнізе каля вала ўспыхнулі вогнішчы. Добра было глядзець на мірны агонь, які нікога не кусаў, не пёк, які проста гарэў. 3 мутнага неба сыпаўся сухі снег. Белавалод, накрыўшыся кажухом, сядзеў каля вогнішча непадалёку ад Люта. Паганец, абапёршыся абедзвюма рукамі на баявую дубіну, неадрыўна глядзеў на агонь. Касмылі жоўтага агаю то ўзвіваліся, то ападалі ўніз, і ад гэтага на твары ў Люта ўвесь час бегалі, рухаліся цені. Твар яго то мякчэў, рабіўся амаль дзіцячым, бездапаможным, то наліваўся суровасцю, і тады завастраліся скулы, чорныя плямы-яміны бачыліся замест вачэй. Белавалод успамінаў Менск, Ульяніцу, Ядрэйку. Было сумна, але сум быў не надта востры, не раніў, як раняць чалавека гарачае жалеза або аскабалак шкла. Мяккасць была ў суме, блакітная цішыня. «Мне добра тут, — гледзячы на маўклівага Люта, думаў Белавалод. — Паміж самай грымучай бітвы можа апускацца на сэрца лагода і цішыня. Раней бы я не паверыў у такое. Але чаму ж мне добра тут і я нават не баюся, ці толькі крышачку баюся, заўтрашняй раніцы і сечы, дзе мяне могуць забіць? Не ведаю. Ды я прайду разам з гэтымі людзьмі, разам з Лютам да самага скону, бо я паверыў у іхні боль, іхнюю надзею. Дзе добрыя людзі, там і вера мая». Уначы прысніўся Белавалоду сінявокі срэбнавалосы анёл. Зусім маленькі, сядзеў анёльчык на воблаку, сумна пазіраў удалячынь і плакаў. «Чаго ты плачаш?» — запытаў Белавалод. «Я плачу таму, што ты пайшоў за Перуном, не ўперад пайшоў, а назад», — адказаў анёл, і раптам жахлівыя іклы праклюнуліся з мяккага пяшчотнага роціка, тварык са снежна-белага зрабіўся агідна пунсовым, крывавым. Анёл, нібы каршун, кінуўся з воблака на Белавалода, ударыў ікламі ў левую шчаку. У вялікім жаху Белавалод прахапіўся, няўцямна глянуў вакол сябе. Плыла глухая снежная ноч. Патухлі вогнішчы. Рэдкія чырвона-залатыя жарынкі мільгалі з сівога попелу. Лют стаяў побач, наструнена прыслухоўваючыся да цішыні. Белавалод лэпнуў далонню па левай шчацэ. Аказваецца, заснуўшы, ён прыпаў шчакою да шурпатага сукаватага бервяна забаролаў. Назаўтра прыехаў у баярскую раць чорнабароды гучнагалосы іерэй, пачаў хрысціць паганцаў-перабежчыкаў. Высеклі ў лёдзе рачулкі, што цякла непадалёку, палонку-купель, неафіты станавіліся каля яе на калені, святар чэрпаў ваду маленькім срэбным кубачкам, кожнаму ж ліў на галаву. Потым усім навахрышчаным далі белую нацельную кашулю, медны крыжык і адзін дынарый [Дынарый — грошы, якія паступалі ў той час на Русь з Заходняй Еўропы]. Скончылася набажэнства, і зноў пачаўся штурм. — Спакойна жывецца за божым шчытом, — спяваў магутным голасам недзе ўнізе іерэй, і ягоныя словы прарываліся праз шум бою, неадчэпна лезлі ў вушы. Нельга было схавацца ад гэтых слоў. Лют бачыў, як апускаюцца рукі ў паплечнікаў, халаднеюць твары. Яшчэ адна вялікая група абаронцаў Берастова здалася ў палон. Дзень-два, і растане паганская раць, як растае пад бязлітаснымі промнямі сонца халодны сакавіцкі снег. Што тады чакае яго, Люта? Пэўна ж, не будзе яму іерэй пырскаць вадой на галаву са срэбнага кубачка, а схопіць баярская чэлядзь за рукі, за ногі і кіне под тоўсты лёд — плавай там, паганец, да новай вясны. Белавалрд бачыў, як хмурыцца, кусае губы Лют. Асабліва невыносна зрабілася яму, калі служкі баярына Супруна на доўгім бярозавым шасце паказалі ўсяму паганскаму войску галаву ваяводы Белакраса. Мёртвая галава, ашчэрыўшы ў смяротнай тузе зубы, павольна праплыла перад забароламі. Так праплывае ў начным небе ветах, каб схавацца за чорныя хмары. Лют заплакаў у адчаі і бяссіллі. — Не плач, — падышоў да яго Белавалод. — Хіба выратуеш плачам сябе і нас? Лют бліскучым слёзным вокам зірнуў на Белавалода, рукавом кажуха выцер твар. Зноў загрымеў бой. Усе ўжо забыліся пра ганца, які скокнуў з пергаменам у гушчу баярскай раці, каб занесці гэты пергамен вялікаму князю Усяславу. Пэўна, напароўся бедалага на нечае кап'ё або здрадзіў, як і многія, і, прыняўшы хрышчэнне, глядзіць зараз з баярскага абозу на дым і агонь, што ўзвіваюцца над Берастовам. Але ганец аказаўся моцным гартаваным арэшкам, пракаціўся праз шчыльнае баярскае войска. Пад вечар, калі ўжо стамляўся, аціхаў чарговы наступ, нехта здзіўлена і радасна крыкнуў: — Вялікі князь Усяслаў! Усе, хто пачуў гэты крык (а пачулі яго і абаронцы Берастова, і баярскія ратнікі), апусцілі мячы і коп'і, лукі і дубіны, павярнулі галовы ў бок шырокага снежнага поля, якое ляжала паміж Берастовам і Кіевам. Чорная вастразубая сцяна лесу аточвала яго. Усе думалі ўбачыць грозную дружыну, людскую бурлівую раку, а ўбачылі невялікі лубяны вазок, запрэжаны паркай коней, ды дзесятак вершнікаў у доўгіх плашчах. На поўны рост узвышаўся ў вазку вялікі князь, кіраваў коньмі. На сумётах, на ямках вазок падкідвала, і Усяслаў пагойдваўся, хістаўся, але цвёрда стаяў на нагах. Скарынка лёду ззяла на светла-русай барадзе. На вялікім князю быў чырвоны кажух, шыты сухім золатам, замест гузікаў — зіхоткія каштоўныя камяні. Шырокі меч у стрэбных похвах вісеў на левым сцягне. — Ваўкалак прыбег, — прашалясцела між баярамі, але моцным голасам абразу не сказаў ніхто — раптоўны страх аслабіў калені і рукі. — Спыніцеся! — пад'ехаўшы да залітага крывёй вала, выцягнуў меч з похваў, махнуў ім Усяслаў. — Разыдзіцеся з мірам! — Вязаць яго трэба, — шаптаў пасінелымі губамі Супрун, бегаючы між баяр. — Калі яшчэ такое шчасце надарыцца? Мяшок на галаву — і пад лёд. Ён жоўтымі зубамі грыз доўгі вус, але ахвотнікаў кінуцца на вялікага князя, зваліць яго ў снег не знайшлося. Незразумелая сіла струменілася ва ўсе бакі ад Усяслава, і сіла гэтая была вышэй, мацней сляпой злосці. — Пярэварацень, ваўкалак, — захліпваючыся ад нянавісці, шаптаў Супрун. — Святы ойча, — павярнуўся да іерэя Усяслаў, — не там, дзе трэба, ваюе твой крыж. Зноў востраць шаблі стэпнякі. Шарукан, як ненасытны крыважэрны гад, зноў выпаўзае з нары. Бледны іерэй моўчкі слухаў вялікага князя, толькі доўгія пальцы рук мітусліва бегалі па залатым нагрудным крыжы. Нечаканае з'яўленне Усяслава, ягоныя рашучыя словы, ягоны меч і пранізлівыя вочы выратавалі паганцаў ад непазбежнай смерці. Баярская раць зняла аблогу, адышла ад Берастова. Пры ўсёй нянавісці баяры не адважыліся ўзняць дзясніцу на вялікага князя, бо іхняя раць, прынамсі, большасць з іхняй раці, магла парваць іх на шматкі. Ды самае галоўнае было ў тым, што Усяслаў прывёз шчодры выкуп за паганцаў — пяцьсот грыўняў з велікакняжай казны. — Дзе твая дружына, вялікі князь? — адразу ж, як толькі яны сустрэліся вока на вока, спытаў Лют і часта засоп носам, што азначала абурэнне і гнеў. — Позна ж ты прыйшоў. — Чаму позна? — спакойна глянуў на яго Усяслаў. — Радуйся. Я выратаваў цябе і тваіх людзей. Каб не я, павалаклі б цябе на чамбуры [Чамбур — повад, за які прывязваюць коней]. — Адзін прыехаў, — яшчэ болей падліў гневу ў свае словы Лют. — Навошта ты нам адзін? Баяры бацьку майму галаву адцялі. Чаму не наваліўся ўсёй сілаю на баяр? Памятаеш, як дапамогі ў нас у пушчы прасіў, кляўся? — Полацкія князі ніколі не былі клятваадступнікамі, — з годнасцю сказаў Усяслаў. — I не караць я хачу, а мірыць. Мірыць хрысціян з паганцамі, баяр са смердамі. Над усёй дзяржаваю палавецкая шабля занесена, а вы грызіцё адзін аднаму глоткі. Апамятайцеся! — Хочаш мірыць лісу з зайцам? — крыва ўсміхнуўся Лют. — Толькі лапкі ад зайца застануцца. — Жывуць, не выводзяцца і ліса, і заяц, — строга прамовіў Усяслаў. — Павінны быць і князі і рабы. Нельга без такога, як нельга пчалінай сям'і быць без маткі. Я дам вам зямлю. Караніцеся ў ёй, працуйце на ёй. — Не трэба нам тваёй зямлі, бо скрозь яна крывавая. Мы пойдзем на Прыпяць-раку, — цвёрда адказаў Лют. Яны стаялі адзін насупраць другога — князь і смерд. Хмурылася неба. Вецер вялізнымі жменямі кідаў у твары снег. Цямнела наваколле. Хутка на зямлю павінна была апусціць крылы чорная ноч, калі ў норы, у дуплы, у хаты зашываецца ўсё жывое, калі з лясоў выходзяць ваўкі-канарэзы. Назаўтра Лют павёў сваіх людзей з Берастова. Пайшлі моўчкі, павесіўшы на спіны шчыты, каб не ўдарыла ззаду раптоўная варожая страла. Нават дзеці не плакалі. Толькі снег з цяжкім хрустам асядаў пад сотнямі ног. На памінальных вогнішчах спалілі ўсіх сваіх мёртвых і з трывогаю і сумам пазіралі на неба. Там, у недасяжнай вышыні, яшчэ плавалі клубкі густога чорнага дыму. Лют баяўся засады і пагоні, хацеў як мага хутчэй вывесці раць з-пад Берастова. Два разы ён загадваў запальваць вогнішчы, але нават рук не пагрэлі каля іх — адразу ж праз імглу, праз часты снег крочылі далей. Вогнііпчы заставаліся ззаду, самотна гарэлі ў цемры, і вока баярскага выведніка пераконвалася, што здарожаныя, стомленыя паганцы адпачываюць. Белавалод ішоў разам з усімі. Вяртання назад не было. У густым ельніку, упэўніўшыся, што нікога побач няма, ён зняў з шыі нацельны бронзавы крыжык, павесіў на калючую зялёную лапку, а сам, не азіраючыся, пайшоў, а потым пабег за паганскай раццю. Ён зрабіўся такім, як усе. Нарэшце пасля цяжкай знясільваючай дарогі прыйшлі на сваю ранейшую стаянку, адкуль калісьці паклікаў іх Усяслаў у паход супраць полаўцаў. Буданы былі засыпаны снегам. Усюды гаспадарылі дзікі — успаролі лычамі амаль увесь пляц. Трох лычкуноў, падхлябістых, ікластых, засталі знянацку. Лют шыбнуў кап'ё, яно, праляцеўшы сажняў дзесяць, упілося ў калматы цёплы бок. Дзік завішчаў ад болю, рынуўся ў буралом, але неўзабаве ў сеседнім балотцы зняможана лёг на купіну. Усе вельмі ўзрадаваліся нечаканай здабычы. Параіўшыся са старэйшымі, Лют рашыў да вясны пераседзець у пушчы, а з першым зялёным лісцем, з першым громам ісці на Прыпяць, далей ад баярскіх і княжых вачэй. Расклалі вогаішчы. Пачалі ачышчаць ад снегу, ладзіць буданы. Зямля была яшчэ даволі мяккая, і ў ёй капалі глыбокія ямы. — На Прыпяці паставім хаты, — падахвочваючы людзей, казаў Лют. Белавалод, шукаючы сабе прытулак, зайшоў у невялікі буданок. I ўздрыгнуў ад нечаканасці. Невядомы шыракатвары чалавек насцярожана глядзеў на яго з паўзмроку. Чалавек стаяў прытаіўшыся каля сцяны і, здалося, гатоў быў скокнуць, ударыць кулаком. Белавалод адхіснуўся назад, але, прыгледзеўшыся, здагадаўся, што ніякі гэта не чалавек, а палавецкі ідал, якога паганцы прыцягнулі са стэпу. Праўду кажуць людзі: кажух ляжыць, а дурань дрыжыць. Белавалод вельмі ўзрадаваўся яму, быццам гэта быў даўні добры знаёмец, з якім нямала з'елі солі за адным сталом. Ён сеў насупраць ідала на сплецены з акамянелых сукоў яловы кругляк, сказаў: — Вось мы і сустрэліся, браце. А ты думаў, што не вярнуся я, што карачун мне будзе ў Берастове? Мог і я ўжо ляжаць на памінальным вогнішчы, мог зрабіцца чорным попелам, ды пашанцавала мне, павяло жыццё па схоўнай дарозе. Бяздомнікі мы з табою. Ты ж, пэўна, думаў, што ніколі не пакінеш свой стэп, свой курган, а, глядзі, як павярнулася — прыцягнулі ў пушчу, і нават ніхто не ведае, якое ў цябе імя, і замест яснага сонца бачыш лясныя пудлівыя цені. Але чакай — я дам табе новы назоў. Ты будзеш Перуном, богам лясных людзей. Белавалод ускочыў на ногі — так спадабалася яму гэтая раптоўная думка. Ён ведае, што яму рабіць! Ён верне жыццё маўкліваму палавецкаму ідалу, бо так даўно просяць рукі любімай забытай працы. Ніякі ён не вой, а творца, залатар, заўсёды быў ім, і хоць няма ні срэбра, ні золата, ні медзі ў гэтай паганскай пушчы, ён высеча з каменю, з цвёрдага чырванаватага пясчаніку Перуна, каб стаяў старадаўні бог-грамавік на лясной паляне. У Перуна будзе грозны чырвоны твар, быццам перакочваюцца па ім успышкі маланак. Дождж будзе хвастаць з нябёсаў, будзе раўці вецер, ды Шрун, зроблены рукамі Белавалода, ніколі не заплюшчыць вачэй. Назаўтра ж Белавалод папрасіў Люта, каб дапамог малады паганскі ваявода адшукаць дзе-небудзь малаток і жалезнае рубіла, скрэблы. Даведаўшыся, для чаго патрэбен такі струмант свайму новаму сябру, Лют радасна заўсміхаўся, толькі і сказаў: — Добра. Для работы яму далі вялікую цёплую зямлянку, засланую звярынымі шкурамі. Туды ж перацягнулі ідала. Белавалод лёгенька стукаў малатком, старанна дзёр шурпаты камень скраблом. Ён так захапіўся, што нават не выходзіў са сваёй зямлянкі. Бушавала ў пушчы завіруха, засыпаючы ледзь не па самае вецце дрэвы, трашчаў мароз-ядрэц, камянелі ў струхнелых пнях клубкі вужоў і гадзюк, жудасна вылі ў марознай дымнай імгле ваўкі, а Белавалод не чуў і не бачыў усяго гэтага. Ягоную зямлянку замяло сыпкім снегам, толькі кволая сцяжынка, як непрыкметны ручаёк, вілася да яе — па загаду Люта два разы ў дзень прыносілі ежу, пітво і дровы. Белавалод з раніцы напальваў невялікую печ-каменку, еў што-небудзь і зноў браўся за малаток, за рубіла і скрэблы. Ва ўсім гэтым была найвялікшая асалода. Здавалася, ён нанава нарадзіўся на свет, бо надзіва пільным і відушчым быў зрок, цвёрдай і дакладнай рука, уражлівай і мяккай душа. Стаміўшыся, ён клаўся на звярыныя шкуры, а маўклівы ідал стаяў побач. Гарэла тоўстая вітая свечка, уваткнутая ў доўгі тураў рог, слаба патрэсквалі вугалі ў камянцы. Плямы жоўтага варухлівага святла асцярожна клаліся на ідала. Здавалася, ён зараз ажыве, задыхае, падыдзе да Белавалода, нахіліцца над ім і нешта скажа. Адчуванне, што ідал неўзабаве павінен ажыць, было настолькі моцным, вострым, што Белавалод не вытрымліваў і раз-пораз кідаў на яго імгненныя выпрабавальныя позіркі. Калісьці ў далёкім дзяцінстве ў Менску залатар Дзяніс расказаў маленькаму Белавалоду, што ў кожнага чалавека ёсць свой анёл-ахоўнік, які з першага і да апошняга чалавечага кроку ў зямным жыцці неадлучна знаходзіцца побач. «Як убачыць майго анёла? — пытаўся ўражаны Белавалод. — Які ён?» Дзяніс нічога не мог сказаць на гэты конт, казаў толькі адно: «Маліся». Але ж так хацелася ўбачыць незвычайнае! Анёл, калі верыць Дзянісу, а Дзяніс заўсёды казаў праўду, дзень і ноч знаходзіцца побач з ім, Белавалодам. Калі ж ён ніяк не трапляецца на вока, значыць, анёл гэты ўвесь час знаходзіцца за спінаю ў Белавалода, нібы крылы ў птушкі. I вось маленькі унот, ідучы па сцежцы дзе-небудзь ля Свіслачы, раптоўна азіраўся вельмі рэзка, вельмі хутка, каб вока ў вока сутыкнуцца са сваім анёлам-ахоўнікам. Але нідзе нікога не было — пэўна, анёл адразу ж, як віхурны светлы вецер, узлётваў пад воблакі. Толькі зялёная трава і жоўтыя кветкі слаба гойдаліся ў бакі, нібы кранула іх нечае празрыстае бясшумнае крыло. Калі аціхла лютаўская мяцеліца, прынёс у зямлянку ежу і пітво маленькі драбнатвары чалавечак. 3 пачцівасцю і страхам глянуў на ідала, зморшчыў у пакутлівым роздуме лобік, спытаў: — А чаму ты да нас, чалавеча, прыйшоў? Хіба дрэнна табе было жыць у Бога за пазухай? — Дрэнна, — толькі і адказаў Белавалод. Не спадабаўся яму гэты бледналобы — на твары ціхмянасць, пакора, а вочкі прагныя, пільныя і нерухомыя, як дзве кроплі бурай балотнай вады. Пакрысе стэпавы ідал ператвараўся ў паганскага бога. Пагрозна глядзелі з-пад крылатых броваў пранізлівыя вочы, правая рука трымала пук маланак, прыціскаючы іх да грудзей. Нос, які раней быў шырокі і плоскі, зрабіўся тонкім, наздраватым, з гарбінкаю. Ва ўсёй паставе Перуна адчуваліся веліч і сіла. Чым далей ішла работа, тым болей слабеў Белавалод. Усю зіму не вылазіў са сваёй зямлянкі, і аднойчы пачалося такое кружэнне ў галаве, так заскакалі зялёныя іскры ўваччу, што ён вымушаны быў ухапіцца за крук у сцяне, каб не ўпасці. Трэба было выбірацца на свежае паветра. 3 цяжкасцю дайшоў ён непаслухмянымі нагамі да нізкіх дзвярэй, хацеў адчыніць іх, але не змог. Тады ён націснуў плечуком, ды дзверы не паддаваліся — пэўна, за ноч іх замяло снегам. Белавалод стаў на калені, наваліўся ўсім целам, пачаў тачыцца ў шчыліну. Абадраўшы рукі, знясілеўшы, выпаўз ён нарэшце на падворак. У пушчы быў яркі сонечны дзень. Снег нясцерпна зіхцеў. Дрэвы пацямнелі карою, у іхнім вецці чуўся няўлоўны шум. Значыць, хутка вясна. Вось у капытку, які пакінула ўначы на снезе пуддівая лёгкая сарна, блішчаць гарошыны вады. Белавалод прытуліўся плячамі да сасны, заплюшчыў вочы. Магутаае дрэва, яшчэ паўсоннае, вялаватае пасля доўгай зімы, ледзь прыкметна калыхалася. Гэта цяплела, набірала вясновы разгон густая кроў-жывіца, якая заледзянела ад жорсткага марозу, але з кожным новым днём ажывала, тоненькімі нітачкамі-струменьчыкамі цякла па халодных жылах дрэва. Раптам непадалёку ў пушчы Белавалод убачыў купку людзей. Гэта былі не паганцы, бо паганцаў, іхняе адзенне, звычкі, нават хаду ён ужо добра ведаў. Ішлі мужчыны, чалавек пятнаццаць — дваццаць. Наперадзе, трымаючы ў руцэ абструганы кій, борздка крочыў худы чарнявы чалавек з доўгімі тонкімі вусамі. Не заўважаючы Белавалода, незнаёмцы ішлі проста на тое дрэва, ля якога ён стаяў. «Гнеўны! — аж прысеў Белавалод. Камячок снегу ад рэзкага руху ўпаў на шыю, апёк холадам. Адразу ўспомніліся лес над Свіслаччу, рахманы, падзямелле, насцярожанае сапучае дыханне ў апраметнай цемры. «Зноў затлуміў людзям галовы і вядзе за сабою новых рабоў. А ад баярышні Кацеры, напэўна, збег». Яны сутыкнуліся позіркамі. Гнеўны спыніўся, на твары ўспыхнула здзіўленне і адразу згасла. — Зноў ты, — сказаў Гнеўны. — Я, — ціха прамовіў Белавалод і ўпіўся палыдамі ў сасновую кару, каб не ўпасці. — Зноў, Яфрэм, душа твая звярынай поўсцю ўзялася. Адпусці людзей. Няхай вяртаюцца назад. Гнеўны кінуў вачамі ва ўсе бакі і, не заўважыўшы для сябе ніякай небяспекі, павольна ўзняў кій. — Змоўкні, а няйначай я праламлю табе скронь. Потым загадаў сваім спадарожнікам: — Прывяжыце яго бічоўкай да сасны, а самі пойдзем далей. Кусаючы ад бяссілля губы, Белавалод казаў будучым рахманам, якія старанна выконвалі загад Гнеўнага: — Не ідзіце за гэтым зверам. Ён высмакча з вас усе сокі. Вяртайцеся дамоў. — 3 мяне ўжо баярын Анісім усё, што толькі можна, высмактаў, — роўным голасам прамовіў адзін з тых, што вязалі Белавалода. — Нічога я ўжо пасля баярскай ласкі не баюся. Кожны выбірае, хлопча, што яму болей па губе. Гнеўны стаяў побач, усміхаўся. Белавалод хацеў крыкнуць, паклікаць на дапамогу паганцаў — пэўна б, прыбег Лют. Але глянуў на абсівераныя бяскроўныя твары тых, што ішлі за Гнеўным, убачыў іхнія змучаныя вочы і апусціў галаву. Нарэшце прычакаўся доўгажаданы дзень, калі Перуна пад воклічы паганцаў выцягнулі на белы свет з цеснай зямлянкі, паставілі на ўзгорку, ля якога шумела лясная рачулка. У лесе, у зацішных месцах, яшчэ ляжалі зажоры, брудна-шэрыя снягі, насычаныя полай вадой. Цёмныя слаістыя хмары шкуматаў вецер. Вадзяны пыл сеяўся з неба. I раптам грымнула ўверсе. Здавалася, нехта адваліў, зрушыў з месца цяжкі камень. Жоўтае святло пабегла па хмарах. Паганцы ўпалі на калені. Толькі Белавалод застаўся стаяць, стаяў з непакрытай галавою, і пасма русых валасоў білася ў вочы, закрывала іх. Гэткі ранні гром, гром на голы лес, абяцаў пустыя засекі і галодныя жываты, але быў добрым знакам таго, што неба ўбачыла новага ідала і ён спадабаўся небу. — Дык гэта ж наш Лют, — раптам у звонкай пасля грому цішыні прашаптаў бледналобы паганец. Усе ўздрыгнулі. Усе паглядзелі на Люта, потым на Перуна..
Колькасць прачытаўшых: 2387 Колькасць вогдукаў: 0